Літаратура.org » Васіль Сёмуха » Густаў Майрынк, Ноч Вальпургіі

Ноч Вальпургіі

Густаў Майрынк — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Першы раздзел

Актор Зрцадла

Забрахаў сабака.

Раз. Другі раз.

Пасля поўная цішыня, быццам жывёла ўслухоўвалася ў ноч,— якая там яшчэ прыгода нахапілася.

— Мне здаецца, забрахаў Брок, — сказаў стары барон Канстанцін Эльзэнвангер, — мусіць, ідзе пан раднік.

— Гэта, душа мая, яшчэ не прычына, каб брахаць, — строга кінула графіня Заградка, старая жанчына з сівымі снежна белымі локанамі, вострым арліным носам і кушчастымі брывамі над вялікімі, чорнымі, крыху шалёнымі вачыма, быццам угневаўшыся на такое непатрэбства, і стасавала калоду картаў на віст хутчэй, чым гэта рабіла ўжо добрых паўгадзіны.

— І што ён там такога робіць цалюткі дзень напралёт? — спытаўся імператарскі лейбмедык Тадэвуш Флюгбайль, які, з круглым, гладка выгаленым, маршчыністым тварам на старомодным карункавым жабо, як дух продка, сядзеў у крэсле насупраць графіні, падабраўшы ледзь не пад самы падбародак неверагодна доўгія, сухія ногі.

Студэнты на Градчанах звалі яго „Пінгвінам” і заўсёды смяяліся яму ўслед, калі ён роўна а дванаццатай каля замка сядаў у дрожкі, у якіх верх кожнага разу трэба было адкідаць назад, перш чым яго амаль двухметровая цялесіна займала ў іх месца. Гэтакі ж сама складаны быў і працэс высадкі, калі экіпаж праз некалькі сотняў крокаў спыняўся каля гасцініцы „Каму спех”, дзе гер імператарскі лейбмедык, нагінаючыся над талеркай і па-птушынаму дзюбаючы відэльцам, меў звычай спажываць сняданак.

— Каго ты маеш на ўвазе, — спытаў барон Эльзэнвангер, — Брока ці пана радніка?

— Пана радніка, вядома. Бо і што ён толькі робіць цалюткі дзень?

— Але ж бо. Гуляе з дзецьмі ў парку Хотэк.

— З „дзецямі”, — паправіў Пінгвін.

— Ён - бавіцца - з - тымі - дзецьмі, — умяшалася графіня, падкрэсліваючы кожнае слова націскам.

Абодва старцы пасаромлена прымоўклі.

Зноў у парку забрахаў сабака. Гэтым разам глуха, амаль з падвывам.

І тут жа адчыніліся цёмныя, размаляваныя пастаральнымі сцэнкамі махагонавыя дзверы, і ўвайшоў гер прыдворны раднік Каспар Эдлер фон Шырндынг — як заўсёды, калі прыходзіў на партыю віста, у вузкіх чорных штанах, крыху круг­лявы жываток, упакаваны ў бідэрмаераўскі прагулачны сурдут са светлай казлінай ірхі, замшы то б та, з цудоўна мяккім шалікам. Жвава, як ласіца, не кажучы ні слова, ён падбег да крэсла графіні, паклаў свой цыліндр на канапу побач і, цырымонна вітаючы графіню, пацалаваў ёй у руку.

— Чаму ён усё яшчэ брэша і брэша?! — задумліва буркнуў Пінгвін.

— Цяпер ён мае на ўвазе Брока, — патлумачыла графіня Заградка, рассеяна зірнуўшы на барона Эльзэнвангера.

— Гер раднік такія спацелыя. Каб жа толькі не застудзіліся! — заклапочана ўсклікнуў барон, зрабіў паўзу і пасля раптам каркнуў з арыёзным узлётам у цёмны суседні пакой, які пасля яго слоў, як на ўзмах чарадзейнай палачкі, асвятліўся: — Бажэна, Бажэна, Ба-ажэна-а-а, прашу вас, прынясіце, просім, супчык!

Кампанія выправілася ў банкетную залу і расселася вакол вялікага стала.

Толькі Пінгвін ганарыста пахаджаў уздоўж сцен, з подзівам разглядаючы на габеленах, быццам сёння ўпершыню, сцэны змагання Давіда з Галіяфам і пагладжваючы рукамі знаўцы цудоўную мэблю ў стылі Марыі-Тэрэзіі.

— Я быў унізе! У свеце! — бухнуў раптам навіну раднік Эдлен фон Шырндынг і прамакнуў лоб вялікай, чырвона-жоўта-стракатай хустачкай. — І заадно падстрыгся, — ён сунуў палец за каўнер, быццам яму часалася шыя.

Падобны камэнтар да цяжка стрымліванага росту валасоў, ён рабіў чатыры разы на год у бязглуздым разліку на тое, што ніхто не ведае, што ён носіць парыкі, — калі з доўгімі локанамі, калі зноў коратка стрыжаныя, — і кожнага разу ён чуў здзіўленае мармытанне. Але сёння гэтага не было: спадарства кампанія было шакіравана, пачуўшы, дзе ён быў.

— Што? Унізе? У свеце? У Празе? Вы? — імператарскі лейбмедык Флюгбайль аж забегаў ад здзіўлення. — Вы?

Два астатнія толькі раззявіліся:

— У свеце! Унізе! У Празе!

— Але ж, але ж вам трэба было перайсці мост! — заікаючыся, прамовіла нарэшце графіня. — А што, калі б Вы зваліліся?!

— Зваліўся!! Ну, сэрвус! — крэкнуў барон Эльзэнвангер і збялеў. — Каб не сурочыць! — увесь у дрыжыках, ён падышоў да каміннай нішы, каля якое яшчэ з зімы ляжаў бярэмак дроў, узяў адно палена, папляваў на яго тройчы і ўкінуў у астылы камін, — каб не сурочыць!

Бажэна, служанка, у падраным халаце, хустачцы і босая, як гэта практыкавалася ў старастыльных пражскіх арыстакратычных гасподах, унесла раскошную місу з цяжкага чарнёнага срэбра.

— Ага! Суп з сасіскамі! — буркнула графіня і задаволеная апусціла ларнетку. Яна прыняла , за сасіскі пальцы дзяўчыны, якія ў вялікіх не па мерцы белых пальчатках-глясэ ўсунуліся ў суп.

— Я ехаў... трамваем, — выціснуў з сябе гер раднік, усё яшчэ ўзбуджана паглыблены ва ўспаміны пра перажытую авантуру.

Усе пераглянуліся: яны сумняваліся ў праўдзівасці яго слоў. Толькі ў лейбмедыка заставаўся каменны твар.

— Апошняга разу я быў у Празе трыццаць гадоў таму назад! — прастагнаў барон Эльзэнвангер і, пакручваючы галавой, заправіў за каўнер сурвэтку; абодва канцы яе тырчалі з-за вушэй і надавалі яму падабенства з вялікім спалоханым зайцам. — Калі майго няшчаснага брата адпявалі ў Тайнінскім саборы.

— А я наогул, колькі жыву, не была ў Празе, — здрыгануўшыся, заявіла графіня Заградка. — Толькі гэтага мне бракавала! Там, на Старамескай, яны забілі маіх продкаў!

— Ну, гэта калі тое было, у Трыццацігадовую вайну, міладайная вы мая; — паспрабаваў суцешыць яе Пінгвін. — Гэта ж калі яно тое было!

— Ах, што вы, для мяне гэта — як сёння. Увогуле, праклятыя прусакі! — Графіня адсутна ўтаропілася ў сваю талерку, здзіўленая, што ніякіх сасісак там не аказалася; пасля яна зіркнула ў ларнетку праз стол, ці часам паны застольнікі не выхапілі.

Нейкае імгненне яна была ў глыбокім задуменні і мармытала сама сабе пад нос:

— Кроў. Кроў. Як яна пырскае, калі чалавеку сцінаюць галаву... А вы не баяліся, пане раднік?! Што, калі б Вы там унізе, у Празе, нахапіліся ў лапы прусакам? — сказала яна, павярнуўшыся да Эдлена фон Шырндынга.

— Прусакам?.. Мы ж цяпер рука ў руку з прусакамі!

— Вось куды яно? Дык, нарэшце-такі, вайна закончылася! Ну так, значыцца, славяне вам зноў крыві пусцілі.

— Не, шаноўная, мы з прусакамі, — далажыў Пінгвін, — хачу сказаць: з „тымі” прусакамі... ужо тры гады як у саюзе супроць рускіх. І...

— У са-ю-зе! — пацвердзіў барон Эльзэнвангер.

— ... і поплеч змагаемся супроць іх. Гэта... — Ён ветліва замоўк, заўважыўшы іранічную, недаверлівую ўсмешку графіні.

Размова спынілася, і цэлых паўгадзіны чулася толькі звяканне нажоў і відэльцаў альбо ціхае шлёпанне, калі босая Бажэна абносіла стол новымі стравамі.

Барон Эльзэнвангер выцер рот.

— Спадарства! Ці не пяройдземце да вісту!..

Глухая працяглая скугла з начнога саду перапыніла яго.

— Езус, Марыя, — гэта знак! У доме смерць!

— Брок! Скаціна праклятая. Кусі яго! — пачуўся прыцішаны голас слугі ўнізе ў парку, калі Пінгвін рассунуў атласную штору і адчыніў шкляныя дзверы на веранду.

Паток месячнага святла лінуў у пакой, і ад халоднага павеву акацыевага водару ў шкляной люстры затрапяталі полымцы свечак.

Па вузкім карнізе высокай паркавай мураванай агароджы, з-за якое знізу з-паза Влтавы, дзе драмала Прага і падымалася ўгору да зорак мора чырванаватага туману, павольна ступаў мужчына, выцягнуўшы, як сляпы, рукі, ступаў, як нейкі прывід, мігатліва ўзнікаючы з ценяў-сілуэтаў дрэў і сучча, аж здавалася, быццам ён то выплываў з яркага месячнага святла, то пасля зноў, інфернальна азораны, свабодна лунаў над туманам.

Імператарскі лейбмедык Флюгбайль вачам сваім не паверыў: нейкае імгненне ён думаў, што ўсё гэта яму сніцца, але з гэтага здранцвення яго вывеў раптоўны шалёны сабачы брэх, — ён пачуў пранозлівы крык, убачыў, як постаць на карнізе, як, нібы змахнутая рэзкім штуршком нячутнага ветру, знікла.

Трэск галля і кустоўя падказалі яму, што чалавек упаў у сад.

— Забойца, збродзень! Трэба клікнуць ахову! — залямантваў Эдлен фон Шырндынг, які з графіняй ускочыў на крык і кінуўся да дзвярэй.

Канстанцін Эльзэнвангер, заенчыў і грымнуўся на калені, утуліў твар у мяккую абшыўку крэсла і мармытаў пацеры, заціснуўшы ў кулаку недаедзеную смажаную курыную полачку.

На віск гера імператарскага лейбмедыка, які, быццам велізарная начная птушка з бяспёрымі куксамі-крыламі, жэстыкуляваў з веранды ў цемру, у парк збеглася з дамка парцье абслуга і з ветравымі ліхтарамі абшукала, голасна пераклікаючыся, увесь цёмны паркавы боскет.

Сабака, здаецца, выявіў збродня, моцна забрахаў, перастаючы і заліваючыся зноў з роўнымі інтэрваламі.

— Ну, што там, злавілі нарэшце прускіх казакоў? — гневалася ў адчыненае акно графіня, якая на пачатку не аказала ані следу хоць бы якога там хвалявання ці страху.

— Святая мацер Божая, ён скруціў сабе вязы! — віскнула служанка Бажэна; пасля дворня вынесла з-пад мура безжыццёвае цела чалавека на святло, якое лілося з пакоя на газон.

— Нясіце яго ўгору! Хутчэй! Пакуль крывёю не сплыў, — холадна і спакойна загадала графіня, не зважаючы на сковыт аканома, які з жахам энергічна пратэставаў супраць гэтага і патрабаваў, каб мёртвага перакінулі назад цераз мур пад адхон — пакуль ён, крый божа, не ажыў.

— Дык унясіце, прынамсі, сюды ў галерэю, — маліў Эльзэнвангер, адціснуў старую і Пінгвіна, які падхапіў запалены ліхтар, у залу продкаў і зачыніў за імі дзверы.

Апрача некалькіх разьбёных крэслаў з залачонымі білцамі і стала ў доўгім, калідорападобным памяшканні іншай мэблі не было — спёрты гнілосны пах і пласт пылу на каменнай падлозе выдавалі, што яно ніколі не праветрывалася, і ўжо даўно сюды не патыкалася нага чалавечая.

Карціны ў рост чалавека без рамаў былі ўстаўлены ў панэлі сцен: партрэты мужчын у скураных калетах з пергментнымі скруткамі ў руках, паміж імі жанчыны з пуфамі на рукавах і каўнярамі эпохі Сцюартаў, рыцар у белым плашчы з мальтыйскім крыжам, попельна-русая юная дама ў рэйфроку, з мушкай на шчацэ і падбародку, з жудасна-пажадлівай, саладжавай усмешачкай на перакошоных вуснах, з цудоўнымі рукамі, вузкім, роўным носам, тонка акрэсленымі ноздрамі і далікатна-выгнутымі брывамі над зелянкава-блакітнымі вачыма, манашка ў хабіце бэрнабіткі, паж, кардынал з аскетычнымі, худымі пальцамі, свінцова-шэрымі павекамі і паглыбленым, бясколерным позіркам. Так і стаялі яны ў сваіх нішах, і выглядала ўсё на тое, быццам сышліся яны ў гэты пакой цёмнымі ходамі, разбуджаныя пасля шматвекавога сну мігатлівым бляскам свечак і трывогай у доме. Неўзабаве ўжо падавалася, быццам хацелі яны таемна пакланіцца, асцярожна, каб не выдаць сябе шалясценнем парадных строяў, здавалася, у іх варушыліся губы і бязгучна застывалі зноў, здавалася, яны папстрыквалі пальцамі, выцягвалі твары і зноў скамянела застывалі, заціналі дыханне і сэрца, калі позірк абодвух жывых мімалётам скідаўся на іх.

— Вы не зможаце ўратаваць яго, Флюгбайль, — сказала графіня, чакальна і няпрыязна глянуўшы на дзверы. – Усё — як тады. Памятаеце?! У яго кінжал у сэрцы... Вы зноў будзеце мне казаць: тут, на жаль, канчаецца чалавечае ўмельства.

У першы момант імператарскі лейбмедык не зразумеў, пра што гэта яна заводзіцца. Пасля раптам уцяміў. Здагадаўся па ёй. Яна пераблытала мінулае з сённяшнім — спрабавала дзейнічаць, як бывала.

Падобная ўява, якая паблытала ёй розум, раптам ажыла і ў ім: шмат, шмат гадоў таму назад у ягоны замак на Градчанах прынеслі яго заколатага сына. А перад тым была ягла ў садзе, брахаў сабака — усё рыхтык, як сёння. Як і цяпер, тады віселі на сценах партрэты продкаў, і на стале стаяла срэбная свяцільня.

Нейкі лёткі момант лейбмедык быў такі сумнелы, што як бы і не ведаў, дзе ён. Успамін узяў яго ў палон і так скаваў, што яму здалося нават нечым нерэальным, калі няшчаснага пранеслі ў дзверы і асцярожна паклалі. Ён міжвольна шукаў слоў суцяшэння графіні, як тады, пакуль яму раптам адным разам не стала ясным ясна, што гэта ж быў не яе сын, які ляжаў тут, і што замест колішняй прымары каля стала стаяла сівапатлая старэча.

Усведамленне, хутчэй за думку і хутчэй, чым ён мог як след уразумець яе, пранізала яго і пакінула ў ім тупое, змрочлівае адчуванне, што „час” ёсць не што іншае, як сатанінскаая камедыя, якую ўбівае ў чалавечы мозак усемагутны нябачны вораг.

Толькі адно сталася плёнам ягонага жніва: ён маланкава хутка ўнутраным пачуццём на момант уцяміў, чаго раней правільна зразумець не быў здольны — менавіта дзіўную недаўмёнасць яе душэўнага стану, калі яна нават гістарычныя падзеі з прадаўніх часоў успрымала як нешта цяперашняе і спрабавала ўвязаць гэта са сваім штодзённым жыццём.

Ён адчуваў неадольную змусту сказаць: „Прынясіце вады! Перавязачны матэрыял!” — каб, як тады, нагнуцца і дастаць з нагруднай кішэні кровапускальны шніпер, які ён па старой, даўно ўжо залішненай звычцы насіў пры сабе.

Толькі калі чуйныя пальцы адчулі павеў дыхання з рота непрытомнага і ягоны позірк выпадкова ўпаў на голыя белыя сцёгны Бажэны, якая з уласцівай багемскім дзяўчатам своеасаблівай свабоднай ад сарамяжлівасці прастатой апусцілася каля яго з падаткнутй спадніцай, каб лепей было бачыць, ён зноў набыў ранейшую раўнавагу: карціна мінулага растварылася перад абліччам амаль застрашальнай супярэчнасці паміж квітнеючым юным жыццём, смяротнай застыласцю непрытомнага, фантомападобнымі фігурамі продкаў і старэча-маршчыністымі рысамі графіні, карціна ўявілася пакрытай імглою сучаснасці.

Камердынер паставіў ліхтар з запаленымі свечкамі на падлогу, і яго прамяні асвятлілі характэрны твар няшчаснага, які — губы попельна шэрыя і ў ненатуральным кантрасце з нафарбаванымі шмінкаю шчокамі — быў больш падобны на васковую фігуру ў паноптыкуме, чым на чалавека.

— Святы Вэнцаль, гэта Зрцадла! — усклікнула служанка і, — быццам адчуваючы, што паж з партрэта ў нішы ў мігатлівым святле павёў на яе пажадлівым вокам, — старанна апрастала спадніцу і абцягнула яе на калені.

— Хто ён? — здзіўлена спыталася графіня.

— Зрцадла — „люстра”, — растлумачыў камердынер, — калі прозвішча „Зрцадла” перакласці з чэшскай на нямецкую, так яго тут наверсе на Градчанах завуць, але я не ведаю, як яго завуць напраўду. Ён здымае кватэру ў... — слуга збянтэжана запнуўся, — у гэтай... ну, як яе... у багемскай Лізкі.

— У каго?

Служанка пырскнула смяшком у кулак, астатняя чэлядзь таксама ледзь стрымлівалася ад смеху.

Графіня тупнула нагой.

— У каго, хацела б я ведаць?

— Багемская Лізэль за колішнім часам была славутая... гетэра, — узяў слова лейбмедык, выпрастаўся над няшчасным, які ўжо падаваў першыя азнакі жыцця і заскрыгатаў зубамі. — А я тым часам і не ведаў, што яна яшчэ жыве і прамышляе на Градчанах; мабыць, ужо старым-старая. Жыве, мабыць...

— ... на Нябожчыцкай вуліцы, там, дзе збіраюцца ўсе гэтыя нехарошыя дзеўкі, — горача пацвердзіла Бажэна.

— Дык схадзіце, прывядзіце кабету, — загадала графіня.

Службова абавязаная дзяўчына спешна выйшла.

Тым часам чалавек ачуўся ад атлумення, нейкі момант тапырыўся на свечкі, пасля павольна падняўся, ані вокам не зважаючы на прысутных.

— Вы думаеце, ён злодзей? — напаўголасу спыталася графіня ў чэлядзі.

Камердынер патрос галавою і шматзначна пастукаў сабе па лобе, каб паказаць, што ён прымае яго за ненармальнага.

— Як на мой домысел, мы тут маем выпадак самнамбулізму, — заявіў Пінгвін. — Такія хворыя пры поўным месяцы падупадаюць незразумеламу парыву, калі некаторыя, не ўсведамляючы самі таго, учыняюць вельмі дзіўныя дзеянні, лезуць на дрэвы, на дамы і муры і часам ходзяць па вельмі вузкіх плоскасцях на неверагоднай вышыні, напрыклад, па карнізах так упэўнена, як ніколі не маглі б хадзіць, калі б не спалі. — Хо-ля, вы, пане Зрцадла, — звярнуўся ён да пацыента, — як вы думаеце, ці добра вам пачуваецца, ці маглі б вы пайсці дамоў?

Лунатык не адказаў; але, здаецца, пытанне пачуў, калі нават, можа, і не зразумеў яго сэнсу, бо павольна павярнуў галаву да імператарскага лейбмедка і пустымі нерухомымі вачыма глянуў яму ў твар.

Пінгвін міжволі падаўся назад, некалькі разоў задумліва правёў рукою па лобе, быццам разграбаючы ўспаміны, і прамармытаў:

— Зрцадла? Не. Імя мне незнаёмае. Але ж я ўсё-такі ведаю гэтага чалавека!.. Дзе ж бо тое яго бачыў?!

„Збродзень” быў высокі, худы і цёмнаскуры; доўгія, сухія, шэрыя валасы касмылямі звісалі з чэрапа. Вузкі, безбароды твар з востраакрэсленым гарбатым носам, пукатым лобам, запалымі скронямі і сціснутымі губамі, да таго ж шмінка на шчоках і чорны заношаны аксамітны плашч — усё гэта рэзка кантраставала з рэальнасцю, і здавалася, быццам нейкі дзікі сон, а не жыццё, занёс гэтую постаць у памяшканне.

Ён выглядае, як фараон старажытных егіпцянаў, які абраў сабе карнавальную выправу камедыянта, каб не паказаць, што пад маскаю схавана ягоная мумія, стрэліла імператарскаму лейбмедыку крутая думка ў галаву. Неверагодна, чаму гэта я не магу ўзгадаць, дзе я мог бачыць гэтыя такія кідкія рысы.

— Хлопец мёртвы, — буркнула графіня, ці тое сабе, ці тое Пінгвіну, але павярнуўшыся да яго, і без страху, спакойна, быццам ішлося толькі пра ацэнку статуі, зблізку разглядвала праз ларнетку аблічча чалавека, які ўжо наўрост стаяў перад ёю. — Такія сухія вочы могуць быць толькі ў трупа. Мне здаецца, ён наогул не можа варушыць імі, Флюгбайль!.. Але ж не палохайцеся, Канстанцін, як старая баба! — голасна сказала яна ў банкетную залу, дзе ў шчыліне дзвярэй паявіліся бледныя, спалоханыя твары радніка Шырндынга і барона Эльзэнвангера. — Заходзьце, заходзьце абодва, вы ж бачыце, ён не кусаецца.

Вымаўленае імя „Канстанцін” падзейнічала на чужынца як душэўнае патрасенне. Нейкі момант ён дрыжаў усім целам, ад галавы да ног, і выраз яго твару мяняўся маланкава, як у чалавека, які, загадкавым чынам будучы поўным гаспадаром мускулаў свайго твару, кроіў грымасы перад люстрам. Быццам косці носа, сківіцаў і падбародка пад скурай раптам размяклі, зрабіліся гнуткія, гульня мінаў на твары ператварылася, — з пагардліва пыхлівай застылай маскі егіпецкага фараона, прайшоўшы цэлы шэраг дзіўных метамарфозаў, паступова і спакваля праступала падабенства фамільнага тыпу Эльзэнвангераў.

Праз нейкую хвіліну новая фізіяномія настолькі выціснула ранейшы выгляд і замацавалася ў рысах, што прысутныя на сваё вялікае здзіўленне аж былі падумалі, што перад імі нехта зусім іншы.

Апусціўшы галаву на грудзі і надзьмуўшы адну шчаку як ад флюсу да левага вока, якое ад гэтага здавалася маленькім і калючым, ён нейкую хвіліну нерашуча трымцеў крывымі каленямі каля стала, адкапыліўшы ніжнюю губу, пасля абмацаў сваё цела, шукаючы кішэні, пакалупаўся ў іх.

Нарэшце ён убачыў барона Эльзэнвангера, які, анямелы ад жудасці, сутаргава ўхапіўшыся за руку прыяцеля Шырндынга, кіўнуў яму і прабляяў:

— Канстанцінку, добра, што ты прыйшоў, а я ж цэлы вечар шукаў цябе.

— Езус, Марыя і Ёзаф, — завыў барон і пабег да дзвярэй, — смерць у доме. Ратуйце, ратуйце, гэта — мой нябожчык брат Багуміл!

Эдлен фон Шырндынг, лейбмедык і графіня, усе трое пры жыцці памерлага барона Багуміла Эльзэнвангера ведалі яго, пачуўшы голас лунатыка, здрыгануліся, настолькі падобна ён гучаў да голасу нябожчыка.

Ані мала не зважаючы на іх, Зрцадла дзелавіта паспяшаўся ў пакой, кранаючы розныя прадметы, якія, відавочна, бачыў толькі ён і якія, здавалася, прымалі жывыя формы толькі перад духоўным вокам гледачоў, такія пластычныя і настойлівыя былі ягоныя рухі, якімі ён іх кранаў, падымаў і адстаўляў.

Калі ж пасля раптам перастаў, навастрыў губы, патрухаў да акна, быццам да шпака ў клетцы, насвістваючы некалькі тактаў мелодыі, дастаў з уяўнай скрыначкі гэтакага ж самага нябачнага мучнога чарвяка і працягнуй яго свайму ўлюбёнцу, усе слупам сталі, уражаныя, забыўшыся, дзе яны і хто яны, быццам перанесеныя ў час і атачэнне барона Багуміла, калі ён яшчэ жыў тут.

Толькі калі Зрцадла, ідучы назад ад акна, зноў увайшоў у святло і выгляд яго пацёртага чорнага аксамітнага плашча на момант разбурыў ілюзію, іх забрала жудасць, і яны моўчкі, без ніякага супраціўлення чакалі , што ён зробіць далей.

Зрцадла, панюхаўшы з нябачнай табакеркі, нейкую хвіліну разважаў, пасля пасунуў на сярэдзіну пакоя разьбёнае крэсла да зноў жа ўяўнага стала, сеў і пачаў, падаўшыся наперад і коса нахіліўшы галаву, пісаць у паветры, папярэдне ўзяўшы ўяўнае гусінае пяро, падвастрыўшы і расшчапіўшы яго, — зноў жа з такой застрашальна жыцёвападобнай яўнасцю, што, здаецца, нават чулася паскрыпванне нажа аб пяро.

Затоіўшы дыханне, сачыла за ім уся кампанія — чэлядзь яшчэ раней па знаку Пінгвіна на пальчыках пакінула пакой; — толькі час ад часу цішыня парушалася поўнымі страху стогнамі барона Канстанціна, які не мог адвесці вачэй ад свайго „нябожчыка брата”.

Нарэшце Зрцадла ўправіўся са сваім пісьмом, ці што там ён сабе яшчэ ўяўляў, бо ўсе ўбачылі, як ён паставіў у канцы вельмі велягурысты росчырк, — відаць, пасля свайго імя. З шумам адсунуў крэсла назад, падышоў да сцяны, доўга шукаў у нішы з карцінай, нарэшце сапраўды знайшоў там сапраўдны ключ, павярнуў яго ў драўнянай разетцы ў абшыўцы нішы, адамкнуў схаваны там замок, дастаў скрынку, паклаў у яе свой „ліст” і засунуў шуфляду назад у сцяну.

Напружанасць гледачоў так напялася, што ніхто не пачуў голасу Бажэны, калі яна напаўголасу сказала з-за дзвярэй:

— Мілапане! Ласкавы пане! Можна ўвайсці?

— Вы... вы бачылі? Флюгбайль, вы таксама бачылі? Вы бачылі шуфляду, якую адчыніў мой памерлы брат? — заікаючыся і ўсхліпваючы ад узрушэння, развеяў маўчанне барон Эльзэнвангер. — Я і не думаў, я і не здагадваўся, што там ёсць шуфляда. — І, заенчыўшы і заламаўшы рукі, ён бухнуў: — Багуміл, напрамілы божа, я ж табе нічога не зрабіў! Святы Вацлаў, мусіць, ён пазбавіў мяне спадчыны, бо я ўжо трыццаць гадоў не быў у Тайнінскім саборы!

Імператарскі лейбмедык памкнуўся быў падысці да сцяны і паглядзець, але моцны стук у дзверы спыніў яго.

У пакоі паявілася высокая, статная, у лахманах жанчына, якую Бажэна прадставіла як „багемскую Лізэль”.

Яе сукенка, раней дарагая і ўся ў блішчынках, усё яшчэ выдавала сваім дэкальтэ і тым як яна клалася ў плячах і клубах, колькі клопату і дбання пайшло, каб справіць яе. Да непазнавальнасці памятая і зашмальцаваная аздобнасць на шыі і рукавах была з сапраўдных калісьці брусельскіх карункаў.

Кабеце яўна было на сёмым дзясятку, але рысы яе твару, нягледзячы на жахлівыя спусташэнні пакутамі і галечай, паказвалі яшчэ сляды колішняе неабыякое вабнасці.

Пэўная разняволенасць у паводзінах і спакойная, амаль пакеплівая манера, з якою яна глядзела на трох мужчын — графіню Заградку яна наогул не ўпачцівіла позіркам, — дазвалялі зрабіць выснову, што кампанія ёй ані ў якім разе не імпанавала.

Яна, здавалася, нейкі час пацяшалася з разгубленасці мужчын, якія, відаць, ведалі яе ў часы той яе вабнасці куды лепей, чым цяпер хацелі паказаць гэта графіні, бо яна шматзначна ухмыльнулася, але пасля падышла да імператарскага лейбмедыка, які пачаў пыкаць-мыкаць нешта зусім не да цяму, з ветлівым пытаннем:

— Спадарства пасылалі па мяне; магу я ведаць, пра што тут заходзіцца?

Ашаломленая незвычайна бездакорнай нямецкай мовай і мілагучным, хай крыху сіплаватым голасам, графіня падняла сваю ларнетку і выпрабавальна абследавала старую прастытутку. Па скаванасці мужчын яна беспахібнай жаночай чуйкай адразу раскусіла яе сапраўдную прычыну і выратавала няёмкую сітуацыю цэлай серыяй хуткіх, вострых контрпытанняў:

— Гэты мужчына вунь там, — і паказала на Зрцадлу, які, павярнуўшыся тварам да сцяны, нерухома стаяў перад партрэтам русай ракако-дамы, — пранік сюды раней. Хто ён? Чаго ён хоча? Чула я, ён жыве ў вас?.. Што з ім такога? Ён вар’ят? Ці напіўся? Ці... — яна не вымавіла слова, ўспомніўшы, што толькі што бачыла разам з усімі, і яе забрала зноў жудасць. — Альбо... альбо ж, я думаю... у яго ці не гарачка? Ён ці не хворы? — змякчыла яна пытанне.

Багемская Лізэль знізала плячмі і павольна павярнулася да выпытніцы; у яе запаленых без веек вачах, якія, здавалася, глядзелі ў пустое паветра, быццам там, куды мецілі словы, увогуле не было нікога, застыў позірк, такі пыхлівы і пагардлівы, што графіні міжволі кроў дала ў твар.

— Ён зваліўся сюды з садовага мура, — паспешліва ўмяшаўся імператарскі лейбмедык. — Мы былі падумалі спярша, ці не забіўся, і таму паслалі па вас. Хто і што ён ёсць, — сутаргава сказаў ён далей, каб не даць сітуацыі яшчэ больш абвастрыцца, — не датычыцца справы. Па ўсім відаць, што ён лунатык. Вы ж вед­аеце, што гэта такое? Ну, бачыце, я сабе адразу быў падумаў, што ведаеце. Ага... Гм... І вы павінны рэшту ночы крыху прыгледзець за ім, каб ён зноў не ўзяўся за сваё. Магчыма, вы мецьмеце добрую ласку і заведзяце яго дамоў? Слуга і Бажэна маглі б вам у гэтым пасобіць. Гм... Так... Праўда ж, барон, вы дазволіце?..

— Так, так. Толькі прэч яго! — замармытаў Эльзэнвангер. — О Божа, выведзіце, выведзіце яго!

— Я толькі ведаю, што яго завуць Зрцадла і што ён, падобна на тое, актор,— спакойна сказала багемская Лізэль. — Начамі ён ходзіць па піўнухах і прадстаўляе там людзям. Невядома, ці, — яна трасянула галавой, — ці ведае ён сам, хто ён такі будзе, ніколі не казаў. А мне ані не абыходзіць, хто і што ёсць мае кватаранты. Я не бестактоўная, лішняга не разбазарваю, языком не бразгаю. Пане Зрцадла! Хадземце! Але ж хадземце-но! Вы што, не бачыце, тут вам ніякай гасціннасці.

Яна падышла да лунатыка, узяла яго за руку.

Бязвольна даўся ён павесці сябе ў дзверы.

Падабенства з памерлым баронам Багумілам цалкам сцерлася з ягонага твару, постаць зноў як бы пабольшала і выпрасталася, хада больш упэўненая, і нават як бы нанава вярнулася нармальнае самаўсведамленне — і нягледзячы на гэта ён усё яшчэ не звяртаў ніякай увагі на прысутных, быццам усе яго пачуцці да знешняга свету былі цалкам адключаныя, як у загіпнатызаванага.

Але з ягонага твару сцёрся і пагардлівы выраз егіпецкага фараона. Заставаўся яшчэ толькі „актор” — але які ж бо актор! Маска з плоці і скуры, кожнае імгненне гатовая да новага, неспасцігальнага пераўтварэння, напружаная, — маска, якую павінна была б насіць сама смерць, калі б яна рызыкнула змяшацца з сонмішчам жывых: аблічча істоты — імператарскага лейбмедыка зноў агарнуў тупы страх, неадчэпна шкрабло яго, што мусіў жа ён быў раней недзе бачыць гэтага чалавека, — істоты, якая сёння магла быць тым, а заўтра зусім іншым, іншым не толькі ў ягоным свеце, не, але і самому сабе, труп, які не распадаецца, які ёсць носьбіт нябачных, рассеяных у космасе ўплываў, стварэнне, якое не толькі называецца „люстрам”, а, магчыма, ім і з’яўляецца.

Багемская Лізэль вывела лунатыка з пакоя, і імператарскі лейбмедык скарыстаўся нагодай шапнуць ёй:

— Цяпер ідзіце, Лізінка; раніцай я знайду вас. Але нікому ні слова! Я хачу больш падрабязна распытацца пра гэтага Зрцадлу.

Пасля ён яшчэ крыху пастаяў у дзвярах, прыслухоўваючыся, ці не загавораць абое на лесвіцы, але адзінае, што ён мог пачуць, былі тыя самыя супакойлівыя словы жанчыны:

— Хадземце, хадземце ж, пане Зрцадла! Вы ж бачыце, тут не гасцініца!

Абярнуўшыся, ён заўважыў, што спадарства кампанія ўжо выйшла ў суседні пакой, расселася за гульнёвым сталом і чакала яго.

Па бледных, усхваляваных тварах прыяцеляў ён бачыў, што думкі іх круціліся не вакол картаў і што, мабыць, толькі ўладны загад валявой старой дамы прымусіў іх рабіць выгляд прывычнай вячэрняй рассеянай абыякавасці, быццам нічога не здарылася.

Сёння будзе дужа канфузлівы віст, падумаў ён, не даўся, аднак, заўважыць гэтага па сабе і пасля лёгкага птушынага паклону заняў месца насупраць графіні, якая дрыготкімі рукамі скінула карты.

(...)

(Поўнасьцю пераклад раману ў прыкладзеным PDF-файле.)

Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=96 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Ноч Вальпургіі

Густаў Майрынк — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Васіль Сёмуха