Агасфер
Раздзел першы
У якім паведамляецца, як Бог на радасць анёлам стварыў чалавека, і пра разнамыснасць двух рэвалюцыянераў у прынцыповым пытанні
Мы падаем.
Праз бясконцасць верхняга неба, вогненнага, са святла, з такога самага святла, з якога было саткана наша адзенне, слава якога ўзятая намі, і я бачу Люцыпара ва ўсёй галізне і абрыдлівасці ягонай, і мне робіцца вусцішна.
Ты каешся? кажа ён.
Не, няма ўва мне каяты.
Бо мы ж былі першыя роджаныя, створаныя ў першы дзень, разам з усімі анёламі і арханёламі, херувімамі і серафімамі, сонмамі і войскамі духаў, створаныя з агню і подыху Бясконцага, паводле нічыйго вобраза і падабенства, створаныя да таго, як зямля была аддзелена ад нябеснай цвердзі і воды ад водаў, яшчэ да таго, як сталіся цемра і святло, ноч і дзень, вятры і буры, мы, неспакой, вечнае кружлянне па-над сферамі, вечнае змяненне, вечна-творчае.
Які твор! кажа ён. Чалавек!
І пры гэтым пачало рабіцца так жахліва велічна, як калі б свет мерыўся спарадзіць новы свет. Голас у прасторы, Ягоны голас, у дзень шосты, каля другое гадзіны: Дай нам зрабіць чалавека паводле нашага вобразу, паводле нашага падабенства. Нам!.. Але быў толькі Ён, было толькі Яго Самога рашэнне, мы не мелі ў ім сваёй долі. А на анёлаў нагарнуўся вялікі страх, найшло трымценне, і яны сказалі: Сёння нам явіцца цуд, вобраз Бога, нашага Творцы, бо паводле Свайго вобразу і падабенства стварае Ён чалавека.
І я бачу, як Люцыпар, павярнуўшыся ў падзенні да мяне, з’едліва крывіць вусны.
З праху! кажа ён.
Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы свет, і ўсе стварэнні сабраліся ў Ягонай руцэ. Пасля ўся неабсяжнасць звузілася, і, як маг дастае свае аксэсуары — парашочкі і пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу і з усіх водаў адну кропельку і з усяго паветра ўгары адну паветрынку і з усяго агню дробную жарынку і гэтыя чатыры слабыя элементы-стыхіі — холад, цяпло, сухасць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зляпіў Адама.
І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі па-чалавечы падладжвацца і пахлебіцца і кланяцца яму і ганараваць яго!
І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты і прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі не дзеля таго, каб усё на свеце карылася яму і слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу з зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты і духі і магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
О, гэта бясконцае падзенне без часу, без межаў, праз вечна роўнае, бліскучае святло. Дзе верх, дзе ніз, дзе нябесная цвердзь з зоркамі, хмарамі, салодкасцю месяца, дзе глыбіні, царства Люцыпара, дзе зямля, каб нагу на Яе прыткнуць, дзе распасцёртая правіца Богава?
Любата было падзівіцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было яно — з пылу.
Прыгожы ён быў, чалавек Адам, нават я быў узрушаны прыгажосцю, угледзеўшы яго, бо ж я бачыў карціну яго аблічча, як яно ўспыхнула ў цудоўным святле, пасля святло ягоных вачэй, падобнае на святло сонца, і ззянне ягонага цела, як ззянне крышталю. І ён пацягнуўся і ўстаў пасярэдзіне зямлі, на гары Галгофе, там ён апрануўся ва ўбранне царства, і там на галаву яму была ўскладзена карона цудоўнай велічы, цар, святар і прарок, і там даў яму Бог уладу над усімі намі. Але Люцыпар, начальнік ніжняга парадку, валадар над глыбінямі, сказаў нам: Не шануйце яго і не хвалеце яго нароўні з анёламі! Яму след ганараваць нас, нас, якія з агню і духу; а не мы каб ганаравалі пыл, створаны з грудачкі пылу. Тут узвысіўся голас Бога і сказаў мне, кажучы: А ты, Агасфер, што азначае тое самае, што і любасны, ці ж ты не хочаш пакланіцца Адаму, якога Я стварыў паводле Майго вобразу і падабенства?
І я зірнуў на Люцыпара, які стаяў перад Госпадам, выпрастаны і велізарны і цёмны, як гара, і падняў кулак, што аж працяў цвердзь нябесную, і я адказаў Богу: Чаго Ты так насядаеш на мяне, Госпадзе? Я не буду ні ганараваць ні шанаваць таго, хто маладзейшы за мяне і малейшы. Перш чым ён быў створаны, створаны быў я, ён не рухае свет, а я рухаю яго, і наперад і назад, ён з пылу, а я — дух. А Люцыпар сказаў: Ня гневайся на нас, о Госпадзе, бо ж мы былі Тваім царствам, і ўтворам Тваім, чые планы бяскрайнія, і Тваёй гармоніяй, у якой суладзіліся ўсе гукі. А гэты, нягледзячы на яго гладкі твар і далікатныя рысы і чэлесы, гэты — усё адно што паразіт, і будзе ён пладзіцца і множыцца, як вошы, і ператворыць Тваю зямлю ў балота, ён пралье кроў брата сваго, ён будзе зліваць сваё семя ў подлых жывёл, у асліц, у коз, у авечак, ён начворыць больш грахоў, чым я мог бы прыдумаць, і станецца пасмешышчам і ганьбаю Твайго вобраза, о Госпадзе, і Твайго падабенства. Калі Ты настойваеш на Тваёй волі, Божа, каб мы ганаравалі Адама і кленчылі перад ім, тады хай пастаўлю я трон свой над нябеснымі зоркамі і буду сам падабенствам Навышняга. І як што ўсё гэта чулі астатнія анёлы, якія былі падначаленыя Люцыпару, дык адмовіліся і яны ганараваць Адама.
І з таго часу мы падаем, Люцыпар і я і астатнія, з шостага дня з недзе-каля трэцяй гадзіны, бо Бог у гневе Сваім адвёў ад нас правіцу Сваю, у якой мы былі сабраныя, а Адаму даў узляцець у рай на вогненнай калясніцы, а ліслівыя анёлы паперад ім спявалі хвалу, серафімы свяцілі яго, херувімы дабраслаўлялі яго.
І ўжо-такі неўзабаве пашкадуе, кажа Люцыпар, як што не без марнасці адпрэчвае нас, не без шкоды сабе. Яму патрэбнае наша НЕ, як святлу цемра. Але я буду гібець у глыбінях, у прасторах геены, і ўсё будзе павалютку і спакваля збірацца да мяне, бо адно цягне за сабою другое, а што прыйшло з праху, прахам жа і абернецца і не забавіцца доўга.
І пры гэтых словах ён распасцірае рукі і ў лёце ахінае мяне амаль пяшчотліва.
Ах, кажу я, але ж спадзяванне было такое вялікае, і мне шкада намогаў і клопату. Свет такі прыгожы! Чалавек такі прыгожы!
Каб жа ж ты не меў большага клопату! ЁН адкідае цябе, а ты яшчэ й енчыш па Ім, Яго працы шкадуючы.
Усё паддаецца пераменам, кажу я.
Але гэта так стамляе, кажа ён.
І з гэтым мы рассталіся, і ён паляцеў сваёй дарогаю, а я, Агасфер, што азначае амаль як і любасны, сваёю.
(...)
(Тэкст цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=124 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Агасфер
Для друку / Васіль Сёмуха