Літаратура.org » Чытальня » Анджэй Бурса, Вершы

Вершы

Анджэй Бурса — Польская — Хрысьціна Граматовіч

Люіза

 

Краявід І

Люіза... Я дык ведаў — тут ударыць гром

Над дабравесьцем дрэў павіснуў ясны меч

Бугры апыленыя вечаровым матылём

Лагчыны сьцежкі я стаптаў усьцяж і ўшыр

 

Я йшоў сюды сьпяваючы і нёс белы нарцыс

І слухаў варанай лухты ў кіпучым сэрцы

І са шчытом (крывавым сонечным шчытом) ішлі

Мае палеглыя тут мары і блюзьнерствы

 

Тут Эрас срэбнапёрысты руліць вэлясыпэд

Геркул зь сям’ёй зьядае яйкі укрутую

Дыяна шпацыруе з ваўкадавам... о багі

Багі маіх завулкаў запіваюць пірагі

Запальчывыя вусны дышуць клятваздрадай

 

Калі пагляне далягляд чырвоным вокам

Пагрозіць горад беспахібна бронекулаком

І гэты радасьці нясыты кірмашок убогіх

Адсюль той гром схаваны й меч узьняты ўдараць

 

Краявід ІІ

Жывой крывёй брыняюць дрэвы і смыляць

Зялёная зязюля у ракітніку

Сьцябло пячэ у роце горкай сольлю

Калі змаўкае горла вечару

 

Штылеты забіваюць рэчку пакрыёма

Застыглы пульс вады і сьлізгат лёзаў

На лесу звугленых плячох

Згасае нашага каханьня краявід

 

Люіза тут знаёмае мне ўсё да сьлёз крыві

Я разумею кожны знак на небе і ў мэтале

Глядзі вось наш сакрэтны альфабэт схаваны

У краявідзе на які спадуць і меч і гром

 

Джазавая песьня

Чаму мяне забралі з мае Афрыкі?

Пытаюся: Чаму мяне забралі з мае Афрыкі?

Дзе мае зьвяры павыразаныя з кары

Амулеты і касьцяныя нажы...

Навошта мне было так доўга працаваць

На плянтацыі бавоўны якой матаюць словы

Калі сапраўдная толькі старая песьня крыві

Якую ўмее засьпяваць адно саксафон

Што я тут раблю

Я ж даўным даўно

Меўся адплысьці пірацкім караблём

Па месяцы і зорках мы вызначалі час

З барадатым капітанам у Шчэціне

Але трусьлівец... я пабаяўся ўсьпененае брызы

А капітан аказаўся шулерам і злодзеем

Цяпер шукаю ў абдымках Люізы

Сноў пагубленых як сьлядоў на вадзе

 

Пятля архітэктуры

Зашмат пустых паглядаў тут я утаптаў у цішу

Старых гарышчаў і легендаў чужых вокан

Дык сёньня мне лагодны горад помстай дыша

З-над купалу страляе вогненным аблокам

 

Бягуць насустрач мне бэтон і бронза вежаў

Мур адразае галаву бяскроўна й крыва

Ў вясёлых лодачках далоняў скрый мяне Люіза

Ад страшнага наступства мёртвай пэрспэктывы

 

Але замова не ўратуе вязьня ад пятлі

Забітага пагляду доўга кружыцца астраль

Бо хто дзіцём перад хімэрай на калені стаў

Таму памерці маладым пад места тапаром

 

Прынц

Хлапечы прынц Люізінага прадчуваньня моцай

Ў гарачцы шмыгае цераз халодныя пакоі

Сьціскаючы кароткі мечык блізіцца да ценяў

І пудзіць іх з падножжа крышталёвых калянадаў

 

Ваярству прынца нават чорт рагаты не страхоцьце

Але і самы мужны з ваяроў ня ў змозе ўцяміць

Званоў суцішша ў вуркатаньні электрычных лямпаў

Фатальных вежаў і муроў у круцельстве плянэтаў

 

О прынц... Тваё ўладарства абяртаецца у попел

Істотнае — чаго табе не дасягнуць ніколі

Асірацеласьць позіркаў бязмэтнасьць крокаў

Крывавае віно крыштальны пульс таблё аблокаў

Адпусьцяць грэх крутні плянэты й кратэру старому

 

* * *

Хлусьня ў фальшывых люстрах вечаровай барвагамы

З стратэгій Задыяку непазьбежна вынікае

Што ў Рыбы мае перайсьці часіна Казярога

А Барана чульлівасьць у Быка тупую юрнасьць

 

Махлярства Задыяку вытварае строгі графік

Аголенае церпкасьці вясны і гербаў восені

Празрыста-чыстая крыніца ціхіх таямніцаў

Усьпеніць цёмнае віно чырвонай маладосьці

 

Тады Люізы зорка патанае ў чорных хмарах

Яе паставай сірацяцца далягляды мараў

Адно над галавой растуць у мацату абсурду

Задыякальных конаў благавесныя фігуры

 

Сад Люізы

У чэрвені найпрыгажэй цьвіце Люізы сад

Ягоная няіснасьць забівае як тапор

Павешаны зь вясёлкаю на ўяўны далягляд

Гарыць пад бляскам пурпуровых купалаў сабор

У чэрвені найпрыгажэй цьвіце Люізы сад

 

Люіза у якой свабода грацыя і спрыт

Зьвянчае крэмень з воблакам ды з ружаю мэтал

Безабаронна убягае ў саду цёмны скрыт

Дзе толькі сэрца на кары вартуе ейны бег

Люіза у якой свабода грацыя і спрыт

 

Дубровы кавалькад і чуйны сарнаў мільгацень

Люізы сьмехагаму паўтараюць а яна

Рассыпле валасы марской зарой на пескавень

І з голым горлам кідаецца сьмеху у палон

Дубровы кавалькад і чуйны сарнаў мільгацень

 

Люіза ласкаю абдорыць толькі ваяроў

За ўпэўненасьць кідка і за шалёны нэрваў скрут

Ты пераможца змазаны густой крывёй зьвяроў

Нясі ёй пашчу льва і сэрца лебядзінае

Люіза ласкаю абдорыць толькі ваяроў

 

Люізінага саду тайнічную прастату

Альтанак лябірынтаў кветных градак гушчароў

Птушкарнікаў зьвярынцаў гонаў антылёпаў гну

Уцяміць зможа толькі праведны й шляхетны дух

Люізінага саду тайнічную прастату

 

Ягоная няіснасьць забівае як тапор

Сапраўднасьцю сьмяротных пачакальняў для зямлі

Пракляты мроямі прыдуркаў і малых дзяцей

Абсьмеяны смугой абсурду гіне нэўрастэнік

Ягоная няіснасьць забівае як тапор

 

Злачынства Люізы

Сярод сталоў з чырвонае драўніны й льсьняных шафаў

На посуд — ходзяць насарогі й маманты ўчарнелыя

Ў гасьцёўні вечарам адчараванай з нонсэнсу

Храпе ў фатэлі Даглас з горлам расхалястаным

 

Віноўніцай злачынства й трызны гэтае Люіза

Яна муры і рэйкі можа зашмаргнуць у петлі

І выпаўніцца ўдар мяча і выпаўніцца гром

Але Люізы грудзі й надалей прыгожыя

 

Люіза прылізаная павевамі з заходу

Напасеная затхлымі падлотамі нэўрозу

Няісная як млечнабарадатыя багі

Над краявідамі стае і расьпінае жах

 

Распаленая кроў як голка пшыкае на нэрвах

Трызну Люізе вытварае з колераў паветра

Люіза — гэта драма для якой ня будзе сцэны

І ў тым яна фатальная што Даглас стаўся вепрам

 

Разьвітаньне з сабакам

 

Мой шэпт парушыў вялізную пысу.

Ну што ж, браток — бяда.

Мне вельмі прыкра, фінансавы крызыс.

Трэба цябе прадаць.

 

Ужо ня буду за тваім слыхам відушчым

Пушчанскім нерушам па вываратнях лазіць.

Ня будзе ўжо пушчы.

Будзе парк гарадзкі — поўны гразі.

 

Ах, як жа ты скакаў, сігаў,

Як сцаў з задзёрам лапы завад’яцкім,

Як белым вахляром хваста махаў!

Ды што рабіць — няма жрачкі.

 

Ядун ты неблагі, вядома.

А я заўжды ня маю грошай.

Ды й клопат з табою дома:

Ты ўжо зжэр чатырох лістаношаў.

 

Хадзі сюды, хадзі — ваўчыная твая маць

Крадком вызірае з тваіх сьлепняў.

Калі б мае сябры маглі так разумна маўчаць

Мне было б нашмат лепей.

 

Ну йдзі, ляжы. Няварта плакаць.

Жыцьцё ў шчэ большы кіне нас дурдом.

Я любіў нязьведанасьць шляхоў з сабакам

І збэрсаную поўсьць што пахнула дажджом.

 

Туга-пярсьцёнак

 

Я йшоў па вуліцы стамлёны ад згрызоты

І маладосьць мая як ноч з благімі снамі

Цьмяной заранкай на бэтонных тратуарах

Неразгадана й тайна гасла між дамамі

 

Маім прагорклым словам што захрасьлі жалем

Патрэбна ўжо гарбата й цёплая начлежка

О прападзі дзе-небудзь у завулкаў далі

Згінь з грукатам вазоў і вострай тхлінай места

 

О божухна — зноў ранак стане дня зачынам

У клубаваньні хмар Як гэты дзень пражыць мне

Ваконца вузенькае — а за ім дзяўчына

Танюсенькія пальцы на канве спачылі

 

На шэрае радно спадае ясны лёкан

Відаць у працы ноч уся ёй прамінула

Пабледлі ад бяссоньніцы дзяўчыне шчокі

Паэтаў голас ёй шапнуў на вуха чула

 

— Што ведаў я калі спазнаў каханьне

Пакінуў бацьку з маці ў паняверцы

— Табе мой мілы выйду на спатканьне

Туга-пярсьцёнак злучыць нашы сэрцы

 

Што даць табе магу — дзявоцтва кроў сьвятую

Сваёй чульлівасьцю аздоблю ночы

Каханьнем верным і чуцьцём жаночым

Тугу-пярсьцёнак назаўсёды ахвярую

 

Субота

 

Божа які файны вечар

столькі гарэлкі і столькі піва

а потым блытаніна

у закулісьсі гэтага раю

паміж плюшавай заслонай

і кухняй за кратай

я адчуваў як пазбываюся лішку энэргіі

якую мне адпусьціла маладосьць

магчыма

я мог бы скарыстаць яе інакш

напр. напісаць 4 рэпартажы

аб пэрспэктывах разьвіцьця малых мястэчак

але

я маю ў срацы малыя мястэчкі

я маю ў срацы малыя мястэчкі

я маю ў срацы малыя мястэчкі!

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=52 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Вершы

Анджэй Бурса — Польская — Хрысьціна Граматовіч

Для друку   /   Чытальня

Анджэй Бурса
Анджэй Бурса