Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 07 Aeolus

07 Aeolus

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

У СЭРЦЫ ГІБЭРНІЙСКАЙ МЭТРАПОЛІІ

 

ПЕРАД КАЛЁНАЮ НЭЛЬСАНА ТРАМВАІ ЗАПАВОЛЬВАЛІ, мянялі каляіны, перастаўлялі дугу, вырушалі на Блэкрок, Кінгстаўн і Долкі, Клонскі, Рэтгар і Тэрэнюр, Палмэрстан Парк і Верхні Рэтмайнс, Сэндымаўнт Грын, Рэтмайнс, Рынгсэнд і Сэндымаўнт Таўэр, Хэралдс Крос. Сіпаты кіраўнік руху Аб’яднанай Дублінскай Трамвайнай Суполкі адгарлапаніваў іх:

— Рэтгар і Тэрэнюр!

— Давай, Сэндымаўнт Грын!

Раўнабежна справа й зьлева, ляскаючы й пазвоньваючы, двухпавярховы й аднапавярховы рушылі з канцавых прыпынкаў, павярнулі на выязную каляіну, раўнабежна пасунулі.

— Паехаў, Палмэрстан Парк!

 

НОСЬБІТ КАРОНЫ

 

Пад портыкам галоўнае пошты чысьцільнікі абутку заклікалі й ваксавалі. Расстаўленыя на Норт-Прынс-стрыт паштовыя карэты Ягонае Вялікасьці, пазначаныя на бакох каралеўскімі ініцыяламі E. R.Edward Rex (лац.) — Кароль Эдуард (VII)., прымалі з шумам кіданыя мяшкі зь лістамі, паштоўкамі, лістоўкамі, пасылкамі, заказнымі й звычайнымі, на адрасы мясцовыя, правінцыйныя, брытанскія й заморскія.

 

ДЖЭНТЛЬМЭНЫ З ПРЭСЫ

 

Грузчыкі ў грубых ботах выкочвалі з глухім грукатам бочкі са складаў на Прынс-стрыт і загружалі іх на броварны фургон. На броварны фургон загружаліся з глухім грукатам бочкі, выкочваныя грузчыкамі ў грубых ботах са складаў на Прынс-стрыт.

— Вось яна дзе, — сказаў Рэд Мары. — Аляксандар Клютч.

— Вы гэта выражце, добра? — сказаў містэр Блюм, — а я вазьму з сабою ў рэдакцыю ”Тэлеграфу”.

Дзьверы кабінэту Ратлэджа зноўку рыпнулі. Дэйві Стывэнс, драбнюта ў шырачэзным плашчы, у маленькім мяккім капялюшыку, што каранаваў ягоныя кучары, выйшаў са скруткам папераў пад плашчом, каралеўскі пасланец.

Доўгія нажніцы Рэда Мары чатырма роўнымі заедамі выразалі абвестку з газэты. Нажніцы й клей.

— Я зараз зайду ў друкарню, — сказаў містэр Блюм, беручы выразаны квадрацік.

— Вядома, калі ён хоча зацемку, — сказаў Рэд Мэры сур’ёзна, зь пяром за вухам, — мы можам гэта зрабіць.

— Ясна, — кіўнуў галавою містэр Блюм. — Я гэта ўб’ю яму ў галаву.

Мы.

 

УІЛЬЯМ БРАЙДЭН, ЭСКВАЙР, ОКЛЭНДС, СЭНДЫМАЎНТ

 

Рэд Мары крануў рукаў містэра Блюма сваімі нажніцамі й шапнуў:

— Брайдэн.

Містэр Блюм адвярнуўся і ўбачыў, як прыдзьвернік у ліўрэі прыўзьняў сваю шапку з надпісам перад велічнай фігурай, якая рушыла між шчытоў ”Уіклі Фрымэн энд Нэшнл Прэс” ды ”Фрымэнс Джорнэл энд Нэшнл Прэс”. Глухі грукат бочак Гінэса. Яна велічна паднялася па сходах, парасонам вызначаючы сабе кірунак, з абрамленым барадою важным абліччам. Сьпіна ў тонкім сукне падымалася з кожнай прыступкай вышэй: сьпіна. У яго ўсе мазгі ў карку, як кажа Дэдал. Складкі мяса абвісаюць ззаду. Тлустыя складкі шыі, тлушч, шыя, тлушч, шыя.

— Вам не здаецца, што ягоны твар нагадвае Нашага Збаўцу? — шапнуў Рэд Мары.

Дзьверы кабінэту Ратлэджа шапнулі: іі-крыы. Заўсёды ставяць адны дзьверы насупроць іншых каб пройма. Уваход. Выхад.

Наш Збаўца: абрамлены барадой авал твару: гутарка ў сутоньні, Марта, Марыя. Ведзены парасонаммячом да рампы: тэнар Марыё.

— Або Марыё, — сказаў містэр Блюм.

— Так, — пагадзіўся Рэд Мэры. — Але й казалі, што Марыё — рыхтык партрэт Збаўцы.

Ісус Марыё з падружаванымі шчокамі, камізэлька й цыбатыя ногі. З рукою на сэрцы. У ”Марце”.

 

Вярні—іся, мая страта,

Вярні—іся, дарагая.

 

ПОСАХ І ПЯРО

 

— Ягоная міласьць двойчы званілі сёньня зранку, — пачціва сказаў Рэд Мары.

Яны глядзелі, як зьнікаюць з вачэй калені, лыткі, чаравікі. Шыя.

Ушмыгнуў разносчык тэлеграмаў, кінуў пакет на прылавак і вышмыгнуў, выкрыкнуўшы адно слова:

— ”Фрымэн”!

Містэр Блюм нясьпешліва сказаў:

— Што ж, ён сапраўды адзін з нашых збаўцаў.

Лагодная ўсьмешка спадарожнічала яму, калі ён падымаў вечка прылаўка й калі выходзіў бочнымі дзьвярыма ды йшоў цёмнай і цёплай лесьвічкай і праходам, ступаючы па хісткіх масьнічынах. Але ці ён збавіць наклад газеты? Стукатаньне, стукатаньне.

Ён піхнуў створкі зашклёных дзьвярэй і ўвайшоў, пераступаючы цераз горбу абгортачнай паперы. Вулачкай між ляскатлівымі машынамі ён прайшоў да адгароджанага пісьмовага століка Нанэці.

 

З ГЛЫБОКІМ СМУТКАМ ПАВЕДАМЛЯЕМ АБ СКОНЕ ВЫСОКАПАВАЖАНАГА ДУБЛІНСКАГА ГРАМАДЗЯНІНА

 

Хайнс таксама тут: занатоўка аб паховінах, мабыць. Стукатлівы стук.

Сёньня раніцай астанкі супачылага містэра Патрыка Дыгнама. Машыны. Зьмелюць чалавека на атамы калі трапіць туды. Кіруюць сёньняшнім сьветам. І ягоная машынэрыя таксама шпарыць. Як гэтыя калі выйдуць з-пад рук: зашумуюць. Разьнясуць, паразьдзіраюць. А той стары шэры пацук ірвецца каб пралезьці ў сярэдзіну.

 

ЯК ВЫДАЕЦЦА ВЯЛІКАЯ ШТОДЗЁННАЯ ГАЗЭТА

 

Містэр Блюм прыпыніўся за плячыма сухарлявага кіраўніка, любуючыся глянцаватай прычоскай.

Дзіўна, ён ніколі ня бачыў свае сапраўднае айчыны. Мая айчына Ірляндыя. Выбраны ад каледжу Грын. Цягнуў сваё цягло што было моцы. Тыднёвік купляюць якраз для абвестак і ўсялякіх пабочных драбніцаў, а не для тухлых навінаў з урадавага бюлетэню. Каралева Анна памерла. Апублікаванае ўладамі ў тысяча каторымсьці годзе. Маёнтак знаходзіцца ў акрузе Роўзналіс, баронія Тынахінч. Усім зацікаўленым згодна з уставай даводзім да ведама лік мулаў і коней, прададзеных на экспарт у Баліне. Занатоўкі з прыроды. Карыкатуры. Штотыднёвы аповед Філа Блэйка з сэрыі пра быка й Пэта. Бачынка дзядзькі Тобі для малечы. Запытаньні вясковага боўдзілы. Шаноўны Спадару Рэдактару, якое найлепшае лякарства на ўздуцьцё? У гэтым аддзеле й я хацеў бы. Сам навучысься шмат, калі вучыш іншых. Сьвецкая хроніка НПЛ. Наогул пра людзей. Наогул прыемная лухта. Зграбныя купальніцы на залатым пляжы. Найбольшы на сьвеце балён. Супольная вясельная ўрачыстасьць дзьвюх сёстраў. Два жаніхі глядзяць на сябе й рагочуць. Купрані, друкар, таксама. Больш ірляндзкі чымсьці самі ірляндцы.

Машыны ляскалі ў рытме тры-чатыры. Стук-стук-стук. А калі раптам у яго паралюш і ніхто ня ведае як іх спыніць, тады яны ляскалі б і ляскалі б, друкавалі б і друкавалі б, узад і ўперад. Атрымалася б чортава каша. Тут трэба спакойная галава.

— Давайце ўсадзім гэта ў вячэрняе выданьне, спадар райца, — сказаў Хайнс.

Неўзабаве пачне яго называць спадар лорд-мэр. Кажуць, нібыта яго падтрымлівае Доўгі Джон.

Кіраўнік, не адказаўшы, накрэмзаў друкаваць у куточку лістка й кіўнуў на наборшчыка. Моўчкі перадаў лісток за брудную шкляную перагародку.

— У парадку, дзякую, — сказаў Хайнс і адвярнуўся йсьці.

Яго перапыніў містэр Блюм.

— Калі хочаце ўзяць грошы, дык касір якраз зьбіраецца на абед, — сказаў ён, паказваючы вялікім пальцам за сябе.

— А вы ўжо? — спытаўся Хайнс.

— Мгм, — хмыкнуў містэр Блюм. — Калі вы хутка, дык яшчэ яго засьпееце.

— Дзякую, стары, — сказаў Хайнс. — Я таксама яго трасяну.

Ён шпарка засьпяшаўся ў рэдакцыю ”Фрыманс Джорнэл”.

Тры шылінгі я яму пазычыў у Мара. Тры тыдні. Трэці намёк.

 

НАЗІРАЕМ, ЯК ПРАЦУЕ РЭКЛЯМНЫ АГЭНТ

 

Містэр Блюм паклаў сваю выразку на столік містэра Нанэці.

— Прабачце, спадар райца, — сказаў ён. — Вось гэтая абвестка, прыгадваеце, для Клютча.

Містэр Нанэці паўзіраўся на выразку й кіўнуў.

— Ён хоча, каб паказалася ў ліпені, — сказаў містэр Блюм.

Ня чуе. Нанан. Сталёвыя нэрвы.

Аловак кіраўніка павіс над выразкай.

— Пачакайце, — сказаў містэр Блюм. — Ён хоча крыху зьмяніць. Клютч, бачыце. Ён хоча два ключы зьверху.

Пякельны грукат тут. Можа ён разумее што я.

Кіраўнік павярнуўся, гатовы цярпліва выслухаць, і, адставіўшы локаць, пачаў нясьпешна чухацца пад пахай свайго альпакавага пінжака.

— Вось так, — сказаў містэр Блюм, скрыжаваўшы ўказальныя пальцы зьверху.

Няхай да яго найперш дойдзе.

Містэр Блюм, паглядзеўшы скоса ўверх ад учыненага ім крыжа, убачыў зямлісты твар кіраўніка, здаецца, у яго лёгкая жаўтуха, а за ім паслухмяныя шпулі, якія паглыналі бясконцыя стужкі паперы. Лясь. Лясь. Мілі паперы яшчэ не намотаныя. Што зь ёю будзе потым? О, абгартаць мяса, пакункі: можна скарыстаць на тысячу розных спосабаў.

Спрытна ўстаўляючы словы ў перапынкі між ляскатам, ён пачаў хутка маляваць на падрапаным стале.

 

ДОМ КЛЮ(Т)ЧОЎ

 

— Вось так, бачыце. Тут два скрыжаваныя ключы. І кола. Потым імя й прозьвішча, Аляксандар Клютч, гандаль гарбатай і алькагольнымі напоямі. І ўсё іншае.

Ягонай справы лепш яго не вучы.

— Вы самі ведаеце, спадар райца, што яму трэба. І потым зьверху наўкола ўразьбіўку: дом ключоў. Разумееце? Як вы мяркуеце, гэта добрая думка?

Кіраўнік апусьціў руку ніжэй і спакойна чухаўся каля сподніх рэбраў.

— Сутнасьць думкі, — тлумачыў містэр Блюм, — гэта дом ключоў. Вы ж ведаеце, спадар райца, парлямант вострава Мэн. Лёгкі намёк на самакіраваньне. Турысты, ведаеце, з вострава Мэн. Адразу кідаецца ў вочы, разумееце. Можаце так зрабіць?

Можа запытацца ў яго як вымаўляецца тое voglio. Ну але калі б ён ня ведаў то яму зрабілася б няёмка. Лепш не.

— Гэта мы можам, — сказаў кіраўнік. — Вы маеце малюнак?

— Я магу дастаць, — сказаў містэр Блюм. — Ён быў ужо ў газэце ў Кілкэні. У яго й там крама. Зараз зьбегаю й папрашу ў яго. Так што вы можаце гэта зрабіць, і яшчэ кароткую зацемку, каб прыцягнуць увагу. Ведаеце, як заўсёды. Ліцэнзія на гандаль, высокая якасьць. Здаўна адчувалася патрэба. І таму падобнае.

Кіраўнік хвілю падумаў.

— Гэта мы можам, — сказаў ён. — Але хай ён дасьць заказ на тры месяцы.

Наборшчык прынёс яму вільготную гранку. Ён моўчкі пачаў рабіць карэктуру. Містэр Блюм стаяў побач, слухаючы гучнае пульсаваньне крывашыпаў і спаглядаючы на наборшчыкаў, маўкліва пахіленых над сваімі касамі.

 

ПАВОДЛЕ ПРАВАПІСУ

 

Павінен усё дакладна ведаць як пішацца. Карэктарская ліхаманка. Ранкам Марцін Канінгам забыўся нам даць сваю правапісную галаваломку. Забаўна бачыць зь нічым не параўнаная не асобна здаецца? зьбянтэжанасьць разносчыка эс чэ перад расплюшчанай тут эш чэ грушай з блізкага складу на кладах. Ці ж не бязглузьдзіца? Клады, безумоўна, устаўленыя тут для складу.

Мне трэба было сказаць, калі ён насоўваў свой цыліндар. Дзякую. Трэба было сказаць наконт старога капелюша ці нешта падобнае. Не ж, трэба было сказаць. Выглядае амаль як новы. І тады пабачыць ягоны фізыяном.

Шух. Сподні талер найбліжэйшай машыны выштурхнуў уперад дошку зь першай шух партыяй сфальцаванай паперы. Шух. Амаль як жывая шухае каб зьвярнулі ўвагу. З усяе сілы стараецца прамовіць. Тыя дзьверы таксама іі-крыы рыпнулі, упрошваючы, каб зачынілі. Усё прамаўляе на свой спосаб. Шух.

 

ВЫСОКІ ДУХОЎНІК У РОЛІ КАРЭСПАНДЭНТА

 

Неспадзявана кіраўнік аддаў гранку назад, са словамі:

— Пачакай. А дзе ліст архіяпіскапа? Яго трэба перадрукаваць у ”Тэлеграфе”. Дзе той як яго?

Ён акінуў паглядам свае шумныя, але няздольныя адказваць, машыны.

— Монкс, сэр? — спытаўся голас са словагісэрні.

— Але. Дзе Монкс?

— Монкс!

Містэр Блюм узяў сваю выразку. Пара йсьці.

— Дык я прынясу малюнак, містэр Нанэці, — сказаў ён, — і я ўпэўнены, што дасьцё яго на відным месцы.

Заказ на тры месяцы. Найперш трэба дыхнуць сьвежым паветрам. Але паспрабаваць можна. Удзяўбці пра жнівень: знакамітая думка: месяц выстаўкі коней. Болсбрыдж. Турысты пазьяжджаюцца на выстаўку.

 

МАЙСТАР ДЗЁННАЙ ЗЬМЕНЫ

 

Ён прайшоў праз наборны цэх, мінаючы згорбленага старэчу ў фартуху й акулярах. Стары Монкс, майстар дзённай зьмены. Куча рознае дзівоты прайшла яму цераз рукі на ягонай часіне: нэкралёгі, карчомныя абвесткі, прамовы, разводныя справы, знайшлі тапельца. Ужо дажывае свой век. Непітушчы, сур’ёзны чалавек, і з ладным рахункам у банку, як думаю. Жонка неблагая кухарка й прачка. Дачка шые ў кравецкай майстэрні. Яніна працавітая дзяўчына, аніякіх капрызаў.

 

І БЫЛО СЬВЯТА ПАСХІ

 

Ён спыніўся паназіраць, як наборшчык спрытна вярстае тэкст. Найперш чытае яго адзаду. Як хутка ўпраўляецца. Тут патрэбна спрактыкаванасьць. мангыД кыртаП. Бедны татка чытае мне сваю Хагаду справа налева, водзіць пальцам па радкох. Пэсах. У будучым годзе ў Ерусаліме. О Божа, Божа! Уся тая доўгая гісторыя пра выхад зь зямлі эгіпецкай і ў дом няволі алілуя. Shema Israel Adonai ElohenuСлухай, Ізраіль, Госпада Бога (нашага) (гебр.).. Не, гэта іншае. Потым пра дванаццаць братоў, сыноў Якубавых. І потым ягня й кошка й сабака й палка й вада й разьнік. І потым анёл сьмерці забівае разьніка а той забівае быка а сабака забівае кошку. Здаецца нейкай лухтой пакуль ня ўдумаесься як належыць. Сэнс тут у справядлівасьці а паводле зьместу ўсе зьядаюць усіх. У рэшце рэшт, такое ёсьць жыцьцё. Як жа хутка ён з тым упраўляецца. Практыка чыніць дасканалым. Як быццам пальцы ў яго відушчыя.

Містэр Блюм выбраўся зь ляскату й шуму, прайшоўшы галерэяй да лесьвічнай пляцовачкі. Ды што, тарабаніцца мне ў такую далеч на трамваі, а яго можа й не засьпею? Лепш спачатку пазваніць. А нумар? Як нумар дому Цытрона. Дваццацьвосем. Дваццаць восем дзьве чацьвёркі.

 

ЯШЧЭ ТОЛЬКІ РАЗ ТОЕ МЫЛА

 

Ён спусьціўся па лесьвіцы. Які чорт пакрэмзаў усе сьцены запалкамі? Панапісвалі, як быццам у заклад пайшлі. І заўсёды ў такіх установах цяжкі затхлы дух. Ад цеплаватага клею з суседняга пакою, калі працаваў у Тома.

Ён выняў хустачку, каб закрыць нос. Цытрон-лімон? Ах, я ж туды мыла паклаў. Яшчэ мне адтуль высунецца. Засунуўшы хустачку назад, ён выняў мыла й схаваў яго ў кішэню нагавіцаў, зашпіліўшы на гузік.

Якую парфуму ўжывае твая жонка? Яшчэ можна было б зьезьдзіць дадому: на трамваі: нібы чагосьці забыўся. Толькі глянуць перад тым як будзе строіцца. Не. Чакай. Не.

З рэдакцыі ”Іўнінг Тэлеграф” раптам даляцеў вісклівы рогат. Ведаю хто такі. Што там у іх? Зайду на хвілю пазваніць. Нэд Лэмбэрт, гэта ён.

 

ЭРЫН, ЗЯЛЁНЫ КЛЯЙНОТ СРАБРЫСТАГА МОРА

 

— Уваходзіць прывід, — ціха, бісквіта-поўна-ротна прачмякаў прафэсар МакХ’ю да запыленага вакна.

Містэр Дэдал, пераносячы пагляд з пустога камінка на пакеплівую фізыяномію Нэда Лэмбэрта, кісла ў яе запытаўся:

— На Хрыстовы пакуты, няўжо ад гэтага цябе не схапіла б пякотка ў срацы?

Нэд Лэмбэрт, які сядзеў на стале, працягваў чытаць уголас:

Альбо зьвернем пагляд на выгібы гаманлівага струменьчыка, што, абвейваны лагоднымі зэфіркамі, цурчыць і пеніцца, варагуючы з камяністымі завадамі на сваім шляху да блакітнага валадарства Нэптуна, і бруіцца між абымшэлых берагоў, укрыты то бліскаўкамі пышнага сонца, то ценем, кіданым на ягонае задуменнае ўлоньне павіслым лістоўем лясных волатаў. Ну як, Сайман? — спытаўся ён па-над берагам газэты. — Як тут высокі стыль?

— Мяшае напоі, — адказаў містэр Дэдал.

Сьмеючыся, Нэд Лэмбэрт ляпнуў сябе газэтай па каленях і паўтарыў:

Задуменнае ўлоньне й павіслае сракоўе. Ну, браткі! Ну, браткі!

— І Ксэнафонт глядзеў на Маратон, — сказаў містэр Дэдал, зноў спаглянуўшы на камінак і адтуль на вакно, — і Маратон глядзеў на мора.

— Досыць! — усклікнуў прафэсар МакХ’ю ад вакна. — Я больш не жадаю слухаць гэтай лухты.

Глынуўшы серпаваты кавалак поснага бісквіту, які безупынна пакусваў, ён, згаладалы, прымерваўся да другога, ужо нарыхтаванага ў другой руцэ.

Высакашпарная лухта. Балабоны. Бачу што Нэд Лэмбэрт узяў вольны дзень. Паховіны ўсё-ткі расклейваюць чалавека на ўвесь дзень. Кажуць, ён уплывовы чалавек. Стары Чэтэртан, віцэ-канцлер, даводзіцца яму ці то стрыечным дзедам ці то прадзедам. Кажуць, ужо пад дзевяноста. Мабыць і нэкралёг на першую паласу ўжо даўно напісаны. А ён жыве ім назло. Яшчэ самому давядзецца першаму. Джоні, уступі месца дзядзьку. Высокашаноўнаму Хэджэсу Эйру Чэтэртану. Думаю, у дні ўплаты ён дрыготкай рукой выпісвае яму чэк ці два. Шквал граша, калі выпруціць ногі. Алілуя.

— Яшчэ раз напяўся, — сказаў Нэд Лэмбэрт.

— Што гэта? — спытаўся містэр Блюм.

— Нядаўна знойдзены фрагмэнт Цыцэрона, — урачыстым тонам адказаў прафэсар МакХ’ю. — ”Наш прыгожы край”.

 

КОРАТКА, АЛЕ ТРАПНА

 

— Чый край? — прастадушна спытаўся містэр Блюм.

— Пытаньне вельмі дарэчы, — сказаў прафэсар паміж чарговымі жвакамі. — З націскам на чый.

— Край Дэна Доўсана, — сказаў містэр Дэдал.

— Гэта ягоная прамова ўчора вечарам? — спытаўся містэр Блюм.

Нэд Лэмбэрт кіўнуў.

Клямка штурханула містэра Блюма ў крыж: дзьверы адчыняліся.

— Прашу прабачэньня, — сказаў Дж. Дж. О’Молай, уваходзячы.

Містэр Блюм жвава адступіўся.

— А я ў вас, — сказаў ён.

— Добры дзень, Джэк.

— Заходзь, заходзь.

— Добры дзень.

— Як маесься, Дэдал?

— Добра. А ты?

Дж. Дж. О’Молай трасянуў галавою.

 

СУМНАЕ

 

Быў самым здольным сярод маладых адвакатаў. Апусціўся, бедачына. Гэты сухотны румянец, пішы прапаў чалавек. Прыйшлі капцы. Цікава, якія вятры яго сюды прывеялі? Грашовая дакука.

Альбо, скіраваўшы крокі да горных вяршыняў, што самкнутым шыхтом.

— Выглядаеш надзвычайна.

— А рэдактара можна тут пабачыць? — спытаўся Дж. Дж. О’Молай, спаглядаючы на ўнутраныя дзьверы.

— Колькі хочаце, — сказаў прафэсар МакХ’ю. — Ня толькі пабачыць, але й пачуць. Ён з Лэнэханам у сваёй сьвятыні.

Дж. Дж. О’Молай нясьпешліва падыйшоў да пахілага століка й пачаў гартаць ружовыя лісткі ў падшыўцы газэты.

Практыка зачахла. Няўдаліца. Падае духам. Азарт. Ганаровыя даўгі. Пажынае буру. Раней атрымліваў ладныя ганарары ад Д. і Т. Фіцджэралдаў. У парыках, каб паказаць шэрае рэчыва. Мазгі на далоні, як сэрца той статуі ў Гласнэвіне. Здаецца, ён нешта там піша для ”Экспрэсу” разам з Габрыелам Конраем. Няблага начытаны. Майлс Кроўфард пачынаў у ”Індэпэндэнце”. Забаўна як тыя тыпы з газэтаў віхляюць ледзь толькі пачуюць што вецер зь іншага боку. Ветрачкі. Цёпла й холадна адным дыхам. Ня ведаеш, каму верыць. Кожная казка добрая, пакуль не распавядуць наступнай. Кідаюцца адзін на аднаго як шалёныя ў тых газэтах, і раптам усё разьвейваецца. Запанібрата наступнага дня.

— Ах, божанькі, вы толькі паслухайце! — упрашальна заенчыў Нэд Лэмбэрт. — Альбо, скіраваўшы крокі да горных вяршыняў, што самкнутым шыхтом...

— Пустазвонства! — раздражненым голасам перапыніў прафэсар. — Хопіць таго надзьмутага ветраслоўя!

Шыхтом, — працягваў Нэд Лэмбэрт, — усё вышэй і вышэй падымаюцца ў неба, каб абмыць нашы душы...

— Хай сабе глотку абмые, — сказаў містэр Дэдал. — Сьвяты Божа ў вякох! Так? І за такое яму яшчэ плацяць?

Душы непараўнанай панарамай запаветных даляглядаў Ірляндыі, беспрыкладных, нягледзячы на тыя гучнахвалёныя правобразы ў іншых нястрымна апяваных краёх, у красе цяністага гаю й раўніны з узгоркамі, і сакавітай пашы ў веснавой зелені, укрытай дзівоснапразрыстым зьзяньнем нашага мяккага таямнічага ірляндзкага сутоньня...

 

ЯГОНАЯ РОДНАЯ ГАВОРКА

 

— Месяц, — сказаў прафесар МакХ’ю. — Ён забыўся пра ”Гамлета”.

Што спавівае далі й прасьцягі, пакуль не заблішчыць зіхоткі круг месяца, апраменьваючы іх сваёй срабрыстай яснотай.

— Ох! — усклікнуў містэр Дэдал, выпускаючы безнадзейны стогн. — Вось дык дрыстачка цыбульная! Нам ужо досыць, Нэд. Жыцьцё й без таго кароткае.

Ён зьняў цыліндар і, дзьмухаючы ад нецярплівасьці ў свае буйныя вусы, прычасаўся па-валійску, растапыранымі пальцамі.

Нэд Лэмбэрт адклаў газэту, задаволена хіхікаючы. Хвілю пасьля сіпаты зьвяглівы сьмех пырснуў з непаголенага, прыкрытага чорнымі акулярамі, твару прафэсара МакХ’ю.

— Здобны Доў! — усклікнуў ён.

 

ЯК КАЗАЎ УЭЗЭРАП

 

Цяпер у друку з гэтага можна пацьвельваць адволі, але публіка такое глынае як гарачыя бліны. Ён, здаецца, працаваў у пякарні? Таму на яго кажуць Здобны Доў. Так ці йначай, вымасьціў сабе гнязьдзечка нядрэнна. У дачкі жаніх у падаткавай управе, мае аўтамабіль. Спрытна яго падчапіла. Прыёмы, адкрыты дом. Нагасьцюесься ад пуза. Уэзэрап заўсёды гэта казаў. Падступайся да іх праз жывот.

Унутраныя дзьверы гвалтоўна адчыніліся, і ў пакой сунулася барвовадзюбатая фізыяномія, завершаная грабянём перыстых валасоў. Дзёрзкія сінія вочы агледзелі ўсіх, а востры голас запытаўся:

— Што тут?

— А вось прыбывае ўласнай асобай самазваны шляхцюк! — дастойна аб’явіў прафэсар МакХ’ю.

— Пайшоўтыўпрочкі, задрыпаны пэдагог! — выказаў сваё шанаваньне рэдактар.

— Хадзем, Нэд, — сказаў містэр Дэдал, накладаючы капялюш. — Пасьля такога я мушу выпіць.

— Выпіць! — выкрыкнуў рэдактар. — Перад імшой выпіўкі не падаюць.

— І гэта рацыя, — адказаў містэр Дэдал, выходзячы. — Хадзем, Нэд.

Нэд Лэмбэрт бокам сашмыгнуў са стала. Сінія вочы рэдактара завандравалі на твар містэра Блюма, аценены ўсьмешкай.

— А ты не далучысься, Майлс? — спытаўся Нэд Лэмбэрт.

 

УСПАМІНАЮЦЦА СЛАВУТЫЯ БІТВЫ

 

— Паспалітае рушэньне Паўночнага Корку! — выкрыкнуў рэдактар, крочачы да камінка. — Мы заўсёды перамагалі! Паўночны Корк і гішпанскія афіцэры!

— А дзе тое было, Майлс? — спытаўся Нэд Лэмбэрт, кінуўшы задумлівы пагляд на наскі сваіх чаравікаў.

— У Агаё! — крыкнуў рэдактар.

— Так і было, дальбог, — пагадзіўся Нэд Лэмбэрт.

Выходзячы, ён шапнуў Дж. Дж. О’Молаю:

— Пачатак белай гарачкі. Сумная справа.

— Агаё! — кукарэкнуў рэдактар высокім дыскантам, задзёршы барвовы твар угору. — Маё Агаё!

— Ідэальны крэтык, — сказаў прафэсар. — Доўгі, кароткі й доўгі.

 

О, ЭОЛЕВА АРФА

 

Ён выняў з камізэлечнай кішэні шпульку ніткі для зубоў і, адарваўшы кавалак, спрытна наструніў яго між дзьвюма парамі сваіх звонкіх нячышчаных зубоў.

— Бінгбанг, бінгбанг.

Містэр Блюм, пабачыўшы, што бераг чысты, рушыў да дзьвярэй кабінэту.

— Я на хвілінку, містэр Кроўфард, — сказаў ён. — Хачу толькі пазваніць наконт аднае абвесткі.

Ён увайшоў.

— А як там зь перадавіцай у вячэрняе выданьне? — спытаўся прафэсар МакХ’ю, падыйшоўшы да рэдактара й паклаўшы дужую руку яму на плячо.

— Усё будзе як трэба, — сказаў Майлс Кроўфард крыху спакайней. — Не хвалюйся. Прывітаньне, Джэк. Усё як трэба.

— Добры дзень, Майлс, — сказаў Дж. Дж. О’Молай, выпускаючы з рук лісткі, якія вяла апалі на падшыўку. — Тая справа з канадзкім махлярствам — гэта сёньня?

У кабінэце застракатаў тэлефон.

— Дваццаць восем... Не, дваццаць... Сорак чатыры... Так.

 

АДГАДАЙ ПЕРАМОЖНІКА

 

З кабінэту выйшаў Лэнэхан з адбіткамі ”Спорту”.

— Хто хоча пэўняка на Залаты Кубак? — запытаўся ён. — Булава пад О. Мэдэнам.

Ён кінуў лісткі на стол.

Крык басаногіх газэтнікаў на калідоры раптоўна прыблізіўся, і дзьверы махнулі наросьцеж.

— Цыт, — сказаў Лэнэхан. — Чую востгук дупняў.

Прафэсар МакХ’ю перасек пакой і схапіў скурчанага вісуся за каршэнь; астатнія ўроссып далі драпака на калідор і ўніз па лесьвіцы. Лісткі зашамацелі ў пройме, апісалі ў паветры блакітныя закрутасы й прызямліліся пад сталом.

— Гэта ня я, сэр. Гэта той бамбіза мяне ўпіхнуў, сэр.

— Выкінь яго й зачыні дзьверы, — сказаў рэдактар. — Ураган тут вее.

Лэнэхан пачаў зьбіраць лісткі з падлогі, двойчы нагнуўшыся з пакрэхтваньнем.

— Мы чакалі спэцыяльнага пра скачкі, сэр, — сказаў хлопец. — Гэта Пэт Фарэл мяне піхнуў, сэр.

Ён паказаў на два твары, якія зіркалі праз шчыліну зза вушака.

— Гэта той, сэр.

— Давай адсюль, — буркнуў прафэсар МакХ’ю.

Ён выпіхнуў хлопца й ляснуў дзьвярыма.

Дж. Дж. О’Молай шамацеў падшыўкай, мармычучы, вышукоўваючы:

— Працяг на шостай бачынцы, чацьвёртай калёнцы.

— Так... тут ”Іўнінг Тэлеграф”, — тэлефанаваў містэр Блюм з кабінэту. — Ці шэф?.. Так, ”Тэлеграф”... Куды?.. Ага! На якім аўкцыёне?.. Ага! Разумею... Добра. Я знайду яго.

 

НАСТУПАЕ СУТЫКНЕНЬНЕ

 

Калі ён паклаў трубку, тэлефон зноўку застракатаў. Ён хутка ўвайшоў і наляцеў проста на Лэнэхана, які змагаўся з другім лістком.

Pardon, monsieurПрабачце, спадар (франц.)., — сказаў Лэнэхан, ухапіўшыся за яго на хвілю й скрывіўшыся.

— Гэта мая віна, — сказаў містэр Блюм у ягоным заціску. — Вам баліць? Я вельмі сьпяшаюся.

— Калена, — сказаў Лэнэхан.

Расьціраючы калена, ён зрабіў сьмешную міну й захімкаў:

— Назьбіралася тых anno DominiГод Гасподні (лац.)..

— Прабачце, — сказаў містэр Блюм.

Ён падыйшоў да дзьвярэй і, узяўшыся за клямку, счакаў. Дж. Дж. О’Молай зь ляскам закрыў цяжкую падшыўку. У пустым калідоры адбіваліся рэхам гукі губнога гармоніка й два пранізьлівыя галасы хлопцаў, якія прыселі на знадворных прыступках:

 

Мы ўэксфардзкія хлопцы,

З харобрым сэрцам і рукой.

 

БЛЮМ ВЫХОДЗІЦЬ

 

— Я пабягу на Бэйчлэрс-уок — сказаў містэр Блюм, — наконт тае абвесткі для Клютча. Хачу гэта заладзіць. Мне сказалі, ён недзе там, у Дылана.

Нейкую хвілю ён паглядаў на іхнія твары ў нерашучасьці. Рэдактар, які, прыхінуўшыся да камінкавай паліцы, падпёр галаву рукою, раптам шырокім жэстам працягнуў руку ўперад.

— Ідзі! — прамовіў ён. — Перад табою ўвесь сьвет.

— Зараз вярнуся, — сказаў містэр Блюм, выбягаючы.

Дж. Дж. О’Молай узяў лісткі ў Лэнэхана з рук і пачаў чытаць, аддзяляючы адзін ад аднаго лёгкімі подзьмухамі й не адзываючыся.

— Ён абладзіць тую рэкляму, — сказаў прафэсар, спаглядаючы праз акуляры ў чорнай аправе панад фіранкай. — Пагляньце на тых малых гультаёў за ім.

— Пакажы! Дзе? — усклікнуў Лэнэхан, падбягаючы да вакна.

 

ВУЛІЧНАЕ ШЭСЬЦЕ

 

Абодва заўсьміхаліся па-над фіранкай, спазіраючы на газэтнікаў, якія скакалі гужам за містэрам Блюмам; у апошняга хлопца белым зыгзагам трапятаўся на ветры блазенскі зьмей зь белымі кукардкамі на хвасьце.

— Глянь толькі на гулі-мулі тых шыбенікаў за ім, — прамовіў Ленэхан, — і зараз жа апрындзісься. Ох, мае скабы заскабіліся! Падхапілі, як ён клыпае сваімі пласкачамі. Малыя падшыванцы. Крадком на пальчыках.

Карыкатурнымі рухамі мазуркі ён жвава прасьлізнуў каля камінка да Дж. Дж. О’Молая, які паклаў лісткі на ягоныя падстаўленыя далоні.

— Што тут такое? — спытаўся Майлс Кроўфард з уздрыгам. — Куды пайшлі тыя абодва?

— Хто? — спытаўся прафэсар, адварочваючыся. — Яны адбылі ў ”Авал” трохі выпіць. Там Пады Хупэр з Джэкам Холам. Прыехалі ўчора вечарам.

— Тады хадзем — сказаў Майлс Кроўфард. — Дзе мой капялюш?

Падрыгваючы нагамі, ён пайшоў у кабінэт, адхінаючы крысо пінжака й бразгаючы ключамі ў задняй кішэні. Потым ключы бразнулі ў паветры і яшчэ раз аб дрэва, калі ён замыкаў шуфляду свайго стала.

— А ён ужо добранькі, — сьцішаным голасам сказаў прафэсар МакХ’ю.

— Здаецца, так, — прамармытаў у задуменьні Дж. Дж. О’Молай, выймаючы партсыгар. — Але не заўсёды яно так, як нам здаецца. У каго найбольш запалак?

 

ЛЮЛЬКА МІРУ

 

Ён паднёс папяросы прафэсару й сам узяў адну. Лэнэхан адразу крамзануў запалкай і па чарзе прыкурыў ім. Дж. Дж. О’Молай зноў адчыніў партсыгар і працягнуў яму.

— Дзякуyou, — сказаў Лэнэхан, беручы папяросу.

Рэдактар выйшаў з кабінэту ў саламяным, крыва насунутым на лоб, капелюшы. Ён сьпеўна задэклямаваў, строга тыкаючы пальцам у прафэсара МакХ’ю:

 

Хвала і моц завабілі цябе,

Імпэрыя тваё падбіла сэрца.

 

Прафэсар усьміхнуўся, не растуляючы доўгіх вуснаў.

— Га? Ах ты, задрыпаная Рымская імпэрыя! — сказаў Майлс Кроўфард.

Ён узяў папяросу з адчыненага партсыгара. Лэнэхан, прыкурыўшы яму хуткім плаўным рухам, сказаў:

— Ціха! Мая новенькая загадка!

Imperium romanumРымская імпэрыя (лац.)., — мякка сказаў Дж. Дж. О’Молай. — Гучыць больш шляхетна, чымсьці брытанская або брыкстанская. Словы нейк нагадваюць алей, які падліваюць у агонь.

Майлс Кроўфард гвалтоўна выпусьціў у столь першы струменьчык дыму.

— Гэта так, — сказаў ён. — Мы й ёсьць той алей. Ты ды я — алей у агонь. І шанцаў у нас яшчэ менш, чымсьці ў сьнежнага шарыка ў пекле.

 

ВЕЛІЧ ДАЎНЯГА РЫМУ

 

— Пачакай хвілінку, — сказаў прафэсар МакХ’ю, падымаючы два спакойныя кіпцюры. — Нельга сябе зводзіць словамі, гучаньнем слоў. Мы думаем пра Рым, імпэрскі, імпэратарскі, імпэратыўны.

Ён перавёў дых і красамоўна распасьцёр рукі, што вылазілі з абтрапаных і забруджаных манкетаў:

— Якая ж была іхняя цывілізацыя? Разьлеглая, пагаджаюся: але й паскудная. Cloacć: сьцёкі. Жыды на пустыні або на вяршыні гары казалі: Добра быць тут. Збудуйма ахвярнік Ягове. А рымлянін, як і ангелец, што йдзе ягоным сьледам, прыносіў з сабою на кожны новы бераг, куды ступала ягоная нага (на наш бераг яна ніколі не ступала), адно сваю апантанасьць кляакай. Стоячы ў сваёй тозе, ён азіраўся навокал і казаў: Добра быць тут. Пастаўма ватэрклязэт.

— Які адпаведна з гэтым будавалі, — сказаў Лэнэхан. — Нашы колішнія старажытныя продкі, як чытаем у першым разьдзеле кнігі Піцьця, мелі схільнасьць да цякучай вады.

— Яны былі джэнтльмэнамі прыроды, — прамармытаў Дж. Дж. О’Молай. — Але мы маем таксама рымскае права.

— І Понцкі Пілат ягоным прарокам, — адклікнуўся прафэсар МакХ’ю.

— А вы чулі гісторыю пра першага лoрда скарбовай управы Полса? — спытаўся Дж. Дж. О’Молай. — Быў прошаны абед у каралеўскім універсытэце, усё йшло як па масьле...

— Найперш мая загадка, — перапыніў Лэнэхан. — Вы гатовыя?

З калідору ўвайшоў містэр О’Мэдэн Бэрк, высокі, у прасторным шэрым з донэгалскага туіду. За ім Стывэн Дэдал, здымаючы на хаду капялюш.

Entrez, mes enfants!Уваходзьце, мае дзеці! (франц.). — усклікнуў Лэнэхан.

— Я суправаджаю просьбіта, — мілагучна прамовіў містэр О’Мэдэн Бэрк. — Маладосьць, кіраваная Досьведам, наведвае Розгалас.

— Як маецеся? — сказаў рэдактар, працягваючы руку. — Заходзьце. Ваш родзіч выбыў толькі што.

 

? ? ?

 

Лэнэхан зьвярнуўся да ўсіх:

— Увага! Якая опэра найпрыгажэй кульгае? Падумайце, прадумайце, прыдумайце, адкажэце.

Стывэн падаў машынапісныя лісткі, указваючы на загаловак і подпіс.

— Хто? — спытаўся рэдактар.

Спод адарваны.

— Містэр Гэрэт Дызі, — адказаў Стывэн.

— Той стары блуднік, — сказаў рэдактар. — А хто адарваў? Яго напёрла, ці што?

 

Пад лётным ветразем, ад поўдню,

Дзе шторм задзьмуў у трубы,

Плыве вампір з абліччам бледным

Губамі ўпіцца ў губы.

 

— Добры дзень, Стывэн, — прывітаўся прафэсар, падыходзячы да яго й зіркаючы цераз плячо. — Яшчур? Ці ты стаў..?

Быкамбратэрскім бардам.

 

КАЛАТНЯ Ў ШЫРОКА ВЯДОМЫМ РЭСТАРАНЕ

 

— Добры дзень, сэр, — адказаў Стывэн, чырванеючы. — Гэта ня мой ліст. Містэр Гэрэт Дызі мяне прасіў...

— О, я зь ім знаёмы, — сказаў Майлс Кроўфард — і зь ягонай жонкай бываў знаёмы. Другой такой заедлівай бабы сьвет яшчэ ня бачыў. У яе то быў несумненны яшчур, дальбог! Таго вечару, калі яна плюхнула крупнікам афіцыянту ў ”Зорцы й Падвязцы”. Ого!

Жанчына прынесла з сабою грэх у гэты сьвет. За Алену, зьбеглую жонку Мэнэлая, грэкі дзесяць гадоў. О’Рорк, прынц Брэфні.

— Ён удавец? — спытаўся Стывэн.

— Але, саламяны, — адказаў Майлс Кроўфард, прабягаючы вачыма машынапіс. — Імпэратарскія коні. Габсбург. Ірляндзец уратаваў яму жыцьцё на бастыёнах Вены. Не забывайцеся! Максыміліян Карл О’Донэл, граф фон Тырконэл у Ірляндыі. Цяпер паслаў свайго насьледніка, каб той прывёз каралю тытул аўстрыйскага фэльдмаршала. Калі-небудзь яшчэ будзе з гэтым клопат. Дзікія гусі. О так, кожны раз. Не забывайцеся пра гэта!

— Пытаньне тут, ці не забыўся пра гэта ён? — ціха сказаў Дж. Дж. О’Молай, круцячы ў руках прыціск-падкову для паперы. — Ратаваньне прынцаў — гэта занятак за дзякуй.

Прафэсар МакХ’ю павярнуўся да яго.

— А калі не? — спытаўся ён.

— Я вам скажу, як яно было, — пачаў Майлс Кроўфард. — Аднаго разу той мадзяр...

 

ПРАПАШЧЫЯ СПРАВЫ

УЗГАДВАЕЦЦА ШЛЯХЕТНЫ МАРКІЗ

 

— Мы заўсёды заставаліся верныя прапашчым справам, — сказаў прафэсар. — Посьпех для нас абазначае пагібель розуму й фантазіі. Мы ніколі не былі верныя людзям посьпеху. Мы ім прыслужваем. Я вучу крыклівай лацінскай мовы. Я гавару на мове расы, у якой вяршыняй думкі быў афарызм: час ёсьць грошы. Матэрыяльнае панаваньне. Dominus! Пан! А дзе духоўнасьць? Пан Езус. Пан Солсбэры. Канапа ў клюбе ва Ўэст-Эндзе. Але грэкі!

 

КЮРЫЕ ЭЛЕЙСАН!Госпадзе, зьлітуйся! (грэц.).


Сьветлая ўсьмешка праясьніла ягоныя вочы ў цёмнай аправе, падоўжыла ягоныя доўгія вусны.

— Грэкі! — паўтарыў ён. — Кюрыёс!Госпад; спадар (грэц.). Зіхоткае слова! Галосныя, якіх ня ведаюць сэміты й саксы. Кюрые! Прамяністасьць розуму. Я павінен быў вучыць грэцкай мовы, мовы інтэлекту. Кюрые элейсан! Будаўнікі клязэтаў і кляакаў ніколі ня стануць панамі нашага духу. Мы васальныя насьледнікі каталіцкага рыцарства Эўропы, якое пайшло на дно пры Трафалгары, і каралеўства духу, не imperium, якое патанула разам з атэнскім флётам пры Эгаспатамах. Так, так. Яны патанулі. Пір, зьведзены варажбою, учыніў апошнюю спробу павярнуць лёс Грэцыі. Верны прапашчай справе.

Ён адыйшоўся да вакна.

— Яны заўсёды йшлі ў паход, — прамовіў містэр О’Мэдэн Бэрк змрочным голасам, — і падалі ў бітвах.

— Буугуу! — ціхутка заплакаў Лэнэхан. — Дастаў цэглай пад канец таго спэктаклю. О бедны, бедны, бедны Пір!

Потым ён пачаў шаптаць Стывэну на вуха:

 

ЛІМЭРЫК ЛЭНЭХАНА

 

Вучоны муж МакХ’ю, што з Тыпэрары,

На нос чапляў у чорным акуляры.

Але наогул, не сакрэт,

Яму ў вачох дваіўся сьвет,

І бачыў ён свой сумны нос у пары.

 

У жалобе па Салюстыю, як кажа Маліган. У якога маці здохла.

Майлс Кроўфард запіхнуў лісткі ў кішэню.

— Гэта падыйдзе, — сказаў ён. — Астатняе прачытаю пасьля. Усё будзе ў парадку.

Лэнэхан выцягнуў рукі ў жэсьце пратэсту.

— А што з маёй загадкай? — сказаў ён. — Якая опэра найпрыгажэй кульгае?

— Опэра? — азагадкавеў сфінксападобны твар містэра О’Мэдэна Бэрка.

Лэнэхан задаволена абвясьціў:

— ”Ружа Кастыліі”. Уцямілі? Ружа, кастыль. Гі!

Ён лагодна пырнуў містэра О’Мэдэна Бэрка пад селязёнку. Містэр О’Мэдэн Бэрк зграбна падаўся ўзад, усьпёрся на свой парасон і зрабіў выгляд, нібыта задыхаецца.

— Памажэце! — выдыхнуў ён. — Адчуваю моцную слабасьць.

Лэнэхан, прыўзьняўшыся на пальчыкі, пачаў шпарка абвейваць ягоны твар шастлівымі лісткамі.

Прафэсар, вяртаючыся на месца ўсьцяж падшывак, лёгка крануўся рукою свабодна павіслых гальштукаў Стывэна й містэра О’Мэдэна Бэрка.

— Парыж, колішні й сёньняшні, — сказаў ён. — Вы выглядаеце, як камунары.

— Як тыя малойцы, што ўзарвалі Бастылію, — сказаў Дж. Дж. О’Молай зь мяккай іроніяй. — Ці, можа, гэта вы прыстрэлілі генэрал-губэрнатара Фінляндыі? Мяркуючы па выглядзе, вы б маглі пайсьці на такое. Генэрала Бобрыкава.

 

OMNIUM ПАКРЫХУМ

 

— Мы яшчэ толькі зьбіраліся, — сказаў Стывэн.

— Скупішча ўсіх талентаў, — сказаў Майлс Кроўфард. — Юрыстыка, старажытныя мовы...

— Скачкі, — уставіў Лэнэхан.

— Літаратура, журналістыка.

— А калі б быў Блюм, — сказаў прафэсар, — тады й рафінаванае мастацтва рэклямы.

— І мадам Блюм, — дадаў містэр О’Мэдэн Бэрк. — Муза сьпеву. Улюбёнка Дубліну.

Лэнэхан гучна кашлянуў.

— Агм! — сказаў ён моцна сьцішаным голасам. — Сьвяжок глытага паветра! Я прастудзіўся ў парку. Брама была адчыненая.

 

ВЫ ГЭТА МОЖАЦЕ!

 

Рэдактар паклаў Стывэну на плячо нэрвовую руку.

— Я хачу, каб вы напісалі штонебудзь для мяне, — сказаў ён. — Штонебудзь з задзёрам. Вы гэта можаце. Я па твары бачу. У слоўніку маладосьці...

Па твары бачу. Па вачох бачу. Лянівы абвялы малы камбінатар.

— Яшчур! — выкрыкнуў рэдактар з пагардай. — Вялікае зборышча нацыяналістаў у Борыс-ін-Осары. Спрэс лухта! Публіку трэба агламазьдзіць! Дайце ім нешта з задзёрам. Устаўце туды нас усіх, ядры яго ў душу. Айца Сына й Сьвятога Духа й Гаўняка МакКарты.

— Мы ўсе можам паднесьці спажывы для розуму, — сказаў містэр О’Мэдэн Бэрк.

Стывен падняў вочы на дзёрзкі й няўважлівы пагляд.

— Ён хоча вас уцягнуць у журналісцкую хэўру, — сказаў Дж. Дж. О’Молай.

 

ВЯЛІКІ ГАЛАХЕР

 

— Вы гэта можаце, — паўтарыў Майлс Кроўфард, заціскаючы далонь у кулак дзеля большага ўражаньня. — Пачакайце хвілю. Мы паралізуем Эўропу, як пагаворваў Ігнацыюс Галахер, калі ён бадзяўся й рабіў маркерам на більярдзе ў гатэлі ”Кларэнс”. Галахер, вось гэта быў журналіст. Вось было пяро. Ведаеце, як ён здабыў сабе ймя? Я вам скажу. Самы бліскучы ўзор журналісцкай кар’еры з усіх нам вядомых. Было гэта ў восемдзесят першым, шостага траўня, час непераможных, забойства ў парку Фінікс, думаю, вас тады яшчэ на сьвеце не было. Зараз вам пакажу.

Ён рушыў паўзь іх да падшывак.

— Вось пагляньце, — сказаў ён, абарочваючыся. — ”НьюЁрк Уорлд” заказаў спэцыяльны па тэлеграфе. Прыгадваеце тое?

Прафэсар МакХ’ю кіўнуў.

— ”Нью-Ёрк Уорлд”, — гаварыў рэдактар, набіраючы запалу й перасоўваючы саламяны капялюш на патыліцу. — Дзе ўсё здарылася. Тым Кэлі, дакладней кажучы, Кавана, Джо Брэды і ўсе астатнія. Дзе Казьліная Скурка кіраваў коньмі. Увесь маршрут, разумееце?

— Казьліная Скурка, — адазваўся містэр О’Мэдэн Бэрк. — Фіцхарыс. Кажуць, што цяпер ён трымае той прытулак рамізьніка каля Батскага мосту. Холахан мне казаў. Ведаеце Холахана?

— Хоп і налі яшчэ раз, гэта той? — спытаўся Майлс Кроўфард.

— І бедачына Гамлі таксама там, так ён мне казаў, пільнуе каменьне для гораду. Начны вартаўнік.

Стывен, зьдзіўлены, адвярнуўся.

— Гамлі? — спытаўся ён. — Што вы кажаце? Ці ня той, што сябруе з маім бацькам?

— Кіньце таго Гамлі! — выкрыкнуў раззлаваны Майлс Кроўфард. — Хай пільнуе гарадзкое каменьне, каб яму не ўцякло. Гляньце сюды. Што зрабіў Ігнацыюс Галахер? Зараз вам скажу. Геніяльнае натхненьне. Тэлеграфаваў адразу. Маеце ”Ўіклі Фрымэн” ад 17 сакавіка? Добра. Бачыце гэта?

Ён перагарнуў падшыўку й тыкнуў пальцам.

— Вось, скажам, чацьвёртая бачынка, рэкляма кавы Брансама. Бачыце? Добра.

Застракатаў тэлефон.

 

ГОЛАС ЗДАЛЁК

 

— Я падыму, — сказаў прафэсар, рушыўшы ў кабінэт.

— Б — гэта брама парку. Добра.

Ягоны дрыготкі палец тыкаў і падскокваў, пункт за пунктам.

— Т — рэзыдэнцыя віцэ-караля. К — месца забойства, Н — Нокмарунская брама.

Абвіслыя складкі скуры ў яго на шыі трэсьліся, як завушніцы пеўня. Кепска накрухмалены нагруднік раптоўна выскачыў на камізэльку, і ён рэзкім рухам запіхнуў яго назад.

— Алё? Тут ”Іўнінг Тэлеграф”... Алё?.. Хто гаворыць?... Так... Так... Так...

— Ад Ф да П — шлях, якім ехаў Казьліная Скурка дзеля алібі. Інчыкар, Раўндтаўн, Уінды Арбар, Палмэрстан Парк, Ранэла. Ф.А.Б.П. Зразумела? Х — тавэрна Дэйві на Верхняй Лісанстрыт.

У дзвярах кабінэту паказаўся прафэсар.

— Гэта Блюм звоніць, — сказаў ён.

— Пашлеце яго да д’ябла, — без запыну адказаў рэдактар. — Х — гэта тавэрна Бэрка, разумееце?

 

СПРЫТНА, ВЕЛЬМІ

 

— Спрытна, — сказаў Лэнэхан. — Вельмі.

— Паднёс ім усё на талерачцы, — сказаў Майлс Кроўфард, — усю гэтую крывавую гісторыю.

Кашмар, ад якога ніколі не прачнесься.

— Я сам бачыў, — з гордасьцю сказаў рэдактар. — Я сам быў пры гэтым. Дык Адамс, шчырае сэрца, найлепшы з усіх гультаёў, у якіх Госпад тхнуў жыцьцё ў Корку, і я.

Лэнэхан пакланіўся ўяўнай постаці й абвясьціў:

— Мадам, а во вам Адам. Авель з ружай, а жур зьлева.

— Усю гісторыю! — выкрыкнуў Майлс Кроўфард. — Старая з Прынс-стрыт аказалася першай. І было там ляманту й скрыгату зубамі. Праз адну рэклямную абвестку. Грэгар Грэй зрабіў эскіз, і ён адразу пайшоў уверх. А Пады Хупэр апрацаваў Т.П. і той узяў яго да сябе ў ”Стар”. Цяпер ён у Блюмэнфэлда. Вось гэта прэса. Вось гэта талент. П’ят! Вось хто ўсім быў татулем.

— Бацька сэнсацыйнай журналістыкі, — пацьвердзіў Лэнэхан, — і швагер Крыса Калінана...

— Алё?.. Вы там?.. Так, ён яшчэ тут. Лепш прыйдзеце самі.

— Дзе вы цяпер знойдзеце такога рэпартэра, га? — усклікнуў рэдактар.

Ён закрыў падшыўку.

— Спрыльмі ветна, — сказаў Лэнэхан містэру О’Мэдэну Бэрку.

— Вельмі спрытна, — пагадзіўся містэр О’Мэдэн Бэрк.

Прафэсар МакХ’ю выйшаў з кабінэту.

— Дарэчы, пра непераможных, — сказаў ён, — ці вы зьвярнулі ўвагу, што некаторых латочнікаў паставілі перад галоўным судзьдзёй...

— О, так, — ажыўлена загаварыў Дж. Дж. О’Молай. — Ледзі Дадлі йшла дадому праз парк, хацела пабачыць, як там леташні цыклён павыварочваў дрэвы, і надумала купіць абразок з дублінскім краявідам. А ён аказаўся паштоўкай у гонар ці то Джо Брэды, ці то Галоўнага, ці Казьлінай Скуркі. Прадавалі каля самай рэзыдэнцыі віцэ-караля, уявеце сабе!

— Цяперашнія падыходзяць адно ў краму з усялякім дробным барахлом, — сказаў Майлс Кроўфард. — Цьфу! Дзе прэса, дзе суд! Дзе вы цяпер знойдзеце такога юрыста, як тыя колішнія, як Уайтсайд, як Айзэк Бат, як срэбнамоўны О’Хэйган? Га? Ах, лухта сабачая! Месца ім адно ў публічнай прыбіральні!

Ён змоўк, але нэрвовыя сутаргі пагарды варушылі ягонымі губамі далей.

Захацела б якая-небудзь пацалаваць гэтыя губы? Адкуль ты ведаеш? Дык чаму ты тое напісаў?

 

РЫФМЫ Й РЭЗОНЫ

 

Губы, трубы. Ці губы — гэта нейкім чынам і трубы? Або трубы — гэта губы? Неяк павінны быць. Трубы, клубы, любы, зубы, грубы. Рыфмы: два чалавекі, апранутыя аднолькава, выглядаюць аднолькава, па два, пара за парай.

 

. . . . . . . . . . . . . . . . la tua pace
. . . . . . . . . . . . che parlar ti piace
. . . mentrechč il vento, come fa, si tace
Заключныя словы радкоў 92 і 94 ды ўвесь радок 96 з 5 песьні „Пекла” Дантэ. У вольным перакладзе радкі 9196 гучаць (курсывам падаюцца фразы, прыведзеныя Джойсам): Калі б кароль сусьвету быў нашым сябрам / мы малілі б яго, каб ён даў табе мір / за тое, што ты спагадаеш нашаму агіднаму лёсу. / Пра што ты любіш гаварыць і слухаць / мы пагаворым і паслухаем з табою / калі вецер, як цяпер, супакоіўся. (італ.)..

 

Ён бачыў, як яны надыходзяць, па трое, дзяўчаты ў зялёным, у ружовым, у ржавым, сплятаючыся, per l'aer persoПраз чорнае (пракажонае) паветра (італ.). ў лілёвым, у пурпуровым, quella pacifica oriafiammaТое спакойнае залатое полымя (арыфляма) (італ.)., у золаце арыфлямы, di rimirar fè più ardentiГлянуць яшчэ раз з большым захапленьнем (жарам) (італ.).. Але я стары, які раскайваецца, волава ў нагах, пад цемрывам ночы: губы трубы: скон лон.

— Кажы толькі за сябе, — сказаў містэр О’Мэдэн Бэрк.

 

ГОДЗЕ ДЛЯ КОЖНАГА ДНЯ...

 

Дж. Дж. О’Молай, невыразна ўсьміхаючыся, прыняў выклік.

— Мой дарагі Майлс, — сказаў ён, кідаючы сваю папяросу, — ты зрабіў з маіх слоў фальшывыя высновы. У гэты момант я не стаю ў абарону трэцяй прафэсіі quaЯк (лац.). прафэсіі, аднак жа шпаркасьць тваіх коркскіх ног занесла цябе задалёка. Чаму ж нам не прыгадаць Генры Гратана й Флада ці Дэмастэна, ці Эдмунда Бэрка? Мы ўсе ведаем Ігнацыюся Галахера й ягонага шэфа з Чэйплізоду, Хармсуарта, з газэткі за грошык, а таксама ягонага амэрыканскага сваяка з памыйнага лістка ў Баўэры, ня кажучы ўжо пра ”Навінкі Пады Кэлі”, ”Прыгоды П’ю” й нашага чуйнага сябру ”Скібірынскага Арла”. Навошта тут успамінаць такога майстра адвакацкай вымоўнасьці, як Уайтсайд? Годзе для кожнага дня свае газэты.

 

ВОДГУЛЬЛЕ ПРАМІНУЛЫХ ДЗЁН

 

— У гэтую во самую газэту пісалі Гратан і Флад, — выкрыкнуў рэдактар яму ў твар. — Ірляндзкія патрыёты-добраахвотнікі. А цяпер вы дзе? Заснаваная ў 1763. Доктар Лукас. А каго цяпер прыраўнаеш да Джона Філпота Карэна? Цьфу!

— Ну, што ж, — сказаў Дж. Дж. О’Молай, — каралеўскі адвакат Буш, напрыклад.

— Буш? — паўтарыў рэдактар. — Што ж, згодны. Буш, я згодны. У ягонай крыві гэта ёсьць. Кэндал Буш, гэта значыць, я хачу сказаць, Сэймур Буш.

— Ён ужо даўно сядзеў бы ў крэсьле судзьдзі, — сказаў прафэсар, — калі б не... Ды няважна.

Дж. Дж. О’Молай павярнуўся да Стывэна й ціха, з прыпынкамі, сказаў:

— Я думаю, што самая адшліфаваная фраза, якую я пачуў у жыцьці, выйшла з вуснаў Сэймура Буша. Было гэта на справе аб братазабойстве, той справе Чайлдса. Буш яго абараняў.

І ўліў у вушы мне ліхое зельле.

Дарэчы, як ён пра тое даведаўся? Ён жа памёр у сьне. Або тая іншая гісторыя, пра зьвера зь дзьвюма сьпінамі?

— Што гэта было? — спытаўся прафэсар.

 

ITALIA, MAGISTRA ARTIUMІталія, настаўніца мастацтваў (лац.).

 

— Ён гаварыў аб правасудзьдзі на аснове доказаў, — сказаў Дж. Дж. О’Молай, — аб рымскай справядлівасьці, супрацьстаўляючы яе болей даўняму закону Майсея, lex talionisЗакон адпомсты (вока за вока, зуб за зуб) (лац.).. І ўпамянуў пра Мікэлянджэлявага Майсея ў Ватыкане.

— Га.

— Некалькі старанна выбраных слоў, — папярэдзіў Лэнэхан. — Ціха!

Паўза. Дж. Дж. О’Молай выцягнуў свой партсыгар.

Дарма стаіліся. Нешта зусім звычайнае.

Вястун задуменна выняў пачак запалак і закурыў папяросу.

Пасьля, азіраючыся на мінулае, на тыя дзіўныя дні, я часта думаў пра той нязначны акт, сам па сабе пусты, той трэск запалкі, які вызначыў увесь далейшы лёс двух нашых жыцьцяў.

АДШЛІФАВАНАЯ ФРАЗА

Дж. Дж. О’Молай працягваў, старанна кшталтуючы словы:

— Ён сказаў: тая каменная выява застыглай музыкі, рагатая і пагрозьлівая, боская ў чалавечай форме, той вечны сымбаль мудрасьці й прароцтва заслугоўвае жыцьця, як заслугоўвае жыцьця твор рук і ўяўленьня разьбяра ў мармуры, духоўна пераўтвораным і пераўтвараючым.

Ягоная зграбная далонь закончыла фразу хвалістым рэхам.

— Знакаміта! — адразу адазваўся Майлс Кроўфард.

— Боскае натхненьне, — сказаў містэр О’Мэдэн Бэрк.

— А вам спадабалася? — спытаўся Дж. Дж. О’Молай у Стывэна.

Стывэн, з крывёй распаленай красою мовы й жэсту, пачырванеў. Ён узяў папяросу з партсыгара. Дж. Дж. О’Молай працягнуў партсыгар Майлсу Кроўфарду. Лэнэхан, як і папярэднім разам, даў ім агню і ўхапіў свой трафэй, кажучы:

— Вельмібус дзякібус.


ЧАЛАВЕК ВЫСОКАЙ МАРАЛЬНАСЬЦІ

 

— Прафэсар Мэйджэніс гаварыў мне пра вас, — зьвярнуўся Дж. Дж. О’Молай да Стывэна. — Скажэце па праўдзе, што вы думаеце пра той натоўп гермэтыстаў, паэтаў апалавага маўчаньня, з тым верхаводным містыкам А. Э.? Усё пачалося з тае Блаватчыхі. Была зь яе мудрагелістая штука. У адным зь інтэрв’ю нейкаму янкі А. Э. распавёў, як аднаго разу вы прыйшлі да яго на досьвітку й сталі распытваць пра пласты сьвядомасьці. Мэйджэніс уважае, што вы сабе строілі жарты з А. Э. Ён чалавек высокай маральнасьці, Мэйджэніс.

Гаварыў пра мяне. Што сказаў? Што ён сказаў? Што ён сказаў пра мяне? Ня буду пытацца.

— Не, дзякую, — сказаў прафэсар МакХ’ю, адхіляючы партсыгар ад сябе. — Пачакайце хвілінку. Дазвольце й мне нешта сказаць. Найзнакамітшым узорам аратарскага мастацтва, якое я чуў, была прамова Джона Ф. Тэйлара на пасяджэньні гістарычнага таварыства ва унівэрсытэце. Спачатку выступаў судзьдзя Фіцгібан, цяперашні старшыня апэляцыйнага суда, а разважалі яны пра рэч на той час новую — эсэ, якое падтрымлівала адраджэньне ірляндзкай мовы.

Ён павярнуўся да Майлся Кроўфарда й сказаў:

— Ты ж ведаеш Джэралда Фіцгібана, так што можаш уявіць сабе стыль ягонай прамовы.

— Ходзяць чуткі, што ён засядае з Тымам Хілі, — сказаў Дж. Дж. О’Молай, — у адміністрацыйнай камісіі каледжу Трыніты.

— Ён засядае зь мілюткай малюткай у дзіцячым нагруднічку, — сказаў Майлс Кроўфард. — Давай далей. Ну й што?

— Прашу заўважыць, — казаў прафэсар, — што гэта была прамова дасьведчанага аратара, з беззаганнай дыкцыяй, поўная ветлівай высакамернасьці, якая выплёсквала, не скажу, што келіх гневу, а хутчэй за ўсё пыхлівую пагарду да новага руху. Тады гэта быў новы рух. Мы былі слабыя й таму, мабыць, нічога ня вартыя.

На міг ён стуліў свае доўгія тонкія вусны, але прагнучы працягваць, паднёс шырока адстаўленую руку да акуляраў і, зьлёгку дакрануўшыся да іх вялікім і сардэчным пальцамі, дрыготкімі, перасунуў фокус.

 

ІМПРАВІЗАЦЫЯ

 

Будзённым голасам ён звярнуўся да Дж. Дж. О’Молая:

— Тэйлар, трэба вам ведаць, прыбыў туды хворы, адразу з пасьцелі. І я ня думаю, што ён падрыхтаваў сабе прамову загадзя, таму што ва ўсёй зале не было ні адной стэнаграфісткі. Твар у яго быў смуглы, схуднелы, аброслы калматай барадою. Пад шыяй вісела яму нейкая хустка, а сам ён выглядаў як чалавек пры сконе (хоць такім і ня быў).

Ягоны позірк адразу, хоць і бязь сьпеху, перасунуўся з Дж. Дж. О’Молая на твар Стывэна і зараз потым апусьціўся долу, як быццам нечага шукаючы. За пахіленай галавою паказаўся ненакрухмалены палатняны каўнерык, прыбруджаны парадчэлымі валасамі. Усё яшчэ чагосьці шукаючы, ён сказаў:

— Калі Фіцгібан закончыў сваю прамову, Джон Ф. Тэйлар устаў яму адказваць. Коратка ды наколькі магу сабе прыпомніць, ягоныя словы былі такія.

Ён пачаў:

Спадар старшыня, ледзі й джэнтльмэны! Вялікае было маё захапленьне заўвагамі, якія хвіліну таму скіраваў да ірляндзкае моладзі мой вучоны сябра. Мне здавалася, што я перанёсься ў краіну дужа адлеглую ад нашай і ў эпоху дужа аддаленую ад сёньняшняй, быццам я знаходжуся ў старажытным Эгіпце й слухаю прамову нейкага першасьвятара тае зямлі, скіраваную да маладога Майсея.

Ягоныя слухачы застыглі з папяросамі ў пальцах, і дым ад іх узыходзіў тонкімі парасткамі, што распускаліся адначасова зь ягонымі словамі. І няхай зьвілісты дым. Набліжаюцца шляхетныя словы. Паглядзім. А ты сам мог бы паспрабаваць?

І здавалася мне, быццам я чую, як у голасе таго эгіпскага першасьвятара гучыць нешта ад пыхлівасьці й ганарлівасьці. І пачуў я ягоныя словы, і іхні сэнс мне адкрыўся.

З АЙЦОЎ ЦАРКВЫ

Адкрылася мне, што рэчы добрыя заадно й дрэннымі зьяўляюцца, бо рэчы абсалютна добрыя або рэчы нядобрыя дрэннымі стаць ня могуць. А, ліха цябе бяры! Гэта ж са сьвятога Аўгустына.

Чаму вы, жыды, ня хочаце прыняць нашай культуры й нашай рэлігіі й нашай мовы? Вы — племя качуючых пастухоў, мы — магутны народ. У вас няма гарадоў і няма багацьцяў — нашы гарады нагадваюць людзкія мурашнікі, а нашы баркі, трырэмы й квадрырэмы, загружаныя ўсялякім таварам, барозьняць воды ўсяго спазнанага сьвету. Вы ледзь толькі выйшлі з першабытнага побыту — у нас ёсьць літаратура, сьвятарства, шматвяковая гісторыя й дзяржаўныя законы.

Ніл.

Дзіця, мужчына, выява.

На беразе Нілу маткімарыі паставалі на калені, калыска з трысьця: муж, упраўны ў бітве: каменнарогі, каменнабароды, сэрца каменнае.

Вы моліцеся нязначнаму й цёмнаму ідалу — у нашых сьвятынях, таямнічых і велічных, пражываюць Ізыда й Азырыс, Горус і Амон Ра. Ваш лёс — рабства, страх і зьнявагі; наш — перуны й прасьцягі мораў. Ізраіль слабы й нешматлікія дзеці ў яго — войскаў эгіпецкіх процьма, і страшэнная зброя ў іх. Валацугамі й наймітамі называюць вас — ад нашага ймя дрыжыць увесь сьвет.

Глухая галодная адрыжка ўварвалася ў ягоную прамову. Ён сьмела адолеў яе, павысіўшы голас:

Але, ледзі й джэнтльмэны, калі б малады Майсей паслухаўся й прыняў такі погляд на жыцьцё, калі б ён схіліў сваю галаву, схіліў сваю волю, схіліў свой дух перад тым напышлівым павучэньнем, то ён ніколі ня вывеў бы выбраны народ з дому няволі й не пайшоў бы днём за воблачным слупам. Ён ніколі не гаварыў бы са Спрадвечным на вяршыні Сынаю й не зыйшоў бы зь яе, зьзяючы бляскам натхненьня на абліччы й несучы ў руках скрыжалі закону, выбітага на мове выгнаньнікаў.

Ён змоўк і агледзеў іх, радуючыся маўчаньню.

 

ЗЛАВЕСНА — ДЛЯ ЯГО!

 

Дж. Дж. О’Молай не без шкадаваньня заўважыў:

— А ўсё-ткі ён памёр, не ступіўшы на абяцаную зямлю.

— Раптоўны — у — той — момант — хоць — ад — працяглай — хваробы — часта — загадзя — спадзякаваны — скон, — сказаў Лэнэхан. — І ззаду за ім ляжала вялікая будучыня.

Яны пачулі, як гурма босых ног праімчала паўз калідор і затупацела ўверх па лесьвіцы.

— Вось красамоўства, — сказаў прафэсар, не сустрэўшы пярэчаньня.

Паляцела зь ветрам. Незьлічоныя натоўпы ў Малахмасьце і ў каралеўскай Тары. Цэлыя мілі вушных адтулін. Словы трыбуна грымяць і разносяцца на ўсе чатыры вятры. Народ знаходзіў прытулішча ў ягоным голасе. Памёрлы гоман. Хронікі Акасы з запісам усяго, што калі-колечы дзе-колечы як-колечы было. Любеце яго і ўсхваляйце: я ўжо не.

Я маю грошы.

— Джэнтльмэны, — сказаў Стывэн. — Як наступны пункт павесткі дня дазвольце мне падаць прапанову аб пераносе пасяджэньня ў іншае месца.

— Вы мяне агаломшылі. Ці гэта, выпадкам, не француская ветлівасьць? — спытаўся містэр О’Мэдэн Бэрк. — Мяркую бо, часіна ёсьць тая, калі збан віна, кажучы мэтафарычна, асабліва бывае даспадобы ў вашай старажытнай гасподзе.

— Быць гэтаму так і тут вырашальна вырашаем. Усе хто за гэтым, кажы але, — заявіў Лэнэхан. — Хто насупор, не адзывайся. Агалошваю прапанову ўхваленай. У якое, менавіта, запівацкае стойла? ... Даю свой голас за Муні!

Ён узначаліў паход, павучаючы:

— Мы непахісна адрынем спакусу галавакружных напояў, ці ня так? Так, ня так. Ні ў якім выпадку.

Містэр О’Мэдэн Бэрк, ідучы за ім амаль усутыч, зрабіў збройны выпад парасонам і выкрыкнуў:

— Бі, Макдуф!

— Якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын! — выкрыкнуў рэдактар, ляпнуўшы Стывэна па плячы. —Хадзем. Дзе тыя клятыя ключы?

Ён пашнарыў у кішэні й выцягнуў пакамячаныя машынапісныя лісткі.

— Яшчур. Помню. Усё будзе ў парадку. Пойдзе. Дзе ж яны? Усё ў парадку.

Ён запіхнуў лісткі назад і ўвайшоў у кабінэт.

 

МАЙМА НАДЗЕЮ

 

Дж. Дж. О’Молай, намерыўшы пайсьці за ім, сказаў Стывэну паціху:

— Спадзяюся, вы дажывяце, калі тое надрукуюць. Майлс, адну хвілінку!

Ён увайшоў у кабінэт, зачыніўшы дзьверы за сабою.

— Хадземце, Стывэн, — сказаў прафэсар. — Гэта было знакаміта, праўда? Амаль што прарочы відзеж. Fuit Ilium!Быў Іліён! (лац.). Грабеж ветранай Троі. Каралеўствы гэтага сьвету. Былыя валадары Міжземнамор’я — сёньня фэлахі.

Першы хлопецгазэтнік тупатліва зьбег па лесьвіцы й, мінуўшы іх, вылецеў на вуліцу зь віскам:

— Спэцыяльны на скачкі!

Дублін. Мне трэба шмат-шмат чаго навучыцца.

Яны павярнулі налева, на Эбістрыт.

— На мяне таксама найшоў відзеж, — сказаў Стывэн.

— Так? — сказаў прафэсар, зладжваючы свой крок зь ягоным. — Кроўфард нас дагоніць.

Яшчэ адзін газэтнік пранёсься паўз іх зь віскам на бягу:

— Спэцыяльны на скачкі!

 

ДАРАГІ ДРУЗЛЫ ДУБЛІН

 

Дублінцы.

— Дзьве дублінскія вэсталкі, — сказаў Стывэн, — пастарэлыя й набожныя, пражылі пяцьдзесят і пяцьдзесят тры гады на Фамбалілэйн.

— Дзе гэта? — спытаўся прафэсар.

— Убок ад Блэкпітсу.

Вогкая ноч з галоднымі пахамі пякарні. Ля сцяны. Азызлы твар паблісквае пад зрэбным шалем. Шалёныя сэрцы. Хронікі Акасы. Хутчэй, любік!

Уперад. Рызыкні. Хай будзе жыцьцё.

— Яны хочуць паглядзець панараму Дубліну зь вяршыні калёны Нэльсана. У іх адкладзеныя тры шылінгі й дзесяць пэнсаў у чырвонай бляшанай скарбонцы, якая выглядам нагадвае паштовую скрынку. Яны вытрасаюць адтуль трохпэнсавікі й шасьціпэнсавік, а пэнсы вылузваюць лязом нажа. Два шылінгі й тры пэнсы срэбрам, адзін шылінг і сем пэнсаў медзьдзю. Яны надзяваюць капялюшыкі й нядзельныя сукенкі, бяруць з сабою парасоны на выпадак дажджу.

— Мудрыя дзевы, — сказаў прафэсар МакХ’ю.

 

ЖЫЦЬЦЁ БЕЗ ЗАКРАСЫ

 

— За шылінг і чатыры пэнсы яны закупляюць сьвініны ды чатыры лустачкі хлеба ў міс Кэйт Колінс, уласьніцы Паўночных Сталовак на Марлбара-стрыт... Купляюць яшчэ дваццаць чатыры дасьпелыя сьлівы ў дзяўча, якое гандлюе ля падножжа калёны Нэльсана, каб наталіць смагу пасьля сьвініны. Заплаціўшы двума трохпэнсавікамі джэнтльмэну ля турнікету, яны пачынаюць паволі караскацца па вітых сходах, крэкчучы, падбадзёрваючы адна адну, баючыся цёмных месцаў, перамагаючы задышку, пытаючыся адна ў адной а сьвініна ў вас, усхваляючы Госпада й Багаслаўлёную Дзеву, грозячыся павярнуць назад, вызіраючы праз пазы. Слава Богу. Яны й ня думалі, што так высока.

Называюць іх Эн Карнс і Флорэнс МакКэйб. У Эн Карнс радыкуліт, і яна націраецца ад яго люрдзкай вадой, якую ёй дала адна ледзі, якая ў сваю чаргу дастала поўную пляшку ад аднаго манахапасыяніста. У Флорэнс МакКэйб кожнай суботы на вячэру сьвіныя ножкі й бутэлька дубальтовага піва.

— Антытэза, — сказаў прафэсар, двойчы кіўнуўшы галавою. — Дзевы-вэсталкі. Як жывыя перад вачыма. А што там затрымлівае нашага сябра?

Ён адвярнуўся.

Чарада газэтнікаў на злом галавы ляцела ўніз па прыступках, разьлятаючыся на ўсе бакі, галёкаючы, трапечучы белымі лісткамі газэтаў. Зараз за імі на лесьвіцы паявіўся Майлс Кроўфард у аўрэолі капелюша вакол барвовага аблічча, размаўляючы з Дж. Дж. О’Молаем.

— Ідзеце за намі, — крыкнуў прафэсар, махаючы рукою.

Ён рушыў і зноў параўняўся са Стывэнам.

 

ВЯРТАНЬНЕ БЛЮМА

 

— Так, — сказаў ён. — Як жывыя перад вачыма.

Містэр Блюм, запыхканы, схоплены ў вір расшалелых хлапчукоў з газэтамі каля рэдакцыяў ”Айрыш Католік” і ”Дублін Пэні Джорнэл”, паклікаў:

— Містэр Кроўфард! Хвілінку!

— ”Тэлеграф”! Спэцыяльны на скачкі!

— Што там? — спытаўся Майлс Кроўфард, спавольваючы крок.

Газэтнік выкрыкнуў перад носам містэра Блюма:

— Жахлівая трагедыя ў Ратмайнсе! Дзіця заціснула кавальскім мехам!

 

РАЗМОВА З РЭДАКТАРАМ

 

— Толькі наконт абвесткі, — сказаў містэр Блюм, праціскаючыся да прыступак, пасопваючы й выймаючы выразку з кішэні. — Я толькі што размаўляў з містэрам Клютчам. Ён дасьць заказ на два месяцы. А там паглядзіць. Але ён яшчэ хоча зацемку ў ”Тэлеграфе”, у суботнім ружовым, каб прыцягнуць увагу. І ён хоча, калі не запозна, я ўжо казаў райцы Нанэці, такую як у ”Кілкэні Піпл”. Я мог бы дастаць яе ў нацыянальнай бібліятэцы. Разумееце, дом ключоў. Ягонае прозьвішча Клютч. Атрымліваецца гульня слоў. А ён, практычна, паабяцаў, што дасьць заказ. Але ён толькі хоча, каб гэта крыху разадзьмуць. Што я маю яму сказаць, містэр Кроўфард?

 

П.М.С.

 

— Скажэце яму, што ён можа пацалаваць мяне ў сраку! — сказаў Майлс Кроўфард, распасьціраючы рукі ўражальным жэстам. — Так яму папросту й скажэце.

Трохі нэрвуецца. Зважай на шквалы. Усе рушылі выпіць. Рука ў руку. Морская шапка Лэнэхана сьпяшаецца на дармоўшчыну. Як заўжды падлізаўся. Цікава хто ўсіх намовіў малады Дэдал ці што. Сёньня ў яго зусім добрая пара чаравікаў на нагах. Апошнім разам як я яго бачыў яму вызіралі пяткі. Дзесьці ўлез у гразь. Неабачлівы тып. Што ён рабіў у Айрыштаўне?

— Што ж, — сказаў містэр Блюм, зноў пераводзячы позірк на рэдактара. — Калі я дастану малюнак, варта, па-мойму, зьмясьціць кароткую зацемку. Думаю, ён дасьць тую абвестку. Я яму скажу...

 

П.М.К.І.С.

 

— Ён можа пацалаваць маю каралеўскую ірляндзкую сраку! — гучна выкрыкнуў Майлс Кроўфард цераз плячо. — У любую пору, калі толькі захоча, скажэце яму.

Пакуль містэр Блюм, блізкі ўсьмешкі, стаяў і ўзважваў становішча, той рушыў далей сваёй дрыглівай паходкай.

 

У ПОШУКАХ ВЕТРУ Ў ПОЛІ

 

Nulla bonaНіякай маёмасьці (лац.)., Джэк, — сказаў ён, падымаючы руку да падбародка. — У мяне самога пасюль. Таксама пятля шыю душыць. Не далей як на мінулым тыдні я сам шукаў, хто даў бы паруку на мой вэксаль. Добрую волю прыймай за ўчынак. Вельмі шкадую, Джэк. Калі б вецер нешта прывеяў, я б усёй душой.

Дж. Дж. О’Молай скрывіўся й пайшоў далей моўчкі. Яны нагналі астатніх і пайшлі ўпоравень.

— Калі яны зьелі сваю сьвініну й хлеб і выцерлі ўсе дваццаць пальцаў абгорткай ад хлеба, тады падыйшлі бліжэй да балюстрады.

— Тут штосьці для вас, — выясьніў прафэсар Майлсу Кроўфарду. — Дзьве старыя дублінскія жанчыны на вяршыні калёны Нэльсана.

 

НУ Й КАЛЁНА! — ВОСЬ ШТО

СКАЗАЛА АДНА З КАРАСКАЛЬНІЦ

 

— Гэта сьвежае, — сказаў Майлс Кроўфард. — Гэта матэрыял. Выбраліся на пікнік майстроў дратвы ў даліну Даргл. Дзьве старыя хітрунькі, што?

— Але яны пабойваюцца, што калёна можа зваліцца, — працягваў Стывэн. — Яны глядзяць на дахі й спрачаюцца, дзе які касьцёл: блакітны купал у Рэтмайнсе, Адама й Эвы, Сьвятога Лоўрэнса О’Тула. Але ад гэтых розглядаў у іх пачынае кружыць у галаве, дык яны задзіраюць спадніцы...

 

ТЫЯ КРЫХУ НЯЎРЫМСЬЛІВЫЯ ЖАНКІ

 

— Давайце лягчэй, — сказаў Майлс Кроўфард. — Без паэтычных вольнасцяў. Мы цяпер на абшары архіяпіскапа.

— І сядаюць на сваю паласатую бялізну, зіркаючы ўгору на статую аднарукага чужаложніка.

— Аднарукі чужаложнік! — усклікнуў прафэсар. — Мне гэта падабаецца. Я ўхапіў думку. Я разумею, што вы маеце на ўвазе.

 

ЗДАВАЛАСЯ, ДАМЫ ДОРАЦЬ ДУБЛІНСКІМ

ГРАМАДЗЯНАМ ХУТКАСНЫЯ ПІГУЛКІ

ДЫ ШПАРКАЛЁТНЫЯ МЭТЭАРЫТЫ

 

— Ад гэтага ў іх пачынаюць балець шыі, — гаварыў Стывэн, — і яны так змарыліся, што ўжо ня могуць глядзець ні ўверх ні ўніз, ні нават размаўляць. Яны ставяць паміж сабою торбачку са сьлівамі й выядаюць іх адна за адною, падціраючы хустачкамі сок, што выцякае ім з ратоў, і нясьпешна плююць костачкамі праз балюстраду.

На заканчэньне ён нечакана выбухнуў гучным маладым сьмехам. Пачуўшы яго, Лэнэхан і містэр О’Мэдэн Бэрк адвярнуліся, кіўнулі на іх і рушылі наўскасяк да Муні.

— Усё? — спытаўся Майлс Кроўфард. — На гэтым закончым, каб не нарабілі чаго горшага.

 

САФІСТ ЛУПІЦЬ ГАНАРЛІВУЮ АЛЕНУ ПРОСТЫМ ПА НЮХАЎЦЫ.

СПАРТАНЦЫ СКРЫГОЧУЦЬ КАРЭННЫМІ.

ІТАКІЙЦЫ ПРЫСЯГАЮЦЦА, ШТО ПЭН ЧЭМПІЁНКА

 

— Вы мне нагадваеце Антыстэна, — сказаў прафэсар, — вучня сафіста Горгія. Пра яго казалі, што ніяк не маглі выявіць, каго ён болей цьвяліў — іншых ці самога сябе. Ён быў сынам арыстакрата й нявольніцы. І ён напісаў кніжку, у якой адабраў пальму першынства па красе ад аргоскай Алены й перадаў яе беднай Пэнэлёпе.

Бедная Пэнэлёпа. Пэнэлёпа Рыч.

Яны падрыхтаваліся перайсьці О’Конэл-стрыт.

 

АЛЁ, ЦЭНТРАЛЬНАЯ!

 

У размаітых пунктах на ўсіх васьмі каляінах стаялі на рэйках зь нерухомымі дугамі трамваі, што йшлі да або ад Рэтмайнсу, Рэтфарнэму, Блэкроку, Кінгстаўну й Долкі, Сэндымаўнт Грын, Рынгсэнду й Сэндымаўнт Таўэр, Донібруку, Палмэрстан Парку й Верхняга Рэтмайнсу, у непарушным супакоі кароткага замыканьня. Наёмныя экіпажы, кабрыялеты, ламавыя вазы, паштовыя фургоны, прыватныя карэты, павозкі з грукатлівымі скрынямі бутэлек газаванай мінэральнай вады грукаталі, каціліся, коннарухомыя, хутка.

 

ЯК? — І ГЭТАКСАМА — ДЗЕ?

 

— Але як вы гэта назавяце? — спытаўся Майлс Кроўфард. — Дзе яны ўзялі тыя сьлівы?

 

З ВЭРГІЛІЯ, КАЖА ПЭДАГОГ.

ДРУГАКУРСНІК ПРЫСУДЖАЕ СЬЛІВЫ

СТАРОМУ МАЙСЕЮ

 

— Назавяце гэта... чакайце, — сказаў прафэсар, шырока растуліўшы свае доўгія вусны ў роздуме. — Назавяце гэта... дайце мне падумаць. Назавяце так: deus nobis hæc otia fecitБог даў нам гэты адпачынак (лац.)..

— Не, — сказаў Стывэн. — Я гэта назаву: Від на Палестыну з гары Фасгі, ці Прыпавесьць аб сьлівах.

— Разумею, — сказаў прафэсар.

Ён гучна расьсьмяяўся.

— Разумею, — паўтарыў ён са сьвежым задавальненьнем. — Майсей і абяцаная зямля. Гэта мы яго навялі на думку, — дадаў ён, зьвяртаючыся да Дж. Дж. О’Молая.

 

ГАРАЦЫЙ — ПРАВОДНАЯ ЗОРКА Ў ГЭТЫ

ПАГОДЛІВЫ ЧЭРВЕНЬСКІ ДЗЕНЬ

 

Дж. Дж. О’Молай скоса кінуў змораны пагляд на статую, далей не адзываючыся.

— Разумею, — сказаў прафэсар.

Ён спыніўся на выбрукаваным астраўку перад помнікам Джону Грэю й глядзеў угору на Нэльсана празь сетку маршчынак сваёй крывой усьмешкі.

 

ПАДРЭЗАНЫЯ ПАЛЬЦЫ АКАЗВАЮЦЦА ЗАНАДТА

ВЯЛІКАЙ СПАКУСАЙ ДЛЯ СВАВОЛЬНЫХ КАБЕТАЎ.

ЭН ВЕРЦІЦЦА, ФЛО КРУЦІЦЦА — АДНАК ЦІ

БУДЗЕМ ІХ АСУДЖАЦЬ?

 

— Аднарукі чужаложнік, — паўтарыў ён панура. — Мушу сказаць, гэта мяне разварушыла.

— Разварушыла й тыя дзьве старыя, — сказаў Майлс Кроўфард, — калі б толькі Ўсёмагутны дазволіў нам даведацца ўсяе праўды.

Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=74 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

07 Aeolus

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Jorge Lewinsky — Aeolus
Jorge Lewinsky — Aeolus
In the Heart of the Hibernian Metropolis/ BEFORE NELSON'S PILLAR TRAILS SLOWED, SHUNTED, CHANGED TROLLEY, started for Blackrock, Kingstown and Dalkey, Clonskea, Rathgar and Terenure, Palmerston park and upper Rathmines, Sandymount Green, Rathmines, Ringsend and Sandymount Tower, Harold's Cross. The hoarse Dublin United Tramway Company's timekeeper bawled them off:/ — Rathgar and Terenure!/ — Come on, Sandymount Green!/ Right and left parallel clanging ringing a doubledecker and a singledeck moved from their railheads, swerved to the down line, glided parallel./ — Start, Palmerston park!/ The Wearer of the Crown/ Under the porch of the general post office shoeblacks called and polished. Parked in North Prince's street His Majesty's vermilion mailcars, bearing on their sides the royal initials, E. R., received loudly flung sacks of letters, postcards, lettercards, parcels, insured and paid, for local, provincial, British and overseas delivery...