Свабоду дажджу!
ПЕСНЯ ЦМОКА
Варушыцца ўнутры няўмольны цмок,
Што чхаў aгнём на карныя законы.
Я выбраў час, я выбраў меч i бок.
Я жахам рэчаicнасцi натхнёны.
Пашлi учынкам нашым умалот,
Айчыны ўкрыжаваная Надзея!
Ад праўды выступае горкi пот,
I кроў aд небяспекi caладзее...
МІТЫНГ ПРАТЭСТУ
Упершыню за два тыдні
на жнівеньскім небе
зладзілі мітынг
набрынялыя громам
хмары.
І чуецца з вышыні:
— Далоў дыктатуру сонца!
— Свабоду, свабоду дажджу!
Я ЁСЦЬ
Мне крыўда выела душу,
А потым перайшла на цела...
Што дзіўна, я ізноў пішу.
Што дзіўна, я жывы і цэлы.
Намоўленае перамог,
Паверыўшы ў будзённасць цуду.
На папялішчы ўспыхнуў Бог.
Я ёсць. І я, напэўна, буду...
ПРЫСТУПКА
В мой старый сад, ланфрен-ланфра,
Лети, моя голубка!
(з вядомай песні)
Да выбухаў натхнення ты прыступка.
Табою Бог жыццё пасаладзіў.
І ўсё-ткі я паэт, мая галубка.
Мо лепшага — нармальнага — знайдзі?
Нашто табе нястача, меладрама
І гурт таленавітых недарэк?
Твой выбар ну ніяк не ўхваліць мама.
Яна кансерватыўны чалавек.
Хвіліны шчасця будуць, верагодна.
Ды, верагодна, будзе і кашмар.
Я — цяжкая, няўдзячная прыгода:
Буян, ліхач, нядбайны гаспадар...
Зірні, я для цябе — да дна прыступка!
Крумкач крывавы з песняй салаўя!..
Маўчу-маўчу! Не плач, мая галубка!
Хадзі сюды, маленькая мая!..
ПОШУКІ МУЗЫ
Па Заманіторыі вандрую —
Не як хуліган і рызыкант!
Я шукаю Музу — залатую.
Русая?.. Таксама варыянт!
І прашу у бога Інтэрнэта:
"Пакажы кароткія шляхі!"
Прадчуваннем радасным сагрэты,
Да сумневу змрочнага глухі...
Спішамся — раптоўна і дарэчна.
Скроім элегантны дыялог.
Блізка найкаштоўная сустрэча.
Не бяда, што поўначы парог!..
ХВОРЫ ЗУБ
Калі была ты не ў гуморы
І набірала ў позні час,
Стагнаў я: "Зубік ты мой хворы!" —
Каб засмяялася ў адказ...
Былога нечаканы сполах
Наклікаў спелую слязу,
Хоць час, выдатны стаматолаг,
Даўно мне вырваў хворы зуб…
ГАРАЧАЯ ВАННА
Гарачая вада вільготнай коўдрай
Накрыла, атуліла, абняла.
Лад, страчаны у пошуках рэкордаў,
Вяртаецца ад шчырага цяпла...
Памкненні ўваскрасаюць і надзеі.
Спыніўшыся, зноў круціцца Зямля.
Ляжу гадзіну ў ванне і "балдзею" —
Як на руках у маці немаўля!
ВЫЙДУ НА ШПАЦЫР
Выйду на шпацыр, пакуль не сцямнела —
Выскачу з хвалі крыклівых навін!
Там, у мігценні сняжынак нясмелых,
Можа, адступіцца сплін?..
Хай кіслародам насыціцца цела.
Студзень пануе? Дык я ж не мядзведзь!
Выйду на шпацыр, пакуль не сцямнела:
Годзе ў кватэры сядзець!
МЕСЦА Ў ЖЫЦЦІ
Ідучы
ў грамадзе вальнадумцаў,
я пакутліва думаў,
дзе маё месца
ў жыцці...
І тут адзін сцяг
пагладзіў па галаве,
другі
прыабняў за плечы.
І я зразумеў:
вось яно.
ГАРЭЦЬ ШЧЫРА
Свечка растала.
Агеньчык дрыжаў і слабеў.
Але раптам успыхнуў
з нядаўняю сілай —
нібы вярнуўся зазначыць,
як важна ў жыцці —
гарэць шчыра...
Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=156 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Свабоду дажджу!
Для друку / Вітальня