Хенрык Нордбрандт — мой улюбёны дацкі паэт
Хенрык Нордбрандт (Henrik Nordbrandt) нарадзіўся ў Капэнгагене ў 1945 г. Сёньня ён лічыцца адным з найвыдатнейшых дацкіх паэтаў, які ўжо даўно, у згоднай ацэнцы бальшыні дацкіх крытыкаў, заслужыў Нобэлеўскай літаратурнай прэміі.
Пачынаючы з дэбютнага томіка «Digte» ў 1966 г., Нордбрандт апублікаваў больш за 20 паэтычных зборнікаў: «Miniaturer» (1967), «Syvsoerne» (1969), «Omgivelser» (1972), «Opbrud og ankomster» (1974), «Ode til blækspruten og andre kærlighedsdigte» (1975), «Glas» (1976), «Istid» (1977), «Guds hus» (1977), «Spøgelseslege» (1979), «Forsvar for vinden under døren» (1980), «Armenia» (1982), «84 digte» (1984), «Violinbyggernes by» (1985), «Håndens skølven i november» (1986), «Under mausolæet» (1987), «Vandspejlet» (1989), «Glemmesteder» (1991), «Støvets tyngde» (1992), «Ormene ved himlens port» (1995), «Drømmebroer» (1998), «Fralandsvind» (2001), «Pjaltefisk» (2004), «Besøgstid» (2007).
Акрамя згаданых паэтычных зборнікаў, Нордбрандт апублікаваў раман, два зборнікі эсэ, дзьве кніжкі для дзяцей і кніжку пра турэцкую кухню.
За зборнік «Drømmebroer» ён атрымаў Літаратурную прэмію Паўночнай Рады ў 2000 г.
Большасьць свайго дарослага жыцьця Нордбрандт правёў па-за Даніяй, жывучы ў розных краінах Міжземнага мора: Турэччыне, Грэцыі, Італіі, Гішпаніі. «Я вяду нешта накшталт валацужнага жыцьця, — сказаў Нордбрандт у інтэрвію нарвэскай газэце «Dagbladet» у 2000 г. — Я еду ў мясьціны, дзе можна пражыць даволі танна, дзе я здымаю пакой на нейкі час, дзе мне цёпла і дзе я магу пасядзець у кнайпе бяз дай справы і ніхто мне не перашкодзіць сваім балбатаньнем».
Паэзія Нордбрандта прасякнутая атмасфэрай і сьвятлом міжземнаморскага рэгіёну. Назва аднае зь ягоных паэтычных кніжак, «Opbrud og ankomster» («Ад’езды і прыезды»), добра падсумоўвае творчую філязофію паэта, беспрытульнага падарожніка, для якога прысутнасьць у нейкім месцы тоіць у сабе патэнцыйнае расстаньне, а набыцьцё нечага новага абазначае немінучую страту нечага старога. Чалавек, канстатуе Нордбрандт, пазбаўлены нейкай трывалай апоры ў жыцьці, нават у каханьні, якому паэт прысьвяціў шмат выдатных вершаў. Дый прырода не ахвяруе чалавеку нічога пэўнага, безупынна скіроўваючы яго да сябе самога. «І ў якія рэкі мы б ні ўзіраліся, убачым сваё адбіцьцё толькі калі павернемся да іх сьпінай», — адзначае Нордбрандт у адным са сваіх вершаў.
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=23 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Хенрык Нордбрандт — мой улюбёны дацкі паэт
Для друку / Вітальня