04 Calypso
МІСТЭР ЛЕАПОЛЬД БЛЮМ УПАДАБАЎ САБЕ Ў ЕЖЫ нутраныя ворганы жывёлы й птаства. Ён любіў густы суп з гусіных вантробаў, арэхападобныя пупы, начыненыя печаныя сэрцы, падсмажаную скрылёчкамі ў цёртых сухарох пячонку, смажаную ікру траскі. Больш за ўсё ён любіў прыпечаныя на вугольлі баранія ныркі, якія пакідалі на ягоным паднябеньні далікатны прысмак лёгкадухмянае мачы.
Ныркі былі ў яго на роздуме, калі ён паціху ступаў па кухні, рыхтуючы ёй сьняданак на выгарбленай тацы. На кухні было ядрана й золка, хоць паўсюды знадворку красавала лагодная летняя раніца. Ён ужо трохі прагаладаўся.
Вугольле чырванела.
Яшчэ адна лустачка хлеба з маслам: тры, чатыры — хопіць. Яна ня любіць, калі на талерцы поўна. Хопіць. Пакінуўшы тацу, ён узяў з камінкавай паліцы чайнік і паставіў яго на ўскрай агню. Закопчаны й каржакаваты чайнік сеў, выпучыўшы сваю шыйку. Кубак гарбаты неўзабаве. Добра. У роце перасохла. Кошка хадзіла на пруткіх лапах вакол нагі стала, натапырыўшы хвост.
— Мкняў!
— А, ты тут, — сказаў містэр Блюм, адварочваючыся ад агню.
Кошка мяўкнула ў адказ і далей кружыла вакол сталовае нагі, ступаючы на пруткіх лапах, мяўкаючы. Гэтак жа сама яна шпацыруе сабе па маім пісьмовым століку. Мрр. Пачухай мне галаву. Мрр.
Містэр Блюм зацікаўлена, прыязна назіраў за гнуткай чорнай фігурай. Чыстая з выгляду: глянцаватая гладкая поўсьць, белы гузічак пад хвастом, зялёны водбліск вачэй. Ён нахіліўся да яе, упёршыся далонямі ў калені.
— Малачка для кошачкі, — сказаў ён.
— Мркняў! — усклікнула кошка.
Называюць іх дурнымі. Яны разумеюць, што мы гаворым, значна лепш, чымсьці мы іх. Яна разумее ўсё, што захоча. І помсьлівая. Цікава, як я выглядаю ў яе вачох. Як высокая вежа? Не, яна ж можа на мяне ўскочыць.
— А куранятаў баіцца, — паддражніў ён яе. — Баіцца ціпціпаў. Я ніколі ня бачыў так дурной кошачкі, як кошачка.
Жорсткая. Яе натура. Дзіўна, што мышы ніколі не пішчаць. Быццам ім тое падабаецца.
— Мркрняў! — голасна прамовіла кошка.
Яна міргнула сквапнымі, сарамліва прыжмуранымі вачыма й, жаласьліва, працягла замяўкаўшы, паказала яму свае млечнабелыя зубы. Ён прыглядаўся, як звужваюцца ад прагі цёмныя шчылінкі зрэнак, прыпадобніваючы вочы да зялёных каменьчыкаў. Падыйшоўшы да шафкі, ён узяў збанок, толькі што напоўнены малочнікам ад Хэнлана, наліў цёплабурблівага малака на сподак і асьцярожна паставіў яго на падлогу.
— Гуррхр! — гыркнула яна, кідаючыся хлябтаць.
Ён глядзеў, як у цьмяным святле пабліскваюць яе вусікі, нібы дроцікі, і як, тройчы крануўшы малако язычком, яна пачала лёгка хлябтаць. Цікава, ці праўда, што яны ня могуць лавіць мышэй, калі іх падрэзаць. Чаму? Можа, яны сьвецяцца ў цемры, на саміх кончыках. Ці, можа, яны ў цемры як шчупальцы.
Ён слухаў, як яна ліжа-хлебча. Яечню на шынцы, не. У такую засуху яйкі нядобрыя. Хачу сьвежай чыстай вады. Чацьвер: таксама нядобры дзень на баранюю нырку ад Баклі. Падсмажаную на масьле, прыцярушаную перцам. Лепш сьвіную нырку ад Длугача. Пакуль чайнік не закіпеў. Яна хлябтала штораз павальней, потым вылізала сподак дачыста. Чаму ў іх такія шурпатыя языкі? Хлябтаць зручней, скрозь у порыстых дзірачках. Яна тут нічога ня зьесьць? Ён паглянуў наўкола. Не.
Ціха парыпваючы чаравікамі, ён падняўся па сходах на верхні калідорчык, прыпыніўся перад дзьвярыма спальні. Ёй можа захацецца чагосьці смакавітшага. Зранку любіць тонкія лустачкі хлеба з маслам. Але ўсё ж такі: раз на нейкі час.
Ён ціха азваўся ў пустым калідорчыку:
— Я йду за рог. Праз хвіліну вярнуся.
Пачуўшы свой голас, ён дадаў:
— Табе чагосьці ня трэба на сьнеданьне?
Соннае мяккае мармытанне адказала:
— Мн.
Не. Яна нічога ня хоча. Потым ён пачуў цёплы глыбокі ўздых, мякчэйшы, калі яна абярнулася ў пасьцелі й бразгнулі расхістаныя масянжовыя кольцы на раме ложка. Абавязкова трэба іх прымацаваць. Шкада. Уся тая дарога з Гібралтару. Забыла й тую крышачку гішпанскае мовы, што навучылася. Цікава, колькі яе бацька за яго даў. Стары стыль. Ах так, вядома. Купіў яго на губэрнатарскім аўкцыёне. Малаток грукнуў хутка. Стары Туіды, у гандлёвых справах цьвёрды як крэмень. Так, сэр. Пад Плеўнай было яшчэ якое. Я пачынаў ад радавога, сэр, і ганаруся гэтым. Але ўсё-ткі яму хапіла глузду наладзіць скупку паштовых марак. Тут паказаў сябе прадбачлівым.
Ягоная рука зьняла капялюш з кручка над тоўстым паліто зь ягонай манаграмай і над абношаным непрамакальным плашчом з распродажу пакінутых рэчаў. Маркі: клейкасьпінныя абразкі. Як мяркую, шмат хто з афіцэраў ухапіўся за гэтую справу. Ды пэўна ж. Прапацелая наклейка на дне капелюша маўкліва паведаміла яму: Плэстаў, якасны кап. Ён хутка зазірнуў пад скураны абадок. Белая палоска паперы. Зусім бясьпечна.
На прыступках ён абмацаў заднюю кішэню, шукаючы ключа. Ня тут. У нагавіцах, што скінуў. Трэба узяць. Бульбіна пры мне. Рыплівая шафа. Няварта яе турбаваць. Была такая заспаная, калі абарочвалася. Ён паціху прыцягнуў дзьверы да сябе, яшчэ крыху, аж сподняя ліштва мякка прыкрыла парог, як сонная павека. З выгляду як замкнутыя. Абыйдзецца й так да майго прыходу.
Ён перайшоў на сонечны бок, абмінаючы адчынены люк склепу пад нумарам семдзесят пяць. Сонца набліжалася да сьпічака на касьцёле сьвятога Юрыя. Здаецца, дзень будзе душны. Адзеўшыся ў чорнае, асабліва адчуваецца. Чорнае праводзіць, адбівае (ці праламляе?) цяпло. Але ў сьветлым убраньні я не магу пайсьці. Гэта ж не пікнік. Ён ішоў у пяшчотным цяпле, а павекі ягоныя штораз апускаліся мякка на вочы. Фургон зь пякарні Боланда развозіць у кашах наш надзённы але ёй больш даспадобы ўчарашні буханкі піражкі гарачая хрумсткая скарынка. Адчуваеш сябе маладзейшым. Дзесьці на ўсходзе, раніцай, вырушыць на сьвітаньні, ідзеш паперадзе сонца й крадзеш у яго дзень. Калі ўвесь час так, то ў прынцыпе не пастарэеш ні на дзень. Ідзеш узьбярэжжам, па незнаёмай краіне, падыходзіш да гарадзкое брамы, там вартаўнік, таксама стары ваяка, з вусамі старога Туіды, абапіраецца на нейкую даўжэзную дзіду. Блукаеш па вулачках пад паветкамі. Побач мінаюцца твары пад турбанамі. Цёмныя пячоры крамаў з дыванамі, вялізны мужчына, страшэнны Турка, сядзіць са скрыжаванымі нагамі, курыць вітую люльку. Крыкі гандляроў на вуліцах. П’еш прыпраўленую кропам ваду, шэрбэт. Вандруеш ўвесь дзень. Можаш сустрэць грабежніка ці двух. Ну й што, сустрэнеш. Набліжаецца захад сонца. На калёнах цені мячэцяў: мула са скруткам пэргаміну. Пошум у дрэвах, сыгнал, вечаровы павеў. Праходжу далей. Цьмянее залатое неба. Маці стаіць на парозе. Кліча дахаты дзяцей на іхняй цёмнай мове. Высокі мур: за ім брынкаюць струны. Месяц на начным небе, фіялетавы, як новыя падвязкі ў Молі. Струны. Паслухай. Дзяўчына йграе на тым інструмэнце, як жа ён называецца, на цымбалах. Праходжу.
Мабыць, ні крышачку не падобна да сапраўднасьці. Начытаўся такога: па сьлядох сонца. Сонца зьзяе на тытульнай бачынцы. Ён усьміхнуўся, самазадаволены. Як сказаў Артур Грыфіт пра заставіцу над перадавіцай у ”Фрымэне”: сонца самакіраваньня ўзыходзіць на паўночным захадзе з вулачкі за Ірляндзкім Банкам. Ён прадоўжыў задаволеную ўсьмешку. Сказана з жыдоўскім клёкам: сонца самакіраваньня ўзыходзіць на паўночным захадзе.
Ён наблізіўся да бару Лары О’Рорка. Праз краты пограбу плыла вільготная пара ад портэру. Праз расчыненыя дзьверы бару бруілі струмені імбірнага паху, гарбатнага пылу й бісквітнай пацярухі. Адылі ўстанова неблагая: якраз каля трамвайнай пятлі. Напрыклад, МакОлі, там далей: безнадзейнае месца. Безумоўна, калі б правялі лінію ўздоўж Паўночнай Акружной ад жывёльнага рынку да прыстані, цана яму падскочыла б як на спружыне.
Лысая галава над фіранкай. Спрытны стары жмінда. Наконт абвесткі зь ім ня зладзіш. Што ж, у ягонай справе яму лепш відаць. Вунь ён, а як жа, наш зух Лары, безь пінжака, усьпёршыся на мяшок з цукрам, сузірае, як бармэн у фартуху ўпраўляецца з анучкай і вядром. Сайман Дэдал выдатна яго перакрыўляе, як ён мружыць свае вочкі. Ведаеце, што вам скажу? Што, містэр О’Рорк? Ведаеце, японцы зьядуць тых расейцаў на сьняданак і да абеду яшчэ прагаладаюцца.
Стань і перакінься словам: можа, пра паховіны. Сумная справа зь бедным Дыгнамам, містэр О’Рорк.
Паварочваючы ў Дорсэт-стрыт, ён бадзёра паздароўкаўся празь дзьверы:
— Добры дзень, містэр О’Рорк.
— Добры дзень і вам.
— Цудоўнае надвор’е, сэр.
— Анягож.
Адкуль у іх грошы бяруцца? Прыяжджаюць рыжымі прыслужнікамі з графства Літрым, палошчуць шклянкі й зьліваюць недапіткі ў пограбе. І раптам, глядзі ды любуйся, ужо квітнеюць, як Адам Фіндлэйтэр або Дэн Тэлан. Улічы яшчэ канкурэнцыю. Усёагульная смага. Неблагая галаваломка: прайсьці Дублін і не наткнуцца на карчму. Адкласьці няма як. Можа, з п’яных? Паставіць тры, а палічыць за пяць. Ды колькі таго? Шылінг тут, шылінг там, дробка й яшчэ трошкі. А можа, пры гуртавых заказах? Хітруюць рука ў руку з прыежджымі агентамі гуртавікоў. Абрэжаш у шэфа, а вяршок разьдзелім, згода?
Колькі гэта дало б за месяц на портэры? Скажам, дзесяць барылак напою. Скажам, узяў сабе дзесяць працэнтаў. Або й болей. Пятнаццаць. Ён праходзіў перад народнай школай Сьвятога Язэпа. Вісусава гамэрня. Вокны наросьцеж. Сьвежае паветра дапамагае запамінаць. Або песенькі. Абэвэ гадуе ёйжазэ ікалы монао перастаў уфхаця шчэюя. Гэта хлопцы там? Так, Ініштарк, Інішарк, Інішбофін. Вывучаюць сваю гагаграфію. Маю. Гара Блюма.
Ён спыніўся перад вітрынаю Длугача, разглядваючы маткі падвараных кілбасак, вэнджаных кілбасаў, чорных і сьветлых. Пятнаццаць памножыць на. Лічбы бляклі ў ягонай галаве непадрахаваныя: незадаволены, ён дазволіў ім пацьмянець. Ільсьняныя маткі, панабіваныя мясам, кармілі ягоны пагляд, і ён супакойна ўдыхваў цеплаваты пах зваранай і востра прыпраўленай сьвіной крыві.
Нырка сочыла згусткамі крыві на пасудзіну з узорам у вярбовыя галінкі: апошняя. Ён стаяў каля прылаўка за суседавай служанкай. Возьме яе ці не? Яна купляла паводле сьпісу, што трымала ў руках. Парэпаныя: ад мыцьця з содай. І паўтары хунты кілбасак Дэні. Ягоны позірк спачыў на моцных клубах. Вудс ягонае прозьвішча. Цікава, чым ён займаецца. Жонка ўжо стараватая. Сьвежая кроў. Кавалерам уваход забаронены. Пара дужых рук. Выбівала дыван на вяроўцы. Лупіла ў яго, што трэба. Яе перакрыўленая спадніца пагойдваецца за кожным ударам.
Тхаравокі сьвінамясьнік, адхапіўшы скрутак кілбасак, згартаў іх паплямленымі пальцамі, кілбаскаружовымі. Вось ядранае мяса, як у ялавічкі, адкормленай у аборы.
Ён падняў адзін лісток з нарэзанага стосіку. Узорная гаспадарка ў Кінэрэце, над Тыбэрыядзкім возерам. Можна паставіць ідэальную зімовую санаторыю. Мозэс Монтафіёра, я так і думаў. Гаспадарскі дом, навокал мур, за смугою пасьвіцца жывёла. Ён адсунуў лісток ад сябе: цікава: пачытаць дакладней, за смугою пасьвіцца жывёла, шамаціць лісток. Маладая белая цялушка. Тыя раніцы на жывёльным рынку: рыкаюць быкі ў загарадзях, значаныя авечкі, паданьнешлёпаньне памёту, гадоўцы ў падбітых ботах брыдуць па ўгноеным подсьціле, ляпаюць жывёлу па сьпеламясістых агузках, вось першасортная штука, неабадраныя пруткі ў руках. Ён цярпліва трымаў адсунуты лісток, утаймоўваючы пачуцьці й волю, лагодны скораны позірк застыў у адным пункце. Перакрыўленая спадніца пагойдваецца, а яна луп дый луп.
Сьвінамясьнік выхапіў два лісткі са стосіку, загарнуў першасортныя кілбаскі, скрывіў чырвоны лыч.
— Вось вам, паненка.
Дзёрзка ўсьміхаючыся, яна працягнула яму манэту ў тоўстай жмені.
— Дзякую паненцы. Шылінг і тры пэнсы рэшты. А вам, калі ласка?
Містэр Блюм хутка паказаў. Дагнаць і пайсьці за ёю, калі далёка не адыйдзецца, сьледам за рухавымі кумпякамі. Прыемны абразок з самога ранку. Пасьпяшай, каб цябе халера. Касі каса, пакуль раса. Яна, прыпыніўшыся на сонцы перад крамай, ляніва патэпала направа. Ён уздыхнуў, выпусьціўшы паветра носам: яны ніколі не разумеюць. Парэпаныя ад соды рукі. І закарэлыя пазногці на нагах. Пашкуматаная карычневая валасяніца сьцеражэ подступаў да яе. Джала непавагі запякло яму ў грудзях слабой задаволенасьцю. Іншаму: нейкі паліцыянт пасьля службы ціскаў яе на Эклс-лэйн. Тыя любяць, калі ёсьць за што патрымацца. Першасортная кілбаска. Ох, прашу вас, містэр Паліцыянт, я заблудзілася ў цёмным лесе.
— Тры пэнсы, калі ласка.
Ягоная далонь прыняла вільготную пухкую залозу й сунула яе ў бочную кішэню. Потым дастала з кішэні нагавіцаў тры манэты й паклала іх на гумовую прышчаватую падкладку. Яны леглі, былі тут жа палічаныя й тут жа апушчаныя, адна за адной, у шуфлядку касы.
— Дзякую, сэр. Да наступнага разу.
Лісіныя вочы падзякавалі яму, бліснуўшы дапытлівым агеньчыкам. Ён, вагнуўшыся на міг, адвёў позірк. Не: лепш не: іншым разам.
— Да пабачэньня, — сказаў ён, адыходзячы.
— Да пабачэньня, сэр.
Ні сьледу. Зьнікла. Якая розьніца?
Ён вяртаўся паўз Дорсэт-стрыт, засяроджана чытаючы. Агэндат Нэтаім: плянтатарская суполка. Набыць ад турэцкага ўраду разьлеглыя пясчаныя дзялянкі й абсадзіць эўкаліптавымі дрэвамі. Даюць знакаміты цень, паліва й будаўнічы матэрыял. Апэльсінавыя гаі й неабсяжныя гарбузовыя бахчы на поўнач ад Яфы. Вы плоціце восем марак, і вам засаджваюць дунам зямлі аліўкамі, апэльсінамі, мігдаламі ці лімонамі. Аліўкі таньнейшыя: апэльсінам трэба штучнае паліваньне. Штогод атрымліваеце пасылку з плёнам. Запісваюць вас у кнігу суполкі ў якасьці пажыцьцёвага ўласьніка. Можаце заплаціць гатоўкаю дзесяць, а астатняе ў гадавых ратах. Бляйбтройштрасэ, 34, Бэрлін, В. 15.
Нічога ня выйдзе. Але штосьці ў гэтым ёсьць.
Ён паглядаў на жывёлу, засмужаную ў срэбнай сьпякоце. Пасрэбраныя запыленыя аліўкі. Доўгія спакойныя дні: дагляданьне дасьпяваньне. Аліўкі, хіба, кладуць у слоікі, га? У мяне яшчэ трохі засталося ад Эндруса. Молі выплёўвала. Цяпер увайшла ў смак. Апэльсіны ў абгортачнай паперы пакуюць у скрынкі. Цытрусы таксама. Цікава, ці той бедачына Цытрон усё яшчэ жыве на Сэнт-Кэвін-парэйд. І Масьцянскі са старой цытрай. Прыемныя вечарыны мы тады праводзілі. Молі ў плеценым крэсьле Цытрона. Прыемна ўзяць, халодны васковы плод, патрымаць у руцэ, паднесьці да носа, удыхнуць водар. Вось так: цяжкі, салодкі, дзікі водар. Заўсёды такі самы, з года ў год. Ідуць па высокай цане, Мойзэль мне казаў. Арбютэс-плэйс, Плізэнтс-стрыт: мілая даўняя часіна. Ён казаў, мусяць быць безь ніводнае хібы. Праходзяць увесь той шлях: Гішпанія, Гібралтар, Міжземнае мора, Левант. Шарэнгі скрынак на прыстані ў Яфе, клерк адкрэсьлівае іх у гросбуху, грузчыкі ў зашмальцаваных паркалёх валочаць. Вунь той як жа яго выходзіць з. Цікава, сустрэну яго сёньня яшчэ раз? Палівачка. Каб наклікаць дождж. Як у небе, так і на зямлі.
Воблака пачало закрываць сонца, паволі, штораз болей, цалкавіта. Шэрае. Далёка.
Не, ня так. Бясплодны край, голая пустэльня. Вулканічнае возера, мёртвае мора: бяз рыбы, бяз водарасьцяў, глыбокая западзіна ў зямлі. Вецер не ўскалыхне тых хваляў, мэталічнашэрых, завешаных атрутнай імглою водаў. Назвалі тое ападам сярністага дажджу; гарады на раўніне: Садом, Гамора, Эдом. Усе мёртвыя ймёны. Мёртвае мора ў мёртвай зямлі, сівой і старой. Старой цяпер. Яна нарадзіла найстарэйшае, першапачатковае племя. Згорбленая старая перайшла вуліцу каля Кэсыды, заціскаючы ў кіпцюрох невялікую пляшку. Найстарэйшы народ. Бадзяўся далёка па ўсёй зямлі, зь няволі ў няволю, размнажаўся, паміраў, нараджаўся паўсюды. А яна ляжыць там. Болей ужо ня можа нараджаць. Мёртвая: старэчая: сівая запалая пізда сьвету.
Спустошанасьць.
Сівы жах працяў ягонае цела. Склаўшы лісток і сунуўшы яго ў кішэню, ён павярнуў у Эклс-стрыт, засьпяшаўся дадому. Халодны алей поўз у ягоных жылах, марозячы кроў: гады пакрывалі яго карузлым салоным плашчом. Ну, але цяпер я тут. Хто зранку ўстаў, таму благое ў вачох. Устаў зь левай нагі. Трэба зноў пачынаць практыкаваньні паводле Сэндава. Стойку на руках. Брудныя бурыя будыніны з цэглы. Нумар восемдзесят далей пустуе. Чаму яно так? Ацэнены ўсяго на дваццаць восем. Таўэрс, Батэрсбі, МакАртур: усе вокны першага паверху пазаклейваныя афішамі. Пляйстар на хворым воку. Удыхнуць цёплую пару з чайніка, дымок з патэльні, шыплівае масла. Пабыць каля яе буйнага, нагрэтага ў пасьцелі, цела. Так, так.
Імклівы сонечны бляск надбягаў ад Барклі-роўд, жвава, у лёгкіх сандалях: ясьнеў ходнік. Бяжыць, яна бяжыць мне насустрач, дзяўчына з залацістымі валасамі на ветры.
Два лісты й паштоўка на падлозе ў сенцах. Ён нахіліўся й падняў. Місіс Мэрыян Блюм. Хуткі рытм ягонага сэрца адразу запаволіўся. Сьмелы почырк. Місіс Мэрыян.
— Польдзі!
Увайшоўшы ў спальню, ён прыплюшчыў вочы й рушыў у цёплых жоўтых поцемках да яе ўскудлачанае галавы.
— Каму лісты?
Ён глянуў на іх. Молінгар. Мілі.
— Ліст мне ад Мілі, — сказаў ён, зважаючы на свой голас, — а табе паштоўка. І яшчэ ліст.
Ён паклаў паштоўку й ліст на саржавую капу каля згібу яе каленяў.
— Табе шторы падняць?
Падцягваючы шторы лёгкімі потузамі, да паловы, ён згледзеў цераз плячо, як яна зірнула на ліст і сунула яго пад падушку.
— Гэтулькі хопіць? — запытаўся ён, адварочваючыся.
Яна чытала паштоўку, прыўзьняўшыся на локцю.
— Пасылку ўжо атрымала, — сказала яна.
Ён чакаў, пакуль яна адклала паштоўку й паволі скруцілася клубком са смачным позяхам.
— Пасьпяшайся з гарбатай, — сказала яна. — А то зусім засохну.
— Чайнік ужо кіпіць, — паведаміў ён.
Аднак ён яшчэ марудзіў, апаражняючы крэсла: паласатая ніжняя спадніца, пакамячаная брудная бялізна: узяўшы ўсё ў ахапак, перанёс у ногі ложка.
Калі зыходзіў па кухоннай лесьвіцы, яна аклікнула:
— Польдзі!
— Што?
— Выпары імбрычак.
Кіпеў напэўна: пара валіла з носіка. Ён выпарыў і спаласнуў імбрычак, засыпаў чатыры поўныя лыжачкі гарбаты й, перахіліўшы чайнік, заліў кіпенем. Адставіўшы заварку нацягнуць, ён зьняў чайнік з агню й, уціснуўшы патэльню ў вугальны жар, глядзеў, як коўзаецца й распускаецца на ёй кавалак масла. Калі ён адгортваў нырку, прагна мяўкнула каля яго кошка. Даваць ёй зашмат мяса, дык перастане лавіць мышэй. Кажуць, яны не ядуць сьвініны. Кошэр. Бяры. Ён кінуў ёй пакрываўленую абгортку й апусьціў нырку ў распушчанае шыпучае масла. Перцу. Ён узяў дробку з вышчарбленага кілішка для яйка, пацерушыў кругам.
Потым ён расьпячатаў ліст, кінуў вокам па ўсёй бачынцы. Дзякую — новы бэрэт — містэр Коклэн — пікнік над возерам Оўл — малады студэнт — прыморскія красуні Буякі Бойлана.
Гарбата нацягнула. Усьміхаючыся, ён напоўніў свой кубак з прыстасаваньнем для вусаў, зь імітацыі парцаляны Краўн Дарбі. Падарунак ад дурніцы Мілі на дзень нараджэньня. Тады ёй было ўсяго пяць гадоў. Не, чакай: чатыры. Я ёй даў бурштынападобныя каралі, а яна іх парвала. Кідаў для яе ў паштовую скрынку складзеныя лісточкі абгортачнай паперы. Ён усьміхаўся, наліваючы.
О, Мілі Блюм, маё дзяўчо каханае,
Гляджу ў цябе, як у люстэрка, круглы год.
Нат без граша ты болей пажаданае,
Чым Кэт, што мае тоўсты зад і агарод.
Бедны стары прафэсар Гудвін. Страшны дзівак. Аднак стары паводзіў сябе надзвычай пачціва. Старамодная манэра, зь якою праводзіў Молі з эстрады. І тое малое люстэрка ў цыліндры. Таго вечару Мілі прынесла яго ў гасьцёўню. Ой, гляньце, што я знайшла ў капелюшы прафэсара Гудвіна! Усе папасьмяяліся. Жаночая натура ўжо тады выяўлялася. Бойкая была зь яе істотка.
Ён падкалупнуў нырку відэльцам і перагарнуў, потым паставіў імбрычак на тацу. Калі падняў яе, горб з грукам уваліўся. Усё ўзяў? Хлеб з маслам, чатыры, цукар, лыжачка, яе сьмятанка. Так. Ён панёс наверх, прасунуўшы вялікі палец праз вушка імбрычка.
Піхнуўшы дзьверы каленам, ён увайшоў і паставіў тацу на крэсьле пры ўзгалоўі пасьцелі.
— Надта ж доўга ты забавіў, — сказала яна.
Бронза забразгацела, калі яна жвава падхапілася, усьпёршыся локцем на падушку. Ён спакойна глядзеў на яе буйную фігуру й на лагчынку між вялікіх мяккіх грудзей, што абвісалі пад начной кашуляй, як казінае вымя. Цеплыня ад ейнага цела мяшалася ў паветры з духмяным пахам наліванай гарбаты.
Беражок разарванага канвэрта вызіраў зпад прыдушанай падушкі. Выходзячы, ён яшчэ затрымаўся распрастаць капу.
— Ад каго гэты ліст? — спытаўся ён.
Сьмелы почырк. Мэрыян.
— Ох, ад Бойлана, — сказала яна. — Ён мае прынесьці праграму.
— Што будзеш сьпяваць?
— La ci daremДакладней: La ci darem la mano: Тады падамо сабе рукі (італ.). (Дуэт зь першага акту опэры Моцарта „Дон Жуан”). з Дж. К. Дойлам, — адказала яна, — і ”Старую салодкую песьню каханьня”.
Яе поўныя вусны, папіваючы гарбату, усьміхнуліся. Пасьля таго кадзідла на другі дзень застаецца даволі затхлы дух. Як застоеная вада пасьля кветак.
— Табе прачыніць вакно?
Падымаючы ў рот складзеную напалам лустачку, яна запыталася:
— А каторай паховіны?
— А адзінаццатай, здаецца, — адказаў ён. — Я яшчэ не глядзеў газэты.
Ідучы за ўказаньнем ейнага пальца, ён падняў за калашыну яе брудныя панталёны, што ляжалі на ложку. Ня гэта? Тады перакручаную шэрую падвязку, абвітую вакол панчохі: пакамячаная падэшва, прасьвечваецца.
— Не, тую кніжку.
Другая панчоха. Ніжняя спадніца.
— Мабыць, упала, — сказала яна.
Ён памацаў сям і там. Voglio e non vorreiХачу й не хацела б (італ.).. Цікава, ці правільна яна вымаўляе тое voglio. На ложку няма. Мусіць, сасьлізнула. Ён нахіліўся й прыўзьняў брыжы капы. Кніжка ляжала разгорнутая на пузе начнога гаршка ў аранжавую палоску.
— Пакажы сюды, — сказала яна. — Я там пазначыла. Адно слова, пра якое хацела спытацца.
Яна адпіла глыток гарбаты з кубка, які трымала за нявушка, і, спрытна выцершы кончыкі пальцаў аб коўдру, пачала вадзіць шпількаю па тэксьце, пакуль не адшукала тое слова.
— Мы там што? — перапытаў ён.
— Вось, — сказала яна. — Што гэта значыць?
Ён нахіліўся й прачытаў каля дагледжанага пазногця на яе вялікім пальцы.
— Мэтэмпсыхоз?
— Так. Як гэта будзе панашаму?
— Мэтэмпсыхоз, — сказаў ён, зморшчыўшы лоб, — гэта грэцкае: з грэцкай мовы. Гэта абазначае перасяленьне душ.
— Ну й лухта! — сказала яна. — Растлумач мне папросту.
Ён усьміхнуўся, зірнуўшы скоса ў яе кплівыя вочы. Тыя самыя маладыя вочы. Першы вечар пасьля гульні ў шарады. Долфінс Барн. Ён пагартаў зашмальцаваныя бачынкі. ”Рубі — слава арэны”. Во, абразок. Разьюшаны італьянец зь бізуном. Гэта мусібыць Рубі слава там на падлозе голая. Літасьціва далі прыкрыцца. Пачварны Мафэі запыніўся й з праклёнам адхіснуў прэч сваю ахвяру. Жорсткасьць за ўсім гэтым. Адурманеныя наркотыкамі зьвяры. Трапэцыя ў цырку Хэнглера. Мусіў адвярнуцца ў іншы бок. А натоўп талопіў вочы. Скруці сабе шыю, а мы скруцімся ад сьмеху. Іх цэлыя сем’і. Выймаюць ім косьці яшчэ маладым, дык яны й мэтэмпсыхозяць. Што мы жывём пасьля сьмерці. Нашы душы. Што душа чалавека, калі ён памрэ. Душа Дыгнама...
— Ты ўжо скончыла яе? — спытаўся ён.
— Так, — сказала яня. — Нічога ў ёй скаромнага. Яна увесь час кахае таго першага?
— Я нават не заглянуў. Хочаш іншую?
— Так. Прынясі яшчэ Поль дэ Кока. Такое мілагучнае ймя.
Яна даліла сабе гарбаты, спаглядаючы збоку на цурок.
Трэба прадоўжыць тую кніжку зь бібліятэкі на Кэйпл-стрыт, бо іначай яны напішуць Карні, майму паручальніку. Пераўвасабленьне: вось тое слова.
— Некаторыя вераць, — пачаў ён, — што пасьля сьмерці мы будзем жыць у іншым целе, і што мы ўжо жылі раней. Называюць гэта пераўвасабленьнем. Што ўсе мы жылі раней, тысячы гадоў таму, на зямлі або на якой-небудзь іншай плянэце. Кажуць, што мы забылі пра гэта. А некаторыя кажуць, што памятаюць свае мінулыя жыцьці.
Лянівая сьмятанка вілася згуслымі сьпіралямі ў яе гарбаце. Лепш прыпомніць ёй гэтае слова: мэтэмпсыхоз. Лепш было б прыклад. Прыклад.
”Купаньне німфы” над ложкам. Дадатак да велікоднага нумару ”Фота Бітс”: майстэрскі твор у мастацкіх колерах. Як гарбата, пакуль не даліеш малака. Падобная да яе з распушчанымі валасамі: больш тонкая. За рамку я даў тры шылінгі й шэсць пэнсаў. Яна казала, што над ложкам будзе прыгожа глядзецца. Голыя німфы — Грэцыя — і на той прыклад усе людзі, што тады жылі.
Ён перагортваў бачынкі дазаду.
— Мэтэмпсыхоз, — сказаў ён, — так называлі гэта старажытныя грэкі. Яны верылі, што чалавек можа абярнуцца ў зьвяра або дрэва, напрыклад. Або ў тое, што яны называлі німфамі, напрыклад.
Яе лыжачка перастала мяшаць цукар. Сама яна глядзела проста перад сабою, уцягваючы паветра ў акругленыя ноздры.
— Нясе прыгарам, — сказала яна. — Ты нешта там пакінуў на агні?
— Нырка! — выкрыкнуў ён.
Ён гвалтоўна сунуў кніжку ва ўнутраную кішэню й, стукнуўшыся наском аб кульгавую камоду, кінуўся да прыгару, зьбягаючы па лесьвіцы скокамі спалоханага бусла. Едкі дым пыхаў злосным струменьчыкам з краю патэльні. Падкалупнуўшы нырку відэльцам, ён адарваў яе й перавярнуў дагары, як чарапаху. Прыгарэла толькі крышку. Ён перакінуў яе з патэльні на талерку й паліў скупаватымі рэшткамі бурага сосу.
Цяпер кубачак гарбаты. Ён сеў, адрэзаў лусту хлеба й пашмараваў маслам. Абрэзаў на нырцы прыгарку й кінуў кошцы. Потым падняў відэльцам кавалак у рот і пачаў жаваць, смакуючы са знаўствам пругкае апэтытнае мяса. Акурат як трэба. Глыток гарбаты. Потым нарэзаў хлеба кубікамі, абмакнуў адзін у сос і сунуў у рот. Што там было пра маладога студэнта й пікнік? Ён расклаў ліст побач і стаў паволі чытаць, перажоўваючы, абмакаючы кубікі ў сос і падымаючы іх у рот.
Найдаражэйшы Татулю!
Вялікі дзякуй за твой цудоўны падарунак на дзень нараджэньня. Ён мне дасканала пасуе. Усе кажуць, што ў новым бэрэце я абсалютная прыгажуня. Атрымала ад мамулі цудоўную скрыначку са сьметанковымі цягучкамі й пішу ёй асобна. Цукеркі цудоўныя. Я тут па вушы сяджу ў фатаграфіі. Містэр Коклан зьняў мяне са сваёй місіс, прышлю, калі праявім. Учора была тут вялікая куламеса. Пагодлівы дзень і ўсе таўстакормныя тут былі. У панядзелак зьбіраемся зь сябрамі над возера Оўл на складчынны пікнік. Перадай маме, што яе кахаю й табе доўгі пацалунак і вялікі дзякуй. Чую, як іграюць унізе на піяніна. У суботу будзе канцэрт у гатэлі ”Грэвілскі Герб”. Часам заходзіць сюды малады студэнт, ягонае прозьвішча Бэнан, у яго нейкія сваякі страшэнныя багацеі ды ён сьпявае тую песеньку Бойлана (ледзьве не напісала Буякі Бойлана) пра прыморскіх красуняў. Скажы яму, што дурніца Мілі перасылае прывітаньне. Мушу ўжо канчаць з найшчырэйшым каханьнем.
Твая адданая дачка, МІЛІ.
P.S. Прабач каракулі, вельмі сьпяшаюся. Бывай.
М.
Пятнаццаць учора. Цікава, якраз і дзень месяца пятнаццаты. Яе першы дзень нараджэньня па-за домам. Расстаньне. Памятаю той летні ранак, калі яна нарадзілася, пабег пагрукаць місіс Торнтан на Дэнзіл-стрыт. Бадзёрая старая жанчына. Плойме дзяцей дапамагла зьявіцца на сьвет. Яна з самага пачатку ведала, што бедны Рудзі ня выжыве. Што ж, Бог добры, сэр. А сама ўжо ведала. Калі б жыў, яму цяпер было б адзінаццаць.
Ягоны адсутны пагляд расчулена ўставіўся на пастскрыптум. Прабач каракулі. Сьпяшаюся. Унізе на піяніна. Вылузваецца са свае шкарлупіны. Сварка зь ёю за бранзалет у кавярні XL. Не схацела есьці кексу ні адзывацца ні глядзець. Злосьніца. Ён абмакаў у сос наступныя хлебныя кубікі й кавалак за кавалкам даядаў нырку. Дванаццаць і шэсць на тыдзень. Не зашмат. Але магло ёй трапіцца горш. Статыстка ў мюзык-холе. Малады студэнт. Ён хліснуў астылай гарбаты, каб запіць ежу. Потым зноў перачытаў ліст: двойчы.
Ну добра: яна ўмее паводзіць сябе. А калі не? Не, нічога яшчэ ня здарылася. Вядома, усё магчыма. Ва ўсякім выпадку, пачакаем, пакуль ня здарыцца. Дзікунская штука. Яе зграбныя ногі бегма па лесьвіцы. Кон. Якраз дасьпявае. Самалюбная: вельмі.
Ён усьміхнуўся кухоннаму вакну з заклапочанай расчуленасьцю. Аднаго дня я перахапіў яе на вуліцы, як шчыпала сабе шчокі, каб парумянелі. Крыху анэмічная. Задоўга кармілася з грудзей. Таго дня на ”Каралі Эрыну” вакол маяка Кіш. Тая старая балея калыхала сюды-туды. Ні трошкі не спужалася. Сьветласіні шалік павяваў на ветры разам зь яе распушчанымі валасамі.
Шчочкі ў ямачках, кучэры
Кружаць голаў мне бязь меры.
Прыморскія красуні. Разарваны канвэрт. Рукі ў кішэнях, і напявае, як рамізьнік на вольніцы. Сябар сям’і. Крушаць, вымаўляе ён. Асьветлены пірс, летні вечар, аркестар.
О, дзяўчаты, прыгажуні!
О, прыморскія красуні!
Мілі таксама. Маладыя пацалункі: першыя. Цяпер далёка ў мінулым. Місіс Мэрыян. Чытае лежачы цяпер наўзнак, перабірае пасмы валасоў, усьміхаецца, сплятае.
Мяккі жаласьлівы смутак сплываў па ягоным хрыбце, нарастаючы. Здарыцца, так. Запабегчы. Дарма: нічога не змагу зрабіць. Дзявочыя салодкія далікатныя вусны. Таксама здарыцца. Ён адчуваў, як залівае яго жаласьлівасьць. Няварта тут што-колечы рабіць. Вусны цалаваныя, цалуюць цалуючыя. Поўныя клейкія жаночыя вусны.
Лепш там, дзе яна цяпер: здалёк ад дому. Мае занятак. Хацела сабаку, каб нечым заняцца. Можна было б туды зьезьдзіць. Вольнымі днямі ў жніўні, усяго два й шэсць у абодва бакі. Але гэта праз шэсьць тыдняў. Можна было б абсправіць журналісцкі праезд. Або праз МакКоя.
Кошка, вылізаўшы сабе поўсьць, вярнулася да паплямленай крывёю абгорткі, панюхала яе й пайшла да дзьвярэй. Азірнулася на яго, замяўкала. Хоча на двор. Чакай перад дзьвярыма, часамі адчыняюцца. Неспакоіцца. Наэлектрызаваная. Навальніца ў паветры. І мыла вушка, сеўшы задам да агню.
Ён адчуў сябе пацяжэлым, поўным: потым лёгкую слабасьць у кішках. Устаў з-за стала, расьперазаў рэмень пры нагавіцах. Кошка мяўкнула да яго.
— Мяў, — адказаў ён. — Пачакай, пакуль я сам вырыхтуюся.
Пацяжэласьць: дзень будзе гарачы. Зашмат клопату, каб лезьці па сходах наверх.
Газэту. Ён любіў пачытаць у прыбіральні. Спадзяюся, ніякая малпа не прыб’ецца, пакуль я.
У шуфлядзе стала яму трапіўся стары нумар ”Тытбітс”. Ён згарнуў яго й сунуў пад паху, падыйшоў да дзьвярэй і адчыніў іх. Кошка мяккімі скокамі кінулася наверх. Ага, хацела наверх, скруціцца клубком на пасьцелі.
Прыслухаўшыся, ён пачуў яе голас:
— Хадзі сюды, кіця. Хадзі.
Ён выйшаў заднімі дзьвярыма ў агарод: спыніўся паслухаць, што чуваць на суседнім панадворку. Ні гуку. Пэўна, разьвешваюць мокрую бялізну. А служанка была ў агародзе. Пагодлівы ранак.
Ён нахіліўся й паглядзеў на мізэрныя кусьцікі мяты, пасаджаныя радком уздоўж сьцяны. Паставіць тут альтанку. Каляровая фасоля. Дзікі вінаград. Трэба было б усюды ўгнаіць, зямля ліхая. Бурае покрыва серы. Глеба заўсёды такая бяз гною. Кухонныя памыі. Суглінак, што гэта можа быць? У суседзяў куры: іхні памёт дае вельмі добрае ўгнаеньне. Але найлепшае ад быдла, асабліва калі кармілі макухамі. Мульча. Найлепшы сродак, каб пачысьціць жаночыя лайкавыя пальчаткі. Бруд чысьціць. Попел таксама. Выкарыстаць усю дзялянку. У тым кутку пасадзіць гарох. Салату. Заўсёды будзе сьвежая зеляніна. Але і ў агародах свае нягоды. Тая пчала ці конская муха ў панядзелак пасьля Сёмухі.
Ён пайшоў далей. А дзе мой капялюш, дарэчы? Мабыць, пачапіў яго зноў на кручок. Або павесіў наверсе. Сьмешна, зусім ня памятаю. Вешалка ў пярэднім пакоі перапоўненая. Чатыры парасоны, яе плашч. Падымаў лісты. Званіў званок у краме Дрэйга. Дзіўна, якраз тады я думаў. Ягоныя каштанавыя напамаджаныя валасы над каўнерыкам. Толькі што памыўся й прычасаўся. Цікава, ці пасьпею зайсьці ў лазьню. Тара-стрыт. Кажуць, той тып, што ў іх пры касе, наладзіў уцёкі Джэймсу Стывэнсу. О’Браен.
Глыбокі голас у таго Длугача. Агэндат што там далей? Вось вам, паненка. Энтузыяст.
Таўхануўшы нагою, ён адчыніў неахайна зьбітыя дзьверы нужніка. Асьцерагайся, каб не запэцкаць нагавіцаў перад паховінамі. Увайшоў, пахіліўшы галаву пад нізкай папярочкай. Пакінуўшы дзьверы непрычыненымі, пасярод запыленага павуціньня й смуроду заплясьнелай хлёркі ён адшпіліў падцяжкі. Перш чым засесьці, зірнуў праз паз на суседскае вакно. А кароль быў у скарбніцы. Нікога.
Прысеўшы на кукішкі над ганебнай лавай, ён расклаў часапіс на аголеных каленях і пачаў гартаць. Чагосьці новага й лёгкага. Не сьпяшайся занадта. Прытрымай крыху. Наш узнагароджаны ласунак: ”Майстэрскі ўдар Мэтчэма”. Напісаў містэр Філіп Бюфой, член лёнданскага Клюбу Аматараў Тэатру. Ганарар па гінэі за калёнку. Тры з паловай. Тры фунты тры. Тры фунты трынаццаць і шэсць.
Ён спакойна прачытаў, стрымліваючы сябе, першую калёнку, потым, папускаючы, але супрацівячыся, пачаў другую. Пасярэдзіне, канчаткова папусьціўшы, дазволіў кішэчніку спакойна апаражніцца, і чытаў далей, чытаў цярпліва, той учарашні лёгкі запор прайшоў бязь сьледу. Спадзяюся, ня надта тоўста, гемарой зноў ня выпрацца. Не, у самы раз. Вось. Ух! На запор адну таблетку cascara sagradaСьвятая кара (гішп.).. У жыцьці такое магло быць. Не кранула яго й не ўсхвалявала, але наогул было жывое й складнае. Цяпер друкуюць абы-што. Як няма мяса, то й грыб закраса. Ён чытаў далей, седзячы непарушна над тхнулым угору ўласным смуродам. Складнае, безумоўна. Мэтчэм часта ўспамінае свой майстэрскі ўдар, што скарыў сэрца сьмяшлівай чараўніцы, якая цяпер. Мараль спачатку й напрыканцы. Рука ў руку. Спрытна. Ён акінуў позіркам прачытанае й, выпускаючы роўны струменьчык мачы, сардэчна пазайздросьціў містэру Бюфою, які гэтае напісаў і атрымаў ганарар велічынёю ў тры фунты трынаццаць шылінгаў і шэсць пэнсаў.
Можна было б і самому нейкую замалёўку. Напісалі містэр і місіс Л. М. Блюм. Прыдумаць гісторыю да нейкай прымаўкі. Якой? Калісьці спрабаваў запісваць на манкеце, што яна гаварыла, апранаючыся на адведзіны. Не люблю апранацца разам. Парэзаўся, калі галіўся. Прыкусіўшы ніжнюю вусьніну, зашпільвае гаплікі на сукенцы. Я адзначаю час. 9.15. Робэртс табе ўжо заплаціў? 9.20. А што мела на сабе Грэта Конрай? 9.23. І собіла ж мне купіць гэты грабеньчык! 9.24. Ад тае капусты мяне заўсёды разьдзімае. Пылінка на яе лякірованым пантофліку.
Спрытна, па чарзе, начышчвала свае пантофлікі, паціраючы аб панчохі на лытках. Ураньні пасьля дабрачыннага балю, калі аркестар Мэя выконваў танец гадзін Панкіелі. Тлумачыў, што ранішнія гадзіны, поўдзень, потым надыходзіць вечар, потым начныя гадзіны. Яна чысьціла зубы. Гэта была першая сустрэча. Яе галава кружылася ў танцы. Клекаталі дошачкі вахляра. Ці той Бойлан багаты? Грошы ў яго ёсьць. А чаму? У танцы я заўважыла, што з рота ў яго пахне чымсьці прыемным. Ня трэба тады гугнець. Намякнуць на гэта. Апошнім вечарам нейкая дзіўная музыка. Люстра было ў змроку. Яна хуценька выцерла сваё люстэрка аб ваўняную ўстаўку на сукенцы, поўныя грудзі закалыхаліся. Паўзіралася ў яго. У вачох нейкія рысачкі. Нешта там ня зладзілася.
Вечаровыя гадзіны, дзяўчаты ў шэрых газавых сукенках. Потым начныя гадзіны ў чорным з кінжаламі і ў паўмасках. Паэтычная задума, ружовае, потым залатое, потым шэрае, потым чорнае. Адылі й згоднае з жыцьцём. Дзень, потым ноч.
Ён рэзка адарваў палову ўзнагароджанага апавяданьня й падцёрся ім. Потым падцягнуў нагавіцы, насунуў падцяжкі й зашпіліўся. Пацягнуў да сябе крывыя хісткія дзьверы й выйшаў са змроку на паветра.
Пры яркім сьвятле, палягчэлы й асьвежаны ў членах, ён уважліва агледзеў свае чорныя нагавіцы, канцы калашын, калені й за каленямі. А каторай паховіны? Трэба пабачыць у газэце.
Скрып і пануры скрыгат высока ў паветры. Званы на касьцёле сьвятога Юрыя. Вызвоньвалі гадзіну: гучнае панурае жалеза.
Гэйга! Гэйга!
Гэйга! Гэйга!
Гэйга! Гэйга!
Бяз чвэрці. І зноў: у паветры нясецца абэртон. Тэрцыя.
Бедны Дыгнам!
Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=71 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
04 Calypso
Для друку / Уліс