Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 03 Proteus

03 Proteus

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

НЕПАЗЬБЕЖНАЯ МАДАЛЬНАСЬЦЬ БАЧНАГА: САМА менш тое, калі ня болей, маёй думкай кіруюць мае вочы. Подпісы ўсіх рэчаў, што я прыйшоў сюды прачытаць, рыбамалеча й водарасьліны, набліжэньне прыліву, той парудзелы бот. Смаркатазялёнае, срэбнасіняе, рудое: каляровыя знакі. Межы празрыстасьці. Але ён дадае: у целах. Значыць, іх цялеснасьць ён усьвядоміў раней, чымсьці іх каляровасьць. Як? Ляснуўшыся аб іх мазгаўнёю, няйначай. Асьцярожна. Ён быў лысы й мільянэр, maestro di color ce sannoНастаўнік тых, хто ведае (італ.).. Мяжа празрыстасьці ў. Чаму — у? Празрыстасьць, непразрыстасьць. Калі можна прасунуць праз тое пяцярню, гэта весьніцы, калі не, дзьверы. Заплюшчы вочы й глядзі.

Стывэн заплюшчыў вочы й слухаў, як хрумсьцяць крохкія ракавіны й водарасьці ў яго пад чаравікамі. Сяк ці так, ты праз гэта йдзеш. Іду, крок празь нейкі час. За кароценькі прамежак часу праз кароценькую часінку прамежжа. Пяць, шэсць: гэта nacheinanderАдно за адным (ням.).. Дакладна: і гэта ёсьць непазьбежная мадальнасьць чутнага. Адплюшчы вочы. Не. Ісусе! Калі б я зваліўся са стромы, што грозна панад хвалямі навісла, зваліўся праз гэтае nebeneinanderАдно пры адным (ням.). непазьбежна. Спраўна ў поцемках іду. Пры баку ясянёвы меч. Пастуквай ім: яны так робяць. Мае дзьве ступні ў ягоных чаравіках на канцы ягоных ног, nebeneinander. Гучыць салідна: выкавана молатам Дэміурга Лёса. Ці ня ў вечнасць я ўваходжу берагам Сэндымаўнту? Хрусь, хрумст, рып, рып. Грошы разбушавалага мора. Магістар Дызі разьбіраецца ў іх усіх.

 

Пойдзеш з намі ў Сэндымаўнт,

Мэдэлін-скакуха?

 

Глядзі, узьнікае рытм. Чую. Крочаць ямбы ў каталектычным тэтрамэтры. Не, наўскачкі: дэлін скакуха.

Цяпер адплюшчы вочы. Зараз. Адну хвілінку. А калі за той час усё зьнікла? Калі адплюшчу й назаўжды апынуся ў чорнай непразрыстасьці? Basta!Досыць! (італ.) Калі магу бачыць, дык буду бачыць.

Ну й бачыш. Было на месцы й безь цябе: цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Яны зыйшлі па прыступках Лігі-тэрэс разважліва, FrauenzimmerБабы (ням.).: і ўніз па спадзістым беразе млява, грузнучы плюскатымі ступнямі ў ілістым пяску. Як я, як Элджы, зыходзяць да нашай магутнай маці. Нумар першы ценжка пагойдвала акушэрскай торбай, другая вялізным парасонам торкала ў пясок. Зь Лібэртыз, пагуляць на ўвесь дзень. Місіс Флорэнс Мак-Кэйб, удавіца па нябожчыку Пэтку Мак-Кэйбу, горка аплаканаму, з Брайд-стрыт. Адна зь ейнай сястрынай хэўры вывалакла й мяне, віскуна, у жыцьцё. Стварэньне зь нічога. Што яна нясе ў той торбе? Выкідыша з матузком пупавіны, захутанага ў рыжую анучку. Пупавіны ўсіх ідуць у мінулае, скручваюцца ў адзін провад усяго жывога. Гэта таму манахі-містыкі. Ці будзеце як багі? Угляньцеся ў свае омфалосы. Алё. Тут Кінч. Зьвяжэце мяне з Эдэмам. Алеф, альфа: нуль, нуль, адзін.

Жонка й падсобніца Адама Кадмана: Хэва, голая Эва. У яе не было пупа. Углянься. Жывот без заганы, набрынялы, туга абцягнуты пэргамінам шчыт, не, белы абарог пшаніцы, усходняй і несьмяротнай, існай ад веку да веку. Лона грэху.

Ва ўлоньні грэшнае цемры быў і я, створаны ненароджаны. Імі, мужчынам з маім голасам ды маімі вачмі й жанчынай-прывідам з тленным дыхам. Яны счапіліся й разлучыліся, зьдзейсьнілі волю спаравальніка. Спакон вякоў Ён пажадаў мяне, а цяпер ужо ня можа аджадаць ніколі. Зь Ім lex eternaВечны закон (лац.).. Ці гэта й ёсьць боская сутнасьць, у якой Айцец і Сын адзінасутныя? Дзе цяпер той бедны дарагі Арый, каб завесьці спрэчку? Усё сваё жыцьцё праваяваў супроць адзінапразьмервялікажыдапрутнасьці. Ерасіярх зпад нешчасьлівае зоркі. Аддаў канцы ў грэцкай прыбіральні: эўтаназія. У інкруставанай мітры й зь япіскапскім посахам, прыстаў да свайго трону, удавец па аўдавелай япархіі, з выпручаным амафорам і запаскуджаным задам.

Ветрыкі гарэзавалі вакол яго, кусьлівыя й жвавыя ветрыкі. Вунь яны надыходзяць, хвалі. Белагрывыя морскія коні, закілзаныя сьвежым ветрам, скакуны Мананана, што грызуць свае цуглі.

Каб не забыцца пра ягоны ліст у прэсу. А пасьля? ”Карабель”, палова першай. Дарэчы, будзь памяркоўны з грашмі, як і належыць маладому добраму ёлупню. Так, трэба.

Ён спаволіў крокі. Зараз. Ісьці мне да цёткі Сары ці не? Голас майго адзінасутнага бацькі. Табе апошнім часам ня кінуўся ў вочы твой брат мастак Стывэн? Не? А хіба ён не ў свае цёткі Салі на Страсбург-тэрэс? Ня мог падпырхнуць вышэй, чымсьці туды, га? А-а-а-а скажы нам, Стывэн, як маецца дзядзька Сай? Гэта плач Божы, ува што я ўжаніўся! Хлапцэ на вышках. Зап’янелы маларослы рахункавод і ягоны браток-трубамузыкант. Высокапаважаныя гандальеры. А касавокі Ўолтэр паважае свайго бацьку ня йнакш як сэрам. Сэр. Так, сэр. Не, сэр. Ісус заплакаў: і ня дзіва, Хрысьце мой!

Я тузаю асіплы званок іхняе хаціны з пазачыньванымі ваканіцамі — і чакаю. Яны бяруць мяне за крэдытора, зіркаюць празь дзірку ў замку.

— Гэта Стывэн, сэр.

— Упусьці яго. Упусьці Стывэна.

Адцягваюць засаўку, і мяне вітае Ўолтэр.

— А мы цябе за каго іншага ўзялі.

На шырокім ложку дзядзька Рычы, абкладзены падушкамі й пледамі, працягвае над узгоркамі каленяў дужае перадплечча. Чыстагруды. Абмыў верхнюю дзель.

— Вітаньне, пляменьнік.

Ён адкладае дошачку, на якой робіць каштарысы для вачэй містэраў Абуха й Сьвістрама Тэнды, укладае ў альфабэтным парадку пагадненьні й судовыя заявы, піша позвы Duces TecumБярэш з сабой (лац.). (Позва ў суд з наказам прадставіць нейкія дакуманты ці прадметы.). Над лысінай, у рамцы з моранага дубу, RequiescatХай спачывае (лац.). Уайлда. Ягоны зманлівы сьвіст вяртае Ўолтэра назад.

— Так, сэр?

— Брагі Рычы й Стывэну, скажы матцы. Дзе яна?

— Купае Крысі, сэр.

Татулін лежань-напарнічак. Каханы камячок.

— Не, дзядзька Рычы...

— Называй мяне папросту Рычы. Да д’ябла тую сэльтэрскую ваду. Ад яе падаеш духам. Віскі!

— Дзядзька Рычы, праўда...

— Сядай, каб цябе ліха, а то як лясну зараз!

Уолтэр надарэмна касавурыцца ў пошуках крэсла.

— Ён ня мае на што сесьці, сэр.

— Ён ня мае на што яе апусьціць, доўбня! Нясі сюды наш чыпэндэйл. Перакусіш нешта? І кінь мне тут свае праклятыя гуморы: падсмажыць лусту сала зь сялёдкай? Напэўна? Тым лепш. У хаце ніякага наедку, толькі пігулкі ад паясьніцы.

All'erta!Напагатове! (італ.).

Ён насьвіствае такты з aria di sortitaУваходная арыя (італ.). Фэранды. Найзнакамітшы нумар, Стывэн, ва ўсёй опэры. Паслухай.

Ягоны мэлядычны сьвіст гучыць зноў, прыгожа адценены пералівамі, шумна вырываецца паветра, кулакі важка барабаняць па ватаваных каленях.

Гэты вецер саладзейшы.

Дамы распаду, мой, ягоны, усе. У Клонгаўзе ты навыдумляў шляхцюком, што адзін дзядзька ў цябе судзьдзя, а другі — генэрал у войску. Пакінь іх, Стывэн. Краса ня там. І не ў застоенай затоцы бібліятэкі Марша, дзе ты чытаў пабляклыя прароцтвы абата Яахіма. Каму? Стогаловаму натоўпу на катэдральным дзядзінцы. Ненавісьнік свайго роду уцёк ад іх у неруш шаленства, ягоная грыва пенілася пад месячным сьвятлом, вочы нібы зоркі. Гуігнгнм з конскімі храпамі. Выцягнутыя конскія пысы. Тэмпл, Бык Маліган, Фоксі Кэмпбэл. Запалыя шчокі. Ойча абаце, люты дэкане, што за зьнявага распаліла ім мазгі? Паф! Descende, calve, ut ne nimium decalverisЗыходзь, лысач, каб зусім не аблысеў (лац.).. Вянок сівых валасоў на ягонай асуджанай галаве бачу яго сябе як шкандыбае ўніз да алтарнай прыступкі (descende), сьціскае дараносіцу, базылішкавочыць. Злазь, лысая мазгаўня! На рагох алтара суправаджальны хор рэхам аддае пагрозу, гугнявую лаціну служкаў божых, якія мажна рухаюцца ў сваіх сутанах, з выгаленымі танзурамі, намазаныя алеем, выпакладаныя, тлустыя ад тлустае пшаніцы.

А можа, у гэты самы момант, недзе за рогам сьвятар узьнімае іх. Дзынь-дзынь! А дзьве вуліцы далей іншы замыкае іх у даразахавальніцу. Дзынь-дзынь! А яшчэ іншы ў капліцы Сьвятое Дзевы самнасам ласуецца прычасьцем. Дзынь-дзынь! Уніз, угору, дапераду, назад. Раздумваў над гэтым дастойны Окам, нескароны доктар. Ангельскай імглістай раніцай хохлік ерасі казытнуў ягоны мозг. Апускаючы сваё прычасьце й стаючы на калені, ён чуў, як ягонае другое пазвоньваньне зьліваецца зь першым званочкам у трансэпце (ён падымае свой), а ўстаючы, чуў (цяпер я падымаю), як два званочкі (ён стае на калені) брынкаюць дыфтонгам.

Сваяк Стывэн, вы ніколі ня будзеце сьвятым. Востраў сьвятых. Цябе засмактала ў сьвятасьць, ці ж не? Ты маліўся Найсьвяцейшай Дзеве, каб нос ня быў такі чырвоны. Маліўся д’яблу на Сэрпэнтайнавэню, каб каржакаватая ўдавіца перад табою яшчэ вышэй падняла свае спаднічкі панад ходнікам у лужынах. O si, certo!О так, напэўна! (італ.). Прадай за гэта душу, так, за фарбаваныя шмоткі, прышпіленыя на кабеціне. І раскажы мне больш, яшчэ больш! Як на верхняй плятформе трамвая ў Хоўце ты крычаў да дажджу: голыя жанчыны! Што ты на тое, га?

Што я на што? А дзеля чаго яшчэ іх выдумалі?

А не чытаў штовечар па дзьве бачынкі зь сямі розных кніжак, га? Я быў малады. Кланяўся самому сабе ў люстры, спаважна рыхтуючыся прыймаць авацыю, паражальнае аблічча. Ура праклятаму ідыёту! Ўра! Ніхто ня бачыў: нікому не кажы. Зьбіраўся пісаць кніжкі, паставіўшы ў загалоўкі асобныя літары. Ці вы чыталі ягонае ”Ф”? О так, але мне больш падабаецца ”К”. Так, але ”У” — цудоўнае. О так, ”У”. Прыгадваеш свае эпіфаніі на зялёных авальных аркушах, глыбока глыбокія, на выпадак твае сьмерці асобнікі парассылаць ва ўсе вялікія бібліятэкі сьвету, уключна з Александрыйскай? Хтосьці меў іх там прачытаць праз тысячу гадоў, праз махаманвантару. Як Піка дэля Мірандала. Ага, зусім як кіт. Калі чытаем гэтыя дзіўныя бачыны адзінокага аднадумніка, якога ўжо няма не адно сталецьце, дык адчуваем еднасьць з тым адным, які аднойчы...

Сыпкі пясок зьнік з-пад ягоных ног. Чаравікі зноў ступалі па вогкім хрумсткім бадыльлі, вострых як брытвы ракавінах, па скрыпучай гальцы, што аб незьлічоную гальку трэцца, па бярвеньні, наскрозь сточаным шашалем, па затанулай Армадзе. Грузкія выспачкі пяску, патыхаючы памыйным смуродам, толькі й чакалі, каб засмактаць ягоныя падэшвы. Ён абмінаў іх абачлівай хадою. Завязнуўшы па пояс у ліпкім пясчаным цесьце, тырчала піўная бутэлька. Вартаўнік: астравок неспатольнае смагі. Паламаныя абручы ля самай вады; на пяску хітрая блытаніна пацямнелых сетак; далей пакрэмзаныя крэйдаю заднія дзьверы, а вышэй на пляжы вяроўка з дзьвюма расьпятымі на ёй кашулямі. Рынгсэнд: вігвамы бронзавых стырнавых і шкіпараў. Чалавечыя ракавіны.

Ён прыпыніўся. Я ўжо мінуў паварот да цёткі Сары. Дык я туды не пайду? Здаецца, не. Поблізу нікога. Ён павярнуў на паўночны ўсход, кіруючы цераз больш цупкі цалік пяску на Галубятню.

Qui vous a mis dans cette fichue position?

C'est le pigeon, Joseph— Хто вас паставіў у гэткае нязручнае становішча?
— Голуб, Язэпе. (франц.).
.

Патрыс, дома ў водпуску, хлябтаў са мною цёплае малако ў бары МакМагана. Сын дзікага гусака, Кэвіна Ігэна Парыскага. А птушка — айцец, ён хлябтаў салодкае lait chaudГарачае малако (франц.). ружовым маладым язычком, морадачка як у трусіка. Хляп, lapinТрус (франц.).. Спадзяецца выйграць у gros lotsЛятарэя (франц.).. Аб жаночай натуры чытаў у Мішле. Але павінен прыслаць мне La Vie JésusЖыцьцё Ісуса (франц.). мэсьё Лео Таксіля. Пазычыў яе аднаму сябру.

C'est tordant, vous savez. Moi, je suis socialiste. Je ne crois pas en l'existence de Dieu. Faut pas le dire à mon père— Ведаеце, гэта так сьмешна. Я сам сацыяліст. Я ня веру ў існаваньне Бога. Толькі не кажэце майму бацьку (франц.)..

— Il croit?

Mon père, oui— Ён верыць?
— Мой бацька — так (франц.).
.

SchlussКанец (ням.).. Хлебча.

Мой капялюш у стылі Лацінскага Кварталу. Божа, хопіць толькі апрануцца для свае ролі. Мне трэба бардовыя пальчаткі. Ты быў студэнтам, не? Чаго, каб на яго ліха? Пэцээн. ПЦН, ведаеш: physiques, chimiques et naturellesФізыка, хімія й біялёгія (франц.).. Ага. Сілкаваўся mou en civetЮшка зь лёгкіх (фран.). за грош, мясам з эгіпецкіх катлоў, побач штурхаліся й рыгалі рамізьнікі. Скажы папросту самым натуральным тонам: калі я быў у Парыжы, boul' MichБульвар СэнМішэль (франц. гутар.)., то меў звычку. Так, меў звычку насіць пры сабе старыя білеты, каб даказаць алібі, калі б арыштавалі за нейкае забойства. Справядлівасьць. Ноччу сямнаццатага лютага 1904 году арыштаванага бачылі два сьведкі. Гэта зрабіў іншы: іншы я. Капялюш, гальштук, паліто, нос. Lui, c'est moiЁн — гэта я (франц.).. Здаецца, ты няблага забаўляўся.

Горда хадзіў. Чыю паходку стараўся пераймаць? Забыўся: кагосьці пазбаўленага спадчыны. Зь пераводам ад маці, восем шылінгаў, швэйцар бразнуў дзьвярыма перад тваім носам, зачыняючы пошту. Зубы ныюць ад голаду. Encore deux minutesЯшчэ дзьве хвіліны (франц.).. Глянь гадзіньнік. Мне трэба атрымаць. FerméЗачынена (франц.).. Наёмны сабака! Бабахнуць у яго з дубальтоўкі, разьнесьці на крывавыя ашмоткі па ўсіх сьценах, ашмоткі чалавек масянжовыя гузікі. Ашмоткі адусюль фррр кляп на месца. Не балела? О не, усё як трэба. Поціск рукі. Вы зразумелі, што я меў на ўвазе? О так, усё як трэба. Поціск на поціск. О, усё абсалютна як трэба.

Ты зьбіраўся тварыць цуды, так? Місыянэрам у Эўропу, па сьлядох палымянага Калумбана. На небе Фіякр і Скот ажно з кухляў парасплёсквалі, зайшоўшыся на сваіх услончыках гучналацінагыгатам: Euge! Euge!Знакаміта! Знакаміта! (лац.). Наўмысна калечачы ангельскую мову, сам валок валізу, насільшчык тры пэнсы, па коўзкай прыстані ў Ньюхэйвэне. CommentЯк? (франц.). Прывёз дадому багатую здабычу: Le TutuСпаднічка Танцоркі (франц.)., пяць абшарпаных нумароў Pantalon Blanc et Culotte RougeБелыя Панталёны й Чырвоныя Рэйтузы (франц.)., сінюю францускую тэлеграму, асаблівасьць напаказ:

— Маці памірае вяртайся дадому бацька.

Цётка ўважае ты забіў сваю маці. Таму яна ня хоча.

 

Скажу вам шчыра, зь якое нагоды,

За Маліганаву цётку п’ю:

Яна ўстаўляла парадак заўсёды

У Ганіганаву сямію.

 

Ягоныя ногі пайшлі ў парыўным гордым рытме паўз пясчаныя разоры, уздоўж валуноў паўднёвай сьцяны. Ён глядзеў на іх з гордасьцю, каменныя курганы мамантавых чарапоў. Залацістае сьвятло на моры, на пяску, на валунах. Там сонца, гонкія дрэвы, цытрынавыя дамы.

Парыж прачынаецца ў золкасьці, яскравы сонечны бляск на цытрынавых вуліцах. Вільготны мякіш булачак, жабіназялёны абсэнт, кадзідлы парыскае ютрані, лашчаць паветра. Весялун падымаецца з пасьцелі жонкі каханка свае жонкі, завіхаецца гаспадынька ў хустачцы, у ейных руках сподак з воцатнай кіслатой. У Радо Івона й Мадлена абнаўляюць свае памятыя прывабы, крышачы залатымі зубамі chaussonsПіражкі з начынкай (франц.)., вусны ў іх пажаўцелі ад pusГной (франц.). з flan bretonБрэтонскі пірог з крэмам (франц.).. Побач праносяцца твары парыскіх Парысаў, іхніх добра задаволеных задавальняльнікаў, кучаравых канквістадораў.

Дрымота апоўдні. Пальцамі, чорнымі ад друкарскае фарбы, Кэвін Ігэн скручвае начыненыя порахам папяросы, пацягваючы глыточкамі зялёны напой, як Патрыс свой белы. Вакол нас абжоры заядла запіхваюць сабе ў глоткі наперцаваную фасолю. Un demi setier!Паўкубачка! (франц.). Пара ад кавы струменіць з бліскучага кацялка. На ягоны знак яна падыходзіць да мяне. Il est irlandais. Hollandais? Non fromage. Deux irlandais, nous, Irlande, vous savez? Ah, oui!Ён ірляндзец. Галяндзкі? Ня сыр. Двух ірляндцаў, мы, Ірляндыя, ведаеце? Ах так! (франц.). Яна падумала, вы хочаце галяндзкага сыру. Пасьлябяседнага, чулі такое слова? Пасьлябяседны. Я калісьці быў знаёмы з адным такім у Барсэлоне, такім дзіваком, які называў яго пасьлябяседным. Ну: slainteНа здароўе! (ірлян.). Над мармуровымі столікамі памяшаліся вінныя выдыхі й вуркатлівыя морды. Ягонае дыханьне павісае над нашымі талеркамі ў плямах сосу, спаміж вуснаў вытыркае зялёны клык-цурок абсэнту. Пра Ірляндыю, пра Далькасіянаў, пра надзеі, змовы, урэшце пра Артура Грыфіта. Каб і мяне ўпрагчы ў адно ярмо, нашы злачынствы нашай супольнай справай. Вы сын свайго бацькі. Я распазнаю голас. Ягоная мультановая, скрозь у крывавых кветках, кашуля ажно трымціць іспанскай фрэнзьляй ад ягоных сакрэтаў. Мэсьё Друмон, славуты журналіст, ведаеце, як ён назваў каралеву Вікторыю? Старой жаўтазубай ведзьмай. Vielle ogresseСтарая ведзьма (франц.). з dents jaunesЖоўтыя зубы (франц.).. Мод Гон, надзвычайная прыгажуня, La PatrieАйчына (франц.)., мэсьё Мільвуа, Фэлікс Фор, ведаеце, як ён памёр? Блуднікі. Фрэкэн, bonne à tout faireПакаёўка да ўсяго (франц.)., расьцірае мужчынскую галізну ў лазьні ва Ўпсалі. Moi faireЯ рабіць (франц.)., казала яна. Tous les messieursУсе мэсьё (франц.).. Але ня гэтаму Monsieur, сказаў я. Блудлівы звычай. Лазьня — самая інтымная справа. Я не дазволіў бы й брату, нават роднаму брату, гэта ж самая распуста. Зялёныя вочы, бачу вас. Клык, чую цябе. Распусныя людзі.

Сінім сьмертаносным пробліскам распальваецца кнот між далонямі. Рассыпістыя пасмачкі тытуню займаюцца агнём: полымя й едкі дым расьсьвятляюць наш куток. Грубыя скулы пад капелюшом ольстэрскага пагромшчыка. Як уцёк галоўны цэнтар, сапраўдная вэрсія. Пераапрануўся маладою, чалавеча, вэлюм, флёрдаранж, і высьлізнуў дарогаю на Малахайд. Так было, паверце. Пра страчаных правадыроў, пра здраджаных, пра шалёныя ўцёкі. Пераапранутыя, схопленыя, зьніклыя, ня тут.

Адрынуты каханак. Быў час, што й я быў хвацкім вясковым дзецюком, кажу вам, калі-небудзь пакажу здымак. Быў такім, паверце. Каханак, дзеля яе каханьня падкраўся з палкоўнікам Рычардам Бэркам, таністам свайго клану, пад муры Клеркэнуэлу й, прыхінуўшы да зямлі, убачыў празь імглу, як полымя помсты шпурнула іх угору. Трушчыцца шкло й рассыпаюцца камяні. У вясёлым Парыжы хаваецца ён, Ігэн Парыскі, і ніхто яго не шукае апроч мяне. Ягоныя дзённыя прыпынішчы крыжавое дарогі, брудная наборная каса, ягоныя тры тавэрны, логава на Манмартры, дзе прасыпае кароткія ночы, вуліца Гут-д’Ор, сьпярэшчаныя мухамі твары мінуўшчыны на сьценах. Без каханьня, без айчыны, бяз жонкі. А яна жыве прыямнютка й цяплютка без свайго выгнаньніка, тая мадам на вуліцы ЖылеКэр, з канарэйкай і двума фарсістымі кватарантамі. Пэрсікавыя шчокі, паласатая спадніца, гульлівая, як маладуха. Адрынуты, але не паддаецца роспачы. Скажыце Пэту, што мяне бачылі, добра? Я хацеў падшукаць бедачыне Пэту працу. Mon filsМой сын (франц.)., жаўнер Францыі. Я вучыў яго сьпяваць ”Хлопцы з Кількэні бойкія гулякі”. Ведаеце гэтую старую песеньку? Я навучыў Патрыса. Стары Кілкэні: сьвяты Каніс, замак Стронгбаў на Норы. Яна йдзе так: гэй, гэй. Бярэ мяне за руку Нэпэр Тэнды.

 

Гэй, гэй, хлопцы

З Кілкэні...

 

Слабая, высахлая рука на маёй. Яны забыліся пра Кэвіна Ігэна, але ня ён пра іх. Спамінаю цябе, о Сыён.

Ён наблізіўся да берагу мора, і мокры пясок апырскаў ягоныя чаравікі. Сьвежае паветра павіталася зь ім, зайграўшы на арфе раздражненых нэрваў, раздражнены вецер, што рассыпае зерне яснасьці. Чакай, ці я не намерыўся йсьці ажно да маяка Кіш, што? Ён раптоўна спыніўся, ногі пачалі паволі грузнуць у дрогкім грунце. Давай назад.

Завярнуўшыся, ён агледзеў бераг на поўдні, ногі зноўку пачалі грузнуць у сьвежых ямачках. Вунь там чакае вежа з халодным скляпеністым пакоем. Праз адтуліны байніцаў безупынна прабіваюцца пікі сьвятла, паволі й безупынна, як грузнуць мае ногі, і паўзуць у поцемкі па сонечным цыфэрбляце падлогі. Сіняе сутоньне, зьмярканьне, фіялетавая ноч. У скляпеністай цемрадзі яны чакаюць, іхнія адсунутыя крэслы ды мая валіза-абэліск, вакол стала з пакінутымі талеркамі. Каму іх прыбіраць? Ключ у яго. Калі надыйдзе гэтая ноч, я тамака спаць ня буду. Маўклівая вежа з замкнутымі дзьвярыма хавае іхнія сьляпыя целы: пантэрсахіба й ягонага пойнтэра. Кліч: няма адказу. Ён выцягнуў засмактаныя падэшвы й рушыў усьцяж насыпу з валуноў назад. Бярэце ўсё, трымайце ўсё. Са мной ідзе мая душа, форма формаў. Калі вартуе месяц час начны, я йду сьцяжынай па-над скаламі, у цемрыве срабрыстым, Эльсынору чуючы спакусьлівы прыліў.

Прыліў мяне наганяе. Адсюль відаць, як пераганяе. Дык вяртайся дарогай на Пулбэг, на тамашні пляж. Ён забраўся наверх, па асацэ й асьлізлых водарасьцях, і прысеў на скалістым услончыку, утыркнуўшы свой кіёк у шчыліну.

Разадзьмутае сабачае падла ляжала на подсьцілцы зь ціны. Перад ім затоплены пяском лодачны пляншыр. Un coche ensabléПавозка завязлая ў пяску (франц.)., так Люі Веё назваў прозу Гацье. Гэтыя вязкія выдмы — мова, нанесеная ветрам і прылівам. А вунь — крушні мёртвых дойлідаў, прывольле хітрых пацукоў. Там схавай золата. Паспрабуй. Маеш жа трохі. Пяскі й камяні. Абцяжараныя мінуўшчынай. Цацкі Вярнігары. Зважай, каб які не гваздануў табе пад вуха. Я волат крыважэрны, валуны качаю, па костачках ступаю. Пых-чмых-хмых. Нюхам юху юрляндца чую.

Кропка, павялічваючыся ў вачох, імчалася да яго паўзь пясчаную выспу: жывы сабака. Божа, ці ён хоча кінуцца на мяне? Ушануй ягоную свабоду. Ты нікому ні пан, ні нявольнік. У цябе кій. Сядзі спакойна. Здалёк, наўскось, выходзілі з прыліву на бераг постаці, дзьве. Дзьве марыі. Бясьпечна ўкрылі яго ў чаротніку. Аку-ку. Бачу цябе. Не, сабаку. Бяжыць назад да іх. Хто?

Лодзьдзі лохланаў падыходзілі да гэтага пляжу ў пошуках здабычы, крыважэрныя іхнія дзюбы сунулі нізка над расплаўленым волавам прыбою. Дацкія вікінгі, тасьмы тапароў блішчэлі ў іх на грудзях, як залаты каўнер вакол шыі Малахіі. Статак кашалотаў прыбіўся да берагу гарачым поўднем, пырскаецца фантанчыкамі, боўтаецца на плыткаводзьдзі. І тут, з галоднага места за вастраколам, вылятае арда карлікаў у каптанох, мае прашчуры з разьніцкімі нажамі, бягуць, караскаюцца, сякуць зялёнае варволістае мяса кітоў. Голад, мор і разьня. Іхняя кроў цячэ ў маіх жылах, бруіцца ўва мне іхні юр. Я хадзіў сярод іх па замёрзлай Ліфі, тамашні я, адменец, а наўкола пырскалі жывіцай шыплівыя вогнішчы. Я не азваўся да нікога — і да мяне ніхто.

Сабачы брэх прыбег да яго, змоўк, адбегся назад. Сабака майго ворага. А я толькі стаяў, пабледлы, маўклівы, нацкаваны. Terribilia meditansЖах маючы на роздуме (лац.).. Нейкі цытрынавы камзол, служка фартуны, заўсьміхаўся над маім сполахам. Ці гэтага прагнеш, брэху іхніх воплескаў? Самазванцы: пражыць іхнія жыцьці. Брат Бруса, Томас Фіцджэралд, шаўковісты рыцар, Пэркін Уорбэк, фальшывы насьледнік Ёрка ў беларужовых портках з шоўку, дзіва аднаднёвае, і Лэмбэрт Сімнэл са сьвітай паслугачоў і крамароў, пасуднік каранаваны. Усе — нашчадкі каралёў. Рай самазванцаў тады й цяпер. Ён ратаваў тапельцаў, а ты дрыжыш ад дварняковага цяўканьня. Але прыдворныя, што пацьвельвалі з Гвіда ў Ор-сан-Мікэле, былі ў сваім доме. У доме... Ня трэба нам тваё сярэднявечнае мудрагельства. Зрабіў бы ты як ён? Побач была б лодка, ратавальны буй. NatürlichНатуральна (ням.)., пакінутыя там для цябе. Зрабіў бы ці не? Чалавек, які ўтапіўся дзевяць дзён таму каля скалы Мэйдэн. Цяпер чакаюць яго, пакуль выплыве. Скажы праўду, выплюнь яе. Хацеў бы. Паспрабаваў бы. Кепска плаваю. Вада халодная мяккая. Калі я сунуў галаву ў місу з вадой у Клонгаўзе. Нічога ня бачу! Хто там за мною? Выймай хутчэй, хутчэй! Ці бачыш, як хутка з усіх бакоў насоўваецца прыліў, як хутка засьцілае пясчаную нізіну пад колер шалупіньня з какавы? Калі б пад нагамі была зямля. Я хачу, каб ягонае жыцьцё было ягоным жыцьцём, а маё было маім. Тапелец. Ягоныя людзкія вочы крычаць да мяне з жаху ягонай сьмерці. Я... Разам зь ім на дно... Я ня мог яе ўратаваць. Воды: горкая сьмерць: прапала.

Жанчына й мужчына. Бачу яе спаднічкі. Падкасаныя, іду ў заклад.

Іхні сабака мітусіўся па штораз меншай палосцы пяску, трухаў, нюхаў на ўсе бакі. Шукаў штосьці згубленае ў мінулым жыцьці. Раптам ірвануў зайцам, вушы назад, у пагоні за ценем нізка прамільгнулае чайкі. Пранізьлівы мужчынскі сьвіст ударыў яму ў абвялыя вушы. Ён завярнуўся й паімчаў назад, наблізіўся, трухаючы міготкімі лапамі. У жарым полі бягучы алень, колеру прыроднага, бязрогі. Перад кужэльнай аблямоўкай прыліву спыніўся, упёршыся пярэднімі капыткамі, вушы наставіў на мора. Прыўзьнятая пыса забрахала на хвалягул, на чароды маржоў. Яны паўзьлі яму пад ногі, завіваліся, распляталіся пад грабянямі, кожная дзявятая, разьбіваліся, расплёскваліся, здалёк, з найдалейшай далі, хвалі ды хвалі.

Зьбіральнікі малюскаў. Яны хадзілі непадалёк ад берагу, нагіналіся, запускалі ў ваду свае мяшкі, падымалі, брылі назад. Сабака, скуголячы, падбег да іх, узьняўся на задніх лапах і крануў іх пярэднімі, апаў на ўсе чатыры й зноў узьняўся да іх зь нямой медзьведзяватай пяшчотай. Пакінуты без увагі, ён трымаўся пры іх, калі яны выходзілі на сухое, у зяпе ў яго чырванадрыгала анучка воўчага языка. Рабое цела дробным поступам выперадзіла іх, потым сіганула цялячымі скокамі. Падла ляжала на ягоным шляху. Ён стаў, панюхаў, абыйшоў вакол, брат, прынюхаўся бліжэй, зрабіў яшчэ адно кола, хутка пасабачаму абнюхваючы ўсю ўгвэдзаную скуру здохлага сабакі. Сабачы чэрап, сабачы нюх, апушчаныя долу вочы імкнуцца да аднае вялікае мэты. Ах, бедачына-сабака. Тут ляжыць бедны труп бедачыны-сабакі.

— Лахман! Прэч адтуль, брахун!

Выкрык вярнуў прыплюснутага сабаку да гаспадара, а тупы босы высьпятак без выразнай шкоды перакінуў яго, скурчанага ў лёце, за пясчаную касу. Даўшы кругаля, ён крадком вярнуўся назад. Ня бачыць мяне. Ён пасноўдаў, пакруціўся ўскрай каменнага насыпу, абнюхаў адзін валун і памачыў яго, падымаючы заднюю лапу. Трухам падбег дапераду й, падняўшы заднюю лапу, сікнуў кароткім цурком на неабнюханы валун. Простыя прыемнасьці бедакоў. Потым заднія лапы пачалі раскідваць пясок, пазьней і пярэднія пачалі разграбаць і рыць. Штосьці ён тут пахаваў, ці не сваю бабку. Ён заглыбляўся ў пясок, выграбаў, рыў, спыніўся, прыслухаўся, зноў пачаў дзерці пясок лютымі кіпцюрамі, хутка перастаў, пантэра, леапард, зачаты ў чужаложніцтве, трупадзёр.

Пасьля таго як ён мяне разбудзіў уночы той самы сон ці? Чакай. Адчыненыя сені. Вуліца шлюхаў. Прыпомні. Гарун-аль-Рашыд. Ужо амальштоўваю. Той чалавек вёў мяне, прамаўляў. Я не баяўся. У яго была дыня, ён паднёс яе да майго твару. Усьміхаўся: крэмавы пах. Такі звычай, сказаў ён. Увайдзі. Хадзі. Чырвоны дыван разасланы. Пабачыш хто.

Закінуўшы мяшкі за плечы, валакліся яны, чырвоныя эгіпцяне. Ягоныя пасінелыя ногі ў падкасаных портках шлёпалі па глейкім пяску, цёмнацагляны шалік зашмаргнуў непаголеную шыю. Жаночай хадой за ім яна: разбойнік і ягоная дзеўка. Здабыча ў яе за плячыма. Жвір і аскепкі ракавін абляпілі ёй босыя ногі. Валасы павісьлі вакол твару, пашэрхлага ад ветру. За сваім спадаром ягоная памагатая, марш у каралеўскую сталіцу. Калі ноч прыхавае цялесныя хібы, яна ў карычневым шалі пачне наклікаць з-пад нейкае брамы, дзе паскудзяць сабакі. Ейны альфонс частуе двух каралеўскіх стралкоў у О’Локліна на Блэкпітсе. Пабуськай яе, задабры цыганскім гаўрыднікам, О мая ты бачурка незашпунтаваная. Беласьць д’ябліцы пад пратухлымі лахманамі. Фамбалі-лейн тае ночы: смурод ад гарбарні.

 

Рукі белы, лыч чырвоны,

Два паўзадкі як кавоны.

Ляж, бачурка, са мной спаткі,

Будуць буські ды абхваткі.

 

Панурая насалода, гэтак называе тое пузаты Аквінат, frate porcospinoБрат-іглак (італь.).. Бязгрэшны Адам пакрываў і ня ведаў юру. Хай сабе гарлапаніць: два паўзадкі як кавоны. Мова ні крышачку ня горшая, чымсьці ў яго. Манахасловы, ружанцовыя пацеркі балбочуць ля падпярэзак: бандытасловы, залатыя самародкі жаргоняць у кішэнях.

Цяпер мінаюць.

Краем вока на мой Гамлетаў капялюш. А калі б раптам я сядзеў тут голы? Але я ня голы. Празь пяскі ўсяго сьвету, на захад, на вечаровыя землі кіруюць, а сьледам за імі палымяны меч сонца. Яна валачэ, шлепіць, ташчыць, цягне, трашынуе сваю ношу. Прыліў ейным сьледам, цягнены месяцам на захад. Прылівы зь мірыядамі астравоў, у ейным нутры, кроў не мая, oinopa ponton, віннацёмнае мора. Вось я — слуга Месяца. У сьне вільготны знак б’е ейную гадзіну, панукае ўзьняцца з ложа. Шлюбнае ложа, радзільнае ложа, сьмяротнае ложа ў кашмарным сьвятле свечак. Omnis caro ad te venietУсё жывое да цябе імкнецца (лац.).. Надплывае ён, бледнатвары вампір, праз шторм ягоныя вочы, кажанавы крылы-ветразі крывавяць мора, губамі да пацалунку ейных губ.

Зараз. Хіба зашпілім гэтую зяпу, га? Мае пэргаміны. Губы да яе пацалунку. Не. Трэба, каб абое. Зьляпі іх акуратна. Губамі да пацалунку ейных губ.

Ягоныя вусны кранулі й пацалавалі бесьцялесныя вусны паветра: вуснамі да яе лона. Оон, усялонны скон. Вусны выпучыліся, выпускаючы дых, бязмоўна: ооіііха: грымотны вадаспад плянэтаў, шарападобных, распаленых, прэч-прэч-прэч-прэч. Паперу. Банкноты, трасца на іх. Лісты старога Дызі. Тут. Дзякуючы за гасьціннасьць, аддзяры незапісаны спод. Адвярнуўшыся да сонца сьпінай, ён нізка пахіліўся над каменным сталом і пачаў крэмзаць словы. Ужо другі раз я забыўся ўзяць блянкі зь бібліятэкі.

На скале, над якой ён пахіліўся, ляжаў ягоны цень, закончаны. А чаму не бясконцы, ажно да найдалейшае зоркі? Яны цёмныя там, за гэтым сьвятлом, цемра ў сьвятле сьвеціць, дэльта Касыяпэі, сусьветы. Маё я сядзіць тут зь ягоным ясянёвым посахам варажбіта, у пазычаных сандалях, днём каля шызага мора, нябачнае, фіялетавай ноччу вандруе пад аховай неразгаданых зорак. Я адкідаю ад сябе гэты закончаны цень, непазьбежна чалавекападобны, і вяртаю яго назад. А бясконцы, быў бы ён маім, формаю мае формы? Хто бачыць мяне тут? Хто прачытае, дзе й калі, гэтыя запісаныя словы? Значкі на белым полі. Дзе-небудзь каму-небудзь тваім самым жалейкавым голасам. Добры япіскап Клойну выцягнуў заслону сьвятыні са свайго капелюша: заслону прасторы з каляровымі эмблемамі, вышытымі на ейным полі. Трымай моцна. Каляровае на плоскім: так, слушна. Я бачу плоска, потым уяўляю адлегласьць, блізка, далёка, бачу плоска, на ўсход, ззаду. Ага, цяпер разумееш. Раптоўна падаецца назад, застыглае ў стэрэаскопе. Пстрычка — і во табе штучка. Словы мае цёмнымі вам здаюцца. Цемра ў нашых душах, ня думаеце? Мацней у жалейку. Нашы душы, параненыя сорамам за нашы грахі, туляцца да нас яшчэ мацней, як туліцца жанчына да свайго каханка, мацней, яшчэ мацней.

Яна мне давяраецца, рука ў яе далікатная, даўгавейныя вочы. Куды, на жах пякельны, я павяду яе за той заслонай? У непазьбежную мадальнасьць непазьбежнай бачнасьці. Яна, яна, яна. Што за яна? Цнатліўка ля вітрыны Ходжэса Фігіса ў панядзелак, шукала адну з тых альфабэтных кніжак, што ты зьбіраўся пісаць. Ты яе сьвідраваў вачыма. Згіб далоні ў плеценай пятлі парасона. Жыве ў Лісан-парку, на пайку з журбы й бяды, літаратурная дама. Загаворвай зубы каму іншаму, Стыві: звычайная шлюшка. Іду ў заклад, што яна носіць тыя Богам праклятыя гарсэты з падвязкамі й жоўтыя панчохі, зацыраваныя камякаватай ваўнянай ніткай. Паразмаўляй пра яблычныя піражкі, piuttostoХутчэй (італ.).. І дзе ж твой клёк?

Дакраніся да мяне. Мяккія вочы. Мяккая мяккая мяккая рука. Я самотны тут. О, крані мяне хутчэй, цяпер. Што гэта за слова, якое ведаюць усе? Я ціхі тут, адзін. І сумны. Крані, крані мяне.

Ён расьцягнуўся наўзнак на вострых скалах, запіхнуўшы ў кішэню запісаную паперыну й аловак, насунуўшы на вочы капялюш. Гэта я паўтарыў жэст Кэвіна Ігэна, калі ён ківаўся ў дрымоце, у шабасовым сьне. Et vidit Deus. Et erant valde bonaІ ўбачыў Бог. І было вельмі добра (лац.).. Алё! BonjourДобры дзень (франц.)., вітай, як кветкі ў траўні. З-пад прыкрыцьця, праз павадрыготкія вейкі, ён спаглядаў на спаўднелае сонца. Я ў палоне палаючай сцэны. Часіна Пана, поўдзень Фаўна. Сярод сочнацяжкіх вужарасьлінаў, малакацечных пладоў, дзе на жарых водах ушыркі сьцелецца лістота. Боль далёка.

Расхмар чало, ня думай дум.

Ягоны нахмараны позірк запыніўся на шыраканосых чаравіках, бычка неданосках, nebeneinander. Ён палічыў згіны на пакарабачанай скуры, у якой раней утульна гнездавалася чужая ступня. Ступня, якая мерна прытупвала ў зямлю, нямілая мне ступня. Але ты быў у захапленьні, калі чаравічак Эстэры Освальт падыйшоў на тваю; знаёмая дзяўчына з Парыжа. Tiens, quel petit pied!Глядзі, якая малая нага! (франц.). Верны сябар, братняя душа: каханьне Ўайлда, якое не асьмельваецца назваць сваё ймя. Цяпер ён пакіне мяне. А віна? Які я ёсьць. Які я ёсьць. Усё або зусім нічога.

З азярыны Кок палілася вада, поўнаструменна, доўгімі петлямі, зялёназалацістым покрывам на лягуны ляску, узьнімаючыся, наплываючы. Яшчэ мне кіёк адплыве. Пачакаю. Не, яны праплывуць, пачухаўшыся аб нізкія скалы, віруючы, абмінаючы. Лепш канчай хутчэй. Паслухай: чатырохслоўная хвалямова; сіісуу, хрсс, рссііісс, ууус. Гвалтоўнае дыханьне водаў сярод морскіх вужоў, узьнятых на дыбкі коней, скалаў. У скалістых кубках яны хлюпацяць: хліп-хлюп-хляп: запалоненыя ў бочках. І, калі абнядужаюць, іхняя мова ціхне. Яны ліюцца з цурчаньнем, разьліваюцца ўшыркі, пеністымі завадзямі, распушчанымі кветкамі.

Ён бачыў, як пад набрынялым прылівам віюцца водарасьці, млява ўзьнімаюцца й неахвотна пагойдваюць рукамі, задзіраюць свае прыполы, у шапатлівай плыні пагойдваюць і працягваюць уверх нясьмелыя срабрыстыя атожылкі. Дзень за днём, ноч за ноччу: узьнімаюцца, нясуцца плыньню й ападаюць. Божа, яны змарыліся: і на шапатаньне вады да іх — уздыхаюць. Сьвяты Амвросій чуў гэтыя ўздыхі лістоты й хваляў у чаканьніспадзяваньні на зьдзяйсьненьне сваіх тэрмінаў: diebus ac noctibus iniurans patiens ingemiscitДнём і ноччу, несправядлівасьць пераносячы, стогне (лац.).. Бяз мэты пазьбіраныя, попусту адпусканыя, плывуць дапераду, вяртаюцца назад: кросны месяца. Змораная, як яны, пад паглядамі каханкаў, распусьлівых мужчын, голая жанчына, што льсьніць у дворскай сьвіце ды валочыць ярмо водаў.

Тамака будзе сажняў пяць. Пад вадою сажняў пяць бацька твой ляжыць. А першай, сказаў ён. Знайшлі тапельца. Высокая вада на Дублінскай водмелі. Гоніць перад сабою нанос сьмецьця, вахлярыстыя касякі рыбы, сьмешныя ракавіны. Труп, выбелены сольлю, выплывае з адліву, калываецца да берагу, крок за крокам незнарокам. Вунь ён дзе. На крук яго, хутка. Каб тоні ня скрылі цела пад вадой. Ён ужо наш. Цяпер спакойна.

Мяшок трупіных газаў сочыць смуродлівым расолам. Чародка рыбінае драбязы, адкормленая друзлым ласункам, вобмельгам вылятае з зашпіленага прарэзу нагавіцаў. Бог стаў чалавекам чалавек рыбай рыба гагарай гагара пярынай. Выдыхамі мёртвых дыхаю я жывы, тапчу пыл мёртвых, глынаю мачою прасякнутыя трыбухі ўсіх нябожчыкаў. Скарчанелы, перакінуты цераз борт на палубу, ён выдыхае смурод свае зялёнае магілы, чумная дзірка носа храпе на сонца.

Морская неспадзяванка, соль высініла карыя вочы. Морская сьмерць, самая лагодная з усіх вядомых чалавеку. Стары Бацька Акіян. Prix de ParisПарыскі прыз або Прыз Парыса (франц.).: асьцерагайцеся падробак. Паспрабуйце, пакуль скажаце не. Мы гэтым надзвычайна задаволеныя.

Хадзі. Піць хачу. Зьбіраюцца аблокі. А хмараў няма? Навальніца. Усёахопным бляскам падае гордая маланка інтэлекту, Lucifer, dico, qui nescit ocasumЛюцыпар, кажу я, які ня ведае падзеньня (лац.).. Не. Капялюш і доўгі кій, сандалі на ім. Ягоныямае сандалі. Куды? На вечаровыя землі. Вечар сам сябе знойдзе.

Ён узяў трысьціну за рукаятку, зрабіў ёю лёгкі выпад, усё яшчэ марудзячы. Так, вечар сам сябе знойдзе ўва мне, безь мяне. Усе дні маюць свой канец. Дарэчы, на наступным тыдні, калі ж гэта? Аўторак будзе самы доўгі дзень. Ва ўсім вясёлым новым годзе, маці, рам-там-тара-там. Джэнтльмэну паэту Лаўн-Тэнісану. GiàУжо (італ.).. Старой жаўтазубай ведзьме. І мэсьё Друмону, джэнтльмэну журналісту. Già. З зубамі ў мяне зусім дрэнь. Цікава, чаму? Дакраніся. Гэты таксама варушыцца. Ракавіны. Трэба было б схадзіць да дантыста за гэтыя грошы, ці што? І гэты. Бяззубы Кінч, звышчалавек. Чаму яно так, цікава, ці, можа, гэта нешта значыць?

Мая хустачка. Ён яе кінуў. Помню. А я не падняў?

Рука надарма шнарыла па кішэнях. Не, не падняў. Лепш купі новую.

Ён асьцярожна паклаў на выступ скалы сухі смаркач, выкалупнуты ў носе. Рэшту хай шукае той, каму трэба.

Ззаду. Здаецца, хтосьці ёсьць.

Ён азірнуўся цераз плячо, паглядаючы ў тыл. Праносячы ў паветры высокія крыжы трох мачтаў, зь ветразямі падцягнутымі да салінгаў, дадому, супраць плыні, маўкліва плыў маўклівы карабель.

Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=70 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

03 Proteus

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Jorge Lewinsky — Proteus
Jorge Lewinsky — Proteus
INELUCTABLE MODALITY OF THE VISIBLE: AT LEAST THAT IF NO MORE, thought through my eyes. Signatures of all things I am here to read, seaspawn and seawrack, the nearing tide, that rusty boot. Snotgreen, bluesilver, rust: coloured signs. Limits of the diaphane. But he adds: in bodies. Then he was aware of them bodies before of them coloured. How? By knocking his sconce against them, sure. Go easy. Bald he was and a millionaire, maestro di color che sanno. Limit of the diaphane in. Why in? Diaphane, adiaphane. If you can put your five fingers through it, it is a gate, if not a door. Shut your eyes and see./ Stephen closed his eyes to hear his boots crush crackling wrack and shells. You are walking through it howsomever. I am, a stride at a time. A very short space of time through very short times of space. Five, six: the nacheinander...