Літаратура.org » Васіль Сёмуха » Юльян Тувім, Польскія кветкі

Польскія кветкі

Юльян Тувім — Польская — Васіль Сёмуха

 

                                                                       Жонцы

 

                                   І разьлятаецца зоркамі прах…

                                                                 Ю. Славацкі

 

                                        И всюду страсти роковые

                                        И от судеб зашиты нет…

                                                                        А. Пушкин

 

 

            ПЕРШАЯ ЧАСТКА

 

            Першы  разьдзел

 

І

Букеты ў вёсках, як вядома,

Вязалі ўгору, крута, строма,

Па колеры -- алтар нібыта,

А формай – сэрца ці палітра.

Зь яе ўсе фарбы розных красак

Браў шчодра геній багамазаў,

Ну, скажам, з Равы ці зь Відзэва

Наш Рафаэль; -- у гонар Дзевы

Пачуцьці плёў (няхай квяткаста,

Але душэўна) сельскі майстар.

Я не пра венікі, што ў вазах

Стаяць пыхліва на тэрасах,

Не пра снапы зь любога зельля,

Не пра падробкі з воску, пер’я

І не пра тую стракацізну,

Што носяць, як свае даброты,

Ў знак польскасьці, патрыятызму

Старыя пані, жрыцы цноты;

Я пра букеты з густам, ладам,

З глыбокай думкаю і складам,

Што з кветак сельскіх, з кветак волі,

А не сталічнае гадоўлі

Зь іх ганарліва пышным шыкам –

Пра тыя, ўвязаныя лыкам

Рукой садоўніцкай шурпатай,

Парэпанай, каструбаватай.

Глядзі: як жменяй прапускае

Сьцябельцы дзядзька, прыціскае,

Кладзе па каліўцы, былінцы,

Кладзе па красачцы, галінцы,

Як на прутках, на пальцах вяжа

І кукліць веер прыгажосьці!

Дзе што прыцьміць, аздобіць штосьці,

Здаровы густ яму падкажа,

Бо ўсё з-пад броваў бачаць вочы;

І склаўшы, сплёўшы, так жа звыкла

Ён адгрызае лішак лыка…

Маўчун суровы – геній творчы…

 

Бач: выбраў і прымерыў вокам,

Прыладзіў спрытна пальцам збоку,

Падціснуў лычкам, паднатужыў:

Букет адразу ўзнаравіўся,

Шапнуў марунай, крыкнуў ружай,

Пасьля ўздыхнуў і ўгаманіўся.

Садоўнік пальцамі пашморгаў,

Прабегся, як па клавікордах –

Зноў пералівы і пасажы;

І раптам – шах! нажніцы! З хрустам

Абцята лішняя распуста,

Што аж самлелі кветкі нашы,

І ў страху сьцепнуліся грады,

І жах напаў на люд стракаты,

А майстар – пырсь вадой! О Божа,

Як зноў ачулася раскоша!

 

Букет мы трошкі паварушым,

Апішам кветкі. Возьмем ружы.

Ды не кармінныя пяшчоткі,

Сярод якіх красуюць музы –

Багіні шчасьця і спакусы, --

Не касьметычныя какоткі,

Што – стан павеўны, лісьцік шорсткі,

Карал, загорнуты ў пялёсткі,

Ня любамудрыя “іспанкі”,

Што лепш за ўсё руйнуюць замкі,

Сьвятой нявіннасьці дзявочай, --

Зірні і зноў заплюшчы вочы:

Рубіны блякнуць перад імі!

Якраз з красунямі такімі

І заўчашчаў гулец у покер,

Лавандай шмараваны вогір,

Фарсун – да здатнай, непамыснай

Панны Анэлі, смутнай, чыстай.

Сама – як цацка, станік гнуткі,

Ядвабная, у банцік губкі, -

Яна пасьля шчадрот каньячных,

Пасьля ванільнай моцнай кавы

Прымала часта жар ласкавы

Альфрэдавых цалункаў смачных.

Анэля-красачка, ўтрыманка,

Скакала на сталічнай сцэне.

Заходзіў часам (“па натхненьне”),

Апроч згаданага каханка,

Паэт адзін, што меў турботы

Праз кішаньковыя сухоты.

Ён і цяпер тут: закаханы

У ружу ўпіўся вокам п’яным,

За чаркай чарчыну куляе

І ліхам бельмы залівае.

Ён знае: заўтра ці праз тыдзень,

А дзень наканаваны прыйдзе,

І ён заб’е сваю Анэльку –

І п’е каньяк, п’янюткі ў сьцельку.

Ён руж не бачыць, што, як раны,

Гараць пунсом на грудках панны,

На грудках пекнае каханкі

Анэлі-красачкі, ўтрыманкі…

Вось так крывавым дымам сьмерці

Дымяцца ружы ў нашым сьвеце…

Цяпер, і заўтра, і праз тыдзень

У “Адрыю”  адсюль ён сыдзе…

(І я, бывала, там абедаў

З маёй разважлівай кабетай…)

Глядзіць на нас, насупіць бровы,

Цыгарным пыхкаючы дымам,

І віскі смокча каля стойкі.

Я ў дыме бачу бляск барвовы,

І ноч гучыць п’янчужным гімнам…

Шмат розных ружаў. Вой, іх колькі!

 

Букецік сельскі: як вядома,

Усё ў ім сьціпла, ўсё ў ім -- дома;

Такія ружы на выставе

Не назаляюцца Варшаве,

І ўжо ж адна перад адною

Не фанабэрацца красою,

Ня маюць розных там амбіцый,

Ані прэтэнзій на сталіцы,

Жывуць бяз крыку, пыхі, строга,

Зь сябе ня строячы нічога;

Як нешчасьлівыя сяброўкі,

Сядзяць, панурыўшы галоўкі,

У безнадзейным незамужжы

Вясковыя красуні ружы:

Зірне каторая нясьмела

Ды знованькі на месца села.

Ёсьць і зь цяпліц перасяленкі:

Кукласта-нізкія, густыя,

З пылочкам жоўтым ад тычынак –

Акраса вабная ў дзяўчынак

І бяз букета! Вось якія!

А пахнуць – як вада у Лодзі

Ў сьвяточны дынгус на Пётркоўскай*

Ці ўсьмешка Зосі Апанхоўскай

У бурным тым вадавароце.

Дзе ж сёньня ты, паненка-зьнічка,

Мая вясёлая дзяўчына

З касой тугою за плячыма,

Былінка, ягадка, пшанічка,

Прапахлая мядком васковым

І ветрам зь ніў раскрасаваных,

Нядзелькай ранішняй вясковай,

Калі у блузках вышываных,

Андараках на белых гальках,

Усе ў карунках і ў каральках

Узбоч гасьцінца сьцежкай зь сёлаў

Ідзе чародка да касьцёла

Дзяўчатак босых, чаравічкі –

Цераз плячо! Гасподзь вялікі!—

Іх вочы – сінь азёраў польскіх,

Валошка зь нівак інаўлодзкіх!

А лугавінаю наўкола

Ужо ў туман убраўся золак.

Я прытаміўся і, прысеўшы

На вываратні каля сьцежкі,

Бурштынавай жывіцы пасмы

Дубцом выцягваю, як ніткі;

Лес, кветкі – ўсё, бы ўвачавідкі!

Заплюшчу вочы – ах! Дзяўчатак босых

О, дзе ж вы, дзе ж вы тыя косы?

Парвана нітка… Страціў рыфму…

Дзе пругкі рытм?

                              “Клубамі дыму

Хай засланюся я”*… І ў сьлёзы.

 

Дробнамяшчанскі сімвал раю –

Ня ружы – ружкі прыгажосьці:

Ваш кволы колер параўнаю

З разбаўленай настойкай. Штосьці

Ў іх ад баршчу і ад малінаў,

Што разрасьліся між руінаў,

Дзе друз, дзе цэгла і анучы

Грувасьцяцца ў апоўзлай кучы,

Дзе з вапняку сьлюдзянай іскрай

Валун на сонейку забліскаў

(Пад ім заўсёды сыра, сьлізка,

Мурашак паніка; калыска

Прыродная маіх багацьцяў, --

Тайнік дзіцячых скарбаў, шчасьця!);

Дзе чаравік ляжыць зубаты

І горшчык, выкінуты з хаты,

Дзе да цыкорыяў нябескіх

Чародка пажаў каралеўскіх –

Патомства ластаўчыных дзетак—

Зьлятае ў рай блакітных кветак,

Зноў пырх угору! Лёт старанны

На сьвечку жоўтае дзіванны;

Дзе высыпаны клёпкі з цэбра,

Старыя гонты, попел, рэбры

Ці то каровы, ці то клячы,

Абветраны шкілет сабачы,

Асколкі ўсякіх пляшак бітых,

Памыйным шчолакам абмытых

(У шкельцы гэтым – сьвет вясёлы!),

Дзе абады з старых калёсаў,

Дзе зельле дыбіцца хаосам,

Дзе крапіва для лытак голых

І дзе дубцом, як ятаганам,

Я сек расьлінны зброд паганы –

Вось там адвеку, па-за хатай

Рос куст маліны, сам ня ведаў,

Якім сюды загнаны ветрам,

Ды рос, трываў і сьлёз багата

Праліў малінавых… Ну, словам,

У ружы сьціпленькай вясковай

Штось ад маліны, штось ад ракаў,

Ад буракоў – як кот наплакаў,

Ад памідораў… Ну, а рэшта –

Недачырвоненае нешта.

 

Садоўнік, чулы да гармоніі,

Да сілы фарбаў яркай кветкі –

Дадаў да руж крыху рэзедкі.

Паэт наторкаў бы ляўконій

Альбо півоняў, пеларгоній,

Як гэта любіць ён у кнігу

Напстрыкаць лёстачак для слыху,--

Тут, скажам, рыфмаў да “гармоніі” –

А той, квяцістай флоры знаўца,

Пра колер дбаў у кожнай траўцы,

Цаніў гармонію на вока,

І, як па-свойму ў ружах петрыў,

Так і раскладваў тыя сьпектры,

Бо як што чырвань руж густая

Баршчом завельмі адлівае

(Глядзі вышэй – не паўтару ўжо!),

Дык зелень тут якраз і сядзе

У тон і ў добрае суладзьдзе,

Інакш і ружа ўжо ня ружа…

Пісаць пра зелень – не апішаш,

Нібы праз шкліну цукар ліжаш

(Глянь: “Зелень”, бо не паўтару ўжо!),

Але ж пяру няма ўгамону

(Год ня пісаў, карціць задужа!),

Дык рэзедой надам я тону.

 

Як боршч у параўнаньні з ружай

Дае ўяўленьню вобраз пэўны

Вясковай кветкі-каралеўны,

Так байстручкі ігруш садовых

Гнілыя дзічкі -- рэзедовы

Даюць нам вобраз: гніль рудая,

А вось жа смаката якая!

Ты бачыў бронзу? – Бранзатою

На колер, нібы цукру грудка,

У каву ўмочаная хутка,

Нібы пасыпаная ржою

Ці цёртай цэдрай з апельсіна.

Расьце – расьліна як расьліна,

Ня мох, ня губка, ўся на порах –

Ах, нейкая неперабора.

Глядзіш і думаеш: тут недзе

Ёсьць царства вечнае макрэдзі

З травой гнілой на рыжай жыжы –

Ля яра сажалка ў Закшыжы…

Адсюль і ўяўная загана:

Глядзіцца кветачка пагана.

(Даруй, батанік, што бяз ладу

Я ганьбы даў расьліне з саду.)

А пах! Ды хто ж той пах апіша,

Якога ў кветцы нават лішак,

Дзе слоў знайсьці і выкрунтасаў?

З якіх сфасоніць перыфразаў

Мне вобраз паху сьціплай кветкі?

Мазгі ссушу, а вобраз гэткі

Не апішу, любыя словы

Дадуць вам вобраз памылковы –

Вось-вось, здаецца нам, ён блізкі,

Трапечацца, як хвост у пліскі,

Альбо аса, калі сядае –

Але ж схапі! Прычына тая,

Што, толькі нюхаючы траўку,

Ты знаеш ісьціную праўду.

Вазьмі язьмін. Хоць плюшчы вочкі –

Язьміннасьць белая, густая,

І бляскам цепляцца лісточкі,

Пупышкі – бы ў гнязьдзе яечкі,

Ў густым кустоўі каля рэчкі!

Панюхай толькі, мае дзеткі,--

І ты спазнаеш водар кветкі!

А ружа пахне адмысловей –

Сабе й дурной тваёй пярсоне

(Яшчэ й сяброўкам, ружам-сёстрам,

Якія пахнуць дужа востра),

Сама ў сабе і ў сквары лета –

Вось вам  і пашпарт гэтых кветак.

Яна ў пакоі і на градах,

Сама расказваць будзе рада,

Калі адпросіць хоць на продых

У летняй сьпёкі прахалоды.

Душу разгорне, расхінецца:

Павее ў хату праз акенца

Найлепшы сябар кветак – ветрык,

І пах пралье з ружовых метрык!

Як незабудак пахне бісер

У паліванай чорнай місе.

А колькі грацыі ў нарцысе!—

Князь белы статнасьці і паху

Ў жабо стаіць, падняўшы шпагу!

А фразай выказаць якою

Пах мяккай мяты над ракою?!

Яна і з пастаю зубною,

І з парашком ідзе ў аптэку

Духмянай службай чалавеку

Падоўжваць век. (“Пардон, мадамкен,

Вам эліксіру? Проша, данкен!”)

Альбо падам на ахалоду

Настойкі мятнай з грудкай лёду?

А як бадзёрыць добра мята

Падчас падхмеленага брата!—

Бадай, было б незразумела,

Каб пасярэдзіне разьдзела

Пасьля аж столькіх параўнаньняў

Ня склаўся комплекс меркаваньняў

Што да таго, як пахне мята.

Хоць, можа, мой чытач і ахне,

Але бяз закусі – ня сьвята:

Ня нечым неяк пахне мята,

А тое нешта мятай пахне;

Найлепш было б сказаць канкрэтна,

Апісваць бо – бяда бядою;

Вось рэзеда, дык, адпаведна,

Заўсёды пахне – рэзедою.

 

А польскі бэз як пахнуў маем

Уздоўж Алей і ў Садзе Саскім,

З кашоў на плошчах і ў трамваях,

Зь Бялян як ехаў люд варшаўскі!

Шафёр, матор убраўшы бэзам,

На ўсю баранку з гікам рэзаў,

Вёз на “эцюды і на брагу”

Вясёлых фраераў шарагу:

Валерця – дзеўка во! Кухарка,

Гвіздальскі Юзя з вулкі Вольскай

І Буракошчак з Чарнякоўскай.

І хоць усіх чакала чарка,

Але ўтапталіся ў машыну,

Ужо напіўшыся ў дрызіну.

І трэба ж выдацца прыгодзе –

Пацалаваўся з тумбай “фордзік” –

Як бач, бяжыць (а ўсе ж пад газам!)

У форме нейкая зараза,

Інтэрас маючы к шафёру,--

Шафёр ня кідаў шапкі ўгору:

І “хай сканаю, хай сканаю

(Заўсёды два разы, я знаю),

Калі ня бэз бяды начворыў:

Пад носам пахне, як халера,

Ўся гэта ваша атмасфера –

Так замарочыла мне голаў,

Што як было ня зьбіцца з колаў!”

Паліцыянт: “Мяне пан рана

За дурня мае, проша пана,--

Пад алкаголем панства ж едзе!”

Тут крык: “Я пана маю…” (недзе!).

“Хай пан занудаю ня будзе!..”

Кухарка ў лямант: “Гвалт! Ратуйце!”

А Юзька – ў мызу, Юзьку – ў морду!

Авой, мардуюць! “Форда” – к чорту,

Кампанію – у пастарунак!

Вось вам вясновы падарунак!

Пан Вех* прыгоду ў прэсу ўладзіў*.

Здалёк з падзякай пану Веху

Я шлю паклон, але ж, крым сьмеху –

Ну, што б тут, пане мой, парадзіў?..

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

…Ах, як ты пахнуў, бэз варшаўскі,

Калі ў буяньні і ў сваволі

Прыйшла, руіны ўбраўшы ў краскі,

Вясна у першы год няволі!

Калі блакітнасьцю нябескай,

Забыўшы сорам, ты раскветніў

Сады, гародчыкі Крулеўскай

І скверык пры Тэатры Летнім,

І ты, на Жабяй, на Няцалай,

На тым пагорку па-над ставам,

Дзе птушкі ў верасьні крывавым

Апошняй песьняй лебядзінай

Жагналі ў сьмертную гадзіну
 Сваю пакутніцу Варшаву!

А не спаліў цябе ж быў сорам,

Як ты буяў над нашым горам!

Маўчы пакуль! Суймі пахошчы!

Бо мне цяпер казыча ноздры

Халодны пах твой, мокры, востры,

На ўлоньні вызваленай Польшчы!

Якія залпы кветак громам

Удараць зь веснавога вецьця,

Зь зялёных, выядраных гронак –

Мацней за ўсе гарматы ў сьвеце,

Расквечаныя вецьцем бэзу,

Што ўдараць па галаварэзах,

Забойцах, вылюдках і катах,

Прахвостах, злыднях і сатрапах –

О, я ня толькі пра гестапа:

Пра “гітлероўцаў” і “расістаў”

Складаю кампліментаў сьпіс той.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

І вы, сабакі, у дзень кары

Сабачы спраўце абавязак:

Усе збрашыцеся, каб разам

Адпомсьціць за свае ахвяры,

За ўсіх, што ў будах перабілі,

Што зьніклі пад апоўзлым домам,

Што над нябожчыкамі вылі,

Лізалі руку нярухомым

Гаспадарам сваім забітым,

Людзьмі і Госпадам забытым;

За шчанюкоў, што ў змроку склепа

Яшчэ ў кашах пішчалі сьлепа;

За тых, што верылі, нібыта

Яшчэ іх служба не адбыта,

Што раз чакае друг кудлаты,

Дык прыйдзе гаспадар дахаты –

Так да апошняга, бязь сілы

Усе чакалі ля магілы;

За вочы, круглыя ад жаху,

Ад трэску, грукату, пажару;

За тых, што сховы кіпцюрамі

Выгрэбвалі ў гародах самі –

За ўсе пакуты цяжкай долі,

Што ім і вам усім прыпалі,

Браты мае, сярод развалін –

Завыйце на Сабачым Полі!

Гайнёю кручанай, шалёнай

Вазьміце сьлед ліхіх тэўтонаў,

Як пабяжыць, як пасігае,

Аберуч порткі, злыдняў зграя.

Вастрыце іклы аб руіны,

Аб косьці спаленых вастрыце,

Калі ж дагоніце,-- на сьпіны,

Кусі! За горла! Падушыце!

Грызіце зброд! Каб не ўваскрэсьлі!

Каб не пасьпелі хрыпнуць гіцлі!

У бельмы ушчаперце кіпці,

За кадыкі іх, ваўкарэзы!

Калі ж каторы мёртвы ляжа,

І ў сьмерці хай дастане помста:

Няхай парвуць іх іклы вашы,

Каб нават мацеркі прахвостаў

Знайсьці ня здолелі магіл іх…

 

Бо не знаходзілі ж і нашы

Галовак, ручак дзетак мілых…

 

            ІІ

О  вы, часы палеаліту,

А як бліжэй – часы Асірыі!

Пра-эра збытага нябыту,

Гарачка дум маіх, дэлірый!

О дапатопны, выкапнёвы

Застылы часе люду, лёсаў,--

Паноптыкуме засьцянковы

З наборам рыначных дзівосаў!

(О чарадзейнасьць тых паказаў!

Кітайскі мур, Везувій, Конга,

Венецыя, палацца дожаў,

І вынас папы – а ўсё разам

Ах, так калядна, велікодна,

Страката-колерна, прыгожа!..)

О час батлеечнага стылю!

О “Кактусы”, о “Катакомбы”,

О колішнія вадэвілі

З аматарска-жывым апломбам:

З куплетам пра аўтамабілі,

З інтрыгаю, з пракудай-цешчай,

Што забрытала зяця ў клешчы

І сьмешна так згубіла майткі,

Калі падседзеў хахаль хваткі.

Завернем з горада на дачу

Ў былой “губерні Петракоўскай”,

Бо стукнуў з дапамогай боскай

Дванаццаты; той год як бачу:

Быў год нашэсьця на Расію

Яўрэйскае буржуазіі;

Тут ня было магутных кланаў,

Тузоў у прамысловых справах –

А ўладары майстэрань, крамак,

З гешэфтам без далёкіх планаў;

Бо, скажам, з моцнае каманды:

Пшаворскія альбо Ратванды,

Пазнанскія ці Натанзоны*--

У іх свае інтэрасоны;

Яны ўсе шасталі па Рыцах,

Остэндах,  -бадах, заграніцах*,

А галайстры бядняцкай з Лодзі

І Тамашова больш чым годзе –

Туды зьязджаліся. Прытулім

У іх кагале (бо між імі

Тапталася з двума малымі –

Ірэнка, Юлік*) – пані Тувім.

А бацька ў горадзе. Рукою

Падпёршы голаў, піша, піша…

…Была там вулка ад Пётркоўскай

На павароце, дзе Рашкоўскі*

Ў “Пасажы Маера”, за ёю…

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

На сквер, якраз па той бок вулкі,

За домам “Клячкін, сын і ўнукі” –

Азоўскі банк, там у канторы

Мой бацька піша год каторы

Лісты французам, мружыць вейкі

Над доўгім шнурам лічбаў нейкіх,

І сотні тысяч горне ў краткі

Гросбухаўскіх бясконцых рубрык,

А каб падкінуць на выдаткі,

На дачу заваляшчы рублік,

Яго няма… Пазыкі зноўку…

Шаўцу плаці растэрміноўку…

А ён, бач, піша ў тоўстых “бухах”

Фартуны, ўдачы фабрыкантаў,

Каму сам лёс ужо адбухаў

Карэт, палацаў і брыльянтаў

Ды ўсякіх іншых непатрэбін.

Гадзіна дня. Устаў ад стосаў,

Дастаў люстэрка, шчотку, грэбень,

Прыгладзіў вусікі пад носам,

Паправіў валасы і бровы,

Надзеў сурдут свой часунчовы,

Капелюшок надзеў з саломы,

Пасьля кульбаку ўзяў, за сьпіну

Руку другенькую закінуў

І з банка курс бярэ дадому.

А мне бяда, а мне марока:

Адзнакі -- дрэнь, у сшытку клякса,

Яшчэ й любоў вылазіць бокам,

Яшчэ і маміна няласка.

Ляжу я з кнігай ненавіснай –

Няхай бы чорт яе быў сьвіснуў!—

Зь містычнай, з апакаліптычнай,

Зашыфраванай кнігай грэкаў –

Каб зь ёю д’ябал кукарэкаў!—

З кабалай трыганаметрычнай*.

 

Дарогай бацька з курсу верне –

Ў цукерні выйграць карамболя.

 

Ляжу. А сквар неміласэрны.

За лугам сад. Нясуцца з поля

Прыпеўкі жней. А бацька ставіць

Шары цяжкія на зялёны

Стол біліярдны. Белы, белы,

Чырвоны. Сонца голаў плавіць…

Іскрыстых зайчыкаў мільёны…

Ляжу здурэла, асавела…

Яшчэ й любоў, каб ты згарэла,

Як ад цябе цяпер гару я…

Як не ў пару ты падасьпела!..

Катангенс…Бацька кій шмаруе.

Два сінус альфа – у квадраце.

Чырвоны, белы на більрдзе…

Перад вачамі блікі, макі…

Тут засынаю я няўзнакі…

І кніга зь ценямі галінак,

Зь мігценьнем вузенькіх лісьцінак

З рук падае – рука зьвісае,

Другая цёплаю далоняй

Ад сонца вочы засланяе,--

Гамак лунае ў мяккім звоне,

Аб дрэва трэцца шнур рыпучы—

Касеканс чую тонкі восаў,

І звонкі сьпеў кляпаных косаў,

І зь лесу метраном балючы:

Тугой журботнаю наўкола

Плыве зязюльчынае сола.

І ў сетках мрояў адчуваю

Я залаты на целе тангенс

І ўжо зь Піліцаю ўпадаю

Ў сьвяшчэнаплыннасьць водаў Ганга,

Што, як вялізазны вужыска,

Рабой зязюльчынай лускою

Блішчыць над пышнаю травою,

Паўзе ў мой сон у сонме іскраў,

І сьнежна-белая, у пырсках,

Кіпіць, шумуе пена з пыска.

У гэтай далечы нялёгка!..

Вось бацька стаў, як дыяграма,

Як вугал альфа – бэта – гама,

Два сінус бэта. Мружыць вока,

Другім прымервае. Прымерыў

Ды раптам локцем як ня ўперыў

Пад зад! І разбудзіў ударам –

У шар чырвоны белым шарам,

Чырвоны зноў у белы ўцэліў;

І ў паядынку – барва ў барву,

Як шпагі, ўсе замільгацелі!

Прачнуўся я. А над лугамі,

А на траве ў раскошнай гаме

У промнях сонца – краскі лета.

Дыхнула ветрыкам, зьмяшала

Зялёна-крэмава-крывава

Усе пялёсткі яркіх кветак.

 

Садоўнік быў курэц, астматык,

І, значыць, ядушыў і перхаў,

Шчаціністы быў, сіваваты

(Ну, скажам,  як бы соль пад перцам);

Пачмыхаў ён, у вус пакахкаў,

Акінуў цераз акуляры

Сваім цікаўным вокам карым

Суладзьдзе колераў і пахаў –

Руж з рэзедою двухгалосьсе

(Фісташкі, эскімо з маліны

Сабе за параўнаньне возьмем);

Карункі казачнай лісьціны

Лясное папараці – фонам:

Суквецьце красак на зялёным.

А майстар цмакнуў папяросу,

Зірнуў на цуд квяцісты скоса,

Пакашляў зноў, рашыў букету

Фасону даць і больш імпэту,

Пасьля прыкінуў нешта хітра

І гвазьдзікоў патрэбных выбраў.

Спачатку сьнежна-белых – дзённых,

Пасьля начных – чырвоных, цёмных,

Крывавых; ці бяз страхаў лішніх –

Бардо, як высьпелыя вішні,

Калі яны ў пузатай бутлі

Пад цукрам у цягучым соку

Памалу кволяцца ў вішнёўку –

Вялікі смак! – Цадзі і дудлі!
І пах такі густы і хмельны,

Букет квяціста-бакалейны!

Калі мы злучым на хвілінку

(Уяўна!) кветкі і наліўку,--

Дасьць гэта вобраз сангварабы*;

Расьце ж бо гэта дрэва ў змроку,

Ліяна дрэва аплятае
Рубінавая, моц у соку

Таемная, калі ўзьлятае

Над ім Радомэлес* высока.

Два месяцы на год цьвіце

І ў Чорнай Афрыцы расьце…

 

Аж тут якраз падсела збоку

Унучка-красачка на ўслончык,

Нібы лілея, быццам сончык –

У губках мо залішне соку.

Дзяўчынка смутная, на тварык

Гадкоў на шэсьць.Цікуюць вочы,

Сакрэт разгадваючы творчы,--

Бо сам букет ёй – як тэатрык

З квяціста-лялечнай ігрою.

Садоўнік белага ўплятае,

Што пахне раніцамі мая

Надвакацыйнаю парою,

Калі аж сэрца замірае

І страхам у каленцах коле,

Пасьля падымецца і ў горле

Салодкай цьвеліцца маркотай

І млее ў дрыжыках употай

Перад экзаменам пісьмовым,

Калі ў гімназію сьпяшаеш

І ў ручках кволенькіх трымаеш

Нарцысаў сноп у папяровым

Рулоне…Пеністая квецень,

Дзяўчо, лірычная нясьмеласьць,

Нябыт нарцысаў, перадлецьце

І гэта ранішняя беласьць…

Ты скажаш: чырвань – гэта замець

Блакіту зелені і кветак.

Ня ведаю… Зусім ня гэтак

Мая падказвае мне памяць:

Заўсёды ў беласьці вясельнай,

Заўсёды ў беласьці вясеньняй

І ў неаплаканай касьцельнай…

 

На сцэне драма*. Ў сад ружовы

Да беласьнежкі адзінокай,

Лілеі белай, сінявокай,

Прынцэсы ў шуме рэзедовым

Улез гарачы маўр, крывавы,

Кароль жахлівы афрыканскі,

Дзе цмок шыпіць заакіянскі,

Дзе джунглі кветак сангварабы.

Крывёй наліты, расхрыстаны,

Упіўся цмок лілеі ў вусны

І (грудзі ў грудзі!) сьціснуў, хруснуў!

Дрыгрочуць кветкі, гнуцца станам,

І раптам – соладка і слаба…

Зачараваная тым маўрам

Анэлька аж палае жарам…--

Ой, чмурыць голаў сангвараба!..

Празь дзесяць год салодкім ядам

Абернецца тэатрык з садам;

Калі ў раскошную хвіліну

Яна губу яму пракусіць,

Мільгне дрыготкім успамінам

З прынцэсай маўр. Імгненьне, мусіць.

 

Я ўстаў. Яшчэ ў зьнямозе соннай

Вяртаюся да явы дзённай

І, злосны, млосны, больш ня мару,

Пот выціраю хмура з твару.

Навокал млявая дакука.

Зьмярцьвеньне. Сьпёка. Безрух. Толькі

Шумок злавесны ў звоне сьпёкі,

Нібы ў траве сычыць гадзюка…

Нібы пейзаж навокал свойскі,

Такі знаёмы, такі польскі,

Але ўжо ў садзе, там за лугам,

Паўзе чароўны гад заморскі,

Вужыска зь нейкага рамана,

Лускою льсьніцца яго цела,

І пыска ўсьпенілася п’яна,

І зноў трава зашалясьцела,

Нібы пружыны ў гэтым гадзе:

То ўгору пнецца, то зьнікае,

Кальцом блішчастым абцякае

Самотную хаціну ў садзе.

 

            Ш

Ля дачы жоўтай і нязграбнай

З панэльлю дзікаю, дурною

І галярэяй кругавою

(Наўкол аполкі, бочкі з вапнай),

З пустымі вызеўрамі вокан,

Са сьценамі ў сучках, падцёках,

З прыстаўленай к сьцяне драбінай

Пад шчыт высокі мезаніна

(Сьмярдзяць гудронавыя латы

На даху, ўпражаныя сонцам)—

Ля гэтага гібрыда хаты

І гонкай пагады японцаў

За столікам належным чынам

Чацьвёра з брушкамі мужчынак

Сядзела ў шлёпанцах, жакейках

На больш ці менш круглявых плешках,

Безь пінжакоў, штаны на шлейках,

Гулялі ў “тэлефон”, “мушэлька”,--

Салон тут адкрывалі дачны.

(Дзе ты, Кастшэўскі?*) Кураць смачна

Хто “Renome”, хто «Царский дюбек»,

А хто цыгару, сьцяўшы кончык

Ёй на бірульцы-гільятынцы.

Тут жа ў салоне на газончык

Пускаюць курам кроў з-пад дзюбак…

Пламбіры круцяць на машынцы…

(Традыцыя ж! Згадае ўсякі!

Нядзеля: курачка, прысмакі!)

Перад пачаткам буднай працы

Усе ў палоне экзальтацый:

Асфальт мяняюць і куродым

На лона жонкі і прыроды,

Сядзяць і дурань дурню гнюсяць

То “Очи черные”, то “Пупсік”…

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

На лежаках далей – іх пані

Ў чортведама якім убраньні:

Халаты з вытанчаным густам,

Таматна-бэзава-капусна –

У архідэях, у мангустах,

Каметах, павах і драконах,

Кітайскіх зьверху-ўніз пісьмёнах –

Глядзіш, вачам ніякай веры:

Ну, чыста сон дурной цяцеры

Пра выкшталцонага фазана,

Але здурнелага таксама.

Ля іх на траўцы – апалоны:

Адзін, спатнелы і цялячы,

Варшаўскі госьць і кветка дачы,

На ім са стрэлкай панталоны,

Прабор над вухам, як прастрочка,

Штыблеты, жоўтая сарочка—

“A-la Славацкі”.-- Сьвецкі лёва,

Блізьнюк дасьціпны Хлестакова,

Урвікавалак Дон Жуана –

Героя масавых раманаў.

Як возьме ўголас – dolce, lento,

“O sole mio” ці  “Sorrento”*

Альбо з фрывольнасьцю пад Рэда*,

Куплецік з “Крысі Лесьнічанкі”*,

Аж млее кожная, як Леда,

За пацалунак ля альтанкі.

Пан Ваця ўсім распавядае

Багему браціі акторскай,

Паненка ціхенька ўздыхае,

Сябе ўжо чуючы Багорскай…

Другі, пан Шура, як пачвара:

Ў шырозных мятых шараварах,

Малінавай “касаваротцы”,

Пенснэ, сандалях; на галоўцы

(Ад грозных ультра-фіялетаў)

З насоўкі шапачка надзета;

Ляжыць, пасьвіствае панура,

Грызе травіну і яскрава

Сваёй іроніяй пан Шура

Пляваў на тыя іх Варшавы.

(, . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

Такая дача. Адным словам:

Мы маем вобраз Сапліцова*!

Як Гулівер у ліліпутаў,

Я лёгка рвуся зь іхніх путаў

І выграбаю з дачай разам
Падпанкаў, вырваў, лавеласаў.

Раблю я ўсё ў імгненным руху!—

(Так на стале хапаеш муху!)—

Шкрабуцца, бзыкаюць у жмені,

Я ж толькі сьцісну ў абурэньні,

Шпургель пад плот к чарцям сабачым

Нячысты зброд зь іх моднай дачай,

Зноў хмуруся і зноў наперад

У гневе – гордым Гуліверам –

Іду ў маю альтанку.

 

Мая самотная альтанка,

З прыроднай плетаніны шчыльнай

Галінак бэзу і ляшчыньня;

Праз навісь плеценай лістоты

Мне сонца сыпле з пазалоты

Дрыготкіх зайчыкаў і плямкі,

Лісткі, узоры-выцінанкі.

Стол пасярэдзіне з жарона,

Ўкапаны на каменнай восі,

Сьпярэшчаны разьбой імёнаў
У беспарадкавым хаосе,--

Тут “Куба моцна любіць ЗоПра сю”,

Тут “Р.К.” з “М.П.” пекна ўпхнуты

У сэрца і стралой праткнуты,

Тут “Стах сьвінтух” (“Сам кныр харошы”),

Тут “Фрэнкель” подпіс упрыгожыў:

У профіль высек свой партрэцік

У годзе – го!.. дзевяцьсот трэцім…

Рунічны камень! Шампальёны*,

Хто з вашых знаўцаў шыфраў вечных

Нам прачытае той жаронны,

Той мудры клінапіс сардэчны?!

Людзей  звычайных лёс, іх дзеі,

Звычайнасьць іх турботаў, мрояў

Не менш цікавыя за цені

Усіх шэксьпіраўскіх герояў.

Вось так і кветкі пры дарозе:

Усё ў іх будна, жоўта, сіне,

Між тым растуць зь зямных глыбіняў,

З зацятай валтузьні ў прыродзе.

І потым – трэба ж бо Шэксьпіраў,

Каб закаваць навекі ў слова

Атэлаў лодзкіх, лодзкіх Ліраў

І вас, Афелій* з Тамашова!

 

На пачарнелай дошцы ўслона

Каля каменнага жарона

Сяджу я, золатам абліты:

Мігаюць сонечныя блікі.

Сяджу і новыя імёны

Урэзваю ў граніт цьвярдзючы

І сэрца – сімвал няўміручы,

Стралой любві маёй праткнёны.

Зьмятаю пыл – і вось гатовы

Любоўнай драмы помнік новы.

 

Вось кніга (не, цяпер другая),--

Аж два гады ня выпускае

Мяне з палону. Гэта кніга –

Прычына радасьці і ліха:

Чытаючы, сьмяюся, плачу,

Сам над сабою ўладу трачу –

І міфы ў ёй, і песнапеньні,

Старых і новых слоў значэньні;

На тытульным лісьце чырвона:

“Паэзія”. Паэт! Яго нам

Прадстафіць* профіль чалавека

З бародкаю, чалом высокім,

Глядзіць ён долу з-пад павекаў,

Трымае кнігу, у вазоне

На задніку букецік. Соты

Ці мо двухсоты раз гартаю

Старонкі сонечнай сьпякоты,

Ў карунках вецьця іх чытаю,

Схаваўшыся ў сваю альтанку.

Чытаў у Геленоўскім парку

Калісь кірпаценькім жыхаркам,

Чытаў на лекцыях пад партай,

Чытаў і Ёй (о вы, залёты!),

Хоць слухала, ды без ахвоты.

Чытаў за міскай вершы тыя,

Чытаў у ложку з кнігі строфы –

І што мне клопаты людскія,

І што мне тыя катастрофы…

Так і цяпер. Рука на скроні,

Другая на старым жароне

То барабаніць нецярпліва,

То ад лабаціны да карка

Чупрыну праграбае шпарка;

То па радках бягу вірліва,

То ў неба вытапыру вочы,

То сяду проста, то – як турак,

І нешта ўсё сабе тарочу,

А то скачу нібы прыдурак,

То ўкленчу зноў, то заміраю

І шустрых зайчыкаў зганяю.

Чытаю “Песьні старой студні”—

Паэзія: як голас лютні

З халоднай плесьні старой студні…

Як голас студні, голас плесьні,

Старое студні чую песьні…

І тут паэзія: гадзіньнік –

Маўчаньне, сьмерць і час адзіны.

І прах, і скрыпка бяз музыкі –

Таксама мёртвыя, як зыкі

Гадзіньніка, што без гадзіны…

І ёсьць яны, а песьні згінуць.

Старызна, марнасьць і пахіласьць,

І нярухомасьць, і застыласьць…

“ У кнізе гэтай незабудка

Заснула”, -- мёртва і ціхутка…

Гадзіньнік, скрыпка, прах: працягласьць –

Дзяцінства сны, нямота, марнасьць…

У хвілю млосьці сэрцам чую,

Як сьмерць ідзе. Як слуп, маўчу я –

“Былі майму дзяцінству пушчай

Дзівосаў”… І зьбіраў ключы я

Іржавыя… Старызна, краты,

Гадзіньнік, скрыпка, кветкі, шаты

І студня – мёртвая пачвара

Нябыту, прахласьці ахвяра;

Ад Першага і да Сягодня

Зьнішчальных сіл ляціць пагоня.

(Паэзія?.. Сьвятло… Паходня,

І ад яе на сьценах блікі…)

Бо ўсё тут – я, бо сьвет вялікі,

І ў гэты сьвет – дарогі насьцеж…

Сон недарэчны… Сон – як шчасьце ж!

 

Ён знае ўсё, а мне ўсё – подзіў…

У Львове? Не. У нашай Лодзі.

Было яно ўсё гэтак сама!

Паэзія! Бо тое ж сама…

 

З альтанкі я выходжу з томам;

Бы ксёндз, іду, хачу маліцца –

За яблыню пад гэтым домам

І за бярозкі над крыніцай,

За дождж, які цярусіць сонна,

За звон, што прагне раззваніцца,--

Калі “ўспамін мне звоніць звонам,

Мой жаль – званар на той званіцы”*.

Малюся горача – хай сьніцца

Мне бэз пахучы ў агародзе.

Ах, -- гэта ўсё было ж у Лодзі

Пад пошум дрэў у навальніцы!

У вольных птушак, вольных хлопцаў

Вучуся мудрасьці вандроўцаў:

Хаджу па садзе ветрагонам,--

Вітаю будучых шчасьліўцаў

(Калі ўспамін мне звоніць звонам,

Мой жаль – званар на той званіцы…).

…Вось так на вершах і лячу я,

Як птах, над дачаю нізютка…

І галасы другія чую

Блізютка!

І так за рэчкаю шырока,

І так направа лес цямнее,

І так налева зелянее

Луг пазалочаны пад сьпёкай,

І так імкне журба далёка,

І так прастора сіньню горне,

І так мне млосьціцца у горле,

І так бярэзьнік мякка дыша,

І так расчульвае, калыша,

І так на сэрцы стала ўзьнёсла –

Што, больш ня выседзеўшы ўнізе,

Скрамзоліўшы палі ў той кнізе,

На Стафаў прыклад вершык зьнёс я.

 

Там аўтар дакляруе “подзіў”

З дня летняга, “шчадрот прыроды”,

Шкадуе, што па полі ходзіць,

“Абагаўляе сад, гароды”,

Апроч таго – да пэўнай панны

“Адчуў каханьня голас тайны”,

Ды ў захапленьні ад дзівосаў

Каханьня выказаць ня ўмее,

Наіўна просячы ў нябёсаў

Уменьня ў верш яго пакласьці:

“О, як жа выказаць мне жарсьці,

Калі найбольш люблю -- цябе я!,,”

 

.. Ты кпіш зь яго, паэт з паэта,

Нядобра так. Глядзі, бядача,

Ён ад узрушанасьці плача.

Так нельга, майстар. Кладу вета.

О, чарнакніжны чарадзею,--

Ён так ня ўмее строфаў прасьці,

Ён малады, яму ня засьці,

Ён любіць, журыцца і млее…

Даруем нашаму герою

І “шчасьця кліч”, і “ў небе мрою”,--

Не ўмеў прасьцей сказаць пра “…жарсьці,

Калі найбольш люблю – цябе я!”.

 

…Прашу цябе, даруй мне, хлопча,

І хай мяне камар затопча –

Дабраславеньне шле з паклонам

Стары пакепнік беднай скрыпцы,--

Калі ўспамін мне звоніць звонам,

Мой жаль – званар на той званіцы.

 

            IV

Да сьлёз расчулены, з альтанкі

Іду ў жыцьцё пасьля чытанкі

Да жоўтай дачы, бы ў зьнямозе.

Быў сад. Быў сад там пры дарозе;

Заўваж: БЫЎ  САД. Бач, гэтым разам

Я сплагіяціў першай фразай.

Ды фарбаў дзе мне ўзяць магічных,

Каб гэты факт у паэтычны

Радок паставіць адмыслова?

І рады быў бы я, ды слова

Ёсьць слова, што зь яго зьбярэш ты,

Калі сапраўды сад быў, зрэшты,

Падмерзлы, рэдзенькі, благенькі.

Садоўнікам – яўрэй старэнькі

Гароту вечна тоўк у садзе;

Прыбытку зь яблыка ня меўшы,

Бюджэт падцягваў праз падэшвы,

Бо дачнікам абутак ладзіў.

Глядзіш, сяк-так, сезонным коштам

Галечу латаў ён нязгорш там.

Худы, як вочап, недалужны,

Ў цяньку пабеленае  грушы

За нізкім столікам ля хаты

У брудным зрэб’і, барадаты

Сядзіць, зашчэміўшы ў калені

На ржавай лапе бот зубаты

І малаток у моцнай жмені,

З губоў цьвічкі штораз вымае –

Лясь-лясь!—падносак падбівае.

Смаркатыя (сей рэпу ў вушы!)

У шапках, босая галота,

Сынкі ягоныя пад плотам

Зьбіраюць паданкі з-пад грушы,

Бы камень, цьвёрдыя, сухоцьце,

Зірнеш – аж закісае ў роце.

А немаўлятачка, дзявулька,

Пыл заграбаючы кашулькай,

Паўзе да скрынкі, цацы хоча

Ды ўсё гугулькае, балбоча,

Кірэчыць ножкі, пнецца, пнецца,

І ўсё відаць там… А на плоце

Падушкі сушацца – здаецца,

Аж палавеюць на сьпякоце.

Садоўнічыха – косьці, мошчы,

Худая, злосная (на часе!),

Нагнуўшыся, глядзіць у горшчык,

Дзе ежа нейкая пяклася,--

Цыганка, піфія ў абносках,

Выкрадвальніца тайны боскай.

 

Мінаю сад, людскі галетнік,

Згрызота ў сэрцы ў хлопца з Лодзі:

Ой, годзе, людцы мае, годзе,

Гары ты гарам, нэндзы сьметнік.

Калосьсе шморгаю далоняй –

Шуміць пшанічка песьняй вёскі,

Валошкі сіні сьмех з палоскі,--

Іду Каменнаю, Усходняй,

Па павуцінні вуліц лодзкіх…

Насільшчыкі ў тупой пакоры,

Змакрэлыя – аж суха ў роце,--

Цягаюць змрочна скрынак горы

Зацята злосныя ў рабоце;

Зьнямогла спыніцца каторы

Ля мура, адсапецца, потым

Ідзе далей, і грудзі потам

Блішчаць… Якраз і я вось гэтак

Бразільскім выпетраны летам

Саракавога года, ў сьнежні,

Ад скрухі гнуся я, няўцешны,

Ад непамыснага цяжару

На сэрцы, поўным крыўды, жалю,

Што ў гэты час, калі пішу я

Радкі вось гэтыя, бушуе

Пажарам Лондан, пеклам шалу,

Фугаскі сыплюцца, і ў гвалце

Сірэны выюць аб расплаце,

Бо ўсе фашысцкія бамбёжкі

Па Ірці б’юць, па нашай хаце.

А Ірця сьцежкай інаўлодзкай

Ідзе сабе і рве валошкі…

Я ж лётаю па ўсім Атвоцку,

Бягу, задыханы, шукаю

Матулю, поўную адчаю,

Суцешыць бедную хоць трошкі:

Жывая Ірця, рве валошкі…

Тым часам  у грымотах бомбаў

Зьнік Дорсэт-хаўз і стогне Лондан*,

А ў Лодзі сэрца з жаху стыне,

Што гіне Ірця мая, гіне!

О, як сірэна страшна вые!

О, як задушліва мне ў Рыо!

У чорным тлуме – нібы кіпень,

Быў у дванаццатым той ліпень,

Калі, як з пашчы апраметнай,

Плыў чад з Усходняй і Каменнай!

 

Балуцкія заморкі-дзеці,

Худыя, востранькія твары

(Як выцінанка зь сіне-шарай

Даўно пашэрхлай прамакаткі),

Як прывіды з прасьмердлай Лодкі,

Схуднелыя, з пагаслым зрокам,

На кукішках па-над рыштокам,

З паперак запускаюць лодкі

На сцёкі, тлустыя ад нафты,

У каляровых плямах газы,--

Плывуць галечы іхняй яхты

І мары з пацукамі разам.

Павеяў вецер. І з павеву

Плыве напеў раскалыханы

Вар’ята: “J’ai heurte, savez-vous?

D’incroyables Florides?”* -- П’яны

Плыў карабель праз акіяны

У тлуме цудаў, яркіх фарбаў,

Танцуючы на хвалях,-- раптам:

“Калі якой вады я прагну

Ў Еўропе, дома, -- гэта з лужын,

Дзе дзеці, брудныя па вушы,

Пускаюць у гнілую багну

Свае караблікі”… І тут жа

Адразу ўгледзелі падводу

Са шлангам, помпай, доўгай бочкай;

І ўсе пасталі ўкола вочка

Над ямай жыжы і смуроду.

І тут з гурмы цікаўных сьведак,

Суседскіх шалахвостаў-дзетак

Неапісальны і чароўны

Выходзіць акрабат вандроўны,

Здымае пыльнік шмальцаваны,--

Гатовы ўжо,-- трыко ўабліпку,

Сям-там-дзе на жывую нітку

Стракатым шчасьцем цыраваным,

У пыл кладзе дыван маленькі,

Вымае з торбы тры бутэлькі –

Шпургель! – снарады тыя ўгору!—

Ну, цырк жывы! Ура жанглёру!

Дзятва на небе! Я ж – на гэтай

Зямлі стаю, на полі ўсьпелым

(Даўно стаю аслупянелы!),

А вецер шастае палетак,

Хвалюе думкі, як звычайна,

Што не хапае людзям хлеба!

Што так пакутаваць ім трэба!

Што з гэтых ніваў жыцьцядайных,

Са шчодрых, тлустых, ураджайных,

З кісельных рэк, азёр малочных,

З праменнага блакіту неба

Жыцьцё дае гаротным хлеба

Жабрачы кус альбо сірочы,

Брыду, смурод, гнілое сьмецьце

І вошай на бядняцкіх дзецях,

Гідоту, нэндзу, быт нялюдзкі

І пацукоў з клаак балуцкіх!..

Іду далей! Шырокі, цесны,

Незразумелы сьвет прыгожы!

Няясны промысел мне Божы,--

Цудоўны, брыдкі і злавесны!

 

Гадоў мінула дваццаць восем,

Як я іду – і ўсё навосьлеп…

 

“Туляга і кароль гасьцінцаў”*,

Стаю перад мужыцкай хатай –

Страхой замшэлаю сьвіціцца,

Зямлю цалуе; мох кудлаты

Тырчыць са шчылін трухлай хаты,

Нібы з грудзей дзядка старога,

Што тут жа ў сенцах, ля парога,

Махорку крышыць на калодцы…

І тут жа ўбогія жаронцы,

Памыі ў ражцы парасяці,

А там далей, у цёмнай хаце,

Скарэлай, высмаленай, нізкай,

Сярод стала зь нішчымным міска –

На шасьцярых зямная ежа;

На ўслоне баба ўнука чэша,

Дзятва, у рэшаце квактуха,

Кісьліна, пыл, смурод, задуха,

Ацесьлівага хлеба луста

На раз; і гола ўсё, і пуста…

П’ю малако. Бывай здарова,

Мая ж ты пані Міхалова.

Далей іду. І жменяй жыта

З калосься шморгаю. Нібыта

Чыёсьці шчасьце вынішчаю.

Няшчасьце? Радасьць? Мары? Планы?

Ня ведаю; пажар адчаю--

Лячу, як выбух, гневам гнаны!

І сад… і дзеці… і галеча…

І прорва мукі чалавечай…

Зямля ад шчадраты аж гнецца,

А сонца золатам аж льецца!

І выбух! Бунт! Пасею буру!

Стапчу! Здрасую! І разбуру!

Галечу зьнішчу й дух пакоры!

Сатру!

              А бацька… у канторы

Ён піша, піша ў тоўстых “бухах”

Фартуны, ўдачы фабрыкантаў,

Каму сам лёс ужо адбухаў

Карэт, палацаў і брыльянтаў.

«О бацька! – гнеў крычыць мой горкі.—

Бутэльку поўную з канторкі

Вазьмі! Загадваю! І вылі

На ўсе маёнткі панскай гнілі,

Густым чарнілам тым захляпай

Гросбух іх подлы, у які ты

Упісваеш злачынствы сытых

І разапселых торбахватаў!»

…Над мордай горада пачварнай,

У зморшчках вуліц захалусных,

Зь нягоенай паўстаньня ранай,

Вачмі-дварамі з гразьзю тлустай,

Дзе часам стальлю гнеў праблісьне,

Дзе веташком агеньчык пырсьне,

З крывёй, запечанай на вуснах,

З зубамі чорнымі шасьцерань

І рабаціньнем крам, майстэрань,

З фабрычнай чырваньню сухотнай

На шчоках, зьедзеных кіслотнай

Атрутай чаду, газаў сініх,

Прадзільных пасаў, верацёнаў

У сутаргах эпілепсіі,

Калі з брынчаньнем, гулам, звонам

Машына б'ецца канвульсійна

Над мордай горада-пачвары,

Якую ў злосьці распароў

Сатрап няхрышчаны цароў –

Калмык сьцяпны крывою шабляй…

…І стомільённай пыхай хмары

Тут падпірае Вежа Шайблер*.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гадоў праз дваццаць з той часіны

Наведаў я, ўжо ня тулягам,

А за рулём сваёй машыны

Гасподу мілых бедалагаў,

Як і калісь, нязваным госьцем:

У хаце за сталом каменным,

Як над труною маладосьці,

Пабыць сам-насам задуменна,

Прывеціць вёску над ракою,

Старым знаёмым пакланіцца

І са збаночка сырадою

З душэўнай прагаю напіцца

У добрай пані Міхаловай…

Ды дзе ж яна?.. Ужо другая,

Другі дзядуня чыкільгае

У зрэбных портках ля парога,

Махорку смаліць, мох кудлаты

Касмыліцца з грудзей старога,

Нібы са шчылін трухлай хаты.

А вось і ўбогія жаронцы,

Памыі ў ражцы парасяці,

А там далей у цёмнай хаце,

Скарэлай, высмаленай, нізкай,

На ўслоне баба ўнука чэша,

Сярод стала зь нішчымным міска –

На васьмярых… зямная ежа;

Дзятва, у рэшаце квактуха,

Кісьліна, пыл, смурод, задуха…

П'ю малако. Бывай здарова,

Другая пані Міхалова…

 

            V

Пыл – коні – воз – а з воза

Імгла плыве – Блізір – і Поза –

Духмяны бэз дыхнуў з туману

Імглістых сноў. “Дзень добры пану!”

 

VI

Ігрышча сёньня ў Інаўлодзі…

 

Зьбяры у слоік успаміны

Пра ўсё, што колісь перабачыў,

І перасып у сон дзіцячы,

Калі стаіш каля вітрыны

(Каля Баптыстаў, на Андрэя,

Перасякае дзе Алея):

Нажы ў “Мацяткі”, патранташы,

Біклагі, стрэльбы і ягдташы,

Казуля, як жывыя рогі,

Ікласты дзік стаіць з канвертам,

А ў тым канверце – сьвет з край сьветам:

Сіямы, Трынідады, Конгі,

Суданы, Чады, Занзібары –

Ну, прорва той дзіцячай мары

Пра падарожжы паляўнічых,

Пра маркі земляў таямнічых,

Пра тайны Фіджаў, Каледоній;

Жывых гарэзьлівых вясёлак

Дадай з крышталікаў ад люстры,

Стракатых крылцаў матыльковых,

Крыху мажораў і мінораў

Зь дзіцячай колішняй распусты,

І “цалуй-кветкі” (“beija-flory”,

Калібры – па-бразільску гэта,

Бо дзюбкай лезе ў сэрца кветак),

Ілюмінацый Фарбастана,

Цароў Вангогіі, Сэзана*,

Прысып прыказчыкавым шэптам

(Ах, як умеў ён браць кліентаў!),

Што “ў пані сэрцам закаханы

І, проша пані, раю танны

Крэтон на распрадажы ходкіх

Тандэтных строяў, штучак модных:

Ніжэй цана, пабольш інтыму,

Бальзам на раны, ў вочы дыму,--

І ў разагрэтай атмасферы

Плыве тканіна ўжо бязь меры,

Хай з пылам, з мольлю, без разбору

Пад вязь квяцістую ўгавору.

Вазьмі і неба над Чарштынам*

З-пад апакаліптычнай буры,

Што мае дзьве свае прычыны:

Адна ад Бога, ад натуры,

Ад сэрца і душы другая

Праз боль і здраду вынікае.

Для большай яркасьці карціны

Няблага ўзяць і зь Лексікону

Імператрыцы Кацярыны

(Пра гэта марыцьму да скону!

Што “Мithridates”! На край сьвету

Гатоў ісьці па кнігу гэту!),

Яшчэ стракатага балету

З квяцістасьцю вітражнай спэктру,

Найфантастычнейшых узораў,

І фарбы зь цюбікаў, і зорак

Вазьмі, перамяшай, на сонца

Пастаў і паглядзі праз донца,

Як праз брыльянтавую прызму,

На ўсю раскошу, стракацізну

Гасьцей букета рознай масьці,

Адценьняў, нораву і жарсьці.

Глядзі – якраз у цэнтр парада

У канфеці, у сэрпанціне

Званцоў нахабных кавалькада

Ўязджае…

                 Што ж, і іх ня кінем!

 

Мітусьня, ліхтары, лампіёны,

Карнавальныя маскі і фарбы

Ў лесе,

Дзе фліртуюць дзяўчаткі, матроны,

Дзе ўсе

Канфеці рассыпаюць, як скарбы,

Эскапада мяшчанскага ліха,

Строяў яркасьць і неразьбярыха

Гуду,

Вакханалія шалу і песень,

Блуду

Ў мільгаценьні праменьня па лесе –

Лампіёнаў, фестонаў, крэтонаў, пампонаў,

Каляровых шароў, бабскіх стужак фальбонаў,

У гірляндах віецца на сьвяце.

А званцы – то хлапцы-рызыканты,

У трамбоны равуць, равуць музыканты:

Выдзімаюць балоны, сіфоны.

З катыльёнаў гнятуць мільёны!

Дзьмуць – і скачуць танцоры з латуні

(З труб бліскучых, як ступкі на кухні):

Іх трубач выдыхае сагрэтых

І ўдыхае ў грудзі з паветрам,

Нібы птушкі, пырхаюць з зыкам,

Пруцца ўсюды званцы з пыхай дзікай…

…У званцоў – у хлапцоў сотні потных

Твараў,

У віхурыстым коле мутнеюць

Пары

Са студэнтаў, дантыстаў і аптэ-

караў,

З паняў пошлых, падлеткаў і “камі-

нараў”,

Каруселі, бы ў дзікім каш-

мары.

 

Я – за чаркаю чарку ў буфеце…

Вачыма па зале драўлянай –

І сэрца стукоча.

Я п’яны.

Аркестр

паволі

змаўкае

і шэпча ўжо,

распавядае,

што ўжо я

(Памятаеш, з табой як?..)

знайшоў тут

вачмі твае вочы,

што йду я –

па ўзбоччы,

што ўжо я

праз хвілю…

(Памятаеш, з табой танцаваў як?..)

пайшоў я

на пальцах,

адразу

паветра

аж грукнула вальсам,

і рвуся – на сьмерць і жыцьцё – да танца.

 

            Grande Valse Brillante *

Памятаеш, як мы паўпіваліся вальсам,

Панна, мадонна, легенда мая?

Памятаеш, як сьвет закружыла танцам,--

Сьвет у абдымках і я?

Палахлівы блюзьнерца,

Як туліў я да сэрца

Сьпелых яблычак пару тваіх,

Што з дыханьнем суладна

Уздымаліся вабна,

Як і ўся ты, у думках маіх.

Спарышок вачэй карых,

Што і ёсьць і няма іх,--

Іх ты долу патупіла зноў,

Нібы песьціла ўпотай

Сваёй томнай пяшчотай

Тыя яблычкі мараў і сноў.

            Гром расьце ад струн і труб,

            Круг расьце і чэпкасьць рук,

            Стан да станіка шчыльней,

            Хіжы зрок, рука – ніжэй

            Апаўзае, рух кароткі –

            Вось і ён,

                            Бутон дрыготкі,

            Граюць сонцы звонкіх труб,

            І шырэе палкі круг,

І, пагойдва-

                     ючыся,

Эліпсоідна

                     мчыцца

І віруе ўзьвіхураны тлум ног і рук.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Калі ў небе лунаю,

Зоркі носам здымаю,

На зямлі пакручуся,

            Мацака ў сабе маю.

Кволы – тужыцца мушу,

            Як належыцца мужу,--

От жа мецьмеш атлета –

            Уязьві ж яго душу!

 

Балбачу, што ахвота

            Пастаяць каля плота –

От жа мецьмеш за мужа

            Мацака-ідыёта.

А ты слухаеш суха

            Хлопца краечкам вуха;

Божа, дай табе мужа –

            Элегантнага зуха!

 

Трэска ў дзірку як ткнецца,

            А нага як спаткнецца!

Бо падэшва нядужа

            Ў кандыдаты на мужа.

Я – тузель! Дзякуй Богу,

            Вольны зноў – Матка Боска!

Зноў драсую падлогу

            Адарваным падноскам.

 

З нейкай грацыяй сельскай,

            Нібы чардаш, венгерскай,

Сарамліва, нядэшла

            Заграбаю падэшвай

І, ахоплены трансам,

            Нэндзу скрашваю вальсам,

Зад у латках – а пан сам! –

            Шэсьць капеек фінансаў.

 

Пальцы ў пальцы; між пальцаў

            Нешта дзёрзка ўтуляецца –

Ах, ды гэта ж пярсьцёнак,

            Вось і цешцеся з танцаў!

Цісну пальцы ў далоні –

            Хай ёй сэрца схалоне!

Забалела?! – Пярсьцёнак

            І наш танец запомні!

 

Я ж цябе, маю любу,

            Маю горкую згубу,

Абдыму ды за шыйку

            Да няшчаснага шлюбу.

Лебядзіную шыйку

            Пятлёй помсты зацісну.

Хай вяроўка вальсуе

            З табой злой, ненавіснай!

 

Хадыром ходзіць кола, -- зь ім скружыцца здужай --

Як вар’ят, уцінае кандыдат на мужа,

А яшчэ ў коле танца ворвань круціцца вірам:

Пан заводчык з банкірам, эканом зь ювелірам,

Як зь пякельнае зяпы пруць нахрапам  магнаты,

Заграбушчая  зграя,  хапушчыя лапы…

Пальцы ўсё ператыцкаюць, усё ўнюхаюць пыскі!..

О ты вузел таемны процьмы вуліц берлінскіх!..

 

Сэрца кліча (зьлітуйся, літуй),

Рэха кліча (зьмілуйся, мілуй),

Мілуй, літуй, нясі ў паднябесьсе,

Зацалуй мяне ў цёмным лесе,

Шэптам ціхім, добрым паглядам,

Шэптам тайным, жалобай-спагадай.

Ціхай музыкаю – цудоўнай –

Я заваблю цябе ў лес, мадонна…

Тайным шэптам,

                              журбою,

Памятаеш,

                    як мы з табою

Лес жыцьця мой адкрылі танцам,

Памятаеш,

                    як мы закружыліся вальсам…

Мая блізкая…

                       і далёкая…

                                          і далёкая…

Танцавала з чужым… з тым бывальцам…

З тваім мужам… з тым няўдальцам…

Памаленьку

                     ў той лес

                                    на пальцах

                                                       у вальсе…

…І як за намі ў лес дрымучы

Пранік на цырлах пругка, сьлізка

Той вечна злосны і шыпучы,

Нібы сасьнёны мной вужыска,

Ў якога ўсьпенілася пыска,

Ён – ненавісны Гад Паўзучы.

 

            VI

А там, як рой, нібыта ў садзе,

А там гасьцей сабрана столькі,

Што падлятаюць нават пчолкі,

І матылёк сёй-той прысядзе,

Каб пажывіцца з кветак сокам

На новай клумбе, на высокай.

Як сэрцайкі на аксаміце,

Да руж падселі браткі бокам –

Загляньце ў вочкі ім, злавіце

Схаваны выраз кветак-цмокаў,

Адчуйце пах кровазьмяшальны:

У кветках брацікі і сёстры…

Вось мечыкі страляюць востра

Афектам страсьці абаяльным…

Гарошак водарыць духмяна

(Ах, як яго любіла мама!),

А колькі дзіва ў іншых кветках,

Званочках, бомках і разетках,

У вушках, мордачках і пысках,

Кілішках, чарачках і місках,

Якіх і назваў не згадаю.

І ўсё цалуе, ўсё вітае,

Пляткарыць, шэпчацца і пахне,

Красой зацьміць суседа прагне,

Чужой зайздросьціць прыгажосьці,

Салодкім кволіцца нектарам,

З сябе бясконца строіць штосьці,

Ў сваіх упэўненае чарах,

Угору пнецца з тлуму кветак

І шэпча жахі пра суседак,

Другім сьцябельцы цісьне, душыць,

П’е пах чужы, сабою глушыць,

Гняце чужые перавагі –

Ня могучы спатоліць прагі.

“Vanity Fair”*  ці сьвята пыхі

Правінцыяльнае купчыхі.

 

Бурчыць садоўнік перабора,

Усьмешкай добраю таймуе

Кірмашны тлум, які віруе
Упартасьцю і непакорай,

І – плескача ім! Потым ціха

Згушчэньне фарбаў разбаўляе

І кветкі дымам апыляе,

Калі разбэсьцяцца на ліха.

Але ўсё марна! Дзеці быццам,--

Як раскрычацца на ўсю хату,

Што ані ўправы, ані зладу,

Язык салопяць, лезуць біцца –

Вось так і кветак шумных школа

Сваволіць дзёрзка і вясёла…

Садоўнік моршчыць лоб сурова,

Зьбірае думак рой паволі –

І вось рашэньне ўжо гатова:

Букету трошкі ўрэзаць волі;

Каб колеры ураўнаважыць

(На рыфму просіцца “прыстрашыць”,

Ды гэта ўжо ня ў плыні плану),

Садоўнік дадае туману,

Ахутаў кветкі дымкай соннай:

Шпарагі далікатнай хмарка,

Бадай, найлепей, найгустоўней

Прыценіць там, дзе лішне ярка,

Яна – карона буйных кветак,

Туман, прапушчаны праз сіта,

Смуга і сетка з тонкіх нітак,

Раса на нітках дробных сетак,

Яна – як вэлюм, іней, бісер,

Як манна з кветак павіліцы,

Як ландышаў бялюткі высеў

Альбо як дзятлінка ў расіцы,

Як пырскі водару з фантана,

Сон, прыцярушаны духмянай

Яснотай мроі… пылам часу…

Ілюзіямі і падманам…

Заснула ў садзе ўсё адразу,

Імгла плыве над лугам сінім,

Плыве і наш садоўнік сівы,

Плыве… старога пах зьнясіліў…

Заснуў… і ў кветках век канчае,

І хараством канец вянчае.

 

ДРУГІ  РАЗЬДЗЕЛ

 

Паўсюль імгла! Туман, імгла!

Густое серабро бясконца,

Нібы з задымленага шкла

Праблісквае зацьменьне сонца.

Іду на вуліцу з жытла –

Сьляпая навалач-імгла!

Туды-сюды – сівою слотай

Сто раз між Круткай і Наўротам.

 

Праз вэлюм сьлёз, шарон і сінь,

Праз дымны чад замглёным вокам

Зноў бачу дом свой, магазін

І доўгі шэраг сумных вокан.

Праз вэлюм сьлёз, шарон і сінь –

І дом бліжэй, і болей сіл,

Ясьней і думкі, і ўспаміны,

Лягчэй журыцца без айчыны.

 

У Рыо сёньня польскі дзень,

Так шэрань хмар нябёсы крые,

Як судна-здань, як судна-цень,

Так Лодзь прычальвае да Рыо.

Зноў дождж расцьвельвае мяне

На шпацыр… Авенідай? Не.

Іду я Круткаю. А потым

Сто раз туды-сюды Наўротам.

 

            І

Разьдзел зь дзіцячай Farbenlehre*,

Цэнтр горада панура-шэры;

Стары рабочы, жоўта-буры,

Усьць бульбу зь міскі ля варот,

Чаму зямлісты колер скуры? –

Бо голад, холад, бруд, смурод.

Бардо “шасьцёрка” – у прадмесьце,

На “тройцы” жоўтай – на цьвінтар,

Зялёнай жа “чацьвёркай” езьдзіў

Люд лодзкі ў Гэляноўскі парк.

Зірні на вусны той дзяўчыны,

Падсобніцы у краме мод:

А колер іх нябесна-сіні,

Бо смутак, голад год у год.

Да лесу едзе “нумар пяты”,

Зялёны зь белым. “Пан важаты”

У свой вагончык расхістаны

Укладвае астаткі сіл,

А колер “пана” – алавяны,

Бо металічны ўеўся пыл.

“Дзясятка” – ў сіне-белым тоне,

А чырвань грае на вагоне

Замызганай друкарскай “двойкі”, --

І сам вагон цаглянашчокі,

Сухотны, як бяда людская…

…Вось Farbenlehre на трамваях.

Ня помню добра ўжо, які там

Быў “восьмы нумар”… Ці з блакітам,

Ці з жоўтым папярочным пасам…

Ня помню ўжо за даўнім часам…

Ды што там колер, калі ў груку

Улёгся ўпоперак на бруку

І барыкадай стаў (дзе Зільке,

А насупроць быў Петарзільге).

За барыкадай – люд; лунае

Высока сьцяг над тым трамваем,

Сьцяг-заклік лодзкіх змагароў,

Чырвоны сьцяг – у ім жывая

Рабочая бунтуе кроў.

 

Як пад шлагбаўмам: так бывае,

Калі дзяжурны падымае

Флажок чырвоны машыністу,

Што з дыму, пары, груку, сьвісту,

Як галавешка выглядае –

І па загаду, па сігналу

Тармозіць колаў бег памалу,

Сьцішае паравоз паволі

І стоп! – застыне ў чыстым полі…

 

Пётркоўская да Гранд-атэля

Нібы падмецена – пустая…

Перад трамваем бочкі, скрыні,

За імі з браўнінгамі шэраг

Баявікоў, -- цікуюць шэрань

Бязьлюднай вуліцы-пустыні.

Напагатове… Мёртва. Гола.

І ціша гулкая наўкола, --

Бо не пачуеш з мора тлуму

Ніякіх гукаў, апроч шуму

Патокаў, груп, людскіх рачулак,

Што, наплываючы зь Відзэва,

Да барыкады льюцца з вулак:

З Наўрота, Глуўнай і Пшэязда

Цераз Пётркоўскую налева

Цякуць у бок Старога Мяста.

Ды мала хто прапхнуцца майстар

Да Ульрыха, да Майстархаўза, --

Адтуль да самага трамвая

Людская лава трапяткая,

Маўклівы тлум: скрозь твары, плечы –

Як брук з галоваў чалавечых…

Пустэча ж тая – і той згустак,

Бы ў даміно “шасьцёрка – пуста”.

Я, прыкіпеўшы да балкона,

Гляджу на тое, што чырвона

Гарыць, лунае над вагонам.

І раптам з краю той пустэчы,

Ад Банадыкта, дробным нечым

(Нібыта прыгаршчы карцечы)

Як сыпане… Нібы штрышкамі…

 

Бягуць… бліжэй… і ўжо штыкамі

Паветра поруць… цэлы шэраг…

Вось ротай робяцца пяхоты,

Вунь цэшкі на фуражках шэрых…

Спыняюцца… Наперад роты

Выходзіць шустры афіцэрык.

 

Блішчаць халявы ботаў глянцам,

Трымцяць нэрвова дробным танцам,

Рука ўвесь час у дзіўным руху:

То вус памацае мезенцам,

Як бы сьвярбела там, то ў вуху,

Як бы зьвінела там, бярэцца

За рукаятку срэбнай шашкі

І круціць кутасы і бляшкі…

 

Нібы зьмярцьвелы тлум. Ня дыша…

А ціша, гэтакая ціша,

Што быццам чуеш стук “секундкі”

У тым гадзіньніку бліскучым,

Які трымае пан паручнік,

Цікуючы за часам хуткім.

Чырвоным сьцягам раздражнёны,

Аж скача, скача зірк ягоны

З гадзіньніка на люд ціхуткі,

І ціша, ціша… сьмерцю дыша…

 

Салдаты – зухі, маладзёны

(Быў полк пяхоты трыццаць сёмы),

Глядзяць варожа на ўтрапёны

Натоўп.

І толькі сёй-той зіркне строга

Убок

На палкаводца баявога…

І ціша, ціша… сьмерцю  дыша…

 

Кароткі трэск. Пан афіцэрык

Схаваў гадзіньнік асьцярожна,

Паторгаў пальчыкам каўнерык,

Пасьля павёў руку да ножнаў,

Амаль няўлоўны рух, і толькі –

Лясь! Ляс! – і да пляча вінтоўкі,

Як бы ў адзіную адмашку,

Як бы пружына там якая;

І толькі высьвіснуў ён шашку,

Аж тут як гахне з-пад трамвая!

З-за бочак, скрынь у шызым дыме,

Нібы пярун у хмарах мая,

Сталёвым грукатам як грымне!

Мільгнула шашка рваным лётам,

І “Рота плі!” – і плюнуў з роты

Сьвінцовы дождж і залаты,

Бо гэтым залпам з дулаў тых

Маланка выбліснула з буры;

Завыў ад болю мур пануры,

Закалаціўся, трэснуў зноў,

І скалануўся брук галоў,

І хлынуў люд парывам страшным,

Як разварушаны мурашнік, --

Бурліць, нібы кацёл з смалою,
А кулі чорныя ўжо роем:

Сякуць па брамах, па будынках,

Убок адскокваючы з тынкам;

Уроссып, пырскі вару нібы,

Са звонам лопаюцца шыбы;

Ды б’е, грукоча, ня сьціхае

Гром браўнінгаў і з-пад трамвая.

 

І гэтым грукатам шалёным

Умомант вымела балконы.

Зьбялела мама, зь немым крэчам

Мяне ўхапіла з-пад парэнчаў,

І ў крыку, ляманце, у гвалце
Усе забегалі па хаце,

Як там, пад тою барыкадай

З крыху прыглухлай кананадай…

Пусьці! Пусьці! Дай я пабачу!

А мама ўся зайшлася з плачу.

Пусьціце ж! Гляну! Божа, ўнізе…

Праз барыкаду пакаціўся

Патокам чорным пад балконам

Натоўп усьлед за тым чырвоным!

Махаюць гнеўна кулакамі!

Сьпяваюць!? Мама! Глянь! Пад намі!

Глядзі, мамуся, там кабета

Крычыць… Ой мамачка, ды гэта

Яна ж кляне і пора пальцам

У нас!.. За што?  Глядзі, на палцы
Нясе ўжо тое палатно,

Два Р і S* на ім, як золата,

Трапечацца зь сярпом і молатам,

Наперадзе людзей яно…

 

…А ўнізе ўсьпененае мора,

Нібы тут стоўкся цэлы горад

У гэтым вузкім калідоры

Між камяніцаў гнеўнай Лодзі,

І ў тым разьятраным цясноцьці

Гул вуліцы, балконаў, вокан

Ужо цячэ адным патокам,

І ўсе дамы, і ўсе балконы

Абапал чорнае калоны,

За дахам дах у гордым маршы

Наперад крочаць з домам нашым,

І сьцяг палошчацца высока:

І песьня шырыцца далёка:

            “Нясе ён

                           люду гнеў,

                                             помсты гром,

Вядзе працоўныя мільёны,

            Наш горды сьцяг, наш сьцяг чырвоны –

            На ім палае наша кроў,

            На ім палае наша кроў,

            На ім гарыць рабочых кроў!”* --

 

Пасьля ўжо дворнікі за брамы

Пазносілі ахвяры драмы.

Адно застаўся, нібы ружы,

Крывавы пурпур ліпкіх лужын.

Іх палілі вадой, а потым

Пасыпалі пясочкам жоўтым,

І ўжо назаўтра ў месцы гэтым

Імчалі брычкі і карэты

Паноў багатых і падпанкаў,

Старшынь шаноўных, фабрыкантаў,

Уладароў кантораў, банкаў,

Палацаў, крамаў і брыльянтаў.

 

Загінуў там і афіцэрык.

Сьмерць прышпіліла да мундзіра

Пяхотнай роты камандзіра

Пунсовую шыпшыну; дзьверы

Адкрыла ў рай! Хавалі чыста

Па рытуале! Поп з кадзілам

Вядзе працэсію ўрачыста,

За ім з падушачкаю воін

Нясе нябожчыкаву шашку

І афіцэрскую фуражку,

Далей – “вянок сяброў па зброі”

(Нясуць жалобна афіцэры)

Са стужкай: “За царя, за веру

И за отечество». Пад мерны

Бой барабанаў, рытму верна,

Штык за штыком, статуту згодна

Строй роты крочыць па-а-ўзводна!

Пасьля з труною ў моры кветак

Ідуць калегі, напасьледак

З медальным, ордэнскім трызвонам

У бляску зброі і рэгалій

Ідуць жалобна ў смутку, ў жалі

Ўсе афіцэры гарнізона

І сам палкоўнік, Але перашай

(Палкоўнік пад руку вядзе)

Сама ўдавіца нясуцешна

Ідзе.

Ідзе – ўсё чыста ненавідзіць:

Усё, усіх, сябе і іх,

Сябе найболей ненавідзіць,

Бо сорамна ёй сьлёз сваіх,

Ад пышнасьці маскальскай гідзіць,

Ад гэтай скрухі, гэтых ружаў,

І ад фальшывага іх гора –

За чорны крэп, за ганьбу мужа,

За труп у дамавіне сорам.

О Езус, бязь віны расьпяты,

Сьвятая Маці, боль твой з намі! –

Зрабіце, каб той зброд пракляты

Не бразгатаў тут медалямі.

І шаблі, шпоры, ня зьвініце,

Маўчыце, бубны, псы жалобы;

О дайце літасьці, шкадобы,

Пусьціце, я сама, пусьціце!

Навошта вашыя мне трубы?

Пусьціце! Косьця мілы, любы!

О Матка Боска, залатая!

(“О маці Полька! Калі сыну

Твайму на лобе…”) – Кінуў, кінуў…

І пад вуалем, што сплывае

Уніз жалобна і хавае

Пазначанае шчасьцем лона, --

Яна пагладзіла далоняй –

І Каінавай знак пячаці

З чала дзіцяці сьцерла маці…

А шпоры, шаблі звонам, звонам…

І тысячы абапал твараў

Глядзяць варожа з тратуараў,

Клянуць маўкліва дамавіну.

“О маці Полька! Калі сыну

Твайму на лобе…” Багамаці!

Не пакідай мяне ў няшчасьці!

Звон-бразгат – з афіцэрскіх тлумаў…

Гарохам – барабанны пошчак…

Яшчэ шаснаццаць пройдзе трунаў,

І пройдзе ў кожнай зь іх нябожчык…

І пройдзе, пройдзе доўгі шэраг

Сірот, удоваў… Іх кармільцаў

Забіў вось гэты афіцэрык…

Спынілася яго ўдавіца,--

І ўся працэсія прыстала…

У афіцэрстве ціха стала…

Схіліўшы твар, палкоўнік хмурна

На вуха Зосі: “Что? Вам дурно,

Софья  Игнатьевна?» – “Нет… только…”.

Далей ступае маці Полька.

 

Дарогай з могілак сустрэла

Шаснаццаць трунаў і калоны

Жандарскай плоймай сьцеражоных

Рабочых Лодзі… Не самлела,

А холадна глядзела ў вочы

Удовам і на гурт сірочы.

 

Назаўтра раніцаю Зося

Паехала ў сяло да таты.

Тры месяцы з дня цяжкай страты

Ёй смутнай, дзікай, давялося

Ў самоце бацькавае хаты

Маліцца Богу, Божай Маці

За долю беднага дзіцяці.

Яшчэ пачула, што “Дачушка!”,

Яшчэ шырока паглядзела,

Сьлязінка зьбегла на падушку,

Яшчэ штось вымавіць хацела

Губамі спухлымі кабета,

Але ня стала сіл на гэта,

На грудзі галава апала –

І бедная ўдава сканала.

 

                  +

Соф’я зь Дзяверскіх Ілганова

    пам. дня 7 кастрычніка

                г.1905

       пражыўшы 21 год.

    Благае ўздыху да Бога

 

            ІІ

Дзяўчынку нараклі ў касьцёле

(Была на тое воля дзеда!) –

Анэляй. “Ведаенце, гэта –

Жывенькі вобраз у анёле,

Яна… Таго… Анёлак любы…”

Дзед крэкнуў і падціснуў губы.

Бываюць жа паўсюль дзівоты.

Пачнём з таго, што пан Ігнацы,

Калі ня меў садовай працы

(Ня мог уседзець без работы),

Сьвятым малярствам бавіў рукі…

Найлепей знаўся на анёлах:

Ляпіў ім крылечкі ў касьцёлах,

Рабіў ім гіпсавыя дудкі,

Пуцатым дзеткам серафімам

Падводзіў вочкі фарбай сіняй,

Падмазваў глінкай і пазлацваў

Галоўкі, пёркі, кветкі, краскі.

Пасьля грунтоўных рэстаўрацый –

Разьбы, падбелкі і падмазкі –

У храмах небажаткі тыя

Былі, ну рыхтык як жывыя.

За тое, што люблю, маленькай

Інакш ня звацца, як Анэлькай…

 

Ня трэба, мой чытач баяцца,

Што, ўзяўшы тэмаю імёны,

Я навыстройваю дыхтоўных

Завоблачных паэтызацый,

Што выштукую, як анёлам,

Анэльцы голаў арэолам

І дамся міла a-la Ілла*,

Што гэтым вершаў том зрабіла,

У чарнакніжныя тайноты –

Няма патрэбы і ахвоты!..

І не чакай, чытач ілюзій

Наконт фіналаў з галубкамі,

Ня мерся ўжо майго дзядусю

Пакласьці похапкам пад камень.

Ня бойся загадзя, што недзе,

Адданы схемам і канонам,

На містыцызмы аўтар зьедзе,

Што так прыеліся даўно нам,--

Мы ж пад струганыя скрыжалі

Грахі і ханжаства  ўжо клалі,

Сваё юродства  пад крыжамі

Сьвятою польскасьцю назвалі…

“Ах, проша пані, ах, пані шчасна,

Ах, марны лёс, халера ясна”…

Я мог бы з нашага старога

Абраз пісаць, як са сьвятога,

І ён падняўся б у чародку

Анёлаў, нібы колісь Якаў,

Аб зоркі б галавою гракаў

І тузаў Бога за бародку…

Я лёгка выпусьціў бы з храмаў

Ікон касьцельных, лялек стада,

Каб там, за недаступнай брамай,

Яны аблашчылі Ігната.

Але ж і ў кветках ёсьць аснова,

Каб скроіць фокус фантастычны,

Псіхалагічна-батанічны,

Прынамсі, ладны дастаткова.

Аднак цьвярозы пан Ігнацы

Не давяраў разьбёнай ляльцы,

Цураўся містыкі, паколькі

Любіў жывых анёлаў толькі,

Бо густы, знаеце, як ліха –

Каму сам поп, каму папіха,

Мне ж – пападзянка, я бяз бзікаў…

Я ня люблю машын, пікнікаў,

Салаты, спорту і цыгараў,

Дыскусій, энэргічных твараў,

Гарачых пляжаў, плётак прэсы,

Яечні, нораваў жалезных,

Набэдрыкаў залішне цесных,

Велікасьвецкіх паліглотаў,

Трускавак з крэмам, самалётаў,

Музеяў нудных, мецэнатаў,

Гісторыёсафаў, цукатаў,

Манументальнае скульптуры,

Магутных дзеячаў культуры,

Юнацкай пыхі і плюгаўства,

Магнатаў сьвету і іх царстваў,

Нясмачных досьціпаў, начосаў,

З марыхуанай папяросаў,

Пазногцяў бабскіх маляваных,

Міс-унівэрсум фарбаваных,

Чакаць, прамоўцаў, істэрычак,

Балбатуноў і запальнічак,

Каўтаць пячэньне, як макуху,

Юрыстаў, кніжкі “Геній духу”.

Люблю ж я: дождж, капацца ў стосах

“Тыгоднікаў”, “Вэндроўцаў”, “Клосаў”,

Кірмаш, гарохавік з грудзінкай,

Лясы, паштоўкі, тэкст лацінкай,

Сабак, зьбіральнікаў, цыганак,

Гарачы боршч люблю, каханак,

Календары у букіністаў,

Этымалогію, артыстаў,

Шуфляды кніжнай картатэкі,

Век дзевятнаццаты, карэты,

Лаванду, картачкі, аптэкі,

Каньяк, язык халодны з хрэнам,

Куплеты з просьценькім рэфрэнам

У вадэвілях, вальсы, буры,

Літву, залёты, шуры-муры,

Паспаць удзень, Красьценка*, карты,

Піць піва Хабарбуша з кварты

(Хоць немец – варыць найталковей!);

А “Пан Тадэвуш” – звыш любові…

Сьвярбіць пяро, каб жа з прычыны

Няшчасьця беднае жанчыны

Пегасу шпораў даць, каб гнаны

Галопам ямбаў, капытамі

Ён песьню выстукаў старую

Пра польку, маскаля, пра тую

Пакуту, што нёс бацька родны –

Палоній шчыры і гаротны*…

Ды што галоп, калі гаворка

Пра тое, як старому горка.

Цаніў ён зяця. Зь любаваньнем

Глядзеў на росквіт іх каханьня,

Усьмешлівы; зяцёк жа гэты

Прыносіў з горада букеты,

Гукаў пацешна: “Свет мой Сонюшка,

Цвети, свети, как ясно солнышко,

Букетом польским привечаю –

Приветь по-русски чашкой чаю!

Твой муж – москаль, твой чай – гарбата!»

Сычалі людзі: “Ганьба! Здрада!”—

І рацыя была ў сычаньні.

Маўчала Зоська-ненагляда –

І рацыя была ў маўчаньні.

Было дзьве рацыі, як твары

Адзінай праўды, руска-польскай.

Адной, казённай, на Пётркоўскай

Прабіла куля сэрца.

                                   Хмарай

Была другая. Тыя хвалі,

Што труп пасьля падрасавалі,

Той чорны бляск, што плыў з прадоньня

Вачэй пагаслых, “свет мой Соня”!

 

            ІІІ

Ян Мергель, быў той ткач са Згіра,

Што ў незабыўны дзень татулю

Анэльчынаму ўзычыў кулю.

Сынка ў пялюшках, Казіміра,

Меў сам, як лёг пад барыкадай!

“Мой Казю!” – крыкнуў, калі падаў.

 

            ІV

Садоўніку (сказаць дазволю!) –

Пляваць было на тую волю.

Бо што там Польшча? – жыў ня ёю.

Бо што яму пакуты краю?

Край меў надзею, ён – “што маю”,

І з Польшчай ня сплываў крывёю

За вечнай буркатнёй сваёю:

“Паўстаньне робяць… ха, паўстаньне –

А прыйдзе сьмерць і ўсіх дастане…

І бацька мой хадзіў на бунты…

Я не дарадца… воля ваша,

Ці так, ці гэтак, там ці тут ты,

А прыйдзе, знойдзе і пакажа

Каму правы, каму блізіры –

Дагнала ж бацьку і ў Сібіры.

За волю, кажаце?.. Бунтуйце!..

Няма яе і – вой! Ці будзе.

Унукам, кажаце, нашчадкам?..

Якой жа волі ім дасьцё вы

Калі масток яе трысьцёвы

І ўсіх адна чакае кладка

Ці тут у Польшчы, ці ў Расіі!

Забіты ў Порт-Артуры Шчырак,

Галотку ў Швабіі* скасілі,

А Бельскі ў храме стрэў свой вырак,

А ў Лодзі Андзечка… заўчасна…

(Згадаў пра жонку, стала горка,

Ажно ўздыхнуў бядак няшчасна,

Глынуў сьлязу, нібыта горла

Здушыла жальбаю нядоля –

Але ж ня наша з вамі воля,

Тут справа іншая…). Пад сонцам

Усе мы ходзім: і палякам

Яна дагодзіць, і японцам;

Скідай цара ці поўзай ракам,

А прыйдзе, возьме – лямсь, і годзе!—

І садухі тваёй свабодзе!”

 

Была пустэча ў яго сэрцы,

Пустэча непазбыўнай сьмерці.

Там даль  цягнулася, сумота,

Там цярусіў нудотнай слотай

Сьмяротны попел. Паняверцы

Фатальная служыла прахласьць,

Мізэрнасьць і пустая марнасьць…

А помніць добра, што навала

Зьнянацку так апанавала –

Як гром тупы, бязгучны злыдзень.

Было ўсё тое на вялікдзень:

Дзянёк сьвяточны, апалудні,

Евангеліцкай несьлі паску

Ён з жонкаю.Усё йшло мерна:

І сам з жанчынай гэтай вернай –

І час – і тратуар бязьлюдны –

І конь, запрэжаны ў каляску –

І думкі панечкі русявай,

Што вунь з акна глядзіць разьзявай,--

Ружовы хлопчык той кірпаты,

Што йдзе за ручку ў мамы-таты;

Усё раскволена, маркотна

Ішло кудысьці беззваротна…

І чым далей, тым беззваротней,

Глушэй, цішэй, мярцьвей, самотней,

Аж нават думка смутна вісьне,

Душа сьлязіцца, сэрца цісьне…

Стуліўся час. Нібы ў тумане…

Якаясь немарасьць і здані.

І жонка – здань, і конь, і тая

Ў акне, і тыя з хлопцам – здані…

І раптам скрадліва-густая…--

Нібы пярун, яна, зьнямога;

І зьнярухомеў сьвет, зь якога

Яго панесла ў тую слоту

Пустэчы прахлай, у самоту.

Мізэрнасьць, трухласьць закружыла,

Сьмяротным попелам замжыла.

І зьведаў ён, што ўжо ня сьцерці

Яму з душы пячатку сьмерці.

 

Калі спустошанасьць пачварай

Разьзеўрылася на старога,

Пачаў пытацца, дзе ж дарога

З той пасткі змрочышча густога;

Ён не прамовіў слова дарам,

Бо слова – рэха! Не да Бога

Пагнала вострая трывога,

Не ў Невядомасьць з чорным тварам,

Што глушыць велічным абшарам

Бясконцасьці. Агорк “сьвет вечны” –

І ўрэшце кінуўся ён бегчы

Ад той магутнасьці сусьвету,

Але куды?

                   У фарбнасьць гэту,

У радасьць дробнага натхненьня,

У водар красак, храм Збавеньня,

Мастацтва (ці па-польску – “штукі”!),

Бо ён, Ласкавы, Срэбналукі*

(Чытай: Сьмінтэйскі – во герой! –

Як топча сьмерці мыш пятой!),

Бо ён ня толькі друг шэдэўраў,

Мікель Анжэлаў (ці Анхэллаў,

Як у Славацкага*), ня толькі

Шапэнаў, сьпісаных у зоркі,

Гарацыяў, астральных Дантаў*,

Але й Дзяверскіх, тых Ігнатаў,

І твораў “штукі” засьцянковай,

Бо Апалон жа – бог з талковых:

Агонь ён любіць шквальны й ціхі,

Абы каб творчы, каб прыгожы –

Хай з вогнішча, са сьвечак божых,

Хай з феерверка, хай з “шуціхі”;

Ня толькі з лодзкіх закануркаў

Тых Эўрыпідаў* і Шэксьпіраў,

Але ж і сьціплых самавукаў;

Ня толькі псальмы гордай ліры,

І кліч над скаламі арліны,

І горды лёт яго з гнязьдзішча,

Але й дразда, што ў клетцы сьвішча

Ў шаўца  з Падвальля, нават скромны

Правінцыяльны верш альбомны,

Куплет удалы, жарт салёны,

Кірмашны “відзік”, калі складны,

Букет вясковы, як што ладны,--

Усяк дагодзіш Апалону.

Спачатку кветкі і анёлы,

Пасьля ляпіў ён хімерычны

Сьвет фаўны, флоры экзатычны,

А там пайшлі зь ягонай школы

Індзейцы, туркі і манголы;

La каляровая трасянка:

“Цусімскі бой” і “Лавічанка”,

“У краме цацак”, “Дно марское”,

“Калумб зь індзейцамі” (дарэчы,

На піку творчага настрою

Ён зьдзейсьніў подзьвіг выяўленчы:

“Сьмерць Ілганова Канстанціна”!

Якраз за “Цмокамі Вавэля”*,--

Рад манекенаў на карціне

У профіль, дым курыцца сіні

Са змрочных дулаў рэвальвераў

Прычым відны ў паветры кулі –

Агонь і дым, і людзі, людзі,

Паручнік заціскае грудзі,

А кроў ракою па кашулі).

І тут жа цуд каліграфічны,

Ў карціне ўвогуле нязвычны:

Бо на акравачку кардонным

Ў гадзіньніку пад вечкам выдаў –

Перапісаны псальм Давідаў*

Чарнілам срэбраным па чорным,

А ў цэнтры ў залатым квадраце

Мікраскапічна лютню ўладзіў:

 

“Як лань вады крынічнай прагне,

Так і душа мая ўзывае.

Калі ж, калі яна, жывая,

Перад Табой жывым паўстане

І мукі явіць Табе, Пане?

Мне ж толькі сьлёзы замест хлеба,

Калі штодзень мне чуці трэба:

“Дзе ж Бог твой? Дзе Яго ўладаньне?”

Яны сьмяюцца, я чакаю

І сам сабе душу зьліваю.

Ці ж ня схіляў паслушна голаў

Я перад брамаю касьцёла?

Што ж ты, душа мая, ў трывозе”

О, супакойся, ўцешся ў Бозе:

Бо Ён суцешыць, Ён і  збавіць.

О, як Яго я буду славіць!..

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

…Скажу Яму, майму аплоту:

Чаму забыў маю журботу?

Чаму, калі Табе бядую,

Тваёй спагады не знайду я?

Балюча сэрцу, рвуцца грудзі,

Калі зь мяне сьмяюцца людзі:

“Дык дзе ж твой Бог? Яго ўладаньне?..”

Азьвіся, мой аплот, мой Пане!..”

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

Сам ксёндз Камода меўся допіс

Падаць пра вершык у часопіс:

“Пахвальных у дзівоснай псэльмі

Нагледзеў здольнасьцяў я вэльмі,

Як з тэй павелічальнай шкліны…

А хто ўталентаваны многа,

Таго ўпярэдзіць мы павінны,

Што ўсе таленты ў нас – ад Бога;

Табе ж, мой сыне, не зашкодзіць

Аплатка і сьвятая споведзь…”

 

Вось так праз талент яго ўмельскі

Садок зьявіўся чарадзейскі

Ў бутэльцы: з бляшак, розных шклінак,

Караляў, пацерак, галінак…

У слоіках сядзелі жабкі,

Жукі і яшчаркі, трытоны;

Духмяны пах травы напоўніў

Палічкі, скрыначкі, шуфлядкі

І ўвесь пакойчык каля крамкі…

(На зіму бо яны ў мястэчка,

Бліжэй да гарадское цэглы,

Перабіраліся ў гнязьдзечка

Да крамы пані Бельскай Тэклі,

Якое муж меў “талент” споры –

Пеў басам у касьцельным хоры,

Ды ўжо здаволіўся касьцёлам

І падбасоўвае анёлам…)

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Дык вось Ігнат зрабіў з каморкі

Вядзьмацкі грот: павесіў зоркі,

Прыладзіў кола задыяка,

І брыг карсарскі стаў на якар.

Яго Дзяверскі сплагіяціў,

Але праўдзіва, як з натуры

Паводле нейкай там гравюры

З “Календара ў сялянскай хаце”,

Які знайшлі ў аптэцы ў пыле

Ў Распэндзікоўскага Каміля,

Што вока меў адно шкляное

(На ноч яго ён клаў у слоік),

Насіў бародку, трошкі вусаў,

Хадзіў худы, высокі, юрзаў,

Нагою нейк з падхляпаў соваў,

Гвазьдзічкай пахнуў адмыслова,

І… штрых на гальштук белы клала

Зашчэпка зь яркага карала;

Апроч аптэкарства пан Каміль

Мог пракарміцца і рукамі:

Як возьме пальцы, як спляце іх –

Ну, рыхтык вам тэатрык ценяў;

І ўсё так ёміста, праўдзіва –

Жыве жывое ў ценях дзіва:

Стрыжэ вушамі сьмешны трусік,

Вярблюд чалэпае гарбаты,

Ваўчыска – гам! (вось-вось укусіць!)

Казёл рагаты, барадаты,

А як бэбэкне (наш аматар!),

Дык хоць бяжы ад сьмеху з хаты;

Яшчэ быў жарт:  заплюшчыць вока

І тым другім, нібы ў цыклопа,

Глядзіць, як жонка Антаніна

Дрындыча вальс на піяніна…

Ну, словам, тут, у шатах Лодзі

Жылі ўсе музы – згода ў згодзе.

 

Ня ўспомню ўжо ў славутым гроце

Дзівосаў панавыдумляных,

Млынкоў і птушак дзеравяных

Ды ўсякай іншай нябыліцы,

Якімі ўсе затоўк паліцы,

Што ўжо няма дзе і паставіць…

Ня мог Сьмінтэйчык нахваліцца!

(“О, як яго я буду славіць!,,)

 

            V

З чаго ж ён цешыўся найболей

І што найболей ненавідзеў,

Што ў сэрцы найлюбоўней кволіў

І сам сабе праз што абрыдзеў,

Што ў час зімовы песьціў звычна

І акрапляў сьлязою часта

Наш дабрахотны ламімайстар,--

То быў тэатр, тэатр трагічны

У зале Сэліна, што ў Лодзі.

Там з Андзяй колісь на галёрцы

Яны выстойвалі, бывала,

Пад чарамі гадзін ці мала,

Калі той чорны, белазубы

Варочаў буркаламі гнеўна

І ў пене плямкаліся губы,

А той другі, сам д’ябал, пэўна,

Пад’юджваў хітра, пакуль першы,

Давер у чорным сэрцы меўшы,

Ня сьціснуў ясачку за горла…

І вось з аполак і ламачча

Дзед сцэну выстругаў, актораў

І залу, як з галёркі бачыў,

Шаленца-маўра, генерала

Венецыянскіх войск, красуню;

Сябе ж і Андзю ён падсунуў

У рай, пад столь. Яшчэ стаяла

Ў тэатры сьвечачка і драму

На сцэне цьмяна асьвятляла.

 

Тры вечары аддаў ён храму

Вялікай сцэны; а пачвара

Нявесьце думкі ўсе зьвязала:

Той страшны маўр і тая кара,

Што жонку маўра напаткала,

Нібы сурочылі, скавалі,

А ўжо ж да шлюбу часу мала:

Бо ўжо й на запаведзь давалі.

 

У нашай слыннай Лодзі колісь

(Пісаць паводле хронік мушу)

Негр, трагік чорны, на гастролі
Заехаў неяк быў. А душу

Яго Бог ведае, наскокам

Ці – паслухмяны чорным цмокам…

Ці так, ці гэтак, а на сцэне

Тутэйшай ладзіў бенефісы,

Зрываў авацыі і “бісы”,

Пасьля памёр на запаленьне –

Ад маткі Афрыкі далёка

Цяпер у Лодзі сьпіць глыбока.

А жыў ён у “Клюкаса” , там, дзе

Ігнат запаў у сэрца Андзі,

Яшчэ ня будучы Ігнатам,

Бо ў пана Сальвы практыкантам

Служыў тым часам  пры гатэлі,

Дзе службу мела пакаёўка;

Ну ясна – кветка, ўсьмешка, слоўка,

Два-тры кругі на каруселі,

“На Мане” ці на Праменадзе –

І ўжо сышоўся сьвет на Андзе.

Яны кахаліся. Як часта

Каханьне ёсьць замена шчасьця,

Калі, як тое ўжо вядзецца,

Няшчасьце ў долю не ўпляцецца.

 

Няшчасьце дзіўнай, смутнай хмарай

Пайшло ў касьцёл за мілай парай.

Імёны рэхам паўтарала,

Ксяндзу кароны падавала,

Было за шафера, нарэшце

Дваім абменьвала пярсьцёнкі,

Цямнела ценем у букеце,

А як выходзілі з касьцёла,

Цень вэлюм нёс за маладою.

А як на сьвет прыйшла ў іх Зося,

Цень зьнік… з усёй былой бядою,

Нібы ўсё ліха зьнябылося, --

Ды зноў вярнуўся, зьнікшы ледзьве:

Куме пакумкала кумося,

І ўжо скумекалі абедзьве,

Як толькі ўгледзеліся блізка,

Схіліўшы патлы над калыскай,

У цельца беленькае крошкі,

У вочкі, сінія валошкі,--

І раптам проста, тым маментам,

Бяз розных там экспэрымэнтаў
Дайшлі, як той казаў, вачыма

Да тайны генаў, першпрычынаў:

“ А не казала я? Га, пані?…

Бач, губкі – чыста з Афрыканіі!..”

І скажам шчыра, мелі рацыю.

Праглядвалася гіпертрофія,

Бо Зоська – Зося – Потым Зоф’я

Займела губкі не па матцы

І не па бацьку! Сам ня знаю,

Па кім! А каб “было” там што там,

Ня веру, хоць не адмаўляю…

Але, на горкі жаль, зь істотай

Людской спалучана агідна

Іх падазронасьць; гэта гідра

Паверыла… І мне ахвота

У сувязі зь нязвыклай фаўнай

Даць досьлед гідры нязвычайнай:

Намаляваць хачу карціну,

Па вушы ўдзерціся ў руціну

Эрудыцыйных мікралогій,

Ва ўсе крыніцы міфалогій.

Зь якім я прагну апетытам

Заняцца дробненькім петытам,

Зірнуць у зноскі, ўбачыць зблізку

І “гл.”, і “sic!”, і  “нота бэна”.,

І нумарацыю па-рымску,

І айн-цвай-драй, і эна-бэна…

Так і карціць прыкласьці рукі

Да ўсякіх загваздак навукі,

Тамы вучоныя разгрызці,

Шукаючы ў радках разгадкі,

Зь якой ня выдзяўбуць карысьці

Ні я, ні вы, ні ўсе нашчадкі;

Бо так ужо вучоны дыша:

Чым меншы факт, тым больш расьпіша –

Па вушы ўлезе ў чарнакніжжа.

Заглянуць рупіць у трактаты

Пра скальны жывапіс Урарту,

Пра хронавершы і цэнтоны*,

Пра сэнс сінекдах Цыцэрона*,

De carminibus figuratis,

De barba Moysis, de castratis,

De cantu cygni, de cornutis,

De jure ventris, ligno crucis,

De matrimoniis incantatis?

De bibliotheca Adami?

О сьвяты Яцак зь пірагамі

De et cetera бомба… Satis.

I Monstra fabulosa*, пострах,

Медыявальных змрочных кафедр

(Бадай, сярэднявечны frater*

Вывучваў чорта па тых монстрах),

Ды заалогія, тэраталогія*

З дэманалогіяй на грані,

Клубкі заморскіх страшных страхаў,

Плён выдумкі дурных манахаў,

І do  Indyey, і стараньні

Вандроўцаў з прагаю да ведаў

Зірнуць сваім цікаўным вокам

На каляровых людаедаў –

А нагрувасьцілі ж навокал

Яны мільёны авантураў –

Я гэта вывучыў глыбока,

Ня горш прафесара Ян-Тура*.

І Лікастэна, Альдраванда*,

І з “Prodigiorum Chronicona”

Пра ўсе жывёлы і пачвары

Антарктыкі, Сэптэнтрыёна,

Знаю, што бачыў сьвяты Брандан

На астравах і што ў Бразіліі

Івон д’Эўро і Пігафета*,

Ці Ізідор сьвяты зь Севіліі,

Знаю “Singularites” Тэвета

І “ Miroir du monde” Брунэта,

Вялікага Альберта* (ня менш Вялікі).

Я знаю ўвесь зачараваны

Кніг ерэтычных сьвет грахоўны:

Ўсе гіпагрыфы, левіяфаны,

Кінацэфалы, унікорны,

Ня зблытаю між аднарогаў

Эглісэрыёна з монацэрам*,

Я знаю шмат чаго такога,

І мог бы тут жа за Геснэрам*

Даць вопіс гідры… Ды “referens

Horresco”… Бо, калі стварэньне

Успомню гэта, жах праймае…

Але, павер, і тое знаю,

Што горш за гідру – Падазрэньне.

 

Тым горш, бо хітрая істота

Віецца, лашчыцца, кладзецца –

Ледзь легкаверны схамянецца,

Яна ўжо ля другога бота.

І гэты выпладак геены –

Сабачка верны, незаменны,

На крок убок не адступае,

І верна служыць, і кусае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вярнуўся цень, ішоў за імі

І лепятаў губамі Зосі…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Менш геніяльныя ж казалі,

Што Андзя проста “наглядзела”…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

            VI

Глыбока ў сьнезе , ў сьне глыбока

Ляжыць задумліва мясьціна.

Срабрысты месяц белым вокам

З усьмешкай белай з-пад аблокаў

Глядзіць зь нябёсаў цёмна-сініх;

Дамы прысыпаны да вокан,

Застылі ў гурбішчах пушыстых,

А вецеп пыл мяце іскрысты

І гоніць вуліцай шырокай.

А каля крамы – сухастоі,

Нібы аблітыя сьмятанай,

Нібы хто пенаю густою

Намыліў бараду старанна

Міколу, ўгодніку сьвятому,

Што зь ліхтаром заснуў ля вокан;

А гэта шыбіна, як люстра,

І ў люстры месячык-распуста;

Не, там за шыбай сьвеціць месяц –

Мігае лямпа. Занавесіў

Марозік шыбы, сплёў узоры,

І з вокан сьвецяць іскры, зоры,

Крышталь, вясёлкі і тапазы,

Брыльянты сыплюцца, алмазы;

І сам мароз ужо ня помніў,

Ці ювелір ён, ці садоўнік:

Бо ля вітрыны, разыгранай

Гарэзных блікаў шустрай гамай,

Бач, варшавянка маладая

Стаіць і прагна, па-жаночы

Да цацак прыляпіла вочы,

Стаіць, украсы разглядае…

Як іскры сыплюцца з каменьня,

Як пырскае ад іх праменьне…

І ўжо агеньчыкі на футры,

І заінелі  вейкі ў цукры,

І дзьве жамчужыны на твары:

Адна аздобіла ёй носік,
Другая вока… дзьве ахвяры…

Тым часам мерзьне верны пёсік,

Цярпліва лічачы хвіліны

На павадкум каля вітрыны;

Каб нейк забавіць час пануры,

Джонік прыладзіўся да мура

Ахвярным культавым трыногам –

І раптам сьнег паплыў пад догам…

А мой ты цуцык! Джэнтльдожа!

Ты мог загінуць там, далёка,

Жыцьцё табе тут не раскоша,

Але ж ня выеш адзінока --

Набраўся лішняй моды, Джонік,

Тут у жабрачай эміграцыі…

Сабачка любы! Маеш помнік…

Даруй, што ў гэткай сітуацыі.

 

Ў калысцы цінькнула малое;

Устаў садоўнік, спавівае.

Паклаў унучку, супакоіў,

Хай сьпіць. Стаіць і разглядае

Вачыма шпіка твар дзіцячы,

Здаецца, нешта ўжо і ўбачыў…

Тут на сьцяне, сьвятлом аблітай,

Зьявіўся цень даўно зьнябытай

І ня зьнікае, хоць Ігнацы

Падсеў к тэатру, штось гаворыць…

І шэпча цень у белай хатцы…

А за акном ціхмяна ўторыць

Вятрэц іх шчыраму дуэту…

А праўда дзе? Яна навечна,

Пакуль ты зь ценем, чалавеча,--

У Вільяме – кругі сусьвету*

І пекла ён усё аблазіў!

“Не”,-- кажа цень. “Там!” – у адказе.

І думаюць – усё адкрылі;

А Вільям, што сышоў на дно,

Як дух узносіцца на крыльлі –

Прысуд яго: “Усё адно…”

…А ноч вышэй, а ноч  ad astra*,

Вышэй і вецер круціць песьні,

Мяце пыл зорны ў домік цесны,

Дзе ў бедненькім тэатры майстра

На сцэне шалы векавыя

Іграюць лялькі няжывыя

Праўдзівей за людзей праўдзівых,

Ах, і таксама нешчасьлівых.

 

О, асалода гэтай ночы!

Адчуў: набеглі сьлёзы ў вочы.

І слодыч любасьці, зьдзіўленьня

У верным сэрцы…

Мо гэта ноч Ператварэньня

І цуду – цуду чарадзейства:

Ён са сьцяны сьцёр цень рукою,

Пад ногі кінуў, растаптаў

І раптам моваю чужою

“Perdition catch my soul”*,-- cказаў,

“But I do love thee…”* Хто? А гляньце –

Нябожчыца падсела, Андзя,

Яго далонь сваёй накрыла

І ў срэбры месячным застыла,

Вачэй ня зводзячы з пасьцелькі,--

Знаёмы цень да кожнай рыскі

Устаў, схіліўся да калыскі,

Шапнуў ён “Зося!” да Анэлькі…

І памутнела ўсё наўкола…

Пасьля праз бляск марознай поўні

Малінавы прабіўся золак…

“Было ці ня было?” – ня помніў…

“Няпраўда? Праўда?” – Усё роўна.

Зноў загарэўся дзень зімовы.

Канец хімернасьці чароўнай,

У сэрцы, ў хаце водбліск новы,

Згарае сьвечка… Дагарэла…

“Было ці не?”… Зусім няясна…

На ўсім вясельны сьнежны вэлюм…

“I am declined”,-- cказаў Атэла,

“Into the vale of years”*… Заўчасна.

 

VII

Так і расла. Зімой у гроце,

У той аптэцы, у той крамцы,

А летам у лясах, на траўцы,

Паблізу дачы, “ на выгодзе”.

Былі за маму пані Бельска,

Худая пані Камілова,

Яшчэ прыглядвала някепска

Дзяўчынку пані Міхалова.

І кветка польская Анэля

Расла сіроча сярод зельля,

Пад ласкай Божай – Ілганова.

Было ж у крамцы цёпла, цесна –

Сярод мяхоў з мукой сядзела

Ва ўтульнай беднасьці Анэля

(Шчасьліва бавіцца маленства,

Калі цвыркун цьвірчыць з-за скрынак,

Калі ў сумётах горад дрэмле,

Калі чуваць: “…мне лут* разынак,

Фунт цукру яек і ванілі…”

І пахне рошчына духмяна,

І на шчадруху зазванілі,

І казка з праўдаю зьмяшана,

Плыве дымком у вечар золкі,

І зорак Андэрсэн навешаў

На планэтарый тваёй ёлкі…)

(Я са свайго цытую верша

Пра “Засынаньне”.) Што ж, Анэля

Сярод мяхоў з мукой сядзела,

Смактала ліпкія ландрынкі

З высокай цыліндрычнай скрынкі

(Ледзь адчыніць магла Анэля)

І семкі лушчыла ў каморцы,

Баранкі грызла, булкі ела,

Як мышка шэранькая ў норцы.

Тут як у дзеда: што шуфляда –

Ад кожнай пахла іншым ладам;

Міндаль, каляндра, кмен, крушына,

Ваніль, карынка і шыпшына,

Карэньчыкі, пялёсткі, зёлкі –

Вузлы, вузельчыкі, таболкі

З засушанымі гваздзікамі,

Якімі пахнуў і сам Каміль.

А ўсё спатрэбіцца ў бальзаме,

Што прапісаў сабе ён сам і…

На вушка раіў вельмі шчыра

Любоўю струджаным мужчынам

І ўсім ахвотнікам да бабы –

Рэцэпт “Бальзаму Сангварабы”,

“Бо з тым бальзамам сангварабскім

Кроў мецьмеш, як скакун арабскі

(І пальцамі паказваў, шлопаў –

Цень-вогір на сьцяне – галопам!),

І што важней, дык, проша пана, --

Хоць аганяйся ад каханак!..”

Яно б зусім было талкова,

Каб так лічыла й Камілова…

Аптэкар забаўляў дзяўчынку:

То вырачыць шкляное вока,

То кіне цень па белым тынку –

Такі дасьціпнік і прайдоха!

То вокам страшыў, тварам цешыў,

І вось сон першы: злосны, сьмешны,

Той “вока-твар” з “кашэчым носам”,

Бледна-зялёным, трохі косым,

(Бо Каміль быў зялёнавокі

І наркатычна летуценны);

Яшчэ гадзіньнік меў насьценны

Такі вось твар: худы, высокі

І няпрыемны, як руіна,

“Так-не” – гаворыць бязупынна;

На сон наводзяць яго крокі.

А ўжо ўгары стаяла сумна

Пачвара нейкая, бяздумна

Ашчэрыўшы гнілыя зубы.

Ўставала пані Камілова,

“Цыклопа” біла, штось малола –

І ў мужа хлюпаліся губы…

Але найлепшы цуд выходзіў,

Калі ёй дзед “тэатр заводзіў”

Ці кветкі плёў… калі лагодзіў

Ёй сэрца казкамі старэнькі.

Было найлепш, было на подзіў,

Як спакваля у ёй, маленькай,

Душа гарнулася к свабодзе.

 

            VIII

Як дзевяць стукнула Анэлі,

Пайшлі на могліцы да мацеры.

“Укленчы, пакладзі лілеі

І пашапчы матульцы пацеры, --

Сказаў ёй дзед,-- перахрысьціся,

Кажы за мною: “Заступіся,

Сьвятая Дзева, памажы

Няшчаснай мамінай душы”.

І хопіць гэтага. Пачуе,

Дык досыць слоў. А не пачуе,

То чым паможаш ты душы.

Цяпер за мучаніка тату

Спачатку ўсё яшчэ скажы.

За Канстанціна… За Канстанты…

Перахрысьціся… І дахаты

Цяпер хадзем”. Ад брамы раптам –

Вярнуў яе пад крыж матулін

І крыкнуў, як яшчэ датуль ён

Так гнеўна ня крычаў: “Самое

Аплачвай грэх чужы, малое!

Благай за „Polskę”! Не за “Польшу”

Ці, Божа крый, за грэх найгошы

Ну, ясна?” Не, не зразумела,

А паўтарыла, як умела:

“Заступіся, Сьвятая Дзева, памажы

Няшчаснай  мамінай душы”.

А ён: “Ня плач! Устань! Ачніся!

Ну, будзе ўжо. Ня плач! Нягожа

Паненцы румзай быць…” О Божа,

Заплакаў сам, дзяўчо галубіць,

Як я паэму гэту… Любіць,

Ня ведаў сам, відаць, як любіць!..

Каго? Ах… Божа мой…

                                        Па праўду

У антыподы едзе аўтар.

І ў Польшчы знаў, але зарана,

Каб адчуваць, як моцна сьцісьне

Душа па той бок акіяна;

А там, далёка, там на Вісьле,

            Купалася варонка*

            А капітан падумаў,

            Што гэта яго жонка.

            Пане капітане,

            Не твая там жонка,

            Ёсьць такая птушка—

Што завуць варонка…

І ў гэтай песеньцы нявіннай

Таксама водгульле айчыннай

Тугі за сінімі марамі,

Далёкай і такой вось блізкай;

Айчыны пах… Ва ўсім… Зь вятрамі,*

І вунь яшчэ… там, дзе забліскаў

Агонь у полі…+ Белы хутар

у вішнячку. + На багнавіску

сьвятляк-агеньчык. + Рог Траўгута

і Мазавецкай.+ “Як у вас тут,

мая ж ты панька? Здрастуй, здрастуй!..”

-- А да Рдултавай ці далёка?

Ай не, з паўмілі, тут пад бокам.

+ Пах прэлай збруі. + Баба ў возе.+

Няўспаныя пад золкі ранак

у цягніку сяляне… + Замак

у шэрані.+ “Вам зь дзікалонай?”

+ На двор уехала падвода,

ссыпаюць вугаль.+ Ах, шалёна

гуляе горад…+ Гвалт, цяснота

на рынку ў Лодзі.+ Пахне кропам

з кадушкі.+ Хвост каля “Еўропы”

таксі.+ Жалобны поезд сельскі,

пяюць.+ Машынай праз Алеі

сівы Пілсудскі і нябескі.+

+ І ноч. Касьцёл пад крыжам.+ Днее

над Віслаю.+ Авечак статак

на Калатуўках.+ На выставах

Вялікдзень зь яйцамі. + Бялеюць

Спавітыя ў вянках лілеі

у расцы на вадзе.+ Па росах

сьляды і сьцежкі.+ Пастух босы

на лузе змок.+ Некролаг-трунка

за шыбаю ў акне ў карунках.+

Аб’явы ад рукі на сьценах:

“Здаём пакойчык за бясцэнак…”

+ Гартэнзія. І Вэдаль. + Сала --

кляймо чыясь рука ўпісала

алоўкам.+ У кінатэатры

на Волі зноў “Рэвю” і “Татры”. +

“Кур’ер Варшаўскі” і аб’ява:

“Чытайце Пруса Баляслава,

навэлы”.+ Брычкаю ці пешкам

у Прагу. +Імяніны Лешка; +

Прадмесьце. Фрэта. + Пад Халямі

сухія зёлкі з тратуараў

у баб купляюць.+ “Манюшкамі

пан не праедзе…” + Жоўтым жарам

парк разгарэўся Віляноўскі

пад лістапад.+ Жывыя рыбы

у лаўках, што на Макатоўскай

і Гожай.+ “Шыбы – шыбы – шыбы!”

(Шкляр Шлёма).+ І касцёл пад поўняй

срабрысты.+Ніна Марштынова.

Гарэлка днём у Плававіцах.+

Сінічка. Кветнік,+ Гнуткасьць ніцай

вярбы.+ Стары каваль падкову

куе, мужык каня трымае.+

У цягніку усё мільгае

чародка хат з акна.+ Кабыла

выцягвае зь лясной дарогі

сасну; скрыпеньне колаў; ногі

з калёсаў зьвесіў дзед паныла.+

Падзел на Сольцы! + “Проша пана,

за кім пан сочыць, дупа пхана?”

-- “Сам пан за паняю какоткай!”

+ (Мярцьвяк на шыльдзе круціць кола.)

+ “Білеты папрашу…”+ З Мар’яцкай

зьляцелі галубы чародкай

на брук.+ “Хай голы – ды вясёлы!”

“Галоўнае – не хвалявацца!”

“Палае Вісла, глянь, вар’яце!”

+ Рабіны церпкі смак. + Касьцёлы

Падгальля.+ Ў камісарыяце

Падвечар у суботу.+”Гладка

Шанцуе дзеўцы!” + “Маліноўскіх

Я знаць ня знаю!” + “Шакалядка!

Цукеркі! Піва! Ліманядка!” +

“Во, гузік, пане” (акцэнт львоўскі),

+ Вэнгеркі-сьлівы. + І букеты

са штучных кветак макатоўскіх.+

Апухлы з плачу твар Вянявы,

што  за труной каня гнядога

вядзе маршалкавага.+ Вавэль

перад вайной наведаў…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

                                        Потым…

Пасьля і мне ўдзялі такога

Атлантыкай журботы. Потым

Мне на Атлантыку, журботы

Сто раз памнож! Не, гэта мала –

Лепш тысячу адзін! Ня знала

Шахеразада, калі ў міфах

Жыла штодня, адпачывала,

Што ў казках мы заўжды ад ліха

Ратунку ўсе сабе шукаем!

Так Лодзь замест Багдада маем,

Ла-Манчу лічым нашым краем,

Табос адвечны* -- ў Тамашове,

Варшава – мучаніца Троя,

Ерусаліму – два ізгоі,

Народы два, браты нядолі,

Пяюць і плачуць гімн юдолі,

Хто ж ведаць мог, што нам, палякам,

Сьвятою Меккай стане Кракаў,

А Гевант – Сёмаю Гарою,

А Вісла – Сёмаю Ракою*?

 

My country is my home*. Айчына –

Мой родны дом. Дом польскі лёсам

Мне дадзены. Ён мне Айчына!

А ўсе другія – на калёсах,

Дзе нас нягода залучыла,--

Прытулак толькі мой і посах.

Мой дом. Кватэра. Стол пісьмовы.

А ў ім (ці помніш?) у шуфлядзе--

Чаго няма там, як на складзе!

Набор алоўкаў каляровых,

Квіткі, візіткі і насоўкі,

Канверты, маркі і паштоўкі,

Пігулкі, цюбікі, нажнічкі,

Каменьчыкі да запальнічкі,

Пінцэцік нейкі і бірулька,

Старая табакерка, люлька,

Білет да Кельцаў скарыстаны,

Пярсьцёнак медны, футаралік,

Клей, гумка, пэндзлік і мэдалік,

І пропуск пратэрмінаваны

Пад меднай яшчаркай бясхвостай

На прэс-пап’е, сьцізорык востры,

Пяро “пад бронзу” – “Закапанэ”

На тым пяры гравіравана,

Пустая скрынка, ключ якісьці,

Што нешта адмыкаў калісьці…

Ды што ж бо я, зь якога ляду

Ўсё пра шуфляду і шуфляду?..

Глядзі сама, бо адамкнецца

І бяз ключа яна, -- у хламе

Ты разграбеш маё пасланьне:

Тваё засушанае сэрца…

Ня выкідай адтуль нічога,

Прыдасца – не, а хай пабудзе

У гэтым сэрцу мілым брудзе

Шуфляда скарбу дарагога…

Бо ў дробязь кожную я ўкладваў

Жыцьця хвілінку ці гадзіну.

І мне цяпер, як з той шуфлядай,

Так і з пакінутай радзімай:

Усё ў ёй сэрцу дарагое,

Хай “непатрэбшчына”, “пустота”,

А ўсё ж працівіцца істота

Адкінуць. Хай жыве з табою.

Ты скажаш – гэта забабоны?

Вядома. Чалавек вучоны

Назваў бы міфам той феномен,

Бо са штодзённых міфалогій,

Звычайных зьяў бяздайпрычынных,

І з фарбаў, ліній, і зь мелодый

Ты ўявіш сьветлы твар Айчыны.

Такою ўгледзіш непаўторнай,

Адзінаіснай і прыгожай,

У рэху ўчуеш ночкай чорнай –

Яна! – ў табе! Крывінкай кожнай!

 

І гэта моц – мацней за ўладу

Батораў, Храбрых, Ягелонаў*.

За іх гарластую браваду,

За оды бардаў-пустазвонаў!

О гістарычная скуглота!

О псіхапатыя гісторыі!

Рыфмацтва “глорыі – вікторыі”

З гусіным гагатам з-пад плота

Пра дух капіталійскіх продкаў!

О эпахальства вершаплётаў,

О “пафас дзей і спраў” пыхатых,

Патугі вашых кляч крылатых

У дрындзе подзьвігаў і ўзьлётаў!

Пацягнеш Польшчу па віхлястай

Дарозе “вызначэньняў”, “місій”,

Каб, як шчанюк, як барзапісец,

Газетны “фуксік” і падлізьнік,

Тлусьцець на здоры славы пястаў*?

Пярун пабі “дарогу лёсу”!

Замест гісторыі з затычкай

Было б няблага для кур’ёзу

Крыху навукі батанічнай?

Акыш! Хлусы з усёю тхлінай

Той гістарычнай блытаніны!

Ня ўкрыць Матэйкавай*  карцінай

Галечы, ран, пакут Айчыны!

Яе на веліч ты асудзіш,

 На “ожал бялы”, “вернасьць крулю”*,

А люд табе паказваць будзе

Штаны падраныя і дулю.

Ты будзеш корпацца ў народзе,

На “шлях” выводзіць, -- ён тым часам

У хатах брудных, у смуродзе,

Пусты жывот падцісьне пасам

Ці пакладзе яго ў магільнік

На паўдарозе да “вялькосьці”…

Усьцелюць поле люду косьці,

І гэты ўзнос – крывавы вынік

Амбіцый прагнай Вашай Мосьці.

Гісторыя! “Нашчадкаў права”!

Глянь, як з “Geschichte” распанелі!

А дзеўка гэтая крывава

Сьмярдзіць у спаленым бардэлі,

Ахвяра ўласнае распусты,

Шляхоў, наказаў, місій гнюсных,

Што ўбіў у мозг германскі вузкі

Яе альфонс і верны вучань:

Па радаслоўні – мілы ўнучак

Герулаў, вольскаў і херускаў!*

А вунь другі! – вялікі дучэ;

Birbone, furbo, truffatore,

Il grande storico gridore*,

Нашчадак антыкі, этрускаў!

Як хутка зьнюхаліся кучай

Яны зь гісторыяю сучай!

І – здаў экзамен пустамеля:

І Оrbi паказаў, і Urbi*,

Як гладка дзеўку сваю скурвіў

На гістарычных паралелях.

Мільёнаў нам ня трэба ў касе

За сто вякоў назад на Марсе!

Нам дробныя на стол! Звычайны

Дзень сёньняшні нябогім дайма!

З банкнотаў радасьці і шчасьця

Музеі нашы можна скласьці!

О сьпекулянты з мордай гладкай!

З прылаўкаў вашых брудных яткаў

Прадаяце здыхліну, ворвань

І ад Мінуўшчыны здор ёлкі,

А ўся сучаснасьць – вам у горла:

Кавалкі тлустыя і полкі.

Бо – гэта вам, Вялікім прызам.

Як сплачваньне патрыятызму.

О крывадушныя артысты!

О трубадуры Сытай Волі,

“Санацыі” прапагандысты*,

Сьвятога Заўтра на Ніколі,--

Сягоньня ў вас – банкет прарока:

За ўсёвідушчасьць яго вока,

За веру, за давер heil’істы*,

І за дазвол лізнуць пад хвост!..

А іншым, нам – вялікі пост.

 

І нашы дзеячы дзяржавы

Ці раз малолі і ўздыхалі:

“Каб гэта нам… за руль Варшавы…

Народу нашаму паслалі

Нябёсы геній правадырскі…

Ён вораг? Немец? Хай, ды нізкі

Яму паклон мой, проша пана…

Ён д’ябал? Праўда, ёсьць загана,

Але ж магутны д’ябал можа

Нам даць… “ад можа і да можа”,

Бо сіла – гэта, проша пана,

Якраз бо тое, што нам трэба;

Мы зь сілай, зь вераю у неба

Знайшлі б і нашы ідэалы!

Чытаў пан вешчай кнігі словы,

Дык знае: вера ўздыме скалы,

Бо ў слове – дзейнасьці асновы…

Шапэн! Каб наш народ так верыў

У гарт і сілу, як Фрыдэрык…

Уга!.. Знайдзіце геній творчы –

Канечне, лепш паляка, Пяста, –

Каб нас пазбавіў ад баластаў

Нявер’я, -- ўбачылі б на вочы,

Што можа моц і дысцыпліна

Народу, зьлітага адзіна!..”

Я знаю зьлітыя народы,--

На “гістарычных” перавагах

Іх геніі і верхаводы

Заўсёды грэліся няблага…

Па мне лепш сьмерць, любая пляга,

Чым каб у Польшчы меў быць панам

І ўводзіў Ordnung* свой паганы

Антыхрыст механізаваны

І ўрад прахвостаў і тыранаў.

Віншую пана зь ідэалам:

Дзярмо, затое ў польскім соўсе

(Шапэна ўцэньвала б па носе!),

Дух вешчы б пану ўвасабляла.

Будзь ён палякам-распалякам,

Глыбейшы ў продках, шыршы с…ай,

Чым гэты швабскі неданосак,

Dichter* зь сякерай за халявай,

Пячорны Denker* і філосаф,

Ён быў бы і тады праклятым

Ва ўсіх сваіх каленах катам.

 

Мы ж людзі сьціплае пароды,

Ня юбэрмэншы-чыстакроўцы*,

Мы ў Бога просім іншай моцы

І іншай велічы народу.

 

Дай нам сьвятла над родным домам*

І звона вешчага ударам

Адкрый нам Польшчу, як ты громам

Нябёсы насьцежыш у хмарах.

Дай нам ачысьціць дом Айчыны:

Прыбраць каменьне і руіны,

Сплаціць грахі свае, заганы –

Хай будзе бедны, ды бязьвінны

Наш дом, у сьмерці адабраны.

Зямлі маёй, што зноў на сонцы

Зазьзяе воляй залатою,

Дай мудры, добры люд, што моцны

І мудрасьцю, і дабратою.

Калі ж народ на іногі ўстане,

Калі свае натужыць жылы:

Дай ім, працоўным, на ўладаньне

Плён працы іх, памнож ім сілы.

Разбур банкірства, зьдзейсьні, Божа,

Каб не пладзілі грошы грошай,

Суціш пыхлівага пакорай,

Пакорлівым дай гнеў і гонар,

І дакажы, што сонца грэе

Пароўну грэка і яўрэя.

Скінь з галавы пустой карону

Пыхлівым дурням, фанабэрам,

Свайму намесьніку зямному

На стол пастаў парожні чэрап.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Бі громам тых, што дзеля ўлады

І славы возьмуць зброю ў рукі,

Не дапусьці, каб меч няпраўды

Меў тронку з крыжа Тваёй мукі.

Хай сэрцаў тых квітнее воля,

Што вырасьлі зь нягоды грознай,

Хлеб з польскага вярні нам поля,

Вярні нам труны з польскіх соснаў.

У слове будзе хай адзінасьць,

Той сэнс, што слова заключала,

Дай першаснасьць яму, праўдзівасьць,

Каб права – права азначала,

А справядлівасьць – справядлівасьць.

Няхай імя Тваё ўладарыць

Ва ўчынку болей, чым у песьні,

Разьвей дурным пустыя мары,

А летуценьні добрых зьдзейсьні.

Зрабі, каб той пажар зьнішчальны,

Які прайшлі мы, -- блаславілі,

Калі ён будзе ачышчальны

Душы спустошанай у гнілі.

Хай Польшча велічнаю стане:

Сынам яе ад плоці й духу

Дай веліч сэрца ў час змаганьня,

Дай веліч сэрца ў час трыумфу.

Заціснутым паміж арыйцам

І ста народаў новым краем

Дай братнія на ўсход граніцы

І прорву дай з заходнім раем.

Далоні Сына, што расьпяты,

Сарві зь цьвікамі з крыжа мукі

І засланіся, дай нам рукі

Свабодныя на час расплаты.

Дазволь, закон парушым Божы,

Калі праз Татры трупаў нацы,

Праз Балтыку крыві варожай

Мы ў Польшчу прыйдзем паквітацца.

…Твае ж убачыўшы цярпеньні,

Некропаль наш асірацелы,

Мы ў полі станем на калені,

І страху поўныя, й надзеі.

Надзеі – што сьвяты наш горад

Сьлязамі радасьці сустрэне,

А не маўчаньнем і дкорам.

А страху – раптам не паможа

Ні плач, ні літасьць, ні вітаньне…

МАЎЧАНЬНЕ паміж намі ўстане

Злавесна і варожа.

 

            ІХ

Гром воплескаў: “А далібог жа,

Ён праўду-матку ўрэзаць можа!

Хай лад жыве дэмакратычны!

Радок ягоны паэтычны

Даўно мы шчыра, сэрцам любім,

Бо гэта ж майстар, гэта ж – Тувім…”

Не, ты пабач! Як гладка чэша!

Сюрпрыз! Як вальнадумна, сьвежа! --

Сам падбухторшчык-скандаліст,

Урвікавалак, таталіст

Да “дэмакратыі гнілое”

Сьляпіцай лезе! Што такое?

Me diga, faz favor, amigo*,

Так распаўлініўся героем –

Фашызму даў з кішэні хвігу:

Бач – дучэ “гіцлем” змусалініў,

Ўз’адольфіў, сфюрэрыў германца,

І, матухны! Як сьлёзна сьлініў,

Калі злы грэк душыў албанца*.

А помніш, як ты кукарэкаў:

Берлін табе раней быў Меккай,

Парыж і Лондан – Тэль-Авівам,

Рым – Віфляемам. Як шчасьліва

З тых палітычных геаграфій

Прапхнуцца правільна патрапіў,

Што ўжо “ў сьвятле інакшай веры”

Зьмяніў пагляды “ў пэўнай меры”?

Яшчэ крыху і ўжо: “Яўрэі ж –

Таксама людзі!” – заблюзьнерыш.

Што надалей – дык па-геройску

Ты трыумфатарам у войску

Зь Сікорскім* у сталіцу ўкрочыш:

“Сялянам вольнасьць і рабочым!”

(Хай назіркам, хай толькі зблізку

Дацікаваў сацыялізму!)

Пабіта, словам, дзіч германства,

Расію біце на здароўе,

А мы на піва, проша панства,

А там паглядзімце, панове…

-- Мой дэмакраце, што з аўторка

На сераду прадзёрся чыста,

Я знаю, з Рыо да Нью-Йорка

Ты ўжо даедзеш… камуністам.

Мой англафіле, “зэт-эль-янсе”*

Свабоды, права, польскай ліры,

Цяпер са мною ты ў альянсе –

Ды ведаю цябе, праныру…

“Выкладвай праўду шчыра!..”

Як вянуў квецік размарыну,

А гэта ж папараць палякаў

(Ты нюніў: “Квецік размарыну…” –

І ўжо, глядзіш, той-сёй заплакаў,

А ты ўжо: “Разьвівайся, квецік…”

Другі падцягне голас, трэці,

А ты хутчэй, шырэй, узьнёсьлей –

Плыве напеў цяплей, мілосьней,

І квет расьце ў вачах дзівосьней,

Вясеньне-радасьней і сьлёзьней;

Сюсюкаў: “Пайду да дзяўчыны”,

Сюсюкаў: “Пайду да рыбчыны,

Ой, папытаюся…”) –

                                    Спытайся:

Пра квецік на каваным боце,

Пра першае іх пяцігодзьдзе –

Калі Жалезны Воўк распаўся

На сотні шчанюкоў-“гітлеркаў”,

Калі як воспа, як праказа,

Абсела польскі край зараза

Штурмавікоў, фашысцкіх клеркаў,

І Kaffepflanze генералаў*

На лад карычневы гарлала

І праслаўляла новых бостваў:

Кагорту Першую, Фалангу*

З пазадзьдзя дзікасьці, зь юродства,

З выродства гатунковых рангаў;

Калі застрашаным міністрам

Чытаў хаўтурную з памоста

Малакасос, шпанюк з падсьвістам

Зь міфічнай місіяй прахвоста;

Калі на плошчы зь гікам выйшлі

Хлюсты, паскуднікі, мяшчане,

Бадай, “католікі” залішне,

Але даўно ня хрысьціяне;

Калі хваліліся распустай,

А ў галаве гнілой капустай,

Калі сапселыя ад шчыру

Яўрэяў білі так зацята,

Што большы сорам за айчыну,

Чым жальба за пакуты брата,

“Нажамі доўгімі” палошыў*

Дэлірык, лірык, пёс бубонны,

А ксёндз  …скі, служка божы,

Трубіў антыхрысту з амбоны,

Калі ксёндз Тшэцяк партайтагу

Даваў у Нюрнбергу прысягу*,

А Пудру ў храме пад крыжамі

Па твары білі, зьневажалі;

Калі хам, невук, хлюст плюгавы

З “Задругі”, шпік альбо лягавы

Міцкевіча, як “жыда”, бэсьціў

І не баяўся з пугай лезці

Да ўрада, прэсы, думкі масы,

Бо шэфа меў на Вільгельмштрасэ;

Калі гасьціў Вялікі Лоўчы*

У “велькапанства” ў беднай Польшчы,

Калі аж радасьць расьпірала

ОЗОНскіх*  блазнаў, асталопаў,

Што вунь – частуюць Рыбентропа

(Гадзіньнік стаў, і стрэлка ўпала,

І ўжо асуджана Еўропа!);

Калі “віват” крычала п’яна,

Што Юзік зь Гесам на кактэйлі,

Што Дзюбу ў вальсе вёў Чыяна,

Што Болек з Эдаю фартэліў*--

O, dance macabre!* Як танцавалі,

Ужо ў труну цьвікі ўбівалі;

p

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

Калі чарцей берлінскіх шайка

Ажно качалася ад сьмеху,

Што з “дружбай” дурню далі ўцеху,

А Польшчу точыць рак маршалка*;

Калі ўстановы былі – “амты”,

А Сьміглы вёз калёсы права,

І “олрайтнікі”, ад’ютанты –

Абцасы лясь! Нале… На-права!

Калі прыдурку ў ладкі білі,

Што го! Якія мы – чорт бойся! –

І гонар зброі паглумілі

Дурным паходам на Заользе*;

А “уэнэрам” клаў Мядзінскі*

Паклоны з шыкам дыпламата,

І пакідаў кафэ Сланімскі*

Пад кулаком паэта-ката*,

Аматара ад плагіята;

Калі збаёдваў арсеналы

Насьледнік булавы і славы,

А Перд-Пярткевіц, арфей гною,

Гразіў мне куляй і пятлёю;

Калі пры ўрадах тых ОЗОНцаў

Хто толькі мог, той і падцкоўваў:

Бандыты-шаляніцы з “Гоньцаў”,

І ворвань зь Непакалянова,

“Мысль (ілюзорна!) Народова”

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

І з “Польскі Збройнай” пацяробкі,

Марш, марш, Дамброўскі”,

Бабуля Гуля-Гулявіца,

Нутром і целам – гітлярыца,

І шобла гультаёў з падклецьця,

Гайня з “Палконіі”, з “Жылец’я”,

“Бір-стольцы” Рыдза, зборня швалі

(І жэрлі, і ванітавалі).

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

 

Яшчэ -- упамяну  асобна –

“А.В.С.” (“DEF” падобна ),

Як і зь “Меркурыя” рупліўцы,

Калі ім, доўбням, млелі сківіцы

Ад радасьці, што будзе гета,

Што змогуць біць тады па мордах

Канстытуцыйна, бо in petto*

Германскіх выглядалі ордаў,

Гатовыя прадацца з калам

Сьмярдзючым іхнім ідэалам,

Блазьнючым пошасьцям, агідзе,

Калі ў газетках цемрашалаў

З канца ў канец адно мільгала:

“Жыд, жыда, жыду, жыда, жыдзе”;

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

Калі зь любое падваротні

Любы лайдак за лыткі тузаў –

Дзе быў тады ты, мой супольнік,

З якім ваўком шукаў саюзаў,

Каму тады лізаў падгузак?

 

“Тпру-дзе!” – як кажуць. “А, ня шкода!”

…Бо не забыў я Гром той Майскі

І тую веру маладую,

Што ў Польшчы ўбачу залатую

Пару з маёй чароўнай казкі,

Што праўдай стане сон народа…

Мінуўся сон!.. Ня сон мы зьдзейснім!

“Тпру-дзе!” – кажу я. “НЕ,  НЯЗГОДА.

МОЙ  ПАНЕ”.

                         Вось і кропка песьні.

 

ДРУГАЯ  ЧАСТКА

 

Першы разьдзел

 

І

Паэзія! Дзе сэнс тваёй прыроды?

Што творыш ты? Сябе, свой голас?

 

Ты крэсіва – агонь – куродым,

 

Сама сяўба твой сьпеліць колас.

 

Ты зарапад у змроку золкім, --

Бягу лавіць я тыя зоркі.

Няма іх. Застаецца толькі

Празрысты сьлед ад зьнічак гонкіх,

 

Ты – зорка і той сьлед высокі.

О чара, бязь віна – віно ты,

І захапленьне ты – бязь вінаў,

І песьня п’яная, а потым

Сама ў сабе ці ў сьне глыбокім

 

Жывеш пра сон свой успамінам;

Цябе ўздымаю, келіх тайны,

 

Агонь мой зорны, ураджайны,

 

Мая прычына ты, і мэта,

 

І першаснасьць, і канчатковасьць!

 

П’ючы цябе душой паэта,

 

Тваю ўслаўляю несканчонасьць!

 

Паэзія! Тост першы юбілея!

Дзясяткі тры гадоў мінула,

Калі ты крыламі махнула

Калісьці ўночы мне, як фея.

З часоў Адама і Арфея

Ў раі і ў пекле – шчасьце, смутак…

І гэтак дзесяч тысяч сутак

Ці, каб дакладней, адзінаццаць,

Бо што мне тысячай кідацца…

Гадзіны ня ўпушчу з натхненьня,

Адной хвілінкі пашкадую:

Табе я веру, як цалую,

І ўсё ж пакутую ў сумненьнях.

 

Было ўсё тое ў час гарачых

Зімы зь вясной перацяганьняў,

У час лянотных разважаньняў

(А я ж гультаіна лядачы!),

У дні журбоціцы няпэўнай,

Каханьня, бязуладзьдзя, страху,

 

У час Евангельля, Шапэна,

 

У час КАНЯ на мокрым даху*.

Жалезны конь відаць быў з вокан:

Стаяў без верхаўца ён, бокам,

 

І дзёрзка клікаў абібокаў

 

Ускочыць і – наўскач галопам…

 

То час быў захапленьняў пільных

 

Нудой, туманам, тлом магільным,

 

Сьлядамі зор на трасах пыльных…

 

Дык рыньма разам жа па трасе,

 

Ветэрынарны мой Пегасе,

 

Над нашым нудным Комінградам*

 

Туды, дзе за астральным садам

 

Прароцтвы сноў сьвятога Яна!

 

Нясі ў туманнасьць акіяна;

Як даляцім да Задыяка,

Я адпушчу цябе з падзякай

І на Вялікі Воз заскочу.

А конь стаяў – дым выеў вочы,

 

Увесь зьнясілеў і прамок,

 

Ужо і грыву зжэрла ржа,--

Не павярнуўся, не заржаў,--

Так цяжка стала, Больш ня мог.

 

Укінуты ў паныласьць тла,

 

У шэры дождж, у дні бяз сонца

 

(Густая навалач-імгла,

 

Паўсюль імгла! Імгла бясконца!),

 

Чакаў Пегас мой доўга дарам

 

Якогась дзіва, нейкіх чараў,

 

Якраз ЯЕ, хто дорыць Слова,

 

Якраз ЯГО, што творыць Слова.

 

ЯНО прыйшло, ЯНА прыйшла

(Імжака-мгла, туман-імгла,

Імгла, як сонца і як попел,

Калі дыміцца парай поплаў

Пасьля дажджу ў расплыў цяпла,

 

Калі трымцяць, гараць бліскуча

 

Лісьцінкі ў зарасьцях дрымучых

 

У кроплях, пацерынках шкла…).

 

Хто адрас даў табе, імгла,

 

З якім Яна цяпер прыйшла?

У час ня зімні, не вясеньні,

У міг апоўначна-дасьветны,

На недасказа-недасьненьні

Візіт зрабіла цёпла-сьветлы,

Бязгучна мне імя назвала,

Якое шчасьце азначала,

А шчасьце з роспаччу нароўні…

 

За шыбай конь у дыме поўні

 

Пачаў акрыльвацца памалу.

 

            *

“Да Прасьвятога Магістрата

Багдада, гэта значыць – Лодзі…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

…Ніжэй падпісаны падплоцень,

Тутэйшы вучань, лежань, драла,

Вахлак, убоіна, завала,

Аблудзень, трундала, чмурыла

Прасіць пачціва мае гонар,

Каб жа ж крылатую кабылу

Прызнаў выдатнасьцю наш горад;

Каб конь аброк свой зорны хрумстаў,

 

Ваду кастальскую піў з Лодкі*,

 

А лепш яшчэ – цабэрак “водкі”;

Хай будзе на паказ турыстам,

 

Заезным ёлупам, залётным,

 

А ў конюхі крылатай клячы

 

З “Орэндаўніка” аслоў годных

 

І фракцыю паслоў народных

 

За харч казённы каб прызначыў”.

 

            *

Паэзія! Сьвятло майстэрні!

Ты сьветач мой лабараторны,

 

І чарадзейны, і містэрны,

Як

 набажэнства, непаўторны!

О матэматыка анархіі,

Магічных формул уладарка,

 

Хіміца ў масцы і знахарка,

 

Заўжды цьвярозая шынкарка,

 

Гарэза голенькая зь перцам,

 

На неба ўскочыш балярынай,

 

Сваім упіўшыся гашышам;

Аптэкарка з чульлівым сэрцам

 

У фартушку з сур’ёзнай мінай

 

Над кожнай унцыяй ня дышаш.

У лунапарку планетарным

Глядзіш на вечнасьць, як на лёсік,--

Сьпярша праверыш кожны камень,

 

Кожны ў гадзіньніку калёсік.

 

Як двуадзіны (Фаўст з Эйнштэйнам)

 

Каля прабірак, двухаблічны,

 

Глядзіш на эліксір таемны

 

І на паперцы ставіш лічбы.

Прастор туманнасьцяў блакітных

 

І навальніцу сноў і бунтаў

 

Замерваць трэба лагарытмам,

 

Вагой, законам контрапункта.

 

            *

Я ў школе – конь у садзе школьным

 

Грабе ўжо пругкай ножкай глебу;

Я п’ю гарэлку – конь свавольны

 

Гарцуе, грывай чэша неба;

Я ўкрыты паэтычным дымам.

Конь пада мной гарачы – дыбам,

Я ў воз – конь коціць рызыканта.,

Я за латынь – і конь дурэе,

А неўзабаве Расінантам*

Заржаў у гонар Дульсінэі.

Мой друг крылаты, крутабокі,

 

Упарты і неакілзаны,--

У годзе… Божа, як далёкім

Выдатным скокам здаў экзамен.—

Даюся дзіву з лодзкім людам:

“А конь бо знае, якім цудам”.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Яшчэ (каб скончыць гэту тэму

Мы пераскочылі Піліцу,

Сп’янелыя ад песень сьвету,

Каханьня, сонца, зараніцы,

Яшчэ заглянулі ў Жачыцу,

Ліцёнжну, Раву, Жандлавіцу,

 

Студзянну і Крулёву Волю

 

(З той вёскі нацянькі, праз поле

 

Калі ішлі, спаткалі раптам

 

З унучкай нашага Ігната);

Яшчэ, зьяднаўшы сэрцы ў пары,

 

Налёт зрабілі паэтычны

 

Мы на Табос наш рамантычны,

 

А там спалох… Па небе хмары

 

Там коціць грозная віхура…

 

Два сэрцы – паніка адна…

 

Легенда! –

                   І плакат на муры:

ГЕРМАНІЕЙ НАМ ОБЪЯВЛЕНА ВОЙНА.

 

ІІ

Ужо дванаццатыя суткі

Грымяць баі, палаюць вёскі,

Кідаюць горад з рук у рукі

То рускіх, то германцаў войскі.
Каторы дзень, як пад карчамі

Кішэла ў лесе ўцекачамі,

 

Усе ўжо зналі енк снарадаў,

 

Маглі ўгадаць, калі дзе падаў, --

Маліліся; але на золку

Трынаццатага дня замоўкла

 

Там за ракою кананада.

І толькі слаўся дым барвовы,

І з трэскам хрупаліся кроквы,

Шугаючы фантаны іскраў,

Абвальваліся бэлькі ў прысак,

Па галавешках, быццам хвалі,

Агеньчыкі перабягалі,

З вугольля жар яшчэ прабліскваў,

І зьмейкі  юркалі пад комін,

Што, як асмалак-труп, на варце

Стаяў на выгаралай хаце…

І касяком праз гэту пустку

Дождж шаткаваў сваю капустку,

 

Туманіў далеч шэрай слотай…

 

Аж вунь: ужо цераз балота

 

Натоўпы шэрых чалавечкаў

 

Зь лясоў спаўзаюцца ў мястэчка –

Натоўпы зданяў-бедалагаў,

 

У клумках цягнучы ашмоцьце,

 

Крадком, разгубленыя ў страху:

Ці знойдуць дом? Ці ўжо бяз даху?

 

Плывуць на рынак. А на плоце

 

Германец клеіць Bekanntmachung*?

Гусары пояць коні, вокал

Ужо дзятва цікуе вокам.

 

У сажы, попеле і ў дыме,

Хто ўнурана, хто на каленцах,

Грабуцца людцы-пагарэльцы

У сьмецьці спляжаных будынін

Сярод руін, дзе чад распоўзься

Па прыцярушаным вугольлі,

Ратуюць, што ў пазавугольлі

Магло ўцалець у тым хаосе.

І енк стаіць у навакольлі.

Хто цягне плеценае крэсла,

 

Хто більца з колішняга ложка,

 

Абгарак-столік на трох ножках,

 

Хто раму, што снарадам зьнесла,

 

Хто ад люстранай шафы полку

 

З адбіткам рынку і натоўпу,

 

Дзе шал і вэрхал гаспадарыў.

Ляжаць у кучы ўсе тавары:

Гаршкі, балеі і кадушкі,

 

Цабры, дзяружыны, радзюжкі

 

І процьма шклянак, місак, сподкаў,

 

Ландшафтаў, фатаграфій продкаў,

 

Вазонаў фуксій і муштакаў –

Усё на рынак. Пасяродку

Старая тлее атаманка;

На космах ваты і кудзелі,

Як птушка ў страху, рвецца ўгору

Агонь ад рэзкага віхору,

Ля крамы сажу густа сьцеле

На вецьце дрэў двух пры дарозе,

Што, як вар’яты, ў гэтым горы

Застылі ў істэрычнай позе

Мегаламаніі, пакоры;

Стаялі ўчора пышна, густа,

А сёньня ў гібельнай пагрозе –

Увешаны ашмоцьцем слуп,

 

Сагнута шыя, ссохлі вусны,

 

Пашэрхлі плечы, спрэла сучча –

Нібыта вывернуты курчам

Пастаўлены на ногі труп.

 

Здалёк праз тую браму сьмерці

 

Пралёт Ігнат ужо прыкмеціў.

 

І ў сьмерці струшчаныя бэлькі…

 

“Нічога… Добра…” – да Анэлькі,

 

Што на руках яго заснула…

 

“Спакойна, панечка Таклюня,

 

Ня трэба сьлёз, пабойся Бога…”

 

Але расьце яго трывога…

 

Міжволі крыкнуў пан Ігнацы

 

На месцы “грота” іх пры крамцы.

 

Як тут зайшлася плачам-енкам

 

Разбуджаная ім Анэлька!

Як з рук памкнулася, пад крамку

 

У дым, у попел – зноў да дзеда.

 

“Дзядуня! – плакала, -- Вой, мамка!”

 

(Да пані Бельскай.) А кабета

 

З вугольля ржавай кацубою

 

Ландрынак скрынку выграбала,

 

З якое ліпкаю, густою

 

Смалою жыжка выцякала…

 

І ўсхліпвала на друзе пекла

 

Над тым сіропам пані Тэкля.

 

Пакінем іх, а той хвілінкай

 

Увагі ўдзелім тэме дробнай:

Ландрынка любіць быць ландрынкай,

 

Ландрынка мае быць асобнай:

Ландрынкі права – быць нармальнай,

 

Паштучнай, індывідуальнай;

Ліжы, смакчы і лыкай сьлінкі –

Вось філасофскі сэнс ландрынкі;

Ландрынка схрупанай быць прагне!

Бо ня сіроп яна, мой пане!

 

Зноў да Дзяверскага. Ў Ігната

 

Чысьцюткім небам крыта хата,

 

Падлога – мора твані бурай.

 

На борт павалены ў калужы

 

Нядаўна адшумелай бурай

 

Карсарскі брыг па хаце кружыць –

Як пад магнітам ці ад чараў…

Прыслоўе даўняе збылося,

Што “vivere non est necesse,

Sed est necesse navigare”*.

Ну што ж, панове, адплывайце

 

На караблі, на параходзе,

 

На барцы, ў шлюпцы, на шаландзе

 

Альбо пад ветразем на боце,

 

На лайбе, струзе ці на яхце,

 

Плыце, пароме – ваша воля…

 

Гайда, сябры! Ды толькі знайце:

Ня трэцім класам  на “Анголе”.

Там блох – няхай на іх паморак!—

Як летняй ноччу ў небе зорак,

 

Там служыць вельзевул шэф-кокам,

 

І толькі палуба пад богам!

Той бог  я сам; радном акрыты,

 

Там ноч у ноч пятнаццаць сутак

 

Маячыў прывідам на судне

 

У прорвах, доляю забыты…

 

І накрываўся коўдрай зорнай

 

Мядзьведзіцы над прорвай чорнай.

 

І грэўся там касьмічнай поўсьцю,

 

Свая далонь была падушкай

 

Пад Млечным Шляхам, і са злосьцю

 

Піў віскі зь Лешкам і Сагнушкай.

 

Кіпела бездань за бартамі,

 

Як твань і гразь пад капытамі,

 

А плёскат фарбаў, пырскі іскраў

 

Спляталі ў кветкі зелень выспаў.

 

Тубыльцы, шустрыя пракуды,

 

Скакалі спрытна ў вір кіпучы,

 

Калі ім кідалі эскуда,

 

І выныралі з хваль бліскучых

 

З манеткаю ў зубах; дзяўчаткі

 

Рытмічна зьмеяць станік гладкі

 

Пад песьню: “Wamba negro mbamba,

 

Ay, tamba tamba tamba tamba

 

Somba mulata yambambe!*

 

Вада – нуда – сум парахода,

 

З вадой, з нудой сплываюць дні…

 

Ай, віскі, віскі, віскі-сода,

 

Yamba, “Ангола”, yambambe!

 

… Тут побач зь месяцам на ўшчэрбе

 

Цыркацкі цуд, навіны, зьмены:

Вялікі Воз – чарпак праменны,

Перавярнуўся ўжо на небе…

А пэўна з нас каторы п’яны…

Лёг дагары, раскалыханы…

І ўжо здаецца, yambambe,

Што сьвет стаў ракам, -- цяжка будзе

Яму, нязграбіне, няўклюдзе,

Дзе ўсьцяж планеты і каметы,

Касіяпеі, Андрамеды,

Дзе так высока. Бо на вока

Мо на вярсту, а мо на дзьве…

 

Дык жа ж назаўтра yamba, княжа!

 

Yamba, Ляшуня,  yambambe!

Упала зорка… ў віскі, княжа?

Ці ў небе? Хто там знае, дзе…

Бо ўжо і акіян пад намі,

Ноч зорная “Анголу” рве

І цягне ўніз агнём, клубамі,

Ay, tamba yamba yambambe!

Трымайся, Лешак, за пасаты.

На тормаз, княжа! Прыйшоў час.

Тут шар зямны найбольш пузаты,

Яго сьціскае тонкі пас,

Што называецца экватар,

І калі мы, як з дошкі сьлізкай,

 

Сплылі на дно Астральнай Міскі,

 

Там Крыж Паўднёвы пяцібліскам

 

Высьвечваць неба зьнізу ўстаў.

 

Viva Cruzeiro! Viva Whisky!

Viva Bandeira National!*

А да таго (перад адплывам

З паўночных земляў і нябёс)

 

Клепсідру часу з зорным пылам

 

Дном дагары мой сон патрос.

Круцілі судна зоркі, сонца,

Антывіры марскіх віхур,

І вір гадоў, як лісьце, ворсаў

Адбіткамі старых гравюр.

І вось плыве усьлед “Анголе”

 

З маёй армады брыг карсарскі,

 

Я на мастку каля бусолі –

Я – адмірал там партугальскі

Пэдра Альварэс Кабрал*, з волі

Майго манарха Мануэла

Вяду к індусам каравэлу,

Нібы Язон, славуты элін,

Калі паплыў шукаць руно;

Але з надвор’ем – так яно:

Каб паспрыяць – дык і ня вельмі.

 

Панёс нас вецер атлантычны

 

У край бразільскі экзатычны,

 

Што сонцам пырскае і грае,

 

Алмаз кароны лузітанскай*,

 

Пайшоў чацьвёрты тыдзень мая

 

У тысяча пяцьсот… хрысьцьянскім.

 

Мядзянаскуры, даўгакосы,

 

Ў стракатых паўплятаных пёрах

 

Дзівосны люд, галюткі, босы

 

Крычыць, галёкае над морам.

Трасуць якімісь бусакамі

З насаджанымі чарапамі

І скачуць грозна, ваяўніча –

А стрэлаў сьвіст, звон бранзалетаў,

 

Зьвярыных іклаў-амулетаў:

У кожным гуку сьмерць скавыча;

То на зямлю кладуцца ніцма,

 

Падкрадваюцца, лягуць плазам,

 

То раптам кінуцца ўсе разам,

 

Ляцяць, як тамагаўкі, быццам

 

Дзічыну высачылі ў лесе.

І сьцелюцца ціхма па сьледзе;

На гоман зваблівы тубыльцаў

 

Са сховаў вылезьлі атрады

 

Стварэньняў і пачвар усякіх:

На дзіваскалы – дзівагады,

На дзівадрэвы – дзіваптахі,

І тут пара жуды настала…

А каб мяне манарх застрэліў!

 

Кароль мой страціў адмірала,

 

А гэты здрадзіў Мануэлю!

Бо нават неяк не да ўбору

Магутнаму канкістадору

Расчульвацца і хвалявацца,

З цялячай прагаю ўзірацца

Ў жывыя постаці і мігі

З цудоўнае дзяцінства кнігі

“Выгнаньнік юны”* (… аж за Анды!).

 

О, сорам, ганьба, альмірантэ

Непераможнай Лузітаніі,

Які крычыць: “Салют, вітаньне,

Браты-тубыльцы, дзікалюды,

Тупі, тамохі, гуарані,

І вы, тапухі, батакуды!

 

Салют, мой шчыры Моксікамба

 

З-над рэчкі Урукурыкара,

 

Празваны Шлункам Ягуара!

Дыван павагі ў ногі сьцелем

І Партугалію падзелім

З манархам нашым Мануэлем.

Гэй, на калені, Бледнатвары!

Ты ж, людаедская пачвара,

Мне споўні ўсё, пра што я марыў,

 

І тут на вогнішчы заскварым…”

 

…Сам знаеш:

                        “І цераз  хвіліну

Сьцягняк тапіраў смакавіта

Сквірчаў ужо ў гарачым тлушчы,

І моўчкі з воўчым апетытам

Глядзелі вочы паляўнічых…”

…Дымок над вогнішчам… над пушчай…

 

І ў дыме покліч ваяўнічы

 

У гоман пераходзіць зычны:

Порт у заліве Гуанабара*,

Негр меднаскуры, атлетычны,

Пад колер кавы і цыгары,

 

Блішчыць зубамі, белавокі:

“Таксі? Атэль?”. І да атэля

Пад пальмамі, уздоўж затокі…

 

…Пра што мой верш? А, пра Атэла…

 

Дзяверскі мружыўся і чаўраў

 

Ад сьлёз. Бо з мэтлахаў тэатра

 

Выглядвала галоўка маўра.

Тупа

Ён дакрануўся, як да трупа

І ўзяў агідліва са страхам

Сабе на памяць жменьку праху.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Аптэка ацалела дзівам,

А ўжо ж была б там навальніца,

 

А ўжо ж была б агню спажыва,

 

Каб языком сваім аблашчыў

 

Ён тыя бутлі на паліцах,

 

Калі б дыхнуў зь ільвінай пашчы

 

На ўсе флакончыкі ў шуфлядах, --

Вось грукатала б кананада,

Вось гэта б карамбольны гром быў,

 

Як не раўнуючы ад бомбы;

І не з адной-другой бутэлькі

Шугалі б джыны ўверх пад бэлькі,

І парашок бо ці адзін там

Пад колер кавы і цыгары,

Прынамсі, сілаю ня горшы,

Сапраўдным бухнуў дынамітам,

Хоць прадаецца за тры грошы,

І вырваліся б душы скарбаў

 

Хімічныя зь іх цел хімічных:

Вы, геніі схаваных фарбаў,

 

Вы, сонмы эльфаў сімвалічных!

О, як бы там яны распаліся,

У тым маланкавым аналізе,

У вогненнай эпілепсіі!

Разрываў колькі, колькі злучын

 

У трэску выбухаў грымучых!

І вызваліўшыся, зь імпэтам

Жывёлным паплыло б над сьветам,

Дык вось, ад сёньня ты, малая,

Прыслужваць у аптэцы будзеш:

Паднось бутэлькі, мый пасудзьдзе

 

Ды ведай: шал іх расьпірае.

Ня вер агню! Бо гэты вязень,

 

Падступны зьвер ён і пралазень,

 

На волю вырвецца жывёла

 

І пажырае ўсё наўкола.

 

Пасьля наведаў дзьве магілы.

Дачкі і кветак. Адну ўкрылі

Лісты пажухлыя пад клёнам,

 

Асеньняй сырасьцю прагнілай.

 

Уся зямля была прымглёна.

Другая – брацкая магіла.

Гнілі ў варонках на загонах

Ягоных кветак батальёны

І трупы ў рове, што на слоце

 

Вужакай віўся па гародзе,

 

Вадой заліты, аж на ўзьлесак.

 

І кучай цэглы, бэлек – помнік,

 

Яшчэ курэўся чадам прысак..

Саюзы, згусткі рэчыў, сілы

На месцы, дзе жыў наш садоўнік…

 

Вяртаўся ў горад цьвёрдым крокам

 

І раз – і два – і тры – чатыры.

І думкі несьліся далёка

Высокія над злым патокам,

І слалася быльлём травіца

Па полі шырока,

Шумела смутная Піліца

Рокам-Вырокам.

Пасьвістваў вецер востра, церпка,

 

І ўспаміналася папеўка:

І вецер – два і тры—чатыры

“Ах, мая люба, ах, мая міла,

А што ж ты з сэрцам маім зрабіла?”

І раз – і два – а рэшту вецер

Разьвеяў па шырокім сьвеце…

 

ІІІ

Ля Гранд-атэля ў добрай Лодзі

 

Парад пад рошчак медны коціць.

 

Налева лбы, ландштурм, бароды,

 

Лінейна пастатутна боты

 

Па бруку ў груку з прускім унтэрам

 

У лейтэнантаў на цугундары.

 

Нібы сабакі, пільным вокам

 

Яны за кожным сочаць крокам.

Маноклі, лёсачкі, пальчаткі

І хлёсткі хлыст, як сьвіст пішчалкі:

“За Рэйн, за Рэйн, нямецкі Рэйн!”

 

І госьць пачэсны – гер фельдмаршал,

 

Пурпурна-сівы Макензен*

 

У цэнтры ўвагі ўсяго маршу.

А ў тлуме разьзявакаў лодзкіх
Шалее ў гневе бедны хлопец,

Старчма каўнерык, капялюшык

 

Насунуты на нос і вушы,

Крычыць вачамі “Варшавянку”,

 

 

Гваздае злосна ў прускі шык

 

Сваю нянавісьць, помсты крык

 

За Лодзь, свабоду, за каханку,

 

Зь якой спаткацца меўся зранку

 

У той кавярні, што наўзбоч.

 

Ды цапне шуцман рыжай лапай

 

Перад фельдмаршалам і штабам

 

І крайзкамандай “места Лёч”.

Ня знаюць бо яго згрызотаў,

Ня чуе Фош*, ня верыць Бог

За мерным грукам гулкіх ботаў,

 

За мітусьнёю прускіх ног, --

І толькі ўдзьмухваюць пішчалкі

 

Ў хвіліны вечнасьць, бы ў балоны,

 

І громам бубнаў батальёны

 

Рвуць хлопцу сэрца на кавалкі.

 

Вось зараз кончыцца! Народ!

 

З гармат пратэсту  ўдар угодзіць,

 

І лясьне фронт, апошні фронт

 

Ля Гранд-атэля ў добрай Лодзі.

 

Налева захад, усход справа

 

Ў бакі пружыны ўперлі дзьве –

Рві цеціву! І ён ірве!

Ірве ўрачысты марш плюгавы

 

Між барабанам і штандарам

 

Як спрытны Фош, паміж радоў,

 

І шусь! – у тлум на тратуары!

І тысячаю гарадоў

За ім пагналіся. Як глобус

Ад крыку лопнуў: “Sie Mikrobus!

 

Kreuzsappermentrebelle Sie!”*

 

…Ён у кавярню! Выкусі!!!

 

У мгле ілюзій, як Вэнэра

На хвалях сну, ў смузе туману

Прыбоем часу й акіяну

Разьбітая аб нудны бераг

На пырскі ландышавай пены…

 

(Бо ландышамі аж кіпела,

 

Як сьнег, бялюсенькая пена…)

Яшчэ імгненьне – немагчыма,

Ах, нявымоўна незямная,

Эфірна-лётка-трапяткая,

Як дух сьвяты перад вачыма –

Красуня, ясачка! – сядзела

 

І зь белым крэмам булку ела.

 

“Паўкавы, пане Мадалінскі!

З паловай гушчы…” – Ані слова.

“Такі, скажу вам, зброд берлінскі…”

Увагі нуль, бязвынікова

Імгліцца толькі белапенна,

Сплывае ў край красы таемнай,

 

Каб штормам ландышаў разьвіцца

 

І зноў аб столік мармуровы

 

Квяцістай грываю разьбіцца…

 

Кладу ёй ліст. У ім мой сковыт

 

Каханьня, модлаў; я з адчаем

 

Палаю ў ім, сплываю жалем,

 

Зрываю зоркі ёй, панаднай.

 

…І залівае сьвет мой хваля

 

Халодная: “Няблага, складна!”

 

У той кавяраньцы пагоднай,

 

Дзе акіян сам госьцем меўся,

 

Было лятункам так свабодна,

 

Бы ў запечку у пана Дзеўса.

Як часта дух мой блудны гойсаў

Па скрозь пракуранай той зале,

Калі ў запозьні час кельнеркі

Свае рахункі падбівалі,

Калі гамонка аціхала

І ўжо ня бразгалі талеркі,

На столікі складалі крэслы

І ўладу браў дзяркач Міхалаў,

 

А запазьніўшыся, пан Чэслаў

 

“Гарбаты, -- крыкне, -- дзьве, раз кава!”—

І бразь! Аб стол жэтон жалезны

Якраз на шэпце нейкай пары,

Што асамотнена, забыта

Ў куточку аддаецца мары…

 

От! Зноўку думка перабіта!..

 

Якраз тым часам з-за аблокаў

 

І мой зялёны госьць заскокваў,

 

Мой дух лунаў і вёў гамонку,

 

Аб мармур стукаючы немы…

 

…Не, гэта я выстукваў звонка

 

Рытм будучай сваёй паэмы.

 

У белы дзень? Пры ўсім народзе?

І нават курыць папяросу?..

Сон? Ява?..

Як промень казкі, уваходзіць

Са срэбрам цэшкі, з бляскам форсу,

З упэўненасьцю самай бравай,

Брывасты, пністы і вусаты,

На шаблі – левая, а правай

Пад казырок. Ідзе памалу,

Крыху калючы і рагаты,

Крыху набычаны, праз залу,

Але бадзёры і жаўнерскі…

Так у кавярні люднай Лодзі

Зьявіўся дух жывы ўва плоці,

Каб я так жыў -- наш

 пан Дзяверскі.

 

Здранцьвелі людзі: “З легіёна!”

Шумок пабег усьцяж салона:

Той штурхае пад бок суседку

 

І кліча кельнера за сьведку,

 

Той нешта шыкае паненцы,

 

А тыя дзынь-дзынь! Па талерцы

(Рахунак дайце мне!) – брыльянтам.

Капыляць прамыслоўцы губы,

 

 

 

Пан губернатар з фабрыкантам

 

У гневе: “Нам зь якой рахубы?

 

Расійскі рынак нам ня лішак!”

Жэстыкулююць адвакаты,

Нэрвова гузікі з манішак

Рвуць купчыкі: “О не, мой любы,

 

Мы з панам вам ня рызыканты!”

У шваба прускага шваб лодзкі:

“Wer ist denn eigentlich Pilsotzki?”*

 

Эн-дэк пыхлівы, ненавісны*

 

З пагардай лёгкаю прысьвіснуў;

У пані Крысі шлюз адкрыўся,

 

Са скуры пнецца пані Крыся:

 

“Ах, легіён! Ах, божа існы!”

 

Глядзяць хто з пыхай, хто з даверам,

 

Хто ўзрушана, а хто хаўтурна,

 

А ўвогуле, нібы на дурня,

 

Нагледзеўшыся – шусь у дзьверы:

“Ратуй нас Божа, -- нашы блізка,

 

І заўтра будуць тут, панове.

Гарматы ўжо чутны ў Стрыкове,

А мы – кактэйлі зь лег’яністам!..”

І дзёру…

             Слухаю, як зьнішчаны,

Што мне вяшчае пан Дзяверскі,

Так рамантычна кавалерскі,

Твор чыста фантасмагарычны…

Задаў галоп ён гістарычны

І ў тым галопе на мячы нёс

Самую веліч, цноту, чыннасьць,

Прарокаў палымяных строфы,

Дух продкаў у сабе ўмясьціўшы:

Ягела ў фас*, Анхэльлі* ў профіль,

Штось меў ад Конрада*, Касьцюшкі*,

Адначасова сам – Баторы,

І трошкі Пяст і Верныгоры*,

І ў постаці яго складанай
Ад Юзафа*, ад Кардыяна…*

 Вялікі Муж (сорак чацьверты)

На меч, як рыцар, абаперты,

Апавядаў: “…дык вось, уласна,

Самому, браце, мне няясна,

Як сталася. Шарах! – гатова,

Бы ўсё ў мяне, брат. Адным словам:

Я мушу, Юлік… Слоў, брат, шкода…

Такая ў нас, палякаў, мода,

Што трах! І мусіш! Мыйся юхай…

(Кіўнуў мне зь лёгкай мілай скрухай,

Нібыта кажучы: “Паслухай!

Скажы мне шчыра, глянь у вочы –

Такі вунь час, а ты на ўзбоччы”.)

…А ты чаму ня ў легіёнах,

Юлёк, ты ж свой, мацак, ня промах?..

(Гару ад сораму, мярцьвею,

За стол хапаюся рукамі.)

Хоць ты і родам зь іудзеяў,

А ўсё ж паляк… душой і целам…

(Замоўк,  здымае з сэрца камень;

“Ня бойся, брат, выкладвай сьмела…”)

Я заліваюся румянцам

І гучным шэптам: “Вы зь германцам…

А я ж – паляк, я – не зь германцам…

Крый Божа, не! І слоў тут шкода –

Такая ў нас, палякаў, мода…”

 

З усьмешкай: “Юлік, хай ты трэсьні…

Зь германцам, бач!.. А, ну як “зыхір”*,

Як нам гавэндзіў Франак Цесьлік,

Калі ў германца ёсьць “манліхір”*,

То ліха зь ім… Хай хоць татарын –

З татарскай шабляю да пары…

Як той казаў, хай хоць зь германцам,

А ня ўпускай апошніх шанцаў!

Мы ж загрудкі з царом расійскім,

З Маск…” І ня скончыў, губы скісьліў,

І, больш да тэмы не ахвочы,

Ён з каляіны крута збочыў:

“Нішто дзяўчо… такая панна,

Такая… вылушчыцца дзеўка,

Што глянь і падай. Як бярозка…”

І зноў зьнянацку, неспадзеўкам:

“Бе-ре-зонь-ка, -- запеў па-руску,--

Красотка… Бирюза-березка…”

Тут вам іронія і сьлёзка.

“Як, Юлік, скажаш, -- Ілганоўска?

Няма што? Ці Дзяверска лепей?

Бо… раптам… гэткае нахлеб’е!..

Дык загадзя яно б мо лепей?” –

Ня даўшы нават слова мовіць,

Вёў быццам несьвядома споведзь:

“Ай, красачка ж яна, дзявоха,

Ня ў бацьку, не,-- як рыхтык Зоха,

І з губак, бач, як матка троха –

Во гля, аж крыху нават болей,--

Пакашляў, крэкнуў. – А, даволі,

Бог зь ёю, ай. Нішто дзяўчына,

Няхай гадуецца шчасьліва.

А скаж, ці граюць у Саліна?

Што, не? А дзе? На Цагяльнянай…

А, там, дзе Клюкас..? – Потым глянуў

І задуменна так: -- А як жа,

Дым, попел… Цяжка, Юлік, цяжка,

Калі там што, -- ня бойся, братка,

Абыдзецца, і пойдзе гладка”.

(Так на свае ўжо кажа мысьлі.)

“Вось так… Мы б, можа, браце, выйшлі?*”

 

Насунуў шапку зь мінай д’ябла

І кроіць па Пётркоўскай з шабляй,

Ён, “жолнеж” польскі, “жолнеж” польскі,

Мой самы першы воюш польскі.

А па дарозе, дзе ідзём мы:

Сьпярша фатограф Цераспольскі,

Квятнярка і банкір вядомы

Яронім Шыф – мацак дзядулька,

Ў зубах даўжэзазная люлька;

Выходзіць з брамы Сяргей Гофман,

Брунет з цыліндрам (дочка Стэфа

Піла атруту); з таго ж дома

І дзядзька Генрык. Далей – цемра…

Іду імглою невядомай,

Мільгаюць лаўкі шэрасьценна –

Шпалеры? Лямпы? Склад таварны?

Сто крокаў шпацыру намарна

(Сплаціце іх дабром, ладзяне,

Равесьнікі!) – і толькі далей,

Ля “Луўра” (там Дзяверскі стане)

Паходня памяці палае

Агнём, як золата, бліскучым,

Там заліваў я жар балючы

Гарэлак розных мешанінай

(Пажар мо лепш тушыць бензінам!),

Там на буфетнай сьлізгавіцы

Явіўся мне сусед нядрэмны,

Блішчасты металічны дэман,

Дух вечна дзейнай таямніцы

У сэрцы рэчаў: дух-алхеман…

Нырэц на дно і творца рэчыў,

Марак, усім прапойцам фора;

Бязь веры ў розум чалавечы

Я за Калумбам Хрыстафорам

Ляцеў к хаосу – к тайнам вечным.

 

Ля “Луўра (там, дзе Пэтарзільге,

А насупроць, за тоўстым мурам,

Меў краму з цацкамі пан Зільке),

Дзяверскі стаў; і воўкам хмурым

Глядзіць на брук, а я – угору

(Там восемдзесят восьмы нумар):

Заклекатала чорным тлумам,

Чырвоным, стралянінай, горам…

“Мяркую, тут якраз… Ды Юльця

Малы быў, што ён помніць будзе,

А мне нутро сплывае жоўцю…

Яна ж бо… зрэшты, а, забудзем…”

(Няяснасьці ў дакладным сэнсе,

Але маўчу.) “Адзін, казалі,

Тут адвакаціна бывалы,

Што бараніў іх на працэсе,--

Параіць, што і як, бо варта ж

Уратаваць, шукаць управы…”

І дастае ўжо з-за халявы

Скрамзоленай паперы аркуш.

“Казалі дома, каб знайшоў я,--

Пётр Кон, казалі,-- мазгавіты,

Сабакамі той “Конь” падшыты…

Ён, гэта… Моцю з Тамашова

Сваяк… і кажуць – галавасты …

(Тут, вечна спрытны на ўспамінкі,

Любоўна млею да Галінкі) –

Пшэязд, 6.Будзь”. Пайшоў Пшэяздам.

 

            ІV

Дзьве справы меў да адваката.

З адной, “людской, было ня нова,

Друга – “для душы”: а раптам

Яго унучка Ілганова,

Сіротка, плоці афіцэрскай,

Магла б (падстаў на тое многа)

Цяпер пісацца як – Дзяверска?

Пасьля: шукае праўды, фактаў

І сьведкаў “тамтых беспарадкаў”,

Той дэманстрацыі, выпадкаў

З гадоў былых. Хто, скажам, бачыў,

Як пачалося, гэта значыць,

Хто стрэліў першы з-пад вагона?

Як ён трымаўся перад строем,

Перш чым скамандаваў? Якое

Мог мець значэньне на характар

Падзей магчымы правакатар,

А мо ўсё шпік перапаганіў,

Альбо прызнаць, што ён, Ілганаў,

Абараняў закон, парадак?

Маскаль жа – чалавек, ня малпа,

І мусіў слухацца загадаў,

Вайсковец жа. А можа, залпам

Ён спляміў афіцэрскі гонар?

І чый той “Казік”? Пра яго нам

Пасьля расказвалі багата,

Нібыта ён пад барыкадай

Загінуў першы, -- круталобы,

Бландзін такі, з паставай ладнай…

Магчыма, ў пана адваката…

Наконт здарэньня… ці асобы?..

Адзін мне дачнік неяк згадваў –

Дык хоць гісторыя забыта,

Але ж, як чуў я, ён нібыта

“Мой Казю!” крыкнуў, калі падаў…”

 

Калі кліент сябе даверыў,

Пан Кон у тоўстым актаў томе

Знайшоў старое “Дело… номер”,

Пэнснэ у шчэпці ўзьнёс да носа

І выпаліў, зірнуўшы скоса:

“Што я змагу і што я ўмею,

Зраблю, мой пане дабрадзею”.

Сказаў, ну чыста як Франц Фішар,--

Во, як жывы, ня кажа – піша:

Бо што ні слова – нібы вішня,

Усё глядзеў, каб гладка выйшла,

На смак усё браў – добра, блага

(А ласы ж быў да сьпелых ягад),

За пунктам пункт з усім рэестрам

На стол выкладваў пан маэстра:

Што – так, што – не, а што – ня тое,

Тут – рада ёсьць, а там – пустое.

А сьведкі – марная надзея.

“Пшэпрашам, пане дабрадзею,

Яно дык можна, браце, толькі…

Ён, сьведка – кол асовы, чмыхель,

Дык нават, знаеце… паколькі…

Такія боты… solche Stiefel…

…А што да “Казя”, дык хоць ссохні,

Але мы лезем боса ў прысак –

Было ж падсудных болей сотні,

Адных забітых цэлы сьпісак:

Калодзей, Лучак, Ганц, Калпінскі,

Хаймовіч, Стэмпэль, Вітусінскі,

Казлоўскі Ян, Казлоўска Ванда,

Уладчык, Мергель, Мруз, Аланда,

Кляйнуўна, Шэйнман і Баднарак,

Ды што тут граць у рызыканта –

Тут лепшы сышчык скруціць карак,

Мне цяжка па няпэўным сьледзе

За татам “Казікавым” гнацца…

А ці… пшэпрашам… што на мэце…

Шаноўны мае, пан Ігнацы.,

Нашто вам хлопец?..” – “Веда-еце… --

Дзяверскі крэкнуў. -- Ды прызнацца…

Як вам сказаць… Ну, ды хацеў я…

І зрэшты… пане адвакаце,

Расказваць доўга… Ат, бывайце!..” –

“Найніжшы, пане дабрадзею!”

 

            V

Што робіць прачка – не загадка,

І што зьбіральнік – ня пытаньне.

Па хатах мыць хадзіла матка,

А Казя кінуўся ў зьбіраньне.

Што ён зьбіраў? Не, ня эстампы,

І ня Курбэ, ня Рэнуара*,

Не парцалян, і ня цыгары,

І ня іконы, і ня лямпы,

Не абразкі шкляныя, ярка

Размаляваныя, у рамках,

З якіх глядзяцца маладзіцы

(Ах, мая мілая панюся,

Якую штучку, пабажуся,

Мне перадаў ксяндзок з Нядзіцы!),

Ня Хокусаі, ня Фуджыты,

Ня ўсходнія шэдэўры ткацтва –

Не, наш зьбіральнік знакаміты

Жывіўся зь іншага дзівацтва.

На возе вугаль, Казя сьледам –

Як бач, ужо даверху шапка,

Мяшок з мукой дзіравы, -- ведай,

І тут у Казіка йдзе гладка;

Пад плотам яблыкі – абедай!

Крый Божа ўкрасьці, сорам хлопец,--

Хапай, што ўпала, бо падхопяць!

Што ўпаляваў, прыносіў матцы.

А як бывала  (вой, бывала!),

Што мыць ёй не перападала,

Дык толькі й елі, што ў той шапцы.

 

Як кожан, хто зьбірае стала,

Зьмяніў у пэўны час сістэму:

Ён перастаў зьбіраць навалам –

Спэцыяліст зьбірае “тэму”.

Зрабіў сабе па тым рашэньні

Са шпількай вострай дзюбню-посах,

Свой інструмэнт у пэўным родзе –

І ўжо прыносіў у кішэні

Ён недакуркі папяросаў,

“Бычкі”, як кажуць у народзе.

І з той прычыны на тым разе

“Бычком” празвалі хлопцы Казю.

 

Ён днём пад Гранд-атэль выходзіў,

А ўлетку да тэатра, ў парку;

Дзе ўбачыць, падбярэ цыгарку –

Хапала, словам, сыравінкі.

Сушыў, крышыў і цёр іх дома,

Мяў і падсушваў на кардонках

І потым з бацькавай машынкі,

Галодны, вымаклы і босы,

Рабіў начамі папяросы.

Па сотню першых гільз “Фартуна”

Схадзіў пяшэчкам да Нахума

У Згеж. У “НАХУМ  МАЛАПАЛЬНЫ,

УСІМ ТАВАР  КАЛАНІЯЛЬНЫ”.

Нябожчыкаў таварыш блізкі

Нахум знаў Казіка з калыскі.

Як іх у горад перавезьлі

(Бо мама: “бліжай да магілы”),

Дык татаў сябар і равесьнік,

Як быў у горадзе, заходзіў,

Расказваў, як іх там глумілі

“На дзіманстрацыях у Лодзі

Зяндармы, хай на іх паморак”,

Як бацька ў чорны той аўторак

Пад барыкадай… як “паручык

У форс папёр, індык на кучы,

Аж глянуць сьмех было! І боты,

Вай, помню… ўсенька! Ну, а потым

Паставіў тэрмін: тры хвіліны.

То я падумаў, што былі мы

Нібыта ў вечнасьць зазірнулі.

Пасьля ўжо шабельку як выме,

Як шахне – вай!.. І секанулі…

Шкада татуся! Каб ім скула

Пад грудзі, гіцлям падвярнула!..

Каб Яську Мергеля ты ведаў,

Як я, сынок, бывала, ведаў,

Ты паказаў бы… людаедам!

Расьці, гадуйся, будзь за мсьціўца!

Няхай ім сьлёзкі адальюцца…

Ня плачце пані… Вось гасьцінца

Я вам тут крышку, мае людцы…

А як здаровіцца вам, сьпіцца?..”

 

Яго гешэфт даваў выгоду,

Бо чорны рынак быў у модзе

Пад акупацыяй. Ну й годзе,

Што грош-другі ён меў даходу.

Негацыянт быў без падвохаў,

Дык цэлы дом купляў з ахвоты:

“Калі ня выпаўзе з гароты,

Той хай хоць мецьме крыху-троха…”

 

А трэба ўвагі і цярпеньня,

Калі сьвет сэрца шматгалосы

Кладзеш на верш свайго сумленьня,

А трэба ўвагі і цярпеньня,

Калі ты робіш папяросы.

Задума твар твой ацяняе

І лоб маршчынка працінае,

Бо задуменна важыш лёсы

Паперкі тонкай. Важыш пільна.

Бо трэба ўсё зрабіць дыхтоўна! –

І тытуню накласьці роўна,

І зашчапіць у форме шчыльна,

Каб парушынка ў парушынку,

Пазногцем порцыю прыгладзіць,

На сьцяты шпунцік гільзу ўладзіць

І пхаць паволі праз машынку

З упору лёгенькага ў грудзі,

Пакуль прасоўвацца ў ёй будзе…

Пасьля запраўкі ў гільзу “вускаў”

З махорчынак – адкладвай шпунцік

І май прадукцыю гатовай…

Тады – “…з найлепшай фірмы рускай,

З расійскай “прымы” гатунковай,

Якое лепш на сьвеце “нету”,

Якраз бо менавіта ж гэту

І Шайблер паліць, і Пазнанскі,

І нават цэлы двор султанскі,

І кайзер Вілька з сучкай Мількай,

І цар наш Міка з сучкай Пількай,

Макс Ліндэр* і яго цыліндар,

І ліга абароны

Вантробак!

У пачку дваццаць штук,

Хапайце з рук!

Купіце, пане, мне ў заробак!”

Ігната Казік азадачыў…

Купіў. А Казік грошы ў жменьку,

“На шчасьце” хукнуў і “на ўдачу”.

Дзяверскі рушыў памаленьку

К вакзалу… І сабе: “Хто знае…

А мо ж дзіцятка галадае,

Мо хворае… а мо бяз маці,

Сіротка, з добрай ласкі зяця…

Прыгрэць бы… ды віну загладзіць…

“Мой Казю”… Можа, і ня Казік,

Другое можа тут дзіця быць…

Хто? Дзе? І як знайсьці? Шаснаццаць

Сямеек… Дзесяць год мінула…

Сказаў, што цяжка… Мондра глова…

Каб што там… з дапамогай боскай…

Мая б апека прыгарнула”.

А Казя йшоў сабе Пётркоўскай,

Як поезд рушыў да Пётркова.

 

І сьніцца сон: букет складае,

Бяз кветак, так. Увішна пальцы

Як бы з паветрам скачуць вальсы…

Нішто ў нічым, паветра тае…

Маніпулюе сваім спрытам,

Ні ў чым сабе не патурае;

Шпарагай, вапнаўкай абвіта

Краса букета, ды пустая;

І ўсё спарней мільгаюць рукі,

Дакладней вырабляюць штукі,

Бо Ніхты, Нешты, Няістоты

Дарэшты глумяць сэнс работы

Яглою, крыкам, ціхім шэптам:

“Нам на ад’езд! Прашу букет нам!”

На прывідным кані падскокам

Імчыць з букетам-нябукетам

Па-над зямлёй, над цэлым сьветам

А нейкі рынак, пад аптэку,

А там аптэкар-неаптэкар

Шкляным вырачваецца вокам,

Вужакі-пальчыкі ў спляценьні,

Зьвяры стрыгуць вушамі-ценьмі,

Сьпектаклем цешаць люд навокал,

А хмары коцяцца галопам

У бляску лірыка-зялёным

Ад вочак месячна-кашэчых…

Мяце мяцеліца ў мястэчку,

У вочы вее пыл шалёны

І ў думкі тупасьць намятае.

Штуршок. Аж скочыў на суседа.

“Букет? А дзе бу…?…фет?” – пытае

Разгублена. А добра ж ведаў

Буфет на станцыі ў Калюшках.

Быў вельмі злосны. Выйшаў.

                                                   Душна.

 

            VI

За гільзай сочачы старанна,

Ці поўная на стол саскочыць,

Заўчасна спахмурнелі вочы,

І зморшчынкі прабеглі рана

Праз лоб хлапечы, нібы крылы;

Як ластаўка вясну прыносіць,

Так і з хваробай коціць восень –

Турбота твар яго акрыла,

І роздум кволіўся ціхутка

Ў зацятай немачы і ў смутках.

Бяссонныя цяжкія ночы –

Заўсёдны час яго рабочы,

Калі ён пальчыкамі сьлізгаў

Па гэтых набіваных гільзах,

--Пра бацьку думаючы… Нібы

З машынкі той ішлі флюіды

Па жалабку далоняў бацькі.

 

Ёсьць сілы, тоеныя ў нетрах

У найнявіньнейшых прадметах,

Яны – найбольшыя багацьці.

“Сыны! Лепш не кранайце рэчаў

Сваіх бацькоў, ужо нябожчыкаў!”

Рос  бацька! І расла ноч хлопчыка,

І рос цяжар яго хлапечы,

Зарана ўзвалены на плечы.

З магілы бацька рос, як волат,

І сын узносіўся, разгадваў:

Хто Ён, Нязнаны, той, што ўголас

“Мой Казю!” крыкнуў, калі падаў?

Няўжо такі той хлопец статны

З усьмешкай (дзіўна!) далікатнай,

Якога выцьвілую картку

Са скрыні выме і, спачатку

Абцёршы фартухом старанна,

Разглядвае журботна мама…

Бо той зусім ня быў нябожчык,

“Старэйшы, вышшы, зь леварверам”,

Ён быў героем (Казік моршчыў

Яшчэ больш лоб), героем прэрый,

Ён богам быў, вялікім хватам,

Нік Картэр, Холмс*; чытаеш, -- раптам:

“Эй, рускі ўгору! – зброі вока

Блішчыць сталёва. – Што, брат, сьпёкся?!

Стары прайдоха сьцяўся з Холмсам!

Ха-ха! – Пад позіркам Шэрлока

Пахаладзела ў злыдня скура…”

Тут абрываецца брашура.

Як вобраз Мэчыза, Тэхаса*,

Так бацькаў вобраз быў якраз як –

Твор надпрыроднага цярпеньня,

Твор мараў, скрухі і ўяўленьня…

Убогім, бедным ён – Заступнік,

Ён – Справядлівасьць і апора,

Меч кары, прыяцель пакутных…

Вялікі Бацька – вобраз твора,

Той, хто даў лёс яму ў аўторак,

Бо то ж “Мой Казю!” крыкнуў тата

І не пасьпеў: “Адпомсьці катам!”

 

Але ня сказаныя словы

Сынок і сам сказаць гатовы,

Ён кіне гэты выклік лёсу.

Цяпер жа – практыкуйся, сыне,

У помсьце, хай іх болей згіне

Пад кулямётам папяросаў.

 

            VІ

Шалёны посьпех на табацы

Аўтаматычна даў “аванцы”

Прэстыжу дзюбні; бо ўжо Казік

Ня проста з моста сабе лазіў –

Аклеіў фольгай меч драўляны,

На бок павесіў гэту зброю –

Прэстыж і гонар нячуваны,

Сэнсацыя – салют герою!

Тым болей што на лоб націснуў

Ён лодачку з “Газэты Лодзкай” –

Напалеон жывы, фарсісты

(Яшчэ да бітвы ватэрлоўскай!),

Бо то ж квітнеў красой манаршай…

І трэба ж: сьпераду прыпала

Якраз ад загалоўка: ВАРША

І збоку слоў канец: ВА ПАЛА.

 

За домам пляц быў шырачэзны:

Трава, дзядоўнік, бочкі з хламам,

Аполкі, цэгла, лом жалезны,

З разбоўтанаю вапнай яма.

Той пляц меў здатнасьць чарадзейства,

Бо зь лёгкасьцю мяняў ён месца:

То ўзносіўся вышэй аблокаў,

Нібы кілім з усходняй казкі,

І, як яму загадваў Казік,

У край чужы ляцеў далёка.

Быў Мексікай альбо пустыняй

І сэльвай, вёскаю індыйскай,

Капальняй срэбра ў Аргенціне,

Шанхайчыкам у Сан-Францыска,

Славутай Бэйкер-стрыт”, Тэхасам.

Ды пазнаёміцца тым часам

Было б спачатку дужа варта

З пачэснай сьвітай Банапарта:

“Цыбуля” Чэсік, Генік “Рыжы”,

Два Эдкі: “Мыш”, “Тартак” (бо дзядзька,

Казалі, меў дзесь у Калішы

Тартак; з таго пайшло) і Тадзька,

Курдупель “Кульга”, бо калісьці

(“Эй, Кульга, скокні зноў адтуль, га?!”)

Яму трамвай на Старым Мясьце

Нагу адчыкаў па калена –

І Тадзька меў свае карысьці

Цяпер з драўлянага палена

(Скажу мо ў дужках: небарака

Фарсіў калецтвам, а ня плакаў,

Бо ён меў “козыр” нядзіцячы –

Яму зайздросьцілі няйначай!),

І вось пяцёрка ў рызах-латах

З “Бычком” ідзе шырокім пляцам;

І пачынаецца іх шпацыр

Вялікім цырыманіялам:

Сьпярша абрад сісі – па вапне;

Цурболячы ў сьвяшчэннай цішы,

Сачылі, хто далей і трапней,

Хто траекторыяю вышшы.

Абсеўшы яму тую потым,

У лёк плявалі – на рэкорды,

Разбоўтвалі нагамі шчолак,

Пускалі лодачкі з аполак,

А напасьлед шпурлялі ў яму –

Чый лепей булькне – камянямі.

 

Пасьля абрыдла калатуша.

Нацешыліся. “Хлопцы, рушай!”

 

“Бычок” аддаў каманду раці.

Дзень важны сёньня – Божа, радзь ім!

 

Трушком цыган, гусіным ходам

Яны ідуць, ён – верхаводам.

 

Па небе восень коціць хмары

Ў крывавым сонечным пажары.

 

Як на гару, ідуць на захад,

Гараць заводы ржавай бляхай.

 

Ідуць, махаюць лахманамі,

Як дзень сьвяточны харугвамі.

 

Ля кучы дошак і жалезьзя

Запавальняе крок працэсія:

 

Каму пагушкацца ахвота,

А ён: “Наперад марш, пяхота!”

 

Крывёю львіцы неба сочыць –

Ад бляску засланяюць вочы.

 

Усё ніжэе лоб крывавы,

Пажарам барвавеюць травы.

 

Дайшлі да бочак. Пабрынчалі.

Ваду на двор павылівалі.

 

“Бычок” – нішто. Глядзіць на хлопцаў.

Чакае моўкі на калодцы.

 

“Бычку” карціць. Ён штось намысьліў.

Гукнуў: “Ну, добра, хлопцы, пойдзем!”

 

Нібыта высмыкнуў журбою

Ён леску з рыбкай залатою.

 

І падганяе просьбай-грозьбай –

Бо тут на небе пачалося,

 

І на нябёсах, і на пляцы

У вобраз цэласны складацца.

 

Да вуснаў дзюбню. І дзьме ў палку,

Як мышалоў той у пішчалку.

 

Гайда на горку; йдуць рахмана,

Глядзяць удаль замілавана,

 

Глядзяць з той горкі – вой, дзівосы,

З зямлёй цалуюцца нябёсы.

 

У глыбах чырванеюць скалы

І ледніковыя абвалы.

 

Іх зломы сінія, нібыта

Крывёю сполаху абмыты.

 

Замкі і люстры ў срэбных скалах - - -

А-а! - - -

Дальбог, дальбог, ВАРШАВА  ПАЛА!

 

Упала зь вежы шкляным шарам

І на двары гарыць пажарам.

 

А Казік булавой – направа

Паказвае: вунь, там – Варшава!

“Глядзі, сталіца”,

Глядзяць Тартак, Цыбуля, Мыш

І Кульга з Рыжым, -- “Вунь, глядзі ж!

Яна, сталіца”.

Там вуліцы, як бліскавіцы,

Бы зьмеі ўюцца па сталіцы.

Разруха! Сонца яркі молат,

Нібы ў кавадла, плешча ў горад,

Вясёлкай грае бляха дахаў,

І хвалямі сплывае цэгла

І тынк з грудоў, з развалін гмахаў;

З руін сінечай хмара зьбегла,

Лавінай фарбаў неба зьвісла

На край зямлі! Счарнела Вісла,

Зямля трымціць, зямля грукоча,

Паўзе, лунае і ляскоча,--

Сталіца наша!

Фантаны іскраў б’юць з праломаў

Чырвоных камяніц, з балконаў,

Зь дзьвярэй і вокнаў, попел, сажа –

Грыміць квадрыга Фаэтона!

Цыбуля кажа: “Там слабода,

Там скаргу здам на тога жмота,

На тога склюда, тога ўдава –

Ён гнаць з двара ня мае права!

Бо двор ён чый? Хіба ня ўсіхні?

Я клею зьмея, Рыжы бачыў.

Што не? А то ня бачыў? Сьціхні!

Дык вось я клею! – Хвост сабачы

Як жа ж ня ўчэпіцца халерна

І за нішто – пад зад каленам.

Як паліваеш, лі, сугнею,

На воўка кішка мне, я ж клею,

Я ж сам  сабе, я клею нішкам,

А ў ёга пырскаецца кішка, --

Дык гэта я, бо ножык маю, --

А я ж сабе дубца стругаю,

Пляваць хацеў я на прыдзіркі!

На воўка мне пароць. Як быццам,

Калі захочацца напіцца,

То ўжо сядзі і мры бязь дзіркі?

А той адразу: “Прышч каравы!”

І плясь…” Тут зыкі труб з Варшавы.

 

Расьце з руін блакітны двор,

Здалёк відаць з двара нам –

Сядзіць на троне пан кароль,

І так гамоніць ён дваранам:

“Як маецца мой лодзкі люд?

Што робяць жэўжыкі з Балут?”

 

Міністры браму насьцеж – кыш!

Пачціва тэпаюць да трона

Бычок, Тартак, Цыбуля, Мыш

І Кульга з Рыжым, як варона.

“Мае!” – крычыць кароль па-лодзку,

“Твае!” – адказвае хор хлопцаў.

“Ну, як там, братачкі? – кароль, --

Нябось, будзь-будзь у добрай Лодзі?

Хто скаргу мае, жаль ці боль,

Кажы, -- ўнаровім і дагодзім!”

 

Іх шэсьць было. Пяцёра – ў гоман,

А шосты, як валун,-- ні словам.

 

Забалбаталі ў троннай зале,

Ажно міністры паўцякалі

 

І кашалёў панапляталі,

Як вераб’i зацьвіркаталі,

 

Калі вясной абсядуць дрэўца,--

Аж пухне лоб, аж карак гнецца.

 

А шосты – нібы дух магільны,

Стаіць як слуп, маўчыць бясьсільны.

 

Адно глядзіць, ХТО іх вітае…

Тпру-дзе! Кароль дэкрэт чытае.

 

            VIII

“Мы з Божай ласкі – Круль Варшаўскі,

Маркграф Балуцкі і Князь Лодзкі,

Александроўскі, Лютамерскі,

Бжазінскі, Радагоскі, Згерскі,

Граф Лодзкіх Хойнаў, Пабяніцы,

Раговы, Руды, Жакавіцы,

Вішнёвай Гуры і Крашэва,

Стрыкова, Глуўна І Відзэва

ды іншых лодзкіх навакольляў,

якіх у Нас там прорва зь нечым,

Мы дакляруем Нашай воляй

наступны сьпіс  ПРАВОЎ  ДЗІЦЯЧЫХ:

Дварам свабода. Двор агульны!

Дарослых ня пушчаць у гульні.

ІІ) Даецца хлопцам на ўладаньне

з гумовых кішак паліваньне

двароў і вуліц. ІІІ) Можна ўсюды

хадзіць на двор, а з кожнай буды

далоў замкі, ключы, завалы!

ІV) Пускаць на вышкі і ў падвалы

дзяцей свабодна, бо там сховы

пад скарбы ёсьць. V) Канавы, рыны

пад  навігацыю адкрыты!

VІ) Зімой дазволена: 1) хавацца

ў цяпло на сене пад павець

і ў сенцах дома нумар шэсьць,

дзе дужа смачна пахне хлебам;

яшчэ ў Грынспана можна й трэба

дзяружкі браць, каб накрывацца;

навек дазволена малому

з падвод сялянскіх драць салому;

старыя транты з дрынды красьці,

рызьзё, мяхі – пад голаў класьці,

цалейшае ж – насіць самому;

раскладваць вогнішчы ў гародзе,--

каб бульбіну сьпячы было дзе;

а на распал, каб лепш гарэла,

з платоў штыкет пушчаць у дзела.

VІІ) На мур вакол садоў, гародаў

ня сыпаць шкла, цьвікоў, крый Божа, --

хай кожны ў шкоду ўлезці зможа!

VІІІ) Калі ўязджае ў двор падвода –

дазвол: дзяцей пускаць на козлы,

а Кульгу і дзяцей нярослых

падсадзіць фурман-валавода.

ІХ) Забараніць  адкручваць вушы,

калі дзіця залезе ў грушы.

Х) У “класах” – страта, калі рысу

заступіш зьверху, збоку, зьнізу.

ХІ) Перабіваць нанова “чыжык”,

калі ён на папа ўваткнецца!

(“Ага, а не казаў я, Рыжы?!” –

Тартак адводзіць будзе сэрца.)

ХІІ) У справе хованак: 1) павінен

апошні плюшчыць; 2) выручалка –

калі паляпаеш па шкліне

рукою голай, а ня палкай,

так і запішамце ў законе.

ХШ) Як чый часамі зьмей (з паперы)

заблытаецца на балконе,--

ідзі ратуй яго празь дзьверы!

ХIV) А што да “вушак”, дык па справе

пазьней вам выйдзе пастанова,

бо сутнасьць просьбы і ў заяве

няясная нам дастаткова:

“Як што ўцяць пальцаў немажліва,

дык ня выходзе справядліва:

як большы пальцы расшчапера,

дык і абхопе, як замера,

і ё яму праз тое фора—

а меншае і нос ня ўпора…”

ХV) У справе польтаў ды апратак,

Што дзецьмі зноў-такі паднята,

аргументацыя прэтэнзій

і ў форме слушная і ў сэнсе:

“Калі (спрадвеку ж так бывала)

дзіцятка росту не дабрала,

тады каптан са спадкаў таты

малому зьвесіцца па пяты,

дак хлопец ходзе ў гэных строях

нібы палохала якое” –

адсюль: прызнаць за “гвалт асобы”

і за “ціятр” такія спробы.

Цяпер няхай краўцы па нізе

у польтах абцінаюць крысьсе.

ХVI) Па афіцыйным курсе пёркі:

адно “рандо” на дзьве “расьпёркі”.

ХVII) Што да хрушчоў – дык, Божа існы,

зьмянілі б нораў іх капрызны,

калі б маглі, а толькі ж просьбы –

“Няхай наплодзіцца іх процьмы” –

да Нашай волі не адносім –

вясну прасіце, як Мы просім.

XVIII) Па каралеўскай Нашай згодзе

найбольш пачэсным быці мае

Заканадаўства Для Транвая:

калі з салона хтось выходзе,

той аддае малым білеты

і прачытаныя газеты;

калі ў “канец” транвай заедзе,

свабодны доступ маюць дзеці

да ўсіх штуковін у кабіне:

хто хоча права мець павінен

рабіць “ду-ду” і ручкай соўгаць,

забараняецца сурова:

а) язда на буферы, б) “ упочап”,

в) “з адной нагой”, г) язда “за поручань”

(бо Нас і гэтага прасілі!!!),

д) на рэйках гойсаць, е) жарты з токам,

ж) так званая “язда з саскокам”,--

заганны тэзіс, што з вагона

“… цыгнуць, што плюнуць” – забарона!

(а Кульгу гэны пункт ня новы,

пацьвердзіць можа “саскок плёвы”!).

Яшчэ на дзіва Нашай Мосьці,

што, як дакладвалі Нам госьці,

“… у гэнай лектрыцы, бывае,

як пстрыкне іскра залатая,

дак і сцьвярдзее пад транваем!..”

ХІХ) Вялікі грэх на сэрца возьмем,

але ж прызнаць павінны з жалем –

ня бачым рацыі Мы ў просьбе:

каб вас з камандай на пажары

вазіць машынай; 2) каб спушчалі

вас муляры на тратуары

ў пустых вядзерцах лётам скорым

хай на вяроўках ці ляйчынах

(а козыр: “Мы ужо зьязджалі,

як Пан ня верыць, дак паўторым”,--

ён Нам ня козыр, ня прычына!);

забараняецца распуста:

страляць зь пістонаў, тралі-валі

каб на Вялікдзень ня ўчынялі,

бо гэта ўжо залішне густа!

Пад гэтым і паставім рыску

у Нашым афіцыйным сьпіску

правоў,  свабод, дазволаў розных

і карных мераў на дарослых,

у сэрцы маючы надзеі,

што забароны, прывілеі

дабру і ладу паспрыялі,

а новы шэраг спраў дзіцячых

як сьлед паслужыцца маралі.

І Мы за клопат вам адзьдзячым

са шчырай Каралеўскай ласкі

і ўласным подпісам пазначым:

Ян ІІІ Добры, Круль Варшаўскі.

 

Свабоды блізкаю Зарою

на дакумент кладзём пячаць,

і ў бляску Сонца прыйдзе зь ёю

збавеньня час.

 

Бывай – шчасьліва, дзетвара,

Віват вам, хлопчыкі, ура!

Хай вас турбота не дастане,

Няхай вам добрыцца!..”

                                         Маўчаньне.

Стаяць панураныя ў зале,--

Падлога ўжо ад сьлёз намокла,

Абрыдла ўсё, жыцьцё агоркла…

Не! Не таго яны чакалі!..

Хоць плач, крычы, нібы шалёны,

Шкадуйся, кайся, а ўсё блага,

Такі ж бо ўдар, такая пляга:

Пістоны!!!

Ўздыхалі Рыжы, Мыш, Тартак,

Цыбуля, Кульга: “Вечна так…

Вось вам і права…

Які інтэрас ад тых сьвят,

Калі ня стрэліць? Гэтак, брат,

Нам ня цікава”.

Іх шэсьць было. Пяць бедавалі

Па тых прапашчых “тралі-валі”,

Адзін – ані…

Глядзіць кароль, як на шклянога,

Каму дае, яму – нічога,

Ані – ані…

Прымружыў вока тут кароль,

Пад вусам хітранькая ўсьмешка:

“Вялікі смутак ваш і боль –

Дык на закуску вось пацешка…

Гуляньне сёньня ў Нашым лесе,--

Вароты насьцеж! Хлопцы, цешся!”

 

            ІХ

Па траве бліскучай,

Па пахучай, сьвежай

Ходзяць панначкі ўлюбёна,

Спаднічкамі сьнежаць.

 

Так сабе дзяўчаткі,

Паноў майстроў дочкі!

І трапечуцца на шыйках

Пацеркаў шнурочкі.

 

Раптам бачаць хлопцаў,

Абступілі тлумам.

Закружылася, запахла

Воблачка парфумы.

 

Запрашаем, запрашаем,

Панове каханкі!

На мураўцы  пасьцілаем

Нашы самабранкі.

 

На абрусах булкі,

Гурочкі, сасіскі,

Як абселі, упісалі,

Аблізалі міскі,

Напасьледак згамкалі

Дзіркі з абаранкамі.

 

Мазалі гарчыцай

Ой, крывянку густа,

Як зірнуць у поўны слоік –

У слоіку пуста.

 

А яшчэ ўтапталі

Чыгунок мачанкі,

Сальцісон, руляду,

Столку вантрабянкі.

 

Вэнджаныя рыбкі,

Карасікі ў місе!

Толькі глянь на гэта дзіва –

І расьперажыся!

 

Гамкаюць, каўтаюць

Плотачак і ракаў,

Запіваюць, заядаюць

Квасам, верашчакай.

 

Сьлівак, сьпелых вішань

Панны з дрэў натрэсьлі,

А суніцы, а маліны

У рот самі лезьлі.

 

Вераб’і тут наляцелі,

Падзяўблі ўсе крошкі—

Ой, няма на вас халер’і,

Няма на вас кошкі.

 

Потым ім насілі

Паноў майстроў дочкі

Жур і пелюхі з кулагай,

Клёцкі і грыбочкі.

 

Пасьцілу, цукеркі,

Халву, мармеладкі,

Цукар грудкамі, цукаты,

Пячысту, аладкі.

 

Рубалі сякеркай

Беламёду камень:

Як грызеш яго, у роце

Цягнецца з зубамі.

 

Яблыкі і дзічкі,

Печаныя грушы,

Лізанцы, ландрынкі –

Ня ўпыніць за вушы.

 

Запівалі ўсё мядухай,

Расолам, узварам.

А сыроватку, кляновік

Не давай і дарам.

 

Як забоўталі шыпучку,

Пырскала пад носам,

Біла ў вочы кіслым духам –

Аж душа ў нябёсах.

 

 

            ***

 

Як ня збурыліся бегчы ў лес дзевы!

“Даганяйце нас, шукайце, -- ой, дзе мы!”

Белым воблачкам расталі, мільганулі,

Нібы лесам паскакалі казулі.

З-паза дрэваў выглядалі іх вочкі,

У захмар’e заляталі, ў кусточкі.

А было ж сваволі, сьмеху, галёку,

Як дагоніць хлопец дзеўку, залётку!

А было ж цалункаў піску і енку,

Як зацісьне хлопец дзеўку пад елку!

А казыткі, сьмеху, шэпту, аднеквань,

Бо паненка ўмее гэта найпекней:

Вам яна шаптаць сакрэты – вой, будзе

І крычаць, каб не пачулі: “Ратуйце!”

Верасамі шалясьцелі паненкі

І прасіліся: “Пусьці, міленькі!”

Цыцкі пругкія ў паненак – мячыкам!

Нібы гумка, угінаюцца пад пальчыкам!

Плясьні ручкай, аж падскокне, -- калісьці

Так падсоквалі мячы ў калысцы!

А ў паненак на любошчы прычыны,

Зналі што, чаму, навошта ў дзяўчыны!

Хлапчукам забава ж толькі якаясь –

У батву яшчэ ўсе гналі і ў завязь.

Толькі-толькі ў думку бралі на здогадзь,

Што шчымліва сэрца ные самохаць.

Як прыцісьне сваю панну да дуба,

Сэрца млее ад трывогі, аж люба,

Як прыцісьне сваю панну да барозы,

Аж да горла падступае, аж сьлёзы,

Як зашчэміць сваю панну пад кусточак,

Аж каленцамі, зубамі дрыгоча.

Хлопцам соладка зваць дзевак-гарэзак:

Эрна, Фрыда, Стася, Кася, Тарэза,

А яны ж табе так гжэчна і гладка:

“Ах, дальбог жа, пане Эдку, занадта!”

“Але ж пан, мой пане Хэньку, нязграба ж!”

Тыя ж панны як ня слухаць, -- пустамелі,

А паслухаць, -- сабе нешта наўме мелі,

Бо стаяла ж там азерца, як люстра,

Абступалі яго скалы шчыльна, густа.

Тыя ж панны ў вадзе ногі паласкалі

І выходзілі абсохнуцца на скалы,

А іх ногі ў тым азерцы расталі,

Панны срэбнымі хвастамі хвасталі.

А былі жывыя сьмехі, ахі, вохі,

Калі песенькі сьпявалі цыцохі.

Было сьмеху, было смутку, было дзіва,

Як дзявуленька сьпявала, нудзіла.

Саладзей за ўсіх сьпявала дык Эрна,

Пану Тадзіку-калеку – была верна.

Бо, кульгавенькі, ня гойсаў па лесе,

Дык сама яму ў гнязьдзечка лезе.

А было яно на дрэве расахатым

Аж пад самым воблакам пухнатым,

А было ж яно, як лона, кошыкам,

У якім матуля дзетак выношвае,

Дык той Тадзік на гнязьдзечку – птушанятка,

Тая ж Эрна міласэрна – Тадзю матка:

Абдымае, туліць Эрна-пяшчотка,

А ён плачацца, бядуе, сіротка.

Як на хлопцах, дык трымае хвост дудкай,

Як адзін, дык толькі тхімча ціхутка.

Восем стукнула гадочкаў і трошкі:

Ані бацькі, ані маткі, ані ножкі.

Дык жа Эрна Тадзю неба адчыніла,

Тадзю ножаньку, дзе трэба, прышпіліла.

Сам нагу цяпер сіротка раззуе --

Скокнуў з дрэва і з хлапцамі гізуе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

            Х

Згасаў-заходзіў Двор вялікі,

І доўга з прорвы білі блікі.

 

Замкнула неба свае вусны

На залаты замок, на сум свой.

 

А вечар густа пляц прыценіў,

А хлопцаў носяць летуценьні.

 

“Хадземце, вечар”, -- кажа Тадзік

І кавялой з пагорка садзіць.

 

“Пастой, -- Цыбуля кажа, -- ў Казя,

Глядзіце, меч адперазаўся”.

 

Падняў ён рыцарскую палку

Сьсінелай ручкай. Бах – у скроні

Глухі ўдар цемры… І ня помніць…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

“Ой, татка!” – падаючы каўкнуў.

 

            ХІ

Ля брамы дома “дапамога”,

Аблепленая дзецьмі густа,

Якіх ганяў сярдзіты дворнік;

Мерглёва крыкам галасіла,

Людзей-людзей – не пратаўчыся,

Суседкі ставілі дыягназ,

Сьпявалі нэніі піскліва,

Перакладалі языкамі,

Што да выдаткаў на хаўтуры

(Вы чулі слова “штэрбэкаса”?)

Пах воцату і нашатыру,

І валяр’янкі. У пакоі,

Падобным на разьбу па дрэве

У стылі экспрэсіянізму,

Урач дапытваўся ў Цыбулі,

Як тое сталася; Цыбуля

У транс папёр псеўдалагічны

І плёў лухту абы-якую

(О прага славы, прага зьзяньня

Сваёю важнасьцю, геройствам,

Каліф адвечны на гадзіну!)

Калі ж адхукалі ўжо Казю,--

Ляжаў бялюткі, праясьнелы.

Яго зваў лекар “кавалерам”,

Загадваў: “дыхай” і “ня дыхай”,

Пацюкваў дробна малаточкам

Па кволых плечыках хлапечых,

Сагнуў нагу – і па калене,

Нага падскочыла угору

(Цыбуля, ўбачыўшы, аж пырснуў),

Сказаў нарэшце: “Дзень-другенькі

Пабудзь у ложку, кавалер мой,

І стане добра, а мамуся…”

Мерглёва, ўпіўшыся вачыма

У вусны лекару, чакала

З усьмешкай веры і пакоры,

Калі ён скажа, што “мамуся”?..

“Мамуся, -- ў думках)… а, ня бойся,

І ня журыся. Што ж, бывайце,

Адагравайся, кавалер мой”,--

Пажартаваў, у бруд ступіўшы

Нікчэмнага якогась смутку…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

З паверха трэцяга сыходзіў

Па мокрых сходах лекар. Тухлы

Пах бульбы мёрзлай, мешкавіны

Ў мышыным склепе – вось ён, водар

Тых лодзкіх лесьвіц. Сам таксама

Ён жывацеў у нэндзы горкай,

Турботах, прымхах і ў галечы –

Каб то вярнуцца, памагчы ім,

Укленчыць разам…

                                 Не вярнуўся.

Натоўп у браме даў дарогі,--

Сеў злосны лекар у “карэту”,

А дзеці ў шыбы цікавалі;

Калі ад’ехала машына,

Натоўп спагадлівых суседак

Ля дома доўга сеймаваўся…

Бо для галоты гарадское,

Ад дыму бруднай і ад нэндзы,

Карэта “хуткай” ёсьць падвода

З краіны дзіваў чарадзейскіх,

Карэта Грымавых герояў,

Запрэжаная ў шэсьць Пегасаў.

А бедны лекар (мой знаёмы)

Вярнуўся да руціны шэрай.

Ужо ў прыёмнай на цыраце

Канапы вузкай у гарачцы

Ляжаў Шульц Леан, парыкмахер,

Католік рымскі, гадоў сорак,

Вульчанска, 98,

Кватэра 19. Леан

Без каўняра, але з запінкай

І шкаплікам у форме сэрца

Біў кулаком у пуза з крыкам:

“Я дам табе актора, малпа,

Я пакажу табе!”-- А доктар

Запінку адшпіліў, кашулю

Задраў да горла і, да сэрца

Прыклаўшы трубачку, паслухаў.

 

Быў вечар. І перад дамамі

На зэдліках сядзелі людзі,

Сьвятла шнурочак залацісты

Адкрыўся вуліцам-карытам.

Залётнікі нябёсаў – зоркі

Убогім весела маргалі.

 

            ХІІ

Ня меў я сэрца на Варшаву,

Калі пакінуў горад Лодзь.

Палямі слаўся змрок трухлявы;

Бы катафалк, несамахоць

Цягнік цераз туман імжавы

Праз навісь цяжкіх дум валок;

У колаў постук падмяшаны

Мне страх пячайкай сэрца пёк.

І ў гэты час гадзіны шарай

Прыгадваў Лодзь я незнарок.

Плыла  імгліста праз  абшары

Ня Лодзь, а лодачка здалёк,

І тросься поезд, як бляшаны,

Як дзіцяня, сярод дарог.

І браў з сабою я ў Варшаву

Свой сьвет маленькі, ўсё, што мог.

Старыя дзьве гаргары-шафы,

Гадзіньнік, стол, аленеў рог

І гімназійныя кашары,

Курч вуліцаў, фабрычны смог.

Лахман нябёсаў пашарпаны

І сны пра зорны мой чартог,

Задворкаў вэрхал шумны, жвавы

І таварыскасьці залог,--

Ды ўжо, бач, з Лодзі да Варшавы

Ня поезд, караван запрог

І, як зь вянкоў жалобных шарфы,

Зьвісалі кутасы трывог:

Што вось я, бедны, напужаны,

Дзе свой агораю бярлог,

Што бацька ўжо даўно ня жвавы,

Што мне й самому сьвет агорк,

Што маму мучаюць кашмары,

Што скора й маме пад мурог;

І што ў сястрычкі плашч дзіравы,

І крыўды цень на тварык лёг,

Што вершам я ня дам управы,

Што лепш бы ў Лодзі брук я тоўк,

Чым гэтак ехаць да Варшавы.

Вярнуцца б, ах, на твой парог,

У сінь вачэй тваіх ласкавых

Уліць мой боль, бо я зьнямог,--

І ад дэпешаў, поўных жалю,

Гудуць слупы уздоўж дарог,

А там шатэн твой малажавы

На вушка шэпча, каб ён здох,

Пра блізкі шлюб і пра забавы –

Гітару тузае твой бог,

А ў шыбы дождж дзяўбе шаршавы,

Цягнік сапе, як зьбіўся з ног,

І хімерычныя праявы

З палёў плывуць. І слота. Млосьць…

 

Так я дастаўся да Варшавы,

Калі пакінуў горад Лодзь.

 

 

            ТРЭЦЯЯ ЧАСТКА

 

            Першы разьдзел

 

            І

Табе, мой Бог, пеў вецер песьні,

Калі сьвятло Ты выкрасаў.

Хаосу сьведка і равесьнік,

Табе, мой Бог, пеў вецер песьні,

Калі з хаосу ўваскрасаў

Мяцежнік хлябі ўзбунтаванай,

Улады Божай першы бард,

Гамер Генезіс, апантаны

Рытмічным рыкам сваіх скарг.

І быў такі парыў стваральны,

Такі быў пра-віхуры гімн,

Што веліч водаў бура-хвальных

У бераг б’е прыбоем злым;

Дагэтуль – эпік, летапісец,

Вайны стваральнай ветэран,

Дзед-вецер тым пачаткам трызьніць,

Буяны любіць ураган.

 

Так трагік, патрыярх актораў,

Што ў каралях грымеў гадамі,

Жыве да старасьці ў згаданых

Стыхіях драм пяціактовых:

То ён сярод гнілых балотаў

З старэчай роспаччу, юдольлю

Пад акампанемент грымотаў

Трасе кудлатай галавою,

Кляне з тужліваю мальбою

Сваё няшчасьце і нядолю…

То ён, заплаканы, зьнябыты,

Над целам донечкі забітай

У жальбе енчыць без патолі,

Хрыпіць, жахаецца і просіць:

“Ніколі! Не! О не! Ніколі!”

“Ніколі!” – трэці раз галосіць.

 

І паміраў. І тут жа скора

Уваскрасаў на буру “браваў”.

Пасьля ўжо з Глостэрам, Эдгарам

Ды графам Кентам* і суфлёрам

Ішлі на чарачку да Моўшы.

О, дзе ж вы, Ліры, дзе Шэксьпіры!..

Цяпер ён рады за тры грошы

Даць “вечар гумару й сатыры”

У рэстаране местачковым.

Вось ён за столікам, над міскай,

У пінжачку старым картовым

Гасьцей чакае. Дрогка цьміцца

Са столі груша-соракватка

(Ты помніш, як гарыць лампадка

На покуці?..). З падвывам гучна

Вятрыска шлопае аб дах,

Афішы рве… Вой ліхата…

Меў рацыю пан Гогаль: “Скучно

На этом сьвете, господа”.

 

Усё было, як Бог наказваў:

На ўсю сьцяну пано-карціна,

Ружова-шакалада-сіне –

Дальтонік з пэндзьлем фарбамаза;

Чарот у сажалцы, наяда,

За ёй шырока – панарама:

Вятрак у полі і грамада

Развалін грэчаскага храма…

Яшчэ настольніцу Бог справіў

Пад геаграфію ўсіх страваў:

З Суматрай шчаўя, Крытам морквы

І чорнай кавы Морам Мёртвым…

Яшчэ ў меню зь нябеснай кухні

Быў боршч, быў шніцаль і быў крупнік,

Расольнік, смажанка і скварка,

І мяса – з косткай і кавалкам

(Зь якое, косткі, ўсім гурманам

Крыві шляхетнай, альбо паннам,

Калі з рышпектам больш-менш-крышку,

Наплешча кельнер мозгу ў лыжку)…

-- А той буфет! “Буфетыяду”

Я  напісаў бы! Песьняў процьму!

Вось бы сучасьнікам даў яду

(А на патомкаў ня выходзьму!),

Бо тэма ж!..  Ат, на густ усякі

Напомню збольшага прысмакі:

Ружовыя лісьцінкі шынкі

Пад пудрай перцу. Палавінкі

Удоўж пакроеных яечак,

З каляндрай рыбка, сыр авечы

І паляўнічыя каўбаскі

(О вэнджаньня ты ж пробны камень!),

Падліва з хрэнам, соўс татарскі,

І паляндвічка, і салямі,

І вантрабянка на талерцы,

І тонкая, як скрут гадзючак

На пні трухлявым пасьля кучак –

На сонца выпаўзьлі пагрэцца;

І рыбка хрумсткая – з падачай

Пад карнішон, пад марынады,

Ці студзень з ножкаю цялячай…

Што, разабрала? – Дайце рады!

Альбо… Не – напасьледак… Шкалік

Жытнёўкі чыстай, як крышталік

(Ды каб халодненькай, спацелай,

Каб аж саменька ў рот хацела!..).

На закусь – ён, душа спакусы,

Ікра гаротных, мёд на вусны,

Бяссонны друг начэй Лукула,

Малітва бульбачкі з цыбуляй,

Малочны братка рыбных паняў,

Ён – Сьледзь, утомлены ў сьмятане!!!

 

…Ёсьць і ў Нью-Йорку той ласунак.

Я ўжо і чарку браў пад сьледзя –

Ні сьледзь, ні чарка ў рот ня лезе,

І сьледзь ня той, ня той мацунак,

Ня той буфет, ня тая хватка,

Ня той і я… Бо то ж бо, братка:

І сьледзь, і чарка толькі ў Польшчы –

Нам і наедак і смакошчы!

Там і бяз чаркі зьесца сьлізка,

Там і буфет! І Бог там блізка!

 

Бог наказаў яшчэ, каб зьведаў

Ён страху сьмерці напасьледак,

Каб нудзіўся часінай шарай

І лыжкай бавіўся бляшанай

(Ты ж памятаеш іх: такія

Бяз бляску, лёгкія, крывыя…),

І чым тут запярэчыш лёсу,

Калі ўжо так наканавана,

Каб недакуркі папяросаў

Тушыў у сьпітках чорнай кавы;

Чакаў авансу з ганарару,

А conto  зьеўшы ўсю вячэру;

Сачыў,  як стрэлкі ў чвэрць дзясятай

Даюць дыяметр цыферблата,

Калі абвешчаны пачатак

А восьмай роўна; бачыў з твару

Шкадоблівасьць афіцыянта

І ўсьмешку строіў вінавата,

Калі буфетчыца вачыма

Яго пагардліва акіне

І  зноў уткнецца ў “Мейске кіна” –

Ў “Парады пана Іга Шыма”;

Лічыў гадзіны адзіноты

Сам-насам і з душэўнай крыўдай

Навыварат у люстры бачыў

Аб’яву: “ЧІВОНІВДЮЛ  КІВДЮЛ

ЫРЫТАС  І  УРАМУТ  РАЧЕВ”,

Афішу нэндзы і пустоты…

Ніхто ня прыйдзе ўжо: узьвея

Даўно на вуліцы шалее,

Усё пустошыць навакола,

Зграбаючы ў сумёты сьмецьце,

І ў капішоне сьветлы месяц

Плыве, як ветразь, над касьцёлам.

…Бывае, што адвечны вецер,

Дачалавечны, пяе песьні

Пра Аднаго – Кагось – Няўдальца –

Расчараванага – Бывальца –

Няшчаснага – як найбалесьней

Табе, мой Бог, сьпявае песьні.

 

            *

Ня ў Сончы, не ў згаданы вечар,

А іншы вецер захалусны

Дзьмуў над Піліцаю стовусна

І ў настальгічнай жальбе енчыў

З напорам сілы божай ночы;

Выў па-біблейску чыстым псалмам,

Стагнаў і ўсхліпваў, як прарочы,

Ў танальнасьці высокай, вешчай,

Заводзіў дантаўскім харалам,

Што, каб гучаў ён з тэкстам, вершам, --

Была б Уейскага паэма*:

“Як ныў, як жаліўся Ярэма,

Што на шкале сярод масьцітых

Паэтаў польскіх ён забыты”.

А вецер быў такі: ў эфекце,

Танальнасьці, узроўні, жанры…

Прабачце, Вецер і Паэце,

Што суадношу вас. Паверце,

Класіфікацыя – ня жарты.

Узьнёсла жаліўся ў нябёсах,

Цьвярдзеў, як посах, з рыкам падаў,

І на зямлі па-людску гойсаў,

І рассыпаўсься дробным вершам,

І дзён астатніх лістапада,

Як жаўталіст, зьмятаў у сьнежань.

Яшчэ выдурніваў блазноты,

Бо ўнізе вецер --  без работы,

Ён на зямлі адно сваволіў:

То вапну, тынк страсаў са столі,

То расьпіраў у вокнах шыбы,

А то скуголіў злосна юшкай

Альбо грымеў пустой кадушкай

Аб ганак выстылай сядзібы,

Ці ў рытмах існага паэта

Брынчаў збанкамі на штыкетах…

 

У тую ноч Анэлька - - -

                                         Го, малая!

Трынаццаць год! А не забыла
Аптэку, грот, пажар, магілу?

Як падрасла, як забуяла!

А помніш “вока”? Помніш цені?

А наш дзядуля-летуценьнік?

А пані Бельска? А пан Каміль?

Нябось, яшчэ бальзамам пахне?

Маўчыць Анэлька, шэпча ўпотай

Крыху таўсманымі губамі,

Схіліўшыся… А што там? Што там?

О  Божа, кніга? Сярод ночы?

А пакажы!

                   Глядзіць у вочы,

Трывожна сочыць, кнігу моўчкі

Хавае.

           Адбіраю.

                            Зрэнкі

Агнём успыхнулі ў паненкі,

І са сьлязамі кажа злосна:

“А пану што?.. Я… проша пана…”

“Ды што з табою? Гэтак позна,

А вочкі сьлепіш над раманам?

Я так баяўся, што пачнецца,

Што гэткім нечым адзавецца,

І вось прыйшло; ці не зарана?..

Навошта?..  Як? І трэба ж – зараз,

Якраз праменьчык твой забліскаў

У ноч уейскіх дзьмух-вятрыскаў,--

Анэлечка!!.”

                       (“Кароткі нарыс

Гісторыі Расіі”).

                             Чарнілам:

“З бібліятэкі Р. Каміля”.

 

            *

Канец сусьвету і прыходу,

Нябесных цел і бедных людцаў!

Ад ветру сто разоў прачнуцца,

Бурчаць і з галавой – пад коўдру!

Начны млын круціцца, пытлюе

Пусты жарон скуглу людскую

І, нібы шабаснае кола,

Гудзе і сьвішча ля касьцёла.

Зірні ў акно: па сьценах храма

Вандруе бледненькая пляма,

Шукае, мацае, а знойдзе

Шчарбінку на сьвятой іконе,

Адразу ж пэндзьлікам і пройдзе

Рука ў сьвятле і ў змроку ўтоне.

А плямка сьветлая, якая

Праз цемру зь ліхтара страляе,

Вісіць на сэрцы херувіма,

Як ладанка. Дзядуля сівы,

Садоўнік, воін легіёнаў,

У гэту ноч якраз наладзіў

Інспэкцыю ікон, анёлаў

У райскіх шатах, райскім садзе;

Прычоскі строіў, ясьніў вочы,

Насы адбітыя надточваў,

Збавіцелю крывавіў церні,

Бяліў лілеі цноты Дзевы…

І раць нябесную пазлацваў

Прысяглы служка, небазнаўца.

Залез высока на драбіну

І сам сабе пяе паціху:

            “Квецік размарыну!”

Ды затыкае ў херувіме

У воку белай глінкай дзірку –

(Душу й сьвятому выме куля!) –

Пяе фальшыва, хоць прачула:

            “Квецік размарыну,

            Разьвівайся, квецік!..”

І ў самай змрочнай, затхлай нішы,

Дзе ржавы Спас на трухлым крыжы

Паўвеку ў пыле церпіць мукі,

Прыклаў Дзяверскі рупна рукі:

Абтрос вянкі, дадаў дэкору,

Паправіў купінкі чабору,

Прадзьмухаў верасу былінкі,

Мазнуў дзе вапны, а дзе сінькі

І бронзай асьвяжыў пялёсткі

Бясьсьмертнікаў сухіх і шорсткіх

(О кветкі-муміі, о сьмецьце!

Жыцьця ілюзія, дурнота,

Бязмэтнасьць, марнасьць і пустота –

Як я і ўсе і ўсё на сьвеце!)—

І нават там, ля круцыфера,

Каля пліты, зь якой час выжраў

Імя дарыльшчыцы на веру

“Дзяверска Эва” – каля крыжа,

Калі ён кленчыў перад імем

І сьлед зацёртых літар гладзіў,

Пацалаваўшы прах, Ігнацы

Тылінкаў: “Квецік размарыну!..”

Так кожны пра сваё дуэтам

Сьпявалі двое: майстар зь ветрам.

Сьпяваў іерыхонскі вецер

Пра вечнае ў бясконцым сьвеце,

А чалавек, наш пан Дзяверскі –

Пра размарынаў сьціплы квецік;

На золку песьні іх аціхлі –

Настаў паэмы Дзень Вялікі.

 

            *

Да дня віхура трэсла горад,

Зямлю выпыльвала дачыста,

І лістапада стылы холад

Сушыў сьвяточна і ўрачыста.

Аж грудзі выдзьмуў сабе вецер,

Пакуль прыгнаў дзень яснавокі –

І ўжо халоднай дзідай меціць

Зямельку сонца праз аблокі,

Рака прыцішыла бег сіні,

Сцьвярдзела гразь у каляіне,

І ўсім карціць каўзнуцца трохі

Па лужыне празрыстай, гладкай,

Калі так смачна звонам крохкім

Пахрупвае лядку аладка.

І як жа міла ў хрусьце спорым

Пад цяжкі поступ ботаў дзеда –

Зьвіняць зноў шабелькі і шпоры,

І лёткі пошчак ножак:  гэта

У палатняных лёгкіх тэпцях

Паненка, козачка Анэльця,

Ідзе, зусім як не малая,

Дзядулю ў ножку патрапляе.

Сам, хоць прабавіў ноч у працы,

Бадзёра тупае Ігнацы

І, як заўсёды, як зазвычай,

Пад нос ціхутка штось мармыча,

На неба ўдзячна паглядае,

І радасьць у вачах відна ўся,

Што, дзякуй Богу, дзень удаўся,

А ноч была – ну, чыста шабас…

Якраз назначана імша ў нас

У храме сёньня за Айчыну,

За волю… Птушачка сьпявае

На дрэўцы: “Квецік размарыну!”

Дзед крэкнуў. Аж запахла маем.

Ідуць далей, душа халоне

У звоне шпораў, шабляў звоне.

 

“Дзядуня, -- пачынае ўнучка,--

А татка… (аж на сэрцы гадка,

Як толькі мова пра паручніка,

Пра бацьку), …слухай, мабыць, татка

Ужо б дабраў да генерала.

А што? Нябось, сягоньня сам ты

Ягонай слухаўся б каманды!

Што, не? Няпраўду я сказала?

Ён генерал, такі – вусаты,

А мы з табою – два салдаты,

Ішлі б сабе… Шкада мне таты…”

“А, кінь пустое, не мялі нам…”

Ды кол асовы ўбіўся клінам:

“Вой, што сказала мне, дзядуля! –

Замора тая, Еўка Гдуля,--

Кажу ёй сьмехам: “Рыжа-дзеўка…”

“А ты – маскоўка!” – кажа Еўка.

Так раптам, згопалу, зьнянацку,

Так зь дзіва добрага, як цацку,

Паднесла скібачку дзявуля!

Зьняў шапку, выцер лоб. “Вучыў я

Ці раз… каб не чаўпла, дзяўчына…

Ну й дам я гэтым вашым Гдулям!..—

Ты – ПОЛЬКА! Вось! Запомні толкам!..”

Зірнуў на губкі: як матуля!..

…А шабляў, шпораў звон навокал…

Падняў галінку, круснуў, кінуў,

Капнуў нагой.—“Ну добра, досыць…”

І зажурыўся… Успаміны…

Бо гэты звон і хрупат лёту…

І той расказ жахлівы Зосін…

Як несьлі… Як сярод народу

Ішла яна зь дзіцём у лоне

У хрусьце гэтакім і звоне…

 

Пракуда – губкі падабрала,

Усьмешку зьедлівую склала

І строга, чынна (падражніцца

Хацела зь дзедам – от дурніца!)

Парадна – крокі выбівала.

Дачка нябожчыцы-салдаткі,

Вачэй пакеплівыя браткі

На дзеда кідала Анэля:

“Ну, хто так ходзіць, пехацінец!

Во так во ходзяць!” – Тут гасьцінец

Дзядуля раскусіў: “Эт, шэльма!—

Ён злосна сыкнуў: -- Чорта ўколе!..”

“Што, дзеду?” –“Цыць!” – ужо ў касьцёле.

(Стары меў рацыю, напэўна!)

 

            ІІ

Зімой, маладзіковай ноччу

Пачуў на вуліцы я ў Лодзі

Крык блудніцы, юрлівай плоці:

“Гарррадавой! Сьвяты Ісусе!”

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

Пасьля ног тупат, крыкі ў сьвісьце…

Ты бег з ратункам, Езус Хрысьце.

 

Глыбока ўзрушаны ў сьвятыні,

У рымскай слухаў базіліцы

Я набажэнства на латыні,

Калі смуглянкі-маладзіцы,

Усе ў карунках, як камеі,

Рахмана сталі на калені

Перад Тваёю таямніцай.

 

У Рыо Ты на Каркавада

Стаіш каменнаю грамадай

З раскрыжаванымі рукамі;

Удзень Ты – крыж, уночы – дзіва:

Бог, Крыж і Чалавек над намі,

Ты сьвеціш яснасьцю і сілай.

 

Калі я з Рыо плыў у Штаты,

Стаў сьведкам службы сатанінскай:

Імшою правіў чорт патлаты

(Калісьці д’ябал з гэткім пыскам

З дрымотлівага выплыў чаду…).

А тут быў чорны арцыбіскуп

З Конрадавага Трынідада.

Крычаў: “O Lamb of God! Redeemer!

O Lord!*” З Тваім на вуснах імем

Маліўся аб надзённым хлебе.

 

Але што болей і што лепей:

У Польшчы – простым “пахвалёным”

Штодня вітаюцца мільёны!

А бязыменна, бо – ВЯДОМЫ

Ты імем падразумяваным!

Ды як! – “Навек-вякоў і аман!”

 

Найбольшая з усіх пахвалаў –

Што ўжо імя Тваё ў народзе

Уздыхам і вітаньнем стала,

Назоўным імем дабрахоці!

Вялікі гонар! Стацца імем,

Што ўжо з прасэнсам разьяднана!

Бяспамятным стаць успамінам

І быць героем без рамана!

Расьце той гонар! Зор сягае!

Бо ў німбе зорных казак, міфаў

Зазьзяў нябесных сфер кумірам…

Здавалася б, што ня бывае

Пашаны, моцы па-за краем,

Калі на кожны крок твой, слова

Паданьне новае гатова.

Адзінай славы знаю праўду:

Калі дух думкі ЧАЛАВЕЧАЙ –

Найдасканалейшай і вешчай,

Над міфам здабывае ўладу –

А Ты ж сьмяротны, Ты сын наскі --

І потым фантастычным братам

Легенды робіцца і казкі…

Як памяць робіцца абрадам.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

І ў тым ёсьць праўды падаплёка,

Калі ўладар на суд пакліча

Паэта вешчага, прарока:

І вось страла каварнай кары,

У сэрца ўцэліўшы ахвяры,

Наскрозь б’ючы пра-морак шары,

Пакажа іскрай  ЦЬВЕРДЗЬ  глыбока.

 

            ІІІ

Задуха ў храме,  нібы ў склепе,

Галечы выхук з сотняў вуснаў;

Алтар і строгі твар Ісусаў

Ледзь бачацца праз навісь пары

У цьмяна высьветленым нефе…

Яна ў смузе, на бледным твары

Крыху прыплюшчаныя вочы,

Крыху замглёныя, і сочаць,

Як у густым плыве аблоку

Алтар зусім навідавоку,

А ў цьменьні зорных сьвечак поле,

Загон мільгае калыхлівы,

Праз сьлёзы бачыць навакольле

У кветках-сполахах каліны…

Навошта сьлёзы? – Змрок, задуха,

Любоў, дзівота, жальба, скруха,

Закалыхалі… (Не дзяўчына

З ашклёнымі тугой вачыма

Такія словы мае ў мысьлі,

А мне яны ў сьвятле павісьлі

У залатой імгле, як схемы,

Іх я выказваю з уласнай

Ацэнкай, мне прыблізна яснай;

Бо я ж складаю лёс паэмы,)

Жаль-Жальба-Жаласнасьць-Жалоба.

А як жа скруха, і шкадоба,

І міласэрнасьць?.. Мілажалем

Назваць, калі чульлівасьць хваляй

Захліствае бяз дай прычыны?..

Што ж, будзь славянскім Мілажалем,

Агонь салодкіх сьлёз дзяўчыны!

Як на палетку сярод пожні

Стаіць, як Божы перст, дзіванна,

Так і сярод сялян пабожных,

Яна ў іх зельніку – як панна,

Стаіць, як сьвечачка ці кветка

Сярод гаротнага палетка

У мілажальнай прыгажосьці

І ціха шэпча Богу штосьці…

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Дзед штурхае: “Укленчы!” – Кленчыць,

Каб стаць ужо з усім суцэльным

Пакорным тлумішчам касьцельным,

Што стогне, хліпае і енчыць

І ў Маткі Боскай сьлёзна просіць

Вялікім дзівам выліць ласку –

Даць вечнасьць у бясконцым бляску,

Надзённага даць хлеба ўдосыць,

Скажоныя балбоча назвы

Убогіх вёсачак у Азіі,

Імёны рымскіх ваяводаў,

Ліхіх захопнікаў, салдатаў,

Яўрэйскіх цесьляў, тарбахватаў,

Бо ў сэрцы, там на дне, пад сподам

Люд цьвёрда верыць: толькі вобраз,

Вось гэты самы, зробіць добра,

Ўратуе ад вайны і зводу…

І дзіва зьдзейсьніць нямінуча –

Пашле ўраджаю і прыплоду.

Ударыў звон – і на іконах

Анёлы сьцепнуліся сонна.

Як зьвераня ў мяшку, якое

Паўзе, грабецца, бы сьляпое,

Так тлум сялян адным парывам,

Адным мяшком папоўз імкліва,

Яшчэ на крок, на пайкалена

Да алтара; нібыта хлеба,

Яны благалі чараў боскіх,

І ў тварах іх такая сіла,

Такая моц на іх застыла,

Нібы іх высьніў Раствароўскі*,

А рэжысуру даў ім Шылер.

Вось вам тэатр. Пятра сьвятога

Іграе трупа сярод храма…

Дык брава!”, “біс!” тэатру Бога!

Містычна, страшна і сурова

Адкрылася пралогам драма.

На сцэне жудасьць. Сын Юзэфа

І Мар’і з Длускіх – дабрамысны

Бландзін ружовы і азызлы

Гадоў пад сорак, Адам Стэфан

Камода: знаўца  сьвят касьцельных,

Аматар  шахмат, знахар дзельны,

Падпісчык даўні на “Кур’ера

Варшаўскага” (а ў пэўнай меры

І супрацоўнік: бо ў нядзельным

Дадатку, год таму зь дзесятак

“Што могуць кветкі” быў артыкул

Пад псеўданімам “Адам Зельны”;

Даводзіў, што настойка з братак

Кроў ачышчае. А аптэкар

На гэта рэпліку даў зь ядам:

Што так, мой пане Зельны Адам,

Што даў мільёнам рады лекар,

Ды толькі “справа ад Адама

(Зласьлівы хлюст!) апрабавана,
Праверана і ўсім вядома,

Што на заразу часу шкода,

Што новы Адам наш…” (Камода!)

І так далей. А назва: “Бона

Сканала перад сьвету сконам”.

Ды рэпліку ня друкавалі,

Сьцяліся, бачыце, зь нічога,

А пасварыліся навекі:

Аптэкар зрокся веры ў Бога,

А ксёндз – паслуг яго аптэкі.

 

Студэнт-тэолаг наш – з прычыны

І нечаканай і заўчаснай,

Бо з кніг людскіх, бо з працы ўласнай –

Меў нейкі посьпех таямнічы;

І стаў пасрэднікам Камода

Між сонмам Божым і народам.

Ах, праўда! Што я! Гэта ж права

На адпраўленьне актаў боскіх

Біскуп Кучынскі даў у Плоцку,

Сын адваката Станіслава

І Апалоні з Вазьнякоўскіх…

І так далей гуляла слава…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І вось у лёхах дзён шалёных

Першасьвяшчэньнік б’е паклоны,

Рыбак-гаротнік галілейскі,

Перад Мяцежнікам з усходу.

На сцэне дзіва. Ксёндз Камода,

Адзеты ў цяжкі плашч халдэйскі,

Іграе з Шымкам чарадзейскі

Сьпектакль яўрэйскі – на лаціне.

Характар рэчы – сімвалічны,

Цудоўная ідэя гіне

У фіміяме паэтычным,

У поце… у кадзільным дыме… --

Зайбойства з мэтай палітычнай.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Бо так ужо агню ўласьціва,

Што ў ім усё – людзям на дзіва:

Як зорка робіцца заранкай,

Як Пяруном стае маланка

І як агонь бунтоўны духаў

Людскога сэрца жар раздзьмухаў

Паэт у буру з анічога!—

Як у агні душа згарэла –

Так чалавек зрабіўся богам,

І так царква на карак села.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Канчаецца сьвятая праца

Слугі й вясковага прымаса.

“Ite, missa est”. – “Deo gratias”.—

Дуэцяць дыскантам і басам.

Ялейна ксёндз схіляе голаў.

І не, каб грозна ў твар забойцу

Шпурнуць агонь і з гневам словы

“Placeat tibi”, ён на Тройцу

Зьвяртае гэтую ідэю,

Абы каб драмы выкананьне

(“Obsequium,  servitutis meae”)

Знайшло нябеснае прызнаньне…

Благае, manibus prostatis

“Ut sacrificium quod oculis

(На вочы) tuae majestatis

 Indignus (варт-няварт) obtuli

(Пакінуў ці прынёс я) tibi

 Sit acceptabile: mihique

Et omnibus, pro quibus illud

Obtulit, sit, te miserante,

Propitiable…”

                        Так наш платны антык

Перад Мяцежнікам Вялікім

На мове кесараў кугікаў.

 

            *

А ў храме цесна, ў храме душна…

А ў храме беднасьці кадзіла

Ахвярным дымам начадзіла;

І дух людскі, угрэты целам,

Запалам веры, модлаў жарам

Праз поры вольна пыхаў парай,

Дыміліся адтала рызы –

Не прадыхнуць, нібы ў парылцы;

Цудоўна словы адгучалі

(Бязь “бісаў” у глядзельнай зале!)

Фіналу… “Et verbum caro factum“

І ўжо – канец містычным актам.

І вось Актор асатанелы

Сядзіць у рызьніцы спацелы,

Абмахваецца епанчою,

Сапе, зяхае, ледзь з душою.

Ды, ахалонуўшы, у скрусе

Ўздыхнуў, шапнуў: “О мой Ісусе!”

І зноў “О мой Ісусе!”, быццам

Ня мог ні верыць, ні дзівіцца,

Ні дзівавацца, ні зьдзіўляцца,

Шчыкнуў сьцягно, шчаку памацаў,

Не, дзе ж тут сон? “О мой Ісусе!”

 

Ці ў тым уздыху не пачуўся

Табе матыў, чытач музычны,

Прыслухайся, дай ласкі-ўвагі,

Бо я дык чую так прывычны

Напеў старога бедалагі.

Мне рэхам: “Квецік размарыну…”

Ачуўся ксёндз і кажа Шымку,

Які з рышпектам самавітым

Сцэнічным пёкся рэквізітам:

“А скокні, козьлік, на хвілінку

Да Гершля, малачка мне ў слоік

Хай цыркне каліўца якое,

І ці прыслалі з Тамашова

“Кур’ера”, папытай мусова.

Ну, ножкай, ножкай, бо ахрып я,

“Кур’ер”. І слоік не расхліпай!..”

 

І, пальцам длубаючы ў вуху,

Ён задуменна ў шыбу вочы

На поле зьзяблае ўталочыў,

На дзень сьвяточны і прыгожы,

Ядроны, дужы, асавелы,

Як помнік славе адшумелай,

І мовіў ксёндз: “Ну што, твор Божы?”

Яго імгненьне ледзь кранула

І, не пачаўшыся, заснула.

А дзесьці там, з-за агароджы,

Сваё, казінае, ў нябёсы

Бэбэкалі на пашы козы.

 

Касьцёл накашляўся, начхаўся,

Наперхаўся і насмаркаўся.

(У тым канцэрце асабіста

Я вылучыў бы і саліста –

Каго? Вядома!) Гаспадынькі

Сьлязой душу зьлілі Прачыстай,

Журботна выклялі спакусы;

Гаспадары: Дразды і Бінькі,

Галоткі, Ступкі, Клосы, Браткі,

Мізэры, Нэндзы і Салаткі,

Абцёршы рукавамі вусы,

Старым прадзедаўскім звычаем

Сусед суседу пазычае

Сякіх-такіх навін-прысмакаў;

Ужо сёй-той губамі цмакаў

Ад тых падсэнсаў, асанансаў,

Ад тых намёкаў і нюансаў,

Ад розных “кінь жа”, “ну”, “а ну ж бы”

(А гэта ж бо – праявы дружбы,

Зачыны пробныя гаворкі),

Ужо і рой малечы жвавай

Усюды ласы да забавы

Даўно нагойсаўся між лавак

І знудзіўся як на паморкі,

У нават мамчын той удалец

Налепятаўся, як кітаец,

І сьпіць ля цыцкі ў Божым доме,

Шчасьліва смокчучы свой палец…

І вось ксёндз Адам на амбоне.

 

Сьвяточна сонца слупам пылу

З акенца ўніз касьцёл  прабіла,

Прамень пылінак прамяністых

Як мірыяды зыркіх іскраў

У мітусьлівым іх памкненьні.

Задуха. Плашчык на калені

Паклала, зьняўшы, сьціплы, шэры,

Крыху паправіла каўнерык

І грудкі з маладым налівам

Прыгожа, горда акругліла;

А праз туман, смугу касьцёла –

Тапазы сьвечачак наўкола…

Грамнічных сьвечак і духоўных,

Ад сонна-казачнага дзіва

Хай трохі з жалем, ды шчасьліва

Вядзе вачыма да амбоны

Цудоўна-статная бярозка,

Глядзіць, як Суламіта*, дзёрзка.

 

Ад лета гэта ўжо ў ёй сьпела…

Калі ў рачных купала водах

Яна абуджанае цела,

Дык зь цёплай, ласкавай пяшчотай

На хараство сваё глядзела

І ножкі гладзіла любоўна,

І – з захапленьнем і дзівотай –

Таемную акругласьць лона,

А постаць у вадзе крыштальнай

Так цешыла, што натуральна,

Непазнавальнай прыгажосьці

Яна крычала шэптам штосьці

(Запомнімце ўласьцівасьць гэту!)—

Бязгучны гімн страсьцям раптоўным,

Бязладны вадаспад імпэту,

Жаданьняў, просьбаў малітоўных,--

Аж я сказаў бы, што смуглянка,

Як Саламонава каханка,

У сад сваёй красы цудотнай

Зноў кліча любага пяшчотна:

“А грудзі, як блізьняткі сарны,

Што пасьвяцца сярод лілеяў,

Крыніцы з гор крутых Лівана

Плывуць пад корань з жыўным глеем.

Зайдзі ў духмяны сад, каханы,

Маімі ласуйся пладамі!”*

Ня гэта песьня над ракою,

Бяз гэтых слоў, але з такою

Прыблізна музыкай-ігрою –

Бо яблычка ад дрэва блізка,

З гальля якога ўжо забліскаў

Той самы зьмей, той гад паўзучы,

Лісьліва-ўгодлівы, шыпучы,

З панадна-радужнай лускою…

Алтар стаў раптам залацістым

Пухнатым дрэвам пышналістым,

І зь вецьця пругкі споўз вужыска

У фасфарычных яркіх іскрах –

Плод успаміну, плод сасьнёны,

Туманам памяці альсьнёны –

Па шаўкавістай, прамяністай

Лістоце дрэва, джалам пырскаў

Шумлівай пенай п’яна з пыска,

Пружынай дрогкай поўз наперад

І выпадамі цела спрытна

Будзіў салодкай прагі ўверад,

І ў пераможных ямбу рытмах

Плёў свой тугі падступны нерат.

Нібы бырозка, калі месяц

Яе рукамі ночы песьціць,

Аж выкрасаецца з срабрыстай

Сваёй бярозавасьці чыстай,

Так і ксяндзу – нябескай, боскай

У дымцы пырснула бярозкай

У вочы. – “У імя Айца

І Сына і Сьвятога Духа…”

Зьвязала стужку бантам-крыжам

І ўжо з гарэзьліваю скрухай

Малітву слухае, ня дыша.

 

            IV

Час – стужка сну. На стужцы соннай—

Мінаньне. Сьню й лячу ў прадоньне

Секундамі, што твораць цела.

Секунда-ўдар… Распалавінены

Няспынны бег, і ўжо я ўклінены

Між успамінам і надзеяй,

Між будучыняй і мінулым.

Даўно ўсё гэта адляцела;

І вось прыйшла і абярнула

Ў касьцёл былы тэатрык ценяў.

Калі згары Бог раптам вымкнуў

Жаўтлявы сноп сьвятла праз дымку –

І засьпявала ўсім на дзіва,

Шаптала ножкамі, плячамі

Перад панамі гледачамі

І аддала іх празе хцівай

На сальна-пошлыя здагадкі

Грудзей крылатыя блізьняткі,

І праплывала ў млоснай вабе,

Як іскра плаціны, панадна,

У шчыльна ўціснутым ядвабе.

О, як выразна, як наглядна

Часамі ў зьявішчы прагляне

І даўні той алтар касьцельны,

І на амбоня ксёндз спацелы,

І ў цесным тлумішчы сяляне…

Ня з набажнасьці забабоннай

(Ня закід добраму актору!)

З душы павеяла амбонай,

А як бы ад удару току,

Ад падсьвядомага паўтору:

Усё ж было на белым сьвеце,

І сьпеў  “…імя Айца і Сына”,

І грудкі пружыла дзяўчына,

Як тут “The Whisper Dancing Lady

Nelly Devera…” * (Не ў газеце,

А ў Брукнера пад знакам “дзевер”*;

Чытай і вер яму наперад.)

 

Сама Анэлька цуд сцэнічны

Ўвасобіла ў задуме танца…

Хамар* назваў яго “шаптанцам”,

Шэдэўрам харэаграфічным.

Калі нырала ў плынь матыву

Альбо рашуча супраць плыву

Ступала зграбненькаю ножкай,

І ад музычнай кроплі кожнай

Дрыготкай зорачкай мігцела,

Тады срабрысты шолах цела

Дасерабрала шэптам лёгкім

Мелодыі ледзь чутны, крохкі

Палёт па ўсхваляванай зале…

Такое дадзена і хвалі

Марской, калі срабрысты месяц

З прадоньняў чорных паднябесься

Ён плёскат глянцам прыцярусіць –

І хараством душу спакусіць.

Ды танец той, як у газеты

Пісалі “знаўцы-рэцэнзенты”,--

Ня быў “Пантэрай”, “Дэманітай”.

Ні “Жрыцаю несамавітай

Любоўнай страсьці”, ні “Псіхеяй,

З жаданьняў сплеценай і зьмеяў”,

Ні “Сфінксам прагі яе ўласнай”,

Бо ня “вілася сладастрасна”…

Ні “таямнічай”, ні “адкрытай” –

Была папросту – знакамітай!

Сказаць, што танец – “летуценьне”—

Пакрыўдзіць аўтара; на сцэне

У рухах вынюансавана

Атаку рытму танцавала!

А як цьвяроза, як дакладна,

З суровай вернасьцю, ашчадна

Пачуцьці ўкладвала ў акцэнты,

Калі таптала дошкі сцэны,

Калі шаптала нявыразна

У такт палёту ножкі страснай!

І вось мазурка, вось царыца

У ртуці жэстаў, слоў іскрыцца6

Сірэна льсьніцца трапяткою

Усьмешкай, срэбранай лускою,

І толькі іскра ўсьмешкі-зьмейкі

Ад вуснаў прамільгне пад вейкі,

Нібыта кажа: “О, як пекна!” –

І ўжо рассыпалася ў шэптах.

Мазурка – алгебра, рашэньне

Яе, палёт і захапленьне.

І вось калі з прыціхлай залы

Яе прашыюць вачэй стрэлы,

Зь мінулага сплываюць хвалі,

І прывід млосна-набалелы:

Глядзіць з амбоны служка божы

(Як гэты вось у фраку з ложы!),

Галосіць: “Бачыце, ўваскрэсла!”

І загалосіць; можа, ў крэслах

Галосіць зала? – Адчувае

Дзядулеў плач яна ў мазурцы,

Цень скача у стралецкай бурцы

Рукою трапяткой хапае –

Дзядуля! – і рукой сьціскае,

І ў вібрацыйнай кумільгоце

Амбоны, танца, рампы, залы

Гром голасу на верхняй ноце,

За ім ціхуткім шэптам: “Стала

Зноў слова целам…”

“І зь літасьцю прыйшла Царыца

Кароны Польскай… А зямліца

Манархаў прыняла пабітых,

А воля нам!” Аж затрымцела

У зале публіка, нібыта

Палетак хвалістага жыта

Нязжаты і забыты:

Такі ўзяла разьбег, як быццам

Хацела, прагнула папросту

У мора кінуцца з памосту,

Жыцьця агорклага пазбыцца –

І ўсьмешкай раптам акілзала

Свой лёт і публіку ў палёце

(У міг, калі над цёмнай залай

Шумок захопленасьці пройдзе,--

Як любяць зоркі і куміры

“Шумок у зале”!), Ўчула голас

Ксяндзовай казані, як колісь:

“За мучанікаў нашай волі,

Чые магілы ў чыстым полі

Сярод бяскрайняе Сібіры,

За змагароў, якіх забіла

Царова ўлада”,-- не забыла,

Як сьціснуў ручку ёй дзядуля,

Як ёй па сэрцы паласнула:

“Ісусе! Зося! Сьвет нябесны!”

Танцуе, помнячы… Віхура

У гулкі лес яе панесла,

У танец радасны мазураў:

Мазуркай чырванее восень,

Бушуе пышна зелень вёсен!

Між дрэў буяных, дрэў трухлявых

У кветках, лісьці – шум і замець,

І шэпт, і шэпт, і шэпт ласкавы

Бунтуе кроў, і рытм, і памяць,

Каб жа тады схавацца ўмела

Ад тых паглядаў літасьцівых,

Спагадных сьлёз і зьдзекаў хцівых,

Калі зьбянтэжана глядзела

У іх заплаканыя вочы,

Што лёс абмацвалі сірочы!

Быў гнеў у іх? Бадай, спагада,

Але ж і кожны позірк зь ядам.

О, каб тады ты ў бор мелодый,

У хор скрыпучых мілых сосен

Умела ўліцца ў шматгалосьсе

Умела ўплакаць боль нягоды,

Дзіцячай крыўды і нястачы,

Сіроцтва горкага і плачу

Па нечым, вельмі шкадаваным,

Што давялося страціць рана,

Перш чым пачула назву страты:

Любоў і ласку МАМЫ,  ТАТЫ,

Чые у цемрыве накрыты

Капцамі радасьць, боль і церні –

Два легендарныя нябыты

З пачаткам цёмным: што памерлі…

Любіла іх яна? Загадка.

Ня знаю… А калі…-- як матка

Памерлае дзіцятка ў лоне.

(Трактат магчымы тут вучоны:

“Бязьдзетнасьць і прадухіленьне

Ці прасіроцтва і ў ім дзеці”…

А можна так: “Ці сонца сьвеціць

Асьлепламу ад нараджэньня?”)

Яе ж трывожылі “нявіды”,

Па іх тужыла, сумавала,

Як патрыётка Атлантыды

Па кантынентах у правалах.

“Памерлі”. І асела слова

Жалоба з ружаю васковай

І мройнай сьвечачкай-грамніцай

Тырчала перпендыкулярна

Уздоўжкі цела, рэгулярна

Расло з гадамі нейкай новай

Халодна-смутнай таямніцай.

“Памерлі”. Гэта па-дзіцячы:

“Па-мел-лі” – блякла, трохскладова,

Як прывід бледнавата-белы,

Як пень у лесе спарахнелы,

Неадчувальны, ледзьве бачны,

І доўга ў памяці загуслай

Прадметнай вобраз жыў спакусай…

(О, дзе ты Ірця! Друг гарачы

Майго інстынкту і сумльленьня!

Сястра маіх ілюзій, вестак,

Пачуцьцяў, ведаў і зьдзіўленьня!

Хто, як ня ты, адчуў бы гэтак?)

Памерлі. Шкода. Цяжка. Плачма.

І цішыня – пакуль у белі

Жыве тых вобраз, што памерлі.

Аж раптам – чырвань, плямы, плямы,

Нібы яго нажом хтось раніў…

Ня ціхія… Кроў на экране…

Ўварваўся цень страшэннай драмы

У звыклую складоў баладу,

Адкрыўшы новую ў ёй праўду!

Памерлі? Не! Замардаваны!

Хто ж ёй паклаў на сэрца раны?

Хто тайну выдаў? Ну, дык - - -

 

            V

Дык вось танцорка (я пакінуў

Яе ў касьцёле памаліцца)

Успамінае пра ўспаміны…

Так сон у сьне часамі сьніцца

У тры паверхі: 1) Вецер гулкі

Ў музычным лесе. Енчыць “дача”,

Як ураган, узносіць думкі

І ў рытм Шапэнавай мазуркі

Дачка паручнікава скача.

2) Калі ксёндз ганьбіць “заваёўцаў”

І “ўрады царскіх слуг-забойцаў”--

Як гнеўна тукаецца сэрца,

Які агонь па твары льецца;

І, павярнуўшыся да дзеда,

Глядзіць сурова яе позірк

І штось пытаецца і просіць…

Няма адказу.--3) Трэба ж гэта

Касьцёл заткала павалока,

Стуліўся ўвесь, паплыў далёка.

Ноч душная ў каморцы. Ў сьненьне,

Якога сэнс і напаўненьне

Складаюць пахі зёлак розных

І хіміі, ўпадае млосны,

Гнятліва-змрочны, рэзкі, дзікі

Пах сангварабскае гвазьдзікі,

Шум неразборлівай гамонкі,

Абрыўкі фразаў рвуцца вонкі,

У тлуме нікне кветак амбра,

Зьмяшаная з тым дыялектам,

Сон фастрыгуе ціхім шэптам

Пакутны вобраз: сомбра – сангра –

Фарба – агава – арба – ангва –

Аж крыкнула са сну такое…

Глядзіць:  струхлелы прывід белы

Згушчаецца сярод пакоя.

З рэфлектара са сцэны сьвеціць

Касьцельным бляскам сонца ў вочы

У два снапы. І раптам – трэці.

Зьнянацку тры: алькоў уночы

Расьсьвежан месячным разьлівам.

Высокі, як бусьлянка, сівы,

І сам, як бусел, што клякоча,

Увесь у дрыжыках, паклонах

Стаіць, як здань. Шкляное вока

Блішчыць у лобе мёртвай зоркай.

 

            *

Бальзам славуты “ад Каміля” –

Ёсьць вадкасьць колеру рубінаў,

Густая, цяжкая. Як часта,

Калі варыў на тыглі майстар,

Дух цяжкі вару чмурыў голаў;

Шэф сыпаў з вока сотні іскраў

І сам патузваўся нэрвова:

То нечага ў сіропчык пырсьне,

То парашку падсыпле спрытна,

То схіліцца і вокам блісьне

Над старажытным манускрыптам

З наклейкай “Vagia Venerea”

І скажа:--“Восьмы цудзе сьвету!

Падай “Cyanus Centaurea”

Ці  “Menyanthes Trifoliata”*

 

Усё дарма! Хоць Каміль бедны

Праз розныя інгрэдыенты

Удасканальваў панацэю.

Ды не зьвялі мужчынскай шкоды

Ні вымудры фармакапеі,

Ні навамодныя методы,

Ані парыжскія мікстуры,

Ні мазі, ані догляд скуры;

І злосна плюнуў кліент Пліха,

Рукой махнула каваліха

З Крулёвай Волі, як на ліха

Пайшлі ў трубу чмялі, мурашкі,

Салепу цёртага панюшкі,

Настоек выпітыя пляшкі

З крывёй казьлінай, з жабурыньнем

І шпанскія жывыя мушкі…

Усе сьвяцілы ў медыцыне

Сталічныя ня зналі рады…

І ўпаў тады душою ў роспач

Наш вынаходца “Сагварабы”,

Якому ўласны вынік творчы,

Прынамсі, моцна не нашкодзіць…

Шавец бо век бяз ботаў ходзіць.

 

Аж раптам думка асяніла!

Аж раптам соладка заныла:

Яна… о ядранае цела,

Што ціхенька, шматзначна сьпела…

Яна – ратунак і збавеньне!

Пачаў залёты. Пошлым ценем

Ён даў намёк ёй, запрашэньне

І з рухамі дурной гарылы

Галантарэйна-элегантны,

Прыветлівы, лісьліва-мілы,

На станік зіркаючы ладны,

Жаданьні юныя хвалюючы,

Ігрой вачэй яе замучыў:

Даўно была вядома грозьба –

Шкляныя штукі змалку знала.

І ў той жа час жахала просьба…

У ёй пакорлівасьць і джала

Падступнай прагаю сычала.

Цікава ж, хоць ніякавата

Глядзець на дзіўнага вар’ята.

Не гаварыў нічога, толькі

Адзіным тым гарачым вокам

Усмоктваўся ў яе глыбока,

Уклейваўся у станік тонкі,

І бачыліся ідэалам,

Адзінай ласкай, цудатворнай,

Якою шал ён свой абгортваў,

Якая ў мары яго звала…

І ва ўяўленьні небаракі

Сьвятой рабілася іконай,

Парафіяльнаю мадоннай –

Ужо расьпятаю наўзнакі.

А ён расхрыстаную буру,

Парывы ялавага юру

Спатольвае зь бясплодным жарам

Парнаграфічным прамтаварам.

(Шэдэўраў гэтых меў ён – мора,

Бо ласы быў на голы сорам.

Калісьці з гэткай прагай хцівай

Прыгадваўся да ўсіх карцінак

З дзіцячых кніжак і да назваў

Геаграфічных, зь імі зьвязваў

Паходы дзёрзкія па скальпы,

Па чорнай Афрыцы бадзяўся,

Лез на какосавыя пальмы

І ў цішы надвячэрняй прэрый

Чуў гібкі бег і скок пантэры.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . )

 

Была ноч грозная. Назаўтра

(Шкілет музейны джыназаўра

Такі ж расьлябаны, апоўзлы)

Касьцьмі асыпаўся на козлы

Старога ложка, шэра цьміўся

На ім гарбатай кучай сьмецьця;

Яго дрыготлівыя рукі,

Раней так здатныя на штукі,

Ня ляпалі юрліва ножку –

Адно заломваў іх з адчаем,

Уздрыгваў, сьцепваўся плячамі

Ад перажытай ганьбы ў ложку,--

То ж собіў чорт старога хрэна

Упіцца ў дзеўку з поўных зрэнак --

І тайну выдаў… “Ну, малое,

Хоць слова пікні дзе якое,--

Глядзі, каб не пашкадавала…”

І лыпнуў вокам. Абяцала.

Ня знаю, здуру ці наўмысна,

Ці дапякаў так шматкарысна

За паражэньне, ці папросту

Задумаў дробязную помсту,

А можа, сталася таму так,

Што сам, аматар плётак, чутак,

Быў і застаўся баламутам,--

Ды вось у балбатлівым трансе

Рэпертуару лодзкай крамы

Ён штук аптэчных адцураўся

І збочыў на прасторы драмы:

“Ты німфа, так сказаць,-- паскробак,

Байструк, ушчэрбак, пацяробак --

Так часта з жэстам адпаведным

Акрэсьліваў ён дзетак бедных

У выдаваным атэстаце).

Бо ты ж сіротка у квадраце…

Бацькі даўно ў сырой зямліцы…”

Так і расплюхаў таямніцы.

І вось дазналася дзяўчына,

Што бацька “пал от польской пули»,

А маму заласкалі, ўшчулі,

Ах, патрыёты ў палярынах…*

А твой дзядуля зь імі разам!

Цесьць афіцэра Ілганова

З бандыцкім шэфам з-пад Рагова!—

Якая ганьба, ганьба князю!”

І ў пафас: “Ілганова! Пэўна,

З Мяшчэрскіх!” (Думаў так!) “О ты –

Богоподобная царевна

Киргиз-Кайсацкия Орды!)*

Пасьля талдоніў пра Сварога…*

«Дам кніжку… пачытаеш потым…

Вам царствовать, княжна, ей-богу!

Прэч! Прэч, славянка, ад брыдоты!

Кроў бацькава і лёс сірочы…

Ну, а теперь спокойной ночи…

Прабач старому абармоту

І пацалуй… Ня зіркай дзіка…

Спокойной ночи, Анжелика

Константиновна…» Пачлапаў

Ён да парога з кіслай храпай

І напасьледак – (вечна з бзікам!)

Спрэзэнтаваў князёўне Каміль

На пальцах козьліка з рагамі.

 

Ноч важная была. То ж трэба:

“Дарослы” перад ёй, дзяўчынай,

Пакорна кленчыў, ножкай грэбаў,

З залётамі пустымі плазам

Зьнішчаўся, як прыдурак-блазан,

І балбатаў, і ледзь ня румзаў,

І як юрод цьвінтарны марна

Выпрошваў міласьці ахвярнай

І за душу жывую тузаў.

“Каханая!-- скугліў. – Княгіня!..”

І зіркаў, як старая псіна,

Якую нейкі грэх скудлачыў

У злым сумленьні, у сабачым;

Ды ўнурыў пысак і чакае,

Якая ж будзе палка тая…

І толькі як зірне з тугою –

Ці гнеў мінуўся, ведаць хоча –

Сьлязяцца яўнаю віною

І крыўдаю няяснай вочы.

Перахапіла дух спачатку:

І страх, і сорам, жар і холад.

Калі ж агледзела дзяўчатка

Пажаду вострую і голад,

Калі ж унізіўся бяз ладу,

Калі драпежны, агрэсіўны

Зьвер стаў няшчасны і бясьсільны,

Адчула цёплую спагаду,

І зашчымела нядзіцячай

Ёй сэрца літасьцю гарачай,

Як бацькава зямля – шырокай,

Як той зямлі душа – глыбокай,

Прыйшла  Вялікая Хвіліна,

Нязнаная, як Невядомы

Салдат. Бясслаўная Хвіліна…

Калі ўсьміхацца сонцу можна.

А ў бітве зь цемрай пераможна

Дабро трыумфаваць павінна.

Была як цуд, дзівоснай казкай

Евангелічная Хвіліна,

Калі, акрыленая ласкай,

Яго зь пяшчотай галубінай

Найшкадаблівей прытуліла

І раптам – з сакавітым спазмам –

У губы так пацалавала,

Што зразумеў: пашкадавала

Распустай грэшлівага блазна,

Дазвольце так сказаць – наўзаем.

Панік, і зорка ў воку згасла,

Асеў шкілет. Далей мы знаем.

 

            VI

Шэпт макам сыплецца ледзь-ледзьве,

Як ціхі дождж, люляньне бая,

Ледзь чуе зала трапяткая,--

Пасьля сячэ, як шрот жалезьзе,

Пасьля мацнее, пагражае:

Танцорка сыпле, б’е шалёна.

Страляе, помсьціць. Цэль – амбона.

За крыўду, за несправядлівасьць!

Бо як жа так, Хрыстовы раны?!

О подлы подлы сьвенты ойцец!

Мой – катамі замардаваны,

А ксёндз пяе хвалу забойцам?

Ня крыкне – гэтакая моц там

Зацятая – каб лепш адпомсьціць:

За памяць горкую, сіроцтва,

За сорам свой і за грахоўнасьць!

Моц ног, як цеціва, напята,

Натужны лук клубоў, і сіла

Узносіць грудзі ёй крылата –

Танцорка губы прыкусіла.

Моц гэтая – Жаноцкасьць танца,

У Тайне ёю падгляданых

Сьвітанкаў рэк, азёр люстраных…

О Пераможнае Мастацтва!

Яшчэ заўчора ў душны вечар

Быў гэтай сілаю зьнявечан

Сам пан магістр: квічаў і енчыў,

Па-рабску перад ёю кленчыў

І ліпнуў храпаю да вуснаў…

Упэўненая ў сіле танца,

Яна – спакойна і распусна –

З ксяндзом наважыла змагацца

Целам. І шэпт ужо б’е звонам,

Нібыта пульс жывы ў метале,

І словы сыплюцца шалёна –

Расьце паэма, а па зале –

Пабеглі дрыжыкі. У ложы –

Трывога. Бы ў фарпост варожы,

Як па амбоне,-- злосна, горка

Паэмай хвосткаю па мордах

Б’е ўзбунтаваная танцорка.

 

На шэсьць асоб амбона-ложа,

А ў ёй адзін сядзіць вяльможа.

 

            VII

А гэтым часам дождж пярцуе,

Ксяндзоў дом хвошча над Піліцай.

Расклекаталася мястэчка,

Расхлюпаталася мястэчка

Асеньняй позьняй навальніцай.

І цішы чорны, смутны шэпцік

Акампануе ўжо макрэдзі:

І час булькоча манатонна,

Маўчаньне сочыцца, і зычны

Цвыркун накручвае нястомна

Гадзіньнічак мікраскапічны.

Усё – як рэха. Ксёндз Камода

Сьвятое натапырыў вуха

І, нібы ракавіну слухаў

Ноч з расплясканай непагодай:

Як быццам стукаліся глуха

Далёка дзесь – за хваляй хваля –

Па струнах клавішы раяля,

І пад замкнутым векам цесна

Драўляная тужыла песьня…

Ксёндз зноў дабраўся да “Кур’ера”,

Чытае: “Сёньняшнім канцэртам

Тэатр Альгамбра… ў нас прэм’ера…

Дзявера Нэлі… Танец шэптам…”

У шыбу ўгледзеўся. Бы ў люстры,

Сталовай лямпы блікі згусьлі:

Блішчаць пацёкі залатыя,

І ў тым сьвятле размытым, шустрым,

Нібыта ў памяншальным шкельцы

Плывуць ілюзіі былыя

І сум забыты па Анэльцы.

 

Пад барабанны тупат рытмаў,

Пад рэха слоў, няясна чутных,

Плыве зноў песьняй старажытнай

Альгамбра успамінаў смутных.

 

А ўспомніў ксёндз касьцёльчык бедны

З прамоўцам божым на амбоне,

Благальна ўзьнятыя далоні,

То складзеныя малітоўна,

То зноў узьнятыя раптоўна,

Калі ў экстазе, ва ўтрапеньні

Пра Польшчу мовіў сваю казань,

Спавіўшы вэлюмам містычным,

І ў небе бачыць бляск лампадак,

Калі ўваскрэсеньне памазаў

Айчыны высьненай; нашчадак

Ён быў тады ўсіх фантастычных

Паэтаў вешчых: бо на сьвеце

Найболей верыў ён у дзіва

(Яно зьнянацку прываліла

У геніяльным запавеце!)—

Калі, шчыруючы, з надрывам

Ад шчасьця не заплакаў ледзьве,

Што Радасная, што Хрыстова

Айчына Зьдзейсьненага Слова,

“Што Носіш Мысьлі Бога Ў Лоне,

І Сьвету Лёс Ужо Ў Законе…

Касьцёле, Бачны Ў Добрым Чыне,

Ўвасоблены У Божым Сыне…”—

Калі расчулены, натхнёны,

Гатовы крыкнуць быў з амбоны:

“Вітай! Вітай, Ерусаліме!”—

Тут шэрыя з прыжмурам вочы

Кранулі твар яго прарочы.

Вось зноў. І зноў. Сьвідруюць.Точаць.

Міргнулі. Зьніклі. Нема сочаць.

І, Божа… зрэнкі, як заранкі…

Тым часам бледны бляск маланкі

Шаленства буры выракае.

Аж ксёндз прыціх. Бо моц такая –

То ў неба ўзносіць, як анёла,

То скіне ўніз сярод касьцёла.

 

(Вось выклад – апрапо-этычна –

Прыродазнаўчай радаслоўні

Так званых “воч вачэй” грахоўных,

Той “песьні песьняў” эратычнай:

Туды-сюды ад зор да кветак

Мільгаюць як бы перабліскі,

І ток суцэльна прамяністы

Як бы перасмыкае іскры

Туды-сюды ад зор да кветак.

Калі, дарэчы, на банкеце

Батанікаў і астраномаў

Міжзорнае ўсплыло суквецьце

У спрэчцы пра сьвятло атомаў,

Калі ў заздравіцах банкета

Б ылі накцюрны небу сьпеты,

Калі князь Месяц срэбнарогі,

Драбінай лезучы ў сусьветы,

Павіснуў там сярод дарогі

І не далез да зор і кветак,--

Тады празрысты квецік стаўся

Вачыма неба… et cetera.

Гіпотэза мая, прынамсі,

Але яна ня ўказ няверам.)

 

Нібы зь зенітнае гарматы

Шпурляе ксёндз пад Полаг Сіні

Удзячных модлішчаў снарады,

А зь імі – сам сябе й сьвятыні,

І з Польшчаю плыве ў глыбіні

Нябёс – на крылах рук і фраз,

І тольакі, як убачыць вочы,

Што хітра зіркаюць падчас,

Міжволі ксёндз з дарогі збочыць.

Прасьледуюць – з насьмешкай, сьвістам,

І надзяць – абяцальна, мгліста,

Хапаюць, ловяць яго слова,

Нутро бунтуючы ксяндзова,--

Зацьміць бы, асьляпіць іх лепей!

Ды абвалокваючы багнай,

Спакусай вабяць яго прагнай—

Ах, не зацьміць ён, не асьлепіць!

Бо сам ужо цікаўна ловіць

І зрок у іх свой прагна топіць…

Ах, вочы, вочы: аксамітны

Павук, драпежная засада…

Ратуйце, Боскія Блакіты!

Ратуй, дзяржава, сваё чада!

Згасі іх, адвядзі! Ах, вочы:

Дзьве цемры наступальнай ночы,

Лапочуць крылцамі, як сьмехам,

Шэпт, перамешаны і з рэхам,

І зь дзіўнай песьняй старажытнай,

І вось аж да псалмоды шчытнай,

У лёт ксяндзоў у паднябесьсе,

Як зьмейка, запаўзае песьня,

Той Першы збройны сьпеў яўрэяў,

А зброя – не штандары армій,

А грудзі, як блізьняткі сарны,

Што пасьвіцца сярод лілеяў!

Віно гарачае крывавіць

З панадных вуснаў, пакусаных,

Віно цудоўнае каханых,

Калі і ў сьне яны кахаюць!

А ноздры любай пахнуць сьвежа,

Як мякаць яблыкаў, як шчасьце,

Клубоў, плячэй узьнёслых вежа

Ужо адчыненая насьцеж

Раскашаваньню Саламона!

І ксёндз, вяшчаючы з амбоны,

Адзін пачуў, адзін з усіх іх,

Высокі сьпеў, трывожны, ціхі:

“Крыніцы з гор крутых Лівана

Плывуць пад корань з жоўтым глеем,

Зайдзі ў духмяны сад, каханы,

Маімі ласуйся пладамі”.

 

І слабне голас багаслова,

І слабнуць рукі, блякне мова,

Ксёндз заікаецца, балбоча,

З памылак вылузацца хоча…

А хохлік-чорцік – хібаў мовы

І ляпсусаў зьбіральнік рупны,

Інспэктар казаняў службовы –

Усё натуе ў сьпісак згубны:

Калекі-словы, паразіты,

Дзе гук які фальшыва ўжыты,--

Дарункі Д’яблу Ягамосьці,

Якімі двор той пекла мосьціць…

Ксёндз душыцца, блазноту горне,

Грахі зграбаючы навалам,

Сьвятое слова храсьне ў горле,

Як даўкі яблыка кавалак.

Ксёндз папярхаецца складамі,

А голас соладка-рахманы:

“Зайдзі ў духмяны сад, каханы,

Маімі ласуйся пладамі!”.

Ён рэштай сілы просіць дробку --

Хоць крышку Божага падсобку,

Вачмі парафіянаў просіць –

Дарма! У помыслах, у думках

Трапечацца яна, галубка,

Такая голенькая… досыць!

І тут такая прытча стала,

Якой епархія Кароны

Яшчэ ніводная ня знала…

Зрабіўся ксёндз, нібы шалёны,

І крыкнуў ён: “Ізыдзі, бестыя!

Прэч, прэч, спакусьніца, з праклёнам!

Taceat mulier in ecclesia!

Striga es! Striga! Vas daemonum!”

І тыцнуў пальцам ён у ерась

І ўпрочкі пальцам і вачыма

Павёў…

              Сумелася дзяўчына,

Пайшла, ўздыхнуўшы. Два струмочкі

Балюча апяклі ёй шчочкі,

А за дзяўчынаю пабожны,

Бязьвіннай ганьбай чараўніцы

Раздушаны дзядуля, ніцы,

Спалоханы, бездапаможны,

Нібыта палкай агаломшаны…

Былі ў дзьвярах – і як калода,

Тут рухнуў бедны ксёндз Камода

Наперад тварам. Рукі скінуў

Перад сабою з балюстрады.

Нібыта зь лялечнай эстрады

Марыянэтка Арлекіна…

Ды годзе, годзе служку Бога

Тых успамінаў. Нешта з восем

Гадоў сплыло, а ўсё на носе

Няшчасьця знак… Нібы й нічога,

А шмат бяды аўтарытэту

Было праз авантуру гэту,

Ня кожны ж дзень айцец хвалёны

Дадолу гупае з амбоны…

Сёй-той пасьля за вухам чухаў,

Сёй-той казаў: “Ксёндз быў пад мухай”,

Сёй-той казаў: “Ад хмельнай змусы,

Свабоды гэнай і ад сьвята

Так раскамодзіліся суслы…

Дзяверка ж – ай! Не вінавата”.

А бабы мудрыя: “Ў дзяўчатцы,

Дальбог па завязкі спакусы”.

 

Тагож бо вечара Ігнацы

Павёз унучку ў рай Варшавы.

 

Далей? – Чытай, калі цікавы.

 

            Другі разьдзел

 

            І

Была на шэсьць асобаў ложа,

А ў ёй адзін сядзеў вяльможа –

Альфрэд Фрыдэрык Фольблут. Проста

 Завіце – Фафік. Сын Артура

І пані “Мошкі” з –онаў; фура

Пакутаў выпала няшчаснай,

Геена мукаў  за прахвостам;

Сам пан Артур быў леў салонаў,

Канкана быў энтузіястам,

Зь неверагодным форсам шастаў

Рублямі тых струхлелых  -онаў:

У рэстаранах, магазінах,

У Стэмпка і ў Александрынах,

У пышных клубах і ў гатэлях,

На ўсіх банкетах і ў бардэлях;

Сярод “сунічак” пан Артурак

Быў свой, нібы ў гарэме турак;

Ах, тыя кавы і кактэйлі,

Акторкі-ветраніцы, феі,

Гулянкі, п’янкі, маскарады,

Сільфіды, німфачкі, наяды,

Хітрухі, шалапуткі. Словам,

Пастанавіла пані “Мошка”,

Каб ёй у спальні на Мядовай

Ня слалі зь ім ніколі ложка.

Працьвіртаваў ён чвэрць мільёна

Пад fin de siecle*. Але па сьмерці

Старэйшага Настаса  -она

Яшчэ ня скончыліся чвэрці.

Калі ж пазьней і сам пан Артур,

Паўсюдна званы Арцішокам,

У рай зьбег пасьвіць леапардаў,

Сагнаны эратычным шокам

У мёртвых дрыжыках салодкіх

Са сьцёгнаў добрай “панны Зёткі”,--

Уся Варшава йшла панура

За целам беднага Артура.

А галасілі ж: -- акрабаткі,

Ў трыко зашытыя дзяўчаткі,

Гарэзы мілыя, лілеі

З пансіяната пані Хлеўны,

Дзіцячых нашых сноў царэўны

Квятняркі порсткія з Алеі,

Што ўмелі спрытна, зь лёгкай ножкі

Ускочыць на бягу на дрожкі,

І Пётр, суб’екцік абардажны,

І Леан, тлусты кот прадажны,

І Шмантке, шпік-агент кірмашны,

І два пасланцы з-пад “Брыстоля”,

Выпускнікі любоўных курсаў,

І хлопчыкі-пікола з хола,

І бабця з катакомбаў Лурса,

І асавелыя фіскаклы –

Афіцыянты з Жоўтай залы;

А обер, той, якога знаем,

Што кабінетным правіў раем

(Глыбокі розум, хоць і ў позе!),

У дзёньніку запісваў з жалем:

“Хана Арцішку. Ўдар эпосе”.

А засталося па Артуры

Да ліха грошай і натуры:

Дамы ды ўсякія будовы,

Фальварак (тлустыя каровы!),

Вялікі сад (а ў садзе дужа

Багата ўсякіх розных ружаў,

З якіх жалобны ў стужках з шоўку

Вянок вялізны Арцішоку,

Нібы жарон, сплялі ў знак гора;

Найдужшых волатаў чацьвёра

Саплі і з пальцаў кроў лізалі,

Пакуль у самым скрушным жалі

Той дар засмучанай сталіцы

Праз горад перлі да грабніцы;

У садзе “фольблутоўкі” – сьлівы –

Жывы вам цукар, край раскошы

І шмат (нірванна, рай шчасьлівым

Пенсіянерам – тыя ж грошы!)

Усякіх акцый – на паперы

Зь пячаткай банкаўскае веры.

Пры іх – купоны: залатое

Ссуць малако яны з мацёры,

Як парсючкі на кучы гною

Сьвіньню сярод пустой аборы;

“Пакеты” акцый – стосы розных

Пакункаў і канвертаў тоўстых:

“Шугайла” вугаль, шкло “Крышталік”,

Сталь “Румэль, Лёвенгерц і Кралік”,

Цукроўня “Смак”, гарбарня “Хромы”,

“Малечна” дрожджы, цэмент “Промень”

І бровар “Солад”, судна “Хваля” –

Прыбыткі зблізку, зыскі здаля,

З чыгункі, лесу, нафты, газы,

З капальняў рудных Гандураса,

І зь фірмаў, і з канцэртных залаў,

З “Банко Сьюдад дэ Гватэмала”.

Умовы, ўгоды, дагаворы,

На ўсё прадбачаныя  сьведкі,

У іх пралазы, пасткі, норы,

Крукі, засады, петлі, сеткі,

Кантракты, вэксалі наперад

(Зладзейскі, скажам шчыра, нерат

Нахрапшчыны, на ўсё гатовай!—

Пагроза арышту вашэці,

А часам з хаты бедняковай

На холад выгнаныя дзеці…),

І куча розных таямнічых

“Сальда рахункаў”, “пералічвань”

З “дзялімых фондаў”, зь “Інвестыцый”,

І з “conto tantiem”* за граніцай,

З “кантрольных пачак”, і з “даплатаў”,

З “праўленьняў” і “дырэктаратаў”,

Кампаній, фірмаў, банкаў, трэстаў

І розных іншых інтарэсаў”…

Чыіх? Сямейных. Тут законам

Стаў Трэст Хапайла, жлукта грошай,

Бо кожным грошам і мільёнам

Ён пасьвіў чэрава раскошай.

Сямейным зьвязаныя пасам,

Жылі ў сваім кровазьмяшэньні,

Драбноту душачы ў кішэні,

І ўсе смакталі дружна, разам:

Сын-бацька-братавыя банкі,

Кампаніі сынка-сястранкі,

Браціха-жончына-швагрова-

Стрыечна-цётчыны канторы,

Ятроўкі-фірмы, фірмы-цесьці,

Сьвякруха-дзядзькава-такія –

Што чорт бы іх пабраў якія,

Сярод якіх ні стаць, ні сесьці.

Так банкаў, трэстаў, фабрык целы

У ройным скопішчы тлусьцелі,

Іх нерасьцілішчы кішэлі,

І шчэрыліся іх ублюдкі,

Вакол сябе малечу жэрлі

І залатыя клалі грудкі,

Як асятры ікру ў расплодзе,--

Ікра зьнікала ў прагным роце,

Зьнікалі й залатыя рыбкі,

Бо астраханскай шмаравалі

Памазаныя маслам скібкі,

Ад польскай халепы ўцякалі

Да цёплай італьянскай хвалі;

Рыўеру ім лягчэй, чым маме

Бэдонь наведаць разам з намі,

Лягчэй было ім зь ювелірам

Дамовіцца, чым маме ў краме,

Лацьвей было дастаць шыншылу,

Чым ёй касьцюмчык “ад  Машковай”,

А Фафіку купіць машыну,

Чым нам няшчасны плашч для школы.

 

Жылі па трое, па чацьвёра

На сем пакояў ці на дзесяць,

Было дзе разгуляцца ўволю

Кашмарным і хімерным зборам:

І лёталі нябачнай шворай;

То стол нахабнай плоймай месяць,

А то з падлогі і са столі

Па фалдах бляклых аксамітаў

Густою масаю паволі

Паўзуць пад купал жырандолі,

Што ў белым саване зашыта,

У веерныя шырмы вокан,

Па самураях і па цмоках,

На этажэркі, габелены

Зь іх жывапісам ідылічным,

На мэблю, лепей – мэблезаўры –

Зь яе характарам музейным,

Што ў атупеньні дынастычным

У мільянерскай прахла лаўры,

Жыцьця прасьмердлага цяжарам

Уперла ногі ў дуб паркету,

Каб зноў вярнуцца, урасьці зноў

У блізкае, у стракацізну

Былых дуброў былога сьвету,

І з зайздрасьцю глядзела скрушнай

На пальмы пыльныя ў кадушках.

 

На ўсім, у цяжкім сьне, іржава

Нуда жалобная ляжала.

Буцьвела цнотаю вякамі,

І кожны раз, калі пад ранак

Вяртаўся Арцішок з гулянак,

Будзіў яе тады часамі,

Палохаў песьняй з аперэткі,--

Сьпяваў “Кабеткі, ах, кабеткі!..”

І гэта ўсё. Нуда, як камень.

 

Калі ж увалішся да бедных,

Усе яны перад вачамі

З чарэп’ем, зрэб’ем, зь дзеркачамі,

Усе яны  навідавоку.

Убогасьць – вобраз ня глыбокі,

Бо глыбіня – багатых доля;

Ў масіўнай раміне барочнай,

Ў падтэксьце, пэрспэктыве змрочнай,

Жывуць нябачна, неспатольна

У лямцы цішыні бязвольнай.

А ты ідзеш да тых багатых

Па матах мяккіх, валахатых,

Па тонкіх дыванах, па плюшах,

Па коўзкіх, гладкіх іхніх душах

Дарогай анфіладных шчэнтаў

Праз шэраг іх апартамэнтаў.

Услаўшы гнёзды пухам, пер’ем,

За сямісьценным сямідзьвер’ем,

Нібы ня ў сьвеце, а ў прагале,

Жыруюцца, як ныркі ў сале,

Сядзяць задумліва, трываюць…

Яны ня ёсьць, а – прабываюць,

Замкнутыя ў заклятым коле

Сярод прасторы на прыколе,

Якую архітэктар-майстар

Сплёў лабірынтам пакручастым,

Дзе і пакоі, і каморкі,

І тайныя ў прысьценках норкі,

І калідоры, сходы, сховы,

І закануркі, і альковы, --

Празь іх блукаеш бесталковы,

Нібы празь лініі і рыскі

Блукае кіпець кабалісткі.

(. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .)

Архісалон у цэнтры: зала

У тоне львіным. Сухапары

І жоўты, як пясок Сахары,

Салон – пустэльны камутатар

У глухамані троннай хаты.

Там, у цяньку знаёмай пальмы,

На дыване, у час сьвітальны,

Нібы качэўнік на вярблюдзе

У разважаньнях аб Каране,

Сядзеў наш Фаф – брывасты блудзень,

Мацак наліты, камень-грудзі,

Плячысты, з атлетычным торсам,

Нібы ў гарсэтнай цьвёрдай раме,

Ў шляфроку ўсходнім, зь леным форсам,

Прыгожы, дваццацігадовы

(Чатыры ў памяці), цукровы,

Ад ванны разапрэлы, млявы,

У пахах тонкіх “дзікалоны”

З флаконаў круглых і гранёных,

Сядзеў за кубкам чорнай кавы

І хукаў колцы дыму ўгору,

Струмком пранізваючы жвавым…

Займаўся дзень на тую пору –

Ад лістапада дзень трыццаты,

Год васемнаццаты, славуты.

 

            ІІ

Час падзяліўся ў руху смуты

Чырвонай рысай грознай даты

На дзьве эпохі, на два сьветы:

На век мінулы і на гэты,

Надзеі Век, што ў век дваццаты

Ўрос васемнаццацьцю дубцамі.

Прайграў мінулы, расхістаны,

А наш ляцеў, крылаты, горды.

Ужо ўпадскокі пад акопы

Густыя безьлічныя орды

Крыжоў на ўсіх палях Еўропы

Ішлі ў крыжацкія паходы

На землі скрухі і юдолі.

Зашытая калючым дротам

Зямля гаілася паволі,

Уся пасечаная шротам,

Раздушаны пухір крывавы

Напорам “векапомнай славы”…

…Крыві засохлыя шыпшыны

Ужо іржою дрот скрышылі.

І вечныя кармільцы коні,

Што у пакутніцкай агоніі

Грудзьмі прымалі ўдары ліха

За грэх людскі, сагрэты пыхай,

За безгалоўе душ прапашчых

(Брыкнулі б лепш, браточкі-коні,

У ненажэрныя іх пашчы!)

Ляжалі тленна ў сьмертных кілзах

Шкілетамі. У рэбрах, костках

Панавівала птаства гнёздаў,

І цар крумкач вады папіў зь іх…

А як канца разьні счакалі

Крывёю сытыя шакалы,

Пайшлі люд грызці. Дзесьці, зь ямы,

У гонар сьвята, перамогі

Тырчаць там рукі, а там ногі,

І нас вітае вынік драмы –

Рэвалюцыйны строй запясьць…

Адзін-два-тры-чатыры-пяць-

Шэсьць-сем-восем-дзевяць-дзесяць - -

Дзесяць мільёнаў трупаў месіць

Эпохі восень. Чэрві ў гнілі

Разьеліся і прыступілі

Ўжо да касьцей, ужо вячэраць.

Мільёны чарапоў астылых

Вачыма зеўраюць пустымі,

Гнілыя зубы ў вечнасьць шчэраць.

(О дацкі прынц, о мой дурненькі!

А ты ж калісь трымаў адненькі!*).

 

Тлум за акном і шум адтуль

Зь мяшанкі тупату і песьняў,

А часам трэск апошніх куль

Каротка ляскае з прадмесьцяў.

Там нехта дзёрзка грае дзесьці

Наганам песьню лепшай долі:

О новы сьвет, о сьвет яснот –

У партытуру срэбных нот

Сьвінцовыя ён б’е бемолі.

Сьцягі над тлумам за акном,

І бляск штыкоў, і крыкаў гром,

І плач, і сьмех – і Духаў Сонм

Удаль плывуць адной калонай,

І поруч з “праўдай” крочыць “сон”.

Ах, сон і ноч насустрач дню

На шпацыр выйшлі ўпершыню,

На шпацыр масаю мільённай!

Вялікі дзень! Ня тупат ног –

Паўсюль містэрыяў сваволя.

І кожны ў залаты дзьме “рог”!

Цудоўны дзень! Тут слову “Бог”

Люд дзякуе за слова “воля”.

І моліцца за слова “моц”,

Лунае гук адкрыты пуста –

Адкрытае пустое О,

Як тэнара дурнога вусны.

За ёй “магутнасьць”, і “паляк”,

І “меч”, “рубеж”, і “нашы крэсы”,

І сто сінонімаў васкрэслых…

…А ён маўчыць: той сімвал, знак,

Татэм сармацкі, Арол Белы*,

Самотны, горды – атупелы.

А ўжо крыклівыя блюзьнеры

Дарваліся да белых пёраў,

Місіянеры “новай эры”

І шарлатаны зь цёмных нораў,

Прарокі, блазны, румзы, плаксы –

Усякай масьці некрафілы

Ўжо скублі пер’е і чарнілам

На будучыню клалі кляксы

І выціскалі жывасілам

Ліпучы солад і ялей

Ды пераводзілі на клей

Паморак “велічных ідэй”.

А люд як люд – з усіх патрэб

Адна граматыка заўсёды:

“Мець” – дзеяслоў, назоўнік – “хлеб”,

“Мець” – дзеяслоў, назоўнік –“боты”.

Пад пошчак музыкі вайсковай

Галодны тлум жанчын, мужчын

Нясе па плошчы слова “Чын”,

Што быў дагэтуль толькі “Словам”.

Пустая (“паспаліта”) рэч

Перараджаецца праз “чын” і “меч”

У Паспаліту Рэч; -- ад Пінска,

Ад Вільні і затокі Гданска

Да верхатуры закапанскай –

Дзяржава ўбогасьці і ўціску,

Дзяржава беднасьці і панства.

 

            ІІІ

Мяцежнік зь ніцшэанскім тварам

З палітыкамі дыскутуе,

Славацкага чытае ўночы:

     “…Хто ня ўзыходзіць на вогнішча сёньня*,--

     Толькі вачамі цікавы,

     Той, браты, пойдзе сёньня да славы,

     Заўтра праявіцца ў сконе. 

     Станецца так, -- мы сумеем

     Вызваліць дух свой і плечы.

     Ён жа прыслужваў падману лакеем,

     Праўду бачыў, -- і енчыў”.

У неправетраных салонах

Графіні  гнеўныя,  матроны

Ужо contre coeur* прызнаць гатовы,

Што пекны якабінец польскі,

Сам Рэгент-Прынц, што шарм ягоны…

Сказаў, што наравісты, шорсткі,

А хто? – “ў павеце мейшагольскім

Яшчэ ня родзяцца Бурбоны”.

Няёмка лёгкім варшавянкам…

Абселі столік і, як цёткі –

У домыслы, ў рацэі, ў плёткі

Над тою жмудска-аўстрыяцкай

Фігурай юбэрмэнш-басяцкай.

У Лурса бура. З грукам, енкам

Абвальваецца схіл нябесны.

Грамамі перыць Немаеўскі*,

Маланкай жэстаў рэжа Фрэнкель*.

 

Па вулках Волі і Ахоты

Людскія поўзаюць ліхоты,

Людскія радасьці, турботы;

Той стогне, той бакі рве сьмехам,

Таму пляваць на ўсенька чыста,

Таму бяда, таму пацеха,

Апроч таго… звыш меры, квоты

“Звон гістарычны” б’е ўрачыста.

 

Пакой дыміцца мглою соннай,

“Высьпянскім дымам”* і блакітам,

Што на ўдэкараваньне сцэнак

Сюды сьцягнуліся з Лазенак,--

Суцэльны тлум. Камсы кадушка,--

А тут пачвар, хаўтураў часу,

Вампіраў, зданяў, раўтаў масак,--

Сьмярдзюча, вусьцішна і душна…

Манархі, вешчуны і здані

Старцоў і мучанікаў даўніх,

І рэха стрэлаў і малітваў,

Ахвяры-цені лодзкіх бітваў…

Гэй, варта! Замыкайце браму!

Даволі! Ня ўпускаць  і – аман!

Не, не адступяць… “Раз на згоду,

Калі ўжо зьдзейсьнілася дзіва,

Дык дай сказаць і нам, магілам,
Дык і шкілетам дай свабоду,

Паслухай, што яны грукочуць,

І заслужы велікадушна,

Магіл, угодкаў вучань слушны,

На мшу мець права; хочуць

Магілы велічы!..”

                               Магілы,

Вы бачылі яе, сасьнілі?

…І тут зь нябожчыцкага клана

Выходзіць пешчаная Дама

(Во! – з кракаўскага балагана!),

У туніцы, з малюткай-пажам,

Зь мячом, у шлеме пад плюмажам,

Сьпярша пра цуды нешта сквіліць,

Пасьля: “Чын пераможны ўспомнім!”

(Аддаў бы паўжыцьця ў той хвілі

За “Хімерычна-людскі слоўнік”…

Свае ў іх затычкі і дзіры,

Свой валапюк і свой паморак:

У нас тут два і два – чатыры,

Хімеры ж маюць больш на сорак.)

 

І так штоночы аж да раньня

Такія сходні прыкрых зданяў,

Сардэчных, любых, ненавісных…

А золак ятрае, як рана,

Крывёй плыве прыгожы ранак

На жоўты плёс і дзюны Віслы…

Вузенькай пасмай пурпуровай

Прашыў мазгі ўспамінам немым

Маскоўскі”сьціх”… Радок з паэмы:

“Горит восток зарею новой…”

Горит восток… Хто мог сказаць так?

Зарею новой…Кожным словам

Нянавісьць будзіцца і зайздрасьць,

Што зь гістарычнага акопа

З агнём паходні ў лапе хама

Мангола лёс падняў, халопа,--

А ня пыхлівы гонар пана.

 

Ах, сны юнацтва! Сны-кашмары!..

 

Зь якою лютасьцю на твары,

Здавалася, ён трупам кіне

Ня толькі велічы той імем,--

Шпурне і адрас ненавісны:

“Сусьветны ўсход!Усход агністы!”

Але ня скажа. І ня кіне.

Шалёны жаль свой будзе несьці.

А горыч помсты будзе есьці

Яго заўсёды… Прамяністы

Разьліўся сіні бляск асеньні…

Усход… У галаве мігценьне:

Карціны, прывіды і сьненьні,

Як нож – як зоркі – як рашэньне.

 

            ІV

ПАНОВАЕ  ШЛЯХТА!  ПЕРЫЦЬ ГРОМ!

 

Фаф выпіў каву. Ліпкі цукар

З дна вычарпаў. Абцмакаў вусны.

Глухім галопам, стукам

У галаве б’е ноч распусты.

Мільгаюць майткі, кудлы, цыцкі,

Панчохі, задніцы і лыткі

І п’яны Віцак Ялавіцкі,

Сапфіравая коўдра Лідкі.

Было выдатна, Праўда, сотэрн,

Як воцат быў… затое потым

Дзяўчына – клас! Мільён на бочку!..

…З партрэта Ленца* з пазалотай

Маргае Арцішок сыночку.

 

ПАНОВАЕ  ШЛЯХТА!  ПЕРЫЦЬ ГРОМ!

 

А незадоўга перад гэтым

Зайшлі былі ў кафэ паэтаў,

Размаляванае ў анфасы,

У конусы, вуглы і ноты,

Дамы крывыя і афронты;

Якіясь нудныя пегасы

Чыталі там пад пляскі ў ладкі

На памяць вершыкі з эстрадкі.

 

ПАНОВАЕ  ШЛЯХТА!  ПЕРЫЦЬ ГРОМ!

 

Мастак з губамі й носам Іцка

Гасьцей плюгавіў рыкам п’яным…

“Кубізм…-- паводле думкі Віцка,

Ці футурызм… ці… Севяранін…*

З мазьнёй жыдоўска-бальшавіцкай…

Прабач мне…” – “Што табе прабачыць?..” –

“Што, бач, яўрэі…” – “Што?” – “Ну, бачыш,

Калі б як ты былі, інакшы…” –

“Як я? Дык я ж католік рымскі,

З маленства”. – Так… а гэта значыць…

Ну… як бы лепей патлумачыць?..” –

“Кажы…” – “Пасьля. Глядзі – Сланімскі…”

(Антоні! Чвэрць стагодзьдзя скіну! –

Вось праз Атлантыку ўспамінаў

Мяне, банкрута, да айчыны

Нясе паэзіі паром,--

Я палымянымі вачыма

Гляджу на той наш першы вечар,

Што быў пачаткам і зачынам,

Прадмоваю у новы том

Польскай гісторыі і нечым,

Што нам адкрыла ў цемры  вечнай

На ростані разлукі Дом…)

На каруселі, на аброслай

Ашмоцьцем п’янак і банкетаў,

Мільгае Фафу твар паэтаў,

Гучыць узрушана і ўзьнёсла:

“Панове шляхта! Перыць гром!”,

А звонку хор, а звонку шум,

Бурлівы гвалт… Учора тлум

Цягнуўся тут перад кавярняй,

А сёньня падступіў пад дом

Галоты гамуз грознай арміяй…

 

ПАНОВАЕ  ШЛЯХТА!  ПЕРЫЦЬ ГРОМ!

 

Далей? У галаве ўсё марна…

 

Ьы ў моцнай клетцы дужы зьвер
Жыве і ў ім драпежны верш,

І рыфмы-іклы жудасьць множаць,

Кроў у вачах, а рытмы ў скок,

І б’юць у памяць лапы строф,

Ды іх яна зьвязаць ня можа.

 

Бы ў моцнай клетцы дужы птах,

Крылаты верш лапоча такт,

І рвецца, б’ецца “бялы ожэл”…

Страсае  рэшткі рыфмаў-сноў,

Чуваць паўтор асобных слоў,--

А думку скласьці зь іх ня можа…

 

На каруселі задніц, сьцёгнаў,

Клазетаў, ложкаў і абортаў,
Пламбіраў, каньякоў, застольляў,

Віватаў, крыкаў “Сто лят! Сто лят!”,

Рахункаў, трункаў, храп мардастых,

І падчарэўяў шлюх цыцастых,

Катлет, масьлін, апэрытываў,

Дэсэртаў і прэзэрватываў

Гарэзай грознай і вясёлай

Ускочыла з чырвоным шалем

Сваболы Першай Карманьёла

І хвошча ў морды ўсім бяз жалю!

-- Э-гей! – крычыць. – Крышы Садом!

 

ПАНОВАЕ  ШЛЯХТА!  ПЕРЫЦЬ ГРОМ!

 

І ў галаве гучыць гатовы,

Як на званіцы змрочнай звон,

Верш-успамін і рытм сталёвы:

“Канец нябёсам, ляснуў дом,

Кіруюць хамы, мужыкі!

Ліецца кроў, гараць штыкі!

Віецца вуж! Агнём лускі

Блішчаць нажы! Бальшавікі!..”

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Наш Фафік Фольблут перад люстрам

Стаіць выгладжваецца хлюстам,

Пашчэнкі ляпае, мардасы

 

І строіць твар. Фацэтны. Ласы.

Сур’ёзны. Горды. Таямнічы.

Шалёны. Грэблівы. Скептычны.

 

Памацаў біцэпсы!-- Парадак!

Грудзіна… Сьцягнякі… Азадак…

Бетон! Жалеза! – Вогір! Кнораз!

 

Успомніў касавыя зборы…

Рахункі ў Цюрыху, Берліне…

Нью-Йорк. All right*. – Такі ня згіне.

 

Панове шляхта!--? Глупства! Словам:

L’ordre regne a Varsovie*, панове!

А што той чад і безгалоўе,

Дык гэта хмель… Пячайка зноўку…

Пан Фольблут кліча пакаёўку.

 

            V

У час той ваш пакорны аўтар

(Вядомы выпладзень заганаў,

Дзіця салонаў, балаганаў)—

Ня быў кухонных спраў аматар.

А колісь, Божа,-- хай ты спухні!—

Калі, бывала, ў нуд зацягне,

Служыла першым клубам кухня,

Як потым рэстаран, кавярня,

Наступны быў ПЭН-клуб*… Пшэпрашам,

А ўсё ж мілей мне кухня наша…

Праз кухню выйшаў я ў сьвет новы,

Адкрыў сабе прастор жыцьцёвы…

Адчыніш толькі дзьверы кухні,

Як тут жа сьвежы ветрык хукне

У шэры дзень, што вечна скача

Паміж бядою і нястачай,--

Зь нядзелі і да панядзелка.

(Вось так паміж “Пахмурна  -- Ясна”

Няўпэўнена блукае часта

Барометра нямая стрэлка…

У нас у хаце той часінай

Было “Пахмурна” – інтэнсіўна…”)

Ад кухні да дзьвярэй парадных

Туды-назад вялі дарогі

Мяшчанскае сацыялогіі,

Дух класавы будзіўся зладны,

Падзел людзей і сфер духоўных:

З парадных ”пан” выходзіў, “пані”,

“Кабета”, “чалавек” – з кухонных,

Тут – “знакамітыя”, там – “з твані”,

Тут – мы, там – нехта, зьнекуль, кожны,

Які з параднага няўхожны,

Ішоў праз кухню люд кухонны,

Вымольваючы хлеб надзённы;

У холад там і рукі грэлі,

За смак скарынку хлеба елі

Ці шчаўе, хлёбала пустое.

А часам рэхам даўняй песьні, --

Сучасным рытмам не равесьнік,

Як зь дзіўнай казкі, як з Нэстроя*,

Вандроўны забягаў рамесьнік,

Апошні сьвету грамадзянін,

Увішны, горды наш ладзянін,--

Ці музяўся старэнькі муляр:

Зьдзіраў патрэсканыя кафлі,

Што глінай паленаю пахлі,

Абстукваў цэглу, мацаў, шмуляў,

Як горан соп, глухі бы нетра,

І сам, як печ, хапаў паветра.

Пацешна так мясіў ён гліну,

Рукамі грэбаючы ў мазі,

Калі ж зусім у печ залазіў,

Здавалася,-- нібы ў магілу.

Гандляр-анучнік тут ля печы

Суровым позіркам старэчым,

Нібы сьвятыню, урачыста

Глядзеў на сонца порткі, ўзносіў

Перад вачамі іх угору,

Трымаў перад сабой, -- ну, чыста
Як на малітве ў сінагозе

Узносіць кантар сваю тору…

На кухні мылі гаспадыні.

Дзень хроп, вурчаў. Балея пухла

Ад мыльнай пены, шумавіньня.

І песьняй казак булькатала

У міражах расплылых кухня

У пары мыльна-каляровай,

А над балеяю стаяла,

У крук сагнуўашыся над прорвай,

Кудзесьніца Тэадарова.

На зморшчанай блішчастай блясе

Бялізну церла, паласкала

Ў вадзе падсіненай у тазе;

Як яблык печаны; жывенька

Ўстае вось мне перад вачамі,

Як зараз чую: кажа маме

На вымытае – “бялізьненька”.

“Кацёлка” наша, “Кацялочка”

Заўсёды прыгубляла ў кухні

“Глыточка, як на галубочка”,

Сваёй любімай “цытрынюхны”,.

Нябось, у рай пайшла “Кацёлка”

Ды падмывае там анёлкаў,

І часам дух яе крухмальны

Лунае ў Лодзі ў кухні-пральні.

Яшчэ  заглядвала “Квактуха” –

Ўдава зь зямліста-шэрым тварам,

Чый муж даўно зямельку парыў,

Дзе ўжо было цяпленька й суха;

Шанобы шчэпцю мела ўсюды

Багіня Нэндзы і Пакуты—

Антычны хор зьбіваўся ў кола

Сьпяваць пэаны ёй у гонар.

Яна аблётвала ўвесь горад:

Нібыта гнаў яе паморак,

Бо гнаў-такі, высочваў дзетак

Шалёны і закляты голад,

Дык і вышуквала заробак –

Дзятве на голы суп-наедак.

А “кіндэлаў” Бог даў – як гора:

Адно каля грудзей, з сабою,

Спадніцу абціралі двое,

І “дома” грэблася чацьвёра

Ў закутку цёмным на саломе.

Былі мы з мамай у тым “доме”,

З гасьцінцам дзеткам і нябозе –

Якраз хварэла небарака.

Зусім нядужая ў бярлозе,

Як бедны кручаны сабака,

Нямілы Госпаду і людзям,

Замкнутая ляжала ў брудзе.

Нейк па-жаночы сарамліва

Яна ўсьміхацца спрабавала,

Салому ля сябе зграбала,

А ў думках бегала імкліва,

Як быццам чулася ёй лепей

Пры тым здабытым недзе хлебе,

Што будуць есьці яе дзеці…

“Кіндэлах” зьбіліся ў грамадку

І зіркалі – на нас, на матку…

Былі мы раз, другі і трэці,

Ды ня былі на пахаваньні…--

І вось прыйшла да нас, як сага,

Прарочыца Антося, пані,

Уся, як бунт, мяцеж адвага,

Князёўна гордая, княгіня

(З-пад Коніна, Галінска гміна!).

З вачэй агонь і з ноздраў пара!

А вочы тыя – бляск пажараў!

Бы конь германскі, здаравенны,

Растопа, чорная гаргара

(Такія ночы у манголаў

Альбо цыганскія – ў анёлаў) –

Прыйшоў – мысьліцель няпісьменны…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

            VI

Цяпер напішам адным махам

(Закон жыцьцёвага круцельства,

Што правіць сьветам без пардону)

Няхай паўстане перад Фафам

Знаёмая нам пані Бельска –

Яна тут два гады, як з дому,

Прыстроена ня без пратэкцый

На спадкі ўзятай Ялавецкай

Пасьля таго, як за запоі

Сьпісалі кухара. Затое

Гурману Фафу пані Бельска,

Што апрача купецкай хваткі

Кухарскі талент мела гладкі, --

Якраз патрапіла умельствам.

(Якія – Божа! – з кашай зразкі!

А боршч які! Біфштэкс татарскі!

Еж пад затычку, па завязкі!

А гусь! Руляда! Стэк! А кава!!.)

“Тэкля, -- сказаў,-- прашу ласкава…”

А сам паглядвае ў газету,

Ня скіне вокам на кабету,--

Афішы, хроніка, аб’явы…

--…”Хай Тэкля…” – Паўза. І чытае:

Змаганьня дух. Яна чакае.

“Прашу…” – Міраж. У нас прэм’ера.

Мадзярка – Лоскат -- Пікусь   Герас,

Візіт Пілсудскаму… -- “Хай Тэкля…” –

Прэм’ер сказаў… Расія ў пекле…

У. Вэдэль… -- “Хай мне…” – Бунт гарэма…

Сезон у Летнім… На Крулеўскай…

Чакае Тэкля… Фафік лена

Адклаў газету і да Бельскай:

“Падайце, Тэкля… Няма Яна?” –

“Нямашка, проша ясна пана,

У войску Ян…” – “У войску… -- Нішкам: --

Што зь Лёдзяй?” – “Кепска, проша пана,

Пагоршала… Прабіта кішка,

Ня жыцьме, мабыць, бедалажка”.

“Нябога, -- пазяхнуў. – Так, цяжка,

Няшчасьце…  куля…” – Пане Хрысьце,

І што ж бо людцам той карысьці,

Што ўжо калоцяцца так марна,

І дзе з тае нягоды выйсьце,

З падзелаў між людзьмі на сьвеце!

А дзеўчына ж – ну, чыста сарна…

Пан, пэўна, ведаў… Фаф кабеце

Не запярэчыў. Ведаў! Вызнаў!

І тут дайшло да афарызмаў,

Да пышнаслоўнай чартаўшчыны:

Што ўсё наўпоперак айчыны,

Што ў нас, палякаў, вечна ўсё так,

Што за царом была ільгота,

Што кожны пры сваёй разоры,

Што ў кожнага з краёчку хата

І што праз гэта ўсе раздоры,

А не, каб брат стаяў за брата,

Бо толькі ж еднасьць, толькі згода…

Вунь Вілюсь Троцка ўзяў за кума,

І то ўжо, бачыце, выгода…

Фаф слухаў – і пра Лёдзю думаў…

З маркотным жалем у вантробах;

“Сьвятая праўда, вельмі шкода,

Бо каб жа згода… А дзе сода?

Прашу прынесьці крыху соды,

Сіфон вады… Вады і лёду…” –

“Іду”. – Але ня йшла, стаяла,

Карцела нешта ёй. Сказала,

Відаць пра горкі лёс айчыны

Ня без карысьлівай прычыны,

Відаць, сімпатыі шукала,

Бо, ўсхліпнуўшы, сьлязу ацерла:

“Што б я хацела, ясны пане,
Што, не дай Бог, калі б памерла

Ці часам, як з хваробы стане,

Што сіламі зусім аслабне,

Дык я  прасіла б з пана ласкі

Памочніцу з дазволам панскім,

Сіротку ўзяць, каб ёй, няшчаснай…

Яна тут, зь дзедам, проша ясна…”

Пайшла гісторыя Дзяверскіх –

Матулін лёс і бацькаў, дзедаў

(Ды я пра гэта ўсё паведаў),

 Што мілае дзяўчо з палетка

Разумніца, красуня, кветка,

А ўмеліца, дык на ўсю вёску,

Па-руску ўмее і па-польску.

“А што яшчэ, дык проша пана,

Ў аптэчных справах абазнана

І пану ў гэтых медыцынах

У нораў трапіла б дзяўчына…”

Зноў хліпнула, часала гладка.

(Як празарліўка-дыпламатка

Ні слова пра скандал касьцельны,)

Замест яго куплет гвардзейскі:

Які пахвальны дзед і дзельны,

Які герой быў той Дзяверскі,

Які ваяка, хоць бяз чыну,

Ліў кроў цабрамі за айчыну,

Вадзіў і арміі, і ў войску

Адзін за сто быў, па-геройску

Па мордзе рэзаў супастату…

(У панегірыку Ігнату

Павінен я паставіць коску

І ўдакладніць, што храбры рыцар

Пры канцылярыі быў пісар,

Дзе штык яго каліграфічны

Ліў кроў чарнільную прывычна.

Цяпер ваюе ва ўспамінах,

Пад нос мурлыча “размарына”,

Стругае ладна лодкі з дрэва

І хрысьціць сам іх, майстарстружка:

“Анэля”, “Анна”, Зоф’я”, “Эва”

(І нават “Тэкля” – дужкі ў дужках!),

А знойдзе кветак колькі градак,

Адразу ладзіць там парадак –

І хай усё ў патопе шчэзьне,

Ён ружы песьціць на каўчэзе!)

“Які квятняр, які садоўнік!

Што Ульрых, Гозэр! – Не да роўні,

Бо не дапнуць! Найлепшы ўмека

Сам Навакоўскі – недапека!

Дык проша, з добрай пана ласкай

Садком, гародам на Пулаўскай

Якраз і мог бы пан Ігнацы

На добры лад апекавацца,

Бо сад ужо зарос дачыста,

А служка наш – мастак, артыста!

Такія выўе пану ўзоры

З жывой расьліны, ясны пане,

Што дзе той пах, а дзе калёры –

Любой фантазіі дастане!”

Ах, пані Тэкля, пані Тэкля,

Люблю яго, а ўсё ж бы выкляў

За той букет1 Убіў у сэрца

Мне цьвік на старасьці! У душу

Уехаў зьмеем-людажэрцам.)

“Ну што ж, і сам ня знаю… Мушу…

Падумаю…” (Наўме – дзяўчына).

 

            VII

Сядзелі моўчкі, як аглухлі

Ад велічна раскошнай кухні

З шырознай печчу на паўхаты!

Аптэка гэтакіх буфетаў,

Пад столь, ня мела. Тут багаты

Набор сэрвізаў: шэсьць кувэртаў,

Дванаццаць, болей – палічы іх,

На сьценах – дзіўнае начыньне

Вісіць бліскучым медным строем,

Маіх разглядвае герояў…

Вачмі пыхлівага магната,

Зь якіх да слуг блішчыць пагарда,

Глядзяць патэльні і каструлі

На бедных просьбітаў Таклюні…

І чайнік, як паша распухлы,

Пускае пару ўзьдзёртым рыльцам,

Сярдзітым буркатам прыбыльцаў

Як быццам выпрашае з кухні…

Графіны і збанкі з паліцы,

Паны шляхетныя сталіцы,

Па-гарадскому пучаць пуза.

І тут жа спарышок-галуза

На ягады, гліняны, сельскі,

Відаць адразу – самаробны,

У кветачках (--Ха! Пан Дзяверскі

Яго ж і строіў пані Бельскай!)

Глядзіць зычліва. Гэты добры.

…І п’юць гарбату з панскіх шклянак,

Ого, якіх! Бо паўпусканых

(Каб не сьпячы гарбатай пальцаў)

Амаль да самае паловы

Ў падстаўкі срэбныя зь дзяржальцам…

Прыдумаў нехта ж – мондра глова!

На лыжачках (бо “плакіроўка”,

Сказаў дзядуля) – Ф завіта,

Чужое, рэдкае… мой пане…

(“Уласнасьць” – сэнс у манаграме!)

Ф на відэльцах, лыжках, сітках,

Ф на кілішках, Ф на місах,

Ф на талерках, на сурвэтках,

Ф на той шклянцы. На сэрвізах,

У манаграмах і ў віньетках

Ф –Ф – ад столі да падлогі

(Прабач мне жарт, чытач мой строгі) –

Але ж на столі – Ф таксама,

І там, як бачыш, -- манаграма.

Няветла тут, хоць і ў хрышчонай…

Дзе дом? Дзе кут? Завошта ўчора

Яе зьняважылі, зглумілі?..

Завошта ганьба? Дзедка мілы

І шаблю мае, а бязь сілы…

І хай бы хто хоць запярэчыў…

Дзе Божы суд, дзе чалавечы?..

О, каб жа мілы татка быў тут,

Калі б за іх усяўся тата, --

Махнуў бы шабляй, і за крыўду

Настала б хуткая расплата…

Ўздыхнула… У галоўцы соннай

Ксяндзоў жахлівы крык з амбоны,

Начны цягнік, народу поўны,

І шум Варшавы неўгамоннай,

І шоргат ног, будынкаў тупат,

Бы ў кузьні лупатня і грукат,

І звон трамваяў-іскразвонаў…

Дудніць, бы колісь, калі здуру

Лыкнула з бутлі Vinum rubrum*:

“Дай, дзеду, ручку…” На далоні

Худыя дзедавы паклала

Свае далонькі, як заслала,

І прытуліла да іх скроню –

І вось бягуць ужо, мільгаюць

Кружкі, палоскі, кропкі, іскры,

Мурашкі тыя, што сном існым

У змроку сьцежку асьвятляюць,

І наплывае дзіч у вочкі

Бяздомнай афіцэрскай дочкі:

Ноч – сьвечкі – набажэнства – казань –

Паводка чорная – у шаце

Пратэсаў чорных багамаці –

Натоўп, што коціць шэрай масай,

Паходні ўзносіць – здрада! Здрада!

А дзе алтар быў (помста! Помста!),

У громе стрэлаў барыкада.

А перад самай ёю проста

З-пад сьцяга б’е, страляе татка…

На ім дзядулева апратка…

Анэля, гэй, -- крычыць, -- дзіцятка,

А дзе ж цяпекр твая матуля?

Калі шалее посьвіст куляў,

І крык людзей, і енк аргана,

Сон расплываецца ў дзяўчыне:

За Польшчу – ах! За Польшчу гіне

Паручнік Канстанцін Ілганаў…

Няпраўда, містыка дачыста,

Але ж – дагодзім і фрэйдыстам.

 

            VIII

А што ж Дзяверскі наш тым часам?

Пра што ён думаў? – Ат, усяка.

З якім куму чакаць адказам?..

-- Што ў садзе латва ён сядзеў бы,

А ў войску што ён за ваяка…

Што нібыта даюць надзелы,

Дык, можа, не абдзеляць клінам,--

А што? – загончык нейк распора,

Другі – пад кветкі, садавіну,

Глядзіш, агоўтаецца скора…

Што ў пакаёўкі здасьць дзявоху,

Дык і агладзіцца патроху…

А каб яшчэ магла вучыцца!..

Ну, сьпі ўжо, сьпі, маё ты гора…

Што вунь кума --  ўсё маладзіцца,

Даў Бог здароўя, даў і крылы –

А як успомніць – Божа мілы!!!—

Дык шлюбавалася ж у трэцім,

Цяпер жа… Божа… дваццацьпятка…

То ж трэба так фарціць кабеце –

З усіх бакоў у бабкі гладка…

(І, вокам кінуўшы на срэбра

Відэльцаў, лыжак і падноса:

“Х-хэ, пане браце, што вам трэба,--

І мне ж бяз хвігі ні да носа!”)…

Што заўтра (“нават сёньня глянем”)

Зірне ў тутэйшыя касьцёлы --

Карціць – якія тут анёлы:

“Ці іхні нашага дастане…”

Яшчэ: ў дарозе бачыў краму:

“Раджа Свэнгалі, маг, аракул”,

Дзівосы, выдумкі і штукі…

Лізнуць бы трохі той навукі…

Што, як зьбярэ крыху манетак,

Дык свой тэатр марыянэтак

Наладзіць… для бядняцкіх дзетак…

За так… Ці мо за колькі грошаў…

Наробіць лялек сам. А слова…

Бадай Ружыцкі з Тамашова

Ці Юлік што прыдумаць зможа.

Калісьці ён бываў “на дачы”—

Які ён “Пікадор”* -- пабачым.

Чытаў на вуліцы лістоўкі –

Дык дужа здатны да рыфмоўкі,

Здаецца, Тувім, хлопец з Лодзі,

Ну, можа, зойдзе, пагамоніць…

Купіў бы “сходжаны” гадзіньнік

І разабраў бы,-- на драцінках

Спусьціў бы механізм у слоік:

Паяц на корку;  праз той корак

Паяца рухаў бы маторык…

Каб чалавек меў гэтых “дзенег”,

Напрыклад, скажам, на гадзіньнік,

Ці, скажам, хоча быць з варштатам,

Хай хоць ня токар… хай аматар…

Хай так, з ахвоты…-- май на міласьць!. .

Што прыйдзе, прыйдзе Справядлівасьць…

(Люд просты – праўдзе арганічны

Ня пісанай, а праўдзе з плоці,

Араты, Праўдалюб містычны,

Калі ўжо ўдзеліць вам даброці,

Дык больш у гэтым слове права,

Чым у законах і ва ўставах,

А скажа Крыўда, -- грымне бурна

І грозна крык яго трывожны

І не збаіцца вашых турмаў,

Дзе за грахі падлюг вяльможных –

Галота ў ланцугах астрожных…

Бо – хто кіруе, той гізуе,

А польскі люд свой суд рассудзіць,

Устаньце! Суд! А гэта ж людзі,

Народ за Праўду галасуе,

Супроць старое крыўды будзіць!

Хоць, можа, сьмерць і зробіць клямку

Мне – абываталю, падпанку,

Што па абочыне дарогі

Выгодна пёрся ўздоўж эпохі,--

Прыму я кару не на ўзбоччы…

Кіруй па Праўдзе, Люд Рабочы!

Пішы прысуд, Араты Польшчы!)…

Што, можа, будзе справядлівасьць?..

Павінна … Ўсё ж праз гэту хцівасьць…

Нашто багатым столькі льготаў?

Уладу любяць. Вось і ўсё там.

Цяпер ім зробіць рускі ўтыкі…

А хто такія “бальшавікі”,

“Таварышчы”? З кім дзеляць шанцы?

Пісалі, што з жыдоўскай клікі,

Схаўрусаваліся зь германцам…

Яшчэ хвалілі іх, казалі,

Што бедным поля наразалі…

На пальцячко, на чаравікі

Далі б мо тыя бальшавікі?..

Аж не… “Папаша ваш расстрэльваў

Рабочых Лодзі, мармузэля…”

Яўрэі розныя. Вунь Зэльман –

Сама пачцівасьць;  Шмуйла – шэльма…

Якраз, бы ў нас: Калодзей – злодзей,

А Гдулю хоць мачай у мёдзе.

Яўрэй цыбулю есьць. Палякаў

Больш цягне да капусты, флякаў.

(Але яўрэй свой фэлер мае:

Сьвятых у храмах ня трымае.)

Будзь ты татарынам ці грэкам,

Хоць неграм будзь – усё дарэчы,

Ня ладзь на крыўдах чалавечых

Свайго дабра. Будзь чалавекам.

 

Пра негра ўздумаўшы, Ігнацы

Нэрвова неяк сьціснуў пальцы

І разбудзіў дзяўчо зьнянацку,

Што ў сьне адказ крычала бацьку

Праз хмары, нэндзу і харалы,

На бераг той… І штось шаптала

Якраз такімі, як у мамы,

Крыху таўсманымі губамі,

І ў вочках бляск іскрыўся прыкры:

Журботны, кплівы, злосны, хітры…

О, дзед яго не пераносіць…

Аж – Бельска тут: “Заходзьце! Просіць”!..

 

            ІХ

Што вочы ўмомант прыкавала

(Як часам кропка бляску збоку,

Куды і не глядзеў ты нават,

Прыцягвае увагу зроку),

Дык гэта зноў “фэ” – на шлафроку,

Бардовай вышытае гладзьдзю.

Пасьля сустрэліся пагляды:

Цень сну ў яе блукаў паглядзе;

Ягоны – зьдзіўлены, пажадны,

Адразу прафесійна ўмела

Садраў убогенькае плацьце

І ўжо абмацваў, ужо гладзіў

Яе аголенае цела.

І з ходу план гатоў жалезны

Пад шыфр-дэвіз камерцыяльны –

“Інвестыцыйны план цялесны”:

Гады праз тры (“пакуль што рана,

Мараль усё-такі, загана”)

Хацеў бы мець дзявульку ў спальні,

Дагледжаную ідэальна.

Раскукліць, разбутоніць кветку,

Дасьць дозу клімату, камфорту,

Бы ў парніку, і неўзаметку

Устымулюе ёй ахвоту;

Касьметыкаю ласкі панскай

І тэхнікаю дабрахоці

Дааксамітніць, дазалоціць,

Аздобіць дадатковым бляскам,

І цела-кветка дробным коштам

Працэнты выплаціць раскошна.

У думках песьцячы дзяўчыну,

Палаў. Але з халоднай мінай

Нагу цераз нагу закінуў,

Сядзіць і дробненька цярусіць:

“Пан… як? Дзяверскі? Так? Пан, мусіць,

Садоўнік?  А паненка? Імем –

Анэлька? Во! Кузіна ў Рыме

За графам Скода Галеаца –

Анэлька…” І пайшоў крыўляцца –

Хваліўся, плёў, ламаў паяца,

І ўсё адно: “Падай мне, Тэкля,

Запалкі…” , ці “Падай мне, Тэкля,

Альбом…” (паказваў у альбоме

Рым і палацца Галеаца

На п’яцца  Санта Мантэраца,

І ў гэтым пышнаслоўным звоне

Ён бляскам пыхі, глянцам, трэскам

Ашаламіць хацеў Дзяверскіх…_.

“Пан зь легіёнаў? Знаў пан, можа,

Сэмпа-Бялыніча, маёра?

Шкада, шкада. Маёнтак Звожань

Пад Чэрскам, сто гектараў ворнай…

…Закурыць пан? Rhedive, праўдзівы,

З Каіра… Любіць пан “кэдзівы”?

Шыкоўна? Як на пана мысьлі?

Стары запас… прывёз з Манака

Дэ Шантыльі, з французскай місіі.

А што паненцы? Шакаладкі?

Падайце, Тэкля, шакаладкі.

Вось гэтая – царыца смаку,

Вось крэм-бруле, скаштуйце пралін…

Мой бацька з Вэдлем сябравалі…

 

Чаго юродзіў Фаф, таптаў сьвятыні?

Сьпектакль навошта гэты брыдкі? --

Неверагодныя глыбіні

У душах нават самых плыткіх!

Там Рай пачварны Ідыётаў,

Імперыя жаданьняў тайных

І ненажэрных жываглотаў,

Там цырк тыранаў апантаных,

Трупарня здохлых левіяфанаў.

Там выяўляй сябе, брат, -- тама!

Там Рым гарыць! Сіён там Хамаў!

Там шабас д’яблаў помсты згубнай

Трыумф сьвяткуе, б’е у бубны!

Там тлум пацучых гітлерыдаў

Грызе крыжы зубамі хіжа,

Там стосы кніг агонь злы ліжа,

Пагромы там, разьня, агіда!

У багне гвалту, шалу, ўціску,

Трыумфаў подлых, хуткіх зыскаў

За ўсе часы сваё даелі
Дарваліся, пасатанелі.

Яны – з асьмеяных, з адкідаў,

Цяпер ад пыхі разапселі,

Улады каравай абселі

Арлы з гадзюк і тыгры з гнідаў –

На сьвяце зорнае гадзіны!

Там Боскі Фарс! Туды, Вергілій*,

Паэта вёў бы ў яму гнілі

Лавіць пякельныя тэрцыны!

А ён? Альфрэд Фрыдэрык, Фафа?

А нават ён з улады зыскваў

Працэнты “велічы” нахрапам…

Здавалася б:  такі здаровы,

Узвышаны “па-таварыску”

Над людам дробнаместачковым,

Багаты, пекны! Словам – веліч!

А, бач, усё ж – не каралевіч;

І тут бабздыр угору дзерся,

Лез кандзебоберам у ферзі,

Рассыпаўшыся ў шарме звычна,

Падмазаным, ружова-томным

(Так у гульні круп’е цынічна

Сыпне шчасьліваму жэтоны,

Каб праз хвіліну яго шчасьцю

Нядоўгаму канец пакласьці),--

Мой дурань-буф кадзіў, і ладан

Чадзіў, чмурыў дзяўчыну ядам.

Зефір цукровы, пах ванілі,

“Кэдзіваў” дым і пара кавы,

Шэпт саладжавых слоў ласкавы

(Сказаў адзін раз нават: “Пані…”),

Кілімчык мяккі пад нагамі

І зрэнак ліпкіх дотык шчытны

(Так лапамі хапае спрытны

Матыль, жалобнік аксамітны,

Пялёсткі ружы), мовы рытмы

Нязвычны вуху сельскай птушкі,

І жэсты – імі іх падачу

Ён вёў, нібы з-за сеткі мячык,

Цалялі трапна, без прамашкі

У нэрвы зьдзіўленай дзяўчыны,

Як морфій, пранікалі ў жылы,

Салодкім токам бяспрычынным

Галоўку бедную кружылі,

Калі ён пеў: “А як паненцы

Варшава наша? Вельмі шкода,

Што сёньня слота, непагода,

А то б якраз удаўся  шпацыр

Аўтамабілем па акрузе.

Але калі? Падай, Таклюся,

Мне каляндар… Ага, аўторак…

Ці серада… Во, будзе добра –

Чацьвер… Запісваем і годзе:

“Дзяверскі (так?)… Дванаццаць… Шпацыр…

Чацьвер мы распагодзім…

А што да гэтай нашай працы

Патрэбна мне парада маткі,

А я, канечне, сам я згодзен,

Падайце, Тэклечка, з шуфлядкі

Партфель… тым часам… на выдаткі

Задатак… “ Грошы ўзяў Ігнацы,

І паплылі ў вачах Ігната:

Нажоўка, фарбы, стол варштата,

Гадзіньнік “сходжаны”, паяцы,

Гуаш у слоіках, мігценьне

Штуковін казачных на сцэне

І дужа многа іншых рэчаў;--

Пачаў ён дзякаваць і дзячыць,

Што гэта… ведаеце… дзеўча…

Што… пане браце… гэта значыць…

Што не дапусьціць пан, каб нехта…

Аж тут зірнуў у твар Анэльчын –

І як зарвала. Божа… Зьбегчы б…

(Каму, брат, сьмех, каму гілэхтар!)

 

            Х

За пяць пакояў ад салона

У спальні “Мошкі” той шалёнай

Яшчэ начнік сьвяціўся цьмяна.

За пяць… А ўжо за тры сьмярдзела

Эфірам і валерыянай,

Душой і целам звар’яцелай;

А хто праходзіў праз чацьвёрты,

На пальчыках, нібы пры мёртвым,

Змаўкаў і нішкам думаў нават,

Бо адчуваў: за пятай “брамай”

З яшчэ жывога цела, зь цішай

Памерлы дух упарта чмыша,

З вачэй памерлай бляск ліецца,

І сэрца ў пустку мёртва б’ецца…

Сьляпы, шукаючы вароты,

Так кіем торкае ў пустоты.

…На  тых дзьвярах у спальню, пятых,

Нябачны надпіс быў напяты.

(На нюх чытаў яго: “Lasciate

Ogni speranza voi  ch’tntrate*…)

 

Ад жальбы нылі Фольблуціхі:

Швагеркі, дзядзіны, браціхі –

Пачцівыя, але… ня псіхі

(Па-панску ўсе хварэлі хто чым:

На жоўць, на печань, па-жаночы,

На сэрца – “Ах, нішто ня вечна!”—

Хто як умеў, як мог даўмецца;

Але --  што ёсьць хвароба сэрца

Таму, хто выхварэў сардэчна?!),

Ах, колькі сродкаў ёй ад сэрца

З іх кожная параіць мела:

То клікнуць Гэрца, не Ландэла,

То ўжо Ландэла, а ня Гэрца;

Казалі: Эмс, казалі: Карлсбад*

Альбо казалі: ўсё кінь чыста,

І дактароў тых, і лякарства,--

Табе паможа таварыства…

Казалі: клімат не гадзіцца,

Казалі: не зважай на болі,

Казалі: трошкі моцнай волі,

Казалі: трэба прычасьціцца,

Казалі: лішне ты гульліва,

Сабе ж сам-насам: істэрычка.

Яна ж канала так трагічна:

Была папросту нешчасьліва

Бядой найгоршай: бязыменнай…

 З душой яе нешчасьлівела

Пакутай зьдзіўленае цела,

І мы тут слушна спалучаем

Хваробу з паніным адчаем.

 

…Бядой найгоршай: бязыменнай…

 

У дзёрн, бывае, і каменны

Ўрастае помнік…“Мошчын” камень

Урос у плоць яе, у памяць –

І нават ён быў нячытэльны.

 

Каля прачыстае іконы

Марыі Дзевы, пазлацанай

Лампадным бляскам, б’е паклоны
Цень кволай немачы зламаны,

Ужо ня просячы нічога

Сабе, крым высьпятка ад Бога,

Але ж калісьці  -- ў час прымглёны,

І шчасьце, і няшчасьце мела –

Ды ўсё ў адной бядзе зьнямела.

 

Насілася з калыскай лона,

Нібы там быў сын Апалона.

Як толькі ўклеіўся ён плодам,--

Яна ўжо ў чарах мацярынскіх,

Ужо ў надзеях, у турботах

Глядзела ў сінь нябёсаў рымскіх,

Каб сын высьпельваўся ў блакіце,

Чульлівасьць зьнюхвала зь мімозы,

З вясновых дрэў зьдзірала квецень,

А з ночы – зоркі, песьні, росы,

З усёй зямлі – красу, лагоду

І ўсё яму – у пуза, плоду.

Скульптуры ўсе, усе карціны

Усіх музеяў, усіх залаў

Зладзейка доўгія гадзіны

Мэтанацэлена (!!) глядзела

І, як рэнтгенам, прасьвятляла

Сезам замкнуты свайго цела

Таемнай цнотай прыгажосьці:

Каб Бог-мастак душу узрушыў

Дзіцятку першаму ў падбрушшы,

Каб сьпела дасканаласьць плоці.

Калі ж, патрэсваючы славай,

І рыжай грывай, і Варшавай,

Рэспубліканскі, каралеўскі,

Як панну, лашчыў фартэп’яна

Музычны рыцар Падарэўскі*,--

Яна ўдыхала водар п’яна,

З расхіленым сядзела сэрцам

(І лёгка-лёгка так каленцам…),

І ўзбагачала плод канцэртам,

Гармоніяй, матывам, тонам,

І верыла, што рытмы токам

З таго канцэртнага памоста,

Са струн пальюцца праз вантробы

І ў плод прышчэпяцца, як воспа.

Лісты пісала. Вось для пробы:

“Шаноўных вартасьцяў Васпані!

Пад сэрцам чулым, сэрцам юным,

Няхай наіўным, але шчырым,

Каханьня плод шчасьліва сьпее,

Прыдай мне веры і надзеі,

Ты, хто ў Пісаньне душ жаночых

Старонкі лепшыя ўпісала,

Ты, хто агнём сьвяшчэнным паліць,

О, ўнараві ласкавым словам!..

З надзеяй, што…” І гэтак далей;

Подпіс:Амелья Фольблутова.

Адказ вось: “Дарагая Пані!

Пад сілай паэтычнай слова

Шлю… Хай надзея… Інстынкт маці…

Пасланьне Ваша… Ганарова…

Дастатак і асьвета краю…

Адным зьвяном… Грамадства наша…

І родзіць зерне… Гартам сталі…

Дабра пасеў… Вясною новай…

Дык хай дзіця… “ І гэтак далей;

Подпіс: Эліза Ажашкова.

 

Чытала вершы. На прадноччы

Эпохі “пурпуровых шалаў”,

Якраз пасьля “жалобных шквалаў”,

Настаўнік сэрцаў, душ жаночых

Быў Аснык – геній ідэалаў*.

Цяпер завяў, а быў жа ўвішны,--

Дабраславі ж цябе Ўсявышні,

О часе веры без прагалаў!

Яна і тут шаптала бруху

“Іскрынкі праўды”, “сілы духу”,

“Парываў” лозунгі, “запалу”,

Малітвай насычала плод…

 

Пустое ўсё, дарэмны ход:

І сны, і мары. Эмбрыён

У алтары сьвятым пад пупам

Разьеўся расавым “фольблутам”*,

І з sacrosanctum сьцёгнаў ён,

Стэрыльным скальпелем здабыты,

Рос – дурань, чэрствы, гладкі, сыты,

Спакусам д’ябла і анёлаў

Душой пустою недаступны –

Увесь Няўвесь!.. зь людзьмі падступны,

Пагарды поўны да жывёлаў,

Цаніў прадметы, моцнасьць рэчы

З рук працавітых чалавечых.

Любіў прыбыткі і выгоды,

Лавіў карысьць і дармавіны,

Глядзеў у храм жывой прыроды

Нібы ў кладоўку сыравіны,

Дзе ўсё ягонае да донца:

У кожнай дробязі ён бачыў

Прадмет сваёй любві гарачай –

Як дывідэнты ў прамыслоўца.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Шчасьлівы завалень! – Драбніцы:

Меў тэлефон: два – дзевяць – восем…

О, колькі гонару і ў позе,

І ў голасе, калі ён нумар

Падчас даваў, каб сазваніцца;

Ці вось, дар лёсу каралеўскі:

Шафёра звалі – Ян Сабескі*

(“Ян, да сябе!” – такі быў гумар,

Калі ён ехаў па сталіцы).

 

Не даравала ім абразы:

Ні сыну роднаму, ні Богу.

Карала дзень у дзень абодвух:

Сынка – іроніяй,

(На пафас брала), абурэньнем,

Маўчаньнем – Бога. На каленях.

 

            ХІ

Сядзела седнем дні за днямі

Ля ложка той няшчаснай пані,

 

У горка-скрушлівай аправе,

У смутку, бы ў жалобнай раме –

 

Як вобраз – як анёла вобраз –

Маўчала са спагадай добрай,

 

Ні ўсьмешкі. Гэтакі быў нораў.

Сьмяяцца брыдка каля хворай.

 

Застыла ўся ў набожнай млосьці,

У безнадзейнасьці бяз злосьці.

 

Углядвалася ў твар напяты,

Даглядвала – анёл наняты.

 

За грошы праца – не абраза.

Так і спаўняла абавязак.

 

І гэтай справай дабрачыннай

Службовы несла крыж дзяўчына:

 

Сьвядома і з душэўнай ласкі

Праменьнем грэла абавязкі.

 

Сьвятлом яе паэма гэта

Ахутана з душэўным жалем.

І важна, каб душа паэта

Там заставалася ў метале.

 

Каб словы грэлі, як праменьне,

І каб закрадваліся ў сэрца,

 

А хто спрабуе згрэбці ў жменю,

Хай імі апячэцца!

 

Бо як што вартасьцю якою

І блісьне потым Кніга кветак,

Дык можа стацца, толькі тою,

Што ток ішоў рукой паэта.

 

У безназоўным, бо бяз назвы,

Нібы манцёр які ўсёведны,

Цягну са змроку дрот жалезны,

Цягну дрот медны.

 

Адно сцьвярджаю гэтым вершам,

Адно хачу уквеціць славай:

Я слаўлю тэхнікай найперш вам,

Манцёраў добрай справы!

 

Неонавай зарой арктычнай

Сьвячу, рэкламаю на шэрасьць:

«Праводзьце, нібы электрычнасьць,

У вашы душы міласэрнасьць!»

 

 

            ЭПІЛОГ ПЕРШАГА ТОМА

 

Мой верш, прыемны мне твой нерат…

Падумаць: Рыо дэ Жанэйра –

Цудоўная аранжарэя,

А там (--ты помніш архідэі

Flor de Ipo, Jasmin de Cabo,

Maraucuja i Flamboyanty,

У шэсьць паверхаў дрэвы-вежы

У квецені крывава-сьвежай?);

А там, паўторым, мала трэба,

Каб з глебы – проста ласкай неба –

Фантан зямной шчадроты ўдарыў,

І будзе ўсё, пра што ты марыў, --

Такія неба там і глеба.

І раптам – прыгаршчамі жніўны

Хапаю водар шчодрай нівы –

З Капакабаны, зь Іпанэмы,

З Тыжука, з Батафога, зь Лемэ

Залп мовы польскай, родны, мілы.

Гучыць па Рыо дэ Жанэйра

Стракатая, як рынак персаў

Ці карнавал карыяканскі,

А ў ёй – садоўнік, не “фларэйра”,

Не “жардынэйра бразілейра”,

А прыяцель наш пан Дзяверскі.

О Рыо Фарбаў! Colorio,

Мазаіка зьмяіных зьвіваў

На доўгай трасе Авэніды!

О Рыо, выспа Атлантыды,

Што толькі дзівам ацалела,

Трымаючы блакіт нябёсаў

На мачтах пальмавых алеяў,

Хрыбтамі гор, крутых уцёсаў!

Рыо калібры каляровых

За вокнамі ў імклівым лёце!

О Рыо ночаў нярухомых

І звону медзі ў пазалоце

Ад бляску сонца на сьпякоце!

Хто выдумаў цябе? Прымроіў?

Мо акіян сваім прыбоем

На бераг сьпеніў легкаверны

І ў скалы ўрэзаў цуд хімерны…

А кажуць – веру! – што ў затоцы

Узьнік ты з танца Бога Творцы:

Калі “пад мухаю” на шпацыр

Ён выйшаў і на кожным кроку

Губляў ліяны, пальмы, танцы,

Мулатаў, неграў, кветкі, сьпёку…

Дык слаўся ж вечна, эскапада!

О дзякуй! Мuito obrigado,

За Рыо і за верш выгнанца!

 

            *

Мой верш, журботаю пачаты, --

Як вуж заморскага адлову!

Падняўся з квецені, стракаты,

І ў квецень вернешся па слову.

Што-колечы ў расказе, знаю,

Раблю, кажу за іншых, чую, --

Калі я справы іх вяршую,

Пяром іх душы калупаю.

Ці нават там, дзе больш маўчу я

Альбо, схаваны ў джунглях верша, --

Вяршую лёс чужы нясьпешна

(З тым вучнем параўнаць дазволю,

Што адвячоркам пасьля школы

З дрыготкім ёкатам пад рэбры
Падглядвае купальніц голых

На рэчцы ў месяцавым срэбры,

Бліскучых, цёмна-залацістых,

У пырсках, у вясёлых вісках –

І булькаціць  душа тэрцэтам:

І сьмех, і плёскат, і стук сэрца);

А часам, ідучы улегцы,

Нацягваю наўмысна лейцы,

Дубцом кірую паэтычна

Да мной прыдуманых учынкаў –

Заўжды прыходзіць мне на памяць

Сваяцтва кветачак з дубцамі.

Як фокусьнік, што цягне спрытна

Гірлянды пышныя з цыліндра

І рассыпае ружы дамам,

Вымае трусікаў, галубак,

І келіх поўны, -- я таксама,

Чароўным словам падагрэты,

З глыбіняў сэрца выкалупваў,

І з памяці, і з водаў Леты

Дні-краскі і складаў букеты.

…Жыў раз букецік сьціплы сельскі

(“Букеты ў вёсках, як вядома,

Вязалі ўгору, крута, строма…”

Ужо мне гэта двухрадкоўе

Легендай стала, і з выслоўя

Праду тут ніткі жальбы зноў я

І сонечныя ніткі мрояў…),

Быў нейкі сад шумлівых сьненьняў,

Варожбаў-ружаў… Раньняй цноты…

І апасеньняў, і блазноты…

Запояў і выцьверазеньняў

І потым новых патрасеньняў…

Як любіш соладка раз першы!

Жыў раз…

                 І раптам зрок прарочы

Людскія ў кветках бачаць вочы…

Глядзі – там з-за штыкецін верша

Блішчаць і зрэнкі дзей, шуканьняў…

Там людзі ўжо!.. Ах, бедалагі…

Руплівы вучань кніжных магій,

Ты перабраў залішне ярка…

Ах, вершабродзе мой харошы,

Глядзі, каго ты ўзбаламошыў

Магічнай палкай фірмы Паркер*!

За частаколінамі ямбаў

Вір лёсаў, сэрцаў, пажаданьняў…

Глянь!

            Глянуў. Так у рай заглядваў

Цікаўны да стварэньняў Пан Бог…

Народжаныя людзі з кветак

Пялёсткі рвуць – так лёс варожыць,

Радкі паэмы лічаць гэтак,

Як вязень рэшту дзён астрожных,

Прыпалі тлумам да штыкетак

І шумна, гнеўна і трывожна

Крычаць, што я жыцьцё расхлістаў,

Пра сон салодкі, дзень ласкавы,

Як пад балконам у міністра

Тлум патрабуе хлеба, права,

Бо шчасьця прагнуць. Просяць: шлі ім

На крылах верша радасьць насьцеж –

Адным замала: “Быць шчасьлівым”,

Другім замнога: “Дарыць шчасьцем!”

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мой верш – са скрухі, як стол з дрэва,

Як з цэглы дом, мой верш са смутку,

Пяе над берагам ціхутка

І аднастайна, як сірэна,

Што Вісла наша не загіне,

Што ўсё жывучае – ў глыбінях!

Мой верш, ты сьціплы, нібы пасмы

Яе касы срэбнаструменнай,

Прабіўся ты з гароты наскай

Крынічкаю зь зямлі каменнай…

О верш з руінаў і каменьня

Майго юнацтва і айчыны!

Плыві, мацней, паток натхненьня,

Сьлязой вясёлкавай блішчы нам!

Даўжэй – цягніся – да сустрэчы

З Днём-Там, Днём-Дома і ў Краіне,

Дзе (ведай) Вісла не загіне,

Каб зь Віслай к будучыні бегчы,

Спатолі смагу вуснаў-рытму

І прачытай, нібы малітву:

Верш, родная, сьвятая мова.

Радзіма-Польшча, ты аснова

І маці – іншых слоў ня мысьліш,

Апроч яе сьвятога слова,

Пяшчоты большае ня высьніш

За тую, што ўсьпявала маці

У кроў калісьці немаўляці,

Якою і пад старасьць трызьніш,

За той салодкі, шчыры подзіў,

Што будзіць дух мазуркі ў плоці,

За пацеры жыцьцёвай веры…

А потым – “ты, нібы здароўе”* --

У той, якою я, струхлелы,

Надзеі поўны і адчаю,

Свой двухрадковы гімн сьпяваю,

Што Вісла наша…  не загіне…

Мой верш, і маці, і айчына,

Пашлюбленыя трыадзіна!

Палаю: “Вісла не загіне!”

Плыву ў ёй: “Вісла не загіне!”

Паэзіі зачараванай

Скажу, як перад трыбуналам,

Што цаліну стыхіі моўнай

Пераараў да дна любоўна

І знаю жвір, падзол, пясочак

І чарназём, вугольле, скарбы,

І, нібы ягады ў збаночак,

Бяру аброшаныя фарбы

І самародкі-гукі з сэрца,

З бразільскіх кветак  поўнай жменяй,

З дрэў Ўайт-Плэйнс, траў Масачусэтса,

Я, знаючы жыцьцё карэньня,

Камля галінак і лістоты,

Як пчолка ў борці свае соты,

Я, хто хапае праўду ўвішней,

Чым вусны мякаць сьпелай вішні, --

Ня знаю радасьней, цялесьней

І серабрысьцей польскай песьні…

 

Рака, што верна паўтарала

У хвалі зоркі над Варшавай

І кожны вечар, кожны ранак

Сваёю гладзьдзю вершаванай

(Дрыготка, плыўна – а часамі

Ад узрушэньня голас гнеўны,

Нібы сьвятло ў вадзе струменнай,

Але з падзякай, задуменна,

Цячэ, зьмяшаны са сьлязамі),

Рака, што ў памяць залучыла

Паэм нябесных мірыяды,

І строфы хмарак, аблачынак,

І сагі бур, зор Іліяды,

Пісаньне нашай навальніцы,

І час прыйшоў к табе з Айчынай

Палаць агнямі бліскавіцы

У громе грозных перуноў

І выць, пачуўшы плач сталіцы –

Варшава, Польшчы верны Ёў!

Як раскалоўся схіл нябесны,

Плыла ў пурпурным бляску Вісла,

Няўзрушна, горда і свабодна,

А гмахі горада жалобна

Плылі адбіткам, як паходні, –

Чырвоны строй у люстры водным…

Мы вернемся па чырвань, Вісла,

Што ў глыбіні ты верна вынесла

Пад нашым родным польскім небам,

Мы вернемся зь віхурай зноў,

Узброенай сьвяшчэнным гневам,

У новай веры, маладымі,

Віхура гэта – дух падыме,

І бляск, і крык, і верш, і кроў!

 

Рыо дэ Жанэйра, лістапад 1940 –

Нью-Йорк, ліпень 1944.

Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=127 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Польскія кветкі

Юльян Тувім — Польская — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Васіль Сёмуха

Ю. Тувім
Ю. Тувім