Пра Эдварда Стахуру
Эдвард Стахура (Edward Stachura) нарадзіўся ў 1937 у дэпартамэнце Ізэр у Францыі, у сям’і польскіх эмігрантаў. У 1948 сям’я з адзінаццацігадовым Эдвардам пераехала ў Польшчу і пасялілася ў Александраве Куяўскім, дзе будучы пісьменьнік закончыў пачатковую школу. Пасьля сярэдняй школы паступіў на францускую філялёгію Каталіцкага Ўнівэрсытэту ў Любліне, але ў 1960 перанёсься на раманскую філялёгію Варшаўскага Ўнівэрсытэту, якую закончыў у 1965.
Стахура дэбютаваў у 1956 у студэнкім часопісе, як паэт-пачатковец атрымаў шмат узнагарод. У 1962 выйшаў ягоны зборнік апавяданьняў „Jeden dzień”, а ў наступным годзе зборнік паэзіі „Dużo ognia”, пасьля якіх Стахуру прынялі ў Зьвяз Польскіх Літаратараў. Потым пайшлі наступныя кніжкі: „Falując na wietrze” (1966, апавяданьні), „Przystępuję do ciebie” (1968, паэма), „Po ogrodzie niech hula szarańcza” (1968, паэма). Пасьля публікцыі раманаў „Cała jaskrawość” (1969) і „Siekierezada” (1971) Стахура стаўся шырока вядомым і папулярным пісьменьнікам.
Стахура быў тыпам пісьменьніка-вандроўніка, паэта-барда. З заплечнікам і гітарай, па розных прычынах і бяз дай прычыны, ён наведаў сотні гарадоў, мястэчак і вёсак у Польшчы. Адзін зь ягоных найбольш папулярных паэтычных зборнікаў называўся папросту „Piosenki” і быў напісаны „пад гітару”. Стахура аб’езьдзіў таксама ладны кавалак сьвету: Югаславію, Мэксыку, Блізкі Ўсход, Нарвэгію, Францыю, Швэйцарыю, Канаду, Злучаныя Штаты. І ўвесь час пісаў — пра тое, што бачыў, чуў і перажыў — вершам і прозай. Ягонае жыцьцё праходзіла пад дэвізам „Wszystko jest poezja” (назоў зборніка ягоных эсэ з 1975). Адзін з польскіх крытыкаў напісаў: Стахура піша ўсім сабой, усё ў ім падпарадкаванае пісаньню, па‑за пісаньнем Стахуры ўвогуле не йснуе. Ён толькі як быццам бы вучыўся ў двух (ці нават трох) унівэрсытэтах. Ён толькі як быццам бы ведае што-колечы аб чым-колечы, што ня ёсьць ягоным пісаньнем і ягоным пісьменьніцкім досьведам. Стахура жыве, калі піша, а апроч гэтага не жыве зусім... Творчы працэс у шырокім разуменьні ёсьць у яго адзінай формай лучнасьці са сьветам.
У другой палове 1970-х у жыцьці й творчасьці Стахуры наступіла драматычная перамена, якую паэт апісаў у прозе „Fabula rasa. Rzecz o egoizmie” (1979). Стахура, адчуваючы, што даходзіць да скраю пісьменьніцкіх магчымасьцяў, у гэтай апошняй сваёй кніжцы запрагнуў стварыць ідэю „чыннай паэзіі”, пазбаўленай літаратурнай канвэнцыянальнасьці і зьяднанай з „голым жыцьцём”. Год раней Стахура выступіў са Зьвязу Польскіх Літаратараў, „у сувязі з заканчэньнем літаратурнай дзейнасьці”, як сам напісаў у афіцыйнай заяве. 24 ліпеня 1979 паэт пакончыў жыцьцё самагубствам.
Выдадзены ў пачатку 1980-х пяцітомны збор твораў Стахуры кананізаваў яго як, бадай, найбольш культавага і ўвадначас вядомага польскага пісьменьніка.
Паэма „Лучок над ыпсылёнам” („Kropka nad ypsylonem”) была апублікаваная ў 1975. Бравурны пераклад Х. Граматовіч шчодра перадае моўную віртуознасьць Стахуры і зусім нечакана надзяляе сюррэальны польскі твор ня менш сюррэальным беларускім калярытам.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=45 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра Эдварда Стахуру
Для друку / Вітальня