Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 10 The Wandering Rocks

10 The Wandering Rocks

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

АКРУГОВЫ КІРАЎНІК, ПРАВЯЛЕБНЫ ДЖОН КОНМІ, Т. І., зыйшоўшы па прыступках прэзьбітэрыі, схаваў плоскі гадзіньнік назад ва ўнутраную кішэньку. Пяць да трэцяй. Добрая пара на шпацыр у Артэйн. Як жа завуць таго хлопца? Дыгнам, так. Vere dignum et justum estДастойна й справядліва ёсьць (лац.).. Трэба пабачыцца з братам Суонам. Ліст містэра Канінгама. Так. Зрабіць яму паслугу, калі можна. Добры католік, рэлігійны на практыцы: карысны ў дабрачынных акцыях.

Аднаногі матрос, рухаючыся дапераду лянівымі потузамі сваіх мыліцаў, рыкнуў нешта няўцямнае. Перад манастыром сёстраў міласэрнасьці ён раптоўна спыніў потузы й працягнуў сваю фуражку па міласьціну да правялебнага Джона Конмі, Т. І. Айцец Конмі пабагаславіў яго ў сонечным бляску, ведаючы, што ў кашальку ў яго толькі адна срэбная крона.

Айцец Конмі павярнуў на Маўнтджой-скуэр. Ягоныя думкі ненадоўга затрымаліся на жаўнерах і матросах, якія страцілі ногі пад гарматнымі ядрамі й дажывалі свой век у нейкім жабрачым прытулку, ды на словах кардынала Ўолсі: Калі б я служыў свайму Богу як служыў свайму каралю, Ён не пакінуў бы мяне на старасьць дзён. Ён ішоў пад ценістымі дрэвамі, лістота якіх міргала на сонцы, а насустрач яму набліжалася жонка містэра Дэйвіда Шыхі, Ч. П.

— Сапраўды добра. А вы, ойча?

Айцец Конмі адчуваў сябе сапраўды цудоўна. Ён, пэўна, паедзе ў Бакстан на воды. А як там ейныя сыны, маюць посьпехі ў Бэльвэдэры? Праўда? Айцу Конмі было сапраўды прыемна гэта пачуць. А сам містэр Шыхі? Яшчэ ў Лёндане. Зразумела, парлямант яшчэ засядае. Якое прыгожае надвор’е, проста выдатнае. Так, зусім магчыма, што айцец Бэрнард Воўн зноў выступіць з казаньнямі. О так: велізарны посьпех. Сапраўды незвычайны чалавек.

Айцец Конмі быў вельмі рады пабачыцца з жонкай містэра Дэйвіда Шыхі, Ч. П., якая мелася вельмі добра, і папрасіў перадаць паклон містэру Дэйвіду Шыхі, Ч. П. Так, напэўна наведаецца.

— Да пабачэньня, місіс Шыхі.

Айцец Конмі прыўзьняў свой цыліндар, разьвітваючыся, перад нашыўным шклярусам ейнай мантыльі, які пабліскваў атрамантавымі пералівамі на сонцы. І яшчэ раз заўсьміхаўся, адыходзячы. Ён ведаў, што зубы ў яго вычышчаныя пастай з пальмавым алеем.

Айцец Конмі йшоў і ўсьміхаўся, прыгадаўшы кплівыя вочы айца Бэрнарда Воўна й ягоны лёнданскі прастамоўны акцэнт.

— Пілаце! Чаму ж ты не папёр увесь гэты зброд на скрут галавы?

Але чалавек ён заўзяты, як ніяк. Сапраўды такі. І сапраўды прыносіў шмат карысьці на свой спосаб. Без сумліву. Ён казаў, што любіць Ірляндыю й ірляндцаў. З добрай сям’і, хто б мог падумаць? Яны валійцы, здаецца?

О, каб не забыцца. Ліст айцу-правінцыялу.

Айцец Конмі запыніў трох школьнікаў на рагу Маўнтджой-скуэр. Так: яны былі з Бэльвэдэру. З падрыхтавальнай: Ага. А ў школе яны слухаюцца? О. Тады вельмі добра. А як цябе называюць? Джэк Сохэн. А цябе? Гер. Галахер. А гэнага маладога чалавека? Яго называюць Брані Лайнам. О, гэта вельмі прыгожае ймя.

Айцец Конмі, выняўшы зза пазухі ліст, уручыў яго спадарычу Брані Лайнаму й паказаў на чырвоную скрыначкуслупок на рагу Фіцгібан-стрыт.

— Толькі глядзі, сябе самога ня вышлі ў скрынку, малы, — сказаў ён.

Хлапчукі, шэсьцявочачы на Айца Конмі, засьмяяліся.

— О, сэр!

— Ну, пагляджу, ці ты ўмееш выслаць ліст, — сказаў Айцец Конмі.

Спадарыч Брані Лайнам перабег цераз дарогу й сунуў ліст Айца Конмі да айцаправінцыяла ў зяпу яскравачырвонай паштовай скрынкі. Айцец Конмі ўсьміхнуўся, кіўнуў, усьміхнуўся й рушыў усходнім бокам Маўнтджой-скуэр.

Містэр Дэніс Дж. Маджыні, настаўнік танцаў і інш., у цыліндры, у шэрасінім сурдуце з шаўковымі адваротамі, у белым гальштуку, у вузкіх бэзавых нагавіцах і лякірованых вастраносых пантофлях, ідучы з паважным выглядам, з найвышэйшай пачцівасьцю збочыў на ўскрай ходніка, выпярэджваючы ледзі Максуэл на рагу Дыгнамс-корт.

А гэта ня місіс МакГінэс?

Місіс МакГінэс, самавітая, сівавалосая, пакланілася Айцу Конмі з суседняга ходніка, уздоўж якога плыла яе ўсьмешка. Айцец Конмі ўсьміхнуўся й адказаў на прывітаньне. Як яна маецца?

Якая знакамітая пастава. Ёсьць ў ёй нешта ад Марыі Сцюарт, каралевы шатляндцаў. І падумаць толькі, што яна трымала лямбард. На табе! З такой... як бы тут сказаць?.. з такой каралеўскай мінай.

Айцец Конмі йшоў па Грэйт-Чарлз-стрыт, пазіраючы налева, на замкнуты пратэстанцкі касьцёл. Вялебны Т. Р. Грын, бакалаўр мастацтваў, будзе (D. V.D(eo) V(olonte): Воляй Божай (лац.).) выступаць з казаньнем. Ён у іх называецца бэнэфіцыятам, дабрадзейнікам. Пастанавіў надзяліць іх дабрадзействам казаньня. Але трэба быць спагадлівым. Неадольнае невуцтва. Паступалі паводле свае асьвечанасьці.

Айцец Конмі павярнуў за рог і пайшоў па Паўночнай Акружной. Дзіўна, што няма трамвайнай лініі на так важнай магістралі. Безумоўна, павінна быць.

Рычманд-стрыт перасекла гурма школьнікаў з торбамі за плячыма. Усе прыўзьнялі пакамячаныя шапкі. Айцец Конмі колькі разоў ласкава ім паківаў. Хлопцы са школы хрысьціянскіх братоў.

З правага боку да Айца Конмі даляцеў пах кадзідла. Касьцёл Сьвятога Язэпа, Портлэнд-роў. Для пярэстарак і дабрадзейніц. Айцец Конмі прыўзьняў капялюш перад Сьвятой Тайнай. Дабрадзейныя: але часамі таксама невыносныя.

Каля дому Олдбара Айцу Конмі падумалася пра гэтага зруйнаванага магната. Цяпер тут нейкая кантора ці нешта такое.

Айцец Конмі павярнуў на Паўночную Стрэнд-роўд, дзе яго прывітаў Уільям Галахер, які стаяў у дзьвярах свае крамы. Айцец Конмі прывітаў містэра Уільяма Галахера й пачуў пахі ад лустаў бэкану й аб’ёмістых кубаў масла. Ён мінуў тытунёвы кіёск Грогана, на які абапёрся шчыт з газэтнымі навінамі, паведамляючы пра страшэнную катастрофу ў Нью Ёрку. У Амэрыцы што ні глянь такія здарэньні. Якое няшчасьце паміраць людзям вось так, без падрыхтаваньня. Хоць яшчэ застаецца акт поўнага раскаяньня.

Айцец Конмі мінуў тавэрну Дэніэла Бэргіна, каля вокнаў якой абаперліся на сьцяну два беспрацоўныя. Яны прывіталі яго й атрымалі прывітаньне у адказ.

Айцец Конмі мінуў пахавальнае бюро Г. Дж. О’Ніла, дзе Корні Кэлэхер, пажоўваючы сухую былінку, рабіў падлік у кнізе прыбыткаў. Канстэбль, робячы абыход, прывітаў Айца Конмі, і Айцец Конмі прывітаў канстэбля. У вітрыне Юкстэтэра, гандляра сьвінінай, Айцец Конмі акінуў паглядам сьвіныя кілбасы, белыя, чорныя й чырвоныя, згорнутыя ахайнымі маткамі.

Пад дрэвамі Чарлвіл-мэл Айцец Конмі ўбачыў прычаленую тарфяную барку, каня з павіслаю мызай і лодачніка ў брудным саламяным капелюшы, які сядзеў пасярэдзіне баркі, курыў і глядзеў на галінку таполі над галавою. Абразок быў ідылічны, і Айцец Конмі задумаўся над празорлівасьцю Творцы, які зрабіў торф у балотах, каб людзі маглі яго выкопваць адтуль і прывозіць у гарады й вёскі для абаграваньня бедняковых хатаў.

На мосьце Ньюкомэн правялебны Джон Конмі, Т. І. з касьцёла сьвятога Францыска Ксавэрыя, што на Верхняй Гардынэр-стрыт, сеў у трамвай, які йшоў ад цэнтру.

З трамваю, які йшоў да цэнтру, на мост Ньюкомэн зыйшоў вялебны Нікалас Дадлі, вікары касьцёла сьвятой Агаты, што на Паўночнай Уільям-стрыт.

На мосьце Ньюкомэн Айцец Конмі сеў у трамвай, які йшоў ад цэнтру, бо не любіў хадзіць пехатою па расхлюпанай дарозе каля Мадайлэнд.

Айцец Конмі ўсеўся ў кутку вагону, дбайна засунуўшы сіні білецік у вочка аднае з сваіх тоўстых лайкавых пальчатак, а чатыры шылінгі, шасьціпэнсавік і пяць пэнсаў ссунуліся ў кашалёк з далоні, абцягнутай другой тоўстай пальчаткай. Праяжджаючы каля абвітага плюшчом касьцёла ён раздумваў аб тым, што кантралёр наогул зьяўляецца тады, калі чалавек неабачліва выкіне свой білет. Урачысты выгляд пасажыраў падаўся айцу Конмі празьмерным як на такое кароткае й таннае падарожжа. Айцец Конмі любіў бадзёрыя абставіны.

Дзень быў суцішны. Джэнтльмэн у акулярах, які сядзеў насупраць Айца Конмі, перастаў нешта тлумачыць і апусьціў зрок. Ягоная жонка, падумалася Айцу Конмі. Сьціпленькі позях растуліў вусны жонкі джэнтльмэна ў акулярах. Яна падняла маленькі кулачок у пальчатцы, пазяхнула зноўку так сама далікатна, пастукваючы сябе па вуснах сваім маленькім кулачком, і ўсьміхнулася сьціпленька, салодзенька.

Пах ейнай парфумы ў вагоне прыцягнуў увагу Айца Конмі. Ягоную ўвагу таксама прыцягнула, што няўклюдны мужчына па другі бок ад яе сядзіць на самым ускраі свайго сядзеньня.

Айцец Конмі, стоячы каля алтара, зь цяжкасьцю трапіў гостыяй у рот няўклюднага старога чалавека, у якога трэслася галава.

Трамвай спыніўся на мосьце Энслі і ўжо рушаў зноў, калі якаясьці старая падхапілася зь месца да выхаду. Кандуктар тузануў за раменьчык званка, каб спыніць трамвай для яе. Яна выйшла з кашолкай і з кірмашовай пляцёнкай. Айцец Конмі бачыў, як кандуктар дапамагаў ёй зыйсьці з той кашолкай і пляцёнкай — яна ледзь не пераехала далей, чымсьці належыла за пэнса, і Айцу Конмі падумалася, што гэта будзе адна з тых добрых душаў, якім заўжды трэба паўтараць па два разы, багаслаўляю цябе, маё дзіця, што грахі ім адпушчаныя, маліся за мяне. Але ў іх гэтулькі турботы ў жыцьці, гэтулькі занятку, бедныя стварэньні.

З афішаў Айцу Конмі ўсьміхнуўся сваімі тоўстымі мурынскімі губамі Юджын Стрэтан.

Айцец Конмі падумаў пра душы чарнаскурых, карычневаскурых і жаўтаскурых людзей, пра сваё казаньне аб сьвятым Пётры Клавэры, Т. І., аб афрыканскай місіі, аб распаўсюджваньні праўдзівае веры й аб мільёнах чорных, карычневых і жоўтых душаў, што не пасьпелі прыняць хрышчэньня вадою, калі іхняя апошняя гадзіна падкралася злодзеем уночы. Высновы ў той кніжцы бэльгійскага езуіта, "Le nombre des élus"„Лік выбраных” (франц.)., падаліся айцу Конмі разумнымі. Гэта былі мільёны чалавечых душаў, створаных Богам на Свой вобраз і падабенства, якіх не абярнулі (D. V.) у праўдзівую веру. Але гэта былі Божыя душы, створаныя Богам. І Айцу Конмі падалося вартым жалю, што ўсе яны будуць адкітутыя, як мякіна, калі можна так выказацца.

На прыпынку Хоўт-роўд Айцец Конмі выйшаў і ў адказ на разьвітальны паклон кандуктара таксама яму пакланіўся.

Малахайд-роўд была бязьлюдная. Падабаліся Айцу Конмі й сама вуліца, і яе назва. Радасны гул званоў у вясёлым Малахайдзе. Лорд Талбат дэ Малахайд, у простай лініі спадчынны лордадмірал Малахайду й прылеглых мораў. Потым прыйшоў заклік да зброі, і яна сталася нарачонай, жонкай і ўдавой у той самы дзень. Гэта былі старадаўнія дні, часіна верных вясёлых мястэчак, баронская старасьвеччына.

Ідучы далей, Айцец Конмі падумаў пра сваю малую кніжку ”Баронская старасьвеччына” й пра кніжку, якую можна было б напісаць аб езуіцкіх прытулках і аб Мэры Рочфарт, дачцы лорда Моўлсварта, першай графіні Бэльвэдэр.

Млявая ледзі, ужо немаладая, адзінока хадзіла па берагох возера Энэл, Мэры, першая графіня Бэльвэдэр, млява хадзіла вечарамі, і плюск выдры яе не трывожыў. Хто мог ведаць праўду? Не раўнівы лорд Бэльвэдэр, і не яе спавядальнік, калі толькі яна не ўчыніла блуду да канца, да ejaculatio seminis inter vas naturale mulierisВыкід насеньня ў прыродную судзіну жанчыны (лац.)., з братам свайго мужа? Яна, як усе жанчыны, выспаведалася б адно напалову, калі б саграшыла не да канца. І ведалі б толькі Бог і яна, і ён, брат яе мужа.

Айцец Конмі думаў пра тую нястрымную цялесную цягу, безь якое ня можа, аднак, прадаўжацца чалавечы род на зямлі, і пра шляхі Божыя, якія ня ёсьць нашы шляхі.

Дон Джон Конмі йшоў, пераносячыся ў сівую мінуўшчыну. Ён быў там добры й паважаны. Ён хаваў у сваёй памяці тайны споведзі і ўсьміхаўся да ўсьмешлівых шляхотных абліччаў у салёнах з наваскаваным паркетам і з дасьпелымі гронкамі пладоў па столі. І рукі нарачонага й нарачонай, шляхотнага са шляхотнай, злучаў Дон Джон Конмі.

Дзень быў чароўны.

Праз брамку на поле Айцу Конмі ўбычыліся градкі капусты, якая кланялася яму шырокім споднім лісьцем. Неба паказала яму чародку малых белых аблокаў, якія паволі плылі на ветры. MoutonnerКучаравіцца (франц.)., кажуць французы. Свойскае й трапнае слова.

Айцец Конмі, чытаючы малітоўнае правіла, назіраў за чародкай кучаравых аблокаў над Рэткофі. Палі Клонгаўзу калолі іржышчам ягоныя шчыкалаткі ў тонкіх шкарпэтках. Ён шпацыраваў там вечарамі, чытаючы малітвы, і слухаў вокрыкі хлопцаў, занятых сваімі гульнямі, маладыя вокрыкі сярод спакойнага вечару. Ён быў іхнім рэктарам: кіраваў імі з лагодай.

Айцец Конмі сьцягнуў пальчаткі й выняў малітоўнік з чырвонай аблямоўкай. Закладка са слонавай косьці ўказвала бачынку.

Нона. Гэта трэба было прачытаць яшчэ да абеду. Але прыйшла ледзі Максуэл.

Айцец Конмі прачытаў у думках Ойча наш і Авэ Марыя й перахрысьціўся. Deus in adiutoriumБог на дапамогу (лац.)..

Ён ішоў у супакоі, нячутна чытаючы нону, ішоў і чытаў, пакуль не дайшоў да Рэш у Beati immaculati: Principium verborum tuorum veritas: in eternum omnia iudicia iustitiæ tuæБагаслаўлёныя беззаганныя: Аснова слова твайго ёсьць праўда, і ўсякі ўстаў Твой навек справядлівы (лац.)..

Зарумянелы малады чалавек выйшаў на сьцежку з прахону ў жываплоце, а за ім дзяўчына з паніклымі палявымі стакроткамі ў руцэ. Малады чалавек пасьпешліва прыўзьняў капялюш; дзяўчына пасьпешліва нахілілася й пачала паволі зьнімаць зь лёгкай спадніцы прысталую сьцябліну.

Айцец Конмі паважна пабагаславіў абаіх і перагарнуў тонкі лісток малітоўніка. Шын: Principes persecuti sunt me gratis: et a verbis tuis formidavit cor meumКнязі ганяюць мяне без прычыны, але сэрца маё дрыжыць перад словам Тваім (лац.)..

* * *

Корні Кэлэхер закрыў доўгі гросбух і паглянуў цягучым вокам на сасновае века труны, якое вартавала ў кутку. Ён выпрастаўся, падыйшоў да яго й, пакруціўшы вакол восі, агледзеў паверхню й масянжовыя аздобы. Жуючы сухую былінку, ён паклаў века на падлогу й падыйшоў да дзьвярэй. Там ён насунуў капялюш, каб заценіць вочы, і абапёрся на вушак, ляніва паглядаючы на двор.

Айцец Джон Конмі на мосьце Ньюкомэн увайшоў у трамвай на Долімаўнт.

Корні Кэлэхер ссунуў свае велізарныя боты й глядзеў, у насунутым на лоб капелюшы, перажоўваючы сухую былінку.

Канстэбль 57 С, на сваім абыходзе, запыніўся забавіць час.

— Прыгожы дзень, містэр Кэлэхер.

— Але, — азваўся Корні Кэлэхер.

— Толькі духата вялікая, — сказаў канстэбль.

Корні Кэлэхер цыркнуў дугою струменьчык травянога соку, а шчодрая белая рука кінула манэту з вакна на Эклс-стрыт.

— Якія навінкі? — спытаўся ён.

— Я бачыў вядомую нам асобу ўчора вечарам, — сказаў канстэбль, сьцішыўшы голас.

* * *

Аднаногі матрос абчыкільгаў рог аптэкі МакКонэла, абыйшоў возік марозьніка Рабаёці й заскакаў па Эклсстрыт. У бок Лэры О’Рорка, які стаяў безь пінжака ў сябе ў дзьвярах, ён непрыхільна гыркнуў:

За Англію...

Гвалтоўнымі разгойданымі кідкамі ён мінуў Кэйты й Буды Дэдалаў, спыніўся й гыркнуў:

дом і красу.

Бледнаму, над’едзенаму згрызотай твару Дж. Дж. О’Молая сказалі, што містэр Лэмбэрт на складзе з наведнікам.

Тоўстая дама запынілася, выняла мядзяк з свайго кашалька й кінула ў працягнутую да яе фуражку. Матрос прабурчаў падзяку, кісла глянуў на абыякавыя вокны й, зьвесіўшы галаву, зрабіў яшчэ чатыры разгойданыя скокі дапераду.

Спыніўся й злосна гыркнуў:

За Англію...

Два басоногія вісусы, смокчучы доўгія палачкі люкрэцыі, прыпыніліся каля яго, разявіўшы на ягоную куксу жоўтасьлінявыя раты.

Ён борздымі падскокамі пасунуўся дапераду, спыніўся, падняў галаву да вакна й рыкнуў глыбокім голасам:

дом і красу.

Вясёлае салодкае шчабятлівае пасьвістваньне за вакном працягнулася яшчэ на адзіндва такты й замоўкла. Фіранку ў вакне адцягнулі ўбок. Картачка Кватэра бяз мэблі ссунулася з рамы і ўпала. Мільганула шчодрае аголенае й поўнае перадплечча, паказалася, выцягнулася зь белай камбінацыі й тугіх шлеек. Жаночая рука кінула манэту панад пруткамі кратаў. Манэта ўпала на ходнік.

Адзін зь вісусаў падбег, падняў яе й апусьціў у шапку мінстрэля са словамі:

— Наце, сэр.

* * *

Кэйты й Буды Дэдалы ўваліліся празь дзьверы ў напоўненую парай кухню.

— Ты здала кніжкі? — спыталася Буды.

Мэгі каля пліты двойчы штурхнула кіёчкам, умінаючы шэраватую масу пад бульклівымі мыльнымі бурбалкамі, і выцерла лоб.

— За іх нічога не дадуць, — сказала яна.

Айцец Конмі йшоў па палёх у Клонгаўзе, іржышча казытала яму шчыкалаткі ў тонкіх шкарпэтках.

— А ты дзе спрабавала? — спыталася Буды.

— У МакГінэс.

Буды тупнула нагою й кінула на стол сваю торбу.

— Каб ёй морда распухла! — выкрыкнула яна.

Кэйты падыйшла да пліты й, скасавурыўшы вочы, зазірнула.

— А ў гаршку што? — спыталася яна.

— Кашулі, — сказала Мэгі.

Буды злосна выкрыкнула:

— Халера, зноў нічога паесьці?

Кэйты, прыўзьняўшы покрыўку кацялка прыполам свае запэцканае спадніцы, спыталася:

— А ў гэтым што?

У адказ бухнуў цяжкі клуб пары.

— Гарохавы суп, — сказала Мэгі.

— Адкуль ты яго дастала? — спыталася Кэйты.

— Сястра Мэры Патрык, — сказала Мэгі.

Службовец пазваніў званочкам.

— Дзынь!

Буды села за стол і прагна загадала:

— Давай яго сюды!

Мэгі наліла жоўтага густога супу з кацялка ў талерку. Кэйты, усеўшыся насупроць Буды, спакойна сказала, на кончыку пальца падымаючы ў рот хлебныя крышкі:

— Добра, што маем хоць гэта. А дзе Дылі?

— Пайшла бацьку сустракаць, — адказала Мэгі.

Буды, крышачы ў суп вялікія кавалкі хлеба, дадала:

— Бацьку нашага, які не на нябёсах.

Мэгі, наліваючы суп у талерку Кэйты, усклікнула:

— Буды! Як табе ня сорам!

Караблік, скамячаны лісток, Ілія надыходзіць, лёгка плыў уніз па Ліфі, пад Акружным мостам, сігаючы на быстрынях, там, дзе вада вірыла вакол успоркаў мосту, кіруючы на ўсход, міма суднаў і якарных ланцугоў, паміж старым докам Мытні й набярэжнай караля Джорджа.

* * *

Бляндынка ў Торнтана высьцілала дно плеценага кошыка храбусткою папераю. Буяка Бойлан падаў ёй бутэльку, загорнутую ў ружовую папяровую сурвэтку, і невялікі слоік.

— Насамперш вось гэта, добра? — сказаў ён.

— Так, сэр, — адказала бляндынка, — а садавіну зьверху.

— Знакаміта, гэта будзе пераможны мяч, — сказаў Буяка Бойлан.

Яна дбайна ўклала пузатыя грушкі, галоўкамі да хвосьцікаў, а паміж імі заірдзелыя сорамам сьпелыя пэрсікі.

Буяка Бойлан у новых цёмнажарых ботах хадзіў сюдытуды па насычанай пахамі садавіны краме, падымаў плады, маладыя, сакавітыя, маршчыністыя й пульхныя чырвоныя памідоры, нюхаў.

H. E. L. Y. 'S., гуж людзей у белых цыліндрах, перасунуўся перад імі паўз Тэнджэрлэйн, павалокся да свае мэты.

Ён раптоўна адвярнуўся ад кашолкі з трускаўкамі, выцягнуў з кішэні залаты гадзіньнік і паглядзеў на яго, адсунуўшы руку на даўжыню ланцужка.

— А вы можаце паслаць іх трамваем? Зараз?

Цёмнасьпінная фігура пад Аркадай Гандляроў перабірала кніжкі на латку вулічнага гандляра.

— Безумоўна, сэр. Гэта ў горадзе?

— О так, — адказаў Буяка Бойлан. — Дзесяць хвілін адсюль.

Бляндынка падала яму картачку й аловак.

— Калі ласка, запішэце адрас, сэр.

Буяка Бойлан на прылаўку напісаў адрас і пасунуў картачку да яе.

— Толькі пашлеце адразу, згода? — сказаў ён. — Гэта для хворага.

— Так, сэр. Пашлю, сэр.

Буяка Бойлен забразгацеў вясёлымі грашмі ў кішэні нагавіцаў.

— Колькі я страціў? — запытаўся ён.

Тонкія пальцы бляндынкі пералічылі плады.

Буяка Бойлан заглянуў ёй у выраз блюзкі. Маладая пташка. Ён узяў чырвоны гвазьдзік з высокага шклянога флякону.

— Пасуе мне? — запытаўся ён франтавата.

Бляндынка скоса зірнула на яго, выпрасталася зь незалежным выглядам, на ягоны крыху скасабочаны гальштук, зарумянілася.

— Так, сэр, — сказала яна.

Зграбна пахіліўшыся, яна зноў пералічыла пузатыя грушкі й зарумянелыя пэрсікі.

Буяка Бойлан заглянуў у выраз яе блюзкі яшчэ больш прыхільна, трымаючы ў сваіх усьмешлівах зубох сьцябло чырвонай кветкі.

— Можна сказаць слоўка ў ваш тэлефон, місі? — запытаўся ён шэльмавата.

* * *

Ma!Але! (італ.). — сказаў Альмідана Артыфоні.

Ён спаглядаў цераз Стывэнава плячо на гузакаваты чэрап Голдсміта.

Паволі праехалі два вагоны з турыстамі, жанчыны сядзелі сьпераду, ухапіўшыся за поручні. Бледныя твары. Рукі мужчынаў, ухапіўшыся, абдымалі жаночыя таліі. Яны глядзелі ад Трыніты на сьляпы, увесь у калёнах, партал Ірляндзкага банку, дзе гурвурвуркавалі галубы.

Anch'io ho avuto di queste idee, — сказаў Альмідана Артыфоні, — quand' ero giovine come Lei. Eppoi mi sono convinto che il mondo č una bestia. É peccato. Perchč la sua voce... sarebbe un cespite di rendita, via. Invece, Lei si sacrifica.

— Sacrificio incruento— У мяне таксама былі такія думкі, калі я быў малады як вы. Я тады быў перакананы, што сьвет — гэта жывёліна. Каюся. Аднак ваш голас... ён мог бы вам прыносіць даход, глядзеце. Замест таго, вы ахвяруеце сабою.
— Гэта некрывавая ахвяра (італ.).
, — сказаў Стывэн, усьміхаючыся й лёгка пакалыхваючы сюдытуды трыманай пасярэдзіне ясянёвай палкай.

Speriamo, — ветліва сказаў круглы й вусаты твар. — Ma, dia retta a me. Ci rifletta— Будзем спадзявацца. Але паслухайце мяне. Падумайце (італ.)..

Пад строгай каменнай даланёй Гратана, якая загадвала спыніцца, трамвай зь Інчыкару выгрузіў гурму жаўнераў з аркестру Шатляндзкага полку.

Ci refletterò, — адказаў Стывэн, прабягаючы вачыма ўніз па шырокай калашыне.

Ma, sul serio, eh?— Падумаю.
— Але сур'ёзна, га? (італ.).
— сказаў Альмідана Артыфоні.

Ягоная цяжкая рука моцна сьціснула руку Стывэна. Чалавечыя вочы. Хвілю якую яны ўважліва ўглядаліся, а потым ён хутка перабег да трамваю з Долкі.

Eccolo, — сказаў Альмідана Артыфоні з прыязным сьпехам. — Venga a trovarmi e ci pensi. Addio, caro.

— Arrivederla, maestro, — сказаў Стывэн, прыпадымаючы капялюш, калі выслабаніў руку. — E grazie.

— Di che? — сказаў Альмідана Артыфоні. — Scusi, eh? Tante belle cose!— Вось ён. Заходзьце да мяне й падумайце. Бывайце, дарагі.
— Да пабачэньня, маэстра. І дзякую.
— За што? Вы мне прабачце, га? Усяго найлепшага! (італ.).

Альмідана Артыфоні, узьняўшы як сыгнал скручаныя ў трубку ноты, у сваіх шырокіх нагавіцах пусьціўся наўздагон за трамваем з Долкі. Дарэмна ён бег, дарэмна сыгналячы сярод сьціжмы голакаленных горцаў, якія праносілі сваё музычнае прычындальле праз браму Трыніты.

* * *

Міс Дан схавала глыбока ў шуфляду ”Жанчыну ў белым”, узятую зь бібліятэкі на Кэйпл-стрыт, і ўкруціла ў сваю машынку квяцісты лісток паштовае паперы.

Зашмат таямнічасьці ў гэтым. Кахае ён тую Мэрыян ці не? Трэба зьмяніць і ўзяць што-небудзь Мэры Сэсыл Хэй.

Дыск сьлізгануў уніз па жалабку, хвілю пакалыхаўся, зьнерухомеў і падміргнуў ім: шэсьць.

Міс Дан выстукала на клявіятуры:

— 16 чэрвеня 1904.

Пяць мужчынаў у белых цыліндрах і з рэклямнымі дошкамі прайшлі зьмейкай між рагом Моніпэні й пастамантам, на якім не стаяла статуя Вулфа Тона, завярнуліся, паказваючы H.E.L.Y. 'S., і пашкандыбалі назад, адкуль прыйшлі.

Потым яна ўставіла зрок на вялікую афішу Марыі Кэндал, чароўнай субрэткі, і, млява адкінуўшыся, пачала крамзоліць у нататніку шаснаццаткі й вялікія эсы. Гарчычныя валасы й падружаваныя шчокі. Ці ж яна прыгожая, га? Тое, як яна задзірае свой ашмотак сукенчыны. Цікава, ці ён сёньня прыйдзе на танцы. Калі б намовіць тую краўчыху, каб мне зрабіла плісаваную спаднічку, як у Сюзі Нэгл. Яны падаюць покатам. Шэнан і ўсе тузы зь яхтклюбу вачэй зь яе ня зводзілі. Спадзяюся, ён не затрымае мяне тут да сёмай.

Тэлефон рэзка пазваніў у яе каля вуха.

— Алё. Так, сэр. Не, сэр. Так, сэр. Пазваню ім па пятай. Толькі гэтыя два, сэр, у Бэлфаст і Лівэрпул. Добра, сэр. Дык я магу йсьці па шостай, калі вы ня вернецеся. Чвэрць па. Так, сэр. Дваццаць сем і шэсьць. Я яму скажу. Так: адзін, сем, шэсьць.

Яна накрэмзала на канвэрце тры лічбы.

— Містэр Бойлан! Алё! Сюды заходзіў і шукаў вас той джэнтльмэн са ”Спорту”, містэр Лэнэган, так. Сказаў, што а чацьвёртай будзе ў Ормандзе. Не, сэр. Так, сэр. Я пазваню ім па пятай.

* * *

Два ружовыя твары адвярнуліся ў бляску маленькай паходні.

— Хто там? — спытаўся Нэд Лэмбэрт. — Гэта Кроты?

— Рынгабэла й Кросхэйвэн, — адазваўся голас чалавека, які намацвае прыступку.

— Здароў, Джэк, гэта ты? — сказаў Нэд Лэмбэрт, прывітальна падымаючы сваю гнуткую рэйку пад міготкае скляпеньне. — Хадзі сюды. Зважай на тыя прыступкі.

Запалка ў паднятай руцэ сьвятара дагарэла доўгім лагодным полымем і ўпала. Яе апошняя іскрынка сканала ля іхніх ног; ахінула іх сьпёртае паветра.

— Як цікава! — азваўся ў змроку голас са стараннай вымовай.

— Так, сэр, — ажыўлена падхапіў Нэд Лэмбэрт. — Мы з вамі стаімо ў гістарычнай залі нарадаў абацтва сьвятой Марыі, дзе шаўковісты Томас аб’явіў бунт у 1534 годзе. Гэта самае гістарычнае месца ва ўсім Дубліне. О’Мэдэн Бэрк зьбіраецца ў бліжэйшы час нешта пра яго напісаць. Да вуніі тут разьмяшчаўся стары Ірляндзкі Банк, і першая жыдоўская сьвятыня таксама тут была, пакуль яны не збудавалі сваю сынагогу на Адэлайд-роўд. Джэк, ты тут ніколі раней ня быў, што?

— Не, Нэд.

— Ён ехаў па Дэймс-уок, — сказаў голас са стараннай вымовай, — калі мне памяць ня хібіць. Палац Кілдараў стаяў на Томаскорт.

— Так, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Дакладна так, сэр.

— Калі вы будзеце мець ласку, — сказаў сьвятар, — то, магчыма, наступным разам дазволіце мне...

— Безумоўна, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Прыходзьце з фотаапаратам, калі вам захочацца. Я загадаю, каб забралі гэтыя мяхі з вокнаў. Вы можаце здымаць адсюль, або адсюль.

Ён хадзіў у слабым сьвятле, пастукваючы сваёй рэйкай па гурбах мяхоў са збожжам і па адкрытых мясцох на падлозе.

З выцягнутага аблічча павісьлі над шахматнай дошкай барада й позірк.

— Я вам моцна абавязаны, містэр Лэмбэрт, — сказаў сьвятар. — Ня буду забіраць у вас дарагога часу...

— Заўсёды рады вас тут бачыць, сэр, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Заходзьце, калі вам захочацца. Скажам, на наступным тыдні. Вам відаць?

— Так, так. Да пабачэньня, містэр Лэмбэрт. Прыемна было пазнаёміцца з вамі.

— Мне таксама, сэр, — адказаў Нэд Лэмбэрт.

Ён правёў наведніка да выхаду й там шпурнуў сваю рэйку між калёнаў. Разам з Дж. Дж. О’Молаем яны бязь сьпеху прайшлі ў абацтва сьвятой Марыі, дзе вазакі загружалі на фургоны мяхі з альгаробай і пальмавай мукою для О’Конара, Уэксфард.

Ён стаў прачытаць візытоўку, якую трымаў у руцэ.

— Правялебны Х’ю К. Лаў, Рэткофі. Цяперашні адрас: Сэнт-Майклс, Солінс. Мілы малады чалавек. Ён мне сказаў, што піша кніжку пра Фіцджэралдаў. Добра падкаваны ў гісторыі, дальбо.

Дзяўчына паволі зьнімала са спадніцы прысталую сьцябліну.

— А я падумаў, што вы плянуеце новую порахавую змову, — сказаў Дж. Дж. О’Молай.

Нэд Лэмбэрт хруснуў пальцамі.

— Божа! — усклікнуў ён. — Я забыўся расказаць яму пра герцага Кілдарскага, пасьля таго як той падпаліў катэдральны сабор у Кэшле. Ведаеш гэтую гісторыю? Халерна мне прыкра, што я гэта зрабіў, кажа ён, але прысягаюся перад Богам, я думаў, што архіяпіскап быў у сярэдзіне. Хоць яму магло б не спадабацца. Што? Божа, усё роўна яму раскажу. Гэта быў вялікі герцаг, Фіцджэралд Мор. Усе яны мелі гарачыя галовы, тыя Джэралдайны.

Коні, каля якіх ён праходзіў, нэрвова турзануліся ў папушчанай вупражы. Ён ляпнуў па стракатым клубе, што ўздрыгваў блізу яго, і крыкнуў:

— Но-о, сынок!

Павярнуўшыся да Дж. Дж. О’Молая, ён запытаўся:

— Ну, Джэк, што там? Які клопат? Пачакай хвілінку. Трымайся.

Разявіўшы рот й моцна адхіліўшы ўзад галаву, ён зьнерухомеў, а потым гучна чыхнуў.

— Ап-чхі! — сказаў ён. — А каб цябе!

— Гэта пыл ад мяхоў, — ветліва заўважыў Дж. Дж. О’Молай.

— Не, — выдыхнуў Нэд Лембэрт, — гэта я падхапіў... халодная ноч паза... каб цябе ліха... ноч пазаўчора... і там шалела такая пройма...

Ён падрыхтаваў хустачку для падыходу...

— Я быў... сёньня ранкам... бедны малы... як жа яго звалі... Апчхі!.. Матухна нябесная!

* * *

Том Рочфард узяў верхні дыск са стосіку, які прыціскаў да свае вішнёвае камізэлькі.

— Бачыце? — сказаў ён. — Дапусьцім, цяпер шосты нумар. Кладу сюды, гляньце. Нумар, Які Йдзе Цяпер.

Ён усунуў для іх дыск у левую шчыліну. Дыск сьлізгануў уніз па жалабку, хвілю якую пакалыхаўся й зьнерухомеў, падміргнуўшы ім: шэсьць.

Юрысты колішніх часоў, напышлівыя, у аратарскіх позах, сузіралі, як Рычы Гулдынг прайшоў з падаткавай управы ў цывільны суд з папкай Гулдынга, Коліса і Ўорда, і чулі, як ад адміральцейскага аддзяленьня каралеўскага суда да апэляцыйнага суда прашамацела падстараватая асоба жаночагу полу зь недаверлівай усьмешкай сваіх устаўных зубоў і ў чорнай шаўковай спадніцы прасторнага памеру.

— Бачыце? — сказаў ён. — Гляньце, апошні, што я ўсунуў, ляжыць там зьверху: Нумары, Якія Закончыліся. Ціск. Рычаг, бачыце?

Ён паказаў ім стосік дыскаў, што нарастаў з правага боку.

— Спрытна прыдумана, — сказаў Насаты Флін, шмыгаючы носам. — Значыць, хто спазьніўся, можа пабачыць, які цяпер нумар і якія ўжо закончыліся.

— Бачыце? — сказаў Том Рочфард.

Ён усунуў дыск для сябе: і назіраў, як ён сасьлізгвае, калышацца, падміргвае, запыняецца: чатыры. Нумар, Які Йдзе Цяпер.

— Я зь ім зараз пабачуся ў ”Ормандзе” — сказаў Лэнэхан, — і закіну яму слоўка. За добры ўчынак ліхім ня плоцяць.

— Зрабі так, — сказаў Том Рочфард. — Скажы яму, што я буяню ад нецярплівасьці...

— А я йду спаць, — рэзка перабіў ім МакКой. — Калі вы абодва пачынаеце...

Насаты Флін нахіліўся над рычагом, пасопваючы.

— Але як яно тут дзейнічае, Томі? — спытаўся ён.

— Траляля, — сказаў Лэнэхан. — Бывайце пакуль што.

Ён пайшоў за МакКоем цераз малюсенькі квадрацік Кэмптанкорту.

— Ён герой, — сказаў ён папросту.

— Я ведаю, — азваўся МакКой. — Ты гэта пра канал.

— Канал? — сказаў Лэнэхан. — Ды гэта было ў лазе.

Яны мінулі мюзык-хол Дэна Лаўры, дзе з афішы ўсьміхалася ім размаляванай усьмешкай Марыя Кэндал, чароўная субрэтка.

Ідучы ходнікам Сайкмор-стрыт каля мюзык-холу ”Эмпайр”, Лэнэхан распавёў МакКою, як было з цэлай справай. Адзін з тых лазаў быў нібы халерная газавая труба, і той бедачына завяз у ім, ужо напалову затхнуўшыся ад каналізацыйнага духу. А Том Рочфард адразу, як стаяў у сваіх букмэйкерскіх строях, так і спусьціўся, толькі абвязаўшыся вяроўкай. І хай я скрозь зямлю правалюся, яму нейк удалося абкруціць вяроўкай таго бедачыну, і абодвух выцягнулі наверх.

— Геройскі ўчынак, — сказаў ён.

Перад ”Дэльфінам” яны спыніліся й прапусьцілі карэтку хуткай дапамогі, якая галёпам памчалася па Джэрвіс-стрыт.

— Сюды, — сказаў ён, кіруючы направа. — Загляну да Лайнама пабачыць уступныя стаўкі на Булаву. Колькі там будзе на тваім залатым з ланцужком?

МакКой зіркнуў у змрочную кантору Маркуса Тэрцыюса Мозэса, потым на гадзіньнік О’Ніла.

— Па трэцяй, — сказаў ён. — А хто джакей?

— О. Мэдэн, — адказаў Лэнэхан. — А кабылка як агонь.

Стоячы на Тэмпл-бар, МакКой далікатна сьпіхнуў наском бананавую скурку з ходніка ў канаву. Хто-небудзь будзе вяртацца ў поцемках пад мухай, пакаўзьнецца й скруціць шыю.

Брама рэзыдэнцыі адчынілася, даючы праезд кавалькадзе віцэкараля.

— Адзін да аднаго, — сказаў Лэнэхан, вярнуўшыся. — Я тамака наткнуўся на Бэнтама Лаенса, ён ставіў на нейкую халерную клячу, што яму хтосьці нараіў, аніякага шанцу. Сюдою.

Яны падняліся па прыступках і прайшлі пад Аркадай Гандляроў. Цёмнасьпінная фігура перабірала кніжкі на латку вулічнага гандляра.

— А вунь і ён, — паказаў Лэнэхан.

— Цікава, што ён купляе, — сказаў МакКой, азіраючыся.

— ”Леапольда, альбо Блюм у крапіве”, — сказаў Лэнэхан.

— Ён зьвіхнуўся на распродажах, — сказаў МакКой. — Днямі мы зь ім ішлі па Ліфі-стрыт, і ён купіў за два шылінгі кніжку ў нейкага старога. Адны гравюры ў ёй вартыя былі ўдвая, зоркі, месяц, камэты з доўгімі хвастамі. Нешта пра астраномію.

Лэнэхан расьсмяяўся.

— Я табе раскажу файную гісторыю пра хвасты камэтаў, — сказаў ён. — Толькі пяройдзем на сонца.

Яны перайшлі жалезны мост і пайшлі па набярэжнай Уэлінгтана ўздоўж парапэту.

Спадарыч Патрык Алойзіюс Дыгнам выйшаў з крамы Мангана, колішняй Фэрэнбаха, несучы паўтары хунты сьвіных катлетаў.

— Была вялікая гасьціна ў Глэнкры, у калёніі для малалетніх, — ажыўлена пачаў Лэнэхан. — Ведаеш, штогадовы банкет. Парад накрухмаленых кашуляў. Прысутнічаў лорд-мэр, тады ім быў Вэл Дылан, і сэр Чарлз Камэран, Дэн Даўсан сказаў прамову, а потым быў канцэрт. Бартэль д’Арсі сьпяваў, і Бэн Долард...

— Я ведаю, — перабіў МакКой. — Мая там раз сьпявала.

— Сапраўды? — сказаў Лэнэхан.

Картачка Кватэра бяз мэблі зноўку зьявілася на ваконнай раме нумару 7 на Эклс-стрыт.

Ён замоўк, але адразу хрыпата разрагатаўся.

— Ды пачакай, дай мне расказаць, — сказаў ён. — Дэлэхант з Кэмдэн-стрыт забясьпечваў стол, а твой адданы слуга быў за галоўнага падчашага. Быў таксама й Блюм з жонкай. Напіцца паставілі ўдосталь: партвэйн і херэс, і курасо, і ўсяму мы аддалі належнае шанаваньне. Гульнулі шаленавата. Пасьля вадкасьцяў пайшлі цьвёрдыя целы. Халодны філей навалам, і паштэты...

— Я ведаю, — сказаў МакКой. — У тым годзе, калі мая там была...

Лэнэхан сардэчна ўзяў яго пад руку.

— Ды чакай жа, дай мне расказаць, — паўтарыў ён. — Пасьля ўсяе гэтае гасьціны мы яшчэ зьелі паўночны сьняданак, а калі адчалілі, была ўжо шабанаццатая гадзіна тае раніцы, што йдзе пасьля ночы. Дадому вярталіся дзівоснай зімовай ноччу каля гары Фэзэрбэд. Блюм і Крыс Калінан былі на адным баку карэты, а я зь ягонай жонкай — на другім. Мы пачалі сьпяваць прысьпеўкі й дуэты: Вось, ужо першы промень сьвітаньня. А яна добра загрузілася тым дэлахантавым партвэйнам. І кожны раз, як тая халерная калясьніца хібанецца, яна валіцца проста на мяне. Чортава забава! А ў яе ладная парачка, дай ёй Божа здароўя. Во такія.

Ён выцягнуў на цэлы локаць перад сабой акругленыя далоні, зморшчыў бровы:

— А я ўвесь час падтыкаў пад яе плед і папраўляў ёй боа. Ведаеш, што маю на думцы?

Ягоныя рукі малявалі ў паветры буйныя акругласьці. Ад асалоды ён заплюшчыў вочы, падаўся ўсім целам дапераду й салодка цвыркнуў.

— Карацей, мой малы стаў на зважай, — сказаў ён з уздыхам. — А яна кабыла наравістая, шчырая праўда. А Блюм паказваў Крысу Калінану й возьніку розныя зоркі й камэты на нябёсах: вялікую мядзьведзіцу, і Гэркулеса, і дракона, і ўсю тую іншую драбязу. А я, дальбог, зусім заблудзіўся, так бы мовіць, у млечным шляху. Ён ведае іх усе навылёт, кажу табе. Урэшце яна запрыкмеціла недзе ў чорта на пазадворках такую малуюмалюпасенькую. І пытаецца: А вунь тая, Польдзі, што за зорачка? Прыперла Блюма ў катуху, і ня пікнеш. Вунь тая, так? кажа Крыс Калінан, ды яна ня болей, як малы ўтык іголкі. Ну, тут ён лучыў амаль у самую кропку.

Лэнэхан затрымаўся і ўсьпёрся на парапэт, заходзячыся ціхім сьмехам:

— Я заслаб, — выдыхнуў ён.

Бледны твар МакКоя, заўсьміхаўшыся на міг, прыняў паважны выгляд. Лэнэган рушыў далей. Ён прыўзьняў сваю капітанку й хуткім рухам пачухаў патыліцу. У сонечным бляску ён скоса зірнуў на МакКоя.

— Гэты Блюм — чалавек культурны й бывалы, — сказаў ён сур’ёзна. — Ён ня першы сустрэчны з тых паспалітых... ведаеш... Ёсьць нешта ад мастака ў нашага старога Блюма.

* * *

Містэр Блюм ляніва гартаў бачынкі ”Страшэнных прызнаньняў Марыі Монк”, потым ”Шэдэўру” Арыстотэля. Кручкаваты разьлезлы шрыфт. Уклейкі: дзеці клубком у крывавачырвоных улоньнях, нагадваюць каровіну пячонку на бойні. Мноства такіх як яны ў гэты момант па ўсім сьвеце. І ўсе штурхаюць галоўкамі каб вылезьці. У кожнай хвіліне недзе нараджаецца дзіця. Місіс Пюрфой.

Ён адклаў абедзьве кніжкі й зірнуў на трэцюю: ”Аповесьці з гета” Леапольда фон Захер-Мазоха.

— Гэтую я чытаў, — сказаў ён, адсоўваючы яе.

Гандляр кінуў на прылавак два томікі.

— Вось гэта добрая парачка, — сказаў ён.

Цераз прылавак тхнула цыбуляй зь ягонага гнілога рота. Ён нагнуўся, набраў кучу кніжак у ахапак, прыціснуў іх да свае расшпіленае камізэлькі й панёс за брудную заслону.

На мосьце О’Конэла шматлікія асобы маглі ўбачыць паважную паставу й зыркае ўбраньне містэра Дэніса Дж. Маджыні, настаўніка танцаў і інш.

Містэр Блюм, застаўшыся адзін, разгледзеў назвы кніжак: ”Прыгожыя тыранкі” Джэймса Лоўбэрча. Вядома, якога гэта сорту. Была ў мяне? Так.

Ён разгарнуў кніжку. Так і думаў.

Жаночы голас за бруднай заслонай. Паслухай: Мужчына.

Не: ёй такое ня вельмі падабаецца. Калісьці ўжо ёй прыносіў.

Ён прачытаў іншую назву: ”Слодыч грэху”. Болей у яе гусьце. Пабачма.

Разгарнуўшы дзе папала, ён прачытаў:

Усе тыя даляры, якія даваў ёй муж, яна выдавала ў крамах на раскошныя сукні й дарагія забаўкі. Дзеля яго! Дзеля Рауля!

Так. Гэта. Тут. Пабач.

Яе вусны зьліліся зь ягонымі ў пажадлівым апантаным пацалунку, а ягоныя рукі пачалі лашчыць яе буйныя кшталты пад лёгкім дэзабілье.

Так. Бяры. Канец.

Ты спазьнілася, — вымавіў ён хрыпатым голасам, працінаючы яе падазроным позіркам. Прыгожая жанчына скінула абшыты сабалямі плашч, паказваючы свае пышныя плечы і ўзьнёслыя акругласьці. Няўлоўная ўсьмешка блукала па ідэальных абрысах яе вуснаў, калі яна спакойна павярнулася да яго.

Містэр Блюм прачытаў яшчэ раз: Прыгожая жанчына.

Цеплыня мякка хлынула на яго, зьняможваючы ўсё цела. Цела ў патармошаных строях падатліва ўступае. Бялкі вачэй наліваюцца. Ягоныя ноздры растапырыліся, вынюхваючы здабычу. Вільгаць намашчаных грудзей (дзеля яго! дзеля Рауля!). Цыбульны дух поту пад пахамі. Асьлізласьць рыбінага клею (узьнёслыя акругласьці!). Крануцца! Сьціснуць! Зьмяць! Сярністы памёт ільвоў!

Маладосьць! Маладосьць!

Падстараватая асоба жаночага полу, ужо ня першай маладосьці, выйшла з гмаху суду лордаканцлера і з судоў каралеўскага, акцызнага й цывільнага, паслухаўшы ў першым справу аб прызнаньні поўнай адсутнасьці памяці ў Потэртана, у адміральцейскім аддзяленьні другога, пры адсутнасьці аднаго з бакоў, справу ўзбуджаную ўласьнікамі ”Ледзі Кэрнс” супроць уласьнікаў баркі ”Мона”, і ў апэляцыйным судзе — адтэрмінаваньне справы Харві супроць Акіянскай Страхавальнай Суполкі.

Паветра ў кніжнай крамцы здрыганулася ад макротнага кашлю, які ўскалыхнуў брудную заслону. Высунулася сівая нерасчасаная галава гаспадара зь непаголеным, пачырванелым ад кашлю, тварам. Ён груба адхаркнуў і выплюнуў макроту на падлогу. Потым наступіў на свой плявок ботам, расьцёр падэшвай і пахіліўся, паказваючы голае цемя зь мізэрнымі валаскамі.

Містэр Блюм сузіраў.

Стараючыся авалодаць расхваляваным дыханьнем, ён сказаў:

— Я вазьму вось гэтую.

Прадавец падняў вочы, загноеныя ад устарэлай прастуды.

— „Слодыч грэху”, — сказаў ён, паляпваючы па кніжцы. — Добрая рэч.

* * *

Службовец ля дзьвярэй аўкцыённай залі Дылана зноў патрос званочкам, двойчы, і агледзеў сябе ў прытрушаным крэйдай люстры на туалетным століку.

Дылі Дэдал, слухаючы на ходніку, пачула гукі званочка й выкрыкі аўкцыянэра ўсярэдзіне. Чатыры й дзевяць. Вось прыгожыя фіранкі. Пяць шылінгаў. Мілыя фіранкі. Новыя каштавалі б дзьве гінэі. Пяць шылінгаў, хто дасьць болей? Ідуць за пяць шылінгаў.

Службовец падняў званочак і патрос ім:

— Дзынь!

Удар гонгу, які абвяшчаў апошняе кола, прышпорыў сапернікаў. У гонках на паўмілі Дж. Э. Джэксан, У. Э. Уайлі, Э. Монра і Х. Т. Гахан, хібаючы выцягнутымі шыямі, бралі віраж каля Ўнівэрсытэцкай бібліятэкі.

Містэр Дэдал, пашчыпваючы доўгі вус, выйшаў з-за рогу Ўільямс-роў. Запыніўся каля свае дачкі.

— Табе ўжо час, — сказала яна.

— Выпрастайся, дзеля любові Госпада Ісуса, — сказаў містэр Дэдал. — Ты перакрыўляеш свайго дзядзьку Джоні, клярнэтыста, з галавою ў плячох? Божа засмучоны!

Дылі паціснула плячыма. Містэр Дэдал, паклаўшы свае далоні на іх, адагнуў іх назад.

— Трымайся проста, дзеўка, — сказаў ён. — Ты дачакаесься крывога хрыбта. Ці ведаеш, як ты выглядаеш?

Ён раптоўна зьвесіў галаву ўніз і дапераду, наставіў плечы гарбом і апусьціў ніжнюю сківіцу.

— Перастань, бацьку, — сказала Дылі. — Людзі на цябе глядзяць.

Містэр Дэдал выпрастаўся й зноў пашчыпаў свой вус.

— Ты дастаў грошы? — запыталася Дылі.

— Адкуль мне дастаць грошы? — сказаў містэр Дэдал. — У Дубліне ніхто не пазычыць мне ні шэлега.

— Ты крыху дастаў, — сказала Дылі, паглядаючы яму ў вочы.

— А ты адкуль ведаеш? — запытаўся містэр Дэдал, хітравата глянуўшы на яе.

Містэр Кэрнан, задаволены атрыманым заказам, сьмела крочыў па Джэймс-стрыт.

— Я ведаю, — сказала Дылі. — Ты цяпер быў у Скоч-хаўзе?

— Не, я там ня быў, — сказаў містэр Дэдал з усьмешкай. — Гэта манашкі навучылі цябе такой нахабнасьці? Бяры.

Ён даў ёй шылінг.

— Пабачым, ці зможаш зрабіць зь ім нешта разумнае, — сказаў ён.

— Я думаю, ты дастаў пяць, — сказала Дылі. — Дай мне больш.

— Пачакай, — пагрозьліва прамовіў містэр Дэдал. — Ты што, як і ўсе астатнія, так? З часу, як памерла ваша бедная маці, вы сталі зграяй нахабных шчанюкоў. Але ж чакайце! Размова з вамі ў мяне будзе кароткая. Гэта ж разбой у белы дзень! Я ад вас хутка пазбаўлюся. Вам напляваць, калі б я выпруціў ногі. Ён памёр. Той чалавек зь верхняй кватэры памёр.

Ён адвярнуўся й пайшоў ад яе прэч. Дылі хутка дагнала яго й тузанула за плашч.

— Ну, чаго яшчэ? — сказаў ён, запыняючыся.

Службовец пазваніў сваім званочкам у іх за плячыма.

— Дзынь!

— Ядры тваю бразгатлівую душу! — усклікнуў містэр Дэдал, паварочваючыся да яго.

Службовец, ухапіўшы заўвагу, трасянуў звонкім язычком званочка, але слабей:

— Дрынь!

Містэр Дэдал пільна прыгледзеўся да яго.

— Гляньце, — сказаў ён. — Гэта павучальна. Цікава, ці ён дазволіць нам пагутарыць.

— Ты ж дастаў больш, бацьку, — сказала Дылі.

— Я пакажу вам малую штуку, — паабяцаў містэр Дэдал. — Я з вамі ўсімі расквітаюся так, як Ісус расквітаўся з жыдамі. Глядзі, вось усё, што я маю. Я пазычыў два шылінгі ў Джэка Паўэра й выдаў два пэнсы, каб пагаліцца на паховіны.

Ён з раздражненьнем выцягнуў жменю медзякоў.

— А ты ня можаш пашукаць грошай яшчэ дзенебудзь? — спыталася Дылі.

Містэр Дэдал падумаў і кіўнуў галавою.

— Паспрабую, — сказаў ён з сур’ёзнай мінай. — Я ўжо шукаў на О’Конэл-стрыт уздоўж той канавы. А зараз паспрабую ўздоўж гэтай.

— Ты ўсё жартуеш, — крыва ўсьміхнулася Дылі.

— Бяры, — сказаў містэр Дэдал, даючы ёй два пэнсы. — Купі сабе шклянку малака й булачку ці штонебудзь такое. Я неўзабаве буду дома.

Ён схаваў астатнія манэты ў кішэню й рушыў ісьці.

Кавалькада віцэ-караля выехала з брамы Парку, пачціва вітаная паліцыянтамі.

— Я ўпэўненая, што ў цябе ёсьць яшчэ шылінг, — сказала Дылі.

Службовец зазваніў гучней.

Містэр Дэдал адыходзіў пасярод звону, мармычучы пад нос манежна выпучанымі губамі:

— Манашачкі! Мілыя істоткі! О не, яны нічога ня зробяць! О не, яны сапраўды нічога такога! Няўжо гэта сястрыца Моніка!

* * *

Містэр Кэрнан, задаволены заказам, які атрымаў для фірмы Пулбрука й Робэртсана, сьмела крочыў па Джэймс-стрыт, кіруючы ад сонечнага гадзіньніка да Джэймс-гэйт уздоўж кантораў Шэклтана. Знакаміта разыграў перад ім. Як маецеся, містэр Крымінс? Першаклясна, сэр. Я баяўся, што вы можаце аказацца ў другой вашай установе ў Пімліка. Як ідуць справы? Ідуць паціхутку. Прыгожае маем надвор’е. Так, сапраўды. Для вёскі карысна. А то фэрмэры ўсё наракаюць. Я б выпіў кілішачак вашага дасканалага джыну, містэр Крымінс. Малую порцыю джыну, сэр. Так, сэр. Які жахлівы выпадак з тым выбухам на ”Генэрале Слокуме”. Жахлівы, жахлівы! Тысяча ахвяраў. Сэрца крывёй абліваецца. Мужчыны дратавалі нагамі жанчын і дзяцей. Сапраўдная дзікасьць. А што яны кажуць, якая была прычына? Самазапаленьне: выявіліся скандальныя акалічнасьці. Не было ніводнае ратавальнае лодкі ў спраўнасьці, і ўсе пажарныя шлянгі былі дзіравыя. Я не магу зразумець аднаго, як гэта інспэктары маглі выпусьціць такі параплаў... Во, цяпер вы гаворыце дарэчы, містэр Крымінс. Ведаеце, чаму? Падхаборылі. Няўжо праўда? Ніякага сумліву. Падумаць толькі. А яшчэ кажуць, што Амэрыка — гэта краіна вольных людзей. Я думаў, што толькі ў нас справы дрэнь.

Я ўсьміхнуўся яму. Амэрыка, сказаў я, спакойна, як бы нічога не бывала. А што гэта? Сьмецьце, вымеценае з усіх краінаў, нашай не выключаючы. Ці ж няпраўда? Гэта факт.

Падкупілі, шаноўны пане. Ну, вядома, там дзе пахне грашмі, знойдуцца й ахвотнікі іх панюхаць.

Заўважыў, як ён глядзеў на мой сурдут. Адзеньне шмат што значыць. Нічога так як элегантны выгляд. Зьбівае іх з ног.

— Здароў, Сайман! — сказаў Айцец Каўлі. — Як справы?

— Здароў, стары Боб! — адказаў містэр Дэдал, затрымліваючыся.

Містэр Кэрнан запыніўся й зь любаваньнем агледзеў сябе ў пахіленым люстры цырульніка Пітэра Кэнэдзі. Шыкоўны сурдут, што й казаць. Ад Скота з Доўсан-стрыт. Варты таго паўсавэрэна, што я за яго даў Ніры. Не пашыеш такога й за тры гінэі. І ляжыць як уліты. Пэўна, ад якога-небудзь фарсуна з клюбу на Кілдар-стрыт. Учора на мосьце Карлайл Джон Манінг, дырэктар Гібэрнійскага Банку, так на мяне вырачыўся, быццам мяне прыгадаў.

Ахм! Перад тымі спадарамі трэба апранацца для свае ролі. Рыцар вялікай дарогі, каміваяжор. Джэнтльмэн. А цяпер, містэр Крымінс, зрабеце нам зноў ласку сваім заказам, сэр. Чара, якая вяселіць, хоць ня хмеліць, як кажа старая прымаўка.

Уздоўж Паўночнай сьцяны й набярэжнай сэра Джона Роджэрсана, каля вадаплаваў і якарных ланцугоў, кіруючы на захад, праплываў караблік, скамячаны лісток, пагойдваны хваляй ад парому, Ілья надыходзіць.

Містэр Кэрнан кінуў разьвітальны позірк на сваё адлюстраваньне. Твар чырвоны, а як жа. Пасівелыя вусы. Афіцэр, які вярнуўся зь Індыі. Распрастаўшы плечы, ён адважна панёс уперад свой прысадзісты торс на абутых у гетры нагах. Ці там ня брат Нэда Лэмбэрта, Сэм? Што? Так. Халерна падобны да яго. Не. Пярэдняе шкло таго аўтамабіля на сонцы. Гэта ад таго побліску. Халерна падобны.

Ахм! Гарачы дух ядлаўцовага соку разаграваў яму нутро й дых. Гэта быў добры глыток джыну. Крысьсё ягонага сурдута падміргвала пад зыркім сонцам у такт ягонай грузнай паходкі.

Вунь там павесілі, зьнялі й чвартавалі Эмэта. Зашмальцаваная чорная вяроўка. Сабакі зьлізвалі кроў з вуліцы, калі жонка лорда-намесьніка праяжджала тудою ў сваёй брычцы.

Хвілінку. А пахавалі яго ў сьвятога Мічэна? Хоць не, паховіны былі ў Гласнэвіне апоўначы. Унесьлі цела праз сакрэтныя дзьверы ў муры. Цяпер там і Дыгнам. Прапаў, не пасьпелі агледзецца. Так, так. Лепш павярнуць. Абыйсьці.

Містэр Кэрнан павярнуў і пачаў зыходзіць па спадзе Ўотлінгстрыт каля чакальнай залі наведнікаў Гінэса. Перад складамі Дублінскай Вінакурнай Суполкі стаяла двухколка без пасажыра й рамізьніка, лейцы прывязаныя да кола. Халерна небясьпечная справа. Нейкая мужыцкая булава з Тыпэрары выстаўляе жыцьцё грамадзянаў на небясьпеку. Хай толькі конь спужаецца

Дэніс Брын са сваімі тамамі, утаміўшыся гадзінным чаканьнем у канцылярыі Джона Генры Мэнтана, вёў сваю жонку цераз мост О’Конэла, кіруючы да канцылярыі Коліса і Ўорда.

Містэр Кэрнан падыйшоў да Айлэнд-стрыт.

Часы неспакою. Трэба папрасіць у Нэда Лэмбэрта тыя ўспаміны сэра Ёны Барынгтана. Калі азіраесься на гэта цяпер, зь нейкім рэтраспэктыўным упарадкаваньнем. Карцёжная заля ў Дэйлі. Шулераў тады не было. Аднаму прыбілі руку да стала кінжалам. Дзесьці тут лорд Эдуард Фіцджэралд уцёк ад маёра Сіра. Стайні за домам Мойры.

Халерна добры быў той джын.

Хвацкі малады магнат. З добрага роду, вядома. Той нягоднік, той самазваны шляхціч у лілёвых пальчатках, выдаў яго. Безумоўна, яны змагаліся за няслушную справу. Узрасталі ў днёх цемры й зла. Знакаміты верш: Інграма. Яны былі людзьмі гонару. Бэн Долард так кранальна сьпявае тую баляду. Майстэрскае выкананьне.

У бітве пад Росам загінуў мой бацька.

Кавалькада праехала лёгкай рысьсю па набярэжнай Пэмбрука; фарэйтары падскоквалі, падскокваді ў сваіх, у сваіх сёдлах. Сурдуты. Крэмавыя парасоны.

Містэр Кэрнан засьпяшаўся, пыхкаючы ад задышкі.

Ягоная Вялікасьць! Празяваў! Разьмінуўся на валасок. Ліха бяры! Вось шкада!

* * *

Стывэн Дэдал назіраў праз заснаванае павуціньнем вакно, як пальцы ювэліра абмацвалі пацьмянелы ад часу ланцужок. Пыл зацягнуў павуціньнем вакно й пасудзіну ў вітрыне. Ад пылу пацямнелі руплівыя пальцы з каршуковымі кіпцюрамі. Пыл драмаў на цьмяных завітках бронзы й срэбра, на кружкох кінавары, на рубінах, пракажоных віннацёмных камянёх.

Усё яно нарадзілася ў цёмнай чарвівай зямлі, халодныя іскры агню, сьветлікі зла, што льсьняцца ў цямрэчы. Дзе зрынутыя арханёлы скідалі зоры са свайго чала. Запэцканыя сьвінскія лычы, рукі, рыюць і рыюць, хапаюць іх і цягнуць.

Яна танцуе ў смуродлівым змроку, дзе палае смала й часнок. Мараход, іржавабароды, сёрбае рум са збаночка й талопіць вочы на яе. Доўгая, выкармленая морам, нямая цяга. Яна танцуе, скача, трасе сваімі сьвінымі кумпякамі й кульшамі, на тоўстым пузе рубін памеру яйка.

Стары Расэл яшчэ раз працёр свой кляйнот зашмальцаваным шматком замшы, абярнуў яго й паднёс да свае майсеевае барады. Малпін дзед любуецца ўкрадзеным скарбам.

А ты, які выцягваеш старыя вобразы з магільнай зямлі? Трызьненьне сафістаў: Антыстэн. Умельства забыцьця. Усходняя й несьмяротная пшаніца, існая ад веку да веку.

Дзьве старыя жанчыны, асьвежаныя морскай брызай, валакліся праз Айрыштаўн па Лёндан-брыдж-роўд, адна з аблепленым пяском парасонам, другая з торбай павітухі, дзе качаліся адзінаццаць ракавінак.

Шум ляскатлівых раменных пасаў ды гудзеньне дынамаў электрастанцыі клікалі Стывэна далей. Істоты бязь існасьці. Стой! Безупынна б’юцца паза табою й безупынна б’юцца ў табе. Аб сваім сэрцы сьпяваеш. Я паміж імі. Дзе? Паміж двума грымотнымі сусьветамі, дзе яны віруюць, я. Раструшчы іх, адзін і абодва. Але й мяне агламазьдзіць ударам. Хай раструшчыць мяне, хто зможа. Зводнік і разьнік, такія былі словы. А як жа! Яшчэ хвілінку. Азірніся.

Так, цалкам слушна. Велізарны й славуты й ніколі ня позьніцца. Маеце рацыю, сэр. У панядзелак ранкам, слушна, так.

Стывэн спускаўся па Бэдфард-роў, ручкай ясянёвага кійка пастукваючы сябе па лапатцы. У вітрыне ў Клохісі ягоны пагляд прыцягнула выцьвілая гравюра 1860 году, баксёрскі матч паміж Хінанам і Сэерсам. За канатамі талопіліся на рынг гледачы ў квадратных капелюшох, робячы стаўкі. Баксёры цяжкай вагі ў ясных набедраніках ветліва працягвалі адзін аднаму свае бульбяністыя кулакі. Яны таксама б’юцца: сэрцы герояў.

Ён павярнуў за рог і апынуўся каля перахіленага возіка з кніжкамі.

— Кожная па два пэнсы, — сказаў прадавец. — Чатыры за шэсьць пэнсаў.

Пашмуляныя бачынкі. ”Ірляндзкі Пчаляр”. ”Жыцьцё й цуды кюрэ з Арсу”. ”Кішэнны праваднік па Кіларні”.

Я мог бы тут знайсьці й мае школьныя ўзнагароды, якія аддалі пад заклад. Stephano Dedalo, alumno optimo, palmam ferentiСтэфану Дэдалу, найлепшаму гадунцу, пераможцу (лац.)..

Айцец Конмі, прачытаўшы малыя гадзіны, ішоў празь вёсачку Донікарні, шэпчучы вечаровыя малітвы.

Дужа добрая вокладка, што гэта? Восьмая й дзявятая кнігі Майсеевы. Тайна ўсіх тайнаў. Пячатка караля Давіда. Зацухмоленыя бачынкі: чыталі й перачытвалі. Хто тут праходзіў перада мною? Як разьмякчыць закарэлыя рукі. Рэцэпт на воцат зь белага віна. Як дабіцца каханьня жанчыны. Гэта для мяне. Склаўшы рукі, тройчы сказаць наступную замову:

Se el yilo nebrakada femininum! Amor me solo! Sanktus! Amen.Прыблізна: Малыя нябёсы багаслаўлёнай жаночасьці! (скажонае гішп.араб.) Кахай толькі мяне! (гішп.) Сьвяты. (скажонае лац.) Амін. (гебр.).

Хто гэта напісаў? Чары й заклінаньні абата Пітэра Салянкі, адкрытыя ўсім праўдзівым вернікам. Ня горшыя за чары нейкага іншага абата, прыкладам, мармытуна Яахіма. Злазь, лысач, а то будзем прасьці тваю кудзелю.

— Што ты тут робіш, Стывэн?

Дылі, высокія плечыкі й абношаная сукенчына.

Хутчэй закрый кніжку. Ня дай заглянуць.

— А ты што робіш? — сказаў Стывэн.

Твар Сцюарта, непараўнанага Чарлса, гладкія пасмы валасоў павісаюць вакол. Яны ірдзеліся, калі яна прысядала ля агню, падкідваючы ў яго дзіравыя чаравікі. Я ёй распавядаў пра Парыж. Любіла дапазна ляжаць у пасьцелі, прыкрыўшыся сшытай са старых плашчоў коўдрай, перабірала свой бранзалецік, падробку, памятку ад Дэна Кэлі. Nebrakada femininum.

— Што ў цябе там? — спытаўся Стывэн.

— Я купіла яе на іншым латку за пэнса, — сказала Дылі, нэрвова засьмяяўшыся. — Яна што-небудзь вартая?

Кажуць, у яе мае вочы. Ці такім бачаць мяне іншыя? Жывым, адчужаным і сьмелым. Цень майго розуму.

Ён узяў у яе з рук кніжку бяз вокладкі. Шардэналь, падручнік францускай мовы для пачаткоўцаў.

— Навошта ты гэта купіла? — запытаўся ён. — Каб вывучаць францускую мову?

Яна кіўнула, пачырванеўшы й моцна заціснуўшы вусны.

Не паказвай зьдзіўленьня. Зусім натуральна.

— Бяры, — сказаў Стывэн. — Яна добрая. Пільнуй, каб Мэгі не аддала яе пад заклад. Як думаю, усе мае кнігі ўжо прапалі.

— Некаторыя, — адказала Дылі. — Мы мусілі.

Яна тоне. Джала. Ратуй яе. Джала. Усё супроць нас. Яна ўтопіць і мяне з сабою, вочы й валасы. Гладкія завівы валасоўводарасьцяў аплятаюць мяне, маё сэрца, маю душу. Салоная зялёная сьмерць.

Мы.

Джала грэху. Грэху джала.

Галеча! Галеча!

* * *

— Здароў, Сайман! — сказаў Айцец Каўлі. — Як справы?

— Здароў, стары Боб, — адказаў містэр Дэдал, затрымліваючыся.

Яны зь ляскам паціснулі сабе рукі перад крамай Рэды й Дачкі. Айцец Каўлі, склаўшы далонь у лодачку, кароткімі рухамі прыгладзіў вусы.

— Што добрага? — спытаўся містэр Дэдал.

— Ды няшмат, — адказаў Айцец Каўлі. — Я, Сайман, забарыкадаваўся ад двух малойцаў, якія шныпараць вакол дому, шукаючы ўваходу.

— Вясёла, — сказаў містэр Дэдал. — А хто іх прыслаў?

— О, — адказаў Айцец Каўлі, — Адзін ліхвяр зь ліку нашых знаёмых.

— Той, што зь перабітым хрыбтом? — спытаўся містэр Дэдал.

— Той самы, Сайман, — адказаў Айцец Каўлі. — Рувім з таго племені. Я тут якраз чакаю Бэна Доларда. Ён мае пайсьці да Доўгага Джона й замовіць слоўка, каб ён зьняў тых двух. Мне трэба ўсяго трохі часу.

Зь невыразнай надзеяй ён акінуў паглядам набярэжную; на шыі ў яго выпучыўся вялікі кадык.

— Ведаю, — кіўнуў галавою містэр Дэдал. — Стары кульгака Бэн! Заўсёды стараецца камусьці дапамагчы. Глядзі!

Ён начапіў пэнснэ й на момант паглядзеў у бок жалезнага мосту.

— А вунь і ён сам, — сказаў ён, — уласнай сракай і абсталюнкам.

Прасторная сіняя жакетка й вуглаваты капялюх Бэна Доларда над мешкаватымі нагавіцамі поўным махам перасякалі набярэжную ад жалезнага мосту. Ён набліжаўся да іх трухам, заўзята чухаючы сябе над паясьніцай.

Калі ён падыйшоў бліжэй, містэр Дэдал прывітаўся:

— Трымайце вунь гэтага ў бракаваных штанох!

— Ну, паспрабуйце, — азваўся Бэн Долард.

Містэр Дэдал халодным пагардлівым позіркам абмераў фігуру Бэна Доларда. Потым, кіўнуўшы на яго Айцу Каўлі, ён зьдзекліва буркнуў:

— Якія пекныя строі на летні дзень, праўда?

— Прападзі ты пропадам на векі вечныя, — заюшліва рыкнуў Бэн Долард. — У сваім жыцьці я знасіў болей гарнітураў, чымсьці ты іх бачыў.

Стоячы побач, ён праменна ўсьміхаўся да іх і да свайго прасторнага адзеньня, зь якога містэр Дэдал сямтам зьбіваў пушынкі, кажучы:

— Усё ж, Бэн, пашылі гэта на мужчыну ў росквіце цела.

— Хай спруціць таго жыдка, які гэта шыў, — сказаў Бэн Долард. — Дзякуй Богу, я яму яшчэ не заплаціў.

— А як маецца твой basso profondo, Бэнджамін? — спытаўся Айцец Каўлі.

Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдал Фарэл, мармычучы, з зашклёным вокам, размашыста мінуў клюб на Кілдар-стрыт.

Бэн Долард нахмарыў бровы й, нечакана растуліўшы рот, як сьпявак, выпусьціў нізкую ноту.

— Оў! — гукнуў ён.

— Вось гэта кляса! — кіўнуў ягонаму гулу містэр Дэдал.

— Ну, як? — спытаўся Бэн Долард. — Не заржавеў занадта? Што?

Ён павярнуўся да абаіх.

— Няблага, — сказаў Айцец Каўлі, таксама ківаючы.

Правялебны Х’ю К. Лаў ішоў ад колішняга капітулу абацтва сьвятой Марыі, мінаючы сьпіртагоннае прадпрыемства Джэймса й Чарлза Кэнэдзі, у бок Толсэлу за колішнім жывёльным бродам, у суправаджэньні Джэралдайнаў, высокіх і ўзьнёслых.

Бэн Долард, грузна хілячыся ў бок крамных вітрынаў, цягнуў іх дапераду, весела штукарачы пальцамі ў паветры.

— Давайце заглянем у бюро субшэрыфа, — сказаў ён. — Я вам хачу паказаць, якога прыгажуна Рок нядаўна залічыў у прыставы. Нешта пасярэдняе паміж важаком зулусаў і жывадзёрам. Варта пабачыць, кажу вам. Давайце заглянем. Я толькі што выпадкова сустрэў Джона Генры Мэнтана ў Бадэзе, і мне гэта будзе дорага каштаваць, калі я не... чакайце хвілінку... Мы на слушнай дарозе, Боб, павер мне.

— Скажы яму, мне толькі на пару дзён, — сказаў устрывожаны Айцец Каўлі.

Бэн Долард запыніўся і ўталопіўся на яго, разявіўшы свой гулкі зеў. Адвіслы гузік ягонай жакеткі зырка загойдаўся на сваёй нітачцы, калі ён стаў праціраць моцна загноеныя вочы, каб лепш чуць.

— Якія пару дзён? — гукнуў ён. — Ці твой гаспадар не пазываў цябе за няўплачаны чынш?

— Пазываў, — адказаў Айцец Каўлі.

— Тады наказ нашага сябры ня варты нават тае паперы, на якой напісаны, — сказаў Бэн Долард. — Права першага спагнаньня заўсёды за гаспадаром. Я яму паведаміў ўсе акалічнасьці. Уіндзоравэню, 29. Ягонае прозьвішча Лаў?

— Так, — сказаў Айцец Каўлі. — Правялебны містэр Лаў. Ён пробашчам недзе ў правінцыі. Але ці ты ўпэўнены?

— Можаш перадаць ад мяне Барабашу, — сказаў Бэн Долард, — каб ён схаваў тую паперу туды, куды малпы хаваюць арэхі.

Ён рашуча пацягнуў за сабою Айца Каўлі, прыкаванага да свае тушы.

— Лясныя арэхі, як думаю, — сказаў містэр Дэдал, апусьціўшы пэнснэ на адварот свайго сурдута й рушыўшы за імі.

* * *

— З малым усё ў парадку, — сказаў Марцін Канінгам, калі яны праходзілі каля брамы Касл-ярду.

Паліцыянт крануўся свайго лоба.

— Дай вам Божа, — бадзёрым тонам азваўся Марцін Канінгам.

Ён зрабіў знак рамізьніку, што чакаў іх, і той тузануў лейцамі й рушыў у бок Лорд-Эдвард-стрыт.

Бронза ля золата, галоўка міс Дус ля галоўкі міс Кэнэдзі, паказаліся над фіранкай гатэлю ”Орманд”.

— Так, — сказаў Марцін Канінгам, пашчыпваючы сваю бараду. — Я напісаў Айцу Конмі й выклаў яму ўсю справу.

— Ты мог бы паспрабаваць і ў нашага сябры, — заднім розумам запрапанаваў містэр Паўэр.

— У Бойда? Нат не тлумі мне галавы, — адрэзаў Марцін Канінгам.

Джон Уайз Нолан, які адстаў, чытаючы сьпіс, пачаў хутка наганяць іх па Корк-хіл.

На прыступках ратушы райца Нанэці, спускаючыся, павітаўся з олдэрмэнам Каўлі й райцам Абрагамам Лаенам, якія падымаліся.

Пустая муніцыпальная каляска павярнула ў Верхнюю Эксчэйнджстрыт.

— Глянь сюды, Марцін, — сказаў Джон Уайз Нолан, дагнаўшы іх каля рэдакцыі ”Мэйлу”. — Я бачу, што Блюм падпісаўся на пяць шылінгаў.

— Зусім слушна, — сказаў Марцін Канінгам, забіраючы ў яго сьпіс. — І адразу ўплаціў тых пяць шылінгаў.

— І то бяз гучных слоў, — сказаў містэр Паўэр.

— Дзіўна, але праўдзіва, — дадаў Марцін Канінгам.

Джон Уайз Нолан шырока расплюшчыў вочы.

— Кажу вам, які дабрэча з таго жыда, — бліснуў ён цытатай.

Яны пайшлі па Парламэнт-стрыт.

— А вунь і Джымі Генры, — сказаў містэр Паўэр, — якраз шыбуе да Каваны.

— Фактычна, — сказаў Марцін Канінгам. — Вунь ідзе.

Перад la Maison Claire Буяка Бойлан перахапіў гарбатага швагра Джэка Муні, які нападпітку кіраваў у Лібэртыз.

Джон Уайз Нолан з містэрам Паўэрам адсталі, а Марцін Канінгам узяў пад руку ахайнага чалавечка ва ўсыпаным крапінкамі гарнітуры, які няўпэўненай таропкай хадою мінаў гадзіньнікі ў вітрыне Мікі Андэрсана.

— Памочніку муніцыпальнага клерка дакучаюць мазалі, — заўважыў Джон Уайз Нолан містэру Паўэру.

Яны павярнулі за рог, кіруючы да віннага склепу Джэймса Каваны. Пустая муніцыпальная каляска, якая стаяла каля Эсэкс гейт, зноў апынулася перад імі. Марцін Канінгам, бесьперапынна гаворачы, разпораз паказваў сьпіс, на які Джымі Генры ні разу ня глянуў.

— І Доўгі Джон Фэнінг таксама тут, — сказаў Джон Уайз Нолан, — як жывы перад намі.

Высокая фігура Доўгага Джона Фэнінга запаўняла сабою дзьверы, у якіх ён стаяў.

— Добры дзень спадару субшэрыфу, — прамовіў Марцін Канінгам, калі ўсе спыніліся й віталіся.

Доўгі Джон Фэнінг не даваў ім дарогі. Рэзкім рухам ён выняў з рота цыгару, і ягоныя вялікія пранізьлівыя вочы чапілі іхнія твары разумным позіркам.

— Айцы гораду аддаюцца мірным дыскусіям? — прамовіў ён звонкім зьедлівым голасам, зьвяртаючыся да памочніка муніцыпальнага клерка.

Яны там разьвярнулі пекла на зямлі, сказаў з раздражненьнем Джымі Генры, наконт тае праклятае ірляндзкае мовы. Ён бы хацеў ведаць, дзе цырымоніймайстар, калі трэба навесьці парадак у залі пасяджэньняў. Стары Барлаў, захавальнік булавы, занядужаў астмай, булавы на стале няма, парадку няма, нават кворуму няма, лорд-мэр Хатчынсан у Ландудна, а малы Лоркам Шэрлак гуляе ў ягонага locum tenensЯкі выконвае абавязкі (лац.).. Хай бы яна спрахла, ірляндзкая мова нашых продкаў.

Доўгі Джон Фэнінг выпусьціў з рота струмень дыму.

Марцін Канінгам, пакручваючы кончык барады, загаворваў то да памочніка муніцыпальнага клерка, то да субшэрыфа, а Джон Уайз Нолан не адзываўся.

— А хто гэта той Дыгнам? — спытаўся Доўгі Джон Фэнінг.

Джымі Генры скрывіўся й падняў сваю левую ступню.

— Ох, мае мазалі! — паскардзіўся ён. — Хадземце, дзеля Бога, наверх, каб я мог недзе прысесьці. Уу! Оо! Дазвольце!

Настырнёны, ён праціснуўся бокам паўз Доўгага Джона Фэнінга й пайшоў па сходах наверх.

— Хадзем наверх, — сказаў Марцін Канінгам субшэрыфу. — Мне здаецца, вы яго ня ведалі, хоць, магчыма, і так.

Містэр Паўэр і Джон Уайз Нолан увайшлі за імі.

— Гэта была прыстойная душа, — сказаў містэр Паўэр да здаравезнай сьпіны Доўгага Джона Фэнінга, якая падымалася насустрач Доўгаму Джону Фэнінгу ў люстры.

— Такі невялікі, Дыгнам з канторы Мэнтана, — сказаў Марцін Канінгам.

Доўгі Джон Фэнінг ня мог прыгадаць яго.

У паветры пачуўся цокат конскіх капытоў.

— Што гэта? — спытаўся Марцін Канінгам.

Усе павярнуліся, дзе хто стаяў; Джон Уайз Нолан зноў спусьціўся ўніз. Стоячы ў халодным цені праходу, ён убачыў, як па Парламэнт-стрыт рухаюцца коні, пабліскваючы на сонцы вупражжу й глянцавітымі бабкамі. Весела перасунуліся пад ягоным халодным няветлівым паглядам, бязь сьпеху. Паперадзе скакалі, у сёдлах калывалі, ездакі-фарэйтары.

— Што гэта было? — спытаўся Марцін Канінгам, калі яны зноў рушылі наверх.

— Лорд-намесьнік і генэрал-губэрнатар Ірляндыі, — адказаў Джон Уайз Нолан са сподняй прыступкі.

* * *

Калі яны йшлі па тоўстым дыване, Бык Маліган, шапнуў Хэйнсу з-за свае панамы:

— Брат Парнэла. Вунь у кутку.

Яны выбралі малы столік ля вакна, насупраць чалавека з выцягнутым тварам, барада й позірк якога засяроджана павісьлі над шахматнай дошкай.

— Гэта ён? — спытаўся Хэйнс, паварочваючыся на сваім сядзеньні.

— Так, — адказаў Маліган. — Гэта Джон Хаўард Парнэл, ягоны брат, наш гарадзкі цырымоніймайстар.

Джон Хаўард Парнэл спакойна перасунуў белага слана й зноў падняў шэры кіпцюр да лоба, дзе ён зьнерухомеў.

Праз момант схаваныя за гэтай заслонай вочы кінулі на праціўніка хуткі зыркі позірк і зноў скіраваліся ў куток, дзе йшло змаганьне.

— Мне mélangeКава са сьмятанкай (франц.)., — сказаў Хэйнс афіцыянтцы.

— Два mélanges, — сказаў Маліган. — І яшчэ прынясеце нам булачкі, масла й нейкі пірог.

Калі яна пайшла, ён сказаў са сьмехам:

— Мы называем гэтае месца СДП, бо тут сухія даюць пірагі. О, ты прапусьціў Дэдалаў выступ аб ”Гамлеце”.

Хэйнс разгарнуў сваю сьвежазакупленую кнігу.

— Я вельмі шкадую, — сказаў ён. — Шэкспір — гэта ўрадлівы палетак для кожнага розуму, які страціў раўнавагу.

Аднаногі матрос прагырчаў недзе каля Нэльсан-стрыт, 12:

Англія спадзяецца...

Цытрынавая камізэлька Быка Малігана весела здрыганулася ад сьмеху.

— Табе было б варта на яго паглядзець, — сказаў ён, — калі ягонае цела страчвае раўнавагу. Я яго называю Вандроўным Энгусам.

— Я ўпэўнены, што ў яго ёсьць нейкая idée fixe, — сказаў Хэйнс, задуменна пашчыпваючы падбародак вялікім і ўказальным пальцамі. — І я губляюся ў здогадах, у чым бы яна магла быць. У гэткіх асобаў яна заўсёды ёсьць.

Бык Маліган з паважным выглядам перахіліўся да яго цераз стол.

— Яму памуцілі розум, — заявіў ён, — карцінамі пекла. І яму ўжо не ўлавіць атыцкай ноты. Тае ноты, што, з усіх нашых паэтаў, была толькі ў Суінбэрна, бель сьмерці і чырвань народзін. У гэтым ягоная трагедыя. Ён ніколі ня зможа стаць паэтам. Радасьць творчасьці...

— Векавечная пакута, — сказаў Хэйнс, коратка ківаючы. — Я разумею. Сёньня раніцай я яго чапіў наконт веры. Я бачыў, што ў яго нешта засела ў галаве. Гэта даволі цікава, таму што прафэсар Покарны зь Вены робіць з гэтага цікавыя высновы.

Бык Маліган, згледзеўшы чуйным вокам набліжэньне афіцыянткі, дапамог ёй апаражніць тацу.

— У старажытнаірляндзкіх мітах ён ня знойдзе ні сьледу пекла, — сказаў Хэйнс пасярод бадзёрых кубачкаў. — Здаецца, што там няма й маральнай ідэі, пачуцьця лёсу, адкупленьня. Даволі дзіўна, што ў яго якраз такая зафіксаваная ідэя. Ён нешта піша для вашага руху?

Спрытным рухам ён запусьціў два кавалкі цукру праз слой узьбітых вяршкоў. Бык Маліган разрэзаў гарачую булачку й пашмараваў маслам паркі мякіш. Прагна адкусіў ад яе пухкі кавалак.

— Дзесяць гадоў, — сказаў ён, жуючы й сьмеючыся. — Празь дзесяць гадоў ён нешта напіша.

— Далёкая дарога перад ім, — сказаў Хэйнс, падымаючы лыжачку ў задумлівасьці. — Але я не зьдзіўлюся, калі ён усё-ткі зможа.

Ён скаштаваў з лыжачкі, зьняўшы ёю крэмавую шапачку на сваім кубачку.

— Спадзяюся, гэта сапраўдныя ірляндзкія вяршкі, — паблажліва вымавіў ён. — Я не люблю быць аб’ектам махлярства.

Ілія, чаўнок, скамячаны папяровы лісток, плыў на ўсход побач з бартамі вялікіх і малых мараплаваў, пасярод архіпэлягу бутэлечных коркаў, мінаючы Нью-Ўопінг-стрыт, каля парому Бэнсана і побач з трохмачтавай шхунай ”Роўзвін”, якая йшла з Брыджуотэру з грузам цэглы.

* * *

Альмідана Артыфоні мінуў Холіс-стрыт, потым падворышча Сюэла. Ззаду за ім Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдал Фарэл, пагойдваючы кіяпарасонаплашчом, абыйшоў здалёк ліхтарны слуп перад домам містэра Лоў Сміта й, перайшоўшы вуліцу, пайшоў па Мэрыянскуэр. Наводдаль за ім сьляпы падлетак выстукваў сваю дарогу ўсьцяж агароджы ўнівэрсытэцкага парку.

Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдал Фарэл дайшоў да бадзёрых вітрынаў Луіса Вэрнэра, потым завярнуўся й пайшоў назад па Мэрыян-скуэр, пагойдваючы кіяпарасонаплашчом.

На рагу дому Ўайлда ён запыніўся, насупіўся на ймя Ілія, абвешчанае на сьцяне Мэтраполітанхолу, потым на адлеглы газон герцагскага двору. Ягоны манокль насуплена бліснуў на сонцы. Ашчэрыўшы пацучыныя зубы, ён прамармытаў:

Coactus voluiЯ захацеў пад прымусам (лац.)..

Ён рушыў далей, у бок Клэр-стрыт, перажоўваючы свае жорсткія словы.

Калі йшоў каля вокнаў містэра Блюма, дантыста, ягоны разгойданы плашч рэзка зьбіў убок тонкі кіёк, што абстукваў дарогу, і памёў далей, ашпарыўшы кволае цела. Сьляпы падлетак павярнуў усьлед за прахожым свой хваравіты твар.

— Каб табе Бог ня даў, хто б ты ні быў! — злосна ўсклікнуў ён. — Ты яшчэ больш сьляпы за мяне, сукін ты сын!

* * *

Насупроць бару Рагі О’Донаху спадарыч Патрык Алойзіюс Дыгнам, прыціскаючы да сябе паўтары хунты сьвіных катлетаў, па якія паслалі яго ў краму Мангана, колішнюю Фэрэнбаха, і лыпаючы вачыма па бакох, ішоў па цёплай Уіклаў-стрыт. Пякельна нудна было сядзець у гасьцёўні разам зь місіс Стор і місіс Куіглі і місіс МакДаўэл, фіранкі зацягнутыя, усе хліпаюць, пацягваючы першаклясны херэс, што дзядзька Барні прынёс ад Тані. Даядаюць рэшткі садавіннага пірага, балбочуць пра тое самае ўвесь той пякельны час і ўздыхаюць.

За Ўіклаў-лэйн яго затрымала вітрына мадам Дойл, дворскай мадысткі. Ён спыніўся, паглядаючы на двух баксёраў, аголеных да пояса, з выстаўленымі кулакамі. З бочных люстраў маўкліва талопілі вочы два спадарычы Дыгнамы ў жалобе. Майлер К’ю, улюбёнец Дубліну, спаткаецца з сяржантам Бэнэтам, партабэлскім малацьбітом, прыз пяцьдзесят савэрэнаў, Божа, вось будзе бойка, варта было б паглядзець. Майлер К’ю гэта той, што атакуе таго зь зялёным пасам. За ўваход два шылінгі, жаўнеры за паўцаны. Маму дык я лёгка абвяду. Левы спадарыч Дыгнам павярнуўся, калі ён павярнуўся. А, гэта ж я ў жалобе. Калі? Дваццаць другога траўня. Ну так, тая пякельная бойка ўжо адбылася. Ён павярнуўся направа й спадарыч зь ягонага правага боку таксама павярнуўся, шапка ў яго зьехала набак, каўнерык вылез. Падняўшы падбародак, каб зашпіліць каўнерык, ён убачыў непадалёк ад баксёраў выяву Марыі Кэндал, чароўнай субрэткі. Абразкі з такімі дзеўкамі бываюць у пачках ад папяросаў Стор смаліў і ягоны родзіч аднаго разу застукаў яго й сыпануў жару.

Спадарыч Дыгнам засунуў каўнерык і патэпаў далей. Па сіле ўдару найлепшы з баксёраў Фіцсыманс. Такі дасьць адзін раз пад здухі й аддыхаесься толькі праз тыдзень, браце. Але найлепшы па тэхніцы быў Джэм Корбэт, пакуль Фіцсыманс ня выбіў зь яго ўсе хітрыкі і ўсе трыбухі ў дадатак.

На Грэфтан-стрыт спадарыч Дыгнам убачыў франта з чырвонай кветкай у зубох, у шыкоўныя чаравіках, яму нейкі п’яны нешта ўвесь час апавядае, а ён толькі пасьміхаецца.

Трамвая да Сэндымаўнту ўсё не было.

Спадарыч Дыгнам пайшоў па Насаў-стрыт, пераклаўшы сьвіныя катлеты ў другую руку. Каўнерык у яго зноў адшпіліўся і ён зноў запіхнуў яго назад. Пякельная зашпілька, замалая для гэтай дзіркі, хай на яе пякельны канец. Яму сустрэліся школьнікі з торбамі. Заўтра зноў не пайду, застануся да панядзелку. Насустрач яшчэ йшлі школьнікі. Ці заўважылі, што я ў жалобе? Дзядзька Барні сказаў, што дасьць сёньня ў газэту. Тады ўсе пабачаць у газэце й прачытаюць маё ймя надрукаванае й татава.

Твар у яго замест чырвонага, як заўсёды, зрабіўся зусім шэры, і муха паўзла па ім уверх ажно да вока. А колькі скрыгату было, калі ўкручвалі вінты ў труну, і як глуха грукала, калі зносілі ўніз.

Тата быў там усярэдзіне а мама плакала ў гасьцёўні а дзядзька Барні казаў тым мужчынам як перанесьці на павароце. Труна была такая вялікая, высокая й цяжкая з выгляду. Як яно ўсё было? Апошняга вечару, калі напіўся, тата стаяў на лесьвічнай пляцоўцы й верашчаў каб яму далі чаравікі, ён пойдзе да Тані й там яшчэ нап’ецца й выглядаў такім тоўстым і нізкім у кашулі. Болей ніколі яго ня ўбачу. Гэта называецца сьмерць. Тата памёр. Мой бацька памёр. Ён мне сказаў, каб я быў маме добрым сынам. Я ня мог дачуць, што ён яшчэ гаварыў, але бачыў, як ягоны язык і зубы стараліся штосьці вымавіць. Бедны тата. Гэта быў містэр Дыгнам, мой бацька. Спадзяюся, ён цяпер у чысьцілішчы, таму што ён хадзіў да айца Конрая на споведзь у суботу вечарам.

* * *

Уільям Хамбл, граф Дадлі, і ледзі Дадлі, у суправаджэньні падпалкоўніка Хэсэлтайна, пасьля лэнчу выехалі з рэзыдэнцыі віцэ-караля. У наступнай карэце былі дастойная місіс Пэджэт, міс дэ Курсі і дастойны Джэралд Уорд, дзяжурны ад’ютант.

Кавалькада праехала празь ніжнюю браму парку Фінікс, пачціва вітаная паліцыянтамі, і каля Каралеўскага мосту накіравалася на паўночныя набярэжныя. На сваім шляху цераз сталіцу віцэкароль паўсюдна сустракаўся з праявамі сардэчных пачуцьцяў. Каля Крывавага мосту містэр Томас Кэрнан, які быў па другі бок рэчкі, надарэмна слаў свае вітаньні здалёк. Віцэ-каралеўскія карэты лорда Дадлі праехалі ад мосту Каралевы да мосту Ўітварта, не атрымаўшы вітаньня ад містэра Дадлі Ўайта, бакаляўра права й магістра мастацтваў, які стаяў на Аран-кі побач дому ліхвяркі місіс М. І. Уайт, што на рагу Ўсходняй Аран-стрыт, і паціраў свой нос указальным пальцам, ня могучы вырашыць, ці трапіць у Фібсбара хутчэй трамваем з трыма перасадкамі, ці наймаючы рамізьніка, ці, можа, пехатою праз Смітфілд, узгорак Канстытуцыі й вакзал Бродстаўн. Пад портыкам Чатырох Судоў Рычы Гулдынг, з папкай фірмы Гулдынг, Коліс і Ўорд, глянуў на яго са зьдзіўленьнем. За мостам Рычманд, на парозе канторы Рувіма Дж. Дода, прысяжнага паўнамоцніка, агента Патрыятычнай Страхавальнай Суполкі, стараватая асоба жаночага полу, наважыўшыся ўвайсьці, перадумала й, ідучы назад усьцяж вокнаў канторы Кінга, паслала сваю даверлівую ўсьмешку намесьніку Ягонай Вялікасьці. Са свайго сьцёку ў муры Вуд-кі, пад канторай Тома Дэвана, рачулка Подл вернападдана высалапілася струменем нечыстотаў. Па-над фіранкай гатэлю ”Орманд”, золата ля бронзы, галоўка міс Кэнэдзі пры галоўцы міс Дус назіралі й захапляліся. На Ормандкі містэр Сайман Дэдал, кіруючыся з публічнай прыбіральні ў бюро субшэрыфа, зьнерухомеў пасярод вуліцы й нізка пакланіўся капелюшом. Ягоная Сьветласьць элегантна адказаў на прывітаньне містэра Дэдала. На рагу друкарні Кахіла правялебны Х’ю К. Лаў, магістар мастацтваў, заглыблены ў роздумы аб знатных панох, якія ў колішнія часы шчодрай рукой раздавалі зайздросныя царкоўныя прывілеі, аддаў шанаваньне, застаўшыся незаўважаным. На мосьце Грэтана Лэнэхан і МакКой, разьвітваючыся адзін з адным, паглядзелі, як праяжджаюць карэты. Праходзячы каля канторы Роджэра Грына й вялізнага чырвонага гмаху друкарні Доларда, Герта МакДаўэл, якая несла свайму хвораму бацьку лісты і ўзоры лінолеуму Кэтсбі, пазнала па выглядзе карэтаў, што гэта былі лорд-намесьнік з жонкай, але так і ня здолела разгледзець, у якім туалеце была Яе Сьветласьць, таму што трамвай і вялікі жоўты мэблевы фургон Спрынга запыніліся акурат перад ёю, даючы дарогу менавіта лордунамесьніку. За домам фірмы Ланды й Фута Джон Уайз Нолан, стоячы ў зацененых дзьвярах віннага склепу Каваны, паслаў халодную незаўважаную ўсьмешку лорду-намесьніку й генэрал-губэрнатару Ірляндыі. Высокадастойны Ўільям Хамбл, граф Дадлі, кавалер Вялікага Крыжа Ордэну Вікторыі, мінуў бесьперапыннае цыканьне гадзіньнікаў Мікі Андэрсана й васковыя манэкіны Генры й Джэймса, румянашчокія, шыкоўна апранутыя, джэнтльмэн Генры, dernier criАпошні крык (франц.). Джэймс. Стоячы сьпінамі да Дэйм-стрыт, набліжэньне кавалькады назіралі Том Рочфард і Насаты Флін. Том Рочфард, убачыўшы, што пагляд ледзі Дадлі запыніўся на ім, пасьпешліва выняў вялікія пальцы з кішэнькаў вішнёвай камізэлькі й прыўзьняў сваю шапку. Чароўная субрэтка, вялікая Марыя Кэндал, з падмаляванымі шчокамі й паддзёртай спаднічкай, пасылала са свае афішы падмаляваную ўсьмешку Ўільяму Хамблу, графу Дадлі, а таксама падпалкоўніку Х. Дж. Хэсэлтайну ды дастойнаму Джэралду Ўорду, дзяжурнаму ад’ютанту. З вакна СДП за віцэ-каралеўскім картэжам назіралі Бык Маліган і Хэйнс, першы з насьмешкай, другі — з павагай, спаглядаючы паміж галовамі ўсхваляваных наведнікаў, што сваім скупішчам зацямнілі шахматную дошку, на якую засяроджана глядзеў Джон Хаўард Парнэл. На Фаўнс-стрыт Дылі Дэдал, падняўшы зрок ад францускага падручніка Шардэналя, убачыла раскрытыя парасонікі й зіхатлівыя сьпіцы, што круціліся на сонцы. Джон Генры Мэнтан, стоячы ў дзьвярах Гандлёвай палаты, выпучыў набрынялыя ад віна вочывустрыцы, трымаючы тоўсты залаты гадзіньнік, на які ня глянуў, у тоўстай левай далоні, якая яго не адчувала. Там, дзе ў паветра ўзьнімалася пярэдняя нага каралеўскага каня, місіс Брын тузанула свайго разагнанага мужа назад зпад капытоў фарэйтарскіх скакуноў. Крычучы яму ў вуха, яна разьясніла, што адбываецца. Зразумеўшы, ён прыціснуў свае тамы да левага боку й прывітаў другую карэту. Дастойны Джэралд Уорд, дзяжурны ад’ютант, прыемна ўражаны, пасьпяшаўся адказаць. На рагу каля Пансонбі прыпыніўся белы флякон H, і сьледам за ім прыпыніліся яшчэ чатыры белыя фляконы ў цыліндрах, E. L. Y. 'S., тым часам як побач праімчалі карэты й коньнікі. Насупроць гандлю музычнымі інструмантамі Пігота віцэкароль мінуў, не заўважыўшы, містэра Дэніса Дж. Маджыні, настаўніка танцаў і інш., які паважна крочыў у сваім маляўнічым строі. Усьцяж муру вакол рэктарскага дому зухавата крочыў Буяка Бойлан, ногі якога ў цёмнажарых чаравіках і шкарпэтках з блакітнымі стрэлкамі прытупвалі ў такт рэфрэну ”Маё ёркшырскае дзяўчо”.

Блакітным налобнікам коней ды імпэтнаму напору вершнікаў Буяка Бойлан супрацьставіў блакітны гальштук, саламяны шырокі капялюш, хвацка скасабочаны, і сіні саржавы гарнітур. Ягоныя рукі, засунутыя ў кішэні пінжака, забыліся аддаць прывітаньне, аднак ён ахвяраваў тром дамам нахабнае захапленьне ў позірку й чырвоную кветку ў зубох. Праяжджаючы па Насаўстрыт, Ягоная Сьветласьць зьвярнуў увагу свае жонкі, якая ласкава ківала на бакі, на музычную праграму, выконваную ў Коледжпарку. Нябачныя бронзавыя шатляндзкія дзецюкі трубілі й бубнілі ўсьлед за картэжам:

 

Хоць дзяўчо на заводзе,

І ў строях ня ходзе.

Барабум.

Ды сэрцам ёркшырскім

Тужу па ёркшырскай

Па ружы маленькай

Барабум.

 

Па другі бок муру ўдзельнікі гонкі на чвэрць мілі з гандыкапам М. К. Грын, Х. Трыфт, Т. М. Пэйты, К. Скэйфі, Дж. Б. Джэфс, Г. Н. Морфі, Ф. Стывэнсан, К. Эдэрлі і У. К. Хагард стартавалі адзін за адным. Ідучы каля гатэлю Фіна, Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдал Фарэл нацэліў свой злосны манокль панад карэтамі на галаву містэра Э. М. Соламанса ў вакне аўстравугорскага віцэконсульства. У глыбіні Лэнстэр-стрыт, каля задняга ўваходу Трыніты, вернападданы Ягонай Вялікасьці Хорнблаўэр крануўся свае лавецкае шапкі. Калі глянцавітыя коні скакалі па Мэрыянскуэр, спадарыч Патрык Алойзіюс Дыгнам убачыў, як усе вітаюць джэнтльмэна ў цыліндры, і таксама прыўзьняў сваю новую чорную шапку пальцамі, затлушчанымі ад абгорткі сьвіных катлетаў. Ягоны каўнерык зноўку адшпіліўся. Віцэ-кароль, які ехаў на ўрачыстае адкрыцьцё дабрачыннага кірмашу Майрас у фонд шпіталю Мэрсэра, накіраваўся са сваёй сьвітай у бок Ніжняй Маўнт-стрыт. Каля крамы Броўдбэнта яны мінулі сьляпога падлетка. На Ніжняй Маўнт-стрыт пешаход у карычневым макінтошы, жуючы сухую скарынку хлеба, хутка й бясшкодна перабег віцэ-каралю дарогу. На мосьце цераз Каралеўскі канал містэр Юджын Стрэтан, усьміхаючыся тоўстымі адтапыранымі губамі, сардэчна запрашаў усіх наведнікаў у квартал Пэмбрук. На рагу Хэдынгтан-роўд дзьве жанчыны, прыцярушаныя пяском, з парасонам і торбай, у якой качаліся адзінаццаць ракавінак, спыніліся й са зьдзівам глядзелі на лорд-мэра з лорд-мэршай і без залатога ланцуга. На Нортамбэрлэнд-роўд і Лэндсдаўн-роўд Ягоная Сьветласьць добрасумленна адказваў на паклоны рэдкіх прахожых мужчынскага полу, на паклон двух малых школьнікаў, што стаялі ля садковых весьніцаў таго дому, якім, як казалі, захаплялася нябожчыца каралева пры наведзінах ірляндзкае сталіцы разам з мужам, прынцам-кансортам, у 1849 годзе, і на паклон шырокіх нагавіцаў Альмідана Артыфоні, якіх праглынулі дзьверы, што якраз зачыняліся.

Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=77 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

10 The Wandering Rocks

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Jorge Lewinsky — The Wandering Rocks
Jorge Lewinsky — The Wandering Rocks
THE SUPERIOR, THE VERY REVEREND JOHN CONMEE S. J, RESET HIS smooth watch in his interior pocket as he came down the presbytery steps. Five to three. Just nice time to walk to Artane. What was that boy's name again? Dignam, yes. Vere dignum et justum est. Brother Swan was the person to see. Mr Cunningham's letter. Yes. Oblige him, if possible. Good practical catholic: useful at mission time./ A onelegged sailor, swinging himself onward by lazy jerks of his crutches, growled some notes. He jerked short before the convent of the sisters of charity and held out a peaked cap for aims towards the very reverend John Conmee S. J. Father Conmee blessed him in the sun for his purse held, he knew, one silver crown./ Father Conmee crossed to Mountjoy square. He thought, but not for long, of soldiers and sailors, whose legs had been shot off by cannonballs, ending their days in some pauper ward, and of cardinal Wolsey's words: If I had served my God as I have served my king He would not have abandoned me in my old days. He walked by the treeshade of sunnywinking leaves and towards him came the wife of Mr David Sheehy M. P...