Літаратура.org » Дзівотня » Эдвард Стахура, Лучок над ыпсылёнам

Лучок над ыпсылёнам

Эдвард Стахура — Польская — Хрысьціна Граматовіч

о, нашаніўскіх рымаў вастрабрамская лапатанда

о, пах, парфума, ляванда

шматколерная шматвясёлачная скочлівая банда

ніколі невычэрпная вівэнда

адкрыўчых картаграфій сівая падрабязная легенда

гасьцінных касьмічных адрасоў паўнюткая агенда

астранаўтычная сярмяга

 

∞ плыві па заблукалішчах з бадзягай ∞

 

шаблён

як ты ня любіш тых хто вышаблёньваецца

тых каго ня можаш:

 

а) ахапкам ахапіць

б) бізуном бацюшкі біцюгнуць

в) ворганамі варгануць

г) горам гаротным гарапахнуць

д) дурдомам дырдануць

е) енісейнуць

ё) ёкнуць

ж) жахнуць

з) замызгам закандрычыць

і) idem

й) йашкар-з’алыніць

к) куд-кудахам кукарэкнуць

л) ломам ламануць

м) мэдалём маёрнуць

н) нікчэмнасьцю натхніць

о) оптам огогокнуць

п) прыручыць

р) раструбам растрыбушыць

с) сілком ссабачыць

т) тандэтным татуажам тарабахнуць

у) ухваткай ухабістай уходаць

ў) ў Іўі ў еўні ўяўніць

ф) фатазмарганіць

х) хвоснуць

ц) цыцнуць

ч) чаркай чапялахнуць

ш) шкваркай шарахнуць

ы) ыгыгыкнуць

э) эхёбтваюматнуць

ю) ююбнуць

я) яйцамі нармальнымі чалавечымі забясьпечыць

 

бо не сягае болей за дасяг

ні герб твой ні сьцяг

 

шаблён

піжон адзеты ў ватаваны палітон

nihil novi sub Sole

варыцца ў саўковым расоле

хай яму нялёгкім будзе скон

хай скрутным спрутам спруцянее ён

зараз маладзік

дык

я прапаную йсьці ў тупік

дзе шчыры дзік ашчэрыць клык

 

пасоб дапамажы і выручы вынятак мілы

бо я стрываць навалу правілаў ня маю сілы

 

вось пад штрафным паходам расьце балота ў глыб

(для мовазнаўцы-эратамана proszę pana

як кажа беластоцкая бульбашная шпана

дык вось для мовазнаўцы-эратамана

балота — наогул змочаная прасьціна

а мы хапаем альфабэт

шчамлёткамі раструшчваем хрыбет

і выбіраем не калюжыну пад плотам

а балота як балота)

 

яшчэ раз

 

пасоб дапамажы і выручы вынятак мілы

бо я стрываць навалу правілаў ня маю сілы

 

вось пад штрафным паходам расьце балота ў глыб

наёмнай інфантэрыі палкі цялёпкаюцца марна у пагоні

ланцуг стралкоў што прытаіўся у мятліцы

папаўся у абдымкі гожай дрыгвяніцы

штаб інжынэрных войскаў з роспачы заломвае далоні

 

спусьціць спаніэлі й вадалазы-ганчакі

кажа павадыр

 

важак важак

табе ня жаль прывучанай зьвярыны

 

вяртаюцца сабакі — поўсьць апараная й морды

что эта — кажа павадыр гаўнокамандуючы

эта блуждаюшчы агонь

 

зьніміце каптуры шуляком і сокалам

кажа павадыр

 

важак важак

табе ня жаль прывучанай зьвярыны

 

вяртаюцца птушкі — зь нічым і звар’яцелыя

что эта — кажа павадыр

эта няйзьвеснае — адказваюць яму

 

ну й зь ім хрэн

сказаў бязьмен

давайце дамо швайку ў бок

дзічыне

 

вогнішча распалім

кабанчыка асмалім

памыем растрыбушым

засмажым скварачку-пячоначку

дастанем самагоначку

асушым

 

пахоцьце пойдзе ў лес

 

і нам ня трэба будзе нават дэлегата

пасылаць каб з гушчароў ён выцяг рэнэгата

сам сюды прыкарачкае

 

тады яго цап і ў шаблён

няхай пасядзіць і ён

 

мясьнік мясьнік

начальнік кіраўнік

ідуць

партызанскія рэйды па мяса

багамольныя паломніцтвы па мяса

крыжовыя паходы па мяса

перасяленьні народаў па мяса

але ня мы

мы ня тое

 

мы гэтае

ажынамі чарніцамі брусьніцамі

малінамі калінамі суніцамі

арэхамі рагульнікамі жалудамі

грыбочкамі клубеньчыкамі каранямі

мічурынскімі яблычкамі

лысенкаўскімі грушкамі

лебядой канюшынай

дзікай вішняй шыпшынай

лугавым шчаўём

бурачыным цяўём

зрэбным цярноўнікам цьвілым бульбоўнікам

уежным глогам бярозавым сокам сытным мёдам

падарожнай цыкорыяй

заблуканай калёрыяй

вадой салёнай і прэснай

ну й маннай нябеснай

што ў роце тае

sum per ipsum

 

ах вы сукі

посна-млосныя бульбаеды

каму трэба

расьлінныя вашы веды

хоць ты памірай ад скукі

 

давай скаромнае

а то забяру бумагу й карандаш

калі ня даш

 

дзе чорт ня можа

там бабу шле

што крый ты Божа

 

дык мігам да мяне давай

артыстка маіх сноў

ультрасупэргіпэр ай-цвай-драй

амаль зь нямога кіно

 

ужо ідзе

зь ляскам

як крылалёт па вадзе

апрача пасталоў

на ёй нічога

нават трусоў

быццам проста ад Бога

але дзеўка з клёкам

зграбная халера

і ўвішная

як пантэра

або pani teraz

 

пасоб дапамажы і выручы вынятак мілы

бо я стрываць навалу правілаў ня маю сілы

 

раз ты сюды прыйшла

(ты раз зь мяне ўжо выйшла бокам)

дык мне скажы як дзеўка з клёкам

чаго шукаеш не згубіўшы

 

але найперш адзень хаця б хоць гэты во лісток

не, ня чвэрць лістка

не, ня дзьве чвэрці

увесь, каб цябе чэрці

 

адзетая ў лісток

як у піжаму цмок

лёля гамоначкай даймае

ў амаль нямым кіно іграе

 

ах сокал мой мальтанскі

пакінь свой нораў пурытанскі

схапіся за мяне як за нагоду

кінь вокам на маю уроду

кінь зубам на мае банбончыкі

мае балёнчыкі

ну-ка ўкусі

 

ну ты ж ня муха цэцэ

ні рак у рацэ

ну-ка ўкусі во яблычкі заснулыя

тут і яшчэ тут і яшчэ тут і яшчэ тут

мой шалапут

 

гэтым з табой займуцца, лёля

у дэканаце у палаце у сэнаце

у каганаце камбінаце курнай хаце

на штаце ваце маце мяце

і ў квадраце

не, не сястра мая

хутчэй — мой браце

 

слухай, лёля

зь цябе не філёляг

гэта вялікі плюс

а я не антыфэмініст

гэта другі плюс

а твой аэрааквадынамічны кшталт

гэта трэці плюс zur Gewalt

нам застаецца толькі міг

і кароткі да each other сіг

 

я ведаю, лёля

табе гэта як вады напіцца

у гэтым маеш практыку амаль зь дзяцінства

а мне нэрвы да таго як савакупіцца

а потым сумна робіцца як пасьля сьвінства

ды сумна гэта ня тое слова

пасьля мне нейк трагічна-дурнавата-адмыслова

 

кажуць

ды чаго людзі ня кажуць

што гэта нібы зносіцца зь ідэалам

што абсалют нірвана й так далей

а я лічу што такім чынам даюць драла

ад абсалюту зь ідэалам

 

даюць лататы драпака ходу

абсалют — ён між намі заўсёды

ну а калі мы да сябе падыходзім патрошку

і дыстанцыю ў прасторы зьмяншаем

а потым кладземся як дошка на дошку

(прабач мне негабляванае параўнаньне)

дык абсалют для сябе месца ня мае

 

ды ўсё гэта выкрунтасы

званай інтэлігенцыі

якая была дурной і дурной засталася

і для якой шкада рыму і рытму

і клясычнага правапісу

 

не, лёля

гэта ўсё ня гэта

гэта не таму маё вэта

а вось у чым рэч

 

калі мы той таго

з налапу прыбамбасам у чвякулю шпорка забульбонім

і я забуду ў гэтым апантаньні

што мяне падсьцерагае шэрыф

дык можа спадцішка якраз тады той цэпэлін зьявіцца

й буфала біл згары закіне на мяне сваё ласо і зловіць

амнегэтапофіг

 

дык рэч у тым

што ёсьць як ёсьць

што я ў аблозе

і ў гэтай сытуацыі

я не магу сабе дазволіць нат хвіліны

з табой супольнай рэкрэацыі

 

аднак давай мы зьменім тэму

бо трохі іншую я маю — вельмі лепшую

вернесься, лёля, да гайлайфу ў родны кут

 

а на дарогу возьмеш гэты звой

паслужыць ён табе пакуль як строй

закрыеш ім сваіх вабнотаў лік вялікі

пад вечар Сонца йдзе звычайна ў бок Мэксыкі

па ночы доўгай і па доў-

гім і змагарным дні

чакацьмем халадоў

 

але nota bene, лёля

інакш — матай на вус

пры ўсім пры гэтым гэты звой

ёсьць паэмай папулярна-навуковай

працавіта напісанай сакавітай мовай

уласнаручна маёй нагой

 

цэзару я цэзарава аддаю

у манеры магчыма

крыху калгасна-ужаснай

за што яны ў мяне пэўна ляснуць

(pluralis maiestatis)

ня ведаю зь якой

але зь цяжкой

гарматы

 

дык давай, лёля, на сход

 

ты прачытаеш справаздачу

нібы ў палаце ці ў сэнаце

тут во у нас у сэрцы пушчы

у гушчарох хмызох і чаратох

 

паехалі далей

вось табе далейшая расьпіска целарухаў

ты памалютку абарочваесься

вакол вогнішча-фокусу і ўласнай восі

(як плянэта вакол зоркі)

увадначас звой адвіваючы

і ўвадначас звой чытаючы

 

твой крут і віў натуральны

рэгулярны і сэксуальны

твае дзівы нівы й нінівы

твае гоні прасторы й разоры

уклад унясуць вырашальны

і сход лягчэй глыне мае горкія пігулкі

за тваім пасярэдніцтвам падкінутыя

як яйкі (ці можа яйцы?) зязюлькі

 

і звышруплівая вэртыкаль

не пакладзе цябе ў гарызанталь

і не размажа ў СБ і на БТ

як мае ў звычцы

 

запэўніваю, лёля

клянуся вершакрапна на самога люіса бунюёля

гэта будзе твая найлепшая

у фільме жыцьця роля

 

цяпер ідзі

зайдзі да мяне калі-небудзь зноў

уступі заглянь заіржы

але безь целааховы без эскорту безь мянтоў

бо да таго, ведаеш, візаві

мянтоў ня трэба

толькі трохі неба

ці хоць бы паветра

ты пагаджаесься

шэрыф?

чуваць цокат ад лесу

здаецца мне што вяртаецца лёля

на кратаванае наша поле

 

нарэшце

дзе была такі луст часу

гдзе вязень

 

я нічога ня бачу празь ячмень

што ад перанапругі зроку

узыйшоў мне на воку

 

давай юпітэры, раз тваю ў марцыпана

 

я бачу, дзявуля

ты зноў сюды без пахана

ты што, піндзюля

надумала кайфаваць адна?

 

яе я бачу а дзе ён

давай дакладывай, пісака

рыкае мне шаблён

 

а лёля і брывом

а лёля і вухом

не павяла —

па радочку па страфе

па трахеі па крысе

паэму-строй адмотваць

пачала:

 

ты сьвінскі лыч, ты сьвінскі хвост, ты сьвінская ножка, ты кормная матрошка, ты трыбух, ты сальцысон, ты кішка, ты калдун, ты глытаўка, ты таўстун, ты жарун, ты пузач, ты камбікорм, ты прывес за суткі, ты жлоб, ты блін, ты гліст, ты зараза, ты паўзун, ты гад, ты асьпід, ты паразіт, ты мікроб, ты труцень, ты паморак, ты сьверб, ты матыліца, ты замста, ты буфон, ты фармазон, ты хамэлеон, ты ні ў пяць ні ў дзевяць, ты гіцаль, ты стукач, ты пахан, ты палімір, ты нафтан, ты накакаў у каптан, ты даўбешка, ты калодка, ты абух, ты каб ты спух, ты казёл, ты казапас, ты канякрад, ты гіт-парад, ты касіў ясь канюшыну, ты ногі ўшыркі раскіну, ты ўсё могуць каралі, ты белыя розы белыя розы, ты галотнік, ты галашчап, ты галцапнік, ты пяць лыжак заціркі, ты глумак, ты глей, ты сапрапель, ты донная марэна, ты абрыдлая морда, ты шклоўскі вусень, ты курашчуп, ты маслабой, ты асьліны сырадой, ты апсюган, ты абакула, ты абдулейка, ты аглаед, ты апруда, ты забрында, ты клоп, ты блыха, ты мандавошка, ты пранца, ты заглоба, ты зарэзіна, ты калупша, ты клікун, ты лабідуда, ты паскуда, ты аторва, ты атраха, ты ашара, ты баўдыр, ты пухір, ты партач, ты смаркач, ты вітушнік, ты вылупак, ты выпаўзень, ты вылівак, ты залупа, ты запаўзьня, ты заліваха, ты казёл, ты гарладзёр, ты не туды дапёр, ты й ня думаў што так палучыцца, ты палачка за працадзень, ты тандэтнік, ты савецкі сьметнік, ты булава, ты доўбня, ты лукамольны камсамолец, ты бязбожны багамолец, ты лгун, ты мудак, ты няўвега, ты таварышч сапега, ты піжон, ты чуў звон ды ня ведаеш скуль ён, ты галамоўза, ты памаўза, ты валасень, ты трухлы пень, ты ступайка, ты сьмярдзючая фуфайка, ты трапло, ты хамло, ты паехала-пайшло, ты безадбойнае дула, ты гнойная скула, ты фурункула, ты балотная крыца, ты заржавелая сьпіца, ты ў сподніках асьцюк, ты байструк, ты падкідыш, ты цяльпук, ты вяпрук, ты гаўнюк, ты з дупы пук, ты раённы агітатар, ты сэлектарны аратар, ты да ўсёру інтэгратар, ты славянскі махінатар, ты казёл, ты народны графаман, ты нацыянальны халтурнік, ты эспэбэўскі геній, ты эсэндэўскае сьвяціла, ты абэвэгэдэўскі прарок, ты кій табе ў бок, ты бандзюк, ты падлюк, ты гангстэр, ты рэкецёр, ты скурадзёр, ты скуралуп, ты рабаўнік, ты злодзей, ты забойца, ты жулік, ты шыбенічнік, ты падонак, ты азьвяронак, ты прыхвасьцень, ты скупянда, ты жмінда, ты блында, ты манда, ты абібок, ты гультай, ты лайдак, ты шэльма, ты з боку прыпёку, ты бяльмо на воку, ты прышч, ты гемарой, ты экзэма, ты ананіст, ты сракачыст, ты дурное цяля, ты тля, ты забалоньнік, ты лубаед, ты караед шасьцізубы, ты караед валежны, ты казёл, ты п’яны трактарыст, ты саюзны кантрабандыст, ты падлізьнік, ты лісьцімон, ты падлыжнік, ты прыкарытнік, ты падкалоднік, ты ўдарных выкідаў гною тройчы герой, ты хрэн з табой, ты маздан, ты мамай, ты качубей, ты здохлы ўюн, ты пціца гамаюн, ты мардун, ты мымра, ты патароча, ты пудзіла гарохавае, ты чмут, ты перакіднік, ты губашлёп, ты скаруза, ты склют, ты махляр, ты чмур, ты замутак, ты мантульнік, ты саўгасны сакрат, ты тарбахват, ты магілёўскі афраазіят, ты сто баксаў у месяц, ты ідыёт самы настаяшчы на лыжах, ты машоначная грыжа, ты крэцін на канькох, ты немарасьць у вачох, ты баба з возу коням лягчэй, ты шыла на мыла, ты змылак, ты цапное біла, ты кароста, ты з мосту проста, ты казёл, ты цьвілы піць, ты табе ніколі не стаіць, ты брахун, ты сцун, ты бздун, ты дрыстун, ты сярун, ты лапатун, ты ёлупень вусаты, ты скрай бяз хаты, ты жук гнаявік, ты крывы цьвік, ты зь печкі пшык, ты кнот, ты сьляпы крот, ты спароньнік, ты конская п’яўка, ты маляўка, ты вышкрабак, ты курдупель, ты гном, ты адрыга, ты маталыга, ты пустабрэх, ты курам на сьмех, ты пустамеля, ты анучнік, ты бульбаакучнік, ты вышчарака, ты нямытая срака, ты бязьмен, ты на ўсход дзікі крэн, ты чортведама чый ген, ты габэшны палітрук, ты гнілы друк, ты дуй адсюль мігам, ты давай цягу, ты давай стракача, ты змыйся, ты збрыйся, ты праваліся, ты заваліся, ты прападзі, ты згінь, дзынь, дзынь, дзынь........................................................................................

 

адставіць

во гэта быў апошні звон

працяў палкоўнік парамон

сьмяецца нам у вочы ён

меру знай

і цераз край

нават сьвіньні не налівай

 

нам трэба ў пратаколе

далажыць аб крамоле

каб за гэты злосны прыкол

нацяглі пісаку на кол

 

падвялá нас інфантэрыя

прывяла наша фанабэрыя

спалохалася прыручаная зьвярына

спалахнулася прыножаная птушына

 

скрышыўся на ім зуб вала зламаўся і кол дзіка

і не стала ні вала ні кала ні дзіка

 

і нават сэкс-бомба не сэксоціла

а бомбіла паэ-матам

 

атам?

 

атам, ядры тваю ў грахі

 

калі ты нам матам

дык мы табе атам

мы табе так забомбім

што лопнуць трыбухі

хі-хі-хі

 

пасоб дапамажы і выручы вынятак мілы

бо я стрываць навалу правілаў ня маю сілы

 

і ўпала як падла як падліна найпадлейшае зь зямных слоў і нацэлены ўніз з кулака выдзюбіўся вялікі палец і націснуў гузік але ня быў гэта звычайны прыгожы здаровы гузік як на маёй зялёнай блюзе ад кэвіна клэйна а быў гэта фатальны гузак зьверху струп танюткі струп а спадысподу скула жахлівая фурункула і раздаўся канчатковы апакаліптычны бабах і не засталося зь зямное апукі анічога апроч усеагульнага расчараваньня і вялікага беспардоннага сораму і злавесны гіганцкі грыб ўзносіўся ўсё вышэй і вышэй але ня быў гэта грыб высакосны як спаміж цёмных хмараў залацістыя косы палымянага Сонца а быў гэта грыб нізакосны папраўдзе зусім няскосны ніжэй найніжэйшага пакосу о пасоб о дапамажы о выручы вынятак мілы перамагчы глухагучныя ніштожнасьці сілы і вось такім простым чынам сеўшы зайцом на транс-лінгвальны паром прыплыў з таго сьвету nomen omen і стаўся новым дзяньком і стаўся канцасьвету канцом і стаўся галасістым жаўруком пад купалам неба пад адчыненым наросьцеж небавакном пад блакітным бязьмежным антыпляфонам і так вось залунаў лучок над ыпсылёнам.

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=7 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Лучок над ыпсылёнам

Эдвард Стахура — Польская — Хрысьціна Граматовіч

Для друку   /   Дзівотня