Літаратура.org » Вітальня » Ян Максімюк, Паэтка каханьня і сьмерці. Занатоўка пра Галіну Пасьвятоўскую (1935-1967)

Паэтка каханьня і сьмерці. Занатоўка пра Галіну Пасьвятоўскую (1935-1967)

Ян Максімюк

 

тут птушыныя галасы

і пах лопнутага дрэва

тут сьвітанкі залоцяць

зямлю ў леным кругавароце

 

тут мае рукі

і твае рукі

і падуб прагі

разрастаецца ўва мне

 

штодня

чэрні я супрацьстаўляю зелень

бяру сонца ў рукі

разглядаю зблізку

 

не расстаюся зь ім

нават уначы

нават у сьне

 

цёмна на другім баку жыцьця

 

Галіна Пасьвятоўская, „тут птушыныя галасы...”

(Пераклад Хрысьціны Граматовіч )

 

Галіна Пасьвятоўская нарадзілася 9 ліпеня 1935 у Чэнстахове як Галіна Мыга. У 1945 яна захварэла на ангін, які пацягнуў за сабою запаленьне суставаў, а запаленьне суставаў — невылечную хваробу сэрца (недастатковасьць сардэчнага клапана). Для будучай паэткі пачалася несканчоная цяганіна па шпіталях — у Кракаве, Варшаве, Познані. Яна вучылася спарадычна, дома і ў шпіталях, у 1955 здала карэспандэнцыйны экзамен на атэстат сталасьці. У 1954 выйшла замуж за мастака Адольфа Пасьвятоўскага, зь якім пазнаёмілася два гады раней у санаторыі, — таксама невылечна хворага на сэрца, як і яна.  Ён памёр у 1956.

Першыя вершы Пасьвятоўская апублікавала ў часопісах у 1956, у 1958 выйшаў ейны першы зборнік, „Hymn bałwochwalczy”, які быў энтузіястычна сустрэты крытыкай. Вядомасьць, якую набыла сабе як паэтка, дапамагла Пасьвятоўскай назбіраць грошай на выезд у Амэрыку і апэрацыю на сэрцы. У Польшчы дактары давалі ён ня больш чым год жыцьця. У жніўні 1958 яна паплыла на караблі ў Манрэаль, а адтудь паляцела ў Нью-Ёрк. Апэрацыя, якую цягнулася сем гадзінаў і якую правёў славуты хірург Генры Нікалс з Філадэлфіі, удалася — Пасьвятоўская атрымала ў падарунку ад лекараў і лёсу яшчэ дзевяць гадоў жыцьця.

Пасьля апэрацыі Паствятоўская засталася ў ЗША, дзе атрымала стыпэндыю і запісалася ў каледж (Smith College), той самы, у якім раней вучылася славутая амэрыканская „праклятая паэтка”Сылвія Плат. У 1961 Пасьвятоўская  вярнулася ў Кракаў, дзе закончыла вышэйшую адукацыю на гістарычна-філязофскім факультэце Ягелёнскага ўнівэрсытэту. Потым працавала на ўнівэрсытэце і рыхтавала дактарат. Выйшлі ейныя паэтычныя зборнікі: „Dzień dzisiejszy” (1963) і „Oda do rąk” (1966). У 1967 Пасьвятоўская апублікавала кніжку ўспамінаў, „Opowieść dla przyjaciela”, у якой ад першай асобы распавяла аб сваім змаганьні за біцьцё сэрца, аб ненасытным голадзе жыцьця ды неспатольнай празе пазнаваньня сьвету.

Другая апэрацыя на сэрцы паэткі, у Варшаве, не ўдалася. Галіна Пасьвятоўская памерла 11 кастрычніка 1967 — ёй было 32 гады.

У адным са сваіх вершаў Пасьвятоўская напісала: калі ня буду паміраць некалькі разоў/ у суткі / чым запоўню час. Сьвядомасьць сьмерці спадарожнічала паэтцы фактычна ад дзяцінства, калі яе як дзесяцігадовую дзяўчынку ўзяла ў свае абдымкі невылечная хвароба. Яе жыцьцёвы шлях быў пазначаны безупыннымі спробамі нармальнага жыцьця зь сьмяротным прысудам, выкананьне якога магло наступіць у любы дзень. Гэтыя спробы, гвалтоўныя, ненасытныя, безумоўна прысьпешылі сьмерць паэткі. Голад жыцьця быў у яе настолькі вялікі, што глушыў ейны голас развагі і абачлівасьці. Вось як Пасьвятоўская апісала ў „Аповесьці для сябры” вечар, калі яна пазнаёмілася ў санаторыі са сваім будучым мужам, якога, як сама напісала, ёй захацелася „навучыць радасьці”:

Таго вечару я танцавала шмат і хутка. У нейкі момант я адчула задушлівасьць у горле — пад горла падпаўзла знаёмая мне душнасьць. Я высьлізнула з перапоўненай залі і села на газоне. Стала глыбока дыхаць, але спадзяваная палёгка не наступіла. Я пачала ісьці ў бок санаторыі, спачатку павольна, а калі адчула, што душнасьць пабольшваецца — хутка. Я цяжка дыхала, хапаючы паветра шырока адкрытым ротам, з горла выходзіў хрыпаты сьвіст. (...) Паміж адным і другім хрыпатым посьвістам я выкрыквала — мама! — і — я не хачу памерці!

Тады лекары ўратавалі яе, адразу пускаючы ёй кроў і кладучы яе ў шпіталь зь цяжкім ацёкам лёгкіх. А ў шпіталі яна глядзела, як паміраюць іншыя:

Амаль штодня нехта паміраў. Гэта быў заўсёды той самы абрад. Белыя сылюэты дактароў, пахіленых над ложкам; крылаты чапец сястры-манашкі; і адразу за ёй трушком убягаў на залю ксёндз. Апошняе памазаньне, некалькі ўздрыгаў ужо безуладнага цела. Белую прасьціну нацягвалі ажно на раму, шчыльна прыкрываючы твар, а потым было чуваць рыпеньне ложка, якое высоўвалі на калідор.

У выпадку Пасьвятоўскай можна сказаць, што асноўным ключом да яе творчасьці зьяўляецца яе біяграфія — асаблівая, інтэнсіўная гонка са сьмерцю, пошук забыцьця і суцяшэньня ад пакутаў, болю, самоты і зьняверанасьці — у каханьні. Сьмерць каханага і асуджанага, так як і яна, мужа... потым іншы каханак... потым яшчэ іншы... Пра разьвітаньне з адным зь іх (жанатым немцам), зь якім пазнаёмілася ў санаторыі перад выездам на апэрацыю ў Амэрыцы, яна напісала ў згаданай кнізе ўспамінаў:

— Так моцна цябе кахаю, — сказала я.

Тады ён прыхінуў мяне да сябе і я адчула, як цёплае і як жаданае мною яго цела.

— Не, не, — хутка сказала я і адвярнула твар да сьцяны. Я бачыла, што ён дрыжыць, лежачы каля мяне, як тады, калі прыставаў на пустой лясной сьцяжыне; я чакала зь вялікай упэўненасьцю, што ён мяне ня возьме, што пакіне ляжаць з галавой, прыціснутай да падушкі, з моцна заціснутымі рукамі. І адначасна кожнай фібрай свайго цела я прагнула яго, і па-над маёй пажадай і маёй надзеяй была цёмная думка, як незваротнасьць, думка, што ён адыдзе.

Моцная і ўсёпранікальная зьнітаванасьць жыцьця паэткі зь яе творчасьцю (можна сказаць, творчы эксгібіцыянізм Пасьвятоўскай) учыніла яе голас абсалютна вынятковым ня толькі ў польскай, але і сусьветнай паэзіі. А інтэнсіўнасьць паэтычнага выяўленьня і несэнтымэнтальнасьць у падыходзе да ўласнага лёсу заслужылі ёй найменьне культавай паэткі — такой, у якой зьяўляюцца ўсё новыя гурты паклоньнікаў і чытачоў у кожным наступным пакаленьні.

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=55 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Паэтка каханьня і сьмерці. Занатоўка пра Галіну Пасьвятоўскую (1935-1967)

Ян Максімюк

Для друку   /   Вітальня