Літаратура.org » Васіль Сёмуха » Аляксандр Чакс, Паэма пра фурмана і іншае

Паэма пра фурмана і іншае

Аляксандр Чакс — Латыская — Васіль Сёмуха

      Паэма пра фурмана


                 Уступ


Сьцелецца восень лiсьцем на вулкi,

Ранiцай лёд серабрыцца з лужын,

Кветкамi больш не гандлююць бабулькi –

Клопат асеньнi – сьцюжы!

 

Восень сноўдаецца па лiсьцi.

Я – ацяжэлы, я ў слоце,

Нават  арэх не магу разгрызьцi –

Ядраны, коўзаецца ў роце.

 

Гадзiнамi ў кубачак кавы тыцкаю зiркi,

Рады, што болей не набрыдаецца заедзь,

Мацаю вокам клубы ў касiркi

 I хмары, якiя клубамi па небе валяць.

 

Часам чуецца музыка з рэстарана,

Ледзь-ледзь патыхае прадажнымi панькамi.

Але яшчэ вельмi рана,

Яшчэ можна панянькацца з думкамi даўнiмi.

 

Iншым разам – махнуў бы на танцы,

Скруцiў бы факстроцiк з кухаркаю ў пары.

Што рабiць, куды дзецца-падацца –

Калi ў Югле брудам захарканы тратуары?

 

Мроiць? Наеўся я мрояў па горла

У каморцы душнай, нядэшлай –

Вантробiна мроямi ўся прагоркла,

Змарылiся, просячы есьцi, падэшвы.

 

Годзе зь мяне. Каўнер пальтугана

Высока наставiўшы плотам,

На прадмесьце з кавярнi паганай

Шыбую ад гэтых вокан.

 

Еду бадзяцца па цiхiх завулках,

Дзе так патыхае гноем шыкоўна.

Захочаца есьцi, куплю сабе булку

У лаўцы маленькай, нiбы шпакоўня.

 

З чужога загончыка выскубну морквы,

Як што ня зьмецiць мяне гаспадынька,

А вечарам выйду паслухаць, прымоўклы,

Як фурман на балалайцы брынькае.

 

Лiсьце, прызоленае першым марозiкам,

Падае з дрэваў на вулiцу сьлёзкамi.

Са стайнi праз шчылiну ў парозе

Да зорак выпырхвае цяпло конскае.

 

I песьня складацца пачне пра фацэта,

Шукальнiка долечкі лепшай;

А можа, шпурляць камянямi, на гэта

Ого – я заўсёды першы!.

 

Пра  вазака-фацэта: змалку ён свіньні пасьвiў

У Латгалii, дзе лясы i азёры ў дрымоце бухматай,

Выпер пад бэльку, голас прарэзаўся ў басе –

Хоч-ня-хоч, разьвiтвайся з бацькавай хатай.

 

У горад махнуў дзяцюк, наiўна-разьзяўлены,

Гаварыў па-латыску – чорт сэнсу ня ўмацае.

Уплiшчыўся на басака ў шырокiя халявiны

I гайда – у балаголы наймацца.

 

Цяпер апазнай – на лобе касмыль напамажаны,

Замест касавароткi манiшка з гальштукам модным.

Па нядзелях у Шрэйнбуша лыкае піва з выглядам важным,

Вечарам цiскае ў Верменскiм парку пакаёвак галодных.

 

 

            1

 

Аўто,

усім падавай аўто.

У бензiнным смуродзе, гарачым,

грай варанячы

хмарай пад неба,–

каму гэта, братачка, трэба?

Чаму з паэтаў не пратэстуе нiхто?

 

Вечарамі,

у жанчын,

нiбы жалеза, ўбіваючы вочы,

на Елгаўскую шашу вышастваю

са змроку

я, паэзii маэстра,

у фраку,

у пятлiцы з белаю астраю.

 

Цылiндар набакiр, мне гэта прывычна,

чаравiкам вострым па броўцы панэлi паляскваю,

як змоўшчык Жора Борман,

умоўлены знак,

крычу два словы зычна:

 

– Гэй,  вазак!

 

Да мяне йдзе вазак вальяжна, са смакам,

у лiўрэi з доктарскай палярынай, развалiста, млява,

яго брычка зiхцiць агнём чорнага лаку –

аслупянелi хлапчукi-разьзявы:

– О-о-о... Фурмана Чаку?!..

Ага!

Папаезьдзiў i я, пачапiўшыся на рысоры,

цяпер больш вазак не апярэжа пужкай.

У класным гуморы,

як пан, я раскiнуўся на жаўтлявым плюшы!

 

З шыкам пад'еду да самай панэлi.

Фыркнуў конiк, стаў, як перад светафорам,

Чырвонай паперай лiхтар абклеены.

– Куды Ваша? – У піўнуху, у горад...

 

А мог бы скумекаць: куды едзе Чак i чаму

З кашальком пузатым, па модзе.

Вядома, ў карчму, а нягож, у карчму,

Дзе п'юць i дзе б'юць па мордзе!

 

Людзi па вулiцах ходзяць, езьдзяць трамваем.

Лаўлю я пагляды, хлапечыя крыкi,

Нага на нагу сяджу,

Горда "трам-трам" напяваю

I ў Рыгу Старую ўязджаю, як Пётр Вялiкi.

 

Стыла дамы куксяцца ў цесных завулках,

Льснiцца асфальт ад туману, як змазаны салам,

Добра нагам хадзiць тут, нi сьлiзка, нi мулка,

З сябрам якiм – правiнцыяльным чангалам.

 

Бы хiб япручыны, брук  шырокi i гладкi,

Сьцёкi – вузейшыя торбiны валачобнай,

Зь люкаў разьзяўленых тхне смурод гадкi.

Рысьсю ня езьдзяць тут нават з п'янкi карчомнай.

 

Цiхама,

Старажытнасьць шануючы, пхнуцца

Кабыле няма як, няма

Як да сьвежай травiцы на ўзбоччы дапнуцца.

 

А на сьпiчастых дахах луской шабуршыць чарапiца,

У дамах, бы ў клазэтах, вузенькiя аконцы.

Цяжка вячэрняму сонцу ў iх ушчамiцца,

Еду i думаю: зiмна iм тут, вiдаць, бясконца!

 

I ў сiвым змрочышчы вулiц мне робiцца млосна,

Быццам я там на прадмесьцi сэрца забыў, як пантофлю.

Бачу, вазак мой матляецца грузна на козлах,

Нешта мармыча пад нос, а што – не ўшалоплю.

 

Ці пяе пра далёкі бацькоўскі хутар

У латгальскіх сырых, зялёных лясах?

Кожны рады свой колішні горкі смутак

Сэрцам згадваць пазней – так і вазак.

 

Ці запала ў сэрца з тых пор дзяўчына,

І вось ён – пачуцьцяў сваіх ня стрымаў?

Рады шчасью, адбітак якога ў маршчынах –

Вунь іх колькі на твары, а шчасьця няма.

 

Ах, ты шчасьце... чаму так, чаму так

Моцна б’ецца ў грудзях людскіх?

І чаму той боль, і чаму той смутак

Зьзяе зоркай, чаму не аціх?..

 

I прыгадваецца, як на санках калiсьцi езьдзiў,

Ёлачкi ў вокнах i цацкі, і сьвечкi...

А доленечкі –

Вiр мой басяцкi! Глынуў былыя прадмесьцi...

 

Дзынканьне бомаў i рып  хамутоў,

Масьленiца рассупонiлася па дварах.

Ах,

Усё адплыло.Толькi шчэрыцца злосна аўто.

 

Сьнег. Першы сьнег – зь пяском перамяшаны,

Як цукар з кавай.

У траскучы мароз тут не ўбачыш больш санак

Рыга ня Рыга, а нейкае чортава Цынандао!

 

Рыжскiх падлеткаў ня вабiць больш былая рысора,

Кожны ўжо трызнiць мазутам, шафёрам.

Як скора,

Сэрцам чую, час мой мiнуўся, як скора.

 

          2

 

Стукацяць капыты па бруку.

Са старажытных завулкаў

Нам зьзяе Калцю – залацiсты жар.

Тратуар

Пад ёю дымiцца вадкiм волавам.

У твар б'е бляск рэклам.

Хрыпата гаўкае аўто –

 

Нішто,

Гэта, братка, нiшто!

Далей, як жоўтая зьмяя, плазуе бульвар–

Пропадзь спакусаў, жывы тавар.

 

Бульвар Свабоды,

Парад-allez  лiп

Старажытных, вялiкiх капiталаў,

Дзе, пасекшы сотню свiных лычоў,

 

Мясьнік

Модным фраерам выплывае на шпацыр.

Ён шукае жанчыну,

Далiкатную, быццам страфа ў Шэлi,–

Бульвар Свабоды дзевак яму падверне,

Што з учарашняга дня ня елi.

 

Бульвар Свабоды

Можа

Ганарыцца сабою,

Бо як дзе ўжо свабода – дык тут!

 

Ах, свабода, свабода,

Калiсь мы чакалi цябе

Як чакае трамвая

Ускраiна гарадская.

Ёсьць свабода цяпер

З бульварам Свабоды ўдадатак,

Дзе свабодна

Разьнiк

Ператвараецца ў моднага фата,

I свабодна гандляр па звычцы

Мчыцца ў ролс-ройсе да ўскраiны,

I свабодна

Паэт

Ездзiць на брычцы.

 

Ведае цэлы сьвет:

Вазак – як рыхтык паэт.

Абодвух – на звод.

Зброд –

Нямаш iм месца на сьвеце.

 

Абодвух зьмяце самаход,

Як дворнiк венiкам сьмецьце.

Вясёлкавай фарбай

Укрылiся лужыны, як ёдам.

Прыродай

Бензiн завалодаў.

Бульварных лiп саладжавы водар

Хiба што ў вясковых красунь у вяночках.

 

На плошчы бачу– паліцэйская рожа:

Можа,

Скора там будзем сеяць пахучы гарошак!

У яго пацікавіцца? –

Дзе гэта тут вазакi ашываюцца?

 

– А, мой пане, прапашчая нацыя!

Шуруй туды, дзе станцыя,

Вунь на козлах зады-валуны над вазамi,

Плячыскi.

Зверху блiшчаць лiхтары – зазывалы,

Вось i ўсе вашы зыскi.

 

Ранiцай – зноў на козлы. Сонца зяхоча,

Дзюбаюць носам.

Лусту выме каторы, жуе або смокча

Папяросу.

 

Нездарма вазакi нашы славяцца мацюкамi,

Толькi шлюхi збрахацца спасобяцца з вазакамi.

 

Торбу накiне кабыле на морду, як працiвагаз.

Рэдка хто ў нас

Сядзе цяпер на калёсы...

 

           3

 

Час настае –

Замыкаецца склепчык апошнi,

Лiхтары ў лiстоце, як з хрызантэмамі кошыкi,

На лаўках парачкi цiснуцца шчыльненька –

Пара,

Не лiшне i нам каб якая дзе шчылiнка.

 

– Гэй, вазак, стой!–

Крычу:–

Зойдзем, дзюбнем па адной,–

На пару,

Ты i я...

Эх, маладая часiна мая!

 

За ручку сыходзiць вазак, як панок,

Дзверы – нагою! –I перад намi знаёмы шынок.

 

З вокан лiецца сьвятло

Тут п'янае кубло,

Усё тут пунсовае, як памада,

Пануе тут любоўнасьці аркестрада.

 

Тут лямпы, як манеты, усё падобна,

Прашпiртавана ўсё  i тытунём прасьмердла,

Усiх усупольнiла п'янка свiнаўтробна,

Тут банкетуе паразiт са сьмердам.

 

А за буфетам  са шпротамi i вiнегрэтам,

Гурочкамi, сьледзiкам, яб'ядзенцыяй,

Заваленым нажамi, вiдэльцамi,

Як егіпецкая мумія, як цэбар,

Як вiж-выведчык,

Стаiць, як цэрбер,

Буфетчык

I выскаляецца на ўсю храпу, зараза,

А госьцi з курвамi пад вiскi джаза...

 

Крычу яму:– Ану,

Каб слiзка елася, каўтну,

Гарэлiцы давай

Па першай налiвай –

Гарэ-элкi!

 

"Тут былi мы, тут пiлi мы,

Выпiвохi-пiлiгрымы.

Я падмазаўся да дзеўкi..."

 

А джаз,

А джаз,

Вялiкi цар музыкаў джаз,

У горле  сьцяў мае прыпеўкi.

Адставiўшы свой кантрабас,

Чарнявы музыканцiк рукi ў бокi:

 

– Ах, мiлы Аманула,

Тваё мурло заснула,

Куды табе у скокi...

Во скула!

 

Рукі ў бокі,

Ногі ў скокі,

П’ю фруктовыя сокі...

 

Пі!

 

Па зале пары топчуцца ў дзiкунскiм танцы,

Усё цясьней зьлiпаецца каскад фiгур.

Ужо са стана да варштата сьлiзгаюцца пальцы,

Ужо сплываюць потам хваляванне, юр.

 

Тут джаз ацiх. У зале люстраў бляск патух,

I толькi барабан трашчыць часьцей, часьцей,

Танцоры тут, вядома, ў цеснаце

Абцалавалi, абсмакталi п'яных шлюх.

 

Ды зноў сьвятло жаўтлявiцца у вокны,

Хрыпiць сьпявак, пацеюць люстры,

Пiжоны лыбяцца, пацепваюцца сьцёгны,

На тварах пустацвет распусты.

 

Мы з вазаком душу каля стойкi грэем.

За чаркай чарку куляем згары.

I тут жа – басяк з тварам Дарыяна Грэя,

I дзяцюк шырокі, як дзьверы, i п'яны стары.

 

Цыганка пагадаць руку прасіла,

А ёй гарэлкаю ў вочы – хлюп!

Ах, як дасьціпна! Жарт жалезны, сіла –

Рагоча люд!

 

Стары трудзяга – з п’яных пустабрэхаў,

Штовечар бо каўтае ў кабаку, –

На лаўку ўскочыў і напрастарэкаў

Гарачы сьпіч на скорую руку.

 

І засьпяваў, і песьню падхапілі

На п’яны голас дружна, – і пагас

У полымі жывым на гэтай хвілі

Кабацкіх гульбішчаў маэстра джаз.

 

А ля буфетнай стойкі мы гамонім

З тым Дарыянам Грэем і старым

Ды нахлістам за чаркай чарку гонім

І сэрца грэем, чорт яго дзяры!

 

Аж вось шафёр – увесь у скуры рыпучай –

Устае з-за стала, бокам-хiстам-наўскос

Падыходзiць да нас i, нахабна лiпучы,

Вазаку чарку тыц пад самусенькi нос.

 

Пi, пi, пi, стары!

Скора цябе зьвядуць.

Скора ты сам i твая кабыла

На мыла –

Цябе й тваё быдла зьвядуць.

 

Пі!

 

Вазаку як зарвала.

Мяне

апантала

лютасьць.

– Што ты тут мелеш?

I,

пусьцiўшы шафёра,

як чарку, пад столiк

у залу папёр

я,

на крэсла залез,

як мiтынговы прамоўца.

 

Гаркнуў:

– Маўчаць!

Дзяўгаць я не дазволю!

Я жадаю сказаць

слова

звонкае,

нiбы поўха,

пра сябра,

пра гэтага,

побач са мной,

пра таварыша ў долi,

пра вазака:

 

Грамадзяне,

братове,

рабочыя,

шлюхi, зладзеi!

Крайнi тэрмiн,

самы крайнi –

праехацца на калёсах,

пакуль пугу,

пралётку, лiўрэю

музэю

пад шкло

не здалi.

 

Крайнi тэрмiн,

пакуль на рагу

не прыбiлi

мэмарыяльную шыльду:

"Вазакова стаянка".

 

Грамадзяне, братове, рабочыя, сяляне...

 

Але афiцыянты

не далi сказаць

чалавеку:

груба

з крэсла,

звалаклі, сьцягнулі,

як старую анучу,

і за дзверы – шпургель!

з вазаком

турнулі.

 

          4

 

Зноў хвошча рыжскi вецер мокры,

Вада булькоча, пад нагамi сьлiзь,

Усё радзей падбрэхваюць маторы,

I камянiцы ўзносяцца ў пустую высь.

 

Цясьнiны вулiц перапоўнiў морак,

У садах i сквэрах дрэвы шалахцяць,

Над Горадам Старым шпiцы сабораў,

Як зданi ў белых вэлюмах, зiхцяць.

 

Ах матухна сiвая Рыга, Рыга,

Як ластаўка былiнку у жытло,

Нясеш ты сэрца з маiм лiхам,

З маёй любоўю i маiм цяплом!

 

Адгэтуль я ляцеў у марах шчасна,

Хацеў, як сьветач, ясьнiцца ў жыцьцi,

Ня дай, матуля, у шынках заўчасна,

Як па асфальце лужыне, сплысьцi.

 

Яшчэ хачу сказаць табе сам-насам

Я словы запаветныя свае,

Што кружацца ўва мне пяшчотным вальсам, –

Што сэрца птушкаю табе пяе.

 

Прабiла вежа Домская дванаццаць,

Звон задуменна льецца ў неба, ў ноч.

Душа палае. Чым цяпер заняцца?

– Вазак, вязi мяне... куды сам хоч!

 

– Мiлы голубе, няма й заводу

Тут дамоў вясёлых, тых забаў,

Так паны рашылi, на выгоду,–

Мне вазак панура адказаў.–

 

Быў жа час, калi ня твой шафёр

Мчаўся найхутчэй на пампаваных колах.

Жыў вазак – на скiбку мазаў здор

I хадзiў, як пан, задраўшы голаў!

 

Конь у кожнага пароднай масьцi,

Брычкi новыя – зiхоткi лак.

Таргавацца – сорамна, ўсё роўна як

Рабаваць альбо ў сляпога кiя ўкрасьцi.

 

Паставы ня гыркаў, як сабака:

"Асадзi, аджыласьць, каламаз!"

Памятаю, дзёгаць пахнуў, як табака,

Як сянцо ў капiцы,– во, быў час!

 

А зiмой! Наўкол нагурбавана,

Сьнег, як сырная дарога,– навылёт,

Афiцэрык сядзе поруч з паннай –

Ну, глядзi, не выпырхнi ў сумёт.

 

Мода ўзбаламуціла спакой

І студэнтаў колішнюю славу:

З гогатам, як гусі, талакой

Піва піць ня ездзяць у Ялгаву.

 

А цяпер аўтамабiльны рост –

Ты ж стаiш наводшыбе, як палец.

Патыкнецца часам падшыванец:

"Дзядзечка, прышый кабыле хвост!"

 

Век машын, век хуткасьцяў і трас

Захапіў усіх, стаў козырам юнацтва.

Больш імклівым робіца наш час,

Нам за ім на козлах век ня ўгнацца.

 

Наш заступца Крыстап чарнадрэўны

У музэй дапяў, пад саменькае шкло.

Пэўна, добра панству дапякло,

Тое ж будзе й нам, напэўна.

 

Так. Аджыласьці няма ўжо спасу!

Я кажу i плачу, бо сам вызнаў:

Зменаю бязьлiтаснага часу

Высьмеяна прахлая старызна.

 

Дай цябе на козлы падсаджу,

Годзе сэрца кроiць, добры дзед,

Едзь памалу, покуль я скажу

Колькi слоў журботных напасьлед.

 

Мiлы фурман,

донкiхоце вузкiх вулiц!

Я на жоўтых плюшаўках тваiх,

як дзiця

ў калысцы даўняй,

раскашую.

 

Ты

люляеш пяшчотна мяне,

нiбы вершык, завучаны змалку,

як легенда пра вулiцы Рыгi.

 

Мiлы мой вазачок,

ты – мой сум па былым,

ты – апошнi мой крык

пустырам i канюшням ускраiн,

і крык горада ты.

 

Яшчэ можаш правезьцi

пасьля пахавання,

калi выдыхаецца скруха,

як блiзкасьць чароўнай жанчыны.

 

Як гляджу я табе

у сiнiя плечы,

так i хочацца мне

на iх напiсаць

верш

на тваю магiлу,

мiлы рыцар калёс...

 

Аўто,

усім падавай аўто,

у бензiнным смуродзе гарачым

грай варанячы

хмарай пад неба.

Я не знаю, каму гэта трэба?

Чаму з паэтаў не пратэстуе нiхто?

 

Аў-то-о!!!

 

 

            Хараство беднасьці

 

Мая драгая,

ты на балях прыгожых,

а я

палохаю ў цёмных дварышчах прахожых.

 

Я скалеў,

я дзівосамі рознымі разбандзюраны,

быццам забіў я дванаццаць сабак

і акрыўся іх псінымі скурамі.

 

Мокры сьнежны тварог

абхляпаў вуліцы, дахі.

Я прынік да конскае храпы,

каб панюхаць аброчныя пахі.

 

Дарагая,

калі ты зь нечагась рада,

губы ў цябе вільготна памажаныя,

а я пакуль цешуся – кашляю

і лёгкімі грю табе сэрэнаду.

 

Дарагая,

там, пэўна, горача надта.

Хочаш,

сьняжынак табе нахапаю

і пашлю

замест дарунка з афіцыянтам?

 

Ты ўсьміхаешся.

Па-твойму, з логікай гэта ня мае згоды.

Ты ўсьміхаешся

і просіш марожнага для ахалоды.

 

І тады – о божа, о людзі!

О жудасьць!

Хутчэй жа выходзь, выходзь, не марудзі!

 

Я далоні растапыру

як на бруку пэрсыдзкі кілім,

дагары нагамі я стану на ім

і матылькоў сініх выпушчу вырай,

цыркавога слана ў аброці, –

толькі выходзь ты.

Бо ўжо я ўбачыў,

як падыходзіць

нейкі рыжы лядашчык

і схіляецца хітрым фацэтам.

– Скажыце,

куды вы едзеце летам?

 

Ах, чаму я ня ўдаўся ў маўра!

 

Тут якраз на падлёце

афіцыянцік  з марозівам –

у крышталі ружовым –амброзія! –

як жоўтая сьлязіна іхтыязаўра.

 

Ах, ты божа мой,

сэрца, чаго так трывожыш пранозліва?

 

Мары – гэта залатая лыжка,

каб за так наесьціся, на дурніцу,

і мне калі яшчэ такое прысьніцца:

праз муры, праз шыбы і праз адлегласьць

есьці з табою марожанае – прыемнасьць,

з табою марозівы, лёды –

верх асалоды.

 

Любая, ты чуеш маё дыханьне

над крышталёваю прахалодаю сподка?

Параходы

гушкаюцца ў акіяне,

а мяне крыху млосьціць хвароба марская,

прамянём у бок можа мне ўперціся зорка,

далёкая зорка, такая...

 

Ну, як наконт рыжага валакушы?

 

Ды каму трэба яго сто кілаграмаў тушы.

Мая драгая,

любая,

спакушальна-сьвятая,

без памяці любіць марозіва.

 

Сэрца,

чаго ты такое пранозлівае?

 

                Балада пра яблычны пах


Сквар.

Смурод ад газэт і бэнзыну.

Чарней за рызіну

Брудны з учора бульвар.

 

Нуда, як кашмар.

 

У небе блакіту – ані.

Іду і цалую

Падэшвамі мулю густую.

І хоць ты сэрца, як ноздры, заткні.

 

Аж во! прыгода –

Дзе стаяла падвода

Са сьвежым хлебам,

Дзе ад муру ідзе прахалода,

Дзе сонца спаўзае зь неба –

Дзе зьлізвае дажджавая рына

Леташнік прэлы і мошкі,

Стаіць – ня дзяўчо, ня дзяўчына –

Дзеўчанё – худзюткія ножкі.

 

У руках яна кошык трымае.

(Неба – моташнасьць душу вымае.)

Чырвоныя, налітыя, мокрыя

Яблыкі ўкладзены горкаю,

Пахнуць тонка – аж дух займае.

 

У вулічным брудзе, людской пацярусе

Пад бессаромны ляскат трамваяў,

Што ж гэта я застыў, як трусік,

Што  ж гэта я ня хапаю?

Альбо громам мяне аглушыла,

Альбо ў галаве апілкі,

Альбо я разьбіты, пакінуты,

Нібы старая машына?

 

Гэтую кругласьць пунсовую,

Што блішчыць на сонцы духмяна

Жоўтым, ружовым дурнап’янам,

Што ж гэта я па кішэнях ня соваю,

Каб пасьля ў падваротні дзесьці

Потайкам схрупаць іх, зьесьці?

 

Што ж гэта я?

 

Няўжо гэты пах

Так дзівосна, так мокра лагодзіць,

Так моцна ня собіць волі?

 

Не абыходзіць,

Калі я памру, пакінуўшы молі,

Поскудзі гэтай, лядашчыя шмоткі, транты,

Можа, заўтра, а можа, зараз,

Проста на тратуары,

Дзе вітрыны падміргваюць, нібы какоткі, франты.

Памру з папяроскаю ў руцэ,–

Сэрца аддаўшы рацэ...

Цяпер мне здаецца,

Быццам гадзюкамі я пакусаны,

Быццам у галаве шумяць усе акіяны,

Быццам брагі насёрбаўся я п’янючай:

Над сусьветам улада

Гэтай яблычнасьці пахучай.

І што мне цяпер

Да цёпла-мярзотлівага смуроду

Ад сьметнікаў, люкаў вадаправоду,

Ад чыгунных рашотак, тынку і цэглы

І каміноў,

Што ў неба ноздры нацэлілі?

 

На крук

Сваіх летуценьняў павешаны,

Раптам цягнуся да ліхтара –

Расінкі з шыбін на палец сабе нанізаць,

Каб усім, як ззяюць яны, –

Паказаць.

 

Грудзі расьсек даланёю,

Як птушку дастаў я сэрца,

Сонца,

Сонца дыханьнем падхукваю –

Каб золатам яму разагрэцца!

 

Пах.

Адкрыўся мне бег падзей запаветны.

Яблычны пах.

Ён мне абсяг

Сусьветны.

 

Пах,

Дзівосны яблычны пах,

Ты

Марам маім падстаўляеш крэсла,

Каб мары прыселі.

 

Прашу цябе:

Дайся, дайся мне ў рукі,

Мяккі, вільготны, як морак асеньні.

 

І калі я пайду да каханай,

На шчасьцейка нішкам

Цябе панясу пад манішкай, –

Каб палкасьць мая была акіянам.

 

Хай мною, як яблыкам, любая схоча напіцца.

Хай вып’е ўсяго.

А губы мае ад шчасьця таго

У сэрца папросяць ня біцца...

 

Пах,

Пах яблыкаў,

Сьвежых, крамяных, дзёрзкіх ранетаў...

І я раблюся прасторай,

Я раблюся сусьветам...

 

Яблычны пах.

 

            Франсуа Віён

    Расказ пра каханьне і дружбу

 

Дружа Франсуа! У цемры ночы

На вежы звон дванаццаць б’е гадзін;

На мосьце я, прагледзеўшы ўсе вочы,

Стаю, цябе чакаючы, адзін.

 

Прыйдзі хутчэй, вазьмі свой меч і кубак,

Табе паведаю сваю бяду.–

Вятрэц даносіць голас твой: – Галуба,

Ужо іду.

 

Б’е глуха тры, ў няпрогляднай пустэчы

Над галавою бездань. У руцэ

Заціснуўшы кульбаку, ля парэнчы

Стаю. Вада булькоча у рацэ.

 

І толькі што куранты адгучалі,

Узьнікла постаць зь немай чарнаты,

Нібы з паветра выявілі горы,–

І кубак зь ім, і меч.– Мой дружа, ты!

 

Як вугаль, чорны ўвесь, акрыты

Плашчом начным да ног, як тая здань,

І толькі паліць позіркам, нібыта

Наскрозь пранізвае твой твар і стан.

 

Наструнены, як хвост у дзікай кошкі,

Гатовы  на атаку, на адпор,

У кожным слове быў салодкі й горкі,

Далёкі й блізкі, як мігценьне зор.

 

Як салавей начны, язык хмяльны ягоны,

І сьмех, як сьмерч шалёны, ў ім гудзеў,

Як сьмерць, няўхільны быў ён і раптоўны,

Бо ні пачатку, ні канца ня меў.

 

Часьцінка сонца ён ці зь пекла зброднік?

Шумела кроў у ім, як вечны бор.

Ён кіраваўся розумам гасподнім,

А ў дзёрзкасьці яму за брата – чорт!

 

Стаіць. Усьмешкаю у страх мой меціць.

Рукою рэзка шаблю з похваў –зьзьзек! –

Канцом ляза стрыкнуўшы зь неба месяц,

Яго ў далоні напалам расьсек.

 

– Бяры і еж. Як дружбы палавіну

Прымі, на пабрацімства па крыві.

Чым паслужыць? За сябра шаблю выму,

І песьняй удружу тваёй любві! –

 

І зноў сьмяецца. Есьць кавалак, чутка

Чакаючы маіх таемных слоў.

Ды што зламаная раскажа дудка? –

Мне як язык раптоўна адняло.

 

Я ўнурана стаю, у горле прыкра.

Шпурляе ноч у прорву зорны гнеў.

Мой друг затоеным у сэрцы крыкам

Прарваўся раптам, грозна загрымеў.

 

– Калі б ня быў ты ворваньню такою,

Што згідзіць кату пэцкацца, – павер,

Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,

Цябе цяпер. –

 

Нагнуўся ён і, кубкам зачарпнуўшы,

Парослай бросьняю рачной вады,

У твар мне выплюхнуў смурод, – аж вушы

Ад сораму гараць і ад жуды.

 

– Хадзем, –сказаў, – я ведаю, што трэба:

Паказвай мне акно ў яе жытло, –

На неба ўзлезу, што там тое дрэва.

З тваёй адвагі выйдзе памяло.

 

Ты, бачу, слабаваты у каленках, –

Тым часам там яна адным-адна:

Я ня дазволю, каб твая паненка

Чакала марна да відна.

 

Давай мне вопратку. А нораў труса

Пакінь сабе. Мне толькі вобраз дай. –

І я пакорліва яму здаюся:

А гарам хай гарыць яно ўсё, хай!

 

А сьвет жыве ў сваім бясконцым сьненьні.

Імгненьні порстка мчацца самахоць.

Я ўвесь трымчу: на мост кладуцца цені,

Я ўсё аддам: свой гонар, дух і плоць.

 

Ідзём удвух. Удвух? – Якое двое,

Калі я ззаду – дужа слабкі цуг.

Няма нізваньня тут мяне, затое

Ступае з прагаю пакепнік-друг.

 

Акно каханай. Ён у змроку тоне.

Як пах, як бог, растаў у тым акне.

Час убівае мне хвіліны ў скроні.

У зайздрасьці гару, як на ражне.

 

Мне сьлепіць вочы бляск з акна каморкі –

Бо нават камень пад разцом – і ён

Высьпеўвае шчасьліва боль твой горкі,

І мне карціць, няўдальцу, да акон.

 

Чакаю. Што мне боль твой, камень! Млосна.

Што вечнасьць мне, калі і тут я – шлак.

Чакаю. Душна. Дыхаць невыносна.

Над галавою неба, як кулак.

 

Даволі! Хай няздара я, хай дурань,

Але ж цярпеньню ёсьць свая мяжа.

Я – ў дзьверы. Ні душы... Адно каптурык

На ложку, як апошні сьмех, ляжаў.

 

Куды ўцяклі? Маўчаць нямыя сьцены.

Яны сьмяюцца. Стогн. Адчай. І млосьць.

І раптам бачу зрокам чарадзейным,

Хто гаспадар тут, хто нязваны госьць!

 

Адкуль узяўся нож? Каптур дзявочы –

На сечку дробную. Я стрымгалоў

Кідаюся спытацца праўды ў вочы:

Куды ўцяклі? Нажу падайце кроў!

 

Лячу, і ўсё  ляціць. А ня ўцячэце!

Нішто! Не ўкрые іх ніякі змрок!

– Не стрыкай крапівой, калючы вецер,

Не зьвернеш ты мяне з дарогі ўбок!

 

Ага, карчма, над уваходам певень

Бляшаны. Тут яны. І я – ў карчму.

Яны! Хоць нож мой п’яны – але пэвен!

Дастаць да сэрца – ня бяда яму!

 

Калю імгненна, сьлепа, ненажэрна,

Як бык. Кароткі крык. Кароткі ўдар.

Ачуўся. Божа!.. Скура з жаху сшэрхла –

Забіты мною падае карчмар.

 

Як гэта так? Што мне рабіць? Хавацца?

Змахнуўшы кубкі, міскі са стала,

Пад ногі ўтрупянелым пагулянцам,

Крычыць насьмешнік едкі Франсуа:

 

– Калі б ня быў ты ворваньню такою,

Што згідзіць кату пэцкацца, – павер,

Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,

Цябе цяпер. –

 

Рагоча звонка. Любіць сьмех і кпіны.

Віно ракою, ім усё адно.

Што ім натоўп, яны яму ня вінны,

Яны шчасьлівыя і п’юць віно.

 

– Эй, прэч назад! Ня рушце! Стойце, слугі!

Паслухайце, вось так было: – крычыць, –

Я закалоў гаспадара, заслугі

Ягонай тут няма, ён ні пры чым!

 

На стол ускочыў, зброяй грозна бразнуў,

Натоўп зьнямеў, як быццам грымнуў гром.

З усьмешкай сонечнай: – Пусьціце блазна,

Калі ня хочаце ісьці за карчмаром! –

 

Натоўп раздаўся. Ногі падкасіла

Нянавісьць, ганьба, я ісьці ня мог.

Разьбіты сорамам, упаў бязь сілы

Туды, у цемру, за парог.

Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=112 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Паэма пра фурмана і іншае

Аляксандр Чакс — Латыская — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Васіль Сёмуха

Аляксандр Чакс
Аляксандр Чакс