Жаніхі
Аперэта ў 2-х актах
Асобы:
Пані Кудліцка — жонка рэфэрэндара
Окця — яе ўнучка,
Граф Эрык
Пан Павал Квіквэцкі — юрыст-практыкант
Пан Рэгент
Цыпа, габрэйка-крамарка
Юлька — служанка
Акт І
Сцэна І
Рэфэрэндарова (Бабуля) і Окця.
(Бабуля сядзіць за сталом бокам да сцэны ў акулярах і раскладвае карты. Окця перад люстрам прышпільвае кветкі.)
Окця (кідаючы кветкі на столік пад люстрам)
Фі, бабуля! Хто ж бо калі бачыў, каб у кветкі клалі наготкі — добра ж было б, каб я ўшпіліла. Гэта колер здрады, не хачу, каб хто падумаў, што я здрадлівая (ушпільвае фіялку ў валасы). Во, гэта зусім іншая рэч, фіялка — кветка нявіннасці.
Бабуля (раскладваючы карты)
Ай, Окця, Окця! Лепш бы табе наготкі, толькі б табе баламуціць, а замуж не думаеш.
Окця (убок)
Бабуля толькі бурчыць і бурчыць. (Падыходзячы) А бабуля, мусіць, замаладзь была такая самая, — усе ж бо кажуць, што я чыста ў бабулю ўдалася (цалуе яе ў руку і рукавом незнарок скідае са стала некалькі карт).
Бабуля
Окця, ну што ты вырабляеш! На сваю бяду ўзяла цябе на старасці да сябе — і толькі клопату набылася з табою! Мала мне тае турботы з жаніхамі, дык яшчэ ты мне кожны дзень карты блытаеш. Ішла б ужо сабе замуж — і мне спакайней будзе.
Окця
Пайду, пайду, бабулечка, толькі не падганяй мяне, а то я памылюся ў выбары (збірае карты і кладзе іх на стол).
Бабуля
От жа ж бяда мне з гэтым дзяўчом! Ужо два расклады зрабіла, што там у Ізабэлькі будзе, сын ці дачка, а гэтая шалапутка заўсёды ўсё сапсуе.
Окця
Ай, я ўжо ўсё склала, як было, хай ужо бабуля не гневаецца, а я затое песеньку паспяваю файную.
Спеў № 1
Ой, калі мне ўсмешкай свеціць
Маладосць маіх гадоў,
Гэта будучыня меціць
Шчасьцем лёс мой пагатоў.
Я з усмешкай расцвітаю
Ў васямнаццаць яркіх лет
І з усмешкаю вітаю
Неба і зямны мой свет, —
цэлы свет.
Падзівіцца ў люстра рада, —
Бачу там чароўны квет,
Можа, гэта і няпраўда,
Можа, йначай бачаць свет.
Я таго б яшчэ жадала,
Каб і свет вялебніў шмат,
Ды маіх жаданняў мала,
Ім не кожны будзе рад,
будзе рад.
Так хачу, каб проста з моста:
Юны, старац, бедны, пан,
Лысы, сівы, нізкі, тоўсты
Казё, Пётр, Антось ці Ян,
Нават Гавал ці Пратазы
Каб кахаў,— мне па нутру,
А баіцца хто паразы,
Слёзкі я таму утру,
слёзкі ўтру.
Бабуля
І што ты сабе выдумляеш, Окця! Жартуеш, гарэзуеш, — а вось як памру, цяжка табе будзе на свеце, калі замуж не пойдзеш.
Окця
Э! Навошта, бабуля, пра смерць заводзіць.
Бабуля
Але ж яна прыйдзе, (задаволена) во — будзе ўнук (нюхае табаку).
Окця
А бабуля дарма мяне зганіла.
Бабуля
Затое і прылашчу. Падай мне панчоху і клубок.
Окця (падаючы)
Толькі прашу, не трэба пра смерць, бо заплачу, а бабуля вельмі не любіць, калі я
плачу.
Бабуля
Вядома ж не люблю, але мушу, каб ты перастала сваволіць, а выбрала б лепш
каторага з тых кавалераў, што толькі марна парог абіваюць.
Окця
І якога ж мне бабуля за мужа ўзычыла б? Можа, Эрыка? Ці прыстойнага Паўліка, — дык жа ж не люблю я яго прозвішча — фі... брыдкае — Квіквэцкі. — А то, можа, Рэгента?
Бабуля
Што табе мроіцца, Окцю, з тым Эрыкам! Ён — граф, пан. Ён з табою бавіцца любіць, але не ажэніцца ніколі.
Окця
Пабачыш, бабуля, вось выйду за яго і буду ездзіць у карэце, будзе ў мяне свой лёкай, спаважны, барадаты, шэсць сівых коней, маёнтак. Бабуля жыцьме з намі — от жа зажывем, як у раі.
Бабуля
Засмучаеш ты мяне сваім легкадумствам, гоніш ад сябе прыстойнага Квіквэцкага, а ён так даўно цябе кахае і хацеў бы атрымаць тваю руку. Вось-вось зойме месца адваката, партыя — акурат па табе.
Окця
Ён, бабуля, кахацьме мяне яшчэ больш, убачыўшы, што й іншыя мяне кахаюць; (смяецца) вунь, стары Рэгент, і той па мне ўздыхае.
Спеў № 2
Канкурэнтаў шмат навокал,
Не злічыць, як cкінуць вокам:
Той там бедны, той багаты,
Той стары, а той гарбаты.
Выбірай сабе любога:
Хоць за тога, за другога,
І той першы, і той другі
Заўжды Оксі на паслугі.
Граф — прыгожы, залаценькі,
Як наготак маладзенькі,
Павал — ф’ялачка-падплотка
А пан Рэгент — як стакротка.
Як не сядзе на наготку,
На фіялцы пчолцы месца,
А як не, — дык на стакротку,
Якась-такась утрасецца,
Якась-такась утрасецца.
Окця
Тады пайду за Рэгента і буду сабе паняй Рэгентовай: буду трымаць яго пад пантофлем, буду вадзіць яго за нос, і будзе вельмі добра. Пабачыць бабуля, як яно файна выйдзе.
Бабуля
Ай, гарэза ты, гарэза! Як пасцелеш, так і выспішся.
Окця
О, я люблю паспаць усмак, дык жа і пасцялю сабе мякка. Але — зараз пачнуць збірацца кандыдаты — цікава, хто першы падваліць? Мусіць, Рэгент.
(...)
(Пераклад цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=99 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Жаніхі
Для друку / Васіль Сёмуха