Літаратура.org » Вітальня » Каляндар жыцьця Джэймса Джойса

Каляндар жыцьця Джэймса Джойса

2 лютага 1882

У сям’і Джона і Мэры Джойсаў у Ратгары (прадмесьце Дубліну) родзіцца Джэймс Аўгуста Джойс (другое імя памылкова зарэгістравалі ў парафіяльнай кнізе нараджэньняў і сконаў ў жаночым варыянце, замест правільнай мужчынскай формы Аўгусьцін). Сям’я Джойса была шматдзетная — будучы пісьменьнік, найстарэйшы зь дзяцей, меў трох братоў і шэсьць сёстраў, ня лічачы трох неданошаных дзяцей, якія нарадзіліся мёртвымі.

1888

Джэймса пасылаюць у езуіцкую школу Clangowes Wood College у графстве Кілдар. Хлопец праводзіць там тры гады.

1893

Дзяцінства Джэймса прыпадае на час матэрыяльнага заняпаду сярэднезаможнага роду Джойсаў. Сям’я безупынна мяняе кватэры на штораз горшыя, па меры таго, як вычэрпваюцца зямельныя ўчасткі ў графстве Корк, якія аддаюцца ў заклад пад выручку фінансавых сродкаў. Пасьля пасяленьня ў Дубліне (пачатак 1893 г.) Джэймс ідзе ў школу „хрысьціянскіх братоў” (Christian Brothers), але праз паўгоду пераносіцца ў езуіцкі Belvedere College, куды яго, як выдатніка езуіцкай школы ў Клонгаўзе, прымаюць без спаганяньня аплаты за навучаньне.

1898

Пасьля заканчэньня сярэдняй адукацыі Джэймс Джойс паступае ў University College у Дубліне. У гэтай вучэльні ён пачынае вывучаць італьянскую і францускую мовы, якія ў будучыні стануцца, побач з ангельскай, ягонымі хатнімі мовамі.

1900

Джойс публікуе ў лёнданскім часопісе „Fortnightly Review” рэцэнзію на новую драму Генрыка Ібсэна „Калі паўстанем зь мёртвых”. Майстра нарвэскай літаратуры прысылае ў рэдакцыю ліст з падзякай рэцэнзэнту. Гэтая рэцэнзія чыніць маладога ірляндца вядомым у дублінскім літаратурным асяродзьдзі і дае яму магутны штуршок, каб заняцца ўласнай літаратурнай творчасьцю ды таксама нарвэскай мовай, якой Джойс авалодвае за год.

1901

Джойс піша вершы, перакладае зь нямецкай мовы дзьве п’есы Гергарда Гаўптмана: „Перад сьвітаньнем” і „Міхаэль Крамэр”.

1902

Джойс знаёміцца са славутасьцямі ірляндзкага літаратурнага сьвету: Джорджам Расэлам, Уільямам Ейтсам і Ледзі Грэгары. Славутасьці прымаюць маладога Джойса сардэчна, прыплюшчваючы вочы на ягоныя шурпатыя манеры і вялікую заносьлівасьць.

Джойс заканчвае ўнівэрсытэт бакаляўрэтам і запісваецца на курс мэдыцыны.

1903

У студзені Джойс выяжджае ў Парыж, каб вывучаць мэдыцыну ў Сарбоне. Ягонае ўтрыманьне залежыць ад небагатых грашовых пераводаў з дому, і Джойсу даводзіцца галадаць. У красавіку, павядомлены тэлеграмай аб сьмяротнай хваробе маці, Джойс вяртаецца ў Дублін. Маці памірае ў жніўні.

1904

Джойс піша вершы і аўтабіяграфічны раман „Стывэн Герой” („Stephen Hero”), бадзяецца па Дубліне і выпівае; спрабоўвае кар’еры сьпевака, але з увагі на недахоп грошай на ўрокі музыкі хутка пакідае гэтую задуму.

У чэрвені Джойс знаёміцца з Норай Барнакл з Голуэй, якая працуе пакаёўкай у дублінскім гатэлі. 16 чэрвеня — дзень іхняга першага шпацыру — ён пасьля ўчыніць датай разгортваньня падзеяў у сваім „Улісе”.

У газэце „Irish Homestead” Джойс публікуе тры апавяданьні, — „Сёстры”, „Пасьля гонак” і „Эвэліна”, — якія потым увойдуць у зборнік „Дублінцы”. Піша таксама паэмку „Сьвятая Палата” („The Holy Office”) — сатыру на дублінскіх літаратараў.

У кастрычніку Джэймс з Норай пакідаюць Ірляндыю і цераз Лёндан-Парыж-Цурых дабіраюцца ў Полю (порт на Істрыйскім паўвостраве, які належаў да Аўстра-Вугоршчыны), дзе Джойс атрымлівае пасаду настаўніка ангельскай мовы ў Berlitz School (міжнароднай сетцы навучаньня ангельскай мовы).

1905

Джойс пераяжджае на пасаду настаўніка Berlitz School у Трыесьце. Ён намаўляе пераехаць туды і свайго брата Станіслава — адзінага сямейніка, зь якім Джойс лістуецца пасьля выезду з Дубліну ды які разумее ягоныя літаратурныя схільнасьці і зьяўляецца першым чытачом і крытыкам ягоных літаратурных спробаў. Станіслаў таксама падтрымлівае сям’ю брата-пісьменьніка фінансава.

27 ліпеня у Джэймса і Норы Джойсаў нараджаецца сын Джорджыё.

1906

У ліпені Джойс зь сям’ёй перабіраецца ў Рым, дзе ён дастае пасаду банкавага службоўца. Ён плянуе напісаць апавяданьне пад загалоўкам „Уліс”у зборнік „Дублінцы”.

1907

У сакавіку Джойс вяртаецца ў Трыест, дзе ён зарабляе на ўтрыманьне сям’і прыватнымі ўрокамі ангельскай мовы.

У траўні ў Лёндане выходзіць першая кніжка Джойса, зборнік вершаў „Камэрная музыка” („Chamber Music”).

У ліпені зьяўляецца на сьвет дачка Джойса, Лючыя.

Джойс пастанаўляе нанава напісаць амаль закончаны раман „Стывэн Герой” і пачынае працу над „Партрэтам мастака ў маладосьці”.

1908

Джойс знаёміцца ў Трыесьце зь італьянскім пісьменьнікам жыдоўскага паходжаньня Эторэ Сміцам, які піша пад псэўданімам Італя Звэва (Italo Svevo); Сміц стане адным з прататыпаў постаці Леапольда Блюма ва „Ўлісе”.

1909

У жніўні-верасьні Джойс з сынам наведваюць сям’ю ў Ірляндыі.

У кастрычніку-сьнежні Джойс зноў наведваецца ў Дублін, спрабуючы заснаваць у Ірляндыі сетку глядзельных заляў новага віду мастацтва — кінэматографу. Кіно ў Ірляндыі прыймаецца, але Джойсу не ўдаецца зарабіць на ім грошай.

1912

Ва ўнівэрсытэце ў Падуі Джойс здае дзяржаўны экзамен на атрыманьне права на навучаньне ангельскай мовы ў публічных школах Італіі. Але неадольны бар’ер ягонай настаўніцкай кар’еры ў італьянскай асьветнай сыстэме стаўляюць італьянскія ўлады, якія не прызнаюць ўнівэрсытэцкага дыплёму Джойса зь Ірляндыі.

Нора з Лючыяй наведваюць Ірляндыю. Джэймс з Джорджыё падаюцца сьледам за імі.

Раззлаваны цэнзарскай валакітай з падрыхтаваным да друку зборнікам апавяданьняў „Дублінцы”, Джойс піша зьдзеклівую паэмку „Газ з пальніка” („Gas from a Burner”).

1914

Джойсаў annus mirabilis. Лёнданскі часопіс „The Egoist” пачынае публікаваць у сэрыях „Партрэт мастака ў маладосьці” („A Portrait of the Artist as a Young Man”). У Лёндане выходзіць зборнік апавяданьняў „Дублінцы” („The Dubliners”). Джойс пачынае працаваць над п’есай „Выгнаньнікі” і раманам „Уліс”.

1915

Сям’я Джойсаў пераяжджае ў Цурых.

1916

„Партрэт мастака ў маладосьці” выходзіць кніжкай у ЗША.

1917

Пачынаюцца праблемы пісьменьніка са зрокам. Джойс паддаецца першай зь дзясятка апэрацый над вачамі. Пачынаецца час, калі Джойсу даводзіцца месяцамі праседжваць у зацемненым пакоі з павязкай на вачах.

1918

У Нью-Ёрку часопіс „The Little Review” пачынае публікаваць „Уліса” („Ulysses”) ў сэрыях (ад сакавіка 1918 да сьнежня 1920).

П’еса „Выгнаньнікі” („The Exiles”) выходзіць у Англіі і ЗША.

1919

Сям’я Джойсаў вяртаецца ў Трыест.

1920

У ліпені Джойс зь сям’ёй пасяляецца ў Парыжы. Пісьменьнік спакваля стаецца цэнтрам зацікаўленьня парыскага інтэлектуальнага сьвету.

1921

У ЗША на публікацыю „Ўліса” накладаецца судовая забарона.

1922

„Уліс” выходзіць кніжкай у Францыі пад шыльдам парыскай кнігарні „Shakespeare and Company”, якой кіруе Сылвія Біч.

1923

У сакавіку Джойс пачынае пісаць новы твор, які ў канчатковым выглядзе атрымае назву „Finnegans Wake”. Урыўкі з гэтага твору, пад часовым загалоўкам „Work in Progress”, у наступных гадах публікаваліся ў двух парыскіх часопісах, „Transatlantic Review” і „transition”.

1927

„Shakespeare and Company” выдае паэтычны зборнік Джойса „Яблычкі па пэнсе” („Pomes Penyeach”).

1929

Выходзіць старанна падрыхтаваны францускі пераклад „Уліса”, які разьмяркоўвае заслугі пры падрыхтоўцы выданьня наступным чынам: Traduit de l’anglais par M. Auguste Morel assisté par M. Stuart Gilbert. Traduction entièrement revue par M. Valery Larbaud avec la collaboration de l’auteur.

1930

Сьцюарт Гілбэрт выдае кніжку „James Joyce's Ulysses. A Study”, якая дае першы цэласны аналіз структуры і зьместу „Ўліса”.

1931

У ліпені Джэймс і Нора Джойсы бяруць фармальны шлюб у Лёндане.

У сьнежні памірае бацька пісьменьніка, Джон Джойс.

1932

Зьяўляюцца першыя пазнакі псыхічнай хваробы дачкі пісьменьніка, Лючыі.

1933

Нью-ёркскі судзьдзя Джон Вулсі зьнімае забарону на публікацыю „Ўліса” ў ЗША.

1934

Выдавецтва „Random House” выдае „Ўліса” ў Нью-Ёрку („амэрыканскае кананічнае выданьне”).

1936

Выдавецтва „The Bodley Head” выдае „Ўліса” ў Лёндане („эўрапейскае кананічнае выданьне”).

1939

Лёнданскае выдавецтва „Faber & Faber” публікуе „Finnegans Wake”.

1940

У сьнежні сям’я Джойсаў перабіраецца з Парыжу ў Цурых.

13 студзеня 1941

Джэймс Джойс памірае ў Цурыху. Пісьменьніка хаваюць два дні пазьней на могілках Флюнтэрн.

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=10 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Каляндар жыцьця Джэймса Джойса

Для друку   /   Вітальня

Джэймс Джойс
Джэймс Джойс