Пра Анджэя Бурсу
Анджэй Бурса (Andrzej Bursa) нарадзіўся ў 1932 у Кракаве. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы нейкі час вучыўся на гістарычна-філязафічным (журналісцкае аддзяленьне) і філялягічным (балгарская мова) факультэтах Ягелёнскага ўнівэрсытэту, але вучобы не закончыў. У 1954-57 працаваў журналістам у кракаўскім „Dzienniku Polskim”. Раўнабежна з журналісцкай працай пачаў пісаць вершы і прозу. За няцэлыя тры гады свайго трагічна абарванага творчага шляху здолеў апублікаваць усяго каля чатырох дзясяткаў вершаў і адно апавяданьне. Бурса памёр раптоўна, хоць і спадзеючыся такога зыходу, ад невылечнай хваробы сэрца ў 1957. Год пазьней выйшаў ягоны дэбютны паэтычны томік „Wiersze”, стаючыся выдавецкай сэнсацыяй у краіне. Дванаццаць гадоў пасьля сьмерці Бурсы, у 1969, выйшла ягоная поўная паэтычная, празаічная і драматычная спадчына ў томе „Utwory wierszem i prozą”. Зборнік уключаў знакаміты гратэскна-макабрычны мікрараман „Zabicie ciotki” і паэму „Luiza”. Адзін з польскіх крытыкаў назваў „Люізу” „ілюмінацыйным вершам з наркатычнай сілай”, які можна паставіць упоравень з „Кветкамі зла” Шарля Бадлера. Бурса стаўся культавым паэтам у Польшчы, сымбалем жыцьцёвага нонканфармізму і духоўнай незалежнасьці. Адначасова, з увагі на ягоны перадчасную сьмерць, крытыкі прычапілі Бурсу таўро першага „праклятага паэта” Народнай Польшчы. Пасьля Бурсы гэты „тытул” дастаўся таксама Галіне Пасьвятоўскай (памерла ад хваробы сэрца ў 1967), Рафалу Ваячаку (пакончыў самагубствам у 1971) і Эдварду Стахуру (пакончыў самагубствам у 1979).
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=53 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра Анджэя Бурсу
Для друку / Вітальня