12 The Cyclops
Я, ВОСЬ, БАЎЛЮ САБЕ ЧАС НА РАГУ АРБАР-ХІЛ СА СТАРЫМ Троем з ДГП, а тут усё роўна што чорту з-пад хваста выскаквае адзін пракляты камінар і суне мне сваёй мятлой проста ў вока. Абарочваюся, каб пекануць яму як сьлед, і бачу, хто ж гэта тэпае па Стоўні-бэтэр, няйначай Джо Хайнс.
— Ля, Джо, — кажу. — Як ты там прадуваеш? Бачыў, мне гэты халерны шмаравоз ледзь вока ня вылупіў сваім пэндзлем?
— Сажа на шчасьце, — кажа ён. — А што гэта за стары мудак, зь якім ты тут?
— Стары Трой, — кажу, — калісьці служыў у паліцыі. Я вось думаю, можа, мне прыцягнуць да адказнасьці таго забрынду, што ён запруджвае гарадзкі рух сваімі мётламі й драбінамі?
— А табе чаго тут у нашай ваколіцы? — пытае ён.
— Ды чортведама чаго, — кажу. — Тут адзін жулік, спрытнюга, за гарнізоннай капліцай жыве на рагу Чыкін-лэйн, — стары Трой мне якраз што-нешта шапнуў на ягоны конт — нагаварыў, быццам у яго багатая гаспадарка ў графстве Даўн, і пад гэтым выглядам нахапаў колькі ў змогу гарбаты й цукру, нібыта ў растэрміноўку па тры шылінгі на тыдзень, ад аднаго кучматага курдупля па празыўцы Мойша Герцаг вунь там каля Хэйтсбэры-стрыт.
— Абрэзаны? — пытае Джо.
— Але, — кажу. — Так крышку зь вяршка. Трубакладчык па прозьвішчы Гераты. Два тыдні за ім бегаю й не магу выціснуць ні пэнса.
— Дык ты цяперака гэтым перабіваесься? — пытае Джо.
— Але, — кажу. — Як палі волаты! Спагнаньне ліхіх і сумліўных даўгоў. А гэты — ад самага закаранелага бандзюгі, якога толькі сьвет бачыў, морда ўся падзіраўленая восьпінамі, што друшляк. Перадайце яму, кажа, я яго асьцерагаю, кажа, і яшчэ раз перасьцерагаю вас сюды пасылаць, бо калі пашле, кажа, то я яго прыцягну ў суд за гандаль безь ліцэнзіі, хай тое ведае. А сам за ягоны кошт так набіў сабе пуза, што, ля, зараз лопне. Я са сьмеху ледзь ня здох, калі той малы жыдзіна стаў на сабе валасы ірваць. Ён мае гарбаты п’е. Ён мае цукры есьць. Дык чаму ён не аддавае мае грошы?
За непсавальны тавар, закуплены ў Герцага Майсея, гандляра, месца пражываньня г. Дублін, Сэнт-Кэвін-парэйд, 13, квартал Вуд-кі, надалей менаванага ”прадавец”, прададзены й дастаўлены Гераты Майклу Э., эсквайру, месца пражываньня г. Дублін, Арбар-хіл, 29, квартал Аран-кі, надалей менаванага ”пакупнік”, а менавіта, гарбата першага гатунку, у колькасьці пяці хунтаў гандлёвай вагі, вартасьцю па тры шылінгі нуль пэнсаў за хунт гандлёвай вагі, і цукар-крышталь, у колькасьці сарака двух хунтаў гандлёвай вагі, вартасьцю па тры пэнсы за хунт гандлёвай вагі, згаданы пакупнік абавязаны заплаціць згаданаму прадаўцу адзін фунт стэрлінгаў, пяць шылінгаў і шэсьць пэнсаў, што складаюць вартасьць тавару, якога сума згаданым пакупніком павінна выплочвацца згаданаму прадаўцу ў штотыднёвых ратах, а менавіта, тры шылінгі нуль пэнсаў кожныя сем каляндарных дзён. Згаданы непсавальны тавар не падлягае выкарыстаньню ў якасьці закладу або зарукі, як і перапродажу ці іншым родам адчужаньня з боку згаданага пакупніка, а павінен прабываць і заставацца й захоўвацца як выключная й цалкавітая ўласнасьць згаданага прадаўца, які можа распараджацца ім паводле свае добрае волі й жаданьня, пакуль згаданая сума ня будзе поўнасьцю выплачана згаданым пакупніком згаданаму прадаўцу згодна з вышэй устаноўленым парадкам, як аб гэтым дамоўлена сёньняшняй датай паміж згаданым прадаўцом, ягонымі насьледнікамі, спадкаемцамі, упаўнаважанымі й пераемнікамі з аднаго боку, і згаданым пакупніком, ягонымі насьледнікамі, спадкаемцамі, упаўнаважанымі й пераемнікамі з другога боку.
— Ты ў нас строга непітушчы? — пытае Джо.
— Паміж дзьвюма чарачкамі ў рот ні кроплі, — кажу.
— Тады, можа, аддамо шанаваньне аднаму нашаму сябру? — пытае Джо.
— Якому ж гэта? — кажу. — Ён, можа, ужо ў Божага Джона зьвіхнуўся, бедачына.
— Ад уласнага трунку? — кажа Джо.
— Ага, — кажу. — Віскі з содай стукнула па мазгох.
— Заглянем да Барні Кірнана, — кажа Джо. — Мне трэба пабачыцца з Грамадзянінам.
— Тады йдзем да міленькага Барні, — кажу. — А што цікавага на сьвеце чуваць?
— Ні зыку, — кажа Джо. — Я вось быў на сходзе ў ”Гарадзкім Гербе”.
— А гэта пра што? — кажу.
— Жывёлагадоўцы наконт яшчуру, — кажа Джо. — Хачу пра гэта сказаць Грамадзяніну пару палкіх слоў.
І такім чынам, гамонячы пра сёе й тое, абыходзім мы зь ім казармы Лінэнхол і прастуем пазадворкамі каля суда. Неблагі ён чалавек, той Джо, калі у кішэні ў яго пабразгвае, толькі руку дам адсекчы, што такога зь ім ніколі не бывае. Так, а мне з галавы не вылазіў той кляты спрытнюга Гераты. Разбой сярод белага дня. За гандаль безь ліцэнзіі, кажа.
У Інісфайл чароўнай край ляжыць. Дзівосны край, зямля сьвятога Мічэна. І пасярод яго высіцца вежа, бачная ўсім людзям здалёку. Магутныя нябожчыкі там сьпяць, як бы жывыя сном заснуўшы, ваяўнікі і прынцы славы неабсяжнай. І мілыя душы там воды шапаткія, і рыбныя струмені, дзе гулі водзяць пікша й масьлюк, ліманда й палтус, камбала звычайная й дзівотная, плотка, сайда ды ласось, і сярмяжны рыбін люд уперамесь, ды й іншыя насельнікі воднага каралеўства, ліку якіх нікому не зьлічыць. Пад подыхам лагодных вецяркоў з усходу й захаду велічныя дрэвы калышуць першасортную сваю лістоту, духмяная сыкамора, ліванскі кедар, узьнёслы плятан і гойны эўкаліпт, ды іншыя аздобы ляснога сьвету, якімі гэны край надзелены зусім няблага. Там гожыя дзяўчаты, засеўшы ля падножжа гожых дрэваў, песьні пяюць найпрыгажэйшыя ды забаўляюцца ўсялякімі прыгожымі прадметамі, а ў прыклад, залатымі зьліткамі й срэбнымі рыбкамі, бачуркамі сялёдкі й поўнымі нератамі вугроў, маладымі траскамі й кашолкамі ласосевай малечы, пурпуровымі кляйнотамі мора й свавольнымі казюркамі. І славутыя рыцары з усіх бакоў імчаць да іх у залёты, ад Элбаны да Сліўмаргі, непараўнаныя прынцы зь непераможнага Манстэру й справядлівага Конахту, з шаўковых раўнінаў Лэнстэру, з краіны Круахана й з пышнай Армы, і з шляхотнай акругі Бойл, прынцы, сыны каралёў.
І высіцца там раскошны палац, крыштальны купал якога сьвеціць мараходам, што барозьняць пространі мора ў ладзьдзях, адмыслова дзеля таго змайстраваных, і купіцца там усялякі статак і кормнае быдла і першыя плады тае зямлі, і О’Конэл Фіцсайман бярэ зь іх даніну, важак і нашчадак важакоў. У велічэзных палукашох туды йдзе першы плён палёў, мяхі капусты, простай і каляровай, уежнай і ўлежнай, абярэмкі шпінату, марынаваныя ананасы, дыні, гурбы памідораў, пучкі хвігаў, кучы бручкі, круглая бульба, кошыкі цыбулін, пэрлаў зямлі, кашолкі грыбоў, кабачкі, рэпа, віка, ячмень, і чырвоныя зялёныя жоўтыя карычневыя ружовыя салодкія вялікія кіслыя сьпелыя яблыкі й лубянкі трускавак і рашоты агрэсту, сакавітага й махнатага, і суніцаў, годных прынцаў, і малінаў проста з куста.
Я яго асьцерагаю, кажа, і яшчэ раз перасьцерагаю. А ну, выйдзі сюды, Гераты, ты закаранелы разбойніку зь вялікай дарогі!
І туды ж кіруюцца незьлічоныя чароды племянных авечак, і завадзкіх бараноў, і яркаў, і ягнятаў, і шэрых гусей, і маладых бычкоў, і дыхавічных кабылак, і бязрогіх цялятак, мэрыносаў, авечак на мяса, цельных цялушак ад Кафа, забракаваных недамеркаў, сьвінаматак і бэконных сьвіней і самых адборных сьвіней іншых разнародных разнароднасьцяў сьвінога роду, цялушак з графства Энгус і завадзкіх бычочкаў зь бездакорнай радаслоўнай, мясных быкоў і ўдойных кароваў-рэкардзістак; і безупынна там чуваць тупат і гыгат, іржаньне й бляяньне, мык і рык, рохканьне, чмяканьне й хрумстаньне сьвіней, авечак і цяжкакапытнага быдла з паплавоў Лашу й Рашу й Карыкмайнсу, з абалонных лугоў Тамонду й недаступных хрыбтоў МакГілікадыРыкс, зь берагоў велічнага бяздоннага Шэнану й з прыветлівых спадаў паселішча роду Кіяр, вымёны іх набраклі ад малака звышдастатку; і там жа грувасьцяцца бачуркі й кадушкі масла, клінкі сыру, баранія сьцягнякі, корабы збожжа, сотні й тысячы яек, усялякіх памераў і на доўгасьць прадоўжных, колеру агату й крэйды.
Значыць, завярнулі мы да Барні Кірнана, і там, як і належыцца, у куце сядзіць Грамадзянін у важнай дыскусіі з самім сабою, а той ягоны паршывы сабачыска, Гарыоўн, пры ім, і чакаюць, калі й што перападзе ім у сухое горла.
— Вось ён, — кажу, — разваліўся як мядзьведзь у бярлозе, зь неразлучным кухлем над кучай папераў, і шчыруе дзеля вялікае справы.
Тут непрыкаяны брахуніска як загырчыць, ажно мурашы па скуры забегалі. Было б дабрадзействам для грамадзтва, калі б хто яго ўзяў і нарэшце прыдушыў. Мне апавядалі, што тут ён аднаго разу пашкуматаў на шматачкі порткі паліцыянту, які прыйшоў з позвай наконт ліцэнзіі.
— Стой, хто йдзе? — гукае ён.
— Спакойна, Грамадзянін, — кажа Джо. — Тут свае.
— Праходзьце, сябры, — кажа ён.
І потым трэ вока даланёй і пытае:
— Што вы мяркуеце пра абставіны цяперашняга часу?
Гуляе ў такога Роры з гор. Але тут, каб я сеў, Джо аказаўся на вышыні.
— Я думаю, акцыі падымаюцца, — кажа ён, гладзячы па разрэзе сваіх порткаў.
А Грамадзянін ляпае сябе па калені й мовіць:
— Чужыя войны, вось усяму прычына.
А Джо на гэта, калупаючы пальцам у кішэні:
— Усё тыя расейцы, што прагнуць тыраніі.
— Слухай, — кажу яму я, — ты ўжо кінь тут балбатаць, Джо. У мяне смага такая, што за паўкроны не прадаў бы.
— Назаві марку, Грамадзянін, — кажа Джо.
— Віно нашай айчыны, — кажа той.
— Ну, а ты? — Джо да мяне.
— Далучаюся да вышэй памянёнага, — кажу.
— Значыць, тры квартачкі, Тэры, — кажа Джо. — А як старое сэрцайка, Грамадзянін?
— У найлепшым стане, a charaМой дружа (ірлян.)., — кажа той. — Ну як, Гары? Наша возьме? Га?
І хапае тое старое сабарно за карак, ды так, што яшчэ трошкі, і журы зь яго выйшлі б.
Фігура, што сядзела на велічэзным валуне ў падножжа круглай вежы, уяўляла сабою шыракаплечага стромкагрудага моцначленнага сьмелавокага рыжавалосага густарабаціністага калматабародага вялікаротага шыраканосага доўгагаловага нізкагалосага голакаленнага магутнарукага валасатаногага барвоватварага жылістамускулістага героя. У плячох ён мерыў колькі добрых сажняў, а калені ягоныя, падобныя дзьвюм скалістым кручам, як і ўсё астатняе цела, бачнае воку, пакрытыя былі калючым рыжаватым зарасьнікам, які колерам і пругкасьцю нагадваў дзікі цёран (Ulex Europeus). Ноздры з шырэннымі крыламі, адкуль вытыркалі пучкі валасоў таго ж рыжаватага колеру, былі нагэтулькі ўмяшчальнымі, што ў іхнім пячорным змроку палявы жаваранак бяз цяжкасьці зьвіў бы сабе гняздо. Вочы, у якіх сьляза з усьмешкай вечна спрачаліся за першынство, дасягалі памеру адборнага качана капусты. Магутны струмень гарачага духу мерна вырываўся зь ягоных бяздонных грудзей, і гэтак жа разьмераныя магутныя гулкія ўдары ягонага велізарнага сэрца раскатамі ўстрасалі грунт, прымушаючы ўздрыгваць па самую вяршыню высозную вежу, і яшчэ больш высозныя сьцены пячоры.
На ім была доўгая шата без рукавоў, са скуры толькі што асьвежаванага быка, якая свабодна спадала яму да каленяў, быццам кільт, і была перахопленая ў поясе апярэзкай, сплеценай са сьцёблаў трысьнягу й саломы. Пад гэтай шатай ён меў порткі з аленевай скуры, груба сшытыя жыламі. Споднія члены ахоўвалі высокія балбрыганскія гетры, фарбаваныя пурпуровым лішайнікам, а ступні былі абутыя ў дублёнкі з каровінай скуры, зашнураваныя дыхаўкай тае ж жывёлы. На падпярэзцы віселі морскія каменьчыкі, якія пабразгвалі пры кожным поруху ягонай велічнай постаці; на іх груба, але з паражальным майстэрствам былі выразаныя выявы кланавых апекуноў, шматлікіх старажытных герояў і гераіняў Ірляндыі: Кухуліна, Кона Ста Бітваў, Найла Ад Дзевяці Заложнікаў, Браена Кінкорскага, Малахіі Вялікага, Арта МакМора, Шэйна О’Ніла, айца Джона Мэрфі, Оўэна Рова, Патрыка Сарсфілда, Рыжага Х’ю О’Донэла, Рыжага Джыма МакДэрмата, Согарта Оўэна О’Гроні, Майкла Дваера, Фрэнсі Хігінса, Генры Джоя МакКрэкэна, Галіята, Гарацыё Ўітлі, Томаса Конэфа, Пэг Уофінгтан, Вясковага Каваля, Начнога Капітана, Капітана Бойката, Дантэ Алігіеры, Хрыстафора Калюмба, сьв. Фурсы, сьв. Брэндана, маршала МакМагана, Карла Вялікага, Тэабалда Вулфа Тона, Мацеры Макавеяў, Апошняга з Магіканаў, Ружы Кастыліі, Сапраўднага Голуэйца, Чалавека Які Разьбіў Банк у Монтэ-Карла, Абаронцы Варотаў, Жанчыны Якая Не, Бэнджаміна Франкліна, Напалеона Банапарта, Джона Л. Салівэна, Клеапатры, Вернай Каханай, Юлія Цэзара, Парацэльса, сэра Томаса Ліптана, Вільгэльма Тэля, Мікэлянджэла Хэйса, Магамэта, Ламэрмурскай Нарачонай, Пётры Эрэміты, Пётры Ашуканца, Чарнявай Разалін, Патрыка В. Шэкспіра, Браена Канфуцыя, Морта Гутэнбэрга, Патрыцыя Вэляскэса, Капітана Нэма, Трыстана й Ізольды, першага Прынца Валіі, Томаса Кука й Сына, Харобрага Дзецюка Жаўнера, Адданага Пацалункам, Дыка Тэрпіна, Людвіга Бэтховэна, Бяляначкі, Клыпянды Хілі, Энгуса Слугі Божага, Далімаўнту, праспэкту Сыдні, мыса Хоўт, Валэнтайна Грэйтрэйкса, Адама й Евы, Артура Ўэлслі, боса Крокэра, Герадота, Пакаці Гарошка, Буды Гаўтамы, ледзі Гадайвы, Лілеі Кіларні, Бэйлора Злое Вока, каралевы Сабы, Экі Нэгла, Джо Нэгла, Алесандра Вольты, Джэрэмі О’Донавана Росы, Дона Філіпа О’Салівэна Біра. Побач зь ім спачывала завостраная дзіда з часанага граніту, а ля самых ног прылёг люты зьвер сабачага роду, чыё перарывістае дыханьне паказвала на тое, што ён панурыўся ў неспакойны сон; здагадка гэтая знаходзіла пацьвярджэньне ў хрыпатых погырках і сутаргавых уздрыгах, якія пан час ад часу ўтаймоўвай супакаяльнымі ўдарамі магутнай мачугі, груба вырабленай з палеалітычнага каменя.
Значыць, Тэры прыносіць тры пінты, а Джо ўсё стаіць, і тутака мне зіркачы палезьлі на лоб, калі ўбачыў, як ёй вымае з кішэні гінэю. Калі ня верыце, пабажуся. Гожанькі кругленькі савэрэн.
— Там яшчэ шмат такіх, адкуль гэты, — кажа ён.
— Нябось, абакраў банку для бедных у касьцёле? — пытаю.
— Сумленным потам-мазалём, — кажа ён. — Гэта мне той разважлівы тып намякнуў.
— Я бачыў яго перад тым, як сустрэўся з табою, — кажу. — Ён швэндаўся па Піл-лэйн ды па Грык-стрыт і талопіў сваё рыбіна вока на рыбіны кішкі.
Хто вандруе па землях Мічэна, закаваны ў чорны панцыр? О’Блюм, сын Роры — гэта ён. І боязі ня ведае той сын Роры, балазе душа ў яго разважлівая.
— Для старой з Прынс-стрыт, — кажа Грамадзянін, — для субсыдыяванай газэткі. Трымаюцца пагадненьня ў Палаце. А гляньце на гэту чортаву анучу, кажа ён. Толькі гляньце на яе. ”Айрыш Індэпэндэнт”, калі ласка, якую Парнэл заснаваў на тое, каб яна служыла працоўнаму люду. А вы толькі паслухайце сьпіс народзін і сьмерцяў у гэтай, калі дазволіце, ірляндзкай дзеля незалежнай Ірляндыі газэце, і тое самае пра шлюбы.
І пачынае зачытваць уголас:
— Гордан, Барнфілд-Крэснт, Эксэтэр; Рэдмэйн, Іфлі, СэнтЭнонСі: жонка Уільяма Т. Рэдмэйна нарадзіла сына. Што вы на гэта, га? Райт і Флінт, Вінсэнт і Джылет, з Ротай Мэрыям, дачкой Розы й нябожчыка Джорджа Алфрэда Джылэта, Клафам-роўд, 179, Стокуэл, Плэйвуд і Рысдэйл, Сэнт-Джуд, Кэнсынгтан, шлюб даў высокаправялебны доктар Форэст, старшы Вустэрскага сабору. Га? Сьмерці. Брыстаў, Уайтхол-лэйн, Лёндан; Кэр, Стоўк Ньюінгтан, ад гастрыту й хваробы сэрца; Трыпэр, Мат-хаўз, Чэпстаў...
— Гэтага тыпа я ведаю, — кажа Джо, — з горкага досьведу.
— Трыпэр. Дымсі, жонка Дэйвіда Дымсі, які служыў у Адміралітэце; Мілэр, Тотэнэм, на восемдзесят пятым годзе; Уэлш, 12 чэрвеня, Кэнінг-стрыт, 35, Лівэрпул, Ізабэла Хэлэн. Што супольнага гэта ўсё мае з нацыянальнай прэсай, га, піцю нямыты? Што гэта нам кажа пра Марціна Мэрфі, крытага палітыкана з Бантры?
— А ну іх, — кажа Джо, падсоўваючы кухлі. — Дзякуй Богу, што яны нас апярэдзілі. Ты лепш выпі, Грамадзянін.
— Не адмоўлюся, — кажа той высокашаноўны муж.
— Ну, будзем, Джо, — кажу. — Хаўтуры аб’яўляю адкрытымі.
Ух! Аў! Што й казаць! Я безь яе зажурыўся да жураў, бяз гэтае пінты. І без прынукі заяўляю, што чуў, як яна плюхнула на самы дол майго жывата.
Але ля! ледзь толькі яны асушылі свае чары радасьці, як шпаркабежна ўляцеў да іх боскі пасланьнік, праменны як вока нябёсаў, даспадобны сабой маладзён, за якім сьледам зьявіўся старац шляхотнай паставы й аблічча, несучы сьвяшчэнныя скруткі закону, і зь ім ягоная жонка, дама беззаганнага радаводу, аздоба свае радзіны.
Малы Олф Бэрган шмыгае ў дзьверы й хаваецца ў задняй каморцы ў Барні, сам ледзь ня лопне са сьмеху. А я толькі цяпер прыкмячаю, хто ж гэта там п’яны храпаціць у куточку, як пшаніцу прадаўшы, няйначай Боб Доран. Да мяне ўсё яшчэ не даходзіць, што тут чвэрыцца, а Олф Бэрган робіць якіясьці знакі зь дзьвярэй. І тут уваходзе, не ўгадаеце хто, той ёлупень бзікаваты, Дэніс Брын, у хатніх лапцях і зь дзьвюма таўшчэрнымі тамамі пад пахай, а за ім жонка, няшчасная гаротная баба, дрыпае наўздагонку, як мопсік. А Олф, ля, ужо здубянеў ад сьмеху.
— Паглядзеце, — кажа. — Гэта наш Брын. Хтосьці яму прыслаў паштоўку, дзе напісана: пр. др. І ён цяпер валочыцца па цэлым Дубліне, хоча су... су...
І зноў яго хапіла напалам.
— Сучаго? — кажу.
— Судовую справу ўзьняць, — кажа ён. — Усяго на дзесяць тысяч фунтаў!
— Хвігу пад нос! — кажу.
Пракляты брахун, пачуўшы новага, зноў падымае свой гыркат, ажно табе сьцішнавата робіцца, але тут Грамадзянін смальнуў яму высьпяткам паміж скабаў.
— Bi i dho hushtЗамоўкні (ірлян.)., — кажа.
— Значыць, ён хто? — пытае Джо.
— Брын, — кажа Олф. — Ён быў у Джона Генры Мэнтана, потым ад яго павалокся да Коліса і Ўорда, а потым яго сустрэў Том Рочфард і паслаў дзеля пацехі да галоўнага інспэктара паліцыі. Божа ты мой, жывот у мяне стаў рэзаць. Пр. др.: прафэсар доктар з прыдурам. Даўгяла палыпаў на яго сваім вокам, добра, што не пасадзіў на хлеб і ваду. І цяпер гэты стары псых дыбае на Генры-стрыт, дэтэктыва хоча знайсьці.
— А калі нарэшце Доўгі Джон павесіць таго хвата ў Маўнтджой? — пытае Джо.
— Бэрган, — мыкае Боб Доран, прачынаючыся. — Ты хто, Олф Бэрган?
— Я й ёсьць, — кажа Олф. — Павесіць? Чакайце, я вам зараз пакажу. Гэй, Тэры, дай сюды кухлік. Не, ну й стары ёлуп! Дзесяць тысяч фунтаў. Шкада, што вы ня бачылі, як Доўгі Джон на яго паглянуў. Пр. др...
І зноў рагоча.
— Ты з каго сьмяесься? — мыкае Боб Доран. — Ты хто, Бэрган?
— Тэры, хлопча, жвавей, — просіць Олф.
Тэрэнцый О’Раен, пачуўшы ягонае слова, мігам падаў яму крышталёвую чару, да берагоў поўную пеністым цёмным півам, якое варылі здавён у сваіх боскіх кадзях шляхотныя блізьнюкібраты Півайві й Півардылан, хітрамудрыя, як сыны несьмяротнай Леды. Бо зьбіраюць яны сакавітыя плады хмелю й ссыпаюць, прасейваюць, таўкуць і вараць іх, і прымешваюць да іх церпкія сокі й ставяць брагу на сьвяшчэнны агонь, ні ўдзень ні ўночы намогам сваім упыну ня ведаючы, хітрамудрыя браты, паны сваіх кадзяў.
І ты, о рыцарскі Тэрэнцый, як зроду хаваны ў высокіх манэрах, паднёс яму нэктарны напой, крышталёвую чару падаў яму, спрагламу, рыцарскай душы, красою падобнаму несьмяротным.
Але ён, юны важак О’Бэрганаў, і подуму не дапускаў, каб хто яго перавышаў у шляхотных парывах, і шчодрым жэстам падаў яму аболь з дарагое бронзы. Умелай рукою быў выбіты на ім узьнёслы воблік каралевы, нашчадніцы дому Брансуік, Вікторыі іменем, Яе Найвяльможнай Дастойнасьці, з Божай ласкі Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі й Ірляндыі й брытанскіх заморскіх уладаньняў каралевы, заступніцы веры, імпэратрыцы Індыі, той, што ўладала над незьлічонымі скаронымі народамі й была ім ласкавая, бо ўведалі яе й пакахалі ў краёх, дзе сонца ўзыходзіць і дзе заходзіць, бледнаскурыя й цёмнаскурыя, чырванаскурыя й эфіёпы.
— Той кляты фармасон, — кажа Грамадзянін, — чаго ён там шныпарыць туды й назад на дварэ?
— Хто такі? — пытае Джо.
— Во яна, — кажа Олф, вылузваючы манэту. — Вы якраз пра вешаньне. Дык я вам зараз пакажу, чаго вы на вочы ня бачылі. Лісты вешальніка. Во, пагляньце.
І выймае з кішэні цэлую пачку лістоў і канвэртаў.
— Дурня строіш? — пытаю.
— Шчырая праўда, — кажа ён. — Самі пачытайце.
Ну, Джо бярэ лісты.
— Ты з каго сьмяесься? — зноў адзываецца Боб Доран.
Гляджу, як бы тут якая звадка ня выйшла. Боб у прыдуркі пішацца, калі яму стукне ў голаў, таму кажу, каб адцягнуць:
— А як там у Ўіла Мары апошнім часам, Олф?
— Ня ведаю, — кажа ён. — Я яго толькі што сустрэў на Кэйпл-стрыт, з Пады Дыгнамам. Але мне трэба было бегчы...
— Што? — Джо адарваўся ад лістоў. — З кім?
— З Дыгнамам, — паўтарае Олф.
— З тым, які Пады? — пытае Джо.
— Але, з тым, — кажа Олф. — А што?
— Дык ты ня ведаеш, што ён памёр? — Джо яму.
— Пады Дыгнам памёр! — кажа Олф.
— Менавіта, — кажа Джо.
— Ды пару хвілін таму я яго бачыў на ўласныя вочы, — кажа Олф, — так як вас тут бачу.
— Гэта хто памёр? — пытае Боб Доран.
— Ты, значыць, бачыў ягоны прывід, — кажа Джо. — Хай Бог сьцеражэ.
— Як? — пытае Олф. — Госпадзе Божа, дык усяго пару... Як гэта?.. і зь ім Уіл Мары, а побач яшчэ той, як жа яго завуць... Як жа так? Дыгнам памёр?
— Што там пра Дыгнама? — зноў Боб Доран. — А ну, хто тут пра...
— Памёр! — кажа Олф. — Ды ён памёр ня болей за цябе.
— Можа й так, — кажа Джо. — Але ўсё ж сёньня раніцай далі сабе волю й пахавалі яго.
— Як, Пады? — кажа Олф.
— Яго самога, — адказвае Джо. — Уплаціў доўг прыродзе, памілуй Госпадзе ягоную душу.
— Госпадзе Ісусе! — кажа Олф.
Дальбог, чалавека аглузьдзіла.
У цемры адчувалася, як трапяталі рукі духа, і калі малітву па тантрычным абрадзе скіравалі ў адпаведны абшар, зрабілася паступова бачным слабое, якое зь цягам часу нарастала, сьвяценьне рубінавага тону. У сваім зьяўленьні эфірны двайнік набываў прыкметы жыцьця, асабліва за кошт імпульсаў вітальнай энэргіі, якую дастаўляла аўра галавы й твару. Сувязь была наладжана праз эпіфізную залозу, а таксама пры дапамозе яскравааранжавых і барвовых праменьняў, якія выходзілі з сакральнай часткі й сонечнага спляценьня. Калі да яго зьвярнуліся, называючы імем, якое ён насіў у сваім зямным жыцьці, і запыталі яго аб прабываньні ў духоўным сьвеце, то ён паведаміў, што цяпер праходзіць шлях вяртаньня, пралайа, але ўсё яшчэ знаходзіцца ў моцы нейкіх крыважэрных істотаў на ніжэйшых астральных плянах. У адказ на пытаньне аб сваіх першых адчуваньнях пасьля пераходу вялікага парогу тамтэйшага сьвету ён паведаміў, што раней бачыў як быццам празь цьмянае шкло, аднак тым, што пераступілі парог, адкрываюцца вялікія магчымасьці атмічнага разьвіцьця. Будучы запытаны, ці жыцьцё па той бок нагадвае наша зямное йснаваньне, ён паведаміў, што, як чуў ад істотаў на больш высокіх ступенях у духоўным свеце, іхнія жытлы абсталяваныя сучаснымі хатнімі выгодамі, такімі як талафана, ліфата, вадакрана й прыбірана, а адэпты самых высокіх ступеняў купаюцца ў хвалях найчысьцейшай насалоды. Калі ён папрасіў шклянку масьлёнкі, яна была пададзеная й прынесла відавочнае палягчэнне. Запытаны, ці не жадае нешта пераказаць жывым, ён заклікаў усіх, хто яшчэ прабывае на дрэнным баку Маі, ступіць на шлях праўды, паколькі ў дэванічных колах стаіць, што Марс і Юпітар знаходзяцца ў супрацьборстве, пагражаючы ўсходняму дому, дзе ўладарыць баран. Калі пацікавіліся, ці няма нейкіх асаблівых пажаданняў з боку супачылых душаў, адказ быў: Мы шлем вам прывітаньне, нашы зямныя сябры, што далей прабываеце ў плоці. Зважайце, каб К. К. не заходзіў задалёка. Устаноўлена было, што ініцыялы адносяцца да містэра Карнэліюса Кэлэхера, кіраўніка вядомай пахавальнай канторы Г. Дж. О’Ніла й сябры нябожчыка, які асабіста нёс адказнасьць за правядзеньне пахавальнага абраду. Перад тым, як аддаліцца, ён папрасіў пераказаць ягонаму каханаму сыну Пэтсі, што другі чаравік, якога той шукаў, ляжыць цяперашнім часам пад камодай у бакоўцы, і цэлую пару трэба занесьці да Калэна, але папраўляць толькі падноскі, бо абцасы яшчэ добрыя. Ён прызнаўся, што гэта моцна трывожыла супакой ягонай душы ў іншым сьвеце, і настойліва прасіў выканаць гэтую ягоную просьбу. Былі дадзеныя запэўненні ў тым, што ўсё неабходнае будзе зробленае, і, як можна было заўважыць, гэта прынесла задавальненьне.
Ён пакінуў жытлы сьмяротнікаў, О’Дыгнам, сонца нашай раніцы. Хуткалётнымі ступнямі не парушыць спакой лясных папарацяў, Патрык з чалом праменным. Заплач над ім, Банба, сваімі вятрамі, і ты, Акіян, сваімі ўраганамі.
— Вунь ён зноў тамака, — кажа Грамадзянін, выглядваючы праз вакно.
— Хто? — кажу.
— Блюм, — кажа ён. — Як вартаўнік снуе туды й назад, ужо хвілін дзесяць.
І тут, дальбог, я заўважыў, як ягоная фізія зіркнула ў сярэдзіну й шась, зноўку зьнікла.
А малога Олфа як быццам у цемя шарахнулі. Ніяк не пазьбіраецца.
— Ісусе міласэрны! — кажа. — Я мог бы прысягнуцца, што гэта быў ён.
І тут зноў адгукаецца Боб Доран, шапка на карку, ён немагчымы пагромшчык, калі на яго нападзе:
— А ну, хто сказаў Ісусе міласэрны?
— Прасрачце, калі ласка, — кажа Олф.
— Дык па-твойму гэта міласьць, — цягне Боб Доран, — забраць у нас беднага малога Ўіла Дыгнама?
— Ну, разумееш, — засекся Олф, збаўляючы з маху, — цяпер яго ўжо нішто не хвалюе.
А тут Боб Доран як рыкне:
— Паршывы нягоднік, вось ён хто, раз забраў у нас беднага малога Ўіла Дыгнама.
Тэры падыходзіць і моргае яму, каб ён прыціх, маўляў, ня трэба нам такіх гутарак у такой прыстойнай установе. І тады Боб Доран, вось вам шчырая праўда, пачынае ліць горкія сьлёзы над лёсам Пады Дыгнама.
— Найдабрэйшы чалавек быў, — захімкаў, — найчысьцейшая, найдабрэйшая душа.
Мала што, а сьлязу табе выцісьне. І далей гамоніць сваю халерную трызну. Пайшоў бы лепш да свае сучачкі, з якою яго ажанілі, да шаленаватай Муні, дачкі бумбэйліфа. Мамуля трымала пансыянацік на Хардвік-стрыт, дык яна там вечна цягалася па калідорах, мне Бэнтам Лаенс распавядаў, бывала, а другой уночы выйдзе ў чым маці нарадзіла й стаіць, глядзі й давай, каму трэба, прыступ для ўсіх на роўных паёх.
— Найшчырэйшы й найшанаўнейшы, — Боб усё хімкае. — І вось ён адыйшоў, бедны малы Ўіл, гэта значыць, наш малы бедны Пады Дыгнам.
У глыбокім смутку й зь невыносным цяжарам на сэрцы ён аплакваў загаслы сьветач нябёсаў.
Тут стары Гарыоўн зноў загырчаў на Блюма, што ўсё круціўся перад дзьвярыма.
— Ды заходзьце, заходзьце, ня зьесьць, — кажа Грамадзянін.
Блюм ушмыгвае, касавочачы на сабаку, і пытаецца ў Тэры, ці не было тут Марціна Канінгама.
— Ах, Госпадзе МакКэўн! — кажа Джо, усё яшчэ расчытваючы тыя лісты. — Паслухайце вось гэта, хочаце?
І пачынае чытаць уголас.
Хантэр-стрыт, 7
Лівэрпул
Начальніку дублінскай паліцыі,
Дублін
Глыбокаважаны Сэр асьмелюсь вам прапанаваць свае ўслугі ў памянутай сумнай справе як я павесіў Джо Гана ў Бутлскай цюрме 12 лютага 1900 году і яшчэ павесіў...
— Пакажы сюды, Джо, — кажу.
— ... радавога Артура Чэйса за забойства Джэсі Тылзыт у Пэнтанвілскай цюрме і яшчэ быў памочнікам калі...
— Госпадзе, — кажу.
— Білінгтан прыводзіў у іспалненьне страшнага праступніка Тода Сміта...
Тут Грамадзянін спрабаваў яму выхапіць ліст.
— Стрывай, — кажа яму Джо, — а яшчэ маю спэцыяльны спосаб накінуць пятлю так каб ён ужо ня высьлізнуў крэсьлюся з надзеяй на вашу міласьць а мая цана пяць гінэяў.
Х. Рамбалд
Цырульнік
— Ён яшчэ й цынічны цьвёрдалобы цыдульнік, — кажа Грамадзянін.
— Гідкі неданошаны душагуб, — кажа Джо. — На, — кажа, — Олф, забяры іх з маіх вачэй. Прывітаньне, — кажа, — Блюм, чаго вып’еце?
Ну, тут яны ўжо ў дыскусію палезьлі, Блюм, маўляў, не хачу й не магу ды не палічэце абразай і гэтак далей, аж урэшце кажа, добра, вазьму цыгару. Дальбог, разважлівы экзэмпляр, нічога ня скажаш.
— Тэры, дай нам найлепшую з тваіх смуродніц, — кажа Джо.
А Олф тым часам апавядае, як адзін з тых цёмных тыпаў прыслаў паштоўку са спачуваньнямі й з чорнай аблямовачкай вакол.
— Усе гэтыя цырульнікі з чорных краёў, — кажа, — за пяць фунтаў плюс кошты дарогі роднага бацьку гатовы павесіць.
І пачынае распавядаць, як там пры гэтым двое стаяць зьнізу й цягнуць за ногі, калі павісьне, каб затхнуўся як сьлед, а потым рэжуць вяроўку на кавалкі й прадаюць, па пяць шылінгаў ад галавы.
У цёмных краёх пражываюць яны, помсьлівыя рыцары брытвы. Сьмертаносныя свае вяроўкі яны моцна трымаюць і справаджаюць няўмольна ў Эрэб кожнага, хто ўчыніў крывавае ліхадзейства, бо не сьцярплю я такога аніяк, кажа Госпад.
Тут яны пачалі разважаць пра сьмяротнае пакараньне й вядома Блюм давай выступаць з усялякімі чаму й навошта й з усёй маралёгіяй гэтай справы а сабачыска ўвесь час да яго прынюхваецца мне казалі ад тых жыдкоў нейкі асаблівы дух які сабакі чуюць і дае пра сродкі застрашэньня й таму падобнае.
— А я ведаю адну штуку, на якую ня дзейнічае тое застрашэньне, — кажа Олф.
— Што за яна? — пытае Джо.
— Член таго бедачыны, што вешаюць, — кажа Олф.
— І праўда? — кажа Джо.
— Бог мне сьведкам, — Олф на тое. — Я сам чуў ад галоўнага даглядчыка, які быў у Кілмайнхэме, калі там вешалі Джо Брэды, непераможнага. Ён казаў, калі яны зьнялі яго зь вяроўкі, дык у яго так і стаяў у іх перад носам, як сьвечка.
— Уладарнае пачуцьце й сьмерць ня скорыць, як хтосьці сказаў, — на гэта Джо.
— Навука ўсё гэта растлумачвае, — кажа Блюм. — Гэта натуральны фэномэн, разумееце, калі ў выніку...
І пачынае кідаць слоўкі, ад якіх сківіцу вывіхваеш, пра фэномэн і навуку, маўляў, гэты фэномэн і гэны фэномэн.
Выдатны навуковец гэр прафэсар Люітпольд Блюмэндуфт прадставіў мэдыцынскія абгрунтаваньні таго, як у выніку раптоўнага пералому шыйных пазванкоў і пасьлядоўнага за ім разрыву сьпіннага мозгу, згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі мэдыцынскай навукі, непазьбежна ўзьнікае гвалтоўнае гангліённае стымуляваньне нэрвных асяродкаў генітальнага апарату, якое вымушае хутка пашырацца поры corpora cavernosaПячорыстых целаў (лац.)., што ў сваю чаргу рэзка павялічвае прыток крыві да часткі мужчынскага арганізму пад назвай пэніс і выклікае фэномэн менаваны ў мэдыцыне паталягічнай філёпрогенітыўнай вэртыкальнагарызантальнай эрэкцыяй in articulo mortis per diminutionem capitisУ момант сьмерці, выкліканай аддзяленьнем галавы (лац.)..
Грамадзянін, ясная справа, толькі зачэпкі чакаў, і тут яго проста разарвала наконт непераможных, старой гвардыі, і герояў шэсьцьдзесят сёмага году, і хто баіцца ўпамінаць дзевяноста восьмы, і Джо ў адну дудку зь ім, пра ўсіх, каго павесілі, замучылі, судзілі вайсковапалявым судом, і за новую Ірляндыю, за новае сёе ды новае тое. Раз ты за новую Ірляндыю, дык сабе прыдбай новага сабаку, я так мяркую. А паршывы брахуніска ўсё абнюхвае й сьлінючыць, чухаецца па сваіх лішаёх і, гляджу, падбіраецца да Боба Дорана, які ставіць Олфу паўпінты, і давай яго лізаць на ўвесь язык. Боб, як жа йначай, пачынае зь ім строіць дурня:
— Дай нам лапку! Дай лапку, сабачка! Добры стары сабачка! Ну, дай нам лапку сюды! Давай сюды!
ArrahНу, добра (ірлян.)., канец ягонаму лапаньню сабачых лапак, і ён паляцеў бы з услону на таго халернага сабаку, каб Олф яго не схапіў, а сам усё балабоніць сваю сабакалёгію, маўляў, трэба прыручваць ласкаю, і сабака пародзісты, і сабака разумны, аж табе моташна робіцца. Потым просіць Тэры прынесьці старую бляшанку ад бісквітаў і пачынае адтуль выскрабаць крышкі для сабакі. Ну, той іх глынуў адных духам і язык высалапіў на мэтар або й болей, хоча яшчэ. Разам з бляшанкай ледзь не каўтнуў, згаладалы брахунскі вырадак.
А Грамадзянін з Блюмам усчалі спрэчку наконт усяго таго, пра братоў Шырс, пра Вулфа Тона непадалёку тут на Арбархіл, пра Робэрта Эмэта й пра жыцьцё аддай за айчыну, і пра жаласьлівы вершык Томі Мура аб Сары Карэн, як яна сумавала здалёк ад гэтай зямлі. Блюм са сваёй укормленай мордай пачынае строіць пана, а ў руцэ тая ачмуральная цыгара. Фэномэн! Ягоная жонкая, тая гангара сала, таксама неблагі фэномэн, па сьпіне можна кегельныя шары качаць. Калі яны жылі ў ”Гарадзкім Гербе” мне апавядаў Сікун Бэрк там была адна старая з прыдуркаватым пляменьнікам і Блюм усё хацеў да яе падмазацца хварыбзду з сябе строіў і гуляў зь ёй у бэзік каб яму якая дзелька перапала з тастаманту й мяса ў пятніцы ня еў таму што старая нечуваная сьвятуня й вадзіў таго касамозгага на шпацыр. І аднаго разу павёў яго па ўсіх дублінскіх корчмах і, клянуся пастырам нябесным, усё паддаваў маху пакуль той не набраўся як жаба мулу й не прыцягнуў яго дахаты, пры тым тлумачыў, што гэта ён хацеў яму даць урок на тэму шкоднасьць гарэлкі, а тры бабы ледзь яго жыўцом не сьпяклі, гэта цырк на дроце, тая старая, ягоная жонка й місіс О’Даўд, якая трымала гатэль. Людзі добрыя, я са сьмеху брыкаў, калі Сікун перакрыўляў, як тыя бабы яго крыюць, а ён, Блюм, усё совае сваё але ці не разумееце ды але з другога боку. А самае цікавае, мне казалі, што той прыдурак працаваў потым у віннага гуртавіка Паўэра на Коўп-стрыт, і кожны божы дзень вяртаўся дахаты касякамі, пасьля таго як пераспрабуе ўсю прадукцыю ў той гуртовай установе. Фэномэн!
— Памяці герояў, — кажа Грамадзянін, падымае свой кухаль і ўпіваецца лыпачамі ў Блюма.
— Слушна, — кажа Джо.
— Ды вы не ўхапілі мае думкі, — кажа яму Блюм. — Я хачу сказаць...
— Sinn Fein! — перабівае Грамадзянін. — Sinn fein amhein!Мы самі! Толькі мы самі! (ірлян.). Любімыя сябры тут побач, а вораг ненавісны перад намі.
Апошняе разьвітаньне было невыказна кранальнае. З усіх далёкіх і блізкіх званіцаў даносіўся адзін нямоўкны пахавальны звон, а паўсюдна вакол месца смутку разыходзіўся злавеснай перасьцярогай дробат соцень барабанаў, чаргуючыся з глухім гулам гарматных залпаў. Аглушальныя тарарахі перуноў і сьляпучыя сполахі маланак, асьвятляючы жудасную сцэну, сьведчылі пра тое, што нябесная артылерыя далучыла сваю звышнатуральную моц, каб прыдаць большай пышнасьці відовішчу, якое й без таго наводзіла жах. Гнеўныя нябёсы разамкнулі свае водныя заставіцы, і буйны лівень струменямі хлынуў на аголеныя галовы сабраных натоўпаў, у якіх, паводле самых сьціплых падлікаў, было ня менш за пяцьсот тысяч асобаў. Аддзел Дублінскай Гарадзкой Паліцыі пад асабістым кіраўніцтвам Галоўнага камісара ўтрымліваў парадак у гэтай разьлеглай сьціжме народу, а каб скараціць час чаканьня, духавы аркестар Ёрк-стрыт, аздобіўшы свае інструманты жалобным крэпам, прапанаваў сабраным знакамітае выкананьне той непараўнанай мэлёдыі, якую спарадніла нам ад калыскі жальлівая муза Спэранцы. Нашым суродзічам з правінцыі, якія прыбылі сюды вялікімі групамі, былі падстаўленыя хуткія экскурсійныя цягнікі й выгодныя пасажырскія дыліжансы зь мяккімі сядзеньнямі. Надзвычайную ўцеху выклікалі ўлюбёнцы дублінскай публікі, вулічныя сьпевакі Л-н-х-н і М-л-г-н, якія са сваёй нязьменна заражальнай весялосьцю выканалі ”Ноч перад тым, як Лэры зашмаргнуўся”. Нашы два непараўнаныя весялуны дасягнулі фантастычнага попыту, прадаючы лісткі са словамі й музыкай гэтага нумару, і ніводзін з тых, хто пястуе ў сэрцы зычлівасьць для сапраўды ірляндзкага жарту, пазбаўленага хоць каліўца вульгарнасьці, не папракне іх грашом, запрацаваным потнай натугай. Дзеткі з Прытулку Падкідышаў Мужчынскага й Жаночага Полу, гурмою абляпіўшы вокны, што выходзілі на месца падзеі, былі ў поўным захапленьні ад гэтага нечаканага дадатку да галоўнай уцехі дня, і тут належацца словы пахвалы ў адрас апякунак з ордэну Малых Сёстраў Убогага Чалавека за іхнюю знакамітую ідэю даставіць малюткамбязбацькавічам сапраўды павучальнага гледзішча. Госьці віцэкараля, сярод якіх можна было заўважыць шматлікіх шырокавядомых сьвецкіх дамаў, у суправаджэньні Іхніх Сьветласьцяў перайшлі на выгаднейшыя месцы на вялізнай трыбуне, тым часам як маляўнічая замежная дэлегацыя, вядомая як Сябры Шмарагдавага Абтоку, разьмясьцілася на трыбуне насупраць. У дэлегацыю, якая прысутнічала поўным сваім складам, уваходзілі камандор Бачыбачы Бэнінабанана (напалову паралізаваны doyenСтаршыня дыпляматычнага корпусу (франц.). групы, дастаўлены на сваё месца пры дапамозе магутнага паравога пад’ёмнага крану), мэсьё П’ер-Дун Птыпузан, бязьлікі князь Уладзішмар Хусткаданосаў, ёрзгерцаг Леапольд Рудольф фон Хуенбад-Яйцэнталер, грахіня Парша Віхрыха Сёньняконі-Заўтрапешкі, Хайгарам Ы. Гарыць, крах Несьмяротас Сьмятаналізас, Алі Баба Бакшыш Рахат Лукум Эфэндзі, сэньёр гыгальга якхалера Пукадзіліё-і-Пустазвоніё-і-Патэрностэр дэ ля Махорыя дэ ля Малярыя, Хокапока Харакіры, Сунь Хунь Чай, Олаф Сукінсон, мійнхер Трах ван Трык, пан Плакса Пэдэраскі, гускадзін Прхклстр Крычынекрычыпрапаліч, хер Шлюхдомдырэктарпрэзыдэнт Ханс Хохма-Штурхаль, нацыяналгімназіймузэй-санаторыйундсуспэнсорыйардынарпрыватдацэнтагулгісторспэцыялпрафэсардоктар Крыгфрыд Убэральгэмайн. Усе бяз вынятку дэлегаты ў моцных і разнамоўных выслоўях асудзілі нечуванае барбарства, сьведкамі якога ім выпала быць. У далейшым сярод США ўзьнікла ажыўленая дыскусія (у якой прыняло ўдзел цэлае зборышча) наконт таго, якая праўдзівая дата народзінаў сьвятога патрона Ірляндыі, дзень восьмы ці дзевяты сакавіка. У якасьці аргумантаў шырока выкарыстоўваліся гарматныя ядры, ятаганы, бумэрангі, аркебузы, гаршкі зь нечыстотамі, секачы, парасоны, катапульты, кастэты, мяхі зь пяском, жалезныя тараны; удары сыпаліся шчодра й на ўсе бакі. Пастарунковы Мак-Фадэн, па мянушцы Малютка, выкліканы спэцыяльным пасланьнікам з Бутэрстаўну, імгненна прывярнуў парадак і зь бліскучай знаходлівасьцю прапанаваў дзень сямнаццаты месяца як кампраміс аднолькава ганаровы для кожнага з паспрачаных бакоў. Прапанова кемнага двухмэтроўца адразу прыпала да густу ўсім і была аднадушна прынятая. Пастарунковы Мак-Фадэн атрымаў сардэчныя віншаваньні ад усіх США, сярод якіх шмат хто шчодра сплываў крывёй. Камандора Бэнінабанана выцягнулі з-пад старшынёўскага крэсла, і ягоны юрыдычны кансультант Аваката Пагамімі растлумачыў, што разнаякія прадметы, затоеныя ў ягоных трыццаці дзьвюх кішэнях, былі ім адчужаныя ў часе пабояў з кішэняў малодшых калегаў з надзеяй прывярнуць ім здаровы розум. Памянёныя прадметы (у тым ліку колькі соцень залатых і срэбных мужчынскіх і жаночых гадзіньнікаў) былі неадкладна зьверненыя законным уладальнікам, і запанавала агульная гармонія.
Спакойна й сьціпла падняўся Рамбалд на эшафот у бездакорным цэхавым уборы, аздобленым ягонай улюбёнай кветкай Gladiolus CruentusГлядыёлюс Крывавы (лац.).. Ён даў знаць аб сваёй прысутнасьці тым мяккім, чыста рамбалдавым кашлем, які гэтак многія стараліся (і надарэмна) імітаваць: кароткім, перанатужаным, характэрным толькі яму адному. Прыбыцьцё сусьветна вядомага ката стрэла бура прывітальных усклікаў з усяго агромністага скупішча, дамы зь віцэкаралеўскага атачэньня ў экстазе павявалі хусьцінамі, а замежныя дэлегаты, у яшчэ большым захапленьні, шматгалоса лікавалі, зьліваючы свае воклічы ў адзін хор: hoch, banzai, eljen, zivio, chinchin, polla kronia, hiphip, vive, Allah, на фоне якога вылучалася зычнае evivva дэлегата з краіны песьняў (ягонае высокае й прадоўжанае фа нагадвала тыя дзівосныя пранізьлівыя ноты, якімі эўнух Каталяні зачароўваў нашых прапрабабцяў). Надыйшла сямнаццатая гадзіна. Праз мэгафон падалі сыгнал на малітву, і ўмірг галовы ўсіх агаліліся. Патрыярхальнае самбрэра, з часоў рэвалюцыі Рыенці прыналежнае сям’і камандора, было зьнятае з галавы апошняга ягоным асабістым мэдыцынскім дараднікам доктарам Піпі. Высокавучоны прэлат, які прыбыў удзяліць геройскаму пакутніку на парозе сьмерці апошняга суцяшэньня нашай сьвятой рэлігіі, з сапраўднай хрысьціянскай пакорай укленчыў у калюжыне дажджавой вады, укрыўшы сваю сівую галаву сутанай, і ўзьнёс да трону міласэрнасьці палкую й благальную малітву. Побач з калодай застыгла злавесная фігура ката, чыё аблічча закрываў дзесяцігалёнавы гаршчок зь дзьвюма круглымі прарэзанымі адтулінамі, празь якія люта блішчэлі ягоныя вочы. Чакаючы фатальнага сыгналу, ён спрабоўваў лязо свае страшэннае зброі, то падточваючы яго аб сваё мускулістае перадплечча, то імгненнымі ўзмахамі адсякаючы галовы баранчыкаў, чародку якіх прыгналі на месца прыхільнікі ягонага жорстага, але неабходнага ўмельства. Поруч на спраўным століку з чырвонага дрэва ляжалі ахайным парадкам нож для чвартаваньня, разнаякае дакладна навостранае прыладзьдзе для сьвежаваньня (выкананае на спэцыяльны заказ майстрамі славутай шэфілдзкай фірмы Джон Раўнд і Сыны), гаршчочак з тэракоты, куды па меры пасьпяховага выцягваньня павінны былі памяшчацца дванаццаціперсная кішка, тоўстая кішка, сьляпая кішка, апэндыцыт і г.п., ды таксама два ёмістыя малочныя збаны, прызначаныя для спусканьня неацэннай крыві зь неацэннай ахвяры. Загадчык Аб’яднанага Кашэча-Сабачага Прытулку меў наказ даставіць гэтыя пасудзіны, пасьля іхняга напаўненьня, у гэтую дабрачынную ўстанову. Смакавіты падмацунак, на які складаліся яечня з бэконам, знакаміта засмажаны біфштэкс з цыбуляй, гарачыя хрумсткія булачкі й бадзёрлівая гарбата, быў запабегліва прапанаваны арганізатарамі галоўнаму герою трагедыі, які, нарыхтаваўшыся на сьмерць, быў у дасканалым настроі й выяўляў жывую зацікаўленасьць ва ўсім, што адбывалася; аднак жа, адчуўшы веліч моманту й праявіўшы самавырачэньне небывалае ў нашы дні, ён выказаў апошнюю волю (выкананую неадкладна), каб той падмацунак быў разьдзелены пароўну між членамі Таварыства Хворых у Пасьцелі ды Здаровых без Двара й Кала у знак ягонай увагі й пашаны да іх. Хваляваньне дасягнула nec і non plus ultraДалей няма куды (лац.)., калі выбраньніца-нарачоная прабілася праз шчыльныя шэрагі гледачоў і, залітая яскравым румянцам, кінулася на ягоныя мужныя грудзі, на грудзі таго, хто меўся адысьці ў вечнасьць дзеля яе прыгожых вачэй. Герой палка абхапіў яе гнуткі стан й чула прашаптаў: Шэйла, мая каханая. Узбуджаная гукамі свайго ймя зь ягоных вуснаў, яна пакрыла апантанымі пацалункамі ўсе разнародныя часткі ягонай асобы, якіх толькі яе палкасьць змагла дасягнуць празь сьціплую ахову турэмнай апраткі. Калі зьліліся салёныя ручаіны іхніх сьлёзаў, яна прысягнулася яму, што будзе вечна захоўваць памяць аб ім, што ніколі не забудзе свайго геройскага хлопца, які пайшоў на сьмерць зь песьняй на вуснах, як быццам на хакейны матч у парку Клонтарк. Яна прывяла яму на ўспамін залатыя дні шчасьлівага дзяцінства, якое яны правялі супольна на берагох Анны Ліфі ў нявінных забавах юначасьці, і абое, забыўшыся пра жахлівую рэальнасьць, засьмяяліся ад поўнай душы. Гледачы як адзін, не выключаючы старога вялебнага пробашча, далучыліся да агульнай нястрымнай весялосьці. Гігантычны натоўп літаральна захліснуўся сьмехам. Аднак смутак неўзабаве ўзяў сваё, і яны сплялі свае пальцы апошні раз. Струмені сьлёзаў хлынулі з новай сілай зь іхніх сьлёзных пратокаў, і ўсё неабсяжнае зборышча народу, кранутае да глыбіні, выбухнула надрывістымі рыданьнямі. Сам устарэлы слуга Гасподні быў узрушаны зусім ня менш за іншых. Рослыя загартаваныя мужы, ахоўнікі парадку й дабрадушныя волаты зь ірляндзкай каралеўскай паліцыі, ня тоячыся, карысталіся дапамогай хустачак, і можна з упэўненасьцю сказаць, што ніводнае вока не засталося сухім у тым рэкордным скупішчы. Потым здарыўся самы рамантычны выпадак: малады прыгажун, выпускнік Оксфардзкага унівэрсытэту, вядомы сваімі рыцарскімі адносінамі да прыгожага полу, выступіў дапераду й, аказваючы візытоўку, чэкавую кніжачку й радаслоўнае дрэва, папрасіў рукі няшчаснай маладой ледзі, благаючы яе неадкладна назначыць дзень шлюбу. Ягоная прапанова была прынятая на месцы. Кожнай даме з публікі ўручылі прынагодную густоўную памятку ў выглядзе брошкі з чэрапам і скрыжаванымі косткамі, і гэты дарунак, такі шчодры й своечасовы, выклікаў новы прыліў захапленьня. А калі малады галянтны гадаванец Оксфарду (дарэчы, носьбіт аднаго з найболей пашанотных імёнаў у гісторыі Альбіёну) насунуў на палец заірдзелай fiancéeНарачоная (франц.). каштоўны заручальны пярсьцёнак са шмарагдамі, асаджанымі ў форме трылісьніка з чатырма лісткамі, агульны энтузыязм выйшаў за ўсе межы. Што й казаць, нават строгі начальнік вайсковай жандармэрыі, падпалкоўнік ТомкінМаксуэл Фрэнчмалэн Томлісан, які кіраваў гэтай сумнай цырымоніяй, той самы, што, не зьміргнуўшы вокам, тузінамі пасылаў у пекла сіпаяў, прывязваючы іх да гарматных жаролаў, цяпер быў ня ў змозе стрымаць сваіх пачуцьцяў. Ягоная рука ў жалезнай пальчатцы змахнула скрадлівую сьлязу, і тыя выбраныя грамадзяне, што мелі гонар апынуцца ў ягоным непасрэдным entourageАтачэньне (франц.)., маглі ўхапіць дрыготкі шэпт:
— Каб мяне засьляпіла, якая пташачка, ну проста раскладушка. Каб мяне засьляпіла, так бы й завыў, гледзячы на яе, калі згадаеш сваю старую дзяжу, што чакае дома ў Лаймхаўзе.
А Грамадзянін пачынае гаворку пра ірляндзкую мову, пасяджэньне муніцыпалітэту і ўсё іншае й крые тых паўпанкаў, што ня ведаюць роднае мовы, Джо таксама ўкліньваецца, бо надуў кагосьці на фунт, і Блюм туды тыцкае сваю мызу зь недакуркам за два пэнсы, што дастаў ад Джо, ды балабоніць пра Гаэльскую лігу й лігу непітушчых і што, маўляў, п’янства ёсьць ірляндзкае насланьнё. Непітушчы ня ставіць іншым, вось у чым цьвік. Нябось, сам сабе заліе ў глотку, чаго яму ні паставіш, а ад яго пены ў кухлі не пабачыш да другога прыйсьця, Госпадзе наш. Аднаго разу мы зь сябруком пайшлі на іхнюю музычную вечарыну, танцы й песьні яна ляжа на капіцу задзярэ пад пуп спадніцу, і тамака адзін дзяяч з бляхай Таварыства Цьвярозасьці на сіняй стужцы шчыраваў, шпарыў па-ірляндзку, а вакол цэлая плойма русакосых цнатлівак, швэндаюцца з безалькагольным пітвом, мэдалікі якіясьці прадаюць, аранжад, ліманад ды збуцьвелыя піражкі, адным словам, шчодры вечар, што й казаць. Ірляндыя цьвярозая — Ірляндыя свабодная. А потым якісьці казёл пачынае дзьмуць у дуду і ўся тая хаўтурная гасьціна пачынае соўгаць нагамі пад музыку, ад якой і карова здохне. І да таго яшчэ дзьве засутоненыя сутаны віжуюць, каб ніхто не дабіраўся да дзевак — зусім удар ніжэй пояса, інакш і ня скажаш.
Ну, сёе-тое, пра што ж гэта я, ага, той стары сабачыска, пабачыўшы, што бляшанка пустая, пачынае нюхаць вакол Джо й мяне. Быў бы ён мой, я яго прыручыў бы ласкай, хай я лясну. Прыножыў бы яго раз, ды потым яшчэ другі, абы толькі не па вачох.
— Што, баісься, ён укусіць? — пытае Грамадзянін.
— Ды не, — кажу. — Толькі каб ён ня ўзяў мае нагі за ліхтарны слуп.
Той паклікаў сабаку да сябе.
— Ну, што з табою, Гары? — кажа яму.
І давай яго курхаць і штурхаць, і гаманіць да яго па—ірляндзку, а той стары пархавец яму адказвае гыркатам, і опэра з дуэтам у іх выходзіць. Такога гыркату век не пачуеш, як яны між сабой наладзілі. Хтонебудзь, каму няма чым заняцца, хай бы напісаў у газэты, pro publico bonoДзеля грамадзкага дабрабыту (лац.)., каб на такіх сабакаў накладалі наморднікі. Гырчыць, хрыпіць, вочы набеглі юхай ад смагі й з морды шаленства капае.
Усе тыя, хто цікавіцца распаўсюджаньнем чалавечай культуры сярод нашых ніжэйшых супляменьнікаў (а імя ім — легіён), не павінны прапусьціць па—за ўвагай сапраўды неверагодную праяву кінантропіі, засьведчаную знакамітым рыжым ірляндзкім сэтэрамваўкадавам, вядомым раней пад sobriquetМянушка (франц.). Гарыоўн, але нядаўна шырокім колам сяброў і знаёмых перайменаваным на Оўна Гары. На памянёную праяву, вынік шматгадовага прыручваньня ласкай і дакладна абдуманай дыетнай сыстэмы, складаецца, апрача іншых дасягненьняў, і дэклямацыя вершаў. Найвыдатнейшы з нашых жывых спэцыялістаў па фанэтыцы (імя ягонае ня выцягнуць з нас і абцугамі!) прыклаў шмат намаганьняў дзеля таго, каб зрабіць параўнаўчы аналіз дэклямаваных вершаў, і прыйшоў да выснаву, што йснуе паражальнае іх падабенства (курсыў наш) да рунічнай паэзіі старажытных кельцкіх бардаў. Мы гаворым тут ня столькі пра тыя дзівосныя любоўныя песьні, зь якімі пазнаёміў сьвет кнігалюбаў аўтар, укрыты пад мілагучным псэўданімам Тонкай Крохкай Галінкі, але хутчэй за ўсё пра тыя больш рэзкія й асабістыя ноты (як указвае нехта С. У. К. у цікавым паведамленьні, што мільганула ў адным зь вечаровых выданьняў), якія чуваць у сатырычных выказваньнях знакамітага Рафтэры, а таксама Донала МакКонсідайна, ня згадваючы ўжо больш сучаснага лірыка, што цяперашнім часам апынуўся ў цэнтры зацікаўленьня публікі. Ніжэй мы прапануем адзін урывак, перакладзены на нашу мову выдатным навукоўцам, імя якога ў сучасны момант мы не маем права выдаць, хоць мы і ўпэўненыя, што чытач зможа дашукацца ў некаторых мясцовых алюзіях большага, чымсьці адно падказкі. Мэтрычная сыстэма сабачага арыгіналу, якая нагадвае адмысловыя алітэрацыйныя й ізаскладовыя правілы валійскага энгліну, надзеленая значна большай ступеньню ўскладнёнасьці, але мы спадзяемся, наш чытач ня зможа не прызнаць, што агульны дух данесены добра. Можа, належыць тут дадаць, што эфэкт непамерна ўзмацняецца, калі верш Оўна чытаць паволі й невыразна, тонам, які нагадвае прыдушаны заюшаны гыркат.
Праклён за праклёнам
Шпурляю з адчаю,
Каб скрутам скруціла
Цябе, Барні Кірнан,
Вады піць ні глытка
Ні з рук, ні з гляка,
Кішкі жарам паляць,
Тыя брагу смаляць.
Ды тут ён сказаў Тэры прынесьці сабаку вады й, хай мяне немарасьць, як той стаў хлябтаць, за мілю было чуваць. А Джо яго пытае, ён ня супраць, калі паўтарыць.
— Не адмоўлюся, — кажа, — a chara, каб ты не падумаў, што крыўду якую хаваю.
Дальбог, ён не такі тупы, на якога выглядае. Носіць сваю сраку з аднаго бару ў другі з сабакам старога Гілтрапа, і ўсё паварочвае, быццам яго пачаставаць самы вялікі гонар, за кошт выбаршчыкаў і падатнікаў. Гасьціна дла чалавека й зьвера. А Джо да мяне:
— А ты як, можаш яшчэ аднаго?
— А качка можа плаваць? — пытаю яго.
— Паўтары нам, Тэры, — кажа Джо. — А вы ўпэўненыя, што не жадаеце нічога з асьвяжальных вадкасьцяў? — кажа да Блюма.
— Не, дзякую, — кажа той. — На самай справе я зайшоў сюды, каб спаткацца з Марцінам Канінгамам, ведаеце, наконт тае страхоўкі бедачыны Дыгнама. Марцін мяне прасіў зайсьці ў закладную кантору. Рэч у тым, што ён, Дыгнам, аддаў сваю страхоўку ў заклад і не паведаміў страхавальную кампанію, а ў такім выпадку, у сьвятле закону, крэдытор-закладнік ня можа нічога атрымаць.
— Вось табе й на! — рагоча Джо. — Неблагая штука, калі б стары Шэйлак тут абмахнуўся. Ды ў такім разе шанцуе ягонай жонцы?
— Што ж, — кажа Блюм, — гэта ўжо справа яе паклоньнікаў.
— Якіх нібыта паклоньнікаў? — пытае Джо.
— Я хацеў сказаць, законьнікаў, — папраўляецца Блюм.
І пачынае мясіць пра закладное заканадаўства й выносіць прысуд як лорд-канцлер у трыбунале й інтарэсы ўдавы й быў створаны фонд а з другога боку Дыгнам быў вінаваты нейкую суму Брыджмэну й калі цяпер жонка ці ўдава апратэстуе права крэдытора-закладніка аж ледзь мне мазгоў не зьвіхнуў тым закладным заканадаўствам. Ён сам павінен радавацца, што не патрапіў пад заканадаўства як махляр і валацуга, на ягонае шчасьце, сябрук у судзе выручыў. Прадаваў нейкія ліпавыя білеты ці іншыя квіты пад выглядам Вугорскай каралеўскай лятэрэі з прывілеем ад банку. Кажу вам як на споведзі. Вы хіба ізраэлітаў ня ведаеце! Вугорская каралеўская махлярэя з прывілеем.
Тут устае Боб Доран і, хістаючыся, падыходзіць і просіць Блюма перадаць місіс Дыгнам, што ён спачувае ейнай бядзе й яму горка што ня быў на паховінах і перадайце ёй што ён сказаў і кожны хто толькі ведаў яго скажа што ніколі не было дабрэйшага й сумленьнейшага чымсьці наш бедны Ўіл нябожчык перадайце ёй. Ажно загікаўся ад свае мазгавое натугі. І цісьне Блюму руку з трагічнай лыпай перадайце ёй. Дай руку, браце дарагі. Я адзін нягоднік, ты другі.
— Дазволю сабе на спадзеў, — сказаў ён, — што я не абражу нашага знаёмства (якое, як ні сьціплым падалося б у разуменьні часу, аднак грунтуецца, асьмелюся верыць, на ўзаемнай пашане), наважыўшыся прасіць у вас гэтага фавору. А калі я, насупор жаданьню, пераступіў межы сьціпласьці, дык няхай сама шчырасьць маіх пачуцьцяў паслужыць выбачэньнем мае сьмеласьці.
— Зрабеце ласку, — мовіў субяседнік. — Я поўнасьцю пахваляю тыя матывы, што кіруюць вашым памкненьнем, і не пашкадую высілкаў дзеля выкананьня вашай дарукі, суцяшаючы сябе думкай, што як ні журботная яе прычына, то ўжо сама выява вашага даверу да мяне разбавіць горыч гэтай чары.
— Тады дазвольце мне паціснуць вашу руку, — сказаў ён. — Я пэўнюся спадзевам, што шляхотнасьць вашага сэрца ляпей за мае марныя словы падыктуе вам выразы, якімі перадаць пакуту так бязьлітасную, што калі б я паддаўся гэтаму пачуцьцю, яно пазбавіла б мяне дару мовы.
І на тым распускае ветразі й рушае, намагаючыся трымаць курс проста. А пятай, і ўжо набраклы. Аднаго разу вечарам ледзь яго не пасадзілі, пашэнціла, што Пады Леонард ведаў таго паліцыянта 14А. Заліў вочы ў патаемцы на Брайд-стрыт пасьля гадзіны закрыцьця ды пусьціўся ў блуд зь дзьвюма шлюшкамі, іхні альфонс стаяў на варце, а ён хлебча портэр з гарбатных кубкаў. Назваўся перад шлюхамі, нібыта ён француз, Жазэф Манюо, і давай ганіць каталіцкую рэлігію, а сам жа, яшчэ хлопчыкам, прыслужваў на імшы ў касьцёле Адама й Евы, ажно вочы плюшчыў ад набожнасьці, і пра тое, хто напісаў новы запавет і стары запавет, і ўсё іх мацаў і цацаў. Абедзьве шлюхі канаюць са сьмеху, пачысьцілі ў яго, ёлупня, кішэні, і віскаюць і хіхікаюць. Як там твой запавет? Ці ён у цябе ня надта запавеціўся? Добра, што Пады якраз тудою праходзіў, скажу вам. А паглядзець на яго ў нядзелю, як ён са сваёй жоначкай-распусьніцай у касьцёле, яна, верцячы азадкам, цупае галоўным праходам, пантофлікі лякірованыя, я як жа, на грудзях фіялкі, прылізаная як кошка, строіць зь сябе панюсю. Сястрычка Джэка Муні. А тая старая прастытутка, яе мамуся, здае нумары парачкам з вуліцы. Джэк яму ўставіў мазгі па-свойму. Сказаў, што калі ён не зажэніць сваіх грахоў, то жывое гаўно зь яго выб’е.
Тэры, значыць, прыносіць тры кухлі.
— Калі ласка, — кажа Джо, частуючы нас. — Калі ласка, Грамадзянін.
— Slan leatБывай здаровы (ірлян.). — адказвае той.
— За тваю фартуну, Джо, — кажу. — Тваё здароўе, Грамадзянін.
Божухна, а той ужо болей за палову махнуў. Трэба мець не абы фартуну, каб яго паіць.
— А каго наш даўгяла хоча прапіхнуць у лорд-мэры, Олф? — пытае Джо.
— Аднаго твайго сябру, — адказвае той.
— Нанана? — пытае Джо. — Члена?
— Імёнаў не называем, — кажа Олф.
— Я так і думаў, — кажа Джо. — Я толькі што бачыў яго зь яшчэ адным паслом, з Уільямам Філдам, на сходзе жывёлагадоўцаў.
— Ёпад доўгавалосы, — кажа Грамадзянін, — бурлівы вулкан, пястун усіх краін ды ідал сваёй уласнай.
І Джо пачынае Грамадзяніну пра яшчур, жывёлагадоўцаў і прыняцьцё адпаведных захадаў, Грамадзянін гэтыя захады пасылае на пазадворкі, а Блюм выскоквае зь сернымі ваннамі для лекаваньня каросты ў авечак, і пра пойла ад кашлю ў цялятак, і пра гарантаваны сродак на здубянелы язык. Бо калісьці працаваў у скуралупні. Швэндаўся з нататнікам і алавіком, блытаўся ўсім пад нагамі, пакуль Джо Каф не пачаставаў яго высьпяткам пад запечак за тое, што ён высалапіўся на якогась гадоўцу. Містэр Усявед. Усіх вывучыць куры даіць. Сікун Бэрк казаў, бывала, у тым гатэлі ягоная жонка вочы выплаквае перад місіс О’Даўд, сьлёзы ліе струменямі на свой тлушч васьміцалёвы. Ён ей і задніцы ня дасьць спакойна падцерці, усё чапляецца, мітусіцца й вучыць, што як трэба рабіць. А што ў цябе сёньня ў праграме? Ага. Гуманныя адносіны. Бо ж бедныя жывёліны пакутуюць, і экспэрты сьцьвярджаюць, і найлепшым зь вядомых сродкаў, які не спрычыняе болю жывёле, і далікатна ўціраць ручкай у хворае месца. Дальбог, зь ягонымі рукамі толькі куры мацаць.
Куд-куд-кудах. Ко-ко-ко. Вось наша курачка, Чорная Ліза. Яна нам нясе яйкі. Калі яна зьнясе яечка, вельмі цешыцца. Кудах. Ко-ко-ко. І тут прыходзіць добры дзядзька Леа. Ён совае сваю руку пад Чорную Лізу й выймае яечка. Куд-куд-куд-кудах. Ко-ко-ко.
— Як бы там ні было, — кажа Джо, — Філд і Нанэці сёньня выбіраюцца ў Лёндан і паставяць запыт у Ніжняй Палаце.
— Вы ўпэўнены, — пытае Блюм, — што райца выяжджае? Так выйшла, што мне трэба пабачыцца зь ім.
— Паштовай лодкай сёньня ўвечары, — кажа Джо.
— Вось не шанцуе, — кажа Блюм. — Мне вельмі трэба. Можа, толькі містэр Філд выяжджае? Я ня мог пазваніць. Не. Вы ўпэўнены?
— Нанан таксама выяжджае, — кажа Джо. — Ліга даручыла яму паставіць заўтра запыт пра таго камісара, што забараніў ірляндзкія спартовыя гульні ў парку. Як табе гэта падабаецца, Грамадзянін? Sluagh na h-EireannАрмія Ірляндыі (ірлян.)..
Містэр МыкХлевін (Малтыфарнэм, нацыяналіст): У сувязі з запытам майго паважанага сябра, дэпутата з Шылелы, я б хацеў спытацца глыбокапаважанага калегу, ці сапраўды ўрад даў распараджэньне аб тым, каб памянёную жывёлу рэзалі, нягледзячы на адсутнасьць мэдыцынскага пацьверджаньня яе паталягічнага стану?
Містэр Чатырноган (Тамашант, кансэрватар): Паважаныя члены палаты ўжо маюць у сваім распараджэньні пасьведчаньні, якія былі прадстаўленыя камітэту Парляманту. Я ня думаю, што я мог бы дадаць нешта істотнае да гэтага. Адказ на запыт паважанага члена палаты будзе сьцьвярджальны.
Містэр МакТоўк (Мантэнот, нацыяналіст): Ці даваліся падобныя ўказаньні адносна зарэзу жывёлы чалавечага роду, што асьмелілася займацца ірляндзкімі спартовымі гульнямі ў парку Фінікс?
Містэр Чатырноган: Адказ будзе адмоўны.
Містэр МыкХлевін: А ці славутая мічэлстаўнская тэлеграма глыбокапаважанага калегі ня сталася натхненьнем да дзеяньняў калегаў са скарбовай управы? (Шум у залі.)
Містэр Чатырноган: Гэтае пытаньне мне трэба высьветліць у матэрыялах.
Містэр О’Бляха (Банком, незалежнік): Страляйце без ваганьня. (Іранічныя воплескі з лаваў апазыцыі.)
Старшыня: Прашу парадку! Прашу парадку! (Пасяджэньне закрываецца. Воплескі.)
— Вось чалавек, — кажа Джо, — які адрадзіў ірляндзкі спорт. Сядзіць перад вамі ва ўласнай асобе. Чалавек, які выцягнуў з турмы Джэймса Стывэнса. Чэмпіён усёй Ірляндыі ў кіданьні шаснаццаціхунтавым молатам. Які ў цябе найлепшы кідок, Грамадзянін?
— Na bacleisНе чапай гэта (ірлян.)., — кажа той, прыкідваючыся сьціплым. — Хоць у свой час і я быў ня горшы за іншых.
— Ды пакінь, Грамадзянін, — кажа Джо. — Іншым за табой яшчэ раз трэба было кідаць.
— Сапраўды так было? — пытае Олф.
— Так было, — кажа Блюм. — Добра вядомы факт. А вы ня ведалі?
І пайшлі жаваць ірляндзкія спорты, і пра гульні, якімі бавяцца паўпанкі, накшталт лаўн-тэніса, пра ірляндзкі хакей і кіданьне каменя, пра просты люд і станем народам яшчэ раз і ўсё такое. Ну а Блюм, вядома, таксама мусіў сказаць сваё, маўляў, калі ў каго слабое сэрца, то яму сілавыя практыкаваньні на шкоду. Прысягаюся сваімі кальсонамі, калі падымеш з падлогі саломінку й пакажаш гэтаму Блюму: Глядзі, Блюм. Бачыш гэту саломінку? Гэта саломінка, — прысягаюся дваюроднай цёткай, ён будзе тлумачыць пра яе бітую гадзіну, сама менш, і то тлумачыць без упыну.
У старажытнай залі Браена О’Кірнана на Срод-на-Брэтон-Вэг пад патранатам Sluagh na h-Eireann мела месца надзвычай цікавая дыскусія аб адраджэньні старажытных гаэльскіх спартовых гульняў і значэньні фізычнага ўзгадаваньня, як гэта разумелі ў Старажытнай Грэцыі, Старажытным Эгіпце і Старажытнай Ірляндыі, для разьвіцьця нацыі. Дастойны прэзыдэнт шляхотнай асацыяцыі займаў старшынёўскае крэсла, і публіка была шматлюдная. Пасьля зьмястоўнай прамовы старшыні, пададзенай з красамоўным майстэрствам і вялікім запалам, завязалася надзвычай цікавая й павучальная дыскусія (як заўсёды ў гэтым коле, на самым высокім узроўні культуры й манэраў) аб памкненьні да адраджэньня старажытных гульбішчаў і спартовых заняткаў нашых старажытных панкельцкіх прашчураў. Шырока вядомы й глыбока паважаны працаўнік на ніве нашай старажытнай мовы, містэр Джозэф МакКарты Хайнс, горача заклікаў уваскрасіць старажытныя гаэльскія спартовыя гульні й забавы, якім зранку і ўвечары аддаваўся Фін МакКул, каб ажывіць найлепшыя традыцыі мужчынскай сілы й моцы, данесеныя да нас зь сівой мінуўшчыны. Л. Блюм, які прытрымліваўся супрацьлеглага пункту погляду, сустрэў мяшаны прыём, як авацыю, гэтак і сьвіст, і старшынявакаліст, паддаючыся шматлікім просьбам і гарачым воплескам з усіх куткоў бітком набітай залі, заключыў дыскусію знакамітым выкананьнем вечна маладой песьні ”Станем народам яшчэ раз” на словы несьмяротнага Томаса Осбарна Дэйвіса (на шчасьце, занадта добра нам вядомыя, каб іх тут нагадваць). Не баючыся пярэчаньняў, мы скажам, што ў гэтым выкананьні наш вэтэран, патрыёт і чэмпіён перасягнуў самога сябе. Ірляндзкі Каруза-Гарыбальдзі быў у дасканалай форме, і ягоны громападобны голас як ня трэба лепш прыдаў бляску вякамі шанаванаму гімну, прасьпяванаму так, як толькі мог прасьпяваць яго наш грамадзянін. Цудоўны сьпеў, які сваім звышвысокім узроўнем падняў яшчэ вышэй ягоную й без таго высокую міжнародную рэпутацыю, быў узнагароджаны аглушальнымі воплескамі незьлічонай аўдыторыі, сярод якой можна было ўбачыць шматлікіх выдатных дзеячоў нашага духавенства, прадстаўнікоў прэсы, адвакатуры й іншых асьвечаных прафэсій. На тым пасяджэньне спынілася.
У ліку прадстаўнікоў духавенства прысутнічалі высокаправялебны Ўільям Дэлані, Т. І., доктар філялёгіі; правял. Джэралд Молай, доктар тэалёгіі; правял. П. Дж. Кавана, Кангрэгацыя Сьвятога Духа; правял. Т. Уотэрс, вікары; правял. Джон М. Айвэрс, пробашч; правял. П. Дж. Кліры, ордэну франьцішканаў; правял. Л. Дж. Хікі, ордэну братоў-прапаведнікаў; высокаправял. брат Нікалас, ордэну франьцішканаўкапуцынаў; высокаправял. Б. Горман, ордэну кармэлітаў босых; правял. Т. Махэр, Т. І.; высокаправял. Джэймс Мэрфі, Т. І.; правял. Джэймс Лэйвры, вікары па назначэньню; высокаправял. Уільям Доэрты, доктар тэалёгіі; правял. Пітэр Фэйган, ордэну марыянаў; правял. Т. Бранган, ордэну аўгустыянаў; правял. Дж. Флавін, вікары; правял. М. Э. Хэкэт, вікары; правял. В. Хэрлі, вікары; монсэньёр МакМанус, генэральны вікары; правял. Б. Р. Слэтры, ордэну Несплямёнага Зачацьця Дзевы Марыі; высокаправял. М. Д. Скалі, пробашч; правял. Ф. Т. Пэрсэл, ордэну братоў-прапаведнікаў; высокаправял. Тыматы Горман, канонік, пробашч; правял. Дж. Фланаган, вікары. У ліку сьвецкіх прысутнічалі П. Фэй, Т. Куэрк і шмат іншых.
— Дарэчы, наконт сілавых практыкаваньняў, — кажа Олф, — вы не былі на тым матчы К’ю-Бэнэт?
— Не, — адказвае Джо.
— Я чуў, што нехта зарабіў на ім ладную сотню фунтаў — кажа Олф.
—Хто? Буяка, відаць? — пытае Джо.
А Блюм кажа:
— Вось у тэнісе, нарыклад, патрэбны спрыт і зоркае вока.
— А хто ж іншы, Буяка, — кажа Олф. — Ён пусьціў чутку, што Майлэр расьпіўся, каб на яго ня ставілі, а той увесь час лупіў у грушу.
— Ведаем яго, — кажа Грамадзянін. — Сын здрадніка. Ведаем, што наганяла ангельскае золата ў ягоныя кішэні.
— Што праўда, то праўда, — кажа Джо.
А Блюм зноў укліньвае пра лаўн-тэніс і пра кровазварот, і пытаецца ў Олфа:
— А вы так ня думаеце, Бэрган?
— Майлэр падмёў ім падлогу, — цягне сваё Ольф. — Хінан і Сэерс толькі дурыліся, калі параўнаць. Урэзаў яму, што той забыўся пра тату з мамай. Трэба было бачыць, адзін курдупель, ледзь да пупа таму даставаў, а другі бамбіза, так і малоціць па пустому. Ах, а пад канец яшчэ і ў зевы пырнуў. Згодна з правіламі Куінсбэры ды ўсім іншым, той і вырыгаў усё, чаго ня зьеў.
Гэта была запамінальная й зацятая бойка, у якой Майлэр і Пэрсі скрыжавалі рукавіцы за прыз у пяцьдзесят савэрэнаў. Улюбёнец Дубліну, будучы лягчэйшым за суперніка, зь лішкам ураўнаваў гэты недастатак сваім бліскучым майстэрствам на рынгу. Фэервэрк апошняга раўнду быў пакутны абодвум чэмпіёнам. У папярэднім раўндзе цяжкаважкі сяржант артылерыі пусьціў крыху чырвонага соку, акуратна абрабіўшы нос улюбёнцу, так што Майлэр К’ю, галоўны атрымальнік і з правай і зь левай, выйшаў з выглядам нападпітку. Жаўнер падтрымаў справу магутным кароткім зьлева, на які ірляндзкі глядыятар адказаў маланкавым простым, пацэліўшы Бэнэту ў сківіцу. Чырвоны мундзір зрабіў нырок, але наш дублінец выпрастаў яго левым крукам, наносячы ўдар у корпус. Супернікі перайшлі ў бойку на блізкай дыстанцыі. Майлэр, заўвіхаўшыся жвавей, здабыў перавагу, і напрыканцы раўнду здаравяка вісеў на канатах, караны градам удараў. Ангелец, правае вока якога зусім заплыло, падаўся ў свой куток, дзе яго шчодра адлілі вадою, і на гук гонгу зноў быў поўны бадзёрасьці й адвагі, не сумняваючыся, што мігам накаўтуе харобрага кулачніка з Эбланы. Гэта была бойка да поўнай перамогі, і яна чакала лепшага. Абодва змагаліся як тыгры. Публіку ахапіла ліхаманкавае хваляваньне. Судзьдзя зрабіў Замашыстаму Пэрсі два папярэджаньні за прытрымкі, аднак улюбёнец быў спрытны, а як працавалі ягоныя ногі — гэта варта было пабачыць. Пасьля шпаркага абмену камплімэнтамі, падчас якога ў Майлэра пайшла кроў ад элегантнага апэркоту вайскоўца, улюбёнець раптам кінуўся ў наступ на ўсіх франтох і лупануў Змагарнаму Бэнэту ашаламляльным левым у жывот. Ваяка распластаўся на падлозе. Гэта быў накаўт, чысты й майстэрскі. Сярод напружанай цішыні над портабэлскім малацьбітом пачалі вылічваць сэкунды. Але тут Оле Пфотс Вэтштайн, сэкундант Бэнэта, кінуў на рынг белы ручнік, і хлопец з Сэнтры быў аб’яўлены пераможнікам пад апантаную авацыю публікі, якая хлынула на рынг і ледзь яго не затаптала ў шалёным выбуху захапленьня.
— Ён то ведае, зь якога боку хлеб шмаруюць маслам, — кажа Олф. — Я чуў, цяпер ён ладзіць канцэртнае турнэ па поўначы.
— Я таксама чуў, — кажа Джо. — А што, ці няпраўда?
— Хто? — пытае Блюм. — Ах, так. Гэта праўда. Нешта накшталт летняга турнэ, ведаеце. Такія вакацыі.
— А місіс Б. будзе самай галоўнай і яскравай зоркай, ці ж не? — пытае Джо.
— Мая жонка? — кажа Блюм. — Так, яна будзе сьпяваць. Я думаю, гэта будзе мець посьпех. Ён знакаміты арганізатар. Знакаміты.
Го-го, дык вось яно як, кажу я сабе, ой, кажу. Гэта тлумачыць, адкуль яму грош пхаецца ў кішэню й каму валасок вока муляе. Буяка зайграе ім на флейце. Канцэртнае турнэ. Сынок бруднага Дана, таго старога спрытнюгі з Айлэндбрыдж, які тыя самыя коні прадаваў ураду па два разы ў часе бурскай вайны. Містэр Чаго-чаго? Я да вас наконт падатку, воднага й на бедных, містэр Бойлан. Наконт чаго? Воднага падатку, Містэр Бойлан. Чаго-чаго? Гэты мардадзёр, ён ужо яе зарганізуе, запомніце маё слова. Усё між намі, цыпачка.
Гонар скалістай гары Кальпы, дачка Туіды, з валасамі як смала. Там узрасла яна й расьцьвіла да красы непараўнанай, дзе мушмула й мігдал сыцяць паветра сваім водарам. Сады Алямэды спазналі ейныя лёгкія ступні, аліўкавыя гаі пазнавалі яе й кланяліся, пахіляючы галінкі. Цнатлівай жонкай Леапольду яна, пышнагрудая Мэрыян.
Ды ля, глядзеце, уваходзе муж з клану О’Молаяў, дародны й белатвары, зь лёгкім румянцам, дараднік ягонай міласьці караля, асьвечаны ў правадаўстве, і зь ім прынц і насьледнік шляхотнага роду Лэмбэртаў.
— Здароў, Нэд.
— Здароў, Олф.
— Здароў, Джэк.
— Здароў, Джо.
— Хай вас Бог сьцеражэ, — кажа Грамадзянін.
— І вас у ласцы сваёй, — кажа Дж. Дж. — Чаго возьмем, Нэд?
— Палоўку, — кажа Нэд.
Дж. Дж. заказвае выпіць.
— У судзе блыталіся? — пытае Джо.
— Так, — адказвае Дж. Дж. — Ён усё ўладзіць, Нэд, — кажа ён таму.
— Будзем спадзявацца, — кажа Нэд.
Якія ў гэтай парачкі справы? Дж. Дж. шчыруе, каб таго выкрасьлілі са сьпісу прысяжных, а той яму пасабляе перабіцца. Ягонае ймя на сьпісе крэдытораў у газэце Стабса. Рэжацца ў карты й балюе зь вялікімі тузамі пры шыкоўных маноклях, жлукціць шампанскае й, вядома, завяз па шыю ў рахунках і позвах у суд. Закладаў свой залаты гадзіньнік у Камінса на Фрэнсысстрыт, дзе яго ніхто ня ведае, а там раптам я аказаўся зь Сікуном Бэркам, ён якраз боты выкупляў з закладу. Як ваша прозьвішча, сэр? А ён кажа: Обры. Ага, думаю, гэты ўжо добры. Ой, здаецца мне, неўзабаве дарогу дахаты яму перакрыюць краты.
— А вам ня трапіўся на вочы той вар’ят Брын? — пытае Олф. — Пр. др.: прыдурак.
— Трапіўся, — адказвае Дж. Дж. — Шукаў прыватнага дэтэктыва.
— Анягож, — кажа Нэд, — і ён ішоў у суд, хацеў права павярнуць налева, толькі Корні Кэлэхер яго запыніў, сказаў, што найперш трэба правесьці экспэртызу почырку.
— Дзесяць тысяч фунтаў, — рагоча Олф. — Дальбог, я й граша не пашкадаваў бы, каб паслухаць яго перад судзьдзёй і прысяжнымі.
— Нябось, гэта твая работа, Олф? — пытае Джо. — Кажы праўду, усю праўду й толькі праўду, і памагай табе Джымі Джонсан.
— Мая? — кажа Олф. — Ня кідай сьвіньняў перад пэрлу майго характару.
— Любая заява, зробленая табою, — кажа яму Джо, — можа быць скарыстаная супроць цябе.
— Справу ў яго, безумоўна, могуць прыняць, — кажа Дж. Дж. — Бо ж там імплікуецца, што ён ня compos mentisПры здаровым розуме (лац.).. Пр. др.: прыдурак.
— Compos табе ў вока! — рагоча Олф. — Ты што, ня ведаеш, што ён збзікаваў? Хопіць паглядзець на ягоную мазгаўню. Ты ведаеш, што ён з раніцы пасабляе сабе ражком для абутку, каб насадзіць на яе капялюш?
— Так, — кажа Дж. Дж., — але ў вачох закону праўдзівасьць паклёпу не вызваляе ад адказнасьці за ягоную агалоску.
— Ай-яй, Олф, — гэта Джо.
— Але ўсё ж, — кажа Блюм, — калі падумаць пра бедную жанчыну, я маю на ўвазе, ягоную жонку...
— Так, шкада яе, — кажа Грамадзянін. — І ўвогуле ўсякую, у якой муж ні сёе ні тое.
— Як ні сёе ні тое? — пытае Блюм. — Вы хочаце сказаць...
— Я хачу сказаць, ні сёе ні тое, — кажа Грамадзянін. — Такі, што ні рыба ні мяса.
— Ні сялёдка з заквасам, — дадае Джо.
— Вось гэта я й хацеў сказаць, — кажа Грамадзянін. — PishogueСурочаны (ірлян.)., калі ведаеце, што гэта значыць.
Чую, дальбог, каша заварваецца. Блюм пускаецца ў тлумачэньні, што ён, маўляў, меў на ўвазе, як гэта жорстка, калі бедная жанчына мусіць усюды бегаць за сваім заікаватым прыдуркам. А што, тут і сапраўды жорсткія адносіны да зьвяроў, так выпускаць на папас таго згалелага ідыёта Брына зь ягонай дзяркатай барадою, ад такога й нябёсы сьлязу выціснуць. А яна яшчэ й нос задзірала, калі выйшла за яго, ну бо як жа, ягоны траюродны дзядзька адчыняў рымскаму папу дзьверы ў касьцёле. Ягоны партрэт на цьвіку, з пшыкоўна закручаным вусам. Сіньёр Брыні з Самэрхілу, дрыстальянец, зуаў Сьвятога Айца, пакінуў набярэжную й пераехаў на Мосстрыт. А хто ён такі, скажэце? Ды ніхто, два пакойчыкі з ходам на задні двор, сем шылінгаў у тыдзень, а грудзі цэлыя ў розных бляшках, каб увесь сьвет засьляпіць.
— А звыш таго, — працягвае Дж. Дж., — паштоўка абазначае агалоску. У прэцэдэнтнай справе Сэдграва супроць Хоўла гэта прызналі дастатковым доказам злоснага намеру. На мой пагляд, справу могуць прыняць.
Вось табе й галёшы за тры грошы, калі ласка. Каму патрэбны твой пагляд? Дай нам спакойна піва папіць. Дальбог, ужо нават гэтага не даюць.
— Ну, на здароўе, Джэк, — кажа Нэд.
— І тваё, Нэд, — адказвае Дж. Дж.
— А вунь і зноўку ён, — кажа Джо.
— Дзе? — пытае Олф.
І хай мяне ліха, ён зноў парадуе перад дзьвярыма са сваімі кніжышчамі пад пахай, а побач жонка й Корні Кэлэхер, зірнуў на нас, праходзячы, сваім бельмавокам, і ўвесь час пабацькоўску тлумачыць, падмаўляе таго купіць ужываную труну.
— А як там закончылася справа з тым канадзкім махлярствам? — пытае Джо.
— Адкладзеная, — кажа Дж. Дж.
Гэта адзін зь сябрыны гарбаносых, нехта Джэймс Воўт, ён жа Шапіра або Спарк або Спайра, даў у газэты, што абспраўляе праезд у Канаду за дваццаць шылінгаў. Што? Вы бачылі, як зайцы сена косяць? Што й казаць, гэта была чыстая ліпа. Як вам? Усіх нагрэў, ня толькі розных памывачак і парабкаў з графства Міт, але заадно і ўласных супляменцаў. Дж. Дж. распавядаў, як адзін старажытны гэбрай, Зарэцкі ці як яму было, стаіць на месцы сьведкаў у сваім капелюшы, рыдае й прысягаецца сьвятым Майсеем, што яго ачмуцілі на два фунты.
— А хто судзіў? — пытае Джо.
— Галоўны судзьдзя, — кажа Нэд.
— Бедны стары сэр Фрэдэрык, — кажа Олф, — яму й дзіця зубы загаворыць.
— Вялікае сэрца, як у слана, — кажа Нэд. — Яму раскажуць страшную казку пра даўгі за кватэру й пра хворую жонку й кучу дзятвы, і, хай я зь месца, ён і разрыдаецца ў сваім крэсьле.
— Праўда, — кажа Олф. — Рувіму Дж. халерна пашэнціла, калі ён ня трапіў пад замок за тое, што ўчапіўся ў бедачыну Гамлі, які цяпер каменьне на брукаванкі пільнуе каля Батскага мосту.
І пачынае перакрыўляць, як гэты старэча, галоўны судзьдзя, галосіць:
— Сапраўды нечуваная справа! Гэты бедны працавень! Колькі ў вас дзяцей? Дзесяцёра, кажаце?
— Так, ваша міласьць. А жонка хварэе на тыф.
— А жонка хварэе на брушны тыф! Які сорам! Прашу вас неадкладна пакінуць залю, сэр. Не, сэр, я ня дам наказу ўплаты. І як вы пасьмелі, сэр, заявіцца да мяне па такі наказ! Бедны працавіты чалавек! Я спыняю справу.
І быў дзень шаснаццаты месяца валавокай багіні й тыдзень трэці пасьля сьвята Тройцы Адзінасутнай і Непадзельнай, дачка ж нябёсаў, дзевая Люна, прабывала ў першай сваёй квадры, і сталася так, што асьвечаныя судзьдзі падаліся ў Палац Права. І там магістар Кортні, у палаце сваёй засеўшы, вырак свой прадставіў, а судзьдзя, магістар Эндрус, засеўшы без прысяжных у судзе па спадчынных справах, разгледзеў уважліва і ўзважыў правы першага дамагальніка на майно, пазначанае ў прадстаўленым да зацьверджаньня тастаманце і ў канчатковым тастамантавым распараджэньні in reУ справе (лац.). нерухомага й рухомага майна памёрлага Джэйкаба Халідэя, гандляра вінным напоем, нябожчыка, супроць правоў Лівінгстона, непаўналетняга, з розумам зацьмёным, і апекуна. І вось, у велічны гмах суду на Грынстрыт прыбыў сэр Фрэдэрык, Сакольнік. І засеў там каля пятай гадзіны, каб чыніць правасудзьдзе па законах брэхонаў у камісіі, створанай на ўсю тую акругу й прылеглыя й на графства места Дублін. І засядаў разам зь ім высокі сынэдрыён дванаццаці каленаў Іяравых, па адным мужы ад кожнага з каленаў, ад калена Патрыка й ад калена Х’ю й ад калена Оўна й ад калена Кона й ад калена Оскара й ад калена Фэргуса й ад калена Фіна й ад калена Дэрмата й ад калена Кормака й ад калена Кэвіна й ад калена Куілта й ад калена Осыяна, і было іх разам мужоў дванаццаць, добрых і справядлівых. І заклікаў ён іх перад Памёрлым на крыжы, каб судзілі яны добра й справядліва, і ўчынілі справядлівы розгляд у справе іхняга сувэрэнакараля супроць падсуднага, і вынесьлі справядлівы вырак у згодзе з доказамі, у чым памагай ім Бог і Пісаньне пацалуйце. І ўсталі яны на сваіх мясцох, тыя дванаццаць Іяравых, і пакляліся імем Спрадвечнага, што будуць спраўляць Ягонае Правасудзьдзе. І зараз ахоўнікі закону прывялі з казэматаў таго, каго віжуны правасудзьдзя схапілі, пайшоўшы сьледам выведаных зьвестак. І быў ён скаваны на руках і нагах, і яны не пусьцілі яго ні пад залог, ні на паруку, а спасобіла ім аддаць яго пад суд, бо быў ён ліхадзеем.
— Прыемныя справы выходзяць, — кажа Грамадзянін. — Панапрыяжджаюць сюды ў Ірляндыю ўсялякія й бзьдзюлёў панарасплоджваюць.
А Блюм робіць міну, нібыта нічога ня чуў, і пачынае тлумачыць Джо, што наконт тае драбніцы ён можа не турбавацца, хай толькі замовіць слоўка містэру Кроўфарду. А Джо яму прысягаецца ўсімі сьвятымі й на чым сьвет стаіць, што дзеля яго зробіць усё й яшчэ звыш таго.
— Бо бачыце, — тлумачыць ён, — для рэклямы патрэбны паўтор. У тым увесь сакрэт.
— Можаце на мяне разьлічваць, — абяцае Джо.
— Падманваюць сялянаў, — дае сваё Грамадзянін, — шальмуюць ірляндзкіх беднякоў. Мы больш ня хочам чужынцаў у нашым доме.
— О, я ўпэўнены, усё будзе як трэба, Хайнс, — кажа Блюм. — Гэта той Клютч, ведаеце.
— Лічэце, справа ў кішэні, — кажа Джо.
— Чужынцы, — кажа сваё Грамадзянін. — А вінаватыя мы самі. Самі панапускалі іх сюды. Самі сюды панаклікалі. Тая чужаложніца са сваім каханкам заклікала сюды англасаксаў, каб нас рабавалі.
— Умоўны прысуд, — кажа Дж. Дж.
Цяпер Блюм прыкідваецца, што страшэнна зацікавіўся невядома чым, можа, павуцінкай у куточку за бочкай, Грамадзянін яго есьць вачыма, а сабачыска ў ягоных нагах падняў морду, глядзіць, на каго тут кідацца й калі.
— Зганьбаваная жонка, — заяўляе Грамадзянін, — вось дзе прычына ўсіх нашых бедаў.
— А вось якраз і яна, — кажа Олф, які разам з Тэры хіхікаў ля стойкі над ”Паліс Газэт”, — ва ўсёй баявой афарбоўцы.
— Дай і нам зірнуць, — кажу.
А ў іх там, аказваецца, адзін з тых скаромных амэрыканскіх малюнкаў, якія Тэры бярэ ў Корні Кэлэхера. Сакрэт як павялічыць вашы інтымныя ворганы. Забава сьвецкай прыгажуні. Норман В. Тапэр, заможны прадпрымальнік з Чыкага, знаходзіць сваю гожанькую, але няверную жонку ў абдымках афіцэра Тэйлара. Прыгажуня ў майтках аддаецца забаве, кавалер яе цапае за цапкія месцы, а Норман В. Тапэр убягае са сваёй пукаўкай якраз па часе, калі яна толькі што пагуляла з афіцэрам Тэйларам у ступку й таўкачык.
— Ах, Джэні, красуля, — кажа Джо, — дзе твая сподняя кашуля!
— Ёсьць за што патрымацца, Джо, — кажу. — Ладны агузак можна было б выразаць з гэтай цёлкі, га?
Пакуль мы сёе-тое, уваходзяць Джон Уайз Нолан з Лэнэханам, у якога лыпа падаўжэла, як ноч у піліпаўку.
— Ну, — кажа Грамадзянін, — што новага ў тэатры падзеяў? Чаго зноў нагарадзілі тыя выцірнякі з ратушы на сваім зборы наконт ірляндзкае мовы?
О’Нолан, укрыты блішчастым панцырам, нізкім паклонам аддаў пашаноту вялікаму й дужаму й магутнаму ўладару Эрыну й давёў да ягонага ведама тое, што зьдзеялася, калі дастойныя райцы найпачцівейшага места, другога ва ўсім каралеўстве, стрэлі іх у сьценах Толсэлу й там, узьнёсшы малітвы належныя багом, што насяляюць эфірныя пространі, урачыстую нараду адбылі, каб пастанавіць, ці павінны яны, акажыся такое магчымым, прывярнуць для хвалы сярод сьмяротных крылатую мову разьдзеленых морамі кельтаў.
— Справа рухаецца, — кажа Грамадзянін. — Кібенімацеры тых набандычаных англасраксаў зь іхнім дудуканьнем.
Ну, тут Дж. Дж. пачынае строіць прасьветніка й кідаць пра розныя пункты погляду й трэба ўлічваць факты й прыгадайце тую штуку Нэльсана, глядзець у тэлескоп сьляпым вокам, і нельга абвінавачваць агулам цэлую нацыю, а Блюм яму падключае як можа пра памяркоўнасьць ды папярдоўнасьць ды іхнія калёніі ды іхнюю цывілізацыю.
— Іхнюю сыфілізацыю, вы хацелі сказаць, — заюшыла Грамадзяніна. — Да д’ябла іх! Хай іх лясьне між вочы перуном нездагадлівага Бога, тых тугавухіх курвельскіх вырадкаў! Ні музыкі, ні мастацтва, ні літаратуры, ні каліўца ў іх. Усё, што ў іх ад цывілізацыі, яны ўкралі менавіта ў нас. Гамзаты вывадак байструкоў!
— Сям’я эўрапейскіх народаў, — кажа Дж. Дж...
— Яны ніякія не эўрапейцы, — валіць Грамадзянін. — Я быў ў Эўропе з Кэвінам Іганам Парыскім. Нідзе ў Эўропе ні сьледу іх, ні іхняе мовы, хіба што ў cabinet d'aisanceПрыбіральня (франц.)..
А Джон Уайз кажа:
— Як многа красак нічый не аблашчыць пагляд.
А Лэнэхан, які крыху кумекае ў тым квакамоўі:
— Conspuez les Anglais! Perfide Albion!Пагарда ангельцам! Крывадушны Альбіён! (франц.).
Мовіў ён і падняў сваёй вялізнай, шэрхлай, мускулістай і магутнай даланёй рог цёмнага, моцнага, пеністага элю й, гукнуўшы баявы кліч свайго кляну Lamh Dearg AbuПерамога Чырвонай Руцэ (ірлян.)., асушыў яго за згубу сваіх ворагаў, племені магутных і харобрых герояў, што ўладараць над морамі й засядаюць на алебастравых тронах, маўклівыя, бы неўміручыя багі.
— Што табе сталася? — пытаю я Лэнэхана. — У цябе выгляд, быццам ты абмяняў вала на кала.
— Залаты Кубак, — кажа ён.
— А хто выйграў, містэр Лэнэхан? — пытае Тэры.
— Рэкляма, — адказвае той. — Дваццаць да аднаго. Абсалютны аўтсайдэр. А іншых не было відаць на даляглядзе.
— А кабылка Баса? — пытае Тэры.
— Яшчэ не дабегла, — кажа Лэнэхан. — Усе мы накрыліся. Бойлан паставіў на Булаву, што я яму нараіў, два фунты, за сябе й за адну знаёмую даму.
— Я й сам паставіў паўкроны, — кажа Тэры, — на Цынфандэла, мне містэр Флін падказаў. Конік лорда Хаўарда дэ Ўолдэна.
— Дваццаць да аднаго, — кажа ён яшчэ раз. — Вось такое бывае жыцьцё на высранцы. Рэкляма, — кажа, — ухапіла пірагі й печы не заставіла. Слабасьць, тваё ймя — Булава.
Тут ён падыходзіць да бляшанкі па бісквітах, што Боб Доран пакінуў, і глядзіць, ці няма чаго паесьці ў крэдыт, а стары зьвягуніска за ім, цікуе свайго шанцу, разявіўшы тую паршывую пашчу. На Грамніцы бабуля пазірае на паліцы.
— Нічога з хрэнам, дзіцятка, — кажа яму.
— Трымай хвост абаранкам, — кажа Джо. — Булава выйграла б тыя грошы, калі б ня тая другая сучка.
А Дж. Дж. з Грамадзянінам далей мазгуюць наконт законаў і гісторыі, і Блюм, вядома, тры грошы дакідвае.
— Некаторыя людзі, — кажа Блюм, — у чужым воку згледзяць сучок, а ў сваім палена ня бачаць.
— RaimeisЛухта (ірлян.)., — кажа Грамадзянін. — Як кажуць, сьляпому акуляраў не падшукаеш, калі разумееце, што я маю на ўвазе. Куды падзеліся нашы дваццаць мільёнаў ірляндцаў, якіх мы сёньня павінны мець замест чатырох, нашы страчаныя калены? А нашы ганчары, нашы ткачы, найлепшыя ў цэлым сьвеце? А наша сукно, якое яшчэ ў Рыме прадавалі ў часы Ювэнала, і наш кужаль, і наша адамашка з кроснаў Антрыму, і нашы карункі зь Лімэрыку, нашы гарбаваныя скуры, і белае алавянае шкло зпад Балібоку, і наш гугеноцкі паплін, які ў нас яшчэ з часоў Жакара зь Ліёну, і нашы шаўковыя тканіны, і фоксфардзкі туід, і крэмавы гіпюр з кармэліцкага манастыра ў Нью Рос, нічога падобнага ў цэлым сьвеце нямаш! Дзе грэцкія купцы, што праплывалі Геркулесавыя Слупы, сёньня Гібралтар, захоплены ворагам чалавецтва, і плылі ў Уэксфард, на кірмаш у Кармэн, гандляваць золатам і тырыйскай пурпурай? Пачытайце сабе Тацыта й Пталемэя, ці хоць бы Гіралда Камбрэнскага. Віно, футры, мармур з Конэмары, срэбра з Тыпэрары, непараўнанае зь ніякім іншым, і нашы коні, што славяцца па сёньняшні дзень, ірляндзкая запражная парода, а за права лавіць рыбу ў нашых водах гішпанскі кароль Філіп гатовы быў плаціць нам мыта. Хто вылічыць, колькі нам тыя ангельскія заразы вінаватыя за наш зруйнаваны гандаль, за нашы зруйнаваныя дамоўкі? А тыя рэчышчы Бараў і Шэнану, якіх ня хочуць паглыбіць, пакідаючы нам мільёны акраў балота й імшараў, каб мы павыміралі ад сухотаў.
— Неўзабаве мы застанемся бязь лесу, як у Партугаліі, — кажа Джон Уайз, — або на нейкім Гэлгаляндзе, дзе стаіць адзінюсенькае дрэўка. Калі толькі ня возьмуцца за пасадку лесу. Лістоўніца, яліна, усе зь сям’і хваёвых зьнікаюць на вачох. Я вось чытаў справаздачу лорда Кэслтаўна...
— Трэба іх ратаваць, — кажа Грамадзянін, — магутны ясень у Голуэі, і каралеўскі вяз у Кілдары, сорак футаў у камлі й карона на ладны акр. Ратаваць дрэвы Ірляндыі для будучых ірляндзкіх пакаленьняў, на чароўных узвышшах Эйрэ, О!
— Эўропа глядзіць на вас, — кажа Лэнэхан.
Вярхоўе й нізоўе шышкоўнага й лістоўнага сьвету ўсяе Лесаляндыі прысутнічала ў той надвячорак en masseТут: густа (франц.). на зашлюбінах кавалера Жана Візэ дэ Налана, вялікага першага галоўнага ахоўніка Ірляндзкіх Нацыянальных Лясоў, зь міс Ялінкай Шышкевіч з Сасновай Даліны. Ценю ўрачыстасьці прыдалі сваёй прысутнасьцю ледзі Крылатка Вязоўская, місіс Бэла Бяроза, місіс Груша Калючэня, місіс Арэхва Ляшчынская, міс Ляўра Бабкова, міс Пушынка Дзьмухавец, місіс Паляна Схаваная, місіс Арабінія Малая, місіс Лаза Вінаградная, міс Дзераза Паўзун, міс Галінка Букоўская, міс Хварасьціна Ядлаўчонак, міс Алівія Млосная, місіс Лучына Смалянская, міс Асіна Дрыготкая, міс Ліпа Мядунская, місіс Сьцябліна Сухая, міс Бузіна Чорная, міс Асака О’Мімоза-сан, місіс Ліяна Закручаная, сяброўкі міс Ахапка Сучча й міс Абярэмка Патычча, міс Брушніца Кісьлюк, міс Суніца Бараўчанка, міс Грацыя Таполя, міс Глярыяна Пальма, місіс Хваіна Падрубная, місіс Калода Дубовая й місіс Гадзюка Падкалодная з Каралеўскай Дубровы. Маладая, якую да шлюбу адводзіў яе бацька, Сук-Шышкевіч з Пруткіх Каранёў, выглядала надзвычай чароўна ў пышным туалеце зь зялёнага мэрсэрызаванага шоўку на падбіўцы зьмяркальнашэрага адценьня, з шырокім шмарагдавым пасам і трыма радамі фальбонаў крыху цямнейшага тону, а ўсю гэтую камбінацыю дапаўнялі шлейкі і ўстаўкі на бёдрах пад жалудовую барву. Дружкі маладой, міс Пінія й міс Туя, таксама з радзіны Шышкевічаў, былі ў дасканала дапасаваных туалетах такіх самых тонаў, з вытанчанай ружавай выпусткай на плісаваных складках, матывы якой капрызна паўтараліся на нэфрытназялёных токах, аздобленых эгрэткамі з бледнакаралевых пёраў чаплі. Сэньёр Фаўніска Флёра, засеўшы за арганам, паказаў сваё славутае майстэрства, выконваючы на заканчэньне вянчальнай службы, як дадатак да прадпісанай канонамі музыкі, песьню ”Дрывасек, спыні свой зьдзек” у знакамітай новай аранжацыі. Калі маладыя, атрымаўшы папскае багаславенства, пакідалі касьцёл Сьвятога Фіякра Баравога, іх гарэзьліва абсыпалі градам арэхаў, жалудоў, ляўровай лістоты, вярбовых коцікаў, лазы, ягадаў вастралісту, галінак амялы й ядлаўцовых атожылкаў. Містэр і місіс Візэ Шышкевіч Налан правядуць свой мядовы месяц у Чорным Лесе.
— І мы глядзім на Эўропу, — кажа Грамадзянін. — Калі яшчэ тыя падбрэхавічы былі шчанюкамі, мы ўжо гандлявалі з Гішпаніяй і з французамі й з флямандцамі, гішпанскія караблі плавалі ў Голуэй зь півам, зь віном па віннацёмным моры.
— І паплывуць яшчэ, — кажа Джо.
— І з дапамогай Сьвятой Багамаці зноў паплывуць, — паўтарае Грамадзянін, ляпаючы сябе па сьцягне. — Нашы апусьцелыя порты зноў ажывуць, Куінстаўн, Кінсэйл, Голуэй, Блэксод Бэй, Вэнтры, што ў графстве Кэры, Кілібэгс, трэці велічынёй порт ва ўсім сьвеце, суцэльны лес мачтаў, караблі роду Лінчаў з Голуэю, і Кавана О’Рэйліх, і дублінскіх О’Кэнэдзіх, а граф Дэсмонд падпісваў дамову з самім Карлам Пятым. Так, паплывуць, і мы яшчэ ўбачым, як першы ірляндзкі збраяносец барозьніць моры з нашым уласным сьцягам на мачце, а ня з той плаксівай гарфай Генры Тудара, о не, з найстарэйшым сьцягам правінцый Дэсмонд і Тамонд, тры залатыя кароны на блакітным полі, тры сыны Мілезія.
І глушыць свой кухаль да дна. MoyaАнягож (ірлян.).. Страшны як пшык у духоўцы. Вучыць бацьку, адкуль дзеці бяруцца. Хай бы ён рызыкнуў з гэтым сваім пустабрэхам выйсьці перад народам у Шэйнаголдэне, туды ён і нос сунуць баіцца, яму там Молі Магуаер даўно ўжо нарыхтвала алавяны пачастунак за тое, што ён выгнаў арандатара, а дабро сабе заграбастаў.
— Уга, вы толькі паслухайце, — кажа Джон Уайз. — Чаго яшчэ вып’еш?
— Таго, што каралеўская кавалерыя, — кажа яму Лэнэхан, — калі сьвяткуе перамогу.
— Палоўку з разбаўкай, Тэры, — кажа Джон Уайз. — Гэй, Тэры! Ты заснуў?
— Умомант, сэр, — адказвае Тэры. — Малую віскі й бутэлечку піва. Даю, сэр.
Павіс над той газэтнай ашмоцінай з Олфам, шукае смачнейшых кавалкаў, а гасьцей забыўся абслугоўваць. Абразок са спаборніцтва ў разьбіваньні лабоў, адзін аднаго стараецца гваздануць чэрапам, ідзе на яго, прыгнуўшы галаву, як бык на вароты. І яшчэ адзін: Як спалілі чорнага зьвера ў Амаха, Джорджыя. Банда герояў у каўбойскіх капелюшох смаліць да апошняга ў чорнага самбу, павешанага на дрэве, у таго ўжо язык на барадзе, а спадысподу раскладзенае вогнішча. Дальбог, ім яшчэ не хапае ўтапіць яго ў моры, пасадзіць на электрычнае крэсла й расьпяць, каб ужо былі ўпэўненыя ў посьпеху.
— А што скажаш пра змагарны флёт, — пытае Нэд, — які трымае нашых ворагаў на ланцугох?
— Я вам пра яго што-нешта скажу, — кажа Грамадзянін. — Гэта пекла на зямлі, вось што. Пачытайце ў газэтах тыя сэнсацыі, як лупцуюць дубцамі на навучальных караблёх у Портсмуце. Нейкі тып апісвае за подпісам ”Агіджаны”.
І давай нам апавядаць пра цялесныя пакараньні, як шыхтуецца каманда, афіцэры, контр-адміралы ў сваіх трохкутніках, і пастар са сваёй пратэстанцкай бібліяй, словам, усе, хто прысутнічае пры пакараньні. Прыводзяць бедачыну, дзецюка, які скуголіць за мамуляй, і прывязваюць яго пластом да гарматнага ляфэту.
— Адбіўную й тузін мацнейшага, — кажа Грамадзянін, — так гэтую справу называў стары разбойнік сэр Джон Бэрэсфорд, ну а цяперашнія набожныя ангельчыкі называюць гэта сьцябаньнем портак.
А Джон Уайз кажа:
— Звычай, які шануюць ва ўпамінаньні, а не ў захаваньні.
А той далей распавядае, як прыходзіць магістар скурадзёрства з доўгім дубцом, замахваецца й давай абрабляць азадак таго дзецюка, пакуль той не наенчыцца не мардуйце мяне.
— Вось вам славуты брытанскі флёт, — кажа Грамадзянін, — які ўладарыць над зямлёй. У гэтых герояў, якія ніколі ня стануць рабамі, адзіная спадчынная палата на ўсім Божым сьвеце, і ўсе землі ў руках тузіна надзьмутых баваўняных баронаў і кныроў, што ня петраць нічога, акрамя паляваньня з ганчакамі. Вось яна, тая іхняя імпэрыя, якою яны так фанабэрацца, імпэрыя рабоў, замардаваных прыгонам і батогам.
— Над якой ніколі не ўзыходзіць сонца, — падкідвае Джо.
— І ўся трагедыя ў тым, — закругляе Грамадзянін, — што самі яны ў гэта вераць. Няшчасныя ехі ў гэта вераць.
Вераць ў батога-айца, скурадзёрнага, творцу пекла на зямлі, і ў Джэка Матроса, сына нягожага, яго ж зачала Мэры-свалата зь нясытага жывата, і нарадзіўся ён дзеля каралеўскага флёту, і пакутаваў пад адбіўной і тузінам мацнейшага, паласаваны, сьвежаваны й сольлю пасыпаны, і завыў як зьвер, і падняўся з койкі на трэці дзень па прадпісаньні, і прыйшоў у порт і засеў сракаруч свайго яйца, пакуль не дадуць загад і ня пойдзе ён пацець дзеля хлеба свайго надзённага.
— Ды ці яно ня так, — азываецца Блюм, — што дысцыпліна паўсюды аднолькавая? Я хачу сказаць, ці ў нас не было б тое самае, калі б супроць сілы выставілі сілу?
А што я вам казаў? Каб я так ня піў гэтага портэру, калі няпраўда, што ён да апошняга здыханьня будзе вам даказваць, што чорнае гэта белае.
— Мы выставім сілу супроць сілы, — кажа Грамадзянін. — Мы маем сваю вялікую Ірляндыю за акіянам. Іх выгналі з роднага дому й з роднага краю ў чорным сорак сёмым. Іхнія мазанкі й прыдарожныя халупы зраўнялі зь зямлёю, а ў ”Таймсе” паціралі рукі й паведамлялі баязьлівым саксам, што неўзабаве ў Ірляндыі застанецца ня болей ірляндцаў, чымсьці чырванаскурых у Амэрыцы. Нават турэцкі паша прысылаў нам свае піястры. Але англасраксы далей стараліся задушыць народ голадам, і хоць зямля дала багаты плён, брытанскія гіены ўсё скуплялі й прадавалі ў Рыё дэ Жанэйра. Сялянаў нашых яны выганялі табунамі! Дваццаць тысяч аддало Богу душы на бартох мараплаўных дамавінаў. Але тыя, што прыбылі ў зямлю вольных, не забылі пра зямлю няволі. Яны яшчэ вернуцца й адпомсьцяць, гэта вам не трусы, сыны Грэнюэйла, заступнікі Кэтлін-ні-Хуліхан.
— Цалкам слушна, — кажа Блюм, — але я меў на ўвазе...
— Мы ўжо даўно чакаем гэтага дня, Грамадзянін, — кажа Нэд. — Яшчэ з тае пары, як бедная старая нам сказала, што французы ля нашых берагоў, калі яны высаджваліся ў Кілале.
— Але, — кажа Джон Уайз. — Мы змагаліся за Сцюартаў, а яны нам здрадзілі й прадалі нас вільямітам. А прыгадайце Лімэрык і парушэньне дамовы на камені. Нашы найлепшыя людзі пралівалі кроў за Францыю й Гішпанію, дзікія гусі. Бітва пры Фантэнуа, гэта вам што? А Сарсфілд, а О’Донэл, герцаг Тэтуанскі ў Гішпаніі, а Уліс Браўн з Камусу, фэльдмаршал у войску Марыі Тэрэзы. Але ці мы калі-колечы што-колечы атрымалі за гэта?
— Хранцузы! — хрыпіць Грамадзянін. — Хэўра настаўнікаў танцаў! Нібыта самі ня ведаеце! Для Ірляндыі яны й гроша высранага не былі вартыя. А сёньня што, яны ня лезуць наладжваць entente cordialeСардэчная згода (франц.). з крывадушным Альбіёнам, накшталт тых высокасьвецкіх абедаў Тэя Пэя? Першыя падпальшчыкі Эўропы, і заўсёды імі былі!
— Conspuez les Français!Пагарда французам (франц.). — кажа Ленэхан, хапаючы за сваё піва.
— А возьмем прусакоў і гановэрцаў, — кажа Джо, — ці мала ў нас сядзела тых каўбасажэрных бастардаў на троне, ад курфюрста Георга да таго немчука й тае старое сукі з разадзьмутым пузам, што нядаўна спруцілася?
Ісусе, мяне так і пакаціла са сьмеху, як ён нам паказаў тую старэчу Віку з лупатымі зіркачамі, што ні ноч, яна ў сваім каралеўскім палацы запівае нэктар амброзіяй, а калі набярэцца, дык стангрэт хапае яе на гершкі й тарабаніць у пасьцель, а яна яго патузвае за бакі й напявае старажытныя песенькі пра Эрэн на Рэйне й прыйдзі туды, дзе гарэлачка таньней.
— Ну што ж! — кажа Дж. Дж. — Затое ў нас цяпер Эдуард міралюбівы.
— Байкі добрыя для дурняў, — на гэта Грамадзянін. — Ён больш шалудзівы, чымсьці міралюбівы. Эдуард Гуэльф-Вэтын!
— А што вы скажаце, — кажа далей Джо, — пра тых сьвятых дзецюкоў, ірляндзкіх ксяндзоў і біскупаў, якія аздобілі ягоныя пакоі ў Мэйнуце скакавымі эмблемамі Ягонай Паганскай Вялікасьці ды абразкамі ўсіх коней, на якіх езьдзяць ягоныя жакеі? Граф Дублінскі, ня менш за гэта.
— Туды б яшчэ павесіць абразкі ўсіх бабаў, на якіх ён сам езьдзіў, — кажа малы Олф.
На гэта Дж. Дж.:
— Сьціпласьць месца прымусіла іхнія правялебнасьці адмовіцца ад гэтай думкі.
— Скаштуеш яшчэ адно, Грамадзянін? — пытае Джо.
— О так, сэр, — адказвае той, — скаштую.
— Ну, а ты? — Джо да мяне.
— Надзвычайна абавязаны, — кажу. — І каб ты жыў, багацеў, і сьпераду гарбацеў.
— Паўтарыць тую дозу, — заказвае Джо.
А Блюм, у сваім бруднамышастарудзістым кацялку на макаўцы ўсё мянціць і мянціць языком з Джонам Уайзам, і сьлепнякі выпучыў, што сьлівы.
— Прасьледаваньні, — кажа ён, — уся сусьветная гісторыя поўніцца імі. Распальваюць нянавісьць між нацыямі.
— А вы ведаеце, што такое нацыя? — пытае Джон Уайз.
— Так, — адказвае Блюм.
— А што такое? — той пытае далей.
— Нацыя? — кажа Блюм. — Нацыя гэта ўсе людзі, якія жывуць у адным месцы.
— Ну, пацеха, — сьмяецца Нэд. — Калі так, дык нацыя гэта я, я ўжо цэлых пяць гадоў жыву ў адным месцы.
Тут, вядома, усе ўзялі Блюма на сьмех, а ён спрабоўвае выблытацца:
— Або яшчэ такія, што жывуць у розных месцах.
— Пад гэта я падпадаю, — кажа Джо.
— А можна спытацца, якая ваша нацыя? — пытае Грамадзянін.
— Ірляндзкая, — кажа Блюм. — Тут я нарадзіўся. Ірляндыя.
Грамадзянін на гэта нічога не сказаў, але толькі адхаркнуў і плюнуў у найдалейшы куток, дальбог, сама менш вустрыцай з Рэд Бэнк.
— Ну, паехалі далей, Джо, — кажа й выймае сваю хустачку, каб выцерціся.
Старажытная й неацэнная, пакрытая адмысловай вышыўкай, ірляндзкая аблічная хуста, якую паданьне зьвязвае зь імёнамі Салямона з Дромы й Мануса Томалтаха-ог-МакДонаха, аўтараў Кнігі Балімот, была зь вялікай асьцярогай разгорнутая ў белым сьвятле й выклікала працяглае захапленьне. Пазьбегнем шматслоўнага апісаньня ўжо легендарнай красы яе чатырох ражкоў, кожны зь якіх — вяршыня мастацтва; адзначым толькі, што на іх можна выразна ўгледзець чатырох эвангелістаў, якія ахвяруюць чатыром майстром свае эвангелічныя сымбалі: булаву з моранага дубу, паўночнаамэрыканскую пуму (заўважым мімаходзь, што гэта без параўнаньня больш шляхотны зьвер, чымсьці той у брытанскай геральдыцы), цялятка з Кэры й залатога арла з Карантухілу. Сцэны, што запаўнялі смаркальнае поле, выяўлялі нашы старажытныя дуны, раты, кромлехі й грыноны, а таксама сельбішчы прасьветы й валуновыя крушні, сыпаныя на памятку аб немарасьцях, і былі так прыгожыя, а колеры іхнія так далікатныя, як у тыя даўнія часы Бармакідаў, калі мастакі са Слайга папускалі цуглі свае творчае фантазіі. Глэндалах, маляўнічыя азёры Кіларні, руіны Клонмакнойсу, абацтва Конг, Даліна Іна й Дванаццаць Соснаў, Вока Ірляндыі, Зялёныя Узгоркі Талахту, Кроак-Патрык, піваварні Артура Гінэса, Сына й С-кі (з абмежаванай адказнасьцю), берагі Лох-Нэй, даліна Авока, вежа Ізольды, абэліск Мэйпса, шпіталь сэра Патрыка Дуна, мыс Клір, даліна Ахэрлоў, замак Лінча, Скоч-хаўз, прытулак Рэтдаўн у Локлінстаўне, турма ў Таламоры, вадаспады Кэслконэл, Кілбалімакшонакіл, крыж у Монастэрбойсе, гатэль Джуры, Чысьцец Сьв. Патрыка, Скок Ласося, сталоўка ў мэйнуцкім коледжы, сажалка Кэрліс, тры месцы нараджэньня першага герцага Ўэлінгтонскага, скала Кэшэл, балота Ален, гандлёвы дом на Генры-стрыт, Фінгалава пячора, — кранальныя выявы ўсіх гэтых мясьцінаў і па сёньня даступныя вачом. І яны сталі яшчэ прыгажэйшымі дзякуючы тым водам смутку, што па іх праплывалі, і багатай інкрустацыі, што пакінуў час.
— Раздай нам кухлі, — кажу да Джо. — Які тут чый?
— Вось гэты мой, — кажа ён, — як сказаў чорт мёртваму паліцыянту.
— І яшчэ я прыналежу да расы, — кажа Блюм, — якую ненавідзяць і прасьледуюць. Таксама й цяпер. Нават сёньня. Нават у гэтую самую хвіліну.
Божа мой, а той недапалак цыгары яму ўжо зусім пальцы смаліць.
— Рабуюць, — кажа ён. — Грабяць. Зьневажаюць. Прасьледуюць. Забіраюць тое, што нам па праву належыць. Вось у гэтую самую хвіліну, — кажа ён, падымаючы кулак, — прадаюць з аўкцыёну ў Марока, як нявольнікаў, як жывёлу.
— Вы тут гаворыце пра новы Ерусалім? — пытае Грамадзянін.
— Я гавару пра несправядлівасьць, — адказвае Блюм.
— Слушна, — кажа Джон Уайз. — Дык тады супраціўляйцеся, пакажэце сілу, як і належыць мужчынам.
Вось гэта быў бы запамінальны абразок. Цэль для кулі дум-дум. Старая тлустая морда перад дулам гарматы. Вось мятлу ён бы аздобіў акуратна, толькі апрануць яго ў хвартух з завязкамі. А потым раптам, умомант, ён абсядае, ужо ў другі бок наварочвае, абмякае, бы мокрая анучка.
— Але ўсё гэта бескарысна, — кажа ён. — Сіла, нянавісьць, гісторыя, усё такое. Зьнявагі й нянавісьць — гэта не жыцьцё для людзей. Кожны ж ведае, што сапраўднае жыцьцё — гэта зусім супрацьлеглае.
— А што ж гэта? — пытаецца ў яго Олф.
— Каханьне, — адказвае Блюм. — Я маю на ўвазе, супрацьлегласьць нянавісьці. Мне трэба цяпер ісьці, — кажа ён да Джона Ўайза. — Тут побач заглянуць на хвілю ў суд, ці няма там Марціна. Калі ён прыйдзе, скажэце яму, што я неўзабаве вярнуся. Я на адну хвілю.
Ды хто цябе трымае? І ён выскоквае, як тлустая маланка.
— Новы апостал паганаў, — кажа Грамадзянін. — Усёагульнае каханьне.
— А што, — кажа Джон Уайз, — ці ж ня гэтага нас навучаюць? Кахай свайго бліжняга.
— Гэты тып? — Грамадзянін яму. — Ягоны дэвіз — абірай свайго бліжняга. Каханьне, moya! Рамэа й Джульета, якраз адпаведны ўзор.
Каханьне кахае кахаць каханьне. Шпітальная сястра кахае новага аптэкара. Канстэбль 14А кахае Мэры Кэлі. Герта МакДаўэл кахае хлопца з роварам. М. Б. кахае прыстойнага бляндына. Лі Чы Хань кахаць цалуй Ча Пу Чоў. Слон Джамба кахае сланіцу Алісу. Стары містэр Вэршойл са слухавой трубкай кахае старую місіс Вэршойл з устаўленым вокам. Чалавек у карычневым макінтошы кахае жанчыну, якая памерла. Ягоная Вялікасьць Кароль кахае Яе Вялікасьць Каралеву. Місіс Норман В. Тапэр кахае капітана Тэйлара. Вы кахаеце некага. А гэты нехта кахае яшчэ кагосьці, таму што кожны кахае кагонебудзь, а Бог кахае ўсіх.
— Ну, добра, Джо, — кажу. — Бывай здаровы й песьні не забывай. А табе яшчэ болей маху, Грамадзянін.
— Ура! — гукае Джо.
— Госпад, Марыя й Патрык хай будуць з вамі, — кажа Грамадзянін.
І куляе свой кухаль, каб прамачыць сьвісьцёлку.
— Ведаем мы гэтых пеюноў, — кажа ён. — Чытае казаньні, а сам лезе табе ў кішэню. Як той багамольны Кромуэл і ягоныя жалезнабокія, што выразалі ўсіх жанчын і дзяцей у Драгэдзе, а на гарматах у іх вакол дулаў было напісана зь Бібліі: ”Бог ёсьць любоў”. Біблія! Вы чыталі ў сёньняшнім ”Айрыш Індэпэндэнт” той фэльетон пра візыт зулускага караля ў Англію?
— А што там? — пытае Джо.
Грамадзянін выцягвае са свайго неразлучнага архіву нумар газэты й пачынае чытаць уголас:
— Дэлегацыя найзначнейшых баваўняных магнатаў Манчэстэру была ўчора прадстаўленая Ягонай Вялікасьці Алякі Абэакуцкаму Галоўным Антымоніймайстрам лордам Працэдурам з Прыдуры, каб выказаць Ягонай Вялікасьці сардэчную падзяку брытанскіх камэрсантаў за прывілеі, дадзеныя ім у ягоных уладаньнях. Дэлегацыя прысутнічала на сьнеданьні, у канцы якога цёмнаскуры манарх выступіў з яскравай прамовай, вольна перакладзенай брытанскім капэлянам, правялебным Ананіем Багахвалам Балабонам. У прамове ён выказаў удзячнасьць пану Працэдуру й падкрэсьліў сардэчнасьць адносін, якія ўсталяваліся між Абэакутай і Брытанскай Імпэрыяй, заяўляючы, што адным з самых каштоўных сваіх набыткаў ён лічыць ілюстраваную біблію, кнігу Божага слова й таямніцы магутнасьці Англіі, ласкава падараваную яму начальніцай белых, вялікай скво Вікторыяй, з асабістым прысьвячэньнем Вяльможнай Ахвяравальніцы. Пры тым уладар Алякі, сказаўшы тост ”Чорнае й Белае”, асушыў чару дружбы, напоўненую першасортным ірляндзкім віскі, з чэрапа свайго папярэдніка з дынастыі Какачакачакаў, якога называлі Сорак Бародавак. Потым ён агледзеў галоўную з фабрык Бавоўнаполісу, дзе паставіў свой крыжык у кнізе наведнікаў, выканаўшы пры гэтым старажытны абэакутанскі ваенны танец, пад час якога ён праглынуў мноства нажоў і відэльцаў, заахвочваны радаснымі воплескамі маладых работніц.
— Каралеўская ўдавіца, — кажа Нэд, — звыш усякіх падазрэньняў. А цікава, ці не пакарыстаўся ён той бібліяй так, як я зрабіў бы на ягоным месцы.
— Так сама, толькі нашмат болей, — кажа Лэнэхан. — Бо пасьля ў той пладаноснай зямлі вырасла пышнае дрэва манга з шырокай лістотай.
— А хто напісаў, Грыфіт? — пытае Джон Уайз.
— Не, — адказвае Грамадзянін. — Там не падпісана ”Шангана”. Стаіць толькі ініцыял: П.
— Нічога сабе ініцыял, — кажа Джо.
— Вось так яны й дзейнічаюць, — кажа Грамадзянін. — Гандаль ідзе сьледам за сьцягам.
— Так, — кажа Дж. Дж., — калі яны паводзяць сябе ня лепш за тых бэльгійцаў ў Вольнай Дзяржаве Конга, дык прыемнае жыцьцё там мусіць быць. Вы не чыталі тую справаздачу, хто ж гэта напісаў...
— Кэйсмэнт, — падказвае Грамадзянін. — Ён, дарэчы, ірляндзец.
— Так, той самы, — кажа Дж. Дж. — Гвалтуюць жанчын і дзяўчат, сьцябаюць тубыльцаў па жыватох, каб выціснуць зь іх увесь чырвоны каўчук, які ў змогу.
— Ведаю, куды ён пайшоў, — раптам кажа Лэнэхан і пстрыкае пальцамі.
— Хто? — пытаю.
— Блюм, — кажа ён. — Гэта ўсё ліпа той суд. А ён ставіў на Рэкляму й цяпер пабег зграбаць срэбранікі.
— Што, той белавокі кафар? — пытае Грамадзянін, які ў цэлым жыцьці на каня не паставіў ні разу, нават са злосьці.
— Туды ён і пайшоў, — кажа сваё Лэнэхан. — Я тут сустрэў Бэнтама Лаенса, і ён якраз на гэту кабылку хацеў ставіць толькі я яго адмовіў і ён сказаў мне гэта Блюм яму падкінуў намёк. Іду ў заклад на што хочаце, ён цяпер зграбае сто шылінгаў за свае пяць. Адзіны ва ўсім Дубліне, хто ўхапіў выйгрыш. Паставіў на цёмную кабылку.
— Сам ён чортава цёмная кабылка, — кажа Джо.
— Прапусьці, Джо, — кажу. — Дзе тут у вас уваход на выхад?
— Тудою, — ківае Тэры.
Бывай, Ірляндыя, я еду ў Горт. Выходжу я на двор каб адпомпіць і хай мяне ліха (сто шылінгаў за пяць) пакуль я спускаў свой (Рэкляма ўзяла дваццаць да) пакуль спускаў свой баляст я сабе кажу я ўжо прыкмячаў што (два кухлі з Джо і ў Слотэры адзін) яго цягне кудысьці змыцца (сто шылінгаў гэта пяць фунтаў) а калі яны жылі ў (цёмная кабылка) Сікун апавядаў мне бывала гуляюць у карты а яны прыкідваецца нібыта дзіця хворае (дальбог хіба з галён выпусьціў) і гэтая ягоная вісласракая жонка паведамляе ў яго трубу маўляў ёй лепш або яшчэ яна ўжо (ох!) усё сплянаванае каб ён мог даць драпака адразу калі выйграе а яшчэ (як мне пухір ня лопнуў) гандаль безь ліцэньзіі (ох!) Ірляндыя кажа мая нацыя (прр! пфпук!) ды ты іх ніколі не пераплюнеш тых чортавых (гэта ўжо астатак) ерусалімскіх (ух!) рагачоў.
Значыць, я вяртаюся, а яны ўсё балабоняць, і Джон Уайз распавядае, гэта, маўляў, Блюм падкінуў ідэю шынфэйнэрам, каб Грыфіт у сваёй газэце агалошваў усялякія махінацыі, падбіраньне складу прысяжных або махлярствы з падаткамі, і каб паслаць ва ўсе краіны сваіх прадстаўнікоў, пашыраць гандаль ірляндзкімі таварамі. Мяняць шыла на мыла. Тут ужо, дальбог, пойдзе добры балаган, калі тая вірлавокая пыса стане нам наладжваць нашы справы. Дайце нам хоць здохнуць панашаму. Божа захавай Ірляндыю ад гэтага лыпатага шныпара й яму падобных. Містэр Блюм і ягоныя шахер-махеры. А перад ім яшчэ ягоны татуля натварыў махлярстваў, стары Матузалем Блюм, каміваяжор з разбойнай дарогі, атруціўся прускім квасам, але да таго ўсю краіну заваліў сваім барахлом, брыльянтамі па пэнсе штука. Пазыкі праз пошту на выгадных умовах. Любыя сумы высылаецца на падставе расьпіскі. Адлегласьць без значэньня. Гарантыі не патрэбны. Чым не казёл Лэнты МакХэйла, які пройдзецца кавалак дарогі з кожным сустрэчным.
— Гэта праўдзівы факт, — кажа Джон Уайз. — А вунь вам чалавек, які пра гэта можа ўсё расказаць, Марцін Канінгам.
І сапраўды, пад’яжджае муніцыпальная каляска, а ў ёй Марцін, Джэк Паўэр і яшчэ адзін тып, ні то Крофтар, ні то Крофтан, аранжыст, дастае пэнсію з мытнай управы й стаіць у сьпісе Блэкбэрна, дзе яму плацяць за тое — а можа, ён Кроўфард? — што валэндаецца па ўсёй краіне за кошт гораду.
Нашы вершнікі дасягнулі вясковага заезду й пасьсядалі са сваіх скакуноў.
— Гэй, чэлядзь! — гукнуў адзін з прыбылых, чыя пастава выдавала, што гэта ён верхаводзіць над дружынай. — Шэльмы кручаныя! Сюды!
І з гэтымі словамі ён пачаў грукаць рукаяткай корда па адчыненай ваконнай краце.
На гэты кліч з карчмы выскачыў гаспадар, на бягу ахінаючыся апанчою.
— Добры вечар, ласкавыя спадары! — прамовіў ён, пачціва кланяючыся.
— Жвавей варушыся, гультай! — усклікнуў яму той, хто грукаў. — Скажы прыглянуць за нашымі коньмі. А нам падай, што найлепшага маеш у сваёй гасподзе, бо, клянуся, здарожыліся мы ня ў жарты.
— На жаль, добрыя спадары! — адказаў ім на тое гаспадар. — У маім убогім доме кладоўкі пустыя. Ня ведаю, чым частавацьму вашы міласьці.
— Што ты там дзекаеш, чалавеча? — усклікнуў на гэта другі з прыбылых, чалавек аблічча дужа прыемнага. — Дык ты так прыймаеш каралеўскіх пасланцоў, спадар Выбішпунт?
Імгненная перамена ахапіла аблічча гаспадара.
— Ласкі прашу, шляхотныя паны! — пакорліва ўзмаліўся ён. — Калі вы пасланцы караля (асланяй, Божа, Ягоную Вяльможнасьць!), дык ні ў чым нястачы не адчувацьмеце. Прысягаюся, сябры караля (багаславі, Божа, Ягоную Вяльможнасьць!) ня будуць пасьціцца ў маім доме.
— Дык баржджэй бярыся за справу! — усклікнуў дагэтуль маўклівы падарожнік, у якім вонкавы выгляд выдаваў ахвотніка сытна паесьці. — Што там у цябе знойдзецца для нас?
Зноўку пакланіўшыся, гаспадар яму адказаў:
— Што скажаце, шляхотныя паны, на паштэт з маладых галубкоў, лусту печанай аленіны, агузак цялятка, качку, засмажаную з хрумсткім бачком, дзікаву галаву з фісташкамі, місу салодкага крэму, пудынг з піжмавым сокам і бутэліцу старога рэйнскага?
— Каб я зь месца ня зрушыўся! — усклікнуў той, што азываўся апошнім. — Вось гэта мне даспадобы! Фісташкі!
— Ага! — расьсьмяяўся падарожнік з прыемным абліччам. — Што й скажаш, дом убогі й кладоўка пустая! Ён добры круцель, гэты нягоднік!
Значыць, уваходзіць Марцін і пытае, дзе Блюм.
— А дзе мае быць? — адказвае Лэнэхан. — Абкрадае ўдавіцаў і сіротаў.
— Праўда гэта ці не, — пытае Джон Уайз, — што я тут казаў Грамадзяніну пра Блюма й Шын Фэйн?
— Так, гэта праўда, — кажа Марцін. — або, прынамсі, так пра яго кружыць.
— Дзе кружыць? — пытаецца Олф.
— Тут, — паказвае Джо на сваё цемя. — Тут у мяне кружыць.
— Ну а ўсё ж, — кажа Джон Уайз, — чаму жыд ня можа любіць сваю айчыну так, як і кожны іншы?
— Чаму ж бы не? — адказвае на гэта Дж. Дж. — Калі толькі ён ведае, дзе ягоная айчына.
— А ён хто, жыд ці паганін ці рымскі католік ці мэтадыст ці, чорт ведае, яшчэ хто іншы? — пытае Нэд. — Хто ён такі, наогул? Я вам ня ў крыўду, Крофтан.
— Мы яго ня хочам, — кажа Крофтар, аранжыст ці то прэзьбітэрыянін.
— Хто такі Джуніюс? — кажа Дж. Дж.
— Ён — перавернуты жыд, — тлумачыць Марцін, — родам адкульсьці з Вугоршчыны, і гэта менавіта ён прыдумаў усе пляны наконт вугорскай сыстэмы. У нас у муніцыпалітэце пра гэта ведаюць.
— А ён не сваяк дантыста Блюма? — пытаецца Джэк Паўэр.
— Зусім не, — кажа Марцін, — гэта толькі супадзеньне прозьвішчаў. Ягонае праўдзівае прозьвішча Віраг. Гэта значыць, прозьвішча бацькі, які атруціўся. Ён атрымаў юрыдычны дазвол зьмяніць яго, гэта значыць, ня ён, а яшчэ бацька.
— Вось мне новы мэсія для Ірляндыі! — кажа Грамадзянін. — Востраў мудрацоў і сьвятых!
— Што ж, яны ўсё яшчэ чакаюць свайго адкупіцеля, — кажа Марцін. — У гэтым сэнсе мы таксама.
— Так, — кажа Дж. Дж., — і пра кожнага нованароджанага хлопчыка яны думаюць, што гэты, можа, і ёсьць мэсія. У іх, трэба меркаваць, кожны жыд месца сабе не знаходзіць, пакуль не даведаецца, кім стаў, татам ці мамай.
— Чакае ў кожную хвіліну, што вось надыдзе наступная, — кажа Лэнэхан.
— Божа ты мой, — згадвае Нэд, — трэба вам было бачыць Блюма перад тым, як у яго нарадзіўся сын, той, што памёр потым. Памятаю, я яго стрэў на паўднёвым рынку, ён там купляў дзіцячае харчаваньне, а было гэта месяцы за паўтары да родаў.
— En ventre sa mèreУ матчыным улоньні (франц.)., — кажа Дж. Дж.
— Ці вы штось такое называеце мужчынам? — пытае Грамадзянін.
— Цікава, ён хоць разок даў рады засадзіць як сьлед? — кажа Джо.
— Як ніяк, нарадзілася двое дзяцей, — кажа Джэк Паўэр.
— І на каго ён мае падазрэньні? — пытае Грамадзянін.
Кажу вам, у кожным жарце ёсьць дзелька праўды. Ён, бадай, адзін з тых двухполых мяшанцаў. Сікун распавядаў у тым гатэлі ён што ні месяц у пасьцелі з галаўным болем рыхтык бы баба з сваім пэрыядам. Ды ведаеце, што вам скажу, раз ужо так? Быў бы гэта акт Божае ласкі, калі б хто схапіў такога тыпа за порткі й баўтануў у мора акулам на сьняданак. Апраўданы сродак самаабароны, дальбог. А што, ухапіў пяць фунтаў і драпануў на ўвесь мах, не паставіўшы людзям хоць па кухліку, як і належыць чалавеку. Эх, Госпадзе, багаславі! Ды тут няма нават таго, што кот наплакаў.
— Згадаем пра міласэрнасьць для бліжніх, — кажа Марцін. — А дзе ён сам? У нас няма часу чакаць.
— Воўк у авечай скуры, — кажа Грамадзянін. — Во хто ён. Віраг з Вугоршчыны! Агасвэр, я б яго назваў! Выкляты Богам.
— А ці ў вас няма часу на кароткае асьвяжэньне, Марцін? — пытае Нэд.
— Калі толькі раз, — кажа Марцін. — Мы сьпяшаемся. Порцыю Дж. Дж. і С.
— А ты, Джэк? Крофтан? Значыць, тры палоўкі, Тэры.
— Сьвятому Патрыку, пэўна, хочацца яшчэ раз высадзіцца ў Балінкінлары і ўзяцца павярнуць нас у хрысьціянства, — кажа Грамадзянін, — пасьля таго, як мы дазволілі вось такім апаганіць нашу краіну.
— Ну, былі здаровыя, — кажа Марцін, хапаючы сьпехам свой кухаль. — Усім тут прысутным хай Бог акажа сваю міласьць.
— Амін, — закругляе Грамадзянін.
— Акажа, я не сумняваюся, — кажа Джо.
І пад гукі асьвячанага званочка, на чале з крыжаносцам, за якім ішлі псальмісты, кадзільнікі, кадзіланосцы, чытальнікі, прыдзьвернікі, дыяканы й субдыяканы, рухалася набожная працэсія мітраносных абатаў, прыёраў, пробашчаў, манахаў і братоў жабрачых ордэнаў: манахі Бэнэдыкта Нурсійскага, картэзіянцы й камэльдаліты, цыстэрыянцы й алівэтанцы, аратарыянцы й валямбразіянцы, браты аўгустынцы, брыгітынцы, прэманстратэнзіянцы, сэрвіты, трынітарцы й дзеці сьв. Пётры Налянскага; і йшлі таксама з гары Кармэль дзеці прарока Ільлі, ведзеныя Альбэртам япіскапам і Тэрэзай Авільскай, абутыя, як і босыя; і браты бурыя й шэрыя, сыны ўбогага Францішка, капуцыны, кардэльеры, мініматы й абсэрванты й дочкі Кляры; і сыны Дамініка, братыпрапаведнікі, і сыны Вінцэнта; і манахі сьв. Вольстана; і дзеці Ігнацыя; і супольнасьць хрысьціянскіх братоў, ведзеная вялебным Эдмундам Ігнацыем Райсам. За імі йшлі ўсе сьвятыя й мучанікі, дзевы й спаведнікі: сьв. Кір і сьв. Ізыдар Араты, і сьв. Якуб Меншы, і сьв. Фокас Сынопскі, і сьв. Юліян Гасьцінны, і сьв. Фэлікс Канталіцкі, і сьв. Сымон Слупнік, і сьв. Сьцяпан Першамучанік, і сьв. Ян ад Бога, і сьв. Фэрэол, і сьв. Лігард, і сьв. Хвядот, і сьв. Вульмар, і сьв. Рычард, і сьв. Вінсэнт дэ Поль, і сьв. Марцін з Тодзі, і сьв. Марцін Турскі, і сьв. Альфрэд, і сьв. Язэп, і сьв. Дзяніс, і сьв. Карнэліюс, і сьв. Леапольд, і сьв. Бэрнард, і сьв. Тэрэнцый, і сьв. Эдуард, і сьв. Оўн Канікулус, і сьв. Ананім, і сьв. Эпанім, і сьв. Псэўданім, і сьв. Амонім, і сьв. Паронім, і сьв. Сынонім, і сьв. Лаўрэнцій О’Тул, і сьв. Язэп Дынглскі й Кампастэльскі, і сьв. Калумкіл, і сьв. Калумба, і сьв. Цэлестын, і сьв. Кольман, і сьв. Кэвін, і сьв. Брэндан, і сьв. Фрыгідан, і сьв. Сэнан, і сьв. Фахтна, і сьв. Калюмбан, і сьв. Галь, і сьв. Фэрсі, і сьв. Фінтан, і сьв. Фіякр, і сьв. Ян Нэпамук, і сьв. Тамаш Аквінскі, і сьв. Іва Брэтонскі, і сьв. Мічэн, і сьв. Герман-Язэп, і тры патроны моладзі, сьв. Алёйзіюс Ганзага, сьв. Станіслаў Костка, сьв. Ян Бэрхманс, і сьв. сьв. Гэрвазій, Сэрвазій і Баніфацый, і сьв. Брайд, і сьв. Кіран, і сьв. Кэніс Кілкэнскі, і сьв. Ярлят Туамскі, і сьв. Фінбар, і сьв. Папін Балімунскі, і брат Алёйзіюс Міратворац, і брат Людвік Вайнатворац, і сьв. сьв. Ружа Лімская й Ружа Вітэрбская, і сьв. Марта Бэтанская, і сьв. Марыя Эгіпецкая, і сьв. Луцыя, і сьв. Брыгіда, і сьв. Атракта, і сьв. Дымпна, і сьв. Іта, і сьв. Мэрыян Гібралтарская, і багаслаўлёная сястра Тэрэза ад Дзіцятка Ісуса, і сьв. Барбара, і сьв. Схалястыка, і сьв. Урсула з адзінаццацьцю тысячамі дзеваў. І ўсе яны йшлі ў арэолах, німбах і славах, несучы пальмавыя галінкі, арфы, мячы й аліўныя вянкі, у шатах, на якіх вытканыя былі сьвятыя сымбалі іх служэньня, чарніліцы, стрэлы, буханкі, збаны, аковы, тапары, дрэвы, масты, немаўляты ў ночвах, ракавіны, кайстры, нажніцы, ключы, драконы, ліліі, шрот, бароды, вепрукі, лямпы, кавальскія мяхі, пчаліныя вульлі, апалонікі, зоркі, вужакі, кавадлы, баначкі з вазэлінам, званочкі, мыліцы, хірургічныя шчыпцы, аленевы рогі, чобаты, каршуны, жорны, вочы на талерцы, васковыя сьвечкі, крапільніцы, аднарогі. І калі так ішлі сваім шляхам каля калёны Нэльсана, па Генры-стрыт, Мэры-стрыт, Кэйпл-стрыт, Літл-Брытн-стрыт, сьпяваючы ўваходны антыфон на Epiphania DominiБагаяўленьне (лац.)., што пачынаецца з Surge, illuminareПаўстань, сьвяціся (лац.)., а пасьля салодкі градуал OmnesУсе (лац.)., дзе кажацца de Saba venietЗ Сабы прыйдуць (лац.)., тварылі шматлікія цуды, вупуджваючы д’яблаў, уваскрашаючы зь мёртвых, размножваючы рыбу, аздараўляючы нямоглых і сьляпых, адшукоўваючы ўсялякія згубленыя прадметы, тлумачачы й спаўняючы Пісаньне, багаслаўляючы й прапаведуючы. А замыкаў працэсію пад залатым полагам правялебны айцец О’Флін у суправаджэньні Малахіі й Патрыка. І калі добрыя айцы дасягнулі назначанага месца, дому Бэрнарда Кірнана й С-кі, з абмежаванай адказнасьцю, Літл-Брытн-стрыт, 8, 9 і 10, гуртавы гандаль бакалейным таварам, вінамі й каньякамі, з ліцэнзіяй на продаж піва, віна й мацнейшых напояў для спажываньня на месцы, сьвятар пабагаславіў дом і акадзіў вокны й ваконныя вушакі й скляпеньні й перакрыцьці скляпеньняў і выступы й капітэлі й шчыты й карнізы й зубчатыя аркі й шпілі й купалы й акрапіў іхнія вязі сьвянцонай вадой і ўзьнёс малітву, каб Бог багаславіў гэты дом, як багаславіў дом Абрагама, Ізака й Язэпа, і спаслаў анёлаў Свайго сьвятла, каб пасяліліся ў ім. І, увайшоўшы, багаславіў ежу й напоі, і ўсе сьвятыя ўторылі яму.
— Adiutorium nostrum in nomine Domini.
— Que fecit cślum et terram.
— Dominus vobiscum.
— Et cum spiritum tuo— Спамога наша ў імені Госпада.
— Які стварыў неба й зямлю.
— Госпад з вамі.
— І з духам тваім (лац.)..
І ўсклаў ён рукі на багаслаўлёных і падзяку прынёс і маліўся, і ўсе яны так зь ім маліліся:
— Deus, cuius verbo sanctificantur omnia, benedictionem tuam effunde super creaturas istas: et præsta ut quisquis eis secundum legem et voluntatem Tuam cum gratiarum actione usus fuerit per invocationem sanctissimi nominis Tui corporis sanitatem et animæ tutelam Te auctore percipiat per Christum Dominum nostrum— Божа, чыім словам асьвячаецца ўсё, багаслаўленьне Тваё спашлі на стварэньні гэтыя; дай, каб кожны, хто, аддзячыўшы Табе, паводле закону й волі Твае ўжыве яго, праз выкліканьне сьвятога імені Твайго атрымаў бы з дапамогай Тваёй здароўе цела й апеку над душою, праз Хрыста Госпада нашага (лац.)..
— Мы ўсе такой думкі, — кажа Джэк.
— Тысячу ў год і штогод, — зычыць той Крофтан ці то Кроўфард.
— Добрая справа, — кажа Нэд, падымаючы кілішак віскі. — І масла на хлеб наш надзённы.
Я пазіраю, ці каму якая шчасьлівая думка ў цемя не застукала, а тут, хай на мяне згуба, зноў ён, з выглядам, быццам яго гоняць і віламі ззаду шпігуюць.
— А я, — кажа ён, — толькі што быў у судзе, вас шукаў. Спадзяюся, я не...
— Не, — кажа Марцін. — Мы гатовы.
Суд нам у вочы, а кішэні ў цябе адвісаюць ад золата й срэбра. Скупы паршывы абрэзак. Хоць па адной паставіў бы. Куды, як чорт ад кадзідла! Вось вам і цэлы жыд! Нюх як у пацука ў сральні. Сто за пяць.
— Нікому не кажы, — кажа Грамадзянін.
— Прашу прабачэньня? — Блюм яму.
— Хадземце, хадземце, — падганяе Марцін, бачачы, што нешта замотваецца. — Нам ужо час.
— Нікому не кажы, — паўтарае Грамадзянін, а сам ужо аж рычыць ад заюхі. — Трымай у сакрэце.
Той кляты сабака прачынаецца й таксама выдае гырк.
— Пайшлі, да пабачэньня ўсім, — кажа Марцін.
І давай іх выпіхваць на двор, Джэка Паўэра й Крофтана ці як там яму, і таго паміж імі пасярэдзіне, а ён прыкідваецца, быццам яму няўцям, у чым гам, і ўсе яны садавяцца ў сваю задрыпаную каламажку.
— Паехаў, — кажа Марцін возьніку.
Млечна-белы дэльфін трасянуў сваёй грывай, і стырнавы, узьняўшыся на залачонай карме, паставіў надзьмуты ветразь зь ветрам. Ладзьдзя паімчала на ўсіх ветразях, паставіўшы сьпінакар на левы борт. Даспадобныя німфы атачылі чародамі з бакборту й штарборту шляхотны вадаплаў, і, прыбліжыўшыся да яго, злучалі зь ім свае бліскотныя кшталты, падобна таму, як робіць умелы калясьнік, калі прыладжвае вакол восі роўнаадлеглыя прамяні, браты адзін адному, і мацуе іх вобадам, і быстрыню прыдае ступням мужаў, якія або сьпяшаюць на збройную сечу, або спаборнічаюць аб усьмешкі пекных дамаў. І так, прыплываючы, раскладаліся яны, німфы прыхільныя, неўміручыя сёстры. І сьмяяліся, забаўляючыся ў пеністым коле, а ладзьдзя секла хвалі.
Але тут, я й кухля не пасьпеў паставіць на стол, як бачу, Грамадзянін падымаецца й дае, хітаючыся, да дзьвярэй, сапе, надзьмуты як ад вадзянкі, і шпарыць таму па-ірляндзку праклён Кромуэла й вялікую анафэму, плюецца як пакусаны, а малы Олф і Джо павісьлі на ім п’яўкамі, спрабуюць затрымаць.
— Пусьцеце мяне, — рыкае ён.
І кажу вам, ён дабраўся да тых дзьвярэй, яны яго па бакох трымаюць, і раптам як не загарлапаніць:
— Тройчы ўра Ізраілю!
Arrah, сядзі ўжо ты, дзеля Хрыста, ціхім бокам свае сракі, не рабі зь сябе відовішча цэламу гораду. Але дальбог, заўсёды знойдзецца такі блазан, што й па кашэчае гаўно палезе. Піва ў трыбухох табе скісьне ад гэтага, і толькі таго наваюеш.
А там пры дзьвярах ужо ўсе галадранцы й абцірухі з цэлага Дубліну, Марцін тузае фурмана, паганяй, Грамадзянін далей верашчыць, Джо з Олфам яму кажуць ша, а той ужо з каляскі чытае сваю лекцыю пра жыдоў, разявакі яго пад’юджваюць, давай прамову, Джэк Паўэр цягне за рукаў, каб ужо сеў і прычыніў зевы, а адзін з роталяпаў, на сьлепняку павязка, пачынае заводзіць ”Калі б на месяц жыда пасадзілі”, а адна шлюха вішчыць:
— Гэй, кавалер! У цябе нагавіцы адчыніліся, кавалер!
А той прамаўляе:
— Мэндэльсон быў жыдам і Карл Маркс і Мэркадантэ і Спіноза. І Збавіцель быў жыдам і бацька ягоны быў жыдам. Ваш Бог.
— У яго не было бацькі, — кажа Марцін. — Ужо досыць, паехалі.
— Чый Бог? — пытае Грамадзянін.
— Ну дык ягоны дзядзька быў жыдам, — кажа той. — Ваш Бог быў жыдам. Хрыстос быў жыдам, як я.
Грамадзянін пасьля такога сігае назад у бар.
— Клянуся Ісусам, — сіпіць ён, — я гэтаму жыдку выб’ю мазгі за тое, што паганіць сьвятое ймя. Клянуся Ісусам, я яму наладжу расьпяцьце. Дзе там была тая бляшанка ад пірагоў?
— Стой! Стой! — крычыць Джо.
Шырокае й прадстаўнічае зборышча сяброў і знаёмых з самой мэтраполіі й з прадмесьцяў Вялікага Дубліну тысячамі прыйшло разьвітацца з Nagyaságos uram Lipóti ViragВаша высокасьць шаноўны спадар Леапольд Кветка (вугор.)., колішнім супрацоўнікам сп. сп. Аляксандра Тома й С-кі, друкараў Ягонай Вялікасьці, з нагоды выезду ў адлеглы край SzázharminczbrojúgulyásDugulásСтотрыццацьцялятпастухПрыстанак (вугор.). (Луг над Шапатлівымі Водамі). Разьвітальная ўрачыстасьць, якая праходзіла зь вялікім éclatБляск (франц.)., была надзеленая цёплай сардэчнасьцю. Ад імя вялікай часткі грамадзтва знакамітаму фэнамэнолагу быў паднесены скрутак старажытнага ірляндзкага пэргаміну, аздоблены мініяцюрамі ірляндзкіх мастакоў, а разам зь ім і другі дарунак, срэбная шкатула, густоўная аздоба якой, выкананая ў стылі старажытных кельцкіх арнамантаў, прыносіць гонар стваральнікам гэтага шэдэўру, сп. сп. Джэйкабу agusІ (ірлян.). Джэйкабу. Госьць атрымаў сардэчную авацыю, і шматлікіх прысутных ахапіла непрыхаваная расчуленасьць, калі аркестар з нашых найлепшых дудароў зайграў знаёмае ”Вярніся ў Эрын”, а зараз пасьля ”Марш Ракоцы”. Вогнішчы й бочкі зь дзёгцем палыхнулі ўздоўж узьбярэжжаў усіх чатырох мораў, на вяршынях узвышша Хоўт, гары Трырок і гары Шугарлаф, на мысе Брэй Хэд, на горах Морн, Галці і Окс, гары Бэрна й гары Блюма. Сярод аглушальных разьвітальных усклікаў, ад якіх скаланалася нябеснае скляпеньне й якія выклікалі хор водклікаў з боку шматлікіх аднадумцаў, раскіданых па адлеглых узвышшах Камбрыі й Каледоніі, гігантычны прагулачны карабель паволі адыйшоў ад прыстані, і сьледам за ім ударыў квяцісты салют прадстаўнічак прыгожага полу, якія прысутнічалі на разьвітаньні незьлічонымі колькасьцямі. Карабель плыў па рацэ ў суправаджэньні цэлай флятыліі барак, і яму салютавалі, апусьціўшы сьцягі, Партовая ўправа й Мытня, як і электрастанцыя на Галубятніку. Visszonntlátásra, kedvés baráton! Visszontlátásra!Да пабачэньня, дарагі дружа! Да пабачэньня! (вугор.). З вачэй, але ня з сэрца.
Дальбог, яго сам чорт не спыніў бы, пакуль ён не ўхапіў тую праклятую бляшанку й назад зь ёю, малы Олф павіс яму на локці, а той вішчыць як сьвіньня колатая, відовішча ня горшае за тыя вычмурныя п’есы ў Каралеўскім Тэатры.
— Дзе ён, я яго даканаю!
А Нэда й Дж. Дж. спруціла ад рогату.
— Ну й калатня, — кажу. — Дайце я пасьпею хоць на прычасьце.
Але тут, на шчасьце, той фурман разьвярнуў сваёй клячай і давай ёй пад дыхаўку.
— Чакай, Грамадзянін! — крычыць Джо. — Стой!
Ага, а той ужо руку падняў, адагнуўся, і на ўвесь замах — як не шарахне! Богу дзякуй, што яму сонца біла ў вочы, а то паклаў бы яго насьмерць. Запусьціў так без малога да графства Лонгфард. Кабыла ад пярэпалаху паддала маху, стары брахуніска кінуўся чортам за той брычкай, народ галёкае й рагоча, а праклятая бляшанка скача й бразгоча па брукаванцы.
Катастрофа была імгненная й жахлівая ў сваіх наступствах. Абсэрваторыя ў Дансінку зарэгістравала агульным лікам адзінаццаць уздрыгаў, кожны зь іх сілай у пяць балаў па шкале Мэркалі. Падобнай сілы сэйсьмічных пэртурбацыяў на нашым востраве мы не адзначалі з часу землятрусу 1534 году, даты паўстаньня Шаўковага Томаса. Па ўсіх прыкметах, эпіцэнтар знаходзіўся ў той частцы сталіцы, якая ахоплівае квартал Інкі й парафію сьв. Мічэна, паверхняй сорак адзін акр, два лапікі й адна квадратная пядзя. Вялікапанскія рэзыдэнцыі, што знаходзіліся ў навакольлі Палацу Справядлівасьці, усе разваліліся, а сама тая шляхотная будыніна, дзе ў момант катастрофы адбываліся важныя юрыдычныя дэбаты, абярнулася літаральна ў кучу руінаў, пад якімі, страшна й сказаць, усе ўдзельнікі тых дэбатаў былі пахаваныя жыўцом. Як вынікае са сьведчаньняў відавочнікаў, сэйсьмічныя хвалі суправаджаліся гвалтоўнымі атмасфэрнымі замяшаньнямі цыклянічнага характару. Накрыцьцё галавы, у якім пасьля апазнана ўласнасьць высокапаважанага сакратара каралеўскага й міравога суда містэра Джорджа Фотрэла, а таксама шаўковы парасон з залатой ручкай, на якой былі выгравіраваныя ініцыялы, герб і нумар дому высокаасьвечанага й глыбокапаважанага сэра Фрэдэрыка Фалкінэра, галоўнага судзьдзі Дубліну й старшыні квартальных сэсій, былі адкрытыя шукальнымі групамі ў адлеглых пунктах нашага востраву, а менавіта: першы з памянёных прадметаў — на трэцяй базальтавай калёне Праспэкту Гігантаў, а другі — пад тоўшчай пяску на глыбіні аднаго фута й трох цаляў на пляжы Хоўлоўпэн каля старых скалаў мыса Кінсэла. Паводле сьведчаньняў іншых відавочнікаў, было відаць, як нейкае невядомае цела вялікіх памераў, распаленае дабяла, зь неверагоднай хуткасьцю пранеслася ў атмасфэры, апісаўшы траекторыю ў накірунку захад-паўднёвы-захад. З усіх частак сьвету штогадзінна наплываюць словы спачуваньня й спагады, а ягонае сьвяшчэнства папа сваёй міласьцю наказаў, каб ва ўсіх катэдральных саборах усіх япархій, падлеглых духоўнай уладзе Апостальскай Сталіцы, была адначасова адпраўленая сьвятарамі адмысловая missa pro defunctisЖалобная імша (лац.). за душы вернікаў Касьцёлу, якія адыйшлі з нашай зямной супольнасьці так нечаканым чынам. Выратавальныя работы, расчышчваньне débrisЗавалы (франц.)., вываз чалавечых астанкаў і інш. даручана фірме Майкл Мід і Сын, Грэйт-Брансуік-стрыт, 159, і фірме Т. і К. Марцін, Норт-Уол, 77, 78, 79 і 80, на дапамогу якім паслана жаўнераў і афіцэраў палка лёгкай пяхоты герцага Корнвалійскага пад агульным камандаваньнем Ягонай Каралеўскай Высокасьці, контр-адмірала, высокадастойнага сэра Гэркулеса Ганібала Хабэаса Корпуса Андэрсана, Кавалера Ордэну Падвязкі, Кавалера Ордэну Сьвятога Патрыка, Рыцара Ордэну Тэмплярыянцаў, Тайнага Радцы, Кавалера Ордэну Лазьні, Члена Парляманту, Міравога Судзьдзі, Бакаляўра Мэдыцыны, Кавалера Ордэну Заслужаных, Майстра Айчыннай Пэдэрастыі, Майстра Паляваньня на Ліса, Члена Каралеўскай Ірляндзкай Акадэміі, Бакаляўра Права, Доктара Музыкі, Адміністратара Дабрачыннага Таварыства, Ганаровага Доктара Каледжу Трыніты, Ганаровага Доктара Каралеўскага Ірляндзкага Унівэрсытэту, Ганаровага Доктара Каралеўскага Каледжу Ірляндзкіх Лекараў і Ганаровага Доктара Каралеўскага Каледжу Ірляндзкіх Хірургаў.
Нічога падобнага вы ня бачылі й не пабачыце ў цэлым сваім чханым жыцьці. Дальбог, каб той лятарэйны білет патрапіў яму на макаўку, ён бы ўжо запамятаў залаты кубак на ўвесь свой век, але тады, як піць даць, Грамадзяніна запраторылі б за зьняважаньне дзеяньнем, а Джо за саўдзельніцтва й падбухторваньне. Той рамізьнік уратаваў яму жыцьцё тым, што пусьціўся шалёным галёпам, гэта факт, як тое, што Бог стварыў Майсея. Скажаце, не? Бог мне ў сьведкі, уратаваў. А той сыпануў па ім градам праклёнаў.
— Даканаў я яго, ці як? — пытае.
І як ня рыкне на свайго гыркатага сабачыску:
— Кусі яго, Гары! Кусі яго, хлопча!
І апошняе, што бачым, гэта тая брычка паварочвае за рог, ён там са сваёй авечай пысай мэкае й махае рукамі, а сукін сын дае з усіх ног, вушы наадлёт, гатовы разьдзерці яго на кавалачкі. Сто за пяць! Тут ён ужо заплаціў за сваё даапошку, магу пабажыцца. І ля, вялікая яснота агарнула іх, і ўбачылі яны калясьніцу, і Ён стаяў у той калясьніцы й падымаўся ў неба. І ўбачылі яны яго ў калясьніцы, адзетага ў зьзяньне славы, шаты ж ягоныя як сонца, даспадобнага быццам месяц і жахлівага, і ў боязі ня сьмелі вочы ўзьняць на яго. І пачуўся голас зь неба, мовячы: Ілія! Ілія! І Ён адказаў ускрыкам вялікім: Абба! Адонай! І ўбачылі яны Яго, нават і самога Яго, бэн Блюма Ілію, сярод аблокаў анёльскіх, як узьнімаўся да зьзяньня славы пад вуглом сарака пяці градусаў над запівальняй Донаху на Літл-Грын-стрыт, быццам яго на лапаце падкінулі.
Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=79 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
12 The Cyclops
Для друку / Уліс