Голэм
СОН
Месячнае святло падае на мой ложак, у ногі, і ляжыць там, як вялікі светлы пляскаты камень.
Калі поўня пачынае брацца на ўшчэрб і яе левы бок цямнее і блякне, як твар, уступаючы ў запалы свой век, калі на шчоках у яго спачатку прабягаюць маршчынкі, — у такія ночы мяне агортвае пакутлівая журботная маркота.
Я не сплю і не чуваю, і ў такой дрымоце ў душы маёй перажытае мяшаецца з прачытаным і чутым, як калі зліваюцца ручаі рознага колеру і празрыстасці.
Перш чым легчы, я пачытаў пра жыццё Будды Готамы, і ў галаве маёй на тысячы ладоў вар'іравалася фраза, зноў і зноў:
„Зляцела варона на камень, падобны на кавалак сала, і падумала: а ці няма тут чаго смачненькага? Але, не знайшоўшы там нічога смачненькага, адляцела варона. Так і мы, грэшнікі, як тая варона, прылятаем на камень і пакідаем аскета Готаму, калі трацім да яго сваё ўпадабанне”.
І вобраз каменя, падобнага на кавалак сала, вырастае ў маіх мазгах да нечагась пачварна-вялікага:
Я іду па высахлым рэчышчы і збіраю гладкія каменьчыкі, гальку.
Шэра-блакітны, з крапінкамі бліскучых пылінак камень, над якім я доўга думаю, кручу галаву, але так і не магу даць сабе рады — што з ім рабіць; а вось чорны, серніста-жоўты, плямаваты, як усё роўна дзіцячыя спробы намаляваць нязграбную плямістую саламандру.
Мне так і карціць шпурнуць як мага далей куды гэты камень, гэтую гальчыну, але кожнага разу камень выслізгвае з рукі, і вочы мае не паспяваюць утрымаць у сабе яго палёту.
І ўсе тыя камяні, што гралі хоць якую ролю ў маім жыцці, вось яны — выплываюць перад мною.
Адны няўклюдна спрабуюць выдзерціся з пяску на святло, як вялізныя, шыферна-сланцавыя ракі, ратуючыся ад хваляў прыліву, — яны так і назаляюцца вачам, так і хочуць расказаць мне нешта бясконца важнае.
Другія, стомленыя, знямогла падаюць назад у свае норы-гнёзды, ужо не рызыкуючы выспаведацца.
Часам я вынырваю з мораку гэтых паўсноў і нейкае імгненне зноў бачу месячнае святло на ўзбухлай у нагах коўдры, як вялікі светлы пляскаты камень, каб потым зноў звослепу хапацца і абмацвацца запаленай свядомасцю вакол сябе, ліхаманкава шукаючы той камень, які ўжо так змардаваў мяне, камень, так падобны на кавалак сала, а нябось жа — ужо хаваецца недзе ў сконе маіх успамінаў.
Калісьці каля яго напэўна ж павінна была выходзіць дажджавая рына, думаю сабе, сагнутая пад тупым вуглом, з паедзенымі ржою краямі, — і сілюся затрымаць у сабе гэтую карціну, каб ашукаць свае ўспалошаныя думкі, закалыхаць іх у сабе.
Не ўдаецца.
Зноў і зноў з дурной настырнасцю ў душы дудніць нейкі наравіста-капрызны голас, нястомна, як аканіцы, якімі вецер раўнамерна ляпае аб сцяну: не, зусім не так, гэта зусім не камень, падобны на кавалак сала.
І ніяк не агнацца ад гэтага голасу.
Калі я каторы ўжо, ці не соты, раз пярэчу, што ўсё гэта не проста так сабе, не дробязь, ён на кароткі час аціхае, а пасля — ну добра, добра, ну хай ужо, хай гэта ўжо і не той камень, падобны на кавалак сала, — упарта заводзіцца зноў...
Спакваля мяне забірае нясцерпнае пачуццё бездапаможнасці.
Не ведаю, як яно пайшло далей. Ці самахоць, з добрае волі, перастаў я супраціўляцца, а ці здаўся на волю сваіх думак.
Адно толькі ведаю, — маё заснулае цела ляжыць на ложку, а думкі аддзяліліся ад цела і больш ад яго не залежаць...
Хто ёсць цяпер „я”, хочацца раптам спытацца; але, спахапіўшыся, згадваю, што ў мяне больш няма голасу, органа, які мог бы спытацца; і мне робіцца страшна, я баюся, што дурны голас можа зноў прачнуцца, і зноў пачнецца бясконца нудная дапытка пра той камень, пра тое сала.
І я адварочваюся да сцяны.
ДЗЕНЬ
І вось раптам я ўжо стаю ў нейкім змрочным двары і праз чырванаватую арку брамы бачу — па той бок вузкай бруднай вуліцы — яўрэя-старызніка каля склепа. Над дзвярыма сцяна ўвешана ўсякім старым жалеззем — ламанымі прыладамі, паржавелымі страмёнамі, канькамі і безліччу рознага іншага мёртвага прычандалля.
Карціна гэтая патыхала жалю вартай аднастайнасцю, якая ляжала і на ўсім тым уражанні, якое дзень у дзень так ці інакш, як гандляр-разносчык, што пераступае парог нашага ўспрыняцця і разумення, не выклікала ўва мне ні цікаўнасці, ні здзіўлення.
Я зразумеў, што гэта маё асяроддзе, што тут я — дома.
Зрэшты, яно і такое, усведамленне маё, нягледзячы на яго супярэчлівасць з тым, што я ўсё-такі зусім нядаўна, як тут апынуўся, адчуў яго, не зрабіла на мяне аніякага ўплыву...
Я напэўна ж недзе пачуў альбо прачытаў пра дзіўнае параўнанне каменя з кавалкам сала, і вось раптам мне згадалася гэтая карціна, калі я падымаўся па стаптаных прыступках у сваю каморку і мімаходзь падумаў пра засаленасць і вышмулянасць каменных прыступкаў.
І тады ж пачуў нечыесь крокі на лесвіцы, нехта па ёй збягаў, і, ужо падышоўшы да сваіх дзвярэй, я згледзеў чатырнаццацігадовую рыжую Разіну, дачку старызніка Аарона Васэртрума.
Я мусіў прайсці міма яе, амаль зачапіўшы, а яна падалася спінай да парэнчаў, зазыўна адкінуўшыся назад.
Свае брудныя рукі яна паклала на жалезную перакладзіну — абаперціся, і я ўбачыў, як яе аголеныя па локаць рукі прасвечвалі з цьмянай гушчыні мораку. Я пазбягаў яе позірку.
Мяне гідзіла ад яе пажадлівай усмешкі і васковага твару, падобнага на морду карусельнай кабылкі.
Мабыць, у яе белае, брынялае цела, як у земнаводнай лічынкі-лярвы ахсалотла, той мексіканскай саламандры, якую я нядаўна бачыў у прадаўца птушак.
Вейкі ва ўсіх рыжых гідзілі мяне, як вейкі трусоў.
Я борздзенька адамкнуў дзверы і бразнуў імі за сабою. - - - -
З акна я ўбачў старызніка Аарона Васэртрума.
Ён прыпёрся да сцяны каля змрочнае аркі і шчыпчыкамі шчыкаў пазногці.
А рыжая Разіна хто яна яму — дачка, пляменніца? Аніякага ж падабенства.
Сярод яўрэйскіх твараў, якія дзень у дзень мазолілі мне вочы на Ганпасгасэ, я вельмі ясна адрозніваў розныя тыпы — калены народу Ізраіля, якія мала нівелююцца нават блізкай роднасцю асобных індывідаў, гэта ўсё адно, як калі змяшаць алей з вадою. Нельга сказаць: вось гэтыя двое браты альбо бацька і сын.
Той належыць да аднаго калена, той — да другога, вось і ўсё, што можна вычытаць з рысаў іхніх твараў.
Ну, бо і што б яно тое даказвала, калі б Разіна была — чысты старызнік!
Гэтыя калены пагарджаюць, грэбуюць адно адным, ненавідзяць адно адное, яны разбураюць нават цеснае сваяцтва, але разумеюць выдатна, што гэта трэба хаваць ад старонняга вока, як самую страшную і небяспечную таямніцу.
Ніхто ж аніводзін не дасца, каб у ім выгледзелі гэтую тайну, і ў такой сваёй аднадушнасці яны нагадваюць раз'едзеных злосцю сляпых, што ўчапіліся ў мокрую брудную анучыну: адзін — аберуч, другі — знехаця, адным пальцам, але абодва апантаныя прымхлівым страхам падупасці пагібелі, калі адмовяцца ад гэтага дурнога перацягвання і адстануць ад іншых.
Разіна з таго калена, рыжы тып якога яшчэ больш абрыдлівы, чым астатнія. Мужчыны гэтага тыпу — вузкагрудыя, з доўгімі гусінымі шыямі і вялікімі кадыкамі.
Мабыць, усё іхняе цела ўсыпана рыжым канапаццем, і ўсё сваё жыццё яны пераймаюцца ад вострых пакутаў размеранай пажадлівасці, гэтыя мужчыны, і ўпотай бясконца змагаюцца супроць пахацімскай жарсці, да смерці стурзаныя вечным страхам за сваё неацэннае здароўе.
Я ніяк не мог зразумець, як яшчэ можна было ўявіць сабе Разіну ў іншых стасунках са старызнікам Васэртрумам.
Я ж ніколі не бачыў Разіну паблізу старога, не заўважаў, каб яна калі перакінулася з ім хоць слоўцам.
Яна амаль не адлучалася з нашага двара альбо сноўдалася па цёмных закуцях і пад'ездах.
Несумненна, усе суседзі лічылі яе блізкай сваячкай альбо, прынамсі, выхаванкай Васэртрума, і ўсё ж я перакананы, што ніхто-аніхто не меў ніякіх падставаў на такія меркаванні.
Мне хацелася неяк атрэсціся ад настырных думак пра Разіну, і я зірнуў у адчыненае акно пакойчыка на Ганпасгасэ.
Нібы адчуўшы на сабе мой позірк, Васэртрум павярнуў твар і паглядзеў угору на мяне.
Гэты застылы, агідны, выродлівы твар з круглымі рыбінымі вачыма і хляпістай, рассечанай заечай губаю.
Ён здаваўся мне чалавекам-павуком, які адчувае самае далікатнае дакрананне да ягонай сеткі і робіць выгляд, што яму не абыходзіць.
З чаго ён жыў? Пра што думаў і што намышляў?
А каб жа я ведаў.
На верхнім краі над аркай брамы ў ягоную лаўку увесь час, дзень у дзень, год у год вісяць усё тыя ж самыя мёртвыя, нікому не патрэбныя, нічога не вартыя рэчы.
Я мог бы назваць іх усе, заплюшчыўшы вочы: тут і пагнутая бляшаная труба без клапанаў, і выцвілы каляровы абразок на паперы, дзе былі намаляваны салдаты ў нейкім неверагодным страі. І яшчэ гірлянда паржавелых астрогаў на гнілым скураным рэмені і ўсякая іншая струхлелая нікомунепатрэбшчына. - - - -
А наперадзе на зямлі, адзін на адзін складзеныя так, каб ніхто не мог пераступіць парог падвала, рад металічных кружкоў з фаерак...
Усіх гэтых рэчаў ніколі не большала, ніколі не меншала, і калі часам які прахожы спыняўся і спрабаваў да сяго-таго прыцаніцца, старызнік западаў у вялікае хваляванне.
Нейкім неверагодна жудасным чынам ён закапыльваў заечую губу і раздражнёна пырскаў нешта незразумелае гарлавым булькатліва-заіклівым басам, аж у пакупца адпадала ўсякая ахвота перапытваць, і ён, агаломшаны, ішоў сваё дарогай.
Аарон Васэртрум імгненна адвёў вочы і цяпер пільна-цікаўна разглядваў голы мур суседняга дома, які шчыльна прыцёрся да майго акна.
Што ён там мог убачыць?
Дом жа выходзіў на Ганпасгасэ задняй сцяной, а яго вокны выходзілі на двор! Толькі адно глядзела на вуліцу.
Выпадкова ў памяшканне на верхнім паверсе, як і мой пакой — думаю, гэта было памяшканне вуглавой студыі, — акурат у гэты момант нехта ўвайшоў, бо за сцяною я раптам пачуў галасы мужчыны і жанчыны.
Але неверагодна, каб старызнік мог пачуць іх знізу!..
За маімі дзвярмі нешта заварушылася, і я здагадаўся, што гэта была Разіна, якая стаяла там звонку ў змроку і прагна чакала, што, можа-такі, я яе ўпушчу.
А на паўпаверха ніжэй на лесвіцы, затаіўшы дыханне, васпаваты падлетак Лойза цікуе, ужо ці не адчыню я дзвярэй. Я літаральна чую ягонае дыханне, поўнае нянавісці і расшумаванай жарсці.
Ён баіцца падысці бліжэй, каб Разіна не згледзела яго. Ведае, што залежыць ад яе, як згаладалы воўк ад вартаўніка, але ж самае лепшае цяпер яму ўзяць бы дый кінуцца на злом галавы, узяць бы дый папусціць нарэшце лейцы свайму шалу! - - - -
Я сеў за свой рабочы стол, дастаў пінцэты і гравіравальныя штыхелі.
Але праца не пайшда, руцэ не хапала цвёрдасці і спакою, каб справіцца з далікатнасцямі японскай гравюры.
Шэрае, змрочнае жыццё ўсіх у гэтым доме не дае спакою ні духу ні сэрцу, і перад мною ўвесь час паўстаюць карціны мінулага.
Блізнюкі Лойза і Ярамір былі старэйшыя за Разіну, але не больш чым на год.
Не дужа каб добра я памятаў іхняга бацьку, пекара мацы, цяпер за імі прыглядвае, здаецца, нейкая жанчына.
Я толькі не ведаў, як яна выглядае сярод усіх, што жывуць тут, пазашываўшыся, як краты, кожнае ў свой заканурак.
Яна прыглядвае за гэтымі хлопцамі, інакш кажучы, — дае ім дах над галавою, за гэта яны мусяць аддаваць ёй усё, што дзе-колечы каторы ўкрадзе ці нажабруе...
Ці корміць яна іх? Хто ж яе там ведае, але наўрад ці, бо самая вяртаецца дахаты вельмі позна. Кажуць, яна абмывае нябожчыкаў.
Лойзу, Яраміра і Разіну я застаў яшчэ дзецьмі, калі яны часам бестурботна бавіліся на дварэ.
Але даўно мінуўся той час. Цяпер Лойза цэлымі днямі ўгоньваецца за рыжай жыдоўкай.
Часам ён доўга марна шукае яе і, калі нідзе не можа знайсці, падкрадаецца да маіх дзвярэй і чакае, перакошаны ў твары, калі яна потайкам прыйдзе сюды.
Тады я, седзячы за сталом, у думках бачу яго, як ён высочвае за дзвярыма ў каленчатым калідоры і падслухоўвае, нагнуўшы галаву, унурыўшы карак.
Часам цішыню раздзірае дзікі лямант.
Ярамір, глуханямы, чые думкі і помыслы занятыя толькі вар'яцкай сочкай за Разінай, бадзяецца вакол дома, як зацкаваны дзікі звер, і яго голас, падобны на сабачы брэх, завыўлівы, паўвар'яцкі ці то ад рэўнасці, ці то ад зайздрасці, азываецца, гучыць так жудасна, што кроў у жылах стыне.
Ён шукае Лойзу і Разіну, вечна падазраваючы, што яны хаваюцца ад яго ў адным з тысяч брудных закуткаў, яго слепіць шалёная ятра, яго ўвесь час падхлёствае прага пераследаваць брата, каб з Разінай нічога не сталася, што не было б вядома яму.
Якраз гэтыя няспынныя пакуты калекі, думаю я, ёсць той дражлівы сродак, які змушае Разіну бясконца шукаць сустрэчы з другім.
Калі яе сімпатыя альбо рупнасць слабне, Лойза выдумляе самыя розныя паскудствы, каб зноў распаліць у Разіне юр.
Тады яны, ненаўмысна альбо ж і напраўду, даюцца глуханямому дагнаць іх і падступна занаджваюць шаленца ў цёмныя калідоры, дзе ставяць яму пастку з іржавых абручоў, якія, калі на іх наступіць, узлятаюць угору, і жалезных грабляў, зубамі навышчар. Ярамір падае ў гэтую пастку і раніцца да крыві.
Каб давесці пытку да крайнасці, Разіна час ад часу на сваю рызыку прыдумляе якую-небудзь новую штуку.
Пасля раптам, адным махам мяняе свае адносіны да Яраміра, прыкідваецца, быццам раптам зацікавілася ім.
З заўсёднай усмешкай яна таропка расказвае калеку такія рэчы, якія ўводзяць яго ў стан асатанелай развярэджанасці, і дзеля гэтага яна прыдумала нейкую загадкавую, напалавіну зразумелую таму мову жэстаў, і глухі нямко канчаткова заблытваецца ў хітра сплеценых сетках невядомасці і пустамарных спадзяванняў...
Аднаго разу я бачыў яго на дварэ, як ён стаяў перад ёю, а яна жэстамі і рэзкімі рухамі губоў на нешта падбівала яго, і я нават быў падумаў, што ў кожнае імгненне ад дзікай увярэды ён можа звар'яцець.
Ад нялюдскай напругі яго твар заліўся потам, ён з усёй сілы стараўся ухапіць сэнс сказанага Разінай наўмысна невыразна і таропка.
І тады ўвесь наступны дзень ён у гарачкавым пачаканні хаваўся на цёмных лесвіцах паўразваленага дома ў канцы вузкай і бруднай Ганпасгасэ, а ў выніку ўпускаў час, калі можна было выпрасіць у прахожых колькі там манетак.
А калі позна ўвечары, ледзь жывы ад голаду і роспачы, ён ішоў дахаты, ягоная прыёмная маці даўно ўжо спала, замкнуўшы дзверы. - - - -
Вясёленькі жаночы смех з суседняй студыі пранік праз сцены да мяне.
Смех? — У гэтых сутарэннях радасны смех, у гэтых дамах? У цэлым гета няма чалавека, каб мог смяяцца.
І тут я згадаў, як некалькі дзён таму назад стары актор-лялечнік Цвак давяральна паведаміў мне, што адзін малады, знакаміты пан за высокую цану зняў у яго памяшканне студыі, мабыць, каб можна было там сустракацца без лішняга вока з дамай сэрца.
Раз у раз, ноч у ноч, каб ніхто ні пра што не здагадаўся, прыходзілася пераносіць рэчы і дарагую мэблю наверх у пакой новага наймальніка.
Дабрадушны стары актор аж рукі паціраў, расказваючы мне пра гэта, і, бы дзіця малое радаваўся, як гэта ён усё так спрытна зладзіў: ніводная жывая душа ў доме не здагадалася пра рамантычную закаханую парачку.
Абышоўшы тры дамы, можна было непрыкметна дастацца ў студыю. Праход быў праз дзверы на гарышчы!
Так, калі адчыніць жалезныя дзверы гарышча, а гэта вельмі проста робіцца знадворку, можна было, абмінуўшы дзверы маёй каморкі, выйсці на лесвіцу нашага дома і скарыстацца ёю як выхадам...
Згары зноў чуецца радасны смех, і ён разбудзіў ува мне ўжо няясныя ўспаміны пра раскошны дом і пра шляхетнае сямейства, куды мяне часта клікалі, каб рэстаўраваць там дарагія антыкварныя рэчы.
Раптам чую паблізу пранозлівы крык. Я спалохана прыслухоўваюся.
Рэзка скрыпяць дзверы на гарышчы, і ў наступнае імгненне ў пакой урываецца жанчына.
З распушчанымі валасамі, белая як смерць, на голых плячах залацістая парчовая накідка.
— Майстар Пэрнат, схавайце мяне — напрамілы Бог, дзеля Хрыста, не пытайцеся, схавайце мяне тут!
Перш чым я паспеў адказаць, дзверы яшчэ раз шырока адчыніліся і зноў захлопнуліся...
На секунду ў іх усунуўся выскалены твар Аарона Васэртрума, падобны на страшэнную маску. - - - -
Круглая белая пляма выплывае перад мною, і ў месячным святле я зноў пазнаю свой ложак.
На мне ўсё яшчэ ляжыць сон, як цяжкі суконны плашч, і імя Пэрнат залатымі літарамі выпісана ў маіх успамінах.
Дзе ж гэта я мог прачытаць такое імя? — Атанасіус Пэрнат? - - - -
Думаю, думаю, успамінаю, што калісьці даўным-даўно я быў пераблытаў свой капялюш, і яшчэ быў здзівіўся тады, як ён мне ў самы акурат упасаваў, хоць галава мая была даволі дзіўнай формы.
Я заглянуў у чужы капялюш, усярэдзіну... i тады... так-так, там на белай падкладцы стаялі пазалочаныя папяровыя літары:
АТHАNASIUS PERNATH
Не ведаю, чаму, але мяне спалохаў той капялюш — я жахнуўся.
І раптам уварваўся голас, які я забыў ужо, і ён зноў хацеў выпытаць у мяне, дзе той камень, які падобны на кавалак сала.
Я адразу ж уяўляю сабе востры, саладжава-выскалены профіль рыжай Разіны, і такім чынам мне ўдаецца ўвінуцца ад стралы, якая тут жа і знікла ў цемры.
Так, Разінін твар! Гэта ўсё-такі мацней, чым тупамозгла бразгатлівы голас; і вось цяпер, калі я зноў схаваюся ў сваёй каморцы на Ганпасгасэ, буду зусім спакойны.
>|<
Калі я не памыліўся ў адчуванні, што нехта на пэўнай, увесь час адной адлегласці падымаецца за мною па лесвіцы з намерам наведаць мяне, дык цяпер гэты нехта мусіць быць прыкладна на апошняй пляцоўцы.
А цяпер ён агінае вугал, дзе кватэра архівіста Шэмаяха Гілеля, узыходзіць з вытаптаных кафельных плітак на пляцоўку верхняга паверха, якая выкладзена чырвонай цэглай.
Вось ён вобмацкам ідзе ўздоўж сцяны, і цяпер, рыхтык вось цяпер ён якраз павінен, з цяжкасцю разбіраючы ў паўзмроку, па складах чытаць маё імя на шыльдачцы на дзвярах.
Я стаў пасярэдзіне пакоя і паглядзеў на дзверы.
Вось дзверы адчыніліся, і ён увайшоў.
Зрабіў некалькі крокаў да мяне, але ні капелюша не зняў, ні павітаўся.
Я зразумеў, што так ён паводзіцца дома, і нічога дзіўнага ў гэтым мне не здалося, так яно і мае быць.
Ён сунуў руку ў кішэню і дастаў кнігу.
Пасля доўга гартаў яе.
Аклад быў металічны, а паглыбленні ў форме разетак і пячатак пафарбаваныя, з маленькімі каменьчыкамі.
Нарэшце ён знайшоў патрэбнае месца, якое шукаў, і паказаў яго. Раздзел называўся „Іbbur”. „Духоўнае зачацце”, — пераклаў я.
Загалоўнае, выкананае ў золаце з чырваўленнем „І”, займала амаль палавіну старонкі, якую я міжволь прабег вачыма і заўважыў, што літара з краю была папсаваная.
Мне трэба было яе паправіць. Ініцыял не быў наклеены на пергамент, як гэта мне даводзілася сустракаць у старых кнігах, а, бадай што, быў складзены з дзвюх палавінак, тоненькіх залатых пласцінак, песярэдзіне спаяных, яны агіналі пергамент па краях.
Значыцца, там, дзе стаяла літара, у старонцы выразана акенца? Калі яно сапраўды так, дык з другога боку „І”Апісанне пачатковага ў габрэйскім слове „І” адпавядае габрэйскай графіцы: перад пачатковай галоснай пішацца літара „А” — вонкава гэта выглядае сіметрычнымі знакамі — >|<. павінна стаяць наадварот?
Я перагарнуў ліст — так яно і было.
Я міжволі прачытаў і гэтую, і наступныя старонкі. І ўжо чытаў далей і далей.
Кніга гаварыла са мною, як гаворыць з чалавекам сон, толькі больш ясна і зразумела. І гэта ўсхвалявала мяне, як хвалюе загадка. Словы струменіліся з нябачных вуснаў, ажывалі і наступалі на мяне. Яны круціліся і ўвіваліся перад мною, быццам рабыні ў стракатых строях, пасля знікалі пад зямлёю альбо раставалі, як срабрыстае мроіва ў паветры, саступаючы месца наступным. Кожная хоць якое імгненне спадзявалася, што я выберу яе і адмоўлюся ад астатніх.
Некаторыя, што выступалі ў раскошных, бліскучых строях, быццам павы, ішлі павольна і спаважна.
Іншыя — як каралевы, але ўжо прымятыя ўзростам, а то і аджылыя свой век, з падфарбаванымі вейкамі, пахібнымі рыскамі каля вуснаў і маршчынамі, пахаванымі пад гнюсотнымі шмінкамі.
Я глядзеў міма іх, ужо на наступныя, і мой позірк слізгаў па доўгім цугу шэрых постацяў з тварамі, такімі прэснымі і невыразнымі, што, здавалася немагчымым, каб яны пакінулі след у памяці. Яны прывалаклі за сабою жанчыну, галым-голую, яна была высачэзная ростам, быццам медны велікан. На нейкі момант жанчына прыпынілася, пасля нахілілася да мяне. Яе вейкі былі доўгія, у мой рост, яна моўчкі паказвала на пульс сваёй левай рукі.
Ён пульсаваў, як землятрус, і я адчуваў, што гэта пульсуе жыццё сусвету.
А ўдалечыні ўжо калываўся цуг карыбантаўГл. Ян: „Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду” (8:14)..
Нейкія мужчына і жанчына абняліся. Я бачыў, як яны падыходзяць бліжэй і бліжэй, вакол іх бушаваў карагод.
Цяпер я чуў галаслівы спеў захаплення гэтых постацяў, ахопленых экстазам, а мае вочы шукалі тую пару. Але яна, пара, ператварылася ў адну суцэльную постаць — паўмужчына-паўжанчына, гермафрадыт, — на перламутравым троне.
На галаве ў гермафрадыта была карона з чырвонага дрэва; чарвяк разбурэння ўжо пратачыў у ёй таямнічыя рунічныя знакі.
У хмары пылу за імі паспешліва трухаў статак невялікіх сляпых авечак: жывую ежу гнаў на чале свайго почату двухполы велікан, каб падтрымліваць жыццё ў карыбантах.
Часам сярод постацяў, якія струменіліся з нябачных вуснаў, сустракаліся і такія, якія паўсталі з магілаў з захінутымі хусткамі тварамі.
Спыняючыся перад мною, яны раптоўна зрывалі з твараў хусткі, галоднымі драпежнымі вачыма ўпіваліся ў маю душу, і тут сцюжа страху сціскала мой мозак, і кроў мая рабілася падобнай на паток, у які з неба вывяргаліся каменныя глыгі, знянацку, у самую сярэдзіну рэчышча. - - - -
Жанчына праляцела над мною. Я не разгледзеў яе твару, яна адвярнулася, і на ёй быў плашч са струменяў слёз. Маскі скакалі, рагаталі, не заўважаючы мяне.
Толькі П'еро задуменна азіраецца на мяне і вяртаецца назад. Ён садзіцца перад мною і ўзіраецца ў мой твар, як у люстра.
Ён круціць такія дзіўныя грымасы, падымае рукі і махае імі то павольна, то шалёна хутка, аж у мяне ўзнікае нейкі вусцішны парыў параймаць яго, падміргваць, як ён, перасмыкаць плячыма, як ён, расцягваць губы.
У гэты час на яго ззаду пачынаюць нецярпліва націскаць іншыя постаці , і кожная пнецца першай дастацца да мяне.
Але ніводная не затрымліваецца.
Яны — гэта перлы, пацерынкі, якія слізгаюць па шаўковай нітцы, асобныя гукі адной-адзінай мелодыі, цякла яна з нябачных вуснаў. Гэта ўжо была не кніга, што гаварыла са мною. Гэта быў голас. Голас, які чагосьці хацеў ад мяне, а чаго — я не разумеў; як ні намагаўся. Які даймаў мяне пякучымі, незразумелымі пытаннямі.
Але голас, які прамаўляў гэтыя бачныя словы, атухаў, заміраў без водгаласу, без рэха.
У кожнага гуку, які жыве ў сённяшнім свеце, ёсць шмат рэхаў, як і ў кожнай рэчы ёсць шмат доўгіх ценяў і шмат кароткіх; але ў гэтага голасу рэха не было, ні доўгага, ні кароткага — яно даўным-даўно адгучала і рассеялася, растварылася ў паветры. - - - -
І я да канца дачытаў тую кнігу і яшчэ трымаў яе ў руках, калі мне здалося, быццам я шукаю патрэбную мне старонку не ў самой кнізе, а ў сваёй галаве! - - - -
Усё, што сказаў мне голас, што я ад роду насіў у сабе, было толькі схавана і забыта і трымалася ў поўннай потайцы ад маёй свядомасці і памяці да сённяшняга дня. - - - -
Я падняў вочы.
Куды падзеўся мужчына, які прынёс мне кнігу?
Пайшоў?
Ці забярэ ён кнігу, калі рэстаўрацыя будзе закончана?
Ці самому занесці яму?
Але я ніяк не мог успомніць, ці папярэдзіў ён мяне, дзе жыве.
Я хацеў узнавіць у памяці ягоны прыход, але марна.
Як ён быў апрануты? Стары ці малады? — І якія ў яго былі валасы і барада?
Нічога, абсалютна нічога не мог я ўзгадаць. Усе вобразы яго, напісаныя маім уяўленнем, тут жа і расплываліся, перш чым я паспяваў у думках супаставіць іх.
Я заплюшчыў вочы і націснуў далоняй на павекі, каб ухапіць хоць бы малюсенькую дэталь яго аблічча.
Нічога, анічога.
Я спыніўся пасярод пакоя і зірнуў на дзверы, як гэта быў зрабіў раней, калі ён увайшоў, пачаў уяўляць: вось ён абыходзіць вугал, вось ступае на цагляную падлогу, вось чытае шыльдачку на маіх дзвярах „Атанасіус Пэрнат”, вось — уваходзіць.
Ані блізка. Мне не ўдалося ўзнавіць у памяці нічога з таго, як ён выглядаў.
Я глядзеў на кнігу на стале, спрабуючы ўспомніць хоць бы руку, якая дастала яе з кішэні, падала мне.
Але не мог нават успомніць, ці была тая рука ў пальчатцы, ці голая, маладая ці маршчыністая, з пярсцёнкамі на пальцах ці без.
І раптам прыйшло ў галаву.
Быццам натхніла, асяніла, і я не мог супраціўляцца гэтай думцы.
Я апрануў паліто, надзеў на галаву капялюш, выйшаў на калідор і спусціўся па лесвіцы. Пасля няспешна пачаў вяртацца да сябе ў пакой.
Павольна, вельмі павольна, гэтак сама, як і ён, калі ішоў да мяне. І, як толькі адчыніў дзверы, адразу ўбачыў, што мая каморка ахутана моракам. А хіба ж бо не было зусім светла, калі я толькі што выходзіў?
Колькі ж гэта часу я круціў сабе галаву, што нават не заўважыў, як сцямнела!
Я паспрабаваў прайсціся ягонай паходкай, скрывіць твар, як у яго — ат, пустое...
І зноў жа з якое такое рацыі спадзявацца на поспех, пераймаючы незнаёмага, калі ў мяне не было ніякага ўяўлення пра яго знешнасць?
Але выйшла інакш. Зусім інакш, чым я думаў.
Мая скура, мускулы, цела раптам здабылі памяць, абышліся нават неяк без дапамогі мозгу. Яны рухаліся насуперак маім жаданням і намерам.
Быццам усё ў маім целе было не маё!
Ледзь толькі я зрабіў некалькі крокаў па пакоі, як мая паходка ўраз ацяжэла, знепрывычнілася.
Гэта была хада чалавека, штомігу гатовага ўпасці, сказаў я сабе.
Так, так, так, гэта была паходка ягоная!
Я дакладна ведаў — ён такі.
На мне быў чужы, безбароды твар з шырокімі пашчэнкамі і коса пастаўленымі вачыма.
Я адчуваў гэта і ўсё-такі не мог зірнуць на сябе збоку.
Гэта не мой твар, хацелася закрычаць у жаху, хацелася яго абмацаць, але рука не слухалася, апусцілася ў кішэню і дастала кнігу.
Дакладна так, як гэта рабіў той, нядаўна...
І вось ужо раптам я зноў сяджу за сталом, без капелюша, без паліто, і гэта быў я. Я. Я.
Атанасіус Пэрнат.
Жах і жуда калацілі мяне, сэрца разрывалася, і я адчуваў: таямнічыя пальцы, якія толькі што калупаліся ў маіх мазгах, пакінулі мяне ў спакоі.
Я ўсё яшчэ адчуваў на патыліцы сляды халодных дакрананняў...
Цяпер я ведаў, як выглядаў незнаёмы, я мог бы яшчэ раз адчуць яго ў сабе, у любы момант, калі б толькі захацеў; але ўявіць сабе ягонае аблічча, каб сустрэцца з ім твар у твар, — гэтага я пакуль што не мог зрабіць, зрэшты, мабыць, ніколі не змагу.
Ён выглядаў, як негатыў, нябачная парожняя форма, і я не мог асэнсаваць яе абрысаў, але я павінен увайсці ў яе, калі меруся спазнаць яе аблічча і знешнасць у маім „я”...
У шуфлядзе стаяла жалезная шкатулка, у яе я хацеў схаваць кнігу; і пакуль не абвастрылася душэўная хвароба, трэба было паспець паправіць папсаваную загалоўную „І”.
Я ўзяў кнігу са стала.
І ўзнікла адчуванне, быццам я зусім і не браў яе. Узяў шкатулку — тое самае адчуванне. Быццам дотыку давялося адолець велізарную адлегласць у глыбокім мораку, перш чым дайсці да маёй свядомасці, быццам прадметы аддзелены ад мяне гадавым пластам часу і належалі мінуламу, якое даўным-даўно адышло з майго жыцця ў нябыт.
- - - -
Голас, які, шукаючы мяне, лунае ў цемры, хоча прыціснуць мяне тым каменем, падобным на кавалак сала, пралятае міма і не заўважае мяне. І я ведаю, што ён з царства сноў. Але тое, што я перажыў, было жыццём рэальным — таму яму не стае сілы ўбачыць мяне, таму ён шукае мяне марна, гэта я адчуваю.
(...)
(Тэкст цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=105 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Голэм
Для друку / Васіль Сёмуха