„Уліс”. Кароткая гісторыя
Калі Джойса ў хлапечых гадах запыталі пра ягонага ўлюбёнага героя, ён назваў Уліса. Джойс у гадах маладосьці, у пошуках міталягічнага прататыпу для сучаснага дублінца, застаўся верны гэтаму самаму захапленьню. Штуршком для напісаньня кніжкі з гэткім назовам маглі паслужыць ягоныя не зусім каб мэтанакіраваныя блуканьні па ўзбярэжжы Міжземнага мора ў 1904 годзе. Пайменаваньне іх улісаўскімі прыдавала ім годнасьці, якой у іншым выпадку яны былі б пазбаўленыя. У верасьні 1906 году, пасьля амаль двух гадоў дабраахвотнага выгнаньня з Дубліну, Джойс, якому пасада службоўца ў рымскім банку вычарпала дарэшты цярплівасьць і працерла нагавіцы, упершыню паведаміў свайму брату Станіславу, што хоча дапоўніць зборнік „Дублінцы” новым апавяданьнем пад загалоўкам „Уліс” пра чалавека з прозьвішчам Гантэр. Два месяцы пазьней ён усё яшчэ зьбіраўся гэтае зрабіць, але „меў зашмат клопатаў у дадзены момант”. У лютым 1907 году ён прызнаў, што „Ўліс” не пайшоў далей за свой загаловак”, хоць ён можа быць напісаны „пры спрыяльных абставінах”. Абставіны не спрыялі гэтаму цягам наступных сямі гадоў, але ў гэтым біблейскім прамежку часу Джойс паволі пазьбіраў у кучу ўсякую ўсячыну са свайго жыцьця ў Дубліне і Трыесьце.
Сапраўдная праца над кніжкай пачалася ў вельмі пладавітым для Джойса 1914 годзе, у якім ён накідаў першы варыянт п’есы „Выгнаньнікі”, апублікаваў „Дублінцаў”, напісаў паэму ў прозе „Джакома Джойс” і закончыў два апошнія разьдзелы „Партрэту мастака ў маладосьці”. Захаваныя чатыры старонкі рукапісу з таго часу сьведчаць, што „Партрэт”, тады яшчэ пад загалоўкам „Стывэн Герой”, першапачаткова задумоўваўся як падсумаваньне жыцьця Джойса да ягонага выезду зь Ірляндыі з Норай Барнакл, які наступіў 7 кастрычніка 1904. На адной з гэтых старонак знаходзіцца прадвесьце сваркі двух маладых мужчынаў у вежы. Але ў канчатковым выніку Джойс вырашыў завершыць „Партрэт” сваім ранейшым, аднаасобным, выездам у Парыж у сьнежні 1902, калі ён запісаўся студэнтам у École de Médecine. Увадначас надзвычайна засяроджаны на сваёй асобе і па-прафэсійнаму бесстароньні, ён адводзіў дзеля будучага выкарыстаньня свой побыт у Парыжы, закончаны ў красавіку 1903, ды тыя некалькі месяцаў перад і пасьля сьмерці маці, калі ён бадзяўся па Дубліне з адчуваньнем творчай адоранасьці і стрыножанасьці. Настрой падобнага раздражненьня азмрочвае сьвядомасьць Стывэна Дэдала ў пачатку „Ўліса”.
Паміж сьнежнем 1902 і кастрычнікам 1904 Джойс высьпеліў пастанову пакінуць Ірляндыю. Азіраючыся на гэты пэрыяд, ён змог убачыць некаторыя здарэньні ў ім як істотныя зародкі для свайго разьвіцьця і літаратурных задумаў. Першым гэткім здарэньнем была ягоная сустрэча з Норай Барнакл. Сустрэча адбылася на вуліцы ў Дубліне, і гэтая выпадковасьць пазьней вельмі іх абаіх бянтэжыла. Яны дамовіліся спаткацца зноў 14 чэрвеня, але Нора не прыйшла. На наступны дзень раніцай Джойс пакінуў ёй запіску з просьбай назначыць спатканьне на нейкі іншы вечар. Відавочна яна так зрабіла, і яны пайшлі на першы супольны шпацыр 16 чэрвеня. Некаторыя рысы сваёй жонкі Джойс увасобіў у Молі Блюм, адначасова надзяляючы яе і ёйнага мужа чульлівымі згадкамі пра адзін дзень з часу іхніх залётаў, але гэта было ўсё, што ў ягонай кніжцы засталося ад rendez-vous 16 чэрвеня. Але „Дзень Блюма” ён назначыў на гэтую дату.
Дзьве наступныя падзеі таго лета згадваюцца ва „Ўлісе” больш выразна. Пачатак кніжкі адклікаецца да сваркі Джойса з Олівэрам Гогарты, маладым чалавекам зь незацугляным языком, які ў далейшым прыдбаў сабе вядомасьць ня толькі як дасьціпнік, але таксама як пісьменьнік і хірург. Гогарты з Джойсам звыш году лёгка сябравалі, разьдзяляючы незадаволенасьць Ірляндыяй. Гогарты, які вывучыў грэцкую мову, прапанаваў Джойсу, каб яны абвясьцілі „новы элінізм”, такі, пра які Оскар Уайлд гаварыў у „Душы чалавека”. На галоўную кватэру ён дасьціпна падабраў вежу Мартэла ў Сэндыкаве, непадалёк Кінгстаўну (сёньня Дэн Лаэр). З усіх 74 вежаў, якія брытанцы пасьпешліва раскінулі ўздоўж ангельскага і іряндзкага ўзьбярэжжаў у 1804 годзе, каб прадухіліць францускую высадку з мора, толькі гэтая набыла літаратурную вядомасьць. Войска пакінула вежу ў Сэндыкаве незадоўга да таго, як наняў яе Гогарты. У ёй, казаў Гогарты, Джойс зможа закончыць свой аўтабіяграфічны раман, „Стывэн Герой”, а ён сам, як апостал Павал да паслуг мэсіянскага Джойса, будзе прапаведаваць новае эвангельле свабоды ў вершах і гутарках. Гэткім чынам, прадказваў ён, Сэндыкаў мог бы стаць пераемнікам Дэльфаў, а вежа — пупам новай зямлі. Думку на гэты конт Джойс хаваў для сябе, але ня меў нічога супраць таго, што гэта Гогарты плаціў за наём.
Джойсу было трэба, каб уся грандыёзная задума „Ўліса” была памешчаная ў чэрвені 1904. Пагадненьне аб найме, паміж Гогарты і Міністэрствам вайсковых справаў, як на злосьць сьцьвярджала, што Гогарты пасяліўся ў вежы толькі пад каней жніўня. Ды Джойс адставаў ня толькі ў літаратурнай выдумцы. Добразычлівасьці Гогарты паменшала пасьля таго, як ён напісаў і выдаў на асобных аркушах паэмку „Сьвятая Палата”, у якой высьмеяў большасьць дублінскіх пісьменьнікаў, знайшоўшы месца таксама для кепікаў над схільнасьцю Гогарты да „задаваньня тону”. Гогарты, прадчуваючы, што ў сваім аўтабіяграфічным рамане Джойс пакажа яго хутчэй у непрыхільным сьвятле, ня надта рупіўся граць ролю гаспадара і патрона ды адначасова літаратурнай сыравіны для аўтара. Тым ня менш, калі падвялі іншыя кватэры і скончыліся грошы, Джойс ня меў іншага выбару, як зьявіцца ў вежы. Ён зрабіў гэта 9 верасьня і быў прыняты, як запісаў у дзёньніку ягоны брат, „з ласкі”.
У Гогарты гасьцяваў яшчэ адзін чалавек, Сэмюэл Чэнэвікс Трэнч, які „задаваў тон”, а потым стаў галоўным прататыпам постаці Хэйнса ва „Ўлісе”. Паводле згодная сьведчаньня ўспамінаў Гогарты і лістоў Джойса, ноч 12 верасьня ў вежы прайшла неспакойна. Трэнч, якому прысьнілася чорная пантэра, намацаў свой рэвальвэр і спрасонку пачаў страляць да тае прывіднае пантэры ў камінак. Калі супакоіўся, Гогарты падкраўся і забраў яму рэвальвэр. А калі трызьненьне Трэнча вярнулася, Гогарты выкрыкнуў „Пакінь яе мне!” і даў некалькі стрэлаў па не зусім каб прывідных гаршках над койкай Джойса. Ня трэба было вялікай здагадлівасьці, каб зразумець страляніну Гогарты як павестку аб вясяленьні. Джойс адзеўся і пакінуў вежу, маючы перад сабою некалькі міляў пешай дарогі ў Дублін на дасьвецьці. Гэты выпадак закончыў іхнае сяброўства, але Джойс надаў яму яшчэ большае значэньне і пастанавіў расквітацца з усёй Ірляндыяй. Таго вечару, чакаючы Нору Барнакл, ён падумаў (і напісаў ёй гэта наступнага дня), што „дзеля цябе я змагаўся з усімі рэлігійнымі і грамадзкімі сіламі Ірляндыі ды на нікога апрача сябе ня мог паспадзявацца”. У гэткім настроі ён запытаў яе, ці яна „можа стаць побач зь ім” і выехаць за мяжу. Яна пагадзілася без хістаньня.
Дзесяць гадоў пазьней Джойс адчуў, што той разрыў з Гогарты, калі яго адпаведна прыстасаваць, можа даць яму першую сцэну ў кніжцы, якая мелася стацца адным з самых дзівотных выказваньняў у літаратуры. У яго ў запасе быў яшчэ адзін выпадак, які мог бы паслужыць як кульмінацыя ягонай кніжкі. Вечарам 22 чэрвеня 1904 Джойс (тады яшчэ ня зьвязаны словам з Норай) зачапіў на вуліцы нейкую дзяўчыну, ня ведаючы, мабыць, што яна была з кавалерам. Яе афіцыйная ахова падасьпела на выручку і, пасьля кароткай бойкі, пакінула яго „з падбітым вокам, нацягнутым запясьцем, вывіхнутай шчыкалаткай, разьбітым падбародкам і разьбітай даланёй”. На другі дзень ён скардзіўся аднаму знаёмцу: „Прынамсі адна роля мне не падыходзіць — роля чалавека гонару”. Ён не ўпамянуў таго, што з пэрспэктывы часу сталася самай уражальнай пазнакай той калатнечы: яго абтрос з пылу і адвёў дадому — „артадаксальным самарытанскім чынам”, як ён потым аб гэтым выказваўся — чалавек з прозьвішчам Алфрэд Гантэр. Гэта быў той самы Гантэр, пра якога задумоўвалася апавяданьне „Ўліс”. Імаверна, што апавяданьне мела паказваць Гантэра, які кружыць па дублінскім моры і напрыканцы кідае ратавальнае кола чалавеку з рысамі Джойса.
Хадзілі чуткі, што Гантэр быў габрэем і меў няверную жонку — гэтыя дзьве ня зьвязаныя з сабой пазнакі потым займелі важнае значэньне. Джойс ня быў зь ім блізка знаёмы, сустрэўшы яго (паводле Станіслава Джойса) усяго раз ці два. Гэты недахоп знаёмства быў асабліва цікавы, бо Джойс лічыў сябе чалавекам акружаным абыякавасьцю ці варожасьцю і таму быў зьдзіўлены, што нейкі незнаёмец, як здавалася, зусім супрацьлеглага характару і ўзгадаваньня, ні з таго, ні зь сяго схацеў яму дапамагчы. Магчыма, тут прыдарылася адна з тых „эпіфаній”, — раптоўных, нечаканых паваротаў жыцьцёвага досьведу, — якая аказалася асабліва важнай з увагі на сваю сьціпласьць. Прыраўнаньне гэтага паспалітага дублінца да Ўліса было адной з самых адвольных літаратурных задумаў, але Джойс быў падрыхтаваны кінуць на шалі той самы талент, які дазволіў яму атоесьніць старажытнага канструктара крылаў з Стывэнам Героем. У выніку такога выштукаваньня характару сучаснага Ўліса Стывэн быў вымушаны ўзяць на сябе менш важную ролю Тэлемаха. У гэтай ролі ён не шукае самога бацькі (ягоны бацька праседжвае ў пабе), а таго, што бацькоўства магло б сабою ўяўляць, а Блюм (перайменаваны Гантэр), страціўшы сына, таксама займаецца пошукамі нейкага заменьніка. Адзін зь іх павінен быць старэйшы, а другі маладзейшы; нягледзячы на сваё непадабенства, шмат якія думкі ў абодвух павінны кружыць вакол такіх самых рэчаў — вось над якімі справамі Джойс ламаў галаву.
Павярхоўнае знаёмства з Гантэрам у нейкім сэнсе было плюсам, бо пакідала Джойсу больш свабоды ў пабудове харатару паводле свайго жаданьня. Ён надзяліў Блюма шмат якімі ўласнымі рысамі, і перакрыжаваньне шляхоў Стывэна і Блюма, гэтак няпэўнае і нетрывалае, прачытваецца часам як нейкае крайняе спалучэньне крутога, вуглаватага маладзёна з рахманым, але дасьведчаным мужчынам сярэдніх гадоў. „Джакома Джойс”, напісаны амаль адначасова зь першымі накідамі „Ўліса”, закранае гэтую самую тэму, што і песьня „Маладосьць канчаецца” Яна Пітэрсзона Свэлінка. Але калі ў гэтым творы сярэдні век разглядаецца неадназначна, — раз з пагардай, а іншы раз з заклапочанасьцю, — дык ва „Ўлісе” яму даецца новая зарука, і Блюм упэўнена стаецца ня толькі больш важным, але і больш сымпатычным за Стывэна.
Тое, што Блюм, фігура на першы погляд камічна-гераічная, павінен у пэўным сэнсе стацца таксама сапраўдным героем, было чымсьці не зусім дарэчным, але, з Джойсавага гледзішча, апраўданым. Якасьць жыцьця, казаў ён, не зьмянілася з гамэраўскіх часоў, таму і якасьці чалавечага розуму павінны былі застацца такімі ж. Што больш, гераізм Уліса быў непадобны на гераізм Ахіла: ён паходзіў галоўным чынам ад клёку ў мазгах, а ня ў мускулах, хутчэй ад сукупнасьці пазнакаў, чым ад нейкай асобнай перавагі. Джойс калісьці даводзіў аднаму знаёмаму, што Ўліс варты найбольшага захапленьня з усіх герояў Гамэра, бо ён паказаны ў шматлікіх абліччах: бацькі, сына, мужа, каханка. Нешта з гэтай унівэрсальнасьці мелася дастацца і Блюму. Гэтую інтэрпрэтацыю Джойс любіў падмацоўваць сумнеўнай этмалёгіяй, якую ён прыдумаў для імя Адысэй — яно, паводле яго, спалучала ў сабе словы outis (ніхто) і Зэўс. Ягоны ўласны герой таксама меўся быць гэткім боскім нікім. Не, ён не зьбіраўся абагавіць Блюма ўсур’ёз. Галоўнай рысай ягонага характару мелася быць прыстойнасьць, а не надакучлівая просталінейнасьць. Ён меўся быць чалавекам разважным, але без зайздросных посьпехаў у жыцьці. Ён меўся часта зьмяняць пасады, але ніколі не заставацца бяз працы. Ён меўся быць габрэем, але з пераваротамі ў каталіцызм і пратэстантызм, якія ня плямяць ягонага гонару. Ён меўся быць раганосцам, але такім, які не выклікае пагарды. Сярод станоўчых рысаў, ён меўся адзначацца шырокай натурай, незалежным сьветаўспрыманьнем і большай інтэлігентасьцю, чым ягоныя ганьбавальнікі. Звычайна жыцьцярадасны, як ягоны прататып, якога Гамэр апісаў як чалавека, які ніколі ня падае духам, Блюм меўся быць надзелены мастацкім талентам зьмяняць перспэктыву, прыніжэньне абарочваць у абсурд, бачыць і разумець. Робячы цэнтральнай постацьцю кніжкі пра Дублін ірляндзкага габрэя, чалавека, не да канца прызнанага за свайго ў горадзе, неад’емнай часткай якога ён зьяўляецца, Джойс выказваў свае неадназначныя пачуцьці наконт уласнай ролі ў родным горадзе.
Выношваючы ў думках характар Блюма, Джойс пастанавіў вандроўкі свайго героя па Дубліне цесна зьвязаць з падарожжам Уліса па Міжземным моры — цесна, але безь нявольніцкай імітацыі. У Адысэі, пакінуўшы Трою, Уліс нападае на горад кіконаў, забівае ўсіх мужчын і разьдзяляе ўсе жанчыны, паказваючы пры гэтым поўную абыякавасьць. Джойс абмінуў гэты эпізод цалкам, так як абмінаў праліваньне крыві ва ўсім, што пісаў. У Гамэра палова Адысеі прысьвечаная вяртаньню Ўліса ў Ітаку. Вяртаньне Блюма ў свой дом на Эклс-стрыт 7 не дастаўляла адно так вялікага клопату, таму Джойс значна падкараціў гэтую дарогу.
У іншых адносінах сучасны Дублін прапанаваў падарожніку небясьпекі параўнальныя з тымі на антычным моры. Калі сёньня бог Эол і не кіруе вятрамі, дык рэдактар газэты можа кіраваць павевамі грамадзкай думкі і іншымі газавымі вывяржэньнямі. Калі сырэны з рыбінымі хвастамі цяпер ужо не сьпяваюць для мужчын, іхную песьню ўсё яшчэ можна пачуць ад дзьвюх сэксуальна павабных бармэнак, калі яны наліваюць піва Гінэс. Аднавокаму цыклопу, які амаль не забіў Уліса, прыкінуўшыся гасьцінным гаспадаром, Джойс знаходзіць адпаведнік ў ірляндзім ультранацыяналісьце, якому нароўні зь ягоным прататыпам таксама не хапае двухвочнай пэрспэктывы. Блюм, як Уліс, кідае выклік ксэнафобіі гэтай пачварыны і пазьбягае яе помсты ў апошні момант. Іншыя гамэраўскія элемэнты таксама знайші свае месца, як, прыкладам, Цырцэя, чыё пераўвасабленьне мужчын у сьвіньні ад вякоў успрымалася як алегорыя пажадлівасьці. Джойс учыніў з гэтай багіні мадам публічнага дому.
Калі ўзьніклі абрысы эпізодаў, Джойс убачыў патрэбу кожнаму зь іх надаць адметны характар, індывідуальны стыль, а часта і асобнага апавядальніка, звычайна незалежнага, ступень верагоднасьці якога чытач мусіць вызначыць сам. Каб падкрэсьліць глыбокую значнасьць фізычнага жыцьця ў сваёй кніжцы, Джойс прыпісаў коднаму разьдзелу асобны орган чалавечага цела. Эпізодам былі таксама прыдзеленыя свае колеры, віды мастацтва і сымбалі. Нішто так не пабуджвала Джойсавай фантазіі, як фармальныя аковы, накладаныя на яе. Але ягонае галоўнае намаганьне было накіраванае на тое, каб знайсьці сучасны сэнс для кожнай з гамэраўскіх прыгодаў.
Блюмава дапамога Стывэну ў Начным горадзе, у гэтым кантэксьце, сталася ня толькі ўзьнёслай вэрсіяй Гантэравай дапамогі Джойсу, але і сур’ёзна-камічнай паралельлю сустрэчы Ўліса з Тэлемахам. Аказваючы гэтую дапамогу, Блюм ставіць сабе на супрацьлеглым полюсе ў адносінах да Малігана, які Стывэна пакідае, да п’янага вайскоўца, які зьбівае яго з ног, ды да паліцыянта, які зьбіраецца яго арыштоўваць. Гэты сяброўскі acte gratuit, нешта лепшае за сваяцтва па крыві, ураўнаважвае як негасьціннасьць цыклопа, так і крывадушнасьць або сэнтымэнтальнасьць, грубы матэрыялізм або вадзяністую духоўнасьць іншых постацяў. Як быццам усё гэтае шалупіньне належала расчысьціць, каб дух мог вылецець на свабоду.
У 1914 годзе, калі пачала вылівацца масавая варожасьць, Джойс пачаў пісаць пра гэткае крохкае сяброўства. Каб прыдаць цэльнасьць характару Блюма, Джойс выпрабоўваў веды і цярплівасьць сваіх габрэйскіх сяброў у Трыесьце, а потым, калі вайна прымусіла яго перасяліцца, у Цурыху. Ён вывучаў дасьледаваньні гамэраўскай спадчыны на некалькіх мовах ды ўсе літаратурныя творы, якія пераказвалі або працягвалі Гамэраву аповесьць. Калі ягонымі думкамі завалодаў Дублін, ён стаў пісаць лісты сямейнікам з пытаньнямі пра розныя дробныя дэталі: ці каля касьцёла Марской Дзяньніцы ў Сэндымаўнце растуць дрэвы, а калі так, дык якія? Дзеля меркаваньняў як літаратурнага, так і прымхлівага характару, Дублін у яго мусіў быць безь ніводнай хібы. Спрабоўваючы перадаць думкі Блюма і Стывэна тэлеграфічнымі рыўкамі, а думкі Молі — малымі хвалямі, ён складаў доўгія сьпіскі фразаў і падкрэсьліваў іх рознымі колерамі, каб потым ведаць, у якія разьдзелы іх устаўляць.
Напрыканцы 1917 году Джойс давёў пачатковыя разьдзелы да стану, калі іх можна было перапісаць на машынцы і апублікаваць. Тады ён прапанаваў Гэрыет Шоў Уівэр, якая выдавала маланакладны, але ўплывовы часопіс „The Egoist” (Лёндан), каб яна апублікавала ў ім „Уліса” ў сэрыях, як яна зрабіла ў 1914-1915 гг. з „Партрэтам мастака ў маладосьці”. Міс Уівэр, аддадзеная таленту Джойса як патрон і як выдавец, пагадзілася адразу. Але яе запал, зь якім яна рызыкавала трапіць у турму, не дапамог ёй знайсьці друкара. Друкар, якога ўдалося намовіць пасьля году пошукаў, пагадзіўся надрукаваць толькі разьдзелы ІІ, ІІІ, VI і ХІ, дый то зь некаторымі прабеламі. Яны былі надрукаваныя ў 1919 годзе, але ў міжчасе выведзены зь цярплівасьці Джойс зьвярнуўся да Эзры Паўнда, які ўжо раней аказаўся яму падсобным, за дапамогай пры публікацыі ў Злучаных Штатах. Паўнд быў кіраўніком замежнага аддзелу ў часопісе „Little Review”, які ў 1914 годзе Маргарэт Андэрсан заснавала ў Чыкага, а ў 1917 годзе перанесла ў Нью-Ёрк, падзяліўшыся выдавецкай справай з Джэйн Гіп. Атрымаўшы ад Паўнда тры першыя разьдзелы „Ўліса”, Маргарэт Андэрсан з захапленьнем заявіла: „Мы надрукуем гэта, нават калі б гэта мела стацца апошнім намаганьнем у нашым жыцьці”. Як міс Уівэр, ёй таксама было вельмі цяжка знайсьці друкара, але ўрэшце ёй удалося дасягнуць пагадненьне зь нейкім сэрбам, які абыякава паставіўся да некаторых аднаскладовых словаў, што тады лічыліся нецэнзурнымі. Зь ягонай дапамогай, пачынаючы з сакавіка 1918 году, „Уліс” пачаў выходзіць у сэрыях.
Паўнд ды нью-ёркскі юрыст і калекцыянэр мастацтва Джон Куін (які пачаў разьдзяляць Паўндаву заклапочанасьць інтарэсамі Джойса) зьвярнулі ўвагу на вялікую небясьпеку для кніжкі, якая ёй пагражала б у выпадку, калі б на нейкі яе месячны выпуск у „ Little Review” была накладзеная судовая забарона распаўсюду — яна затрымала б выданьне твору ў цэласьці. Каб прадухіліць гэта, Паўнд, не спытаўшы Джойса, неабдумана выкрасьліў дваццаць радкоў з чацьвертага разьдзелу пра Блюмава спаражненьне. Джойс даведаўся пра гэты пропуск запозна, каб яму супрацьдзейнічаць, але даў зразумець, што хоча бачыць свой твор апублікаваны ў такім выглядзе, як ён быў напісаны. Куін раіў яму спыніць сэрыйную публікацыю і выдаць твор кніжкай, таму што поўны кантэкст мог значна лягчэй апраўдаць асобныя ўрыўкі. Джойс пусьціў гэта міма вушэй. Чаго баяліся, тое і здарылася: цэнзары амэрыканскай пошты пачалі чытаць „Уліса” з крытычнай жарсьцю. У студзені 1919 яны канфіскавалі і спалілі эпізод „Lestrygonians”, у траўні „Scylla and Charybdis”, а ў студзені 1920 „Cyclops”. (Гэтыя гамэраўскія загалоўкі, прыпісаныя розным эпізодам, Джойс потым зьняў.) Дзеля канфіскацыі ня трэба было судовага разгляду, таму і пратэст Куіна, пададзены салісітару пошты, застаўся безвыніковым. Джойс, помнячы зьнішчэньне „Дублінцаў” дублінскім друкарам, успрымаў свае нягоды са зьедлівым гумарам, а пасьля чарговай зь іх зрабіў заўвагу: „Гэта ўжо другі раз мне выпала гарэць на зямлі жыўцом, а таму я спадзяюся, што праз агонь чыстца прайду так хутка, яе мой патрон сьвяты Алойсіс”. Затым справы ўзялі сур’ёзны паварот. Джон С. Самнэр, сакратар Ньюёркскага таварыства прадухіленьня распусты, прачытаў ліпенска-жнівенскі выпуск эпізоду „Nausicaa”, у якім Герта МакДаўэл адсланяе свае повабы перад уважным позіркам Блюма. У верасьні Самнэр падаў фармальную скаргу. Пасьля папярэдняга слуханьня ў паліцыйным судзе 22 кастрычніка, справу перадалі ў Суд для спэцыяльных пасяджэньняў. Як Маргарэт Андэрсан і Джэйн Гіп, так сам Джойс усьведамлялі сабе, што, незалежна ад выніку, гэты працэс можа заняць месца ўпоравень са славутымі ў папярэднім стагодзьдзі працэсамі над „Les Fleurs du Mal” і „Madame Bovary”.
Справу слухалі 14 і 21 лютага 1921. Джон Куін, які прадстаўляў выдаўцоў, пачаў даказваць значнасьць Джойса як пісьменьніка, але яго перапынілі, заявіўшы, што гэта ня мае дачыненьня да справы. Яму дазволілі выступаць у абарону толькі тых фрагмэнтаў, якія былі пералічаныя ў абвінавачаньні. Куін паклікаў трох сьведкаў. Джон Каўпэр Паўіс сьцьвердзіў, што „Ўліс” — твор занадта туманны і філязофскі, каб нанесьці маральную шкоду. Філіп Мэлер з Тэатральнай гільдыі бараніў абвінавачаны разьдзел аргумэнтам, што ён раскрывае чалавечую падсьвядомасьць у фрэйдысцкай манеры, якая звычайнага чытача можа хутчэй зьбіць з панталыку, чым паслужыць яму афрадызыякам. Ні прысутнасьць Фрэйда, ні адсутнасьць Афрадыты не ўлагодзілі судзьдзяў. Скофілд Тэер, выдавец часопіса „Dial”, хваліў кніжку, але быў вымушаны празнаць, што ён сам праўдападобна не апублікаваў бы таго абразьлівага разьдзелу. Куін падсумаваў усё прамовай, якая была больш хітрай, чым бліскучай: кніжка мае футурысцкі і экспэрымэнтальны характар, яна — ён не вагаўся прызнаць — не была поўнай творчай удачай. У выніку — яна выклікае хутчэй агіду, чым пажадлівасьць, яна хутчэй адпіхвае, чым маральна раскладае. Трое судзьдзяў не зьвярнулі ўвагі на гэтыя адрозьненьні і наклалі на падсудных мінімальны, але ўсё роўна пагрозьлівы штраф вышынёю ў 50 даляраў ад галавы пры дадатковай умове, што яны не апублікуюць нічога больш з кніжкі Джойса. Маргарэт Андэрсан і Джэйн Гіп заплацілі, а потым пашкадавалі, як усе добрыя лібэралы, што замест таго не пайшлі ў турму.
Гэты вынік апанурыў таксама Джойса. Зразумела, ён ня быў у захапленьні ад абароны Куіна, бо ж ня творчую паразу ён стараўся апублікаваць. Куін сказаў, што судзьдзям спадабалася б яшчэ менш прыўзьнятае апраўданьне, але ці можна яму было далей давяраць, калі ён стаў судзіць судзьдзяў? Але прынамсі спраўдзілася ягоная ранейшая перасьцярога, што які-кольвечы прысуд на некарысьць фрагмэнту кніжкі можа памяшаць яе выданьні ў цэлым. Зацікаўленыя выдаўцы сталі менш зацікаўленымі. Б.У. Гюбш, які апублікаваў у Злучаных Штатах ранейшыя кніжкі Джойса, неахвотна паведаміў яму, што гэтай ня зможа выдаць бязь зьменаў. Джойс гнеўна яму адмовіў, забраў назад рукапіс і паслаў у выдавецта Боні і Ліўрайта, адкуль атрымаў такі самы адказ. А ў Лёндане міс Уівэр не магла ні апублікаваць кніжкі сама, ні знайсьці кагосьці іншага дзеля гэтага. Яна прапанавала гэта Леанарду і Вірджыніі Вулфам з выдавецтва „Hogarth Press”, але ёй зноў адмовілі.
Павядомлены аб гэтых няўдалых захадах, Джойс цяжка ўздыхнуў і ўзяўся пісаць далей, у больш аптымістычным настроі, чым паказваў на гэта ягоны безнадзейны выгляд. Ягоная сытуацыя была непараўнальна лепшая, чым калі ён быў невядомым пісьменьікам на другім канцы Эўропы: „Дублінцы”, „Партрэт”, „Выганьнікі” і „Камэрная музыка” знайшлі дарогу да чытача, а ён сам, па намове Эзры Паўнда, пераехаў у Парыж і ўжо даў знаць аб сваёй прысутнасьці ў горадзе. Думка пра публікацыю „Ўліса” ў Парыжы прыйшла яму да галавы ў той самы час, што і Сылвіі Біч, маладой амэрыканцы, якую ён сустрэў у ліпені 1920 году, некалькі дзён пасьля свайго прыезду ў Парыж. Міс Біч якраз адчыніла на вуліцы Дзюпютрэна цяпер славутую кнігарню „Shakespeare and Company”. Джойс зачасьціў туды, дзелячыся сваімі турботамі зь міс Біч. Яна і яе сяброўка, Адрыяна Манье, чыя ня менш славутая кнігарня „La Maison de Amis des Livres” знаходзілася за рогам, пачалі распавядаць усім аб творы Джойса.
У рамках сваёй рэклямнай дзейнасьці міс Бія паказала „Партрэт мастака ў маладосьці” Валеры Лярбо, найбольш кампэтэнтнаму францускаму крытыку ў галіне ангельскай літаратуры. Кніжка ўразіла Лярбо, і ён выказаў пажаданьне пазнаёміцца з аўтарам. Гэтае спатканьне, якое прынесла важныя наступствы, было прызначанае на Куцьцю 1920 году, калі самыя абставіны вымушалі сардэчнасьць. Паміж калядкамі Лярбо папрасіў пачытаць тыя часткі „Ўліса”, якія выйші ў „Little Review”. Неўзабаве пасьля атрыманьня іх Лярбо напісаў міс Біч: „Чытаю „Ўліса”. Насамрэч страціў ахвоту чытаць нешта іншае, нават думаць пра нешта іншае”. Тыдзень пазьней ён дадаў: „Я вар’яцею ад „Уліса”. З часу, калі ў 18 гадоў прачытаў Уітмэна, я так не захапляўся ні адной кніжкай... Яна цудоўная! Велічная як Рабле. Містэр Блюм — несьмяротны як Фальстаф”. З Джойсавага дазволу, ён пераклаў бы некалькі старонак у „Nouvelle Revue Française”. Гэтая ацэнка дайшла да Джойса якраз перад непрыхільным прысудам у справе „Little Review” і зьмякчыла ягонае расчараваньне.
У наступныя тыдні стала ясна, што ніхто ні ў Нью-Ёрку, ні ў Лёндане не зьбіраецца публікаваць „Уліса”. Няўцешны Джойс заходзіў да Сылвіі Біч і гаварыў: „Цяпер мая кніжка ніколі ня выйдзе”. Міс Біч ведала, што Адряне Манье ўдавалася выдаваць кніжкі пад шыльдай сваёй кнігарні, таму яна запытала ў Джойса, ці ён не дазволіў бы „Shakespeare and Company” апублікаваць яго ў Парыжы. Джойс адразу пагадіўся. Наступныя дзесяць гадоў жыцьця міс Біч прысьвяціла творчасьці і інтарэсам Джойса. Можна сказаць, што яна ўратавала яго, але ён уратаваў таксама яе, даючы ёй жыцьцёвую місію і трывалае месца ў гісторыі літаратуры. Яна дамовілася з друкарам у Дыжон, Марысам Даранцье, апублікаваць падпісное люкс-выданьне накладам у 1000 асобнікаў. Разасланы падпісныя блянкі вярнуліся з заказамі ад людзей так розных як Уінстан Чэрчыл і пляменьнік Бэлі Куна. Лярбо пагадзіўся выступіць у кнігарі мадмуазэль Манье 7 сьнежня 1921 і, не чакаючы заканчэньня працы над кніжкай, абвясьціў яе геніяльнай. А Джойс апантана працаваў, каб падмацаваць ацэнку Лярбо канчатковым доказам. Ён запатрабаваў шэсьць камплектаў карэктуры і на кожным зь іх устаўляў новыя фразы. Дзеля прымхлівых прычынаў ён хацеў, каб кніжка выйшла на ягоныя саракавыя ўгодкі, 2 лютага 1922. Але яшчэ тры ці чатыры дні перад гэтай датай ён наносіў апошнія папраўкі. Нягледзячы на гэта, Даранцье сумеў праз машыніста хуткага цягніка Дыжон-Парыж перадаць два гатовыя асобнікі ў працягнутыя рукі міс Біч якраз у гэты знамянальны дзень. Джойсу, які баяўся, што ўвогуле ня знойдзе выдаўца, удалося ўбачыць надрукаваны „Ўліс” усяго некалькі дзён пасьля яго завяршэньня і ажыцьцявіць гэткім чынам адно з самых заспакойлівых і клапатлівых выданьняў ва ўсёй гісторыі літаратуры. І хоць ён мог наракаць, што ў ягонай кар’еры яго шмат уціскалі, яму таксама і шмат патуралі.
Спачатку выглядала, што ні адна газэта і ні адзін часопіс у Англіі або Амэрыцы не асьмеліцца апублікаваць рэцэнзію на непадцэнзурную кніжку. Але дасканаласьць „Уліса” была настолькі відавочная, а рэкляма ягонага эксцэнтрычнага выхаду ў сьвет настолькі шырокая, што празь некалькі тыдняў рэцэнзэнты пачалі азывацца, некаторыя зьбітыя з панталыку і абураныя, аднак большасьць — зьбітая з панталыку і захопленая. Джойсавы сучасьнікі ў літаратуры прызнавалі, што з выхадам „Уліса” кшталт пісьменства зьмяніўся — магутная жыцьцяздольнасьць творчай задумы і тэхнікі „Ўліса” перанесла адразу большасьць з таго, што ў той час пісалася, на паліцу са старасьвеччынай. Некаторыя пісьменьнікі-чытачы, натуральна, былі больш замаркочаныя, чым задаволеныя, але большасьць аказала велікадушнасьць. Паўнд і Т.С. Эліят назвалі кніжку несумненным шэдэўрам. Арналд Бэнэт лічыў, што эпізод „Circe” можна параўнаць з Рабле, а маналёг Молі пераўзыходзіць усё напісанае дагэтуль. Калі Д.Г. Лорэнс лічыў кніжку непрыстойнай, а Вірджынія Вулф бачыла ў ёй „чуханьне прышчоў на скуры пасыльнога ў гатэлі Клерыдж”, дык Мідлтан Мары хваліў у ёй „геній найвышэйшай пробы”, а Хэмінгуэй даў свой imprimatur у лісьце, дзе напісаў, што „Уліс” — найцудоўнейшая з усіх выклятых Богам кніжак”. Уільям Фолкнэр прыходзіў паўзірацца на Джойса ў кавярні, але адазвацца да яго не асьмеліўся. Скот Фіцджэралд прапаноўваў выскачыць з акна на доказ сваёй вялікай павагі для Джойса, але Джойс папрасіў яго не рабіць гэтага. Турысты кагортамі наведваліся ў кнігарню міс Біч, перанесеную на вуліцу л’Адэон 12, а кантрабандысты-аматары з тоўстымі прадаўгаватымі пакункамі, якія выпіралі ім з-пад дзягаў або станікаў, стараліся прашмыгнуць зь імі на мытнях у Довэры і Нью-Ёрку.
Тым часам Гэрыет Уівэр не пакідала надзеі ажыцьцявіць свой кантракт, які выпярэджваў кантракт міс Біч, на выданьне „Ўліса” ў Англіі. Магчымасьць надрукаваць ангельскае выданьне ў Парыжы заўсёды была адкрытая. Паколькі выданьне „Shakespeare and Company” было мігам раскупленае, яна дамовілася зь міс Біч, не зусім каб гэтым задаволенай, зьняць стэрэатыпную копію з гатовага набору. Затым паэту Джону Родкеру, які выдаў некалькі кніжак на ручным станку, было даручана паехаць у Парыж і заняцца распаўсюдам першага ангельскага выданьня, надрукаванага Даранцье ў колькасьці 2000 асобнікаў для „Egoist Press” у кастрычніку 1922. Родкер выслаў шмат зь іх непасрэдна заказьнікам у Амэрыцы і Англіі, а астатнія пераправіў у Англію, дзе міс Уівэр занялася сакрэтнымі дастаўкамі ў кнігарні. Першая перашкода зьявілася ў Нью-Ёрку, дзе паштовя ўлады, эфэктыўныя як ніколі раней, парупіліся выкрыць і спаліць 500 асобнікаў з тых кніжак, якія прыбылі ў горад. Каб папоўніць гэтую страту, „Egoist” дадрукаваў 500 асобнікаў у студзені 1923. Яны былі высланыя ў Англію з разьлікам, што адтуль можна будзе адправіць іх больш бясьпечна, але мытнікі ў Фолкстаўн пранюхалі справу і зьнішчылі гэтыя кніжкі. Такім чынам, на той час мытныя і паштовыя ўлады былі ўжо пастаўленыя ў стан трывогі, каб бараніць усё англамоўнае грамадзтва ад разбэшчанай кніжкі Джойса.
Што рабіць? Выданьне ў Парыжы можна было ўзнавіць, і міс Біч, якая, магчыма, думала, што сваю справу ўжо зрабіла, намовілі дадрукаваць больш асобнікаў у студзені 1924, а потым яшчэ сем разоў, апошні зь якіх прыпаў на травень 1930. Пасьля гэтага выдавецтва „Odyssey Press” зь сядзібай у Гамбургу дамовілася зь ёю, што пяройме кантынэнтальны рынак, і да пачатку Другой сусьветнай вайны апублікавала чатыры выпраўленыя выданьні. Попыт на кніжку ў Нью-Ёрку быў настолькі вялікі, што кнігапрадаўцы здабывалі і прадавалі кніжку нелегальна, хоць у 1925 годзе за гэтае парушэньне закону можна было трапіць у турму. Затым у 1926 годзе Сэмюэл Рот, які ўжо пару ладных гадоў ня зводзіў з „Уліса” сквапных вачэй, раптам пачаў без аўтарскага дазволу сэрыйную публікацыю кніжкі ў сваім новым часопісе „Two Worlds Monthly” і здолеў апублікаваць звыш паловы яе аб’ёму. Зважаючы больш на сэксуальную, чым выдавецкую этыку, ён павялічыў сваю віну, павыкідаўшы з тэксту ўсе непажаданыя месцы. Джойс падаў скаргу ў суд, але яе разгляд зацягнуўся.Тады, маючы на ўвазе як абарону, гэтак і рэкляму кніжкі, Джойс папрасіў сваіх сяброў падрыхтаваць міжнародны пратэст. Пратэст, падпісаны 167 славутасьцямі з усяго сьвету, быў апублікаваны ў прэсе ў дзень нараджэньня Джойса, 2 лютага 1927. Рот у міжчасе спыніў публікацыю, а ў сьнежні 1928 яму забаранілі публікаваць твор з парушэньнем аўтарскіх правоў.
Астатні сьвет паставіўся да кніжкі менш прыдзіріва, чым Англія і Злучаныя Штаты. Першы пераклад „Уліса”, на нямецкую мову, выйшаў у 1927 годзе. У 1929 годзе Адрыяна Манье апублікавала старанны францускі пераклад, які рабіўся пад наглядам Джойса. У 1930 годзе „Ўліс” выйшаў па-чэску, а ў пачатку 1930-х зьявіліся два японскія выданьні, абодва без аўтарскага дазволу. Сьцюарт Гілбэрт, з дапамогай Джойса, напісаў кніжку „James Joyce’s Ulysses”, у якой прыводзіў разгорнутыя цытаты і разглядаў „Уліса” як твор клясыка, які можна параўнаць з Адысэяй нават у драбніцах. Каб разьвеяць закіды ў непрыстойнасьці твору, Гільбэрт асаблівы націск паклаў на яе ўскладнёную форму.
Літаратурныя стандарты зьмяніліся, але ніхто ня ведаў дакладна, да якой ступені. (Гэтага ніхто ніколі ня ведае.) Пытаньне публікацыі магло б быць вырашанае судовым разглядам, але яго вынік быў настолькі няпэўны, наколькі высокімі былі судовыя кошты. Некалькі амэрыканскіх выдаўцоў прапаноўвала Джойсу апублікаваць „Уліса’, але спачатку ні адзін зь іх не абавязваўся вызваліць аўтара ад судовых коштаў. Урэшце ў лютым 1932 Бэнэт Сэрф з новастворанага выдавецтва „Random House” зрабіў здавальняючую прапанову. Калі Джойс пагадзіўся, Сэрф зьвярнуўся па кансультацыю да ньюёркскага юрыста Морыса Л. Эрнста, выдатнага спэцыяліста ў справах аб парушэньні прыстойнасьці. Эрнсту даслалі асобнік „Уліса” з Парыжу пасьля таго, як ён папярэдзіў мытню, што адносна кніжкі рыхтуецца прэцэдэнтная справа. Асобнік неяк прапусьцілі, але пасьля заканчэньня справы яго трэба было вярнуць уладам дзеля адпаведнай канфіскацыі.
Справа дзяржаўнага пазову супраць „Уліса” слухался ў Акруговым судзе Злучаных Штатаў у Нью-Ёрку перад судзьдзёю Джонам М. Вулсі ў кастрычніку 1933. Эрнст прадставіў тоўстую тэчку станоўчых ацэнак кніжкі ад людзей пяра са шматлікіх краінаў. Апраўданьне Куіна цяпер ужо ўстарэла. Эрнст хваліў кніжку і даводзіў, што яе дапушчэньне ў бібліятэкі і навучальныя праграмы некалькіх унівэрсытэтаў ужо засьведчыла аб прызнаньні кніжкі аўтарытэтнымі коламі грамадзкасьці. Судзьдзя Вулсі аб’явіў свой вэрдыкт 6 сьнежня 1933. Ён напісаў сьціпла і проста, але з надзвычайнай праніклівасьцю, аб Джойсавай спробе прадставіць чалавечую сьвядомасьць сумленна, нават у яе вульгарных праявах. „Што тычыцца сэксуальнай тэмы, якая раз-пораз усплывае ў думках ягоных постацяў, дык трэба помніць, што месцам дзеяньня ягонай кніжкі зьяўляецца кельцкае асяродзьдзе, а парою дзеяньня — вясна”, — сьцьвердзіў судьдзя. Устанавіўшы, што кельты надзеленыя, і маюць на гэта права, павышанай сэксуальнасьцю, ён прызнаў аўтарскую задуму і творчы мэтад апраўданымі. Затым, закранаючы вынік, ён дасьціпна выказаў меркаваньне, якога Джон Куін прытрымліваўся некалькі гадоў раней: „Я добра ўсьведамляю сабе, што некаторым уражлівым, але нармальным асобам можа аказацца не пад сілу глынуць пэўныя сцэны з „Уліса”. Але пасьля ўзважанага роздуму мне даводзіцца заключыць, што калі ў шмат якіх месцах „Уліс” можа выклікаць у чытача моташную рэакцыю, у ні адным ён не імкнецца пабудзіць яго сэксуальна”. Таму Вулсі вырашыў дапусьціць кніжку да распаўсюду ў Злучаных Штатах. Калі гэты вэрдыкт пратэлеграфавалі Джойсу, ён, на напалеонаўскім уздыме духу, напісаў аднаму знаёмаму: „Так здаецца адна палова англамоўнага сьвету. Другае пойдзе сьледам”.
„Random House” скіраваў кніжку ў друк ужо ў наступным месяцы, каб пазьбегчы выдавецкага пірацтва. Цягам дзесяці тыдняў было прададзена 33 тысячы асобнікаў, што на той час было агромністым лікам. Нейкая няўпэўненасьць, аднак, заставалася, бо ў суд паступіла ўрадавая апэляцыя. Новы прысуд быў вынесены 8 жніўня 1934. Асобнае меркаваньне ў справе, якая слухалася перад Акруговым апэляцыйным судом, заявіў Марцін Т. Мэнтан, які настойваў, маючы дзеля гэтага ў сваім распараджэньні больш набожнага пачуцьця чым літаратурных фактаў, што „майстэрскія творы ніколі не ствараліся людзьмі адданымі непрыстойнасьці або пажадлівым думкам — людзьмі, у якіх няма Майстра”. Але Аўгустус Н. Гэнд, які разам са сваім братам Лэрндам Гэндам меў іншае меркаваньне, напісаў заключэньне ў падтрымку Вулсі. Як крытык ён аказаўся менш умелым. Паводле яго, фрагмэнты кніжкі, якім можна было паставіць найбольшыя закіды, такія як маналёг Молі Блюм, былі „хутчэй жалюгоднымі і трагічнымі, чым пажадлівымі”, выклікаючы „жаль і смутак ад разгубленасьці, убоства і прыніжэньня чалавечнасьці”. Нягледзячы на сваю нятрапнасьць, гэтая змрочная ацэнка постаці Молі яшчэ паменшала спадзяваньні на посьпех апэляцыі ў Вярхоўным судзе, і генэральны пракурор, пасьля пэўнай адтэрміноўкі справы, вырашыў яе спыніць.
Пакуль што ніхто ня ведаў, як прымусіць здацца другую палову англамоўнага сьвету. Джойс націскаў на Т.С. Эліята, чыя фірма „Faber & Faber” пагадзілася публікаваць „Finnegans Wake”, каб ён заняўся і „Ўлісам”. Эліят з самага пачатку прызнаў геніяльнасьць кніжкі. Але ён сумняваўся, што яна ў тым часе зможа пазьбегчы забароны. Ён паспрабаваў выведаць афіцыйны погляд, але ні генэральны пракурор, ні Міністэрства ўнутраных справаў не далі вырашальнага адказу, заяўляючы, што незалежна ад іх уласных меркаваньняў, яны ня ў змозе прадухіліць нейкі прыватны пазоў супраць кніжкі. Падчас калі Эліят вагаўся, Алан Лейн, які пасьля сьмерці сайго дзядзькі стаў кіраваць выдавецтвам „John Lane The Bodley Head”, абмеркаваўшы кніжку з Бэнэтам Сэрфам з „Random House”, наважыўся зрабіць выдавецкую прапанову. Эліят, якому далі пяць дзён на ўнясеньне контрпрапановы, не азваўся, і Джойс ахвотна падпісаў кантракт з фірмай „ John Lane”. Выдавецтва вельмі марудзіла з кніжкай, і мінула два гады, пакуль 3 кастрычніка 1936 зьявілася выданьне, абмежаванае да 1000 асобнікаў. Масавае выданьне замарудзілася яшчэ на год. Адклад не пайшоў у лад, бо ніякія юрыдычныя цяжкасьці ня ўзьніклі.
Колішнія юрыдычныя дэбаты аб „Улісе” як творы, які выклікае моташнасьць або сэксуальнае ўзбуджэньне, агіду або маральны расклад цяпер чытаюцца як старажытныя спрэчкі Айцоў Царквы. Джойс, у сапраўднасьці, яшчэ ў маладосьці разважў гэтыя два кірункі і адкінуў іх як непрыдатныя для сваіх мастацкіх мэтаў. У адным з рэдкіх адступленьняў ад стрыманасьці ў такіх важкіх пытаньнях, ён правёў мяжу — з арыстотэлеўскай добрапрыстойнасьцю — паміж эстэтычным пачуцьцем і парнаграфічным жаданьнем ці дыдактычнай агідай. Парнаграфія патрабуе таго, чаго ў ім няма; дыдактызм адкідае тое, што ў ім ёсьць. Сапраўднае мастацтва, са свайго боку, не выклікае ніякай „рэфлектарнай рэакцыі нэрвовай сыстэмы” — ні пажадлівасьці, ні агіды. Кінэтычнасьці гэтых абодвух адчуваньняў яно супрацьстаўляе статычную задаволенасьць заспакоенага і насычанага інтэлекту. Гэтую статычную раўнавагу нельга атаясьняць зь нерухомасьцю ці безудзельнасьцю: вуснамі Стывэна Дэдала ва „Ўлісе” Джойс выказвае тое, што раней яму даводзілася выказваць ад уласнага імя — літаратура ёсьць „вечным сьцьвярджэньнем чалавечага духу”. Гэта ягоны найбольш рашучы голас у падтрымку мастацтва, але нават тут, як быццам баючыся празьмернай рашучасьці, ён дазваляе Блюму адзначыць маўклівую нязгоду.
„Уліс” праводзіць сваё сьцьвярджэньне, адкрываючы пародненасьць паміж разнаякімі рэчамі, духоўнымі і цялеснымі, выпадковымі і важнымі, сучаснымі і гамэраўскімі, прыналежнымі Блюму і Стывэну. Сусьвет, акрамя ўсяго іншага, незваротна ўзаемапранікаецца. Джойс адчувае амаль містычную асалоду ад выяўляньня зьбежнасьці — эпохаў, характараў, уласьцівасьцяў. Ва „Ўлісе” яны набываюць права на існаваньне не ад абстрактных фармулёвак, а ад мовы, якая зьяўляецца адначасова і аргумэнтам, і сродкам яго выказваньня. Выяўляючы найвышэйшую лінгвістчную разнастайнасьць, ва ўзроўнях мовы, у стылях пісьма, „Уліс” сьведчыць, што пад усімі формамі сьвядомых памкненьняў, індывідуальнага жыцьця і грамадзкай арганізаванасьці, чалавек няспынна працуе над словам, каб авалодаць мовай — жывой і захапляльнай праявай свайго чароднага бытаваньня.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=14 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
„Уліс”. Кароткая гісторыя
Для друку / Вітальня