Літаратура.org » Васіль Сёмуха » Гайнрых фон Кляйст, Жабрачка з Лакарна

Жабрачка з Лакарна

Гайнрых фон Кляйст — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Ля падножжа Альпаў, пад Лакарна ў Верхняй Італіі, у аднаго маркіза, быў стары замак, які сёння, калі ісці з Сэн-Гатара, убачыш у запусцелых руінах, замак з высокімі і шырознымі пакоямі, у адным з якіх колісь на пасланай  саломе было дазволена пераначаваць старой нямоглай жанчыне, якая, жабруючы, апынулася перад брамай і была ўпушчана ўмілажаленай гаспадыняй дома. Маркіз жа той, вярнуўшыся з палявання, выпадкова  зайшоўшы ў пакой, дзе ён звычайна пакідаў сваю паляўнічую стрэльбу, абурана загадаў жанчыне падвесціся з кута, у якім яна ляжала, і перабрацца за печ. Жанчына, падвёўшыся з клюкай у руцэ, на гладкай падлозе пакаўзнулася і, упаўшы, вельмі небяспечна пашкодзіла сабе крыж; пашкодзіла так, што хоць і з неверагоднай цяжкасцю, але ўсё-такі ўстала, і, як тое і было ёй загадана, павалаклася цераз увесь пакой у запечак,  і там, са  стогнам і енкам, апусцілася і сканала.

А тады за кількома гадамі пазней, як што маркіз з прычыны вайны і непамыснага развіцця гасподы, увёўся ў сур’ёзныя маёмасныя клопаты, да яго акурат завітаў быў адзін фларэнційскі рыцар, якому, прыспакушанаму хараством таго замка, удала ўпісанага ў навакольную пейзажнасць, закарцела мусова купіць  яго. А маркізу  якраз шмат залежала ад такога гандлю, і ён папрасіў сваю жонку размясціць заезнага госця наверсе ў вышэйпамянёным, пуставалым прыгожа абстаўленым і абладжаным пакоі.  Але як жа ашаломнена была сямейная пара, калі сярод цёмнае ночы рыцар, разгублены і бледны, спусціўся да іх, усімі святымі шчыра божачыся, што ў тым пакоі завялася прымара, нешта такое вачам нябачнае, нешта такое, што шалясцела, як бы лежачы на саломе ў куце, потым яно ўстала і добра чутнымі крокамі, павольна і зняможана, патупала цераз увесь пакой, і ў запечку са стогнам і енкам павалілася.

Маркіз, перапалоханы, сам не ведаючы толкам чаму, з робленай развяселенасцю пасмяяўся з рыцара і сказаў, што вось адразу ўстае, і дзеля заспакаення госця, правядзе ноч разам з ім у тым пакоі. Але рыцар папрасіў ласкі дазволіць яму пераначаваць у фатэлі ў спальні гаспадароў, а калі настала раніца, асядлаў каня, адкланяўся і з’ехаў.

Гэтае здарэнне, якое спрычыніла неабыякі розгалас, вельмі непрыемным для маркіза чынам настрашыла многіх пакупцоў: такім чынам, як што сярод яго хатняй чэлядзі дзіўна і незразумела чаму распаўзліся чуткі, што нібыта ў верхнім пакоі апоўначнай гадзінай нешта такое  там немарасціцца, маркіз, каб самымі рашучымі захадамі адсекчы іх, пастанавіў сабе наступнай жа ночы даследаваць справу асабіста Згодна з гэтым ён, як толькі пачало брацца на сутонне, загадаў паставіць у згаданым пакоі ягоны ложак, а сам да той вашай паўночнасці чувацьме без сну. Але як жа ж ён быў скалануты, калі самаісна, як толькі прабіла гадзіна прымарскага патарочча, выразна пачуў няясны шэлест; шэлест, як калі б нейкі чалавек уставаў з падасланай пад яго саломы, валокся  цераз пакой і ўжо аж за печчу, уздыхнуўшы і  захрыпеўшы, паваліўся. Маркіза, раніцай, калі ён спусціўся, спыталася ў яго, як прайшло ягонае дасачэнне; і як што ён, знясмелена і бязрадна акідаўся вачыма вакол сябе і, толькі зачыніўшы дзверы на засаўку, запэўніў, што чуткі пра прымару чысцюткая праўда, дык перапалохалася і яна, як ніколі да таго за ўсё сваё жыццё, і папрасіла яго, перш чым ён справе дасць агалоску, збадаць яе яшчэ раз паўторна. У яе, жончынай прысутнасці, з халодным розумам усё даследаваць яшчэ раз. Але наступнай ночы яны, ужо гэтым разам нават з адным верным слугою, якога ўзялі з сабою дзеля большай пэўнасці, сапраўды чулі той няясны, прымарлівяы пярэшалест; і толькі праз пільную патрэбу і жаданне як мага хутчэй, чаго б там яно ні каштавала, збыць замак з рук,  яна змагла тую нахлынутую на яе жудасць прыглушыць у сабе ў прысутнасці слугі і накінуць здарэнню нейкую іншую нязначную і выпадковую прычыну. Увечары трэцяга дня, каб выйсці на сапраўдны след прыгоды, калі яны абое, дрыготка сцінаючыся сэрцам,  зноў падымаліся па лесвіцы да пакоя заезнага рыцара, да іх прытачыўся каля дзвярэй пакоя іхні спушчаны з ланцуга хатні сабака; такім спосабам абое, не даючыся сабе тлумачыць прычыну, але, мабыць, дзеля большай пэўнасці, у міжвольным намеры мець пры сабе апрача саміх сябе, яшчэ нешта трэцяе, жывое, узялі з сабою і сабаку. Сужэнская пара, два свяцільнікі на стале, нераздзетая маркіза, сам маркіз пры шпазе і пістолі, узятых ім з шафы, каля адзінаццатай гадзіны уселіся, кожнае на свой ложак, і пакуль яны, наколькі маглі, спрабавалі весці гутарку, сабака лёг, падабраўшы пад сябе лапы і галаву, пасярэдзіне пакоя і заснуў. Пасля, а самай поўначы, зноў-такі пачуўся агідны шэлест; нехта, каго не давалася змеціць людскому воку, падводзіўся, абапіраючыся на клюку, у кутку пакоя; пачуўся шэлест саломы; і з першым жа крокам: -- туп! туп! прахапіўся сабака,  насцярожна стрэліўшы вушамі, падняўся з падлогі і з вурчаннем і брэхам, як калі б да яго падыходзіў чалавек, пачаў адсоўвацца назад, да печы. У згледзеўшай гэтую праяву маркізы валасы папаўзлі ўгору, яна кінулася з пакоя і, пакуль маркіз, схапіўшы шпагу, крычаў: “Хто тут?”, а як што ніхто яму не адказваў,  як апантанец ашалелы, ва ўсе бакі тыкаў шпагай у пустое паветра, яна заклала экіпаж і рашуча, вокамгненна ад’ехала ў горад. Але да таго яшчэ, пакуль, похапкам збіраючы сякія-такія рэчы, перш чым даць ходу з брамы, яна ўбачыла, што замак з усіх бакоў ужо займаецца полымем. Гэта ж маркіз, развярэджаны жудасцю, схапіў свечку, і ёю, дзе толькі замак быў ашаляваны драўнінай, з усіх чатырох бакоў, сам стаміўшыся ад свайго жыцця, падпальваў. Марна пасылала маркіза людзей у палац ратаваць няшчаснага, ён ужо самым найгоднаснейшым чынам загінуў,-- вось і цяпер яшчэ, знесеныя землякамі ў адно  бялеюцца  косткі ягоных ног у куце  таго  пакоя, з якога ён колісь папрасіў падвесціся жабрачку з Лакарна.

 

Пад завяршэнне Піліпаўкі  пераклаў з нямецкай мовы Васіль Сёмуха, 2011

Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=108 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Жабрачка з Лакарна

Гайнрых фон Кляйст — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Васіль Сёмуха

Гайнрых фон Кляйст
Гайнрых фон Кляйст