Літаратура.org » Вітальня » Сяргей Шупа: Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы

Сяргей Шупа: Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы

ПРАЙДЗІСЬВЕТ: Складана палічыць усе тыя замежныя мовы, якія Вы ведаеце. Адкрыйце нам таямніцу – скажыце дакладную лічбу (а заадно і пералічыце, калі ласка). Якую замежную мову Вы вывучылі першай? Якім быў першы перакладзены Вамі твор?

СЯРГЕЙ ШУПА: Гэтае пытанне мяне заўсёды трошкі ірытуе, бо на яго цяжка адказаць. Ну, напрыклад, ці ведаю я ўкраінскую мову? Або падляшскую? Я разумею іх на 99,5%, але наўрад ці змагу гаварыць на іх (прынамсі без добрай алкагольнай падрыхтоўкі). Дык гэта лічыцца “ведаю” ці не? Або, некалі вывучыўшы харвацкую, я заўважыў, што цудоўна разумею сербскую, баснійскую і вельмі падазраю, што й чарнагорскую. Дык дадаць яшчэ тры мовы?

Так што гэтае пытанне варта было б удакладніць і спытацца, на якіх мовах я магу больш-менш свабодна гаварыць. Родныя мовы – беларуская і расійская. У школе і ў інстытуце замежных моваў навучыўся французскай. У інстытуце, а яшчэ болей у жыцці – ангельскай. Самастойна й на розных жыццёвых паваротах – польскай, літоўскай, чэшскай, харвацкай і партугальскай. На гэтых мовах – ну, з рознай ступенню гладкасці – магу пагаварыць. Стараюся без акцэнту, або хоць бы так, каб нельга было здагадацца што гэта за акцэнт.

Добра разумею і пасля невялічкага акунання ў стыхію мог бы гаварыць па-нямецку і па-эстонску (таксама веды, набытыя жыццём у адпаведных краінах і культурах).

Рыхтуючы ў Віленскім універсітэце дактарат па Скарынавых перакладах, здаў экзамены з лацінскай, старагрэцкай і габрэйскай моваў. Недзе ў пасіве гэтыя мовы ціха ляжаць і чакаюць свайго часу. Сучасны іўрыт вучыў і да таго – тады, калі ён лічыўся нечым антысавецкім і таму вельмі прывабным, – і з прыемнасцю кожны раз да гэтай мовы вяртаюся.

У розныя часы прабаваў вучыць або лінгвістычна асвойваць, так і не давёўшы да “працоўнага стану”, шведскую, новагрэцкую, верхнялужыцкую, ірландскую, японскую, кітайскую, дары (а можа, й якія яшчэ).

Цяперашняе захапленне – даўняя дзіцячая мара, якая то гублялася ў смузе, то станавілася амаль дасягальнай, – арабская мова.

Не ведаю, напрыклад, што сказаць пра ўсе астатнія славянскія й раманскія мовы, – бо каб іх разумець або чытаць на іх, вялікай падрыхтоўкі не трэба.

Якую замежную мову вывучыў першай? Чэшскую. Мне было гадоў 10, у свайго дзядзькі-філосафа пабачыў падручнік, узяў, нешта вывучыў, пасля рэгулярна чытаў газету Československý sport.

Першыя спробы перакладу – “Патоп” Сянкевіча, недзе на 2-м курсе інстытута. Пераклаў якіх пару старонак. Пасля – “Локіс” Мэрымэ, але гэта былі фактычна першыя крокі, якраз тады я пачаў паступова пераходзіць у жыцці на беларускую мову. Першая сур'ёзная спроба – апавяданне Эрвэ Базэна ў якасці інстытуцкай дыпломнай працы (мне яго навязалі: я хацеў узяць Барыса Віяна – але мне не дазволілі, бо не ведалі, “за нас ён ці не за нас”). Гэта была і першая публікацыя (у “Даляглядах”), а разам з тым – нагода проста з вуліцы прыйсці ў выдавецтва і пазнаёміцца з двума вялікімі гуру, шаманамі і чарадзеямі беларускага перакладу – Васілём Сяргеевічам Сёмухам і Валянцінам Іванавічам Рабкевічам, якіх я з вялікай пашанай лічу сваімі Настаўнікамі, калі, вядома, яны палічылі б мяне годным гэткага вялікага гонару.

З якой мовы Вам лягчэй перакладаць? А з якой – цэлая пакута? Якую мову Вам яшчэ хацелася б вывучыць?

Ну, калі пакута – дык я й не перакладаў бы, бо перакладаю толькі з прыемнасці. А прыемна перакладаць з літоўскай і харвацкай – можа таму, што лепш адчуваецца моўная стыхія, і тады перакладаеш ірацыянальна, слухаючы нейкія вібрацыі сваёй душы, як яно й павінна быць. У гэтым сэнсе з найбольшай асалодай пераклаліся пару апавяданняў Бруна Шульца з польскай. Цяпер, ставячы на наш сайт старыя пераклады, знаходжу шмат панавыдумляных словаў (якія мне падкрэслівае спэлчэкер), і нарцысістычна не магу не прызнацца, што яны мне падабаюцца. Калі перакладаў – я іх наагул не заўважаў і не задумляўся, проста пісаў, што чуў.

З розных далейшых моваў – ангельскай, французскай – пераклад выходзіць больш рацыянальны, там да тэксту падыходзіш амаль як вівісектар, аналізуеш канструкцыі, удакладняеш сэнсы, усё раскладаеш па палічках.

Прыгадваецца даволі дзіўны досвед перакладу раману “1984”. Мне ён трапіў у рукі ў тым самы 1984 годзе ў выглядзе выразак з заходненямецкіх газетаў, якія мне з сталіцы ГСВГ Вюнсдорфу падпольна дасылаў у Дрэздэн мой армейскі калега Вова Заварошкін. Так што пачынаў я перакладаць гэтую кнігу з нямецкай. Праз пару гадоў, ужо ў Мінску, у рукі трапіў французскі пераклад – дык усё, чаго не хапала, я даперакладаў з яго. І толькі ў 1989 Данчык, які тады ўпершыню прыехаў у Мінск, перадаў мне падарунак ад Юркі Кіпеля – англамоўны арыгінал, паводле якога я й правіў, што наперакладаў дагэтуль. Дык вось: найпрыемней і найлягчэй было перакладаць з дакладнай, выразнай і празрыстай нямецкай, найгнюсней – з расплывістай, уніклівай, бляклай французскай. Арыгінал быў недзе пасярэдзіне.

Пасля арабскай хацелася б яшчэ вывучыць фарсі і турэцкую і на гэтым падвесці рысу. Але найбольш свярблівае жаданне – навучыцца плынна і без акцэнту гаварыць па-падляшску!

За пераклад якога кшталту твораў Вы б ніколі не ўзяліся?

 Наогул, паводле дыплому я проста перакладчык. Пераклад лічу сваёй прафесіяй, рамяством, захапленнем. За сваё перакладчыцкае жыццё чаго толькі не даводзілася перакладаць – бывалі часы, калі з грашмі было цяжкавата, і я прыпрацоўваў выпадковымі перакладамі можа ў пятнаццаці віленскіх перакладчыцкіх канторах, дык там шмат было ўсялякага рознага, і я браўся за працу не круцячы носам. Таму часам падыходзіш да працы як да рамяства і стараешся зрабіць сумленны якасны прадукт, за які не будзе сорамна, нават калі змест не выклікае захаплення. Я б, можа, нават і Куэлью ўзяўся перакладаць – толькі калі за добрыя грошы і ананімна.

Не ўзяўся б перакладаць тое, што можа некаму прынесці шкоду, што магло б сеяць зло, нянавісць, неразуменне між людзьмі. Напрыклад, нейкія рэлігійныя кнігі.

Які Ваш пераклад падабаецца Вам больш за ўсё?

 Мне кожны пераклад дарагі нечым сваім асаблівым, за кожным нешта стаіць, да кожнага можна было б напісаць нейкую “Паслямову”. Але, мабыць, найбольш драйву было ў перакладах Шульца. Там такі гушчэзны тэкст, які разварушвае нейкую містычную творчую энэргію, калі словы вырываюцца з улонняў думкі і не слухаюцца нічыіх загадаў. Падабаюцца апавяданні Керэта – сваім непаўторным рытмам, сваёй вострай настраёвасцю, наіўнай шчымлівасцю, меланхалічным сюррэалізмам і бліскучым чорным гумарам. Гэта тэксты, якія пражываеш, таму пераклад насычаецца тваім дыханнем і крывёю.

 Ці даводзілася Вам падчас працы над тэкстам прыдумляць новыя словы? Ці заўсёды Вам хапала наяўнага моўнага матэрыялу?

Наяўнага моўнага матэрыялу мне не хапае ніколі – гэта праблема мая, а не гэтага матэрыялу. Я – дзіця асфальту – часам балюча адчуваю сваю лексічную і фразеалагічную абмежаванасць, але стараюся не зайздросціць сваім суайчыннікам-вяскоўцам, якія поўнымі жменямі чэрпаюць моўныя багацці з кішэняў сваёй генетычнай памяці. Можна вучыцца ў майстроў слова, можна плённа працаваць са слоўнікамі, можна ўрэшце старанна гадаваць сваё ўнутранае адчуванне моўнай гармоніі – усім гэтым я ніколі не перастаю займацца.

Ну, я ўжо згадваў у адным з папярэдніх адказаў – так, часам прыдумляюцца новыя словы. Не кажу “прыдумляю” – бо гэта нельга назваць актыўным працэсам, прынамсі, найчасцей я сабе такой задачы не стаўлю. Проста ў працэсе перакладчыцкіх пошукаў раптам пачуеш нейкае слова, якое гладка кладзецца ў фразу, ловіш яго і ўплятаеш у тканіну тэксту. Часцей за ўсё гэта нейкія наватворы, збудаваныя з наяўнага матэрыялу, з семантычна празрыстых кампанентаў – каранёў, суфіксаў – і таму будуць без праблемы зразуметыя звычайным носьбітам мовы.

Пару разоў давялося асэнсавана і наўмысна нешта стварыць. Згадаю два прыклады. У 1985 годзе я вярнуўся з войска, і мы абмяркоўвалі з Вінцуком Вячоркам – што казаць замест брыдкай калькі “прыемнага апетыту”, ён прапанаваў “сыць, Божа!” (Янкі Станкевіча), а я – гібрыд з “смачнога!” (чуў ад Рабкевіча) і формулы, якую ўжывала мая бабуля “ешце, дзеткі, ешце”: “смачна есці!” Другі выпадак – у 1998 годзе, рыхтуючы на радыё перадачу “Беларускі дыялог на інтэрнэце”, я, каб лішні раз не паўтараць той “інтэрнэт” ці “сусветнае павуцінне”, ужыў слова “сеціва”. Не сказаць каб яно мне вельмі спадабалася, тым больш што ўтворанае з парушэннем моўных законаў, але пасля не раз даводзілася яго сустракаць і ў самім тым “сеціве”, і па-за ім.

 Вы збольшага перакладаеце прозу. Многія лічаць, што перакладаць прозу нашмат лягчэй, чым паэзію. Ці згодныя Вы з такім меркаваннем? Якія пасткі могуць чакаць перакладчыка прозы? Ці траплялі Вы калі-небудзь у такія пасткі?

 Так, я перакладаю збольшага прозу, хоць часам спрабую брацца і за паэзію – калі яна без рыфмы і памеру. Фактычна, такую паэзію я проста ўспрымаю як прыватны выпадак прозы – рытмізаванай, крыху інакш арганізаванай, але прынцыпова неадрознай ад прозы.

На меркаванне Вашых “многіх” адкажу, што многія лічаць, што пераклады паэзіі наагул нельга лічыць перакладамі stricto sensu, бо перакладчык паэзіі (а гэта найчасцей паэт) укладае ў такі “пераклад” столькі свайго, што перакладзены твор да аўтара ўжо не мае ніякага дачынення. У выніку можа выйсці і геніяльны твор (у залежнасці ад паэтычнага майстэрства перакладчыка), але гэта ўжо хутчэй новы, самастойны твор на пазычаныя ў арыгіналу матывы і сюжэты.

Тыя самыя “мае многія” лічаць, што сапраўдны пераклад – гэта ўсё ж пераклад прозы. Яго вага ў агульнай літаратурнай прадукцыі, у запатрабаванасці сярод чытачоў невымерна большая за пераклад паэтычны.

Што да таго, ці прозу перакладаць лягчэй, дык гэта як пытанне: якую мову лягчэй вывучыць. Калі трошкі і абы-як, дык, можа, лягчэй эсперанта, чым кітайскую, і лягчэй перакладаць афарызмы, чым санэты. Але калі добра – дык розніцы няма.

 Літаратура якой краіны, эпохі, кірунку цікавіць Вас больш за ўсё? Што Вас цікавіць найбольш як перакладчыка, а што – як чытача? Ці супадаюць тут Вашыя прыхільнасці?

 Прыхільнасці збольшага супадаюць – тое, што кранае мяне як чытача, якраз і хочацца тут жа сесці і перакласці. Іншая справа, што гэта не заўсёды рэальна праз нястачу часу або няведанне нейкай мовы.

Нейкіх сталых прыхільнасцяў, раз і назаўсёды ўсталяваных, у мяне няма. У розныя часы я спрабаваў глыбока акунацца ў нейкую культуру – мову, літаратуру, гісторыю, краіназнаўства – так, каб адчуць сябе ў ёй амаль сваім. Але калі прыходзіць нейкае новае “захапленне”, усе папярэднія застаюцца ў маёй душы, складаючыся ў дзівосную мазаіку і ўзаемна дапаўняючы адно аднаго. Так на сёння ўва мне ўжо жывуць Эстонія, Нямеччына, Літва, Чэхія (у гэтых краінах я фізічна пражыў нейкую частку свайго жыцця), Харватыя, Боснія, Бразілія.

Цяпер адбываецца “здабыванне” Егіпту. Апошнія некалькі месяцаў я жыву ў Александрыі 30 – 40-х гадоў ХХ стагоддзя. Пра тое, што я там пабачыў, пачуў і адчуў, я збіраюся патрошку пісаць ў раздзеле “Александрыя” на нашым сайце.

 Трэці нумар часопіса “ПрайдзіСвет” – крышачку гатычны, і ў сувязі з гэтым раскажыце, калі ласка, пра Э. По і П. Мэрымэ. Вам было страшна іх перакладаць? Як найлепей напалохаць чытача?

 Ясна страшна. І чытаць страшна, і перакладаць, а пасля я яшчэ люблю чытаць некаму ўголас – каб слухачу таксама было страшна. І бывае! Я люблю страшнае. І хутчэй не такое, як “Локіс” Мэрымэ, – гэта ўжо трошкі пародыя, а такое, як Борхесава There are more things, калі баішся – і сам не ведаеш чаго… І чытач мусіць гэта адчуць. Чытач мусіць чуць тэкст, чуць хрыплаваты дрыготкі голас аўтара/перакладчыка, рэагаваць на змены рытму, на збоі ў дыханні, заміраць у паўзах, праймацца ліпкім жахам, ускрыкваць ад нечаканага сюжэтнага павароту. І перакладчык мусіць усё гэта адчуваць – чуць свой тэкст у працэсе перастварэння. Ты чытаеш арыгінал, ён адгукаецца ў найдалейшых схованках тваёй душы – і тады трэба толькі пачуць тое рэха, матэрыялізаваць яго сродкамі сваёй моўнай стыхіі.

 У працяг папярэдняга пытання... Чым можна напалохаць перакладчыка-пачаткоўца? Чаго яму варта баяцца, а з чым трэба смела змагацца?

 Напалохаць – тым, што перакладамі добрай літаратуры на жыццё не заробіш. Калі не спалохаецца гэтага – тады ўжо можна нічога не баяцца

Ну і колькі словаў пра Вашыя перакладчыцкія задумы...

 У канкрэтных планах на найбліжэйшы год – абяцаныя літоўскім калегам і сябрам дзве кнігі: “Белае покрыва” Антанаса Шкемы і зборнік вершаў Генрыкаса Радаўскаса (разам з Андрэем Хадановічам), зборнік апавяданняў Міленкі Ергавіча “Іншала, мадона, іншала” (пару штук ужо друкаваліся ў “Архэ”).

Сярод таго, за што б яшчэ ўзяўся, як толькі знойдзецца час, – “Я абслугоўваў ангельскага караля” і “Занадта тлумная адзінота” Грабала, чатырнаццаць навэлаў Тугласа, Керэт, літаратурная эсэістыка Борхеса, “Даведнік падарожніка аўтаспынам па галактыцы” (гэта тая кніга, якую я б узяў на бязлюдны востраў!), кіберпанк-раманы Ніла Стывенсана, “Вясна” Оскара Лутса... ай, шмат чаго.

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=83 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Сяргей Шупа: Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы

Для друку   /   Вітальня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Сяргей Шупа, Менск, ХІІ.2009. Фота Міраслава Адамчыка
Сяргей Шупа, Менск, ХІІ.2009. Фота Міраслава Адамчыка