Літаратура.org » Вітальня » Ганна Шакель, Я хацела б быць празрыстасцю

Я хацела б быць празрыстасцю

Ганна Шакель

 

***

 

Раней любіла толькі

дождж

і праклінала снег.

Маўляў, дождж

самы шчыры,

усім вядома, чаго ад яго чакаць.

А снег хлусіць.

Ціпа такі прыгожанькі:

"Паглядзіце, якія цудоўныя формы сняжынак!".

А ты са сваiмi гарачымi рукамi

iдзеш з iм на кантакт –

i ён ператвараецца

ў халодную брыдкую вадкасць.

 

Але ведаеш,

прынамсі ён мне зразумелы.

Іначай

быў бы дарэмным

курс фізікі

за шосты клас.

 

 

***

 

сёлета вясна пачалася ў снежні.

прынамсі даляцела

да нявызначанага па парадку неба –

межы сцерліся ад частага перасячэння, –

дзе я заўсёды піла зараннія кісялі,

махала нагою,

чакала, пакуль паштальён на аднарозе

ўпрэ мне ў рукі бандэроль

і скажа: "Ваша шчасце. Падпішыцеся, калі ласка",

і неяк у чаканні заснула.

я не ведаю, колькі міма праходзіла табараў,

і колькі яны забралі маіх брудных кубачкаў,

і што па руцэ мне наваражылі,

пакуль я шчэ недзе вышэй лятала.

але цяпер мяне

разбудзіла

вясна,

што чамусьці

так доўга

блудзіла.

 

 

***

 

я хацела б быць

празрыстасцю,

павевам ветру,

каб праходзіць скрозь людзей,

забіраючы іх чорныя плямы з сабою.

але гэта – метад дзеяння Бога.

я ж –

створаны маімі ж рукамі

ідал,

перад якім стаяць

мае ж калені.

 

 

***

 

Снежыць.

Давайце, белыя восы,

Зрабіце мяне моцнай.

Джальце ў твар проста,

Каб ваш яд востры

Разліўся па целе,

Дайшоў да сэрца

І каб стала яно сталёвым.

Гэта цяпер стылёва?

 

 

***

 

Не за ягоныя рэбраў краты

Мяне пасадзілі

Падумаць над сваімі паводзінамі.

На гэты раз я верхняе рабро

Трохкутнага кола,

Праз якое яшчэ невядома,

Ці стане каню лягчэй,

Калі я злезу з воза.

 

 

Маладосць

 

Маладосць –

сама па сабе антонім:

мала – досыць.

Малако цёплае на

дасціпных вуснах.

Маланка перад

досвіткам ціхім.

Малітва малпінымі скокамі.

Дасягненне ў недасведчанасці.

Малінавым колерам пафарбаваная

дашчатая скрыпучая падлога.

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=157 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Я хацела б быць празрыстасцю

Ганна Шакель

Для друку   /   Вітальня

Ганна Шакель
Ганна Шакель
"Нарадзілася ў 1998 годзе ў Маладзечне, але статус радзімы маё сэрца надае яшчэ Браслаўшчыне і Вілейшчыне. Паэзія, у прыватнасці, мае ўласныя вершы, што каханне ў Булгакава, выскачылі перада мной, як забойца ў завулку."