Трыялеты ў Вільні
1
Ах, замнога невыгоды
ў сэрца беднаму падпаску!
Абаім нам колькі шкоды
можа быць з той невыгоды:
воўк не церпіць загароды,
а пастушка ставіць пастку.
Ах, замнога невыгоды
ў сэрца беднаму падпаску!
2
Толькі ўбачу я Цэліну --
сэрца ў полымі патоне,
соладка ў тую хвіліну,
што даруе лёс Цэліну,
я кахаю, сум пакінуў.
Шчасны, бы кародь на троне!
Толькі ўбачу я Цэліну --
сэрца ў полымі патоне!
3
Дык няўжо прыйшло каханне,
што збянтэжана нямею,
як красуня побач стане. --
Можа, ўсё-такі каханне?
Без яе -- адно ўздыханне,
ад чакання ажно млею;
дык няўжо прыйшло каханне,
што збянтэжана нямею?
4
Дай спакою мне, дзяўчына,--
ліха будзе што са мною;
страх люблю як беспрычына--
дай спакою мне, дзяўчына:
пакахай мяне больш чынна,--
сам сябе ж не супакою;
дай спакою мне мне, дзяўчына,--
ліха будзе што са мною.
5
Лётай, мятлік, лётай, пчолка,
пекнасць бачыць, слодыч красці,
лётай з ружы да фіёлка,
лётай, мятлік, лётай пчолка --
вам удзячнай будзе зёлка;
мне б ля Зосі не прапасці,
яна -- ружа, я ёй – пчолка,
прагну ў пекнай слодыч красці...
6
Ізабэлька, ты мне люба,
а пабачу – жах! трывога:
мужнасць дзе мая, дзе згуба?
Хоць ты, золатка, мне люба,
бачыць мілку – сэрцу згуба,
а не бачыць – мне нязмога,
хоць ты, золатка, мне люба,
а пабачу – жах! трывога.
7
Асцярожней ладзь са мною,
далібог, я пакахаю!
Са сваёю мілатою
асцярожней ладзь са мною.
бо не мецьму я спакою,
як што цяжкі клопат маю:
асцярожней ладзь са мною,
далібог, што пакахаю!
8
Як калі я не з каханкай,
непрыемна мне і гідка:
смутна ўвечары і ранкам,
як калі я не з каханкай.
Кветкі, флейта – не цацанка,
што любіў, цяпер мне брыдка,
як калі я не з каханкай, --
непрыемна мне і гідка.
9
Як каханку зноўку ўбачу,
ўсё прыемным падаецца,
Я спяваю, граю, таньчу,
як каханку зноўку ўбачу.
Гай гамоніць, луг смяецца,
сам вясёлы я, хоць плачу;
як каханку зноўку ўбачу,
ўсё прыемным падаецца.
10
Ты ва ўдзячнасці -- маліна,
песня, ягадка, лагодка,
ў лесе, ў градах мне адзіна
ты ва ўдзячнасці -- маліна;
Зося, ты з дзяўчат адзіна
добра дзякуеш, салодка,--
Ты ва ўдзячнасці -- маліна,
песня, ягадка, лагодка.
11
Хто жыве табе паддана,
той тваім быць вязьнем прагне,
хоць быць вольным пажадана,
хто з табой, – жыве паддана.
Саладзейшага тырана
ён не знойдзе ў мілай багне,
Хто жыве табе паддана,
той тваім быць вязьнем прагне.
12
Ах, каму вяночак шлюбны
ты пляцеш з лілей, з чабору?
Шчасны твой абранец любы.
Ах, каму вяночак шлюбны
ў самы раз і сама ўпору,
пад румянец, слёзы, губы?
Той, каму вяночак шлюбны
ты пляцеш з лілей, з чабору.
13
Хто кахае, той не траціць,
нам кахання грэх баяцца,
што за горыч мёдам плаціць;
хто кахае, той не траціць.
Найпякнейшай можаш стаці,
будзеш вартая пабрацца.
Хто кахае, той не траціць,
нам кахання грэх баяцца.
14
Матылёк жа -- не каханне,
пырхаць з краскі каб на краску --
з кожнай кветкі яму – данне...
матылёк бо – не каханне:
хто тваёю кветкай стане,
мецьме ўзятак, мецьме й ласку,--
матылёк жа не каханне,
пырхаць з краскі каб на краску.
15
Пацалункі вусны ў вусны
называеш ты сваволяй?
З пустаслоўя і распусты
пачынаецца сваволя;
не баляць яны тым болей,
хіба розняцца ў нас густы.
Пацалуй мяне у вусны, --
рай, скажу, а не сваволя!
16
Глянуў хто на Фэлін вобраз,
той ужо паклонца ў свіце:
ціск бо ў сэрцы, дрогкі голас.
Глянуў хто на Фэлін вобраз,
надзіць што і маніць штораз,
непаўторна вабны ў спрыце, --
глянуў хто на Фэлін вобраз,
той больш не паклонца ў свіце.
17
Дзеўча, ў сэрцы чэзне ціша,
блытаеш мае ты мыслі,
вабны чар твой лёс мой піша:
ты на вуснах, ты на мыслі,
на табе ўсе сны завіслі.
мне у іх твой вобраз дыша.
дзеўча, ў сэрцы чэзне ціша,
блытаеш мае ты мыслі.
18
Ах, на жаль, я многа трачу
без цябе, мая дзяўчына,
праз вясельную няўдачу,
ах, на жаль, я многа трачу.
Колькі жалю, колькі плачу --
трачу шчасце беспрычынна,
ах, на жаль, я многа трачу
без цябе, мая дзяўчына.
19
Колькі тых гадоў ні маю,
не забуду кракавянак
бо каханне прадпрымаю,
колькі тых гадоў ні маю.
Жару сэрца не стрымаю,
я ж не сябар, а каханак;
колькі тых гадоў ні маю,
не забуду кракавянак.
20
Восень хмурыцца, як ліха,
птушкі паляцелі з гаю,
лісце жухне ўжо, і ціха
восень хмурыцца, як ліха.
Марна ўцехі я шукаю,
без Анэлькі цяжка дыхаць,
восень хмурыцца, як ліха,
птушкі паляцелі з гаю.
21
Хто кахае, мала траціць,
толькі розум, злагадзь сэрца,
слодычам каханне плаціць,
хто кахае, мала траціць.
Тых любоў стакроць багаціць,
у каго пасаг збярэцца;
хто кахае, мала траціць,
толькі розум, злагадзь сэрца.
22
Сонца зойдзе, сонца знікне, --
больш не будзе мне світання;
толькі Фэлі нас пакіне,
сонца зойдзе і панікне!
А у сэрцы ноч застыне --
жальба, слёзы і ўздыханне;
сонца зойдзе, сонца знікне, --
больш не будзе мне світання.
23
Не журыся па пташыне,
птушкі гінуць рана, Зося.
Маладосць і век наш стыне,
не журыся ж па пташыне,
што на жаль так рана гіне. --
Хараство каб не звялося,
не журыся па пташыне,
птушкі ж гінуць рана, Зося.
24
Паасобку Творца дзеліць
мілату, даброці, цноты,
гэтай -- хібы, той – шчадроты,
паасобна Творца дзеліць.
Так і я лічыў, аж потым
ўсё знайшоў у мілай Фэлі –
паасобку Творца дзеліць
мілату, даброць і цноты.
25
Фэлі вышай за сялянак,
мілатой за ласку дорыць,
нібы сонца ясніць ранак,
Фэлі лепей за сялянак;
ружа кветкам не падпанак,
месяц зоркам ясна зорыць,
Фэлі вышай за сялянак,
мілатой за ласку дорыць.
26
Стаць багаццю пазалотай,
шлях прабіць сабе да славы,
ззяць навукаю і цнотай
я і сам магу з ахвотай.
Ты, дзяўчо, агнём чуллівым
распаліла жар пяшчоты,
што ні жыць, ні быць шчаслівым
сам сабе не дам управы.
27
Як цябе не бачыў, Зулька,
сум насіў я ў сэрцы й шалы,
безуцешна жыў і мулка,
як цябе не бачыў, Зулька.
Сёння ж губ тваіх каралы
зноў убачыў – зноў я жвавы,
як цябе убачыў, Зулька,
радасць выцесніла шалы.
28
Ты дала сваё мне сэрца,
каб тваё было са мною
аддаю табе, што маю,
бо свайго ўжо не пазнаю.
Ты дала сваё мне сэрца;
я цяпер табе вяртаю
два адразу, што са мною,
дзе тваё, больш не пазнаю.
29
У жыцці мы раз кахаем,
шчыра, наўзаем, аддана,
бо двух сэрцаў мы не маем,
шчыра толькі раз кахаем.
Забаронаў не трывае,
хто кахае апантана,
у жыцці мы раз кахаем
шчыра, наўзаем, аддана.
30
Мне, дзяўчо, маё дай сэрца,
ці сваё аддай за тое,
ў іскры бо агонь вядзецца,
мне, дзяўчо, маё дай сэрца.
Здрадзіць можа паняверца;
маючы ў сабе чужое.
Мне ж, дзяўчо, маё дай сэрца,
ці сваё аддай за тое.
31
Прысягаў перад абразам
не кахаць, і з гэтым крэсам,
зноў кахаю адным разам,
хоць стаяў перад абразам.
Сэрца сталася жалезам,
а тваё магніт за часам,
зноў кахаю адным разам. --
А бадай яно з тым крэсам!...
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=122 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Трыялеты ў Вільні
Для друку / Васіль Сёмуха