Баль у Оперы
І
Сёньня ў Оперы угодкі.
Сам вялікі Архікратар
Баль дае на ўвесь тэатар;
Мыюць майтачкі какоткі,
Напракат хапаюць шмоткі;
Збоі, ціск па ўсёй сталіцы,
Процьма – войска і паліцыі,
Зьзяюць каскі кірасіраў,
Зьзяюць боты камандзіраў,
Коні ў мыле. Коні ржуць,
Мчаць машыны, каламуць,
На нагах усе агенты,
Патрыёты, канфідэнты –
Хваляваньне і нясьцерп!..
У цырульнях – вёрсты чэргаў,
Шал, ягла, вар’яцкі вэрхал,
У дзяўчат у лытках сьверб…
На афішы – Архікратар,
А на сходах мармуровых
Ляжыць ходнік пурпуровы,
Пальмы ў дзежачках абапал,
Сіплы шэф-арганізатар –
Не то фраер, не то вогір;
Клямкі зьзяюць шыкам-бляскам,
Бляск на лесе ўланскіх касак,
Шэф паліцыі, пан обер
Пахаджае – скрып ды скрып –
Туз улады! Кандзебобер!
Колькі форсу! Колькі торсу!
Колькі помпы! Езус Хры…!
Едуць футры, фракі, ворсы,
Глянцы, пранцы, шапаклякі,
Шпіцлі шныпараць (сабакі!)
У плашчах ля-Берберы!
Матам гне шафёр шафёру,
Шпік падміргвае філёру…
Праязджай! Знайшоў, дзе стаць!
Збочвай! Вырррва твая маць!
Пад’язджаюць гарнастаі
І брайтшванцы,
Барбаросы, оксэнштэрны
І браганцы,
Пад’язджаюць “б’юйкі”, “ройсы”,
“Шаўралеты”,
Стужкі, белыя манішкі
І штыблеты,
Паўнамоцныя бульдогі
І тэр’еры,
І бурбоны, і шыншылы,
Камергеры,
Геры, герынгі і дзьюкі,
Маркізеты,
Графы, вікінгі, лампасы,
Баранеты,
Генералы, адміралы,
Крэм-брунеты,
Абдзіралы, падціралы,
Па!
Слы!
А!
Слы!
Са!
Слоўе!
Уррра, панове!
Уррра, панове!
Уррра, панове!
Гардэроб – садома,
Ў люстрах бюсты, губкі –
Шчоўк-лясь-хрусь-хрась
Сумачкі і сумкі,
Нумаркі, шнуркі, шнуроўкі,
Каркі, плечыкі, галоўкі!
Лахудры!
Мызы ў пудры!,
Ў шмінцы – вусны!
Люстры ў люстры,
Бюсты ў бюсты,
Ў ложу (ў ложак?..) …у катору?..
Шпік падміргвае філёру…
Налева, направа, нале, напра,
Зайграла аркестра, ура, ура,
Аркестра зайграла! Якая ігра!
Рэзкі звон аркестры-кестры,
З чатырох эстрад-памостаў,
Шустры ў люстры бляск і экстра-
модны блюз, страката-хвостка
Нашалёствае чалеста,
Бляск! І воплескі! Ну, проста,
Грандыёзна, біс, маэстра!
Джаз, трах-бах, і з фурыёза
Дух смуродны туберозы
Пырсь у ноздры ад’ютантам
(Тэмп: шампань-шайтан-шантана).
І – ўхапіць, схапіць – утайне,
І наўме ім: дай мне! дай мне!
І – наўскач, і зірк – касьцетам,
Па паркетах піруэтам
Аж пад люстру, аж пад неба –
Сола! сола! малпа! не па..!
Бухнуў фотавыбух сьлепа!
Ў тайне лусту дай мне, дай мне,
На распусту хто тут крайні…
Тупат, рогат! – Рэж, маэстра,
гром аркестра, гром аркестра!..
ІІ
Астраномы ў трубы зь вежы
Цуды бачаць у бязьмежжы:
Малпы небасхіл абселі
І на зорнай каруселі
Завірылі крутаверць.
Круцяць кола задыяка,
А замест вядомых знакаў
Толькі малпы, толькі сьмердзь –
Сее псоту зброднік гэты
На прасторы, на планеты,
І абруч нябесных сфэраў
Закруціўся, як халера,
Фіглі-міглі, дыгі-дыгі,
Нібы з клетак з-па-за кратак
Поруць малпы зь неба хвігі,
Выстаўляючы азадак –
Вось вам смак нябесных знакаў!
Малпы ў коле задыяка!
І нячысты малпін зброд
Кліча ўсіх у карагод,
У распусны танец зорак, --
А няхай на вас паморак!
А няхай вас возьме чорт!
ІІІ
А на сцэне Сатанэла
Ловіць зоркі тамбурынам,
Тарантэла, тарантэла
З метэорным серпанцінам.
Сатанэла – кропля ртуці,
Сатанэла неба круціць,
Сатанэла – ў плямах пены,
Сатанэла – ў бляску круга,
Феерычна б’е са сцэны
Дрогкіх сьцёгнаў цэнтрыфуга!
…Шпіку шпік цішком на вуха:
“Сатырычна сьцеле шлюха!”
Падхапіў танцорку месяц
І са сцэны ў неба рынуў
Ды над плошчай куралесіць –
Зноў павіснуў тамбурынам.
А на сцэне – рай, забава,
Скокі, цмокі, пляскі, бляскі,
Хвост разьвеерыла пава
Агнямётам зор бенгальскіх;
Вось на сцэну ўбегла зграя
Парасячая, сьвіная,
Зь ёй пярэстая мацёра,
За мацёраю лычы,
Як пад швайкай квічучы, --
Чорт пабраў бы тых танцораў,
сутэнёраў,
пузацёраў!
Потым месяц на Таіці
І гітары на Гаіці
Арыёза Занудуці
Модненькія туцьці-фруцьці
І дуэтам Піт і Піці
Блазны хорам на канцэрце
Падпяваюць:
“Ай эм Піці
Ай эм Піт
Ай лаў ю Піці”—
Аж бяруць за скабы чэрці
бяруць чэрці
бяруць чэрці! –
“Бач, далі вар’яты фору! –
Шпік падміргвае філёру.
Сьцёгны ў сьцёгны з Апалонам,
Ледзь набэдрыкам прыкрыта,
Скача сучка з Вавілона,
Трасца б’е, як танец Віта.
Ўлез кентаўр на кентаўрыцу,
Вогір дыба даў і з конскай
Юрнай прагай вавілонскай
Ржэ куплеты кабыліцы.
Гурт сірэн казла Сілена
Дапасьлі ў вадзе басейна,
Абчапілі! Брава! брава!
Джаз раве, вішчыць шалава.
Целаў цьма у груду-цела
Утаўклася і ўпацела
Гучна, тлуста і крывава,
Брава! брава! брава! брава!
Гучна, тлуста і цялесна,
Мала! мала! цесна! цесна!
Па паверхах, пераходах
Расцугляным карагодам,
Пеклам, жарам, танцам п’яным,
Блудным, ёрным Левіяфанам,
Птэрадактылем, прыматам,
Архімалпаю крылатай,
Шампанканам, канканджазам
З громам, гвалтам, выхілясам
Ліхаманка кікіморд, --
Каб іх пекла, каб іх чорт
каб іх чорт
каб іх чорт!
ІV
У буфеце – штурхатня,
Сербатня і плямкатня,
Растакоўскі разусякі
Коўтае з Бурбонам флякі,
На талерцы ў донны Ганны
Вол ляжыць замардаваны,
Джавахадзэ, князь грузінскі,
Рве, грызе кавалак сьвінскі,
Шах каўказскі. Прынцы-сьвіньні
Хлешчуць ром з spiritum vini,
Схібіў шах, відэльцам тыцнуў
Вай! графіні Макабрыні
Ў дэкальтованую цыцку!
Кожны ласы да пачосткі
У тым шабасным віры:
Храбусьцяць храсткі і косткі,
Калатня каля ікры –
Той на нож, а той у лыжку
Як зарваў, хутчэй у кішку,
Губы мурзаюць і пыскі
Каля жрэ-ахвярнай міскі
З чорнай мазьзю асятровай.
Балыкі – сырцом у горла –
Бо карысна, бо здарова!
(“Смаката, тапчы да ўпору!”—
Шпік падміргвае філёру).
Чвэрцямірскі з Падгайданца
Вядзе столку шынкі ў танцы,
Эстэргазі, ў доску п’яны,
Костку вэнджаную смокча
І, пад бок усімі пханы,
Плясь на сподак донны Ганны
Проста ў соўс – буфет рагоча,
Сьмех – прэм’еры і бурбоны,
Сьмех – кухаркі і гарсоны,
Аж сьсінела патарочча.
Ноч да ранку сатанелі
Ўсе бліжэйшыя гатэлі:
Сексуальныя вясельлі –
“На хвіліначку, на пару”, --
Шпік падміргвае швейцару.
Што швейцару, ён – “пры дзеле”,
Хто пад сеткай, хто пад шалем,
На хвілінку, проста з балю
На мамэнцік, мімалётам,
Потым зноў на баль “з паўротэм”:
Ротмістр Рэўскі з міс Ленорай,
Оксэнштэрна з доннай Флорай,
З паннай Лорай Бора Шмэр
На хвілінку, на мамэнцік,
Бо чакае пан прэм’ер…
А каб вас пабралі чэрці
каб вас чэрці
каб вас чэрці,
У віры драсуюць чэрці
І хапаюць панства чэр..!
У начы вуркочуць “ройсы”,
Аксельбанты, гемаройсы,
І бульдогі, і тэр’еры,
Геры, мсье і камергеры,
Вікінгі і генералы,
Герынгі і адміралы,
Абдзіралава саслоўе,
Дэтэрдзінгі –
Ам!
Ба!
На!
Зда!
Роўе!
Раз!
Два!
Уррра, панове!
Брава, панове!
Мала, панове!
…Раз… Два… Біс, панове…
V
Б’е на ратушы другая,
Шпіцаль шпіцалю маргае
Ў гардэробе, ў бальнай зале,
І пад дахам, і ў падвале,
І пад сцэнай, і ў буфеце,
За кулісамі, ў клазэце,
Ў канцылярыі, ў канторы,
У курылцы, ў калідоры –
Ўсюды шныпараць філёры…
Каля вешалкі пяцёра
Штатных і прыват-філёраў:
Пасядзяць, замелюць слова,
Перакураць бесталкова,
Пройдуцца крыху з ахвоты
І гамоняць зноў пра боты.
Славікоўскі з трэцяй сьледчай
Кажа, што ямчэй у жоўтых:
“Чорны бот нагу калечыць,
Як халера паліць пяты,
А пад лакам -- богам кляты”.
Мацукевіч -- пад шарсьцянку
Шмаравацца любіць зранку,
Вакса -- шык, выгодна, звычна,
“Неяк нават элекстрычна”.
Шульц, каторы нумар восем,
Дужа хваліць бот шаўровы:
“Два гады без здыму носім,
Даў набойкі -- зноў як новы”.
Ваньчак, па мянушцы Бліндзя,
Хваліць ваксу фірмы “Індзія”,
Паглядзіць сабе, прысьвісьне:
Удзібідзібіндзя, удзібідзібіндзя,
Круман (сышчык): “Мне ня цісьне --
Ніз казьліны, верх кірзовы,
Ходзіш, носіш -- адмысловы;
Дай зацяжку, пане Бліндзя”. --
Удзібідзібіндзя, удзібідзібіндзя...
VІ
Тры на ратушы прабіла,
Ветрам поле астудзіла,
На дзянёк бярэцца золак,
Першы бляск і першы сполах,
Першы певень бярэ голас,
Зашапталіся бярозы,
Птушкі раньнія цвіркочуць,
Па гасьцінцы ўжо калёсы
Грукочуць,
Воз за возам -- едуць зь вёсак,
Людзі дрэмлюць у калёсах.
Вецер шэпча ў вербалозе,
Вецер шастае калосьсем,
Едуць дрындамі, вазамі --
На базары.
Абганяючы падводы,
Пруць машыны,
Пыл ружовы над шашою
Сьцелюць шыны.
Бабы босыя па сьцежках
Чарадою
Нясуць кошыкі зь вясковай
Смак-ядою.
Певень зноў закукарэкаў,
Другі, трэці,
І на поплаў статак быдла
Гоняць дзеці.
Па шашы раве машына
Грузавая,
На шнурку кароўка Лыска
Чыкільгае.
А вазы скрыпяць, хіляюцца
Набак з боку,
Людзі ў ложках прачынаюцца
На золку.
П’яны ў рове пры дарозе --
Дзіва нейкае,
Конь стрыножаны на пашы
Ігігікае.
Глуха вісьне на званіцы
Звон касьцельны,
Зёлкі ссохлыя пад крыжам --
Цэлы зельнік.
Дзядзька ў споднях шарачковых
Каля хаты
Мружыць вочы, барадзішча --
Як лапата.
А далей -- будынак школы
За дварамі,
Карта ў колерах з марамі
І з гарамі.
На вучэньне навабранцы --
Ўсе пры зброі:
“...за цябе плаціць гатовы
Хлопцы кроўю...”
Колы коцяцца, туркочуць
Да базара:
“...купім, хлопцы, сполкай дзеўку
Ці задарам...”
Козы мураўку скубаюць
На дзьве цыцкі,
Ў сінім дыме, ў сьветлым пыле
Дзень сталіцы.
Пырснуў плод зарой сьвітальнай,
Скрасіў землі,
А на люстры ў зале бальнай
Шпіцаль дрэмле.
VII
Па вуліцы Перамогі,
Па Ганьне, Жалезнай,
Па Сівай, па Сьвятой Тэклі,
Па Прароку Эздры,
Па Крымскай, Касьцельнай,
Па Гномах, па Дзевах,
Па Мышках, Адзіс-Абебскай,
Па Лукі з Блажэва,
Па вуліцы Сакавіцкай,
Па бульвары Місійным
Едзе картэж за горад
Асэнізацыйны.
Зь кельні ў сялянскім возе
Тоўстая панна выглядвае:
-- Катора гадзіна, пане гаўнавозе?
-- Пятая, пані курва, пятая!..
І вуліцамі пустымі
Едзе паненка возам,
Буркалы сьлепіць сонна,
Дыміць папяросай.
Бачыць дом цагляны,
Толькі змураваны,
Але ўжо заселены,
Хоць нетынкаваны.
У адным акне бутэлькі
З настоем вішнёвым,
За акном гуляе вецер
Шарыкам чырвоным.
На балконе вісіць заяц,
Голы, сьвежаваны,
Пад ім коні, людзі ходзяць
Дагары нагамі.
На другі балкон у споднім
Панок выйшаў нейкі,
Пазяхае сонна, ззаду
Зьвесіліся шлейкі.
З дыхты выразаны Чаплін
Над кінатэатрам,
Паліцэйскі педалюе,
Едзе тратуарам.
На разьбітай шыбе крамы
Мужчынскага раю “Лола”
Трапечацца шматок газеты:
Літары ІДЭОЛА...
Відна бляха з надпісам:
Галеньне 20 гр.
Стрыжэньне 40 гр.
Манікюр 60 гр.
Праляцела таксоўка,
Падскоквае на ямках,
Едзе пан мардаты
З вудай на рыбалку.
З вэнджарні -- куродыму
Сівыя космы...
Панна вырачыла бельмы,
Курыць папяросу.
VIII
Уночы -- толькі ў касах дарожных
Асьцярожна
Цурочкам
Заспана,
Апантана -- ў прытоне кожным,
У бардэлях -- палка, нястомна,
На дансінгах -- пенна і п’яна,
І шалёна -- ў дзённай раскошы
Шумуюць і пеняцца д’яблавы грошы.
З партманэтак, шуфляд, кішэняў
У кішэні, шуфляды, у партманэткі
За хлеб, за трамвай, за газеткі,
За лякарства, клазэты, служэньні,
У касы з кас
За воз і правозы
Зь мястэчка ў мястэчка,
З ваяводства ў ваяводства,
За малако, за газ,
За дровы, за квас.
З банкаў, кантор, крамак і кас,
Зь фірмаў, кіёскаў, яткаў, ларкоў
Ад кельнераў, лекараў, сутэнёраў і разьнікоў
І зноў разьнікам, дактарам, сутэнёрам, філёрам,
Сталярам, малярам, афіцэрам, шафёрам
За курсы, за стол, за цэглы, за боты,
Ад ксяндза да сьлесара, ад сьлесара да ксяндза,
Ад шаўца да краўца, ад краўца да шаўца,
І зноў
І зноў
І яшчэ раз
За білет, за нож, за ваду, за газ,
За зброю, гарчыцу, падкову, пратэкцыю,
За шлюб, за труну, за кулеш, за лекцыю,
За клей, за клямку, за ўсякую там халеру,
За гэтую вось пад рукамі паперу,
За чарніла, за гранкі, за друк,
За радыё, бомбу, за рыбу, за брук,
Паэту -- за дар, за імя, за творчы час,
Усім за ўсё ў кішэні, з пальцаў у пальцы
Манетаю дробнай, жмутом асігнацый,
Сьляпым лабірынтам, крутым калаўротам,
Хаосам кірункаў і паваротаў,
Кішаць, шамшурацца, паўзуць, як вошы,
У д’яблавым коле чарвівыя грошы.
Ад’ютанты пачынаў, учынкаў і дзеяў
Атакуюць Вэрдэн, атакуюць Пацееў,
На Суматру плывуць і на Яву
Па вуліцы Дзікай у памыйную яму.
Булка -- грош,
Вайна -- мільярд:
Трах!
Бах!
Згеж:
Асірыя.
“Моцны адзінствам,
Моцны воляй
Наш
Дух”:
ІДЭ
ОЛА.
Віецца Левіяфан залаты, як шалёны,
Распаўзаецца срэбранымі мышамі,
Распадаецца блохамі, блох більёны,
І грувасьцяцца вошы і блохі грашамі,
Серабрацца грошы і вошы ў сейфах замкнёных,
І зноў выпаўзаюць мышамі, вашамі з кішэні,
За намі, пад намі вунь зноў закішэлі,
Шалясьцяць, храбусьцяць, як сухая папера,
Ператвараюцца зноў у пачварнага зьвера,
Што па сёлах, па гарадах зь сябе плодзіцца,
Разьятрыцца ў гоне, распузіцца і акоціцца,
І, мільярдзеючы, рвецца ад д’ябла да чорта,
Ад чорта да д’ябла расплодам мышына-вашывым,
І цягнецца, шчэрыцца тым пранцаватым эскортам,
І скача, і плача канвой паршывы.
ІХ
Едуць зь вёскі фуры
Правізійныя,
У вёску едуць фуры
Асенізацыйныя,
Разьязджаюцца на заставах
Пад шлагбаўмам,
Як карэта шлюбная з катафалкам.
Едзе ў горад гародніна, кумпячына,
Едзе добры гной на поле,
Пачынае новы дзень айчына,
Каб здзяйсьняць задачы ўвогуле
І ў канкрэтна гістарычнай
Ролі.
Х
Разважаючы аб той ролі,
Газетчыкі борзда пісалі:
-- ідэола -- ідэола -- ідэола --
А танцораў у опернай зале
За гізунталы чэрці хапалі
чэрці хапалі
чэрці хапалі.
А ўжо людзі працоўныя ўсталі:
Рэзалі на бойнях быдла,
Карабіны выраблялі,
Выбіваалі зубы злыдням,
Інтарэсы прапівалі,
Чарапы крышылі, косьці,
Крыжавалі, расьпіналі
І на кол саджалі ў злосьці,
Грош да грошыка зьбіралі,
І банкноты друкавалі,
Друкавалі, друкавалі:
Прэч нягоды! Прэч няволя!
Ўзлёт угору! На прывольле!
Звоніць час, шалее сталь!
ідэола -- ідэола --
Эх, удаўся слаўны баль!
Ідэола -- ідэола --
Чынам! духам! верай! воляй!
Гэй, на бой! Зьнішчай нядолю!
Разам, разам -- моцы болей!
Справы! справы! Горда, горда!
Духу! духу! і -- па мордах,
І прыкладам, і чаргою
З кара
Бінаў!
Раз!
Два!
Уррра, панове!
Уррра, панове!
Раз! Два! Сола! Сола!
З паняй Цяткай граф Рамола!
Гоп! Тпру! На шкале падзеяў,
-- дзе я -- дзе я -- дзе я -- дзе я! --
Па краіне у друкарнях
Буйным кеглем ярка рдзее:
І Д Э О Л А І Д Э О Л А
Ідэола ідэалы
Лары фары лафірындзя
Удзібідзібіндзя, удзібідзібіндзя!
Дай мне! Дай мне! З Воляй Толя
Боршч ядуць, гарэлку квінцяць,
А машына круціць кола:
І Д Э О Л А І Д Э О Л А
мала мала сола сола
мала сола мала брава!
Кава з ромам, каньяк з кавай.
У кутку на антрэсолі
Дусік рэбры мне Віёле.
На бульварах ройна, цесна,
Весела гарлае прэса:
“Баль зь місійнна-дзейнай роляй!”
“Баль касьмічны ідэала”.
“Курр Сталічны! Курр падзейны!”
“Курр эпохі! Курр нядзельны!”
Ідэо-о за дзесяць гро-о-о!..
Баль стагодзьдзя! Катастро-о-!
“Выпуск экстра! Спецыяльны!”
Куралесіць шабас бальны!
ХІ
Мажа лісты друкарская сінька:
ІДЭ
ОЛА
“Колькі каштуе шынка?”
Бадзёрыя
Кадры
Чыннаму
Сэрцу
“Проша, на дзесяць грошаў перцу”
Меч
Крыж
Дух
Дзеяў
“Проша, на дзесяць грошаў клею”
Духу
Веку
Бадзёрыя
Кадры
“Проша, на дзесяць грошаў муштарды”
Фамільярная
Пава
Народаў
“Проша, на дзесяць грошаў мёду”
Адна
Толькі
Выгода
Выгод --
“Обер, яшчэ адну пляшку на лёд”
Тут -- бах! Шарах!
Вуліца апусьцела,
У браму цягнуць мёртвае цела.
Бах! Шарах! з-за дома, з-за рога
Падбілі кагосьці другога,
Бац! капытом у безгалоўе!
Конь
Ніцы
Многа!
Раз!
Два!
Раз!
Душым!
Уррра, панове!
Мала, панове!
Брава, панове!
Трах, бах, шарах!
Сонца ў калужы!
Труп у калужы!
Кроў у калужы!
І бразь джаз!
Ігра аркестра
З чатырох бакоў
З чатырох эстрадак-экстра
З чатырох бакоў
ІДЭ
ОЛА
Танцораў пабрала чарцячая шобла!
Во! глядзіце, глядзіце, сэнсацыя!
Брава, дырэкцыя! Брава адміністрацыя!
Вусенем гіпапатамападобным,
Спрутам велічы перадпатопнай
У залу ўпаўзае Грашаяшчар,
Танк залацісты, фарсісты прашчур,
Блошачыся, вошачыся ў грэху звальным,
Лезе на баль Князь Карнавальны!
Шпіцалі сьпераду, шпіцалі ззаду! --
Цмокаючы, едзе ў цэнтр параду,
Гадзіна лезе -- на гадзіне едзе банкір,
Голая, у панчохах, цыліндр набакір,
Пані з малёванымі кіпцюрамі,
Цабровае вымя на гэтай Пані,
Зялёны маноклік у воку,
Рэклама неонавая штокроку,
Шлягае шлягер: “Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?”
Плюхаецца ў густым мільённым патоку
Расправымененая К... Маць!
І раптам -- клакочучы, сьціжмай, сьціскам
Рынула зала зь віскам і піскам!
Пена зялёная пырскае з пыскаў,
Топча, ломіцца, іклы ўбівае,
Сьвішча нажамі, грызе, вырывае,
Юхаю золата мыецца, хлебча грошы --
Гэтыя мышы, гэтыя блохі, гэтыя вошы,
Смокча, жарэ, хто кавалкам, хто кусам,
Аж ад сьмеху раве Грандыёзнае Пуза,
Аж кіпіць і клякоча каштоўным металам
І адпаўзае далей, аплываючы салам,
І хлешча хвастом распусты і шалу
Найбольшае дзіва сталічнага Балю!
І напявае: “Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Расправымененая К... -- Маць!
К... -- Мець!
К... -- Браць!”
-- Як баль, дык баль! Маэстра, чваль!
Ану, чэрава, ўрэж сола!
О, ІДЭОЛ! О, ІДЭАЛ!
Малюсенькае, саладзюсенькае ІДЭОЛА!
І калі ўваліла presto
Металічны туш аркестра,
Ўсё паўскоквала на месца,
Нават шпіцаль дужа шустры
Не маргнуў філёру з люстры --
Як імгненным фота-бліцам,
Фота-ўспышкай, бляскам-шпрыцам,
Мігам чэрці ўсіх пабралі
ўсіх пабралі
ўсіх пабралі,
Ажно малпы з каруселі
Долу з рогату зляцелі.
1936
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=109 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Баль у Оперы
Для друку / Васіль Сёмуха