Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»
Вершы на музыку Станіслава Манюшкі
«Ці ты у крыўдзе?..»
Ці ты у крыўдзе? Ці чуўся блага?
Што ж ты пакінуў нас, браце?
З намі не міла? Прыкрая пляга?
Ці засмуціў хто у хаце?
Ці ня меў пушчаў, ня меў палеткаў,
ці ня меў дзіды для ловаў?
ці ня было у доме засекаў,
ці ня меў дзе скласці голаў?
Ці ж мы цябе, брат, не ўдосьць любілі?
Ці меў няверную жонку?
Ці твае дзеці цябе забылі,
што зьбег ты ў цемру-старонку?
Што ж нас пад нягоды адных падставіў,
а сам схаваўся у цішы?
Маці і жонцы сэрца скрывавіў,
сёстраў, братоў засмуціўшы?
«Зьнікнуў, – на покліч ценяў продкаў…»
Зьнікнуў, – на покліч ценяў продкаў –
на ўсход, у вечнасьці дзьверы,
атруту шлючы ў стрэлах на ёдкаў,
піць алус з бацькамі згодна.
паляваць свабодна зьвера,
На стос у агонь – кіпець рысіны,
пазур ястраба й арліны,
імі залезеш на хрыбет сіні
у пазахмар’е зь цясьніны –
ва ўлонне ўдзячнай айчыны.
«Бачым, дух на ўсход зьлятае…»
Бачым, дух на ўсход зьлятае,
конь пад ім гняды,
зброя срэбраная зьзяе,
шолам залаты,
шолам залаты,
Скача, гоніць,– духа кліча
гладкі ў небе шлях,
тры трымае зоркі-зьнічы
дух той у руках,
дух той у руках.
На плячы у духа сокал,
мчыць сабака сьлед усьлед,
цэлы гурт сяброў навокал,
мчаць ва ўсходні сьвет,
мчаць ва ўсходні сьвет.
Цені продкаў цугам рынуць,
бляск на ўвесь абшар,
і лятуць, і ў бляску гінуць
зоркі ў сяйве хмар,
зоркі ў сяйве хмар.
«Не плачце па ім…»
Плакаць ня трэба, там край свабоды,
там нашых продкаў сьвет,
Хор: там нашых продкаў сьвет,
там вечна дужы, юны заўсёды
зь неперажыўных лет,
Хор: сваіх непражытых лет,
бо ляхаў там няма,
Хор: бо ляхаў там няма.
Немец і рускі там не зачэпяць,
ён там сярод сваіх. Там сярод сваіх.
Хор: Ён будзе – сярод сваіх ён там,
ён будзе – сярод сваіх ён там.
Зь ценямі продкаў і з кункетамі
ёдкаў там будзе гнаць,
Хор: ёдкаў там будзе гнаць
будзе мець дзікіх звяроў стадамі,
тысячы стрэл пускаць.
Хор: тысячы стрэл пускаць!
Будзе піць алус рогам зубрыным,
будзе злых духаў біць,
Хор: будзе злых духаў біць!
сядзе на учту за стол з багамі
і будзе есьць і піць,
Хор: Гэй! будзе страляць там, есьць і піць!
Гэй! будзе страляць там, есьць і піць!
«Вось дух ягоны на Анафель пнецца…»
Вось дух ягоны на Анафель пнецца,
арлінымі кіпцямі лезе ў высі,
па коўзкай дарозе на лапах рысьсіх,
конь фыркае, ржэ, трасецца.
Дарэмна Віжун віжуе зь пячоры,
рыцара сочыць, ашчэрыўшы пашчу,
дзівіцца ўгору, ня бачыць пачвары,
і уцякае лядашчы.
Вось ужо ўзьлез, за ім псы і дрыганты,
і ляціць сокал, і сьвецяца зоркі,
і цуг ценяў за імі цягнецца дрогкі,–
пад вечныя мкнуцца шаты,
пад вечныя мкнуцца шаты,
вечныя шаты.
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=123 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»
Для друку / Васіль Сёмуха