Пра Рафала Ваячка
Рафал Ваячак (Rafał Wojaczek) нарадзіўся ў 1945 у Міколаве на Шлёнску. Сярэднюю школу пачаў у родным мястэчку, але з увагі на праблемныя паводзіны вучобу працягваў у Катавіцах, а матуру здаваў у Кэндзежыне. У 1963 паступіў на польскую філялёгію Ягелёнскага Ўнівэрсытэту, аднак на першым курсе кінуў унівэрсытэт і пераехаў ва Ўроцлаў, дзе жыў да свае сьмерці ў 1971, нідзе не працуючы і ўтрымоўваючыся дзякуючы дапамозе бацькоў, стыпэндыям і літаратурным ганарарам. У сярэдняй школе пачаў выпіваць, і гэтая звычка зь цягам часу паглыбілася да цяжкага алькагалізму. У яго зьявіліся таксама сымптомы псыхічнай хваробы. У 1965, будучы на абсьледаваньні ў псыхіятрычнай клініцы, Ваячак пазнаёміўся з мэдсястрой, зь якой неўзабаве ажаніўся. У іх нарадзілася дачка, але сямейнае жыцьцё закончылася разводам пасьля няпоўнага году. Жыцьцё Ваячака ва Ўроцлаве было багатае на скандалы, зьвязаныя зь ягонымі п’янкамі і бойкамі. Ва ўроцлаўскіх кнайпах Ваячак надрыўна выбудоўваў свой міт „праклятага паэта”. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў самагубства Ваячаку ўдалося разьвітацца з жыцьцём 12 траўня 1971 пры дапамозе снатворных сродкаў.
Дэбют Ваячака адбыўся ў 1965 у першым нумары месячніка „Poezja”. Фактычна з моманту дэбюту Ваячак стаўся заўважным і важным паэтам маладога пакаленьня, якога сталі друкаваць у сур’ёзных літаратурных пэрыёдыках. З друкам кніжак было цяжэй, між іншым з увагі на праблемы з цэнзурай. У 1969 Ваячак выдаў свой першы паэтычны томік, „Sezon”, а ў наступным годзе выйшаў другі томік пад назовам „Inna bajka”. У 1972 выйшлі дзьве паэтычныя кніжкі, якія Ваячак падрыхтаваў перад самагубнай сьмерцю: „Nie skończona krucjata” і „Którego nie było”. Яшчэ пры жыцьці паэта ўзьнік ягоны культ, які трывае сярод маладых аматараў паэзіі ў Польшчы і па сёньня. Спрычынілася да гэтага культу як жыцьцёвая легенда Ваячака як збунтаванага скандаліста і дэкадэнта, так і ягоная паэзія, драпежная і брутальная, пісаная натуралістычнай мовай.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=44 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра Рафала Ваячка
Для друку / Вітальня