„Шукаю цябе ў мяккай поўсці ката”
Ода рукам
Прывітанне маім далоням, пальцам маім учэпістым, адзін з іх, раструшчаны дзьверцамі машыны, быў фатаграфаваны промнямі Рэнтгена – рука на здымку выглядала, як вывіхнутае крыло – невялічкі абломак косці, абведзены асобным уласным контурам. Сардэчны палец левай рукі, аздоблены некалі пярсцёнкам, цяпер аўдавелы і пазбаўлены сваёй аздобы. Той, хто даў мне пярсцёнак, ужо даўно не мае пальцаў, ягоныя рукі спляліся ў адно з каранямі дрэва.
Рукі мае столькі разоў дакраналіся да стылых далоняў памерлых і цёплых моцных далоняў жывых. Яны ўмеюць незвычайна песціць, дотыкам знішчаць прастору, што аддзяляе існаванне ад неіснавання і неба ад зямлі. Рукі, якія ведаюць боль бяссілля, счэпленыя паміж сабой, як дзве пераляканыя птушкі, бяздомныя, яны паўсюль шукаюць навобмацак слядоў тваіх рук.
* * *
Выграваюся ў сонцы тваіх рук. Якой залатой пагодай ахінуў ты маё цела. Вада прытуліла расчасаныя валасы да сыпкага жвіру, дыхае.
Твае пальцы распавядаюць пра мяне небу. Твае пальцы схіляюць неба да маіх рук. Кладуцца на мае вочы. Шпаркімі дотыкамі бягуць вакол вуснаў, адхінаюць валасы і, як неадчэпная куслівая пчала, упіваюцца ў шыю. Дрыжу.
* * *
шукаю цябе ў мяккай поўсці ката
у кроплях дажджу
у штыкецінах
абапіраюся на добры плот
і аплеценая сонцам
– муха ў павуцінні –
чакаю
* * *
заўсёды калі хачу жыць крычу
калі жыццё сыходзіць ад мяне
я прыціскаюся да яго
кажу – жыццё
не сыходзь яшчэ
ягоная цёплая рука ў маёй руцэ
мае вусны над ягоным вухам
шапчу
жыццё
– быццам бы жыццё мой каханак
які хоча сысці –
вешаюся яму на шыю
крычу
я памру калі ты сыйдзеш
* * *
рассякаю памаранч болю
кармлю паловай болю твае вусны
галодныя так дзеляць хлеб
спрагнелыя – ваду
убогая я – маю толькі цела
вусны сцятыя тугою
рукі – лісты асеннія
прагнуць адлёту
рассякаю памаранч болю
справядліва напалам
горкім зернем кармлю твае вусны
* * *
у тваіх дасканалых пальцах
раблюся адно трымценнем
спевам лісцяў
пад дотыкам тваіх цёплых вуснаў
запах дражніць – гаворыць: існуеш
запах дражніць – раскалыхвае ноч
у тваіх дасканалых пальцах
раблюся святлом
палымнею зялёнымі маладзікамі
над памерлым сцямнелым днём
нечакана ўсведамляеш – што я маю вусны чырвоныя
– смакам салёным наплывае кроў
* * *
Я – Джульета
Мне 23
паспытала калісьці кахання
смак яно мела горкі
як філіжанка чорнай кавы
паскорыла
рытм сэрца
растрывожыла
мой жывы арганізм
раскалыхала пачуцці
адышло
Я – Джульета
на высокім балконе
застыла
крычу вярніся
клічу вярніся
плямлю
перагрызеныя вусны
барвай крыві
не вярнулася
Я – Джульета
мне тысяча год
жыву –
* * *
Калі Ізольда памірала, Трыстан схіляўся над шпітальным ложкам, мяккай і халоднай рукой дакранаўся да распалённага ілба. Ён падаваў дыханне з уласных вуснаў і піла Ізольда жыццё з дыхання каханага.
Ён падтрымліваў ейную галаву, што спадала на вузкія шчуплыя плечы. Ключыцы схуднелыя ўздымаліся спешна, каб паспяваць за ўздыхам. Сэрца білася хутка, няроўна. Ізольда заціскала пальцы вакол рукі Трыстана.
Прамаўляй да мяне – прасіла – хачу чуць твой голас, яшчэ магу чуць – казала. Маўчаў Трыстан і памерла сляпая Ізольда, прыціскаючы вусны да рук каханага.
Мяккіх і халодных.
* * *
пазаві мяне па імені
і чакай
душа мая
пазаві мяне па імені
не пытай
ці імя маё ёсць іменем
пералётнага птаха
ці дрэва
якое ў зямлю ўрастае
і барвіць неба
колерам крыві
і не пытай
імя якое маю
я і сама не ведаю
шукаю
імя маё шукаю
і ведаю калі яго пачую
прылячу я
хоць бы з дна пекла
прад табой укленчу
і ў твае рукі
галаву стамлёную складу я
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=66 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
„Шукаю цябе ў мяккай поўсці ката”
Для друку / Чытальня