Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 13 Nausicaa

13 Nausicaa

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

ЛЕТНІ ВЕЧАР ПАЧАЎ АГАРТАЦЬ СЬВЕТ СВАІМІ таемнымі абдымкамі. Далёка на захадзе сонца хілілася да сну, і апошні прамень як жа хуткалётнага дня ласкава марудзіў, разьвітваючыся з морам і пляжам, з гордым узвышшам старога Хоўту, што спакон вякоў сьцеражэ воды заліву, і са скаламі ўздоўж Сэндымаўнцкага берагу, пакрытымі морскімі водарасьцямі, і, наастатак, хоць ня зь меншай увагай, са сьціплым касьцёлам, адкуль шапатлівым струменьчыкам плылі малітвы да тае, якая прачыстым сваім зьзяньнем, як вечны маяк, сьвеціць кіданаму у штормах чалавечаму сэрцу, — да Марыі, Морскай Дзяньніцы

Тры сяброўкі сядзелі на надбярэжных скалах, радуючыся вечароваму краявіду й морскаму ветрыку, які нёс ім прыемную, яшчэ ня надта золкую сьвежасьць. Разоў ужо колькі заходзілі яны сюды, у свой улюбёны закутак, каб утульна пагаманіць ускрай мігатлівых хваляў і справы свае дзявочыя абмеркаваць, — Сісі Кэфры й Эда Бордман зь дзіцяткам у возіку, а зь імі Томі й Джэкі Кэфры, два кучаравыя малышы ў матроскіх касьцюмчыках і матроскіх шапачках, на якіх стаяў надпіс К. Я. В. ”Бэлайл”. Бо Томі й Джэкі былі блізьнюкамі, большменш чатырох гадоў ад народзін, часамі дужа надакучлівымі й распушчанымі, але пры ўсім гэтым мілымі малечамі зь вясёлымі сьветлымі тварыкамі й заваблівымі паводзінамі. Яны поркаліся ў пяску са сваімі лапаткамі й вядзерцамі, будуючы замкі дзіцячым звычаем, або гулялі вялікім каляровым мячом, і шчасьцю іхняму не было канцакраю. А Эда Бордман тым часам калыхала ў возіку пульхнашчокую малютку, і той малады джэнтльмэн ажно пыркаў ад задаволенасьці. Яму было ўсяго адзінаццаць месяцаў і дзевяць дзён, зусім яшчэ крышка, але ўжо пачынаў дудукаць першыя дзіцячыя словы. Сісі Кэфры пахілілася над ім, каб паказытаць складкі на ягоным пульхным пузіку й малюпасенькую ямачку ў падбародку.

— А ну, дзіцятка, — прамовіла Сісі Кэфры, — скажы голасна: я хачу глыток вады.

І дзіцятка ўторыла ёй:

— Ая аю ію ады.

Сісі Кэфры прыхінула да сябе крышынку, таму што яна страх як любіла дзіцянятак, і як жа цярплівая была, калі малеча хварэла: Томі Кэфры занішто ня прыняў бы свае рыцыны, калі б Сісі Кэфры не ўхапіла яго за нос і не паабяцала яму акрайца аржанага хлеба з салодкай патакай. Якую ж моц угавору мела ў сабе гэтае дзяўчо! Але й малютка быў чыстым золаткам, сапраўдным анёлкам у новым сьлінячку. А й Сісі Кэфры не была з гатунку папсаваных прыгажуняў, як тая Флора МакФлімсі. Шчырае сэрцайка білася ў ейных грудзях, усьмешка вечна гасьцявала ў цыганскіх вачох, а жартаўлівае слова на вуснах, падобных на сьпелыя вішні; дзяўчо акружаў неадольны поваб. І Эда Бордман засьмяялася разам зь ёю, пачуўшы дзівамову свайго малога браціка.

Але тут два кавалеры, юны Томі й юны Джэкі наладзілі між сабою лёгкую спрэчку. Хлопцы — заўсёды хлопцы, і нашы блізьнюкі зусім не былі выняткам з гэтага незварушнага правіла. Яблыкам нязгоды стаў адзін замак, які збудаваў юны Томі, а юны Джэкі, маючы на ўвазе, што лепшае — вораг добрага, памкнуўся ўнесьці ў яго архітэктурнае ўдасканаленьне ў выглядзе парадных дзьвярэй, такіх як у вежы Мартэла. Томі быў упарты, але й Джэкі аказаўся моцнай натурай, і, верны старой прымаўцы, што дом ірляндца — ягоная цьвярдыня, ён кінуўся на зьнелюбелага суперніка з такой заўзятасьцю, што няўдалы захопнік быў умомант разгромлены, а зь ім — як ні шкада! — сам прадмет спору, замак. Ці ж трэба тут дадаваць, што выкрыкі пераможанага Томі не пазьбеглі чуйнай увагі сябровак?

— Томі, зараз жа хадзі сюды! — строгім голасам паклікала сястра. — Хутка сюды! А ты, Джэкі, як табе ня сорам, навошта ты пакаціў Томі ў брудны пясок, бедачыну. Чакай жа, я табе дам бобу.

Томі, з вачанятамі заімглелымі ад непралітых сьлёзаў, прыйшоў на ейны кліч, таму што слова старэйшай сястры было законам для блізьнятаў. Пасьля тае сумнае прыгоды выгляд у яго быў жаласьлівы. Матроска й штонікі былі ў яго скрозь у пяску, але Сісі здаўна была неперавышанай у мастацтве палагоджваньня дробных жыцьцёвых нягодаў, і неўзабаве на ягоным ахайным касьцюмчыку нельга было згледзець ні адной пяшчынкі. Аднак блакітныя вачаняты ўсё яшчэ поўніліся гарачымі сьлязьмі, гатовымі праліцца ў кожны момант, таму яна сцалавала зь іх крыўдачку й паківала пальцам нядобраму Джэкі, і сказала, хай толькі яго схопіць, дык ён пабачыць, і паглядзела на яго з папрокам.

— Абрыдлы неслух Джэкі! — усклікнула яна.

Потым прыхінула да сябе малога марахода й стала яго ласкава задобрываць:

— Як цябе завуць, мой пане? Сыр у сьмятане?

— Скажы нам, — умяшалася Эда Бордман, — каго ты больш за ўсіх кахаеш? Ты Сісі больш за ўсіх кахаеш?

— Не—а, — прамовіў Томі празь сьлёзы.

— Тады, значыць, Эду? — пацікавілася Сісі.

— Не—а, — адказваў Томі.

— А я ведаю, — без асаблівай здаволенасьці гадала Эда Бордман, хітравата косячы сваімі блізарукімі вачыма. — Ведаю, каго Томі больш за ўсіх кахае, ён Герту кахае.

— Не—а, — сказаў Томі, яўна гатовы ўдарыць у плач.

Але Сісі зоркім мацярынскім чуцьцём хутка адгадала, што тут ня ладзілася, і шапнула Эдзе, каб тая адвяла яго за возік, дзе джэнтльмэн ня ўбачыць, і прыгледзела, каб ён не замачыў свае новыя жарыя боцікі.

Але кім была Герта?

Герта МакДаўэл сядзела непадалёку сваіх сябровак і, заглыбленая ў роздумы, глядзела кудысьці ў далеч. Нат самай буйнай фантазіі цяжка было б намаляваць болей завабную праяву ірляндзкай дзявоцкасьці. Усе знаёмыя ў адзін голас прызнавалі яе прыгажуняй, хоць і адзначалі часамі, што яна пайшла болей у Гілтрапаў, чымсьці ў МакДаўэлаў. Фігура ў яе была зграбнатонкая, магчыма, што нават крохкая, хоць таблеткі з жалезам, якія яна стала апошнім часам прымаць, шмат ёй паправілі (у адрозьненьне ад пігулак Удавы Ўэлч), паменшваючы тыя выцёкі, што здараліся раней, і здымаючы пачуцьцё стамлёнасьці. Васковая бледнасьць яе аблічча была амаль незямная ў той чысьціні слонавай косьці, а вусны ў сваёй антычнай дасканаласьці прыводзілі на згадку ружавую покаўку й лук Купідона. Яе рукі са шчуплымі пальцамі былі як з алебастру, прарэзанага сінімі жылкамі, і такой белі, якую толькі маглі прыдаць лімонны сок і Крэм Каралевы, хоць злосным нагаворам было тое, быццам яна накладала нанач лайкавыя пальчаткі й мыла малаком ногі. Аднойчы Бэрта Сапл навыдумляла гэтага пра яе Эдзе Бордман, наўмысна нахлусіла, таму што ў той час была з Гертай на нажох (безумоўна, і ў нашых сардэчных сябровак часчасам прыдараюцца маленькія звадкі, як і ва ўсіх сьмяротнікаў) і яшчэ яна ёй сказала каб тая ні за што на сьвеце ня выгаварылася хто ёй сказаў бо йначай яна ніколі зь ёю ня будзе размаўляць. Ды не. Кожнаму па заслугах. У Герты была прыроджаная вытанчанасьць, нейкая млявая hauteurУзьнёсласьць (франц.), нават нешта каралеўскае, у чым не пакідалі ніякага сумліву далікатныя лініі ейных рук і ступня з высокім пад’ёмам. І калі б толькі добры лёс дазволіў ёй нарадзіцца ў шляхотнай сям’і й атрымаць даброты рафінаванага ўзгадаваньня й адукацыі, Герта МакДаўэл лёгка магла б паставіцца ўпоравень зь любой дамай ва ўсёй краіне і ўбачыць сябе ў густоўных строях, з дыядэмай на чале, і процьма высакародных прыхільнікаў рупліва спаборнічала б за гонар апынуцца ля яе ступняў. Можа быць, менавіта яно, магчымае й нязьдзейсненае каханьне, і было прычынай, што яе мяккія абрысы набывалі часам нейкі напружаны выраз, поўны таемнага значэньня, і яе дзівосныя вочы смужыліся чароўнаю тугою, перад якой усе карыліся. Адкуль такая чаравальная моц у жаночых вачох? У Герты яны зьзялі найблакітным ірляндзкім блакітам, адцененыя праменнымі вейкамі й цёмнымі выразнымі бровамі. Быў час, што тыя бровы не былі так спакусьліва-шаўковістыя. Гэта мадам Вэра Вэраеты з старонак свайго Куточка Красы ў ”Навінах Прынцэсы” ўпершыню дала ёй параду паспрабаваць фарбку для броваў, якая надае вашым вачом той загадкавы выгляд, так павабны ў каралеваў моды, і Гэрта ніколі таго не пашкадавала. Потым там яшчэ быў навуковы сродак як перастаць чырванець і як стаць высокай павялічце ваш рост і ваш тварык прыгожы але што з вашым носікам? Гэтае апошняе прыдалося б місіс Дыгнам, у яе такі пляскач. Але вянком для хвалы Герты былі яе пышныя валасы. Цёмнакаштанавыя, ад прыроды лёгка хвалістыя. Яна падстрыгла іх якраз сёньня ранкам, з увагі на маладзік, і яны мірыядамі раскошных пасмачак атачалі яе гожую галоўку. Заадно яна падрэзала й пазногці, у чацьвер на багацьце. І цяпер, калі ад Эдзіных слоў яе шчокі засьвяціліся румянцам, далікатным і лёгкім, як пялёсткі ружы, яна была такая панадная ў сваёй мілай дзявочай сарамяжлівасьці, што, можна ўпэўнена заявіць, ва ўсёй апекаванай Богам краіне Ірляндыі ёй не знайшлося б роўнай.

Хвілінку якую яна яшчэ сядзела моўчкі, апусьціўшы засмучоныя вочы. Яна зьбіралася адказаць, але штосьці стрымала словы на самым кончыку языка. Ахвота хіліла яе адазвацца, але годнасьць прымушала змаўчаць. Гожыя вусны зьлегку выпучыліся, але тут яна падняла вочы й расьсьмяялася вясёлым сьмехам, сьвежым, як травеньскі сьвітанак. Яна добра ведала, каму ж бы ведаць лепш, чаму гэтая касавокая Эда так сказала: бо ён ахалодаў да яе толькі на выгляд, а ў сапраўднасьці гэта было так, калі закаханыя спрачаюцца. Як заўсёды, камусьці было не да носа, што хлопец, які мае ровар, безупынна езьдзіць туды й назад у Гэрты пад вокнамі. Але цяпер бацька сказаў яму сядзець дома й налягчы на прадметы, каб атрымаць узнагароду на экзаменах, а потым, пасьля школы, ён хацеў паступіць у каледж Трыніты вучыцца на лекара, як і ягоны брат У. І. Уайлі, які выступаў на унівэрсытэцкіх раваровых гонках. Магчыма, ён няшмат дбаў пра тое, што яна адчувала, пра той шчымлівы боль і пустку, якія часамі праціналі ейнае сэрца навылёт. Але ён яшчэ быў малады й, мабыць, з часам мог бы навучыцца яе кахаць. Ён быў з пратэстанцкай сям’і, а Герта, вядома, ведала, Хто йшоў першым, а за Ім Бласлаўлёная Дзева, і далей Сьвяты Язэп. А ў яго была несумненна прыстойная пастава, прыгожы нос, і прытым ён быў сапраўдным джэнтльмэнам у кожнай цалі, ужо сам абрыс галавы выдаваў нешта нязвыклае, яна заўсёды распазнала б, і асабліва відаць ззаду, калі ён бяз шапкі, і прытым ён так спрытна, не трымаючыся за руль, паварочваў сваім роварам каля ліхтарнага слупа, і ягоныя дарагія цыгарэты так прыемна пахлі, а звыш таго яны адно аднаму пасавалі ростам, дык вось чаму Эда Бордман думала, што яна такая ўжо спрытная, таму што перад яе мізэрным садочкам ён і не зьбіраўся езьдзіць.

Герта была апранутая проста, але зь беспамылковым густам вернападданых Пані Моды, бо няясна прадчувала, што сёньня можа прыдарыцца шанц сустрэць яго. Спраўная блюзка колеру электрык, якую яна сама пафарбавала патэнтаваным фарбавальнікам (калі ”Дамскі Кругагляд” прадказаў, што электрык неўзабаве ўвойдзе ў моду), з эфэктоўным вузкім выразам да выемкі й з кішэнькай на хустачку (але хустачка псавала б лінію, і Герта заўсёды там трымала ватку, напахнёную яе ўлюбёнай парфумай), і цёмнасіняя спадніца з разрэзам даўжынёю ў тры чвэрці цудоўна падкрэсьлівалі яе гнуткую зграбную фігурку. На ёй быў какетлівы капялюшык з чорнай саломкі шырокага заплёту, кантрастна абрамлены спадысподу жаўтлява-блакітнай сінельлю, а збоку аздоблены кукардкай таго ж колеру. На гэтую сінель яна палявала ў мінулы аўторак ледзь не паўдня, пакуль наастатак не знайшла на летнім распродажы ў Клэры дакладна тое, што трэба, сплёт пасьпеў у крамцы ўжо трохі прыбрудзіцца, але на выгляд зусім не відаць, па два шылінгі адзін пэнс за локаць. Потым яна прыладзіла ўсё гэта сваімі рукамі, і колькі было радасьці, калі яна прымерыла яго і ўсьміхнулася цудоўнаму адбіцьцю, якое ахвяравала ёй люстра! І, нацягнуўшы яго на вялікі кубак, каб ня страціў формы, яна ўжо ведала, што некаторым знаёмым асобам давядзецца спусьціць са свае пыхі. Яе пантофлікі былі апошняй навінкай моды (Эда Бордман страшна фанабэрылася, што ў яе зусім petite, але такой ножкі, як у Гэрты, пяцёркі, у яе не было і ня будзе, колькі сьвет патрывае), з наскамі з натуральнай скуры, і з элегантнай спражкай на высока выгнутым пад’ёме. Яе спаднічка адкрывала абточаныя шчыкалаткі дасканалых прапорцый, а зграбныя лыткі, абцягнутыя тонкімі панчохамі з ушчыльненымі пяткамі й шырокімі закладкамі для падвязак, былі відаць столькі якраз, колькі й належыла. Што да сподняга, дык Герта клапацілася пра яго больш за ўсё, і ці хто-небудзь з тых, хто зьведаў трымклівасьць надзеяў і боязяў салодкай сямнаццатай вясны (хоць сваю сямнаццатую Герта ўжо разьвітала дарэшты), знойдзе ў сваім сэрцы папрок для яе? У яе былі чатыры шыкоўныя камплекты з надзвычайнай мярэжнай абшыўкай, кожны з трох частак плюс начная кашуля, і пры кожным стужкі іншага колеру, ружовага, блакітнага, лілёвага й салатнага, і калі яны вярталіся дадому з пральні, яна сама іх падсушвала й падсіньвала й прасавала ў яе была такая цэгла пад прас таму што яна тым прачкам не давярала бо бачыла колькі рэчаў яны марнуюць. Яна апранула сіняе на шчасьце, пестуючы безнадзейную надзею, гэта быў яе колер, і прытым колер шчасьлівы для нарачонай, калі на ёй ёсьць штосьці сіняе, бо ў той дзень калі яна апранула зялёнае дык выйшла на няшчасьце бо бацька прымусіў яго сядзець дома займацца дзеля тае ўзнагароды і таму што яна падумала можа быць сёньня ён усё-ткі выйдзе бо калі яна апраналася яна ледзь не надзела тыя старыя навыварат а гэта якраз на шчасьце й на сустрэчу закаханых калі ты надзенеш навыварат або калі стужкі разьвяжуцца значыць ён пра цябе падумаў адно каб дзень ня быў пятніцай.

Ды аднак жа! Аднак жа! Тая напружанасьць у ейных рысах! Як быццам іх разьядае неадступны смутак. Усю яе душу відаць у ейных вачох, і, здаецца, яна аддала б усё на сьвеце, каб апынуцца цяпер у інтымнай утульнасьці свайго пакойчыку й, даўшы волю сьлёзам, папусьціць зацугляным пачуцьцям і добра выплакацца. Але каб не занадта, таму што яна зразумела перад люстрам як трэба плакаць прыгожа. І люстра сказала, ты, Герта, павабная. Кволае вечаровае сьвятло праліваецца на яе тварык, невыказна сумны й задумёны. Дарэмна тужыць Герта МакДаўэл. Так, яна з самога пачатку ведала, што яе мары пра замужжа ня збудуцца, і не зазвоняць вясельныя званы для місіс Рэгі Ўайлі, К. Т. Д. (таму што місіс Уайлі будзе тая, зь якою ажэніцца старэйшы брат), і ў сьвецкай хроніцы ня зьяўляцца радкі пра тое, што місіс Гертруда Ўайлі была ў раскошным туалеце шэрага адценьня з дарагой футравай аправай зь сіняга ліса. Ён замалады, каб зразумець. Ён наўрад ці здольны верыць у каханьне, гэта жаночая доля. Таго даўняга вечару, на забаве ў Стора (ён яшчэ тады хадзіў у кароткіх штоніках), калі яны апынуліся самі, ён крадком абняў яе талію, і яна ўся пабялела як крэйда. Дзіўна асіплым голасам ён назваў яе малюткай і хутка, мімалётам, пацалаваў (яе першы пацалунак!), але выйшла толькі ў сам кончык носа, і сьпешліва выйшаў з пакою, кінуўшы нейкую заўвагу наконт асьвяжальных напояў. Нейкі запальчывец! Сіла характару ніколі не была моцным бокам Рэгі Ўайлі, а той, хто запаланіў бы й скарыў Герту МакДаўэл, безумоўна, павінен быць сапраўдным мужчынам. Але чакаць, усё чакаць, пакуль папросяць твае рукі, а тут якраз год быў высакосны, які, глядзі, неўзабаве мінецца. Не, яе ідэал каханага — не чароўны прынц, які ўскладае ля ейных ступняў цудоўны й рэдкі дарунак свайго каханьня, але хутчэй мужчына загартаваны, непарушны й моцны, якому не пашчасьціла сустрэць свой ідэал, можа быць, ягоныя скроні прыпарушыла сівізна, і ён зразумеў бы яе, укрыў бы ў сваіх апякунчых абдымках, прыцягнуў бы яе да сябе ўсёй сілай сваёй глыбока страснай натуры й зьліўся б зь ёю ў несканчона доўгім пацалунку. Гэта было б нешта нябеснае. Вось пра каго яна мроіць ў гэты лагодны летні вечар. Усім сваім сэрцам яна прагне стаць ягонай адзінай, зашлюбёнай яму на долю й нядолю, на нямогласьць і на здароўе, пакуль не разлучыць нас сьмерць, ад сёньня да скону дзён.

І калі Эда Бордман была з малым Томі за возікам, яна раздумвала пра тое, ці прыйдзе той дзень, калі яна зможа назваць сябе ягонай будучай жоначкай. А тады ўжо хай яны пляткараць пра яе ажно да зьнямогі, і Бэрта Сапл, і Эда, якая так зласьлівіць, таму што ёй у лістападзе стукне ўжо дваццаць два. Яна б клапацілася пра яго, стварыла б яму ўсе магчымыя выгоды, бо Герта была па-жаноцку мудрая й ведала, што кожны мужчына любіць хатнюю ўтульнасьць. Яе аладкі, парумянелыя да залацістакарычневай барвы, і пудынг каралевы Анны, на смак і пах як сьвежая сьмятана, выклікалі шумныя пахвалы, таму што ў яе была лёгкая рука запальваць агонь, значыць, засыпаеш тонкую муку з сухімі дрожджамі й круціш ўвесь час у адзін бок, потым малако й цукар й добра ўзьбітыя бялкі хоць калі даходзіла да ежы ёй было няёмка пры людзях і думала як шкада што нельга харчавацца чымсьці паэтычным фіялкамі або ружамі ды яна б прыгожа абставіла іхнюю гасьцёўню там былі б усялякія карціны гравюры й фатаграфія сабачкі Гарыоўна дзядулі Гілтрапа ён быў амаль як чалавек здавалася б возьме й загаворыць і на фатэлях узорыстыя паркалёвыя чахлы й срэбны тостар якія бываюць у багатых дамох яна бачыла такі на распродажы ў Клэры. Ён будзе высокі, шыракаплечы (яна заўсёды марыла, каб муж быў высокі), зь белазубай усьмешкай пад прыгожа прыстрыжанымі вусамі, і яны паедуць на кантынэнт, каб там правесьці свой мядовы месяц (тры хмяльныя тыдні!), а пасьля, калі яны абсталююць сабе ўтульнае гнязьдзечка, гэткі малюткі мілюткі домік, дык кожнае раніцы будуць сьнедаць супольна, гэта будзе просты, але беззаганна пададзены сьняданак, і толькі яны самі абое, і выходзячы на службу ён моцна абніме сваю мілую жоначку й на хвіліну загляне ў тонь яе вачэй.

Эда Бордман спыталася ў Томі Кэфры, ці ён ужо ўсё зрабіў, ён сказаў так, тады яна зашпіліла яму штонікі й сказала, каб ён бег гуляць з Джэкі, толькі хай яны абодва будуць цяпер слухмянымі й ня б’юцца. Але Томі сказаў, што хоча мячык, а Эда адказала нельга, мячыкам забаўляецца маленькі й калі ў яго забраць, зараз пачнуцца гучнасьпевы, але Томі сказаў не, гэта ягоны мячык, і ён хоча свой мячык, і тупнуў ножкай. Гляньце на яго! Ну й характар! Так, ён ужо быў мужчынам, гэты малюткі Томі, ледзь вылезшы зь пялёнак. Але Эда адказала яму не, не дый не, і няхай ён перастане, і сказала Сісі, каб тая яму не ўступала.

— А ты мне не сястра, — сказаў неслух Томі. — Я хачу мой мячык.

І тут Сісі Кэфры сказала малечы Бордману лянь сюды, лянь на мой пальчык, а сама хуткім рухам выхапіла мяч і пакаціла яго па пяску, і Томі, дабіўшыся перамогі, кінуўся за ім з усіх ног.

— Усё дзеля спакойнага жыцьця, — засьмяялася Сісі.

І яна паказытала крышынцы пульхныя шчочкі, каб ён хутчэй забыўся, і давай зь ім гуляць у сарока-варона кашку варыла, таму дала, і таму дала, і таму дала, а самаму маленькаму нічога не пакінула й пырр паляцела. Але тут Эда пеканула яе асою, што вось так ён і заўсёды чвэрыць, бо ўсе яму патураюць.

— Вось яшчэ пабачыце, — паабяцала яна, — я яму яшчэ сыпану ў адно месца, не скажу тут якое.

— У пупудупу, — весела расьсьмяялася Сісі.

Герта МакДаўэл апусьціла галаву й густа пачырванела, падумаўшы, што Сісі ўжывае недапушчальныя паненцы выразы, якія яна сама не ўжыла б ні за што на сьвеце, лепш бы згарэла ад сораму, а Эда Бордман сказала, што той джэнтльмэн поблізу напэўна ўсё чуў. Але Сіс гэта не кранула ні на ёту.

— Ну й хай сабе! — усклікнула яна, дзёрзка трасянуўшы галоўкай і гарэзьліва зморшчыўшы носік. — Можна заадно й яму па тым самым месцы, у мяне гэта хутка.

Шалёная Сіс з мурынскімі кудзеркамі. Часам зь ёю нарагочасься да ўмору. Прыкладам, скажа, ты папі гарбаты, а я сады з вокам, або калі намалюе чырвоным на сваіх пазногцях, на адным збанок, на другім мужчынскую фізіяномію, усе лопаюць, або калі ёй захочацца ў адно месца, яна кажа, мне трэба нанесьці візыт міс Сцыс. Вось такая яна, Сцысі. Вой, а ці ж можна забыць той вечар, калі яна надзела на сябе бацькавы гарнітур і капялюх, падмалявала паленым коркам вусы й з цыгарэткай пайшла шпацыраваць па Трайтанвіл-роўд! У жартах ніхто ёй не дакажа. Але пры ўсім гэтым — сама шчырасьць, адно з самых мужных і верных сэрцаў, якія Бог стварыў, нічога з тых двухаблічных стварэньняў, што занадта далікатныя для чыстасардэчнасьці.

І тут у паветры загучалі сьпевы й арганны гімн. Гэта дзейсьніліся ружанец, казаньне й пасьвячэньне Сьвятых Дароў у прытулку цьвярозасьці для мужчынаў, якім кіраваў місыянэр, правялебны Джон Х’юз, Т. І. Яны там сабраліся супольна, не зважаючы на розьніцы грамадзкага стану (і гэта было надзвычай павучальнае гледзішча), у той сьціплай сьвятыні на беразе хваляў, вынесеныя бурамі гэтага сьвету, і прыпадалі да ступняў Прачыстай, чыталі малітву Божай Маці Лярэцкай, благаючы ейнага заступніцтва тымі спрадвечнымі, так знаёмымі словамі, сьвятая Марыя, сьвятая й прачыстая дзева. Якім жа смуткам адгукаліся тыя малітвы ў вушах Герты! Калі б толькі яе бацька вырваўся з кіпцюроў зялёнага зьмея, з дапамогай урачыстага абяцаньня або тых парашкоў, пра якія пісалі ў ”Пірсанс Уіклі”, што яны вылечваюць ад п’янага насланьня, яна б езьдзіла цяпер уласнай карэтай, ня горш за кожную іншую. Яна паўтарала сабе гэта раз-пораз і без упыну, седзячы ў глыбокім задуменьні ля прыгаслага камінка, не запальваючы лямпы, бо не цярпела двайнога сьвятла, або мройна раздумваючы цэлымі гадзінамі, спаглядаючы з ваконца на тое, як дождж цубаніць у паржавелы бак на сьмецьце. Але той гідкі вывар, што зруйнаваў такое мноства дамоў і сем’яў, кінуў цень і на яе дзіцячыя гады. На жаль, ёй нават давялося быць сьведкай буянства, чыненага ад нестрыманасьці, і бачыць, як яе ўласны бацька, апантаны загубнымі парамі, зусім забываў сябе, бо Герта цьвёрда ведала адно: калі мужчына кранае жанчыну сваёй рукой іначай, чымсьці з дабрынёй і лагодай, ён варты званьня самага нізкага нягодніка.

Галасы працягвалі сьпевы мальбы да Дзевы ўсёмагутнай, да Дзевы міласэрнай. А Герта, ахінутая сваімі думамі, амаль ня бачыла й ня чула ні сваіх сябровак, ні гульлівых хлапчанят, ні джэнтльмэна, які зьявіўся з боку Сэндымаўнт Грын, — Сісі сказала, што ён падобны на бацьку, — і шпацыраваў уздоўж берагу. На людзях яго наагул ня ўбачыш пад хмяльком, але ўсё ж ён ёй не падабаўся як бацька, можа, таму, што быў застары, або яшчэ чамусьці, або з увагі на гэты твар (тут яўна быў выпадак доктара Фэла), ці на той прышчаты бугрысты нос, ці на тыя палінялыя вусы, ужо пабялелыя пад носам. Бедны бацька! Пры ўсіх ягоных заганах яна любіла, калі ён сьпяваў ”Скажы мне, Мэры, як здабыць тваё сэрца” і ”Мая хатка й каханьне ля Рашэль” і на вячэру былі тушаныя малюскі й салатка пад маянэзам і калі ён сьпяваў ”Месяц узышоў на неба” зь містэрам Дыгнамам, які так раптоўна памёр і быў пахаваны, памілуй, Госпадзе, ягоную душу, ад удару. Гэта было ў дзень нараджэньня мамы, Чарлі быў дома на вакацыях, і Том, і містэр Дыгнам з жонкай, і Пэтсі й Фрэды Дыгнам, і яны ўсе разам сфатаграфаваліся. Нікому і ў галаву не прыйшло, што канец такі блізкі. А цяпер ён спачывае ў магіле. А мама сказала хай гэта будзе яму папярэджаньнем да канца ягоных дзён а ён нават на паховіны ня мог пайсьці праз сваю падагру й яна мусіла схадзіць у горад прынесьці яму з працы лісты і ўзоры лінолеуму Кэтсбі, мастацкі малюнак, варты нават у палацах, ніколі ня сходзіцца, і ў доме заўсёды весела й сьветла.

Герта была не дачка, а сапраўдны скарб, быццам другая маці ў сям’і, быццам анёл-ахоўнік, залатое сэрцайка. Калі ў маці прыходзілі тыя жахотныя мігрэні, ажно галаву расколвала, хто ж як ня Герта заўсёды націраў ёй лоб мэнтолавай палачкай, хоць ёй і не падабалася, што маці нюхае табаку, і гэта было адно-аднюткае, ад чаго ў іх узьнікалі спрэчкі, нюхаць табаку. Усе выхвальвалі яе пад нябёсы за ветлівыя адносіны да іншых. Менавіта Герта заўсёды адключала газ нанач, і Герта павесіла на сьценцы ў адным месцы, дзе яна не забывалася пасыпаць хлёркай кожныя два тыдні, каляндар з абразком ”Ідылічныя дні”, што ім падараваў містэр Тані, цукернік. На тым абразку малады джэнтльмэн, апрануты пад тадышнюю моду, у дзівотным капелюшы, ахвяроўваў сваёй даме сэрца букет кветак праз ваконныя краты, з галянтнай манэрай тае колішняе часіны. Адразу відаць, што за гэтым нейкая гісторыя. І як прыгожа зладжаныя колеры! Яна ў белым з аблеглай мяккай тканіны, у далікатнай позе, а кавалер у строі шакаляднага колеру, арыстакрат да апошняе рысачкі. Часта, заходзячы туды дзеля вядомай прычыны, яна задумліва спаглядала на іх і, падкасаўшы рукавы, краналася ўласных рук, белых і мяккіх, як у той, і раздумвала пра тую часіну таму што яна адшукала ў слоўніку вымаўленьня Ўокэра які застаўся ад дзядулі Гілтрапа што значыць ідылічны.

Блізьнюкі цяпер гулялі самым братэрскім і вартым пахвалы чынам, да таго часу, калі юны Джэкі, які й на самай справе быў неўгамонны шалапут, ад гэтага нікуды не ўцячэш, знарокам ударыў мяч нагой з усяе моцы ў кірунку аброслых водарасьцямі скалаў. Ясная справа, што бедны Томі адразу выказаў гарачае абурэньне, але, на шчасьце, джэнтльмэн у чорным, які сядзеў там у самоце, адважна кінуўся на ратунак і перахапіў мяч. Абодва супернікі зь вялікім гамам запатрабавалі сваю ўлюбёную цацку назад, і, каб пазьбегчы далейшых ускладненьняў, Сісі Кэфры зьвярнулася да таго джэнтльмэна, кіньце яго мне, калі ласка. Джэнтльмэн прыцэліўся мячом раз і другі й пусьціў яго па пяску ў кірунку Сісі, але ён адкаціўся па спадзе й запыніўся ля малой калюжыны пры скале, якраз пад спадніцай Герты. Блізьнюкі зноўку ўсчалі гоман, і Сісі папрасіла таўхануць яго да іх, хай сабе за яго змагаюцца, дык Герта адвяла ножку, хоць ёй жадалася, каб той дурнаваты мячык ня скочваўся да яе, і спрабавала ўдарыць па ім, але схібіла, і Эда зь Сісі расьсьмяяліся.

— Раз ня выйшла, паспрабуй другі, — сказала Эда Бордман.

Герта ўсьміхнулася ў знак згоды й прыкусіла губку. Яе шчокі пацягнуліся далікатным ружам, але яна пастанавіла ім паказаць і таму падцягнула трохі спаднічку, няшмат, але так, каб ня вадзіла, і, добра прыцэліўшыся, шпарка смальнула мяч, так што ён адляцеў далёка-далёка, а абодва блізьнюкі далі цягу за ім уніз па гальцы. Вядома, гэта была чыстая зайздрасьць, адно каб зьвярнуць увагу джэнтльмэна, які назіраў наводдаль. Яна адчула, як хлынуў гарачы румянец і палыхнуў на ейных шчоках, а гэта заўжды быў сыгнал трывогі ў Герты МакДаўэл. Дагэтуль яны абмяняліся паглядамі чыста выпадковага характару, але цяпер яна рызыкнула паглядзець даўжэй з-пад свайго новага капялюшыка, і той твар, што стрэў яе позірк у летнім сутоньні, падаўся ёй бледным і дзіўна напружаным, з адбіткам самоты, яшчэ ніколі ёю ня бачанай.

Праз адчыненыя вокны касьцёла выплывалі кадзільныя духмянасьці, і разам зь імі духмяныя ймёны тае, што была зачатая бяз плямы першароднага грэху, судзіна духоўная, маліся за нас, судзіна дастойная, маліся за нас, судзіна невымоўнай набожнасьці, маліся за нас, о таемная ружа. І былі там нядоляй прыгнечаныя сэрцы, і гаротнікі, што гарбеюць дзеля хлеба надзённага, і шматлікія, што блудзілі ды ў аблуду ўвайшлі, і вочы іхнія абмываліся вільгацьцю скрухі, але разам з тым і ясьнелі надзеяй, бо паведаў ім правялебны айцец Х’юз тое, што сказаў Бэрнард, вялікі сьвяты, у сваёй славутай мальбе да Марыі: Прачыстая Дзева ўладу заступніцтва трымае, і не чувана спрадвеку ніколі, каб яна пакінула бяз долі тых, што ейнай магутнай абароны благалі.

Блізьнюкі зноўку бестурботна гарэзьнічалі, бо ж прыкрасьці дзяцінства так мімалётныя, як летнія дожджыкі. Сісі забаўляла малютку Бордмана, ажно той кігікаў ад уцехі, пляскаючы ў дзіцячыя далонькі ў паветры. Ку-ку! усклікала яна зза будкі возіка, а Эда пыталася, а куды ж дзелася наша Сісі, і тады яна раптам выстаўляла галаву й гукала: га!, а той маленькі чалавечак, кажу вам, увесь лекацеў ад захапленьня. А потым яна стала прасіць яго: скажы тата.

— Скажы тата, малютка. Скажы та та та та та та та.

І малютка стараўся як мог, бо ўсе казалі, што дзіцянё дужа разумнае было, як на свае адзінаццаць месяцаў, і такое вялізьненькае, здаровенькае, такі каханюткі камячок, і ўсе без ваганьня прызнавалі, што вырасьце зь яго нехта значны.

— Ая я я ая.

Сісі выцерла яму роцік сьлінячком і хацела яго пасадзіць пасапраўднаму, і каб гаварыў та та та, але як толькі яна яго расшпіліла, так і войкнула, сьвяты Дыянізі, ён жа мокры да нітачкі, трэба хутчэй перавярнуць пад ім падвойны пледзік другім бокам. Вядома ж, ягоная немаўлячая вялікасьць упарцілася як магла супроць гэтых туалетных працэдураў, што й давяла да агульнага ведама:

— Уааа куаааакуааа уаааа.

І дзьве вялікія круглыя чароўныя сьлязіны пакаціліся долу па ягоных шчочках. Дарма было супакойваць яго, ну чаго ты, чаго ты, малютка, ці гаварыць яму пра гаў-гаў або пыр-пыр, але Сіс, вынаходлівая як заўжды, сунула яму ў роцік бутэлечку з соскай, і малады паганін неўзабаўку суняўся.

Герта маліла вышэйшую сілу, каб яны хутчэй забралі дахаты сваё пісклівае дзіцятка, ня дзейнічала б на нэрвы, зрэшты, і гадзіна была ўжо позьняя, а разам зь ім і тую блізьнячую бахурню. Яна спазірала ў морскую далеч. Від нагадваў ёй абразкі, якія вулічны мастак маляваў каляровымі крэйдамі на ходніку, як шкада, што яны там застануцца і ўсе сатруцца, вечар, плывуць аблокі, і маяк Бэйлі на Хоўце, а ты вось слухаеш музыку й даносіцца пах кадзідла, што яны паляць у касьцёле, духмяны струмень. І калі яна так сузірала, сэрцайка ейнае зайшлося трапятаньнем. Так, гэта на яе менавіта ён глядзеў, і ў позірку ягоным было неразгаданае значэньне. Ягоныя вочы апякалі яе, як быццам хацелі пранізаць яе навылёт, прачытаць тайну ейнай душы. Яны былі цудоўныя, тыя вочы, незвычайна вымоўныя, але ці можна было даверыцца ім? Людзі бываюць такія дзівотныя. Яна адразу зразумела, што ён чужаземец, у яго былі цёмныя вочы й бледнае разумнае аблічча, жывая фатаграфія Марціна Харві, моднага актора, калі б ня тыя вусы, але яны ёй заўсёды падабаліся, бо яна не звар’яцела ад тэатру, як Уіні Рыпінгам, якая нават прапанавала, каб яны абедзьве аднолькава апраналіся, таму што так у п’есе, але зь яе месца нельга было ўгледзець, які ў яго нос, арліны ці, можа, зьлёгку retrousséКірпаты (франц.).. Ён быў у жалобе, гэта яна таксама адразу заўважыла, і на ягоным твары была адлюстраваная аповесьць смутку й пакуты. Яна б аддала ўсё на сьвеце, каб толькі дазнацца, якая была дзеля гэтага прычына. Ягоны пагляд быў такі пільны, неадрыўны, і ён бачыў, як яна ўдарыла па мячу, так што, мабыць, мог згледзець і бліскучыя сталёвыя спражкі на пантофліках, калі яна будзе ў задумёнасьці пакалыхваць імі вось так, наскамі ўніз. Яна была задаволеная, што прадчуваньне падказала ёй апрануць гэтыя празрыстыя панчохі, тады быў подум, што ёй можа сустрэцца Рэгі Ўайлі, але цяпер усё гэта ўжо ў мінулым. Перад ёю быў той, пра каго яна гэтулькі марыла. Толькі ён цяпер меў значэньне, і радасьць была на яе абліччы, таму што яна інстынктыўна адчувала, што ён і ёсьць той яе непаўторны. Усім сваім дзявоцкажаноцкім сэрцам яна імкнулася да яго, да нарачонага сваіх мрояў, бо ў адно імгненьне яна зразумела, што гэта якраз ён. І калі ён пакутаваў, калі перад іншымі ня быў так грэшны, як іншыя перад ім, і калі б нават, калі б нават ён сам быў грэшнікам, злым чалавекам, гэта яе не спыніла б. Калі нават ён пратэстант або мэтадыст, яна лёгка яго перахрысьціць, калі толькі ён шчыра яе пакахае. Бываюць раны, якія выгаіць можа толькі бальзам сэрца. Яна была сапраўднай жанчынай, не такой, як цяперашнія ветрагоньніцы бязь сьледу жаноцкасьці, якіх ён ведаў да гэтага часу, як тыя раварысткі, у якіх усё напаказ, чаго ў іх няма, і яна горача прагнула даведацца ўсяго, прабачыць усё, калі б толькі здолела яго закахаць у сябе, прымусіць яго забыцца пра мінулае. І тады, мажліва, ён далікатна абняў бы яе й, як сапраўдны мужчына, моцна прытуліў бы да сябе яе гнуткае цела, і кахаў бы яе дзеля яе самой, сваё адзінае дзяўчо.

Прыстанішча грэшнікаў. Суцяшальніца засмучоных. Ora pro nobisМаліся за нас (лац.).. Слушна сказана было, што той, хто моліцца да яе зь верай і настойлівасьцю, ніколі ня будзе пакінуты або адрынуты; і слушна называюць яе прыстанішчам і прытулкам гаротных, бо ў яе самое сэрца пранізалі сем бедаў. Герта жыва ўяўляла сабе ўсю сцэну ў касьцёле, расьсьветленыя вітражы ў вокнах, сьвечкі, кветкі й блакітныя харугвы брацтва Багаслаўлёнай Дзевы, а пры алтары айцец Конрай дапамагае каноніку О’Ханлану, прыносіць і адносіць розныя рэчы, апусьціўшы вочы долу. Ён выглядаў амаль як сьвяты, і ў ягонай спавядальні заўсёды было так ціха й чыста й цемнавата, і рукі ў яго зусім як белы воск, а калі б яна калінебудзь стала дамініканскай сястрой у тым іхнім белым убраньні, то, можа, ён прыходзіў бы ў манастыр на навэну сьвятога Дамініка. Таго разу, калі яна сказала яму на споведзі, што ў яе тое, і пачырванелася па самыя вушы са страху, што ён гляне на яе, ён ёй сказаў, каб яна не турбавалася, гэта быў папросту голас прыроды, і ўсе мы падуладныя законам прыроды ў нашым зямным жыцьці й няма ў тым аніякага грэху бо гэта паходзіць ад жаночай натуры ўстаноўленай Богам так ён сказаў і нават наша Багаслаўлёная Дзева сказала арханёлу Габрыелю хай тое будзе са мною паводле Твайго Слова. Ён быў такі добры, такі набожны, што яна частачаста думала й абдумвала, ці не зрабіць яму падарунак, покрыўку на імбрычак, абшытую рушам, з вышытым квяцістым узорам, або гадзіньнік, хоць гадзіньнік у іх быў, яна яго бачыла на камінкавай паліцы, белазалацісты з канарэйкай, якая выскоквае са свае маленькае хаткі абвясьціць гадзіну, гэта было тады, калі яна зайшла наконт кветак дзеля саракагадзіннага пакланеньня, бо ж нялёгка выбраць падарунак, можа, альбом з каляровымі відамі Дубліну або яшчэ нейкіх іншых мясьцінаў.

Тыя невыносныя вісусы-блізьнюкі зноў усчалі сварку, Джэкі шпурнуў мяч у бок мора, і яны абодва памчалі за ім. Малыя малпяняты, надакучылі як горкая рэдзька. Хтосьці павінен прыглянуць за імі й добра іх адлупцаваць, каб ведалі сваё месца, абодва. А Сісі й Эда пачалі крычаць за імі, каб яны вярталіся, бо збаяліся, што нахлыне прыліў і яны патопяцца.

— Джэкі! Томі!

А дзе там! І ў галаву таго ня бралі! Тады Сісі заявіла, што ўзяла іх з сабою самы апошні раз. Яна падхапілася й, аклікаючы іх далей, кінулася бегма па схіле, прабягаючы каля яго, адкідваючы валасы, колерам яны былі ніштаватыя, калі б толькі даўжэйшыя, але што б яна ў іх ні ўцірала, ня будзем тут таго называць, яны ні трохі не расьлі, бо такія ўжо былі, так што ёй засталося адно махнуць рукой на іх ды плюнуць. Яна бегла, пабусьлінаму цупаючы нагамі, ажно дзіва брала, як ёй спадніца ня лопала ў тым месцы, дзе звужвалася, зухаватая й порсткая штука была зь яе, з тае Сісі Кэфры, калі толькі згледзела зручную нагоду пафарсіць, а бегаць то яна ўмела, таму й ляцела вось так, каб ён мог убачыць, як задзіраецца падол яе ніжняй спадніцы й агаляюцца як мага ейныя касьцістыя хадулі. Было б вельмі дарэчы, калі б яна выпадкова-наўмысна чапіла нешта тымі высознымі гнутымі францускімі абцасамі, усё хоча выглядаць вышэйшай, ды акуратна грымнула на зямлю. Tableau!Карціна (франц.). Вось быў бы чароўны абразок, мужчына мог бы паўзірацца.

Каралева анёлаў, каралева патрыярхаў, каралева прарокаў і ўсіх сьвятых, каралева найсьвяцейшага ружанца, маліліся яны, а потым айцец Конрай перадаў кадзільніцу каноніку О’Ханлану, і той, паклаўшы туды кадзідла, акадзіў Сьвятыя Дары, а Сісі Кэфры схапіла блізьнюкоў і ажно ёй рукі сьвярбелі, каб надаваць ім гарачых пстрычак па вушах, але яна не зрабіла таго, падумаўшы, што, можа, ён глядзіць, толькі тут яна дужа памылялася, бо Герта, нават не пазіраючы, бачыла, што ён ня зводзіў вачэй зь яе, а потым канонік О’Ханлан аддаў кадзільніцу назад айцу Конраю й стаў на калені, спаглядаючы ўгору на Сьвятыя Дары, і хор засьпяваў Tantum ergoTantum ergo sacramentum: Вось вялікая тайна (лац.)., а яна пачала пакалыхваць нагою ў такт музыкі, што ўзносілася й ападала, тантумэр госа крамэн тум. Тры шылінгі й адзінаццаць пэнсаў яна дала за гэтыя панчохі ў Спэрава на Джордж-стрыт, у аўторак, не, у панядзелак перад Вялікаднем, і не было ў іх ніякага браку, вось на што ён глядзеў, на празрыстыя, а не на тыя нішчымныя там ні цела ні лініі (ну й нахабніца!) ён жа меў вочы сьпераду галавы й сам мог разгледзець розьніцу.

Сісі падымалася ад мора з двума блізьнюкамі й зь мячом, у капелюшы набакір, і выглядала рыхтык бы плюндра, калі так валакла тых двох дзіцянят, марная блюзачка, купленая ўсяго паўмесяца таму, абвісала на ёй як ашмотак, а ззаду вытыркала ніжняя спадніца, абразок проста з карыкатурнага куточка. І вось Герта на міг зьняла свой капялюшык, каб паправіць валасы, і, кажу вам, больш прыгожай, больш зграбнай галоўкі, аколенай каштанавымі буклямі, вам нідзе не пабачыць на дзявочых плячох, малая сьвятлістая праява, слодыч якой амаль адбірае розум. Шмат дарог давялося б стаптаць, перш чым знайсьці другую такую галоўку з такімі валасамі. Яна амаль ухапіла той кароткі пробліск захапленьня, якім адказалі ёй ягоныя вочы, і ад гэтага затрымцелі ўсе яе выструненыя нэрвы. Яна надзела капялюш так, каб можна было назіраць з-пад яго, і стала хутчэй пакалыхваць ножкай у пантофліку з бліскучай спражкай, бо ажно дых у Герты заняло, калі яна перахапіла той выраз у ягоных вачох. Ён глядзеў на яе так, як вуж глядзіць на сваю ахвяру. Жаноцкі інстынкт падказаў ёй, што яна разбудзіла ў ім д’ябла, і пры гэтай думцы палымяная барвянасьць пачала падымацца ад яе шыі да чала, пакуль яе тварык не заірдзеўся пышнай ружай.

Не магла гэтага не заўважыць Эда Бордман, бо яна ўвесь час касавурыла на Герту, з крывой усьмешкай, у акулярчыках, якія хутчэй падыходзяць старой дзеўцы, а сама рабіла выгляд, нібыта гушкае дзіця. Назойлівая як сьляпіца, такая яна была й будзе, вось чаму ніхто ня мог зь ёю зжыцца, бо яна заўсёды совала нос не ў свае справы. І яна сказала Герце:

— Дам грош за твае думкі.

— Што? — азвалася Герта з усьмешкай, падкрэсьленай бельлю зубоў. — Я толькі падумала, што ўжо пазнавата.

Бо карцела ёй ня ў змогу, каб яны забралі тых засмарканых блізьнятаў, а зь імі й тое дзіцяня, дахаты на ліхое-благое, таму яна й ветліва намякнула, што ўжо пазнавата. І калі Сісі падыйшла да іх, Эда запыталася ў яе, каторая гадзіна, а міс Сіс, якая па слова ў кішэню ня лазіць, адказала, што лопнула спружына і увесь час без трыццаці палавіна. Але Эда абавязкова хацела ведаць, бо ім сказалі вярнуцца раней.

— Тады пачакай, — сказала Сісі, — я пабягу запытаюся ў свайго дзядзькі Пётры вунь там на градках, колькі на ягонай цыбуліне.

І яна накіравалася да яго, а калі ён згледзеў, як яна падыходзіць, то Герта заўважыла, што ён выняў руку з кішэні, занэрваваўся й пачаў забаўляцца гадзіньнікавым ланцужком, спаглядаючы на касьцёл. Несумненна, у яго была парыўная натура, але Герта цяпер заўважыла, што ён мог і валодаць сабою ў надзвычайнай ступені. Толькі што ён быў зачараваны яе прыгажосьцю, вачэй зь яе ня зводзіў, а зараз, умомант, стаўся паважным джэнтльмэнам, і кожная рысачка ягонай вытанчанай фігуры выказвала валоданьне сабою.

Сісі папрасіла прабачыць ёй, і ці будзе ён так ветлівы сказаць ёй калі ласка дакладную гадзіну, і Гэрта бачыла, як ён вымае гадзіньнік, прыкладае яго да вуха, потым падымае вочы й, кашлянуўшы, кажа, што яму вельмі прыкра, бо гадзіньнік у яго спыніўся, але ён мяркуе, што ўжо па восьмай, бо сонца зайшло. Ягоны голас адзначаўся культурнай інтанацыяй, разьмеранасьцю акцэнтаў, але ўсё ж чуваць было ў ім нейкае трымценьне пры мякчэйшых гуках. Сісі сказала дзякуй і, вярнуўшыся назад, высалапіла ім язык і паведаміла, дзядзька кажа, ягоная цыбуліна трохі заляжалася.

Потым яны засьпявалі другі верш з Tantum ergo й канонік О’Ханлан зноў устаў і акадзіў Сьвятыя Дары й стаў на калені, і сказаў айцу Конраю, што ад аднае са сьвечак могуць заняцца кветкі, і айцец Конрай узьняўся й паправіў іх, і яна бачыла, як той джэнтльмэн накручвае гадзіньнік і прыслухоўваецца, ці йдзе, і яна зноў пачала пакалыхваць ножкай у такт музыкі. Зьмяркалася, але яму далей было відаць, і ён глядзеў увесь час, пакуль накручваў гадзіньнік, ці што там ён зь ім рабіў, а пасьля схаваў яго назад і зноў сунуў рукі ў кішэні. Яна адчула нешта асаблівае, што ахапіла ўсё цела, казыткі на галаве, раздражнёнасьць скуры пад гарсэтам, і яна ведала, што ў яе пачынаецца, бо апошнім разам гэта было таксама, калі яна прыстрыгла валасы ў маладзік. Ягоныя цёмныя вочы зноў прыкаваліся да яе, упіваючыся ў абрысы яе фігуры, пакланяючыся багіні ў сьвятыні ейнага цела, літаральна так. Калі ўвогуле позірк мужчыны ў змозе выказаць палымянае й непрыхаванае абагаўленьне, дык цяпер яно было выпісанае на абліччы таго чалавека. Гэта перад табою пакланяюцца, Гертруда МакДаўэл, і ты гэта ведаеш.

Эда зьбіралася йсьці, даўно ўжо была ёй пара, і Герта адзначыла, што яе маленькі намёк займеў пажаданы вынік, бо па пляжы трэба было прайсьці ладны кавалак да таго месца, дзе можна падняцца з возікам, а Сісі зьняла з блізьнюкоў шапачкі й пачала прыгладжваць ім валасы, вядома, каб самой выглядаць больш вабна, а канонік О’Ханлан устаў, рыза адтапырылася каля патыліцы, і айцец Конрай падаў яму лісток з тэкстам і ён пачаў чытаць Panem de cælo præstitisti eisХлеб нябесны Ты даў нам (лац.)., а Эда й Сісі гаманілі ўвесь час пра час і чапляліся да яе з пытаньнямі, але Герта здолела адплаціць ім той жа манэтай і адказала са зьнішчальнай ветлівасьцю, калі Эда запыталася, ці не разьбіў ёй сэрца яе ўлюбёны хлопец, кінуўшы яе ў самоце. Герта страпянулася, усё роўна што ад вострага болю. Яе вочы бліснулі халоднай маланкай, выказваючы невымерную пагарду. О так, гэта балела, гэта рэзала па жывому, бо Эда, тая хітрая кошка, засвоіла манэру гаварыць зь нявіннай мінай такія рэчы, пра якія ведала, што яны будуць раніць глыбока. Вусны Герты тут жа растуліліся, словы былі напагатове, але яна ня здолела вымавіць іх, бо даўкі камяк падступіў да яе горла, гнуткага, ідэальнага горла, дасканаласьць ліній якога захапіла б кожнага мастака. Ён нават не здагадваўся, як моцна яна кахала яго. Лёгкадумны спакусьнік, зьменлівы, як увесь ягоны пол, ён ніколі ня зможа зразумець, колькі значыць для яе, і на імгненьне блакіт яе вачэй зацьмянілі пякучыя сьлёзы. А яны пранізвалі яе сваімі бязьлітаснымі позіркамі, і яна, учыніўшы мужную намогу, знарок дзеля іх, кінула прыхільны пагляд на свайго новага васала.

— О, — маланкава адбіла ўдар Герта, сьмеючыся й горда трымаючы галоўку. — Год жа маем высакосны, я й сама магу выбіраць, каму кінуць вянок.

Яе словы прагучалі чыстым крышталем, мэлядычна, як туркатаньне ляснога голуба, але прытым і працялі папярэднюю моўкнасьць ледавітай нотай. Штосьці было ў гэтым маладым голасе, што даводзіла да ведама: яна ня цацка, якой можна адволі забаўляцца. А містэра Рэгі зь ягонай хвальбой і з тым мізэрным капітальчыкам яна б папросту адсунула ножкай, як сьмецьце з дарогі, і думкі ломанай яму б больш не прысьвяціла, і тую ягоную дурнаватую паштоўку разарвала б на дробныя кавалачкі. А калі б ён яшчэ калі-колечы асьмеліўся, яна б яго зьмерала такім позіркам, з такой пагардай, што ён бы абамлеў на месцы. Фізіяномія ў міс драбнюты Эды выцягнулася ладным памерам, азмрочылася чорнай хмарай, і Герта бачыла навылёт, што яна ажно кіпіць ад лютасьці, хоць і выгляду не падае, тая малюткая сучачка, бо выпушчаная страла лучыла ў адпаведнае месца, у яе нікчэмную зайздрасьць, а яны ж абедзьве добра ведалі, што яе гэткія рэчы не краналі ні крышачку, яна прабывала ў зусім іншай сфэры, і хто-нехта гэта добра ведаў і бачыў, так што ім даўно ўжо час зарубіць гэта сабе на носе.

Эда ўклала малютку ў возіку, рыхтуючыся йсьці, Сісі пазьбірала лапаткі, вядзерца, мячык, і была ўжо зусім пара, малодшаму Бордману трэба было спаткі, і Сісі таксама яму сказала, што недзе тут ходзе Білі Жмуроня, так што малечы ўжо час люлілюлі, але малютка выглядаў такім ясачкай, так радасна зіркаў сваімі вачаняткамі і ўсьміхаўся, што Сісі не стрымалася й дзеля пацехі паказытала яго ў мілюткі пульхнюткі пузік, а ён, не папрасіўшы дазволу, пераслаў гарачую падзяку проста на новенькі нагруднічак.

— Ой-ёй! Тварог з вадой! — захвалявалася Сісі. — Ён сапсаваў сабе ўвесь сьлінячок.

Гэты невялікі contretempsВыпадак (франц.). заняў ейную ўвагу, але яна раздва ўсё ўладзіла.

У Герты вырваўся прыглушаны ўсклік, яна нэрвова кашлянула, і Эда тут жа запытала што-што, і ёй хацелася адказаць паехала-пайшло, даганяй, яшчэ можаш злавіць, але яна заўсёды прытрымлівалася сьвецкіх манэраў, таму й абмінула гэта з закончанай тактоўнасьцю, сказаўшы, што ўжо багаславенства, бо ў цішы азваўся звон са званіцы над берагам і канонік О’Ханлан прыступіў да алтара ў накідцы якою ахінуў ягоныя плечы айцец Конрай і багаслаўляў трымаючы ў руках Сьвятыя Дары.

Як жа кранала пачуцьці ўся гэтая сцэна ў зьмяркальным сутоньні, разьвітальная краса Эрыну й чульлівы тон вечаровага звону, і зігзагаваты лёт кажана, што зьляцеў з абвітай плюшчам званіцы й насіўся зь цененькім тужлівым попіскам на фоне цьмянага неба. У далечы сьвяціліся агні маякоў, такія маляўнічыя, і ёй бы вельмі хацелася напісаць гэта фарбамі, бо ж гэта лягчэй чымсьці чалавека й неўзабаве ўжо ліхтарнік рушыць у свой абыход каля прэзбітэрыянскага касьцёла і ўздоўж ценістай Трайтанвіл-авэню дзе шпацыруюць парачкі й запаліць ліхтар поблізу яе акна там дзе Рэгі Ўайлі так часта паварочваў на сваім ровары і ўсё быццам у кніжцы ”Ліхтарнік” міс Камінс якая напісала яшчэ ”Мэйбл Воэн” ды іншыя аповесьці. Бо ў Герты былі свае запаветныя мроі, пра якія ніхто ня ведаў. Яна любіла паэзію, і калі Бэрта Сапл падаравала ёй той прыгожы альбом дзеля запісу розных думак, у каралаваружовай вокладцы, яна схавала яго ў шуфлядку свайго туалетнага століка, які, праўда, не калоў у вочы шыкам, але затое вылучаўся ўзорнай чысьцінёй і парадкам. Вось там яна трымала свае дзявочыя скарбы, чарапахавыя грабяні, значок Марыйнага збору, парфуму зь белай ружы, фарбку для броваў, алебастравую шкатулачку для пахнідлаў і стужкі, якія зьмяняла на бялізьне, калі яе прыносілі з пральні, а ў альбоме ўжо былі розныя прыгожыя думкі, запісаныя фіялетавым атрамантам, які яна купіла ў Хілі на Дэйм-стрыт, і яна адчувала, што сама магла б пісаць паэзію, калі б толькі ўмела так выказацца, як у тым вершы, што знайшла ў газэце, у якую была загорнутая зеляніна з рынку, і ён так да яе прамовіў, што яна адразу яго перапісала. Верш называўся ”Ці ўжо ня стала майго ідэала?”, а напісаў яго Луіс Дж. Уолш з Маэрфэлту, а далей было зьмярканьне, ці ты калі-колечы? або нешта такое й часта ад красы паэзіі такой сумнай у сваёй пралётнай чароўнасьці ціхія сьлёзы засьцілі яе вочы, таму што яна адчувала, гады мінаюць адзін за адным, і калі б ня тая адна хіба, яна б увогуле ня мела сабе роўных, а выпадак той здарыўся, калі яна зыходзіла з Долкі-хіл і яна заўсёды старалася тое хаваць. Але яна адчувала, што так ня можа трываць. Калі б толькі яна ўбачыла ў ягоных вачох той заваблівы кліч, ніякая сіла яе не спыніла б. Каханьне крышыць краты. Яна б прынесла вялікую ахвяру. Яна б стала яму даражэйшаю за ўсё на сьвеце й азалаціла б ягоныя дні шчасьцем. Але яшчэ заставалася найважнейшае пытаньне, і яна памірала ад цікаўнасьці, каб дазнацца, жанаты ён ці ўдавец, які страціў жонку, а можа напаткала яго трагедыя, як таго арыстакрата з замежным прозьвішчам з краіны песьні, які мусіў памясьціць яе ў вар’яцкі дом, жорсткасьць дзеля літасьці аказаўшы. Але калі нават — дык што? Такая вялікая ў гэтым розьніца? Яе рафінаваная натура інстынктыўна адхіналася ад усяго, што хоць у нязначнай ступені было недалікатнасьцю. Яна грэбавала тымі істотамі, заняпалымі жанчынамі, што шпацыравалі перад вайсковымі кватэрамі насупроць мосту Додэр, цягаліся з жаўнерамі й мужыкамі, не шануючы дзявоцкага гонару, прыніжаючы свой пол, нават трапляючы на паліцыйны пастарунак. Не, не: толькі ня гэта. Яны будуць папросту добрымі сябрамі, як дарослыя брат зь сястрою, і болей нічога такога, насуперак звычаям Грамадзтва зь вялікай літары. А можа, ён насіў жалобу па мінулым палымяным каханьні, што валодала ім у незапамятную часіну. Ёй здавалася, яна разумее. Яна б паспрабавала зразумець яго, таму што мужчыны настолькі адрозьніваюцца. Старое каханьне ўсё чакала, чакала, працягваючы тонкія сьнежнабелыя рукі, упрашаючы позіркам блакітных вачэй. О, сэрца маё! Яна пайшла б за сваёй мрояй, за каханьнем, паддаўшыся голасу сэрца, якое казала ёй, што ён для яе — усё, адзіны ва ўсім сьвеце, бо каханьне кіруе ўсім. Усё іншае ня мае ніякага значэньня. Хай будзе што будзе, яна разарве ўсе аковы й путы, стане вольнай.

Канонік О’Ханлан паклаў Сьвятыя Дары ў даразахавальніцу, хор засьпяваў Laudate Dominum omnes gentesУсхваляйце Госпада ўсе плямёны (лац.)., і ён замкнуў дзьверцы даразахавальніцы, таму што багаславенства ўжо закончылася й айцец Конрай падаў яму капялюш, а тая зласьлівая кошка Эда запыталася, а ты яшчэ не зьбіраесься йсьці, але тут закрычаў Джэкі Кэфры:

— Авой, Сісі, глянь!

І ўсе паглядзелі, пэўна, сполах бліскавіцы, але Томі таксама тое ўбачыў, над дрэвамі, над касьцёлам, сіняе й зялёнае й барвовае.

— Гэта фэервэрк, — сказала Сісі Кэфры.

І ўсе яны пабеглі пляжам, каб пабачыць яшчэ над дамамі й над касьцёлам, цэлай гурмой, Эда з возікам, з малым Бордманам у ім, Сісі з Томі й Джэкі, схапіўшы іх за рукі, каб не пападалі бегучы.

— Герта, хадзі сюды, — паклікала Сісі. — Гэта фэервэрк з дабрачыннага кірмашу.

Але Герта была непахісная. Яна й намеру ня мела бегчы на іхні ківок і кліч. Калі ім хочацца, дык хай сабе ляцяць на злом галавы, адказала яна, а ёй хочацца пасядзець, бо й адсюль добра відаць. Вочы, што былі прыкаваныя да яе, растрывожылі ейную кроў. На імгненьне яна зірнула на яго, іхнія позіркі спаткаліся, і яе азорыла сьвятло. Апантанасьцю палыхала тое аблічча, нямой як магіла, і гэтая апантанасьць скарыла яе перад тым чалавекам. Нарэшце яны засталіся самі, бяз злых людзкіх вачэй і языкоў, і яна была ўпэўненая, што гэтаму чалавеку можна даверыцца на сьмерць і на жыцьцё, што ён цьвёрды й шляхотны чалавек беззаганнага сумленьня ў кожнай цалі. Ягоныя рукі й твар прыйшлі ў рухавасьць, і яе кінула ў дрыжыкі. Яна моцна адхілілася ўзад, пазіраючы ўгору на фэервэрк, абхапіла калена рукамі, каб не кульнуцца на сьпіну, і зусім ніхто ня бачыў, толькі ён і яна, калі яна адкрыла свае зграбныя ножкі, вось так, пругкамяккія, далікатна акругленыя, нібыта адмыслова абточаныя, і ёй здавалася, як быццам яна чуе ягонае цяжкае дыханьне й гвалтоўнае біцьцё ягонага сэрца, таму што яна ўжо ведала пра такіх апантаных мужчынаў з гарачай крывёй, бо Бэрта Сапл аднойчы распавяла ёй пад страшным сакрэтам, каб ніколі нікому, пра іхняга кватаранта з Камісіі па Перанаселеных Кварталах, які выразаў з часопісаў карцінкі з тымі танцоркамі ў кароценькіх спаднічках, скакухамі-задзірухамі, і яна сказала ён займаўся чымсьці ня надта прыстойным сама дадумайся чым часамі ў сваёй пасьцелі. Але тут было зусім іншае таму што вялікая розьніца бо яна амаль адчувала як ён прыцягвае яе твар да свайго, амаль адчувала першы палкі дотык ягоных вуснаў. Ды прытым ёсьць жа й адпушчэньне грахоў калі ты не дазволіла на тую другую рэч перад шлюбам і яшчэ павінны быць сьвятарыжанчыны каб ня трэба было ўсяго гаварыць яны б і так зразумелі а ў Сісі Кэфры таксама часам бывае такі ачмурэлы выгляд з ачмурэлымі вачанятамі так што й ты, мая мілая, і Ўіні Рыпінгам што памяшалася на фатаграфіях актораў ды прытым яно было таму што тое іншае ўжо пачынаецца вось што.

І Джэкі Кэфры закрычаў, гляньце, вось яшчэ вунь там, і яна яшчэ адхілілася ўзад, і падвязкі ў яе былі блакітныя, каб пасавалі да празрыстага, і ўсе ўбачылі й закрычалі гляньце, гляньце, і яна адхілілася яшчэ мацней, каб бачыць фэервэрк, а ў паветры лётала нешта дзівотнае, нешта мяккае, сюды й туды, цёмнае. І яна ўбачыла доўгую рымскую сьвечку, якая ўзьнімалася панад дрэвамі, вышэй і вышэй, і ў напружаным маўчаньні ўсе стрымалі дых ад захапленьня, а сьвечка ўзьнімалася ўсё вышэй і вышэй, і яна мусіла адгінацца ўсё болей і болей, каб назіраць за ёю, высокавысока, амаль зьнікла з вачэй, і твар яе заліўся боскім заваблівым румянцам ад напругі, і ён цяпер мог убачыць таксама й іншыя рэчы, нансукавыя панталёнчыкі, матэрыял, які лашчыць скуру, лепшыя за тыя звужаныя зялёныя за чатыры шылінгі адзінаццаць, а гэтыя былі белыя, і яна яму дазваляла й бачыла, што ён бачыць а сьвечка ўзьнялася гэтак высока што на міг зьнікла з вачэй і ўсе яе члены трымцелі ад таго глыбокага перагібу назад а яму адкрылася поўнае відовішча значна вышэй каленяў такога яна нікому ніколі нават на гушкалцы або калі пераходзілі ўброд і ёй не было сорамна й яму таксама што ён так нясьціпла ўзіраўся ён жа ня мог устрымацца перад дзівосным відовішчам амаль што ахвяраваным яму як у тых танцорак што так нясьціпла сябе паводзяць а мужчыны глядзяць на іх і ён усё глядзеў глядзеў. Ёй хацелася крыкнуць, паклікаць яго здушаным голасам, працягнуць да яго свае зграбныя сьнежнабелыя рукі, каб прыйшоў, каб адчуць на сваім белым чале ягоныя вусны, крык каханьня маладой дзяўчыны, слабы здушаны крык, вырваны зь яе мімаволі, які нёсься празь вякі. І тут шыбанула ўгору ракета й стрэліла сьляпучым сполахам Ох! і разарвалася рымская сьвечка як бы ўздыхнуўшы Ох! і ўсе закрычалі ў экстазе Ох! Ох! і хлынуў адтуль густы лівень залатых нітачак і яны зіхацелі ах! і падалі долу зялёна-залацістымі зоркамі-расінкамі Ох як прыгожа Ох як лагодна, дзівосна, лагодна!

І ўсё растала, вечаровай расою ў шэрані, усё замоўкла. Ах! Яна нясьпешліва выпрасталася й акінула яго кароткім кранальным паглядам, поўным жаласьлівага пратэсту, сарамяжлівага папроку, і пад гэтым паглядам ён пачырванеў як дзяўчына. Сьпінаю ён прыхінуўся да скалы. Леапольд Блюм (бо гэта быў ён) стаіць маўкліва, апусьціўшы галаву перад яе дзявочым нявінным позіркам. Што за жывёліна зь яго! Зноў тое? Шчырая несплямёная душа зьвярнулася да яго, а ён, жалюгодны нікчэмнік, як жа ёй адказаў? Хамам апошнім з апошніх ён аказаўся. І то ня хто-небудзь, ён! Але ў вачох тых была бязьмежная міласэрнасьць, было й прабачэньне яму, хаця ён зьбіўся са шляху, блудзіў і грашыў. Ці ж дзяўчына павінна гаварыць? Не, тысячу разоў не. Гэта іхні сакрэт, толькі іхні, які схавала зьмярканьне й пра які ведалі толькі яны ды малы кажан, што так мякка лётаў сюды-туды, але малыя кажаны не распавядаюць сакрэтаў.

Сісі Кэфры сьвіснула па-хлапечаму, быццам на футбольнай пляцоўцы, каб толькі яшчэ раз пусьціць пыл сваімі незвычайнымі здольнасьцямі, і закрычала:

— Герта, Герта! Мы йдзем, хадзі ўжо! Мы яшчэ адтуль, з гары паглядзім!

У Герты мільганула думка, нешта з тых хітрыкаў сярод закаханых. Яна сунула пальцы ў нагрудную кішэньку, выняла жмуток напарфумаванай ваты й памахала ёю, як бы ў адказ, вядома, ня зводзячы зь яго вачэй, і потым сунула яе назад. Хоць, можа, і задалёка, каб. Яна ўзьнялася. Дык гэта разьвітаньне? Не. Ёй трэба йсьці, але яны зноў спаткаюцца, тут, а да тае хвілі яна будзе марыць аб тым, марыць заўтра аб тым, што ёй прысьнілася наконадні. Яна выпрасталася на ўвесь рост. Іхнія душы зьліліся ў апошнім доўгім паглядзе, і ягоныя вочы, поўныя дзівоснага бляску, праніклі ў глыбіню ейнага сэрца, і, быццам зачараваныя, не маглі адарвацца ад яе тварыку, далікатнага як краска. Яна пераслала яму бледную ўсьмешку, салодкую і ўсёдаравальную ўсьмешку, што межавала амаль са сьлязьмі, і яны рассталіся.

Паволі, не азіраючыся, яна йшла па няроўным пляжы да Сісі, да Эды, да Джэкі й Томі Кэфры, да маленькага Бордмана. Ужо добра сьцямнелася, а на пляжы трапляліся камяні, аскялёпкі дрэва й асьлізлыя водарасьці. Яна йшла зь нейкай спакойнай годнасьцю, характэрнай ёй заўсёды, аднак асьцярожна й дужа паволі, бо... бо Герта МакДаўэл была...

Пантофлікі ціснуць? Не. Яна кульгавая! О!

Містэр Блюм глядзеў, як яна аддаляецца, накульгваючы. Бедачына! Дык вось чаму яна засталася, калі іншыя памчаліся. Я так і думаў, што тут нешта ня тое, па ейным выглядзе. Пакінутая красуня. Калецтва ў дзесяць разоў горшае, калі ў жанчыны. Затое робіць іх больш абыходлівымі. Добра, што яшчэ ня ведаў, калі яна адчыніла тую сваю выставу. Ды ўсё роўна, агністая д’ябліца. Не пярэчыў бы. Цікавіна, усё роўна што з манашкай, або мурынкай, або калі яна ў акулярах. Тая касавокая, дарэчы, вельмі далікатная. Пэўна, пэрыяд блізка, гэта іх падшпільвае. Так моцна мне сёньня баліць галава. А дзе я падзеў той ліст? Тут, усё ў парадку. Усялякія шалёныя хоцькі. Палізаць манэтку. Тая манашка ў манастыры Транквіла казала, што ў іх там адно дзяўчо любіць попах нафты. У старых цнатлівак, мяркую, адно здурэньне пад канец. Сястра, як жа яе? А колькі жанчын у Дубліне сёння тое мае? Марта, гэтая. Нешта такое ў паветры. Месяц уплывае. Дык чаму мэнструацыя не ва ўсіх жанчын у адну пору, квадры месяца ж тыя самыя? Пэўна, залежыць яшчэ ад таго, калі нарадзіліся. А можа, усе пачынаюць адначасова, а потым выпадаюць з раскладу. У Молі й Мілі часамі супадае. Як бы яно ні было, я пакарыстаўся нагодай. Вельмі рады, што не рабіў зранку ў лазьні над яе дурнаватым я цябе пакараю лістом. Адшкадаваньне за той трамвай раніцай. Той доўбень МакКой прычапіўся са сваім пустазьвягам. А гэта ягоная жонка кантракт у правінцыі валіза, голасам можа кішкі выварочваць. Удзячны за вашу малую паслугу. І нядорага. На першае запатрабаваньне. Таму што ім самім хочацца. Прыроджаная патрэба. Цэлымі чародкамі пырхаюць штовечар з кантораў. Лепш устрымоўвацца. Калі за імі ня бегаеш, самі лезуць. Бяры пакуль цёплыя. Шкада, што самі сябе ня бачаць. Мроі аб добра начыненай панчошцы. Дзе тое было? Ну, так. Мутаскопныя абразкі на Кэйплстрыт: толькі для мужчынаў. Што падгледзеў Том. Капялюх Уіла й як зь ім забаўляліся дзяўчаты. Іх сапраўды здымаюць у такім выглядзе ці гэта толькі штучка? LingerieБялізна (франц.). прыдае эфэкту. Ягоныя рукі лашчылі буйныя кшталты пад лёгкім дэзабілье. Гэта іх саміх пабуджае. Я чыстая, хадзі й запэцкай мяне. Любяць выстройваць адна адну перад ахвярай. Мілі захопленая новай блюзкай Молі. На пачатак. Усё апране, каб потым усё зьняць. Молі. Таму я купіў ёй фіялетавыя падвязкі. Ды й мы: які ў яго гальштук, прыгожыя шкарпэткі й нагавіцы з манкетамі. Таго першага вечару ён прыйшоў да нас у новых гетрах. Квяцістая кашуля й на кудзерах што там? вянок. Кажуць, калі жанчына губіць шпільку губіць аднаго паклоньніка. Прышпільваюць. Ах, Мэры майткі на шпільцы насіла. Выстраілася для кагосьці да апошняга гапліка. Той іхні поваб у многім за кошт моды. Як толькі раскусяць сакрэт, яна зьмяняецца. А на Ўсходзе ня так: Марыя, Марта, тады так, цяпер так. Аніякія сур’ёзныя прапановы не адхіляюцца. Яна зусім не сьпяшалася. Сьпяшаюцца толькі на спатканьне. Занішто не забудуцца. Відаць, так сабе выйшла, пашукаць шчасьця. Усе яны вераць у выпадковасьць, такая ў іх натура. А тыя ўсё яе хацелі даняць нейкім колкім слоўкам. Школьныя сябровачкі ходзяць, абняўшыся ці ручка ў ручку, цалуюцца й нашэптваюць сабе ўсялякую лухту пад страшным сакрэтам дзенебудзь у манастырскім садочку. Манашкі ў напручаных прышпільках, тварыкі выпаласканыя дабяла, трасуць сваімі ружанцамі й злуюцца, чаго ім не дазволена. Калючы дрот. Будзь спакойная й пішы мне. А я табе. Напішаш, праўда? Молі й Джозі Паўэл. Пакуль ня знойдзе сабе, а тады добра, што бачацца хоць раз у год. Tableau! О Госпадзе, вы гляньце, хто гэта такі! Як ты там маесься? Што з табой было ўвесь той час? Цалуюцца я так цешуся цалуюцца што цябе сустрэла. І ніцуюць адна адну зрокам, шукаюць агрэхаў у выглядзе. Выглядаеш надзвычайна. Сястрыныя душы вышчарылі адна на адну зубы ва ўсьмешцы. Ага, а колькі тых зубоў у цябе яшчэ засталося? Дробку солі адна адной пашкадуе.

Ах!

Калі на іх тое находзіць, яны робяцца д’ябліцамі. Змрочны д’ябальскі выгляд. Молі кажа, тады любая дробная рэч здаецца вагою з тону. Або пачухай мяне ў пяткі. Во, вось так! Ах, як цудоўна! Са мною такое таксама бывае. Прыемны адпачынак свайго роду. Цікава, ці ня шкодна быць зь імі ў тую пору. З аднаго боку, бясьпечна. Пры іх малако скісае, лопаюцца струны скрыпак. Дзесьці яшчэ чытаў, кветкі ў агародчыку вянуць. Кажуць, калі ўбачыш жанчыну з завялай кветкай, яна какетка. Усе яны. Здаецца, яна заўважыла, што я. Калі на гэта маеш ахвоту, амаль заўсёды знойдзецца аказія. Спадабаўся я ёй, ці што? Яны глядзяць, як апрануты. Заўсёды распазнаюць залётніка: па каўнерыку, па манкетах. Дарэчы, у пеўняў тое самае, і ў львоў ды аленяў. А іншым разам ім падабаецца, калі гальштук ці яшчэ штосьці не ў парадку. Нагавіцы? А калі б я ў той момант, калі я? Ды не. Трэба далікатна. Ня любяць, калі груба й напорыста. Пацалунак у поцемках і вечны сакрэт. Штосьці ўва мне ўбачыла. Цікава, што? Лепшы ўжо я чымсьці нейкі вершаплёт з нашмараванай тлушчам чупрынай і з прыклееным кучарком над правым сьлепняком. Дзеля дапамогі джэнтльмэну ў літаратурных. У маім узросьце ўжо трэба пільнаваць свайго выгляду. Профілем да яе я не паварочваўся. Хоць тут ніколі не ўгадаеш. Прыгожанькія выходзяць за вырадаў. Пачвара й прыгажуня. Прытым, я ўжо не зусім, калі Молі. Зьняла капялюш паказаць валасы. З шырокімі крыламі, такія купляюць, каб схаваць твар, калі спаткае каго знаёмага, апусьціць галаву, або пачне нюхаць букецік ну й пах. Пах валасоў у час маркітаньня. Вычаскі Молі я прадаў за дзесяць шылінгаў, калі мы бедавалі на Холіс-стрыт. А што тут такога? Або, дапусьцім, ён ёй дасьць грошы. Чаму не? Адны забабоны. Яна вартая дзесяць, і пятнаццаць, і фунт. Га? Думаю, вартая. А то ўсё задарма. Почырк нахабны. Місіс Мэрыян. Ці я не забыў напісаць адрас на лісьце, бо, можа, як з той паштоўкай, што пасылаў Фліну? А аднаго разу пайшоў да Дрымі бяз гальштука. Молі закапылілася на мяне й я зусім раскіс. Не, я памятаю. Рычы Гулдынг. Ён не такі. Усё разважыць. Дзіўна, мой гадзіньнік спыніўся а палове пятай. Пыл. Прачышчваюць яго алівай з акулавай пячонкі, я й сам мог бы. Таньней. Можа, гэта й той самы момант, калі ён зь ёй?

Так, ён быў зь ёю. У ёй. Яна зь ім. Зрабілі.

Ах!

Містэр Блюм паволі паправіў сабе мокры падол кашулі. Божа мой, тая кульгавая чартоўка. Робіцца ліпка й холадна. Наступства ня вельмі прыемнае. Ды што зробіш, нейк жа трэба разладавацца. Іх гэта не бянтэжыць. Магчыма, што нават лесьціць. Вяртаецца дахаты, да булачкі з малачком, перад сном згаворыць пацер зь дзіцянятамі. Што, не такія яны? Убачыш яе, якая яна ёсьць, і ўсё папсуецца. Патрэбна дэкарацыя, касьцюм і грым, поза, музыка. І ймя важнае. Амуры акторак. Нэл Гуін, місіс Брэйсгердл, Мод Брэнскам. Заслона ўгору. Месячная срэбная яснота. Выступае дзявоцкасьць з задуменным улоньнем. Каханая, дай вусны мне салодкія. Але ўсё ж адчуваю. Надае сілы чалавеку. У тым увесь сакрэт. Добра, што я сабе аблягчыў, выйшаўшы ад Дыгнама. Усё той сідр. Іначай ня выйшла б. А пасьля таго хочацца засьпяваць. Lacaus esant taratara. Дапусьцім, я б загаварыў да яе. Ды пра што? Кепская ідэя, калі ня ведаеш, чым скончыць размову. Паставіш пытаньне, яны табе іншае. Добры выхад, калі бачыш, што запыкаўся. Вядома, цудоўна, калі ты ёй: добры вечар, і бачыш, яна табе таксама йдзе насустрач: добры вечар. Ох, але калі прыгадаю той вечар, калі я ледзь не загаварыў зь місіс Клінч на Апіевай дарозе, узяўшы яе за. Жах! А другога вечару шлюха на Мід-стрыт. Прымусіў яе гаварыць усялякае брыдкаслоўе. Яна перакручвала, а як жа. Мой сракс, казала. Рэдка трапіцца, якая б. Ого! Гэта, пэўна, для іх страшна, пакуль не загартуюцца, калі яны прыстаюць да каго, а той ніякай увагі. Пацалавала маю руку, калі я даў ёй лішнія два шылінгі. Папугаі. Націсьнеш кнопку й птушка зацвыркае. Але лепш бы яна не называла мяне сэр. А якія ў яе вусны ў цемры, ох! Жанаты мужчына са свабоднай дзяўчынай. Вось што ім найбольш даспадобы. Забраць мужчыну ад іншай. Або хоць паслухаць пра такое. Са мною йначай. Я не зьвязаўся б з жонкай іншага тыпа. Аб’едкі з чужой талеркі. Як той тып сёньня ў Бэртана, пляваўся неперажаванымі храсткамі. А прэзэрватыў усё яшчэ ў маім кашальку. Прычына паловы праблемаў. Але калісьці можа надарыцца, праўда? Уваходзіш. Усё падрыхтаванае. Я задрамала. Што? Найгоршы самы пачатак. А як імгненна зьмяняюцца, калі хто не пад іхні густ. Пытаюць, а вы любіце грыбы, я калісьці ведала такога, што. Або, як вы думаеце, што хацеў сказаць нехта там, калі раптам раздумаў і перастаў. А калі ты ўсур’ёз, дык так і кажы: я хачу, або нешта такое. Калі ўжо пастанавіў. І яна. Нібыта зьняваж яе. А потым загладзь. Прыкінься, нібыта чагосьці страшэнна хочаш, а потым адмоўся нібыта дзеля яе. Гэта ім лесьціць. Яна напэўна думае пра кагосьці іншага ўвесь гэты час. Ды што? Думае, калі ўжо навучылася думаць, раз пра таго, раз пра іншага. Першы пацалунак усё вырашае. Знамянальны момант. Нейкая спружынка расьціскаецца. Адразу млеюць, па вачох відаць, хоць і стараюцца трымацца. Першае ўражаньне не параўнаеш ні з чым. Памятаецца да скону. У Молі, калі яе паручнік Малві пацалаваў за садамі, пад Маўрытанскім мурам. Пятнаццаць, як мне казала. Але грудзі ўжо былі поўныя. А потым заснула. Пасьля абеду ў Глэнкры, калі ехалі дадому каля гары Фэзэрбэд. Скрыгатала зубамі ў сьне. Лорд-мэр таксама меў на яе вока. Апаплектык.

Вось тая зь імі, што глядзела фэервэрк. І ў мяне фэервэрк. Падымаецца ракетай, ападае дубцом. А хлопчыкі, здаецца, блізьнюкі, толькі й чакаюць нейкіх падзеяў. Хочацца быць дарослымі. Апранаюць матчыны сукенкі. Прыйдзе час, і яны зразумеюць, на чым сьвет стаіць. І тая раскудлачаная чарнуля з мурынскімі губамі. Я так і ведаў, што яна ўмее сьвістаць. Губы адпаведныя на гэта. Як у Молі. Тая шыкоўная шлюха ў Джэмэта, вуаль у яе толькі да носа, чаму? Калі ласка, скажэце мне, колькі цяпер часу. Скажу табе ў свой час, у нейкім цёмным завулку. Калі губы тоўстыя, то кожнай раніцы сорак разоў сказаць: прызмы, прунэлі. І галубіла таго малечу. З боку лепш відаць. Безумоўна, яны адчуваюць зьвяроў, птушак, маленькіх дзяцей. Гэта іхняя дзялянка.

Не азірнулася, калі йшла па пляжы. Не ўдастоіла. О дзяўчаты прыгажуні, о прыморскія красуні. Прыгожыя ў яе вочы, ясныя. Гэта хутчэй бялкі ствараюць той выраз, зрэнкі не такія важныя. Але ці ведала яна, што я? А як жа. Там кошка гуляе, дзе сабака не дастане. Жанчыны абыходзяць такіх як наш Уілкінс у школе, размалёўвае Вэнэру, а ў яго самога так і настабурчаны. Можа, такое называецца нявіннасьць? Бедны ідыёт! Жонка мае агляд перад справай. Ніколі ня сядуць на сьвежапамаляваную лаўку. Усё навокал абмацаюць вачыма. Заглянуць пад ложак невядома чаго. Усё шукаюць чагосьці вострага, каб аж іх пранізала навылёт. І самі вострыя як іголкі. Кажу Молі, што той тып на рагу Каф-стрыт спраўна выглядае, бо здавалася, ёй спадабаўся, а яна адразу, што ў яго замест рукі пратэз. Ну й фактычна. Адкуль у іх такое бярэцца? Машынатыпістка ў Роджэра Грына скакала па лесьвіцы празь дзьве прыступкі, каб тым ззаду паказаць усю сваю машынку. Перадаецца ад бацькі, гэта значыць, ад маці да дачкі. У іх у крыві. Мілі, напрыклад, сушыць хустачкі на люстры, каб не прасаваць. Найлепшае месца для рэклямы чагонебудзь жаночага, на люстры. Або калі я паслаў яе па шатляндзкі шаль да Прэската, не забудзь, тая аб’ява для яго, яна прынесла рэшту ў панчошцы. Спрытная малая ласічка! Ніхто яе такога не вучыў. А пакункі як спраўна носіць. Такія драбніцы прыцягваюць мужчынаў. Калі рукі пачырванеюць, падымае ўгору, патрасе, каб кроў адліла. Хто цябе навучыў? Ніхто. Мне няня сказала. Ды ці трэба іх вучыць? Ёй было тады тры гадочкі, засела за туалетным столікам Молі, на Заходняй Ломбард-стрыт, незадоўга да пераезду. У мяне гозы твалык. Молінгар. Хто ведае? Так яно дзеецца на гэтым сьвеце. Малады студэнт. У кожным разе, ужо на сваіх нагах, ня тое, што іншыя. Але тая, вось табе штука. Божа, але ж і прамокнуў. Папросту д’ябліца. Кругленькія лыткі. Празрыстыя панчохі, нацягнутыя ледзь ня лопнуць. Ня тое, што тая атраха. А. Э. Панчохі гармонікам. Або тая на Грэфтан-стрыт. У белых. Цьфу! Тоўстакормная.

Разарвалася рассыпная ракета, пырскаючы іскрыстымі аскабалкамі. Трах-трах тарарах! І Сісі з Томі пабеглі глядзець, за імі Эда з возікам, а потым і Герта, абыходзячы скалу. Ці яна? Глянь! Глянь! Адвярніся! Паглядзела. Усё роўна што нюхам пачула. Мілая, я бачыў твае. Я бачыў усё.

Госпадзе!

Усё ж мне палепшала. А то зьніякавеў пасьля Кірнана, Дыгнама. Удзячны за дазвол. З ”Гамлета”. Госпадзе! Тут усё было адразу. Узбуджанасьць. Калі яна адхілілася, нават на кончыку языка засмыліла. Кружаць голаў мне бязь меры. Тут ён мае рацыю. Мог бы яшчэ большага дурня зь сябе зрабіць. Лепш так, чымсьці плясьці абышто. Тады я скажу табе ўсё. А тут быў і нейкі від паразуменьня. А калі яна? Не, яны яе клікалі Гертай. Але магло б быць і фальшывае ймя, як у мяне, і адрас Долфінсбарн чыстая ліпа.

 

У дзеўках яна была Джэмайма Браўн

І з мамай жыла нібыта ў Айрыштаўн.

 

Гэтае месца напусьціла на мяне такія думы. Усе яны адным мірам мазаныя. Выціраюць пяро ў панчоху. А мяч як бы ведаў, падкаціўся пад яе. Куля сама ведае цэль. Вядома, я і ў школе ня ўмеў кідаць проста. Усё крукам у баранаў рог. Сумна аднак, што гэта ў іх трывае ўсяго два-тры гады, а потым кухня й гаршкі й неўзабаве татавы нагавіцы будуць пасаваць Уілу й прысыпка для малюткі пасьля таго як высадзілі зрабіць аа. Несалодкая доля. Затое іх ратуе. Не дае зьбіцца з праведнага шляху. Натура. Абмываюць дзіця, абмываюць нябожчыка. Дыгнам. Увесь час аблепленыя дзяцьмі. Галоўкі як какосавыя арэхі, яшчэ нават не зачыніліся як сьлед, зусім як малпяняткі, у пялёнках скіслае малако й абрызглы тваражок. Ня трэба было даваць таму дзіцяці пустую соску. Ад гэтага іх толькі пучыць. Місіс Бюфой, Пюрфой. Трэба заглянуць у шпіталь. Цікава, ці ўсё там яшчэ тая сястра Калан. Часамі прыходзіла папільнаваць калі Молі працавала ў кавярні. А той малады доктар О’Хэр, я бачу, аднаго разу яна чысьціць яму паліто. Калісьці місіс Брын і місіс Дыгнам былі такія ж, на выданьні. Найгорш было начамі, як апявадала мне місіс Дуган у ”Гарадзкім Гербе”. Муж укочваецца п’яны, сьмярдзіць карчмою, як ад тхара. Дыхай сабе ўсю ноч гэтым смуродным перагарам. А ўранку пытаецца: я вярнуўся дахаты падвыпіўшы? Але й валіць усю віну на мужа кепская палітыка. За што ваюеш, таго й пашкадуеш. Сваё прыстае да свайго. Жанчыны таксама не бяз грэху. Вось тут Молі можа ўсіх заткнуць за пояс. Паўднёвая кроў. Маўрытанская. Да таго яшчэ кшталт, фігура. Рукі лашчылі буйныя. Зь іншымі ніякага параўнаньня. Замкне жонку дома, як шкілет у шафе. Дазвольце мне прадставіць маю. І дрыпае да цябе нешта нябачанае, ня ведаеш якім словам назваць. Заўсёды відаць па жонцы, дзе слабыя месцы ў мужчыны. Аднак такі ўжо твой лёс, каго пакахаеш. Кожная пара мае свае сакрэты. Іншы даўно ўжо пайшоў бы на дно, каб жонка не ўзяла яго ў рукі. Або тыя маляўкі, ростам у пядзю, са сваімі мужычкамікулачкамі. Якімі Бог стварыў, такімі й злучыў. А дзеці, аказваецца, нічога сабе. Нуль плюс нуль дае адзінку. Або багаты старэча пад семдзесят і побач зачырванелая маладуха. Ажаніўся пад вечар, уранку раскаяўся. Намокла вельмі непрыемна. Ліпне. Добра што яшчэ не залупіўся. Лепш вазьмі адляпі.

Оў!

Або наадварот, муж бамбіза, а жоначка яму да пупа. У доўгім і кароткім варыянце. Велікан і малютка. Нешта вельмі дзіўна з маім гадзіньнікам. Наручныя заўсёды псуюцца. Можа, тут нейкія магнітныя хвалі паміж асобамі, бо менавіта ў той самы час ён. Так, думаю, ён адразу. Кот з хаты, мышы ў сваты. Памятаю, на Піл-лэйн я глядзеў. І гэта цяпер, таксама магнэтызм. За ўсім тоіцца магнэтызм. Зямля, напрыклад, прыцягвае й сама прыцягваецца. Адсюль вынікае рух. А час? Ну, калі адбываецца рух, яму трэба час. І калі спыняецца нейкая адна рэч, тады і ўся гэтая касмалёгія разладжваецца крок за крокам. Бо так яно збудаванае. Магнітная стрэлка паказвае табе, што дзеецца на сонцы, на зорках. Малы кавалачак жалеза. Калі падносіш магніт да жалеза. Бліжэй. Бліжэй. Цок! Так як мужчына з жанчынай. Магніт і жалеза. Молі, ён. Панаадзяваюцца, строяць вочкі, робяць намёкі, дазваляюць сябе разглядваць, на паглядзі яшчэ, паддражніваюць, мужчына ты ці не, і тут цябе ўжо цягне як чыхнуць, ножкі, глядзі, глядзі, і калі ты толькі не булавешка. Цок! Прапаў з галавой.

Цікава як яна адчувае ў тым месцы. Сорамна толькі тады, калі пры іншых. А так, дзірка на панчосе болей хвалюе. Молі, галава прыўзьнятая, вусны заціснутыя, на коннай выстаўцы дзеля таго фэрмэра ў ботах са шпорамі. Або яшчэ калі на Заходняй Ломбард-стрыт жылі мастакі. У аднаго быў знакаміты голас. Джуліні так пачынаў. Панюхай што я намаляваў, пахне кветкамі. І сапраўды. Фіялкамі. Мабыць, ад шкіпінару ў фарбе. Усяму знаходзяць выкарыстаньне. А калі тое рабіла, шоргала шлёпанцам па падлозе, каб яны не пачулі. Мне здаецца, большасьць зь іх няздольная кончыць. Цягнуць справу гадзінамі. Як быццам па ўсім целе й ззаду да паясьніцы.

Чакай. Хм-хм. Так. Гэта яе парфума. Вось што яна махала рукою. Пакідаю на памяць, каб ты думаў пра мяне, калі буду далёка, пад пярынай. Што гэта такое? Гэліятроп? Не. Гіяцынт? Хм. Здаецца, ружа. Такі яна й павінна любіць. Танна й моцна, але хутка псуецца. Таму Молі лепш падабаецца апапонакс. Вельмі ёй пасуе, калі з малой дамешкай язьміну. Як нізкія й высокія ноты ў яе голасе. Яна пазнаёмілася зь ім на танцавальнай вечарыне, танец гадзінаў. Калі горача, пах ідзе мацней. Яна была ў чорным, на ім засталася яшчэ парфума з папярэдняга разу. Чорнае гэта добры праваднік? Ці, можа, дрэнны? Са сьвятлом падобна. Магчыма, існуе сувязь. Прыкладам, калі спусьцісься ў цёмны склеп. Таксама загадкавая справа. Чаму я пачуў той пах толькі цяпер? Ідзе паволі, як і яна, але ўпэўнена. Гэта, калі ўявіць, мільёны маленькіх крышынак ляцяць зь ветрам. Менавіта так. Таму што тыя астравы пернасьцяў, дарэчы, думаў пра сынгалезаў зранку, вычуеш нюхам на шмат міляў да іх. Зараз скажу, што гэта такое. Гэта як тонкія карункі або павуцінка, што спавівае цэлае цела, тоненькае як тое, што называюць мусьлінам, і яны безупынна прадуць гэта зь сябе, тонкае як невядома што, ва ўсіх колерах вясёлкі, самі таго не адчуваючы. Чапляецца да ўсяго, што яна зь сябе скідае. Падэшвы яе панчохаў. Цёплы пантофлік. Гарсэт. Панталёны: махне нагой, каб скінуць. Бывайце, да сустрэчы. Кошка таксама любіць памурлыкаць у яе бялізьне на ложку. Распазнаў бы яе пах з тысячы іншых. І вада ў яе ваньне. Нагадвае мне трускаўкі ў сьмятане. Цікава, адкуль ідзе. Адтуль, або з падпахаў, або спаміж грудзей. Бо здаецца табе, што йдзе з усіх дзірак і куточкаў. Гіяцынтавую парфуму вырабляюць з эфірных алейкаў ці нечага такога. Піжмавы пацук. У яго пад хвастом сумачка, і ад кожнай крупінкі ў ёй пах можа стаяць гадамі. Сабакі адзін аднаго ззаду. Добры вечар. І вам таксама. Як вам нюхаецца? Хм-хм. Знакаміта, дзякую. Зьвяры кіруюцца гэтым. А паглянь на гэта з нашага боку: тое самае. Напрыклад, некаторыя жанчыны адпуджваюць, калі ў іх пэрыяд. Падыйдзеш бліжэй ды пачуеш такі дух, што хоць сякеру вешай. Падобна на што? Можа, на тухлую марынаваную сялёдку? Ффу! Абмінайце гэты гародчык бокам.

А яны ад нас, відаць, чуюць мужчынскі пах. Хоць чаго там? Пальчаткі, прасякнутыя цыгарай, у Доўгага Джона на стале. Дых? У ім толькі тое, што зьеў або выпіў. Ня тут. Маю на ўвазе, сапраўдны мужчынскі пах. Мабыць, зьвязаны з гэтай справай, бо ксяндзы, якія нібыта абыходзяцца без таго, пахнуць інакш. Жанчыны віюцца вакол іх, як мухі над патакай. За алтар ім нельга, падступяцца інакш, любой цаной. Забаронены плод сьвятара. Ах, ойча, а вам ня хочацца? Няхай я буду першая. Гэта разыходзіцца па ўсім целе, насычвае. Крыніца жыцьця, і пах такі надзвычай дзіўны. Сэльдэрэевы сос. Давай паспрабуй.

Містэр Блюм сунуў свой нос. Хм. За. Хм. Пазуху свае камізэлькі. Мігдалам, ці што. Не. Лімонам. Ды не, гэта ж мыла.

Ах, дарэчы, той крэм. Я так і чуў, што яшчэ нешта круціцца ў галаве. Не зайшоў, і за мыла не заплаціў. Не люблю хадзіць з пляшачкамі, як тая качарга сёньня ранкам. Хайнс мог бы ўжо аддаць мне тыя тры шылінгі. Можна ўпамянуць Мара, каб яму нагадаць. Хоць, калі ён дапаможа з той абвесткай. Два й дзевяць. Падумае цяпер пра мяне богведама што. Заглянуць заўтра. Колькі я вам вінаваты? Тры й дзевяць? Два й дзевяць, сэр. Ага. Другім разам можа ня даць у крэдыт. Гэтак яны й трацяць кліентаў. У корчмах тое самае. Чалавеку доўг нарос няма дзе запісваць, і ён бачком пачне пратупваць дарожку да іншай.

Вось гэты зь мінай шляхціча, што раней праходзіў. Адкуль яго прывеяла? Толькі што туды і ўжо назад. На вячэру дакладна ў час. Усё на ім як з-пад качалкі: няблага сабе пад’еўшы. Цяпер раскашуе ў натуры. Малітва падзякі пасьля вячэры, прайсьці пехатою мілю. Напэўна мае рахунак у банку, дзяржаўная пасада. Можна пайсьці за ім па пятках, зрабіць зь яго дурня, як зь мяне тыя газэтнікі сёньня. Чагосьці й з такога чалавек навучыцца. Бачыць сябе такімі, як іншыя нас бачаць. Абы толькі жанчыны не цьвялілі, а іншае нічога ня значыць. Можна такім чынам выведаць. Паспрабуй сам угадай, хто ён такі. ”Таямнічы незнаёмец на пляжы”, узнагароджанае апавяданьне містэра Леапольда Блюма. Ганарар гінэя за калёнку. І яшчэ той на могілках у карычневым макінтошы. Хоць ягоны лёс панаціснуў яму мазалёў. У здаровых яны, здаецца, разыходзяцца. Сьвіст, кажуць, наклікае дождж. Дзесьці, пэўна, падае. У ”Ормандзе” соль была вільготная. Цела адчувае зьмены надвор’я. У старой Бэты суставы ныюць. Матуля Шыптан прадказвала наконт караблёў што могуць у адно імкненьне наўкруг сьвету. Не. Гэта на дождж. Каралеўская прадказальніца. І далёкія бугры як быццам падыйшлі бліжэй.

Хоўт. Маяк Бэйлі. Два, чатыры, шэсьць, восем, дзевяць. Глядзі. Ён павінен бліскаць, бо інакш падумаюць, што дом. Ратаўнікі. Грэйс Дарлінг. Людзі баяцца цемры. І сьветлячкі, раварысты, ім таксама час уключыць сьвятло. Лепш за ўсё сьвецяцца дыямэнты, каштоўныя камяні. Сьвятло нейк супакойвае. Нібыта нічога дрэннага ня здарыцца. Безумоўна, цяпер лепш, чымсьці ў даўнія часы. На гасьцінцы. Кішкі табе выпусьцяць ні за што. Бываюць два віды, калі з кім сутыкнесься. Панурыя й ветлівыя. Прабачце! Ды няма чаго. Найлепшая пара, каб падліць расьліны, адразу па зьмярканьні. Яшчэ крыху сьвятла. Чырвоныя прамяні самыя доўгія. Вясёлкавы Вэнс вучыў нас: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы. А вунь і зорка. Вэнэра? Пакуль што цяжка сказаць. І другая, а калі тры, гэта ўжо лічыцца ноч. Ці тыя начныя аблокі былі там увесь час? Як карабель-прывід. Не. Чакай. Можа, дрэвы. Аптычны падман. Міраж. Гэта краіна вечаровага сонца. Сонка самакіраваньня заходзіць на паўднёвым усходзе. Мой родны край, дабранач.

Раса выпадае. Мілая, табе шкодна сядзець на камні. Пойдуць белі. Ніколі не народзіш дзіцятка, хіба што яно будзе так моцнае, што само праб’е сабе дарогу. І сам магу ўхапіць гемарой. Учэпісты як летняя прастуда або лішай на вуснах. А яшчэ горш, калі парэжасься паперкай або травінкай. Паціраньне сядзеньня. Хацелася б пабыць той скалой, на якоя яна сядзела. Ах, салодкая крышынка, ты нават ня ведаеш, як чароўна ты выглядала. Мне ўжо пачынаюць падабацца ў такім узросьце. Зялёныя. Клююць на ўсё, што ні закінеш. Думаю, яны толькі ў гэтым узросьце любяць сядзець, падціснуўшы ногі. Сёньня ў бібліятэцы: тыя дыплёмніцы. Шчасьлівыя крэслы пад імі. Але на гэта й вечар уплывае. Яны ўсе гэта адчуваюць. Растульваюцца як кветкі, ведаюць сваю гадзіну, сланечнікі, земляныя грушы, у бальных залях, жырандолі, ліхтары на алеях. Начная кветка ў Мата Дылана ў садзе, калі я пацалаваў яе ў плячо. Добра было б мець яе алейны партрэт на ўвесь рост з таго часу. Тады таксама быў чэрвень, калі я заляцаўся да яе. Год вяртаецца. Гісторыя паўтараецца. О горныя вяршыні, я зноўку з вамі. Жыцьцё й каханьне падарожнічаюць вакол вашага малога сьвету. А што цяпер? Сумна, безумоўна, што яна кульгавая, але трэба асьцерагацца, ня падаць адразу ў шкадаваньне. Яны на гэтым іграюць.

На Хоўце цяпер усё абціхла. І далёкія бугры як быццам. Там дзе мы. Рададэндраны. Можа быць, я й дурань. Яму перапалі сьлівы, а мне толькі косткі. Да такога дайшоў. А старое ўзвышша ўсяго гэтага нагледзелася. Зьмяняюцца імёны, і толькі таго. Закаханыя юм-юм.

Адчуваю, я змарыўся. Пайсьці ўжо? Ох, пачакай. Высмактала зь мяне ўсю мужчынскую сілу, нягодніца. Яна цалавала мяне. Мая маладосьць. Ужо ня вернецца. Бывае толькі раз. І ў яе. Паехаць бы туды заўтра на цягніку. Не. Вяртаньне гэта ня тое самае. Як дзіцяці другі раз у той самы дом. Хачу новага. Нічога новага пад сонцам. Долфінс Барн, да запатрабаваньня. Ці ты нешчасьлівы ў сваім? Мой абрыдны, мой мілы. У Долфінс Барн гулялі ў шарады ў Лука Дойла. Мэт Дылан з чародкай сваіх дачок: Тайні, Эта, Флуі, Мэймі, Луі, Хэта. Быў восемдзесят сёмы. Год да нашага. Стары маёр, ня грэбаваў чарачкай. Цікава, што яна адзінае дзіця, і я таксама. Усё вяртаецца. Думаеш, што ўцёк, і налятаеш на самога сябе. Кружны шлях дадому аказваецца самым кароткім. І якраз тады, калі яна зь ім. Цыркавы конь па арэне кругамі. Мы адгадвалі Рыпа ван Вінкля. Рып — рыпеньне дзьвярэй у гасьцёўні. Ван — ванна ў іхнім доме. Вінкль — школьны вінкель. А потым я паказаў вяртаньне Рыпа ван Вінкля. Яна глядзела, усьпершыся локцямі на буфэт. Маўрытанскія вочы. Праспаў дваццаць гадоў у Соннай Пячоры. Усё зьмянілася. Пра яго забылі. Маладыя пастарэлі. Стрэльба паржавела ад расы.

Пыр. Што гэта тут лётае? Ластаўка? Не, кажан. Падсьлепаваты, думае, што я дрэва. А нюху ў птушак няма? Мэтэмпсыхоз. Яны верылі, што ад гора можна абярнуцца ў дрэва. У ніцую вярбу. Пыр. Вунь паляцеў. Сьмешны малы валацужнік. Цікава, дзе ён пражывае. Тамака званіца. Падобна, што ў ёй. Вісіць уніз галавою й нюхае ўсе сьвятасьці. Відаць, звон успалохаў. Імша, здаецца, скончылася. Мне ўсё было чуваць. Маліся за нас. Ды маліся за нас. Ды маліся за нас. Паўтор, гэта добрая задума. Як у рэкляме. Купляй у нас. Ды купляй у нас. Так, у доме сьвятара сьвеціцца. За сьціплай вячэрай. Памятаю, я памыліўся ў ацэнцы, калі працаваў у Тома. Там дваццаць восем. У іх два дамы. У Габрыела Конрая брат вікары. Пыр. Зноў. Цікава, чаму яны вылазяць уночы, як мышы. Яны зь мяшанай пароды. Птушкі наагул скачуць, як мышы. Што іх пужае, сьвятло ці гук? Лепш не варушыцца. Усялякі інстынкт, як у той сасмяглай птушкі, каб напіцца, накідала каменьчыкаў у збанок. Падобны на чалавечка ў плашчы й з малюткімі ручкамі. Тоненькія костачкі. Амаль відаць, як мільгочуць, нейкім сінявата-белаватым. Колеры залежаць ад асьвятленьня. Напрыклад, паглядзі на сонца, але ня мружачыся, а як арол, а потым зірні на свой чаравік: убачыш жаўтлявую пляму. Хоча паставіць свой фірмовы знак на ўсім. Скажам, той кот сёньня на сходах. Нейкага тарфянабурага колеру. Кажуць, нібыта не бывае трохколерных. Няпраўда. У ”Гарадзкім Гербе” быў адзін, рыжы, чорны й белы, і на лобіку знак як літара эм. Скура пяцідзесяці колераў. Хоўт хвілю таму засьвяціўся як амэтыст. Маяк бліснуў. Вось як той мудрэц, як жа яго звалі, сваім запальным шклом. А часамі запальваюцца верасы. І не ад таго, што турыст кіне запалку. Дык ад чаго? Можа, ад ветру сухія бадылі труцца адзін аб адзін і запальваюцца. Або разьбітая бутэлька ў кустох, яна на сонцы дзейнічае як запальнае шкло. Архімэд. Прыгадалася! Памяць яшчэ не зусім дрэнь.

Пыр. Хто ведае, чаго яны так бяз спыну лётаюць. За казюркамі? На мінулым тыдні пчала ўляцела ў пакой і дурылася са сваім ценем на столі. Можа, тая самая, што мяне ўкусіла, прыляцела наведаць. І птушкі таксама, ніколі не даведаесься, што яны там кажуць. Як наша цвырыканьне. А ён сказаў а яна сказала. Нэрвы якія трэба, каб ляцець цераз акіян і назад. Мноства гіне ў штормах, на тэлеграфных дратох. І ў матросаў жахотнае жыцьцё. Велічэзныя акіянскія параплавы пруць у начной цемры, рыкаюць як морскія каровы. Faugh a ballaghДай дарогу (ірлян.).. З дарогі, хай вас маланка спаліць. А іншыя караблікі, зь ветразем як хустачка да носа, шпурляе імі як сьмеццем на хвалях, калі толькі ашпарыць штормавым павевам. А жанатыя, скажам. Гадамі не бываюць дома, бадзяюцца дзесьці на канцох зямлі. У яе няма канцоў, бо круглая. Жонка ў кожным порце, так пра іх кажуць. Незайздроснае ў яе жыцьцё, калі яна сабе не папускае, пакуль Джоні ня зьявіцца дахаты. Калі ён увогуле зьявіцца. Прапахлы ўсімі партовымі завулкамі. За што яны могуць любіць мора? А яны любяць. Паднялі якар і давай паплылі, а на шыі абразок або мэдальёнчык на шчасьце. Ну й што? А ў беднага таты быў тэфілім не як жа яны тое называлі вісела над дзьвярыма й трэба было датыкацца. Што вывела нас з Эгіпецкае зямлі ў дом няволі. Штосьці ў іх ёсьць у тых усіх забабонах бо ня ведаеш вырушаючы ў дарогу якія небясьпекі. Ухапіўшыся за дошку або верхам на бэльцы, у надзьмуханай камізэльцы, змагаецца за сваё гаротнае жыцьцё, глытае салоную ваду, і гэткая ягоная апошняя выпіўка, перад тым як акулы закусяць. Цікаца, ці рыбы хварэюць на морскую хваробу?

А пазьней маеш цудоўны супакой, на небе ні хмарынкі, гладкая тонь, заміранасьць, а каманда й груз раздробленыя ўдрызг у жываце морскага валадара. З вышыні спаглядае месяц. Не мая віна, старыя задавакі.

Апошняя, запозьненая ракета дабрачыннага кірмашу Майрас узьнялася ў неба ў пошуках сродкаў у фонд шпіталю Мэрсэра й, падаючы ўніз, рассыпалася гронкамі лілёвых зорачак, сярод якіх мільгацела адна белая. Яны плылі па небе, падалі, гасьлі. Час зьмярканьня, час абдымкаў, час спатканьняў. Лістанош зь вечаровай поштай ішоў ад дому да дому, дзьверы яму адчыняліся на радаснае жыхаром двайное пагрукваньне, сьветлячок ягонага ліхтарыка пабліскваў то тут, то там у кустоўі маладага ляўру. І ліхтарнік, падняўшы высока свой пальнік, запаліў ліхтар, што стаяў на Ліхі-тэрэс пасярод пяці маладых дрэвак. Усьцяж асьветленых экранаў вокнаў, усьцяж аднолькавых садкоў ляціць пранізьлівы й жалобны крык: Вячэрні Тэлеграф, надзвычайны выпуск! Вынікі скачак на Залаты Кубак! і зь дзьвярэй дому Дыгнама выбег хлопец, клічучы сьледам. Кажан з попіскамі насіўся то сюды, то туды. У далечы па пяскох скрадваўся шэры прыліў, брыняючы. Хоўт клаўся спаць, умораны доўгім днём і юм-юм рададэндранамі (ён быў ужо старэча), і з прыемнасьцю адчуваў, як сьвежы вечаровы павеў кудлаціць і расчэсвае ягоную папаратнікавую ворсу. Ён залёг, але пакінуў адно чырвонае нядрэмнае вока, дыхаючы глыбока, паволі, у дрымоце і ў чуваньні ў той самы час. І наводдаль на водмелі Кіш рухомы маяк мігцеў і падміргваў містэру Блюму.

Ну й жыцьцё тым людзям, што там на ім, сядзі як прывязаны. Управа Ірляндзкіх Маякоў. Кара за грахі. Набярэжная ахова таксама. З ракетамі, ратавальнымі кругамі, ратавальнымі лодкамі. Таго дня, калі паплылі на экскурсію на ”Каралі Эрыну”, мы кінулі ім пачку са старымі газэтамі. Мядзьведзі ў заапарку. Гідкая экскурсія. П’яніцы павылазілі ператрасьці пячонку. Рыгаюць цераз борт, кормяць сялёдку. Морская хвароба. А жанчыны, Божая боязь на тварах. У Мілі ні трохі перапуду. Хіхікае, яе сіні шалік павявае на ветры. Ня ведаюць, што такое сьмерць у такія гады. Прытым страўнікі яшчэ здаровыя. Але палохаюцца, калі згубяцца. Калі мы схаваліся за дрэва ў Кромліне. Мама! Мама! Дзеці ў лесе. Яшчэ палохаюць іх маскамі. Або падкідваць у паветра й лавіць. Зараз цябе ўпушчу й ты заб’есься. Што тут забаўнага? А дзеці гуляюць у вайну. На поўнай сур’ёзнасьці. Як можна цэліцца ў чалавека са стрэльбы? Часамі яна сама выстраліць. Бедныя дзеці. На нішто не хварэла, толькі ружа й крапіўніца. Прынёс ёй калямэль. Калі ёй палепшала, заснула побач з Молі. Зубы ў іх зусім аднолькавыя. Што ў іх любяць? Сваё падабенства? Але аднаго ранку ганялася за ёю з парасонам. Можа толькі так, каб не зрабіць ёй крыўды. Я мацаў у яе пульс. Б’ецца. Малая ручка была: цяпер вялікая. Найдаражэйшы Татулю. Рукі гавораць усё, калі кранаесься. Любіла лічыць гузікі ў мяне на камізэльцы. Памятаю яе першы гарсэцік. Мне было так сьмешна. Грудкі толькі што пачыналіся. Здаецца, левая больш адчувальная. У мяне таксама. Бліжэй да сэрца? Калі ў модзе буйныя грудзі, падкладваюць вату. У пэрыяд дасьпяваньня болі ўночы, крычала, будзіла мяне. А як напалохалася, калі прырода першы раз дала ёй знаць пра сябе. Беднае дзіця! Дзіўны гэта момант і для маці. Узгадвае сваё дзявоцтва. Гібралтар. Краявід ад Буэна Віста. Вежа О’Хара. Птушыная піскатня над морам. Малпы з Бэрбэрыі, адзін стары самец зьеў усю сваю сям’ю. Захад сонца, стрэл з гарматы, сыгнал усім вярнуцца ў крэпасьць. Глядзела на мора, калі дала мне адказ. Вечар як сёньня, але ясьнейшы, бязвоблачны. Я заўсёды думала, што выйду за лорда або багацея з уласнай яхтай. Buenas noches, señorita. El hombre ama la muchacha hermosaДобры вечыр, сэньёрыта. Мужчына кахае прыгожую дзяўчыну (гішп.).. Тады чаму я? Бо ты быў такі адрозны ад іншых.

Чаго ты тут прыліп на ўсю ноч як смоўж. Гэткае надвор’е атупляе. Мяркуючы з сьвятла, каля дзявятай. Пойдзем дадому. Запозна на ”Лію” або ”Лілею з Кіларні”. Не. Можа яшчэ не лягла. Загляну ў шпіталь, даведаюся. Спадзяюся, яна ўжо нарадзіла. Доўгі дзень мне выпаў. Марта, лазьня, паховіны, дом ключоў, музэй з багінямі, сьпеў Дэдала. Потым той крыкун у Барні Кірнана. Але я там не паступіўся. П’яныя балбатуны. Калі я сказаў пра ягонага Бога, яго ажно затрэсла. Адказваць ударам на ўдар: памылка. Або й не? Не. Лепш разыйшліся б дахаты й пасьмяяліся зь сябе. Усё хочацца ім сабрацца кампаніяй і нажлукціцца ўпокат. Як малыя дзеці, баяцца застацца самі. А калі б ён мяне ўдарыў. Паглянем на гэта з другога боку. Тады нічога страшнага. Можа, ён не хацеў спрычыніць боль. Тройчы ўра Ізраілю. Тройчы ўра ягонай швагерцы, якую ён выхвальваў, з трыма апошнімі гнілякамі ў роце. Той самы тып красы. Надзвычай мілая кампанія на вечарыну з гарбаткай. Сястра жонкі дзікуна з Барнэа прыехала ў наш горад. Уяві сабе такую побач з сабою раніцай. Кожнаму паводле ягонага густу, сказаў Морыс, абцалаваўшы карову. Але візыт да Дыгнамаў мяне зусім разьбіў. Дом у жалобе так прыгнятае, бо ніколі ня ведаеш. У кожным разе, ёй трэба грошы. Зайсьці да ”Шатляндзкіх Удавіцаў”, калі ўжо паабяцаўся. Дзіўная назва. Яўна кажацца, што мы спруцімся першыя. Нейкая ўдавіца каля Крамэра, ці не ў панядзелак яно было, так на мяне паглядзела. Пахавала беднага мужа й квітнее далей на страхоўцы. На ўдавіным грошы. Ну й што? Чаго ты ад яе хочаш? Мусіць жа масьціць сабе дарогу далей. Вось на ўдаўцоў мне страшна глядзець. Выглядае такім разгубленым. У няшчаснага О’Конара жонка й пяцёра дзяцей атруціліся малюскамі. Вадасьцёкі. Зусім апусьціўся. Хай бы якая спагадная матрона ў капелюшы паматкавала яму. З тварам як месяц, у шырокім фартуху, і на буксір яго. Жаночыя панталёны з флянэлі па тры шылінгі за пару, фантастычная аказія. Кажуць, брыдкую пакахаеш не адкахаеш. Але ні адна жанчына такой сябе ня лічыць. Кахай, хлусі й будзь прыгожай, бо заўтра ўсе мы памрэм. Бачыў яго ўжо цімала разоў, сноўдаецца, вышукоўвае, хто ж гэта згуляў зь ім такую штуку. Пр. др.: прыдурак. Такі лёс. Трапіўся яму, мог мне. Часта й зь якойнебудзь крамай так бывае. Як быццам хто кіне злое закляцьце на яе. Сьнілася мне што мінулае ночы? Чакай. Нешта блытанае. Яна ў чырвоных шлёпанцах. Турэцкіх. І ў мужчынскіх нагавіцах. А калі б яна паспрабавала? Спадабалася б яна мне ў піжаме? Страшэнна цяжка адказаць. Нанэці выехаў. На паштовай. Цяпер недзе каля Холіхэду. Мушу ўціснуць тую абвестку для Клютча. Апрацаваць Хайнса й Кроўфарда. Сподняе для Молі. Яна мае што ў яго ўцягнуць. Што гэта? Можа, грошы?

Містэр Блюм нахіліўся й падняў кавалак паперы зь пяску. Паднёс да вачэй, угледзеўся. Ліст? Не. Нельга адчытаць. Трэба ўжо йсьці. Трэба. Я так змучыўся, што не зварухнуся. Лісток са старога сшытка. Усе гэтыя ямачкі й каменьчыкі, хто іх палічыць? Ніколі не спадзяесься, што можаш знайсьці. Бутэльку з запіскай аб схаваным скарбе, выкінутую з затанулага карабля. Пошта для пасылак. Дзеці любяць кідаць усялякія рэчы ў мора. Давер? Хлеб, кінуты на ваду. А гэта што? Кавалак палачкі.

Ох! Выматала мяне тая самка. Ужо не адчуваю сябе маладым. А прыйдзе яна сюды заўтра? Чакаць яе недзе век цэлы. Павінна вярнуцца. Забойцы заўсёды. А я?

Містэр Блюм, узяўшы палачку, лёгка натыркаў пясок каля свайго чаравіка. А калі пакінуць ёй зьвестку? Можа, і захаваецца. Ды што?

Я.

Усё роўна нейкі валацуга затопча яе сваімі пласкачамі. Бескарысна. Прыліў даходзіць ажно сюды, каля яе ног была калюжына. Нахіліцца, убачыць свой адбіты твар, у цёмным люстры, дыхнуць на яго, варушыцца. Вакол скалы, пакрытыя драпінамі, малюнкамі й надпісамі. Ах, тыя яе празрыстыя! І прытым, яны ня ведаюць. Якое значэньне тых іншых сховаў? Я назвала цябе паскудным хлопцам, бо мне зусім не падабаюцца.

ЁСЬЦЬ. А.

Няма месца. А ну яго.

Містэр Блюм нясьпешліва сьцёр літары сваім чаравікам. Пясок безнадзейная справа. На ім нічога не расьце. Усё вяне. Тут няма чаго баяцца вялікіх караблёў. Толькі баркі Гінэса. Вакол Кіша за восемдзесят дзён. Як быццам наўмысна зробленае.

Ён адкінуў сваё драўлянае пяро. Палачка ўтыркнулася ў вязкі пясок. А калі б было трэба так, дык мог бы й цэлы тыдзень старацца. Выпадковасьць. Мы больш ніколі ня ўбачымся. Але гэта было цудоўна. Да пабачэньня, мілая. Дзякуй. Я адчуў сябе такім маладым.

А калі б трошкі падрамаць. Мабыць, каля дзявятай. Лівэрпулская даўно адплыла. Нават і дыму не відаць. І яна можа таксама. Ды яна ўжо. І Бэлфаст. Я не паеду. Гнацца туды, потым гнацца ў Эніс. Хай яму будзе. Папросту прыплюшчу на хвілінку вочы. Не засну, толькі падрамаць. Сон ніколі не паўтараецца дакладна такі самы. Зноў кажан. Нічога ня шкодзіць. Толькі трошкі.

О салодкая усе твае белыя дзявочыя да самага верху я бачыў гідкая брэйсгердл мяне прымусіла кахай ліпкі мы абое абрыдны Грэйс Дарлінг яна зь ім а палове пасьцелі мне там усіх коз забаўкі дзеля Рауля якую парфуму твая жонка чорныя валасы ўзнёслыя акруг señorita маладыя вочы Малві пульхныя гады сны вяртаюцца завулкамі Агэндат абамлелая мілая мне паказала свае на будучы год у панталёнчыках вярнуцца ў свае будучы свае будучы.

Кажан праляцеў. Туды. Назад. Туды. Далёка ў шэрані азваўся звон. Містэр Блюм з растуленым ротам, зь левым чаравікам сунутым у пясок, адхіліўшыся ўбок, пасопваў.

 

Ро-гі!

Ро-гі!

Ро-гі!

 

Пачаў біць гадзіньнік на камінкавай паліцы ў доме сьвятара, дзе канонік О’Ханлан, айцец Конрай і вялебны Джон Х’юз, Т. І., папівалі гарбату з содахлебам маслам елі баранія катлеткі з вострым сосам і размаўлялі пра

 

Ро-гі!

Ро-гі!

Ро-гі!

 

Таму што была птушачка што выскоквала з доміку абвясьціць гадзіну й Герта МакДаўэл яе заўважыла калі была тут таму што яна хутка ўсё заўважала, такой ужо яна была, Герта МакДаўэл, і яна адразу заўважыла, што ў таго чужаземнага джэнтльмэна які сядзеў на камянёх і глядзеў былі

 

Ро-гі!

Ро-гі!

Ро-гі!

Літаратура.org — http://litaratura.org/ulis?artid=80 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

13 Nausicaa

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Jorge Lewinsky — Nausicaa
Jorge Lewinsky — Nausicaa
THE SUMMER EVENING HAD BEGUN TO FOLD THE WORLD IN ITS mysterious embrace. Far away in the west the sun was setting and the last glow of all too fleeting day lingered lovingly on sea and strand, on the proud promontory of dear old Howth guarding as ever the waters of the bay, on the weedgrown rocks along Sandymount shore and, last but not least, on the quiet church whence there streamed forth at times upon the stillness the voice of prayer to her who is in her pure radiance a beacon ever to the storm-tossed heart of man, Mary, star of the sea./ The three girl friends were seated on the rocks, enjoying the evening scene and the air which was fresh but not too chilly. Many a time and oft were they wont to come there to that favourite nook to have a cosy chat beside the sparkling waves and discuss matters feminine, Cissy Caffrey and Edy Boardman with the baby in the pushcar and Tommy and Jacky Caffrey, two little curlyheaded boys, dressed in sailor suits with caps to match and the name H.M.S. Belleisle printed on both. For Tommy and Jacky Caffrey were twins, scarce four years old and very noisy and spoiled twins sometimes but for all that darling little fellows with bright merry faces and endearing ways about them...