Пра Дылана Томаса
Дылан Томас нарадзіўся ў 1914 у надморскім мястэчку Суонсі ў Валіі. Фармальна сваю адукацыю ён закончыў у 1931 у Swansea Grammar School, дзе ягоны бацька вучыў ангельскай мове. Вечарамі бацька будучага паэта вёў курсы валійскай мовы для дарослых, але сына роднай мове не навучыў, ня хочучы псаваць хлопцу ягонага ангельскага акцэнту. Аднак крытыкі даволі згодна сьцьвярджаюць, што валійская мова і валійская грувастка-арнамэнтальная паэзія аказалі несумненны уплыў на англамоўную творчасьць Томаса. Публікаваць свае вершы Томас пачаў у школьным часопісе ў 1925. У 1933 зьявіліся ягоныя першыя публікацыі ў лёнданскіх пэрыёдыках: „And death shall have no dominion” і „That sanity be kept” („Каб з глузду не паехаць”). Яны выклікалі фурор і паставілі валійскага правінцыяла ў цэнтры ўвагі сталічнага літаратурнага бамонду. У 1934 Томас перабраўся ў Лёндан, намерыўшыся стаць паўнаштатным паэтам; пад канец таго году выйшаў ягоны першы паэтычны томік — „18 Poems”. Наступныя зборнікі — „Twenty-five Poems” (1936) і „The Map of Love” (1939, вершы разам з прозай) — угрунтавалі ягоную пазыцыю як самага арыгінальнага, „цёмнага” і культавага ангельскага паэта. Стварэньню культу Дылана Томаса, які трывае ў некаторых колах аматараў паэзіі па сягоньня, спрыяла ягонае багемнае жыцьцё, пазначанае частымі запоямі. У 1940 Томас выдаў зборнік сьмяшлівых апавяданьняў пра сваё правінцыйнае хлапецтва — „Portrait of the Artist as a Young Dog”, а ў 1946 апошні зборнік паэзіі — „Deaths and Entrances”. У 1953, падчас чарговай паездкі Томаса на публічныя чытаньні паэзіі ў ЗША, у Нью Ёрку адбылася першая пастаноўка ягонай „п’есы на галасы” — „Under Milk Wood”. Неўзабаве пасьля сваіх трыццаць дзявятых угодкаў Томас цяжка захварэў. Атрымаўшы ін’екцыю завялікай дозы марфіну, паэт запаў у кому і памёр некалькі дзён пазьней. Жонка перавезла ягонае цела ў Валію і пахавала ў Лёгарне, дзе яны жылі нейкі час да і пасьля вайны.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=51 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра Дылана Томаса
Для друку / Вітальня