Літаратура.org » Дзівотня » Эган Бонды, Дзявочы дзёньнік

Дзявочы дзёньнік

Эган Бонды — Чэская — Ян Максімюк

* * *

 

Сёлетнім летам я ўрэшце выйшла свабодна

зараз за местам скінула ўсе апранахі

і хаджу цяпер па палёх наўкола Прагі голая

толькі празь вёскі нацягваю мех зь дзіркай для галавы й рук

 

* * *

 

Калі я так сабе выйшла

дык зусім ня думала што нехта будзе мяне непакоіць

in puncto сэксу

дый сама ўвогуле ня мела намеру нікога непакоіць

Але ўжо на другі дзень пераканалася

што мая бестурботнасьць не была ўшанаваная

Было гэта на Точне

там дзе лётаюць аэрапляны

 

* * *

 

На другі дзень я сабе сказала

што мушу міжволі лічыцца з паўтараньнем

і каб ня зьбіцца зь ліку

пачала за кожнага хто мне ўставіў

наколваць голкай абмакнутай у тушы

малую рысачку на плячы

Гэта было як нашыўкі сяржанта Пэпэра

адно што потым было іх больш

 

* * *

 

Я чула што Бонды таксама ходзіць зусім голы па ваколіцы

і носіць з сабою піва

Хацела б я зь ім сустрэцца!

Зрэшты якраз гэтым краем

любіў блукаць голы і сьвяты Ладзіслаў Кліма

і наколькі нам вядома

асабліва зімою

Я выпіла ў халупіцкай гасподзе шмат кухляў з ромам

сцала на пісуары ў казіным хляўку дзе сцалі Кліма й Бонды

але таго халупіцкага схілу не знайшла

ці то забудавалі яго летнікамі

ці то забралі яго анёлы

 

* * *

 

Надосьвітку між роснай канюшыны

мне забялела дупачка дзяўчыны

То трахаўся калгасьнік зь сінявокай

калі я іх мінала левым бокам

 

* * *

 

Калі я выйшла зь лесу было позна й вечарэла

Я апынулася на толькі што зжатым полі

Дзе толькі хлапец зь дзеўкай за пару крокаў ад мяне

ставілі апошнія снапы ў бабкі

Я ўжо звыклася што калі людзі бачаць мяне дык дзівуюцца

і хацела далей пайсьці сваёй дарогай

Але хлапец мне яе пераступіў і зашмат не пытаўся

Шчыраваў на мне так што калі я ўстала

была падзертая пожняй да крыві

 

Дзеўка ўвесь час стаяла над намі з рукамі ў бокі

і маўчала

 

* * *

 

Жанчыны на летніках

зь вельмі добра ўкормленымі цыцкамі й клубамі

беглі за мною калі я ім паказалася

і клікалі мяне да свае машыны свае хаты

сваіх транзыстараў ля сажалкі

да тых сваіх люкс турэмных каморак

казіных катухоў

і парасятнікаў

абяцаючы мне што вышлюць мужа ў Прагу

(дзеці й так былі ў бабулі)

і пойдуць са мною як толькі

возьмуць грошы з ашчаднай касы

або што хоць дадуць мне плаўкі

* * *

 

Поле як скінуць вокам

камбайнамі сажнуць як бач

зазьзяюць новыя стагі саломы

і ў кожным калгасе стукач

 

* * *

 

Ад адной трыццаціпяцігадовай я не адкруцілася

За лукой дарогі ў лагчыне стаяла хата

а ля весьніц яна ў старых парудзелых і падраных плаўках

пудовыя цыцкі зусім не абвіслае вымя

(пазьней яны ладна натапырыліся)

церліся аб плот

 

Паклікала мяне адразу як толькі ачомалася ад подзіву

але я праставала далей і адно мімаходзь памахала ёй і павіталася

а яна шарахам разарвала свой стары нацыцнік

і стала ў адчыненых весьніцах так

што я папросту не магла прайсьці міма

 

Добра што яна шмат не гаварыла мабыць зусім нічога

зацягнула мяне на тапчан

і там пакрыла як навальнічная хмара

Мая галава была між яе сьцёгнамі

яна была распараная сонцам

срака ў яе пахла сракай

потка ў яе пахла поткай

— урэшце так яно й мае быць —

што было рабіць

я не магла ня вылізаць адно й другое

 

Пасьля вечарам я ня ведала

ці паставіць за яе рысачку паміж іншымі

ці можа на другім плячы

Але потым пабаялася што было б крыху сьмешна

калі б на адной руцэ мела столькі, а на другой толькі адну

— не прыйшло мне на думку што гэта была дачасная боязь —

дык паставіла рыску пад тымі астатнімі дадаўшы малую кропачку

 

* * *

 

Калгасьніцы сьмяяліся задзіралі на палёх спадніцы

і паказвалі дасьпелыя поткі

ды здатныя задніцы

якія стрываюць не абы-якую навалу

для іх мая потачка з заднічкай

ня йшлі ні ў якую канкурэнцыю

а таму яны толькі рагаталі й ляпалі адна адной па сьпінах

і ад рогату хапаліся ў абдымкі

 

* * *

 

Дагэтуль я ня ведала што ў нас у Чэхаславаччыне

23 кілямэтры і 300 мэтраў аўтастрадаў

відаць даўно не чытала газэтаў

Але калі ўжо пра гэта дазналася

хутка дайшло да мяне якія ў іх перавагі

Я стала на ўзбочыне дзе нікому

нават таварышу генэральнаму сакратару нельга спыніцца

і за чвэрць гадзіны амаль прычынілася да сьмерці некалькіх дзясяткаў кіроўцаў

 

Потым схавалася ў сажалцы

калі з выцьцём налятаў нарад дзяржаўнай аўтаінспэкцыі

* * *

 

Мужык які стрэўся мне ў лагчыне

сказаў што ў вясковай гасподзе няма начлегу

але што я магу пераспаць у яго

 

У пакоі я хацела змыць зь сябе дзённы пыл

але так як стаяла я брудная й ліпкая ад поту

ён зваліў мяне на падлогу

каб не запэцкацца яшчэ больш

я зрабіла яму масток

Мабыць такога ён яшчэ ня ведаў і страшэнна распаліўся

калі на яго наставілася мая дзірка

Якраз калі пахіляўся каб ёю пакарыстацца

я ўбачыла на сьцяне насупраць усю сцэну ў люстры

Калі раптам убачыла той вузкі пасак цела запалы жывот і вытырчасты таз

увесь той тонкі стан над якім узвышаліся толькі грудзі

працяў мяне нечаканы жах

куды ж памесьціцца той ягоны ворган

А калі ўбачыла як уваходзіць

і хаваецца ўва мне цалкам

не магла ўцяміць куды ён зьнікае

а потым бачыла як вынырае

і зноў акунаецца туды

куды паводле адбіцьця ў люстры нат палова не магла ўвайсьці

і так мяне жахнуў і ўразіў той троххвілінны тэатар

што спачатку зусім забылася што прыймаю яго ў сябе

і толькі пад канец у шалёнай радасьці ад так дзівоснага й паўзбуднага відовішча

пачала крычаць каб засадзіў яшчэ далей

а калі ён спускаў

я ўпершыню сапраўды адчула тыя порцыі каханьня ажно пад сэрцам

* * *

 

Мужчыны што мяне сустрэлі

і тыя што мяне трахнулі

пагамоняць аб гэтым з тыдзень у гасподзе за півам

але для тых жанчын на летніках

я застануся непазбыўным цернем успаміну

на ўсё жыцьцё

пры кожным уставаньні на працу

пры кожных закупах па працы

пры кожным флірце на працы

 

* * *

 

Я сёньня ў полі раптам стрэла трактарыста

Здалёк ад вёскі разгубілася начыста

 

Быў поўдзень трыццаць пяць па Цэльсію у ценю

калі я бездарожжам клыпала ў зацьменьні

Калгасьнік кінуў працу зырыцца на дзіва

а я яго ня бачу — толькі мора піва

 

Пайшла далей і ён жа тут пайшоў за мною

зрэдчас за сраку браўся мацануць рукою

аднак увагі я яму не надавала

бо смага штораз большая мяне даймала

 

Іду ды йду паўсюды жудасная ціша

а ён за цыцкі лапае і хутка дыша

і той яму ўстае як наагул бывае

ды я адно гасподу зь півам выглядаю

 

Ўжо першая Ў жары зьвяры і людзі чахнуць

а я й ня думаю ці на хаду ён зможа трахнуць

бо чым цьвярдзей яму стаіць ягоны шворан

тым больш мне кружыць галаву піўное мора

 

* * *

 

Калі рабіла тое каля плоту

згубіла ў разварушанасьці боты

І толькі крапіва там цалавала

бо мужыччо мяне адно піхала

Пасьля я доўга поўзала пад плотам

за правым і за левым ботам

* * *

 

Найперш піхаў туды дзе трэба

— проста неба!

 

Пасьля між цыцак умасьціў івана

— нечувана!

 

Урэшце ў рот — усё яму замала

— цьфу — стрывала!

 

Адно ў маёй маленькай дупкі

ніяк не атрымаў саступкі

 

* * *

 

Ня думайце што некалі я буду дзеці гадаваць

наступнае пакаленьне рабоў

або на аўта зарабляць

дзеля большага дабрабыту і ўдойнасьці кароў

 

Ня думайце што некалі я буду нечым іншым чым свабодай якая

вас дражніць і якую як вядзьмарку хочаце зганобіць і спаліць

ніводную з вашых бытавых радасьцяў я ніколі ня буду з вамі сьвяткаваць

у вашым „шчасьці” я заўсёды буду прысутная сваёй непрысутнасьцю

няхай вас гэта давядзе да вар’яцтва да адчаю або да злосьці

таму ня толькі ніколі мае словы ня будуць афіцыйныя

таму таксама заўсёды буду для ўсіх непапулярная

апроч Эгана Бонды відаць

які таксама любіць працаваць

 

* * *

 

Ужо ўзяўся добры прыцемак

Тая вёска што ўзьнікла перада мною

калі я ўрэшце ўвайшла на ўзгорак

магла быць — паводле мапы — Суліцамі

На ўскрай вёскі стаяў сацыялістычны кароўнік

насупраць дому культуры

у якім зрабілі пастаянны склад

Сельсавет будзе ніжэй у вёсцы

насупраць гасподы дзе чатыры разы на дзень спыняецца аўтобус

 

У ваконцах кароўніка сьвяцілася

я паднялася на пальчыкі каб пабачыць

ці змагу там пераначаваць

Але ў пустым стойле

акурат наўпрост мяне

даярка якраз бралася спраўляць вечаровы туалет

Зьняла блюзу і дбайна павесіла яе на жэрдцы

а потым расшпіліла станік

зь якога вываліліся

вялізарныя цыцкі белыя як дзьве поўні

на тле дачарна загарэлых плячэй і стану

Калі выцірала пот цыцкі хваляваліся як мора

І тады неспадзеўкі ўвайшоў гультаіна

хлапец акурат у прызыўным узросьце

і хапіў яе

Гэта значыць — бо яе цыцка не зьмясьцілася б і ў дзьвюх даланях —

ён хапіў найперш за адну

і толькі пасьля за другую

 

Маці вучняў і вучаніцаў у старэйшых клясах

пачала зьлёгку павіскваць

але ёй ня трэба было скідаць спадніцу

Нічога пад ёй ня мела і хлапец яе толькі задзёр

і на яго разявіўся Вэнэрын узгорак

ды паглынуў як Тангойзэра

Такім чынам

як яны абапершыся аб жэрдку рухаліся разам

і стаўбур час-часом выныраў цэлы і патанаў нанава

выглядала (калі толькі зьлёгку прымружыць вочы)

быццам чорнагаловае цялё смокча каровіна вымя

хоць тут

сэксуальныя ролі былі адваротныя

Я глядзела на іх зь цікавасьцю

увесь час пакуль ня скончылі

што сталася на жаль

— як яно ўжо на вёсцы бывае — дужа захутка

Раззлаваная калгасьніца мігам выгнала таго гламазду

а потым зноў паволі і дбайна

зьняла злажыла й павесіла спадніцу на жэрдцы

выгладзіла на ёй усе складкі

і абтрэсла яе ззаду ад саломы

Прысела сабе на пальчыках

сьпінаю да вакна

паказваючы мне выдатную стокіляграмную задніцу

і прыціскаючы рукі да жывата

выпусьціла тое што толькі прыняла

і прытым як багіня высрала

там у кутку пад вакном

проста пад маім носам

таўшчэзнае тлустае доўгае і тугое лайно

якое спакваля выходзіла спаміж сьнежнабелых паўзадкаў

як забыты карычневы чэлес цыганчыка які толькі што адыйшоў

а магчыма

— бо што на гэтым сьвеце немагчыма? — так яно сапраўды й было

 

Я не адступіла ад вакна пакуль яна не пераадзелася ў кашулю

і выгодна не паклалася спаць

бо мела відаць таго дня начное дзяжурства ў кароўніку

 

Мне давялося пераначаваць навонкі

з боязі ад празьмернай блізкасьці багіні

якая зьявіўшыся гэтым летам тут

ідзе як я

без упыну

па ўсім сьвеце

некранальная й некранутая

вечная дзева вечная маці

сьвятая карова й магутная чараўніца

давераная й мілажальная ахоўніца нашых колішніх продкаў

сёньня ў Суліцах

 

Ранкам яе ўжо там не было

 

* * *

 

А пайшоў ён у сраку

увесь ананізм

самавыратавальнага самаёбства

славутага ўсёпераможнага ўсёперамагаючага жыцьця

а пайшло яно ў сраку

усё тое гнюснае крывадушнае трухло

мацярынскага шчасьця і дзіцячае любові

красы прыроды ласкі пачуцьця

а потым ужо толькі аб’ёбства абжорства сраньне і спаньне

выжыльваньне і вымазгоўваньне

каб мы маглі сказаць што гэта ўсё нічога — мы гэтага ня ведаем

а пайшоў ён у сраку

увесь той засраны опіюм

разьвіцьця чалавецтва поступу рэвалюцыі дзеля поступу

                саюзьнічаньня дзеля прагрэсу прагрэсу дзеля гуманізму

                гуманізму дзеля камунізму камунізму дзеля разьвіцьця

                разьвіцьця дзеля дабрабыту дабрабыту дзеля грамадзтва

                грамадзтва дзеля гаўна гаўна дзеля чалавека

                чалавека на луку луку на муку

а пайшла яна ў сраку

тая вырыгнутая жвачка здохлае кабылы

якая называецца жыцьцём

і падыхаючы брыкаецца вакол сябе

тая вырыгнутая жвачка здохлае кабылы

якой нас корміць дзьве з паловай тысячы гадоў

наша ўласная культура

г.зн.

наша ўласная дурнота

і наша ўласнае сьвінства

а пайшоў ён у сраку той усёпадман

якім дурым самі сябе

добра гэта ўсьведамляючы

і забіваючы кожнага хто наважыцца нам гэта сказаць

а пайшло яно ў сраку тое жыцьцё

насраць на яго як на кожную іншую ўстанову

якая забараняе пасцаць дзе чалавеку хочацца

яно так нікчэмнае

тое ваша жыцьцё

і так дрыготкае

што хопіць толькі дакрануцца пальцам

а ўсё што прыліпла да жыцьця як гаўно да кашулі

пачынае дрыжаць разам зь ім

як посны кісель

насраць на яго

вымесьці яго жалезнай мятлою

адусюль

лепш задурыцца гераінам

павесіцца запіцца

спаліцца заябацца

чымся аддаць гадзіну

чымся пабыць хоць гадзіну

ў абладзе тае злачыннае дурноты

калі б я працавала

або купляла машыну

або зарабляла на тэлевізар

і жывіла тым дзесяць тысяч звыродлівых падлюгаў

якія хочуць каб мы заставаліся жывыя

як найдаўжэй жывыя

каб проста было каго зжэрці

паводле ўсіх законаў і прынцыпаў Жыцьця

вы дурні

дзесяць тысяч звыродлівых падлюгаў

ад гаўнюкоў з гаркаму ажно да гаўнюка-прэзыдэнта

госпадабога не выключаючы

 

Дык пайшла яна ў сраку

праўдзівая аснова рэчаў

чымся бегаць як усраўшыся

з рэцэптамі ўдасканаленьня грамадзтва

 

* * *

 

Пачынаецца восень

Будзе зь месяц як хаджу кругом

А каб тую потку смальнуў гром!

Каб пазбавіў дакукі

І абсмаліў рукі

якія абдымалі

самі яго бралі

— чаму я лепш ня брала бром

 

Пачынаецца восень

пасьля дажынак

вярнуся ў Прагу

Бярэцца пад зазімак

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=41 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Дзявочы дзёньнік

Эган Бонды — Чэская — Ян Максімюк

Для друку   /   Дзівотня

за местам скінула ўсе апранахі
за местам скінула ўсе апранахі
Іншыя фоты
  1. Эган Бонды