Эган Бонды і ягоны „Дзявочы дзёньнік”
Эган Бонды (Egon Bondy) — нарадзіўся як Збынек Фішэр у Празе 20 студзеня 1930. Рэальнай гімназіі яму не ўдалося закончыць, і ў 1947-57 гг. ён перабіваўся без афіцыйнага працаўладкаваньня. Вершы стаў пісаць у дзяцінстве, у 1947 далучыўся да тагачаснай чэхаславацкай Сюррэалістычнай Групы. У 1950-тых адыйшоў ад сюррэалізму, прыняў творчы псэўданім Эган Бонды і пачаў пісаць у стылі, які назваў татальным рэалізмам. Разам зь сябрам Івам Водсэдзялкам заснаваў машынапісны самвыдат „Půlnoc”, у якім выйшла каля 50 іхных паэтычных, празаічных і перакладных зборнікаў. У 1951 Бонды пазнаёміўся з Багумілам Грабалам і мастаком Уладзімірам Боўднікам, зь якімі шмат гадоў дзяліўся сваімі эстэтычнымі тэорыямі. Дзякуючы Грабалу Бонды стаўся некім накшталт „легенды чэскага падпольля”. У 1957 Бонды завочна паступіў на філязафічнае аддзяленьне Карлавага Ўнівэрстытэту, якое закончыў у 1961 дыплёмнай працай „Přispěvek k problematice marxistické ontologie”. Гэтая праца сталася пунктам выйсьця для ягонага найбольш вядомага філязафічнага твору пад назвай „Útěcha z ontologie” (кніжнае выданьне ў 1967). Арыентацыя Бонды на ультралевы, антысавецкі марксізм і камунізм прывяла яго да трацкізму і да мааізму, які ён энтузіястычна прапагандаваў у 1960-х. У 1967 псыхіятры прызналі Бонды поўным разумовым інвалідам і выправілі яго на пэнсію. Пэнсія дала яму магчымасьць больш інтэнсіўна займацца паэтычнай і філязафічнай творчасьцю. У 1970-х Бонды стаўся культавай постацьцю чэскага андэрграўнду. Шмат ягоных вершаў паклаў на музыку славуты андэрграўндавы рок-гурт „Plastic People of the Universe”. Літаратурная творчасьць Бонды заставалася ў рукапісах або выходзіла ў чэскіх самвыдатах за мяжою ажно да 1989. У 1980-тых Бонды выкладаў на так званых кватэрных унівэрсытэтах і працаваў як рэдактар у самвыдаце „Vokno”. Пасьля ўпадку таталітарызму актыўна падключыўся да грамадзкага жыцьця, але неўзабаве пачаў ад яго бочыцца і ў 1994 пасяліўся ў сталіцы Славаччыны Братыславе. У 1990-х выйшла друкам ўся непадцэнзурная творчасьць Бонды з папярэдняга пэрыяду: паэзія (9 тамоў, 1991-93), філязафічныя эсэ (4 тамы, 1993-99), камэнтары да гісторыі філязофіі (6 тамоў, 1991-97), а таксама „3 x Egon Bondy” (1990), „Dvě leta” (1991), „Cesta Českem našich otců” (1992), „Nepovidka” (1994), „Hatto” (1995), „Leden na vsi” (1995), „Cybercomics” (1997), „Týden v tichém městě” (1998), „Bezejmenná” (2001). Шмат ягоных твораў было перакладзена на замежныя мовы; адну кніжку, апублікаваную ў Славаччыне, Бонды напісаў па-славацку. Бонды памёр 9 красавіка 2007 у шпіталі ў Братыславе ў выніку цяжкіх апёкаў, якія атрымаў, калі ад цыгарэты запалілася ягоная піжама.
„Дзявочы дзёньнік” („Deník dívky která hleda Egona Bondyho”) выйшаў у 2001 у славацкім выдавецтве „Albert Marenčin Vydavateľstvo PT Bratislava”. Вершы, датаваныя жніўнем 1971, адлюстроўваюць рэакцыю аўтара на наступствы савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. Сам Бонды сказаў пра гэтыя вершы так: 70-тыя гады ў Празе пачаліся ў прыгнечаным настроі. Пачуцьцё бездапаможнасьці асабліва пашыралася сярод маладых, якія ня помнілі ні 1938, ні 1948, але даняло і ўсіх нас астатніх. Я сам зусім перастаў пісаць — думаючы, што ўжо не змагу прыйсьці да сябе (хоць для мяне 21 жніўня 1968 не было ні неспадзеўкай, ні шокам). Літаральна як маланка чахнуў мяне ў леце 1971 невытлумачальны экстатычны стан. Як быццам згубіўшы розум, кожнай раніцы я ехаў на канцавы прыпынак трамваю, распранаўся дагала і пускаўся бегма зусім бяз мэты. У галаве пачыналі вірыць вершы. Вечарам мне ўдавалася запісаць ня больш за дзясятак, — але прытым я ўвогуле не разумеў, што яны значаць. І толькі пазьней, калі я ўзяўся парадкаваць тыя фрагмэнты, дайшло да мяне, што несьвядома я выказаў штосьці, што можна было пайменаваць — крыху ўзьнёсла, але ўсё ж адэкватна — аўтадэструкцыяй як апошняй абарончай лініяй рэзыстансу. У 1971 годзе мы ўсе адчувалі, што нас адціснулі на апошнюю абарончую лінію. І неўзабаве для цэлага пакаленьня андэрграўнду, які тады наступіў, тая апошняя лінія абароны — выказаная ў гэтым зборніку як паэтычная мэтафара — сталася пунктам новага выйсьця. Гэты зборнік, аднак, адрозьніваўся ад усяго, што яму папярэднічала. Уласна кажучы, зборнік займае ў маёй творчасьці маргінальнае месца. Але ён адзначыў дасягненьне нулявога пункту і выхад зь яго.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=42 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Эган Бонды і ягоны „Дзявочы дзёньнік”
Для друку / Вітальня