Мэфіста
Актрысе Тарэзе Гізэ прысвячаецца
Усе персанажы гэтай кнігі ўяўляюць сабою тыпы, а не партрэты.
Клаўс Ман
Усе памылкі чалавека я дарую актору, ніводнай памылкі актора я не дарую чалавеку.
Гётэ. Вільгельм Майстэр
Пралог
1936
– Кажуць, у адным прамысловым цэнтры на захадзе Германіі асудзілі больш за васемсот рабочых, усіх да катаргі, і гэта на адным толькі працэсе.
– Па маіх звестках – пяцьсот, а больш за сотню нават зусім не судзілі, іх потайкам забілі, за перакананні.
– А што, хіба ў іх такія нізкія заробкі?
– Мізэрныя. І ўсё падаюць, а цэны растуць.
– Афармленне опернага тэатра на сённяшні вечар, кажуць, каштавала шэсцьдзесят тысяч марак. Ды яшчэ сама мала тысяч сорак дадатковых выдаткаў, не лічачы стратаў грамадскай касы ад пяці дзён прастою тэатра, зачыненага для падрыхтоўкі ўрачыстага балю.
– Міленькае сямейнае свята, дзень нараджэння, бачыце...
– Брыдка і агідна, а вось жа даводзіцца ўдзельнічаць ва ўсім гэтым балагане.
Абодва маладыя замежныя дыпламаты галантна ўсміхаючыся, раскланяліся з афіцэрам у параднай уніформе, які лішне цікаўна зірнуў на іх у манокль.
– Сабраўся ўвесь генералітэт!
Яны загаварылі зноў ужо зводдаль ад параднай уніформы.
– Усе ўзахлёб гавораць пра мір,– злосна заўважыў адзін.
– Ці надоўга таго захлёбу хопіць? – весела ўсміхнуўся другі, кланяючыся мініяцюрнай даме з японскай амбасады, якая дробненька і далікатна перабірала ножкамі, ідучы пад руку з марскім афіцэрам.
– Мы павінны быць гатовымі да ўсяго.
Да маладых пасольскіх аташэ далучыўся нейкі панок з міністэрства замежных спраў, і гаворка адразу перакінулася на пахвалы раскошы і прыгажосці святочнага ўбранства залы.
– О так, няма дзіва, гер прэм'ер-міністр любіць такія рэчы,– крыху разгублена сказаў панок з міністэрства замежных спраў.
– І ўсё з такім густам,– ці не ў адзін голас захапляліся дыпламаты.
– Вядома,– крыўдліва сказаў панок з Вільгельмштрасэ.
– Такой пышнасці сёння нідзе не пабачыш, хіба толькі ў Берліне, больш нідзе,– дадаў іншаземец.
Той, з міністэрства замежных спраў, нейкую хвілінку памарудзіў, перш чым адважыцца на ветлівую ўсмешку. У размове запала паўза. Усе трое агледзеліся і прыслухаліся да свяшчэннага шуму.
– Каласальна, аж вочы рве! – ціха сказаў нарэшце адзін з двух маладых людзей гэтым разам ужо без ніякага сарказму, насамрэч уражаны, бадай, нават спалоханы неверагоднай велікапышнасцю вакол сябе. Бляск свяцільняў і казытлівыя пахошчы насычалі паветра так густа, што яму сляпіла вочы. Увесь трапяткі, ён недаверліва ўглядваўся ў гэты распраменены рух.
«Дзе гэта я? – падумаў малады чалавек, ён прыехаў з адной скандынаўскай краіны.– Раскошу тут любяць, выдаткаў не шкадуюць, страх падумаць. Такія ўсе прыгожыя, выштукаваныя, гулліва-радасныя, самі просяцца ў давер. Рухаюцца, акyрат як марыянеткі,– дзіўна, неяк вуглавата, нават патузваюцца. Вачыма нешта кожнае цікуе, позірк нядобры, шмат страху і жорсткасці. У нас дома людзі глядзяць інакш – прыветлівей, больш раскавана. І смяюцца інакш, у нас там, на поўначы. У тутэйшых смех пакеплівы, у ім нешта як бы ад роспачы: дзёрзкае, правакацыйнае і безнадзейна злоснае, жудасна журботнае. Так не смяецца той, каму добра, каму ў сваёй скуры ўтульна. Людзі сумленныя так не смяюцца».
Вялікі прыём з нагоды саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра ладзілі ў оперным тэатры. У доўгіх фае, у кулуарах і вестыбюлях калыхалася разубраная людская стракацізна. Гэта ён, натоўп, страляў шампанскім у ложах, борцікі якіх былі аздобленыя дарагой драпіроўкай; танцавалі ў партэры, з якога вынеслі рады крэслаў. Аркестр, які размясціўся на пустой сцэне, быў такі вялікі, нібы меўся выконваць сімфонію, сама мала – Рыхарда Штраўса. Але гралі ў рэзкай непаслядоўнасці – вайсковыя маршы і тую джазавую музыку, якая, хоць за сваю негрыцянскую амаральнасць і непрыстойнасць была ў рэйху забароненая, але без якой вяльможны ганаровец юбілейнага свята не хацеў абысціся.
Тут сабраліся ўсе, хто толькі нешта значыў у гэтай краіне, ніхто дома не застаўся – апрача самога дыктатара, які перапрасіўся, спаслаўшыся на боль у горле і нервы; не было і некалькіх прыплябееных партыйных падцірачоў, якіх, зрэшты, і не запрашалі. Затое заўважана шмат імператарскіх і каралеўскіх прынцаў, безліч князёўства і мала не ўся высокая арыстакратыя; увесь генералітэт вермахта, уплывовыя фінансісты і людзі з цяжкай прамысловасці; члены дыпламатычнага корпуса – у асноўным з малых альбо далёкіх краінаў; некалькі міністраў, некалькі славутых артыстаў – пра святую слабасць юбіляра да тэатра ведалі ўсе – і нават адзін паэт, які глядзеўся вельмі дэкаратыўна і, пра тое таксама ведалі, карыстаўся асабістай прыхільнасцю дыктатара.– Усяго было разаслана больш за дзве тысячы запросінаў, з іх каля тысячы – на бясплатную дурніцу; адрасатам астатняй тысячы давялося прыплаціць па пяцьдзесят марак уваходных: такім чынам частка велізарных выдаткаў акупілася – рэшта расклалася на тых падаткаплацельшчыкаў, якія не належалі да бліжэйшага атачэння прэм'ер-міністра і ўжо ж ні ў якім разе не ўпісваліся ў эліту новага германскага грамадства.
– Якое цудоўнае свята! – усклікнула ёмістая жонка рэйнскага фабрыканта зброі жонцы паўднёва-амерыканскага дыпламата.– Ах, я проста ў захапленні, якая асалода! Мне так весела, што дай бог, каб усім людзям у Германіі і ва ўсім свеце было гэтак сама весела, як мне!
Жонка дыпламата з Паўднёвай Амерыкі, якая не зусім добра разумела па-нямецку і нудзілася, кіславата ўсміхнулася. Вясёлую фабрыканціху расчараваў такі недахоп энтузіязму, і яна рушыла далей.
– Прабачце, дарагая! – сказала яна далікатна, падабраўшы бліскучы шлейф.– Я павінна якраз павітацца з даўняй сяброўкай з Кёльна – маці гера дырэктара дзяржаўных тэатраў, вы ж ведаеце,– маці вялікага Гендрыка Гёфгена.
Тут паўднёваамерыканка нарэшце раззявіла рот, спытацца: «Who is Henrik Hopfgen?»,– што змусіла фабрыканціху ціхенька войкнуць:
– Як?! Вы не ведаеце нашага Гёфгена? Гёфген, мая найдаражэйшая, а не Гопфген! І Гендрык, а не Генрык – ён асабліва высока цэніць гэта маленькае «д»!
І ўжо скіравалася да манернай матроны, якая, ведзеная пад руку паэтам і сябрам фюрэра, важна плыла па зале.
– Дарагая фраў Бэла! Вечнасць, як мы не бачыліся! Як вы сябе пачуваеце, мілая? Ці не пячэ вас часам настальгія па нашым Кёльне? Праўда, тут у вас такое бліскучае становішча! А як пажывае фройляйн Ёзі, мілае дзіця? Але сама перш: як Гендрык – ваш вялікі сын?! Божа, як ён узнёсся! Ён, лічыце,– амаль як міністр! Так, так, мілая фраў Бэла, мы ўсе ў Кёльне так сумуем па вас і вашых цудоўных дзецях!
На самай справе мільянерка ніколі не прападала па фраў Бэле Гёфген, пакуль тая жыла ў Кёльне, пакуль яе сын яшчэ не зрабіў вялікай кар'еры. Знаёмства дзвюх дам было мімалётнае, калі ўвогуле было; фраў Бэлу ніколі не запрашалі на вілу фабрыканта! Але цяпер, калі яе сын дастаўся да блізкіх сяброў прэм'ер-міністра, вясёлая, экзальтаваная багачка мёртвай хваткай учапілася ў руку ягонай маці.
Фраў Бэла літасціва ўсміхнулася. Яна была апранута проста, але не без пэўнага пачцівага какецтва; на яе чорнай, гладка прылеглай шаўковай бальнай сукні ззяла белая архідэя. Сівыя, сціпла падвітыя валасы пікантна кантраставалі з даволі маладжавым, з прыстойнай любасцю дагледжаным тварам. Круглымі зялёна-блакітнымі вачыма яна з затоенай задумлівай прыязнасцю пазірала на гаваркую даму, якая сваім фантастычным калье, доўгімі завушніцамі, парыжскім туалетам – карацей, усім сваім бляскам і шыкам была абавязана спорым германскім ваенным падрыхтоўкам.
– Не магу паскардзіцца, пажываем даволі добра,– з гордай стрыманасцю сказала фраў Гёфген.– Ёзі заручылася з юным графам Донэрсбэргам, Гендрык крыху ператомлены, ён столькі працуе.
– Магу сабе ўявіць.– На твары ў фабрыканціхі была сама замілаванасць.
– Дазвольце мне прадставіць вам нашага сябра Цэзара фон Мука,– сказала фраў Бэла.
Паэт схіліўся да разбрыльянчанай рукі, і балбатня зноў ажывілася.
– Ах, як цікава, я страшна радая, я адразу вас пазнала па фатаграфіях. Ваша драма «Танэнбэрг» зачаравала мяне ў Кёльне, удалая пастаноўка, вельмі добрая, канечне, без таго бляску, як у нас, у Берліне,– рэч звычайная, але сапраўды досыць прыстойная і, няма чаго й казаць – вартая пахвалы. А вы, гер дзяржаўны саветнік, вы тым часам адбылі такое выдатнае падарожжа, цэлы свет толькі і гаворыць што пра вашы дарожныя нататкі,– днямі ж дастану.
– Шмат прыгожага і шмат агіднага пабачыў я на чужыне,– сціпла адказаў паэт.– Але я вандрую па свеце не проста як сузіральнік, не толькі дзеля асалоды, а больш з місіяй – уплываць, вучыць. Здаецца, мне ўдалося там, за мяжой, прыдбаць новай Германіі новых сяброў.
Сваімі сталёва-блакітнымі вачыма, пранікальная і палымяная чысціня якіх была расхваленая ў процьме артыкулаў, ён адразу ацаніў неверагодныя каштоўнасці на мільянерцы з Рэйнланда. «Няблага было б пажыць на яе віле, калі паеду ў Кёльн з дакладам альбо на прэм'еру»,– падумаў ён, гаворачы далей уголас:
– Нашаму бясхітраснаму розуму немагчыма ўявіць, колькі ж бо ілжы, колькі зласлівага неразумення нашага рэйха пануе сёння там, у свеце.
Яго твар быў такі застылы, што кожны рэпарцёр назваў бы яго «дрэварытам»: наморшчаны лоб, сталёвыя вочы пад светлымі брывамі і сцятыя вусны, якія гаварылі з лёгкай саксонскай вымаўкай. Фабрыканціха моцна падупала ўражанню як ад яго выгляду, так і ад высакароднай вымоўнасці.
– Ах,– летуценна паглядзела яна на яго.– Калі вы будзеце ў Кёльне, канечне наведайце нас!
Дзяржаўны саветнік Цэзар фон Мук, прэзідэнт акадэміі пісьменнікаў і аўтар паўсюдна гранай драмы «Танэнбэрг», з рыцарскай асаністасцю пакланіўся:
– Палічу за вялікі гонар, васпані.– Нават руку на сэрца паклаў.
Прамысловічыха знайшла яго чароўным.
– Якое шчасце будзе цэлы вечар слухаць вас, экселенц!– усклікнула яна.– Колькі ж бо ўсяго ўсякага вы пабачылі! Вы ж нават, здаецца, пабылі дырэктарам дзяржаўных тэатраў?
Пытанне здалося нетактоўным як далікатнай фраў Бэле, так і аўтару «Танэнбэрга» – трагедыі. І ён досыць рэзка сказаў:
– Так, вядома.
Багачка з Кёльна нічога не заўважыла. Яна вяла сваё, з нейкай недарэчнай дураслівасцю:
– Ужо крышку ці не раўнуеце вы, гер саветнік, да нашага Гендрыка, вашага наступніка? – і лёгенька пагразіла пальчыкам.
Фраў Бэла не ведала, куды вочы падзець. Але Цэзар фон Мук даказаў, што свецкасць чалавека, калі яна даволі рассудлівая, можа сысці за арыстакратычнасць. Па яго «дрэварыце» прабегла ўсмешка, толькі на першы покід вока крыху гаркаватая, а насамрэч мяккая, лагодная, а тобта нават і мудрая.
– Мне прыемна было несці гэты цяжар, так, я рабіў гэта ахвотна, ад шчырага сэрца, і з радасцю перадаў майму сябру Гёфгену, які, як ніхто іншы, па справядлівасці пакліканы несці яго далей.
Голас яго дрыжаў; ён быў усхваляваны і паланёны шырынёй сваёй натуры і гожасцю помыслаў.
На фраў Бэлу, гер-дырэктараву матулю, яго словы таксама зрабілі моцнае ўражанне. А жыццёвая спадарожніца гарматнага караля была аж так кранута манерамі і веліччу славутага драматурга, што мала слязы не пусціла. Несамавітым намаганнем волі яна праглынула гатовыя пырснуць слёзы расчуленасці, прамакнула вугалкі вачэй шаўковай хустачкай і ўсімі заўважаным кіўком атрэсла з сябе поўны мілажальнасці настрой. Перамагла ў ёй чыста рэйнская бадзёрасць, яна зноў жыццярадасна ўскінула вочы і весела сказала:
– Якое цудоўнае свята!
А свята і праўда ж было цудоўнае, што ні кажы. Як усё ззяла, пахла, шалясцела і цурчала! Аж і не сказаць, ад чаго было больш таго ззяння: ад брыльянтаў ці ад ордэнаў. Яўна неашчаджанае святло люстраў слізгатала і пералівалася па дэкальтаваных белых плячах, аголеных спінах і размакіяжаных тварах дам; па ўкормленых карках, накрухмаленых манішках і абшытых галунамі мундзірах тоўстых гергераў; па потных тварах лёкаяў, што снавалі з асвяжальнымі напоямі. Пахошчамі дыхалі кветкі, якімі быў густоўна аранжаваны ўвесь гэты рай; парыжскімі парфумамі духмянілі прамыслоўцы і станіста-юныя элеганты-эсэсаўцы ў сціпла-строгіх уніформах; пахла прынцамі і прынцэсамі, шэфамі гестапа, рэдактарамі газэт, кіназоркамі, універсітэцкімі прафесарамі, якія ўзначальвалі кафедры расавых і ваенна-абарончых навук; дзе-а-дзе патыхала і яўрэйскімі банкірамі, чыё багацце і міжнародныя сувязі былі такія магутныя, што нельга было не дапусціць іх нават на гэта эксклюзіўнае мерапрыемства. Аблокі штучных пахошчаў быццам меліся перабіць іншы пах –тухлаваты, саладжавы, такі любасны пах крыві, якім прасмердла краіна, -- але пры сённяшняй далікатнасці нагоды і ў прысутнасці замежных дыпламатаў яго крыху саромеліся.
– Неверагодна,– сказаў адзін высокі рэйхсверавец другому,– чаго толькі не дазваляе сабе трыбухач!
– Пакуль мы патураем гэтаму,– сказаў другі, і абодва накінулі на твары маскі зычлівай настраёвасці – іх фатаграфавалі.
– На Лоце, кажуць, сукенка ў тры тысячы марак,– сказала кінаактрыса Гогенцолернаваму прынцу, з якім танцавала.
Лота была жонка тытулаванага і магутнага прэм'ер-міністра, які святкаваў сваё саракатрохгоддзе, як казачны прынц. Лота была правінцыйная акторка і лічылася добрай, сціплай, шчыранямецкай жанчынай. У дзень вяселля казачны прынц загадаў пакараць смерцю двух пралетарыяў.
Прынц Гогенцолерн сказаў:
– Такой раскошы мая сям'я ніколі сабе не дазваляла... Калі ж, нарэшце, высокая пара зробіць гонар паявіцца? Наша чаканне таксама мае межы!
– Лотхен ўмее падаць сябе,– дзелавіта сказала колішняя сяброўка маці краіны.
Несумненна, свята ўдалося: усе госці, як ганарова запрошаныя, так і тыя, што заплацілі па пяцьдзесят марак, каб пабыць на бале, адчувалі гэта. Танцавалі, балбаталі, фліртавалі; захапляліся сабою і іншымі, але найбольш уладай, якая спрамагаецца ладзіць такія дарагія пышнасці. У ложах, кулуарах, у буфетах з горамі ежы і пітва кіпелі гутаркі. Пра туалеты дам, пра багацце таго ці іншага магната, пра прызы ў розыгрышы дабрачыннай латарэі: самы каштоўны прыз, казалі, была свастыка з брыльянтамі, рэч занадта мілая і дарагая, каб насіць яе замест брошкі альбо як падвеску на дарагое калье. Дасведчаныя бажыліся, што будуць і адмысловыя забаўныя суцяшальныя прызы, напрыклад, танкі і гарматы з любекскага марцыпану, ну, як жывыя. Некаторыя дамы какетліва заяўлялі, што такія салодкія прылады смерці ім больш па душы, чым сама свастыка. Смяяліся радасна і сардэчна. Прыглушана абгаворвалі палітычныя матывы мерапрыемства. Кінулася ў вочы, што дыктатар адмовіўся прыехаць, што многіх відных партыйцаў не запрасілі і што, наадварот, нездарма, відаць, запрасілі так многа персаналіяў з княскіх сем'яў. З гэтай прычыны папаўзлі ўсялякія нашаптам перадаваныя цёмныя і поўныя падтэксту пагудкі. Хадзілі апошнія навіны і пра здароўе дыктатара; іх абмяркоўвалі ціхама і заўзята як у коле замежных журналістаў і дыпламатаў, так і сярод вайскоўцаў і прамыслоўцаў.
– Значыцца, усё-такі, відаць, рак,– паведаміў, прыкрываючы хусцінкай рот, нехта з англійскай прэсы свайму парыжскаму калегу.
Але відавочна даў пудлу: П'ер Ляру, агідны, падступны карлік, з вялікім апломбам нешта плёў пра гераізм, пра прыгожа уніфармаваных хлопцаў новай Германіі. Зрэшты, ён не быў ніякі не журналіст, а проста багаты чалавек, які папісваў усялякую лухту пра грамадскае, літаратурнае і палітычнае жыццё еўрапейскіх сталіц з адзіна важнай для яго мэтай – заводзіць знаёмствы са славутасцямі. Гэты паскудны гном, з вострым тварыкам і віскатлівым голасам старой хваравітай дамы пагарджаў дэмакратыяй уласнай краіны і кожнаму, хто хацеў яго слухаць, тлумачыў, што Клемансо нікчэмны прахвост, Брыян круглы ідыёт, а любы – вазьмі кожнага! – высокапасадны чыноўнік з гестапа для яго паўбог, а вярхушка новагерманскага рэжыму – сонмішча беспахібных небасельцаў.
– Які смурод вы тут разводзіце, мой пане! – Гном глядзеў спалохана і зласліва; яго голас шабуршаў, як апалае лісце.– Стан здароўя фюрэра як нельга больш выдатны. Ён толькі крыху прастудзіўся.– Здавалася, нікчэмнае пудзіла зараз пабяжыць і данясе куды трэба.
Англійскі карэспандэнт занерваваўся, паспрабаваў выкруціцца:
– Мой італьянскі калега даверліва намякаў...
Але захлюстаны заўзятар туга нацягненых мундзіраў строга абарваў:
– Годзе, мой пане! І слухаць не хачу! Усё гэта беспардонны паклёп!... Прабачайце,– дадаў крыху лагодней,– мне трэба павітацца з балгарскім экс-каралём. З ім прынцэса Гесэнская, я пазнаёміўся з яе вялікасцю пры двары яе бацькі ў Рыме.– І пабег, склаўшы на грудзях бледныя, вострыя рукі, з выразам ханжаскай інтрыгі на твары.
Англічанін прамармытаў яму ўслед:
– Dammned snob.
Па зале прайшоў рух, пошум: увайшоў міністр прапаганды. Сённяшнім вечарам яго тут не чакалі, усе ведалі пра яго нацягненыя адносіны з тоўстым юбілярам, які, зрэшты, яшчэ не прыехаў, відаць, каб сваймy ўваходу надаць большага эфекту.
Міністр прапаганды – уладар дум мільёнаў немцаў – таропка пракульгаў праз экзальтаваны натоўп, які схіліўся перад ім. Здавалася, халадком праймала, дзе ён праходзіў. Быццам нейкае злое, небяспечнае, асамотненае і жудаснае божышча апусцілася ў ардынарнае роіва прагных да асалодаў, баязлівых і жалю вартых смяротных істотаў. Некалькі хвілінаў усё зборышча стаяла як спаралізаванае жахам. Хто танцаваў, застылі ў палётных па, спалоханыя позіркі, дагодлівыя і поўныя нянавісці адначасова, застылі на страхотлівым карліку. А той, галантнай усмешкай расцягваючы да вушэй худы, востры рот, спрабаваў крыху змякчыць і згладзіць жахлівае ўражанне, намагаўся прылагодніць і прымусіць свае глыбока-запалыя хітрыя вочы глядзець зычліва. Грацыёзна падвалокваючы кульгавую нагу, ён упадлёт ішоў праз святочна ўбраную залу, паказваючы гэтаму дзвюхтысячагаловамy збою рабоў, прыпахлебнікаў, ашуканцаў і дурняў свой фальшыва-глыбакадумны профіль драпежнай птушкі. Хітра ўсміхаючыся, ён прашмыгнуў міма групы мільянераў, паслоў, ваенных і кіназорак. Каля каго ён спыніўся, быў дырэктар Гендрык Гёфген, дзяржаўны саветнік і сенатар.
Яшчэ адна сенсацыя! Дырэктар Гёфген належаў да несумненных фаварытаў прэм'ер-міністра і генерала авіяцыі, які правёў у крэсла кіраўніка дзяржаўных тэатраў свайго вылучэнца насуперак волі міністра прапаганды, які пасля доўгай і зацятай барацьбы быў вымушаны паступіцца сваім уласным пратэжэ, паэтам Цэзарам фон Мукам. І вось цяпер ён дэманстратыўна ганаруе крэатуру свайго ворага асабіста, вітаецца, гутарыць. Ці не хоча падступны майстар прапаганды гэтым самым паказаць міжнароднай эліце, што ніякіх інтрыгаў і нязгодзіц сярод стаўпоў германскага рэжыму няма і што чуткі пра звады паміж шэфам рэкламы і генералам ад авіяцыі – не больш як пошлыя анекдоты? Альбо, можа, сам Гендрык Гёфген – адна з найбольш папулярных асобаў сталіцы – са свайго боку, быў аж такі тонкі хітрун, што здолеў прапхнуцца ў прыяцелі і да міністра прапаганды, і да генерала авіяцыі – прэм'ер-міністра? Ці не разыгрываў ён канкурэнтаў аднаго супроць другога, каб пратэжыравацца абодвума адразу? З яго легендарным спрытам – ніякага дзіва...
Усё гэта страшэнна цікава! П'ер Ляру толькі глянуў на былога караля Балгарыі і тут жа патрухаў праз залу – змецены сваёй цікаўнасцю, як пёрынка ветрам – каб паглядзець сенсацыйны рэнкантрэ зблізку. Сталёвыя вочы Цэзара фон Мука недаверліва звузіліся, мільянерка з Кёльна пажадліва застагнала ад асалоды, стаўшыся сведкаю такой незвычайнай падзеі. Тым часам фраў Бэла Гёфген, маці вялікага чалавека, усім, хто стаяў паблізу, ласкава і шчырадайна ўсміхалася, нібыта хацела сказаць: мой Гендрык вялікі, а я – ямy богам дадзеная маці. Не, не, не трэба гнуцца ў каленях. І ён, і я – мы ж таксама з плоці і крыві, хоць, вядома, ва ўсім астатнім не такія, як усе людзі.
– Як пажываеце, мой дарагі Гёфген? – прыветліва ўсміхаючыся, спытаўся міністр прапаганды ў дырэктара.
Дырэктар таксама заўсміхаўся, але не тое каб ужо і да вушэй, а стрымана, здавалася, як бы нават гаркава.
– Дзякую, гер міністр!
Ён гаварыў ціха, крыху пявуча, але вельмі акцэнтавана. Міністр усё яшчэ не выпускаў яго рукі са сваёй.
– Магу я спытацца пра здароўе вашай фраў жонкі? – сказаў.
І тут ужо яго высокі суразмоўца мусіў напусціць на сябе сур'ёзу.
– Сённяшнім вечарам ёй трошкі нездаровіцца,– адказаў ён, выпускаючы руку сенатара і дзяржаўнага саветніка.
А той спагадліва:
– О, вельмі шкада.
Натуральна, ён ведаў – як, зрэшты, і ўсе ў гэтай зале,– што жонка міністра прапаганды ўся звялася, духоўна і фізічна, ад зайздрасці да жонкі прэм'ер-міністра. А як што сам дыктатар быў нежанаты, дык вянчаная жонка шэфа рэкламы выбілася ў першыя дамы рэйха, і гэтую богаспадобную функцыю яна выконвала прыстойна і з годнасцю, чаго не мог бы аспрэчыць нават яе смяротны вораг. А тут выплыла нейкая Лота Ліндэнталь, сярэдняй рукі актрыска – ужо і не першай свежасці,– і прыбрала замужжам ахвочага да бляску таўстуна. Жонка міністра прапаганды не апісаць, як пакутавала. Гэта ж трэба! Аспрэчваецца яе права на ролю першай дзяржаўнай дамы! Наперад прадзіраецца другая! З камедыянткай цацкаюцца так, быццам уводзяць культ уваскрэслай каралевы Луізы! Не дзіва, што кожнага разу, калі нешта ладзілася ў гонар Лоты, шэф-рэкламіха так моцна злавалася, што тут жа даставала мігрэні. Вось і сёння ўвечары яна засталася ў ложку.
– Вашай фраў жонцы было б тут, вядома, прыемна.– На твары ў Гёфгена ўсё яшчэ заставаўся выраз урачыстасці. У словах не было ніякай іроніі.– Шкада, што фюрэру давялося адмовіцца. Англійскі і французскі паслы таксама не змаглі прыбыць.
Гэтымі словамі, сказанымі самым мяккім тонам, Гёфген выдаваў свайго сапраўднага сябра і патрона – прэм'ер-міністра, якому быў абавязаны ўсім сваім поспехам,– раўнівага міністра прапаганды трэба было на ўсякі выпадак мець у запасе.
Спрытны кульгавец давяральна спытаўся, не без пагарды:
– А як тут настрой увогуле?
Дырэктар дзяржаўных тэатраў адказаў стрымана:
– Здаецца, усім весела.
Абодва высокія саноўнікі прыцішылі голас: вакол іх стаўкліся цікаўныя, збегліся і фатографы. Гарматная фабрыканціха шапнула П'еру Ляру, які ў захапленні паціраў на грудзях бледныя кашчавыя рукі:
– Наш адміністратар і міністр, праўда ж – цудоўная пара? Абодва такія значныя асобы! І абодва такія прыгожыя!
Яна ціснулася сваім пышным, упрыгожаным бюстам да кволага цельца карліка. Далікатны гальскі нізкапаклонец германскага гераізму, статных маладзёнаў, фюрэравых ідэй і высокіх арыстакратычных імёнаў спалохаўся задышлівай блізкасці аж такой ёмістасці жаночай плоці. Ён паспрабаваў адсунуцца, шчабечучы:
– Exquisit! Вельмі charmant! Непараўнальна!
Рэйнландка ўрачыста настойвала:
– Наш Гёфген – гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай – ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ, калі во-о-о такім хлопчыкам бегаў.– І яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынных распродажах ягоную маці.– Цудоўны юнак! – сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.
Гендрыку Гёфгену можна было б даць гадоў пяцьдзесят; але было яму толькі трыццаць дзевяць – неверагодна малады для такой высокай пасады. Бледны твар з акулярамі ў рагавой аправе выяўляў той каменны спакой, які ўмеюць напускаць на сябе нервовыя і вельмі славалюбныя асобы, ведаючы, што за імі назіраюць збоку. Голы чэрап быў самай высакароднай формы. На аплылым, бледна-шэрым твары кідалася ў вочы перанапружаная, чуллівая і пакутлівая рыса, якая прабягала ад высока ўскінутых светлых броваў да запалых скроняў; апрача таго кідкія абрысы моцнага падбародка, які ён насіў ганарыста прыўздзёрта, так што прыгожая лінія паміж вухам і падбародкам толькі падкрэслівала адвагу і ўладарнасць. На шырокіх і бледных вуснах застыла шматзначная, адначасова пакеплівая і як бы ахвочая да спагады ўсмешка. За вялікімі люстранымі шкельцамі акуляраў ягоныя вочы мала калі можна было разгледзець: а калі ж,– дык адразу было відаць, што яны, пры ўсёй сваёй пільнасці, былі халодныя, як лёд, і пры ўсёй меланхалічнасці – жорсткія і калючыя. Гэтыя з зеленавата-шэрым адлівам вочы нагадвалі каштоўныя камяні, вельмі каштоўныя, якія, аднак, прыносяць няшчасце; і разам з тым нагадвалі прагныя вочы злой і небяспечнай рыбіны.– Усе дамы і большасць мужчын прызнавалі, што Гендрык Гёфген быў не толькі значны і надзвычай спрытны, але і варты подзіву, прыгожы мужчына. Па яго сабранай, з усвядомлена разлічанай прывабнасцю амаль застылай паставе і дарагім фраку можна было бачыць, што ён быў адназначна тлуставаты, асабліва ў вобласці клубоў і задняй часткі.
– Зрэшты, я павінен павіншаваць вас з вашым Гамлетам, дарагі мой,– сказаў міністр прапаганды.– Фантастычнае дасягненне. Нямецкая сцэна можа ганарыцца вамі.
Гёфген крыху схіліў галаву, злёгку прыбраўшы да грудзей прыгожы падбародак: пад высокім бліскучым каўняром адкрыліся складкі шыі.
– Хто не можа справіцца з Гамлетам, той не варты называцца артыстам.– У голасе прагучала элегантная сціпласць.
Міністрy заставалася толькі канстатаваць:
– Вы сэрцам прачулі ўсю трагедыю.
Незвычайнае ўзрушэнне прабегла па зале.
У вялікіх сярэдніх дзвярах паявіліся генерал авіяцыі і яго жонка, былая актрыса Лота Ліндэнталь: бура воплескаў і гром воклічаў прывіталі іх. Праз людскі калідор, з якога несліся крыкі захаплення, велічна ступала светлазорная пара. Ніводзін цар ніколі не меў такога шыкарнага выхаду. Энтузіязм, здавалася, ліўся цераз берагі: кожны з дзвюх тысячаў экзальтаваных гасцей як мага гучнейшым крыкам і воплескамі хацеў засведчыць іншым і прэм'ер-міністру асабіста, што ён шчырым сэрцам прымае свята саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра, нацыі і дзяржавы. Крычалі: «Гох!», «Хайль!» і «Віншуем!». Кідалі кветкі, якія фраў Лота лавіла з грацыёзнай годнасцю. Аркестр граў вялікі туш. Міністр прапаганды пазелянеў ад злосці і нянавісці; але на гэта ніхто не звярнуў увагі, можа, акрамя толькі Гендрыка Гёфгена. Гэты стаяў нерухома: ён чакаў свайго патрона ў сабранай, вабна стрункай паставе.
Заключалі пары – у якіх фантастычных строях гэтым разам з'явіцца таўстун. А таго акyрат собіла пакакетнічаць аскетызмам, і ён уразіў грамадскасць вельмі сціплым уборам. Бутэлечна-зялёная літоўка на ім глядзелася амаль як строгага крою хатняя куртка. На грудзях блішчала толькі зусім невялікая срэбраная ордэнская зорка.. У шэрых штанах яго ногі – звычайна ён хаваў іх пад доўгім поламі плашча – здаваліся асабліва магутнымі: быццам дзве калоны, на якіх ён паволі рухаўся. Каласальныя памеры і манстрозная таўшчэзнасць нібыта створаныя былі дзеля таго, каб наганяць на ўсіх жудасць і багавейную пашану – прынамсі, смяяцца з яго нікому рызыкі не ставала: у самага адважнага смех застываў у горле, калі ён уяўляў сабе, колькі крыві пралівалася па кожным кіўку гэтага мяса-сальнага монстра і колькі яшчэ пральецца ў яго гонар. На кароткай, мясістай шыі яго масіўная галава здавалася як бы аблітай чырвоным сокам: галава Цэзара, з якое злупілі скуру. На гэтым твары больш не было нічога чалавечага – нешта бясформнае з сырога мяса.
Прэм'ер-міністр велічна праносіў праз распраменены натоўп свой трыбух, велізарны выгін якога пераходзіў у грудзі. Прэм'ер-міністр выскаляўся.
Яго жонка Лота не выскалялася, яна раздорвала ўсмешкі,– ну, чыстая каралева Луіза, з галавы да ног. І яе сукенка, каштоўнасць якое склала прадмет дыскусіі дам, была пры ўсёй пампезнасці простая: гладка абцяканая, з блішчастай срэбнай тканіны, яна плаўна пераходзіла ў па-каралеўску доўгі шлейф. А брыльянтавая дыядэма на залаціста-жоўтых валасах, перлы і смарагды на грудзях сваёй вагой і бліскучасцю перабіралі ўсё, чым толькі яшчэ можна было пазахапляцца на гэтым раскошным раўце. Грандыёзныя каштоўнасці правінцыйнай актрысы цягнулі на мільёны: гэтым яна была абавязана галантарэйнасці свайго сужэнца, які ахвотна бічаваў у публічных прамовах пышналюбства і карумпаванасць рэспубліканскіх міністраў і бургамістраў, і вернасці некалькіх забяспечаных і вылучаных падданых. Фраў Лота ўмела прымаць такія знакі ўвагі з грацыёзнай прастатой і з той непрэтэнцыёзнай палкасцю, якая прыносіла ёй славу наіўнай і мацярынскай, вартай шанавання жонкі. Яна лічылася бескарыслівай, непадкупна чыстай. Яна ўвасобіла ў сабе ідэал нямецкай жанчыны. У яе былі вялікія, круглыя, крыху выпуклыя каровіныя вочы вільготна-прамяністага блакіту; прыгожыя русыя валасы і снежна-белыя грудзі.
Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсматая – што зробіш, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных колаў – праўда, тым не меней яўрэі касякамі валілі ў канцлагеры. Называлі яе добрым анёлам прэм'ер-міністра; а тым часам пачвара не падабрэла ад яе заступніцтва. Адной з яе самых славутых роляў была лэдзі Мілфорд з шылераўскіх «Падстyпства і кахання»: утрыманка магута, якая ўжо больш не пераносіла бляску каштоўнасцяў і блізкасці князя, як даведалася, чым аплачваліся тыя каштоўныя камяні. Выступаючы ў дзяржаўным тэатры апошні раз, яна іграла Міну фон Барнгэльм: яна яшчэ раз дэкламавала, перш чым перабралася ў палац генерала ад авіяцыі, радкі паэта, якога яе муж і ягоныя прысцяжныя крэатуры цкавалі б і пераследавалі, калі б ён жыў сёння ў Германіі. Пры ёй абмяркоўвалі самыя жудасныя таямніцы татальнай дзяржавы: яна па-мацярынску ўсміхалася. Раніцай, калі яна какетліва падражнівала мужа, заглядваючы яму цераз плячо, яна бачыла перад ім на пісьмовым стале ў стылі рэнесанс смяротныя прыгаворы – і ён падпісваў іх; а ўвечары яна ўжо дэманстравала свае белыя грудзі і залацістую прычоску на оперных прэм'ерах альбо за прыгожымі сталамі выбраных, што былі ўдастоеныя знаёмства з ёю. Яна была недатыкальная, ніякіх нападак; бо нічога не падазравала, бо была сентыментальная. Яна думала, што ўсё гэта ад любові народа, калі дзве тысячы славалюбцаў, прадажнікаў і снобаў рабілі столькі гвалту ў яе гонар. Яна ішла праз гэты бляск і раздорвала ўсмешкі – больш яна нічога ніколі не дарыла. Яна на поўным сур'ёзе думала, што сам бог ёй удабразычыў, даўшы аж столькі каштоўнасцяў. Недахоп фантазіі і розуму бараніў яе ад думак пра будучыню, якая, магчыма, будзе мала падобная на гэтую прыгожую цяпершчыну. Ужо тое, як яна ступала, падняўшы галаву, аблітая святлом і агульным захапленнем, не дапускала ў яе сэрца ніякага сумнення ў трываласці гэтай чарадзейнай казкі. Ніколі – так яна думала ўпэўнена – ніколі не праміне гэты бляск; ніколі замучаныя не спомсцяцца, ніколі цемра не праглыне яе.
Усё яшчэ гралі туш, гэтак жа гучна і бездакорна; усё яшчэ доўжыўся лямант ушанавання. Тым часам Лота і таўстун наблізіліся да міністра прапаганды і Гёфгена. Трое мужчын нядбала падкінулі рукі, што мела азначаць цырымонію прывітання. Пасля Гёфген з сур'ёзным і ўнутраным смехам схіліўся над ручкай вялікай дамы, якую ён часта ціскаў на сцэне... І вось яны стаялі тут, аддадзеныя палючай цікаўнасці выбранай публічнасці: чатыры волаты гэтай краіны, чатыры трымальнікі ўлады, чатыры камедыянты – шэф рэкламы, спецыяліст па смяротных прысудах і бамбавозах, замужняя сентыменталка і пусты інтрыган. Выбраная публічнасць назірала, як таўстун паляпаў гера дырэктара па плячы, аж хрyснyла, і з нейкім парасячым смехам спытаўся:
– Ну, як пажываеш, Мэфіста?
З эстэтычнага гледзішча сітуацыя была для Гёфгена выйгрышная: побач з шыракамеснай парай ён глядзеўся статна, а побач са скасабочаным рэкламным карлікам – росла і станіста. Зрэшты, яго твар, якім худым і фатальным ён ні быў, ствараў нейкую пацешлівую процілегласць тром астатнім тварам вакол яго: з пачуццёвымі скронямі і моцным падбародкам ён удаваў на аблічча чалавека, які пажыў і папакутаваў; а твар ягонага заступніка быў расплылай маскай; а ў сентыментальнай – мордачкай поўнай дурноты, а ў прапагандыста – скукшанай храпай.
Сентыменталка са шчырадушным позіркам сказала інспектару, да якога яна насіла ў грудзях тайную – ну, хай і не такое ўжо тайную – сімпатыю:
– Я ж вам яшчэ і не казала, Гендрык, у якім захапленні я ад вашага Гамлета.
Ён моўчкі паціснуў ёй руку, падступіўшыся пры гэтым на крок бліжэй да яе, і зрабіў спробу паглядзець на яе гэтак сама душэўна, як яно ў яе ішло само па сабе ад прыроды. Спроба не ўдалася: яго рыбіныя вочы не былі здольныя на пяшчотную цеплыню. Таму ён зрабіў сур'ёзны, амаль нават крыху злосны, афіцыйны твар і прамармытаў:
– Я хацеў бы сказаць колькі слоў,– і павысіў голас, у якім быў яркі, бездакорна пастаўлены металёвы тон, чутны і зразумелы амаль ва ўсіх кутках залы.– Гер прэм'ер-міністр! Вашы светласці, эксэленцы, мае дамы і панове! Мы гордыя – так, мы ганарымся і радуемся, што гэтае свята сёння ў гэтым доме мы можам правесці з вамі, гер прэм'ер-міністр, і з вашай цудоўнай жонкай...
На першым яго слове ажыўленая гаворка двухтысячнай зборні абмоўкла. У поўнай цішыні, у цнотнай нерухомасці ўсе слухалі доўгую, патэтычную і пошлую віншавальную прамову, якую казаў дырэктар, сенатар і дзяржаўны сакратар свайму прэм'ер-міністру. Усе вочы былі на Гендрыку Гёфгене. Усе захапляліся ім. Ён быў ад улады. Ён быў саўдзельны яе лоску – пакуль лоск трымаўся. З яе прадстаўнікоў ён быў адзін з самых вытанчаных і ўвішных. Яго голас вытачаў з нагоды сорак трэцяй гадавіны яго гаспадара самыя ашаламляльныя нюансы. Ён падняў падбародак, вочы свяціліся, ашчадлівыя і смелыя жэсты былі прыгожыя і ўрачыстыя. І ён старанна пазбягаў простых слоў. Скальпаваны Цэзар, шэф рэкламы і тая каровінавокая, здавалася, за тым толькі і сачылі, каб з яго вуснаў плыла толькі хлусня і нічога апрача хлусні: гэтага патрабавала нейкая тайная змова, якая павязала ўсіх як у гэтай зале, так і ва ўсёй краіне.
Ужо калі ён у бравурна ўзнёслым тэмпе набліжаўся да канца прамовы, адна прыгожанькая, амаль яшчэ дзіця, мілавідая дама – жонка вядомага кінарэжысёра,– якая сціпленька стаяла ў глыбіні залы, шапнула сваёй суседцы:
– Калі ён закончыць, трэба будзе падысці і паціснуць яму руку. Фантастыка! Я даўно яго ведаю, яшчэ з Гамбурга. Вясёлы быў час! І якую ж кар'еру зрабіў чалавек!
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=129 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Мэфіста
Для друку / Васіль Сёмуха