Пра Адама Загаеўскага
Адам Загаеўскі (Adam Zagajewski) нарадзіўся ў 1945 у Львове, адкуль сям’я неўзабаве пасьля ягонага нараджэньня рэпатрыявала ў Польшчу, на Шлёнск. Сярэднюю школу закончыў у Глівіцах, у 1963-70 вывучаў філязофію і псыхалёгію ў Ягелёнскім Унівэрсытэце. Быў адным з заснавальнікаў паэтычнай групы „Teraz” і суаўтарам яе маніфэстаў, супольна з паэтам Юліянам Карнгаўзэрам выдаў праграмную кніжку крытыкі „Świat nieprzedstawiony” (1974). Кніжным дэбютам Загаеўскага стаў паэтычны зборнік „Komunikat” (Кракаў, 1972), потым выйла кніжка паэзіі „Sklepy mięsne” (Кракаў, 1975). У другой палове 70-х паэт зьвязаўся з дэмакратычнай апазыцыяй у Польшчы, па‑за цэнзурай выйшаў ягоны зборнік „List. Oda do wielości” (Кракаў, 1982). У 1979-81 Загаеўскі пражываў у Заходнім Бэрліне, вярнуўся ў Польшчу ў 1981, дзе яго засьпела ваеннае становішча. У 1982 эміграваў у Парыж, як сам падкрэсьліваў, ня дзеля палітычных, а асабістых прычын. З 1983 стаў адным з рэдактараў публікаванага ў Парыжы літаратурнага пэрыёдыка „Zeszyty Literackie” (у 1990 рэдакцыя перанеслася ў Варшаву). Пачынаючы з 1988, Загаеўскі рэгулярна чытаў лекцыі на курсах creative writing падчас веснавых сэмэстраў у Х’юстанскім Унівэрсытэце (Тэксас, ЗША). Далейшыя ягоныя паэтычныя зборнікі: „Jechać do Lwowa i inne wiersze” (Лёндан, 1985), „Płótno” (Парыж, 1990), „Ziemia ognista” (Познань, 1995), „Trzej aniołowie, Three Angels” (Кракаў, 1998), „Pragnienie” (Кракаў, 1999), „Powrót” (Кракаў, 2003). Ён таксама аўтар трох раманаў і некалькіх кніг эсэ і нарысаў. За сваю творчасьць атрымаў шэраг прэстыжных польскіх і міжнародных прэмій. Сёньня Адам Загаеўскі — бадай ці не найбольш вядомы польскі паэт на Захадзе, якога актыўна перакладаюць на ангельскую, францускую, нямецкую, швэдзкую і іншыя мовы. У ліпені 2002 Загаеўскі вярнуўся на сталае жыхарства ў Кракаў.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=60 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра Адама Загаеўскага
Для друку / Вітальня