Літаратура.org » Чытальня » Тар’ей Вэсас, Лядовы палац

Лядовы палац

Тар’ей Вэсас — Нарвэская (nynorsk) — Ян Максімюк

 (...)

Яна выйшла з дому ў цемру, якая ўжо адступалася. Ёй трэба прыдумаць, куды схавацца на ўвесь дзень, як толькі яна зьнікне з вачэй.

 

Ну, не, сёньня ў яе толькі адна думка: Сіс.

Гэта дарога да яе.

Гэта дарога да Сіс.

Я не магу сустрэцца зь ёю, магу толькі думаць пра яе.

Ня думаць пра тое іншае.

Толькі пра Сіс, якую я знайшла.

Сіс і я ў люстэрку.

Бліскаўкі і праменьчыкі.

Думаць толькі пра Сіс.

 

Пры кожным кроку.

Яна дайшла да першых заінелых дрэваў, якія яе схавалі. Там яна збочыла з дарогі. Трэба перачакаць у схованцы, пакуль будзе можна вярнуцца дахаты ў звычайную пару, каб унікнуць роспытаў.

Але куды ж ёй пайсьці на ўвесь доўгі школьны дзень? І ў гэткую халадэчу? Паветра, якім яна дыхала, застывала камяком у горле. Мароз апякаў шчокі. Але на ёй было цёплае паліто, а сама яна прызвычаілася да холаду за восень, таму зусім ня мерзла.

Бах! — грукнуў у далечы бліскучы, як чорная сталь, лёд на возеры.

Выдатна! Лёд падказаў ёй рашэньне. Яна адразу зразумела, што ёй трэба рабіць:

Яна прагуляецца па лёдзе.

Зусім адна.

Занятку будзе на ўвесь дзень, яна ня зьмерзьне, і ўсё будзе як трэба.

 

Аб прагулцы па лёдзе гаварылі апошнімі днямі ў школе. Ун ня ўмешвалася, але з таго, што пачула, яна зразумела, што на прагулку трэба ісьці як найхутчэй, бо ў любы дзень можа выпасьці сьнег.

Дзесьці там далей быў вадаспад, які за гэты доўгі каляна-марозны час утварыў наўкола сябе незвычайную лядовую гару. Казалі, нібыта тая гара выглядала, як палац, ніхто ня мог прыгадаць, каб нешта падобнае бывала раней. Гэты палац будзе мэтай ейнай прагулкі. Спачатку трэба пайсьці ўздоўж возера да месца, адкуль выцякае рэчка, а потым уніз па рэчцы да вадаспаду. Такая прагулка зойме кароткі зімовы дзень.

Выдатна, увесь дзень будзе ў яе заняты.

Ды мне трэба было б паглядзець на гэта разам зь Сіс...

Яна прагнала гэтую думку, радасна падумаўшы: другім разам мы туды пойдзем зь Сіс, так будзе яшчэ лепш.

 

Лёд на возеры быў такі празрысты, што здавалася, быццам яго ўвогуле не было. Ня лёд, а сталь. У возера ня ўпала ні сьняжынкі, калі яно замярзала, і потым, калі замерзла, таксама ня ўпала ні сьняжынкі.

Цяпер лёд быў тоўсты і бясьпечны. Ён грукатаў, трэскаўся і рабіўся штораз цьвярдзейшы. Ун пабегла да возера. У такі мароз толькі й бегаць. Да таго ж яна бегла, каб як мага хутчэй пакінуць мясьціну, дзе магла стрэць людзей — сёньняшні дзень яна мела пражыць у сакрэце.

І вось ёй удалося. Настойлівы кліч: Ун, хадзі сюды! Цётчын добры голас. Яго не чуваць. Цётка думае, што Ун у школе.

А што думаюць у школе?

Пра гэта яна не падумала.

Ды хоць раз яна можа захварэць. Безумоўна. Ці і Сіс так падумае? Магчыма, Сіс зразумее.

Ун бегла па ўмерзлай, цьвёрдай, быццам камень, зямлі, якая грукатала ў яе пад нагамі. Між заінелых дрэваў былі прагаліны. Яна бегла зыгзагам паміж гэтымі дрэвамі, каб заставацца непрыкметнай для нечых цікаўных вачэй. Спачатку ёй трэба выбрацца на лёд, а потым пайсьці ўздоўж берага.

Яна думала пра Сіс. Пра заўтрашнюю сустрэчу — калі ўсё крыху ўляжацца і сустрэча ня будзе такой немагчымай, як сёньня. Раптам яна перастала быць адна. Знайшла кагосьці, каму неўзабаве можна будзе ўсё распавядаць.

Яна радасна бегла да лёду, па пакрытай намаразьзю зямлі, паміж зіхатліва пасрэбранымі бярозамі. Ужо амаль разьвіднела. Бясколерныя, заінелыя сьцябліны зь бясколернымі шырокімі лісткамі і зь пераломамі вытыркалі зь зямлі — Ун зачапляла іх на бягу, і серабрысты іней суха, як пясок, рыпеў пад ейнымі ботамі.

Яна радасна думала:

Лёд робіцца таўсьцейшы і таўсьцейшы.

Такім лёд і павінен быць.

Ён патрэсквае начамі. Камусьці, магчыма, ня сьпіцца, і ён думае: а лёд стаў яшчэ таўсьцейшы...

У такі мароз патрэскваюць і сьцены іхнай старой драўлянай хаты. Цётка кажа, што гэта скурчваюцца бярвёны. Калі чуеш такія гукі ўначы, ня трэба казаць «таўсьцейшы і таўсьцейшы», а падумаць: «мароз такі, ажно хата трашчыць».

Яна ўжо была на беразе, і ніхто напэўна не заўважыў нават ейнага ценю, таму нічога пра яе ня зможа нікому сказаць.

Як яна й спадзявалася, гэтай раньняй парою на лёдзе не было ні душы. Бліжэй да поўдня сюды прыпруцца смаркачы, ім дазволена дурэць дасхочу, бо лёд тут моцны, як скала, без аніводнага небясьпечнага месца. Возера было вялізнае, роўнядзь лёду неабсяжная.

Празь цёмна-празрысты лёд пры беразе было цікава паўзірацца на дно. Ун не была дарасьлейшая за свае гады, таму яна лягла плазам на лёд, засланяючы твар рукамі, каб засяродзіць позірк.

Гэта было ўсё адно што глядзець праз чыстую шыбіну.

Сонца толькі што ўзышло, ягоныя касыя халодныя промні пранікалі празь лёд і падалі на брунатнае дно, пакрытае мулам, каменьнем і расьлінамі.

Пры самым беразе возера прамерзла наскрозь. Дно было белае ад інею, на ім ляжаў сталёва-цьвёрды лёд. У гэты лядовы блёк умерзьлі шырокія серпаватыя лісткі і тонкія сьцябліны, лясное насеньне і пацяруха, і брунатная расплясканая мурашка — усё ўперамешку з бурбалкамі паветра, якія ўтварыліся ў самым лёдзе і зіхацелі, як пэрліны, калі на іх падала сонечнае праменьне. Чорныя, круглыя, прыбярэжныя камяні таксама завязьлі ў гэтым блёку, разам з апалымі галінкамі. Умерзлыя ў лёд галінкі папараці з надломамі былі найпрыгажэйшыя з усяго.

Некаторыя расьліны даставалі каранямі дна, іншыя, якія раней плавалі, завязьлі ў загуслай вадзе і замерзьлі пад паверхняй. Потым іх лядовы панцыр патаўсьцеў.

Ун ляжала і глядзела, як зачараваная, гэта было дзіўнейшае за любую казку.

Пагляджу яшчэ...

Яна ляжала плазам на лёдзе, не адчуваючы ніякага холаду. Ейнае шчуплае цела кідала на дно цень, які нагадваў скасабочаныя чалавечыя абрысы.

Яна крыху падпаўзла па бліскучай шыбіне-люстры. Далікатная папараць, залітая морам сьвятла, засталася ззаду.

 

Вось яна, гэтая страшная строма.

Тут, на глыбізьне, дно і ўсё на ім было брунатнае. Між рэдкімі водарасьцямі ў муле ляжаў малы чорны рачок і варушыў клюшнямі. Але ў яго нічога не выходзіла, ён ня выкараскаўся з глею і не пасунуўся зь месца.

А крыху далей замуленая сьцяна абрывалася амаль прастападна ў сапраўднае чорнае прадоньне.

Гэтая страшная строма.

Ун падпаўзла яшчэ, цень сьлізгануў разам зь ёю і над безданьню прапаў, быццам туды праваліўся. Так раптоўна, што Ун уздрыгнула і толькі потым зразумела, што сталася.

Па целе пайшлі лёгкія дрыжыкі, Ун падалося, што яна ляжыць у празрыстай вадзе. У яе на міг закружылася галава, але яна тут жа нанава адчула, што ляжыць на бясьпечным тоўстым лёдзе.

Аднак глядзець на стромкаспаднае дно было непрыемна. Тут сьмерць кожнаму, хто ня ўмее плаваць. Ун ужо ўмела, але быў такі час, калі яна ня ўмела і аднойчы апынулася над такім месцам. Яна ішла па дне і раптам пад нагой нічога не аказалася. Яна ўся застыла, адчуваючы, як яе цягне ўглыб — але чыясьці моцная рука ірванула яе назад, на цьвёрды грунт, да таварышаў, якія пранізьліва гарлапанілі.

Ун яшчэ ня скончыла думаць пра гэты жахлівы спад, калі зь цёмнага прадоньня, насустрач ёй, мільганула вузкая палоска. Рыбка, імклівая як страла, цэлілася проста ў ейны твар. Ун адхіснулася, забыўшы пра лёд паміж імі. Бліснуў пісяг шэра-зялёнай сьпінкі, потым бок і нерухомае рыбіна вока, якое паглядзела, што за стварэньне было на лёдзе.

І ўсё, рыбка зноў зьнікла ў глыбіні.

Ун добра ведала, што цяпер рабіла малая рыбка. Можна сабе ўявіць, як яна распавядае там на дне, што бачыла. Гэта нават прыемна.

Але цікаўная рыбка разарвала прывязь, якая яе тут трымала. Да таго ёй стала холадна. Яна ўстала і пачала шкандыбаць уперад, падскокваючы і коўзаючыся па гладкім лёдзе. Калі-нікалі яна выпадала на бераг, хутка перасякала мыскі грунту, якія ўрэзваліся ў возера, і зноў вярталася на коўзкую роўнядзь. Яна разагрэлася, і ёй было весела.

Яна ішла доўга, да рэчкі быў ладны кавалак.

Але ўрэшце дайшла.

 

Вадаспаду яна ня бачыла і ня чула, ён быў значна ніжэй. Тут рэчка толькі зьлёгку цурчэла, а вышэй, дзе пачыналася, плыла зусім спакойна і бясшумна.

Тут сплывала вада з разьлеглага возера. Яна бруіла з-пад лёду так лагодна і бясшумна, што амаль не было відаць яе руху. Але ў гэтым месцы ў халодным паветры вісеў вэлюм смугі. Ун, забыўшыся на ўсё, спынілася і глядзела — яна быццам сьніла добры сон. Нават з такіх звычайных рэчаў могуць узьнікаць добрыя сны.

Яна не адчувала ў сваім сэрцы ніякіх дакораў за тое, што выбралася сюды без дазволу, і што, магчыма, ёй потым будзе цяжка апраўдацца. Лагоднае выплываньне вады з-пад лёду напаўняла яе ціхай радасьцю.

Нават цяпер да яе вярталася тая думка, што цягнула яе ў чорную проглыбку, але ў гэтую добрую хвіліну яна адразу адступілася перад карцінай, якую Ун сузірала: вялізная празрыстая рэчка, якая бясшумна выцякае з-пад лёду, праліваецца празь яе, нясе яе, кажа ёй тое, што ёй трэба пачуць.

Абедзьве, рэчка і яна, былі такія ціхія, што дзяўчынцы падалося, быццам яна чуе вадаспад, яго далёкі гул. Там, дзе спакойная вада кідаецца са стромы. У школе казалі, што адсюль вадаспаду не чуваць. Але цяпер яна чула яго выразна.

Туды акурат ёй трэба. І ня думаць пра тое іншае. Быць сёньня свабоднай!

Туды, уніз, яны меліся пайсьці ўсёй клясай. Праз халоднае паветра даходзіў да яе прыглушаны гул вадаспаду, хоць насамрэч яна не павінна была яго чуць.

Цёмная вада вялізнага возера выплывала мякка і бясшумна з-пад высьлізганай лядовай покрыўкі. Увесь час сьвежая і чыстая, плыла так спакойна, як быццам у сьне.

Далёкі шум вадаспаду нагадаў ёй, куды яна выбралася. Яна быццам прачнулася. Ёй захацелася распавесьці некаму, што яна цяпер адчувала, але яна ведала, што ніколі ня зможа гэтага зрабіць.

Яна пастаяла крыху на месцы і адразу адчула, што зьмерзла. Мароз залез пад адзеньне. Каб разагрэцца, яна пачала бегчы.

Адразу за месцам, адкуль выплывала рэчка, зямля пачынала ісьці спадам. Бясшумная вада пачынала журчаць. Там мароз і пара ад плыні пераўтварылі берагі рэчкі ў суцэльны прасьцяг лядовых карункаў. Вада падбіралася да ледзяшоў і лізала іх.

Зямля, парослая верасамі і куп’істай травой, была пакрытая серабрыстым інеем, які мігцеў у касых сонечных промнях. Ун пераскоквала з купіны на купіну ў гэтай казачнай краіне. У торбе падскоквалі кніжкі і скрыначка зь сьняданкам.

Схіл стаў крыху больш стромкі. Таксама стала больш чуваць рэчку, якая плыла між чорных камянёў, што вытыркалі з вады, завершаныя бліскучымі лядовымі каронамі.

Ун спускалася туды без дазволу. Яна падумала: быццам бы і ня хочацца. Але праўда была ў тым, што ёй хацелася ўсё больш і больш.

Цяпер яна ўжо выразна чула заваблівы гул зьнізу. Усё яшчэ далёка, але чым больш заваблівы ён рабіўся, тым больш правільнай здавалася ейная пастанова ісьці туды.

Яна разагрэлася ад заўзятага бегу. Калі прыпынялася, зь ейнага дыханьня ўтвараліся малыя аблочкі пары навокал. Тоўстае паліто залубянела і замінала бегчы. Ун стала горача, ейныя вочы блішчэлі. Час ад часу яна прыпынялася на купіне і ейны гарачы малады дых выпускаў мноства аблочкаў.

Страмізна большае, рэчка шуміць мацней, але глухі гул вадаспаду ўсё даносіцца адкульсьці здалёк, адначасова заваблівы і пагрозьлівы.

Яна падумала:

Я не хачу гэтага!

Аднак яна хацела. Гэта было зьвязана зь Сіс.

Гэта было адзінае правільнае рашэньне, хоць яно было недазволенае і дрэннае. Нізашто на сьвеце нельга цяпер завярнуць. Гэта зьвязана зь Сіс і ўсім тым добрым, што вымалёўвалася наперадзе. Калі цяпер завярнуць адсюль, пайсьці назад ад таго, што гудзе там унізе, і вярнуцца дадому ні з чым, застанецца пачуцьцё, што яна нешта страціла або нечага не знайшла.

 

Неўзабаве гул вадаспаду памацнеў. Вада ў рэчцы пачала набіраць хуткасьць, па ёй пайшлі жоўтыя палосы. Ун раўналегла зьбягала з гары па пасрэбранай блытаніне верасоў і куп’я травы. Дзе-нідзе траплялася дрэва. Гул усё мацнеў, раптам перад ёй вырасла звонкае воблака пары — яна апынулася на краі вадаспаду.

Яна спынілася, як скамянелая, яшчэ крок, і яна ўпала б, так раптоўна гэта здарылася.

Як быццам дзьве хвалі нахлынулі на яе: найперш стынліва-ледзяная, потым паўзбудна-гарачая — як заўсёды падчас важнай падзеі.

Ун была тут упершыню. Летам яна ўжо тут жыла, але ніхто яе не запрашаў прайсьціся сюды. Цётка адно згадала, што тут ёсьць вадаспад, але нічога больш. У школе загаварылі пра яго толькі позьняй восеньню, пасьля таго, як вырас гэты лядовы палац і стаўся знакамітым відовішчам.

Што гэта?

Лядовы палац, аднак...

Сонца раптам прапала. Яна стаяла перад цясьнінай са стромкімі сьценамі. Сонца, магчыма, загляне сюды пазьней, бо цяпер тут панаваў ледавіты цень.

Ун глядзела ўніз, на зачараваную краіну малых сьпічакоў, скляпеністых паддашкаў, заінелых копулаў, мяккіх арак і блытаных карункаў. Усё гэта было зь лёду, між якім бруіла вада і няспынна будавала далей. Лёд дзяліў вадаспад на асобныя пратокі і накіроўваў іх па новых шляхах, дабудоўваючы новыя рэчы. Усё мігцела. Сонца сюды яшчэ не дабралася, але будоўля сьвяцілася сама, сіне-зялёным, мёртва-халодным бляскам.

Вадаспад абвальваўся ўніз якраз пасярэдзіне ўсяго гэтага, як быццам у чорную зеўру падзямельнага склепу. Вада струмянямі спадала са стромы, мяняючы колер з чорнага на зялёны і зь зялёнага на жоўты і белы, па меры таго, як вадаспад набіраў сілу. Зь зеўры даносіўся рык вады, якая пенілася там унізе, разьбіваючыся аб каменныя камлыгі на дне. У паветры клубілася пара — дыханьне вадаспаду.

Ун радасна выкрыкнула, але ейны голас цалкам патануў у гуле і рыку — падобна да таго, як цёплыя аблочкі ейнага дыханьня расплываліся ў халоднай вадзяной смузе.

Вадзяная смуга ўвесь час варушылася, вада біла струмянямі на ўсе бакі, паволі, але няспынна, працягваючы сваё дзікае будаваньне. Рэчка тут вырывалася з свайго рэчышча. Будавала пры дапамозе марозу. Шырэй, вышэй, каморкі, калідоры і праходы, і лядовыя скляпеньні над імі. Ун ніколі ў жыцьці ня бачыла нічога больш заблытанага і прыгожага.

Яна глядзела проста ўніз. Варта было паглядзець гэта зьнізу, таму яна пачала спускацца па стромкім, пакрытым шаронам схіле побач з вадаспадам. Палац ёй падаўся такім магутным, што яна не магла думаць ні пра што іншае.

Толькі зьнізу яна ўбачыла яго такім, якім ён павінен быў убачыцца малой дзяўчынцы, і апошні сумнеў у правільнасьці ейнага прыходу сюды пакінуў яе. Яна не магла не прыйсьці сюды, падумалася ёй. Адсюль агромністы лядовы палац здаваўся ў сем разоў большым і дзівосьнейшым, чым згары.

Здавалася, што лядовыя сьцены дасягалі неба, расьлі ў вачах. Яна ап’янела ад убачанага. Паўсюды былі калідорчыкі і надбудоўкі, яна й ня велала, як гэта ўсё назваць. Вада пашырала будоўлю ва ўсе бакі, і толькі пасярэдзіне, куды шугала галоўная плынь вадаспаду, заставалася вольнае месца.

Зь некаторых месцаў палаца вада ўжо адступілася, пакінуўшы бліскучыя і сухія пабудовы. Над іншымі месцамі вісела вадзяная смуга, а кроплі імгненна зьмяняліся ў сіне-зялёны лёд.

Гэта зачараваны палац. Калі толькі ёсьць уваход, ёй трэба паспрабаваць увайсьці ў сярэдзіну. Там напэўна шмат дзівосных калідораў і аркадаў, яна мусіць туды ўвайсьці. Лядовы палац выглядаў так надзвычайна, што яна забыла пра ўсё на сьвеце. Увайсьці туды было ейнай адзінай думкай.

Аднак гэта не была зусім простая справа. Шмат з таго, што здавалася ўваходам, у сапраўднасьці было толькі заглыбленьнем, але яна не паддалася і нарэшце знайшла мокрую адтуліну, дастаткова шырокую, каб праціснуцца празь яе.

Сэрца Ун моцна забілася, калі яна ступіла ў першую залю.

Зялёна, толькі дзе-нідзе прабіваліся слупы цьмянага сьвятла. І нічога апрача кусьлівай халадэчы. У гэтым памяшканьні было нешта жудаснае.

Яна гукнула, ня ведаючы чаму:

— Гу!

Быццам кагосьці клікала. Так узьдзейнічае пустка. Чалавеку хочацца гукаць. Яна на ведала чаму, хоць ведала, што тут нікога няма.

Яна адразу атрымала адказ.

— Гу! — глуха адказала заля.

Як жа яна ўздрыгнула.

Яна думала, што тут будзе мёртвая цішыня, але заля была напоўненая роўным гулам вадаспаду. Шум вадаспаду пранікаў празь лядовую тоўшчу. Дзікае гульбішча навонкі, дзе вада разьбівалася на пену аб камяні на дне вадаспаду, далятала сюды як ціхае пагрозьлівае вуркатаньне.

Ун крыху пастаяла, ачуньваючы пасьля пераляку. Яна ня ведала, чаму яна крыкнула і хто ёй адказаў. Гэта не магло быць звычайнае рэха.

Магчыма, гэтая заля і не такая вялікая? Аднак здавалася разьлеглай. Ун ня стала гукаць больш, каб атрымаць адказ, а замест таго памкнулася пашукаць нейкі праход, шлях углыб палаца. Думка пра тое, каб вышчаміцца назад, на дзённае сьвятло, нават не прыйшла ёй да галавы.

Праход знайшоўся адразу, як толькі яна пачала шукаць: ладная шчыліна паміж адшліфаванымі лядовымі калёнамі.

Яна ўвайшла ў залю, якая хутчэй нагадвала калідор, але ўсё ж была заляй, аб чым яна пераканалася, крыкнуўшы напаўголасу «гу!» і атрымаўшы зьлёгку спалоханае «гу!» у адказ. Яна ведала, што ў палацах бываюць такія памяшканьні — яна цяпер была заварожаная і зачараваная, і ўсё тое, што было раней, засталося ззаду. У гэты момант яна думала толькі пра палац.

Яна ня крыкнула «Сіс!» у гэтым змрочным праходзе, яна толькі гукнула «гу!». Неспадзеўкі зачараваная, яна ня думала пра Сіс, а толькі пра далейшыя залі ў зялёным лядовым палацы і пра тое, што трэба пабыць у кожнай зь іх.

Тут панавала страшная халадэча, і Ун паспрабавала, ці ня ўдасца ёй выдыхнуць вялікія аблокі пары, але сьвятло было заслабое. Вадаспад адчуваўся пад яе нагамі, але яна ведала, што гэта няпраўда. Усё было няпраўдай у гэтым палацы, але чалавек як быццам усяму гэтаму даваў веры.

Насамрэч тут задужа холадна.

Насамрэч яна ўжо крышачку зьмерзла нават у цёплым паліто, якое цётка купіла ёй увосень, калі пачаліся маразы. Але яна зьмерзла не настолькі, каб забыцца пра наступную залю. Ун ні на хвіліначку не засумнявалася, што можна гэтую залю знайсьці.

Як і належала спадзявацца, праход з гэтага вузкага памяшканьня быў у другім канцы. Зялёны сухі лёд, шчыліна, якую вада даўно пакінула.

Ад таго, што яна ўбачыла ў наступнай залі, у яе захапіла дых.

Яна апынулася пасярод скамянелага лесу. Лядовага лесу.

Вада, што сьцякала сюды нейкі час, утварыла лядовыя камлі і галіны, а між вялікімі дрэвамі расьлі малыя. І яшчэ былі тут рэчы, якім не было ніякай назвы, але якія знаходзіліся на сваім месцы, і належала прыняць іх такімі, якімі яны былі. Яна ўзіралася шырока расплюшчанымі вачыма ў нязьведаны казачны сьвет.

Шум вады даносіўся аднекуль здалёк.

У залі было відна. Сонца сюды не даходзіла, яно яшчэ, напэўна, хавалася за ўзгоркам, але сьвятло, дзіўна мігочучы, прасочвалася рознымі спосабамі празь лядовыя сьцены. І стаяў магутны холад.

Але што значыць холад для кагосьці, хто апынуўся тут, — так яно й павінна быць у каралеўстве холаду. Шырока расплюшчанымі вачыма Ун глядзела на лес і зноў клікнула, усё роўна што намацваючы або правяраючы нешта:

— Гу!

Адказу не атрымала.

Яна ўздрыгнула: не было адказу.

Паўсюды быў цьвёрды, як камень, лёд. Усё было дзіўнае. Але адказу не было, і тут нешта ня ладзілася. Ад такога чалавек уздрыгвае і адчувае небясьпеку.

Лес стаў варожым. Заля была надзвычай прыгожая, але варожая, і гэта яе палохала. Трэба зараз жа знайсьці выхад, пакуль зь ёй нічога ня здарылася. Яна больш не задумвалася, куды ёй ісьці — уперад ці назад, яна ўжо страціла арыентацыю.

Яна зноў знайшла шчыліну, празь якую можна было праціснуцца. Куды б яна ні заходзіла, шчыліна як быццам сама адкрывалася перад ёй. Калі яна пралезла праз гэтую шчыліну, яе напаткала новае асьвятленьне, якое яна ўжо ведала са свайго папярэдняга жыцьця — звычайнае дзённае сьвятло.

Ун хутка агледзелася, зьлёгку расчараваная: над ёй было звычайнае неба! Ніякага лядовага скляпеньня, адно сіняе халоднае зімовае неба высока ўгары. Яна была ў круглай залі з гладкімі лядовымі сьценамі. Калісьці тут была вада, але потым адплыла ў іншае месца.

Ун не наважылася крыкнуць «гу!». Лядовы лес адняў у яе ахвоту гукаць, але тут ёй захацелася паназіраць, як выглядаюць аблочкі ейнага дыханьня ў звычайным сьвятле. Калі толькі яна ўспамінала пра холад, адразу адчувала, што мерзьне штораз больш. Яна разагрэлася, калі бегла да вадаспаду, але з гэтага цяпла даўно ўжо нічога не засталося, а цяпер яна выдзьмухвала рэшту цяпла разам з малымі аблочкамі пары. Яна выпускала іх угару кароткімі чэргамі.

Яна зварухнулася, каб ісьці далей, але раптоўна запынілася:

Пачулася «гу!».

З таго боку.

Яна адвярнулася. Нікога не відаць.

Але ж гэта ёй не здалося.

Відаць, калі тут не гукаў нейкі наведнік, дык адзываўся лёд. Ун не была ўпэўненая, ці ёй гэта падабаецца, але адказала ціхім «гу». А ў сапраўднасьці — прашаптала.

У кожным разе, ёй палягчэла, яна безумоўна зрабіла правільна, гэта дадало ёй сьмеласьці, і яна стала разглядацца за новай шчылінай, каб як найхутчэй прайсьці далей.

Гул вады быў моцны й нізкі ў гэтым месцы, вадаспаду не было відаць, але ён быў побач. Ёй трэба ісьці далей!

Ун ужо дрыжэла ад холаду, але была так захопленая ўбачаным, што не адчувала гэтага. Вось адтуліна! Варта было ёй толькі падумаць, як адразу знаходзіўся праход.

Хутчэй туды.

Але такога яна зусім не чакала: яна апынулася ў залі, якая, як ёй падалося, аблівалася сьлязьмі.

Як толькі яна пралезла праз шчыліну, за каўнер ёй упала кропля. Праход быў так нізкі, што ёй трэба было схіліцца.

Плакучая заля. Праз шкляныя сьцены прасочвалася цьмянае сьвятло, і здавалася, што цэлая заля плача кроплямі вады, якія капалі ў паўзмроку. Вада тут нічога не збудавала, кроплі спадалі са скляпеньня зь ціхім плёскатам, кожная ў сваю азярыну сьлёз. Усё гэта выглядала жаласьліва.

Кроплі падалі ёй на паліто і шапку. Гэта было нястрашна, але ёй чамусьці зашчымела ў сэрцы. Яно плакала. Чаго яно плакала?

Перастань!

Не перастала.

Наадварот, усё як быццам мацнела. Вады ўсё прыбывала, кроплі гусьцелі, плач ставаўся штораз больш надрывісты.

Пацякло па сьцяне. Здавалася, што сэрца разарвецца ад плачу.

Ун добра ведала, што гэта была толькі вада, тым ня менш яна бачыла перад сабой плакучую залю. Тут у цябе на душы робіцца штораз цяжэй і цяжэй, у такім месцы нікога не паклічаш, дый цябе ніхто не пакліча. А шум вадаспаду нават не прыходзіць табе на думку.

Кроплі замярзалі ў лёд на ейным паліце. Моцна прыгнечаная, яна захацела выйсьці адсюль. Яна пайшла ўздоўж сьцен і, не пасьпеўшы добра падумаць, апынулася перад выхадам або ўваходам — адкуль ёй было гэта ведаць?

Пралаз, вузейшы за ўсе папярэднія, празь якія яна праціскалася, як здавалася, вёў у відную залю. Ун цьмяна бачыла гэты пакой, і яе ахапіла такое безагляднае жаданьне дабрацца туды, як быццам ейнае жыцьцё было тут пастаўленае на кон.

Зацесна, яна не пралезе. Але ёй туды трэба. Замінае тоўстае паліто, падумала яна, таму хутка зьняла торбу і паліто, вырашыўшы, што забярэ іх, калі будзе вяртацца. Увогуле, пра гэта яна зашмат ня думала, галоўнае, каб толькі пралезьці!

Ёй зноў удалося — яна была маленькая й гнуткая, хапіла толькі моцна сьціснуцца ў сабе.

Новая заля падалася ёй сапраўдным цудам. Зыркае зялёнае сьвятло праходзіла і празь сьцяну, і праз столь. Яна акрыяла душой пасьля пакоя плачу.

 

Так! Яна раптам зразумела, убачыла выразна, што гэта яна сама плакала так надрывіста ў папярэдняй залі. Над чым яна плакала, яна ня ведала, але гэта яна сама змагалася з сваімі сьлязьмі.

 

Ня думаць больш пра гэта. Яна спынілася, як толькі ўвайшла ў чыста прыбраную, залітую зялёным сьвятлом залю. Тут ня падала са скляпеньня ні кроплі, шум вадаспаду быў прыглушаны, усё было быццам створанае дзеля таго, каб чалавек выкрычаў сваё, сваю дзікую просьбу аб сяброўстве і суцяшэньні.

Гэта вырвалася зь яе навонкі:

— Сіс!

Яна ўздрыгнула, калі пачула адказ «Сіс!» з сама менш трох бакоў.

Яна не варушылася, пакуль кліч не распусьціўся ў шуме вадаспаду. Потым рушыла ў другі канец, думаючы пра маці, пра Сіс і пра тое іншае — яна пасьпела падумаць пра ўсё гэта за кароткую хвілінку. Кліч адчыніў ёй праход. Цяпер ён зноў зачыніўся.

Чаму я тут? — думала яна, ходзячы туды і назад. Ад сьцяны да сьцяны было ўсяго некалькі крокаў. Яна хадзіла на нягнуткіх нагах, як сама не свая. Чаму я тут? Яна шукала разгадкі. Дзіўна лёгкая, напаўпрытомная.

Яна ўжо была блізка мяжы:

Лядовая рука легла на яе.

Яна адчула, як дубянее ад марозу яе нутро. Паліто засталося ў іншым месцы, вось што. Цяпер мароз даймаў цела, як толькі хацеў.

Ёй стала страшна, яна кінулася да сьцяны, каб выйсьці адсюль да свайго цёплага паліто.

Як жа яна сюды ўвайшла?

Лядовая сьцяна была, як скала, цьвёрдая й гладкая. Яна кінулася да іншай. Колькі тут сьцен? Куды ні павярнулася, цьвёрдыя й гладкія сьцены.

Яна выкрыкнула папросту:

— Я мушу выйсьці!

І адразу пасьля гэтага знайшла праход.

Які дзіўны быў гэты палац: яна зусім ня выйшла да свайго паліто, а трапіла ў месца, якое ёй ня надта спадабалася.

Яшчэ адно новае памяшканьне. Сапраўды малое, дзе зь нізкай столі зьвісала мноства ледзяшоў, зь якіх капала вада, з падлогі вырастала мноства падобных ледзяшоў, а сьцены былі пазаламаныя пад рознымі вугламі і такія тоўстыя, што зялёнае сьвятло замірала ў іх. Не заміраў толькі гул вадаспаду, яго цяпер можна было пачуць зусім побач або пад нагамі, або яшчэ недзе — як быццам чалавек стаяў у ім.

Вада цякла па сьценах, нагадваючы Ун тую залю, дзе яна плакала.

Цяпер яна ня плакала. Холад паўстрымаў ейны плач і ўсё скаламуціў. Шмат што пралятала ў яе праз галаву, але яно было, нібы ў тумане, — як толькі яна хапілася за адну думку, зараз яе месца займала іншая. Ёй падумалася, што гэтае месца робіцца сапраўды небясьпечным, і ёй захацелася крыкнуць голасна і з выклікам, як і належыць у лядовым палацы:

— Гу! Гу!

Але гэты кліч атрымаўся няўдалы. Быццам нейкая іншая думка пераступіла шлях ейнаму крыку, і яна сама ледзь пачула свой голас. І крык не панёсься далей, ёй адказаў толькі дзікі гул вадаспаду. Гул глушыў усе іншыя гукі. Зрэшты, гэта ня так страшна. Новая думка, новы павеў холаду сьцерлі гэты подум назусім.

У гэты гул можна было б легчы, падумалася ёй. Папросту легчы і дазволіць, каб гул перанёс цябе далёка адсюль. Так далёка, куды захочацца — думка зноў разьвеялася.

На падлозе стаяла вада. Дзе-нідзе яна зацягнулася лядком. Нельга заставацца ў такім неадпаведным месцы. Ун яшчэ раз памкнулася пашукаць адтуліну ў пазаламаных сьценах.

Гэта была апошняя заля, праходу далей не было.

Яна цьмяна дадумвала гэтую думку. У кожным разе выхаду адсюль не было. Што ні рабі, нічога не дапаможа. Расколінаў тут было даволі, але яны нікуды не вялі, толькі далей у лёд і ў непрыязнае мільгаценьне сьвятла.

Але ж яна сюды неяк увайшла?

Неяк я ня так думаю.

Цяпер мне трэба не ўвайсьці, а выйсьці, а гэта нешта іншае, — падумала Ун, спатыкнуўшыся. Шчыліну, празь якую яна ўвайшла, цяпер яна, безумоўна, не адшукае, бо ёй трэба выйсьці.

Няма сэнсу крычаць. Крык патанае ў гуле. Перад ёй была проглыбка наплаканых сьлёз, можна было нырнуць у яе, але яна паўстрымалася. Яна ўжо гэта зрабіла ў іншым месцы.

Грук у сьцяну?

Не! Тут ня грукаюць у сьцяну. Ня грукаюць у такія лядовыя сьцены. Яна ўжо толькі хацела знайсьці нейкае сухое месца.

Урэшце яна знайшла куточак, дзе не было вады, а толькі сухая стынь. Там яна села з падкурчанымі нагамі, яна ўжо іх больш не адчувала.

Яна ўся пачала дубянець, холад ужо не адчуваўся так востра. Яна была стомленая, ёй трэба трошкі пасядзець перад тым, як усур’ёз узяцца за пошукі выхаду навонкі — да паліто, да цёткі і да Сіс.

Думкі блыталіся штораз больш і больш. Вобраз маці вымаляваўся на момант і зараз жа зьнік. Усё іншае таксама абярнулася ў туман, празь які прасьвечвала мігатлівае сьвятло, але нельга было нічога ўхапіць. Калі гэта нешта важнае, дык яшчэ будзе час падумаць.

Усё было так даўно, усё адплыло ў далеч. Яна была змораная сваім туляньнем па палацы, паміж гэтых дзівосаў, і цяпер ёй было добра пасядзець, калі холад ужо не даймаў так моцна.

Яна сядзела, моцна заціснуўшы рукі. Дзеля чаго, забыла. Яна ж была ў дзьвюх парах рукавіцаў.

Да яе дайшоў гук кропляў. Спачатку яна ня чула нічога, апрача магутнага шуму вадаспаду, але потым пачала адрозьніваць плім-плям — падаюць кроплі. Яны марудна адрываліся ад нізкае столі і падалі на ледзяшы на падлозе і ў малыя калюжыны, сьпяваючы пры тым манатонна й безупынна — плім-плям, плім-плям.

А што гэта?

Яна выпрасталася, яе апарыла нешта дагэтуль ёй невядомае, яна пачала крычаць — цяпер у ёй адкрылася чорная глыбокая крыніца крыкаў, але яна выпусьціла толькі адзін.

Нешта было ў лёдзе! Спачатку яно ня мела кшталту, але пакуль яна крычала, набыло абрысы, засьвяцілася, як лядовае вока там угары, уставілася на яе і запыніла хаду ейных думак.

Выразна — вока.

Агромністае.

Глядзіць на яе і робіцца штораз большым. Замураванае цалкам у лёдзе і запоўненае сьвятлом.

Таму яна і крыкнула толькі раз. Нястрашна, калі добра прыгледзецца.

Думкі цяпер былі простыя. Мароз закоўваў іх па кавалачку. Вока ў лёдзе было вялізарнае і нерухома глядзела на яе, але ў ім не было нічога страшнага, і яна толькі падумала: ну чаго ты глядзіш? Тут я. Ёй цьмяна падумалася, што наагул думаецца ў падобных абставінах: я не зрабіла нічога дрэннага...

Няма чаго баяцца.

Яна зноў сьціснулася ў сабе, з падкурчанымі нагамі, разгледзелася на бакі, бо вока давала больш сьвятла і ў залі стала ясьней.

Гэта толькі вялізнае вока.

Тут вялізныя вочы.

Але яна адчувала, што вока глядзіць на яе скоса з свайго кутка, таму ёй давялося падняць галаву, каб глянуць у яго наўпрост.

Гэта я. Я тут была ўвесь час. Я не зрабіла нічога дрэннага.

 

Паступова плім-плямы кропляў запоўнілі ўсю залю. Кожная кропля як быццам сьпявала кавалак песьні. Пад няспынны грубы гул вадаспаду зьнізу высокія плім-плямы гучалі як сьветлая музыка. Гэта нагадвала ёй штосьці даўно забытае, але адначасова знаёмае і супакойлівае.

Сьвятла большала.

Вока глядзела на яе і выпраменьвала ўсё больш сьвятла. Але Ун адказвала яму сьмелым паглядам, няхай сабе глядзіць на яе дасхочу, няхай сабе дасьледуе яе колькі ў змогу, яна гэтага не баялася.

Яна ўжо ня мерзла. Ёй было блага, яна адчувала сябе дзіўна непаваротлівай, але ня мерзла. Цьмяна прыгадала час, калі ў палацы яе даймаў страшны холад, але цяпер ужо не. Яна адчувала нейкую пацяжэласьць і млявасьць, праўду сказаўшы, мела ахвоту падрамаць, але гэтае вока не дазваляла ёй заснуць.

Яна зусім не варушылася, седзячы пад сьцяной з прыўзьнятай галавой, каб гля­дзець проста ў сьвятло ў лёдзе. З кожнай хвілінай сьвятло ярчэла і пачало напаўняцца агнём. Паміж ёй і вокам замільгалі хуткія кроплі, сьпяваючы сваю манатонную песьню.

 

Гэтае вогненнае вока аказалася толькі прадвесьцем, бо раптам уся заля шуганула яркім полымем і патанула ў ім.

Зімовае сонца ўзышло ўрэшце так высока, што здолела заглянуць у лядовы палац.

Сонца, хоць позьняе і халоднае, усё ж захавала шмат сілы. Промні праніклі праз тоўстыя лядовыя сьцены, заломы і шчыліны, сьвятло расшчапілася на дзівосныя ўзоры і колеры, і панурая заля затанцавала. Ледзяшы, што зьвісалі са столі і вырасталі з падлогі, кроплі вады і ўсё навокал затанцавала ў моры сьвятла, якое хлынула ўсярэдзіну. Кроплі мільгацелі і замярзалі, мільгацелі і замярзалі, і за кожным разам невялікая заля памяншалася на адну кроплю. Ажно пакуль яны яе не запоўняць.

Сьляпучае мора сьвятла. Для Ун цяпер не існавала нічога акрамя сьвятла. Вока, якое таропілася на яе, згарэла, усё стала сьвятлом. Яна млява падумала: колькі тут сьвятла.

Яна зараз засьне, ці ж ёй ня цёпла? У кожным разе ёй не было холадна.

Узор танцаваў па лядовай сьцяне ў залі, бляск яшчэ больш памацнеў. Верх і ніз памяняліся месцамі, усё ў сярэдзіне стала раструшчаным сьвятлом. Ун нават не падумала, што гэта дзіўна, усё так і павінна быць. Ёй захацелася спаць, яе ахапіла слабасьць і млявасьць, яна была гатовая да гэтага.

(...)

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=15 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Лядовы палац

Тар’ей Вэсас — Нарвэская (nynorsk) — Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня

Сяргей Плыткевіч — Руіна
Сяргей Плыткевіч — Руіна
Файлы для спампаваньня
  1. Тар’ей Вэсас, Лядовы палац (PDF)