Вуліца Ціхая шэсць
Раман
Ёнасу
Берэнбаўма хавалi на Панкаўскiх могiлках, на той дзялянцы, якую назвалi Гаем гонару i ў зямлi якога быць упакоеным праху такiх знакамiтых асоб як Берэнбаўм проста наканавана. Я рашыла нягледзячы на холад не ехаць аўтобусам, а тыя два, сама большае тры кiламетры ад маёй кватэры да будучай магiлы Берэнбаўма прайсцiся пеша. Я дастала з вады купленыя кветкi — кволенькi букецiк фрэзiй, iншых я проста не гадавала, — абсушыла сцеблюкi i, каб не памерзлi, загарнула ў некалькi столак газеты. Я любiла фрэзii, цi любiў iх Берэнбаўм, не ведаю. Я рашыла крыху збочыць i пайсцi вулiцай, якая была метраў за дваццаць ад Берэнбаўмавага дома, гэта была тая мая дарога, якою апошнiя паўгода я хадзiла па два разы на тыдзень.
Дом, у якiм жыў Берэнбаўм, стаяў у Панкаўскiм квартале вiлаў, званым у народзе „гарадок”, што гучала неяк мiлей, чым было напраўду. У Рондалi, з якога жылкавалiся невялiкiя вулкi i дарогi, да канца пяцiдзесятых гадоў за платамi i бар’ерамi, пад аховаю армii i палiцыi, жылi ўрадоўцы, пакуль яны з прычын, пра якiя шмат чаго шапталася i балбаталася, не перабралiся за гарадскую гранiцу Берлiна. Толькi лiчаныя ўдовы былых членаў ураду ды некаторыя былыя ўплывоўцы, як Берэнбаўм, заставалiся тут, жылi амаль каля самага Нiдэршонгаўзенскага замка. На некаторых дамах шыльдачкi ўказвалi на ранейшых, тым часам ужо-такi ранейшых жыхароў: першы прэзiдэнт дзяржавы, першы прэм’ер-мiнiстр, першы мiнiстр культуры. Дом Першага генеральнага сакратара пасля ягонай смерцi, хоць i быў яшчэ ў добрым стане, знеслi па самы падмурак i на ягоным месцы збудавалi новы, анi ў якiм жа разе не прыгажэйшы, што таксама дало зачэпку чуткам i пярэшаптам. Павядалася мiж iншым, што ў муры тыя было панатыцкана столькi рознага прыладдзя для падслухоўвання, што нiхто з добрай пэўнасцю не мог яго адтуль павыкалупваць i таму дом любому новаму жыхару прыдаўся б не дужа каб. Большасць вялiкiх дамоў у „гарадку” абсталявалi пад гасцей урада, малыя дамы былi заселены гаспадарамi, якiя маглi ўтрымлiваць вялiкiя.
У некаторыя днi, калi „гарадок” быў даступны грамадскасцi, я хадзiла туды на шпацыр. Нейкая тагасветная цiшыня панавала сярод вiлаў, пастаянным альбо часовым жыхарам якiх службовая рэгулiроўка давала неабыякую палёгку ад гарадскога траспарту. Але толькi цiшыня, толькi яна вабiла мяне туды. Нейкай дражлiвай нерэальнасцю несла ад старых i новых дамоў, ад стэрыльных, усюды аднолькавых рабатак з кветкамi у гародчыках, ад голых мачтаў пад сцягi каля ганкаў. А нямногiя прахожыя гаварылi неяк прышаптам. Жыхароў не вiдаць, толькi сюд-туд зрэдзь часу стрэнеш каторага, i тое калi выязджае на машыне з гаража альбо наадварот — калi заязджае; i нiколi — каб дзiця якое бавiлася ў садку. Кожны, хто тут жыў, заставаўся безымянны старонняму воку; i толькi iмёны на бронзавых плiтах былi тымi iмёнамi, якiя раней след было шукаць на дамах. Адно некалькi ўкормленых, даверлiвых катоў сям-там шукалi знаёмства з чужымi людзьмi, якiя тут тусавалiся. Сядзiць сабе на якiм каменным выступе цi на плоце i лянiва, нудотлiва чакае, даецца пагладзiць, а то нават iдзе за чалавекам колькi там метраў ягонай дарогi. Месца, здзiчэла-пустое, як горад залатых магiльнiц. Толькi бразнуць сяды-тады ветрам якая фортка цi дзверы. Парадак трымаўся як бы рукою духа, быццам тыя, каго тут ужо не было, быццам яны ўсё-такi былi.
* * *
Пераходзячы вулiцу Цiхую, я заўважыла каля Берэнбаўмавага дома дзве машыны: вялiкую, чорную, каля якое стаяў шафёр i курыў цыгарэту, i кармазынава-чырвоную, сына Берэнбаўма. Мiхаэль Берэнбаўм з бледным аскетычным тварам, на якiм мяне заўсёды ўражвалi шэрыя вочы, якiмi ён заўсёды глядзеў проста на субяседнiка i нiколi не наўскаса, не адводзiў, i якiя кожны раз, калi ён акiдаў мяне нерухомым, застылым позiркам, змушалi мяне думаць пра невiдушчыя альбо ўстаўленыя вочы. Я сустракала яго каля Берэнбаўмавага дома чатыры - пяць разоў, не больш, не больш i ведала, а толькi таго i ведала, што ён быў армейскi афiцэр, што бацька зваў яго Мiшам i што ў яго самога быў вельмi падобны на яго маўклiвы сын, якога звалi Штэфан. Мiхаэля Берэнбаўма я нiколi не бачыла ў форме i, сустрэнь ён мяне на вулiцы, хутчэй прыняла б яго за патолага цi святара, чым за вайскоўца.
Я павольна пайшла далей, павярнуўшы галаву направа, дзе стаяў дом Берэнбаўма, якi цяпер ужо не быў ягоны дом, вулiца Цiхая нумар шэсць. Я нiчога не адчувала. Я магла думаць, што смерць Берэнбаўма дасць мне палёгку; што нейкая простая жывая справядлiвасць была ў ягонай смерцi i ў тым, што выжыла я, — я магла думаць пра гэта, нiчога не адчуваючы. У мяне замерзлi рукi, бо я забылася дома пальчаткi i таму што сцяблiны фрэзiй былi ўсё яшчэ мокрыя. Можа, ён зусiм i не любiў фрэзiй. У яго раслi ружы. Усе старыя людзi гадуюць ружы, калi толькi маюць якi гародчык. Чаму, думала я, чаму гадуюць i чаму канечне iм ружы.
З аматарам ружаў Берэнбаўмам я пазнаёмiлася ў кавярнi, дзе гарачымi днямi часта сядзела на тэрасе, лепей за ўсё калi познiм папалуднем, гэта ўжо калi аўтобусы i трамваi звозiлi людзей з кантораў i фабрык. Кавярня была паблiзу адразу некалькiх прыпынкаў, i дарогi многiх пасажыраў вялi якраз цераз палосы на бруку перад тэрасай. Многiх за шмат гадоў я так добра ўведала, што пазнавала здалёк па паходцы, па вопратцы. Кожнае вясны я з цiкаўнасцю шукала перамены, якую можна было б адкрыць у маiх тайных знаёмых: жанчыны цяжаралi, тая-iншая вось ужо вядзецца пад ручку другiм мужчынам; сем’i за зiму завялiся сабачкамi. Некаторых я ўжо больш i не бачыла — альбо папераязджалi, альбо ж i паўмiралi, а можа, каторы ў турме.
Берэнбаўма я ўжо некалькi разоў бачыла, не ведаючы, хто ён. Ён глянуўся мне сваёй хадою — такi кароткi крок, як бы выкiнуты толькi з калена i на ўвесь ступак, так ходзяць, як я часта зазначала, старыя мужчыны, пра якiх думала, што яны так прызвычаiлiся хадзiць з маладых гадоў, упэўнена i, як казала мая мама, хадзiць васпанам; мужчыны — начальнiкамi над iншымi людзьмi, начальнiкi-ўрачы, альбо шэф-касiры, альбо шэф-iнжэнеры, увогуле начальнiкi, шэфы, якiх так называюць падначаленыя цi ў сям’i. Мужчынам, якiя ў веку, калi хадзьба iм даецца цяжка, не дужа хочацца шаркаць нагамi па бруку, яны з апошнiх сiл сваiх спруцянелых касцей гнуць каленi, каб падняць нагу i паставiць яе на зямлю на некалькi сантыметраў далей.
Гэтакiм вось крокам, якi наводзiў на падазрэннi пра яго мiнулае, Берэнбаўм павольна наблiзiўся, з газетай падпахай, да кавярнi, калi я летась познiм летам сядзела там, пiла чай з лiмонам, робячы выгляд, што чытаю кнiгу. Ён спынiўся ў дзвярах, агледзеўся i падышоў да мяне, хоць у правым кутку быў вольны столiк, i папрасiўся падсесцi. Яшчэ да таго я некалькi разоў змецiла, як ён шукаў зачэпкi пагаварыць з незнаёмымi людзьмi. Мабыць, таму толькi ён i зайшоў у кавярню, каб пагутарыць з кiм-небудзь, прычым я адзначыла, што часцей за ўсё сваiх юных субяседнiкаў ён за некалькi хвiлiн рабiў слухачамi i тыя з бездапаможнай усмешкай абшалопаных дурняў аддавалiся нястрымнай плынi яго настойлiвых, энергiчных жэстаў i слоў.
Мне было цiкава, якiм жа пад’ездам ён паспрабуе завесцi гутарку са мною, i рашыла, як змагу, ускладнiць яму задачу, дэманстратыўна водзячы вачыма па радках кнiгi, якую я нiбыта чытала, гартала старонкi, не ўспрымаючы нiчога, апрача мiльгатання лiтар. Усю сваю ўвагу, апрача вачэй, я скiравала на мужчыну за столiкам, якi хватка трымаў мяне ў полi зроку, каб, як толькi я адвяду вочы, тут жа i застукаць мяне.
Ён заказаў у кельнера порцыю яблычнага торту з узбiтай смятанкай, ягоная газета ляжала на стале нечапаная. Чым даўжэй трывала памiж намi маўчанне, тым настойлiвей чулася мне ягонае пытанне, — чаму я ўхiляюся гаварыць з iм, аж пакуль нарэшце я i сама перастала разумець, чаго я так зацялася перад старым чалавекам, калi мяне i самую разбiрала цiкаўнасць. Мне ён здаўся несiмпатычным з яго рэзкiмi, як бы загнутымi куточкамi вуснаў, ад чаго губы здавалiся заключанымi ў коскi, з кусцiстымi брывамi над вачыма, выраз якiх мне здаўся непранiкальным i няздольным на здзiўленне, адразу, як толькi я ўбачыла гэтага чалавека.
Таму, што чалавек мне не спадабаўся, я не надала вялiкага значэння — ат! Усе стырыя былi мне амаль заўсёды несiмпатычныя, i з тых нямногiх ласкаўцаў, якiх я сустракала ў сваiм жыццi, я ўспамiнала толькi асобных. Мая антыпатыя падагравалася пэўнымi аптычнымi i акустычнымi сiгналамi, да якiх адносiлася i гэтая тупаткая паходка, якая ўскосна ўказвала на колiшнюю значнасць гэтага чалавека, шумная жыццярадаснасць у абыходзе з абслужнымi групамi прафесiй, такiмi як прадаўшчыцы, кельнеры, якiм, як дварнякам костка, падкiдаецца фальшывым голасам востранькi жарцiк, пра ягоную жонку i пра многа грошай, якiх яна са сваёй транжырскай пахапнасцю яму, хто так дабрадушлiва i ахвотна плацiць, цэлае жыццё каштавала; нядбалая даверлiвасць, да якой сцiшаўся голас, калi я жанчына казала „ну добра-такi”, а ён, той даверлiвец, адвёўшы ўбок вочы, клаў на край стала вялiкую банкноту. Мая агiда да такiх i падобных сiмптомаў мужчынскай старэчасцi перарастала ў варожасць, калi вуха чула скрыпучы, бурклiвы тон, у якiм мяшалiся дзiцячая разнюненасць з „законным” правам на раздражненне. Гэтакi тон мог выклiкаць у мяне пачуццё неакiлзальнай нянавiсцi. Нават калi яго прычыннiк быў мне варожы i тон ягоны не пасаваў мне, я павiнна была стрымлiвацца, каб па-дзiцячы не перадражнiваць яго. I ўсё-такi адзiн раз такое здарылася. У нейкiм трамваi адзiн стары чалавек пагаўкаўся са сваёю старою жонкаю, якую ён вiнавацiў за дарожныя мардаваннi. I ўсё ныў i ныў i ўсё нечагась бурчаў i сьлiнiў скрыпучым перацiснутым голасам як бы сам сабе пад нос, тым часам як жонка тупа стаяла каля яго, таропка зiркаючы з-пад паўапушчаных павек па баках — цi чуюць пасажыры ягоныя варызгi. А мужчына ўсё нудзiў i нудзiў сваё, пакiдаючы памiж сказамi столькi месца i часу жонцы ўтачыцца са сваiмi ўпоперкамi, калi б яны былi дома на кухнi i калi б пiкантнасць сiтуацыi не замкнула старой жанчыне рот. Але мужчына, здавалася, ведаў , чым жонка магла б яму падшпiлiць у iншых умовах, i таму прымаў замоўчаныя агрызаннi як прамоўленыя, што яшчэ больш падбухторвала ягоны запал i гнеў.
Я стаяла за iм i ясна адчувала, як яго набрынялае шалам цела скаланала паветра памiж намi, i хвалi яго спачатку краналi маю скуру, пасля пранiкалi ў плоць, даставалiся аж да сэрца, якое ад раптоўнага абурэння падвоiла свае штуршкi, расшумiла кроў i пагнала яе па жылах, аж я магла пачуць, як яна забрадзiла, заброiла за барабаннымi перапонкамi. I як толькi чужая злосць прасачылася ў мяне, яна ж i памкнулася з мяне вонкi скрыпучым звяглiвым голасам мужчыны. Каб жа ж я ведала, каб жа ж я ведала, як папугай, паўтарала я апошнi ягоны сказ, спалохалася свайго чужога голасу i схавала, як толькi мужчына i жанчына недаўмёна азiрнулiся на мяне, толькi што сказаныя словы за натужаны кашаль.
Кельнер прынёс яблычнага торту i каву. Я закурыла цыгарэту, на хвiлiну нейкую як бы выпадкова i вымушана вызвалiўшы свае вочы ўчэплiваму старому. Як я i чакала, гэтага беглага позiрку яму хапiла, каб адарваць мяне ад далейшага чытання.
Ён адразу спытаўся, цi цiкавая кнiга, якую я чытала, i калi я адказала адмоўна, яму закарцела дапытацца, чаго ж я так уелася ў яе. Я адказала, што не люблю гэтага аўтара, i тым самым як бы ўхiляюся ад канстатацыi, што чалавеку зноў такi трошкi не патрафiла, — не люблю за недастатковую эстэтычную асалоду ад чытання.
Не паспела я па ягоным твары пазнаць, цi падзяляе ён маю ацэнку аўтара, як ён пачаў са смакам спажываць свой торт, прычым мне кiнулася ў вочы, што карыстаўся ён толькi левай рукой, тым часам як правую звесiў, так што рука была схавана ад мяне за абрусам.
Цi не займаюся я лiтаратурай прафесiйна, спытаўся.
Не, адказала я.
Цi не мог бы ён пыпытацца, чым жа я займаюся прафесiйна.
Папытацца можаце, сказала я, i нават намерылася сказаць яму праўду, толькi наўрад цi дагадзiла б яго цiкаўнасцi. У гэтым сэнсе я цяпер без прафесii, а жыла з друкавання i iншых службовых умельстваў, якiя не патрабавалi ад маёй галавы спецыяльнай разумовай працы. Гэта, здаецца, зацiкавiла яго. Альбо разварушыла ягоны недавер. Ен глытаў свой яблычны торт i пры гэтым сачыў за мною. Я чакала, што ён зноў задасць пытанне, а як што ён усё ж маўчаў, пачала я сама, нават таго не жадаючы, тлумачыць, што было закладзена ў маiх словах. Пэўныя падзеi ў маiм жэыццi, сказала я, пераканалi мяне, што гэта ганьба, мыслiць за грошы, а ў больш высокiм сэнсе гэта нават забаронена.
* * *
Недзе з паўгода таму назад ува мне сапраўды ўзышло з начы маё веданне i стала ранiцай неаглядна, як сонца на небе майго банальнага iснавання, i я пыталася самая ў сябе, дзе яно было раней, дзе магло хавацца; усведамленне, бачанне таго, што я кажнюткi божы дзень насiла маё адзiнае жыццё ў Барабасаву даследчую кантору, як кухонныя адкiды ў бачок са смеццем. Увечары я сустрэла адаго з тых катоў, якiя жывуць у садовым квартале нашых блочных дамоў, iх там шэсць — сем, чорна-белых плямаватых катоў, чыя недагледжаная здзiчэласць абвастралася ў той меры, у якой чорныя плямы на iх мордах асацыiравалiся з маскай злосцi. У аднаго была пляма над вокам, i кот быў падобны на вулiчнага панажоўшчыка. Кот быў худзюшчы i палахлiва-насцярожаны, поўсць запылена жоўтым попелам з бачкоў, дзе ён шукаў сабе пракорму; у другога плямы над абодвума вачамi, i кот нагадваў мядзведзя панду. Гэты быў любiмец вулiцы i больш вылежваўся пад адчыненым акном кухнi ў пiўнушцы-кнайпе на рагу вулiцы, адкуль кухар час-парою выкiдаў кавалак мяса цi рыбы. Ката, падобнага на мядзведзя панда, я сустрэла, калi вярталася дахаты з Барабасавай даследнi. У кнайпе быў выхадны, i кот, яўна галодны, iшоў за мною аж да самай кватэры. Я дробна нарэзала некалькi сасiсак, налiла ў мiсачку малака i ўсё гэта выставiла яму на кухнi. Ён спакойна з’еў, выхлябтаў малако, некалькi разоў удзячна пацёрся аб мае ногi i потым сеў перад дзьвярмi i не зводзiў вачэй з клямкi, пакуль я не адчынiла.
Сасiскi былi мне на вячэру. У халадзiльнiку ляжалi яшчэ толькi два лiмоны i завязь лiвернай каўбасы. Хлеб зацвiў, а крамы ўжо пазачыняныя. Я знайшла кубiк бульёну i макароны, з чаго i згатавала сабе суп. Хутчэй з легкадумнай прывычкi чым сур’ёзна я падумала, што лепш бы я была кошка. Так думала-мроiла, гатуючы суп: лепш бы я была сапраўдная кошка, чым жыла гэтым занудным сабачым жыцём, прамышляла б сабе ежу, ветлiва дзякавала б, а тады iшла б да сваiх i рабiла б, што набяжыць пад ахвотку. Я выглянула ў кухоннае акно. Шэсць чорна-белых катоў сядзелi кружком на газоне i глядзелi адзiн на аднаго. Мабыць, у гэтым быў нейкi iхнi сэнс.
Яны сядзелi там дзеля нiчога. Калi я сядзела ў сваiм васьмiметровым пакойчыку ў Барабасавай канторы i пераконвала сябе, што цiкаўлюся другой партыйнай канферэнцыяй саксонскiх камунiстаў у 1919 годзе, дык жа я сядзела там за грошы. За грошы партыйная канферэнцыя мусiла мяне цiкавiць, а як жа; грашмi ж я плацiла за сасiскi, якiя скармiла кату, каб ён мог пасля пасядзець увечары на газоне дзеля нiчога, толькi за само гэта сядзенне, тым часам як я сядзела за кухонным акном адна, хлябтала перасолены суп, а заўтра ранiцай, роўна пяць хвiлiн на восьмую, зноў выйду з гэтага дома, каб ад без чвэрцi восем да семнаццацi ў Барабасавай канторы пад наглядам самога Барабаса i ягоных кнэхтаў мыслiць за грошы. Усё тое, што я напачатку думала сама сабе неўсвяломлена, неахвотна i безуважна — трэбы быць кошкай, — аказалася, як толькi я аддалася поцягу гэтага ўяўлення, шчырай праўдай абуральнай абсурднасцi. Кожны дзень я замыкала сябе дабравольна ў памяшканнi, якое сваiмi памерамi больш нагадвала турэмную камеру, якую мне выдзелiлi гэтак сама, як i сферу, якой я павiнна была прысвячаць восем гадзiн маёй мазгавой дзейнасцi штодня. Яны, калега Палькоўскi, адведзены вам на асэнсаванне развiцця пралетарскага руху ў Саксонii i Цюрынгii, сказаў Барабас, калi я пятнаццаць гадоў таму назад упершыню ссядзела перад iм за ягоным пiсьмовым сталом. Так яно было: не мне была выдзелена сфера дзейнасцi, а я ёй i памяшканню. Калi б я памерла, дык i тая сфера i пакой засталiся б, як яны былi i да мяне; iм быў бы адведзены нехта iншы, якi, як i я, меў бы адну толькi здольнасць, якая адрознiвала б яго ад ката, здольнасць да абстрактнага мыслення ў абмежаванай сферы, каб за грошы, якiя яму за гэта плацiцьмуць, забяспечыць сваё крэатурнае, толькi вельмi малачым адметнае ад кацiнага жыццё.
Калi б я магла не належаць да тых, каму гэта наканавана ў сне воляй Божай, я б хацела, каб пры мне захавалася хоць бы тое, што мяне адрознiвала. Як я дайшла, свабодна народжаны чалавек, да таго, каб падпарадкаваць сябе на ўсё жыццё менавiта нейкаму Барабасу, звычайнаму, шэрага памолу бацьку сямейства, паклiкаць якога на функцыянаванне мог толькi яго недаразвiты дух супярэчлiвасцi, звязаны з дэспатычнай педантнасцю. Я нiбыта адначасова глядзела два фiльмы па тэлебачаннi: вестэрн i крымiнальтную серыю, папераменна, зноў i зноў; калi па экране прабягаў звер, я думала пра ката i пра тое, якiя перавагi i выгоды давала яму ягонае кашэчае жыццё ў параўнаннi з маiм. Усё гаварыла за ката, на яго карысць. Ноч абняла мяне як гуканепранiкальны бункер. Нiхто не хацеў загаварыць са мною да ранiцы, i нiхто не хацеў каб я загаварыла з iм. Мяне чакалi мой пакой i мая сфера ў мораку Барабасавай даследчай канторы. Анiшто ў маiм жыццi не здавалася мне разумным.
Ранiцай я не ўстала. Засталася ляжаць, глядзела, як сонца падымалася над нашай вулiцай i прадзiралася праз густое лiстоўе дрэў за акном, аж да маёй падушкi. Я пасунулася галавою на сонечную пляму i заплюшчыла вочы. Я бачыла сваю кроў у павеках, такую чырвоную, як кроў кацiную. Павольна, як бы знехаця, ў маёй галаве сфармулявалася рашэнне: я больш не буду мыслiць за грошы. Рэшту дня я правяла ў ложку.
* * *
Стары чалавек заблакiраваў сабе рот кавалкам яблычнага торту, што мяне дужа здзiвiла, бо ж я пакуль што ўспрымала яго толькi як гаваруна, а не як слухача. Я зазлавалася, так хутка страцiўшы перавагi сваёй пазiцыi, хоць i ведала небяспеку, якая iдзе ад такiх старых катоў, як гэты. Я заўсёды рэзка адсякала ўсё тое, чаго яны ад мяне спадзявалiся, раней чым яны знаходзiлi нагоду i зачэпку падступiцца з прапановамi. Гэта была адна з прычын, вiдаць, самая важная, чаму яны мяне цуралiся. А гэты адкiнуўся назад, прыплюшчыў павекi, нiбы хацеў пагрэцца. Гэта была поза, у якой ён разважаў, гэта я зразумела пазней. Я ўзялася за кнiгу.
Пачакайце, сказаў ён i зноў павярнуўся да мяне, я ўжо гаварыў з многiмi маладымi людзьмi, але такой нязвыклiны мне яшчэ не казалi.
Я не маладая, сказала я.
Можа яно i так, сказаў ён, але ў параўнаннi са мною Вы маладая.
Усё праўда, i ў ягоным узросце, лiчыла я, ён смела мог бы не зважаць на мае несамалюбныя самаацэнкi.
Вы, значыцца, мыслiце не за грошы, але ж Вы мыслiце. А да таго Вы зараблялi свае грошы мысленнем, спытаў ён i, хоць пастараўся надаць свайму голасу абыякавасцi, не здолеў прыхаваць, што ўсё-такi раптам пацэлiў.
Я кiўнула, i, перш чым ён паспеў запярэчыць, спыталася ў яго, чым жа ён сам зарабляў свае грошы. Альбо, можа, усё яшчэ зарабляе, дадала я з ветлiвасцi.
Ужо сорак гадоў, як толькi працай, сказаў ён, i пры апошнiх словах некалькi разоў моцна пастукаў костачкамi пальцаў сабе па лобе.
Я давярала сваёй здольнасцi чытаць па рысах твару i жэстах людзей. Што да гэтага чалавека, у мяне даўно ўжо выспела падазрэнне, яшчэ раней падагрэтае ягонай адмысловай паходкай i нейкай неспатольнай прагай загаворваць з маладымi людзьмi. Яго рукi — я ўжо зазначыла, што правая была не падобная на левую, якая ляжала на стале, — умацавалi мяне ў маiм падазрэннi: вялiкiя рукi давалi магчымасць дапусцiць, што яшчэ ў фазе росту яны каменне варочалi i сякерай працавалi, але iм ужо даўным даўно не даручалi нiякiх грубых функцый, так што iх сiлавая, мышачная анатомiя стварала для мяне прыкметны, правакацыйны для фантазii кантраст з далiкатнай, хай сабе i прывялай скурай. Найперш мяне iнспiраваў яго твар, а на iм даверлiвы i гэтакi ж падазроны выраз, якi, калi пагадзiцца з думкай, што носьбiт гэтага твару чалавек добры, горды, самаўпэўнены i валявы, — з другога боку сведчыў за чалавека грунтоўнага i абмежаванага. Да таго ж стомленасць памiж вачыма i падбародкам, якая, здавалася, была памечана не так старасцю, як агiдай i ўпарцiстай зацятасцю.
Людзей з такiм тварам я сустракала на кожнай фазе свайго жыцця. Такi самы твар быў i ў майго бацькi. Я была амаль пэўная за сябе i сваю праўду. Гэта падбадзёрвала мяне, скарыстаўшыся маiмi падыспаднымi ведамi пра старога, зняпэўнiць яго i такiм чынам без барацьбы прымусiць здаць свае перавагi ў нашай гаворцы, якiя дала яму мая заўсёдная няёмкасць у паводзiнах i гутарках са старымi людзьмi, i ўжо на такiх роўных умовах няхай будзе зноў ваяўнiчы. Можна, я адгадаю вашу бiяграфiю, спыталася я. Ён здзiвiўся. Але ж, калi ласка, калi Вам даспадобы дазволiць сабе гэта.
Калi збольшага, сказала я, магчыма, дзiця рабочага, мацi — хатняя гаспадыня. Народная школа. Набытая прафесiя токара альбо муляра, магчыма, нават цесляра. У васемнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў уступiлi ў камунiстычную партыю. Пасля 33-га — эмiграцыя альбо канцлагер. Не, канцлагер не, падумала я, у ягоным твары няма канчатковай iрытацыi, якую я заўважала ў тварах iншых, што выжылi. Магчыма эмiграцыя, сказала я. Ён не здаваўся мне падобным на тых, якiя ператрывалi ўсё ў Францыi цi Амерыцы, тыя глядзяцца iнакш. Альбо яны яшчэ раней выглядалi iнакш, альбо гэта ў iх праз iхняе ўнутранае трыванне. Чалавека з-за майго столiка я сялiла ў Маскве, магчыма, нават у слынным гатэлi Люкс, якi стаўся сiмвалам маскоўскай гасцiннасцi камунiстам з усяго свету, а многiм з iх i смяротнай пасткай. Эмiграцыя ў Савецкi Саюз, сказала я, часовае размяшчэнне ў гатэлi Люкс. 1945 год — вяртанне. Пасля гэтага важныя функцыi, дзеля якiх Вы былi патрэбны партыi.
Калi я згадала пра гатэль Люкс, ён усмiхнуўся, нiбыта заспеў мяне на махлярстве. Вы ведаеце, хто я такi, сказаў ён ганарлiва альбо расчаравана.
Я пабажылася, што не ведала i не ведаю пра яго нiчога, апрача таго, што ён паведамiў мне сам сваiм з’яўленнем, але, як што ён не мог даць веры аж такой маёй празорлiвасцi, не здолела прытушыць ягонага сумненя. Зрэшты, я памылiлася ў адным пункце, сказаў ён, не ў васемнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў стаў камунiстам, а ў семнаццаць.
Неяк зласнавата ён узяўся за вiдэлец, каб прыбраць з талеркi апошнiя кавалачкi яблычнага торту. Альбо ён думаў, што я прымала яго за дурня, альбо пачуўся несамавiта з таго, што не мог растлумачыць сабе майго сцiплага ведання ягонай бiяГрафii. Але хоць я цяпер мела над iм неаспрэчную перавагау, мне не ўдалося, вызначыць правiлы гульнi. Яму было прыкра, i я мусiла зрабiць нейкi крок да прымiрэння, калi толькi хацела даведацца, чаму гэты чалавек загадзя дапускаў магчымасць сваёй вядомасцi. Я адважылася на адкрытае пытанне, заклiкаўшы сабе ў падтрымку шчырую ўсмешку i шчыры настрой. А цi не мог бы ён, будучы яўна асобай шырокавядомай, зрабiць ласку i раскрыць сваю iдэнтычнасць, спыталася я, як што ў магii я тупая дылетантка, якой сапраўдныя таямнiцы недаступныя.
Ён адклаў вiдэлец, адкiнуўся i сказаў, не без пераможнага бляску ў вачах: мяне завуць Берэнбаўм, Герберт Берэнбаўм.
Прафесар Герберт Берэнбаўм, перапытала я.
Замест адказу, ён працягнуў мне вiзiтоўку. Ён шукае на два днi штотыднёва пiшучую рабочую сiлу, гарантуе поўную адсутнасць працы мазгавой, плацiць можа пяцьсот марак у месяц. Ён быў бы рады, калi б я згадзiлася. Ён мае заданне напiсаць мемуары, i я сама ўбачыла б... Ён дастаў сваю правую руку са схову, яна бязвольна дрыжала ў суглобах. Пасля адлiчыў на стол грошы за яблычны торт, смятану i каву i выйшаў. Што яго штурхнула зрабiць мне такую прапанову, можа, мая заява, што я не хачу больш мыслiць за грошы, альбо, можа, маё загадкавае веданне пэўных акалiчнасцяў ягонага жыцця, гэтага я i пазней не магла нiчым патлумачыць.
Адных толькi грашовых цяжкасцяў было недастаткова, каб здаць сябе пад юрысдыкцыю Берэнбаўму ў якасцi замены яго дрыгатлiвай правай рукi i служыць яму, гэтаму прафесару Берэнбаўму, якi яшчэ тры гады таму назад быў магутным чалавекам у лагеры iншых магутаў, пра якога пошаптам казалi, быццам ён сваiм часам — i то быў сапраўды ягоны час — вызначыўся як блiскучы рыторык i непахiсны сталiнiст. Хоць я i дапускала, што ўзрост i бег часу злагодзiлi ягоныя погляды, што як рыторыка, так i слiзiстая ягонага горла тым часам добра падсохлi, а непахiснасць разам з прасалелым хрыбетнiкам стала крохкая i паддатная, так i вялiкая ўлада па меры вымiрання яго непахiснага пакалення паступова адыходзiла ў нябыт. Але тым не меней ён заставаўся Берэнбаўмам, i я пыталася ў сябе, што ж такi рухала iм, калi ён наважыўся даверыць такую адказную працу менавiта мне. Ясна ж, нiякiх праблем з пiсальнай рабочай сiлай у яго не было, ён мог узяць сабе з любога iнстытута каго хацеў, нават аплачваць мог не сам. Чаму ж акурат я, якая канчаткова адышла ад свету карыснасцi i мэтазгоднасцi, чаму я павiнна сваёй рукою запiсваць ягоныя ўспамiны.
Магчыма, гэта была натура палемiчная, чалавек, думкi якога артыкулявалi не па яго волi, а толькi ў сутыкненнi з думкамi iншых людзей i ён спадзяваўся, што я паслужуся яму люстрам ў яго фехтавальнай зале, такiм, ведаеце, тарэра, якi, памахваючы чырвонай мантыльяй, будзе выбрыкваць, вытанцоўвацца перад iм i развярэджваць у iм бычыную ятру; i ён, калi заўважыў, што я не мерылася нi люстраваць яго, нi выдыгацца перад iм, мог бы з большай карысцю прыстроiць свае пяцьсот марак i абысцiся фiнансаванай за дзяржаўны кошт сакратаркай. Альбо ж на чалавека найшло, i ён хацеў быць добрым. Але нават не прававерны хрысцiянiн, якi спадзяецца на збавенне праз добрыя чыны, а тым больш не такi атэiст, як Берэнбаўм, мог дапусцiць, што гэта будзе добры чын, калi ён за пяцьсот марак у месяц зафрахтуе мяне, якая ў ягоных вачах была нiхто i нiшто анiякае.
* * *
Пахаванне Берэнбаўма было назначана на дзве гадзiны дня. Было холадна i я пайшла подбегам i ўжо за чвэрць гадзiны да часу стаяла каля брамы могiльнiка. Групкi старых людзей з вянкамi са штучных кветак цi букецiкамi ў руках, сцякалiся па алеi да каплiцы. Стомленае, старанемачнае шэсце ў гонар Берэнбаўма. Я была б радая правесцi рэшту часу за могiлкамi, каб уберагчыся ад датклiвага прыгнечання, якое сыходзiць ад людзей, што чакаюць жалобы. Дарога жальбы ў нiвеч, на якой не ўгледзiш нiчога апрача доўгага мура, якi канчаўся толькi там, дзе сама дарога правiльным вуглом паварочвала ў Шэнгольц i дзе кавалак другога, адзiнага, сапраўднага мура рэзка падымаўся абапал i праз некалькi сотняў метраў губляўся за фасадамi дамоў. Я доўга думала, цi iсцi мне на пахаванне, цi не можа быць успрынята мая прысутнасць там як недарэчнасць альбо нават як правакацыя, i якiя ёсць на тое падставы, каб мець да мяне такiя падазрэннi.
Яшчэ год таму назад я не ведала гэтага чалавека, толькi яго iмя, як i iншыя iмёны, якiя часта мiльгалi ў газетах. А потым ён уварваўся ў маё жыццё, як пошасць якая. Трэба было развiтацца. Я нават у бальнiцы наведала яго, бо спадзявалася, што хоць у апошнюю хвiлiну ўдасца згладзiць памiж iм i мною жахлiвае, патушыць як непаразуменне. Берэнбаўм жыў у спецквартале, яго i пахавалi на спецдзялянцы могiлак, i ўжо ж натуральна ляжаў ён у адмысловай, зачыненай для звычайных людзей спецбальнiцы, у якой нават не смярдзела бальнiцай. Вакол яго ложка паставiлi на паўроста рашотку. За ёю, як у дзiцячым манежыку, ляжаў высахлы, скамячаны Берэнбаўм; ужо i не так чалавек, як яго зношаны матэрыял: жэлепадобная субстанцыя запалых вачэй, пергаментная скура, ужо адсталая ад плоцi, сiнiя жылы на празрыстых скронях, косцi чэрапа, якiя выпiралi пад завялай скурай i ўжо больш удавалi твар самой смерцi, чым той, што належаў Берэнбаўму пры жыццi. У яго дасталi штучную скiвiцу, магчыма, каб ён у выпадку магчымай страты прытомнасцi не ўдавiўся ёю. Ён спрабаваў усмiхнуцца сваiмi запалымi ў рот губамi, калi я паклала кветкi на начны столiк. Ён ледзьве ўжо жыў, i было немагчыма ненавiдзець яго.
Я хацела прысесцi на крэсла каля яго ложка, але ён паляпаў далоняй па краi ложка i прабулькатаў горлам фразу, якая магла азначаць толькi адно: падыдзi сюды. Я падумала, што i ён хацеў развiтацца ў замiр’i, i адчула палёгку. Баючыся спрычынiць боль гэтаму хвораму целу хай самай нязначнай неасцярожнасцю, я падсела на краёк ложка. Мне вельмi шкада, сказала я, што я так моцна дачынiлася да клопатаў ягонага жыцця за тыя месяцы, калi мы былi знаёмыя. Колькi ночаў не спала, перажываючы, што i я нечым вiнаватая ў ягоным iнфаркце. Але тут я схлусiла. Бо анi хвiлiны не няспала праз яго. У гэты момант мне было сорамна за гэта. У гэтую хвiлiну я забрала назад усё, што з садысцкай асалодай i зацятасцю закiдала яму раней — разню ў гатэлi Люкс, ачмурэнне ўладаю высока ўзнесеных пралетарскiх чадаў, iх страх перад усiм, чаго яны не маглi зразумець i таму забаранялi. Кожны дакор, кожны закiд цяпер, калi ён памiраў, я забрала б назад дзеля прымiрэнчага развiтання. Калi б раптам не Берэнбаўмава рука, якая пацягнулася да мяне, як прагны беласкуры звер.
З акна ахоўнай вежы, што ўзвышалася за мурам, салдат глядзеў у бiнокль у мой бок. Я адчула, што за мною назiраюць, i адвярнулася. А перад могiлкамi тым часам прыпаркавалася нешта з дваццаць-трыццаць машын, сярод iх некалькi чорных лiмузiнаў i камазынава-чырвонае аўто Мiхаэля Берэнбаўма. Я забаранiла сабе думаць пра Берэнбаўмаву руку. Я была тут, бо мне трэба было развiтацца, бо я хацела ведаць, што ён сапраўды пахаваны i дэматэрыялiзаваўся з гэтага свету. Я павiнна была ведаць, цi паплача хто па iм, i хто б гэта быў, хто па iм паплача.
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=134 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Вуліца Ціхая шэсць
Для друку / Васіль Сёмуха