Цытаты зь няскончанай кнігі Васіля Сёмухі
«ЧАМУ ПАМЯЦЬ МАЯ МАЎЧАЛА ЎСЕ ГЭТЫЯ ДЗЕСЯЦІГОДЗЬДЗІ»
Было гэта пад канец 2011 году. Мне пашанцавала намовіць перакладчыка Васіля Сёмуху на доўгае інтэрвію, у якім ён пагадзіўся расказаць пра сваё жыцьцё.
Мы дамовіліся, што калі з гэтай размовы атрымаецца нешта харошае, то апублікуем яе асобнай кніжкай. На жаль, наша нясьпешная камунікацыя — пры пасярэдніцтве электроннай пошты — абарвалася праз паўгода на маім 20-м пытаньні. Дзядзька Васіль заявіў, што, маўляў, цяпер трэба было б расказаць горкую праўду пра тое, хто яму рабіў подласьці ў жыцьці, а ён ня мае ні сьмеласьці, ні не адчувае патрэбы гэтую праўду агучваць…
Пасьля першых адказаў Дзядзькі Васіля на мае пытаньні я зразумеў, што ў нас ня тое, што можа атрымацца нешта талковае, але, хутчэй за ўсё, атрымаецца і бэстсэлер (у беларускім маштабе, зразумела). Я непамерна шкадую, што наша супольная кніжка абарвалася ў такім месцы, калі выдаваць тое, што нам запісалася, не выпадае, бо яно — усяго ўступ, усяго падыход да таго самага цікавага, што мелася быць і не збылося…
Сёньня 40 дзён пасьля сьмерці Васіля Сёмухі. Я вырашыў працытаваць на сайце Свабоды некалькі фрагмэнтаў з нашай размовы сем гадоў таму, каб яшчэ раз нагадаць усім прыхільнікам беларускага мастацкага слова, якога Чалавека і Творцу мы страцілі.
Дзядзька Васіль пагаджаецца на размову
Дарагі Яне, даруйце мне запозьненасьць з адказам. Гэта ад няўпэўненасьці. Яна патрошку праходзіць, але не пакінула мяне зусім. На першы раз пасылаю спробу адказаць агульна збольшага на тры першыя пытаньні. На тры наступныя пастараюся адказаць праз пару дзён. Ня зысквайце зь мяне залішне строга за мой страх. Васіль.
Я стараюся суняць страх Дзядзькі Васіля
Шаноўны і дарагі пане Васілю! Дзякуй за вашу згоду на інтэрвію. Шанцы, што ў нас з гэтага можа атрымацца нешта талковае, цяпер узрасьлі не ў разы, а ў дзясяткі разоў.
Я насамрэч цешуся, што інтэрвію будзе пісьмовае. Яно, па-першае, дазволіць вам адчуць сябе цалкам камфортна — вы скажаце дакладна тое, што хочаце, не баючыся, што „папарацы“ наварочае чортведама чаго:-) Па-другое, такая форма дазволіць нам вяртацца да некаторых месцаў, калі трэба будзе нешта ўдакладніць і гладка дапоўніць сказанае раней. Ну і па-трэцяе, калі пісьмова, дык варта пеставаць кволенькую надзею, што з гэтага і нейкая ксёнжачка атрымаецца, якую потым можна і амэрыканскім ўнукам паказаць…
Мае першыя пытаньні да вас будуць даволі агульныя — мне проста трэба нешта ад вас пачуць і паглядзець, у які бок нам можна рухацца. Я замала ведаю пра ваша жыцьцё, каб на гэты момант ставіць вам канкрэтныя пытаньні. Інакш кажучы, я крыху спадзяюся на наводкі ад вас, прынамсі спачатку.
Пытаньні я буду фармуляваць знарок блытана і грувастка, укладваючы ў іх розную непатрэбшчыну і адсябяціну. Проста мне хочацца, каб вы ня толькі адказвалі на сэнс пытаньня, але і на яго тон і антураж (так сказаць, пры адсутнасьці гукавога кантакту між намі, я буду вам пасылаць нешта накшталт слоўнага шуму, каб вы ўвесь час мелі сьвядомасьць, што адказваеце Ваню Максімюку, а не газэце „Вячэрні Брэст“ :-)) Потым увесь гэты шум можна будзе без праблемаў прыбраць. (Дарэчы, ці ў вас таксама казалі на пену на кіпятку — шум?).
Дзядзька Васіль тлумачыць пра «шум»
Казалі, кажуць і казацімуць, спадзяюся, толькі ШУМ — і на кіпятку, і на лужах, і на губах, і ў дайніцы, калі карову дояць — а яно і шумуе і шуміць, а на кіпячоным малацэ ўтвараецца тое, што рускія называюць „пенками“, а па-нашаму — „плеўка“. Ну то з Богам, Параска!
Ці ня рупіла, каб напісаць нешта сваё, а ня толькі перакладаць?
Вой, бацечка, рупела, яшчэ як рупела! І падказытвала, і спакушала. Нават спрабаваў сябе і ў паэзіі, і ў прозе, адзін раз нават у драматургіі. Не ведаю, ці было тое ад вялікага розуму, ці ад вялікай дурноты. Мабыць, ад апошняй, бо зь першага хапіла нейкага каліва, каб самому ўбачыць, што з-пад майго пяра выходзіла тое, што і разумны і дурны называе (salva venia!) — нармальным чалавечым гаўном (даруй, Яне, што называю гэта такім рэдкім для лексыконаў словам). Мой даўні вопыт якраз і быў патрэбны, бо дапамог зразумець, што ўсё, што я хацеў бы сказаць людзям сваім геніяльным творывам, ужо сказана другімі людзьмі, пісьменьнікамі, прычым у тысячу разоў лепш і прыгажэй, чым гэта магла б зрабіць мая пярсона. А каб людзі ўсё-такі ўведалі пра тое лепшае і прыгажэйшае, сядай, Вася, на крэсельца і перакажы сваёй мовай зноў жа „лепш і прыгажэй“. Аж тут выяўляецца, што сваёй „лепшай і прыгажэйшай“ у галаве — кот наплакаў. З гэтага моманту якраз і пачынаюцца перакладчыцкія пакуты, турзоты і мітрэнгі… Гатовы пабажыцца, што кожны перакладчык, калі ён не графаман альбо не шабашэнік (бо і такіх сярод нашага брата — пропадзь нязводная!), пацьвердзіць гэта.
Самыя раньнія ўспаміны
За польскім часам
Памятаю палякаў. Ляжаў я з бабай Рыпінай на печы. Цёмна. Прыехала польская паліцыя. Сьвяцілі ў хаце ліхтарыкамі. Cьвятло тых ліхтарыкаў я акурат і памятаю.
Пры тых саветах
Тыя саветы памятаю па дні выбараў на Беластоцкі сход. Прыехалі з Смаляніцы. Далі бабе Рыпіне два лісточкі — ружовы і блакітны. Баба Рыпіна ўкінула іх у скрынку са шчылінай пасярэдзіне. Калі ўлады зьехалі, баба сказала мне, што гэта былі — голосоване і выборы. Мне падарылі буквар — у ім памятаю партрэты Леніна, Сталіна, Варашылава і Молатава. І слова МА—МА. Пачалася навука.
Першы лінгвістычны дыспут
Было мне гадоў чатыры-пяць. Вярталіся мы з мамай возам дахаты. Адвячорак. Сонца ўжо нізка. Мама падганяе каня і кажа:
— Трэба хучэй дохаты, бо онь, зарэ цЁмно будэ.
— Нэ так ты кажэш, мамо. Трэба казаці «тОэмно».
— Чому-то? Мы ж кажэмо «цьма, цЁмнэнько».
— Але ж мы кажэмо «тЭмра, тэмнО, прЫтэмкі». Онь жэ і рыэчка ў нас «ТЭмра».
— Але мы кажэмо «цёмнІЭе і тэмнІЭе».
Ня памятаю, чым дыспут закончыўся, але мама сьмяялася. Кожны застаўся пры сваім. Да філфака было яшчэ далёка. А сёнека хай вуоны спадар Ян Максімюк рассудзіць, што там было і чаму не зусім так, як у ягоных Ляхах.
Крапіва
Дома толькі я і Жэня. Жэня падгаварыў мяне разам сесьці на падваконьне і зрабіць «а-а» на двор. Так і зрабілі, прыстроіліся — усё спраўна падала ўніз. З гарода ўбачыла падзею баба Рыпіна, ціхенька падкралася і крапівінай — хлясь Жэню па срацы. Абодва зваліліся ў хату. Ужо тады я зразумеў, што мы рабілі брыдкае.
Тата грае на гітары
Тата іграе на гітары і сьпявае сваю любімую:
Трансваль, Трансваль, страна моя.
Ты ўся горыш ў огні…
і прыпевам:
Нэ міэў тоскі,
Упаў з доскі —
Розьбіўса на кускі!
Больш нічога з татавага рэпэртуару не памятаю.
Бабіны казкі
— Роскажу тобіэ, Васё, казку: Насраў дзіэд у в’язку, ньуос, ньуос доокола кольуос дай тыц! Васі под нуос і кажэ: «Нэсі, нэсі, эно нэ рострасі, а Вася ньуос, ньуос дай роструос, а дзіэд догоніў дай буольш наваліў!» — Гэта бабіна прысказка. Далей была «Курачка-раба» альбо пра дурнога Івана, альбо пра Гарабэйчыка на былінцы».
Пра школу і Моцарта
Што і чаму вывяргае на паверхню памяць з нейкіх закануркаў душы ці сэрца?
Зіма 1944 году. Пружаны. Горад у руінах. Першая кляса школы. Хлопчык у зрэбных нагавічках у настаўніцкай з аднаклясьнікамі вакол піяніна. Пані Мар’я Іванаўна — пажылая, старой даваеннай польскай школы настаўніца дае ўрок сьпеваў:
Приди, весна, скорее,
Вернись к нам, светлый май,
та-та, та-та, та-та-а-та-та (падаю забыты радок паводле мэлёдыі)
Смотри, не замерзай! (ці то, здаецца, — „не забывай!“)
Божухны вы мае! Дык гэта ж „Веснавая песенька“ Моцарта, самаго Вольфганга Амадэя! (Цяпер пазнаю па мэлёдыі!). Мар’я Іванаўна вучыць нас сьпяваць песьню Моцарта! За колькі дзесяцігодзьдзяў да эпохі папсы, Дарафеевай, Саладухі і „а...іцельнага пенія“ Ялфімава!!! Чаму памяць мая маўчала ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі і вось, напрыканцы жыцьця, нагадала мне пра тое, чаго забываць было нельга? Дзякую табе, памяць мая, што прабіла праз навалач халтуры мэлёдыю радасьці, надзеі, сьвятла. Дзякую табе, памяць мая, што вярнула мне вобраз і мецца-сапрана цяпер ужо незабыўнай Мар’і Іванаўны, якая вучыла галодных дзяцей сьпяваць.
Дарунак Дзеда Мароза
У школе перад кожным Новым годам і ёлкаю настаўніца зьбірала грошы на навагоднія дарункі.
Цётка Ганна зь яе пэнсіяй не магла выкідаць грошы, якіх у яе было, як і не было. „Ты сірата, вось хай улада і заплаціць табе за гасьцінец“. Я ужо даўно нічога не прасіў на школьныя выдаткі. А на навагоднія дарункі пасьля ёлкі у клясе не заставаўся ужо тры гады, каб не зайздросьціць аднаклясьнікам і не заплакаць ад крыўды. Натуральна, ніякіх дарункаў ня меў, і вельмі ж дзіцяці крыўдна было, што сірата.
А ў чацьвёртай клясе — застаўся, сам не памятаю, чаму. Але застаўся, хоць ніякіх грошай не плаціў. Сяджу, гляджу, дзеці пажурнальна, папрозьвішчна выходзяць і атрымліваюць дарункі. І раптам чую: Сёмуха Вася. Я атарапеў, вушам ня верачы. Дзед Мароз паўтарыў запрашэньне. Я ўстаў, падышоў і ціха сказаў Дзеду: „Я н. э. плаціў“. Дзед пагладзіў: „Гэта, Вася, табе дарунак“. І я ўзяў той дарунак, вярнуўся за парту і заплакаў. Сёньня ведаю, чаму, а тады, мабыць, сэрца заплакала, а ня вочы. Нешта падобнае адбылося і ў дзявятай клясе.
Пра вялікія некалі гарады Пружану і Ружану
А Пружана ж была вялікі-вялікі горад, ну, мо крыху меншы за Варшаву, ці нават за Брыэсьць. Век такога ня бачыў, нават руіны — велічэзныя. Не, бачыў яшчэ Рожаную, куды раней, „за немцамі“, у 42-м з мамаю езьдзілі. Дзьве цэрквы, адна зь якіх — касьцёл. І адна будыніна (цяпер — школа) — аж тры паверхі, адзін на адным! І найвялікшы на сьвеце цуд — палац Сапегі. Гэта сёньня — руіны (ідзе рэстаўрацыя!). А тады цэлы-цалюсенькі, здаровенькі. Большага дзіва і не бывае. Вось друкую гэта, а перад вачыма той палац, як жывы стаіць. Ня думаю, што пан Ян нешта падобнае ў сваёй зашмулянай Гайнаўцы на жывыя вочы бачыў, альбо нават жа і ў Варшаве. Ну, божа вялікі! няма ў Варшаве такога палаца, які я бачыў у Рожануой.
Бо:
Варшава і Кракуў —
століцы полякуў,
а немцы ў Бэрліне
мешкаён, як сьвіне,
а Москва засрана —
для росыяна,
а мы і ў болоці
жывэмо ў доброці.
Пан Ян, пэўна, скажуць, што гэта ў мяне — праява мясцовага шавінізму. Ну і хай — я гэто на тое, коб пан Ян віэдалі, шчо окрым як і ў Гайноўцы полешукі ешчы дзіэсь е, шчо і мы нэ ў кулак сэкаемо-сморкаемоса!
Пра Гайнаўку, Пружану і прозу Эрвіна Штрытматэра
Пан Ян з непрыхаванай іроніяй зьедзьліва пытаюцца ў мяне, ці ня быў „Фаўст“ маёй першай прачытанай па-нямецку кніжкай. Ай не ж, ня быў „Фаўст“, на вялікае шчасьце. Але з панам Яны мы ўсё-такі ў нечым перасекліся на нашых дарогах. А дарогі нашыя сышліся воляй добрага лёсу на „Eine Kleinstadt auf dieser Erde“ (Erwin Strittmatter). Па-першае, Гайнаўка і Пружана, кожная — eine Kleinstadt, хоць-такі Гайнаўка проці Пружаны, як усяроўна засьценак Насьсярылавічы проці Парыжа; па-другое, тое, што ў пана Яна ў дужачках — (Erwin Strittmatter) — як рыхтык жа ў самусенькі акурат адпавядае таму перасячэньню нашых дарог, бо апавяданьне гэтага самага Эрвіна, як яго там… гэтага Штрытматэра (матэры яго ў бок!) — „З кнігі асабовых рахункаў“, перакладзенае мною на беларускую мову, было самым-самым першым апублікаваным у 1959 годзе ў часопісе „Маладосьць“ маім перакладчыцкім дэбютным творывам, за ганарар з якога я сабе купіў самы-самы першы ў жыцьці гадзіньнічак на левую ручку, а пан-Янава дарога прывяла пана Яна да публікацыі на сайце Svoja.org пан-Янавыя пераклады з выдатнай прозы гэтага… як яго… Штрытматэра, за што пан Ян хваробу што атрымаў на левую ручку, хоць і чол я гэныя вяшчыцы са смакам. Ну што, пане Яне, укусілі? — каб пану добра было, ды шчэ й палепшала! Ну, то хай зьезьдзяць пан у Пульшч, у город Сувалкі, туды й назад, туды й назад! (Гэта наша пружанская мастацкая мэтафара, якая чыста вобразна і прыгожа ілюструе працэс сэксу! І нех бэндзе як бэндзяло — таксама пэрл пружанскага вырабу для ўпрыгожаньня высокага штылю пальшчызны.).
Як гаварылі/гавораць у Пружане
Ну, от жа нездарма я параўнаў вашу Гайнаўку з Парыжам! Хоць і праходзіць па Пружаншчыне мяжа паміж палешукамі і ліцьвінамі, але ў самой Пружане таго, хто загаворыць па-ліцьвінску, гаўнякамі закідалі б, бо кожнаму ж добра вядома, што ліцьвін гаўном зацьвіў, тым часам як паляшук насраў у капшук. Хітры ён, бляха, гэты наш паляшук. У Пружане гавораць па-руску рускія, наежджыя, а тамтэйшыя гавораць «па-культурнэму, па-гарадскому», удаючы, што гавораць па-руску яшчэ лепш за самых рускіх. Цёмныя людзі называюць гэта руска-палескай трасянкай, але ж такую трасянку ніякай скаціне добры гаспадар есьці ня дасьць. У мае там гады у Пружане так гаварылі, так гавораць і зараз, нават з дамесам ужо нашым часам навамоднай пальшчызны, асобнымі фразамі, што лічыцца ў нас «заебістай музыкай», выдаючы трасянку за чыстае пахучае сена.
Маё грувасткае 11-тае пытаньне…
У вашай рускай школе ў Пружане была нямецкая мова? А можа і француская з румынскай? Як гэта вы дадумаліся пайсьці на «рамана-германскае аддзяленьне філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту імя Ламаносава»? Вершыкі, нябось, па-руску пісалі… Была ў вас нейкая ўлюбёная настаўніца нямецкай мовы ў школе? Я к чэму это? Бо ў мяне ў Гайнаўцы, якую вы дарма называеце Насьсярылавічамі, былі ажно дзьве настаўніцы нямецкай мовы. Праўда, другая зьявілася толькі на адзін год, калі я быў у другой клясе ліцэя. І раптам тады ў нас зьявіліся чатыры ўрокі нямецкай мовы на тыдзень, то бок, столькі, колькі і польскай (я хадзіў у матэматычна-фізычную клясу, а таму па гуманітарнай лініі ў нас ішла сплашная германізацыя з русыфікацыяй). Пад канец другой клясы я гаварыў па-нямецку лепш, чым па-беларуску. У гэтым не было нічога надзвычайнага, бо, як вы можа і здагадваецеся, па-беларуску тады я ўвогуле не гаварыў, а толькі па-польску і па-падляску… Але тая другая настаўніца пабыла ў нашым ліцэі толькі год, і потым майму зацікаўленьню нямецкай мовай прыйшоў павольны, але няўмольны kaputt. Дык вось, як называлася ваша настаўніца нямецкай мовы? У нас адну звалі Berta (яна была таўставатая), а другую Siebzig (яна была хударлявая, а мянушку атрымала ад таго, што так неверагодна хораша і па-германску вымаўляла тыя канчаткі -ig, з прысьвістам і прыхліпам).
…і адказ Дзядзькі Васіля
А чаму ж бо нямецкай мове не быць і ў пружанскай рускай школе? Была, была… Нават з другой клясы. Другая і трэцяя клясы вучылі, пасьля адмянілі такое раньняе навучаньне. І ўвялі зноў зь пятай. Так што адзін год я такі прапусьціў, але не забыўся завучанага. Нават з таго другога памятаю першую завучаную фразу, апрача асобных слоў. Фраза з падручніка: Alle, аlle turnen wir! Вельмі ж дзівосна-мэлядычна гучала яна маім вушам, вось і запомнілася. Зь пятай клясы ўсё пачалося спачатку, але тыя два гады не прапалі марна — мы ўжо добра чыталі. Нямецкая была ў абедзьвюх школах. Англійскую ўвялі пазьней, у беларускай школе, а ў нас увесь час нямецкая.
Настаўнікаў было шмат. Хто толькі не выкладаў! І матэматык, і хімік, і „русалка“ — мабыць усе, каму не хапала сваіх „прадметных“ гадзінаў, таму нікога называць ня буду. Маёй адзінай і любімай настаўніцай нямецкай мовы была мая мама, правільней, — духоўным анёлам была, які і павёў мяне за сабою па гэтай дарозе. Яна з Купліна хадзіла ў пружанскую школу (ці тое ж у гімназію! — ня ведаю дакладна). Куплінская сялянка закончыла пружанскую школу (ці гімназію). Во! Напрыканцы „народнай“ Польшчы у вас быў прэм’ер міністар Ярашэвіч — дык вось я недзе вычытаў, што і ён закончыў пружанскую школу (ці гімназію?). Разумныя ж людзі вучыліся ў Пружане… (NB: шматкроп’ем намякну, здагадайцеся, на каго…).
Вершыкі пісаў рускія, але гэта было пазьней, у старэйшых клясах, бо дурны быў… шкада, што рукі не адсохлі, хоць мазгам і прыдалося….
* * *
Ну вось, такая ў нас зь Дзядзькам Васілём кніжачка рыхтавалася, але не нарыхтавалася. Там далей пайшлі яшчэ цікавейшыя рэчы, але сёньня на гэтым спынімся. Даўгавата атрымалася, як на адзін раз. Магчыма, надарыцца і другая нагода.
Ну то з Богам, Дзядзька Васіль!
15 сакавік 2019, https://www.svaboda.org/a/29823412.html
«Я ХАЙ САБЕ КРЫХУ І ПРЫДУРАК, АЛЕ Ж НЕ ЗУСІМ ДУРНЫ…»
Год таму я прадставіў некаторыя цытаты з той нашай размовы. Цяпер, у гадавіну сьмерці славутага майстра беларускага слова, я прапаную яшчэ некалькі калярытных цытатаў, якія захоўваюцца ў маёй кампутарнай кладоўцы.
Веданьне моваў
Так, перакладаю зь нямецкай, польскай і латыскай. Наколькі свабодна пачуваюся ў іх? На самым пачатку перакладчыцкай практыкі пачуваўся абсалютна свабодна, нават ганарыўся, калі мог нешта перакласьці бяз слоўніка, пасьля адпадала слова „абсалютна“, пасьля да свабоды дадавалася нейкая няўтульнасьць, пасьля няўтульнасьць ператваралася ў мулкасьць, — цяпер настала пара, калі правяраю сябе па самых, здавалася б, элемэнтарных словах чужой мовы, калі закрадваюцца нейкія сумненьні. І нарэшце прыходзіць разуменьне таго, што нават у роднай мове немагчыма (мне, прынамсі) пачувацца свабодна. Любая мова, яе космас бясконцы — да канца нязьведаны. Вось так і пачуваюся.
Калісьці спрабаваў перакладаць на нямецкую (нават адзін вершык напісаў) — і зарокся, больш ні-ні… Ні на польскую, ні тым больш на латыскую (пасыўнае валоданьне). Ні на рускую. Быў пераклад на рускую з Караткевіча — „Ладзьдзя Роспачы“ (апублікавана) і „Леаніды ня вернуцца да зямлі“ (дзякуй Богу, не публікавалася). Перакладаў толькі на просьбу самаго Караткевіча, зь ягонай аўтарызацыяй, зь ягонымі падказкамі і з маімі згрызотамі, бо ня мог адмовіць сябру, які верыў, што я змагу.
Ці магу думаць па-нямецку? Магу, але вельмі рэдка, калі працую зь нямецкім тэкстам. А вось у снах, бывала, я цэлыя прамовы казаў па-нямецку, прычым правільна, без памылак. Гэта нейкая не зразумелая мне асаблівасьць чалавечага мозгу ў сьне падсоўваць на язык тое, што правільна закладзена, але кепска, бяз розуму выкарыстоўваецца на яве, калі поўныя збоі здараюцца на кожным кроку, — не пасьпееш нешта сказаць, як адразу шкадуеш, што здуру, не падумаўшы, ляпнуў. Для гладкасьці ж патрэбная практыка маўленьня.
Родны хутар Ясенец (на якім нацысты забілі ягоных бацькоў)
Пакуль цётка Ганна была жывая, на хутары я ня быў. Цётка заўсёды прасіла мяне не хадзіць і ня езьдзіць туды, не вярэдзіць успаміны. Яна заўсёды любіла і шкадавала мяне. Відаць, добра памятала, колькі ёй давялося намучыцца, пакуль адхадзіла дзіця ад таго „пэрэляку“, і як магла асланяла мяне. І пакуль яна жыла, я ні разу не ўсупрацівіў яе просьбам.
Пасьля цётчынай сьмерці двойчы пабываў у Ясенцы. Першы раз абышоў поле па ўзьлесьсі, нават успалошыў на лаўжы вужоў, якія грэліся на сонцы, на тым самым месцы, дзе яны і да вайны вадзіліся. Пасядзеў на зарослым грудку, дзе стаяла печ, на якой любіў спаць з бабай Рыпінай. Саджанец сыбірскай лістоўніцы (невядомая ў нашых краях экзотыка!), прывезены аднекуль бацькам і пасаджаны каля дарогі на подзіў мясцоваму люду, разросься неўвабхват, лес падступіў да самай хаты, а поле нехта ўрабляў з тамтэйшага лясьніцтва, у якім служыў бацька, — і гэта ўсё, што засталося. Гэтае маё наведванне адбылося праз 35 гадоў.
Яшчэ раз быў у Ясенцы праз 10 гадоў, усё застаў, як і папярэдне, апрача вужоў, якіх зьвяла зь белага сьвету мэліярацыя, што прайшлася па абшараў балот уздоўж рэчак Ясельды і Тэмры. Высушылі балоты, і зьвяліся вужы, І гэта ўжо другая сьмерць Ясенца і нашых тамтэйшых балотаў, і гэта другое злачынства — цяпер супроць прыроды. Вельмі хочацца пабываць на хутарышчы, але хто ж мяне завязе туды?
Першыя кніжкі
Першыя кніжкі! Самыя-самыя першыя? Пра самую найпяршэйшую я ўжо напісаў раней, гэта быў Буквар, падораны мне пры тых Саветах у 1939 годзе. Далей была вулічная навука грамаце ў Смаляніцы, калі мы, дзеці, гулялі ў адгадванкі літараў і слоў і неяк само сабою ўведалі ўвесь альфабэт кірылічны, а зь нямецкіх і старых польскіх надпісаў яшчэ і лацінскі. Ну не памятаю, каб нехта з дарослых спэцыяльна вучыў нас гэтаму, прынамсі, у першым класе я ўжо ўмеў чытаць. Вучыўся толькі пісаць прапіснымі літарамі, што было для мяне вялікім дзівам і навіною.
А кніжкі прыйшлі толькі ўжо ў Пружане. Былі гэта маленькія кніжкі-буклецікі. Помню дзьве такія; адна руская, і ў ёй вершык:
Молока осталось в крынке.
чуть побольше половинки,
мне за Васькин апетит.
теперь от бабушки влетит. —
і намаляваны каток Васька, які хлебча тое малако.
Другая такая кніжка — польская, зь якое памятаю толькі два радкі:
Zamiast drogiej czekolady
Sprzedać mogę marmelady… —
і адпаведна малюнак — «чэколяда» і «мармэляда».
Загадкавае слова зь дзяцінства
Але, пане Яне, калі пан Ян такі разумны, што аж-аж, растлумачце мне, што азначала ў Польшчы слова Geope? Яно было высмаленае на рагу сьцяны кожнага пружанскага дома. Побач з нумарам. Колькі я ні пытаўся, ніхто ня ведаў, гэта нешта ўлікова-камунальнае ў даваеннай Польшчы, і гэта адзінае, чаго я ня ведаю з пальшчызны нават пасьля ўнівэрсытэцкага навучаньня, і нават з часу, калі я ня ведаў, што такое „чэколяда“ і „мармэляда“, але ж слова гэтае нават і сёньня ў Пружане чытаецца на старых даваенных неперафарбаваных дамах.
[Мой адказ на гэтую загадку: Geope — GEOdezyjny Punkt Ewidencyjny, ich glaube… Была такая навука, геадэзія, якая некалі займалася такімі Пружанамі як вашы і ставіла свае пячаткі на будынках… Брала на ўлік ўсё і ўсіх. Сёньня геадэзійныя коды ў Польшчы памяняліся, і вы ўжо не сустрэнеце Geope, але затое напладзілі кучу іншых. Для вашай эстэтычна-настальгічнай асалоды даю спасылку: http://www.geoforum.geodezja.pl/file.php?1,file=334]
Вільгельм Гаўф, якога мы абодва чыталі ў маладосьці
Der junge Engländer Вільгельма Гаўфа „для карыстаньня на ўроках нямецкай мовы ў ліцэях“? Мая баба Рыпіна тут сказала б: „Ой віэду я віэду того твого Колоса!“ Быў ён і ў мяне, хоць у ліцэях я не вучыўся, але Гаўфа чытаў, адаптаванага. Неадаптаванага — толькі пазьней, пасьля ўнівэрсэтэту. Нават пяцітомнік маю. Харошы быў дзядзька, хвайно пісаў, нэ тое, шчо браты Грымы, якія шмат беларускага фальклёру панакрадалі і прысабечылі для сваіх нібыта ўжо нямецкіх кніжак.
Як навучыцца гаварыць па-ангельску
Філялагічны факультэт [Маскоўскага ўнівэрсытэту] у той мой час складаўся з аддзяленьняў філялогій: рускай (у яе чамусьці ўваходзіла і асецінскае аддзяленьне); клясычнай (лаціна і старажытнагрэцкая): кітайская; польская; чэская; баўгарская; сэрбская; рамана-германская (з падзелам на ангельскую, нямецкую, францускую і гішпанскую) — усе са сваімі кадрамі.
У немцаў другою мовай была ангельская, якую і тады і цяпер „люблю“ ўсімі фібрамі, падзяляючы думку дачкі Алесі пра яе, якая справядліва сказала: англійская мова — лёгкая, навучыцца гаварыць па-англійску прасьцей простага: трэба ўзяць у рот жабу і гаварыць па-любому, будзь тое па-пружанску, будзь тое па-падляску, у любым разе на выхадзе зь языка прагучыць чысьцюткая англійская. Лёс вырашыў для яе інакш — цяпер яна нават калі гаворыць па-беларуску, дык для нейкага форсу падпускае англійска-амэрыканскага акцэнту, гэта яўна, каб бацька хвігай носа не дастаў. А мяне і цяпер ад іхняга ангельскага „R“ на ваніты цягне. Вучыў я англійскую — як мокрае гарыць, абы з рук збыць.
Польская мова
Затое наведваў факультатывы галяндзкай і польскай (разумеючы, што мая пружанская пальшчызна — гэта гаўно сабачае, ці як пісаў той Рудніцкі — говновое коровое). А пані Палонская — ого, шляхецкага замесу была пані, выкладала што нада, адкрыла шмат чаго, пра што я ў Пружане і слыхам ня чуў — nic nie wiedziałem, nic nie słуszałem, więc nic i nie powiem! Век не забуду паню Палонскую. Гэта ж ужо зь яе навукі я змог летам папрацаваць панэм пшэводнікем з польскімі студэнтамі-турыстамі зь Ягелонскага ўнівэрсытэту, сярод якіх быў і асьпірант Кшыштаф Занусьсі, які спадобіў мяне на чытаньне і пераклад кнігі Анджэеўскага [„Цемра зямлю ахінае“], якая па сутнасьці адкрыла мне вочы ня так на інквізыцыю Тарквэмады, як на сталінізм. Зрэшты, гэты свой шматпакутны (бо праляжаў у стале больш за 30 гадоў — цэнзура, баценька мой!) пераклад я паслаў Вам — можа, калі і выставіце на сайце Litaratura.org.
Чаму пайшоў вучыцца ў Маскву, а ня ў Менск
Я плянаваў сабе паступаць у Менскі інстытут замежных моваў, але пружанская суседка падбіла на дурное, даказваючы, што я хай сабе крыху і прыдурак, але ж не зусім дурны, а нават і не дурнейшы за многіх-многіх, што лічацца разумнымі. А як што я яшчэ і сірата, дык, напэўна ж і ў Маскве пашкадуюць. І такі, мабыць, пашкадавалі. Уступных экзамэнаў не здаваў, бо меў срэбнага мэдаля (матэматыка падвяла, на золата ня выцягнуў), затое меў так званае „собеседованіе“. Дзіва-дзіўнае: сёлета на пачатку году з Пружаны прыслала мне мая дваюрадная пляменіца Нэля раскапаныя недзе ў школьных архівах некалькі дакумэнтаў і сярод іх пытаньні з таго маскоўскага „сабеседаваньня“. Мяне прынялі, і пачаліся гады студэнцтва, гады самыя халодныя і галодныя з майго пасьляваеннага жыцьця. Але пра гэта лепш памаўчу.
Пра веру ў камунізм
Верыў і я, верыў абсалютна. А паступленьне ў МДУ толькі ўмацавала тую веру. Але ж, як у Вас, так і ў мяне тыя „чарвячкі сумненьня“ завяліся менавіта ў студэнцкія гады. Але каля мяне не было тых „больш кемных палякаў“, былі больш кемныя добрыя дзядзькі, якія пачалі тлумачыць мне, каму і за што я, сірата абяздоленая, павінен быць удзячны за гонар бясплатна вучыцца ў такім унівэрсытэце, за тое, што абагрэты, абуты, адзеты і накормлены, тым часам як іншым гэтага мала, дык трэба ж і прыгледзець за гэтымі іншымі, каб дапамагчы ім выправіцца…. А гэтымі ж іншымі былі мае аднакурсьнікі, сябры, камілітоны…
Былі і кары за адмову ад такой службы. Першая зь іх — адмена бясплатнага вучэньня з прычыны таго, што бацькі мае хоць і былі забітыя немцамі, але яны не былі ні ў арміі, ні ў партызанах. Гэта азначала плаціць па 200 рублёў за кожны сэмэстар. Пры стыпэндыі ў 25 рублёў далейшае навучаньне было немагчымае. Дапамагла мне толькі даведка:
СПРАВКА
Дана настоящая детям САМУХА Сергея Савича, Евгению Сергеевичу САМУХА и Василию Сергеевичу Самуха, в том, что их отец Самуха Сергей Савич с 1941 года держал связь с партизанами и всемерно помогал партизанам. За связь и работу в пользу партизан, хозяйство Самухи Сергея всё до основания было уничтожено т. е. сожжено, а сам Самуха Сергей Савич и жена его Самуха Мария были расстреляны немецкими захватчиками в 1942 году.
Комиссар бригады им. Пономаренко Брестского соединения /КРИШТАФОВИЧ/
(Круглая печать)
Было і высяленьне з інтэрната, і тым разам дапамаглі якраз „мае аднакурснікі, сябры, камілітоны…“ Але пра ўсё гэта — ніякіх камэнтароў даваць ня буду… Надта няўтульна было начаваць у мэтро.
Дзе вывучыў беларускую літаратурную мову
А ніколі ж я яе нідзе і не вывучаў. Родная мова была мне праз бацькоў і цётку Ганну ад Бога дадзена, а яна, мова, сама ўжо вучыла мяне, як мне зь ёю абыходзіцца далей і зь якімі мовамі вадзіцца. І як бы блізка я з тымі іншымі ні абнюхваўся пасьля, яны ўсё роўна заставаліся чужымі, як тады, так і зараз, як бы я іх ні любіў, як бы да іх ні прымазваўся.
У рускай школе я карыстаўся прадметнымі падручнікамі толькі беларускімі, яны ў той час дубляваліся з рускімі, але былі таньнейшыя, ды і іх мне часьцей за ўсё аддавалі сябры, якія ішлі класам вышэй, а тое і школа. Беларуская мова давалася лягчэй за рускую, прынамсі, па беларускай былі „пяцёркі“ , а па рускай „чацвёркі“. Ня ведаю чаму, але, скажам, рускія дыктоўкі палешукі заўсёды пісалі лепш за рускіх ці ліцьвіноў. Як бы там настаўніца ні „акала-вякала-какала“ мы, палешукі, заўсёды пісалі „корова, золотая, зеленоватая“, і ў выніку набіралі ачкі і мелі адпаведную адзнаку.
Чаму не пасьпеў наведаць ГДР
Не, наведаць атлянтыду да таго, як яна пайшла на дно, не давялося, не пускалі нашыя дбальцы пра мараль і палітычную ўстойлівасьць. Не пускалі ні ў ГДР, ні ў Аўстрыю, куды мяне запрашалі дзеля нейкай узнагароды за пераклады з Рыльке, я толькі „езьдзіў у Пуольшч, у город Сувалкі, туды й назад, туды й назад“, бо быў маладзейшы, мог і любіў езьдзіць, і вельмі зайздросціў тым, якія езьдзілі ў Эгіпет, бо, як пісаў адзін мудры расейскі паэт:
Под пирамидою Хеопса
Священный бык с коровой ёбса —
Представляешь, какой вид
Открывался с пирамид?!
Не, не представляю! А Вы, пане Яне, представляете?
Вяртаньне з Масквы ў Беларусь
У Ясенцы і ў Смаляніцы я быў палешуком. Пружана зрабіла зь мяне паўбеларуса і русафіла. Масква зрабіла зь мяне беларуса. Дзесьці на палавіне 5-га курсу я прасіў высокія менскія ўстановы дапамагчы мне вярнуцца з вучобы на працу ў Беларусь. Такое хадайніцтва ва ўнівэрсытэт прыйшло, але тым ня меней мяне разьмеркавалі на працу ў Пензу. Я самаволкай вярнуўся ў Беларусь. Узялі на працу ў выдавецтва.
Натуральна, ні ў якую партыю я не ўступаў. Толькі на фінішы жыцьця ўступіў у БНФ.
Сябрамі маімі былі Караткевіч, Дамашэвіч, а таксама хлопцы (пазьней рэпрэсаваныя) з інстытуту мовы і літаратуры пры Акадэміі навук. А найбольш любімымі пісьменнікамі былі Брыль, Скрыган, Быкаў, Янкоўскі, Ул. Калесьнік, Адамовіч, Пташнікаў і многія мае аднагодкі. З маладых мне прыемна стасункавацца з Баршчэўскім, Хадановічам, З. Коласам. Іншых, ня будучы асабіста знаёмым, чытаю, іншых на дух не выношу, спадзяюся, што яны мяне — таксама.
Чаму звольнілі зь Беларускага дзяржаўнага выдавецтва
Тое, што я ў Маскве адмовіўся ад службы Святому Прастолу, рэдагаваньне кніжкі Наўроцкага і няўдача з выданьнем кнігі Караткевіча „Леаніды ня вернуцца да зямлі“, набор якое, ужо падпісаны да друку, рассыпалі ў друкарні, і няўдалая спроба ўжо ў Менску новым заходам схіліць мяне да службы Св. Прастолу, гэтым разам мелі для мяне горкія наступствы. Звальненне з выдавецтва, натуральна без выхаднога пасобія і з адпаведнай атэстацыяй.
Працаваў, дзе толькі можна было ўладкавацца. Працаваў няштатным настаўнікам у розных менскіх школах, нават на вячэрнім аддзяленьні унівэрсытэцкага філфаку. Пазьней пашкадаваў мяне Нічыпар Пашкевіч і ўзяў на працу ў ЛіМ, а яшчэ пазьней Мікола Ткачоў у выдавецтва „Мастацкая літаратура“, дзе я працаваў ужо да канца, аж пакуль мяне адтуль падсрачнікам не турнуў нейкі прыхвасьцень Лукашэнкі за нацыяналізм.
Мінск цяпер зрабіў зь мяне зноў палешука. Усё вярнулася на кругі свая! „І разьлятаецца зоркамі прах…“ (Ю. Славацкі), „И всюду страсти роковые, И от судеб защиты нет…“ (А.Пушкин) — эпіграфы да „Польскіх кветак“ Ю. Тувіма.
[На чарговую порцыю маіх пытаньняў Васіль Сёмуха адмовіўся адказваць, як я згадаў на пачатку. Сярод гэтых пытаньняў былі: Чаму вы не запісаліся ў партыю — самі не хацелі ці вас не запрашалі? Раскажыце пра рэдагаваньне кніжкі Наўроцкага — у чым там была фішка? А чаму не ўдалося выдаць кніжкі Караткевіча «Леаніды не вернуцца да зямлі»?]
04 люты 2020, https://www.svaboda.org/a/30416240.html
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=166 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Цытаты зь няскончанай кнігі Васіля Сёмухі
Для друку / Васіль Сёмуха

Ваш водгук