Занатоўка пра Яраслава Гаўлічка
Яраслаў Гаўлічак (Jaroslav Havliček) нарадзіўся ў 1896 г. у Ілемніцы (Jilemnice), мястэчку ў паўночна-ўсходняй Чэхіі, у падножжа Карканошаў. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы ў Ічыне, у 1915-м Гаўлічак стаў вывучаць гандаль у вышэйшай школе ў Празе. Вайна перапыніла гэтае навучаньне, і Гаўлічак пабываў як на расейскім, так і італьянскім франтох. Пасьля вайны Гаўлічак давучыўся ў гандлёвай школе, ажаніўся з паннай зь Ілемніцы, дастаў урадніцкую пасаду ў Празе і, пачынаючы з паловы 1920-х гг., пачаў публікавацца ў літаратурных выданьнях. Памёр даволі молада, але натуральнай сьмерцю, у 1943-м. Крытыкі прысвоілі Гаўлічку тытул стваральніка чэскай псыхалягічнай прозы і адначасова залічылі яго да яе найгалоўнейшых прадстаўнікоў.
Як зусім сьпелы аўтар Гаўлічак выступіў у 1933-м, публікуючы раман «Vyprahlé touhy» (які ў перапрацаванай форме выйшаў у 1944-м пад загалоўкам «Petrolejové lampy»). Раман ёсьць гісторыяй складаных і драматычных дачыненьняў духоўна нязломнай жанчыны і ейнага цынічнага мужа-дэгенэрата. У 1969 г. на матывах гэтага раману рэжысэр Юрай Гэрц паставіў аднайменны фільм, адну з найбольш вартасных карцінаў чэхаславацкага кінэматографу. Да вяршынных дасягненьняў Гаўлічка належаць раманы «Neviditelný» (1937) і «Ta třětí» (1939). Першы твор распавядае аб паступовай дэгенэрацыі саліднага мяшчанскага роду, ілюстраванай, між іншым, вар’яцтвам аднаго зь сямейнікаў, якому здаецца, што ён нябачны. Другі раман паказвае гісторыю стасункаў «старога дзецюка», маласымпатычнага пустадомка і эгаіста, чые пачуцьці вагаюцца паміж дзьвюма рознымі жанчынамі. Герой у выніку выбірае «тую трэцюю» - дабравольную сьмерць. Раман «Helimadoe» (1940) распавядае гісторыю дзівакаватага лекара і ягоных пяці дачок, якім быў наканаваны лёс старых дзевак у правінцыйным мястэчку. Дарэчы, падзеі амаль усіх раманаў і апавяданьняў Яраслава Гаўлічка адбываюцца ў маламестачковым асяродзьдзі.
Навэля «Пагібель мястэчка Альшыны» («Zánik městečka Olšiny») выйшла пасьля аўтаравай сьмерці, у 1944 г. Тапаграфічна літаратурная Альшына амаль дакладна адпавядае роднаму мястэчку аўтара, Ілемніцы.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=28 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Занатоўка пра Яраслава Гаўлічка
Для друку / Вітальня