Літаратура.org » Уільям Шэксьпір » Уільям Шэкспір, Гамлет, прынц Дацкі — акт пяты

Гамлет, прынц Дацкі — акт пяты

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

АКТ ПЯТЫ

 

Сцэна першая

 

Могілкі.

 

Уваходзяць два блазны з рыдлёўкамі ды іншым.

 

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Ці ж можна хаваць па-хрысціянску таго, хто самаўпраўна шукае сабе збавення?

ДРУГІ БЛАЗЕН

Я табе кажу, што можна; капай хутчэй яму; было следства, і вырашылі хаваць яе па-хрысціянску.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Як гэта так, раз яна ўтапілася не ў парадку самаабароны?

ДРУГІ БЛАЗЕН

А табе што? Такое рашэнне.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Але ж трэба, каб нехта нападаў. У гэтым жа ўся штука. Бо калі я таплюся наўмысна,— гэта азначае дзею, а ўсякая дзея мае тры галіны, а іменна: дзею, учынак і выкананне; выходзіць, што яна ўтапілася з намерам.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Не, ты паслухай лепш, далакоп.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Адчапіся. Вось тут, напрыклад, вада; добра; а вось тут, напрыклад, чалавек. Калі чалавек ідзе да вады і топіцца, выходзіць, хоча ён таго ці не хоча, але ён ідзе; заўваж гэта; калі ж вада сама ідзе да яго, то не ён топіцца, а яго топяць. Значыцца, той, хто не вінаваты ў сваёй смерці, не ўкарочвае свайго веку.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Такі закон?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

А то як жа; крымінальны закон.

ДРУГІ БЛАЗЕН

А хочаш, каб я сказаў табе праўду? Не будзь яна дваранкай, яе б не хавалі па-хрысціянску.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Зразумела; крыўдзяць нас,— бо каторы вялікі пан, то яму на гэтым свеце і тапіцца і вешацца можна з выгодамі, не то што нашаму брату-хрысціяніну. Капанём, рыдлёвачка! Самыя даўнія дваране — садоўнікі, грабары і магільшчыкі; у іх Адамава прафесія.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Хіба Адам быў дваранін?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

А то як жа; ён першы набыў сабе ўзбраенне.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Няпраўда; у яго зброі не было.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Ты што, у бога не верыш, ці што? Як ты разумееш свяшчэннае пісанне? У пісанні сказана: Адам капаў. Не голымі ж рукамі ён капаў? Ясна, што ён быў узброены — рыдлёўкай. Я задам табе другое пытанне, калі ты мне не адкажаш, то прызнайся, што ты...

ДРУГІ БЛАЗЕН

Задавай.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Хто будуе мацней за муляра, карабельніка і цесляра?

ДРУГІ БЛАЗЕН

Шыбенічны майстар; яго будынак перажывае тысячу кватарантаў.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Нядрэнна; шыбеніца — добра. Але каму добра? Таму, хто дрэнна робіць. А ты робіш дрэнна, сказаўшы, што шыбеніца пабудавана мацней, чым царква; значыцца: шыбеніца табе ў самы раз. Пачынай спачатку, ну.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Хто будуе мацней за муляра, карабельніка і цесляра?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Так, адказвай і будзеш вольны.

ДРУГІ БЛАЗЕН

Дальбог, не ведаю.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Ну?

ДРУГІ БЛАЗЕН

От, чорт, забыўся.

 

Уваходзяць Гамлет і Гарацыо, паводдаль.

 

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Не ламай дурное галавы. Колькі ты асла ні бі, усё роўна кроку не набавіць. А калі хто ў другі раз будзе ў цябе пытацца, адказвай — магільшчык; яго хаты стаяць да страшнага суда. Вось што, схадзі лепш да Ёгена, прынясі мне кварту гарэлкі.

 

Другі блазен выходзіць.

 

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

(капае і пяе)

Любіўся я, кахаўся я,

Калі быў малады,

Быў дужы я, ух, сіла мая!

Не ведаў я бяды.

ГАМЛЕТ

Няўжо гэты чалавек не адчувае, што ён робіць? Капае магілу і пяе. ГАРАЦЫО

Прывычка, прынц.

ГАМЛЕТ

Заўсёды так. Чым менш рука працуе, тым больш у яе чуласці.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

(спявае)

Але старасць-зладзейка прыйшла

I вытрасла сілу з мяне;

I шчасце мінула, як сон,

I я апынуўся ў труне.

(Выкідвае чэрап.)

ГАМЛЕТ

Калісьці ў гэтым чэрапе быў язык, і ён мог спяваць; а гэты мужык шпурнуў яго вобземлю, нібы сківіцу Каіна, першага забойцы. Быць можа, гэта галава належала якому-небудзь палітыку, які збіраўся перахітрыць самога госпада бога, а цяпер яе перахітрыў гэты асёл. Як ты думаеш?

ГАРАЦЫО

Магчыма, прьгац.

ГАМЛЕТ

Альбо прыдворнаму, які любіў паўтараць: «Добрага рання, найяснейшы прынц! Як вы маецеся, даражэнькі прынц?..» Гэта мог быць пан такі-та, які хваліў каня пана такога-та, каб мець гэтага каня на сваёй стайні. Што, мо няпраўда?

ГАРАЦЫО

Праўда, прынц.

ГАМЛЕТ

Я ж кажу; а цяпер гэта — пані Гніль, абадраная, абшарпаная, і гэты далакоп стукае яе рыдлёўкаю па пустым чэрапе. Надзвычайна цікавы пераварот, каб толькі можна было падгледзець, як гэта робіцца. Няўжо гэтыя косці ствараліся толькі на тое, каб імі гуляць у бабкі? Мае ўласныя баляць, калі падумаю аб гэтьм.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

(спявае)

Матыка, і рыдлёвачка,

I покрывачка ёсць:

Ах, выкапана ямачка,—

Лажыся, мілы госць!

(Выкідае другі чэрап.)

ГАМЛЕТ

Вось яшчэ адзін. Чаму яму не быць чэрапам якога-небудзь законніка? Дзе цяпер яго «можна так» і «можна гэтак», яго каверзы, яго прычапкі, яго ашуканства? Чаму ён дазваляе гэтаму грубіяну таўчы яго брудным жалезняком па патыліцы і не прыцягвае «вышэйпамянёнага» да судовай адказнасці за абразу дзеяннем? Гм! А можа, гэта быў які-небудзь прайдзісвет, што скупляў маёнткі, і былі ў яго закладныя, і канчатковыя, і падвойныя пасведчанні, і штрафы, і спагнанні. І вось у канчатку ўсіх канчаткаў і ў спагнанне ўсіх спагнанняў, яго ўласніцкая галава напоўнена брудам. Няўжо ўсе яго пасведчанні, асабліва падвойныя, не маглі даць яму больш зямлі, чым столькі, колькі можна прыкрыць параю зямельных актаў? Наўрад ці ўлезлі б усе яго паперы ў тую скрынку, у якую ён сам улез. Мала ж тады чалавеку зямлі дастаецца.

ГАРАЦЫО

Мала, прынц.

ГАМЛЕТ

Пергамент робіцца з авечае скуры?

ГАРАЦЫО

З авечае і з цялячае, прынц.

ГАМЛЕТ

Авечкі і цяляты тыя, што спадзяюцца на пергамент. Пагутару з гэтым мужыком.— Чыя гэта магіла, чалавеча?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Мая, пане.

(Спявае.)

Ах, выкапана ямачка,—

Лажыся, мілы госць!

ГАМЛЕТ

Відаць, твая, раз ты ў ёй ляжыш.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Вас сюды не палажылі, дык яна і не ваша; а я хоць і не ляжу ў ёй, але яна мая.

ГАМЛЕТ

Тады ты строіш дурня, кажучы, што яна твая. Гэта для мёртвых, а не для жывых. Ты проста строіш дурня.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Выбачайце, мой дурань не просты, а падкідны; дазвольце перакінуць яго вам назад.

ГАМЛЕТ

Каму ты капаеш гэта?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Нікому.

ГАМЛЕТ

Жанчыне?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

I не жанчыне.

ГАМЛЕТ

Хто будзе тут пахаваны?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Тая, што была калісьці жанчынай; цяпер яна памерла, царства ёй нябеснае.

ГАМЛЕТ

Як правільна ён адказвае! Трэба гаварыць асцярожна каб не збіў. Клянуся небам, Гарацыо, век цяпер такі востры, што селянін, дагнаўшы прыдворнага, наступае яму не толькі на мазоль, але і на язык.— Даўно працуеш магільшчыкам?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

З усіх дзён у годзе я пачаў якраз у той дзень, калі нябожчык кароль наш Гамлет адолеў Фарцінбраса.

ГАМЛЕТ

А даўно гэта было?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Хіба не ведаеце? Кожны дурань гэта ведае. Гэта было ў той дзень, калі нарадзіўся малады Гамлет; той самы, што звар'яцеў і пасланы ў Англію. ГАМЛЕТ

Ну, што ты скажаш! Чаго ж яго паслалі туды?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Як чаго? Ён жа вар'ят. Там ён павінен паразумнець; а калі не, то ў Англіі гэта не бяда.

ГАМЛЕТ

Чаму?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Там гэтага не заўважаць; там усе такія ж вар'яты.

ГАМЛЕТ

Як жа ён звар'яцеў?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Кажуць, вельмі дзіўна.

ГАМЛЕТ

Як жа дзіўна?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Ды так, што розум страціў.

ГАМЛЕТ.

На якой глебе?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

На дацкай, пане; вось ужо трыццаць год, як я тут сторажам на цвінтары.

ГАМЛЕТ

Ці доўга можа праляжаць чалавек у зямлі, не згніўшы?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Гледзячы які: той, што не згніў пры жыцці (цяпер гэта рэдка бывае — не паспееш пахаваць, як ужо гной свішча),— той пратрымаецца так гадоў восем альбо дзевяць; гарбар — дзесяць гадоў.

ГАМЛЕТ

А чаму ён даўжэй?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Бо яго праца такая; цэлы век скуру скрабе, чысціць, квасіць, сушыць, дык і сам робіцца як падэшва; яго труп вады не прапускае, а каторы труп прапускае ваду, той хутка разлазіцца. Вось яшчэ чэрап. Гэты чэрап праляжаў у зямлі дваццаць тры гады.

ГАМЛЕТ

Чый гэта?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Вар'ята аднаго шалёнага; як вы думаеце, чый?

ГАМЛЕТ

Не ведаю.

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Каб на яго чорная немач, на паскудніка гэтага кручанага! Ён мне некалі выліў на галаву бутэлькі рэйнвейну. Гэта чэрап Йорыка, каралеўскага блазна.

ГАМЛЕТ

Гэты?

ПЕРШЫ БЛАЗЕН

Гэты самы.

ГАМЛЕТ

Пакажы мне. (Бярэ чэрап.) Бедны Йорык! Я ведаў яго, Гарацыо; гэта быў чалавек вельмі вясёлы, з невычэрпнай фантазіяй, тысячу разоў ён насіў мяне на сабе; а цяпер — як агідна мне глядзець на гэта! Мяне нудзіць, мне робіцца млосна. Тут былі вусны, якія я цалаваў так часта. Дзе цяпер твае тонкія кпіны? Твае скокі? Твае песні? Дзе выбухі іскрыстых жартаў, ад якіх рагатаў увесь стол? Няма ніводнага, каб паздзекавацца з тваіх уласных выскаленых зубоў. Адвісла сківіца. Зайдзі цяпер у спальню да якой-небудзь дамы і скажы ёй: няхай яна наложыць фарбы на цэлы палец, усё роўна нарэшце будзе такою ж; пасмяшы яе гэтым.— Калі ласка, Гарацыо, скажы мне...

ГАРАЦЫО

Што, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Як ты думаеш, Аляксандр у зямлі ляжаў такі самы?

ГАРАЦЬЮ

Такі самы.

ГАМЛЕТ

I гэтак жа пахнуў? Фэ!

 

Кідае чэрап.

 

ГАРАЦЫО

Гэтак жа, прынц.

ГАМЛЕТ

Да якое нікчэмнасці мы можам апусціцца, Гарацыо! Чаму б уяўленню не прасачыць прах Аляксандра да таго моманту, калі ім замажуць дзірку ў бочцы?

ГАРАЦЫО

Разглядаць з'явы так, гэта азначала б разглядаць іх занадта падрабязна.

ГАМЛЕТ

О, не; да гэтага можна дайсці зусім проста, кіруючыся прынцыпам праўдападобнасці. Напрыклад: Аляксандр памёр, Аляксандра пахавалі, Аляксандр спарахнеў; прах — зямля, у зямлі здабываюць гліну. Чаму ж тады глінаю, у якую ператварыўся прах Аляксандра; нельга замазаць піўную бочку?

Магутны Цэзар згніў у гліне вязкай

I стаў звычайнаю для сцен замазкай;

Матэрыя, што пагражала свету,

Бароніць нас ад холаду і ветру.

Цішэй! Увага! Вунь ідзе кароль.

 

Уваходзяць свяшчэннікі ды іншыя,

працэсіяй; нясуць цела Афеліі;

за імі— Лаэрт, кароль, каралева

і некалькі прыдворных.

 

З ім каралева, двор. Каго нясуць?

I так убога? Як відаць, хаваюць

Таго, хто сам сябе жыцця пазбавіў

Рукою роспачнаю. Нехта знатны.

Адыдзем, паглядзім.

 

Адыходзіць з Гарацыо.

 

ЛАЭРТ

Які яшчэ абрад?

ГАМЛЕТ

Тут і Лаэрт, юнак высакародны;

Глядзі, глядзі!

ЛАЭРТ

Які яшчэ абрад?

СВЯШЧЭННІК

Хаўтурны чын працягнуты і так,

Наколькі можна; скон яе няпэўны:

Каб не парушан быў царкоўны статут

Загадам найвышэйшым, то яна

Ляжала б у зямлі неасвячонай

Да страшнага суда; замест малітвы

Ёй кідалі б чарэп'е і каменне;

А мы далі ёй провады і звон,

На ёй вянкі дзявочыя і кветкі.

ЛАЭРТ

Усё, нічога больш?

СВЯШЧЭННІК

Нічога больш.

Мы б апаганілі святую службу,

Каб рэквіем над ёю праспявалі,

Як над душой, што ў міры адышла.

ЛАЭРТ

Бярыце дамавіну, апускайце,—

Няхай жа з хараства і чыстаты

Фіялкі ўзыдуць! — Знай, бяздушны поп,

Мая сястра сярод анёлаў будзе,

Калі ты ўзвыеш у смале.

ГАМЛЕТ Афелія!..

КАРАЛЕВА

(кідаючы кветкі)

Прыгожыя — прыгожай. Выбачай!

Я думала назваць цябе нявесткай,

Твой шлюбны ложак кветкамі убраць,

А не труну тваю, маё дзіцятка.

ЛАЭРТ

О, трыццаць бед трохкратных на таго,

Хто адабраў твой розум малады

Учынкам злосніцкім! — Зямлі не рушце,

Хачу ў апошні раз яе абняць.

(Саскоквае ў магілу.)

Цяпер завальвайце жывога з мёртвай.

Жвір, жвір у вочы! Насыпайце насып

Вышэй за Пеліён і за Алімп

Да самых да нябёс.

ГАМЛЕТ

(выходзячы наперад)

Чый гэта сум

Так пышна выяўляецца? Хто той,

Што заклікае зоры ў буйным смутку

I прымушае іх нямець ад дзіва?

Я — Гамлет, дацкі прынц.

(Саскоквае ў магілу.)

ЛАЭРТ

Няхай цябе Ухопіць д'ябал!

(Кідаецца да яго біцца.)

ГАМЛЕТ

Дрэнная малітва.

Будзь ласкаў, не душы мяне за горла:

Я стрыманы, я ціхі, але ўсё ж

Ёсць нешта небяспечнае ва мне,

Чаго табе лепш сцерагчыся. Прэч!

Прэч рукі!

КАРОЛЬ

Разніміце.

КАРАЛЕВА

Гамлет, Гамлет!

УСЕ

Панове...

ГАРАЦЫО

Супакойцеся, мой прынц.

 

Прыдворныя іх разнімаюць,

і яны выходзяць з магілы.

 

ГАМЛЕТ

О, я за гэта буду біцца з ім

Насмерць.

КАРАЛЕВА

За што, сынок?

ГАМЛЕТ

Ды я ж любіў

Афелію, любіў; і сорак тысяч

Братоў з усім сваім каханнем братнім

Са мною не зраўняцца.— Скажы мне,

Што ты гатоў зрабіць дзеля яе?

КАРОЛЬ

Лаэрт, не слухай,— ён вар'ят.

КАРАЛЕВА

Пабойся бога, пашкадуй яго.

ГАМЛЕТ

Што ты гатоў зрабіць?

Рваць валасы? Пасціцца? Біцца? Плакаць?

Ніл выпіць? Кракадзіла праглынуць?

I я таксама. Ты прыйшоў тут енчыць?

Ты мне на злосць ускочыў у магілу?

Хацеў, каб пахавалі з ёю разам?

I я таксама. Ты тут горы кідаў?

Няхай жа мільёны дзесяцін

На нас узваляць, каб курган высокі

Апёк свой лоб у зоне агнявой,

З прышчом зраўняўшы Оссу! Ты хваліўся,-

I я магу не горш.

КАРАЛЕВА

Ён непрытомны;

Але прыпадак гэты хутка пройдзе,

I стане ціхі ён, як галубіца

Над залатымі дзеткамі ў гняздзе.

ГАМЛЕТ

Скажыце,

За што вы абражаеце мяне?

Я меў да вас любоў. Але ўсё роўна,

Што б ні рабіў на свеце Геркулес,

Кот мяўкае, а воўк глядзіць у лес.

 

Выходзіць.

 

КАРОЛЬ

Гарацыо, прашу, сачы за ім.

 

Гарацыо выходзіць.

 

(Лаэрту.)

А ты не забывай умовы нашай.

Мы справе зараз жа дадзім штуршок.—

Гертруда, учыні нагляд за сынам.—

Мы тут паставім манумент жывы:

Тады супакаенне будзем мець,

А покуль што — прыходзіцца цярпець.

 

Выходзяць.

 

 

Сцэна другая

 

Зала ў замку.

 

Уваходзяць Гамлет і Гарацыо.

 

ГАМЛЕТ

Пра гэта досыць; слухай жа далей.

Ці помніш ты апошнія падзеі?

ГАРАЦЫО

Мой прынц, я помню ўсё.

ГАМЛЕТ

У маёй душы

Ішло змаганне нейкае, і сон

Мяне не браў; ляжаць было мне мулка,

Горш, чым якому арыштанту. Раптам —

Няхай жыве раптоўнасць! — Ведай, дружа:

Часамі рызыка ратуе нас

I не ўдаецца план. Адгэтуль вывад:

Ёсць нехта, хто канчае нашы справы

Па-свойму, не зважаючы на нас.

ГАРАЦЫО

Напэўна.

ГАМЛЕТ

Апрануўшыся наспех,

З каюты выйшаў я. Ноч. Цемната.

Шукаю гэтых двух. Знаходжу. Спяць.

Схапіў пакет і да сябе ў каюту.

Ад страху забываецца прыстойнасць;

Я дзёрзка ўскрыў пасланне караля.

Што ж там было, Гарацыо! О подласць!

Там быў загад, нашпігаваны густа

Траскучай балбатнёю аб дабры

Англійскае і дацкае дзяржавы,

I ў ім — о, слухай! — столькі начапляна

Чарцей і д'яблаў на маё жыццё,

Што безадкладна, у адну мінуту,

Не навастрыўшы нават тапара,

Мне б галаву адсеклі.

ГАРАЦЫО

Быць не можа!

ГАМЛЕТ

Вось гэтае пасланне; прачытай

У вольны час. Сказаць табе цяпер,

Што я зрабіў?

ГАРАЦЫО

Цікава; раскажыце.

ГАМЛЕТ

Аблытаны навокал ліхадзействам,

Мой розум не прыдумаў і пралога,

Як распачаў ігру. Я сеў за стол,

Склаў новы ліст, перапісаў прыгожа;

Я некалі, як нашыя міністры,

Лічыў за сорам мець прыгожы почырк,

Стараўся развучыцца; але тут

Маё уменне на карысць пайшло.

Ты хочаш ведаць, што я напісаў?

ГАРАЦЫО

Хачу, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Ад караля сур'ёзнейшая просьба,—

Паколькі Англія ягоны даннік,

Паколькі паміж іх квітнець павінна

Любоў падобна пальме, гэтаксама,

Паколькі мір пшанічнаю гірляндай

Вісіць над імі, як злучок сяброўства,—

I шмат яшчэ «паколькі» і «злучкоў»,—

Па атрыманні гэтага паслання,

Без разважанняў, доўгіх ці кароткіх,

Падацеляў схапіць, звязаць і знішчыць,

Не даўшы памаліцца.

ГАРАЦЫО

А пячаць?

ГАМЛЕТ

I ў гэтым мне дапамагала неба.

Я пры сабе меў бацькаву пячатку.

Мадэль сучаснай дацкае пячаці.

Згарнуўшы ўсё так, як было раней,

Я падпісаўся, прылажыў пячаць

I не прыкметна ім падкінуў ліст.

Назаўтра быў на моры бой; далей

Ты ведаеш.

ГАРАЦЫО

Дык Гільдэнстэрн і Разенкранц плывуць?

ГАМЛЕТ

Няхай плывуць, ім гэта даспадобы.

Сумленне не гняце мяне. Іх смерць

Ёсць вынік умяшання. Небяспечна

Істотам нізкадушным поўзаць там,

Дзе скрыжаваны коп'і і мячы

Магутных ворагаў.

ГАРАЦЫО

Вось дык кароль!

ГАМЛЕТ

Скажы, ці ж не павінен я паўстаць

Супроць таго, хто атруціў мне бацьку,

Зняславіў маці мне, убіўся клінам

Паміж абраннем і маёй надзеяй,

Жыццё маё на вудачку лавіў

3 такою хітрасцю? Ці ж я не ў праве

3 ім расквітацца гэтаю рукой?

Ці ж не пракляты буду я навек,

Калі дазволю чарвяку ліхому

Прыроду нашу грызці?

ГАРАЦЫО

Мабыць, хутка

Ён атрымае весткі аб падзеях,

Што адбыліся ў Англіі.

ГАМЛЕТ

Напэўна;

Але пакуль што перапынак мой;

Жыццё людское — скарацечны міг.

Шкада, шкада мне вельмі, друг Гарацыо,

Што я з Лаэртам груба абышоўся,—

Мой лёс і лёс яго зусім падобны.

Хачу мірыцца з ім; але, павер,

Ён так крычаў, так задаваўся горам,

Што я не мог стрымацца.

ГАРАЦЫО

Ціха; хто там?

 

Уваходзіць Озрык.

 

ОЗРЫК

Дазвольце, прынц, павіншаваць вас з прыездам.

ГАМЛЕТ

Дзякую, пане. (Ціха Гарацыо.) Ты ведаеш матыля?

ГАРАЦЫО

(ціха Гамлету)

Не, мой прынц.

ГАМЛЕТ

(ціха Гарацыо)

Тваё шчасце. Той, хто яго ведае, —няшчасны

Гэта абшарнік. Зямлі ў яго многа, поле яго родзіць; а калі скаціна пануе над быдлам, то яе жолаб будзе заўсёды пры каралеўскім стале. Гэта шпак, але, як я ўжо сказаў, прасторна абложаны брудам.

ОЗРЫК

Святлейшы прынц, калі ваша высокасць мае вольны час, то я меў бы нешта сказаць вашай высокасці ад імя яго вялікасці.

ГАМЛЕТ

Я вас уважна слухаю. Зрабіце з вашым капелюшом тое, для чаго ён прызначаны: надзеньце яго на галаву.

ОЗРЫК

Удзячны вашай высокасці; вельмі горача.

ГАМЛЕТ

Што вы? Паверце мне, вельмі холадна: вецер з поўначы.

ОЗРЫК

А яно такі халаднавата, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Наадварот, па-мойму, вельмі горача; мне проста душна пры маёй камплекцыі.

ОЗРЫК

Надзвычайна, мой прынц. Так душна, так душна, як... я не магу вам выказаць. Ваша высокасць, яго вялікасць запрапанавалі мне давесці да ведама вашай высокасці, што яны пайшлі на вялікі заклад адносна вас; справа ў тым...

ГАМЛЕТ

Калі ласка, не забывайце.

(Прымушае яго надзець капялюш.)

ОЗРЫК

Мой добры прынц, слова гонару, мне так лепей, слова гонару. Ваша высокасць, нядаўна пры двары з'явіўся Лаэрт. Паверце мне, гэта дасканалейшы дваранін, поўны самых выдатных асаблівасцей, выключна далікатнага абыходжання і вялікай імпазантнасці. Калі гаварыць аб ім з належнай чуласцю, то гэта каляндар і карта прыстойнасці, бо вы ў ім знойдзеце злучэнне тых якасцей, якія жадаў бы мець кожны дваранін.

ГАМЛЕТ

Акрэслены вамі вобраз не пацярпеў ніякіх страт з вашага боку. Хаця я ведаю, што пералічэнне ўсіх яго ўласціваецёй можа натрудзіць арыфметыку памяці і ўсё ж застацца адсталым у параўнанні з яго імпэтам па шляху дасканаласці; аднак у мэтах праўдзівага праслаўлення дзіўлюся яму, як істоце вялікіх артыкулаў годнасці. Перад намі футарал такіх неацэнных дыяментаў і крышталяў духу, што яму падобным можа быць толькі яго ўласнае адлюстраванне; той жа, хто ў захапленні кінецца наследаваць яму, будзе яго ценем, не болей.

ОЗРЫК

Ваша высокасць, вы атэстуеце яго беспамылкова.

ГАМЛЕТ

Але якое ён мае да нас дачыненне? Навошта мы абдаём яго высокае імя нашым грубым дыханнем?

ОЗРЫК

Прынц?

ГАРАЦЫО

Мабыць, вы разумееце толькі тое, што вы самі гаворыце. У вас пытаюцца? ГАМЛЕТ

Навошта вы яго ўспомнілі!

ОЗРЫК

Лаэрта?

ГАРАЦЫО

(ціха Гамлету)

Яго кашалёк парожні. Чырвонцы сваіх слоў ён растраціў.

ГАМЛЕТ.

Так, Лаэрта.

ОЗРЫК

Мне вядома тое, што вы ведаеце...

ГАМЛЕТ

Рад за вас; але калі вам вядома тое, што я ведаю, то мне невялікі гонар. Прашу далей.

ОЗРЫК

...Што вы ведаеце здольнасці Лаэрта.

ГАМЛЕТ

Не адважуся гэта сцвярджаць, каб не зраўняцца з ім у здольнасцях; ведаць добра чалавека — гэта значыць ведаць самога сябе.

ОЗРЫК

Я маю на ўвазе яго здольнасці па часці зброі; паводле агульнага прызнання, у гэтым ён найвыдатнейшы мастак.

ГАМЛЕТ

Якая яго зброя?

ОЗРЫК

Рапіра і кінжал.

ГАМЛЕТ

Дзве зброі; прымем пад увагу. Ну і што ж?

ОЗРЫК

Кароль, ваша высокасць, залажыўся з ім на шэсць берберыйскіх коней, супроць якіх ён паставіў, як я дачуўся, шэсць французскіх рапір і шпаг з усімі іхнімі прыладамі, гэта значыць з паясамі, рамянямі ды іншым; сярод якіх ёсць трое набедраў самых адмысловых форм, вельмі адпавядаюць рукаяцям,— надзвычайна зграбныя набедры,— тонкага густу і добрай выдумкі.

ГАМЛЕТ

Што вы называеце набедрамі?

ГАРАЦЫО

(ціха Гамлету)

Я так і думаў, што тут без каментарыяў не абыдзецца.

ОЗРЫК

Набедры, прынц, гэта партупеі.

ГАМЛЕТ

Ваша слова было б болей дарэчы, каб мы цягалі на сабе гармату; а пакуль што няхай будуць партупеі. Такім чынам: шэсць берберыйскіх коней супроць шасці французскіх шпаг з прыналежнасцямі і трох адмысловай формы набедраў; дацкі заклад супроць французскага. Дзеля чаго ж гэта ўсё «пастаўлена», як вы толькі што вельмі трапна сказалі?

ОЗРЫК

Кароль, мой прынц, паспрачаўся, мой прынц, што пры дваццаці сутычках ён вас не абгоніць больш як на тры ўдары. Лаэрт жа закладаецца на дзевяць, і можна зрабіць зараз жа спробу, калі ваша высокасць явіць добрую волю і скажа: так.

ГАМЛЕТ

А калі я яўлю дрэнную волю і скажу: не?

ОЗРЫК

Я хачу сказаць, калі ваша высокасць дасць згоду на паядынак.

ГАМЛЕТ

Я буду хадзіць па гэтай зале. Калі яго вялікасць жадае, цяпер якраз мой адпачынак. Няхай прынясуць рапіры. Калі ёсць згода Лаэрта і кароль не адмяніў свайго намеру, то я паспрабую выйграць для яго заклад, а калі не, то будзе сорамна вачам маім і накладна бакам маім.

ОЗРЫК

Загадаеце так і перадаць?

ГАМЛЕТ

У такім сэнсе, пане, з акрасамі ў вашым гусце.

ОЗРЫК

Даручаю сябе міласці вашай высокасці.

ГАМЛЕТ

Цалкам ваш, цалкам ваш.

 

Озрык выходзіць.

 

Добра, што ён сам сябе даручае, другі б язык за яго не павярнуўся.

ГАРАЦЫО

Пабегла кнігаўка з яечкам на макаўцы.

ГАМЛЕТ

Ён, мабыць, і за матчыны грудзі не браўся без кампліментаў. Такія людзі, як ён (а іх ёсць многа — пестуноў нашай засмечанай эпохі), коўзаюцца па паверхні сучаснасці, засвойваючы толькі моду і знадворныя прыёмы абыходжання, нейкую пеністую сумесь, з якою яны плаваюць у лужыне нікчэмных і вымучаных думак. Дзьмухні на праверку, і бурбалкі палопаюцца.

 

Уваходзіць вяльможа.

 

ВЯЛЬМОЖА

Прынц, яго вялікасць вітаў вас праз маладога Озрыка, які далажыў, што вы чакаеце яго тут у зале. I выслаў ён дазнацца, ці воля ваша будзе зараз жа спаборнічаць з Лаэртам, ці вы жадаеце мець адтэрмінаванне?

ГАМЛЕТ

Я нязменны ў сваіх рашэннях; яны супадаюць з воляю караля. Калі ён хоча, то я гатоў. Цяпер альбо пасля, мне ўсё роўна, абы я быў у настроі, як цяпер.

ВЯЛЬМОЖА

Кароль, каралева і ўсе ідуць сюды.

ГАМЛЕТ

У добры час.

ВЯЛЬМОЖА

Каралева жадае, каб вы перад пачаткам паядынку як найлепш абышліся з Лаэртам.

ГАМЛЕТ

Жаданне добрае.

 

Вяльможа выходзіць.

 

ГАРАЦЫО

Вы прайграеце заклад, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Не думаю; з таго часу, як ён паехаў у Францыю, я не пераставаў практыкавацца і налаўчыўся. Калі я буду мець ачкі наперад, я выйграю. Але, каб ты знаў, як мне сумна, як цяжка на сэрцы; але гэта ўсё роўна.

ГАРАЦЫО

Не, дарагі мой прынц...

ГАМЛЕТ

Я ведаю, што гэта глупства. У мяне нейкае як бы прадчуванне; жанчыне — той бы стала страшна.

ГАРАЦЫО

Калі ваш дух ухіляецца, не пачынайце. Я папярэджу іх, я скажу, што вы не ў настроі.

ГАМЛЕТ

Не трэба. Што нам прадчуванні! I ў гібелі вераб'я відна рука лёсу. Адбудзецца цяпер, не адбудзецца пасля; не адбудзецца пасля, адбудзецца цяпер; не адбудзецца цяпер — усё роўна калі-небудзь адбудзецца. Быць напагатове — вось і ўсё. Раз ні адзін чалавек не ведае, з чым ён разлучаецца, ці ж не ўсё роўна калі ён разлучыцца рана? Хай жа адбудзецца!

 

Уваходзяць кароль, каралева,

Лаэрт і вяльможы, Озрык ды іншыя

прыдворныя з рапірамі і рукавіцамі;

стол, на ім гладышы з віном.

 

КАРОЛЬ

Прымі ад нас руку Лаэрта, Гамлет.

 

Кароль кладзе руку Лаэрта ў руку Гамлета.

 

ГАМЛЕТ

Прабач, Лаэрт, цябе пакрыўдзіў я;

Ты мне прабач, як дваранін і рыцар.

Вядома ўсім прысутным, ды і ты

Напэўна чуў, як цяжка пакарала

Мяне хвароба.

Учынак мой, які абразіў груба

Тваю прыроду, гонар і пачуцці,

Я ў гэтым прызнаюся, быў вар'яцтвам.

Каб Гамлет крыўдзіў друга? Не, ніколі.

Лаэрта Гамлет не хацеў пакрыўдзіць.

Калі, разлучаны з сабою, Гамлет

Лаэрта нечакана крыўдзіць,— гэта

Не Гамлет робіць; Гамлет адмаўляе.

А хто? Яго вар'яцтва. Калі так,

Сам Гамлет з ліку тых, хто быў пакрыўджан,-

Вар'яцтвам быў пакрыўджан бедны Гамлет.

I тут, перад высокай грамадою,

Адмовіўшы наўмыснае злачынства,

Я гавару: прабач велікадушна

За тое, што, стралу пусціўшы ў доме,

Параніў брата.

ЛАЭРТ

Злосці я не маю,

Адбушавала помста у душы.

Я — чалавек. Але мой гонар вольны;

Не прымірыўся, пакуль хто старэйшы,

Спрактыкаваны у пытаннях чэсці,

Нас не рассудзіць і не скажа — мір,

Каб я быў чысты. Да тае пары

Любоў я вашу як любоў прымаю

I не пакрыўджу вас.

ГАМЛЕТ

Я цалкам згодзен

I буду біцца ў братнім паядынку.

Падайце нам рапіры.

ЛАЭРТ

Мне адну.

ГАМЛЕТ

Табе маё няўменне будзе грунтам.

Як зорка на пустынным фоне ночы,

Лаэртава майстэрства заблішчыць.

ЛАЭРТ

Насмешка, прынц?

ГАМЛЕТ

О не, рукой клянуся.

КАРОЛЬ

Падай рапіры, Озрык. Любы Гамлет,

Табе заклад вядомы?

ГАМЛЕТ

Так, вядомы;

Ваш, уладар, на старане слабейшай.

КАРОЛЬ

Я не баюся, бачыў вас абодвух,

Ён мо спрытнейшы, але ў нас ачкі.

ЛАЭРТ

Не, гэта цяжкая; другую дайце.

ГАМЛЕТ

Мне да рукі; якраз. А даўжыня

У іх адна?

ОЗРЫК

Аднолькавыя, прынц.

Рыхтуюцца да паядынку.

КАРОЛЬ

Віно на стол пастаўце. Калі Гамлет

Яго кране адзін раз і другі

Альбо на трэцім разе адаб'ецца,

Давайце гучны залп з усіх гармат;

Кароль за Гамлета падыме кубак

I кіне ў кубак неацэнны жэмчуг,

Каштоўнейшы, чым той, які насілі

Чатыры дацкіх каралі. Віна!

I хай літаўры знак даюць фанфарам,

Фанфары канваірам на байніцах

I гром з зямлі уторыць грому з неба,

Што п'е за Гамлета кароль.

Пачніце. А вы уважна прымячайце, суддзі.

ГАМЛЕТ

Пачнём.

ЛАЭРТ

Пачнём, мой прынц.

 

Б'юцца.

 

ГАМЛЕТ

Раз.

ЛАЭРТ

Не.

ГАМЛЕТ

На суд.

ОЗРЫК

Удар, удар выразны.

ЛАЭРТ

Добра,— зноў.

КАРОЛЬ

Чакайце, вып'ем. Гамлет, жэмчуг — твой.

Здаровы будзь!

 

Трубныя гукі і стрэлы з гармат за сцэнай.

 

Нясіце кубак прынцу.

ГАМЛЕТ

Пастаўце. Потым. Трэба перш закончыць.

Пачнём.

 

Б'юцца.

 

Ізноў удар. Што, мо няпраўда?

ЛАЭРТ

Так, так, крануты; прызнаю.

КАРОЛЬ

Наш сын напэўна выйграе.

КАРАЛЕВА

Ён цяжкі

I задыхаецца.— Хадзі сюды,

Вось хустачка,— утрыся, Гамлет. П'е

За поспех сына каралева.

ГАМЛЕТ

Дзякуй.

КАРОЛЬ

Не пі, Гертруда!

КАРАЛЕВА

Выбачай, мой друг.

Я вып'ю.

КАРОЛЬ

(убок)

У келіху атрута. Позна, позна.

ГАМЛЕТ

Цяпер яшчэ не буду піць, пасля.

КАРАЛЕВА

Хадзі сюды, я аба'тру твой лоб.

ЛАЭРТ

А зараз я крану яго.

КАРОЛЬ

Наўрад.

ЛАЭРТ

(убок)

Нядобра на душы, сумленне мучыць.

ГАМЛЕТ

Давай у трэці раз, Лаэрт; без жартаў;

Будзь ласкаў, выпадай з усёю сілай,

Не трэба шкадаваць мяне, не трэба.

ЛАЭРТ

Вы так гаворыце? Пачнём.

 

Б'юцца.

 

ОЗРЫК

Абодва ўнічыю.

ЛАЭРТ

Гэй, сцеражыся!

 

Лаэрт раніць Гамлета; пасля,

у разгары бою, яны мяняюцца рапірамі,

і Гамлет раніць Лаэрта.

 

КАРОЛЬ

Яны забыліся. Разняць.

ГАМЛЕТ

О не, Давай яшчэ.

 

Каралева падае.

 

ОЗРЫК

Ой, гляньце,— каралева!

ГАРАЦЫО

Яны ў крыві. Што з вамі, любы прынц?

ОЗРЫК

Лаэрт, і вы, што гэта значыць?

ЛАЭРТ

Озрык,

Улез кулік сам у сваё сіло.

Я паміраю за маю нявернасць.

ГАМЛЕТ

Што з каралевай?

КАРОЛЬ

Яна самлела, гледзячы на кроў.

КАРАЛЕВА

Не, не, пітво, пітво.— Сынок мой родны,

Мяне атрутай напаілі... О!

(Памірае.)

ГАМЛЕТ

Злачынства! Гэй! Замкніце дзверы! Здрада!

Шукайце, дзе яна!

 

Лаэрт падае.

 

ЛАЭРТ

Яна тут, Гамлет. Гамлет, ты забіты,

Ніхто нічым не вылечыць цябе,

I паўгадзіны ты не пражывеш;

Мая рапіра у тваёй руцэ,

Атручаная, вострая; за грэх

За свой я заплаціў; глядзі,

Вось я ляжу і больш не ўстану; маці

Твая не ўстане больш; я не магу...

Кароль... кароль падстроіў.

ГАМЛЕТ

А! I тут?

Дык давяршай, атручанае джала!

(Коле караля.)

УСЕ

Здрада! Здрада!

КАРОЛЬ

Я толькі ранены. Сябры, ратуйце!

ГАМЛЕТ

Дык вось табе,

Забойца, блудадзей, кароль пракляты!

Пітво тваё! I жэмчуг твой! Напіся!

Ідзі за маткай.

 

Кароль памірае.

 

ЛАЭРТ

Кара па заслугах;

Ён сам складаў атруту. Чэсны Гамлет,

Даруй жа мне, як я табе дарую.

Хай кроў мая і бацькава не пляміць

Тваёй душы, як і маёй — твая.

(Памірае.)

ГАМЛЕТ

Няхай табе прабачыць неба. Следам

Іду і я. Гарацыо, я гіну.—

Бывай, няшчасная царыца! — Вы,

Збялелыя і ўзрушаныя сведкі

Падзей трагічных, о, каб меў я час

(Бязлітасная смерць хапае хутка),

Я расказаў бы вам. Але ўсё роўна,—

Гарацыо, я гіну, ты жывеш.

Дык раскажы ўсю праўду пра мяне

Тым, хто не ведае.

ГАРАЦЫО

Ніколі;

Я рымлянін душой, а не датчанін;

Яшчэ не ўсё дапіта.

ГАМЛЕТ

Мужным будзь,

Дай кубак мне; пусці; я так хачу.

О друг, якая раненая слава,

Калі ты змоўчыш, ляжа на мяне!

Калі мяне любіў ты, ухіліся

Часова ад збавення, пагаруй

На свеце жорсткім, каб вядомай стала

Мая гісторыя.

Далёкі марш і стрэлы за сцяной.

Што там за стрэлы?

ОЗРЫК

Прынц Фарцінбрас нарвежскі з перамогай

Вярнуўся з Польшчы, аддае салют

Англійскаму пасольству.

ГАМЛЕТ

Гарацыо, я паміраю.

Магутная атрута цісне дух.

Не прыйдзецца мне чуць навін англійскіх,

Але кажу наперад,— каралём

Абраны будзе Фарцінбрас, Яму —

Перадсмяротны голас мой. Скажы

Яму аб гэтым; выяві прычыны

Усіх здарэнняў. Цішыня — канец.

(Памірае.)

ГАРАЦЫО

Пагас вялікі сэрцам. Спі, мой прынц,

Адпачывай сярод мелодый райскіх.

Хто там ідзе пад барабан?

 

Марш за сцэнай.

Уваходзяць Фарцінбрас і англійскія паслы, з барабанным боем, са сцягамі і з дружынай.

 

ФАРЦІНБРАС

Дзе гэтае відовішча?

ГАРАЦЫО

Чаго

Шукаюць вочы вашы? Калі дзіва,

Тугі і болю, стойце,— вы знайшлі.

ФАРЦІНБРАС

Якая жудасная бойня! Смерць,

Што за банкет у сутарзнні вечным

Спраўляеш, гордая, пасекшы столькі

Князёў зямлі?

ПЕРШЫ ПАСОЛ

О, страшная карціна!

Спазнілася англійскае пасольства;

Нас не пачуе той, каму прыйшлі мы

Паведаміць, што выканан загад,

Што Разенкранц і Гільдэнстэрн — забіты.

Хто выкажа падзяку нам?

ГАРАЦЫО

Не ён,

Хоць бы і мог ён дзякаваць; ніколі

Ён не загадваў пакараць іх смерцю.

Але паколькі на крывавы суд

Вам з Англіі, вам з Полыпчы давялося

Якраз паспець, хай на памост высокі

Нябожчыкаў паложаць на віду;

Я раскажу усім, хто хоча ведаць,

Як гэта адбылося; гэта будзе

Аповесць аб забойчых, зверскіх справах,

Аб помстах, гвалтах, хітрасцях, аб тым,

Як абваліўся гмах нялюдскай здрады

На тых, хто збудаваў яго. Хай праўда

Аб'явіцца.

ФАРЦІНБРАС

Паслухаем; сабраць

На сход усіх магнатаў. Засмучоны,

Я сустракаю свой шчаслівы лёс;

Я маю права на дзяржаву гэту,

Аб чым і абвяшчаю ўсенародна.

ГАРАЦЫО

Мне і аб гэтым прыйдзецца сказаць

Таксама; ад імя таго, чый голас

Прывабіць многіх. Злосць бушуе ў людзях;

Прыступім зараз жа, каб не было

Памылак, змоў і новае бяды.

ФАРЦІНБРАС

Хай Гамлета выносяць на памост,

Як змагара, чатыры капітаны;

Напэўна, калі б ён быў каралём,

Ён даў бы прыклады вялікіх спраў;

Хай музыка і воінскі абрад

Яго суправаджаюць урачыста.

Бярыце трупы, тут не месца ім,

Лепш паміраць на полі баявым.

Загадваю страляць.

 

Жалобны марш.

Выходзяць, выносячы нябожчыкаў,

пасля чаго даецца залп з гармат.

Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=92 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гамлет, прынц Дацкі — акт пяты

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

Для друку   /   Уільям Шэксьпір

Derek Jacobi
Derek Jacobi