Літаратура.org » Вітальня » Ігар Канановіч, Свабоду дажджу!

Свабоду дажджу!

Ігар Канановіч

 

ПЕСНЯ ЦМОКА

 

Варушыцца ўнутры няўмольны цмок,

Што чхаў aгнём на карныя законы.

Я выбраў час, я выбраў меч i бок.

Я жахам рэчаicнасцi натхнёны.

 

Пашлi учынкам нашым умалот,

Айчыны ўкрыжаваная Надзея!

Ад праўды выступае горкi пот,

I кроў aд небяспекi caладзее...

 

 

МІТЫНГ ПРАТЭСТУ

 

Упершыню за два тыдні

на жнівеньскім небе

зладзілі мітынг

набрынялыя громам

хмары.

 

І чуецца з вышыні:

— Далоў дыктатуру сонца!

— Свабоду, свабоду дажджу!

 

Я ЁСЦЬ 

 

Мне крыўда выела душу,

А потым перайшла на цела...

Што дзіўна, я ізноў пішу.

Што дзіўна, я жывы і цэлы.

 

Намоўленае перамог,

Паверыўшы ў будзённасць цуду.

На папялішчы ўспыхнуў Бог.

Я ёсць. І я, напэўна, буду...

 

ПРЫСТУПКА

 

В мой старый сад, ланфрен-ланфра,

Лети, моя голубка!

                                      (з вядомай песні)

 

Да выбухаў натхнення ты прыступка.

Табою Бог жыццё пасаладзіў.

І ўсё-ткі я паэт, мая галубка.

Мо лепшага — нармальнага — знайдзі?

 

Нашто табе нястача, меладрама

І гурт таленавітых недарэк?

Твой выбар ну ніяк не ўхваліць мама.

Яна кансерватыўны чалавек.

 

Хвіліны шчасця будуць, верагодна.

Ды, верагодна, будзе і кашмар.

Я — цяжкая, няўдзячная прыгода:

Буян, ліхач, нядбайны гаспадар...

 

Зірні, я для цябе — да дна прыступка!

Крумкач крывавы з песняй салаўя!..

Маўчу-маўчу! Не плач, мая галубка!

Хадзі сюды, маленькая мая!..

 

ПОШУКІ МУЗЫ

 

Па Заманіторыі вандрую —

Не як хуліган і рызыкант!

Я шукаю Музу — залатую.

Русая?.. Таксама варыянт!

 

І прашу у бога Інтэрнэта:

"Пакажы кароткія шляхі!"

Прадчуваннем радасным сагрэты,

Да сумневу змрочнага глухі...

 

Спішамся — раптоўна і дарэчна.

Скроім элегантны дыялог.

Блізка найкаштоўная сустрэча.

Не бяда, што поўначы парог!..

 

ХВОРЫ ЗУБ 

 

Калі была ты не ў гуморы

І набірала ў позні час,

Стагнаў я: "Зубік ты мой хворы!" —

Каб засмяялася ў адказ...

 

Былога нечаканы сполах

Наклікаў спелую слязу,

Хоць час, выдатны стаматолаг,

Даўно мне вырваў хворы зуб…

 

ГАРАЧАЯ ВАННА

Гарачая вада вільготнай коўдрай
Накрыла, атуліла, абняла.
Лад, страчаны у пошуках рэкордаў,
Вяртаецца ад шчырага цяпла...

Памкненні ўваскрасаюць і надзеі.
Спыніўшыся, зноў круціцца Зямля.
Ляжу гадзіну ў ванне і "балдзею" —
Як на руках у маці немаўля!

 

ВЫЙДУ НА ШПАЦЫР

 

Выйду на шпацыр, пакуль не сцямнела —
Выскачу з хвалі крыклівых навін!
Там, у мігценні сняжынак нясмелых,
Можа, адступіцца сплін?..

Хай кіслародам насыціцца цела.
Студзень пануе? Дык я ж не мядзведзь! 
Выйду на шпацыр, пакуль не сцямнела:
Годзе ў кватэры сядзець!

 

МЕСЦА Ў ЖЫЦЦІ

Ідучы
ў грамадзе вальнадумцаў,
я пакутліва думаў,
дзе маё месца
ў жыцці...

І тут адзін сцяг
пагладзіў па галаве,
другі
прыабняў за плечы.

І я зразумеў: 
вось яно.

 

ГАРЭЦЬ ШЧЫРА

Свечка растала.
Агеньчык дрыжаў і слабеў.
Але раптам успыхнуў
з нядаўняю сілай — 
нібы вярнуўся зазначыць,
як важна ў жыцці — 
гарэць шчыра...

Літаратура.org — http://litaratura.org/vitalnya?artid=156 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Свабоду дажджу!

Ігар Канановіч

Для друку   /   Вітальня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
водгук
№ 1 — dapamoga
(134.17.12*.**) — 2016-06-20, 23:52

уражаны , расчулы ,

водгук
№ 2 — dapamoga
(134.17.12*.**) — 2016-06-20, 23:58

Беларусь згубіла малады талент

Ігар Канановіч
Ігар Канановіч
Нарадзіўся 22 ліпеня 1983 у Клецку. У 2000 скончыў Заастравецкую СШ Клецкага раёну. У 2003 паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля заканчэньня, з 2008 па 2013, працаваў настаўнікам беларускай і рускай моваў у школах Клецкага раёну. Першыя публікацыі адносяцца да 2006-2007 гадоў. Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў» і «Верасень», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газэта», «Да новых перамог!» На дадзены час жыве і працуе ў Менску.