Літаратура.org » Васіль Сёмуха » Ежы Анджаеўскі, Цемра зямлю ахінае

Цемра зямлю ахінае

Ежы Анджаеўскі — Польская — Васіль Сёмуха

 

 

“Сонца запала”, — крычаць астраномы ў неба,

А навошта запала, ніхто не адкажа, маўчанне;

Цемра зямлю ахінае, і людзі паснулі нема,

А навошта спяць людзі, ніхто з іх не вывучае.

Прачнуцца без адчування, як без чування спалі...

 

А. Міцкевіч, “Дзяды”, ч. ІІІ.

 

 

 

Раздзел першы

 

Адна старая гішпанская кроніка натуе, што ў сярэдзіне верасня тысяча чатырыста восемдзесят пятага года, позна паполудні, у гарадок Віла-Рэал прыехаў вялебны айцец Вялікі інквізітар у атачэнні больш як дзвюх сотняў конных і пешых фамільянтаў, ці, кажучы інакш, дамоўнікаў, служак Святой інквізіцыі, якіх таксама яшчэ называлі Хрыстовай міліцыяй. Вуліцы Віла-Рэал, — дадае скрупулёзны летапісец, — апусцелі, зніклі з іх будкі жыдоўскіх гандляроў, ціха было і ў заезным доме, і ў шынку, а вокны большасці жылых дамоў былі пазачыняныя жалюзі. Гарачыня, дзённы сквар трохі ўжо апаў, але з Сіера Марэны ўсё яшчэ цягнула сухім і асмужлівым ветрам.

Толькі почат, вялікая кавалькада коннікаў з атрадам лучнікаў наперадзе, мінуў Пуэрта дэ Таледа і ўехаў за гарадскія муры — як у цішыні, што запанавала ў горадзе, цяжка загрукаў звон калегіяты Сан-Пэдра, а пасля азваліся званы кляштара Сан-Дамінга, касцёлаў Санта +Круз, Санта Марыя ля Бланка і Сан-Томас. Праз хвіліну ў Віла-Рэал ужо грымелі званы ўсіх сабораў, кляштараў і бажніц.

Двое святых братоў, якія ішлі ўнутранай анфіладай кляштара дамініканцаў, спыніліся. Адзін быў ужо ў гадах, каржакаваты, па-мужыцку шырокі ў плячах; другі — зусім яшчэ малады, нізкі і дробны, з цёмным хлапечым тварам.

— Прыехаў, — сказаў брат Матэа.

— Матэа, Матэа! — азваўся брат Дыега. — Калі б я мог маліцца за гэтага чалавека, я прасіў бы ў Бога, каб ён забраў яго ад жывых.

Брат Матэа, схіліўшы галаву, перабіраў ружанец. З далечыні, не заглушаны блізкімі званамі, чуўся высокі і чысты розгук звона загараднай пустэльні сёстраў кармэлітак.

— Дыега, — ціха сказаў Матэа, — ты нічога не казаў, а я нічога не чуў.

— Баішся? Ты? А ты думаеш не тое самае?

— Не заўсёды можна гаварыць, што думаеш.

— Ведаю.

— Ты малады і няўрымслівы.

— А ты б мо хацеў, каб я быў як камень?

— Не. Але нават каменне цяпер мае вушы і язык. Не забывайся. Калі ўжо айцец Тарквемада пакінуў каралеўскі двор, каб наведацца ў Віла-Рэал, жудасць будзе...

— О, Матэа, страшнейшага за тое, што я пабачыў, бадай, ужо і няма.

— Не трэба ілюзій, — сказаў брат Матэа, — жудасць не адмета падзей і здарэнняў, а толькі іх вынік.

Дыега гнаў свае думкі.

— Божа вялікі і міласэрны! Вера мая нязменная, непарушная, а сэрца, Матэа, сэрца маё параненае і сумленне скаламучанае. Аднойчы ў Севіллі на квамадэра я бачыў, як гарэлі на вогнішчах адразу сто чалавек. Разам з братамі я спяваў гімн: “Exurge Domine et iudica causam Tuam” і нават праз гэты велізарны хор не мог не чуць енкаў і ляманту тых, што паміралі. А другі раз...

— Маўчы, Дыега. Раны сэрца можна загаіць толькі ў цішыні.

— Няма мне цішыні! Ты сказаў, што не заўсёды можна гаварыць, што думаеш. Што гэта азначае? Не давяраеш мне? Баішся мяне? Ты, мой сябар, мой настаўнік.

Брат Матэа падняў галаву. Дыега стаяў за крок ад яго, збялелы. Ён дрыжаў, вочы ўспыхнулі цёмным бляскам.

— Брат Дыега, калі сумленне працівіцца прызнанай няпраўдзе, тады чалавек павінен баяцца не людзей, а больш за ўсё самога сябе.

— Сябе?

— А ты ведаеш, куды можа завесці супярэчлівасць сумлення? Ці не жахае цябе твой бунт?

— Не! Я не хачу ні жаху, ні спалоху, анічога, што называецца страхам. Я хачу нешта зрабіць.

— Маліся, — сказаў брат Матэа.

Тым часам атрад Хрыстовай міліцыі вузкімі і ўсюды аднолькава апусцелымі вулкамі набліжаўся да калегіяты. Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагона, падрэ Томас Тарквемада, у чорнай царкоўнай сутане, ехаў на белым кардобскім кані, акружаны служкамі, прамы, хоць і быў у гадах. Вочы прыплюшчыў.

Адзін рыцар з почату Інквізітара, маладзенькі русявы дон Ларэнца дэ Мантэса, схіліўся з каня да таварыша.

— Пацукі пазашываліся ў норы.

Дон Радрыга дэ Кастра засмяяўся.

— Пацукам тое не паможа.

— Ты думаеш?

— Рукі Святога трыбунала даўжэйшыя за самую глыбокую пацучыную нару. Апроч таго, пацукі баяцца, і страх выдае іх.

— Ці той, хто баіцца, абавязкова і вінаваты?

— Не ведаю, што мне да гэтага. Знаю толькі, што заўсёды трэба быць супраць тых, хто баіцца.

— Кажуць, кароль Фердынанд патрабуе вельмі многа грошай.

— Вайна заўсёды каштуе дорага.

— Ты думаеш, што ўсе мараны — ератыкі?

— Не ведаю. Мусіць, усе. Але гэта ні мне, ні табе абыходзіць не павінна, Ларэнца. Нам — выконваць загады і не баяцца.

— І ты ніколі не баішся?

— Ці не на тое мы, каб баяліся нас?

— Вялебны войча, — напаўголасу сказаў капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара дон Карлас дэ Сігура, — прыехалі.

Падрэ Тарквемада падняў вочы. Сярод дамоў, якія шчыльна абступалі Плацэ дэ Сан Пэдра, у неба ўзносіўся такі вялізны мур, што здавалася, нібы не людскія рукі ўзвялі яго, а нейкі гвалтоўны і раптам застылы ў паветры выбух камення і разьбы ўвечніў яго спічастыя формы. Людзі, якія тоўпіліся перад саборам, у цені яго здаваліся ніклымі і прыгнечанымі. Абапал сходаў стаялі з запаленымі свечкамі браты дамініканцы. Іх цёмныя сутаны трапяталі ад ветру. Агеньчыкі свечак таксама калыхаліся. Затое пасярэдзіне сходаў, у атачэнні службоўцаў Святога афіцыума і свецкага духаўніцтва, чакалі гожага госця абодва інквізітары таледскага арцыбіскупства, канонік калегіяты доктар Альфонса дэ Торэз і дамініканец брат Гаспар Мантыха. Тут жа, побач, заклаўшы далоні ў рукавы манаскай хабіты, стаяў прыёр кляштара Сан-Дамінга — падрэ Бласка дэ ла Куэста.

Якраз змоўк звон калегіяты, следам пачалі аціхаць і ўсе астатнія званы ў горадзе — і на плошчы раптам запанавала цішыня. Двое лучнікаў падбеглі да вялебнага айца, але Тарквемада спыніў іх кароткім рухам далоні і злез з каня сам.

Натоўп схіліў галовы.

— Вітанне табе, вялебны войча і найгоднейшы пане, — сказаў канонік дэ Торэз.

Усе чакалі, што Вялікі інквізітар дабрасловіць тых, хто яго сустракаў, але Тарквемада не зрабіў гэтага.

— Мір з вамі, шаноўныя браты, — сказаў праз хвіліну глухім голасам, трохі ўжо старэча-падхрыплым. — Няхай усе ласкі і шчадроты госпада нашага Ісуса Хрыста сыдуць на ўсіх, хто гэтага варты.

— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.

Тарквемада абвёў вачыма прысутных.

— Не бачу сярод вас, шаноўныя браты, прадстаўнікоў ад свецкіх уладаў. Хіба яны нічога не ведалі пра наш прыезд?

Малады рыцар у лёгкім міланскім панцыры, што адсвечваў блакітнаватым бляскам, высунуўся з грамады духаўніцтва.

— Вітаю, найгоднейшы войча, — сказаў трохі загучна. — Мой камандзір, капітан каралеўскага палка, дон Хуан дэ Сантангель, даручыў мне выказаць вам належную чту і адначасова прасіць прабачэння за тое, што стан здароўя не дазваляе ўчыніць гэтага асабіста.

— Ён хворы? — спытаўся падрэ Тарквемада.

— Так, войча.

— Целам ці душою?

Малады рыцар не разгубіўся.

— Не разумею цябе, войча.

— Чаго не разумееш? Ці ж ты не хрысціянін і не ведаеш, што ў чалавеку цела, а што душа і што называем хваробаю цела, а што хваробаю душы?

Той горда выпрастаўся.

— Ведаю, найгоднейшы пане. Я Мануэль дэ Ахэда, дваранін і хрысціянін. Калі я сказаў, што шляхетны дон Хуан хворы, я не мог мець на ўвазе яго душу, бо яна, належачы вернаму слузе караля і царквы, не паддаецца ніякім, як я пэўны, хваробам.

— Ці так мала, мой сыне, давяраеш сваёй упэўненасці, што мусіш павышаць голас? — ціха спытаўся Тарквемада.

Дон Мануэль нецярпліва:

— Войча вялебны, калі б пан дэ Сантангель не быў хворы...

— ...ён у гэты час сваёй прысутнасцю склаў бы сведчанне шанобы і любові, якія песціць у сабе да веры і Святое інквізіцыі. Веру ў гэта. Маю таксама надзею, што хвароба ў шляхетнага капітана не такая цяжкая, каб заўтра магла перашкодзіць яму наведаць нас у сядзібе Святога афіцыума.

Чырвань заліла смуглы твар дон Мануэля.

— Ці маеш яшчэ што сказаць, мой сыне? — спытаўся Тарквемада.

Кроў усё гусцей залівала твар і лоб, нават шыю дон Мануэля. На скронях набрынялі жылы.

Нейкі момант здавалася, што малады рыцар не авалодае гневам і выбухне.

— Прадстаўнік карэгідора прагне, вялебны войча, скласці табе словы прывітання, — ціха сказаў брат Мантыха.

— Ці шляхетны карэгідор таксама хворы? — спытаўся Тарквемада.

У судовага пісара Франсіска Доза, шчуплага, згорбленага чалавека з тонкай, як у птушкі, шыяй перад вялебным айцом адняло мову. Ён стаяў збялелы, вусны ў яго дрыжалі, а ў лупатых бясколерных вачах застыў страх.

— Слухаю цябе, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада.

Пісар раззявіў рот, нібы хацеў глынуць паветра.

— Пан Бласка дэ Сілас не мог прыйсці, найгоднейшы войча, — прамармытаў, —  сама ў астатнюю хвіліну цяжка занядужаў.

І змоўк пад пранізлівым позіркам Тарквемады. Той павярнуўся да айцоў інквізітараў.

— Што ж, вялебныя браты, пара нам увайсці ў сабор. Падзякуемце Богу за шчасліва завершанае падарожжа і памолімся таксама за душы ератыкоў і грэшнікаў, каб усявышні ў сваёй невычэрпнай даброці дапамог ім у шчырым прызнанні і адрачэнні ад памылак.

— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.

— У Віла-Рэал, вялебны войча, асабліва многа душ, як мне здаецца, заражаных цяжкімі хваробамі, — азваўся падрэ дэ ла Куэста.

— Гойце іх! — сказаў Тарквемада, узыходзячы на сходы калегіяты. — Чаго ж вы чакаеце? Ці ж вы не лекары душ?

Ён быў ужо каля партала, а браты дамініканцы, завёўшы тонкімі галасамі Маgnіfісаl, пачалі заходзіць у калегіяту, калі на плошчы ўтварылася затлока. Падрэ Тарквемада спыніўся, спевы аціхлі.

Унізе голасна крычаў і размахваў рукамі рыцар на запененым кані, пракладаючы сабе дарогу праз натоўп. Акружаны служкамі Святога трыбунала, ён сказаў ім нешта, пасля чаго адзін рыцар у панцыры саскочыў з каня і, бразгаючы зброяй, узбег на сходы.

— Войча вялебны, прыбыў наш ганец з Сарагосы з важным паведамленнем.

Падрэ Тарквемада махнуў рукой. Падняў руку і рыцар. На гэты знак служкі, лучнікі і рыцары пачалі расступацца, даючы ганцу дарогу. А той — рослы і дужы мужчына — саскочыў з каня, хістануўся, але адразу выпрастаўся, скінуў з плячэй дарожны плашч, глыбока ўздыхнуў, павольным рухам далоні ацёр спацелы лоб і цяжка, як смяротна стомлены чалавек, пачаў падымацца па сходах.

Апынуўшыся перад Вялікім інквізітарам, ён укленчыў і схіліў чорны ад пылу твар.

— З Сарагосы? — спытаўся Тарквемада.

— Так, вялебны войча. Тры дні і тры ночы ў дарозе.

— Хто цябе паслаў?

— Святы трыбунал.

— Кажы.

— Войча вялебны, здарылася страшнае, яно благае ў неба помсты! — На момант замоўк, каб сабрацца з духам. — Вялебны айцец Пэдра Арбуэз забіты.

Трывожны шэпт папоўз сярод прысутных. Усе ведалі, што кафедральны канонік доктар Пэдра Арбуэз д'Эпіла ўсяго толькі год таму назад пры ўстанаўленні ў каралеўстве Арагон Святой інквізіцыі быў абвешчаны адным з двух інквізітараў Сарагосы.

— Божа, злітуйся з нас, — сказаў падрэ дэ ла Куэста.

— Дзе ўчынена злачынства? — спытаўся Тарквемада.

— У саборы, войча вялебны, пад час вячэрняга набажэнства.

— Забойцы?

— Схапілі абодвух.

— Іх імёны?

— Фідэль д'Уранса і Хуан д'Эсперайндэа.

Тарквемада нахмурыў бровы.

— Не ведаю такіх.

— Гэта нізкія людзі, вялебны войча. Абодва, аднак, са службы вяльможнага пана дон Хуана дэ ла Абадыя.

— Аж так высока сягае злачынства?

— Войча вялебны, найгоднейшы інквізітар, айцец Гаспар Хуглар загадаў паведаміць табе, што гэта ганебнае забойства, відаць, вынік вялікай і шырокай змовы і да падазроных належаць асобы, якія ў каралеўстве Арагон лічацца людзьмі вельмі высокай годнасці.

— Божа мой! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі сапраўды ўсё так, як ты кажаш, то мне цяжка паверыць, каб гэтыя асобы былі са старых хрысціянскіх родаў. Ці не належаць яны да сем'яў жыдоўскага паходжання?

Ганец з павагай схіліў галаву.

— Народ Сарагосы маўляе тваімі вуснамі, найпачцівейшы войча. Калі па горадзе разышлася вестка, што вялебны Пэдра забіты, народ высыпаў на вуліцы, каб пакараць маранаў, праклятых аблуднікаў, якія прынялі нашу веру, але і духам, і звычаямі засталіся верныя юдэйству. Яго эміненцыя арцыбіскуп дон Альфонса, спрабуючы прадухіліць інцыдэнты, асабіста выйшаў на вуліцу, каб сказаць народу, што ўсе вінаватыя адбудуць заслужаную кару.

Падрэ Тарквемада паглядзеў на прысутных.

— Чуеце, шаноўныя браты? Чуеце голас хрысціянскага народа? Гэта вам навука! Адзеньце тысячу скрушных грэшнікаў у санбеніта і прыганіце іх босых сюды, да калегіяты, на пакутнае аўтадафэ, аддайце свецкаму суду сто, дзвесце, трыста, калі зойдзе патрэба, зацятых і закаранелых ератыкоў, каб знішчыць іх у полымі, як нішчыцца шкоднае пустазелле або ссохлая вінаградная лаза, а люд, які сёння ў гэтым горадзе замкнуўся ў сваіх дамах, убачце на вуліцах. Больш таго: кіньце яго да ног сваіх.

Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:

— Мір з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную і радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона Пэдра няма больш сярод нас, добра ведаючы, што жыцьме ён праз усе часы неўміручасцю поўнай хвалы; радуймася, што яго пакутная смерць умацуе нас і з'яднае ў змаганні з ератыкамі, у абароне нашай веры.

Змяркалася. На плошчы запалілі паходні. Голас Тарквемады гучаў у цішыні ўсё больш грозна.

— Няма на свеце такой сілы, ані такога зла і падступнасці, якія маглі б супрацьпаставіцца нашай справе. Будземце ж, браты, чуйныя і не спема ў час, калі не спіць вораг сярод нас.

— Vіvа еl nоmbrе dе Jesus! — моцным голасам сказаў падрэ дэ ла Куэста. — Vіvа lа Virgen Santissima!

Ганец з Сарагосы падхапіўся з каленяў і, павярнуўшыся тварам да плошчы, крыкнуў хрыпла з усёй сілы ў змрок, запоўнены ўзброенымі людзьмі і бляскам дымных паходняў.

— Vіvа lа Santissima!

— Vіvа lа Santissima!— адказаў адным магутным голасам натоўп.

У гэты час Тарквемада падняў сухую старэчую далоню і з-пад партала калегіяты, высокі і ўзнесены сярод мігатлівых агеньчыкаў свечак, пачаў крэсліць у паветры знак крыжа.

Быў позні начны час. Нешпар дамініканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з інквізітарамі і дарадцамі падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да цэлі, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Віла-Рэал. Змрок нізкіх кляштарных калідораў рассейвалі паходні ў руках двух рыцараў з Хрыстовай міліцыі.

У канцы доўгага калідора падрэ дэ ла Куэста спыніўся і адчыніў дзверы ў цэлю.

— Належыць табе, вялебны войча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось цэлі, як сведчаць старыя запісы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вінсэнт Фэр'ер.

Падрэ Тарквемада, схіліўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзіну. Цэля была цесная і голая. У адным куце гарэў каганец. Ніжэй было месца для кленчання. У другім куце — вузкая пасцель. Над ёю — разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад ішоў ад каменнай падлогі і муроў. За акном распасціралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамі.

Вялебны айцец падышоў да акна.

— Наш брат Вінсэнта несумненна быў святы. Ці не думаеш, вялебны войча, што пры ўсіх сваіх хрысціянскіх цнотах ён быў чалавек, які вельмі лічыўся з важнасцю слоў.

Падрэ дэ ла Куэста ціха прычыніў дзверы.

— Святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік нашага закону.

Тарквемада, заклаўшы далоні ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.

— Словы! Што ж словы, мой войча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якія ў свой час уніклі пагромаў. І што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваіх сыноў і ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавідзяць Святую інквізіцыю, змяніўшы толькі формы, не мяняючы ні на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам ігольным, а брамай, шырока адчыненай усім. І праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой войча, бяда тым, хто змагаецца, калі занадта спадзяецца на ачышчальную сілу слова!

— Думаеш, слова не мае ніякай дзейснай сілы? — пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.

— Чаму ж, мае, але толькі тады, калі яно — дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэнні царквы, і яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але ці ж не на тым грунтуюцца нашы заклікі, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой войча, словы толькі тады нешта азначаюць, калі не далей чым за крок ад іх стаіць меч дзеяння.

— Калі я правільна ўразумеў цябе, вялебны войча, прызнанні асоб перад Святым трыбуналам, якія сведчаць за тое, што шмат хто са свецкіх паноў і ўпраўцаў горада Віла-Рэал пагарджае асновамі рэлігіі і не баіцца ўзносіцца з пыхаю там, дзе павінна быць толькі паслушэнства і пакора, — то гэта ці не словы, за якімі стаіць меч дзеяння?

Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позірку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.

— Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваімі вуснамі. Здаецца мне, ты зразумеў асабліва важны прынцып.

— Ці маеш на думцы, вялебны войча, прынцып, які сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна ні была, схаваныя пахібнасці веры?

Тарквемада прыплюшчыў вочы і нічога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзіраўся ў яго з напружанай увагай.

— Калі б мы хацелі і маглі глыбей і праніклівей глядзець на людскія памылкі, — азваўся праз хвіліну, — тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.

Тарквемада ўзвёў павекі.

— Войча Бласка, — сказаў задумліва, — я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, які шчыра любіць...

— Слухаю цябе, войча.

— Сапраўдны хрысціянін не можа мець ніякіх асабістых мэт, якія б пярэчылі мэтам царквы.

— Так, войча, гэта праўда.

— Усе нашы дзеянні, думкі і жаданні належаць царкве. Лічу таксама, што менавіта таму хрысціянін не толькі можа, але і павінен песціць у сабе жаданні, хай вельмі асабістыя, але каб яны адпавядалі мэтам царквы. Скажы яшчэ, ці маеш асабістае пажаданне, асабліва табе дарагое, адно замілаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваіх зямных імкненняў?

Падрэ дэ ла Куэста хвіліну маўчаў.

— Калі быць шчырым, войча, як на споведзі...

— Будзь!

— Прызнаюся, ужо колькі гадоў горача і нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, і хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калі-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасці кардынала дэ Мендоза, сесці на трон арцыбіскупаў Таледа.

У цэлі стала ціха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы і схіліўшы галаву, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялікі інквізітар маўчаў.

Якраз выходзіў месяц, і бляск яго прабіваўся ў цэлю імглістай яснотаю.

— Войча вялебны, — ціха азваўся прыёр, — магчыма, маё прызнанне ўразіла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваімі марамі. Аднак мне хацелася б...

— Ідзі спаць, войча, — суха сказаў Тарквемада. — Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.

Падрэ дэ ла Куэста збялеў.

— Божа літасцівы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калі лічыш, што я не годны такога вялікага гонару...

— Маўчы! Няўжо ты сапраўды такі сляпы і глухі, калі не разумееш, што адкідаеш, выбіраючы славу і бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбіскупскую інфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамініканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабіў з сабою, у якія сеткі ўблытаўся? Хвіліну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлівасці, што залічу цябе да найвышэйшай годнасці змагара царквы, назначыўшы адным з інквізітараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбіскупам Таледа!

— Войча!

— Ці не разумееш, што годнасць інквізітара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкі, азначае стакроць больш, чым усе біскупскія троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Ідзі спаць, бедны войча, памыліўся я ў табе.

Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на калені.

— Войча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланіла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў імя памяці нашага вялікага патрона, святога Дамініка, заклінаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвіліну слабасці і зацьмення.

— Не! — піскліва крыкнуў Тарквемада. — Не дарую. Ты не дзіця, якое толькі ўчора ўступіла ў веру. Ты прыёр, кіраўнік некалькіх сотняў душ. Настаўнік маладых. Валасы сівеюць. Колькі ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?

— Мінула трыццаць.

— Трыццаць гадоў! І ты толькі па звычаі і ўбранні застаешся дамініканцам.

— Не, войча!

Падрэ Тарквемада грэбліва паглядзеў на ўкленчанага.

— Устань! Не, не спадзявайся на дараванне. Ты здрадзіў свайму прызванню, здрадзіў духу нашага яднання.

— Войча, аддамся ўсякай пакуце, вызначы хоць самую цяжкую.

— Пакуту? На пакуту трэба мець права. Ты растаптаў гэта права. Аднак для заспакаення тваіх прагненняў магу табе паабяцаць, што пры найсампершай нагодзе рэкамендую тваю асобу Іх Каралеўскім Мосцям, каб яны даверылі табе біскупства Авіла. Думаю, з часам не міне цябе і Таледа.

Падрэ дэ ла Куэста падняў галаву. Твар у яго быў пашарэлы, вочы глыбока запалі.

— Не рабі таго, войча, благаю цябе.

— Чаму? Спраўдзяцца твае мары.

— Калі бачу, што трачу...

— Трэба было раней бачыць, меў досыць часу.

— Войча, цяпер усё разумею. Разумею, як ты павінен пагарджаць мною і як я заслужыў гэтую пагарду. Прабач мне, аднак, не адрынь.

Тарквемада з хвіліну маўчаў, пасля адвярнуўся.

— Ідзі, — сказаў сухім, скрыпучым голасам, — я хачу пабыць адзін.

Ён ведаў, што, нягледзячы на стомленасць, не засне. У апошнія гады адвык ад сну, які, калі ён глыбокі і спакойны, дае чалавеку заслужаны адпачынак. Ён засынаў звычайна вельмі позна, часам толькі пад ранак, а часта і цэлыя ночы, бясконца доўгія, праводзіў у самотным чуванні, роздуме і ў модлах. Сёння не меў у сабе нават настрою на малітву.

Каганец дагараў, кволы пламеньчык мігаў на апошнім дыханні.

Затое месяц падняўся ўжо даволі высока, і яго святло халодным бляскам шклілася ў акне.

Тарквемаду ахапілі дрыжыкі. Ён шчыльней ухутаўся ў сутану, укленчыў і, схіліўшыся тварам у азяблыя далоні, пачаў шаптаць пацеры. Але хутка заўважыў, што моліцца толькі вуснамі. Не знаходзіў у сабе таго полымя, якое заўсёды жыло ў ім і грэла яго, — а ў хвіліны экстазу і сабранасці асвятляла з сярэдзіны, успалымняла і парывала яго натхнёным агнём. Цяпер ён адчуваў сябе пустым і халодным, без думак і пачуццяў.

Далёка ў глыбіні начы зазваніла сігнатурка сёстраў кармэлітак, якая асабліва чыста і ясна гучала ў цішыні. “Божа мой”, — сказаў амаль уголас Тарквемада. Яшчэ хвіліну кленчыў, пасля раптоўным рухам, нібы скінуўшы з плячэй цяжар стомленасці, падняўся і пайшоў да дзвярэй.

Адзін служка, што вартаваў каля цэлі, убачыўшы вялебнага айца Вялікага інквізітара, падхапіўся з каменнага ўслона, другі спаў, звесіўшы галаву на грудзі і ўпёршыся плячыма ў мур.

— Ты дон Радрыга дэ Кастра? — спытаўся падрэ Тарквемада.

— Так, войча.

— Ці ведаеш, як прайсці ў царкву?

— Ведаю, войча.

— Пакажы мне дарогу. Пачакай! Разбудзі спярша свайго таварыша.

Дон Радрыга нагнуўся і штурхнуў яго ў плячо.

— Ларэнца!

Той сонным і яшчэ дзіцячым рухам адгарнуў з ілба светлыя валасы, а калі расплюшчыў вочы, — адразу апрытомнеў і ўскочыў на ногі.

— Чаму спаў? — напаўголасу спытаўся падрэ Тарквемада.

— Прабач, вялебны войча, стома змарыла мяне.

— Стома? Стому трэба адольваць, а не паддавацца ёй.

— Я ведаю, войча.

— Ведаеш?

— Мяне гэтаму вучылі, змалку.

— Я яшчэ не знаю цябе, мой сыне. Відаць, толькі з нядаўніх пор ты сярод маіх дамоўнікаў.

— Так, войча, гэта мая першая служба.

— Імя?

— Ларэнца дэ Мантэса.

— Губернатар Мурсіі дон Фернанда ці не твой сваяк?

— Бацька. Мой старэйшы брат служыць каралю, бацька хацеў, каб я служыў Святой інквізіцыі.

— Было гэта жаданне толькі твайго бацькі?

— Маё таксама.

— І ты лічыш, дон Ларэнца, што добра пачынаеш службу?

— Мяне вучылі, што служыць трэба з усёй сілы.

— Праўдзе служаць не сілком, а звыш сілы.

— О так, войча!

— Далажы, мой сыне, заўтра з раніцы свайму камандзіру, што ты заснуў на службе.

— Так, войча, я далажу.

— Папрасі пана дэ Сігуру, каб ён вызначыў табе адпаведную кару.

— Так, войча.

— Ты вельмі малады, вучыся адольваць слабасць.

Дон Ларэнца стаяў у струнку з паднятай галавой, у вачах у яго свяцілася палкая адданасць.

— Так, вялебны войча, буду рабіць гэта.

— Хадзем! — звярнуўся Тарквемада да дона Радрыга.

Унутраны праход да царквы вёў праз кляштарны дзядзінец. На дварэ было пагодна, холадна, але без ветру, і цішыня заснулага горада разлягалася наўкола. Бляск поўні асвятляў толькі частку дзядзінца, а ў глыбіні ўклалася ноч, і там, у цемры, яшчэ цямнейшай за самую цемру, узносіў цяжкую каменную сцяну суровы масіў бакавога нефа Сан-Дамінга.

Дон Радрыга мінуў дзядзінец і, сышоўшы ў канцы яго па некалькіх сходках, падняў паходню, каб асвятліць нізкія, глыбока схаваныя ў царкоўным муры дзверы.

— Вяртайся, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада. — Назад я пацэлю сам.

— Войча мой! — сказаў дон Радрыга.

Тарквемада спыніўся.

— Прабач, вялебны войча, час не зусім падыходзіць, але я павінен сказаць, што мяне вельмі гняце адна думка. Войча, пан Мануэль дэ Ахеда мой даўні сябар, яшчэ з дзяцінства. Сёння я прабыў з ім вечар.

— Адзін?

— Было яшчэ некалькі яго сяброў. Мануэль выпіў лішняе і, прабач, войча, казаў словы, якія абражалі Святую інквізіцыю і цябе, войча, асабіста.

Падрэ Тарквемада маўчаў. Дон Радрыга стаяў бледны з высока ўзнятай паходняй.

— Ён казаў яшчэ, што пан дэ Сантангель, ад імя якога ён вітаў цябе, у самым лепшым здароўі. Апроч таго, абодва яны, належачы да старых гішпанскіх родаў, падтрымліваюць прыязныя адносіны з людзьмі жыдоўскага паходжання...

— Гэта ўсё?

— Так, войча.

— Ці і астатнія гаварылі тонам, абразлівым для веры?

— Мануэль гаварыў найбольш.

— А ты?

Дон Радрыга апусціў галаву.

— Гаварыў?

— Не, я маўчаў.

— Не хапіла табе адвагі, каб абараніць веру ад блюзнера, ці мо хацеў даведацца, як далёка гэтае блюзнерства сягае?

— Не ведаю, я маўчаў. Што мне цяпер рабіць, войча?

— Як даўно ты служыш у мяне?

— У кастрычніку споўніцца год, войча.

— Ці ведаеш парадкі Святой інквізіцыі?

— Так, войча.

— Значыцца...

Дон Радрыга маўчаў.

— Так, войча, — сказаў нарэшце хрыплым голасам, — зраблю.

Падрэ Тарквемада паклаў далонь на яго плячо.

— Ведаю, што цябе турбуе, мой сыне. Ты думаеш, што здраджваеш сябру.

— Войча, мой войча!

— Наадварот, ты садзейнічаеш выратаванню яго заблуднай душы. Ці ж бо не ўчыніў бы ты здрады, калі б хацеў утоіць праўду і пакінуць грэшніка сам-насам з яго грахамі? Ці не на тое і мы, каб дапамагаць тым, хто заблудзіўся? Дапаможамце ж пану дэ Ахеду і пану дэ Сантангелю! Дапаможам, дзякуючы табе.

Бляск удзячнасці асвятліў стурбаваны твар дона Радрыга.

— Войча, цяжкі камень зняў ты мне з сэрца. Ці павінен я данесці ўсё, што ведаю, Святому трыбуналу з подпісам?

Падрэ Тарквемада мацней абапёрся на яго плячо.

— Дон Радрыга, падумай, ці падпісаўся б ты пад словамі: дыхаю, хаджу, ем, сплю?

— Але ж гэта праўда.

— А твае сведчанні чым жа будуць, калі не праўдай?

— О так, мой войча! — усклікнуў дон Радрыга. — Праўда павінна перамагчы.

— І пераможа, — сказаў вялебны айцец. — Яшчэ хвілінку, мой сыне. Не забудзься адзначыць, што пан дэ Ахеда ўхваляў злачынства, якое ўчынілі на асобе вялебнага пана Пэдра д'Арбуэза.

Дон Радрыга завагаўся.

— Войча вялебны, калі памяць мяне не падводзіць, дон Мануэль нічога такога не казаў.

— Ты ў гэтым упэўнены? Ці ж ты не напамінаў, што як пан дэ Ахеда, так і яго начальнік падтрымлівае сяброўскія адносіны з людзьмі жыдоўскага паходжання?

— Так, войча.

— Ну і?..

Дон Радрыга маўчаў.

— Як доўга трывала ваша гутарка?

— Прыблізна з гадзіну, падрэ.

— І ты мог бы прысягнуць, што за ўвесь гэты час не ўспаміналі пра здарэнне ў Сарагосе? Не можаш прысягнуць у гэтым? А можа, дапускаеш, што гаворка ішла пра жудаснае злачынства? Прыгадай, можа, з прычыны аж надта зразумелай пан дэ Ахеда не гаварыў адкрыта, можа, выказваўся ў сэнсе пераносным і тым не меней так, што гэта сведчыла б за тое, што ён ухваляе святатацкі ўчынак?

— Войча вялебны, можа, мяне памяць падводзіць, але сапраўды не ўзгадаю...

Падрэ Тарквемада пранікліва паглядзеў на яго.

— Дон Радрыга, памятай, што, калі заходзіцца пра абарону веры, сапраўднаму хрысціяніну нельга спыняцца на паўдарозе. Ці мог бы ты з рукою на крыжы і перад абліччам Бога засведчыць, што пан Мануэль дэ Ахеда не гадуе ў сэрцы падступнай і заганнай прыхільнасці да забойцаў айца д'Арбуэза?

— Не, войча, — прашаптаў дон Радрыга. — Не мог бы засведчыць гэтага.

— А мог бы прысягнуць, яшчэ раз у цябе пытаюся, што з гэтай заганнай прыхільнасцю пан дэ Ахеда яўна не здрадзіў?

— Не, войча. Памяць, асабліва ў такіх, як гэта, акалічнасцях, сапраўды можа падвесці.

Тарквемада зноў усклаў далонь на плячо.

— Слушна, — сказаў. — Ідзі ж, мой сыне, і пагутары са сваёй памяццю. Хай яна таксама будзе чыстая, як і тваё сумленне.

Калі ён увайшоў у царкву і замкнуў дзверы, усё ж выразна чуў крокі дона Радрыга, якія аддаляліся. Потым яны заціхлі ў глыбіні дзядзінца, і ён адчуў сябе самотным; здавалася, ён разарваў апошнія повязі, якія яго злучалі са светам.

 

Холад у царкве быў яшчэ больш калючы, чым у кляштарнай цэлі, а цемра, скаваная прасторай і цішынёй, здавалася затопленай у глыбінях нябачных муроў. У глыбіні царквы перад алтаром і бліжэй, у бакавых капліцах тлелі жаўтлявыя агеньчыкі лампадак, аднак іх ніцы бляск не толькі не разганяў змроку, але, здавалася, яшчэ больш згушчаў яго. Калі Тарквемада ўзняў галаву, ён праз хвіліну разгледзеў абрысы высокіх лукаў скляпення, і тады, — нібы гэтыя аддаленыя формы неслі сведчанне жыцця, — пачала знебывацца страчанасць і самота. Ён шукаў і хацеў сабе гэтага: велічы каменнай прасторы, змроку і маўчання, якія безгалоса, — раптам, як бы паддаючыся сіле вышэйшага права, пачалі выконваць сваё апошняе пакліканне, нясмела, пасля ўсё больш імпэтна загучалі нібы вайсковыя сурмы заклікам да бадзёрасці і змагання.

Ён пайшоў у бліжэйшую бакавую каплічку, але спыніўся на паўдарозе, захоплены нейкім гучаннем, якое, здавалася, запаўняла ўсю веліч цемры і парывала яе ўгору. Вось яно, божае царства, якое ў пазачассі прымае ў сябе людзей, дакладна згодных ва ўчынках і жаданнях!

Вось ён, дасканалы парадак, мэта нязменных думак і незастрашанага дзеяння! Які, аднак, ён далёкі яшчэ, як цяжка дасягнуць яго! Колькі перашкод, раней чым здабыць яго, трэба пераадолець, як многа бунтоўных замахаў зламаць і стаптаць.

Ён выцягнуў далоні, нібы хацеў дакрануццца да тых нябачных рысаў будучага, і тады запанавала раптам цішыня. У ёй, мёртвай, як цень камення, гучала водгулле цяжкіх салдацкіх крокаў: уздоўж кляштарных муроў, відаць, праходзіла начная варта.

— Госпадзе, — сказаў Тарквемада, — не дапусці, каб аслабла і згасла ў нас нянавісць да ворагаў тваіх.

Ён сказаў гэта шэптам, але голас яго мог пачуць мнішак, які кленчыў каля ўваходу ў капліцу, бо той, да таго часу нерухомы і, як здавалася, цалкам адданы малітве, раптам падхапіўся. Ён быў нізкі і дробны, рабіў уражанне вельмі маладога.

Доўгую хвіліну падрэ Тарквемада і той глядзелі адзін на аднаго моўчкі. Нарэшце вялебны айцец падышоў бліжэй. Брат дамініканец быў сапраўды малады, не болей за дваццаць.

— Мір з табою, сыне мой, — сказаў Тарквемада. — Я перашкодзіў табе ў малітве? Ты ж маліўся?

Малады стаяў, схіліўшы галаву.

— Хацеў маліцца, — сказаў ціхім стомленым голасам.

— Правільна робіш, таму што ноч асабліва спрыяе сабранасці. Парою ў такі час, як цяпер, менавіта малітва, а не сон, робіцца сапраўдным адпачынкам. Усе думкі можна аддаць богу.

Той узняў галаву, твар у яго быў бледны і спакутаваны, толькі цёмныя, незвычайна вялікія вочы палалі неспакойным агнём.

— Войча вялебны, я сапраўды вельмі малады, але ўжо даўно не маю спакою, пра які кажаш. Я не мог заснуць, гнялі мяне цяжкія думкі. Я хацеў знайсці ратунак ад іх у малітвах. Але не знайшоў ратунку.

— Кепска, можа, шукаў.

— Не ведаю, войча. Часам мне здаецца, што не малітвы мне патрэбны, а выказацца ўголас пра ўсё тое, што мяне мучыць. Войча вялебны, ты на столькі гадоў старэйшы за мяне, многае, напэўна, бачыў і перажыў, скажы, ці маўчанне можа забіць душу чалавека?

Падрэ Тарквемада з хвіліну памаўчаў.

— Не разумею цябе, сыне мой. Толькі ўпартае трыванне ў смяротным грэху можа забіць чалавечую душу.

— А маўчанне ці ж не бывае смяротным грэхам? Войча, агартае мяне часам страх, што калі не выкажу таго, што каламуціць спакой майго сумлення і адганяе сон, тады ўсё, што я змоўчаў, памрэ ўва мне, як уздых, які не можа ўжо ўхапіць паветра, як слова, якога не здолее вымавіць амярцвелы язык. Войча мой, я баюся, што магу стаць каменем.

Тарквемада працягнуў далонь.

— Падай мне, сыне, руку.

Рука была халодная і сухая.

— Ты думаеш, войча, што ў мяне гарачка? Не, войча, гарачкі няма, я здаровы.

— Бачу, сапраўды няма гарачкі. Але ж гаворыш ты, браце...

— Завуць мяне братам Дыега.

— Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзі ў вялікай гарачцы або пад вялікім грэхам, які точыць іх сумленне.

Брат Дыега ўздрыгнуў.

— О не, войча! Цяжкія грахі не на маім сумленні. Не мяне трэба вінаваціць за прымус, не на мне людскія крыўды, слёзы і пакуты. Ніхто яшчэ мяне не праклінае і не ненавідзіць. Не маю на сумленні ніякага злачынства, ніякай няпраўды.

Некалькі хвілін панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.

— Браце Дыега, ты выказваешся даволі няясна, аднак мне здаецца, што тваімі вуснамі гаворыць вялікая пыха.

Той заварушыўся.

— О не, войча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маіх думак.

— Ты так мяркуеш?

— Не ведаю, войча. Можа, і знаеш іх, можа, і ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў маліцца, але не ведаў, што тут я не адзін. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калі стаю перад табою і, апроч нас двух, няма нікога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвіліны, як я пачаў мысліць. Чаму ты так дзівішся на мяне, войча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкі, што я прытомны. Ці ведаеш войча, за што я хацеў маліцца? Можа, і здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, які ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Войча мой, войча, я хацеў прасіць у Бога, каб ён дараваў тым усім, якія, маючы ў сваіх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю і не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны і пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялікі і літасцівы, які на небе, май літасць да гвалтаўнікоў справядлівасці, даруй свядомым ілгунам, здрадным скаржнікам і фальшывым суддзям, будзь міласэрны да тых, якія ў сляпым забыцці нішчаць спакой людскі і сеюць страх, аблуду і нянавісць, злітуйся з забойцаў... Так хацеў маліцца. Але не змог, войча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылі. Калі цяпер іх вымаўляю, дык яны — абвінавачанне і праклён, а калі яны павінны былі быць малітвай, кожнае з іх здавалася мне цяжэйшым за камень. Войча, гэта была б благая малітва!

Падрэ Тарквемада стаяў нерухомы.

— Ці можаш сказаць мне, браце Дыега, — сказаў праз хвіліну, — хто тыя людзі, за якіх ты хацеў маліцца і на якіх ускладваеш віну, такую вялікую, на тваю думку?

Брат Дыега падняў да грудзей абедзве заціснутыя далоні.

— Войча! Гэтая сутана паліць мяне, яна душыць мяне.

— Браце Дыега!

— Паліць мяне, войча, бо зганьбавана людзьмі, якія носяць яе.

— Браце Дыега, я таксама нашу яе.

— І ніколі яна не душыла цябе? Скажы, ніколі цябе не трывожыць сорам, што людзі ў такіх самых сутанах...

Тарквемада вызваліў з рукава далонь і рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.

— Маўчы! Ці не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Ці ведаеш, хто я?

Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкімі вачыма на старога.

— Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.

— Браце Дыега, — сказаў той ціха, амаль лагодна, — я брат Томас Тарквемада.

Дыега болесна ўсміхнуўся.

— Навошта з мяне кпіш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, войча, няма ўва мне страху. Калі б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада, я таксама не адмовіўся б ад ніводнага слова, што сказаў. Мая нянавісць мацнейшая за страх. Няма ўва мне, войча, месца страху.

— Браце Дыега, апамятайся, — сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асабліва моцным націскам, — ты стаіш перад Вялікім інквізітарам.

Стала ціха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узіраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамі халодны пот.

— Божа, — прашаптаў.

Адступіў на крок у глыбіню капліцы і ў гэты момант зачапіў нагою падсвечнік, які стаяў з боку алтара. Твар яго скрывіўся, губы задрыжалі. Ён хутка нагнуўся і, схапіўшы цяжкі чатырохгранны падсвечнік, замахнуўся ім на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавісцю, але адначасова абяззброены спакоем і маўчаннем старца, які не адступіў ні на крок, не зрабіў ані руху на абарону. З яго нерухомай постаці біла такая сабраная і цвёрдая сіла, што праз хвіліну Дыега заплюшчыў павекі, і, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, — падсвечнік выпаў з рукі і, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкі алтара, пакаціўся з іх і застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цішыню цемры, і адзін яго гук асабліва доўга і працяжна звінеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, і цішыня стала яшчэ глыбейшая.

Дыега расплюшчыў вочы.

— Чаму не клічаце сваю ахову, вялебны пане? — спытаў высокім і ясным, вельмі маладым голасам. — Рабіце, што прывыклі рабіць пры падобных акалічнасцях.

Падрэ Тарквемада адвярнуўся і, расхінуўшы на грудзях сутану, укленчыў перад алтаром.

— Сыне мой, — сказаў напаўголасу, — укленчы побач са мною.

Дыега хвіліну стаяў нерухомы, пасля раптам рэзка павярнуўся да Тарквемады і ўкленчыў не далей чым на выцягнутую руку.

Каганец, які свяціўся ў глыбіні алтара, кідаў мігатлівы бляск на абодвух.

Вялебны айцец склаў далоні на малітву.

— Паўтарай, сыне мой, за мною: “Войча наш, які сутны на небе...”

Дыега ўзняў вочы, але навокал было занадта цёмна, каб ён мог затрымаць позірк на доўгіх пратэсах, якія пасмамі жаўтлявага палатна звісалі абапал амбона, заўсёды ўдзень напамінаючы імёны і правіны людзей, спаленых Святым трыбуналам. Цяпер толькі невыразны цень гэтых злавесных палотнаў нік у глыбіні камяніцы.

— “Войча наш, які сутны на небе”, — сказаў нарэшце ясным і звонкім голасам, як перад тым.

— “Хай свяціцца імя тваё”.

— “Хай свяціцца імя тваё”.

Дыега адчуў спазмы ў горле і гарачыя слёзы пад павекамі.

— “Хай прыйдзе царства тваё”, — сказаў ён ціха, каб не выдаць дрыжання голасу.

— “Хай будзе воля твая як у небе, так і на зямлі”.

Дыега паўтарыў і гэтую фразу, але яшчэ цішэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, і заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялікі інквізітар больш не маліўся. Ён замоўк, заціснуў далонямі скроні, нібы забыўся на таго, хто кленчыў побач.

Сігнатурка сёстраў кармэлітак зноў пачала званіць удалечыні. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.

— Аман, — сказаў моцным, сабраным голасам. — Браце Дыега!

— Пане?

— Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развіднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкі дзень.

— Абы каб стаў пачаткам апошняга! — усклікнуў Дыега.

На гэта Тарквемада сказаў:

— Кожны чалавек пан і адначасова слуга свайго лёсу. Ідзі ўжо requiescere in pасе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.

Ноч сапраўды канчалася, і, калі брат Дыега ішоў кляштарным дзядзінцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакітнаватым водбліскам, зоркі пачалі тухнуць. Мглістая шэрань золку залівала паветра, і холад гэтай апошняй начной гадзіны быў асабліва пранізлівы.

У цені каланады стаяў чалавек. Дыега спыніўся, пасля падышоў бліжэй.

— Гэта ты, Матэа?

— Я, — сказаў той. — Адкуль ідзеш? Ты быў у царкве?

— Быў.

— Божа вялікі! Ты бачыў яго?

— Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.

— Дыега!

— На гэты раз ён перамог мяне. Я маліўся з ім.

Брат Матэа схапіў яго за руку.

— Дыега, мой маленькі Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю цэлю, але яна была пустая. Пасля ў калідоры мне загарадзіў дарогу малады рыцар, адзін з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: “Куды вы ідзяце, вялебны браце?” Я адказаў: “У царкву”. Тады ён крануў мяне за плячо і сказаў: “Ужо ноч, вялебны браце, не перабівайце нашаму шаноўнаму айцу хвілін самотнага роздуму”. Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмі доўга чакаў.

Дыега падняў галаву.

— Навошта?

— Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубіць сябе? Што гэта азначае, што ты маліўся разам з ім?

— Нічога, — сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нізкімі скляпеннямі аркад.

— Нічога?

— Я хацеў забіць яго, а пасля паўтараў за ім пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Нашто па сваёй волі аддаешся ў рукі непрыяцелю?

Дыега паціснуў плячыма.

— Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? І так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знішчыць. Гэта ўсё.

— Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

— Бывай, Матэа. Я стаміўся, хачу спаць, rеqeiescerе іn расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

— Дыега!

Дыега спыніўся каля ўвахода ў кляштар:

— Чаго?

— Я любіў цябе за чысціню твайго сумлення, як нікога на свеце.

— Чаму кажаш — любіў?

— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

— Што гэта азначае?

— Што?

— Сумленне.

— Будзь самім сабою.

— Толькі таго?

— Гэта ўсё.

— Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самім сабою, калі раблю адно, і застаюся самім сабою, калі раблю нешта зусім другое. Ці ў страху таксама ёсць сумленне?

— Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

— Ах, так! — сказаў Дыега. — Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу і так моцна, што, калі прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, ці гэта досвітак, ці ўжо змяркаецца. Нейкую хвіліну ляжаў нерухома ў тупой стоме, і, перш чым паспеў абудзіцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, і амаль адразу, у глыбокім сне вельмі востра і раптоўна ўсвядоміў, што не спіць і што не адзін у цэлі. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павінна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ і невядомую, неабходнасць на некалькі хвілін, каб сабрацца з думкамі. “Нельга мне баяцца”, — падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нібы толькі і чакаў позвы, — сэрца забілася хутчэй, халадок прабег па скронях і шчоках. “Не, не, толькі не гэта!” — сказаў ён уголас і паглядзеў.

Пасярод цэлі стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нібы ахопленыя водбліскамі вялізнага пажару. “Адкуль гэтае святло?” — падумаў ён. Яшчэ ніколі ён не бачыў яснасці, адначасова халоднай і мёртвай. Устаў.

— Вы прыйшлі, пане? — сказаў проста.

Сапраўды, калі ён і адчуваў у гэты момант здзіўленне, дык толькі з той прычыны, што зусім не здзівіўся.

— Як бачыш, — сказаў Тарквемада. — Я ж сказаў табе, што кожны чалавек — і пан і слуга свайго лёсу.

— Ты мне гэта казаў, пане? — здзівіўся Дыега. — Калі?

— Ужо не памятаеш?

Дыега пацёр лоб.

— Так, нешта прыгадваю. І таму ты прыйшоў? Не разумею цябе, пане? Ты — не я, і мой лёс — не твой.

— Ты так думаеш, сыне мой? Няўжо ты памыліўся, кажучы, што ведаеш мяне даўно?

— Не, пане, не памыліўся. Сапраўды ведаю цябе так даўно, як толькі хапае памяці.

— Ну і?..

— Але ты — не я. Калі я ўбачыў цябе першы раз, так, цяпер я ўсё прыпамінаю, менавіта таму мне здалося, што ведаю цябе даўно, што ты не быў мною. Ты — мая процілегласць, маё адмаўленне.

— Дапусцім. Аднак жа ці ты не ведаеш мяне, каго называеш сваёй процілегласцю і сваім адмаўленнем, дакладней і лепей, чым сябе самаго? Маўчыш? Значыцца, згаджаешся?

— О не, пане! Маўчанне не заўсёды азначае згоду. Я замоўк, бо не мог адмаўляць, што ведаю цябе добра.

— А сябе? Ці ведаеш сябе лепш, чым мяне? Ведаеш пра сябе ўсё?

— Хто ж ведае пра сябе ўсё?

— Дык, можа, ведаеш усё пра мяне?

Дыега завагаўся.

— Так, пане, — сказаў нарэшце цвёрда. — Пра цябе — усё.

І адразу зразумеў, што гэтае прызнанне размінулася з мэтай, прайшло міма старога.

— Дзе ж тады мяжа паміж табою і мною? — спытаўся Тарквемада. — Ці не ілюзія гэта, якую ты сам у сабе стварыў?

— Значыцца, усё-такі сам!

Тарквемада, здавалася, не заўважыў трыумфальнай інтанацыі ў голасе Дыега.

— Калі ты ведаеш мяне, а я — не ты, калі ты ведаеш мяне лепш, чым сябе, дык, можа, і ты — не ты ў такім сэнсе, як табе думаецца. Можа, тваёй натуры ўласціва перш за ўсё тое, што ты ведаеш дакладна і ўсебакова, а не тое, што сам расцэньваеш як няяснае і цьмянае.

— Што ж, па-твойму, азначае — быць самім сабою?

— Быць, — адказаў Дыега без вагання.

— А можа, ведаць? Ці можаш ты існаваць, дзякуючы несвядомасці, пазбаўляючы існаванне свядомасці? Што вырашае тваё прызначэнне: існаванне ці свядомасць?

— Ведаю, — усклікнуў Дыега, — ты хочаш забіць маю свядомасць.

Тарквемада ўсміхнуўся, нібы нешта разумеючы.

— Наадварот.

— Хочаш, каб яна была тваёй?

— Падсунь мне крэсла, сыне мой, — сказаў Тарквемада.

Дыега зрабіў гэта, пасля стаў перад ім.

— Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, — паўтарыў ён.

Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.

— Бог, сыне мой, — сказаў нарэшце, — асаблівай любоўю адарае палкія душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калі ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павінен думаць, якім мэтам служыць твая палкасць.

— А, дык усё-такі яна мая!

— Ці служыць царству божаму ці царству сатаны.

— Іначай, войча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.

Тарквемада падняў галаву, і позірк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.

— Памыляешся, бо нават самай смелай думкай ты не патрапіш асягнуць царства божае. Ты не бачыш і не разумееш яго. Думаў ты калі: можа, палкасць твая — выява волі божай, можа, абяртаецца супраць яе? Ці набліжае перамогу праўды, ці бунтуе супраць асноў праўды? Ці наша гэта, хрысціянская палкасць, ці чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не існуючы сама ў сабе, яна, у адарванні ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сілу як на дабро, так і на зло, адзін раз служыць праўдзе, а другі раз кіруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысціянін?

— Войча вялебны, калі б я не быў хрысціянінам, не кранала б мяне так віна маіх братоў.

— Ты сын царквы?

— Войча, калі б царква магла гучна і свабодна гаварыць вуснамі праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысціянскія краіны разнёсся б страшлівы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы... крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабілі з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсці там, дзе яна трымаецца толькі на хлусні, гвалце і прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесці...

— Горы, горы! — голас Тарквемады па-старэчы заскрыпеў. — Павярхоўна, сыне мой, разумееш навуку Хрыстовую. Ты яшчэ не прасякнуўся ўсёй глыбінёю праўды. Што ты ведаеш пра шляхі, якімі належыць весці люд да збавення? Што ты ведаеш пра павольнае, векавечнае збудаванне божага царства? Ты са сваім вопытам, меншым за жменьку пяску. Што ты бачыў, што перажыў?

— Многае, войча, бачыў. Бачыў самы жудасны гвалт, які чынілі з людзьмі, бачыў, як глуміцца годнасць чалавечая...

— А што ты ведаеш пра ажыццяўленне вучэння Хрыста? Што табе вядома са складанага ператварэння слоў у дзеянне? Ці ведаеш ты формы і памеры зла? Ці ведаеш ты абавязкі, якія садзейнічаюць упарадкаванню? А чалавек, натура чалавечая! Што ты ведаеш пра чалавека?

— Я сам чалавек.

— Які?

— Чалавек.

— У чалавечай форме і ератыкі і паганцы. Ці прызнаеш ты, што вучэнне царквы — адзіная праўда і няма, апроч яе, ніякай іншай праўды?

— Войча, я не адступнік.

— А праўда — ці не ёсць яна дабро?

— Дабро, войча. Найбольшае дабро.

— Калі ж праўда — гэта дабро, дык што такое скрыўленне праўды — ці не зло гэта? А зло, ці не трэба яго вынішчаць і ламаць? Ці мы павінны дазволіць, каб яно ўбіралася ў сілу? Не, мой сыне, не дастаткова толькі прызнаваць праўду. Праўду трэба абараняць ад усякіх яўных і замаскаваных падкопаў зла. Праўду трэба мацаваць штодзённа, кожную гадзіну і хвіліну.

“Адкуль гэта святло?” — зноў падумаў Дыега. І сказаў няўпэўнена:

— Войча, а калі мы абараняем праўду нягоднымі сродкамі, дык ці не агняздуецца зло ў самым сэрцы праўды?

— Што ты называеш нягоднымі сродкамі? Ужыванне сілы? Меч справядлівасці? Падумай, чым бы стала праўда, калі б не была здольная ўжываць сілу і калі б у яе руцэ не было зброі, якою можна забяспечыць права. Не, нічога ты не ведаеш пра натуру чалавека!

— Я ведаю, што людзі пакутуюць і мучацца звыш меры сваіх правінаў, а часта і без віны.

— Я таксама ведаю гэта.

— Ты?

— Святая інквізіцыя, мой сыне, дастаткова моцна апіраецца на зямлю і добра ведае, што на ёй робіцца. Але хто ж асмеліцца сцвярджаць, што царства божае можна збудаваць без пакут, крыўд і ахвяр? Чалавек, сыне мой, — істота ўшчэрбная, слабая, кволая. Лёгка паддаецца спакусам зла і вельмі часта не можа нават супрацьпаставіць гэтым сваім натуральным схільнасцям сваё ўсведамленне дабра. На жаль! Ніякаму чалавечаму пачуццю нельга цалкам даверыцца, нельга давяраць да канца ніякім думкам. Самыя лепшыя пачуцці могуць, як дым на ветры, мяняць свой кірунак. Думка чалавека можа сёння кленчыць, а заўтра кусаць.

— Войча, няўжо зло такое магутнае, такое шырокае?

— Небяспека зла, сыне мой, зусім не грунтуецца на яго моцы. Дзякуючы існаванню царквы зло аслаблена ў самім сваім зародку, разадрана супярэчнасцямі. Злачынствы пажыраюць сябе ўзаемна, а грахі і заганы змагаюцца самі з сабою, разам гніюць; ерась, адрываючыся ад праўды, курчыцца ў такіх самых канвульсіях. Не, зло не магутнае і не непераможнае! Гэта чалавек слабы, і дзякуючы яго пахібнасці, заганнасці і несвядомасці зло можа ўзнаўляць сваю сілу, набываць нечаканыя формы, часта замаскаваныя, вельмі жывучыя. Што мог бы зрабіць чалавек, аддадзены толькі сваёй сіле? Сыне мой, царства божае яшчэ не ўвайшло ў свядомасць людзей. Але ці ж азначае гэта, што чалавецтва не дасягне збавення? Не! Трэба вучыць людзей насуперак іх волі. Трэба гады ў гады фарміраваць свядомасць чалавека, знішчаючы ў ёй зло, якое затрымлівае прыход царства божага. Людзьмі трэба кіраваць, разумееш, мой сыне? Правіць! І гэта наша задача. На нас, на Святую інквізіцыю, ускладзены гэты вялікі гонар. Мы тыя, каго Бог паставіў у пешыя шэрагі сваіх войскаў. Мы — мозг і меч праўды, прынамсі, думка і дзеянне павінны быць адзіныя.

— Людзі пакутуюць, — ціха сказаў Дыега.

— Ведаю. Але ж не хто-небудзь, а менавіта мы хочам вызваліць іх ад гэтых пакут. Мы хочам, каб не было ніякіх пакут і супярэчнасцяў.

— Калі?

— Пытаешся — калі? Праз сто, праз дзвесце, можа, праз тысячу гадоў. Мудрасці павінна спадарожнічаць цярплівасць. Многа часу сплыве, пакуль чалавецтва, вызваленае ад абавязковага прымусу ўжо цяпер, самахоць і свядома, прыняўшы нашы прынцыпы і імкнучыся да выратавання, паўсюль прыме святло вечнай праўды, каб самому стаць вечнасцю.

Дыега закрыў твар далонямі.

— Войча мой, у галаве ў мяне месіва, чую сябе так, нібы ты скінуў мяне ў страшную прорву.

— Змагайся ў яе змроку, каб вывесці чалавецтва да поўнага святла.

— Што ж я магу табе, войча вялебны, сказаць? Я люблю людзей цяпер, сёння?

— Ніс еt nuns? Гэта добра. З любові нараджаецца літасць, а яна непазбежна ператвараецца ў пагарду.

Дыега ўздрыгнуў.

— Не!

— Калі б ты не любіў людзей сёння, не мог бы пагарджаць імі заўтра.

— Я не хачу пагарджаць людзьмі.

— А здолееш любіць істоты пахібныя і заганныя? Скажоныя падступнасцю, істоты вераломныя і здрадніцкія?

— Я магу іх зразумець. Магу дапамагаць ім.

— Дабру, а не злу трэба дапамагаць. А што з той любові? Ці не парушае яна раўнавагі душы? Ці не зацямняе яснасць распазнання, ці не нашэптвае парады прабачаць там, дзе патрэбна суровая безумоўнасць? За любоўю заўсёды павінен хадзіць яе цень — слабасць.

— Не! — закрычаў Дыега. — Каханне, любоў — сіла.

— Любоў — слабасць. Яна ж не толькі не ўзмацняе ў нас нянавісць да зла, а сваёй літасцю, якая не што іншае, як прызнанне людской нэндзы і згода на гэту нэндзу, вымушае нас, урэшце, скарыцца злу. Не, мой сыне, любові няма месца ў натуры праўды, якая змагаецца. Любячы праўду, не можаш ні кахаць, ні літавацца з таго, што супрацьпастаўляецца ёй. Што да праўды, дык тут няма непадазроных людзей. Усе пад падазрэннем. У кожным чалавеку можа пасяліцца зло, зло, якое ў пару не было спынена — і яно паглыбляецца, раз'ядае душу, і, нарэшце, толькі нейкі крок аддзяляе яе ад мяжы, за якою чалавек, заблудзіўшыся, робіцца небяспечным ворагам, носьбітам злачынных ератычных поглядаў. Кожны грэх, сыне мой, у сваёй завязі — грэх супраць праўды. А што такое любоў у параўнанні з гэтым велізарным скажэннем? Што такое душа, ахопленая любоўю, але заглушаная болем пакуты і змучаная літасцю?

— А пагарда? — шапнуў Дыега.

— Пагарда да слабасці і злачынства, яна адна дазваляе меркаваць і разважаць, яна адна вучыць, як адольваць слабасць і нішчыць злачыннасць.

— І таму вы хочаце прагнаць са свету любоў? Божа, адабралі ўжо ў людзей усё: годнасць, адвагу, чыстасць пачуццяў, свабоду...

— Чаму ты кажаш — вы? Ты ж хочаш таго самага, што і мы, толькі не знайшоў яшчэ нас у самім сабе.

— Вы ненавідзіце любоў.

— Памыляешся, зноў памыляешся. Калі хто любіць праўду і падпарадкоўвае ёй сваё жыццё, тады любоў павінна заставацца для яго пачуццём усёахопным і звышупарадкаваным у сваёй незямной дасканаласці.

— Незямной?

— Бо трыумфальная любоў узносіцца над намі, як зорка, як святло ў начы, і, асвятляючы бездарожжа, каб чалавек не заблудзіўся, паказвае сапраўдныя шляхі. Хто ж, аднак, спяшаючыся да мэты, нясе ў руках зорку або жывы агонь паходні? Жар асляпіў бы нас, спапяліў бы. Толькі водбліск любові нам служыць.

— Водбліск?

— Гэта і ёсць пагарда. Любоў дазваляе бачыць і ахоплівае вялікія мэты прадвызначэння, аднак жа мы можам выяўляць гэтыя высокія мэты не праз яе, а праз пагарду.

— Войча, я губляюся, не могучы паспець за тваімі думкамі. Ты кажаш — пагарда. А што такое пагарда?

— Зямныя рукі любові. І падумай цяпер, якія моцныя і дужыя, палкія і адважныя павінны быць гэтыя рукі, калі яны пераворваюць людскія душы і помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле і падрыхтаваць грунт пад пасеў і будучы плён.

— Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!

— Мы жывём дзеля яго.

— У чалавека толькі адно жыццё.

— Адно зямное і адно вечнае... Ці ж з гэтай непаўтаральнасці не вынікае наказ не кідаць сваім жыццём, сваімі думкамі і ўчынкамі ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае існаванне павінна атручваць другое, а грахі і злачынствы аднаго чалавека павінны класціся цяжарам на плечы іншых?

Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмі далёка, у глыбіні нязмерна мёртвага і халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвіліну Дыега прыслухоўваўся. Было ціха.

Спытаўся напаўголасу:

— Войча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Ці ж я ўжо не асуджаны?

Тарквемада ўстаў з крэсла.

— Так, гэта праўда, — сказаў амаль дзіцячым голасам. — Твой вырак зроблены.

Дыега схіліў галаву. “Нельга мне баяцца”, — падумаў.

— Ты сам сабе сказаў вырак.

— Я?

— Ці ж ты не адважны і не палкі?

— Я?

— Ты! І таму ты наш. Нічога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы ніколі не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збіраюцца, а часам і пралазяць у іх малыя і нікчэмныя, баязлівыя, людзі з карлікавай помслівасцю, ахопленыя прагай нажывы?

— Ведаеш і пагаджаешся?

— На жаль, мы мусілі пакуль што карыстацца і іх паслугамі, нават больш, мусілі цярпець іх нікчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы і нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблівае да Святой інквізіцыі самых высокіх і годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём ім вялікія маёнткі і грошы, але, як бы ні расла, як бы ні мацавалася свецкая ўлада — наша ўсё ж вышэйшая за іхнюю, і калі цалкам авалодае людскімі думкамі, ніхто, ніякая сіла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павінны быць канчатковымі і адзінымі, разумееш, сыне? Але, каб мы сталі такімі, трон нашай улады павінны трымаць на сваіх далонях людзі нязломныя, як сталь, палкія і пільныя, адважныя і бязмежна адданыя. Ты будзеш адзін з іх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму і прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзін з нямногіх людзей, якія нараджаюцца з імкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як біццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?

— Праўда, пра якую ты гаворыш, войча, таксама як прорва. Чаму гэта так?

Тарквемада маўчаў.

— Войча!

— Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многіх складаных з'яў свету, але адно павінен ведаць з усёй, на якую толькі здольны, пэўнасцю, што толькі поўнае паслушэнства павінна запоўніць усе помыслы і ўчынкі чалавека, які змагаецца за праўду. Калі хочаш служыць веры, ты павінен падпарадкоўвацца ўсім яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў і сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кіраўніцтва.

— Нават не разумеючы?

— Калі праўда абсалютна запоўніць твае думкі, твае жаданні і ўчынкі, калі ты і яна станеце адзінствам, тады зразумеецца многае.

— Зноў адпасылаеш, войча, да будучыні.

— А хто ты сёння без будучыні? Ад цябе залежыць, каб наблізіць яе.

— І тады?..

— Час, які ідзе, сыне мой, — як гара. Або па ёй узыходзіш на вяршыню, або коцішся ўніз.

— А калі дойдзеш да вяршыні?

— Не ведаю, — памаўчаўшы, сказаў Тарквемада. — Гэтага чалавек не можа ведаць. Гэта ведае толькі Бог.

Дыега зноў закрыў твар далонямі. Шчокі і скроні палалі, а рукі былі халодныя. У сабе ён таксама адчуваў холад.

— Чаго ж ты хочаш ад мяне, войча? Што я павінен зрабіць?

— Ведаеш, якая розніца паміж чалавекам адважным і баязліўцам?

Дыега адступіў на крок.

— Ведаеш?

— Ведаю, — адказаў ціха. — Але ведаю не сваімі думкамі. Гэта ўжо твае думкі, войча.

— Зноў вяртаешся да вонкавага размежавання: ты і я, а гэта ж думкі, у якіх праўда. Ты ўсё яшчэ баішся самога сябе? Ці падумаў ты, што адважны чалавек прымае паслушэнства добраахвотна, а баязлівец слухаецца са страху?

“Нельга мне баяцца”, — падумаў Дыега.

— Не павінна так быць, каб людзі мусілі баяцца, — сказаў.

— Наадварот, — усклікнуў Тарквемада, — чалавек у істоце гаротны, і яго страх не толькі патрэбны, але абавязковы, неабходны. Калі мы хочам панішчыць зло, мы павінны ўсюды яго выяўляць і адкрываць, каб яно, паказанае ва ўсёй сваёй брыдоце, абуджала агіду, а найперш страх. Вось гэта праўда ўлады! Калі б у нейкі дзень раптам не хапіла вінаватых, мы вымушаны былі б стварыць іх, бо яны ж нам патрэбныя, каб бесперастанна, у кожную хвіліну можна было публічна асуджаць і караць злачыннасць. Праўда, пакуль яна не пераможа канчаткова, не можа існаваць без свайго супраціўніка — фальшу. Непарушнасць нашай улады, сыне мой, залежыць перш за ўсё ад таго, каб страх — выключаючы жменьку дабравольна паслухмяных, — стаў паўсюдным, запоўніў усе сферы жыцця, усе найпатаемнейшыя яго шчыліны і куточкі, каб ніхто не мог уявіць сабе жыцця без страху. Жонка няхай не давярае мужу, бацькі хай баяцца сваіх дзяцей, жаніх — абранкі, высокапастаўленыя — падуладных, і ўсе яны разам — усёведнай, усюдыіснай, карнай справядлівасці Святой інквізіцыі. Мы павінны мець многа правоў і многа страху, разумееш, мой сыне?

Халодны бляск месяца асвятліў раптам цэлю, і ў гэтым незямным святле чорная постаць вялебнага айца Вялікага інквізітара як бы расла і раздавалася. Дыега, уражаны мёртвым святлом, заплюшчыў вочы.

— Войча! — крыкнуў з роспаччу. — Царства страху ці не ёсць царства сатаны?

І ў гэты момант, чуючы рэха свайго голасу, пачаў падаць у прорву.

Абудзіўся ўвесь у поце, сэрца пульсавала моцнымі ўдарамі. У цэлі быў змрок. У глыбіні гарэў аліўкавы каганец. Затое непадалёк ад ложка, заклаўшы рукі ў рукавы хабіты, стаяў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега паспешна падхапіўся і, хоць ледзь трымаўся на нагах, сілай прызвычаенасці схіліў галаву і скрыжаваў на грудзях рукі.

— Мір з табою, брат Дыега, — напаўголасу сказаў вялебны айцец. — Прынёс табе вялікую навіну.

Удалечыні азвалася сігнатурка сясцёр кармэлітак. Дыега не смеў выпрастацца.

— Думаю, — трохі ўзвысіў голас падрэ дэ ла Куэста, — ты нават не здагадваешся, якое вялікае шчасце выпала табе.

— Войча, — шапнуў Дыега.

Той з хвіліну маўчаў.

— Як твайму вярхоўніку дастойны і вялебны айцец Вялікі інквізітар, — сказаў нарэшце, — даручыў мне паведаміць табе, сыне, што ты закліканы на пасаду асабістага сакратара Вялікага інквізітара.

Дыега стаяў нерухомы. Не думаў зусім. Усё яшчэ адчуваў халодны пот на скронях і камяк у горле.

— Чакае цябе, мой сыне, вялікая будучыня, — сказаў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега толькі цяпер адважыўся паглядзець на яго. Прыёр стаяў за некалькі крокаў ад яго. Усміхаўся лагодна, а ў вачах у яго гарэла нянавісць.

Раптоўны спакой ахапіў Дыега.

 

Раздзел другі

 

Аўтар старой кронікі натуе, што Вялікі інквізітар, падрэ Томас Тарквемада, пакінуўшы Віла-Рэал, падаўся ў Таледа, а адтуль, у атачэнні яшчэ большага почату служак Святога афіцыума, скіраваў у каралеўства Арагон, у Сарагосу. Забавіўся там нейкі тыдзень, кіруючы следствам, што мела на мэце выкрыццё змовы, ахвярай якой стаў вялебны Пэдра д'Арбуэз, і, зрабіўшы ў гэтым больш, чым хто іншы, — паспяшаўся найкарацейшай дарогай у Валадолід, бо чакалася, што Іх Каралеўскія Мосці, кароль Фердынанд і святая каралева Ізабэла, меліся пад канец верасня пакінуць ваенны лагер пад Малагай і вярнуцца ў сталіцу.

Брат Дыега, пабраўшы ганаровыя абавязкі сакратара Вялікага інквізітара, быў з гэтага часу блізкі да асобы кіраўніка і ўдзельнічаў ва ўсіх нарадах, нават самасакрэтных, якія падрэ Тарквемада праводзіў у вузкім коле сваіх правовых дарадцаў, дактарамі донам Хуанам Гуціэрасам дэ Шабесам і донам Трыстанам дэ Медына. Так, апынуўшыся ў самым сэрцы найважнейшых дзяржаўных і рэлігійных падзей, брат Дыега хутка пачаў арыентавацца і разумець, што толькі праз сваё датыхчасовае адасабленне і праз несвядомасць ён бачыў у дзейнасці Святой інквізіцыі трыумф беззаконня. Не спатрэбілася шмат часу, каб ён зразумеў, што апынуўся не ў гушчы варожага хаосу, а наадварот: не абазнаны ў многіх складанасцях гэтага свету, ён стаяў цяпер перад зрубам новай законнасці, якую Святая інквізіцыя ўводзіла разважна і вельмі дальнабачна, і перш за ўсё абапіраючыся на самае дасканалае веданне сапсутасці людскіх душ і на клопат пра іх выратаванне.

Застаючыся ў ролі маўклівага сведкі, якому вялебны айцец даручыў толькі запісваць самае істотнае з вядзення судоў і рашэнняў тайных нарад, ён з вялікай увагай прыслухоўваўся да ўсяго, пра што там гаварылася, і, усё яшчэ шукаючы слядоў жахлівых гвалтаў, не сутыкнуўся з ніводным рашэннем, якое б супярэчыла закону або вынікала з бунтарскіх падступных намераў. Але, устаноўліваючы новы парадак, задумваўся, — адкуль браліся, як нараджаліся ўсе тыя статуты, што фармавалі гэты лад? Вырашаючы гэтае прынцыповае пытанне, брат Дыега пераканаўся, што кожны прыняты статут, без увагі на тое, ці ён вынікаў з традыцый, ці духу новых паняццяў, — лагічны і найперш адпавядаў патрэбам, вынікаў з падзеяў жыцця; у настойлівым імкненні да ўпарадкавання і пераацэнкі ў імя найвышэйшага боскага сэнсу законы так хутка і рашуча мяняліся і пераўтвараліся ў формуле кожнай літары, што беспамылкова і цалкам патраплялі апярэджваць усё тое, з чаго яны вынікалі і нараджаліся, робячы ўражанне, што яны, законы, насуперак сваім крыніцам самі ў сабе рабіліся абсалютам і ўжо хоць бы з гэтай прычыны былі абсалютам, неабходным для жыцця, хоць адначасова і непарыўна звязаным з асэнсаваннем яго прыроды.

Празрыстасць, а таксама агульны характар гэтых законаў, якія складалі прынцыпы існавання ў маналітную і ўсёвытлумачальную цэласць, абуджалі ў маладым браце подзіў і павагу, хоць вынікі дзеяння законаў па-ранейшаму, здавалася, супярэчылі рэфлексам яго сумлення. І таму ён адчуваў сябе ў гэты час асабліва самотным і быў разгублены і ўзрушаны. Ён намагаўся забыцца, не ўспамінаць мінулае, але і пра будучыню стараўся не думаць.

Аднак час не стаяў на месцы, і кожная гадзіна, насуперак таму, чаго ён хацеў, была даверху запоўнена мінулым і тымі рэчамі, якія ў сваіх разнастайных, але туманных формах насялялі мінулае. Зрэшты, заняты сваімі цяперашнімі абавязкамі, ён хутчэй меў дачыненне да чыстага механізму законаў, чым да іх дзеяння сярод людзей. Адзіныя ж хвіліны раўнавагі і ўнутранага спакою ён меў тады, калі, разважаючы над складанай структурай кіруючай улады, адказнай перад богам і народам, заставаўся сам-насам з адназначным сэнсам літар права.

Першыя весткі пра падзеі, якія пасля смерці вялебнага Пэдра д'Арбуэза разыграліся ў Сарагосе, дайшлі да каралеўскага двара яшчэ да прыезду Вялікага інквізітара ў Валадолід. Стала вядома, што змова, якая спачатку, паводле не вельмі дакладных і нават супярэчлівых у некаторых падрабязнасцях данясенняў, здавалася выбрыкамі некалькіх залішне экспансіўных і авантурных асоб, што такім дзіўным чынам пратэставалі супраць канфіскацыі маёнткаў Святой інквізіцыяй, на самай справе аказалася змовай, што пагражала бяспецы каралеўства і царквы. Адзін з забойцаў вялебнага д'Арбуэза, малады Відаль д'Уранса, думаючы, што прызнаннем уратуе жыццё (пазней яго коньмі вазілі па вуліцах Сарагосы, чвартавалі, а рэшткі цела выкінулі ў Эбра) — назваў шмат вядомых асобаў, якія былі ў прыязных стасунках з яго сеньёрам донам Хуанам дэ ла Абадыя. А ён, як зноў жа казалі пагудкі, у турме скончыў самагубствам. Некалькім іншым, абвінавачаным ва ўдзеле ў змове, і сярод іх слаўнаму рыцару дэ Санта Круз, удалося ўцячы ў Тулузу. Былі гэта, аднак, выпадкі адзінкавыя.

Рука Святога афіцыума дзейнічала хутка і спраўна. Пазбаўлялі волі не толькі тых, каго падазравалі ў змове, але і памагатараў уцекачоў. Вязьнілі ў турму таксама сем'і і родзічаў вінаватых, асабліва тых, чые бацькі або сыны паспелі ўцячы. І толькі цяпер стала шырока вядома, як многа знакамітых, славутых сеньёраў каралеўства Арагон, што карысталіся агульнай павагай і мелі высокія званні, былі сапсуты жыдоўскім паходжаннем. Сапраўднае аблічча гэтых людзей адкрылася ва ўсёй іх злачыннай і хітра замаскаванай аблудзе. У гэтай выключнай сітуацыі належала ўвесці новыя законы, і падрэ Тарквемада, дбаючы пра канчатковае выкараненне зла, неадкладна выдаў на патрэбы Святых трыбуналаў дэкрэт, які дзякуючы некалькім дзясяткам дакладна сфармуляваных параграфаў дазваляў беспамылкова выкрываць людзей, якія ўтойвалі свае сапраўдныя перакананні і паціхеньку вызнавалі жыдоўскую веру. Зрэшты, цень злачынных інтрыг і падкусаў упаў і на асоб lіmріеsа dе sаngrе, інакш кажучы, на тых, сведчанне чысціні крыві чыёй гаварыла за тое, што яны не мелі ніякіх жыдоўскіх ці маўрытанскіх дамешак. Падступны вораг здолеў глыбей, чым гэта мог хто-небудзь уявіць, уліць атруту ў людскія помыслы і душы. Як высока здолела сягнуць злачыннасць, сведчыў факт, многімі прызнаны малаверагодным, але ў святле прыведзеных Святым трыбуналам доказаў — дакладны, што ў арагонскай змове быў замяшаны, між іншым, нават адзін каралеўскі сямейнік, сястранец караля Фердынанда, малады гідальга дон Хаім, сын каралевы Элеаноры.

І ўсё-такі, нягледзячы на такія трывожныя маральныя спусташэнні, непераможнае свяціла каталіцкай веры вышэй чым калі-небудзь узнеслася менавіта ў тыя дні над бруднымі адкідамі ератыцкіх злачынстваў. Браты дамініканцы, прамаўляючы да прававерных з амбонаў, пераканаўча павучалі люд, што ў забойстве, учыненым на асобе святога слугі Бога, лёгка распазнаць мудрае дзеянне божай абачлівасці, бо, калі б гэтай збродні не зрабілі, ворагі веры не былі б выкрытыя і, карыстаючыся свабодай і належнымі прывілеямі, колькі ж яшчэ агідных злачынстваў маглі б учыніць беспакарана, колькі ліха маглі б пасеяць у душах людзей!

Словы псальмы, напісаныя на гербах і на пурпуровых пратэсах і харугвах Святой інквізіцыі, “Ехurgе Dоmіnе еt іudіса саusаm Тuаm” ззялі ў сувязі з апошнімі падзеямі асаблівым бляскам. Бо і сапраўды, сам Бог сышоў, каб змагацца за сваю справу.

У некаторых гарадах каралеўства, у Севіллі, у Хаэне і ў Куэнцы, якія ўжо па некалькі гадоў мелі свае інквізіцыйныя трыбуналы, прыспешылі ўрачыстыя аўтадафэ, — і працэсіі асуджаных, убраных у ганебныя высокія каптуры і жоўтыя замары, у санбеніта і карозы, з камянямі і ланцугамі на шыі, з мёртвымі зялёнымі свечкамі ў руках, рушылі пад званы ўсіх цэркваў на пляцы пакарання — квамадэра — раней, чым гэта было прадугледжана. Палалі вогнішчы, жалезныя ланцугі душылі ератыкоў, якія пакаяліся ў апошнюю хвіліну, сотні меншых грэшнікаў выслалі на галеры, а апусцелыя турмы хутка запоўнілі новымі вінаватымі. З жадання дапамагчы зблуджаным у цэрквах абвяшчалі святочныя дні і пасля зачытання з амбонаў актаў веры заклікалі ўсіх парафіян, каб яны, калі вінаватыя або ведаюць што-небудзь пра віну іншых, самі на працягу трыццаці дзён абвінавацілі сябе перад адпаведным трыбуналам. Адны рабілі гэта, другія падалі ахвярамі першых, і ўжо ніхто не быў пэўны за сваё жыццё, гонар і маёмасць. Нават нябожчыкаў даставала карная правіца святых трыбуналаў, і, калі ў выніку чыйго-небудзь даносу імя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалі з асвянцонай зямлі і палілі іn effigiе на вогнішчы, родзічаў нябожчыка пазбаўлялі маёмасці, годнасці і ўсіх прывілеяў. Так расла ў народзе пабожнасць, і шырэў яе верны цень — страх.

Тым часам сталіца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялікага інквізітара. Меркавалася, што згодна з даўнім звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзіць гарадскія і духоўныя ўлады пра набліжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла інакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолід зусім неспадзявана, без папярэджання, прынамсі, на дзень раней, чым яго чакалі ў горадзе.

Уехаў ён у горад са сваёй світай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капітану фамільянтаў, дону Карласу дэ Сігуру, некалькі заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлі пры храме Санта Марыя ла Анцігуа, дзе, бываючы ў сталіцы, прывык спыняцца.

Зацішны кляштар за некалькі гадзін ператварыўся ў ваенны лагер. Пасярод дзядзінца, пад начным небам, разбілі бівакі фамільянты Святога афіцыума. Ля муроў паставілі ўзброеную варту. Нікому нельга было пакідаць кляштар, уваход у яго таксама быў сурова забаронены, і з той часткі старажытнага будынка, дзе пасяліўся падрэ Тарквемада, паспешна выбраліся браты, а іх цэлі занялі вышэйшыя рангам фамільянты. Гарадскім дастойнікам і спецыяльным пасланцам Двара, якія яшчэ начной парой пачалі сцякацца ў Санта Марыя ла Анцігуа, казалі каля кляштарнай брамы, што Вялікі інквізітар доўжыць час у модлах, замкнуўшыся ў цэлі, і як сёння, так і заўтра нікога прыняць не зможа. Сапраўды, вялебны айцец некалькі дзён не пакідаў цэлі, і адзінымі асобамі, якія мелі да яго доступ, былі брат Дыега і малады дон Радрыга дэ Кастра, які якраз у той час і пры вельмі драматычных акалічнасцях быў прызначаны капітанам ахоўнікаў Вялікага інквізітара.

Брат Дыега не клаўся ў гэтую першую ноч. З запалам навіцыя, а таксама з супярэчлівымі пачуццямі чалавека, які спасцігае вышэйшую ступень далучэння да таямніц, выконваў даручэнні і асабіста сачыў, ці дакладна ўсё зроблена, і, страшна гэтым стомлены — санлівасць і змора ледзь не валілі яго з ног, — у працэсе выканання гэтых важных наказаў заўважыў раптам, што ўсе навокал, нават састарэлы кляштарны прыёр, ставяцца да яго з найвялікшай пашанай і з нейкім страхам. Дыега адразу зразумеў, што ў гэтую вельмі доўгую, бясконцую ноч ён стаў нечакана для самога сябе жывым увасабленнем волі наймагутнейшага чалавека каралеўства. Гэта было яму новае і такое неадпаведнае. Ён адчуваў сваё цела, чуў свой голас, усведамляў свае рухі, але часам, калі, абыходзячы варту, спыняўся ў цемры пад велізарным і нерухомым небам, пад халоднымі зоркамі, неяк раптам сціралася ў ім усведамленне самога сябе, і адразу яго напаўняла балюча ўразлівае пачуццё, што ён збірае ў сваім сэрцы водбліск сілы, якая проста не ўмяшчаецца ў ім, але вартая бязмежнага замілавання, захаплення і поўнай адданасці ёй.

Ён нёс у сабе гэтае ўзвышанае, сканцэнтраванае ў сэрцы прасвятленне, калі ў пустым змрочышчы малога кляштарнага дзядзінца натыкнуўся на капітана фамільянтаў Святога афіцыума сеньёра дона Карласа дэ Сігуру. Была яшчэ ноч і цішыня. З-пад нізкіх аркадак чуліся крокі варты.

— Чаму не спіце, сеньёр? — спытаўся з лагодным дакорам. — Хутка развіднее. Даволі, што я не сплю.

Сеньёр дэ Сігура маўчаў. Ён быў худы і кашчавы, з цёмным маршчыністым тварам. Слава ваенных подзвігаў і хрысціянскіх цнот ужо колькі гадоў апраменьвала імя гэтага чалавека.

— Вам трэба адпачыць, сеньёр, — сказаў брат Дыега. — Як я мог пераканацца, вы вельмі дакладна выканалі ўсе даручэнні вялебнага айца. Можаце спаць спакойна. Я загадаю разбудзіць вас, калі зойдзе якая патрэба.

Стары рыцар, які ўвесь час маўчаў, хвіліну прыглядаўся да брата Дыега, пасля адвярнуўся і павольна, неяк унурыўшыся, адышоў у глыбіню дзядзінца.

На досвітку брат Дыега ўзяў з рук кляштарнага служкі сняданак вялебнага айца і асабіста занёс у цэлю.

Падрэ Тарквемада ляжаў на вузкім ложку, ён не спаў, ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Брат Дыега паставіў на стол цынкавы паўмісак з хлебам і сырам, кубак і два збаны, адзін з вадой, другі з віном.

— Прынёс вам мацунку, вялебны войча, — сказаў напаўголасу.

Пасля, думаючы, што вялебны айцец хоча застацца адзін, хацеў ціхенька выйсці з цэлі. Тады той сказаў:

— Пабудзь!

Брат Дыега схіліў галаву.

— Добра, войча.

— Падыдзі.

Падышоў.

— Што кажуць?

— Хто, войча?

— Людзі.

— Прыязджаў маршалак з двара Іх Каралеўскіх Мосцяў...

Тарквемада нецярпліва махнуў рукою.

— Не пра тое пытаюся. Што кажуць людзі? Мае служкі, браты.

— Выконваюць твае загады, войча.

Тарквемада абаперся на локаць. Твар у яго быў вельмі знуджаны, шэры, як пасля бяссоннай начы, але ў паглядзе цёмных, глыбока запалых вачэй адчувалася напружаная энергія.

— І ўсё?

— Войча вялебны, — сказаў брат Дыега ясным юначым голасам, — я асабіста правяраў і сачыў, каб усе твае загады былі выкананыя. Я стараўся паспець усюды.

— Ніхто з маіх служак, ніхто з тутэйшых братоў не выказваў нічога непатрэбнага.

— Войча вялебны, я ўвесь час быў непадалеку ад ахоўнікаў, часта нават яны мяне не заўважалі, але я не чуў, аднак, каб чые-небудзь вусны вымавілі што, не вартае хрысціяніна.

— Мяцежным намерам, — сказаў Тарквемада так, нібы разважаў уголас, — не заўсёды патрэбны словы.

Брат Дыега завагаўся, пасля смела паглядзеў Вялікаму інквізітару ў вочы.

— Бачу, што маеш яшчэ нешта сказаць мне.

— Так, войча.

— Кажы.

— Прабач, войча, можа, я памыляюся. Што праўда, я не чуў слоў, вартых асуджэння, але ўтоіў бы занадта многа, калі б не сказаў, што, як на мой толк, ёсць, на жаль, чалавек у тваім атачэнні, які будзіць ува мне непакой.

Тарквемада маўчаў, але брат Дыега без замяшання вытрымаў яго позірк.

— Ці ведаеш, сыне мой, — сказаў нарэшце вялебны айцец, — што пільнасць вымагае, каб кожнае абвінавачанне было праверана і пацверджана.

— Ведаю, войча.

— Нішто не можа быць занядбана і абыдзена ўвагай, і калі ў кім-небудзь нараджаецца хоць цень падазрэння да другога чалавека, ён павінен разумець, што, яшчэ не даказаўшы віны, ён стварае ўражанне верагоднасці яе існавання.

— Ведаю, войча.

— Абдумаў сваё абвінавачанне?

— Так, войча, вельмі добра абдумаў.

— Ну і?..

— Думаю пра капітана тваіх служак, войча.

Тарквемада, здавалася, не здзівіўся, толькі паблажліва ўсміхнуўся.

— Высока забіраеш, сыне мой. У сеньёра дэ Сігура слава беззаганнага хрысціяніна і рыцара.

— Ведаю, войча. Аднак мне здаецца, што ён чалавек, які занадта замыкаецца ў сваіх думках.

— І гэта ўсё, чым можаш папракнуць яго?

Брат Дыега маўчаў. Тады Тарквемада ўстаў і паклаў далонь на яго плячо.

— Чалавек — істота, якая ўмее думаць, мой сыне.

— Так, войча. Таму я і не кідаю сеньёру дэ Карласу папроку за тое, што ён думае, але я пабаяўся б яму даверыцца.

— Чаму ж?

— Ён робіць уражанне, нібы спрабуе схаваць свае думкі.

“Божа, — тут жа падумаў ён, — ты ведаеш мае намеры, ведаеш — тое, што я раблю, не раблю з нелюбові”.

— Чым цябе абразіў сеньёр дэ Сігура? — спытаўся Тарквемада.

Румянец заліў твар Дыега.

— Чым абразіў мяне, войча? О, войча, нават выказваючы мне маўклівую пагарду, як сеньёр дэ Сігура мог бы мяне абразіць, калі я па тваім загадзе быў больш чым самім сабой.

Падрэ Тарквемада нічога не адказаў. Ён падышоў да акна і заклаў далоні ў рукавы хабіты.

— Вам трэба паснедаць, вялебны войча, — ціха сказаў Дыега. — Вы ж нічога не елі з учарашняга полудня.

“Божа, — думаў Тарквемада, — ці ж дазволена мне забываць, што я не маю права рабіць нічога такога, што магло б паставіць пад сумненне чыстыя намеры гэтага хлопца? Ці ж ёсць што важнейшае за ўцверджанне маладой веры? А перад абліччам зла, якое можа ўзнікаць усюды, ці не лепей дапусціць памылку ў адносінах да аднаго чалавека, чым хоць на хвіліну блізарука прагледзець магчымасць зла? Як жа можа, зрэшты, існаваць віна без абвінаваўцы? Толькі праз праўду, якая адзіная, мы можам распазнаць зганьбаванне праўды. Але хто ж тады стварае віну? Абвінаваўца? Калі ён, то ў што трэба спачатку паверыць: у абвінавачанне ці ў факты, якія без абвінавачання яшчэ не могуць мець адзнакаў пахібы?”

— Сыне мой, — сказаў.

— Так, войча.

— Думаю, ты зразумеў, што я хацеў сказаць, кажучы, што кожнае абвінавачанне патрабуе пацверджання і праверкі?

— Так, войча.

— Ідзі і пашукай сеньёра дона Карласа. Скажы, каб яго разбудзілі, калі ён спіць. Скажы, што я хачу бачыць яго.

Брат зрабіў рух, нібы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нічога, выйшаў.

Світала спакваля, нізкія хмары завалаклі неба і дапаўнялі цемру ночы. У глыбіні змроку білі ранішнія званы гарадскіх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцігуа, стаяла цішыня.

Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся і падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабіты скапулір, адчыніў яго і тое, што было ў ім, высыпаў у збан з віном.

Калі неўзабаве сеньёр дэ Сігура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у цэлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка і маліўся. Стары рыцар перахрысціўся кароткім салдацкім рухам і, адышоўшы да сцяны, моўчкі чакаў, пакуль Вялікі інквізітар закончыць малітву. Праз хвіліну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмі бледны, запытальна паглядзеў на яго.

— Застанься, — сказаў вялебны айцец.

Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.

— Мір з табою, шаноўны капітане.

Той з павагай схіліў галаву.

— І з табой, вялебны войча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелі бачыць мяне. Маеце якія даручэнні?

— Ніякіх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.

Ён падсунуў да акна крэсла і сеў так, каб твар быў у святле.

— Апошнім часам я многа думаў, — пачаў ціха і глыбакамысна, нібы гаворачы да самога сябе. — Думаў таксама і пра тое, што вы сказалі мне некалькі дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.

Збарознены цёмнымі маршчынамі твар сеньёра дэ Сігуры засвяціўся амаль маладым запалам.

— Памятаю, вялебны войча. І настойваю, каб вы дазволілі нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам і ўвагай сачыць за вашай асабістай бяспекай. Ворагі...

— Так ненавідзяць мяне?

— Войча вялебны, нянавісць ворагаў...

— Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сілу нянавісцю нашых ворагаў.

— Як жа ворагам не ненавідзець цябе? Тваё жыццё, вялебны войча...

— Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маіх абавязкаў менавіта мне даручана асобая місія ўсю моц свайго розуму прысвяціць будове падмурка пад справу Святой інквізіцыі. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, — справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысціянскім свеце, і можна смела і не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавіта мы тут, у нашым каралеўстве, — адзіны і найбольшай важнасці ўзор веры, і мы перадаём усім астатнім каталіцкім народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлі і якімі метадамі ламаць супраціўленне ворагаў.

— Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, — сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сігура.

Падрэ Тарквемада падняў абедзве далоні.

— За гэта і я малюся. Таму і ахвотна, сыне мой, уважаю тваім турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць ніякіх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.

— Войча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне і маім салдатам. Дазволь мне, аднак, войча, сказаць — мне было б спакайней на сэрцы і мой рыцарскі гонар быў бы больш угрунтаваны, калі б усякія распараджэнні, асабліва тыя, якія адрозніваюцца ад ранейшых, я атрымліваў з тваіх, войча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, войча, што я кажу пра гэта. У мяне няма ніякіх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзіўлены яго суровасцю, я падумаў: “Божа вялікі, калі тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекі, то дзе яна ёсць?”

— Нідзе! — цвёрда сказаў Тарквемада. — Вялебны айцец д'Арбуэз ці ж не загінуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?

Стары рыцар схіліў галаву.

— Я толькі салдат, і часам мне цяжка ахапіць розумам памеры падступніцтва. Калі ты, войча, сярод сваіх служак і я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.

— Думаеш, што сярод нас не можа завесціся вораг? Ёсць такія, якіх не пераможаш мячом. Паглядзі хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, ці не схаваны ў ім вораг?

Сеньёр дэ Сігура пабялеў. Падняў руку да лоба і змучаным рухам правёў па ім далоняй. Ціха спытаўся:

— Ты так думаеш, вялебны войча?

На гэта Тарквемада адказаў:

— Толькі тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калі будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеянні. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць саміх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек пабожны, які вельмі добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.

— Ці думаеш, войча, што гэта павінен быць мой абавязак?

— Не, мой сыне, — адказаў Тарквемада. — Ты надта блізка стаіш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калі зробіш гэта адзін раз, сёння. І хай гэта будзе сімвалічным актам тваёй годнасці і адданасці.

— Войча мой! — сказаў сеньёр дэ Сігура трохі збянтэжана.

Падрэ Тарквемада ўзняў павекі, яго вочы былі поўныя заклапочанасці і знуджанага смутку.

— Сёння ноччу я спавядаўся і яшчэ не паспеў разгавецца.

Вялебны айцец падняў руку і ўчыніў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.

— Адпускаю грахі твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабіць, робіш у сапраўднай веры і на яе ўмацаванне.

— Хай Бог убароніць цябе для нас на доўгія гады, мой войча, — сказаў сеньёр дэ Сігура.

Пасля падышоў да стала і рухам чалавека, які не надае вялікага значэння ежы, узяў сыру, наліў у кубак віна. Выпіў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставіў кубак і, калі рука яго пацягнулася па хлеб — збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла і з застылым у апечанай гартані глухім крыкам захістаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог і грымнуўся ўсім целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сігура ніцма паваліўся на каменную падлогу.

— Божа! — крыкнуў з цёмнага кута цэлі брат Дыега.

Настала цішыня. Праз хвіліну падрэ Тарквемада сказаў:

— Сыне мой.

Брат Дыега, сагнуўшыся каля сцяны, закрыў твар рукамі.

— Сыне мой, — паўтарыў вялебны айцец, — здарылася страшнае, але гэты чалавек ужо стаіць перад вышэйшым судом, і толькі адзін Бог ведае ў гэтую хвіліну адказ на пытанне: злачынца гэта ці няшчасная ахвяра злачынства? Будзем прасіць Бога, каб і мы зведалі гэтую праўду.

Брат Дыега дрыжаў, твар яго пашарэў. Дыега прыпаў да кален Вялікага інквізітара.

— Войча мой, малю цябе, дазволь мне вярнуцца ў свой кляштар. Прызнаюся, уражаная рэўнасцю любоў мая змусіла мяне данесці на гэтага чалавека, але адкуль я мог ведаць, што маё абвінавачанне сягае аж так далёка? Занадта высока, войча, узнёс ты мяне. Мяне палохае мізэрнасць людской натуры. Дазволь мне быць сабою, войча. Я малы чалавек, які толькі ў цішы і ў спакоі здолее служыць Богу.

Падрэ Тарквемада ўсклаў далонь на яго галаву.

— Што такое цішыня і спакой?

— Не ведаю, войча. Ведаю толькі, што мяне палохае веліч страшнага зла.

— І ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?

— Войча, ты найлепш ведаеш — тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькі дробная часцінка ўсёй праўды.

— І яе ты так баішся?

— Завысока хочаш мяне, войча, узнесці.

— Праўды пра натуру людскую баішся?

— Войча мой!

— Няўжо табою кіруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш і ўразумееш і ахопіш людскія злачынствы?

Брат Дыега пакутліва паглядзеў на яго.

— Маеш рацыю, войча. Сваёй нянавісці і пагарды да ўсяго я не баюся.

— Няпраўда!

— Так, мой войча.

— Ілжэш або баязліва хочаш падмануць самаго сябе. Не, не пагарды і нянавісці ты баішся, а любові.

— Любові?

— А што ж тады пагарда і нянавісць да зла? Ці ж не ўзброеныя гэта рукі любові да дабра?

— Войча мой, але ж не крыніца, а рака, якая з крыніцы чэрпае сваю сілу, бывае страшная і грозная.

— Зноў памыляешся. І як наіўна! Рэкі сапраўды бываюць грозныя і шмат спусташэнняў могуць учыніць, але не праз свае крыніцы, а таму, што іх мацуюць дажджы і горны снег.

— А думкам і пачуццям, якія плывуць і вынікаюць з любові, войча, ці ж не пагражае таксама ўварванне рэчаў, варожых іх натуры? Якую я магу мець упэўненасць, што я з маёй любоўю да дабра ўбаранюся ад учынкаў, якія супраціўныя гэтаму? Ці ж я магу прадбачыць, куды завядзе мяне мая нянавісць і пагарда.

— Увогуле, ты можаш гэта прадбачыць. Яны завядуць цябе не далей і не глыбей, чым твая любоў. Яна будзе маналітная і магутная, такая будзе і твая нянавісць да грэху. А пойдзеш на слабую, на хісткую любоў, такімі ж будуць і твае пачуцці нянавісці і пагарды. На жаль, мой сыне, ты баішся вялікай любові. Сілы яе баішся, уздзеяння яе, а больш за ўсё яе неабвержных, настойлівых вымаганняў. Хочаш уцячы ад любові. Ну і ўцякай. Вяртайся ў свой кляштар. Не буду цябе трымаць.

— Памыліўся ты ўва мне, войча, — шапнуў Дыега.

Тарквемада зноў крануўся рукою яго схіленай галавы.

— Паглядзі мне ў вочы.

— Так, войча.

— Баюся я, мой сыне, што тое, што я, можа, і памылкова мяркуючы, мог бы сказаць табе цяпер, некалі беспамылкова скажа табе Бог.

Вочы Дыега заслала слязьмі.

— Войча мой, не ў магутнасці любові сумняваюся, а ў сваёй сіле.

— Наіўны, дурненькі! А ў чым бы ты сумняваўся, калі б глядзеў цяпер на маё пахаладзелае цела?

Дыега задрыжаў.

— Войча, і мае намеры не былі чыстыя.

— А іх вынікі? Чаму не мерыш свае намеры вынікамі? Думаеш, факты — гэта нешта менш надзейнае за твае выпакутаваныя думкі? Сапраўды, і я табе гэта кажу, толькі з вялікай любові можа нарадзіцца такі раптоўны бляск чуйнай гатоўнасці, які табе быў дадзены.

Слёзы цяклі па шчоках Дыега.

— Войча мой, няўжо гэта сапраўды была любоў?

Тарквемада нахіліўся над Дыегам, які ўсё яшчэ кленчыў.

— Сыне мой, дзіця маё... хрысціянскай любові ў табе больш, чым ты думаеш.

— Чаму ж тады я сумняваўся ў сабе?

— Ты сумняваўся ў праўдзе.

— Войча, клянуся, мая вера...

— Любоў і праўда не адно і тое?

— Тое, войча.

— Тады думай да канца. Засумняваўся ў сваёй сіле? А што крыніца яе? Любоў, якая служыць праўдзе і адназначная з ёю. Як жа, верачы ў праўду, ты, яе носьбіт, можаш сумнявацца ў сабе? Ці ж не яна — невычэрпная крыніца людское сілы? Толькі тады, калі чалавек пачынае сумнявацца ў ёй, прыходзіць і сумненне ў сабе?

Брат Дыега падняў галаву. Бледны, але вочы былі сухія.

— Я не хацеў, войча, свядома ілгаць.

— Я б не гаварыў з табою, мой сыне, калі б не ведаў гэтага.

— Памыляўся я, войча, але цяпер дзякуючы табе бачу ўсё ясна. Сапраўды, зло здавалася мне такім усёмагутным, што я на нейкую хвіліну перастаў чуць праўду, перастаў верыць у яе. Але скажы мне: чаму ты чытаеш мае думкі лепш, чым я сам?

— Сыне мой, — лагодна адказаў Тарквемада, — я служу праўдзе, толькі праўдзе і з яе чэрпаю сілу. Гэта ўсё.

Хвіліну панавала цішыня. Брат Дыега нахіліўся і гарачымі вуснамі прыпаў да далоні вялебнага айца, якая нерухома спачывала на білцы крэсла. Той павольна падняў правую руку і, творачы над пахіленай галавой знак дабраславення, сказаў:

— Еgо tе аbsоlvо. In nоmіnе Раtrіs, еt Fіlіі, еt Sріrіtus Sаnсtі, аmеn.

Адразу пасля гутаркі з Вялікім інквізітарам дон Радрыга дэ Кастра вярнуўся ў цэлю, дзе жыў з маладым донам Ларэнцам. Той, убачыўшы яго, сарваўся з ложка.

— Ну што? — спытаўся нецярпліва.

Дон Радрыга моўчкі падышоў да стала, узяў збан з віном і пачаў прагна піць.

Дон Ларэнца з трывогай углядаўся ў сябра.

— Што там, Радрыга?

— Нічога.

— Меў непрыемнасці?

Дон Радрыга з грукатам адставіў збан.

— Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мілы і, спадзяюся, такі і застанешся, але ты павінен ведаць, што з гэтай хвіліны я табе ўжо не Радрыга.

Ларэнца збянтэжыўся.

— Не разумею цябе. Як гэта?

— Я твой начальнік, ясна цяпер?

— Ты? О Радрыга...

У першым парыве радасці Ларэнца хацеў кінуцца абнімаць, але той суха яго асадзіў.

— Хвіліну назад вялебны айцец назначыў мяне капітанам сваіх служак. Пачакай, не перабівай. Гэта адно. І другое: ты яшчэ вельмі малады, Ларэнца, але павінен хутка засвоіць, што салдат не задае пытанняў, памятай гэта.

— Прабач, — шапнуў Ларэнца, — не ведаў...

— А цяпер ведай, — суха перабіў яго дон Радрыга. — Ідзі і маўчы.

Брат Дыега ўпусціў абодвух рыцараў у цэлю айца Тарквемады і моўчкі паказаў ім цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калі, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар і, з натугай прытрымліваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У цэлі быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, які кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.

Кляштарны калідор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цішы, і таму Радрыга і Ларэнца, нікім не заўважаныя, перанеслі цела сеньёра дэ Сігуры ў цэлю, якую той дагэтуль займаў, паклалі накрыты плашчом труп на ложак і вярнуліся да сябе.

Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпіліў на шыі скураны каптан і пацягнуўся да збанка з віном. Піў доўга і павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў і паглядзеў на Ларэнца, які стаяў побач.

— Чаго вырачыўся? — спытаўся неяк непрыязна.

Ларэнца маўчаў.

— Сядай, — загадаў дон Радрыга.

І пасунуў да яго віно.

— Пі.

Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруціў галавой.

— Пі, — паўтарыў капітан.

Ларэнца вагаўся, але ўсё-такі паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.

— Досыць, — сказаў раптам, — уп'ешся.

Ларэнца рэзка адставіў збанок і падхапіўся з услона.

— Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?

У яго тонкім ломкім голасе гучалі гнеў і шкадаванне. Дон Радрыга пагардліва ўсміхнуўся.

— Сядай.

— Што я зрабіў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.

— Пакінь дзяцініцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымі галаву.

— Дазволь мне пайсці, — шапнуў Ларэнца.

— Пасля.

Зноў узяў збан і выпіў віно да дна.

— Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблівую прывілею, спадзяюся, ты здолееш ацаніць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабіста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго і маё даручэнне.

Хвіліну стаяла цішыня.

— Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння раніцай зрабіў гэта, быў той чалавек.

— Радрыга, скажы...

— Ніякіх пытанняў, Ларэнца!

Ён адсунуў плячом стол і цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былі змучаныя і таксама чырвоныя.

— Ларэнца, свет наш — куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нічога не перажыў, нічога не ведаеш. Абернешся — убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нікчэмных пігмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялікі, які я быў дурань! Чалавек, які лічыў мяне сябрам і ў якім я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой інквізіцыі. Дзякуючы мне, разумееш? І я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабіў я правільна. Што такое повязі сяброўства і ўсе пачуцці ў параўнанні з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?

— Сказаў, — шапнуў Ларэнца.

— Ты малады, прыгожы, у тваіх вачах, як у люстэрку, адбіваецца чысціня тваёй душы, але ведай, што хоць і моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калі заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкі, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры і адданасці, я першы зраблю ўсё, каб знішчыць цябе, як нішчаць ворага. Сцеражыся мяне!

Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелі. Дон Радрыга паглядзеў на яго і голасна, нечакана звонка засмяяўся.

— Шчанюк, нават думак сваіх не ўмееш хаваць. Па вачах тваіх бачу, што падумаў. Ты падумаў: і ты мяне сцеражыся.

Ён яшчэ з хвіліну смяяўся, пасля раптам замоўк і кароткім рухам рукі загадаў:

— Ідзі, хачу пабыць адзін.

Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны і з цёмнымі вачыма, службіста выпрастаўся.

— Так, дастойны капітане, — сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.

Пасля беззаганна зрабіў устаўны паварот і выйшаў з цэлі, трошкі замоцна бразнуўшы дзвярыма.

Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзіну, у Санта Марыя ла Анцігуа прыехаў інквізітар Святога трыбунала ў Валадолідзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамініканец. На дзядзінцы госця вітаў прыёр Санта Марыі, ссівелы падрэ Аўгусцін д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падаліся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыі, які памятаў даўныя і слаўныя часы караля Альфонса VІ, госця чакалі капітан фамільянтаў і брат Дыега.

Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва — ён кульгаў на левую нагу, — увайшоў шпаркім крокам і, абыякава агледзеўшы строгі пакой, нецярпліва глянуў на прысутных.

— Даўно не быў у гэтых святых мурах, — сказаў да прыёра. — І вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклікаў мяне. Чаму так позна?

Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цяні якой стаяў.

— Дазволь, вялебны войча, даць табе тлумачэнні.

— Так, — коратка сказаў падрэ Галвез.

— Вялебны айцец сапраўды выклікаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамі асабіста, бо ўвесь свой час аддае малітвам і роздуму.

— Цяпер? — гнеўна здзівіўся падрэ Галвез. — Адкуль такое рашэнне? Што тут робіцца? Чаму вы прыехалі ў сталіцу ноччу, нікога не папярэдзіўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец ні з кім не хоча гаварыць?

— Прабач, вялебны войча, — спакойна адказаў пан дэ Кастра, — я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.

Падрэ Галвез хуткім паглядам акінуў постаць маладога рыцара.

— Хто вы?

— Капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара, — сказаў пан дэ Кастра.

Пасля, паказаўшы на Дыега, які стаяў непадалёк, сказаў:

— А прысутны тут брат Дыега — асабісты сакратар вялебнага айца.

Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.

— Віншую, мой сыне. У табе несумненна асаблівыя цноты і здольнасці, калі, такога маладога, паставіў цябе вялебны айцец так блізка ля сваёй асобы.

Брат Дыега схіліў галаву.

— Вялебны айцец наказаў таксама прывітаць вас і перадаць вам сваё дабраславенне. І разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымі абавязкамі вы павінны, і неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай і балеснай.

Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазіраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцістыя бровы. Раптам выпрастаўся.

— Сядзем, — сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.

І першы парывістым крокам пайшоў да стала, які стаяў у глыбіні рэфекторыя, і, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.

— Слухаю, — сказаў.

Брат Дыега, які сціпла сеў аподаль, устаў і амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў і залажыў далоні ў рукавы сутаны.

— Гэта ўсё? — спытаўся падрэ Галвез.

— Астатняе ў вашых руках, вялебны войча, — адказаў брат Дыега.

— Так, — згадзіўся той абыякава. — І што ж вы на гэта скажаце, войча Аўгусце?

Сівы прыёр не хаваў прыгнечанасці і заклапочанасці.

— Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, — сказаў дрыготкім голасам чалавека, зламанага няшчасцем.

— Бог? — здзівіўся падрэ Галвез. — Ужо ці не лічыш ты, войча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў віно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведаміць?

Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукі.

— Усё? — крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. — Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела самае жудаснае злачынства, рыхтавалі падступны і таемны ўдар, у самы мозг і сэрца, а ты нічога не ведаеш, нічога не бачыш, сляпы, глухі? На якім жывеш свеце? Толькі маліцца і ўмееш? З анёламі і са святымі толькі гавэнды разводзіш? Розум на старасці страціў? Далібог, калі б не твая ўсім вядомая святасць і пабожнасць, інакш бы з табой, войча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.

Стары прыёр не спрабаваў бараніцца. Унурыўшыся ў вялікім крэсле, пад градам абвінавачанняў ён усё ніжэй схіляў сівую галаву. І, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. “Вось якая яна, сіла страху”, — падумаў Дыега. І хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць і старасць, усё-такі зласліва ўсміхнуўся. І апамятаўся толькі тады, калі, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, які ў бляску сваёй залацістай зброі сядзеў па другі бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэліся і адразу разышліся. Брат Дыега апусціў павекі. “Божа! — падумаў, не вельмі разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклічам. Разгубіўшыся на хвіліну ад сваіх думак, адчуў, як яго перапоўнілі смутак і адначасова раптоўная салодкая туга. — Навошта? Дзеля чаго?” Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусціна, нахіліўся да Дыега, які, выведзены голасам айца інквізітара з задуменнасці, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.

— Ты сказаў, мой сыне, — сказаў падрэ Галвез, — што пан дэ Сігура пад выглядам адбытай споведзі спрабаваў спачатку адмовіцца каштаваць ежу вялебнага айца.

— Так было, вялебны войча, — пацвердзіў брат Дыега.

— Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькі я ведаю, вялікай славай хрысціянскага рыцара. Праўда ж?

— Праўда, войча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць і недаступнасць.

— Ён быў ганарысты?

— Думаю, што не ад вялікай сціпласці неахвотна выказваў перад людзьмі свае думкі.

— Як гэта разумець?

Дыега адчуў раптам, нібы ён апынуўся на краі прорвы.

— Войча вялебны, — сказаў, трохі падумаўшы, — мне здаецца, што я занадта малады і недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд віны і дзе пачынаецца сапраўдная віна.

Падрэ Галвез нецярпліва зварухнуўся.

— Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд віны? Гэта толькі наша хвіліннае і выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць віну. Ці існуе гэты “выгляд” як факт? Не існуе, гэта ясна. Лічыцца толькі віна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.

Брат Дыега пачырванеў ад сораму і прыніжэння. Як ён мог падумаць так наіўна! Толькі цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухіляцца ад выказвання сваіх думак, а ў тым, каб адгадваць думкі вышэйпастаўленых і згаджацца з імі.

— Войча вялебны, — сказаў ён, упершыню ў жыцці свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, — калі я ўжыў выраз “выгляд віны”, то толькі ў значэнні, якое ты гэтым словам надаеш.

— Род пана дэ Сігуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, — азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.

На гэта падрэ Галвез:

— На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мінулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск імя і роду павінны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавіта сярод іх так часта плодзяцца і пасвяцца самыя агідныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Ісуса Хрыста: “Дабраславёныя ўбогія духам” маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявіць абмежаваны розум чалавека. І царства божае настане на зямлі не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прастадушных.

Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лічыў, што яму варожая, неўласцівая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлівае пачуццё ятрылася ў ім цяпер. Ці ж ён не ведаў, як і дон Радрыга, што пан дэ Сігура паходзіў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапіў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволіў апярэдзіць сябе?

Паглядзеў на пана дэ Кастра і, убачыўшы яго малады твар, на якім быў поўны спакой і здысцыплінаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захліснула хваля зайздрасці.

Хвіліну панавала цішыня.

— Што ты збіраешся рабіць, вялебны войча? — ціха спытаўся стары прыёр.

— Зараз даведаешся, войча Аўгусце, — адказаў падрэ Галвез. — Не здаецца бо верагодным, каб у такім выпадку злачынца мог дзейнічаць адзін, найлепш было б выклікаць у Святы трыбунал усіх братоў.

Падрэ Аўгусцін падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялі слёзы.

— Божа вялікі, няўжо сапраўды хочаш зрабіць гэта?

Той паціснуў плячыма.

— Не, гэтым разам абыдуся. Святая інквізіцыя зусім не зацікаўленая, каб гэта старажытнае і вартае павагі месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, войча, слабасці, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькі вас, пане дэ Кастра, — павярнуўся да дона Радрыга, — абавяжам, каб вы неадкладна перадалі Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.

— Войча Крыстобаль, — усклікнуў падрэ Аўгусцін, — але ж ён яшчэ дзіця горкае.

Падрэ Галвез з'едліва ўсміхнуўся.

— Табе, войча Аўгусціне, усе людзі невінаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невінаватасці бяруцца злачынствы, ерась і грэх. А можа, іх і няма? Можа, ты прыйшоў да такіх святых перакананняў? Калі так, дык чаго непакоішся за гэтае хлапчо? Святы трыбунал больш, чым які-небудзь іншы зямны суд, шануе сапраўдную невінаватасць і, змагаючыся супраць зла, бароніць менавіта яе.

Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, і ўся нарада скончылася.

Ужо назаўтра выявілася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусціна за недальнабачнасць і вартую кары страту пільнасці. Шаснаццацігадовы Пабла Заратэ, які ўсяго толькі некалькі месяцаў адбываў навіцыят у Санта Марыя ла Анцігуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калі ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спыніў на дзядзінцы пан дэ Сігура, загадаў яму паставіць ежу і вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нібыта не вельмі чыстыя рукі. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гідра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якія яму наносяцца пастаянна. Выкрыты і вынішчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкі ў другім месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць і аслабіць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.

Побач з гэтымі выяўленымі акалічнасцямі правіна Пабла не здавалася асабліва цяжкай і хоць, калі лічыцца з вынікамі, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасці вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькі тое, што здарылася пасля, кінула цяжкі цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцілі да адбывання духоўнага навіцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказанні, гэта значыць, у час, калі ён найбольш павінен быў сумленна выказаць жаль і панесці належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсці па шляху веры, павесіўся ў цэлі, дзе быў увязнены, і гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцівага жыцця хрысціяніна ён выбірае ганьбу і вечнае асуджэнне.

Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцігуа раніцай, яшчэ да першай ранішняй імшы, якую ўжо колькі гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. І ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносіцай, але неяк так ужо недалужна, нібы сляпец, хадзіў каля алтара, а голас, нават калі ён чытаў ціха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкі неспакойны пошум, пасля залегла цішыня, і старэчаму мармытанню падрэ Аўгусціна адказвалі толькі самотныя арганы ў глыбіні храма. Немалое таксама здзіўленне ахапіла ўсіх, калі, блаславіўшы на заканчэнне ўсіх прысутных, падрэ Аўгусцін астаўся каля алтара і ціха, але вельмі выразна сказаў:

— А цяпер, браты, прачытаем “Войча наш” і “За здароўе Марыі” за чыстую і нявінную душу нашага малодшага брата Пабла.

Магільная цішыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца ні брат Дыега, які самотна стаяў з боку алтара, ані пан дэ Кастра, які ў сваёй залатой зброі стаяў крок наперадзе сваіх фамільянтаў.

Такая сіла была ў гэтых двух людзей, што ніхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.

Падрэ Аўгусцін з хвіліну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамі твар, і, нарэшце, адвярнуўся і, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў маліцца адзін. Брат Дыега і пан дэ Кастра першыя перахрысціліся і разам рушылі да дзвярэй рызніцы. За імі пачалі выходзіць служкі вялебнага айца, і храм напоўніўся цяжкім звонам даспехаў. Потым, ужо ў цішыні, адзін за адным, схіліўшы галовы і не гледзячы адзін на аднаго, выходзілі браты.

Айцец Аўгусцін застаўся адзін. Ён доўга маліўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккім сонечным бляскам асвятліў на вітражах сілуэты анёлаў і святых. Дагаралі ў кандэлябрах свечкі. З кляштарнага дзядзінца далятала адгалоссе змены варты.

Потым падрэ Аўгусцін узвёў вочы на велізарны крыж, які вісеў угары, і ўсклікнуў голасам, поўным роспачы:

— Госпадзе, ці доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?

Слёзы заслалі яму вочы, і ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытуліўся гарачай шчакой да яго далоні. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзіў густыя з дробнымі завіткамі валасы і пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсіска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзіцячае цела і, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкім ад узрушанасці голасам:

— Дзіцятка маё, маё беднае дзіцятка, не трэба траціць надзеі. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.

Гэта была апошняя імша, якую стары прыёр правіў у Санта Марыі. Ноччу з дазволу вышэйшых пакінуў кляштар і горад і адправіўся ў далёкую пустэльню Сан-Ініга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяціць сябе прыроджанай патрэбе малітвы і спакойна закончыць святое жыццё.

А на другі дзень сам айцец Вялікі інквізітар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыі ранішнюю імшу. Брат Дыега абвясціў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Ісуса паводле евангелля св. Мацвея: “Не прыйшоў я з мірам, а з мечам”.

Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калі не толькі перамогамі таруецца дарога праўды, — розныя невясёлыя весткі даходзілі ў сталіцу на схіле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. І вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскія войскі на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслі пры асадзе паганскай Малагі вялікія страты, а з Арагона губернатары даносілі пра хваляванні, калі пасля вядомых падзей у Сарагосе многія гарады захліснулі неспакой і смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў ніякімі самымі нікчэмнымі сродкамі, абы толькі падступна нашкодзіць каралеўству.

У Валенсіі, напрыклад, падбухтораная правакатарамі галота падпаліла палац Талавера, дзе была сядзіба Святога трыбунала, у Тэруэлі натоўп, падагрэты такім самым спосабам, закідаў каменнем і цэглай каля вежы Сан-Марцін атрад айца інквізітара, калі той у першую нядзелю снежня выправіўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былі ахвяры, і толькі дзякуючы таму, што на вуліцы былі выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухіліць пашырэнне хваляванняў і пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылі бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскіх пахолкаў і смердаў, якія пачалі былі збірацца непадалёк ад турмы Святога афіцыума, арыштавалі пры такой нагодзе і аддалі пад суд многа западозраных гараджан.

Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэнні, адразу пасланымі кур'ерамі загадаў правесці, не зважаючы на асобы, суровыя акцыі супраць усякіх ератыцкіх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асабліва на тэрыторыі Арагона, былі закліканы спецыяльным пасланнем айца Вялікага інквізітара да ўзмацнення пільнасці і да паглыблення метадаў расследавання. Такім чынам, вораг яшчэ раз пралічыўся і памыліўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабіць баявітасць царквы або выкапаць прорву паміж ёю і масамі вернікаў. Ніхто, акрамя злачынных ератыкоў і мізэрнай жменькі людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Іх Каралеўскім Мосцям і царкве і аднадушна асуджае ўсялякія спробы аслаблення яе адзінства.

Нягледзячы на гэта, як і бывае ў такіх акалічнасцях, весткі пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ ішлі з правінцый, і, хоць у самой сталіцы панаваў поўны спакой, — айцец інквізітар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалі ўжо даўно і вельмі грунтоўна на сярэдзіну студзеня наступнага года. Калі падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асабліва шанаваны людзьмі дзень святога Дамініка Сілоскага, прайшла з вялікім шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылі многія працэсы, што зацягнуліся на некалькі месяцаў, распачалі і шчасліва завяршылі да азначанага тэрміну шмат новых. Ва ўсіх кляштарах, асабліва ў дамініканцаў, гэтыя пачынанні суправаджаліся вячэрнімі набажэнствамі братоў, бо адзінства сыноў царквы здавалася ў тыя дні больш патрэбным, чым калі-небудзь. Зрэшты, як і спадзяваліся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваіх духоўных пастыраў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усіх гарадоў і замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолід. Святыя пілігрымы ішлі і з аддаленых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскіх гасподах і заезных дамах, і народ, нягледзячы на снежаньскія халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.

У сувязі з такім вялікім узрушэннем у хрысціянскім народзе абое Іх Каралеўскія Мосці, хоць і збіраліся падацца, устрывожаныя сітуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабіста айцом Вялікім інквізітарам, пастанавілі адкласці намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння і бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнікаў прымуць удзел у пакутніцкіх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсіяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якіх апошнім часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзіла да сямідзесяці з нечым. Адным і адзіным з іх, цела якога ў атачэнні іншых, якіх меліся паліць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвінавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сігура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесці больш справядлівы вырок, аднак менавіта гэты прысуд стаў на Каралеўскай інквізіцыйнай радзе прадметам самага бурнага абмену думкамі і спрэчак.

Каралеўская інквізіцыйная рада, якая была створана Іх Каралеўскімі Мосцямі з мэтай больш цеснай сувязі з тронам дзейнасці Святога афіцыума, збіралася за гэты час поўным складам даволі рэдка. Аднак цяпер, і, як здавалася, пад уплывам некалькіх свецкіх грандаў, кароль Фердынанд палічыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошніх падзей, і неадкладна. І вось у апошні дзень лістапада, на святога Андрэя, пасля імшы ў замкавай капліцы, тры царкоўныя дастойнікі на чале з айцом Вялікім інквізітарам, столькі ж знакамітых паноў каралеўства і два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афіцыума, пакінуўшы сваю світу ў пярэдніх пакоях, сабраліся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля і каралевы. Іх Каралеўскія Мосці не далі сябе доўга чакаць. З імі ішоў міністр, брат Франсіска Хіменэс, францысканец.

Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калі пасля некалькіх слоў караля Фердынанда, які прамаўляў, як звычайна, трошкі цяжкавата з прычыны задышкі, ад якое ён вельмі пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сідонія, маркіз Кадыкса. Усе добра ведалі, што, калі пяць гадоў назад першыя юдаісты пачалі пакідаць гарады і сёлы, падданыя Святому афіцыуму ў Севіллі, не хто іншы, як пан герцаг Медына Сідонія даваў ім на сваіх землях прытулак. Аднак даўнія гэта былі справы, і быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзіцца ад свайго мінулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю і поўнае сыноўняй павагі да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсці іншыя словы, якія б выказвалі хрысціянскія думкі лепш, чым тыя, якія са спакойнай развагай і годнасцю, пазбаўленай усякай пыхі, сказаў гэты нашчадак аднаго з найбольш знакамітых родаў каралеўства.

Абое Іх Каралеўскія Мосці слухалі яго з выразна зычлівай увагай, усе астатнія паны, асабліва стары герцаг Карнэха, здавалася, былі ў захапленні ад розуму самага малодшага з іх. Сярод гэтай агульнай пацехі толькі айцы інквізітары і пан кардынал дэ Мендоза, арцыбіскуп Таледа, захоўвалі чакальную стрыманасць. І сапраўды, даверыўшыся дасведчанасці вопыту і развазе, яны слушна не далі сабе паддацца заўчаснай радасці, бо неўзабаве пан Медына Сідонія раскрыў сваё сапраўднае аблічча.

— На жаль, — сказаў ён пасля хвіліны маўчання, — я спахібіў бы і павагай гэтага сходу, і перш за ўсё праўдай, калі б не прызнаў, што, сузіраючы многія справы, якія чыняцца сёння ў каралеўстве, апроч пачуццяў радасці і гонару, я перажываю, ды напэўна і не я адзін, заклапочанасць і  ўразлівую трывогу.

У зале залегла ціша. Падрэ Галвез закруціўся ў сваім крэсле, а падрэ Тарквемада падняў галаву і праніклівым позіркам акінуў маладога герцага. А той звярнуўся проста да яго.

— Бачу па вашых вачах, вялебны войча, што хацелі б запытацца, якая гэта заклапочанасць трывожыць мяне?

На гэта падрэ Тарквемада адказаў:

— Сапраўды, вы не памыліліся, годны пане. Перад абліччам усеагульнага памнажэння розных злачынстваў супраць веры кожны хрысціянін павінен адчуваць глыбокую трывогу. Ці не пра гэтую заклапочанасць вы кажаце?

— Наогул і пра яе, але і не толькі. Найяснейшы кароль, найяснейшая каралева! Я цаню суровасць, з якою Святыя трыбуналы выкрываюць і караюць ератыкоў, апасаюся, аднак, што калі гэтая суровасць пачне закранаць найпершых паноў каралеўства, няславай пакрываючы людзей, якія ад нараджэння пастаўлены вышэй за тлум сваёй годнасцю і маёмасцю, тады з гэтага можа вынікнуць для нас болей шкоды, чым карысці. Гэта заклапочанасць якраз, вялебныя айцы, і трывожыць мяне.

Герцаг Карнэха ўсклікнуў:

— Што вы здабудзеце, выдаючы плебеям на ганьбу і прыніжэнне сыноў знакамітых родаў? Што вы нарабілі ў Арагоне? Ці ж не мы — той трывалы падмурак, на якім вы павінны трымацца?

Вялікі і станісты пан маркіз дэ Вілена, забыўшыся пра шацунак да Іх Каралеўскіх Мосцяў, стукнуў кулаком па білцы крэсла.

— Альбо вы сляпыя, айцы, альбо шалёныя? На каго замахваецеся? Калі і далей пойдзеце гэтай дарогай, можа, і мяне паставіце перад сваім трыбуналам?

Зноў запанавала цішыня. Першы азваўся падрэ Тарквемада, і яго голас, сцішаны і поўны спакою, гучаў адмыслова пасля нечаканага выступлення пана дэ Вілены. Падрэ Тарквемада сказаў:

— Не памыляецеся, годны пане. Няхай усемагутны Бог не абыдзе вас сваёй апекай, каб гэта не стала неабходнасцю.

Кроў ударыла пану дэ Вілену ў твар.

— Пагражаеце, вялебны войча? Мне?

— Каму трэба зняславіць пасля смерці пана дэ Сігуру? — крыкнуў герцаг Медына. — Калі ўжо пан дэ Сігура стаў перад судом Божым, хай Бог і судзіць яго правіны.

Падрэ Галвез павярнуў да яго пацямнелы твар.

— І каго ж вы бароніце, герцаг? Вераломцу і атрутніка?

— Памыляешся, вялебны войча, — адказаў той. — Не пана дэ Сігуру бараню, а гонар рыцарскага стану. Я ведаю, што грэх можа ўціснуцца ўсюды, а грахі, нават асабліва цяжкія, могуць стаць доляй нават  магутаў гэтага свету, але ці азначае гэта, што іх адразу трэба выносіць на святло? Чаму зло, якое хутчэй прыхаваць належала б і акружыць маўчаннем, вы выдаяце на рабунак чэрні? Хочаце павярнуць супраць нас цёмныя мэтлахі?

Кароль Фердынанд сядзеў на троне, апусціўшы выпуклыя павекі, упёршы тоўстыя і трохі караткаватыя рукі ў шырока расстаўленыя сцёгны. Святая каралева Ізабэла, здавалася, задумалася і была смутная. У цішы пачуўся цяжкі ўздых пана дэ Вілены.

— Пан герцаг Медына слушна сказаў, — пачаў падрэ Тарквемада, — што грэх і загана не абмінаюць на гэтым свеце нават  высокапастаўленых. Глыбока, аднак, памыляецца, умаўляючы нас, каб мы праўду выкрыцця падмянілі баязлівым маўчаннем. Што ж вы раіце нам, годныя панове? Няўжо ў вас так мала даверу да праўды, што фальшыва зразуметае паняцце славы вашага сану вы ставіце над ёю?

— Аслабляючы нас, аслабляеце і праўду, — адказаў пан Карнэха.

— Не! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі мы маем адвагу гоіць нават вельмі балючыя раны, дык якраз толькі таму, што мы дастаткова моцныя, каб выкрыць і абясшкодзіць усякае зло. Яшчэ раз пытаюся ў вас, што вы нам дарадзіце? Што для вас — законы, што для вас — справядлівасць? Маўчыце? Дык я вам адкажу: ваша пыха перавышае вашу веру. А калі вера ў вас слабне, як жа вы можаце верыць у перамогу? Але і тое вам яшчэ скажу: ніколі Святая інквізіцыя не паддасца падобным падступствам, ніколі не дасць сябе звесці якім-небудзь спробам паслаблення еднасці, адзінства. Бязлітасна будзем адцінаць ад камля кожную хворую або высахлую галіну.

Пан герцаг Медына Сідонія, збялелы ад гневу, сарваўся са свайго месца.

— Найяснейшы пане, кароль! Пан дэ Сігура цяжка саграшыў, гэта праўда, але ж у ягоных жылах цякла кроў самых знакамітых родаў Гішпаніі. Не дапусціце такога страшнага паганьбення.

На гэта азваўся кардынал дэ Мендоза, які дагэтуль маўчаў:

— Што ганьба — грэх ці кара?

— Мы тут чуем галасы, — сказаў падрэ Галвез, — якія да ганьбы грэху хацелі б дадаць ганьбу беспакаранасці.

Кароль Фердынанд падняў павекі. Спачатку яго лупатыя бледна-блакітныя вочы, нібы ашаломленыя святлом, здавалася, глядзелі толькі з санлівай стомленасцю. Але праз хвіліну, хоць усё яшчэ без бляску, сталі яны калючыя і халодныя. Затое на прыгожых вуснах задуменнай каралевы Ізабэлы з'явілася ледзь прыкметная, вельмі далікатная і поўная смутнай слодычы ўсмешка.

Фердынанд пачаў гаварыць, добра ўсё абдумаўшы:

— Калі кароль і каралева ўстаноўліваюць законы, не варта падданым і асабліва найпершым у каралеўстве прасіць маестат, каб ён дазволіў ламаць іх.

Тут ён выпрастаўся, і голас яго раптам загучаў з сілай:

— Каралева і я, увесь час дбаючы пра трыумф праўды і канчатковае аб'яднанне каралеўства, лучымся з усім народам упэўненасцю, што не маглі б распачаць справу больш пачэсную для нашых абавязкаў. Пан дэ Сігура дачыніўся да такога страшнага злачынства, што мы з трона не можам даць яму ніякага прабачэння. Мы лічым таксама, што, прызначаючы сканфіскаваны пасля яго маёнтак на мэты, любасныя Госпаду Богу, якімі з'яўляюцца войны з паганцамі, мы тым самым у Найвышэйшага будзем здабываць ласку для душы, заплямленай нягодніцкім учынкам. Гэта ўсё, што мы можам зрабіць пану дэ Сігуру і такім, як ён. Што ты думаеш пра гэта, мая Ізабэла?

Адказала Ізабэла:

— Думаю тое самае, што і ты, пане.

— Пан кароль, — сказаў маркіз дэ Вілена, — забываецца, колькі яго продкі, а таксама ён павінны панам каралеўства. З якога гэта часу чорная няўдзячнасць пасялілася ў сэрцах каралёў?

Нейкую хвіліну здавалася, што кароль Фердынанд выбухне гневам. І каралева Ізабэла перастала ўсміхацца. І ў гэты час наперад выйшаў брат Хімэнэс.

— Гнеў і абраза, зазвычай, — не найлепшыя дарадцы, — сказаў напаўголасу, з адценнем лагоднага ўмаўлення. — Але калі ўжо гаворка зайшла пра забытае, розум падказвае пацвердзіць, што на загану памяці не Іх Каралеўскія Мосці хварэюць. Гэта хутчэй некаторыя паны забыліся ці памятаць не хочуць, што не адны яны — падпора трону і царкве. Мы зрабілі б, як я мяркую, вялікую памылку, калі б не цанілі, як шмат для ўмацавання парадку ў каралеўстве робяць гарады і замкі, з'яднаныя ў святой германдадзе. Аднак мы ніколі не чулі, каб перад абліччам Святых трыбуналаў жыхары гарадоў дамагаліся сабе нейкіх асаблівых прывілеяў.

— Каталіцкі народ, — сказаў падрэ Тарквемада, — не толькі перад абліччам веры не просіць сабе прывілеяў, але ўдзячны Святой інквізіцыі за тое, што яна вызваляе і ратуе яго ад адзінак, якім у грамадстве няма месца.

Доўгае маўчанне было пасля гэтых слоў.

— Дык вы плебейскім мэтлахам страшыць нас хочаце? — сказаў нарэшце глухім голасам пан дэ Медына.

А пан дэ Вілена дадаў:

— Знішчыць нас і абаперціся на плебс?

У гэты час, рэзкім рухам адсунуўшы крэсла, устаў падрэ Тарквемада.

— Божа святы! — усклікнуў. — Хто ж на гэтай радзе асмельваецца гаварыць: мы і вы? Ці ж мы не ў адзінстве? Ці ж не лучыць нас адна вера і ці не адзін Бог жыве ў нашых сэрцах? Да чаго дайшло! Каб мы паміж намі капалі яму, як паміж вернымі і нявернымі? Падумайце, не спіць непрыяцель, вораг нас акружае з усіх бакоў, да ста злачынстваў штогадзіны ўчыняе, здрадніцкія ўдары з цемры нам рыхтуе, на слабасць нашу спадзяецца, кожную нашу памылку нецярпліва цікуе і высочвае, разлому, разладу нашага прагнучы, з кожнай памылкі нашай шалёна радуецца, а тут, дзе асаблівая еднасць панаваць павінна і быць найвышэйшым законам, вышэйшым за ўсякія мізэрныя намыслы, тут гавораць: мы і вы? Хто ж тады вы і хто мы? Не ведаю, сапраўды, кім вы, годныя панове, быць хочаце, але я, сціплы мнішак, магу вам сказаць, чаго мы, справе веры служачы, прагнем. Еднасці прагнем і паслушэнства ёй. Усе мы роўныя перад гэтай еднасцю, і адны законы яднаюць нас у паслушэнстве. Мы ведаем вашы слаўныя імёны, ведаем вашы заслугі, ведаем веліч і колькасць вашых продкаў, але, ведаючы ўсё гэта і цэнячы высока, мы хацелі б таксама ведаць і вашы думкі, каб і іх цаніць гэтаксама высока, калі яны — і нашыя думкі.

— Пан кароль сказаў сваё апошняе слова, — уставіў стары герцаг Карнэха.

— Мы не схопімся за мечы, каб бараніць пана дэ Сігуру, — дадаў пан дэ Медына.

На гэта вялебны айцец адказаў:

— Калі б у мяне спыталіся годныя панове, які з двух бунтаў больш грозны, бунт мяча ці бунт думкі, гэты другі я прызнаў бы за бунт, які нясе незлічоныя небяспекі. Сапраўды, няўжо вы лічыцеся толькі з каралеўскай воляй? А з Вышэйшай праўдай, з Богам?

Такой сілай загучаў яго голас, што трое схілілі галовы. Пад канец устаў пан Карнэха і сказаў:

— Няхай Бог усемагутны ніколі нас не пакіне і заўсёды праўда святой веры жыве ў нашых сэрцах.

Аўтар кронікі, перадаючы нашчадкам гісторыю свайго часу, піша ў сувязі з гэтым пасяджэннем Каралеўскай інквізіцыйнай рады:

“Так, калі з усіх нягод, нават спрычыненых людзьмі высокапастаўленымі, заўсёды выходзіла абароненай праўда і калі яна пераможна трыумфуе далей, нягледзячы на перашкоды і падкопы, — добрую і поўную можам мець пэўнасць, што недалёкі час настання на зямлі царства Божага”.

 

Раздзел трэці

 

Зіма з 1485 на 1486 год выдалася такая лютая, якой ужо колькі гадоў не памяталі ні ў Леоне, ні ў Старой Кастыліі. Нязвыкла вялікі снег выпаў у канцы снежня, а пасля нядоўгай адлігі зноў уціснулі моцныя маразы, зашалелі страшныя завеі.

Іх Каралеўскія Мосці адразу пасля ўрачыстасцяў на святога Дамініка Сілоскага падаліся з дваром у ваенны лагер пад Малагай, а вялебны айцец Вялікі інквізітар, хоць і пільна яму трэба было ў Рым, дзе з рук новаабранага святога айца Інакеція VІІІ ён меўся асабіста атрымаць пацвярджэнне сваёй годнасці, мусіў у сувязі з няпэўным часам на многа тыдняў адкласці сваё падарожжа. Толькі ў апошняй дэкадзе студзеня суровая зіма пачала здавацца, пад лагоднымі павевамі паўднёвых вятроў хутка паплыў снег, надыходзіла ранняя і прыгожая вясна.

Усе падрыхтаванні да італьянскага падарожжа даўно былі распачатыя, і падрэ Тарквемада не хацеў яго адкладваць далей, таму, нягледзячы на нядобрыя весткі з усіх канцоў краіны пра смуту і неспакой, прызначыў выезд на грамніцы.

Якраз у гэты час, калі ўжо было ўсім вядома, што вялебны айцец падасца са сваімі фамільянтамі карацейшай дарогай у Барселону, адкуль спецыяльны карабель каралеўскай армады перавязе яго ў Неапаль, — у Валадолід прыскакаў і тут жа явіўся ў Санта Марыя ла Анцігуа нейкі брат Альвара, са спецыяльным даручэннем пасланы вялебнымі айцамі інквізітарамі з Віла-Рэал. І вось сталася так, што яшчэ таго самага дня вялебны айцец, пагаварыўшы з братам Альвара, змяніў свае ранейшыя планы, хоць гэта і пацягнула за сабой немалыя цяжкасці і, прынамсі, на некалькі тыдняў адтэрмінавала прыбыццё ў сталіцу Пятра; ён пастанавіў завітаць спачатку ў Віла-Рэал, разумеючы, што, калі там такое вялікае значэнне надавалі яго асабістаму ўдзелу ў аўтадафэ, прызначаным на дзень святога Рамуальда, яму, айцу ўсіх Святых трыбуналаў Каталіцкага каралеўства, відаць, ніяк не выпадала пагарджаць святымі пажаданнямі і просьбамі.

Падрэ Тарквемада аж завельмі шмат часу аддаў таму дамініканцу з Віла-Рэал. Брат Дыега быў на гэтай гутарцы і, калі брат Альвара, з вялікім гонарам закончыўшы сваю місію, пажагнаў, нарэшце, вялебнага айца, падаў госцю знак, каб той ішоў за ім.

Царкоўная званіца якраз склікала на нешпар. Ішлі моўчкі, аж раптам брат Альвара спытаўся:

— Вы брат Дыега?

Той прыпыніўся.

— Так, — сказаў.

І, апярэдзіўшы свайго таварыша, пайшоў далей.

— Перадаю вам прывітанне ад брата Матэа, — сказаў праз хвіліну брат Альвара.

Брат Дыега ішоў шпаркімі крокамі і затрымаўся толькі каля нізкіх дзвярэй.

— Вось ваша цэля, — сказаў. — Вы, мусіць, добра здарожыліся, і вам трэба адпачыць.

— Так, — адказаў той. — Калі я выязджаў, брат Матэа прасіў мяне знайсці вас і прывітаць. Прасіў мяне сказаць: “Брат Матэа думае пра цябе і моліцца за цябе”. Акурат так і сказаў брат Матэа, перадаю ўсё дакладна.

Дыега з вялікім намаганнем падняў галаву і паглядзеў прыезджаму з Віла-Рэал у вочы. Брат Альвара ростам быў, як і ён, такі самы шчуплы і дробны, ды і гадамі, здаецца, не старэйшы.

У яго цёмных, не па гадах задуменных вачах Дыега ўбачыў прыязную зычлівасць.

— Адпачывайце спакойна, браце Альвара, — сказаў ён, адвёўшы позірк.

У ім раптам усё пахаладзела. Ён паспешна пайшоў у глыбіню калідора і, мінуўшы ўнутраныя, пустыя цяпер анфілады, бо ўжо ўсе браты сабраліся ў храме, пачаў сыходзіць уніз, не вельмі разумеючы, куды і чаго ідзе, і яму здавалася, што яго шыя, плечы, спіна і грудзі пад хабітай скаваныя лёдам.

Унізе, каля сходак, пан дэ Кастра гутарыў з маладым донам Ларэнцам. Дыега хацеў абмінуць іх, але дон Радрыга, уважліва прыгледзеўшыся, затрымаў яго і спытаўся:

— Што з табою, браце Дыега? Ці не хворы ты? Ці не гарачка ў цябе?

Голас пана дэ Кастра, звычайна такі моцны і зычны, цяпер здаўся брату Дыегу глухім, бы ідзе з-пад зямлі ці прыглушаны вільготнай імглой. Дыега цяжка падняў руку да лоба і толькі тады зразумеў, што ўсё яго цела сапраўды нібы ў ліхаманцы. Няскладна, дрыготкім голасам пачаў ён нешта мармытаць, адчуў, як адхлынула з галавы і з твару кроў, як смяротны холад, пра які дагэтуль ён не меў ніякага ўяўлення, пачынае хутка ўцягваць яго ў мярцвянае азнабенне. Ледзь не падсвядома адчуў, што пан дэ Кастра крануў яго за плячо. Яшчэ раз пачуў голас дона Радрыга, але што той казаў, таго ўжо не здолеў уразумець.

— Так, — сказаў як мага грамчэй, ведаючы, што сказаў шэптам, цішэйшым за ўздых.

І, адвярнуўшыся ад абодвух рыцараў, зноў пачаў узыходзіць па сходах. Ён ішоў вельмі павольна, як не вобмацкам, кожны раз ступаў нібы праз сілу, кожны крок здаваўся апошнім.

Калі дайшоў да сярэдзіны сходаў, тут жа, побач, плячом можна было б дастаць, азваўся голас брата Матэа:

— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Чаму сам аддаешся ў рукі непрыяцелю?

— Маўчы! — шапнуў Дыега. — Цябе няма. Але той быў.

— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

— Хлусіш, цябе няма.

Падняў вочы, каб убачыць верх сходаў. Убачыў цемру.

— Чаму не спіце, пане? — спытаўся з лагодным дакорам. — Хутка развіднее. Даволі, што я не сплю.

Ніхто не адказваў. Дыега, шукаючы аберуч апоры, падняўся на прыступку вышэй.

— Ты ёсць? Адказвай.

Яго не было.

— Мяцежным намерам, — пачуўся голас вялебнага айца, — не заўсёды патрэбныя словы.

— Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, — адказала далёкае рэха голасам пана дэ Сігуры.

— Цябе няма! — усклікнуў Дыега.

— Навошта хочаш загубіць сябе? — спытаўся побач брат Матэа.

— Зноў ты? — здзівіўся Дыега. — Але ж цябе няма.

— Калі б ты не любіў людзей сёння, не мог бы пагарджаць імі заўтра, — адказаў з вышыні, з верху нябачных сходаў голас айца Тарквемады.

— Войча мой! — усклікнуў Дыега.

Ён хацеў падняцца яшчэ на адну прыступку, спатыкнуўся і выцяўся лобам аб нешта цвёрдае і халоднае. І адразу апрытомнеў. Стаяў каля калоны, што падпірала нізкі звод кляштарнага калідора. Навокал цішыня. Толькі з храма далятаў спеў братоў. У патрэбным месцы спеў сціх, і загучаў арган.

Праз хвіліну брат Дыега ўжо быў у цэлі вялебнага айца. Падрэ Тарквемада стаяў каля высокага пульпіта і, мусіць, быў захоплены нечым вельмі важным, бо, аказваючы заўсёды столькі ласкі і ўвагі свайму маладому сакратару, на гэты раз паглядзеў на яго неахвотна і спытаўся жорстка:

— Чаго табе, сыне мой? Не бачыш хіба, што я працую?

Але калі брат Дыега кінуўся яму ў ногі, суровасць сышла з яго твару.

— Сыне мой, што здарылася?

— Войча мой! — усклікнуў Дыега. — Прабач, што асмеліўся прыйсці без позвы, але тое, што я хачу сказаць, павінен зрабіць цяпер.

— Супакойся перш, сыне мой.

— Я спакойны, войча. Я спакойны настолькі, наколькі можа быць спакойны чалавек, які быў на крок ад непапраўнай памылкі. Празрэў я, аднак, войча, у пару і прашу ў цябе дапамогі. Войча мой, цяжка я правініўся. Аддаўшыся сумненням, якія вынікалі з маёй слабасці і з майго яшчэ недастаткова ўгрунтаванага вопыту, хацеў я затаіць ад цябе некаторыя думкі. Калі я даведаўся, што мы маемся выехаць у Віла-Рэал, першым намерам было ўжыць вядомыя мне лекарскія сродкі і з іх дапамогай выклікаць непрацяглыя, але вельмі моцныя праявы цяжкай хваробы.

— Хацеў застацца тут?

— Так, войча.

— Мусіць, важныя прычыны павінны былі схіліць цябе да гэтага?

— Войча мой, калі б важныя, а то ж адзіныя, што паказалі мне маю слабасць. Страх мяне, войча, агарнуў ад адной думкі, што апынуся ў мурах кляштара, які быў сведкам многіх маіх памылак.

— Муры маўчаць, мой сыне.

— Войча вялебны, ты ведаеш, можа быць так, што чалавек, які сёння з усёй сілы прагне служыць веры, яшчэ ўчора не ўсведамляў многіх рэчаў, паддаваўся злачынным, хібным думкам.

— Што ж я магу сказаць табе на гэта, сыне мой? Усведамленне сваіх памылак — першы і неадменны крок да іх пераадолення.

— Ведаю, войча. Але можа здарыцца і так, што гэты чалавек не быў сам-насам з гэтымі сваімі злачыннымі думкамі, бо дзяліўся імі з другім чалавекам.

— Зло, мой сыне, заўсёды непараўнальна горш зносіць адзіноту, чым дабро. Гэты чалавек жывы?

— Так, войча. Памятае мяне і прыслаў мне прывітанне.

— Думаеш, убачыўшы цябе, ён мог бы кінуць цень на тваё добрае імя і на тваю святасць?

— Не ведаю гэтага, войча. Гэты чалавек замкнуты ў сабе і пакорны, хоць і не ва ўсім і не заўсёды. Думае так, як наказвае царква.

— Грэшны, аблудны, значыцца?

— Ніколі мяне, войча, да нічога ліхога не намаўляў. Калі ж я раблю гэта прызнанне, то толькі таму, што ўсведамляю, — пастаўлены так блізка да цябе і надзелены такім вялікім тваім даверам, я не павінен занядбаць ніякіх сродкаў, каб нават цень шкоднага і крыўднага мне цяпер нагавору не мог упасці на мяне. Калі б я належаў толькі самому сабе, мой войча, не непакоіўся б так пра сваё імя.

— Усе мы, сыне, служым справе, якая веліччу перарастае кожнага з нас.

— Таму і ля ног тваіх я, войча. Прызнаўся табе ва ўсім, толькі хвіліну назад канчаткова зразумеў, што мае думкі, хай часам няпэўныя ці нават пахібныя, не могуць належаць мне аднаму. Уразумеў я, што толькі ў прызнанні сваіх памылак і ў пошуках дапамогі ў вышэйпастаўленых магу ўбараніць і сябе, і сваю веру.

— Вазьмі пяро і пергамент, — сказаў Тарквемада.

Дыега падняўся з каленяў.

— Так, войча.

— Ты гатовы?

— Так, войча.

— Тады пішы: Вялебным айцам інквізітарам арцыбіскупства Таледа ў Віла-Рэал. Напісаў?

— Так, войча.

— Мы, брат Томас Тарквемада, дамініканец, прыёр кляштара Санта Круз у Сеговіі, спаведнік караля і каралевы, Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагон, даручаем вам сілай нашага права, каб абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах супраць веры...

— Брат Матэа Дара, дамініканец, — сказаў Дыега.

— ...брат Матэа Дара, дамініканец, неадкладна быў увязьнены ў турму Святой інквізіцыі і аддадзены суроваму следству, пакуль не выявіць сваіх ератычных поглядаў ці ў выпадку ўпартага трывання ў мане і аблудзе не будзе адлучаны на вечныя часы ад святой царквы каталіцкай. Закончыў?

— Так, войча.

— Падай мне пяро.

Дыега, зрабіўшы гэта, адышоў убок. Падрэ Тарквемада ўстаў, здалёк, як гэта робяць дальназоркія людзі, прачытаў прадыктаваны тэкст, пасля хутка падпісаў.

— Войча мой, — шапнуў Дыега, зноў апаўшы да ног Тарквемады.

Той паклаў руку на яго галаву.

— Шмат месяцаў чакаў я гэтай хвіліны, мой сыне.

— Ты, войча?

— Я ведаў, што рана ці позна, але прыйдзе той дзень, калі ты канчаткова, без ніякіх ваганняў, сумненняў і страху, знойдзеш сваю сапраўдную натуру. І вось дзень гэты настаў. Дзякуй вялікае Госпаду Богу, найлюбаснейшы сыне.

Дыега, вельмі ўзрушаны, каб гаварыць, бязгучна прыпаў вуснамі да рукі Тарквемады. Адчуваў сябе бязмежна шчаслівым, поўным свабоды і бяспекі, нібы за смутай, якая яго дагэтуль раз'ядала і атачала з усіх бакоў, бразнулі раптам і назаўсёды цяжкія дзверы.

 

Раздзел чацверты

 

Ішлі гады, і сярод безлічы розных здарэнняў таго часу вялікая справа аб'яднання каталіцкага каралеўства пераможна рухалася наперад.

У жніўні 1487 года, у дзень святой Алены, паддалася хрысціянскім войскам Малага, а праз няпоўных пяць гадоў, акурат пад самы новы, 1492 год, кароль Фердынанд пасля доўгай аблогі ўзяў Грэнаду. Апошні паганскі астравок некалі магутнага каралеўства маўраў перастаў існаваць на гішпанскай зямлі, і тагачасны паэт мог з цалкам справядлівым гонарам узнёсла спяваць: “Адзін статак, адзін пастух, адна вера, адзін кароль, адзін меч”.

Вядома, калі надыходзіў мір, здабыты некалькімі стагоддзямі крывавых войнаў, можна было больш увагі аддаць таму, каб на аб'яднанай зямлі пачала трыумфаваць і еднасць веры. І сапраўды, яшчэ летась па загадзе вялебнага айца Вялікага інквізітара шмат тысяч бязбожных жыдоўскіх кніг было спалена на рынках гарадоў і перад храмамі, ды і Святыя трыбуналы, якім з усё большымі вынікамі пасабляла паліцыя Святой эрмандады, з нязменнай пільнасцю і чуйнасцю стаялі на варце чысціні веры, аднак, хоць і шмат было зроблена для захавання і ўмацавання праўды, сотні тысяч няхрышчаных жыдоў усё яшчэ жылі на гішпанскай зямлі, багацеючы на ўцісканні багаверных і махлярствах і беспакарана ведучы сваю брыдкую непрыстойную драпежніцкую практыку. Пад самы корань трэба было падцяць зло.

Неўзабаве пасля ўрачыстага выезду Іх Каралеўскіх Мосцяў у Грэнаду па краіне папаўзлі чуткі і пагалоскі, што ў недалёкім часе кароль і каралева намерваюцца абвясціць эдыкт, у якім будзе прадпісана канфіскацыя жыдоўскіх маёнткаў і выгнанне ўсіх жыдоў з межаў каралеўства. Весткі гэтыя, хоць яшчэ і няпэўныя, знайшлі самы прыхільны водгук у шырокіх колах вернікаў. Адначасова багатыя жыдоўскія сем'і, каб унікнуць катастрофы, якая ім пагражала, і абгрунтоўваючы свой крок жаданнем пакрыць выдаткі апошняй вайны, выказалі згоду ахвяраваць Іх Каралеўскім Мосцям акуп у трыццаць тысяч дукатаў. Гэта была велізарная сума, і кароль Фердынанд, добра ведаючы цану золата, завагаўся, ці не прыняць яго, акуп гэты. Каралева Ізабэла таксама далася ў разважанні, бо пад уплывам вельмі вальнадумных ідэй схільная была лічыць, што выгнанне жыдоў пэўным чынам супярэчыць прынцыпам хрысціянскай міласэрнасці. І вось так, калі ў выніку гэтых пагудак неспакой і трывога ахапілі людзей, якія думалі па-боску, жыды, са свайго боку, не трацілі надзеі, што лёс, які наваліўся на іх такімі страшнымі няшчасцямі, не абрыне на іх апошняй бяды. І, аднак, вельмі верачы ў няўстойлівасць манархаў і ва ўладу золата, недаацанілі яны сіл, якія заўсёды вышэй за ўсё ставяць дабро праўды. У другой палове студзеня вялебны айцец Тарквемада пакінуў Таледа і неўзабаве прыехаў у Севіллю, дзе разам са сваім дваром, цяпер асабліва вялікім і шумным, бавілі час Іх Каралеўскія Мосці.

Адышлі ў нябыт, у сівую мінуўшчыну тыя дванаццацігадовай даўнасці часы, калі першыя інквізітары Кастыліі, браты дамініканцы Мігуэль Марыла і Хуан дэ Сэнт-Марцін, прыехаўшы ў Севіллю, не маглі знайсці патрэбных для кіраўнічай дзейнасці людзей і Іх Каралеўскія Мосці вымушаны былі паслаць з Медына дэль Кампа новую дэпешу, якая заклікала свецкія ўлады горада і епархіяльны Кадыкс дапамагчы прызначаным дастойнікам. Дымы вогнішчаў, якія ў апошнія гады палалі на севільскім квамадэра часцей і ў колькасці значна большай, чым у іншых гарадах, неслі з сабою, як аказалася, моц цудоўнага ачышчэння людскіх думак і сэрцаў.

Вялікія тлумы народу высыпалі на вуліцы і плошчы горада вітаць Вялікага інквізітара. Салдаты Эрмандады ледзь утрымлівалі парадак. Дзень быў цёплы і сонечны. Званы храмаў білі і ў горадзе, і ў прадмесці Трыяна, што па той бок Гвадалквівіра. У бок на поўнач ад Пуэрта дэль Соль з самай раніцы цягнуліся з пратэсамі і фератронамі працэсіі братоў-законнікаў і свецкага панства. Разам з імі ля муроў горада вялебнага айца віталі і знакамітыя рыцары Андалузіі. Маркіз Кадыкса, пан дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сідонія першы саскочыў са свайго жарабца, каб пацалаваць у руку вялебнага айца.

На жаль, святыя прагненні верных — пабачыць айца Інквізітара ў поўным бляску — не былі цалкам задаволеныя, бо паважны ўзрост і ўсё слабейшыя сілы падрэ Тарквемады не дазвалялі ўжо падарожнічаць рыцарскім звычаем. Ён уехаў у горад у італьянскай карэце, верныя служкі-дамоўнікі і рыцарства цесна з усіх бакоў атачалі павольны поезд — таму ніхто з галаслівых натоўпаў не здолеў пабачыць у твар Вялікага інквізітара.

Брат Дыега Манэнтэ, нядаўна прызначаны сакратаром Каралеўскай інквізіцыйнай рады, ехаў разам з вялебным айцом. Падрэ Тарквемада, здавалася, вельмі стаміўся ад цяжкай дарогі і, захоплены хутчэй сваімі думкамі, чым тым, што адбывалася навокал, не цікавіўся ні ўрачыстым вітаннем, ні тлумамі простага люду, што чакалі ад яго дабраславення. Гады не пашкадавалі, не абышлі айца Тарквемаду. Ён вельмі пастарэў, завастрыліся рысы яго схуднелага твару, скура на ім, асабліва на скронях, была празрыстая і пажоўклая, паараная маршчынамі, вусны бяскроўныя, а глыбока запалыя вочы без ранейшага бляску, знуджаныя і ўсё больш нейкія адсутныя, нібы ўжо глядзелі на справы не гэтага свету.

Затое брат Дыега, у процілегласць вялебнаму айцу, быў усхваляваны ўрачыстай хвілінай. Час змяніў і яго, але больш да мужчынскай сталасці, а не да межаў жыцця пасунуў яго. Ён пасталеў, памажнеў, твар яго стаў куды круглейшы, чым раней, трохі нават азыз, і цяпер мала што з яго засяроджанай разважлівасці і з поўнага ўнутранай годнасці самавалодання нагадвала юнака, якога яшчэ некалькі гадоў назад грызлі розныя турботы.

Кавалькада Вялікага інквізітара якраз мінала палац герцагаў Карнэха і набліжалася да храма Санта Марыя. Званы навакольных храмаў Сан-Маркас, Сан-Хуліан і кляштара сясцёр геранімак Санта Паўла магутна гучалі па-над натоўпам, які з энтузіязмам славіў Ісуса і святую дзеву Марыю. Браты дамініканцы, што стаялі ў бясконца доўгім шэрагу, зацягнулі святы гімн, і іх спеў злучыўся з воклічамі людзей, ляскам зброі, тупатам конскіх капытоў, гудам званоў і ўзносіўся высока над тлумам і дамамі, трыумфам веры сягаў аж да самага неба, што распасцерлася ўгары велізарным блакітам.

— Сапраўды, — сказаў брат Дыега моцным мужчынскім голасам, — цяжка сабе ўявіць больш натхняльнае відовішча.

Падрэ Тарквемада ўзвёў стомленыя вочы. Ля карэты ехаў на вялікім чорным андалузцы, увесь закаваны ў латы, капітан фамільянтаў дон Ларэнца дэ Мантэса. Яго было заслугай, што некалькі месяцаў таму назад, пад час доўгага побыту ў Таледа, выйшлі на яву распусныя стасункі, якія дон Радрыга дэ Кастра таемна меў з нейкай жыдоўскай дзяўчынай. Зганьбіўшыся так, пан дэ Кастра выракам Святога трыбунала быў пазбаўлены дваранства і маёмасці і засуджаны да пажыццёвага выгнання, а началенне пасля яго прыняў на сябе пан дэ Мантэса, бо ніхто з высакародных дамоўнікаў вялебнага айца не мог дараўняцца з ім вернасцю і чыстасцю звычаяў і ўчынкаў.

— Паглядзі, войча, — сказаў брат Дыега, — якая вялікая любоў у людзей да цябе!

Падрэ Тарквемада адкінуўся ўглыб карэты.

— Так, — сказаў ён.

Брат Дыега ўжо асвоіўся з маўчаннем, якое ў апошнія гады ўсё часцей вырастала паміж ім і вялебным айцом. Спачатку ён дашукваўся сваёй віны і, не знаходзячы яе, пакутаваў. Але з нейкага часу даволі моцна пачаў давяраць сваёй недаступнай сумненням веры і перастаў непатрэбнай пакорай блытаць яснасць пачуццяў і думак. Ён прыпісваў узросту вялебнага айца тыя хвіліны яго задуменнасці і поўную абыякавасць да спраў, якія да нядаўняга часу ніколі абыякавыя яму не былі. Зрэшты, нягледзячы на гады, якія ўсё большым і большым цяжарам клаліся на яго плечы, падрэ Тарквемада, калі заходзіла патрэба, выяўляў ранейшую сілу розуму і непахісную волю. Лічылася нават, што да адступства ад веры ён ставіўся з яшчэ больш няўмольнай суровасцю, чым раней, і калі сам, цялесна аслабеўшы, вымушаны быў абмяжоўваць свае падарожжы, — то імя яго, акружанае подзівам і пакланеннем, страхам і зацятай нянавісцю, існавала і было заўсёды там, дзе жыў чалавек.

Брат Дыега, які ўжо шмат гадоў быў сведкам штодзённага жыцця вялебнага айца, больш чым хто-небудзь іншы разумеў, у якой меры гэты вялікі старац сваёй маналітнай асобай пераважаў усіх сучаснікаў.

Так і на гэты раз падрэ Тарквемада, хоць і здаваўся вельмі стомленым, не падмануў веры брата Дыега.

Іх Каралеўскія Мосці вельмі добра разумелі, што прывяло Вялікага інквізітара ў Севіллю. Як кароль, так і каралева ўмелі лічыць і таму не сумняваліся, што, згаджаючыся на выгнанне жыдоў, здабудуць з канфіскаваных маёнткаў суму, якая намнога перавысіць ахвяраваны акуп. Тым не меней каралева Ізабэла з міласэрнасці гатовая была згадзіцца на акуп і так ужо асвоілася з гэтай думкай, што частку тых жыдоўскіх грошай, якія павінны былі ўліцца ў скарбніцу, выдзеліла на марскую экспедыцыю ў Заходнюю Індыю, на якую ўжо даўно намаўляў, абяцаючы вялікія выгоды, нейкі генуэзец Хрыстобаль Калумб. Кароль Фердынанд, са свайго боку, менш за сваю жонку ўражлівы на маральныя дробязі палітычных спраў, не пагарджаў і думкай тых дарадцаў, якія далей забягалі ў прадбачанні, прадказваючы, што ў выніку выгнання васьмісот тысяч жыдоў гандаль каралеўства можа вельмі пахіснуцца, а з бегам часу і зусім змарнее. Так, цвяроза ацэньваючы гэтую справу, ён разам з тым не мог пазбыцца занепакоенасці, што маладушна адмаўляецца ад вялікай ідэі каталіцкай дзяржавы, той натхнёнай вышэйшай рацыяй ідэі, якая і яму і каралеве свяціла на шлях з хвіліны атрымання трона аб'яднанага каралеўства. Заклапочаны ўсім гэтым, ён з дня на дзень адкладваў апошняе рашэнне, і яму было зразумела, чаго хоча дамагацца падрэ Тарквемада — не дзіва таму, што ён без радасці прыняў вестку аб яго прыездзе.

Холад, з якім абое Іх Каралеўскія Мосці прынялі вялебнага айца, быў асабліва ўражлівы ў параўнанні з тым энтузіязмам, з якім яго віталі пры ўездзе ў горад.

Падрэ Тарквемада, апёршыся на плячо брата Дыега, бо цяжка яму ўжо было, асабліва пасля такой стомнай дарогі, рухацца самому, сказаў на прывітанне:

— Рады бачыць Вашы Каралеўскія Мосці ў здароўі і, перш за ўсё, у славе доўгачаканай перамогі.

На гэта сказала Ізабэла:

— Сапраўды, гэтыя прагненні нашы пачуў Бог.

Падрэ Тарквемада памаўчаў хвіліну, нібы падбор патрэбных слоў даваўся яму з вялікай цяжкасцю. Нарэшце сказаў:

— Я думаю, што і ўсе астатнія слушныя жаданні Вашых Каралеўскіх Мосцяў спраўдзяцца.

Кароль Фердынанд загаварыў голасам, які рваўся ад гневу і задышкі:

— Слушныя? На жаль, у некаторых справах, мой войча, мы па-рознаму ацэньваем, што слушна, а што няслушна. Скаргі на цябе, вялебны войча, да нас даходзяць. Твая неабачлівая суровасць толькі клопатаў нам дадае. Усяго некалькі дзён назад я атрымаў breve святога айца Аляксандра. Пан папа абураны працэсам, які па тваёй волі распачаты супраць арцыбіскупа Севіллі. Ты звінаваціў Яго Эмінэнцыю ў жыдоўскім паходжанні, не маючы, як аказалася, дастатковых на тое прычын. Пан папа дакарае нас, што мы дапусцілі да такой ганьбы. Што я адкажу пану папу? Як мне перад ім апраўдацца?

Падрэ Тарквемада, усё яшчэ апіраючыся на плячо брата Дыега, моўчкі слухаў каралеўскія закіды. Але як толькі кароль, стомлены гэтым раптоўным выбухам, замоўк, каб перавесці дыханне, вялебны айцец выпрастаўся і ступіў крок наперад.

— Прабачаць мне Вашыя Каралеўскія Мосці, — сказаў нечакана моцным і цвёрдым голасам, — але я прыехаў не па справе арцыбіскупа. Ці праўда, што, як разносяць плёткі, нехрышчоныя жыды застануцца ў каралеўстве?

Каралева Ізабэла зардзелася, затое кароль спадылба зіркнуў на старога, які стаяў перад ім.

— Так, — сказаў, — такая наша воля.

На гэта Тарквемада ўсклікнуў:

— Добра, хай жа будзе ваша воля і хай даведаюцца ўсе хрысціянскія краіны, як тут, у Каталіцкім Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Ісуса ўжо раз прадалі за трыццаць сярэбранікаў. Вашыя Каралеўскія Мосці хочуць прадаць Ісуса другі раз за трыццаць тысяч дукатаў.

Кароль Фердынанд здрыгануўся і шырока разяўленым ротам хапнуў паветра.

— Войча, ты гаворыш з каралевай і каралём.

Падрэ Тарквемада ступіў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, які стаяў на стале, і падняў яго ўгору.

— Вось Ісус! Бярыце яго і прадавайце.

Назаўтра герольды чыталі на гарадскіх плошчах каралеўскі эдыкт, які абвяшчаў, што па волі каталіцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай самай суровай кары, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, павінны за тры месяцы назаўсёды пакінуць гішпанскую зямлю.

Таго ж самага дня, не папярэдзіўшы ні двор, ні блізкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севіллі. Вялебны айцец толькі выклікаў пана дэ Мантэса і перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговію.

Неўзабаве ўзброены рэгімент, акружыўшы карэту Вялікага інквізітара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, і пахолкі паходнямі асвятлялі дарогу сярод пустых заснулых вуліц. Мінуўшы гарадскія муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнікаў скіраваў трактам на Кордабу.

Ноч была зорная, вельмі спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбіні цемры, у сяйве, выплываў вялікі руды месяц.

Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнім часам яго ўсё менш і менш гарнула да адпачынку, і ён часта падоўгу, а то і аж да світання праседжваў у самотным чуванні. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома і манатоннае калыханне карэты перамаглі яго добрую волю.

Ноч спакваля раз'яснялася нябесным свяцілам, патушылі паходні, і ўзброены атрад пад мерны тупат коней хутка рухаўся па гладкай раўніне. Брат Дыега, пахіліўшы галаву на плячо, пахропваў. А падрэ Тарквемада ўсё сядзеў і толькі зрэдчасу, нібы ад холаду, падцягваў пад шыю плашч.

Недзе апоўначы, а можа, і пазней падрэ Тарквемада неспакойна заварушыўся і гучна, нібы гаварыў да кагосьці, сказаў:

— А калі памылка ўсё гэта?

Брат Дыега адразу прачнуўся.

— Клікалі мяне, войча? — спытаўся.

Тарквемада адказаў праз хвіліну:

— Не, мой сыне. Спі спакойна.

 

Раздзел пяты

 

Аўтар неаднаразова памянёнай кронікі піша:

“У першай палове верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, на шаснаццатым годзе кіравання, г.зн. маючы гадоў семдзесят і восем, Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагон, вялебны айцец Томас Тарквемада, прыехаўшы з горада Таледа, цяжка занядужаў.

Вартыя найбольшага даверу сведкі, асабліва найбліжэйшы давераны Вялікага інквізітара, сакратар Каралеўскай інквізіцыйнай рады айцец Дыега Манэнтэ, дамініканец, пазней інквізітар Сарагосы, у шчаслівыя часы, калі словы пра нядаўнія гістарычныя падзеі мы для памнажэння славы божай запісваем, аднадушна сцвярджаюць, што вялебны айцец Вялікі інквізітар каталіцкага каралеўства, не зважаючы на глыбокія старэчыя гады і падарванае здароўе, пастанавіў задаць сабе клопат падарожжа з Валадоліда ў Таледа і толькі з тою мэтай, каб асабіста выясніць і ў пэўным святле каталіцкай веры высветліць складаную справу нейкага Ларэнца Пэрэза, рамесніка з Бургіласа.

Калі чалавек, такі святы і знакаміты, надаваў гэтай справе столькі значэння, то і мы не можам збыць яе ў некалькіх словах, на слушны бо маглі б сябе надарыць на папрок, што, захапіўшыся вонкавым бляскам, угоньваемся толькі за слаўнымі падзеямі і ўчынкамі, абмінаючы легкадумным маўчаннем усё тое, што ў здарэннях менш цудоўных сведчыць пра веліч нязбытных праўд. А таму мы ўдзелім працэсу Ларэнца Пэрэза столькі слоў, колькі таго наша служба ў салодкіх аковах веры вымагае.

Памянёны Ларэнца Пэрэз, мужчына трыццаці васьмі гадоў, у час, пра які мы распавядаем, быў увязьнены і прыцягнуты да адказнасці перад Святым трыбуналам у Таледа, і гэта ўсё з той прычыны, што з бессаромнай і агіднай яўнасцю, характэрнай для зацятых непапраўных ератыкоў, пашыраў бязбожныя погляды, сцвярджаючы, што нібыта не існуе ніякіх д'яблаў, дэманаў і іншых пякельных стварэнняў, якія былі б здольныя завалодаць чалавечай душой.

Вялебны айцец Тарквемада, атрымаўшы на прагляд паказанні абвінавачанага, палічыў не толькі за карыснае, але нават за неабходнае асабіста справу на месцы даследаваць, і хоць бліжэйшае атачэнне і — як сцвярджаюць відавочцы — нават Іх Каралеўскія Мосці адгаворвалі яго ад падарожжа, такога цяжкага, ён адважыўся на яго, даючы гэтым рашэннем прыклад самаахвярнасці, якое кожны з нас не павінен шкадаваць дзеля патрэб веры.

Паводле сабраных сведчанняў, правільна і з дазволу царквы перапісаных намі з судовых пратаколаў Святой інквізіцыі, памянёны Ларэнца Пэрэз прызнаў перад Святым трыбуналам даслоўна наступнае:

“Я зведаў у сваім жыцці з самаранняга дзяцінства так многа згрызотаў і няшчасцяў, што, калі мой лёс пачаў мне здавацца над усякую меру вартым шкадавання, я ў хвіліну роспачы паклікаў д'ябла, каб ён дапамог мне ў нядолі, ахвяруючы яму ўзамен сваю душу. Выклікаў я яго некалькі разоў, але марна. Д'ябал не з'явіўся. Тады я звярнуўся да аднаго ўбогага чалавека, які лічыўся чараўніком. Ён сказаў мне, што завядзе мяне да адной кабеты, якая ў чарах больш за яго спанатраная, абароцістая і ўпрактыкаваная, хадзілі бо пра яе чуткі, што яна, прымаючы вобраз чорнага казла, патрапляла ў месячныя ночы завабліваць на пусткі маладых хлопцаў, пасля чаго тыя, спачатку бессаромна агаліўшыся, таксама ад яе чараў у чорных казлоў ператвараліся, папярэдне намасціўшы сваё цела сліззю рапухі і крумкачовымі выдзяленнямі, а потым усім сполам удзельнічалі ў блюзнерчым набажэнстве, званым чорнай імшой. Я пайшоў да той кабеты. Яна парадзіла мне тры дні падрад хадзіць за вёску на курган Сан-Эстэбан і выклікаць Люцыпара словамі: “Анёле светласці!”, блюзнерачы на Святую Тройцу і хрысціянскую рэлігію. Я зрабіў усё, што мне тая кабета наказала. Але нічога не ўбачыў. Тады яна дарадзіла мне, каб я выкінуў ражанец, скапулір, а таксама ж каб я сваёй крывёй напісаў вераадступны цырограф. І гэта я зрабіў. Але д'ябал не з'явіўся. І вось, вычарпаўшы ўсе магчымасці, я падумаў, што калі б д'яблы існавалі і калі б было праўдай, што яны змагаюцца за чалавечыя душы, то ім цяжка было б знайсці лепшую нагоду, бо я сапраўды вельмі шчыра прагнуў прадаць сваю душу Люцыпару”.

Цяжка ў гэтым месцы не ўсклікнуць хрысціяніну: Божа ўсемагутны, ці ж можна знайсці большае сведчанне д'ябальскага апантання, чым гэта? Сапраўды, д'ябальскія віжоўкі, сатанінскія інтрыгі перш за ўсё грунтуюцца на тым, што ў апантанага адбіраецца здольнасць распазнаваць непрыяцеля.

І вось, учыняючы такія агідныя жарты з цёмным рамеснікам, вымушаны быў сатана скапітуляваць перад пранікнёнай мудрасцю вялебнага айца Вялікага інквізітара.

Было ўсім вядома, што айцец Тарквемада рэдка калі асабіста вёў следства ератыкоў, абвінавачаных у злачынствах супраць веры, таму што святасць, шырокія тэалагічныя веды і глыбокае пранікненне ў людскія натуры ўкарэніліся ў ім так глыбока, што ён мог без пахібы разабрацца ў сутнасці кожнай справы толькі па адным абвінаваўчым акце. Мала хто ў такой меры, як ён, разумеў, што лішнія падрабязнасці могуць толькі зацямніць вобраз злачынства, а таксама — і гэта гаварыла за яго вялікі розум, не забываўся ён, што грэх, хай сабе і самы мізэрны, ніколі не бывае адасоблены і там, дзе нараджаецца адзін, павінна іх быць больш. На гэты, аднак, раз айцец Тарквемада адступіў ад сваіх правілаў і, не зважаючы на цяжкі стан здароўя і не шкадуючы вялікага напружання думкі, асабіста старшыняваў на пасяджэнні Святога трыбунала і сам задаваў пытанні, каб, нягледзячы на супраціўленне абвінавачанага, дабрацца да самага споду сутнасці праўды.

Нашым першым намерам было сваімі словамі распавесці пра ход таго пасяджэння Святога трыбунала, але нас своечасова прасвятліў Святы Дух, унушыўшы, што мы натхнёныя вышэйшай мудрасцю не выстаўляць асабістых амбіцый, якія пры такой няроўнасці сіл лёгка могуць спаўзці да агульнага калечання, ашуканства і поўнага скажэння праўды. А таму, служачы праўдзе, перадаём слова ёй.

Паводле ўдаступненых нам пратаколаў, Ларэнца Пэрэз стаў перад Святым трыбуналам восьмага верасня года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага ў прысутнасці вялебнага айца Вялікага інквізітара, айцоў інквізітараў Святога афіцыума ў Таледа, вялебнага айца Дыега Манэнтэ, сакратара Каралеўскай інквізіцыйнай рады, а таксама пісараў, братоў дамініканцаў, званых Ніколасам і Паскуалем.

Вялебны айцец Тарквемада пытаўся, а Ларэнца Пэрэз адказваў — наступнае:

Т. — Няхай абвінавачаны шчыра і нічога не тоячы раскажа Святому трыбуналу пра свае грахі.

П. — (Маўчыць.)

Т. — Ці абвінавачаны азнаёмлены з актам абвінавачвання?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Ці прызнае абвінавачаны сваю віну?

П. — Прызнаю, Ваша Мосць, што я выклікаў д'ябла, які не з'явіўся.

Т. — Не пытаюся, каго абвінавачаны выклікаў, а ці абвінавачаны прызнае сваю віну?

П. — Не, Ваша Мосць.

Т. — Ці абвінавачаны лічыць сябе хрысціянінам?

П. — Так.

Т. — Ці абвінавачаны лічыць, што ён належыць да рымскай каталіцкай царквы?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Ці абвінавачаны лічыць ісціну, якую царква прызнае адзінай праўдай, неаспрэчнаю?

П. — Ваша Мосць, калі існуе д'ябал, дык чаму ён не ўзяў маю душу, я ж сам хацеў ахвяраваць яе яму.

Т. — Я пытаюся, ці абвінавачаны лічыць ісціну, якую царква прызнае адзінай праўдай, неаспрэчнаю, вартай веры?

П. — Я просты хрысціянін, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны прызнаў, што не верыць у існаванне сатаны і д'яблаў. Ці абвінавачаны пацвярджае гэта прызнанне?

П. — Ваша Мосць, прысягаю, што д'ябал сапраўды не з'явіўся па маю душу.

Т. — А значыцца, абвінавачаны пацвярджае сваё прызнанне?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны сказаў хвіліну назад, што ён просты хрысціянін.

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — І сваё сцверджанне, што сатана не існуе, не абгрунтоўвае абвінавачаны вучэннем?

П. — Не, Ваша Мосць.

Т. — Чым тады ў сувязі са сказаным абвінавачаны абгрунтоўвае гэта сваё сцверджанне?

П. — Ваша Мосць, я прысягаю, — усё, што я сказаў, ёсць праўда. Я нічога не ўтоіў.

Т. — Прашу ўвагі абвінавачанага. Я пытаюся, чым абвінавачаны абгрунтоўвае сваё сцверджанне, што сатана не існуе і пякельныя істоты не маюць згубнага ўплыву на людскія душы.

П. — (Маўчыць.)

Т. — Абвінавачаны апелюе да сваёй дасведчанасці. Значыцца, можа, здаровы розум прадыктаваў абвінавачанаму перакананне, што сатана не існуе?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у існаванне сатаны і ў яго згубны ўплыў на людскія душы. Ці абвінавачаны лічыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Чаму абвінавачаны не адказвае?

П. — Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькі ведаю, што выклікаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явіўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.

Т. — Ці існуе, на думку абвінавачанага, на свеце зло?

П. — О так, Ваша Мосць! Зла вельмі многа.

Т. — Ці абвінавачаны зведаў у сваім жыцці зло?

П. — Толькі зло, Ваша Мосць, нічога іншага не бачыў.

Т. — Абвінавачаны і далей настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Калі б ён быў, Ваша Мосць...

Т. — Я пытаюся, ці абвінавачаны і далей настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Настойваю, Ваша Мосць.

Т. — Калі ж сатана не існуе, хто, на думку абвінавачанага, спраўца зла на зямлі?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Ці абвінавачаны верыць у Бога, творцу неба і зямлі?

П. — Як жа я магу не верыць, Ваша Мосць?

Т. — І таму, на думку абвінавачанага, усемагутны Бог стварыў зло на зямлі?

П. — Я гэтага ніколі не казаў, Ваша Мосць, прысягаю.

Т. — Абвінавачаны ўсё яшчэ настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Ваша Мосць, калі ён не з'явіўся...

Т. — Ёсць сатана ці яго няма?

П. — Ваша Мосць, не Бог стварыў зло.

Т. — Святы трыбунал дае веры словам абвінавачанага, што ён шчыра адцураецца ад блюзнерчай думкі, што нібыта Бог мог быць спраўцам зла на зямлі.

П. — Дзякую, Ваша Мосць.

Т. — Чыім падданым з'яўляецца абвінавачаны?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Ці не Іх Каралеўскіх Каталіцкіх Вялікасцей караля Фердынанда і каралевы Ізабэлы?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Хто ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлівае законы?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Каралеўская Вялікасць?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — І хто яшчэ?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Каталіцкая царква?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны прызнаў, што паводле яго свядомага меркавання ўсе законы ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялікасцю і каталіцкай царквой. Ці абвінавачаны пацвярджае гэта?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваіх ранейшых прызнанняў абвінавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады і ўлады духоўнай.

П. — Ваша Мосць, я бунтаўнік? Я не бунтаўнік.

Т. — Святы трыбунал абапіраецца на прызнанні абвінавачанага і не верыць у яго цяперашнія галаслоўныя пярэчанні. Абвінавачаны сцвярджаў, што на зямлі існуе зло? Абвінавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?

П. — Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.

Т. — Не сатана, на думку абвінавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвінавачанага, не існуе. Усемагутнага Бога таксама абвінавачаны не дакарае за зло на зямлі. Хто ж тады, на думку абвінавачанага, можа быць спраўцам зла, калі не тыя, што ўстаноўліваюць законы?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Святы трыбунал канстатуе, што абвінавачаны Пэрэз, абвінавачаны ў цяжкіх грахах ерасі і адступніцтве ад асноў каталіцкай веры, паказаў пад час следства асабліва бунтоўныя думкі, сцвярджаючы, што за зло, якое існуе на зямлі, адзіную і выключную адказнасць нясе свецкая і духоўная ўлада.

П. — Ваша Мосць, прысягаю, што ніколі так не думаў.

Т. — Значыцца, Святы трыбунал хлусіць?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Падазраючы Святы трыбунал у хлусні, абвінавачаны тым самым пацвярджае свае прызнанні пра бунтоўныя намыслы.

П. — Ваша Мосць, прызнаюся.

Т. — У чым абвінавачаны прызнаецца?

П. — Памыляўся, Ваша Мосць, дазволіў звесці сябе глупству і несвядомасці, але бажуся, я не мяцежнік і ніколі ім не быў. Я веру ў існаванне сатаны, ён — носьбіт ліха, усякага ліха.

Т. — Святы трыбунал не мае ніякіх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Ці ведае абвінавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялікасці караецца смерцю?

П. — Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнік. Памыляўся, прызнаюся. Вялікі гэты грэх мой. Веру ў сатану, і ён — носьбіт зла.

Т. — Святы трыбунал не можа верыць абвінавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькі можа ўратаваць абвінавачанага — сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.

П. — Божа праведны, я кажу праўду!

Т. — Няхай абвінавачаны адкіне свае страхі. Святы трыбунал на тое і існуе, каб выводзіць аблуднікаў на правільную дарогу. На жаль, Святы трыбунал не зможа ўратаваць абвінавачанага, калі абвінавачаны сам сябе ратаваць не хоча. Абвінавачаны мусіць сказаць усю праўду.

П. — Усё скажу, Ваша Мосць.

Т. — Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвінавачаны назаве Святому трыбуналу імёны і прозвішчы людзей, з якімі быў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы.

П. — Божа!

Т. — Нагадваю абвінавачанаму, што заклік імя божага не ёсць паказанне, якога цярпліва чакае Святы трыбунал.

П. — Ваша Мосць, вялебныя айцы, я ніколі не ўступаў ні ў якую змову.

Т. — Няхай абвінавачаны звернецца да сваёй памяці.

П. — Клянуся, ніколі не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?

Т. — Праўды.

П. — Сатана — носьбіт зла.

Т. — Хто разам з абвінавачаным удзельнічаў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы?

П. — Я не ўдзельнічаў ні ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.

Т. — Святы трыбунал, заклапочаны адзіна турботай пра душу абвінавачанага, ахвотна верыць абвінавачанаму.

П. — Дзякую, Ваша Мосць.

Т. — Аднак раней абвінавачаны мусіць даказаць сваю заяву.

П. — Не разумею, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны сцвярджае, што не меў ніякіх бунтоўных намыслаў, а таксама не ўваходзіў ні ў якую змову супраць свецкай і духоўнай улады. Якія доказы на карысць слушнасці гэтых слоў абвінавачаны можа прывесці?

П. — Я невінаваты, Ваша Мосць!

Т. — Дык няхай абвінавачаны дасць доказы сваёй невінаватасці.

П. — Ваша Мосць, прысягаю, за ўсё жыццё, ніколі-ніколі, не ўзнікала ўва мне аніводнай бунтоўнай думкі.

Т. — Хвіліну назад абвінавачаны па сваёй волі прызнаў, што вярхоўныя ўлады дзяржавы і царквы вінаватыя за зло, якое так шырока разышлося па зямлі.

П. — Сатана звёў мяне, Ваша Мосць.

Т. — Яшчэ раз паўтараю абвінавачанаму, што Святы трыбунал нічога так не прагне, як паверыць абвінавачанаму. Хай жа абвінавачаны, заклапочаны выратаваннем сваёй душы, дакажа Святому трыбуналу, што сапраўды ніколі не меў мяцежных намыслаў і не ўваходзіў ні ў якую змову.

П. — Клянуся крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста — невінаваты.

Т. — Ці адзіны гэта доказ невінаватасці, які абвінавачаны жадае прывесці?

П. — Чым жа яшчэ я магу даказаць, Ваша Мосць?

Т. — На гэта пытанне няхай адкажа сам абвінавачаны.

П. — (Маўчыць.).

Т. — Ці азначае маўчанне абвінавачанага адмову прывесці Святому трыбуналу пераканаўчыя доказы невінаватасці?

П. — Я не адмаўляюся, Ваша Мосць, але, бадай што, адзін Бог можа засведчыць маю невінаватасць.

Т. — Святы трыбунал з жалем зазначае, што абвінавачаны, насуперак шматлікім заклікам да разумнасці, упарта адмаўляецца прывесці доказы таго, што ён не меў ніякіх мяцежных намыслаў супраць свецкай і духоўнай улады і не ўваходзіў ні ў якую змову, якая мае на мэце пагвалчанне парадку, што пануе ў каралеўстве. Так абвінавачаны самым відавочным чынам засведчыў свае злачынствы. Усім вядома, што любы закон, устаноўлены Каралеўскай Вялікасцю, мае на мэце дбанне пра дабрабыт усіх падданных, Святой жа царкве давераны Госпадам нашым Ісусам Хрыстом клопат пра непагрэшнасць чалавечых душ. Абвінавачаны ж з незвычайна мярзотнай зацятасцю імкнецца аспрэчыць гэты натуральны і спрадвечны парадак, абгаворваючы абедзве ўлады ў нібыта іхняй прыхільнасці да насаджэння зла на зямлі. Нягледзячы на гэта, Святы трыбунал не адмаўляецца ад клопату пра душу абвінавачанага і яшчэ раз узнаўляе сваю спробу, заклікаючы: хай абвінавачаны прызнае ўсю праўду. Абвінавачаны, як гэта ён сам паказаў на першым следстве, не шкадаваў энергіі і намогаў, калі заходзіла пра шашні з сатаной. Ці пацвярджае гэта абвінавачаны?

П. — Так, Ваша Мосць, я хадзіў да той кабеты, вядзьмаркі, бо сапраўды хацеў прадаць сваю душу.

Т. — А пазней, калі абвінавачаны пераканаўся, што сатана нібыта не існуе, з кім абвінавачаны дзяліўся сваімі сумненнямі?

П. — Не памятаю ўжо, Ваша Мосць.

Т. — Аж з такой вялікай колькасцю людзей, значыцца, гутарыў абвінавачаны на гэтую тэму?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Святы трыбунал верыць абвінавачанаму, што цяпер ён не пры памяці. Каб памагчы абвінавачанаму і даючы яму час на роздум, Святы трыбунал адкладвае далейшае следства на другі дзень.

На раніцу дня дзевятага верасня ў прысутнасці таго ж, што і напярэдадні, Святога трыбунала Ларэнца Пэрэз паказаў наступнае:

Т. — Святы трыбунал вядзе далей следства па справе Ларэнца Пэрэза, абвінавачанага ў пашырэнні зламысных поглядаў, супярэчных вучэнню царквы, а таксама ў саўдзеле ў шырокай змове, якая мела на мэце пагвалчанне існуючых у Каталіцкім Каралеўстве духоўных і свецкіх уладаў і правапарадкаў. Ці жадае абвінавачаны дапоўніць свае паказанні?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.

П. — Ваша Мосць, шаноўныя айцы, дзякую за дадзеную мне адзіную і апошнюю магчымасць не так зацьміць мае цяжкія грахі, як, праліўшы на іх святло, паказаць іх поўную мярзотнасць. Калі б малітвы чалавека, такога злачыннага, як я, маглі што-небудзь значыць для Бога, я б маліўся за вас, вялебныя айцы, бо, хоць і нізка я ўпаў, хоць і занурыўся ў прорву ілжы, вы падалі руку дапамогі, пасобіўшы мне ўсвядоміць мае гнюсныя злачынствы. Не жадаючы, аднак, апаганіць сваім подлым голасам трон божы, я мушу на асцеражэнне тым, што, як я, захацелі б калі-небудзь апусціцца ў морак пекла, упакорана і ўмілажалена прызнаць свае грахі. Сапраўды, многа цяжкасцяў зведаў я ў сваім жыцці, і, ахоплены безразважнасцю і пыхай замест бязмежнай веры ў літасць божую, замест пакоры перад доляй і клопату пра збавенне душы, я нягодна адмёў вучэнне царквы, паставіўшы сябе над адзінай ісцінай, і, атручаны такімі мяцежнымі думкамі, пачаў шукаць хаўрусу з сатаной, не разумеючы, што, адрываючыся ад суполкі дабраверных і ідучы следам за толькі сваімі блюзнерчымі думкамі, я ўжо тым самым у вечнай уладзе нячыстага. Разумею цяпер, вялебныя айцы, што на мае заклікі д'ябал зусім не абавязаны быў з'яўляцца, бо і без таго я самахоць прадаў сябе яго ўладзе. Але гэтым не вычэрпваюцца мае беззаконні. Я спрабаваў здабыць збавенне ілжывымі выкруткамі, зацінаючыся ў ерасі, цяпер, аднак, вамі, вялебныя айцы, прасветлены, бачу, што толькі безмежна шчырае прызнанне праўды можа прынесці сапраўднае выратаванне, яшчэ магчымае для мяне, — то бок пакорліва, павінаваціўшыся перад людзьмі і Богам, панесці заслужаную мною кару.

Прадаўшыся сатане, толькі яго д'ябальскімі сцежкамі мог я ісці далей адно ўчыніўшы злачынства, я ўжо быў асуджаны рабіць яшчэ больш страшныя і жахлівыя. Сам у руках сатаны, я пашыраў нячыстыя погляды, што нібыта ён, сатана, не існуе і душам людскім не пагражае, сеяў я смуту і заразу ў душах і сэрцах, падточваў асновы веры, праўду хлуснёй падтыкаючы. Усвядоміўшы цяпер ненасытную, неспатольную пражэрлівасць зла, бачу, што і гэтым я не задаволіўся, таму што ад хаўрусу з д'ябальскімі сіламі прага чыніць зло авалодала мною цалкам, і з гэтых прычын, апантаны нянавісцю да дабра і не помнячы, што сам я — нікчэмны чарвяк, які павінен быць удзячны Каралеўскаму маестату і царкве, я ступіў на шлях адкрытага бунту супраць найвышэйшых улад каралеўства, прыпадобніўшыся такім чынам распраненаму з усякай павагі і веры злачынцу, які занёс богазневажальную руку на айца свайго і на маці сваю. І вось, абцяжараны такімі страшнымі злачынствамі, я не заслугоўваю, вялебныя айцы, ніякай літасці, і калі смею пра што-небудзь прасіць у вас, дык адзіна пра кару найбольш суровую, каб яна і мне самому дапамагла ачысціцца ад грахоў, а ўсім жывым стала справядлівым адшкадаваннем за зло, учыненае мною.

Т. — Ці абвінавачаны можа назваць прозвішчы асоб, якіх уцягнуў у змову?

П. — Так, Ваша Мосць, я гатовы назваць прозвішчы людзей, якіх я падбухторыў да ўдзелу ў гэтай злачыннай дзеі, бо толькі такім чынам магу я ацаліць іх душы ад вечных пакут.

Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.

Рэестр злачынцаў, названых Ларэнцам Пэрэзам, ахоплівае некалькі дзясяткаў людзей: мужчын, дзяцей і кабет, якія жылі ў самім Бургіласе або ў ваколіцах, але нам не здаецца абавязковым пералічваць іх усіх, бо за размах самой змовы яны сведчаць больш сваёй колькасцю, чым пайменным пералічэннем, якое і раней казала не надта многа, а тым меней сёння.

Адно, праўда, прозвішча з дэмаскаваных бунтаўнікоў варта дзеля навучання назваць, а менавіта паганьбаванае імя святара Мігеля Варгаса, пробашча з Бургіласа, які, будучы спавядальнікам Ларэнца Пэрэза, выявіў пры выкананні сваіх абавязкаў вартую пакарання слепату і, заслужыўшы не меншую асуду, забыўся пра пільнасць супраць зла.

Справа Ларэнца Пэрэза, так глыбока даследаваная і да самага карэння раскрытая вялебным айцом Вялікім інквізітарам, хоць і мела яна дачыненне да простага люду, дае, аднак, асабліва красамоўнае сведчанне таго, да якога цяжкага злачынства прыводзіць адступства ад асноў веры. З усіх бакоў атачаюць нас зламысныя разбуральныя д'ябальскія сілы, нецярпліва чакаючы, каб з кожнай людской слабасці, а больш за ўсё з непасаромленай пыхі і фанабэрыі выдабыць сабе карысць. Вялікае поле бітвы — гэтая зямля, а праўда адкрытая чалавечаму роду толькі адна — згуртаваўшыся вакол яе і служачы ёй, мы можам быць непахісныя ў веры, мы можам быць пэўныя, што ўсе варожыя спакусы і вышпігі разаб'юцца аб муры нябеснай фартэцыі і непрыяцель у сваёй бяссільнай злосці пацерпіць канчатковае паражэнне.

Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Пэрэза, мы павінны з абавязку краністаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавіку, на дзень святога Іосіфа, усе пабожныя жыхары горада Таледа мелі магчымасць удзельнічаць у вялікай урачыстасці, пад час якой ератык і бунтаўнік Ларэнца Пэрэз, а таксама шматлікія супольнікі яго злачынства былі аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалі меншыя правіны, таксама і кару панеслі менш суровую і былі засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпенні і грашовыя рэстрыкцыі, але ў кожным выпадку на страту годнасці і забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.

Радуючыся такой поўнай перамозе справядлівасці, не лічыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, які рашуча пасабляў высветліць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.

Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Пэрэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец Тарквемада цяжка занядужаў, і, хоць лекар і блізкае атачэнне не сказалі яму пра сур'ёзнасць стану, — ён сам, ведзены беспамылковым адчуваннем незабаўнай смерці, пажадаў аддаць Богу душу і пайсці ў небажаты ў роднай Авіле. Ніхто не адважыўся супрацівіцца яго волі.

І вось раніцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Ісуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму найлепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы.”

 

Раздзел шосты

 

Вечар быў не позні, але вельмі цёмны, ветраны і дажджлівы, калі почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара, цэлы дзень кіруючы трактам ля падножжа Сіера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана і цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзіць на ўзгор'і Старой Кастыліі. Наваколле было бязлюднае і дзікае, ды і слава ў яго была вельмі благая за рабункі і гвалты, якія чынілі навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясціны, асабліва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завітвалі вельмі неахвотна.

Воз, на якім спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусінай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлівых выбоінах, бо дарога была няроўная, камяністая і коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана імжа перастала, затое імгла, якая падымалася з далін, гусцела ўсё больш. Запалілі яшчэ паходні, але гэта мала дапамагала, свяцілі яны слаба. У глыбіні цемры грымеў паток.

Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблізу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена і свабодна, нібы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваім кані да яго.

— Дон Ларэнца, — сказаў ён, — баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогі. Слабее з гадзіны на гадзіну.

Пан дэ Мантэса, статны і лёгкі, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранікаў яснымі вачыма і ў мглу, і ў цемру. Ён спытаўся:

— Што загадаеш, вялебны войча?

— Ведаеш гэтыя мясціны?

— Я нарадзіўся пад Авілай.

— Ці ёсць тут дзе спыніцца нанач?

Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.

— За чвэрць гадзіны адсюль ёсць замак.

— Чый?

— Паноў дэ Лара.

З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.

— Галава гэтага вялікага роду, — сказаў задуменна падрэ Дыега, — калі я не памыляюся, дон Мігуэль дэ Лара?

— Так, войча.

— Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?

— Так, вялебны войча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.

— Ці добрае імя ў гэтага дона Мігуэля?

На гэта пан дэ Мантэса адказаў:

— Я не ведаю дона Мігуэля, але чуў, ён высока цэніць свабоду.

Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, і той не ўпаў.

— Знаю такіх людзей, — сказаў з пагардай. — Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.

— Якраз гэта і я хацеў сказаць, вялебны войча. Што загадаеш?

Падрэ Дыега адказаў:

— Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.

Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны і зачынены, узносіўся мурамі і вежамі высока па-над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнізе, шумела бурная рака.

Дарога, якая вяла да замка, была крутая і вузкая, коні слізгаліся на ёй, мгла, праўда, трошкі ўжо разышлася, затое пранізлівы вецер дзьмуў проста ў твар. Некалькі лучнікаў спешыліся, каб плячыма падтрымаць цяжкі воз.

Апынуўшыся перад мурамі замка, падрэ Дыега, прыгнечаны іх змрочнасцю, пашкадаваў аб сваім рашэнні. Але вяртацца назад было позна. Якраз ужо адзін з дамоўнікаў затрубіў у рог, і, перш чым заціхлі яго гукі, з вышыні пачуўся зычны голас:

— Хто вы такія і што вам трэба?

Пан дэ Мантэса выехаў наперад. Крыкнуў:

— У імя караля і каралевы — адчыніце!

Праз нейкую хвіліну ўжо другі голас, малады і гучны, запытаўся:

— Хто гаворыць ад імя караля і каралевы?

Пан дэ Мантэса адказаў:

— Яго дастойнасць, вялебны айцец Вялікі інквізітар.

— Падрэ Тарквемада? — здзівіўся ў цемры юначы голас. — Які ж інтэрас, ды яшчэ так позна, мае да мяне дастойны пан Вялікі інквізітар?

Пан дэ Мантэса, нецярпліва гарцуючы на сваім андалузцы, ужо хацеў востра адказаць, але падрэ Дыега паклаў яму далонь на плячо.

— Не варта нам, дон Ларэнца, гаварыць ганарыста і пыхліва, — сказаў напаўголасу.

І са спакойнай годнасцю, трохі павысіўшы голас, сказаў у цемру:

— Хай будзе пахвалёны Ісус Хрыстос.

Было ціха. Спытаўся:

— Ці з панам дэ Лара гаворым?

— Так, я пан дэ Лара, — адказалі з муроў.

Падрэ Дыега павінен быў зрабіць вялікае намаганне, каб не выказаць сваю антыпатыю, якую абуджаў у ім гэты дзёрзкі голас. Сказаў:

— Цяжкая і смутная неабходнасць прымушае нас шукаць гасціны ў вашым доме, пане. Вялебны айцец, пакутуючы ад цяжкай хваробы, едзе ў Авілу, але мы баімся, што можа не вытрымаць цяжкай дарогі, калі не адпачне гэтай ноччу.

— Няўжо пан Вялікі інквізітар сапраўды так цяжка хворы? — спытаўся пан дэ Лара, не вельмі ўдаючыся ў смутак.

Падрэ Дыега памаўчаў хвіліну. Нарэшце сказаў:

— Усё так, як я сказаў.

— Тады заходзьце, — адказаў пан дэ Лара. — Ці пану Вялікаму інквізітару будзе дастаткова, калі яго будуць суправаджаць дзесяць вашых рыцараў?

На гэты раз падрэ Дыега не стрымаў абурэння і ўсклікнуў:

— Божа мой! Не з мечам прыйшлі мы да гэтага дома, а з жальбай і з мірам.

— Тады добра, — адказаў той, — будзьце маімі гасцямі ўсе.

Прайшло шмат часу, перш чым апусцілі развадны мост і адчынілі браму. Калі ўсё гэта нарэшце зрабілі, падрэ Дыега разам з панам дэ Мантэса, апярэдзіўшы воз, першыя ўехалі пад нізкае скляпенне вежы. І як толькі ўехалі, вочы іх, прызвычаеныя да цермы, асляпіў бляск паходняў і смалістых лучын. Толькі праз хвіліну яны змаглі зарыентавацца, як многа нерухомых рыцараў і ўзброеных пахолкаў атачала з усіх бакоў шырокі надворак. І хоць людзей было вельмі многа, цішыня стаяла на дзядзінцы, ціха было і на змрочных мурах і замкавых вежах, чуўся толькі трэск агнёў.

Малады дон Мігуэль, акружаны гайнёй паляўнічых сабак, усміхаўся і чакаў гасцей каля анфілады, якая вяла ў замкавыя пакоі. Ён быў без зброі, меў на сабе прасторны, глыбока выразаны на шыі чырвоны каптан і светла-блакітныя, скроеныя па арабскай модзе штаны. Як гэтым уборам, так і смуглявасцю скуры і разрэзам цёмных, гарачых вачэй ён больш нагадваў нявернага маўра, чым кастыльскага рыцара.

Падрэ Дыега, сыходзячы з каня, зноў мусіў стрымацца, каб не выдаць варожых пачуццяў, якія абуджаў у ім гэты малады галава роду дэ Лара. Ён думаў, што па заведзеным парадку яго прывітаюць адпаведна яго сану і годнасці. Але дон Мігуэль, усё яшчэ ўсміхаючыся, маўчаў і, здавалася, зусім не збянтэжаны зацягнутай цішынёй, бестурботна лашчыў рукою сабак. Тады падрэ Дыега наважыўся загаварыць першы.

— Мір з табою, сыне мой, — сказаў ён.

Той моўчкі пакланіўся, не адпускаючы сабак. Воз вялебнага айца спыніўся непадалёк, і пусты двор пачаў запаўняцца тлумам фамільянтаў. “Дурніца, — падумаў падрэ Дыега, — і так рана ці позна дастане цябе рука справядлівасці”. А ўголас сказаў:

— Думаю, сыне мой, ты разумееш, які табе і твайму дому гонар прымаць госцем асобу айца Вялікага інквізітара.

Дон Мігуэль адпіхнуў вялізнага харта, які лапамі ўспяўся яму на грудзі.

— Пайшоў! — сказаў мякка і лагодна.

Пасля павярнуўся да айца Дыега:

— Я не ганюся, дастойны пане, за гонарам. Навошта мне той гонар? Маю, як бачыце, усё.

І з гасцінным жэстам дадаў:

— Заходьце, аднак, дастойны пане. Мае людзі пакажуць вам дарогу. А можа, вы хочаце быць з панам Вялікім інквізітарам?

— Так, — сказаў падрэ Дыега, — стан вялебнага айца патрабуе гэтага.

Дон Мігуэль павярнуўся да капітана, які стаяў побач, пануры і маўклівы:

— Вы пан дэ Мантэса?

Дон Ларэнца ўздрыгнуў.

— Адкуль вы мяне ведаеце?

— А хто ж вас не ведае? — адказаў той. — Заходзьце, калі ласка.

І, адагнаўшы сабак, сышоў з вузкіх сходаў, каб даць дарогу людзям, якія здымалі з воза цела Вялікага інквізітара.

Цень смерці спачываў на твары айца Тарквемады. Ужо ў дарозе, у першую ноч, яго хапіў частковы паляруш, і падрэ страціў мову і прытомнасць. Цяпер, калі яго на плячах неслі дамоўнікі, ён таксама здаваўся непрытомным. Ад святла паходняў, што калыхаліся на ветры, на яго схуднелы твар падалі водбліскі і цені, а сам твар быў нерухомы і немы. Адно толькі вока падрэ Тарквемады было адкрытае, але і яно, пакутліва гледзячы ў бяздоннае неба, здавалася, нічога не бачыла ў гэтым свеце.

Пан дэ Мантэса зняў з дапамогай чалядніка зброю і адправіў таго. Ён хацеў пабыць адзін. Сеўшы перад камінам сагрэцца, ён зразумеў, што застанецца сам-насам аж да світання, неабходнасць адзіноты занепакоіла яго. І хоць быў стомлены, спаць не хацелася.

Адведзены пакой быў не шырокі, але, як і ўсе астатнія, праз якія ён праходзіў, абсталяваны з пышнасцю, якое ён не сустракаў нават у найбагацейшых магутаў каралеўства. Усё тут ішло насуперак рыцарскай суровасці і аскетызму. Дарагія дываны на падлозе, старажытныя муры расквечаны каляровымі мазаікамі, нізкі і шырокі ложак займаў, як на злосць добрым звычаям, занадта шмат месца, а насупраць каміна сафа, засланая ўзорыстым палатном, уся ў мяккіх падушках, паўколам акружала інкруставаны стол. Усход адчуваўся нават у паветры, насычаным пахам ружовага алею.

На стале стаяў прыгатаваны госцю посілак: трохі халоднага мяса, хлеб і садавіна. Дон Ларэнца адсунуў ежу, пацягнуўся па віно. Яно было салодкае, пахучае і вельмі моцнае. Але не дало таго, чаго ён хацеў. Пасля некалькіх кубкаў яму стала яшчэ цяжэй на сэрцы, і думкі, ад якіх ён хацеў уцячы, пачалі няўмольна даймаць яго.

Навокал панавала цішыня, бляск агню, які мігацеў на пастаўленай каля каміна зброі, здаваўся адзінай адзнакай жыцця. Замак, хоць было яшчэ не надта позна, здавалася, увесь забыўся ў глыбокім сне.

Пан дэ Лара ўвайшоў так ціха, што дон Ларэнца толькі тады павярнуў ад агню твар, калі ў бляску перад сабой разгледзеў цень чалавечай постаці. Убачыўшы пана дэ Лару, які стаяў непадалёк, падхапіўся надта паспешна і раптоўна. Але дон Мігуэль трымаўся так, нібы не заўважыў гэтага. Ён сказаў:

— Я прыйшоў спытацца ў вас, ці не бракуе вам чаго?

На ім была адзежына з цёмна-пунсовага шоўку, багата патканая золатам, і ў гэтай хатняй вопратцы ён здаваўся дону Ларэнцу яшчэ больш чужым. Праз хвіліну ён адчуваў сябе побач з гэтым маладым чалавекам амаль варварам. Але горда адразу адагнаў гэтае пачуццё.

— Цудоўнае віно, дон Мігуэль, — сказаў лёгка. — Сядай і выпі са мной. Жывеш на гэтым адлюддзі, бы ў казцы.

— Вы так думаеце, пане? Цяжка мне, праўда, вызначыць, што ёсць, а што не ёсць казка. А пакуль што жыву, як мне падабаецца.

Дон Ларэнца ўголас засмяяўся.

— На лішак сціпласці не можаш паскардзіцца. Гаворыш такім тонам, нібы хочаш даць зразумець, што толькі ты адзін умееш жыць паводле свайго жадання. Няўжо ты так думаеш?

— Не, — адказаў дон Мігуэль, — я не лічу сябе чалавекам, якому дадзена шмат прывілеяў. Проста адны жывуць згодна са сваімі жаданнямі, другія насуперак ім.

— І напэўна, як я здагадваюся, прыпісваеш гэтым першым розныя цноты і дабрачыннасці і, перш за ўсё, асабліва вялікую адвагу?

— Правільна, пане, здагадваецеся. Сапраўды, у наш час, каб думаць, трэба мець адвагу.

— Бачу, не вельмі табе даспадобы наш час?

— Наадварот, захапляюся яго дасканалай справядлівасцю.

— Няўжо? Няўжо?

— Да гэтага часу, як вядома, людзей падзяляла страшэнная няроўнасць. Адны выйгравалі сваё жыццё, другія яго прайгравалі. Цяпер паражэнне церпяць усе аднолькава.

Дон Ларэнца паморшчыўся.

— Гаворыш, як ератык.

— Гавару, як думаю.

— Тым горш, калі так думаеш.

— А вам не здаецца, пане, што ад паражэння найменш пацерпіць той, хто яго прадбачыць?

— Не ведаю. Я прывык думаць, што той перамагае, хто наогул не бярэ паражэння ў рахубу.

— Не сумняваюся, пане, што менавіта так вы і думаеце. Але надзея заўсёды каштуе даражэй.

Дон Ларэнца наліў у кубак і, перш чым паднесці яго да вуснаў, сказаў цвёрда:

— Надзея не церпіць паражэння.

На гэта дон Мігуэль адказаў:

— Тым горш.

— Надзеі?

— Тым, хто ёю цешыцца.

Дон Ларэнца нецярпліва паварушыўся.

— Верыць мне не хочацца, дон Мігуэль, каб ты, такі малады, свайму толькі вопыту ўдзячны быў за такое дасканалае веданне жыцця. Незвычайныя павінны былі быць у цябе настаўнікі, прызнайся.

— Не ведаю, ці такія ўжо незвычайныя. Бадай што, звычайныя. Затое ўвагі і памяці напэўна вартыя. Можа, вас гэта і здзівіць, але калі з адным з іх звёў мяне лёс, дык гэтым я ў пэўнай меры абавязаны вам.

Дон Ларэнца павярнуў да яго пацямнелы твар.

— Дон Мігуэль, калі ты не хочаш, каб я забыўся, што я ў тваім доме госць, пакінь гаварыць загадкамі.

— Не меў ніякага намеру зачапіць вас, пане, — спакойна адказаў дон Мігуэль. — Вы спыталіся пра маіх настаўнікаў, і я хацеў расказаць пра аднаго з іх.

— Не я ім, як думаю, быў.

— Праўда, не вы.

— Чаго ж тады ўмешваеш мяне?

— Гэта, бадай што, мяне ўмяшалі. Паслухайце. Некалькі гадоў назад, у такі самы, як і сёння, дождж мае людзі знайшлі ніжэй перавалу Санта Ана чалавека, які быў дарэшты змучаны і знясілены. Прывялі яго сюды. Ён хварэў некалькі тыдняў, але нам не ўдалося яго ўратаваць. Праз некалькі месяцаў ён памёр.

Настала цішыня.

— Хто быў гэты чалавек? — спытаўся дон Ларэнца.

— Імя яго напэўна вам добра знаёмае. Гэта быў пан Радрыга дэ Кастра.

Дон Ларэнца не змяніўся ў твары, ён павольна дапіў кубак.

— Цікавыя рэчы ты мне кажаш, дон Мігуэль, — сказаў нарэшце абыякава. — Не думаў я, што пан дэ Кастра асмеліцца вярнуцца. І што ж ён табе паведаміў? Пэўна, строіў з сябе ахвяру нікчэмнай падступнай несправядлівасці?

— Наадварот, — адказаў дон Мігуэль, — даводзіў, што Святыя трыбуналы ніколі не памыляюцца. Сапраўды, толькі збег акалічнасцяў змусіў яго быць у гэтым доме, але ён не ўтойваў, якая непрыемная яму была неабходнасць карыстацца гасціннасцю чалавека, які думаў інакш за яго. Думаю нават, ён шчыра пагарджаў мною.

— Значыцца, не выракся сваёй д'ябальскай пыхі?

— Перш за ўсё ён збярог веру, як мне здаецца.

— Ён, веру? У што?

— Вы ў мяне, пане, пра гэта пытаецеся?

Дон Ларэнца паціснуў плячыма.

— Да гэтага часу я лічыў пана дэ Кастра нягоднікам. Калі сапраўды ўсё было так, як ты расказваеш, то ён проста ашуканы дурань, і не больш. На што ён спадзяваўся? Навошта вярнуўся? Ужо ці не такі быў наіўны, каб спадзявацца на дараванне?

— Не. Ён прагнуў служыць. Быў упэўнены, што неўзабаве вернуцца сілы. Хацеў пад чужым імем паступіць на карабель пана Калумба. Таму і вярнуўся з выгнання. Гэта ўсё.

Дон Ларэнца хацеў устаць, але пачуў сябе занадта ацяжэлым, каб зрабіць гэта. “Замнога выпіў”, — падумаў. Аднак спытаўся трохі ахрыплым голасам:

— І чаму ж, нарэшце, навучыў пан дэ Кастра?

— Я ўжо сказаў, вы яшчэ запярэчылі мне, надзея заўсёды каштуе даражэй. Ніхто, я думаю, не мог бы лепш і мацней уцвердзіць мяне ў гэтым перакананні, чым гэта зрабіў пан дэ Кастра. Разумееце цяпер, чаму я сказаў, што непасрэдна і вы дачыніліся да маёй адукацыі.

Дон Ларэнца не зусім упэўненай рукой пацягнуўся да віна.

— Мала, значыцца, навучыўся, дон Мігуэль. Ведаю, што ты думаеш. Думаеш, я вінаваты ў пагібелі гэтага чалавека. Можаш не пярэчыць. Мяне, зрэшты, мала цікавіць, што думаеш ты або іншы хто. Усе дурні. Кожны хоча не ведаць, што праўда ляжыць звычайна на паверхні. Калі б я ў свой час не выкарыстаў добрай нагоды і не паслаў пана дэ Кастра к чортавай матары, то ён зрабіў бы гэта са мной. Нават нагоды не шукаў бы, прыдумаў бы яе. Але што ж бо ты, пане дэ Лара, можаш ведаць пра гэта? Трэба самому прайсці праз усё, каб зразумець. Апусціцца трэба ў гэтую багну, разумееш? Зробіш з  найлепшай верай некалькі неасцярожных крокаў, і ўжо адступаць няма куды. Можаш сабе толькі тузацца і грузнуць глыбей. Далібог, смешны ты, дон Мігуэль, са сваімі ведамі. Жменя сухой саломы важыць больш, чым яны. Выйдзі з імі на рынак, пераканаешся. Вялебны падрэ Дыега альбо каторы са ста іншых, яму падобных, за адну ноч перамеле на пясок усе твае фразы. Ты нешта там трызніў пра адвагу. Усё гэта глупства. Што такое адвага? Яе няма. Ёсць толькі страх. Ну, вось і стараешся ўбараніцца ад яго. Хлусіш альбо маўчыш. Але і ад хлусні, і ад маўчання страх толькі большае. Потым зжырае ў табе ўсе думкі і пачуцці. Усё табе нерашкаджае, і нарэшце ты ўпэўнены толькі ў ім. Ён адзін табе верны. У ім толькі і можаш быць пэўны, ён ніколі цябе не пакіне, ніколі табе не здрадзіць. А ўзамен можаш жыць і мець дачыненне да будаўніцтва царства божага. Гэта, зрэшты, калі на тое, усё. А што ты, дон Мігуэль, зрабіў для будовы царства божага? Нічога. Дык што ж ты ведаеш? Таксама нічога.

Дон Мігуэль стаяў ля каміна нерухома, склаўшы на грудзях рукі. Праз хвіліну сказаў:

— З таго, што вы гаворыце, лёгка вывесці, як нялёгка вам жывецца. Але за шчырасць трэба плаціць шчырасцю: на жаль, не магу вам паспагадаць.

Дон Ларэнца паглядзеў на яго з пагардай.

— Нягледзячы на ўсё, не думаў я, што ты такі наіўны. Няўжо і праўда ты думаеш, што мне патрэбна твая спагада? І нашто ж мне яна здалася? З нас двух ты толькі яшчэ на нешта спадзяешся. Уяўляеш сабе, што, калі зойдзе патрэба і неабходнасць, табе ўдасца перамагчы страх. А таму ты са сваёй уяўнай адвагай маеш больш чаго траціць, чым я.

Лёгкі румянец укрыў твар дона Мігуэля.

— Павінен разумець вашыя словы як асцеражэнне? Калі такія былі вашы намеры, тады дарма сабе давалі клопат. Я ведаю, што мяне чакае.

Дон Ларэнца адчуў сябе раптам страшна стомленым.

— Нічога ты не ведаеш, — ціха сказаў ён.

І яшчэ раз хацеў паўтарыць: нічога ты не ведаеш, — калі раптам у адчыненых дзвярах паказаўся падрэ Дыега ў дарожным плашчы, накінутым на плечы.

— Дон Ларэнца! — усклікнуў ён ад парога. — Вялікая радасная навіна. Вялебны айцец апрытомнеў і загадаў выпраўляцца ў дарогу. Паехалі!

Дон Ларэнца лёгка падняўся, на яго прыгожым, усё яшчэ юначым твары не было і следу стомленасці.

— Сапраўды, радасная навіна, вялебны войча, — шчыра сказаў ён.

Пасля крыкнуў чалядніку, каб той дапамог яму надзець зброю.

Падрэ Дыега, агледзеўшыся ў пакоі, толькі цяпер, здаецца, заўважыў пана дэ Лару. Падышоў да яго з радасным тварам.

— Прабач нам, сыне мой, за турботы, якія мы ўнеслі ў твой дом. Нядоўга былі мы тваімі гасцямі, але ўжо хоць бы за тое, што выязджаем адгэтуль з большай надзеяй, чым мелі яе, парог пераступаючы, табе наша ўдзячнасць.

Дон Мігуэль моўчкі пакланіўся.

— Ты сказаў, вітаючы нас, — гаварыў далей падрэ Дыега, — што не гонішся за гонарам. Гэта цудоўна сведчыць пра тваю сціпласць, сыне мой. Але, святы Божа, ці ж варта, каб нашчадак такога славутага роду жыў на ўзбоччы, далёка ад найважнейшых дзяржаўных спраў? Мяркую, не падумаеш кепска пра нас, калі пры першым выпадку напомнім пра тваю асобу Іх Каралеўскім Мосцям. Упэўнены, радасна прывітаюць цябе ў сталіцы.

Пан дэ Лара згодна ўсміхнуўся.

— Пан дэ Мантэса якраз даваў мне ўрокі жыцця ў вялікім свеце.

— Нічога лепшага пан дон Ларэнца і не мог зрабіць, — сказаў з бацькоўскай дабратлівасцю падрэ Дыега. — Да пабачэння, сыне мой. Хай Бог цябе апекаю акрые.

З замкавага дзядзінца чуліся ржанне коней і галасы разбуджаных фамільянтаў.

Апрытомнеўшы, падрэ Тарквемада забыўся нядоўгім, нямоцным сном. Калі прачнуўся, адразу, нягледзячы на вялікую стомленасць, адчуў, што яго разбудзіла нейкая настойлівая патрэба не спаць. Толькі праз якую хвіліну па калыханні воза зразумеў, што ён у дарозе. Рыпелі колы, фыркалі коні, і чуўся манатонны тупат іх падкаваных капытоў па камяністай дарозе. Моцны вецер ірваў напятую над возам парусіну, пад ёю было спакойна і ціха. Ён ведаў, што трэба заснуць, але вастрыня першага адчування, з якім ён прачнуўся, ніяк не адступалася. Ён ляжаў нерухома, услухоўваючыся ў гэта ўнутранае напружанне, усё яшчэ ніяк не разумеючы, адкуль яно ўзялося. І раптам зразумеў: паблізу не было нікога, і тым не меней ён не быў адзін. Расплюшчыў вочы. Цемра, суцэльная цемра навокал.

— Ты, — сказаў без здзіўлення.

— Я, — адказаў тут жа побач стомлены голас, нібы рэха ягонага. — Заўсёды я ёсць, таму што вернасць — гэта неадлучны элемент маёй натуры. Прызнай, вялебны войча, калі я столькі гадоў вымушаны быў маўчаць, то не мая гэта віна. Цяпер,аднак, як мне здаецца, можна гаварыць?

— Кажы, — сказаў Тарквемада.

— Дзякую табе, войча. Павер, я магу ацаніць тваю велікадушнасць. І цаню яе тым больш, успомніўшы, што да гэтага часу ты не быў да мяне ўважлівы.

— Чаго ты хочаш?

— Разумею, загадваеш мне адразу ўзяцца за справу. Слушна, так і павінна быць, у нас не вельмі шмат часу, асабліва ў цябе яго мала. Пастарайся, аднак, зразумець мяне, войча.Калі я цяпер выказваюся так шматслоўна і ты можаш нават папракнуць мяне за балбатлівасць, дык прычына гэтага не так у маіх схільнасцях, як у вымушаным бясконцым маўчанні.

— Я гаварыў і дзейнічаў за цябе. Ты мог маўчаць.

— Так, гэта праўда. Я даўно заўважыў, што за тых, якія прагнуць ашчаслівіць чалавецтва, мне няма чаго сказаць. Нязвыклае, сапраўды, вяду існаванне. Людзям, якія глядзяць на рэчы павярхоўна, можа нават здацца, што я ў такім разе наогул не патрэбны. Але не так яно ўсё, і такога роду ўплывы ў сваёй аснове — фальшывыя. Варта часам і цэлы век маўчаць, каб пад канец  узяць слова. Ніколі не вядома, калі гэта настане, а таму трэба заўсёды быць напагатове, так сказаць, быць у перманенцыі. Не хочацца, мой войча, паўтараць, але я яшчэ адзін раз, і гэта з поўным правам, хацеў бы падкрэсліць, што найвышэй за ўсё я цаню вернасць. Ты, зрэшты, павінен зразумець і ацаніць гэта. Ці ж ты не быў усё жыццё верны? Калі і дазволіў мне гаварыць, то ці не з той прычыны, што ў асноўным здагадаўся, што менавіта я ў гэтую хвіліну больш верны табе, чым ты сам сабе? Сапраўды, ты зрабіў вельмі правільна, паклікаўшы мяне.

— Я цябе не клікаў, — ціха сказаў падрэ Тарквемада.

— Маеш рацыю, сапраўды не клікаў. Але нягледзячы на гэта, я не толькі ёсць, але і гавару, выказваюся, а гэта ўжо нешта зусім новае ў нашых узаемінах. Што спавадавала гэта nоvum, задумаемся. І перш за ўсё: з'явіўся я, ці, правільней кажучы, уяўніўся? Маю надзею, што цябе не здзіўляе гэта пытанне. Бо ўсё, зрэшты, залежыць ад правільнага наймення фактаў. Дык значыцца: з'явіўся ці ўяўніўся? Глыбока падумаўшы, я стаю за вызначэнне “ўяўнення”, бо не можа з'явіцца той, хто заўсёды прысутны, праўда? Але навошта я ўяўніўся? Досыць істотнае пытанне. Мяркую, што траплю ў самы раз, калі скажу, што ў выніку пэўнага аслаблення ў табе, мой войча, чуйнасці ўзніклі аб'ектыўныя ўмовы, каб я са стану патэнцыяльнай вернасці, ці, так сказаць, статычнай, перайшоў у стан дзейснай. Менавіта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што часам варта маўчаць і чакаць цэлы век. Цяжка, бо жыццё ж ёсць жыццё. Нават самы моцны чалавек можа завагацца, і ў яго веру можа штачыцца паняверка. Павінен табе нават прызнацца, мой войча, што людская паняверка невыказна мяне ўзрушае. Непатрэбнае, калі чалавек поўны веры, яно ў цяжкія хвіліны, калі святло праўды перастае свяціць чалавеку, аказваецца асабліва патрэбным і карысным. У такі толькі момант я ў поўнай меры ўсведамляю, якое гэта бязмежна вялікае шчасце — валодаць непахіснай верай. Твае, войча, сумненні...

Тарквемада расплюшчыў вочы і сказаў у цемру:

— Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.

— Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненні любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: і ты, і я. Баюся я толькі, што мы, заўсёды да гэтага часу такія адзіныя ў разуменні рацыі гэтай праўды, цяпер адрозніваемся ў яе разуменні і ацэнцы. Дзе слушнасць? Ці могуць быць дзве слушныя рацыі, праўды?

— Не.

— Вядома! Хоць і не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў інтэрпрэтаваць трохі адвольна, хоць і застаўся верны яе кампанентам, якія нязменныя і не падлягаюць ніякай рэвізіі. Гэта вельмі істотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэсліванне розніцы ў нашым бачанні, а на тое, што збліжае і лучыць. Праўда ж адна.

— І ты ненавідзіш яе, адну.

Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.

— Гэта таксама было. Рэнегаты і адступнікі заўсёды сурова мяне асуджалі. Хто ж бо больш з'едліва можа ненавідзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзіў? Ці ж не так гэта?

— Гавары далей.

— Ахвотна, але я думаў, што калі ты развязаў мне язык, даруй гэты перыфраз прынятай ветлівасці, то толькі з мэтай прынцыповага абмену думкамі і кіруючыся найлепшым жаданнем іх узгаднення. Што ж мы, зрэшты, такое, калі не пэўная сума поглядаў? Асабіста сабою ніхто звычайна не цікавіцца. Я быў і ёсць празрысты, як праўда, якой я служу.

— Ах, якія квяцістыя словы! Прыкра мне, вялебны войча, павінен, аднак, заўважыць, што і на табе пацвярджаецца адвечны прынцып. На жаль, няўхільнай і вартай шкадавання дэградацыі падлягае кожны чалавек, які сумняваецца. Заўсёды дагэтуль ты ўмеў гаварыць як гаспадар становішча. А цяпер ты як той сентыментальны летуценнік. Дзе ж падзелася сцісласць твайго мыслення, яго цэльнасць і вострасць? Няўжо таму толькі ты ўсё жыццё знішчаў усякую няяснасць, каб пад канец самохаць аддацца ёй у няволю? Прашу цябе, войча, заклінаю ўсім чыста, што святое, — давай будзем гаварыць як людзі сталыя і свядомыя, унікаючы спасылак на нескаардынаваныя пачуцці, захоўваючы толькі вернасць прынцыпам розуму.

Тарквемада маўчаў.

— Ты заснуў, войча?

— Не.

— Тады чаму маўчыш? Разумею, хочаш такім чынам схіліць мяне да маўчання. А што ж табе з таго? Ты ж ведаеш, што я не магу адысці.

— Ведаю.

— Ну і?.. Скажам, калі ты хочаш, я перастану. Добра, я ўжо маўчу.

Стала ціха. Тарквемада думаў: “Я стварыў сістэму, але дзякуючы ёй і праз яе стварыў таксама людзей сістэмы. Што рабіць з імі, калі сістэма аказалася згубным шаленствам? Як адкінуць тэрор, калі ён ужо здолеў нарадзіць людзей, якія ў ім толькі знаходзяць рацыю і сэнс свайго існавання? Знішчыць іх пры дапамозе таго ж тэрору?”

Праз хвіліну блізкі голас азваўся:

— Я маўчаў. Але ты чуў мяне?

Тарквемада ўзвёў вочы.

— Так, — шапнуў, — я чуў цябе.

— І што?

— Маніш. Людзі не хочуць тэрору.

— Бедакі! Нявінныя ягняты!

— Не кпі.

— Значыцца, чалавек для цябе, войча, ужо не слабая, гаротная, вартая пагарды істота?

— Мы зрабілі людзей яшчэ горшымі. Я памыляўся.

— У чым, калі можна даведацца?

— Ва ўсім.

— Гэта гучыць горда. Ты заўсёды быў максімалістам. Усё! Ці не хочаш ты сказаць гэтым, што і змяніць трэба ўсё? Але ж не, не думай, мой войча, што мяне гэта нібыта занепакоіла. Змены ўваходзяць у прыроду гэтага свету. Іх толькі трэба правільна інтэрпрэтаваць. На мой, напрыклад, погляд памылак як памылак наогул не існуе. Што такое памылка? Гэта паняцце няправільнае, якому я супрацьпастаўляю паняцце правільнае. А што ж тады ёсць рэчаіснасць? Відавочна, паняцце, правільнае цяпер, у гэтую хвіліну. А чаму? Таму што правільнае паняцце, правільна фарміруючы рэчаіснасць, само — рэчаіснасць. А таму толькі актуальная правільнасць можа быць рэчаіснасцю, затое тая ж самая правільнасць з часам, калі будзе акрэслена як няправільная, страціць субстанцыю ўласцівасці быцця і з гэтага пункту погляду, што па-свойму вельмі проста, наогул перастае ёю быць. Не ведаю, мой войча, ці ўваходзіла гэта ў твае намеры, калі ты закрануў пытанні, якія даўно мяне хвалююць. У гэтым правільным адміранні рэшткавых або наогул мёртвых зместаў і ў нараджэнні новых бачу я, павінен табе прызнацца, прынцыповую аснову дзеяння і падзей. Усё залежыць, як я ўжо сказаў, ад правільнага наймення фактаў. Я б у гэтым сэнсе пайшоў, можа, на крок далей і сказаў бы, што ўсё залежыць ад правільнага дэкрэтавання. Разумееш, што я хачу гэтым сказаць. Трансфігурацыя існага ў няісным павінна, і нават мусіць, мець адметы ўсеагульнасці, і яна, згодзішся з гэтым, не можа быць аднесена на жывёл, наадварот, яе трэба планаваць і кіраваць ёю. Апрача таго, я хацеў бы хоць пабочна выказаць адно дробнае засцеражэнне. Мы пагадзіліся, што правільная рацыя, прызнаная правільнай, траціць тым самым аб'ектыўную экзістэнцыю. Але гісторыя, мой войча, не выносіць пустаты. Толькі новая правільнасць можа знішчыць старую. Каб усмерціць ідэю, патрэбна ідэя. Здагадваюся, што неўзабаве ты абвесціш свету новую ідэю.

— Не муч мяне, — шапнуў Тарквемада, — я і так змучаны.

— Так, гэта праўда, прашу мне прабачыць, войча. Зрэшты, стан людской змучанасці таксама мяне вельмі цікавіць. Сапраўднае дазіраванне пакуты належыць да найбольш складаных прэрагатываў майстэрства кіравання. Нельга дапускаць, каб людзі былі спакутаваныя недастаткова, і адначасова нельга ствараць такіх умоў, каб спакутаванне было занадта вялікае. У абодвух выпадках чалавек можа стаць небяспечным. Ты напэўна заўважыў, войча, што паміж уяўнасцю роспачы людскога розуму і сапраўднай роспаччу можна правесці пэўныя паралелі, я маю на ўвазе, вядома, паралелі вынікаў гэтых зменных дыспазіцый. І што ж? Нас павінны перш за ўсё цікавіць вынікі, бо наогул мы сустракаемся з куды большымі цяжкасцямі пры перайначванні вынікаў, а не прычын, змена гэтых апошніх зазвычай не дае нам асаблівых клопатаў. Калі ж, аднак, ідзе пра тваю стомленасць, вялебны войча, дык я мяркую, што яна не мае характару, за які варта было б непакоіцца, наадварот, яна бадай што ў самы раз. Зрэшты, я, войча, дзіўлюся з цябе. Сустракаюцца час ад часу неўраўнаважаныя людзі, якія раптам пачынаюць бунтаваць пасярэдзіне жыцця. Наколькі ты, войча, больш дальнабачны і больш празорлівы за гэтых шаленцаў! Ты хацеў бы палепшыць свет, сам бадай што толькі адной нагой у ім стоячы. Гэта мудра. Здаецца мне, што, у сутнасці, ты больш цэніш справу свайго жыцця, чым гэта цяпер, аслабеўшы целам, дапускаеш.

Тарквемада хацеў павярнуць галаву, але не хапіла сілы.

— Перастань, — сказаў ён.

— Дурніца! — спакойна адказаў на гэта голас з цемры. — Каго ты, трухлявы пень, хочаш ашукаць, мяне? Што табе з жыцця? Нічога. Дык чаго ж ты тузаешся? Можаш зрабіць адно: памерці. І то як мага хутчэй. Бо ты ўжо непатрэбны, ты зрабіў сваё. Пасля цябе прыйдуць твае выхаванцы.

Тарквемада ляжаў нерухома, халодны пот выступіў на скронях. Голас гаварыў далей:

— Нічога, на шчасце, ты не зможаш змяніць. Усё пойдзе вызначанай табою і адзіна правільнай дарогай. Будзе ўмацоўвацца будова царства божага на зямлі, вялікая справа ўсеагульнай няволі дзеля будучай свабоды і дзеля перамогі тэрору, каб магла зацараваць справядлівасць. Несумненна, час ад часу то тут то там будуць з'яўляцца нейкія маленькія людзі, якія будуць талдычыць пра нейкую там туманную і не з гэтай зямлі свабоду. Але што яны супраць сістэмы, якую ты збудаваў? Ты, мой войча, лепш за каго б там ні было павінен разумець, што перад родам чалавечым дзве толькі дарогі, дарога ідэі і дарога бяссэнсіцы. Якую трэцюю можаш ты супрацьпаставіць? Аніякую, бо такой дарогі няма. Можна ісці да парадку альбо да хаосу. Теrtium nоn dаtur. Усякія іншыя памкненні, незалежна ад таго, у якія б эфектныя адзежыны яны ні ўбіраліся, — гэта толькі блазенскае перайманне парадку і хаосу. А таму трэба рашыць і выбраць. Я быў і ёсць за парадак. Вядома, у залежнасці ад акалічнасцяў служыў я розным ідэям, але мой розум і маё сэрца заўсёды былі на баку тых, якія бачылі парадак свету ў адзінай і агульнаабавязковай праўдзе. Людзі такога крою заўсёды былі, ёсць і будуць маімі, так сказаць, духоўнымі сынамі. Праўда, я кажу гэта не дзеля таго, каб пахваліцца. Магчыма, што нечая занадта вытанчаная ўражлівасць угледзіць у маіх словах адценне мегаламаніі ці нават пыхі. Я ўжо сустракаў такія ацэнкі. Тым часам гэта зусім не так, і калі я дазволіў сабе назваць людзей ідэі сваімі духоўнымі сынамі, дык толькі з павагі да гістарычнай праўды. На жаль, чалавечыя веды пра мінулыя часы ўсё яшчэ недастаткова пануюць над фактамі. Ведаеш, мой войча, напрыклад, я задумваюся над нэдарэчнасцю, з дапамогай якой самыя розныя вучоныя спрабуюць на пісьме высветліць пэўны выпадак, прабач, выпадак — гэта не зусім дакладнае азначэнне, бо тут ідзе не так пра факт у будзённым яго разуменні, як пра непаўторную сітуацыю, якая вызначае гістарычны прэцэдэнт. Думаю, мы разумеем адзін аднаго. Але ж так, думаю пра яблык, які Ева ахвяравала Адаму ў раі. Яблык! Праўда, гэта даволі разумная і нават не пазбаўленая прыгажосці паэтычная метафара. Але што яна азначае, што за ёю крыецца? Вучоныя кажуць, што пад яблыкам трэба разумець свядомасць дабра і зла. Якая наіўная прастадушнасць! Каб ведаць, што такое зло і дабро, патрэбна нешта, што акрэслівае дабро як дабро і зло як зло. А што такое гэтае нешта? Дык вось, перш чым высветліць гэта, хацелася б, вялебны войча, апісаць рай. На жаль, мае словы занадта недасканалыя, каб імі можна было перадаць гэтую візію ва ўсіх яе прапорцыях. Калі б ты спытаўся ў мяне, ці гэта мясціна горная і лясістая ці, наадварот, гэта шырокая раўніна са спакойнымі рэкамі — далібог, я не патрапіў бы вырашыць гэту дылему. А таму, не хочучы ствараць непатрэбных легенд, скажу табе столькі, колькі я ведаю: быў рай, а ў ім людзі. Войча вялебны, легенда зрабіла з іх істот, ва ўсякім разе, дасканалых, бязгрэшных, прыгожых і невыказна шчаслівых. Але якія яны былі бедныя і пры сваім знешне бестурботным багацці, якія пахібныя і нябогія! Несумненна, нават з маімі сціплымі здольнасцямі я мог бы пры невялікім намаганні намаляваць табе райскую краіну з музыкай сфераў, а зямлю ў такіх прыгожых формах і колерах, што нават цяпер, сярод гэтай негасціннай начы, ты пачуў бы на твары лагодны павеў цёплага зефіру, а вакол сябе пахі  цудоўных кветак. Ды і людзей здолеў бы ўпрыгожыць. Фантазія? Наогул, не маю нічога супраць фантазіі. Ва ўсякім разе, я думаю, што гэта наша агульная, так сказаць, рацыя абыдзецца і без фантазіі. Будзем рэалістамі! Божа вялікі, яшчэ цяпер, калі я спрабую выклікаць гэтыя змрочныя часы, мяне ахопліваюць узнёслыя дрыжыкі літасці і спачування, ахопліваюць яны мяне не менш, чым у тыя часы, калі я сузіраў бязмежна смутны лёс першых людзей. Яны мелі, здавалася, усё, а ў сутнасці нічога. Былі голыя не толькі ў сэнсе літаральным. А што яны мелі перад сабою, якія перспектывы на заўтра? На жаль, вельмі мала. Нямую прыроду. Усходы і заходы. Веліч глыбокай начы, асветленай толькі таямнічымі зоркамі. Дзіцячы енк. Буры і дажджы. Заўсёды далёкія небасхілы. Любоўныя пяшчоты. Засухі. Пахаванне мёртвых. Сваю смерць. Што ж яшчэ? Га! Яшчэ можа мужчынскае жаданне схапіць за горла другога чалавека. Можа, багатырскае пачуццё трыумфу, якое распірае грудзі, калі паставіць голую нагу на голы карак ворага? Можа... зрэшты, чаго нам далей гуляць у адгадкі? Будучы людзьмі, яны павінны былі мець перад сабою ўсё, што звязана з чалавечай натурай. І тут пачынаецца дылема. Сэнс, сэнс усяго гэтага! Што гэта ўсё азначае? Што такое жыццё? Што такое смерць? А нянавісць? А ўсе цяжкія думкі, якія прыходзяць ноччу? У той час, кіруючыся хутчэй за ўсё пачуццём, якое вынікала з разумення нэндзы існавання, я даў людзям, прабач, калі гэта зноў прагучыць нясціпла, даў я ў той час людзям ідэю, бо толькі яна можа ўліць патрэбны сэнс у чалавечае існаванне. Чаго ж варты гэты свет, калі ён не мае сэнсу? Права на гвалт і кроў чалавек прагнуў. Марыў, каб асвяцілі злачынства і жорсткасць. Сублімацыя аказалася неабходнасцю. Сапраўды, даючы людзям ідэю, я збавіў іх ад страшнай ялавасці і нуды.

Тарквемада неспакойна заварушыў пальцамі, нібы хацеў скінуць цяжар з грудзей.

— Божа! — сказаў уголас.

— О, менавіта! — адказала цемра. — Папаў у самы акурат.

— Божа! — сказаў уголас.

— Ну але ж! Бо было напісана: “Спачатку стварыў Бог неба і зямлю”. Ідэя павінна быць вялікая і ўніверсальная, гэта ясна, ці ж не? Толькі вялікія і ўніверсальныя ідэі могуць рухаць людскую маласць. Пякельна цяжкая гэта маласць.

— Ты быў там?

— Дзе?

— Тады, напачатку?

Залегла цішыня.

— Быў? Кажы.

— Вох, тое было так даўно! Ці я ведаю? Можа, быў, а можа, не быў. Ці ж гэта важна? Я ўжо сказаў табе, што самім сабою зусім не цікаўлюся. Важная ідэя.

— Ты ўсё выдумаў.

— Ты, камедыянт стары! — адказаў на гэта без гневу голас побач. — Ты ж сам даўно жывеш без веры і ў мяне і ў Бога? Перад кім граеш? Перад самім сабой? У ідэю неабавязкова верыць, яна сама — вера.

Тарквемада расплюшчыў вочы. Цемра была пустая і немая. Атачала яго з усіх бакоў. Ён адчуў холад і змрок, яму здалося, што ён памірае. І, напалоханы, уражаны, ён закрычаў.

Падрэ Дыега ехаў бліжэй да воза і першы пачуў крык, незвычайны і доўгі, хутчэй падобны на сковыт звера, чым на чалавечы голас.

Дыега не быў баязлівы, але задрыжаў. Аднак ён адразу апамятаўся і, тузануўшы каня так, што той чэравам зачапіў кола воза, — адхінуў парусіну.

— Войча мой! — сказаў напаўголасу.

Тарквемада ўздрыгнуў і замоўк. Рот у яго быў адкрыты, вочы таксама.

— Войча мой, — паўтарыў падрэ Дыега.

Той і ляжаў нерухома і глядзеў у цемру, нічога перад сабой не бачачы.

Нарэшце спытаўся:

— Гэта ты, сыне мой?

— Так, мой войча. Пастарайся заснуць. На світанні будзем у Авіле.

— На світанні?

— Неўзабаве развіднее.

— Холадна, падай мне руку.

Падрэ Дыега нахіліўся і пашукаў у цемры руку вялебнага айца. Яна была халодная і вільготная. Трымаў яе нейкую хвіліну ў сваёй, паступова заціхала яе слабое дрыжанне.

Яму ўжо здавалася, што вялебны айцец засынае, калі той раптам заварушыўся.

— Не! — усклікнуў. — Не!

— Войча мой, — шапнуў з мальбою падрэ Дыега.

Хвіліну было ціха, потым Тарквемада пачаў крычаць высокім, поўным роспачы голасам:

— Патушыце вогнішчы, патушыце вогнішчы!

Падрэ Дыега адступіў і хуценька закрыў заслону. Голас вялебнага айца гучаў вельмі моцна, але ніводзін з дамоўнікаў, што стоўпіліся навокал, не паглядзеў у той бок. Твары ў іх былі нерухомыя і не выдавалі ніякіх душэўных пачуццяў.

Недалёка ад падрэ Дыега ехаў дон Ларэнца. Падрэ Дыега крануў яго за плячо.

— Дон Ларэнца!

Той, выпрастаўшыся, глядзеў перад сабой.

— Так, вялебны войча.

— Вялебны айцец не можа заснуць, ён хацеў бы паслухаць святую песню.

— Так, мой войча, — сказаў дон Ларэнца і паехаў на кані наперад атрада.

З-пад парусінавай заслоны ўсё яшчэ даляталі крыкі Тарквемады.

— Патушыце вогнішчы, патушыце вогнішчы!

Але ўжо там, дзе на мяжы самай глыбокай цемры палалі першыя паходні, загучалі цвёрдыя мужчынскія галасы, якія завялі пачатковыя словы гімна інквізіцыі “Ехurgе Domine еt іudіса саusаm Тuаm”. Песню падхапілі астатнія фамільянты, і спеў пачаў з усё большай сілай узносіцца сярод цёмнай прасторы, пад велізарным небам ночы.

Як і прадбачылася, да Авілы наблізіліся сапраўды на світанні.

Неўзабаве на небакраі паказаліся муры і вежы горада, падрэ Дыега, каб ухіліцца ад прывітальных урачыстасцяў, выслаў ганца.

Пасля цёмнай ночы ранак уставаў пахмурны, неба зацягнула, цяжкія хмары павіслі нізка над голай і неўрадлівай у тым краі зямлёю.

Нягледзячы на раннюю пару і на тое, што ганец на добрую гадзіну апярэдзіў атрад, вестка пра таго, хто прыбывае, адразу разышлася па ўсім горадзе, бо, калі, праехаўшы міма нядаўна збудаванага кляштара Санта Томас, почат Вялікага інквізітара мінуў мост на рацэ Адаха і ўехаў праз Пуэрта дэль Пуэнтэ ў муры, натоўпы жыхароў Авілы запоўнілі вуліцы і плошчы, якія вялі да кляштара Сан-Віцэнтэ.

Згодна з атрыманай інструкцыяй ніякія ўлады, ні свецкія, ні духоўныя, не віталі поезд.

Маўчалі званы. Такі ўсюды панаваў спакой і парадак, што гарадскія вартавыя Святой эрмандады не мелі чаго рабіць.

Натоўпы стаялі ў поўнай цішыні, моўчкі расступаючыся перад павольным атрадам, а калі паказваўся воз, акружаны коннымі рыцарамі, людзі станавіліся на калені і схілялі галовы.

Падрэ Дыега ехаў каля воза, злева ад дона Ларэнца. Нахіліўся да яго і спытаўся:

— Ці задумваўся ты, дон Ларэнца, што на сэрцы ў гэтых людзей, якіх тут так многа сабралася?

— Так, войча, — адказаў дон Ларэнца, як звычайна, гледзячы перад сабою. — Прысутнасць гэтых людзей сведчыць пра іх бязмежную любоў да асобы вялебнага айца.

На гэта падрэ Дыега сказаў:

— Правільна. Свет ідзе наперад. Сапраўды, мы здабылі любоў і давер народа.

Задумаўся, а праз хвіліну дадаў:

— Шкадаваць нам толькі трэба, што вялебны айцец не бачыць усяго гэтага.

Зноў змоўк, потым сказаў:

— Дон Ларэнца!

— Так, шаноўны войча.

— Сённяшняй ночы, як ведаеш, вялебны айцец зноў, на шчасце ненадоўга, страціў прытомнасць.

Дон Ларэнца маўчаў. А той казаў далей:

— Страшная і надзвычай балесная безабароннасць чалавека, якога зваліла хвароба. Было б вартым вялікага шкадавання, калі б да людзей не пакліканых дайшлі якія-небудзь звесткі пра стан, у якім у выніку хваробы апынуўся вялебны айцец.

На гэта пан дэ Мантэса сказаў:

— Разумею, шаноўны войча. Можаш быць спакойны, такога не здарыцца. Вушы маіх людзей — мае вушы. Языкі іх — таксама.

Падрэ Дыега, усё яшчэ задуменны, глядзеў на яго хвіліну, пасля, не сказаўшы нічога, адвярнуўся. “Я прапаў, — падумаў дон Ларэнца. — Паказаў недаравальную ўпэўненасць у сабе. Я прапаў”. Стаў паспешна шукаць словы, якімі яшчэ мог бы завязаць і ўратаваць перапыненую гаворку, але нарэшце, калі яму ўжо здалося, што знайшоў патрэбныя, яго ахапіла ніякавасць. “Я прапаў”, — падумаў яшчэ раз. І, на сваё здзіўленне, замест страху, якога чакаў, адчуў вялікую палёгку. Зусім спакойны і насуперак сваім звычаям ён пачаў азірацца па баках, каб адгадаць, хто з бліжэйшых яго таварышаў зойме ў недалёкім часе яго пасаду. Без цяжкасці і толькі на аснове вядомай яму нянавісці налічыў пяцёра. Падумаў, што, калі б захацеў, мог бы іх усіх пацягнуць за сабой у прорву, але адразу зразумеў, што цяпер ён не вельмі важная пешка, бо, раз узяты пад падазрэнне, не мае права вызначаць ні характару, ні памераў віны.

Тым часам першыя дамоўнікі набліжаліся да Сан-Віцэнтэ.

Першы, хто вельмі рана прыбыў у Сант-Віцэнтэ, быў Яго Эміненцыя біскуп Авілы дон Бласка дэ ла Куэста. Вялебны падрэ Дыега, якому паведамілі пра гэта, пакінуў вялебнага айца і, абмяняўшыся ў суседняй цэлі некалькімі словамі з доктарам Гарсія і з прызначаным для супольнага чування братам, пайшоў у рэфекторый.

Яго Эміненцыя, хоць і прыехаў з вялікім дваром у атачэнні многіх прыёраў, прэлатаў і канонікаў капітулы, адразу пасля прыбыцця ў кляштар і пасля размовы з абатам пакінуў усіх і чакаў айца Дыега адзін. Убачыўшы яго, паспяшаўся насустрач, шалохцячы сваімі дарагімі фіялетамі.

Мінулыя гады дадалі яго целу паўнаты, быў ён вялікі, вельмі тоўсты, шырокі ў плячах, але пры ўсёй гэтай надмернай паўнаце поўны годнасці.

— Вітаю цябе, мой войча, — сказаў гучным, яшчэ не старым голасам. — У якіх смутных акалічнасцях сустракаемся праз столькі гадоў! Ці праўда, што стан вялебнага айца такі цяжкі?

— Праўда, — адказаў падрэ Дыега, — толькі на Бога можам ускладваць надзею.

— Ён прытомны?

— Спіць.

Пан біскуп задумаўся.

— Так, цяжкія гэта для ўсіх нас хвіліны. Калі прачнецца вялебны айцец, я змагу яго ўбачыць?

— На жаль, — адказаў падрэ Дыега, — хай прабачыць Ваша Эміненцыя, але гэта не здаецца магчымым пры стане, у якім цяпер вялебны айцец. Лекар наказаў аберагаць яго ад усякіх узрушэнняў. Спакой, спакой і яшчэ раз спакой патрэбен яму больш за ўсё.

Яго Эміненцыя не налягаў.

— Гэта праўда, маеце рацыю, мой войча. Сапраўды, гукі свету не павінны ў такую хвіліну муціць яго розум. Калі, аднак, ты ўспомніў пра спакой, то, разумеючы яго глыбокі і істотны сэнс, нельга ўявіць сабе, каб хто-небудзь з нас мог перад абліччам смерці мець спакой больш дасканалы, чым той, які заслужыў сабе вялебны айцец. Сапраўды, мала каму дадзена пакідаць гэты часовы свет са свядомасцю спаўнення справы дасканалай і трывалай. Ты, зрэшты, вялебны войча, столькі гадоў прабыўшы ля яго, найлепей можаш зразумець і ахапіць тое, што нам, якія стаяць далей ад яго асобы, уяўляецца толькі ў недакладных формах. З сапраўднай узрушанасцю гляджу я на цябе, мой войча, колісь мой сыне. Калі я вяртаюся ў памяці ў тыя дні, як мы жылі побач і разам, мне здаецца, нібы ад тых хвілін сплыў цэлы век.

— Так, — сказаў падрэ Дыега, — час той дзякуючы велічы падзей сапраўды можа здавацца вельмі значным.

— Ён значны! Калі ў дзеях вера і праўда абаперліся на падмуркі такія роўныя і моцныя, як у нашыя часы і на нашых вачах? Немалое табе, мой войча, выпала шчасце, што ў гэтай справе давялося табе браць удзел такі непасрэдны і важны. Памятаеш той дзень, калі я быў тым першым, хто прыйшоў перадаць табе вялікую навіну?

Падрэ Дыега паглядзеў пану біскупу проста ў вочы.

— Памятаю, Ваша Эміненцыя.

— Я часта думаў, як гэта здарылася, што ў той час, у тыя даўнія гады, вялебны айцец, хоць ён так мала ведаў цябе, намнога трапней і дальнабачней, чым я, твой прыёр, змог ацаніць сапраўдныя рысы твайго розуму і характару. Цяпер, праз столькі гадоў, калі мае тагачасныя страхі аказаліся, на шчасце, памылковымі, магу табе, мой войча, сказаць, што быў ты тады прадметам маёй вялікай трывогі.

Падрэ Дыега паглядзеў пану біскупу ў вочы.

— Не зусім разумею, што Ваша Эміненцыя мае на ўвазе.

— Сваю памылку, — сказаў той. — Ці гэта праўда, што адзін з тагачасных братоў, менавіта брат Матэа, наколькі мяне не падводзіць памяць, да таго зганьбіў сябе ератыцкім адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?

— Так, — сказаў падрэ Дыега, — так, на жаль, усё яно і было.

— Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзі, як свайму настаўніку, пра твае бунтарскія нібыта, а нават блюзнерчыя думкі. Спавядаўся і ў розных сваіх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпенні... як я мог здагадацца, што адначасова і сваё аблічча ўкрывае, і цябе пляміць?

Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:

— Гэта звычайная зброя нашых ворагаў — хлусня і намовы.

— Сапраўды! А, аднак, хоць я і звычайны быў прыёр, не павінен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой войча, тую даўнюю памылку.

— Хто ж з нас не рабіў памылак? — сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагі і шацунку. — Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эміненцыя.

Радасць асвятліла твар пана біскупа.

— Маеш ува мне, мой войча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калі давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкі, тады часцей, чым у сціплай Авіле, змагу цябе сустракаць.

Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.

— Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?

— На жаль, — адказаў біскуп. — Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.

Падрэ Дыега нахіліў галаву.

— Смерць хрысціяніна заўсёды схіляе да глыбокіх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эміненцыі магу павітаць арцыбіскупа Таледа і прымаса Каталіцкага Каралеўства.

Дон Бласка дэ ла Куэста зарумяніўся.

— Я яшчэ не арцыбіскуп.

— Але напэўна ім будзеце. Усе ж бо ведаюць, што і Айцец святы і Іх Каралеўскія Мосці даўно бачаць у вас наступніка кардынала дэ Мендозы.

Яго Эміненцыя задумаўся і нібы патух.

— Так, разумею, вялікія абавязкі будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб і іх здолеў несці. Як слушна казаў мне калісьці вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, які мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой інквізіцыі.

На гэта адказаў падрэ Дыега.

— Вялебны айцец быў бы глыбока і асабліва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эміненцыі. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамі, калі я скажу, што Святой інквізіцыі можна служыць усюды і заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на самай непрыкметнай, як і на самай высокай.

Пан біскуп быў усё яшчэ задуменны.

— Так, — сказаў нарэшце, — рознымі дарогамі ідуць людзі да адной мэты.

Насустрач падрэ Дыега, калі ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукі ў яго дрыжалі.

— Войча вялебны! — усклікнуў ён.

Падрэ Дыега спыніўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваім голасам:

— Памёр?

Брат Мануэль пакруціў галавой.

— Што ж сталася?

— Войча вялебны, клянуся, не мая віна. Вялебны айцец прачнуўся, пазваніў мне і загадаў, каб я дапамог яму падняцца і адзецца.

Падрэ Дыега прыспешыў крокі.

— Няшчасны, ты зрабіў гэта?

Брат бязрадна развёў рукі.

— Як жа я мог не паслухацца?

На парозе цэлі стаяў доктар Гарсія, таксама бледны і ўзрушаны.

— Дурань! — усклікнуў падрэ Дыега. — Як ты мог дапусціць гэта.

Адштурхнуў яго плячом і рушыў да дзвярэй у цэлю вялебнага айца.

Перш чым адчыніць, павагаўся трохі, нейкую хвіліну. Потым увайшоў.

Цэля была шырокая, але, нягледзячы на белыя муры, змрочная. Толькі каля акенца сабралася трохі больш дзённага святла. Якраз там у глыбокім крэсле, захутаны ў футраны плашч, сядзеў падрэ Тарквемада. Трымаўся проста, далоні склаў на каленях. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, паварушыўся.

— Гэта ты, Дыега? — спытаўся далёкім голасам.

Той усклікнуў:

— Войча мой, як ты мог устаць? Кладзіся, малю цябе, кладзіся.

— Наблізься, сыне мой, — сказаў Тарквемада тым самым далёкім і нейкім манатонным голасам. — Я чакаў цябе. Нямнога часу мне адведзена, павінен спяшацца, а маю табе сказаць вельмі важнае. Некаторыя рэчы трэба будзе запісаць, каб неадкладна данесці іх да ведама народу. Дзе ты?

— Тут, войча.

— Стань бліжэй да святла. Хацеў бы цябе бачыць. Вось так. Падай мне руку.

— Войча мой, нельга табе столькі гаварыць. Ляж, прашу цябе.

Тарквемада патрос галавой.

— Не, не цяпер, пазней. Спярша я павінен абгаварыць з табой шэраг спраў. Трэба будзе, не адкладваючы, шмат што змяніць у нашым каралеўстве. Уласна кажучы — усё. Чакае цябе вялікая праца, і аж страх мяне агортвае, што можаш не справіцца з гэтым амаль непамысным заданнем. Але хто ж гэта зробіць, калі не ты? Маю, зрэшты, надзею, што знойдуцца людзі, якіх яшчэ не зусім з'елі страх і хлусня, якія не заражаныя пыхай і нянавісцю. Такіх людзей згуртуеш вакол сябе і з іх дапамогаю і падтрымкаю збурыш усё, што ёсць цяпер. Так, тое, што ёсць, усё гэта трэба збурыць і замяніць. Усё занадта кепскае, атрутае і прасмердлае. Трэба гэта адкінуць прэч. Ты меў, аднак, рацыю, мой сыне.

— Войча мой, — шапнуў Дыега.

— Успамінаеш ноч, калі я першы раз спаткаў цябе? Менавіта тады ты меў рацыю. Слушны быў твой гнеў, твой бунт, слушныя твае пакуты. Цяжка гэта прызнаваць, але я не бачу вакол сябе ніводнага людскога твару, апроч твайго.

— Войча! — усклікнуў Дыега.

— На жаль, гэта так. Нельга ашукваць сябе і далей. Ілюзорная наша магутнасць, уяўныя нашы сілы. Дрыжаць падмуркі і сцены гмаха, які мы будавалі. Страшны гэта гмах. Турмою і карамі ўзвялі мы яго. Але гэта не можа доўжыцца. Калі ўсё не разваліцца заўтра, гэта здарыцца паслязаўтра. Катастрофа непазбежная. Няма ўжо веры, няма надзеі. Паламалі мы людзей, іх розум і сэрцы. Нас ненавідзяць, намі пагарджаюць. І нічога з гэтага змрочнага шаленства нельга ўжо ўратаваць. Трэба шукаць іншых шляхоў выратавання. І вось узнікае раптам неабходнасць, каб мы самі разбурылі тое, што павінна разбурыцца. Ты мусіш неадкладна напісаць адпаведныя пастановы. Я табе ўсё дакладна прадыктую.

Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны і здзіўлены.

— Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесці свечкі. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталі цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павінны ўпарадкаваць справы надзённыя, найважнейшыя. Усё прыгатаваў?

Дыега адступіў у цень.

— Так, войча.

— Дык пішы. Мы, Томас Тарквемада... не, без тытулаў, не пішы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна. Напішы проста, што з сённяшняга дня... якога сёння ў нас?

— Шаснаццатага верасня, войча.

— Што з дня шаснаццатага верасня, года...

— Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.

— Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая інквізіцыя распускаецца. Адмяняем Святую інквізіцыю і перакрэсліваем яе і тым самым прызнаём усе нашы несправядлівасці і злачынствы, якія ад імя яе мы ўчынілі, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы і годнасці, з загубленых здымаючы віну. Працэсы нашы і выракі трацяць сваю сілу, як фальшывыя, падкрэслі гэта, бо гэта асабліва важна. Турмы будуць адчынены, і людзям, якія няправільна пазбаўлены волі, будзе яна неадкладна вернута.

Дыега ўпаў перад вялебным айцом на калені.

— Войча мой! — усклікнуў прыгнечаным голасам. — Малю цябе, ты хворы...

Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.

— Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты веліч адказнасці, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухіліцца ад яе. Дэкрэт пра ліквідацыю Святой інквізіцыі трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павінны як мага хутчэй апрацаваць тэзісы, якія тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калі мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскі розум, мы павінны самі перастаць хлусіць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна і была цяжкая і балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца ілюзіям, што толькі і выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабілі памылкі, мы перайшлі і растапталі ўсе чалавечыя правы. Не ліквідуем гвалту і прымусу, калі не ліквідуем і асноў, якія спарадзілі гвалт і прымус. А таму мы павінны ісці да людзей і адкрыта ім сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесці такія страшэнныя спусташэнні. Кепская і фальшывая тая вера, і трэба зрабіць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана і знішчана з усім карэннем. Не будзе царства божага на зямлі.

Дыега кленчыў, схіліўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць ні слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкім манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбіні цэлі.

— Так, каб уратаваць людзей ад поўнай пагібелі, убараніць ад апускання навекі ў няволю і страх, хлусню і нянавісць, павінны мы збурыць усё тое, што з пагардай да чалавечнасці з ілюзорнымі марамі збудавалі сваімі рукамі коштам найбольшых людскіх няшчасцяў і пакут. Вядома, смута з гэтага вынікне немалая і цяжкія дні настануць, тым не меней, каб уратавацца ад яшчэ большага ліха, мы павінны шаленства нашай веры назваць шаленствам, а яе фальш фальшам. Трэба будзе, сыне мой, навучыцца жыць без Бога і без сатаны.

— Войча! — крыкнуў Дыега.

— Так, сыне мой. Іх няма.

Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады і дрыготкімі рукамі схапіў яго далоні.

— Войча, прашу цябе, апамятайся... гэта я, Дыега... ці чуеш мяне?

— Чую цябе, з табою ж я і гавару. Не перабівай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павінен яшчэ напісаць дэкрэт аб скасаванні страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлі. Мы пачнём усё нанава, і менавіта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкі і чысты...

Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапіўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.

— Перастань, войча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкні!

Тарквемада паглядзеў на яго і ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам і злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.

Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклікаць на дапамогу, але здолеў толькі шапнуць:

— Дыега!

Той трос старца.

— Маўчы, маўчы, маўчы...

І раптам знерухомеў.

Хвіліну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклістыя і мёртвыя.

Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусціў плашч, які трымаў сціснутымі пальцамі.

Цела вялебнага айца асунулася трохі, але засталося ў крэсле.

— Божа! — шапнуў Дыега.

Слёзы цяклі па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлівых пачуццяў і думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохі ад нябожчыка, аслабелы і здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмі ўсведамляючы тое, што хоча зрабіць, падняў цяжкую, як камень, руку і з усёй сілы ўдарыў вялебнага айца ў твар.

Літаратура.org — http://litaratura.org/syomukha?artid=128 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Цемра зямлю ахінае

Ежы Анджаеўскі — Польская — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Васіль Сёмуха

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Е. Анджаеўскі
Е. Анджаеўскі