18 Пэнэлёпа
Так бо ён дасюль не рабіў такога каб прасіць сьняданак сабе ў пасьцель з парай яек з часоў гатэлю Гарадзкі Герб калі прыкідваўся хворым і нямоглым голасам строіў зь сябе каралеўскую мосьць каб зацікавіць тую старую качаргу місіс Рыёрдан думаў што ён у яе ў вялікім фаворы а яна нам не пакінула ні ломанага грошыка ўсё на малебны за сябе й сваю душу скнара якой сьвет ня бачыў скупілася выдаць чатыры пэнсы на свой дэнатурат адзваніла мне вушы ўсімі сваімі хворасьцямі ды колькі яшчэ балбатала пра палітыку й землятрусы й канец сьвета дайце нам найперш крыху пагуляць крый Божа каб усе жанчыны на сьвеце былі падобныя на яе ну й канешне супраць купальных касьцюмаў і дэкальтэ якіх ніхто яе не прасіў насіць як мяркую ейная набожнасьць была якраз ад таго што ніводзін мужчына не зірнуў на яе другі раз спадзяюся я ніколі не буду падобная на яе дзіва што яшчэ не хацела каб мы засланялі сабе твар але была адукаванай жанчынай несумненна а як балабоніла пра містэра Рыёрдана тут і містэра Рыёрдана там думаю ён быў шчасьлівы калі адвязаўся ад яе а ейны сабака абнюхваў маё футра і заўсёды плішчыўся пад спадніцу асабліва тады ды ўсё ж мне падабаецца ягоная абыходлівасьць з старымі жанчынамі й афіцыянтамі і нават з жабракамі ён не фанабэрыцца ні з таго ні зь сяго хоць не заўсёды калі раптам яму станецца нешта благое справа ў тым што яму лепш было б легчы ў шпіталь дзе ўсё чыстае але як мяркую мне трэба было б угаворваць яго зь месяц так а потым мы мелі б на парадку дня мэдсястру і ён там заляжаўся б пакуль яго ня выкінулі б або можа манашку як тая ў яго на скаромным здымку такая зь яе манашка як і я так бо яны такія слабыя і плаксівыя калі занядужаюць ім трэба жанчына каб выздаравець калі кроў пойдзе яму з носа так і думай Ах якая трагедыя а тая сьмяротная міна што ён зрабіў калі мы сыходзілі з паўночнай акружной і ён нацягнуў ногу на пікніку з хорам на Гары шугарлаф калі я была ў той сукенцы а міс Стак прынесла яму кветкі найгоршыя з самых апошніх што знайшла на дне кошыка ўсё што заўгодна каб толькі пралезьці ў мужчынскую спальню з тым сваім галаском старой дзеўкі намагаецца ўявіць сабе што ён памірае ад каханьня да яе ці твой твар убачу зноў хоць ён тады змахваў больш на мужчыну калі ляжаў у ложку і яму адрасла барада бацька быў такі самы да таго я не пераношу перавязваць і адмерваць дозы калі парэзаў палец на назе брытвай сьцінаючы мазалі баяўся дастаць заражэньня крыві але калі б гэта я захварэла дык уяўляю сабе якое было б стараньне толькі што жанчына канешне скрывае каб не нарабіць столькі клопату як яны так ён напэўна зь нейкай сышоўся бачу па ягоным апэтыце толькі што гэта не каханьне бо тады б ён ня еў а ўсё думаў пра яе значыць гэта была ці то адна з начных шлюх калі ён туды насамрэч дапёр а пра той гатэль нахлусіў колькі ўлезе каб схаваць праўду гэта Хэйнс мяне запыніў а каго ж я сустрэў ах так я сустрэў помніш Мэнтана і каго ж яшчэ дай мне падумаць той бамбіза зь дзіцячым тварам я яго бачыла ён нядаўна ажаніўся як фліртаваў зь дзяўчынай у Мірыяраме Пула і павярнулася ад яго сьпінай калі ён высьлізгваў адтуль з такім вінаватым выглядам хоць што ў тым дрэннага але ён быў настолькі нахабны што аднойчы стаў заляцацца да мяне брава што за магутная морда з лупатымі зіркачамі як ні ў кога з усіх падобных ёлупняў што мне сустрэлсія і гэта яшчэ называецца адвакат толькі таму што я не люблю доўга гыркацца ў ложку ну а калі ня тая дык нейкая сучка ці яшчэ іншая зь якою дзесьці сышоўся або падчапіў потайкам калі б толькі яны ведалі яго так добра як я так бо пазаўчора ён крымзоліў нешта ліст калі я ўвайшла ў гасьцёўню па запалкі каб паказаць яму пра сьмерць Дыгнама ў газэце мяне як быццам нешта ткнула а ён прыкрыў тое прамакаткай прыкінуўшыся што думае пра інтарэсы дык вельмі падобна што так яно й было пісаў нейкай якая думае што знайшла ў ім фраера бо ўсіх мужчын у ягоным узросьце цягне да такога асабліва калі ім пад сорак як цяпер яму каб выканькаць ад яго як мага больш грошай стары дурань лепшы за любога іншага дурня ну а калі ён як заўсёды пацалаваў мой азадак гэта было каб схаваць а я плявала на тое з кім ён гэта робіць або з кім знаўся раней хоць зь іншага боку мне хацелася б ведаць ну а пакуль яны ня робяць таго пад маім носам увесь час як з той шлюндрай Мэры што мы наймалі на Антарыё-тэрас і яна ўсё круціла сваім накладным задзікам каб яго наструніць даволі гідка калі нясе ад яго пахам тых размаляваных бабаў разы два ў мяне было падазрэньне папрасіла яго падысьці бліжэй калі знайшла волас на ягоным паліто ня лічачы таго разу калі ўвайшла на кухню а ён прыкінууўся нібыта п’е ваду 1 жанчыны ім замала несумненна ўсё ягоная віна калі ён дурыў галаву служанкам а потым прасіў ці яна не магла б паабедаць разам з намі на Каляды калі ласка О не дзякую не ў маім доме крала бульбу і вустрыцы па 2 шылінгі 6 пэнсаў выходзіла наведаць цётку як вам падабаецца звычайнае зладзейства вось што але я ўпэўненая што ў яго нешта было зь ёю я маю нюх да такіх рэчаў ён сказаў у цябе няма доказаў што гэта яна доказы О так ейная цётка вельмі любіла вустрыцы але я ўсё ж сказала ёй што пра яе думаю ён казаў мне каб я пайшла прагуляцца каб застацца адзін-на-адзін зь ёю я не прыніжылася б каб за імі віжаваць тыя падвязкі што я знайшла ў ейным пакоі ў пятніцу яна мела выхадны гэтага мне хапіла больш чым дастаткова я бачыла як твар ёй напух ад злосьці калі я сказала што праз тыдзень яе звальняю лепш абыходзіцца зусім бязь іх я прыбрала б пакоі сама хутчэй калі б ня тое праклятае гатаваньне і выкіданьне сьмецьця але я яму аднак сказала або яна або я пакінем гэты дом я да яго нават не магла б дакрануцца калі б думала што ён быў зь нейкай бруднай нахабнай манюкай і атрахай як гэтая што ў вочы мне адмаўляецца і яшчэ пяе песенькі на ўвесь дом у клязэце бо думала што ўсё йдзе як ня трэба лепш так бо ж ён ня можа доўга вытрываць бяз гэтага дык мусіць дзесьці гэта рабіць апошнім разам ён спусьціў на мой азадак калі ж гэта было таго вечару калі Бойлан так страшна моцна сьціснуў мяне за руку калі йшлі берагам Толкі як у песеньцы маю руку шукае другая рука а я ў адказ націснула на адваротны бок ягонай далоні вось так вялікім пальцам сьпяваючы травеньскі маладзік блішчыць каханы мой бо ён здагадваецца пра нас ён не такі ўжо дурань сказаў я паабедаю ў горадзе і пайду ў Гаеты але я й ня думаю зрабіць яму гэткай прыемнасьці ў кожным разе бачыць Бог што ён гэта нейкая перамена нельга ўвесь час рабіць адно і тое ж хіба што заплаціць нейкаму прыгожаму хлопцу бо сама з сабой я ня буду гэтым займацца я спадабалася б маладому хлопцу троху зьбянтэжыла б яго калі б мы засталіся самі дала б яму паглядзець мае новыя падвязкі і глядзела на яго пакуль ён не пачырванее я спакусіла б яго я ведаю што адчуваюць хлопцы з тым на шчоках мучаць сябе цягнуць справу гадзінамі пытаньне і адказ а ці вы зрабілі б гэта ды тое ды яшчэ іншае з вугольшчыкам так а зь япіскапам так зрабіла б і я распавяла б яму пра нейкага дыякана ці можа гэта быў япіскап што сядзеў побач са мною ў садку пры жыдоўскай бажніцы калі я вязала тую ваўняную рэч ён ня ведаў Дубліну што гэта за месца і гэтак далей пра помнікі ён да таго мяне выматаў статуямі што я пачала падколваць яго зь ягонага горшага боку а скажэце мне хто ў вашых думках скажэце пра каго вы цяпер думаеце скажэце мне ягонае імя хто ён скажэце я думаю пра нямецкага кайзэра вось пра каго так дык уявеце сабе што я гэта ён думайце пра яго ці можаце яго ўявіць хацеў зрабіць зь мяне курву што яму ніколі ня ўдасца ён у свае гады ўжо павінен гэта кінуць а жанчыну такое руйнуе і ніякага задавальненья прыкідвацца што табе падабаецца пакуль ён ня дойдзе і потым яшчэ скончыць самой так ці сяк і ад гэтага бледнуць вусны ды цяпер пакончана раз і назаўсёды з усёй балбатнёй што людзі пра гэта чаўпуць гэта толькі першы раз а пасьля звычайная справа зрабі тое й забудзься чаму нельга пацалаваць мужчыну ня выйшаўшы за яго найперш замуж часам табе проста дзіка хочацца калі з галавы да пят цябе ахопіць такое прыемнае пачуцьцё нічога супраць гэтага ня зробіш я хачу часам каб нейкі мужчына мяне абняў і цалаваў няма нічога лепшага за пацалунак доўгі і гарачы калі ён пранікае на дно тваёй душы так што амаль слупянееш але потым ненавіджу спавядацца бывала прыходжу да айца Корыгена ён да мяне дакрануўся ойча а што ў тым дарэчы дрэннага дзе а я адказваю як дурніца на набярэжнай але я пытаю пра месца на тваёй асобе маё дзіця да нагі высока ззаду а як высока ну даволі высока ці там на чым сядзяць так О Божа ці ж ня мог ён сказаць проста задніца і на тым скончыць якое гэта мае дачыненьне а ці ты ўчыніла я ўжо забыла як ён выказаўся не ойча і я заўсёды думаю пра сапраўднага бацьку а ён дык навошта хацеў тое ведаць калі я ўжо выспаведалася перад Богам далонь у яго была прыемная пульхная заўсёды вільготная я б не была супраць калі б ён дакрануўся ды і ён таксама я гэта бачыла па ягонай бычынай шыі ў тым сьвятарскім хамуце цікава ці ён пазнаваў мяне ў спавядальні я бачыла ягоны твар а ён майго не вядома ён ніколі не павярнуўся ні ня выдаў сябе аднак вочы ў яго былі чырвоныя калі памёр ягоны бацька для жанчыны яны канешне страчаныя гэта страшна калі мужчына плача а сьвятары тым больш я б хацела каб мяне абняў нехта ў такім строі і пах ладану ад яго нібыта сам папа да таго нічым не рызыкуеш са сьвятаром калі ты замужам ён занадта асьцерагаецца на свой конт потым плаціш нешта Ягонай Сьвятасьці папу за раскаяньне цікава ці ён застаўся задаволены мною адно што мне не спадабалася гэта калі выходзіў і ляснуў мяне па азадку бесцырымонна ў калідоры хоць я і засьмяялася ды ўсё ж я яму ня конь і не асьліца мабыць думаў пра свайго бацьку цікава можа ён прачнуўся і думае пра мяне або сьніць пра мяне сон хто яму даў тую кветку ён сказаў што купіў ад яго пахла нейкім напоем але ня віскі і ня півам магчыма тым саладжавым клеем што яны клеяць свае афішы нешта зь лікёрам мне хацелася б пакаштаваць тых багачоўскіх зялёных і жоўтых дарагіх напояў якія п’юць модныя тэатралы ў опэрных цыліндрах я аднаго разу скаштавала абмачыўшы палец у таго амэрыканца які меў вавёрку калі гаварыў з бацькам пра паштовыя маркі а ён з усяе сілы стараўся не заснуць пасьля апошняга разу мы пілі порта і елі марынаванае мяса яно мела выдатны салянаваты смак так бо я адчувала сябе цудоўна і стамілася так што павалілася проста ў пасьцель і адразу заснула як камень пакуль не прачнулася ад грому як быццам наступіў канец сьвету Божа будзь нам міласэрны падумала нябёсы абвальваюцца на нас каб нас пакараць перажагналася і згаварыла Авэ Марыя усё роўна што тыя жудасныя ўдары грому ў Гібральтары прыходзяць і кажуць табе што няма Бога і што ты магла б зрабіць калі б яно насунулася і абрынулася навокал толькі пакаяцца а вось паглядзі тая сьвечка што я паставіла вечарам у капліцы на вуліцы Уайтфраерс за месяц травень прынесла мне шчасьце хоць ён пацьвельваў бы калі б дазнаўся бо ён ніколі ня ходзіць на імшу або касьцельныя сходы ён кажа што душа што няма ў цябе ў нутры ніякай душы толькі шэрая матэрыя бо ён сам ня ведае што значыць мець душу так калі я запаліла лямпу так бо ён спусьціў мабыць 3 або 4 разы тым сваім здаравенным вялізарным чырвоным зьвярыскам я думала тая жыла ці як яе чэрці завуць зараз лопне хоць нос у яго не такі ўжо й вялізны калі я скінула зь сябе ўсё пры апушчаных шторах пасьля тых гадзінаў апрананьня і парфумаваньня і часаньня а ў яго стаяў увесь час як тоўсты шворан або лом ён відаць наеўся вустрыцаў як мяркую зь некалькі тузінаў і ён быў пры выдатным голасе не яшчэ ніколі ў жыцьці мне не даводзілася ні з кім у каго быў бы такога памеру адчуваеш што выпаўняе цябе дарэшты мабыць потым зьеў цэлага барана што гэта за прыдумка зрабіць нас такім чынам зь вялізнай дзірой пасярэдзіне засоўвае ў цябе як Жарабец бо ім усім толькі гэта ад цябе трэба і погляд у яго быў такі рашуча злы што я ня вытрымала і прыплюшчыла вочы а ўсё ж жыўчыкаў у ім ня так і шмат калі я прымусіла яго выняць і кончыць на мне падумаўшы што калі ён такі вялізны дык так будзе лепш калі б потым ня ўсё выпаласкалася як сьлед апошні раз я яму дазволіла скончыць ува мне мілае вынаходзтва яны прыдумалі для жанчын усю прыемнасьць пакінуць толькі яму а калі б ім давялося пакаштаваць таго самім дык яны ведалі б што я прайшла зь Мілі ніхто не паверыць і калі прарэзваліся зубкі таксама а муж Майны Пюрфой са сваімі бакамі задае тэмп начыняючы яе дзіцяткам або й блізьнятамі штогод рэгулярна як гадзіньнік ад яе заўсёды нясе дзіцячымі пялёнкамі адно якое яны называюць няўрымсьцікам ці нейк падобна выглядае як мурынёнак зь вехцем валасоў на макаўцы а божачкі дзіця выліты нэгр апошні раз калі я была там яны цэлай кучай лезлі адно на адно вішчалі так што ўласнага голасу не пачуеш кажуць так лепш для здароўя дык яны не сунімаюцца пакуль не разадзьмуць цябе як сланіху або ня ведаю як каго а што калі б я рызыкнула прывесьці яшчэ адно але не ад яго хоць калі б ён ажаніўся я ўпэўненая ў яго было б прыгожае здаровае дзіця ды ня ведаю ў Польдзі ўсё ж больш соку так гэта было б няблага напэўна гэта сустрэча з Джозі Паўэл і паховіны і думкі пра мяне і Бойлана разьвярэдзілі яго ну што ж цяпер ён можа думаць пра ўсё што хоча калі яму ад гэтага палягчэе я ведаю яны да сябе крыху заляцаліся калі зьявілася я яны з сабой танцавалі і выходзілі пасядзець таго вечару калі спраўлялі навасельле ў Джарджыны Сімпсан а потым ён хацеў убіць мне ў галаву што яму не падабалася глядзець як я падпіраю сьценку якраз таму мы так зацята пасварыліся наконт палітыкі гэта ён пачаў ня я калі сказаў што Наш Госпад быў цесьляром пад канец ён давёў мяне да плачу жанчыны ж так чульлівыя да ўсяго я потым злавала на сябе што ўступіла толькі таму што ведала ягоную слабасьць да мяне ён кажа Ён быў першым сацыялістам і я моцна перажывала што не магу вывесьці яго зь сябе ды ўсё ж ён ведае кучу розных рэчаў асабліва пра цела і ўнутраныя ворганы мне часта самой хацелася навучыцца з таго хатняга лякарніка што мы маем у нутры я заўсёды магла вылавіць ягоны голас і ня выпусьціць яго са зроку нават калі ў пакоі быў натоўп пасьля таго выпадку прыкідвалася што нібыта пакрыўдзілася на яе з-за яго таму што ён зьлёгку раўнаваў кожны раз калі пытаўся да каго ты йдзеш а я адказвала да Флюі і ён падараваў мне вершы лорда Байрана і тры пары пальчатак на гэтым і кончылася я ў любы момант магла вельмі лёгка яго ўлагодзіць ведаю як гэта робіцца нават калі б ён зноў зь ёю зьвязаўся і хадзіў кудысьці на спатканьні зь ёю я ведаю што калі б ён адмовіўся есьці цыбулю я ведаю шмат спосабаў папрасіць яго адвярнуць каўнерык ад блюзкі або дакрануцца да яго вуалькай і пальчаткамі калі выходзіш а 1 пацалунак дык ім проста ўсё пераверне аднак ну што ж добра паглядзім няхай сабе ходзіць да яе яна канешне будзе ў захапленьні прыкідвацца што закаханая ў ім па вушы але мяне гэтым не напалохаеш я да яе прыйду сама і спытаю ты яго кахаеш і пагляджу ёй проста ў вочы мяне ёй ня ўдасца абдурыць але вось ён можа ўявіць сабе што кахае і зробіць ёй прызнаньне ў сваёй пакручастай манеры як зрабіў гэта мне хоць мне каштавала не абы якой натугі выцягнуць гэта зь яго але мне гэта спадабалася і паказала што ён умее стрымаць сябе і не пабяжыць за першым лепшым кіўком пальца ён быў на валасок ад прызнаньня таго вечару калі я на кухні раскачвала цеста на бульбяныя піражкі я табе нешта хачу сказаць але я яго адразу абсекла зрабіла выгляд што злуюся на яго рукі ў мяне ў кожным разе былі па локці аблепленыя цестам напярэдадні я зашмат прагаварылася калі размаўлялі пра сны і не хацела каб ён ведаў больш чым павінен тая Джозі ўвесь час абдымала мяне пры ім вядома маючы яго на думцы вешалася на мяне а калі я сказала што памылася зьверху і зьнізу да межаў магчымага яна спытала а ці памыла ты і найбольш магчымае жанчыны заўсёды вядуць размову ў гэты бок і цьвёрда сякуць калі ён поблізу вычуваюць па ягоным хітраватым позірку калі ён падміргвае і прыкідваецца абыякавым калі яны пры ім выскокваюць зь нечым такім ён ужо такі ёсьць гэта яго толькі расьпешчвае але я зусім не зьдзіўляюся бо ў тую часіну ён быў вельмі ладным мужчынам стараўся выглядаць як лорд Байран я сказала што ён мне падабаецца хоць ён занадта прыгожы як для мужчыны і ён тады быў сапраўды крыху падобны потым мы заручыліся хоць ёй гэта вельмі не спадабалася таго дня калі на мяне найшоў прыступ сьмеху і хіхіканьня я ніяк не магла спыніцца ўсе мае шпількі павыпадалі адна за адной і валасы рассыпаліся а яна кажа я бачу ты ў выдатным настроі так бо гэта яе раздражняла бо яна ведала што гэта значыць бо я ёй нямала распавядала пра тое што адбывалася між намі ня ўсё але дастаткова каб ёй пацякла сьлінка але я тут не вінаватая пасьля таго як мы пажаніліся яна не расьпешчвала нас адведзінамі цікава як яна выглядае цяпер пажыўшы са сваім зьвіхнутым мужам калі я бачыла яе апошні раз ейны твар выцягнуўся і памарнеў яна відаць была якраз пасьля сваркі зь ім я пазнала гэта па тым як ёй карцела скіраваць размову на мужаў і перабраць яму костачкі што ж гэта яна мне сказала О так што часам ён клаўся спаць у аблепленых гразьзю чаравіках калі даставаў свайго бзіка падумаць толькі што ты кладзесься ў пасьцель з такім тыпам які ў любы момант можа цябе зарэзаць што за чалавек а зрэшты кожны зьяжджае з глузду па свойму хоць Польдзі што б ён ні вычвараў заўсёды выцірае ногі аб мату калі вяртаецца ўсё роўна падае дождж ці сьвеціць сонца і заўсёды ваксуе свае чаравікі і пры сустрэчах на вуліцы заўсёды прыпадымае капялюш а гэты цяпер ходзіць у шлёпанцах і патрабуе 10000 за паштоўку пр др О Мая Каханая ну гэта цябе проста можа загнаць у магілу ён затупы нават каб зьняць сабе чаравікі што рабіць з такім тыпам я лепш памерла б 20 разоў чым выйшла замуж за такога глумака вядома ён ніколі ў жыцьці ўжо ня знойдзе іншай жанчыны якая б цярпела яго як гэта раблю я калі мяне кахаеш дык сьпі са мной так ды ён у глыбіні душы гэта разумее а ўзяць такую місіс Мэйбрык якая атруціла мужа за што цікава пакахала іншага так гэта потым адкрылі ці ж яна не была самай апошняй мярзотніцай калі ўзяла і зрабіла такое канешне некаторыя мужчыны бываюць жахліва невыносныя можна звар’яцець і яшчэ самымі апошнімі словамі дык чаму ж яны просяць нас выйсьці за іх замуж калі мы такія дрэнныя як з гэтага вынікае так бо яны ня могуць бяз нас абысьціся падсыпала яму ў гарбату белы Стрыхнін пэўна з прыклейкі для мух цікава чаму так называюць калі яго спытаеш ён скажа гэта з грэцкай мовы і ты застаесься таксама разумная потым як і была раней яна мабыць шалёна кахала таго іншага калі пайшла на такую рызыку яе ж маглі павесіць О ёй было ўсё роўна калі ў яе такая натура а прытым яны не такія ўжо зьверы каб узяць і павесіць жанчыну напэўна яны
яны ўсе такія розныя Бойлан казаў якая ў мяне ступня ён адразу заўважыў раней чым мы пазнаёміліся калі я была з Польдзі ў СДП сьмяялася і старалася слухаць пакалыхваючы ступняй мы замовілі 2 гарбаты і сам хлеб з маслам я бачыла што ён прыглядаецца зь ім былі тыя дзьве старыя дзеўкі ягоныя сёстры калі я ўстала і запыталася ў афіцыянткі дзе ў вас тое а што мне было рабіць калі зь мяне ўжо крапала і на мне былі тыя чорныя цесныя панталёны што ён мяне прымусіў купіць трэба сама менш паўгадзіны каб іх спусьціць абмачылася ўся ён заўсёды дастае якогасьці новага бзіка кожны другі тыдзень і я там была так доўга што забыла замшавыя пальчаткі на сядзеньні ззаду так і прапалі відаць нейкая зладзейка а ён хацеў каб я дала аб’яву ў Айрыш Таймсе згубленыя ў дамскай туалеце СДП на Дэйм-стрыт вярнуць місіс Мэрыян Блюм і я бачыла ягоны позірк на маіх нагах калі выходзіла калаўротнымі дзьвярыма і калі адвярнулася ён увесь час глядзеў я пайшла туды папіць гарбаты праз 2 дні спадзявалася але яго не было а чаму на яго падзейнічалі бо я закладала ногі адна на адну калі мы былі ў другой залі спачатку ён хацеў ўзяць вузкія пантофлі ў якіх нельга хадзіць рука ў мяне таксама прыгожая толькі каб я мела пярсьцёнак з каменем адпаведным майму месяцу прыгожым аквамарынам падмоўлю яго каб купіў такі і яшчэ залаты бранзалет а мне мая ступня ня надта падабаецца але ён аднойчы кончыў пад маёй ступняй таго вечару пасьля правальнага канцэрту Гудвіна было так холадна і ветрана добра што дома мы мелі рум падагрэлі яго і агонь яшчэ не пагаснуў калі ён папрасіў каб я зьняла панчохі а сам лёг на дыванчыку перад камінкам на Ломбард-стрыт а іншага разу яму захацелася каб я хадзіла ў сваіх брудных ботах на якія наліпла конскага лайна з усяго сьвету але ён вядома не такі як усе астатнія людзі якіх я як гэта ён сказаў я магу даць Кэты Ланэр 9 з 10 ачкоў форы і ўсё роўна пабіць яе што гэта значыць я ў яго запытала але забыла што ён адказаў бо якраз праходзіў чалавек з надзвычайным выпускам і мужчына з малачарні Лукана з кучаравымі валасамі той які так ветлівы здаецца я дзесьці бачыла яго раней я заўважыла яго калі прабавала масла таму не сьпяшалася таксама і Бартэл д’Арсі ўь якога ён пакепліваў калі ён пачаў абцалоўваць мяне на лесьвіцы на хоры калі я адсьпявала Авэ Марыя Гунода чаго чакаем О маё сэрца пацалуй мяне і йдзі цікава куды йдзі ён таксама быў даволі палкі нягледзячы на свой бляшаны голас яго заўсёды захапляла як я брала нізкія ноты калі яму верыць а мне падабалася як ён адкрывае рот пры сьпеве потым ён сказаў ці ня страшна рабіць гэта ў такім месцы а я ня бачу ў тым нічога страшнага калі-небудзь не цяпер я яму скажу пра гэта і зраблю яму нечаканасьць ага і завяду яго туды і пакажу яму дакладна тое месца мы тут гэта зрабілі сам пабач і як табе гэта падабаецца ён думае нічога ня можа здарыцца безь ягонага ведама пра маю маці дык у яго і подуму не было пакуль мы былі нарачонымі інакш ён ніколі не дастаў бы мяне так танна але ўсё ж ён быў у 10 разоў горшы калі вымольваў у мяне хоць самы маленькі шматок ад маіх панталёнаў гэта было таго вечару калі мы ішлі па Кэнілварт-скуэр ён пацалаваў мяне ў вочка пальчаткі і мне давялося яе зьняць прыставаў да мяне з пытаньнямі а ці можна яму дазнацца як выглядае мая спальня дык я яму дазволіла затрымаць яе на памяць як быццам яе забыла я бачыла як ён сунуў яе ў кішэню а наконт майтак ён абсалютна здурэў гэта ясна як белы дзень заўсёды касавурыць на тыя бессаромніцы на роварах сукенкі ім падвявае вышэй пупа нават калі Мілі і я былі зь ім на фэсьце пад голым небам тая ў крэмавай мусьлінавай стаяла якраз проці сонца і ён мог убачыць кожны атам з таго што яна мела на сабе калі ён ішоў за мною пад дажджом і глядзеў на мяне ззаду але я яго ўсё роўна ўбачыла раней чым ён мяне ён стаяў на рагу Гаралдс-крос у новым дажджавіку са стракатым шалікам каб лепш падкрэсьліць колер скуры і карычневы капялюш выглядаў як заўсёды хітруном што ён рабіўтам дзе ў яго няма ніякага інтарэсу яны могуць пайсьці і атрымаць што заўгодна ад любой у спаднічцы а нам нельга ставіць ніякіх пытаньняў а самі яны хочуць ведаць дзе ты была і куды ідзеш я проста адчувала як ён скрадаецца за мною з вачыма на маім карку ён звычайна трымаўся здалёк ад дому адчуваў што яму там робіцца загорача дык я спынілася і трохі павярнулася а потым ён пачаў дурыць каб я сказала так пакуль я не зьняла пальчатку паволі назіраючы за ім ён сказаў што мае адкрытыя рукавы захалодныя на дождж любая зачэпка добрая каб падступіцца з рукамі да мяне майткі майткі канькаў увесь час ажно я паабяцала што дам яму пару з маёй лялькі каб ён мог насіць у кішэньцы камізэлькі О Сьвятая Багародзіца ён выглядаў як вялікі блазан абмоклы пад дажджом але дасканалыя зубы ажно мне захацелася есьці гледзячы на іх а ён пачаў маліць каб я падняла ніжнюю спадніцу я была ў аранжавай са складкамі казаў поблізу нікога і ён гатовы стаць перада мной на калені ў лужыну калі я не вось такі назола і мог бы сабе зьнішчыць новы дажджавік ніколі ня ведаеш што яны могуць счаўпці калі сам-насам з табою яны дзічэюць калі справа ў тым а што калі б нехта праходзіў дык я падняла крыху свае спадніцы і пакратала ягоныя нагавіцы звонку як потым гэта рабіла Гарднэру левай рукою каб паўстрымаць яго ад чаго горшага гэта было занадта навідавоку я памірала ад цікаўнасьці абрэзаны ён ці не а ён увесь дрыжаў як кісель яны ўсё хочуць рабіць захутка і няма ад гэтага ніякай прыемнасьці і ўвесь гэты час бацька чакаў свайго абеду ён кажа скажэце што вы забылі кашалёк у мясьніка і трэба было вярнуцца па яго што за Ашуканец потым ён напісаў мне ліст з усімі тымі словамі як ён мог такое жанчыне пры сваіх сьвецкіх манерах потым было няёмка калі спаткаліся ён пытаўся ці я не пакрыўдзілася я спусьціла вочы але ён безумоўна бачыў што не бо ў яго было крыху клёку ня тое што ў таго дурня Генры Дойла заўсёды парве або паламае што-небудзь калі гулялі ў шарады я не пераношу такіх няўдачнікаў калі б я ведала што гэта значыць вядома я павінна была сказаць не дзеля праформы а я сказала не разумею вас і ці не прагучала яно натуральна на той сьцяне ў Гібральтары амаль заўсёды былі малюначкі жаночай з тым словам што я не магла нідзе знайсьці для дзяцей зарана на гэта глядзець потым пісаў мне лісты кожнага ранку часам два на дзень мне падабалася як ён заляцаецца тады ён ведаў чым задобрыць жанчыну калі прыслаў мне 8 вялізных макаў бо я нарадзілася 8-га потым я таксама напісала таго вечару калі ён пацалаваў мяне ў сэрца ў Долфінс-барн гэта немагчыма апісаць адчуваньне якое не параўнаеш ні з чым на сьвеце але ён ня ўмеў так добра абдымаць як Гарднэр спадзяюся ён прыйдзе ў панядзелак як абяцаў у той самы час а чацьвертай ненавіджу калі прыходзяць у любую пору адчыняеш дзьверы думаючы гэта з агароднінай а гэта нехта а ты стаіш не апранутая або раптам расчыняюцца наросьцеж дзьверы бруднай заведзганай кухні як таго дня калі стары важнатвары Гудвін заглянуў на Ломбард-стрыт наконт канцэрту а я ад абеду ўся чырвоная і раскудлачаная падаграваю ўчарашнюю бараніну давялося сказаць калі ласка не глядзіце на мяне прафэсар я выглядаю як чучала так але ён быў сапраўдны стары джэнтльмэн на свой спосаб нельга ўявіць сабе больш пашаноўнай асобы няма каго паслаць сказаць што цябе няма дома трэба выглядваць праз шчыліну як сёньня з пасыльным спачатку падумала што ён перадумаў калі прыслаў мне партвэйн і пэрсікі і я ўжо пачала пазяхаць з нэрваў думаючы што ён хоча зрабіць зь мяне дурніцу а тут ягоны татаратат у дзьверы ён здаецца крыху спазьніўся бо было ўжо 1/4 па 4 калі я бачыла як 2 дочкі Дэдала ідуць са школы я ніколі ня ведаю каторая гадзіна нават той гадзіньнік што ён мне даў ня ходзіць як сьлед павінна аддаць яго ў налад пасьля таго як я кінула пэнса таму кульгаваму матросу за Англію дом і красу калі якраз насьвіствала вось гожае дзяўчо якое я кахаю а я нават не апранула чыстую бялізну і не напудрылася ўвогуле нічога значыць ад сёньня праз тыдзень мы павінны ехаць у Бэлфаст добра якраз што ён мае ехаць у Эніс угодкі ягонага бацькі 27-га не было б прыемна калі б паехаў дапусьцім пакоі ў гатэлі былі б побач а ў новай пасьцелі новыя глупствы а я ж не магу яму сказаць перастань і не дуры мне галавы а той у суседнім пакоі або можа нейкі пратэстанцкі сьвятар з кашлем пачне грукаць у сьцяну і ён на другі дзень не паверыць што мы нічога такога не рабілі гэта ўсё вельмі добра для мужа але каханка не абдурыш калі я сказала яму што між намі ніколі нічога ён вядома мне не паверыў не гэта лепш што ён едзе туды дзе едзе тым больш што зь ім заўсёды нейкія гісторыі таго разу як паехалі на канцэрт Малаў у Мэрыбара ён замовіў гарачы суп для абаіх потым званок на станцыі ён выходзіць на пэрон суп пырскае наўкола а ён есьць лыжка за лыжкай ну і вытрымка ў яго а за ім афіцыянт верашчыць робіць нам пякельную сцэну і вэрхал бо цягнік зараз ад’яжджае а ён кажа што не заплаціць пакуль ня скончыць два джэнтльмэны ў 3-й клясе потым сказалі што ён меў цалкавітую рацыю і ён фактычна меў ён часам такі ўпарты калі нешта ўб’е сабе ў галаву добра што даў рады адчыніць дзьверы вагону сваім сьцізорыкам бо інакш яны завезьлі б нас у Корк я думаю што зрабілі гэта каб яму адпомсьціць Ох я так люблю паездкі цягніком або ў экіпажы з цудоўна мяккімі падушкамі цікава ці ён возьме мне 1-шую клясу ён магчыма захоча рабіць тое ў цягніку падкупіўшы кандуктара Ох думаю што зноў знойдуцца нейкія ідыёты мужчыны што будуць талопіць на нас свае сьлепакі дурнаватыя як чобат зь левай нагі гэта быў выключны чалавек той работнік што пакінуў нас саміх у купэ таго дня калі мы ехалі ў Гоўт хацела б даведацца пра яго чаго-небудзь 1 або 2 тунэлі а потым трэба паглядаць у вакно тым больш прыемна вяртацца потым а што б калі я ўвогуле не вярнулася што яны сказалі б уцякла зь ім гэта дапамагае ў кар’еры на сцэне апошні канцэрт у якім я сьпявала дзе гэта было звыш году таму а калі ў зале Сьвятой Тэрэзы на Клярэндан-стрыт цяпер там пяе розная драбяза накшталт Кэтлін Карні дапамагло што бацька быў у войску я сьпявала бустурботнага жабрака і насіла брошку з лёрдам Робэртсам калі мела мапу ўсяго таго а Польдзі ён недастаткова ірляндзец ці гэта ня ён арганізаваў тым разам безь яго не магло абысьціся як тады калі ён дабіўся каб я сьпявала ў Стабат Матэры хадзіў паўсюды і распавядаў быццам ён стварае музыку для Вядзі нас мілае сьвятло да чаго я яго падмовіла пакуль езуіты не даведаліся што ён масон барабаніў на піяніна Ты вядзі мяне далей сьпісаўшы зь нейкай старой опэры так а апошнім часам валачыўся з тымі шынкафэйнэрамі ці як іх называюць і плёў свае звычайныя кашалі паказаў мне нейкага курдупеля амаль няма шыі і кажа ён вельмі разумны чалавек гэта наступны Грыфітс няўжо не выглядае на такога гэта ўсё што магу сказаць але гэта здаецца быў ён ведаў што будзе байкот я пачала ненавідзець размовы аб палітыцы пасьля вайны ўсе тыя Прэторыя і Ледзісміт і Блюмфонтэйн дзе Гарднэр лейт Стэнлі Г 8-й Б-н Усх Лянкш Полк ад брушнага тыфу ён быў прыглядны хлапец у хакі вышэйшы за мяне якраз колькі трэба і я ўпэўненая што таксама сьмелы ён сказаў што я чароўная таго вечару калі мы цалаваліся на разьвітаньне каля шлюза мая ірляндзкая прыгажуня ён быў увесь бледны ад хваляваньня праз тое што выяжджаў або што нас маглі ўбачыць з дарогі ледзь стаяў на нагах а я так распалілася як ніколі раней яны маглі падпісаць свой мір на самым пачатку або хай бы той стары дзядзька Паўль і ўсе астатнія старыя Кругеры выйшлі і ваявалі між сабою замест таго каб цягнуць гадамі і забіваць кожнага спраўнага мужчыну тым іхным брушным тыфам калі б яго парадачна застрэлілі не было б так крыўдна я люблю глядзець полк на парадзе ўпершыню я ўбачыла гішпанскую кавалерыю ў Ля Року было прыгожа потым глядзець цераз заліў Альхэсірас усе агеньчыкі на скале быццам сьветлячкі або тыя манэўры на 15 акрах Блек Уоч у іхніх спаднічках парадным маршам за гусарамі 10-га прынца Валійскага палка або ўланы Ах уланы баявыя або Дублінцы што перамаглі пад Тугеляй ягоны бацька разбагацеў на пастаўках коней для кавалерыі ну ён мог бы купіць мне нейкі мілы падаруначак у Бэлфасьце пасьля таго што ад мяне дастаў там маюць прыгожую бялізну або адно з тых элегантных кімонаў мне дарэчы трэба купіць нафталін як раней і пакласьці ў камоду з рэчамі было б надзвычай цікава хадзіць зь ім па крамах і купляць тыя рэчы ў новым горадзе лепш спачатку зьняць пярсьцёнак трэба яго круціць невядома колькі пакуль сыйдзе са шчыкалатка а то маглі б раззваніць па ўсім горадзе ў газэтах або паведаміць у паліцыю пра мяне хоць пэўна падумалі б што мы жанатыя а пайшлі яны ўсе і лапухамі накрыліся ні трасцы яны мяне не абыходзяць у яго куча грошай і жаніцца ён ня думае дык лепш каб хтосьці яго ўрэшце раскашэліў каб толькі я ведала ці яму падабаюся канешне я выглядала трохі разьлезлай калі пудравалася і прыглянулася да сябе ў люстэрку вялікае люстра ніколі не аддае твайго выгляду і ў дадатак ён колькі часу папаклыгаў па мне тымі магутнымі бёдрамі і цяжкі як гара грудзі валахатыя такая сьпякота а ты яшчэ лягай пад іх лепш бы ён засадзіў мне адзаду як мне распавядала Масьцянская якую муж застаўляў па-сабачаму і каб высалапляла язык колькі ў змогу а сам такі ціхенькі і спакойненькі брынкае на цытры вазьмі і ўгадай што тых мужчын падкручвае з прыгожага матэрыялу быў ягоны гарнітур і элегантны гальштук і шкарпэткі з блакітным узоркам ён напэўна заможны гэта відаць па крою ягонага адзеньня і па ягоным цяжкім гадзіньніку але ён быў як шалёны адразу калі вярнуўся з газэтай і дзёр білеты і лаяўся на чым сьвет стаіць бо страціў 20 фунтаў як сказаў праз тую нядошлую кабылку што выйграла і палову паставіў ад майго імя бо Ленэган яму падказаў і кляў яго да апошняй нітачкі таго паразіта ён дазваляў сабе зашмат са мною калі мы вярталіся пасьля абеду ў Гленкры і экіпаж бясконца трэсла на гары Фэзэрбэд лорд-мэр там зіраў на мяне сваімі сьвінскімі вочкамі Вэл Дылон той тоўсты бязбожнік я яго ўпершыню заўважыла за дэсэртам калі раскусвала арэхі кураня там было так смакавітае што хацелася аблізваць пальцы да апошняй кропелькі сосу прырумяненае і такое мяккуткае толькі што я не хацела каб у мяне на талерцы ўсё было зьедзенае дачыста тыя відэльцы і рыбныя нажы былі са срэбра з пробай добра было б мець такія я магла лёгка сунуць пару ў муфту калі забаўлялася імі і заўжды ад іх залежыш за іхнія грошы за кожны кусок што каўтаеш у рэстаране мы павінны быць ім удзячныя за ўбогі кубачак кавы як за богведама які камплімэнт вось так падзелены сьвет у кожным разе калі гэта будзе працягвацца я хачу яшчэ прынамсі дзьве добрыя кашулі гэта па першае і яшчэ я ня ведаю якія ён любіць майткі ён любіць як мяркую каб увогуле не было ніякіх здаецца ён так і сказаў палова дзяўчат у Гібральтары іх ніколі не насіла голыя як іх Бог стварыў тая андалюзка што сьпявала Манолю не рабіла вялікага сакрэту з чаго на ёй не было так і на другой пары панчохаў са штучнага шоўку ўжо паляцелі вочкі адразу ў першы дзень мне варта было б з раніцы узяць і аднесьці іх да Люэра і зрабіць там сцэну каб памянялі толькі я не павінна нэрвавацца і рызыкаваць што наткнуся на яго і гэтым усё папсаваць і яшчэ хацела б адзін з тых аблеглых гарсэтаў што яны рэклямавалі як танны ў Сьвецкай Жанчыне з пругкімі клінкамі на бёдрах ён падправіў той што я цяпер маю але гэта дрэнь як яны там напісалі прыдае фігуры чароўную лінію 16 шылінгаў і 6 пэнсаў скрываючы тую непрыглядную шырыню ў ніжняй частцы сьпіны трэба пахудзець жывот у мяне велікаваты трэба скончыць зь півам пры абедзе ці можа я ўжо занадта ўцягнулася тое апошняе што прыслалі ад О’Рурка было вадзяністае лёгка зарабляюцца грошы гэтаму Леры як яго завуць прыслаў нам мізэрны пакуначак на Каляды зь вясковым пірагом і бутэлькай памыяў якую стараўся ўпіхнуць як бардо бо ніхто не хацеў гэтага піць Божа ён і сьлінай не раскідваецца каб не памерці ад смагі а можа мне пачаць дыхальныя практыкаваньні цікава ці той антытлушч нечага варты а то яшчэ перабяру тонкія цяпер ня надта ў модзе падвязкі ў кожным разе я маю фіялетавыя якія насіла сёньня гэта адзінае што ён мне купіў з таго чэку што атрымаў першага чысла Ах не яшчэ крэм для твару ўчора мне скончыўся ад яго скура ў мяне як новая я раз-пораз яму паўтарала закажы ў тым самым месцы і не забудзь і ўсё ж Богу толькі вядома ці ён гэта зрабіў як я яму казала хоць я й так пазнаю па пляшачцы калі не як мяркую мне ўжо толькі застанецца абмывацца ўласнымі сікамі як у бульёне з валавіны або кураціны з дамешкай апапонаксу і фіялкаў я падумала што скура ўжо пачала шурпаціцца і выглядаць старавата тая скура пад сподам значна далікатнейшая дзе сышла мне з пальца пасьля апёку шкада што ня ўсюды такая і чатыры паганыя хустачкі ўсё разам за нейкія 6 шылінгаў а ў гэтым сьвеце без элегантнасьці лепш нікуды ня рыпацца ўсё йдзе на ежу і чынш а я як толькі нешта дастану адразу распускаю на поўную катушку з шыкам заўсёды хачу ўсыпаць поўную жменю гарбаты ў імбрычак а калі й куплю пару старых атопкаў дык спачатку панапрымерваю ці табе падабаюцца гэтыя новыя пантофлі так а колькі яны каштуюць я зусім ня маю ў што апрануцца карычневы касьцюм і сукенка з жакеткай і яшчэ нешта ў чысьцільні гэта 3 што гэта значыць для жанчыны абрэзала адзін капялюш каб залатаць другі мужчыны перастануць на цябе глядзець а жанчыны пачнуць табе наступаць на пяткі бо адразу зразумеюць што ў цябе няма мужчыны рэчы з кожным днём даражэюць а ў мяне ўсяго 4 гады жыцьця да 35 не колькі ж гэта мне будзе 33 у верасьні сапраўды ўжо столькі Ну й няхай паглядзі на тую місіс Гелбрэйт яна нашмат старэйшая за мяне я яе бачыла на мінулым тыдні краса якая вяне гэта была прыгожая жанчына пышныя валасы да таліі адкідвала іх назад рыхтык як Кіты О’Шы на Грэнтэм-стрыт 1-шую рэч што я бачыла кожнае раніцы цераз вуліцу было як яна іх расчэсвала выглядала што яна іх любіць і было іх так шмат шкада што я пазнаёмілася зь ёю толькі дзень перад нашым пераездам і тая місіс Лэнтры джэрсэйская лілія ў якой быў раман з прынцам Валіі як мяркую ён як любы іншы мужчына з вуліцы адно што з каралеўскім тытулам усе яны на адзін капыл вось толькі з чорным хацелася б паспрабаваць краса да колькі ёй было да 45 выйшла сьмешная гісторыя зь ейным старым і раўнівым мужам пра што ж гэта нешта пра нож для раскрываньня вустрыцаў і ён паехаў не ён прымусіў яе надзець нейкую бляшаную рэч на сябе а прынц Валіі так у яго быў вустрычны нож гэтаму нельга паверыць такое бывае толькі ў кніжках што ён мне прыносіць творы Магістра Франсуа Якогасьці гэта нібыта мае быць сьвятар пра дзіця што нарадзілася з вуха бо ёй задняя кішка выпала файнае слоўца для сьвятара і яе с-ка як быццам любы дурань ня ведаў што гэта значыць я ненавіджу прыкідвацца найбольш з усяго асабліва з тым ягоным выглядам старога нягодніка кожны бачыць што гэта мана і той Рубі і Гожыя Тыранкі ён два разы мне прыносіў помню што калі я дайшла да старонкі 50 да таго дзе яна падвешвае яго на круку і хвошча вяроўкай я ўпэўненая што для жанчыны нічога з гэтага няма з усёй гэтай выдумкі калі ён п’е шампанскае зь яе пантофліка калі скончыўся баль як дзіця Ісус ў ясьлях ў Інічкары ў абдымках Сьвятое Дзевы ясна што ніводная жанчына не магла б нарадзіць такое вялізнае дзіця я спачатку думала што яно выйшла зь яе бокам ну бо як яна магла хадзіць у прыбіральню калі ёй было трэба бо ж яна была багатай дамай і вядома лічыла сабе за гонар Ягоная Каралеўская Мосьць ён быў у Гібральтары ў тым годзе што я нарадзілася іду ў заклад што ён знайшоў там ліліі калі садзіў дрэва ён у свой час садзіў ня толькі дрэвы мог бы і мяне пасадзіць калі б прыехаў крыху раней тады я не была б тут як цяпер яму трэба кінуць таго Фрымэна і тых некалькі мізэрных шылінгаў што адтуль выбівае і пайсьці ў нейкую кантору або яшчэ куды дзе ён даставаў бы сталы заробак або ў банк дзе яго пасадзілі б на троне лічыць грошы цэлы дзень але яму вядома ж падабаецца блындацца ў хаце так што няма куды ад яго падзецца а які ў цябе сёньня плян мне нават хацелася б каб ён курыў люльку як бацька каб хоць пахла мужчынам або робіць выгляд што швэндаецца за аб’явамі хоць мог бы быць у містэра Кафа калі б толькі таго не нарабіў а потым пасылае мяне каб я ўсё загладзіла я б магла дабіцца каб яго там назначылі кіраўніком бо ён раз ці два кінуў на мяне доўгую міраду спачатку быў непадступны як сам гонар з фанабэрыяй сапраўды і паверце мне місіс Блюм толькі што я адчувала сябе паскудна ў той старой зацяганай сукенцы дзе згубілася спражку ад шлейфа зусім безь ніякага дэкальтэ але цяпер такія зноў у модзе я купіла яе толькі каб яму дагадзіць адразу бачыла па абробцы што яна нікуды ня вартая шкада што я перадумала пайсьці да Тода і Бэрнса як сказала замест каб пайсьці да Лі сукенка была зусім як тая крама распродаж астаткаў адна куча сьмецьця ненавіджу багатыя крамы дзейнічаюць мне на нэрвы нішто так не выводзіць мяне зь сябе як што ён думае што ён вялікі знаўца жаночага адзеньня гатаваньня і гадаваньня дзяцей і ўсяго іншага а сам сыпле ў гаршчок што ні знойдзе на паліцах калі б я слухала ягоных парадаў дык кожны задрыпаны капялюш што я прымервала ці гэты мне пасуе так вазьмі яго ён табе акурат пра той што як вясельны каравай тырчаў мне на кіляметар над галавой ён сказаў што пасуе або пра іншую покрыўку на гаршчок што павісала ажно на самы азадак прышпіленая і прыколатая а дзеўка ў той краме на Графтан-стрыт куды я мела няшчасьце яго прывесьці была нахабная як гэта яны ўмеюць і з той сваёй усьмешачкай кажа я баюся мы задалі вам зашмат клопату а дзеля чаго яе там трымаюць але я глянула на яе так што яна абсела так а ён быў страшна драўляны і нічога дзіўнага але другім разам было інакш ён загледзеўся Польдзі ўпарты баран як заўсёды як з тым супам але я бачыла што ён есьць вачыма мае грудзі калі ён устаў правесьці мяне да дзьвярэй гэта было вельмі ветліва зь ягонага боку ў кожным разе мне вельмі прыкра місіс Блюм паверце мне ён занадта не падкрэсьліваў першы раз пасьля таго як яго абразілі а я ж лічуся ягонай жонкай я толькі зьлёгку ўсьміхнулася я ведаю мае грудзі пучыліся як тады каля дзьвярэй калі ён сказаў мне вельмі прыкра і я ўпэўнены што вы
так я думаю яны трохі пацьвярдзелі ад таго што ён іх гэтулькі смактаў мне самой тады хочацца піць цыцачкі кажа ён на іх мне было сьмешна так прынамсі ў гэтай смочак пругкі я прыпільную каб ён таго ня кідаў а сама буду есьці яйкі з марсалай каб яны яшчэ патаўсьцелі для яго цікава дзеля чаго гэтыя ўсе жылкі і іншыя рэчы і што яны 2 аднолькавыя на выпадак блізьнюкоў яны нібыта ўвасабляюць прыгажосьць калі яны высока як у тых статуяў у музэі адна з іх як быццам прыкрывае гэта рукою ці яны сапраўды прыгожыя вядома калі параўноўваць як выглядае мужчына з тымі дзьвюма ў мяшэчку і той іншай штукай што вісіць у яго або тырчыць на цябе як вешалка на капелюшы няма дзіва што яны закрываюць гэта капусным лістом жанчына ёсьць безумоўна краса гэта прызнаецца калі ён сказаў што я магу пазаваць голая для карціны якомусьці багатаму тыпу на Холс-стрыт калі ён страціў пасаду ў Хілі а я прадавала адзеньне і халтурыла ў кофі паляс ці я была б як тое купаньне німфы калі б распусьціла валасы толькі што яна маладзейшая або можа я крыху як тая задрыпаная сучка на гішпанскай фатаграфіі што ён мае ці німфы ходзяць такім чынам я запытала ў яго той гідкі Камэронец горац за мясным торжышчам або той рыжы нягоднік за дрэвам дзе раней была скульптура рыбы зрабіў выгляд што сцыць калі я праходзіла і выставіў на мяне каб я забачыла задзёршы ўгору свае пялёнкі Каралеўскі полк ладная ватага добра што Сарэйцы змянілі іх яны заўсёды спрабоўвалі паказваць яго калі я праходзіла каля мужчынскага нужніка пры станцыі Харкарт-стрыт каб праверыць кожны раз адзін або другі спрабоўвалі каб я ўбачыла як быццам гэта быў 1 з 7 цудаў сьвету Ох а які смурод ў гэтых паскудных мясцох той вечар калі я вярталася з Польдзі пасьля гасьціны ў Камэрфордаў памаранчы й ліманад каб табе было прыемна і вадзяніста я ўвайшла ў 1 зь іх холад быў такі пякучы што я не магла вытрываць калі гэта было ў 93 канал замёрз так гэта было два месяцы пазьней шкада што там не аказалася якой пары Камэронцаў паглядзець як я на кукішках у мужчынскім месцы meadero я паспрабавала нарысаваць яго а потым парвала як кілбаска або нешта такое мне дзіўна як яны ходзяць і не баяцца атрымаць туды высьпятак або ўдар або яшчэ нешта і тое слова мне там псіх вёз і ён выехаў з лухтой пра пераўвасабленьне ад якой язык вывіхнеш ён ніколі ня можа растлумачыць папросту каб чалавек зразумеў а потым ідзе і прыпальвае патэльню ўсё дзеля свае Ныркі гэтая ня так моцна тут яшчэ застаецца сьлед па ягоных зубох калі ён хацеў укусіць бародаўку я ажно крыкнула ну ці не злыдні знарок хочуць зрабіць табе балюча зь Мілі ў мяне былі грудзі поўныя малака хапіла б на дваіх цікава чаму ён сказаў што я магла б даставаць фунт на тыдзень як мамка ўся набрынялая аднае раніцы той кволенькі студэнт што жыў пад н-рам 28 у Цытронаў Пэнраўз амаль мяне засьпеў праз вакно як я мыюся толькі я адразу падняла ручнік да твару гэта ён так студэнтаваў балела калі адлучалі Мілі пакуль ён не прывёў доктара Брэды які прапісаў мне бэладонну я яму сказала адсмоктваць зь іх гэткія былі цьвёрдыя ён казаў што яно саладзейшае й гусьцейшае за каровіна а потым прыдумаў даіць мяне ў сваю гарбату трэба сказаць ён выходзіць за ўсе межы нехта павінен паставіць яго ў рамкі калі б магла прыгадаць хоць палову з усяго і напісаць паводле гэтага кніжку творы Магістра Польдзі так і скура адразу нашмат гладшая нашмат ён цэлую гадзіну зь імі я ўпэўненая па гадзіньніку як быццам пры мяне было нейкае вялікае немаўля яны хочуць усё ў рот колькі прыемнасьці гэтыя мужчыны дастаюць ад жанчыны я яшчэ адчуваю ягоны рот О Госпадзе трэба выцягнуцца напоўніцу хачу каб ён быў тут або яшчэ нехта з кім я магла б адвесьціся такім чынам я ўся гару ў сярэдзіне або калі б я магла гэта прысьніць сабе калі ён заставіў мяне скончыць 2-гі раз казычучы пальцам адзаду я даходзіла мабыць з 5 хвілін з нагамі за ягонай сьпінай і потым мусіла яго абдымаць О Госпадзе мне хацелася крычаць розныя рэчы ябаць або сраць або што заўгодна каб толькі не выглядаць гэтак недарэчна або тыя зморшчкі ад напругі хто ведае як ён гэта прыняў бы трэба здагадацца як далёка табе льга зайсьці з мужчынам дзякуй Богу што ня ўсе такія як ён некаторыя хочуць каб ты была далікатная ў гэтым я заўважыла розьніцу ён не размаўляе калі гэта робіць у мяне быў той самы выраз вачэй валасы трохі рассыпаліся ад тае валтузьні і мой язык высунуўся спаміж вуснаў да яго дзікі зьвярыска чацьвер пятніца адзін дзень субота два нядзеля тры О Госпадзе я не магу чакаць да панядзелку
Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=13 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
18 Пэнэлёпа
Для друку / Уліс