Эрнэста Сабата (1911-2011): Апошні зь вялікіх
Сёлета, 30 красавіка, памёр аргентынскі пісьменьнік Эрнэста Сабата. 24 чэрвеня 2011 яму споўнілася б 100 гадоў. Ён не дажыў да гэтай даты ўсяго 55 дзён.
Сьмерць Эрнэста Сабаты сымбалічна замыкае цэлую эпоху ў аргентынскай літаратуры. Сабата ў гэтай літаратуры быў роўны Хорхэ Люісу Борхэсу (1899-1986), Хуліё Картасару (1914-1984) і Адольфу Біой Касарэсу (1914-1999). У першых рэакцыях на сьмерць Сабаты гішпанскія газэты напісалі, што памёр «апошні з аргентынскіх Пісьменьнікаў зь вялікай літары» (El Mundo) і «апошні клясык аргентынскай літаратуры» (El Pais).
У Аргентыне Сабата быў нечым накшталт нацыянальнай іконы, хоць цягам апошніх дваццаці гадоў ужо нічога не пісаў. Як і Борхэс, Сабата пад канец жыцьця пачаў траціць зрок. Дактары забаранілі яму пісаць і чытаць. Апошнія гады ён пражыў у атачэньні мэдсясьцёр і асыстэнтаў, якія рыхтавалі яму ежу, чыталі і ахоўвалі ад мацнейшых эмоцый, якія маглі б павярэдзіць і без таго далікатнае і ўразьлівае здароўе пісьменьніка.
Сабата нарадзіўся ў мястэчку Рохас у правінцыі Буэнас-Айрэс у сям’і італьянскіх эмігрантаў. У італьянскай мове прозьвішча Сабата (sabato – субота) акцэнтуецца на першым складзе, і на некаторых сваіх кніжках аўтар пісаў яго як Sábato, адмыслова пазначаючы акцэнт, паколькі ў гішпанскай мове ў словах, закончаных на галосную, націск рэгулярна ставіцца на перадапошні склад. Але на некаторых выданьнях ягоных кніжак прозьвішча пісьменьніка пісалася без зазначанага націску, так што вымаўленьні «САбата» і «СабАта» падаюцца аднолькава правільнымі.
У маладосьці Сабата хацеў стаць навукоўцам, а не пісьменьнікам. Ён абараніў кандыдацкую дысэртацыю па фізыцы ў Аргентыне, потым давучваўся ў Сарбоне і працаваў у Інстытуце Кюры ў Парыжы, дзе ўдзельнічаў у экспэрымэнце расшчапленьня ўрану. Кажуць, што ўсьвядоміўшы сабе зьнішчальную моц, якую тоіць ядзерная энэргія, Сабата канчаткова расчараваўся ў навуцы і кінуў яе дзеля літаратуры.
У 1945 годзе зьявіўся першы літаратурны тэкст Сабаты – рэцэнзія на навэлу Адольфа Біой Касарэса «Вынаходзтва Марэля», якая і па сёньняшні дзень застаецца адным з найзначнейшых тэкстаў ва ўсёй лацінаамэрыканскай літаратуры.
А ў 1948 годзе часопіс «Sur», у выданьні якога ўдзельнічаў Борхэс і іншыя славутасьці тагачаснага літаратурнага жыцьця Буэнас-Айрэсу, надрукаваў невялікі памерам раман Сабаты пад загалоўкам «Тунэль» («El Túnel»). І аргентынцы раптам зразумелі, што на літаратурным небасхіле іхнай краіны зьявілася яркая зорка. Дый ня толькі аргентынцы. Раман трапіў у рукі Альбэру Камю, які, захоплены тэкстам нікому раней не вядомага аргентынца, паспрыяў выхаду раману ў францускім перакладзе.
А потым пачаўся «boom» на лацінаамэрыканскую літаратуру ў Эўропе, і калі ў 1961 годзе ў Буэнас-Айрэсе выйшаў другі раман Сабаты – «Пра герояў і магілы» («Sobre héroes y tumbas») – ён быў амаль адразу перакладзены на ўсе важнейшыя эўрапейскія мовы. Сабата стаў ня менш вядомы, чым Борхэс. Пра Габрыеля Гарсію Маркэса тады яшчэ ніхто ня чуў (раман «Сто гадоў адзіноты» зьявіўся ў 1967 годзе).
«Тунэль» – сюжэтна нескладаная гісторыя каханьня і рэўнасьці, у якой галоўны герой, мастак, ня могучы зразумець паводзін сваёй каханай і ня будучы ўпэўнены ў ейнай узаемнасьці, забівае яе і потым, седзячы ў турме, апісвае сваю ваўкавыйную гісторыю экзыстэнцыяльнай самоты і роспачы. У рамане зьяўляецца матыў сьлепаты і сьляпых (муж каханай мастака – невідушчы), але даволі маргінальна. У другім рамане Сабаты, «Пра герояў і магілы», матыў сьлепаты і сьляпых займае адно з цэнтральных месцаў.
«Пра герояў і магілы», у параўнаньні з «Тунэлем», зьяўляецца эпічным палотнішчам, хоць сюжэт у гэтай кніжцы ня больш складаны, чым у першым рамане. Тут маем два нешчасьлівыя каханьні: 19-цігадовага Марціна да старэйшай ад яго Аляхандры Відаль Ольмас (падзеі адбываюцца ў Буэнас-Айрэсе ў пачатку 1950-х) і на пакаленьне старэйшага ад Марціна пісьменьніка Бруна да маці Аляхандры, Геаргіны (гісторыя гэтага каханьня падаецца аўтарам у рэтраспэктыве). Сабата сутыкае ў гэтым сваім рамане «дзьве Аргентыны»: адну «каляніяльную», якая захоўвае памяць аб нацыянальнай гісторыі ды не зусім ужо зразумелых рытуалах колішняга жыцьця, і другую, драпежна-капіталістычную, бязьлікую і аўтарытарную (раман разыгрываецца ў часы папулісцкага прэзыдэнта-дыктатара Хуана Пэрона). Сям’я Відалеў Ольмасаў увасабляе «старую Аргентыну», якая адыходзіць у нябыт, забіраючы з сабою свае таямніцы і незразумелыя рытуалы. Раман канчаецца на змрочнай ноце – Аляхандра забівае свайго бацьку, Фэрнанда Відаля Ольмаса, а потым падпальвае родавае гняздо і сама выбірае сьмерць у полымі. Марцін, спустошаны і нешчасьлівы, пакідае Буэнас-Айрэс і вырушае ў патагонскае нязьведанае, каб пашукаць іншага жыцьця.
Адна з частак раману называецца «Данясеньне аб сьляпых» («Informe sobre ciegos») і зьяўляецца, як падаецца, тэкстам, напісаным бацькам Аляхандры, які, мабыць, пакутаваў ад нейкай формы параноі. Фэрнанда падазраваў, што сьляпыя маюць сваю тайную сэкту, заданьне якой – запанаваць над астатнім сьветам. «Данясеньне аб сьляпых» – гэта нешта накшталт справаздачы зь ягоных шматгадовых пошукаў гэтай сэкты і расповед аб ягонай вандроўцы падзямельлямі і сьцёкавай каналізацыяй Буэнас-Айрэсу, каб уцячы ад сьляпых, якія, як яму падалося, завабілі яго ў пастку, дазнаўшыся аб ягоных пошуках іхнай тайнай арганізацыі. «Данясеньне аб сьляпых» – гэта шэдэўр у шэдэўры, літаратурны цуд і літаратурная магія найвышэйшай пробы. Ажно ня верыцца, што Сабата хацеў спаліць свой раман, не задаволены тым, што яму напісалася. Але, на шчасьце, ён даў пачытаць рукапіс некаторым сваім сябрам, і тыя яго адмовілі...
У Аргентыне Сабата быў ня толькі агульна шанаваным пісьменьнікам, але і нацыянальным маральным аўтарытэтам. Калі ў 1983 годзе скончыўся шасьцігадовы пэрыяд кіраўніцтва крывавай вайсковай хунты, прэзыдэнт краіны Рауль Альфонсін стварыў камісію для расьследаваньня зьнікненьняў людзей. Камісію ачоліў Эрнэста Сабата. У 1984 годзе камісія падрыхтвала падрабязны даклад аб зьнікненьні дзевяці тысячаў чалавек, якія былі закатаваныя у вязьніцах або забітыя эскадронамі сьмерці і потым сакрэтна пахаваныя (нярэдка выкінутыя зь верталётаў у мора).
Сабата напісаў усяго тры раманы – у 1974 ён выдаў яшчэ «Абадона-зьнішчальніка» («Abaddón el exterminador»). Але акрамя раманаў, ён апублікаваў больш за дзясятак цікавых і глыбокіх зборнікаў літаратурных эсэ. З аднаго з такіх зборнікаў, «Пісьменьнік і ягоныя прывіды» («El escritor y sus fantasmas») з 1963 году, я дазволіў сабе перакласьці некалькі думак Эрнэста Сабаты пра літаратуру і пісьменьнікаў, каб хоць крыху наблізіць постаць гэтага выдатнага пісьменьніка сусьветнага рангу беларускаму чытачу.
Я прачытаў раман «Пра герояў і магілы» недзе ў сярэдзіне 1970-х у польскім перакладзе, і з таго часу ня змог пра яго забыць. А ў мінулым годзе мне трапіў у рукі і расейскі пераклад, і я яго таксама глынуў за некалькі дзён. Але я так і не спатоліў сваёй літаратурнай смагі, і некалькі тыдняў таму я замовіў у інтэрнэтнай кнігарні арыгінал. І вось мінула ўжо тры тыдні, як кніжка ў маёй хаце, і мне, пры дапамозе гішпанска-ангельскага слоўніка і чэшскай граматыкі гішпанскай мовы ўдалося адолець тры старонкі. Вось адна фраза з гэтай цудоўнай музыкі: «A esa hora en que comienzan a oírse los pequeños murmullos, en que los grandes ruidos se van retirando, como se apagan las conversaciones demasiado fuertes en la habitación de un moribundo; y entonces, el rumor de la fuente, los pasos de un hombre que se aleja, el gorjeo de los pájaros que no terminan de acomodarse en sus nidos, el lejano grito de un niño, comienzan a notarse con extraña gravedad».
- - - -
З кніжкі Эрнэста Сабаты «Пісьменьнік і ягоныя прывіды» (пераклад з чэскага перакладу Віта Урбана і Анэжкі Харватавай):
САМАЯ КАШТОЎНАЯ ЎМОВА ТВОРЧАСЬЦІ
Фанатызм. Творца павінен быць ахаплены фанатычнай апантанасьцю, нічога не павінна стаяць на ягоным творчым шляху, усё мусіць быць ахвяраванае творчасьці. Бяз гэтага фанатызму нельга дасягнуць нічога істотнага.
ВЯЛІКІ СЬВЕДКА
Пераважная большасьць людзей піша таму, што жадае славы або грошай, або дзеля забавы, бо ім лёгка пішацца або яны ня могуць устрымацца перад спакусай убачыць сваё прозьвішча, напісанае друкаванымі літарамі.
Значыць, застаюцца нешматлікія, якія маюць значэньне: тыя, хто адчувае цёмную, але настойлівую патрэбу сьведчыць аб сваім няшчасьці, драме, адзіноце. Гэта сьведкі або пакутнікі эпохі. Людзі, якім ня пішацца лёгка, а пакутліва. Кіроўцы, якія едуць супраць патоку машын, тэрарысты, або адшчапенцы па-за законам. (...)
Няма нічога больш памылковага, чым патрабаваць аб літаратуры, каб яна была сьведчаньнем аб сацыяльным або палітычным жыцьці. Вялікія творы проста ёсьць, і ніякія іншыя прыметнікі ім не патрэбныя. Калі мастак сыходзіць у глыбіню рэчаў, ён непазьбежна выдае сьведчаньне аб сабе, аб сьвеце, у якім жыве, ды аб чалавечай долі свайго сучасьніка. (...)
ПРЫРОДА – ГЭТА СУМНАЯ РЭЧ
Як кажа Ўайтхэд, прырода – гэта сумная рэч, якая ня мае ні колераў, ні гукаў, ні пахаў: усе гэтыя ўласьцівасьці – справа чыста людзкая. Наша бачаньне сьвету зьяўляецца прынцыпова і няўхільна (дый ці трэба перад гэтым бараніцца?) суб’ектыўным, і кожны з нас стварае колеры і музыку, суладныя са сваёй пачуцьцёвасьцю, уяўленьнем і талентам, грубыя або вытанчаныя, простыя або складаныя.
МАСТАЦТВА БОЛЬШАСЬЦІ
Усім, якія дэмагагічна сьцьвярджаюць, што ўсё вялікае мастацтва ёсьць мастацтвам, якое падабаецца большасьці, ды абаронцам вытанчанасьці, якія сьцьвярджаюць адваротнае, па-мойму можна вельмі лёгка даказаць, што абодва гэтыя сьцьвярджэньні – сафістычныя:
1) Існуе вялікая літаратура, але меншасная: Кафка.
2) Існуе меншасная літаратура, але дрэнная: большая частка сучаснай паэзіі, якая зьяўляецца ўсяго толькі шарадамі або словаблудзтвам.
3) Існуе вялікая і большасная літаратура: “Стары чалавек і мора”.
4) Існуе большасная і дрэнная літаратура: коміксы, фота-раманы, эратычныя выданьні, амаль усе дэтэктывы.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=94 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Эрнэста Сабата (1911-2011): Апошні зь вялікіх
Для друку / Вітальня