Эротыкі
Я гавару з табою ціха
Я гавару з табою ціха быццам сьвецячы
І заквітаюць зоркі на лугох мае крыві
Стаіць мне у вачох зараначка твае крыві
Я гавару так ціха аж мой цень бялее
Я — выспа схаладалая для твайго цела
Якое падае у ноч гарачай кропляй
Я гавару з табою ціха як праз сон
Твой пот гарыць на маёй скуры
Я гавару з табою ціха быццам птушка
на досьвітку ўпускае сонца ў твае вочы
Я гавару з табою ціха
так як сьляза цячэ маршчынай
Я гавару з табою ціха
як ты са мною
Песенька з найвышэйшай вежы
З грудзьмі праколатымі сьпіцай для вязаньня
Упала жонка А далей натхнёны кат
Бярэ яе крывавы корпус сьвежаваць
Нажом кухонным клубы тоўста наразае
І прыпякае ступні й прысмаляе лыткі
З каленяў рэпку вылузаў Дапяў да жыл
Цяпер раскрыў касым разрэзам ёй жывот
І на стары відэлец кішкі панамотваў
І надалей шукае Вобмацкам адгаліў
Хрыбетны копчык і адсек сякераю
І ножнічкамі для пазногцяў вульву цяў
І ўпрэпараціў Потым павыколваў вочы
Празь мясамолку прапусьціў драбнейшым сітам
Абедзьве ягадзіцы а сырую кроў
Разьвёў па шкельцы каб пад мікраскоп узяць
І кожны валасок счацьверыў для парадку
Бо верыць ён усё ж што праўда ёсьць на сьвеце
Такім цярплівым вырадкам адно паэт
Быць можа — ведаю хто гэты сукінсын
Завуць яго — запомніце — Рафал Ваячак
Гвалт
Мне цела настрамляецца на кол
Праменьне болю паліць мае тканкі
Якія коні ўпрэжаны між ног
Так цягнуць Добры поплаў прасьцірадла
Ніколі шчэ ня рос падобны крык
Праз столі у вакно глухое неба
Цяпер пачулі ўсе што сёньня я
З Тваёй ласкавасьці жанчынай стала
Паваленая назаўжды наўзнак
Хачу ляжаць У горле костка болю
Няхай ня скончыцца ніколі гвалт
Няхай так станецца як кол мне мілы
Крыжом заякарыцца б ува мне
Я веру крык мой чуе камень неба
Просьба
Зрабі мне штось, каб я магла разьдзецца дагала
Апошні сораму лісток даўно зь мяне апаў
І нат найценьшы успамін сукенкі змыла я
І хоць больш голае за голую мяне ты мець
Ня мог ніяк, зрабі мне штось, каб я паверыла
Зрабі мне штось, каб я магла раскрыцца шчэ глыбей
Ты так даўно праз поры ўсе пад скуру мне пранік
Што я ня веру каб ты там калісьці шчэ ня быў
І хоць ня веру каб табе хто мог адкрыцца больш
Чым я цяпер, зрабі мне штось, раскрый мяне, разьдзень
Будзь для мяне
Будзь для мяне ад ступняў да чала, ад пят да вуха
З каленяў па пахвіну, з локця па пазногці
Пад пахай, языком, ад ласкаценю да павекаў
Будзь полюсам майго зьбязглужджанага сэрца
Будзь ракам што зьядае мозг і гэтым мозг сьцьвярджае
Будзь кіслароднаю вадою для ўгарэлых лёгкіх
Будзь для мяне падвязкай, станікам, трускамі
Калыскай будзь для цела, нянькай што калыша
Бруд з‑пад пазногцяў еш, пі месячную кроў
Будзь прагай і спатоляй, насалодай, голадам
Мінуласьцю і будучыняй, вечнасьцю й сэкундай
Будзь для мяне дзяўчынай, хлопцам, днём і ноччу
Будзь для мяне жыцьцём і радасьцю, будзь сьмерцю
Будзь злосьцю і пагардаю, нудотай і няшчасьцем
Будзь Богам, будзь мурынам, бацькам, маці, сынам
Будзь — не пытайся, як табе я адплачуся
Тады задарма возьмеш найпавабнейшую здраду:
Каханьне, што ў Табе прабудзіць сьмерць
Сутоньне мякка расшмаргнула
Сутоньне мякка расшмаргнула цесны вузел мозгу—
Сьвятло запаленае лямпы быццам сьсекла рукі
Марозу, што расьлі праз шыбу каб памацаць сэрца —
Крышталь крыві растаяў, лопнула шкляніца лімфы
І інею іржа сплыла з павек; альбо упала
Сьляза ласкавая нарэшце. Сьмерць як злая сука
Прыпала на жывот ва ўзножжы ложка, тыцкаючы
Халодным носам выстаўленыя з‑пад коўдры ступні
Пакуль я не схавала іх назад. — Адно тады я
Магла пачаць баяцца; бо ўжо ж ня тое сьмерці,
Як столькі дварнякоў ля сьметніц, безымяннай,
Што развалілася наўзнак на тратуары
І драпаецца ў голае падбрушша; мне ўдалося
Свае ўсе боязі паклікаць імем паасобку
З рэестру сноў, запісак явы, каталёгу
Бібліятэкі, Гоцкага гербоўніка,
Вучнёўскіх хрэстаматый, нарысу фрэйдызму,
З жыцьця сьвятое Кінгі, порначасопісаў
— са сьпісаў памяці... Я толькі сьцераглася
каб выпадкам ня вымавіць Тваё імя.
Аксыёмы
Выпукласьць маіх грудзей толькі ўпадзінамі
Тваіх далоняў учыняецца
Гладкасьць маіх азадкаў толькі шорсткасьцю
Тваіх пальцаў разгладжваецца
Спажыўнасьць маёй сьліны толькі Твой голад
Вітамінна стварае
Тоеснасьць майго цела толькі боль
— які мне спрычыняеш — пацьвярджае
Царкву майго полу толькі высокая малітва
Твае пажады узвышае
Чорная сьмерць толькі тады рот раскрывае
Калі Тваё жыцьцё азьвецца
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=43 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Эротыкі
Для друку / Чытальня