Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 06 Hades

06 Hades

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

МАРЦІН КАНІНГАМ, ПЕРШЫ, СУНУЎ ГАЛАВУ Ў ЦЫліндры ў рыплівую карэту й, спрытна ўвайшоўшы, сеў. Містэр Паўэр ступіў за ім, абачліва прыгнуўшы сваю высокую фігуру.

— Уваходзь, Сайман.

— За вамі, — сказаў містэр Блюм.

Містэр Дэдал хутка накрыў галаву й, уваходзячы, сказаў:

— Так, так.

— Усе ўжо тут? — запытаўся Марцін Канінгам. — Уваходзь, Блюм.

Містэр Блюм увайшоў і сеў на вольнае месца. Потым пацягнуў за дзьверцы й бразнуў імі, шчыльна зачыніўшы. Прасунуў руку праз пятлю й з сур’ёзным выглядам зірнуў праз адкрытае ваконца карэты на паапусканыя шторы ўздоўж алеі. Адна адцягнутая ўбок: цікуе нейкая старая. Беларасплюснуты нос на шыбіне. Дзякуе нябёсам, што яе абмінулі. Надзвычайна, якая ў іх цікаўнасьць да трупаў. З радасьцю выпраўляюць нас на той сьвет, раз такі клопат нараджаць на гэты. Занятак, відаць, ім даспадобы. Скрытнічаюць па куткох. Дрыпаюць паціху ў шлёпанцах, баючыся, што яшчэ прачнецца. Потым рыхтуюць у дарогу. Кладуць на стол. Молі й місіс Флэмінг засьцілаюць ложак. Пацягнеце яшчэ крыху да сябе. Наш саван. Не даведаесься, хто цябе будзе кранаць, калі памрэш. Абмываньне цела. Пазногці й валасы, здаецца, падразаюць. Захаваць крыху на памятку ў канвэрце. Потым усё роўна адрастаюць. Гідкі занятак.

Усе чакалі. Ніхто не азваўся. Пэўна, выносяць вянкі. Я сеў на нешта мулкае. А, гэта ж мыла, у задняй кішэні. Лепш забраць яго адтуль. Пачакай адпаведнай нагоды.

Усе чакалі. Потым сьпераду данёсься водгук колаў, набліжаўся, потым стукат капытоў. Тузанула. Карэта рушыла, парыпваючы й пагойдваючы. Ззаду рушылі іншыя капыты й рыплівыя колы. Перасунуліся паапусканыя шторы й нумар дзевяты з адчыненымі дзьвярыма, з крэпам на ляскотцы. Паволі, ступою.

Яны яшчэ чакалі, з устрасанымі каленямі, пакуль не павярнулі й не паехалі ўсьцяж трамвайнай лініі. Трайтанвіл-роўд. Хутчэй. Колы забразгацелі па брукаванай вуліцы, і бразгатліва затрэсьліся шыбіны ў няшчыльных рамах.

— Кудою ён нас вязе? — спытаўся містэр Паўэр у абодвух ваконцаў.

— Айрыштаўн, — адказаў Марцін Канінгам. — Рынгсэнд. Брансуік-стрыт.

Містэр Дэдал выглянуў навонкі й кіўнуў галавою.

— Добры стары звычай, — сказаў ён. — Я рады, што яго не забылі.

Усе хвіліну якую паўзіраліся праз ваконцы на шапкі й капелюшы, прыпадыманыя прахожымі. Ушанаваньне. Мінуўшы Ўотэры-лэйн, карэта збочыла ад трамвайнай лініі на гладшую дарогу. Раптам містэр Блюм запрыкмеціў зграбнага маладога чалавека ў жалобе і ў шырокім капелюшы.

— А вунь пайшоў адзін ваш сябар, Дэдал, — сказаў ён.

— Хто такі?

— Ваш сын і насьледнік.

— Дзе ён? — спытаўся містэр Дэдал, перахіляючыся да ваконца насупраць.

Карэта, мінуўшы камяніцы пры параскопванай, скрозь у раўчукох і ямінах, вуліцы, крута павярнула за рог і, зноў зьехаўшы да трамвайнай лініі, гучна кацілася далей на грукатлівых колах. Містэр Дэдал апаў назад і запытаўся:

— А той нахабнік Маліган быў зь ім? Ягоны fidus AchatesВерны Ахат (лац.).?

— Не, — адказаў містэр Блюм. — Ён быў адзін.

— Ён, пэўна, ад цёткі Салі, — сказаў містэр Дэдал. — Ад хэўры Гулдынгаў, п’янага маларослага калькулятара й Крысі, таго маленькага таткавага гаўнячка, мудрага дзіцятка, якое ведае свайго бацьку.

Містэр Блюм невясёла ўсьміхнуўся ў бок Рынгсэнд-роўд. Браты Ўолес, выраб бутэлек. Мост Додэр.

Рычы Гулдынг з адвакацкім партфэлем. Гулдынг, Коліс і Ўорд, гэтак ён называе сваё бюро. Ягоныя жарты ўжо крыху пратухлі. А быў жа зь яго козыр. У нядзелю ранкам танцаваў на Стэймэр-стрыт вальс зь Ігнацыюсам Галахерам, насадзіўшы на галаву два гаспадыніны капелюшы. Цэлымі начамі мог калабродзіць. Цяпер пачынае адбівацца на ім: баюся, той ягоны боль у крыжы. Жонка масажуе яму сьпіну прасам. Думае вылечыцца пігулкамі. А яны ўсёроўна што галачкі хлеба. Працэнтаў шэсцьсот чыстага даходу.

— Зьвязаўся з паспалітым збродам, — бурчаў містэр Дэдал. — Той Маліган — гэта халерная зараза й крывадушны лайдак пад кожным выглядам. Само ягонае ймя ўжо сьмярдзіць ва ўсім Дубліне. Але з дапамогаю Божаю й Сьвятое Дзевы я ім займуся й напішу ягонай матцы, цётцы ці хто там яна яму, такі ліст, ажно ёй зіркачы палезуць на лоб. Пачухаю яму азадак, кажу вам.

Ён стараўся перакрычаць грукат колаў:

— Я не дазволю, каб ейны байструкаваты пляменьнік зводзіў майго сына. Родам з-за прылаўка. Стужкі прадаваў у майго сваяка, Пітэра МакСвайні. Гэтак ня будзе.

Змоўк. Містэр Блюм перанёс позірк зь ягоных раззлаваных вусаў на рахманы твар містэра Паўэра, потым на вочы й бараду Марціна Канінгама, якія паважна трэсьліся. Крыклівы самавольны чалавек. Поўніцца сваім сынам. І слушна. Штосьці, за што можна трымацца. Калі б малы Рудзі выжыў. Бачыць, як ён расьце. Слухаць ягоны голас у доме. Як ідзе побач з Молі ў ітанскай куртачцы. Мой сын. Я ў ягоных вачох. Гэта было б дзіўнае адчуваньне. Ад мяне. Сьляпы выпадак. Гэта мусіць таго ранку на Рэйманд-тэрэс яна ля вакна глядзела як спароўваюцца сабакі пры сьцяне не чынеце зла. І сяржант вышчараўся. Яна была ў тым палевым халаце з распоратым швом, якога ніколі й не зашыла. Прысунься, Польдзі. Божа, я паміраю ад ахвоты. Так пачынаецца жыцьцё.

Потым зацяжарыла. Мусіла адмовіцца ад канцэрту ў Грэйстаўне. Мой сын у ейным нутры. Я мог бы дапамагчы яму ў жыцьці. Мог бы. Зрабіць самастойным. І навучыць нямецкай мовы.

— Мы ня позьнімся? — запытаўся містэр Паўэр.

— Дзесяць хвілінаў, — глянуўшы на гадзіньнік, адказаў Марцін Канінгам.

Молі. Мілі. Тое самае, толькі разбаўленае вадою. Божкаецца, як пракудлівы хлопец. А божухна з падскокам! О, сьвятыя нягоднікі! Каханае дзяўчо, усё-ткі. Неўзабаве стане жанчынай. Молінгар. Найдаражэйшы Татулю. Малады студэнт. Так, так: таксама жанчына. Жыцьцё, жыцьцё.

Карэту хібанула ўзадуперад, калыхнула іхнімі чатырма тулавамі.

— Корні мог бы нам даць больш выгодную дрынду, — азваўся містэр Паўэр.

— Мог бы, — сказаў містэр Дэдал, — калі б не хварэў на касавокасьць. Вы мяне разумееце?

Ён прымружыў левае вока. Марцін Канінгам пачаў вымятаць хлебныя крышкі зпад сваіх сьцёгнаў.

— Божа ты мой, а гэта што? — зьдзівіўся ён. — Крышкі?

— Здаецца, хтосьці нядаўна ладзіў тут пікнік, — сказаў містэр Паўэр.

Усе прыўзьнялі сьцягнякі, непрыхільнымі паглядамі абмералі цьвілую, з абарванымі гузікамі, скуру сядзеньняў. Містэр Дэдал, пакруціўшы носам, нахмарана глянуў долу й сказаў:

— Хіба што я памыляюся. Ты як думаеш, Марцін?

— Мяне самога гэта ткнула, — сказаў Марцін Канінгам.

Містэр Блюм апусьціўся на сядзеньне. Добра, што пабываў у лазьні. Ногі, як адчуваю, зусім чыстыя. Каб толькі яшчэ місіс Флэмінг лепей зацыравала тыя шкарпэткі.

Містэр Дэдал пакорліва ўздыхнуў.

— Зрэшты, — прамовіў ён, — гэта самая натуральная рэч на сьвеце.

— Ці паказаўся Том Кэрнан? — спытаўся Марцін Канінгам, зьлёгку пакручваючы кончык барады.

— Так, — адказаў містэр Блюм. — Ён за намі, з Нэдам Лэмбэртам і Хайнсам.

— А сам Корні Кэлэхер? — спытаўся містэр Дэдал.

— На могілках — адказаў Марцін Канінгам.

— Зранку я сустрэў МакКоя, — сказаў містэр Блюм. — Ён казаў, што таксама пастараецца прыбыць.

Карэта раптоўна запынілася.

— Што сталася?

— Стаімо.

— Дзе мы?

Містэр Блюм выставіў галаву з ваконца.

— Галоўны канал, — сказаў ён.

Газавы завод. Кажуць, вылечвае коклюш. Добра, што ў Мілі яго не было. Бедныя дзеці. Згінае іх напалам у сутаргах, сінеюць і чарнеюць. Сапраўдны жах. З хваробамі абыйшлося даволі лёгка. Толькі адзёр. Адвар зь ільнянога семя. Шкарлятына, эпідэміі інфлюэнцы. Рэклямныя агенты сьмерці. Не прапусьці такой аказіі. Вунь сабачы прытулак. Стары бедачына Атос! Будзь добры для Атоса, Леапольдзе, гэта маё апошняе жаданьне. Хай будзе воля твая. Слухаемся іх, калі яны ўжо ў магіле. Перадсьмяротныя каракулі. Узяло яго за сэрца, зьнемагло. Спакойная жывёліна. У старых людзей сабакі наогул такія.

Кропля дажджу крапянула яму на капялюш. Ён падаўся назад і ўбачыў, як шэрыя пліты імгненна пакрыліся рассыпістымі цёмнымі кропкамі. Паасобку. Цікава. Як праз друшляк. Я й думаў, што пойдзе. Памятаю, мае чаравікі парыпвалі.

— Надвор’е мяняецца, — спакойна паведаміў ён.

— Шкада, што так хутка сапсавалася, — адазваўся Марцін Канінгам.

— Для вёскі трэба, — сказаў містэр Паўэр. — Вунь зноўку выходзіць сонца.

Містэр Дэдал, спазіраючы праз акуляры на заслоненае сонца, шпурнуў у неба нямы праклён.

— Няпэўнае, як дзіцячы задзік, — сказаў ён.

— Зноўку едзем.

Тугія карэтныя колы закруціліся зноў, і тулавамі спадарожнікаў лёгка хібанула. Марцін Канінгам пачаў хутчэй пакручваць кончык барады.

— Учора вечарам Том Кэрнан быў калясальны, — сказаў ён. — А Пады Леонард перакрыўляў яго на ягоных вачох.

— О, адмалюй яго, Марцін, — ажывіўся містэр Паўэр. — Зараз, Сайман, пачуеш, як ён сказаў пра ”Юнага бунтара” ў выкананьні Бэна Доларда.

— Калясальны, — напышліва вымавіў Марцін Канінгам. — У ягоным выкананьні, Марцін, гэтая простая баляда сталася самым пранікнёным сьпевам, які мне давялося пачуць за ўвесь прасьцяг майго жыцьцёвага досьведу.

— Пранікнёны, — сказаў містэр Паўэр са сьмехам. — Гэта ягонае ўлюбёнае слоўка. І яшчэ — рэтраспэктыўнае ўпарадкаваньне.

— Ці вы чыталі прамову Дэна Доўсана? — спытаўся Марцін Канінгам.

— Я не, — сказаў містэр Дэдал. — А дзе яна?

— У сёньняшняй газэце.

Містэр Блюм выняў газэту з кішэні за пазухай. Тая кніжка, што мушу ёй зьмяніць.

— Не, не, — пасьпешна сказаў містэр Дэдал. — Потым, калі ласка.

Позірк містэра Блюма прабегся па крайняй калёнцы, разглядаючы нэкралёгі. Кэлан, Коўлмэн, Дыгнам, Фоўсэт, Лаўэры, Наўман, Пік, гэта каторы Пік, ня той тып, што працаваў у Кросбі й Эліна? не, Сэкстан, Эрбрайт. Чорныя літары ўжо пачыналі сьцірацца на абшмулянай і пакамячанай паперы. Дзякуй Маленькай Кветачцы. Горкая страта. Зь невыказным смуткам ад ягонай. Ва ўзросьце 88 гадоў пасьля доўгай і пакутлівай хваробы. Памінальная служба на трыццаты дзень. Куінлан. Няхай Салодкі Ісус зьлітуецца над ягонай душой.

 

Мінуў ужо месяц, як нашую хату

Пакінуў Генры і ў небе прабывае.

Смуткуе сям’я ды аплаквае страту,

На стрэчу ў нябёсах надзею трымае.

 

Канвэрт я парваў? Так. А куды я паклаў ліст, калі перачытаў у лазьні? Ён паляпаў па камізэлечнай кішэні. Тут, як трэба. Пакінуў Генры і ў небе прабывае. Пакуль яшчэ ня вычарпалася мне цярплівасьці.

Народная школа. Лесасклад Міда. Прыстанак рамізьнікаў. Цяпер толькі два. Дзюбаюць носам. Абапітыя, як кляшчы. Чэрапы з амаль адных касьцей. Яшчэ адзін трухам вязе кліента. Гадзіну таму я сюдою праходзіў. Рамізьнікі прыўзьнялі шапкі.

Каля трамвайнага слупа, побач з ваконцам містэра Блюма, неспадзявана выпрасталася сьпіна стрэлачніка. Ці не маглі б вынайсьці што-небудзь аўтаматычнае, каб колы самі значна выгадней? Так, але тады гэты чалавек страціць пасаду? Так, але затое нехта іншы атрымае пасаду, выконваючы тое новае вынаходзтва?

Канцэртная заля Эншэнт. Сёньня тамака нічога. Чалавек у жарым касьцюме, з крэпам на рукаве. Няшмат смутку у гэтым. Чвэрцьжалоба. Па жончыных, мабыць.

Яны праехалі каля панурай казальніцы касьцёла Сьвятога Марка, пад чыгуначным мостам, каля тэатру Куінс: у маўчаньні. Афішы. Юджын Стрэтан. Місіс Бэндман Палмэр. А ці не пайсьці мне на ”Лію” сёньня вечарам? Я ўжо казаў, што. Або на ”Лілею Кіларні”? Опэрная трупа Элстэр Граймс. Новы знакаміты спэктакль. Яскравыя афішы на наступны тыдзень, яшчэ вільготныя. ”Брыстольская пацеха”. Марцін Канінгам мог бы прабіць мне ўваход у Гаеты. Давялося б яму паставіць. Што кій, што палка.

Ён прыйдзе паполудні. Яе песьні.

Капелюшы Плэстава. Мэмарыяльны фантан зь бюстам сэра Філіпа Крэмптана. Хто ён такі?

— Як маецеся? — сказаў Марцін Канінгам, прывітальна падымаючы далонь да чала.

— Ён нас ня бачыць, — сказаў містэр Паўэр. — Не, бачыць. Як маецеся?

— Хто? — спытаўся містэр Дэдал.

— Буяка Бойлан, — сказаў містэр Паўэр. — Вунь там, выйшаў праветрыць чуб.

Якраз калі я падумаў.

Містэр Дэдал перахіліўся прывітацца. Зь дзьвярэй ”Рэд Бэнк” бліснуў у адказ белы дыск саламянага капелюша: праехалі.

Містэр Блюм агледзеў пазногці на сваёй левай руцэ, потым на правай руцэ. Пазногці, так. Што яшчэ такое ў ім яны яна бачыць? Зачараванасьць. Горшага няма ў цэлым Дубліне. Гэтым і жыве. Яны часам вычуваюць, хто які чалавек. Інстынкт. Але такі тып. Мае пазногці. Папросту гляджу на іх: добра дагледжаныя. А потым адна: раздумвае. Цела ўжо спакваля мякчэе. Я б заўважыў з памяці. Гэта таму, як думаю, што скура не пасьпявае сьцягвацца, калі зь цела спадае. Але фігура застаецца. Фігура застаецца далей. Плечы. Клубы. Пульхныя. Вечарам, калі апраналася на танцы. Кашуля завязла між палоўкамі ззаду.

Ён заціснуў рукі між каленямі й, задаволены, абвёў пустым позіркам іхнія твары.

Містэр Паўэр запытаўся:

— Як маюцца справы з канцэртным турнэ, Блюм?

— О, вельмі добра, — адказаў містэр Блюм. — Спадзяваньне на посьпех вялікае. Гэта неблагая задума, бачыце...

— А самі паедзеце?

— Не, я не, — сказаў містэр Блюм. — Мне трэба зьездзіць у графства Клэр дзеля аднае прыватнае справы. Бачыце, задума ў тым, каб аб’ехаць усе галоўныя гарады. Што страціш у адным, можаш падраўняць у іншым.

— Зусім слушна, — сказаў Марцін Канінгам. — Цяпер там Мэры Андэрсан.

— А партнэры ў вас добрыя?

— Турнэ арганізуе ёй Луіс Вэрнэр, — сказаў містэр Блюм. — О так, у нас самыя вяршкі. Дж. К. Дойл і Джон МакКормак, я спадзяюся, што. Фактычна, найлепшыя.

— І Madame, — дадаў містэр Паўэр з усьмешкай. — Апошняя на згадку, але першая па парадку.

Містэр Блюм разьвёў рукі жэстам мяккай ветласьці й зноўку іх сашчапіў. Сміт О’Браен. Хтосьці паклаў букет. Жанчына. Пэўна, гадавіна сьмерці. Жадаем вам многа шчасьлівых. Аб’яжджаючы статую Фарэла, карэта бязгучна спалучыла іхнія падатлівыя калені.

Ооў: стары ў цёмным рызмане працягваў з ходніка свой тавар: разяўляючы рот: ооў.

— Шнурооўкі, чатыры за пэнса.

Цікава, за што яму забаранілі практыку. Меў сваё бюро на Х’юм-стрыт. У тым самым доме, што Молін цёзка па прозьвішчы. Туіды, каралеўскі адвакат графства Ўотэрфорд. Цыліндар у яго застаўся яшчэ з таго часу. Рэштка колішняй прыстойнасьці. Таксама ў жалобе. Страшэнна падупаў, бедачына! Гоняць яго ў каршэнь, як паршывага сабаку. О’Калахан ледзь цягае ногі.

І Madame. Дваццаць па адзінаццатай. Устала. Місіс Флэмінг прыйшла прыбіраць. Прычэсвае валасы, падпявае: voglio e non vorrei. Не: vorrei e nonХацела б і не (італ.).. Прыглядаецца да кончыкаў валасоў, ці не раздвойваюцца. Mi trema un poco ilТрохі трымціць маё (італ.).. Прыгожа ёй выходзіць гэтае tre: жаласьлівы тон. Жаўрук. Дрозд. У слове дрозд чуваць такое.

Ягоныя вочы сьлізганулі па дабрадушным абліччы містэра Паўэра. Сівая скронь. Madame: з усьмешкай. Я адказаў таксама ўсьмешкай. Усьмешка кажа болей. А можа, толькі ад ветлівасьці. Мілы чалавек. Цікава, гэта праўда пра тую ягоную ўтрыманку? Ня надта прыемнае жонцы. Але мне казалі, хто ж гэта, нібыта між імі нічога цялеснага. Можна сабе ўявіць, што тады ўсё хуткавата прыелася б. Так, гэта Крофтан сустрэў яго аднойчы надвячоркам, як ён нёс ёй хунт ялавічыны. Кім жа яна была? Бармэнкай у Джуры? Або ў Мойры, га?

Праехалі пад фігурай Вызвольніка ў шырачэзным плашчы.

Марцін Канінгам падштурхнуў містэра Паўэра.

— З Рувімавага калена, — сказаў ён.

Высокая чорнабародая фігура, абапіраючыся на мыліцу, прачыкільгала за рог ”Пад Сланом” Элвэры, паказаўшы ім за сьпінаю выкручаную далонь.

— У поўнай сваёй першабытнай красе, — сказаў містэр Паўэр.

Містэр Дэдал, паглядзеўшы за кульгавай фігурай, лагодна сказаў:

— Хай табе д’ябал скруціць шыю!

Містэр Паўэр, заліваючыся сьмехам, засланіў твар рукою, калі карэта мінала статую Грэя.

— Усе мы туды траплялі, — агульна сьцьвердзіў Марцін Канінгам.

Ягоныя вочы сустрэліся з вачыма містэра Блюма. Прыгладзіўшы бараду, ён дадаў:

— Ну, амаль усе з нас.

Містэр Блюм загаварыў з раптоўным запалам, узіраючыся ў твары спадарожнікаў.

— Надзвычай добрая гісторыя кружыць пра Рувіма Дж. і ягонага сына.

— Пра лодачніка? — спытаўся містэр Паўэр.

— Так. Ці не надзвычайная?

— А што? — спытаўся містэр Дэдал. — Я ня чуў.

— Там была замяшаная нейкая дзяўчына, — пачаў містэр Блюм, — і ён пастанавіў выслаць яго далей ад ліха на востраў Мэн, але калі яны абодва...

— Што? — спытаўся містэр Дэдал. — Той халерны недамераны блазьнюк?

— Так, — сказаў містэр Блюм. — Яны абодва ўжо йшлі на параплаў, а той спрабаваў утапі...

— Утапіць Вараву! — усклікнуў містэр Дэдал. — Вось шкада, што ня выйшла!

Містэр Паўэр пырснуў працяглым сьмехам, выпускаючы паветра праз заслоненыя ноздры.

— Не, — сказаў містэр Блюм, — гэта сын...

Яго рэзка перабіў Марцін Канінгам.

— Рувім Дж. з сынам ішлі па набярэжнай да параплава на востраў Мэн, і той малады круцель раптам вырваўся й цераз абмуроўку баўтануў проста ў Ліфі.

— Божа мой! — усклікнуў напалоханы містэр Паўэр. — І ўтапіўся?

— Утапіўся! — выкрыкнуў Марцін Канінгам. — Ён то ўтопіцца! Лодачнік яго вылавіў бусаком за штаны й прычаліў зь ім да татулі на набярэжнай. Паўмёртвага ад страху. Паўгораду там сабралося.

— Так, — сказаў містэр Блюм. — Але самае сьмешнае...

— І Рувім Дж., — гаварыў Марцін Канінгам, — падараваў лодачніку флярын за ўратаваньне жыцьця сыну.

Прыглушаны ўздых выйшаў з-пад далоні містэра Паўэра.

— Так, падараваў, — паўтарыў Марцін Канінгам. — Гераічна. Срэбны флярын.

— Ці ж не надзвычайная гісторыя? — з запалам спытаўся містэр Блюм.

— Пераплаціў шылінг і восем пэнсаў, — суха падсумаваў містэр Дэдал.

У карэце ціха выбухнуў здушаны сьмех містэра Паўэра.

Калёна Нэльсана.

— Сьлівы, восем за пэнса! Восем за пэнса!

— Пастараймася прыняць больш паважны выгляд, — сказаў Марцін Канінгам.

Містэр Дэдал уздыхнуў.

— Праўду кажучы, — сказаў ён, — бедачына Пады не пакрыўдзіўся б за нашы жарты. Ён сам распавёў нямала добрых.

— Прабач мне, Госпадзе! — сказаў містэр Паўэр, выціраючы памакрэлыя вочы пальцамі. — Бедны Пады! Я й ня думаў тыдзень таму, калі бачыўся зь ім апошні раз, і ён быў здаровы як заўсёды, што буду ехаць за ім вось так. Адыйшоў ад нас.

— З усіх, што тапталі гэту зямельку, самы прыстойны чалавечак, — сказаў містэр Дэдал. — Адыйшоў дужа неспадзявана.

— Прыступ, — сказаў Марцін Канінгам. — Сэрца.

Ён са смуткам пастукаўся ў грудзі.

Твар палыхае: расчырванелы. Перабраў жытнёвачкі. Лякарства ад чырвані носа. Жлукці да зьнямогі, пакуль не зашарэе. Кучу граша пусьціў, каб яго перафарбаваць.

Містэр Паўэр глядзеў на мінаныя дамы з жаласьлівай спагадай.

— Меў раптоўную сьмерць, бедачына.

— Найлепшую сьмерць, — сказаў містэр Блюм.

Яны паглядзелі на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

— Без пакутаў, — дадаў ён. — Момант, і ўсё скончылася. Як сьмерць у сьне.

Ніхто не азваўся.

Мёртвы бок вуліцы. Днём мала рухавы бізнэс, зямельныя канторы, гатэль для абстынэнтаў, чыгуначны даведнік Фалконэра, школа адміністрацыі, кнігарня Гіла, каталіцкі клюб, таварыства сьляпых. Чаму? Ёсьць нейкая прычына. Сонца або вецер. Вечарам таксама. Камінарчыкі й прыслуга. Пад апекай нябожчыка айца Мэцью. Камень пад помнік Парнэлу. Прыступ. Сьмерць.

Белыя коні зь белымі плюмажамі галёпам выскачылі з-за рогу Ратонды. Мільганула маленькая дамавіна. Скок-скок у пясок. Катафалк. Нежанаты. Жанатаму чорныя. Старому кавалеру буланыя. Манашцы мышастыя.

— Сумна, — сказаў Марцін Канінгам. — Нейкае дзіця.

Тварык карліка, сіні й паморшчаны, як было ў малога Рудзі. Цела карліка, мяккае бы кіт, у драўлянай скрыні зь белай высьцілкай. Паховіны аплочаныя дабрачынным таварыствам. Пэнс на тыдзень за долю дзірвану на могілках. Наш. Бедны. Малы. Немаўля. Ня значыла нічога. Памылка прыроды. Калі здаровае, то ад маці. Калі не, ад бацькі. Болей шчасьця наступным разам.

— Беднае малое, — сказаў містэр Дэдал. — Ужо адпакутавала.

Карэта запаволена ўзьбіралася на ўзгорак Ратлэнд-скуэру. Косьці грук-грук. Каменны брук. Зь беднай сям’і. Нібы байструк.

— У квецені жыцьця, — сказаў Марцін Канінгам.

— Але самае найгоршае, — сказаў містэр Паўэр, — калі чалавек сам адбірае сабе жыцьцё.

Марцін Канінгам похапкам выняў гадзіньнік, кашлянуў, схаваў назад.

— І ганьба якая вялікая, калі прыдараецца ў сям’і, — дадаў містэр Паўэр.

— Безумоўна, часовае зацямненьне розуму, — рашуча сказаў Марцін Канінгам. — На такое трэба глядзець зь міласэрнасьцю.

— Кажуць, той, хто так робіць, баязьлівец, — сказаў містэр Дэдал.

— Ня нам асуджаць, — сказаў Марцін Канінгам.

Містэр Блюм, наважыўшыся загаварыць, зноў стуліў вусны. Вялікія вочы Марціна Канінгама. Цяпер адвярнуў зрок. Спагадлівы, гуманны чалавек зь яго. Разумны. З твару падобны да Шэкспіра. Заўсёды знойдзе добрае слова. А ў іх ніякае літасьці ні для гэтага, ні для дзетазабойства. Адмаўляюць у хрысьціянскіх паховінах. Калісьці заганялі кол у магілу, каб прабіць яму сэрца. Як быццам яно й без таго не разарвалася. Але часам раскайваюцца, калі запозна. Знаходзяць на дне рэчкі, учэпленых у чараты. Паглядзеў на мяне. Жонка ў яго страшэнная п’яніца. Раз-пораз абстаўляе ёй кватэру, а яна закладае мэблю ў лямбардзе амаль кожнае суботы. Жыцьцё як у выклятага. Тут трэба каменнае сэрца. Кожны панядзелак нанава. Карак у ярмо. Божа, неблагі спэктакль паказала таго вечару. Дэдал апавядаў, ён там быў. П’яная ў дошку, і давай у скокі з Марцінавым парасонам:

 

Пэрлай завуць мяне найпрыгажэйшай,

Найпрыгажэйшай

У Азіі гейшай.

 

Зноў адвярнуў вочы. Ведае. Косьці грук-грук.

Той дзень допыту. На стале пляшачка з чырвонай наклейкай. Пакой у гатэлі, з паляўнічымі сцэнамі. Душна. Сонца прасьвечвае праз жалюзі. Вушы каранэра, вялікія й валасатыя. Паказаньне дае калідорнік. Спачатку думаў, ён сьпіць. Потым убачыў на твары як бы жоўтыя пісягі. Ссунуўся ў ногі ложка. Заключэньне: празьмерная доза. Сьмерць як вынік неасьцярожнасьці. Ліст. Майму сыну Леапольду.

Канец пакутам. Ніколі не прачнесься. Нібы байструк.

Карэта жвава загрукатала па Блэсынгтан-стрыт. Каменны брук.

— А мы набралі маху, як чую, — сказаў Марцін Канінгам.

— Дай Божа, каб ён ня вываліў нас на дарогу, — сказаў містэр Паўэр.

— Спадзяюся, што не, — сказаў Марцін Канінгам. — Заўтра ў Нямеччыне вялікія гонкі. Кубак Гордана Бэнэта.

— Так, дальбог, — пацьвердзіў містэр Дэдал. — Варта было б паглядзець, сапраўды.

Калі павярнулі ў Барклі-стрыт, вулічная катрынка поблізу Басэйну сустрэла іх і правяла заліхвацкай скочнай песенькай зь мюзік-холу. Ці ня бачылі вы Кэлі? Ка-э-эл-і. Марш мёртвых з ”Саўла”. Той стары нягоднік Антоніё. Пакінуў мяне без грашоніё. Піруэт! Шпіталь Mater MisericordiaeМаці (Божая) Міласэрная (лац.).. Эклс-стрыт. Там далей мой дом. Вялізная будыніна. Аддзел для невылечна хворых. Вельмі падбадзёрвае. Прытулак Божай Маці для паміраючых. Спадручная трупярня пад сподам. Дзе памерла старая місіс Рыярдан. Тыя жанчыны, яны жахліва выглядаюць. Кормяць яе з кубачка, зьбіраюць лыжачкай вакол рота. Потым абстаўляюць ложак заслонай, каб памерла. Мілы быў той студэнт, што мяне бінтаваў, калі ўджаліла пчала. Казалі, нібыта ён перайшоў у радзільны дом. З аднае крайнасьці ў другую.

Карэта наўскачкі павярнула за рог — стала.

— Што там зноў?

Статак значанай жывёлы, разьдзяліўшыся надвое, абыходзіў карэту, рыкаючы, клыпаючы разьбітымі капытамі, ляніва абмахваючы хвастамі запэцканыя касьцістыя азадкі. Па бакох і пасярод статку мітусіліся й бляялі ад страху пазначаныя вохрай авечкі.

— Эмігранты, — сказаў містэр Паўэр.

— Гэээй! — пакрыкваў голас паганятага, а ягоная пуга ляскала па бакох жывёлы. — Гэээй! З дарогі!

Вядома, чацьвер. Заўтра дзень зарэзу. Маладняк. Каф прадаваў іх у сярэднем па дваццаць сем фунтаў штука. У Лівэрпул, мабыць. Ростбіф для старой Англіі. Выкупляюць найбольш мясістых. І потым траціцца пятая чвэртка: уся тая сыравіна, скура, ворса, рогі. За год назьбіраецца куча. Гандаль сьвежыной. Пабочныя прадукты з бойняў ідуць у гарбарні, на мыла, на маргарын. Цікава, ці спрацоўвае яшчэ тая штучка, калі можна было купляць падтухлае мяса проста зь цягніка ў Клонсыле.

Карэта прабівалася праз статак.

— Не магу зразумець, чаму магістрат не пракладзе трамвайную лінію ад брамы парку да прыстані, — сказаў містэр Блюм. — Усю гэту жывёлу можна было б давозіць вагонамі адразу на параплавы.

— І не запруджваць вулічнага руху, — сказаў Марцін Канінгам. — Цалкам слушна. Так яны павінны зрабіць.

— Так, — сказаў містэр Блюм, — і яшчэ адно я часта думаю, гэта каб займець пахавальныя трамваі, ведаеце, як у Міляне. Пракласьці лінію да могілак і пусьціць спэцыяльныя трамваі, катафалк, картэж, і ўсё такое. Разумееце, што я маю на ўвазе?

— О, гэта ўжо несамавітая гісторыя, — сказаў містэр Дэдал. — Вагон-спальня й вагон-рэстаран.

— Мізэрныя пэрспэктывы для Корні, — дадаў містэр Паўэр.

— Чаму? — запытаўся містэр Блюм, паварочваючыся да містэра Дэдала. — Ці не было б больш прыстойна, чымсьці гоцаць парамі, абіваючы бокі?

— Так, штосьці ў гэтым ёсьць, — прызнаў містэр Дэдал.

— І, — сказаў Марцім Канінгам, — мы пазбавіліся б такіх сцэнаў, як тады, калі катафалк перакуліўся каля Данфі й вываліў труну на дарогу.

— Гэта было жахліва, — сказала ўражанае аблічча містэра Паўэра. — І нябожчык вываліўся на дарогу. Жахліва!

— Першы на павароце каля Данфі, — кіўнуў містэр Дэдал. — Кубак Гордана Бэнэта.

— Хвала на нябёсах! — набожна сказаў Марцін Канінгам.

Бух! Звалілася. Труна бабахнула на брук. Адчынілася. Пады Дыгнам шуснуў і коціцца качаном у пыле, у карычневым убраньні, завялікім на яго. Чырвоны твар — цяпер шэры. Разяўлены рот. Пытае, што гэта дзеецца. Цалкам слушна закрываюць яго. Разяўлены выглядае жудасна. Пры тым нутро хутчэй раскладаецца. Лепш заткнуць усе адтуліны. Так, таксама. Воскам. Сфінктэр паслабляецца. Запячатаць усё.

— Данфі, — абвясьціў містэр Паўэр, калі карэта павярнула направа.

На рагу Данфі. Зьехаліся жалобныя карэты, заліць свой смутак. Прыдарожная прыпынка. Знакамітае месца на карчму. Мабыць, заглянем сюды ў зваротнай дарозе выпіць за ягонае здароўе. Па чарачцы дзеля суцяшэньня. Эліксір жыцьця.

Дапусцім, так і сталася. Ці пайшла б кроў, калі б ён, скажам, натыркнуўся на цьвік у часе гэтай трасяніны? І так і не, думаю. Залежыць дзе. Кровазварот спыняецца. Але з артэрыі трохі магло б пайсьці. Было б лепш хаваць іх у чырвоным: у цёмначырвоным.

Яны маўкліва ехалі па Фібсбара-роўд. Вяртаючыся з могілак, трухам мінуўся зь імі пусты катафалк: выглядае, быццам яму аблягчыла.

Мост Кросганс: каралеўскі канал.

Вада шумна шугала праз шлюзы. На барцы, якая апускалася разам з вадою, між сьціртамі торфу стаяў чалавек. На буксірнай сцежцы, каля засаўкі шлюзаў, конь на папушчаным пастронку. На палубе ”Бугабу”.

Іхнія вочы глядзелі на яго. Павольным ціністым водным шляхам ён праплыў на сваім плыце праз усю Ірляндыю да ўзьбярэжжа за буксірным канатам між зарасьнікаў трысьця, над ілам, над захраслымі бутэлькамі, над падлам здохлых сабакаў. Этлойн, Молінгар, Мойвалі, я мог бы наведаць Мілі, пусьціўшыся пехатою ўздоўж каналу. Або на ровары. Вынаняць нейкую старую ламачыну, бяз рызыкі. Рэн калісьці на аўкцыёне, але жаночы. Пракладаць водныя шляхі. У Джэймса МакКана хобі перавозіць мяне паромам. Танны транспарт. Малымі прамежкамі. Палаткі на пароме. Бівакі. І катафалкі. Вадою на нябёсы. Можа й паеду не папярэджваючы лістом. Зраблю неспадзяванку. Лейксліп, Клонсыла. Апускаўся, шлюзы за шлюзамі, да самага Дубліну. З торфам з балацяністага нутра краіны. Ушанаваньне. Ён зьняў свой парудзелы саламяны капялюш, ушаноўваючы Пады Дыгнама.

Праехалі дом Браена Бароймэ. Цяпер ужо блізка.

— Цікава, як маецца наш сябар Фогарты, — сказаў містэр Паўэр.

— Запытайся лепш у Тома Кэрнана, — сказаў містэр Дэдал.

— Як жа? — спытаўся Марцін Канінгам. — Я думаў, ён пакінуў яго ў сьлязах.

— Зьнікнуў з вачэй, — сказаў містэр Дэдал, — але ў сэрцы застаўся.

Карэта павярнула налева, на Фінглас-роўд.

З правага боку майстэрня каменяра. Фінішны прамежак. На лапіку зямлі ціснуліся маўклівыя фігуры, белыя, засмучоныя: працягваюць застыглыя рукі, кленчаць у жальбе, указваюць. Абломкі фігураў, абчасаныя. У белым маўчаньні: упрошваюць. Найлепшы выбар. Тос. Х. Дэнані, разьба й выраб надмагільных помнікаў.

Мінулі.

На ходніку перад домам Джымі Гіры, далакопа, сядзеў стары валацуга ды, мармычучы, вытрасаў пясок і каменьчыкі зь велізарнага запыленага чаравіка з вышчаранай зяпай. Пасьля жыцьцёвай вандроўкі.

Потым пайшлі панурыя садкі, адзін за адным: панурыя дамы.

Містэр Паўэр паказаў.

— Вунь там забілі Чайлдса, — сказаў ён. — Апошні дом.

— Там яно было, — пацьвердзіў містэр Дэдал. — Жудасная справа. Сэймур Буш яго выцягнуў. Забіў свайго брата. Прынамсі, так казалі.

— Суд ня меў доказаў — сказаў містэр Паўэр.

— Толькі ўскосныя, — сказаў Марцін Канінгам. — Такі прынцып закону. Лепш выпусьціць дзевяноста дзевяць вінаватых, чымсьці засудзіць аднаго невінаватага.

Яны глядзелі. Зямля забойцы. Змрочна мінула. Зачыненыя ваканіцы, бязьлюдна, дзікі садок. Усю сялібу чорт узяў. Няслушна засуджаны. Забойства. Твар забойцы ў вачох забітага. Пра такое любяць чытаць. У садку знайшлі мужчынскую галаву. Яе вопратка складалася з. Як напаткала сваю сьмерць. Нядаўні гвалт. Зброяй паслужыла. Забойца яшчэ на свабодзе. Доказы. Шнуроўка. Цела будзе эксгумавацца. Забойцу выяўляць.

Цеснавата ў гэтай карэце. Ёй магло б не спадабацца, калі б я прыехаў так сабе, не папярэджваючы. З жанчынамі трэба асьцярожна. Засьпееш іх раз са спушчанымі майткамі. Усё жыцьцё не прабачаць. Пятнаццаць.

У вачох захвалявалі высокія пруткі агароджы Праспэкту. Цёмныя таполі, рэдкія белыя абрысы. Абрысы штораз часьцей, белыя кшталты натоўпам сярод дрэваў, белыя абрысы й абломкі праплывалі нема, завесіўшы ў паветры дарэмныя жэсты.

Абручы колаў скрыгатнулі аб ускрай ходніка: спыніліся. Марцін Канінгам працягнуў руку да клямкі, націснуў яе й адчыніў дзьверцы, піхнуўшы іх каленам. Выйшаў. Містэр Паўэр і містэр Дэдал за ім.

Цяпер перакладзі мыла. Рука містэра Блюма хутка адшпіліла заднюю кішэню нагавіцаў і перанесьла мыла з прыліплай абгорткай ва ўнутраную кішэню, дзе была хустачка. Ён выйшаў з карэты, хаваючы газэту, якую дагэтуль трымаў у другой руцэ.

Убогія паховіны: катафалк і тры карэты. Ды яно ўсё роўна. Паходні, залачоная вупраж, жалобная імша, артылерыйскі салют. Сьмерць з помпай. За апошняй карэтай стаяў вулічны гандляр з каляскай піражкоў і садавіны. Чэрствыя піражкі з разынкамі, пассыхаліся: піражкі для нябожчыкаў. Сабачая ўцеха. Хто іх есьць? Жалобнікі, выйшаўшы з могільніка.

Ён ішоў за сваімі спадарожнікамі. Ззаду містэр Кэрнан і Нэд Лэмбэрт, а за імі Хайнс. Корні Кэлэхер, які стаяў каля адкрытага катафалку, выняў два вянкі. Адзін перадаў хлопцу.

Куды прапалі тыя дзіцячыя паховіны?

Ад Фінглас натужна валаклася конная запрэжка: коні цягнулі ў пахавальным маўчаньні скрыпучыя калёсы з гранітным блёкам. Фурман, які йшоў паперадзе, зьняў шапку.

Цяпер труна. Хоць мёртвы, а прыбыў сюды перад намі. Конь азіраецца на яе, плюмаж перакрывіўся. Тупавокі: хамут цісне шыю, прыдушвае вену ці што там. А ці ведаюць яны, што вывозяць сюды кожнага дня? Мабыць штодня дваццаць-трыццаць паховін. Ды яшчэ Геранімава Гара для пратэстантаў. Паховіны па ўсім сьвеце паўсюды ў кожнай хвіліне. Звальваюць пад зямлю поўнымі фурамі, сьпехам-подбегам. Тысячы за гадзіну. Зашмат на сьвеце.

З брамы выйшлі жалобніцы: жанчына зь дзяўчынкай. Тонкагубая гарпія, з пароды хцівых гандлярак, у скасабочаным чапцы. У дзяўчынкі замурзаны й заплаканы тварык, трымае жанчыну за руку, паглядае на яе зьнізу, чакае знаку, плакаць ці не. Рыбін твар, бяскроўны й сіні.

Прыслужнікі паднялі труну сабе на плечы й панесьлі праз браму. Столькі мёртвай вагі. Я сам адчуваў сябе цяжэйшым, калі выходзіў з ванны. Спачатку спруцянелы: потым сябры спруцянелага. За труной ішлі Корні Кэлэхер і хлопец зь вянкамі. А хто гэта каля іх? Ах, жончын брат.

Усе йшлі сьледам.

Марцін Канінгам зашаптаў:

— Я ледзь не абамлеў, калі ты пры Блюме загаварыў пра самагубства.

— Што? — шапнуў містэр Паўэр. — Чаму ж гэта?

— Ягоны бацька атруціўся, — шапнуў Марцін Канінгам. — Ён трымаў гатэль ”Куінс” у Энісе. Ты ж чуў, ён казаў, што едзе ў Клэр. Угодкі.

— О Божа! — шапнуў містэр Паўэр. — Першы раз чую. Атруціўся!

Ён азірнуўся туды, дзе ў бок кардыналавай магільні рухаўся твар зь цёмнымі ўдумлівымі вачмі. Размаўляючы.

— Ці ён быў застрахаваны? — спытаўся містэр Блюм.

— Здаецца, што так, — адказаў містэр Кэрнан, — але поліс быў пад закладам. Марцін стараецца ўладкаваць малодшага ў Артэйне.

— А колькі дзяцей ён асіраціў?

— Пяцёра. Нэд Лэмбэрт кажа, што ўладкуе адну дзяўчынку ў Тода.

— Сумная справа, — спагадліва сказаў містэр Блюм. — Пяцёра малых дзетак.

— І вялікі ўдар для беднай жонкі, — дадаў містэр Кэрнан.

— Ды ўжо ж, — пагадзіўся містэр Блюм.

Напляваць ёй цяпер на яго.

Ён апусьціў зрок на свае наваксаваныя й начышчаныя боты. Яна перажыла яго, страціла мужа. Ён больш мёртвы для яе, чымсьці для мяне. Адзін мусіць перажыць другога. Так кажуць мудрыя людзі. На сьвеце больш жанчын, чымсьці мужчынаў. Выказаць ёй спачуваньне. Ваша страшная страта. Спадзяюся, вы неўзабаве пойдзеце за ім. Гэта толькі ўдавіцы індусаў. Яна можа выйсьці замуж за іншага. За яго? Не. Ды хто ведае? Удоўства ўжо не такое пасьля сьмерці старой каралевы. Везьлі на гарматным ляфэце. Вікторыя й Альбэрт. Жалобная цырымонія ў Фрогмары. Адылі пад канец яна дазволіла сабе пару фіялак на чапец. Ганарыстая ў глыбіні сэрца. Усё дзеля ценю. Кансорт, нават не кароль. Ейны сын быў тут істотны. Надзея на штосьці новае, а не тая мінуўшчына, якую яна хацела вярнуць, вычэкваючы. Яно ніколі не вяртаецца. Хтосьці мусіць адыйсьці першы: самотна пад зямлю: і не ляжаць ужо ў ейнай цёплай пасьцелі.

— Як маесься, Сайман? — ціха азваўся Нэд Лэмбэрт, паціскаючы руку. — Я ня бачыўся з табою ўжо цэлы месяц посных пятніц.

— Лепш і ня меўся. А як там жывуць у нашым месьце Корку?

— Я езьдзіў туды на скачкі ў Велікодны Панядзелак, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Жывуць ды хлеб жуюць. Я затрымаўся ў Дыка Тайві.

— А як там Дык, чалавек цьвёрдага прынцыпу?

— Нямаш ужо нічога паміж ім і небам, — адказаў Нэд Лэмбэрт.

— Сьвяты Паўла! — памяркоўна зьдзівіўся містэр Дэдал. — Дык Тайві аблысеў?

— Марцін пусьціў сьпіс на складку для малых, — сказаў Нэд Лэмбэрт, ківаючы ўперад. — Па некалькі шылінгаў ад галавы. Каб ім пратрымацца, пакуль возьмуць страхоўку.

— Так, так, — сказаў містэр Дэдал з сумлівам. — Гэта будзе найстарэйшы хлопец там наперадзе?

— Так, — сказаў Нэд Лэмбэрт, — і жончын брат. А за імі Джон Генры Мэнтан. Ён запісаўся на фунт.

— Я й не сумняваюся ў гэтым, — сказаў містэр Дэдал. — Колькі разоў я казаў беднаму Пады, каб ён трымаўся тае пасады. Джон Генры — не найгоршае, што бывае.

— А як ён страціў тое месца? — спытаўся Нэд Лэмбэрт. — Гарэлачка, так?

— Грэх не аднаго добрага чалавека, — сказаў містэр Дэдал з уздыхам.

Яны спыніліся перад дзьвярыма ў капліцу. Містэр Блюм стаяў за хлопцам зь вянком, спаглядаючы ўніз на ягоныя прылізаныя валасы й тонкую, з разорынкай, шыю ў новым каўнерыку. Беднае хлапчанё! Ці быў ён пры тым, калі бацька? Абодва непрытомныя. У апошні момант вяртаецца да сьвядомасьці й апошні раз усіх распазнае. Усё, што ён мог бы зрабіць. Я вінаваты тры шылінгі О’Грэды. Ці ён зразумеў бы? Прыслужнікі ўнесьлі труну ў капліцу. Зь якога боку ягоная галава?

Па хвілі ён увайшоў за іншымі, міргаючы вачыма ў пацьмянелым сьвятле. Труна стаяла на падстаўцы перад алтаром, у рагох чатыры высокія жоўтыя сьвечкі. Заўсёды паперадзе нас. Корні Кэлэхер, прыставіўшы вянкі да пярэдніх вуглоў, падаў хлопцу знак стаць на калені. Жалобнікі паставалі на калені тут і там каля лавак для вернікаў. Містэр Блюм стаяў ззаду непадалёк купелі і, калі ўсе ўкленчылі, прадбачліва ўпусьціў з кішэні разгорнутую газэту й стаў на яе правым каленам. На левае калена ён асьцярожна памясьціў свой чорны капялюш і, прытрымліваючы яго за край, набожна схіліў галаву.

Зь дзьвярэй выйшаў прыслужнік, несучы медзяное вядзерца з чымсьці ў сярэдзіне. За ім паявіўся сьвятар у белых шатах, адной рукой папраўляючы стулу, а другой прыціскаючы маленькую кніжачку да свайго рапушынага жывата. Хто чытацьме гэтыя радкі? Зноўку мы, загракалі гракі.

Яны спыніліся перад труной і сьвятар пачаў шпарка гракаць паводле свае кніжачкі.

Айцец Донаван. Я й ведаў, што ягонае прозьвішча нейк нагадвае дамавіну. DominenamineГоспадзеймя (скаж. лац.).. Быкаватая мыза ў яго. Шэфствуе над відовішчам. Мускулісты хрысьціянін. Гора таму, хто на яго крыва гляне: сьвятар. Ты ёсьць Пётра. Разьдзьмула ў бакі, як барана на канюшыне, сказаў бы Дэдал. І пуза выпучыла, як у здохлага сабакі. Дзе ён знаходзіць гэткія сьмешныя показкі? Хм: разьдзьмула ў бакі.

Non intres in judicium cum servo tuo, DomineНе асудзі слугу свайго, Госпадзе (лац.)..

Адчуваюць сябе больш важнымі, калі над імі моляцца палацінску. Жалобная імша. Спавітыя крэпам плакальніцы. Папера з чорнай аблямоўкай. Тваё ймя ў сьпісе малебнаў. Даймае холадам у гэтым месцы. Яму то рупіць паесьці калі сядзіць тут усё раньне ў змроку прытупвае нагамі ды чакае наступнага калі ласка. І вочы як у рапухі. Ад чаго як так разьдзімае? Молі дык ад капусты. Ад тутэйшага паветра, магчыма. Выглядае, як бы яго расьпірала ад газаў. У гэткім месцы мусіць быць пякельная процьма благіх газаў. Прыкладам, разьнікі: самі стаюцца як сырыя біфштэксы. Хто мне казаў? Мэрвін Браўн. У крыпце сьвятога Вэрбэрга там у іх стары знакаміты арган сотні паўтары гадоў часчасам даводзіцца сьвідраваць дзіркі ў трунах каб выпусьціць газ і спаліць яго. Вылятае са сьвістам: сіні. Адзін хух — і ты прапаў.

Калена баліць. Ой. Гэтак лепш.

Сьвятар узяў з хлопцавага вядзерца кіёк з галкай на канцы й памахаў ім над труною. Потым пайшоў у другі канец труны й памахаў там. Потым вярнуўся на месца й паклаў яго назад у вядзерца. Якім і быў, пакуль не спачыў. Усё гэта запісана: ён мусіць усё выканаць.

Et ne nos inducas in tentationemІ не ўвядзі нас у спакусу (лац.)..

Прыслужнік папіскваў яму ў адказ дыскантам. Я часта думаў, што лепш набіраць прыслужнікаў з хлопцаў. Больш-менш да пятнаццаці гадоў. Бо пасьля, вядома...

Гэта была сьвятая вада, як мне здаецца. Пакрапляе сном. Яму ўжо хіба прыелася махаць гэтай штукай над кожным трупам што падвязуць. Ня шкодзіла б яму прыгледзецца, над кім махае. Кожны Божы дзень сьвежая порцыя: мужчыны сярэдніх гадоў, старыя жанчыны, дзеці, жанчыны, што памерлі пры родах, барадачы, лысыя камэрсанты, сухотныя дзяўчынкі зь вераб’інымі грудкамі. Круглы год гаворыць над імі адны й тыя ж малітвы й кропіць іх вадою зьверху: засьнеце. Цяпер на Дыгнама.

In paradisumУ рай (лац.)..

Сказаў ён пойдзе ў рай або ўжо там. Над кожным паўтарае тое самае. Занудлівы занятак. Але нешта ж павінен гаварыць.

Сьвятар закрыў кніжачку й выйшаў, прыслужнік за ім. Корні Кэлэхер адчыніў бочныя дзьверы, і ўвайшлі далакопы. Яны паднялі труну, вынесьлі яе й апусьцілі на свой возік. Корні Кэлэхер падаў адзін вянок хлопцу, а другі жончынаму брату. Усе сьледам за імі выйшлі бочнымі дзьвярыма ў мяккую шэрань паветра. Містэр Блюм выйшаў апошні, зноў сунуўшы ў кішэню складзеную газэту. Ягоны пагляд быў паважна апушчаны долу, пакуль возік з труною не павярнуў направа. Жалезныя колы рэзалі жвір з вострым скрыгатам, па алейцы між магіламі рухалася за каляскай зграя тупаносых чаравікаў.

Дары дара дары дара дару. Госпадзе, ці ж тут можна падпяваць?

— Маўзалей О’Конэла, — сказаў містэр Дэдал побач яго.

Мяккія вочы містэра Паўэра ўзьняліся на вяршыню высознага конуса.

— Тут спачывае, — сказаў ён, — сярод свайго люду, стары Дэн О’. Але сэрца ягонае пахавалі ў Рыме. А колькі разьбітых сэрцаў пахавана тут, Сайман?

— Яе магіла вунь там, Джэк, — сказаў містэр Дэдал. — Неўзабаве й мяне пакладуць побач. Хай забярэ мяне Ён, калі будзе воля Ягоная.

Не стрымаўшыся, ён пачаў ціха хліпаць, шкандыбаючы няўпэўненым крокам. Містэр Паўэр узяў яго пад руку.

— Ёй лепш там, дзе яна цяпер, — сказаў ён сардэчна.

— І я так думаю, — зь лёгкім захлістам сказаў містэр Дэдал. — Думаю, яна цяпер на небе, калі толькі ёсьць неба.

Корні Кэлэхер адступіўся ўбок і прапусьціў жалобнікаў дапераду.

— Сумная нагода, — ветліва пачаў містэр Кэрнан.

Містэр Блюм прыплюшчыў вочы й двойчы са смуткам кіўнуў галавою.

— Усе астатнія надзелі капелюшы, — сказаў містэр Кэрнан. — Я думаю, можам і мы. Мы апошнія. Гэтыя могілкі — зманлівае месца.

Яны накрылі галовы.

— Ці вам не здаецца, што вялебная асоба адслужыла малебен задужа хутка? — спытаўся містэр Кэрнан з папрокам.

Містэр Блюм паважна кіўнуў, глянуўшы ў рухавыя, набеглыя крывёю вочы. Таямнічыя вочы, таямнічыя й дапытлівыя вочы. Масон, здаецца: я ня ўпэўнены. Зноў побач зь ім. Мы апошнія. У адной лодцы. Пэўна, яшчэ штосьці скажа.

Містэр Кэрнан дадаў:

— Абрад Ірляндзкае Царквы, што на Геранімавай Гары, я мушу прызнацца, больш просты й больш уражальны.

Містэр Блюм выказаў стрыманую згоду. Мова, вядома, шмат што мяняе.

Я ёсьць уваскрашэньне й жыцьцё. Гэта пранікае ў глыбіню сэрца.

— Сапраўды, — сказаў містэр Блюм.

У тваё сэрца можа й так але што з таго таму малому ў скрыні шэсць стопаў на дзве зь пяткамі ўраскід? Яго не пранікае. Сядзіба пачуцьцёвасьці. Разьбітае сэрца. А на самай справе помпа, якая штодня пампуе тысячы галёнаў крыві. Аднаго прыгожага дня яна затыкаецца й вось табе на. Тут навокал шмат усяго: лёгкія, сэрцы, пячонкі. Старыя заржавелыя помпы — ні трасцы болей. Уваскрашэньне й жыцьцё. Калі ўжо памёр дык памёр. Тая ідэя наконт суднага дня. Выцягваюць усіх з магілаў. Лазар, ускрэсьні. А ён лайдак, устрэснуў, і ня можа пазьбірацца. Уставайце! Судны дзень! І ўсе шныпараць як мышы, шукаюць свае лёгкія й цяжкія й іншыя трыбухі. Адшукайся ў той ранак да астатняй халернай дробкі. Адзін пэнівэйт парашку ў чэрапе. Дванаццаць гранаў пэнівэйт. Вагавыя меры Троя.

Корні Кэлэхер падраўняў свой крок да іхняга.

— Усё было першаклясна, — сказаў ён. — Га?

Ён паглядзеў на іх сваім цягучым позіркам. Плечы паліцыянта. Са сваім траляля траляля.

— Як і павінна, — сказаў містэр Кэрнан.

— Што? Га? — спытаўся Корні Кэлэхер.

Містэр Кэрнан запэўніў яго.

— А хто гэта будзе ззаду з Томам Кэрнанам? — запытаўся Джон Генры Мэнтан. — Твар мне знаёмы.

Нэд Лэмбэрт на хвілю азірнуўся.

— Блюм, — адказаў ён. — Мадам Мэрыян Туіды, якая была, і цяпер ёсьць, сьпявачкай, сапрана. Гэта ягоная жонка.

— Ах, вось як, — сказаў Джон Генры Мэнтан. — Даўно ўжо я ня бачыўся зь ёю. Прывабная была жанчына. Я танцаваў зь ёю, чакайце, залатых гадоў пятнаццаць ці сямнаццаць таму, у Мата Дылана ў Раўндтаўне. Было што патрымаць у руках.

Ён зірнуў паміж імі ўзад.

— Што ён такое? — спытаўся ён. — Чым займаецца? Ці не гандляваў ён пісьмовымі таварамі? Прыгадваецца, я пагыркаўся зь ім аднаго вечару пры кеглях.

Нэд Лэмбэрт усьміхнуўся.

— Так, гандляваў, — сказаў ён. — У фірме Ўіздама Хілі. Разносіў прамакаткі.

— Божа ты мой, — зьдзівіўся Джон Генры Мэнтан, — чаму яна выйшла за такога блынду? Яна ж была жанчына з жарам.

— І такою засталася, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — А ён цяпер рэклямны агент.

Вялікія вочы Джона Генры Мэнтана талопіліся ўперад.

Возік павярнуў у бочную алейку. Мажны мужчына высунуўся з засады за кустамі й з ушанаваньнем прыўзьняў капялюш. Далакопы крануліся сваіх шапак.

— Джон О’Конэл, — сказаў узрадаваны містэр Паўэр. — Ніколі не забудзе сябра.

Містэр О’Конэл моўчкі паціснуў усім рукі. Містэр Дэдал сказаў:

— Я да цябе зь яшчэ адным візытам.

— Мой дарагі Сайман, — ціхім голасам сказаў могілкавы дазорац, — я не жадаю, каб ты стаў маім кватарантам.

Пакланіўшыся Нэду Лэмбэрту й Джону Генры Мэнтану, ён пайшоў побач з Марцінам Канінгамам, пабразгваючы двума ключамі ў сябе за сьпінай.

— А ці чулі вы гісторыю, — спытаўся ён усіх, — пра Малкэхі з Куму?

— Я ня чуў, — адказаў Марцін Канінгам.

Усе згодна схілілі да яго цыліндры, Хайнс таксама падставіў вуха. Дазорац падчапіў вялікім пальцам залаты ланцужок ад гадзіньніка й загаварыў сьцішаным голасам да іхніх загадзя падрыхтаваных усьмешак:

— Апавядаюць, як два выпівохі, набраўшыся, аднаго вечару зь імглою прыйшлі сюды адведаць магілу сябра. Спыталіся, дзе тут ляжыць Малкэхі з Куму, і ім растлумачылі, дзе яго пахавалі. Пашвэндаўшыся колькі часу ў імгле, яны, вядома, знаходзяць тую магілу. Адзін з выпівохаў чытае па літарах: Тэрэнс Малкэхі. Другі тымчасам лыпае вачыма на статую нашага Збаўцы, якую заказала й паставіла ўдава.

Дазорац паморгаў вачыма на адзін з помнікаў, што яны міналі. І працягваў:

— Ну й, налыпаўшыся на сьвятую фігуру, кажа: Ні халеры не падобны да нашага Малкэхі. Гэта не Малкэхі, кажа, нейкі халтуршчык яго рабіў.

Узнагароджаны ўсьмешкамі, ён прапусьціў іх уперад і пачаў размаўляць з Корні Кэлэхерам, прымаючы ад яго квіты, гартаючы й разглядаючы іх на хаду.

— Ён гэта наўмысна, — выясьніў Марцін Канінгам Хайнсу.

— Я ведаю, — сказаў Хайнс, — я гэта ведаю.

— Каб чалавека падбадзёрыць, — сказаў Марцін Канінгам. — Ад шчырага сэрца, нічога іншага.

Містэр Блюм любаваўся самавітай фігурай дазорца. Зь ім усе хочуць быць у добрых адносінах. Прыстойны чалавек, Джон О’Конэл, сапраўды высокая кляса. Ключы: як абвестка Клютча: няма страху, што хтосьці ўцячэ, на выхадзе не правяраюць. Habeat corpusДакладней: Habeas corpus: Каб ты меў цела (лац.). (Першыя словы ангельскага закону з 1679 г. аб недатыкальнасьці асобы.). Пасьля паховін трэба заняцца гэтай абвесткай. А ці я напісаў Болсбрыдж на тым канвэрце, якім прыкрыў лісток, калі яна раптам увайшла, як пісаў Марце? Спадзяюся, што не завязьне як памылкова адрасаваны. Ня шкодзіла б пагаліцца. Сівая шчэць на падбародку. Гэта першы знак, калі валасы растуць сівымі й характар робіцца гняўлівы. Срэбныя ніткі пасярод сівых. Цікава, што на гэта ягоная жонка. Як яму ўвогуле хапіла духу зрабіць шлюбную прапанову. Хадзі, будзем жыць на могілках. Агаломшыць яе гэтым. Спачатку магло б яе страпянуць. Сьмерць у залётах... Паўсюды над гэтымі спруцянелымі нябожчыкамі лунаюць начныя цені. Цені помнікаў калі расчыняюцца магілы а Дэніэл О’Конэл напэўна ён нашчадак як думаю хто ж гэта мне казаў быццам ён пладавіты на дзіва але ўсё роўна вялікі католік як вялізны волат у цемры. Балотны агеньчык. Магільныя газы. Ёй трэба пазьбягаць думак пра гэта, а то ўвогуле не зацяжарыць. Жанчыны асабліва ўражлівыя. Распавесьці ёй у пасьцелі гісторыю з прывідамі, каб прыспаць. Ты калінебудзь бачыла прывід? А я бачыў. Цемрадзь была, хоць вока выкалі. Гадзіньнік біў дванаццаць. Але могуць і цалавацца як ня трэба лепш, калі толькі адпаведна настроіць. У Турцыі курвы на могілках. Калі ўзяць маладую, навучыцца ўсяго. Тут можаш падчапіць маладую ўдаву. Мужчынам гэткае падабаецца. Каханьне сярод магілаў. Рамэа. Востра прыпраўленая насалода. У росквіце сьмерці схапіла нас жыцьцё. Крайнасьці зыходзяцца. Танталавы пакуты для бедных нябожчыкаў. Пах смажаных біфштэксаў для галодных, якія грызуць уласныя вантробы. Прага раздражняць людзей. Молі захацелася рабіць тое ля вакна. Усёткі ў яго васьмёра дзяцей.

На сваім вяку ён пабачыў ладны гурт, што зыйшоў пад зямлю, закладаючы імі дзялянку за дзялянкай навокал. Сьвятыя палеткі. Было б больш месца, калі хаваць стойма. Седзячы або на каленях не атрымаецца. Стойма? Нейкага дня апаўзае зямля, і галава выходзіць навонкі, і працягнутая рука. Тут уся зямля, мабыць, як мядовыя соты: прадаўгаватыя каморкі. Пры тым ён тут утрымлівае парадак, падстрыжаная трава й бардзюры. Маёр Гамбл называе Геранімаву Гару мой сад. Ды так яно й ёсьць. Павінны быць кветкі сну. Масьцянскі мне казаў, што ў Кітаі велізарныя макі на могільніках даюць найлепшы опіюм. Батанічны сад тут непадалёк. Кроў поіць зямлю й дае новае жыцьцё. Тая ж ідэя ў тых жыдоў што як кажуць забілі хрысьціянскага хлопчыка. Кожнаму чалавеку свая цана. Добра захаваны труп джэнтльмэна, эпікурэйца, неабходны садку. Добры торг. За тушу Уільяма Уілкінсана, кантралёра й бухгалтара, нядаўна памёрлага, тры фунты трынаццаць і шэсць. З падзякай

Думаю, глеба тут парадкам тлусьцее ад трупінага ўгнаеньня, косьці, мяса, пазногці. Трупярні. Жуда. Робяцца зялёныя й ружовыя, раскладаюцца. У сырой зямлі гніюць хутка. Сухарлявыя старыя больш трывушчыя. Потым ні то салаватыя ні то тварожыстыя. Потым чарнеюць, сочаць смуродлівай патакай. Потым высыхаюць. Матылёк мёртвая галоўка. Вядома клеткі ці як яны там жывуць далей. Зьмяняюцца. Па сутнасьці жывуць вечна. Няма чым карміцца кормяцца сабою.

Ды на іх разводзіцца чортведама колькі чарвякоў. Мабыць у глебе іх бязь меры. Кружаць голаў мне бязь меры. О прыморскія красуні. Выгляд у яго пры тым досыць бадзёры. Дае яму пачуцьцё ўласнай моцы бачыць як іншыя йдуць пад зямлю раней за яго. Цікава як ён глядзіць на жыцьцё. Дый пажартаваць ахвотны: пагрэць сабе сэрца. Той пра паведамленьне. Спэрджэн вырушыў на неба сёньня зранку а 4 гадзіне. 11 увечары (зачыняем). Яшчэ не прыбыў. Пётра. Нябожчыкі й тыя а прынамсі мужчыны ахвота паслухалі б нешта дасьціпнае а жанчыны даведаліся б што цяпер у модзе. Сакавітую грушку або дамскі пунш, гарачы, моцны й салодкі. Не дапускае вільгаці. Часам трэба пасьмяяцца дык найлепш калі гэта такім чынам. Далакопы ў ”Гамлеце”. Паказвае глыбокае веданьне чалавечага сэрца. Зь мёртвых нельга жартаваць прынамсі два гады. De mortuis nil nisi priusПра памёрлых нічога акрамя раней (лац.).. Найперш каб скончылася жалоба. Цяжка ўявіць сабе ягоныя паховіны. Як быццам нейкі жарт. Кажуць прачытаеш уласны нэкралёг пажывеш даўжэй. Дае табе другое дыханьне. Новы кантракт на жыцьцё.

— Колькі ў цябе на заўтра? — спытаўся дазорац.

— Два, — адказаў Корні Кэлэхер. — Палова адзінаццатай і адзінаццатая.

Дазорац сунуў паперыны ў кішэню. Возік перастаў каціцца. Жалобнікі, разьдзяліўшыся, асьцярожна прайшлі паміж магіламі й паставалі абапал долу. Далакопы зьнялі труну й паставілі яе носам на ўскрай, працягваючы спадысподу вяроўкі.

Хаваем яго. Мы прыйшлі пахаваць Цэзара. Ягоныя сакавіцкія або чэрвеньскія іды. Ён ня ведае хто тут ні дбае пра гэта.

Во, а хто ж гэта будзе той цыбаты забрында ў макінтошы? Во, сапраўды хто ён, хацелася б ведаць. Дам грош за тое каб даведацца хто. Заўсёды хто-небудзь падвернецца, хто табе нават ня сьніўся. Чалавек можа ўсё жыцьцё пражыць у адзіноце. Так, можа. Але ўсё-ткі хтосьці яму патрэбны каб яго прысыпаць хоць магілу ён сабе можа выкапаць сам. Мы ўсе гэта робім. Толькі чалавек хавае. Не, мурашкі таксама. Першая рэч, што ўсіх уражвае. Пахаваць памёрлых. Кажуць Рабінзон Круза жыў у сапраўднасьці. Тады відаць Пятніца пахаваў яго. Кожная пятніца хавае чацьвер калі на гэта так глядзець.

 

О бедны Круза Рабінзон!

Як змог пражыць ты той сэзон?

 

Бедны Дыгнам! Ягонае апошняе зямное ложа ў гэтай скрыні. Калі падумаеш колькі іх усіх здасца табе такім марнатраўствам дрэва. І так сточаць. А можна было б прыдумаць шыкоўны катафалк зь нейкім рухомым спадам каб зь яго ссоўваліся. Ай ды толькі будуць супрацівіцца каб іх не хавалі пасьля іншых. Моцна пераборлівыя. Пакладзеце мяне ў роднай зямлі. Камяк гліны са сьвятой краіны. Толькі маці й мёртванароджанае могуць пахаваць у адной труне. Разумею чаму. Разумею. Каб бараніць яго як мага даўжэй нават у зямлі. Дом ірляндца ягоная труна. Бальзамаваньне ў катакомбах, муміі, сэнс той самы.

Містэр Блюм стаяў наводдаль з капелюшом у руцэ і лічыў аголеныя галовы. Дванаццаць. Я трынаццаты. Не. Тып у макінтошы трынаццаты. Лічба сьмерці. Адкуль жа ён выскачыў? У капліцы яго не было, магу прысягнуцца. Дурны забабон з той трынаццаткай.

Прыгожы мяккі туід у Нэда Лэмбэрта на гарнітуры. Крыху пурпуры. У мяне быў падобны, калі мы жылі на Ломбард-стрыт. Калісьці быў зь яго фарсун. Мяняў гарнітуры тры разы на дзень. А мой шэры трэба занесьці Мізаесу каб пераніцаваў. Ах во. Ён жа перафарбаваны. Трэба каб ягоная жонка я забыў ён нежанаты каб ягоная гаспадыня павыцягвала яму тыя ніткі.

Труна зьнікала з вачэй, мужчыны апускалі яе, раскірэчыўшыся на надмагільных апорках. Яны выпрасталіся й адступіліся: усе агалілі галовы. Дваццаць.

Паўза.

Калі б усе мы раптам сталіся кімсьці яшчэ.

У далечы закрычаў асёл. На дождж. Ды не такі ўжо асёл. Кажуць, ніколі не пабачыш мёртвага асла. Сорам сьмерці. Хаваюцца. Бедны тата таксама выехаў.

Лёгкі павеў крануў аголеныя галовы лагодным пошапам. Шапатаньне. Хлопец каля ўзгалоўя магілы трымаў вянок аберуч і спакойна ўзіраўся ў адкрытую чорную пройму. Містэр Блюм падыйшоў і стаў за самавітай фігурай дабразычлівага дазорца. Добра скроены фрак. Прыкідвае, пэўна, хто з нас будзе наступны. Што ж, гэта доўгі адпачынак. Нічога не адчуваеш. Адчуваеш толькі сам той момант. Мусіць быць пякельна непрыемны. Спачатку ня можаш паверыць. Мабыць, памылка: кагосьці іншага. Спрабуйце ў доме насупраць. Чакайце, я яшчэ хацеў. Я яшчэ не. Потым зацемнены аддзел сьмяротнікаў. Яны патрабуюць сьвятла. Вакол цябе шэпчуцца. Ці хочаце пабачыцца са сьвятаром? Потым балбатня й няцямнасьць. Трызьніш усё што скрываў усё жыцьцё. Змаганьне са сьмерцю. Сон у яго ненармальны. Адцягнеце ніжнюю павеку. Глядзяць, ці завастрыўся нос, ці адвісла сківіца, ці пажаўцелі падэшвы? Забярэце падушку хай канчаецца на падлозе раз яму наканавана. Д’ябал на той карціне сьмерць грэшніка паказвае яму жанчыну. І ён пры сконе ў адной кашулі намагаецца яе абняць. Апошняя дзея ”Лючыі”. Ці ўжо ніколі ня ўбачу цябе? Бум! выпусьціў дух. Адыйшоў нарэшце. Людзі крыху пагамоняць пра цябе — забудуць. Не забывайце памаліцца за яго. Спамінайце яго ў сваіх малітвах. Нават Парнэла. Дзень Плюшчу адмірае. А потым пойдуць яны: адзін за адным усе апусьцяцца ў яму.

Молімся цяпер за супакой ягонае душы. Спадзяемся, усё як трэба, ты ня ў пекла, а на неба. Прыемная зьмена клімату. З патэльні жыцьця ў агонь чысьцілішча.

А ці думае ён калі-колечы пра яму, што яго чакае? Кажуць, пра гэта думаеш тады, калі на сонцы даймуць цябе дрыжыкі. Хтосьці пераступіў церазь яе. Выклікаюць на сцэну. Зараз ты. Мая вунь там, у бок Фінгласу, закупленая дзялянка. Мама бедная мама, і малы Рудзі.

Далакопы наляглі на рыдлёўкі, закідваючы труну цяжкімі грудамі гліны. Містэр Блюм адвярнуў галаву. А калі б ён увесь гэты час быў жывы? Брр! Божухна, гэта было б жахліва! Не, не: ён мёртвы, безумоўна. Безумоўна мёртвы. Памёр у панядзелак. Павінны ўвесьці нейкі такі закон каб праколваць сэрца дзеля ўпэўненасьці або электрычны гадзіннік ці тэлефон у труне й нейкі брызэнтавы провад на паветра. Сыгнал бяды. Тры дні. Летам крыху задоўга. Таму лепш адразу спускаць у зямлю як толькі ўпэўніліся што не.

Гліна падала цішэй. Пачатак забыцьця. Што з вачэй, тое з сэрца.

Дазорац адыйшоўся пару крокаў і надзеў капялюш. Яму ўжо даволі. Жалобнікі акрыялі духам і адзін за адным неўпрыкмет накрывалі галовы. Містэр Блюм надзеў капялюш і ўбачыў, як мажная постаць спрытна знаходзіць сабе дарогу ў лябірынце магілаў. Спакойна, упэўненым крокам, ён перасякаў змрочныя палеткі.

Хайнс штосьці крамзоліць у нататніку. Ага, прозьвішчы. Ён жа ведае ўсіх. Не: падыходзіць да мяне.

— Я запісваю прозьвішчы, — сказаў сьцішаным голасам Хайнс. — Як ваша ймя? Я ня ўпэўнены.

— На эл, — адказаў містэр Блюм. — Леапольд. І можаце яшчэ запісаць МакКоя. Ён мяне прасіў.

— Чарлс? — сказаў Хайнс, запісваючы. — Ведаю. Ён калісьці працаваў у ”Фрымэне”.

Так, працаваў, перад тым як уладкаваўся ў трупярні ў Луіса Бэрна. Добрая думка пасьмяротная сэкцыя для лекараў. Выявіць тое што ім здаецца яны загадзя ведаюць. Ён памёр на аўторак. Змыўся. Даў драпака з аплатай за пару абвестак. Чарлі, міленькі мой. Таму ён і папрасіў мяне. Ну й добра, нікому не пашкодзіць. Я дагледзеў просьбы, МакКой. Дзякую, стары: вельмі абавязаны. Хай застаецца абавязаны: мне нічога не каштуе.

— А скажэце мне, — сказаў Хайнс, — вы ня ведаеце таго тыпа, што быў у, вунь там стаяў, апрануты ў...

Ён паглянуў навокал.

— Макінтош. Так, я яго бачыў, — сказаў містэр Блюм. — Куды ён падзеўся?

— МакІнтош, — паўтарыў Хайнс, крамзолячы. — Ня ведаю, хто ён такі. Гэта ягонае прозьвішча?

Ён пайшоў сабе, разглядаючыся на бакі.

— Не, — пачаў містэр Блюм, адварочваючыся спыніць яго. — Ды не, Хайнс!

Ня чуе. Га? Куды ж той прапаў? Ні сьледу. З усіх хто. Ці ня бачылі вы? Ка-э-эл ? Стаўся нябачным. Добры Божа, што зь ім сталася?

Сёмы далакоп падыйшоў да містэра Блюма ўзяць рыдлёўку, што ляжала побач.

— О, прабачце!

Ён жвава адступіўся.

Гліна, карычневая й сырая, ужо паказалася ў яме. Падымалася. Амаль упоравень. Курганчык сырых камякоў рос усё вышэй, рос, і далакопы паставілі свае рыдлёўкі. Усе на хвілю зноў агалілі галовы. Хлопец прыставіў свой вянок да рогу, жончын брат паклаў на ўзгорачак. Далакопы надзелі шапкі й панесьлі аблепленыя глінай рыдлёўкі на возік. Злёгку паабівалі вастрыі аб зямлю: ачысьцілі. Адзін нагнуўся й зьняў з тронка доўгі пучок травы. Другі пакінуў сваіх падсобнікаў і паволі пайшоў сабе, узяўшы на плячо сваю зброю з блакітнабліскучым вастрыём. Яшчэ іншы ва ўзгалоўі магілы зьвіваў вяроўкі, на якіх спускалі труну. Ягоная пупавіна. Жончын брат, адвярнуўшыся, паклаў нешта ў ягоную вольную руку. Маўклівая падзяка. Спачуваю, сэр: бяда. Ківок галавою. Разумею. Гэта для вас.

Жалобнікі разыходзіліся паволі, бязмэтна, зьвілістымі сьцяжынамі, час-часам прыпыняючыся прачытаць імёны над магіламі.

— Хадземце кругам, каля магілы правадыра, — сказаў Хайнс. — Маем час.

— Хадземце, — сказаў містэр Паўэр.

Яны павярнулі направа, ідучы за павольнай плыняй сваіх думак. Глухаваты голас містэра Паўэра прамовіў з трымценьнем:

— Людзі кажуць, яго зусім няма ў той магіле. Нібыта труну напоўнілі каменьнем. І што ён яшчэ вернецца.

Хайнс пахітаў галавою.

— Парнэл ня вернецца ніколі, — сказаў ён. — Ён там, прынамсі ўсё тое, што было сьмяротнае ў ім. Супакой ягоным астанкам.

Містэр Блюм ішоў самотна паўз кустоўе між засмучоных анёлаў, крыжоў, абламаных калёнаў, сямейных склепаў, каменных надзеяў, што маліліся з узьнятымі ўгору паглядамі, каля сэрцаў і рук старое Ірляндыі. Разумней было б выдаваць грошы на нешта дабрачыннае для жывых. Малецеся за супакой ягонае душы. А ці хто-небудзь і сапраўды? Прысыпалі яго й расквіталіся зь ім. Спусьцілі як вугаль у склеп. Потым памінаюць усіх гуртам, часу шкада. Дзяды. Дваццаць сёмага буду ля ягонай магілы. Садоўніку дзесяць шылінгаў. Выполвае пустазельле. Сам ужо старэча. Згорблены крукам, чыкае сваімі нажніцамі. Блізка брамы сьмерці. Адыйшоў. Пакінуў гэты сьвет. Быццам яны па сваёй волі. Далі таўхуна, усім. Журы зь яго выйшлі. Было б цікавей, калі б тут пісалі, кім яны былі. Сякі ды такі, стальмах. Я быў каміваяжор, прадаваў коркскі лінолеум. Я выплачваў па пяць шылінгаў ад фунта. Або жанчына з гаршком. Я тушыла добрую бараніну з бульбай і цыбуляй. Эўлёгія на вясковым могільніку здаецца так называўся той верш Ўордсварта або Томаса Кэмпбэла. Падаўся на вечны спачын, як кажуць пратэстанты. А стары доктар Морэн: вялікі лекар паклікаў яго да сябе. Ім гэта Божы палетак. Утульная прыгарадная рэзыдэнцыя. Нанава абтынкаваная й памаляваная. Ідэальнае месца, каб спакойна пакурыць і пачытаць ”Чэрч Таймс”. Абвесткі пра шлюбы ніколі не стараюцца ўпрыгожваць. Заржавелыя вянкі на крыжох, гірлянды з бронзавай бляхі. Лепш аплачваецца за тыя самыя грошы. Хоць жывыя кветкі больш паэтычна. А такое надакучвае, ніколі ня вяне. Нічога не выражае. Сухацьветы.

На галіне таполі незварушна сядзела птушка. Як чучала. Як наш вясельны падарунак ад олдэрмэна Хупэра. Гу! Ні зварухнецца. Ведае, што тут не страляюць з рагатак. Мёртвыя зьвяры яшчэ сумней. Дурніца Мілі хавала мёртвую птушачку ў пачку ад запалак, вянок стакротак і кавалкі парцаляны на магілцы.

А гэта будзе Сьвятое Сэрца: выстаўленае напаказ. Сэрца на далоні. Павінна быць збоку й пафарбаванае на чырвона як сапраўднае. Ірляндыя была яму прысьвечаная ці нешта такое. Не выглядае задаволеным. За што гэтая рана? Птушкі зьляталіся б і дзяўблі як таго хлопца з кошыкам садавіны але ён сказаў не таму што яны спужаліся б хлопца. Апалён гэта быў.

Як многа! І ўсе яны калісьці хадзілі па Дубліне. Верныя, што аддалі душу. Як ты цяпер і мы калісь былі.

Прытым ці магчыма ўсіх запомніць? Вочы, хаду, голас. Ну, голас так: грамафон. Паставіць грамафон у кожнай магіле або трымаць дома. Пасьля нядзельнага абеду. Паставім нашага беднага прадзядулю. Крргррк! Добрдзеньдодзеньдобр стррашнаррады кррк стррашнаррадыстррэцц добрдзень стррашнстррпшшы. Нагадвае голас як фатаграфія твар. Інакш ты б ня ўспомніў твару скажам праз пятнаццаць гадоў. Напрыклад чыёга? Напрыклад кагосьці хто памёр калі я працаваў ва Ўіздама Хілі.

Шртшр. Шоргат каменьчыкаў. Стой. Пачакай.

Ён напружана глядзеў у падножжа каменнага склепу. Нейкі зьвер. Пачакай. Вунь надыходзіць.

Тлусты шэры пацук кандыбаў уздоўж сьцяны склепу, шоргаючы па жвіры. Стары прайдзісьвет: прапрадзед: ведае ўсе хады. Шэрая жывёліна праціснулася пад плітаю, торгаючыся ў шчыліне. Тут добрая схованка для скарбу.

Хто там пражывае? Тут спачываюць астанкі Робэрта Эмэры. Робэрта Эмэта пахавалі тут пры сьвятле паходняў, здаецца? Робіць абход.

Зьнік і хвост.

Такія пройды ўправяцца з чалавекам ураз. Не паглядзяць хто, пакінуць чыстыя костачкі. Для іх папросту мяса. Труп гэта тухлае мяса. Ну а сыр што такое? Труп малака. У тых ”Падарожжах па Кітаі” я чытаў кітайцы кажуць белы чалавек сьмярдзіць ім трупам. Лепш спальваць. Сьвятары назарэз супроць гэтага. Іншая фірма забірае ім напіўкі. Гуртавы гандаль крэмацыйнымі й галяндзкімі печкамі. Час чорнай сьмерці. Глынаюць іх ямы зь нягашанай вапнай. Камэры сьмерці. З пылу паўстаў і ў пыл абернесься. Або пахаваць у моры. Дзе гэта тая вежа маўчаньня ў парсаў? Птушкі разьдзёўбваюць. Зямля, агонь, вада. Кажуць, найлепш утапіцца. У адно імгненьне бачыш усё сваё жыцьцё. Але калі выратуюць то не. А ў паветры пахаваць ня можна. Зь лятучага апарату. Цікава, разыходзяцца там весткі калі апускаюць сьвежага пад зямлю? Падземная сувязь. Мы навучыліся гэтага ад іх. Не зьдзівіўся б. Надзённая сытная страва для іх. Мухі зьлятаюцца калі яшчэ не памёр як належыць. Вынюхалі Дыгнама. Ніякі смурод ім не перашкаджае. Белая як соль разьлезлая трупіная каша: пахам і смакам як сырая рэпа.

Сьпераду паблісквала брама: яшчэ адчыненая. Назад у гэты сьвет. Хопіць ужо тут. Кожны раз набліжаесься патрохі. Апошнім разам я тут быў на паховінах місіс Сініка. І ў беднага таты. Любоў якая забівае. Нават раскопваюць зямлю ўночы пры ліхтарох як той выпадак я чытаў каб дастаць сьвежапахаваных жанчын або нават гнілаватых калі пайшлі трупіныя язвы. Дрыжыкі бяруць ад такога. Я табе пакажуся пасьля сьмерці. Убачыш мой прывід пасьля сьмерці. Мой прывід будзе цябе мучыць пасьля сьмерці. Існуе той сьвет і завецца ён пекла. Мне зусім не падабаюцца тыя сховы, напісала яна. Ні мне. Яшчэ гэтулькі можна ўбачыць, пачуць, адчуць. Адчуваць цеплыню жывых істотаў побач. Гэтыя няхай сьпяць у сваіх чарвівых пасьцелях. У гэтым забегу яны мяне не дастануць. Цёплыя пасьцелі: цёплае паўнакроўнае жыцьцё.

Марцін Канінгам высунуўся з бочнай алеі, паважна размаўляючы.

Адвакат, здаецца. Ягоны твар мне знаёмы. Мэнтан. Джон Генры, адвакат, паўнамоцны па прысягах і паказаньнях. Дыгнам калісьці працаваў у ягонай канцылярыі. У Мата Дылана даўно таму. Вясёлыя вечарыны ў кампанейскага Мата. Халодная дзічына, цыгара, шклянкі-неспадзяванкі. Сапраўды залатое сэрца. Так, Мэнтан. Таго вечару ў кегельбане разьверашчаўся на мяне, бо я заехаў сваім шарам у ягоны. Чыстая выпадковасьць: прамахнуўся. І таму ён зьнелюбіў мяне ў корань. Нянавісьць зь першага пагляду. Молі й Флуі Дылан, абняўшыся пад бэзам, хіхікалі. Мужчыны заўсёды так, абражаныя да сьмерці, калі пры жанчынах.

Капялюш яму ўвагнуўся на баку. У карэце, відаць.

— Прашу прабачэньня, сэр, — сказаў містэр Блюм, параўняўшыся зь імі.

Яны спыніліся.

— У вас капялюш крыху пакамячыўся, — паказаў містэр Блюм.

Джон Генры Мэнтан хвілю якую незварушна ўзіраўся на яго.

— Тут, — дапамог Марцін Канінгам, таксама паказваючы.

Джон Генры Мэнтан зьняў капялюш, выпіхнуў угін і дбайна прыгладзіў ворсу рукавом. Потым зноў насунуў капялюш на галаву.

— Цяпер усё як трэба, — сказаў Марцін Канінгам.

Джон Генры Мэнтан таргануў галавою ў знак удзячнасьці.

— Дзякую, — сказаў ён коратка.

Яны рушылі да брамы. Містэр Блюм, прыгнечаны, замарудзіў колькі крокаў, каб не падслухваць. Марцін выкладае закон. Марцін такога доўбню абкруціць вакол малога пальца, а ён і агледзецца не пасьпее.

Рыбіны вочы. Не бяры ў галаву. Потым, можа, будзе яму й прыкра, калі ўцяміць. І такім чынам возьмеш над ім верх. Дзякую. Як жа мы важныя з самага ранку.

Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=73 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

06 Hades

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Jorge Lewinsky — Hades
Jorge Lewinsky — Hades
MARTIN CUNNINGHAM, FIRST, POKED HIS SILKHATTED HEAD INTO the creaking carriage and, entering deftly, seated himself. Mr Power stepped in after him, curving his height with care./ — Come on, Simon./ — After you, Mr Bloom said./ Mr Dedalus covered himself quickly and got in, saying:/ — Yes, yes./ — Are we all here now? Martin Cunningham asked. Come along, Bloom./ Mr Bloom entered and sat in the vacant place. He pulled the door to after him and slammed it tight till it shut tight. He passed an arm through the armstrap and looked seriously from the open carriage window at the lowered blinds of the avenue. One dragged aside: an old woman peeping. Nose whiteflattened against the pane. Thanking her stars she was passed over. Extraordinary the interest they take in a corpse. Glad to see us go we give them such trouble coming. Job seems to suit them. Huggermugger in corners. Slop about in slipper-slappers for fear he'd wake. Then getting it ready. Laying it out. Molly and Mrs Fleming making the bed. Pull it more to your side. Our windingsheet. Never know who will touch you dead. Wash and shampoo. I believe they clip the nails and the hair. Keep a bit in an envelope. Grow all the same after. Unclean job...