Літаратура.org » Вітальня » Ян Максімюк, Занатоўка пра Яраслава Фэйфара

Занатоўка пра Яраслава Фэйфара

Ян Максімюк

Яраслаў Фэйфар (Jaroslav Feyfar, 1871—1935) нарадзіўся ў Празе, дзе закончыў мэдыцыну і пачаў сваю лекарскую практыку. У 1903 г. ён прыняў пасаду павятовага лекара ў Ілемніцы і застаўся ў гэтай «глухой правінцыі» на ўсё жыцьцё, нягледзячы на пазьнейшыя спакусьлівыя прапановы вярнуцца ў сталіцу і паправіць сваё становішча ня толькі ў сьвецкім ці прафэсійным вымярэньнях, але і фінансавым. У 1904-м Фэйфар ажаніўся зь ілемніцкай паннай і стаў весьці жыцьцё саліднага і ўсімі шанаванага ў мястэчку (3000 жыхароў) і ўсім павеце (30 000 народу) чалавека. Акрамя лекарскай практыкі, у Фэйфара, надзеленага шматлікімі талентамі, было шмат пабочных зацікаўленьняў, улучна з шаўцоўствам і матацыклетамі. Але тым дадатковым заняткам, які запэўніў яму месца ў гісторыі, стала фатаграфаваньне. Фэйфар актыўна займаўся фатаграфіяй у 1904—1914 гг., значыць, на схіле тае непаўторнае belle epoque у гісторыі аўстра-вугорскай манархіі ў прыватнасьці і Эўропы ўвогуле, калі ўсё ішло сваім адладжаным парадкам, а людзі цешыліся мірным і спакойным жыцьцём. Здымкі Фэйфара засталіся наступным пакаленьням дзякуючы ягонаму сыну, які беражліва перахаваў бацькавы нэгатывы і спрычыніўся да іх публікацыі. Цікава, што два найбольш славутыя ілемніцкія землякі, Яраслаў Гаўлічак і Яраслаў Фэйфар, ніколі ў жыцьці не сустрэліся. Але, кожны па-свойму, яны зрабілі прыблізна адну справу — здолелі выхапіць з жорнаў гісторыі і захаваць для наступных пакаленьняў некалькі запамінальных абразкоў са свае фантастычнае Правінцыі.

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=11 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Занатоўка пра Яраслава Фэйфара

Ян Максімюк

Для друку   /   Вітальня