Латарэя
Фрашка-жарт у адным акце са спевамі
Словы Гр. Оскара Корвін-Мілеўскага
Музыка Станіслава Манюшкі
Выдавецтва Секцыі ім. Станіслава Манюшкі
пры Варшаўскім Музычным Таварыстве
Кракаў, Г. Гэбэтнэр і К., 1908
Асобы
Незнаёмы
Шляхціцкі, абываталь
Ганна, яго дачка
Ян Пюркевіч, канцылярыст
Бібулкевіч, б. рэгент
Іцэк Амстэрдам, калектар
Паштальён
Маркер з трактыра
Рэйграс, аграном
Пані Суддзя і дзве яе дачкі.
Дзея адбываецца ў павятовым горадзе у 1840 г.
Сцэна I
№ 1 Хор
Хор
З чым параўнаць мне цярплівасць, з якою
Будучыню мы прымем у сэрца,
Гмах яе ўзвысіць нас, ці з душою
Нашай навекі запрападзецца.
Сёньня апошні тур латарэі,
Шчаснай ці марнай доўгай надзеі
Промнік апошні ці не пагасне,
З пройгрышам знікне прывіднасць шчасця.
Дзе ж ты, фартуна! О, усміхніся,
Шаляй удачы , о, прыхіліся!
(Усе ходзяць задуменна і часта ўголас уздыхаюць.)
Першы харыст (асуджальна)
І што? І вы ўздыхаеце? Значыць, і ваш дух узносіцца ў краіны мараў, і вашыя думкі, пакідаючы марнасць зямлі, могуць лунаць у ідэальных сферах паэзіі, адкуль расчуленая душа вяртаецца з натхненнем?
Другі
Мы тут не пра паэзію, ідэалы і мары завяліся, пакінем гэта людзям, якім у галаве світае, а нас тут сабрала варшаўсякая латарэя, і сёння яе апошні розыгрыш.
Трэці
Калі я сёння не выйграю — прапаў!
Чацвёрты
Калі мне сёння фартуна не ўсміхнецца, пушчу сабе кулю ў лоб...
Пяты
Пасля столькіх пройгрышаў, калі і гэтым разам лёс абыдзе мяне, я вып’ю унцыю прускага квасу.
Шосты
Я павешуся...
Сёмы
Я ўтаплюся...
Пюркевіч
Ах, панове! Пакіньце і мне хоць якую-там смерць, калі прайграю, — я той, хто так прагне выйгрышу! А што да вас, панове, то далібог, дзіва бярэ, што вы хочаце выйграць.
Усе
Як гэта? Табе гэта дзіўна?
Пюркевіч
Вядома, гэта мяне здзіўляе — бо кожны з вас, панове, мае добрую пасаду, добрыя прыбыткі, а мне б хоць палавіну гэтага, ці ж бы я думаў пра выйгрышы?
Пані Суддзя
(у акулярах, якая датуль пахаджала з дзьвюма дочкамі, адной кульгавай, другой гарбатай)
А я кажу, што, калі ёсць на свеце справядлівасць, калі сляпая фартуна хоць праз акуляры нешта бачыць, дык я адна павінна выйграць. У мяне дзве здатныя дачкі (дочкі выдыгаюць кніксэн), але што без пасагу, ніхто з вас іх не бярэ... я мушу, я мусова павінна выйграць.
Пюркевіч
Ну, вядома ж, — але вось ідзе шчаслівы чалавек (уваходзіць Рэйграс), якому не патрэбен выйгрыш. Ці ж бо не, пане Рэйграсе? Як спадчыннік абшырных валоданняў, гаспадарачы новым, а значыць, напэўна ж карысным спосабам, ты не думаеш, як мы, пра латарэю?
Рэйграс
Зрэшты, з гэтай мэтай якраз я і прыйшоў і чакаю выйгрышу, як збавення.
Пюркевіч
Чаму?
Рэйграс
Бо інакш збанкрутую... у мяне няма ні гроша.
Пюркевіч
А прыбыткі?
Рэйграс
З чаго?
Пюркевіч
А са збожжа.
Рэйграс
Я не грэчкасей які, каб сеяць грэчку ці пшаніцу.
Пюркевіч
І што ж пан сеяў?
Рэйграс
Травы.
Пюркевіч
А гэта нешта-такі дае.
Рэйграс
Усё хлеў з’ядае.
Пюркевіч
У такім разе — прыбытак з быдла.
Рэйграс
А ён ідзе на куплю гіпсу, салетры і іншых інгрэдыентаў, якімі пасыпаюць палі.
Пюркевіч
Дык якая ж карысць з такой гаспадаркі? Дзе працэнт з маёмасці?
Рэйграс
Няма яго, але гадоў праз трыццаць будзе двайны!
Пюркевіч
А пакуль што?..
Рэйграс
А пакуль што я мушу выйграць у латарэі.
Пюркевіч
Дык жа ж усе, усе мы павінны выйграць!
Усе
Мы ўсе павінны выйграць
Першы харыст
Але гэтым разам пошта нешта дзіўна спазняецца.
Другі
Не магу больш трываць такой няпэўнасці.
Трэці
Трэба спытаць у калектара пра прычыну спазнення. Пане Амстэрдаме!
Усе
Пане Амстэрдаме! (Іцак высоўвае галаву ў акенца канторы.)
Трэці
Чаму дагэтуль няма табліцы?
Іцак (з яўрэйскім акцэнтам)
Чакаю з хвіліны на хвіліну, разумею нават, што пошта ўжо блізка да горада быць мусіць.
Першы
Ах, гэтая хвіліна чакання мне годам абернецца.
Другі
Сэрцам чую, што з гэтай чаканкі мне гарачка станецца.
Трэці
Паміраю ад нецярплівасці.
Чацвёрты
Я больш не магу, пайду на тракт сустракаць пошту.
Першы
Добрая парада, — я з табою.
Усе
Хадземце, хадземце пераймаць пошту.
(Выходзяць.)
Сцэна II
Пюркевіч, потым Ганна, Незнаёмы (у акне).
Пюркевіч
Усе прагнуць выйгрышу, але мне ён найбольш патрэбен.Я люблю Ганну больш за жыццё; быць яе мужаммне было б найбольшым шчасцем на свеце. Але яе бацька, хоць і спрыяе мне, але не хоча мяне, беднага, прыняць за зяця і аддае перавагу Бібулкевічу, бо той не такі бедны як я. (Уваходзіць Ганна). Ах, дарагая Ганна, даўно тут цябе выглядаю. Ну, што бацька?
Ганна
Я прасіла яго яшчэ раз, слёзна прасіла. Добры мой бацька плакаў разам са мною, але адмовіў. Ах, пане Яне. Калі бацька прымусіць мяне выйсці за гэтага Бібулкевіча, я памру з роспачы.
Пюркевіч
Мілая Ганна! Не плач, наш лёс павінен перамяніцца, слухай, — я даўно прападаю па табе...
Ганна
Ну, і што?
Пюркевіч
Я ўжо даўно ашчаджаю на сваім заробку...
Ганна
І ўжо багаты?
Пюркевіч
Яшчэ не, але буду. Вось узяў білет варшаўскай латарэі, сёння будуць вынікі апошняга розыгрышу. Лёс не можа быць несправядлівым, я павінен нешта выйграць, а тады бацька не адмовіць мне ў тваёй руцэ.
Ганна
Aх, Янку! Якое гэта шчасце!
№ 2 Дуэт
Пюркевіч і Ганна (разам)
Наша надзея ў гэтым білеце
І калі зышчам дары прыроды
Хай, хто шукае шчасця па свеце
Лепшай за нашу не знойдзе згоды.
Пюркевіч
Ах! ты, Гануля, ўявіць не ўмееш,
Шчасце маё — цябе мець за жонку,
Гэта, можа, тады зразумееш,
Як любоў здыме з вачэй заслонку.
Ганна
Хто ёсць добрая жонка — не знаю,
Праўду сказаў, а я ж — не цаца.
Што за дабро у мужы прымаю,
Хоць не знаю, — магу здагадацца.
Сцэна ІІІ
Тыя самыя і Шляхціцкі
Шляхціцкі (уваходзіць з левай кулісы)
Ганна! Ты нехарошая і непаслухмяная дачка, а васпан, пане Яне, недалікатна са мной абыходзіцца, Я ж прасіў, каб пан перастаў да яе заляцацца, бо хоць і люблю цябе, але ведаючы непераадольныя перашкоды для вашага саюзу, я абяцаў яе іншаму.
Пюркевіч
Ах, пане!
Ганна
Ах, тата!
Шляхціцкі
У наш час недастаткова кахаць, каб жаніцца. Даўно, даўно мінуліся часы сялянак і пастутушковых мілостак; цяпер хто жэніцца, павінен мець за што ўтрымліваць жонку і выхоўваць дзяцей...
Ганна
Тата! Не гневайся, гэтую перашкоду вельмі латва даецца ўхіліць.
Шляхціцкі
Як гэта?
Ганна (вельмі ўпэўнена)
Янак, — ужо сёння будзе багаты.
Шляхціцкі
Як гэта? Адкуль такая ўдача?
Пюркевіч
Не, пане, не ўдача, — але я спадзяюся сёння выйграць.
Шляхціцкі
А хіба ж бо і васпан належыць да тых, што пэўны грошык мяняюць на няпэўныя надзеі, яны хвіліну таму назад як шалёныя памчаліся на тракт сустракаць пошту?.. фэ! фэ! Ніколі не чакаў ад васпана такой дзіцячасці!
Ганна
Татачка, супакойся, не адбірай у нас салодкай надзеі.
Пюркевіч
Пане! ты быў сябрам майго бацькі.
(Абое цалуюць Шляхціцкаму ў руку.)
Шляхціцкі
Ну, ну, дазваляю вам цешыцца вашай марай... (Убок). Калі гляджу на іх чыстае каханне, сэрца разрываецца ад роспачы, што не магу іх пашлюбіць. (Уголас) Слухайце, дзеці! Нічога вам не абяцаю, бо не магу, але люблю бачыць вас разам... ну, апошні раз дазваляю, — як даўней, калі вы былі маладзейшыя і калі я, гледзячы на вас, радаваўся з цяпер ужо марнай надзеяй на ваш шлюб. Ну, абдымайцеся...
Ганна
Тата!
Пюркевіч
Пане!
(Абдымаюцца)
Сцэна ІV
Тыя самыя, Бібулкевіч
Бібулкевіч
Прыпадаю да ног, прыпадаю да ног! Пан Шляхціцкі, як я бачу, паабяцаўшы дачку аднаму, пан дазваляе ёй абдымаць другога... а панна Ганна, маючы нарачонага, прыстойнага і добрага, да таго ж памежнага экс-рэгента, не забываецца яшчэ і пра канцылярыста!
Шляхціцкі
Прыяцель! Ты мірышся з тым, каб разумны і сур’ёзны чалавек зважаў на такія дробязі, ... яны ж калісьці разам гадаваліся і раслі, а хвіліну назад моцна пасварыліся, я загадаў ім памірыцца.
Бібулкевіч
Ну, тады гэта ўжо нешта іншае... калі так, дык перапрашаю. Хто кахае, той і раўнуе, а як моцна я кахаю панну Ганну, зараз дакажу. Я быў на сняданку, дык нават там на яе не забыўся.
(Дастае пакуначак цукеркаў і падае Ганне).
Ганна
Дзякуй, я цукерак не люблю.
Шляхціцкі
Вазьмі, дочанька.
Пюркевіч
Не бяры!
Бібулкевіч
Нягожа не прымаць ад нарачонага.
Ганна
Можа, хутка перастане пан сябе так тытулаваць.
Шляхціцкі (убок)
Неразважліва.
Бібулкевіч
Не разумею...
Пюркевіч
Так, пане! Я бачыў латарэйны білет, сёння я выйграю, а тады панна зможа зрабіць выбар па сваёй волі.
Бібулкевіч
Ха... ха... ха... ха!
Шляхціцкі
Якое неразумства!
Бібулкевіч
Ты выйграеш? А колькі ў цябе білетаў?
Пюркевіч
Цэлая дзясятая частка білета.
Бібулкевіч (дастаючы білеты)
Я даўно ведаў, што ты маеш латарэйку і не забываўся пра гэта. Глянь, у мяне дзевяць такіх адрыўных, як твой і яшчэ тры цэлыя, ха! ха! ха! У каго ж з нас болей шанцаў?
Ганна і Пюркевіч (разам)
Ах!
Бібулкевіч
А што? Панна Ганна засмучаецца?
Шляхціцкі
Ай, дзе там, яна жартуе з цябе, — ну, хадзем, пане Бібулкевіч, хадземце са мною, прыслалі мне з вёскі выдатнай памаранчаўкі... (убок) бедныя дзеці, урваў у іх гэтую хвіліну радасьці, з якое, брыдка прызнацца, я і сам пачаў радавацца.
Бібулкевіч
Іду... (убок) о, нязносны канцылярыст! Баламуціць мне трохі дзяўчыну, (уголас) але варта было б, каб і моладзь пайшла з намі, бо тут могуць зноў пасварыцца, пасварыцца...
Шляхціцкі
Ганка! Прашу, ідзі дадому.
Бібулкевіч
А пана Пюркевіча напэўна чакае нейкае перапісванне ў ягонай канцылярыі. (Убок) Пачакай, хахалёчку, пасля вяселля нагі тваёй у маім доме не будзе.
Сцэна V
Пюркевіч, Ганна, пасля Незнаёмы
(Абое уздыхаюць)
Ганна
Ну што, Янку?
Пюркевіч
Ах! уся надзея прапала...
Ганна
Не выйграеш?
Пюркевіч
Падобна на тое, у яго столькі білетаў.
Ганна
Янку! Мы прапалі...
Пюркевіч
О! Я няшчасны... (абое плачуць)
Незнаёмы (які падчас трох папярэдніх сцэн сачыў за тым, што адбывалася)
Бедныя дзеці!
(Потым выходзіць са свайго памяшкання на сцэну з пулярэсам у руцэ, якога не бачаць). Пасоблю ім.
(уголас)
Не трэба так засмучацца, прыгажуня-паненка, а табе, пане кавалеру, нягожа плакаць...
Ганна
Ах, пане! Калі б ведаў наша няшчасце...
Незнаёмы (беручы Ганну за руку)
Я сёе-тое чуў з вашай размовы... вы закаханыя?
Пюркевіч (адыходзячы ўбок)
Не люблю гэтых вялікіх паноў, асабліва, калі бяруць Ганну за руку.
Незнаёмы
А парадуйцеся ж... вы будзеце шчаслівыя! Каханне, гэта самае высакароднае пачуццё чалавечай душы, калі ў вашым узросце, у чыстых, як вашыя, сэрцах, яно распускае свой прыгожы бутон, — гэта беспамылковая зарука на цэлую будучыню...
Ганна
Але, пане! У нас вялікія перашкоды.
Незнаёмы
Я пра іх чуў, але мне здаецца, што лёс будзе да вас прыязны... у мяне добрыя прадчуванні... не трэба траціць надзеі...
№ 3 Tercetto
Ганна, Пюркевіч, Незнаёмы (разам)
Вера, дай надзею сэрцу!
Шчасце будучае дай нам.
З чашы хай нам шчасце льецца,
Хай адкрыецца нам тайна.
Міру і кахання тайна.
Незнаёмы
Дабраслаўляю вас! Не трацьце надзеі...
(Сыходзіць у катору)
Сцэна VI
Пюркевіч
Марная ўцеха...
Ганна
Янку! Не траць надзеі!
(Пюркевіч выходзіць направа)
Сцэна VII
№ 4 Арыя
Ганна (адна)
Andante
Ледзьве я з дзяцінства выйшла,
Стала ў розуме я іншай,
Пачаліся сненні-мроі
Пра чароўны свет любові,
Дзе духмяна расцвітае
Кветка шчасця залатая.
А цяпер у час мой смутны
Нарадзіліся пакуты.
Allegro
Толькі слоў ягоных слодыч
Мук маіх салодзіць горыч,
Думкі зноўку абуджае,
Прагу шчасця нараджае,
І душы маёй зноў любы
Вэлюм і вяночак шлюбны.
Мару зноў я пра каханне
І вясельнае вянчанне.
(Выходзіць налева)
Сцэна VIII
Незнаёмы (адзін, увесь час смутны, выходзіць з канторы без пулярэса)
Згадзіўся на ўсё і абяцаўся захоўваць таямніцу. Яны будуць шчаслівыя... а стары самалюбны эгаіст будзе пакараны. Не скажу сёння, што марна страціў дзень...
№ 5 Раманс
Б’юць мне у сэрца цяжкія ўдары:
Больш не жыве ўжо... ўзяла магіла,
Роспачы бура сэрца акрыла,
З лёсам змагання цёмныя хмары,
Толькі ж часамі ўцеху я маю,
Ў тыя хвіліны, як паўтараю:
Ах! Як яно добра, дзеяць ва ўкрыцці,
Пра добры чын будзіць успаміны
Не адзін клопат скрашваць у жыцці
Не адно сэрца гоіць бязвінным.
* * *
Як памагчы сабе ўжо не ў змогу,
Іншым палёгкі шчыра шукаю,
Іншым кладу я ў шчасце дарогу,
І ўцеху ў гэтым сам сабе маю.
І ў маім сэрцы моўкнуць буры,
І ажывае дух мой пануры.
Ах! Як яно добра... etc. (прыпеў)
* * *
А як закончу шлях свой жыццёвы,
З імі злучуся духам нявінным,
Хай сон навее мне там спеў новы.
Хораў наёмных там не хачу я,
Хай дабрачынец ля дамавіны
Спеў мой апошні ўдзячна пачуе:
Ах! Як яно добра... etc.
(Павольным крокам вяртаецца назад у кантору, і зноў, як да таго, з цыгарай сядае ў акенцы, дзе і застаецца да канца дзеі)
Сцэна ІХ
Хор удзельнікаў латарэі, Паштальён
(На сцэне чуецца паштовы гудок, потым спеў Хору. Усе абступаюць Паштальёна)
№ 6 Хор
Хор
Паспяшайся, паштальёне,
Шчасце у тваіх далонях,
Мы цябе даўно чакаем,
З барышом цябе прымаем.
Паштальён
Ах! Я ехаў не ляніва,
Мчаўся чвалам, наўскапыта,
Ажно брычка ўся разбіта,
Дайце ж, дайце хоць на піва!
Хор
(Усе падчас спеву даюць нешта Паштальёну)
Паспяшайся, паштальёне,
Шчасце у тваіх далонях,
Мы цябе даўно чакаем,
З барышом цябе прымаем.
(Паштальён з паклонамі ўваходзіць у кантору)
Сцэна Х
Хор удзельнікаў латарэі; (уваходзяць па чарзе); Бібулкевіч, Пюркевіч,
Іцэк (усе моцна ўзрушаныя. Беспарадкава ходзяць, аціраючы з ілба пот)
Першы
Настала страшная хвіліна.
Другі
Праз хвіліну-другую праб’е найважнейшая ў маім жыцці гадзіна.
Трэці
Ах! Фартуна!
Усе
Ах! Фартуна!
(уваходзяць: Бібулкевіч і Пюркевіч. (Aдчыняецца акенца канторы — Іцэк высоўвае галаву)
Іцэк
Мосьці панове! Вось табліца! Прашу білеты (усе кідаюцца да акна), прашу па чарзе, па чарзе... (усе грувасцяцца каля акна).
№ 7 Сцэна з хорам
Хор
Фартуна! Фартуна! не крый свае вочы,
Шаляй сваёй мяне не сурочы
І да мяне ласкавая будзь!
Блізіцца хвіля удачы....
(Па чарзе кожны, цяжка ўздыхнуўшы, падае ў акно канторы свой білет, за кожным разам Іцэк выгуквае:)
Іцэк
Прайграна...
(Тым часам кожны прайгралы праходзіць на правы бок сцэны і такім чынам фармуюцца два хоры, якія спяваюць разам)
Хор прайгралых
Tэнары (сола)
Каб мяне пярун угрукаў!
Латарэя — злая штука,
Дурнем буду, калі зноўку
Я згуляю на гатоўку.
Страх бярэ за здраду лёсу —
Адны страты, адны слёзы,
А прыкрыйце латарэі,
Дык не будзе і надзеі.
Сапрана (сола)
Каб мяне пярун угрукаў!
Латарэя — злая штука,
Дурнем буду, калі зноўку
Я згуляю на гатоўку.
Страх бярэ за здраду лёсу —
Адны страты, адны слёзы,
А прыкрыйце латарэі,
Дык не будзе і надзеі.
Басы (сола)
Каб мяне пярун угрукаў!
Латарэя — злая штука,
Дурнем буду, калі зноўку
Я згуляю на гатоўку.
Страх бярэ за здраду лёсу —
Адны страты, адны слёзы,
А прыкрыйце латарэі,
Дык не будзе і надзеі.
(Калі ўсе ўдзельнікі латарэі злучыліся ў адзін хор, Пюркевіч падае свой білет.)
Іцэк (сола)
Ха! выйграў злотых аж пяць тысяч!
Хор (спявае)
Ён выйграў злотых аж пяць тысяч!
(Здзіўленне)
Пюркевіч
Ах! Надзеі спраўдзіліся! О , які я шчаслівы!
Іцэк
Можаш, пане, зараз забіраць грошы... (аддае пулярэс незнаёмага)
Пюркевіч
Бягу шукаць маю Ганку! О радасць! О шчасце! (Выбягае).
Бібулкевіч (падае свае білеты)
Іцэк
Вялікі выйгрыш! Дзевяць разоў па сто тысяч!!! (Хвіліна маўчання)
Хор (з абурэннем)
Прыклад, як не па мілосьці
Абышоўся лёс — нам хвіга,
А мільёны згроб латрыга.
Ах! я лопну з лютай злосці
(Пад час спявання хору Бібулкевіч шырокімі крокамі ходзіць па авансцэне з самай жывой радасцю, — з глыбіні уваходзіць Шляхціцкі)
Сцэна ХІ
Бібулкевіч, Шляхціцкі, Хор
Бібулкевіч
А... Дык я цяпер мільёншчык!
Шляхціцкі
Што я чую? Якое шчасце! Прымі віншаванне, каханы зяцю!
Бібулкевіч
Зяцю! Зяцю! Даруй, пане (з націскам)Шляхціцкі, сёння раней ты яўна паказаў, што не зычыш мець мяне за зяця, калі дазволіў іншаму абдымаць сваю дачку.
Шляхціцкі
Як гэта, пане Бібулкевіч?
Бібулкевіч
І гэта пры тым, што я кахаю панаву дачку, але хэ... мы (з націскам) панове... не заўсёды голас сэрца слухаць можам...
Шляхціцкі
Не разумею... дык васпан...?
Бібулкевіч
Ха! магчыма, мне сваёй маёмасцю выпадзе падтрымаць нейкае падупалае графства, яно ж бо тытулам сваім падрамантуе маё Бібулкевічоства...(Уваходзяць Пюркевіч і Ганна).
Сцэна ХІІ
Тыя самыя, Пюркевіч і Ганна
Шляхціцкі
Ну, гэта ўжо занадта!.. пане Яне! Дык ці хочаш ты рукі маёй дачкі?
Пюркевіч
Ах, пане!
Ганна
Тата! І ён выйграў у латарэі пяць тысяч злотых.
Шляхціцкі
Што, праўда? Тым лепей, дык хадземце ж за мною, дзеці... (да Бібулкевіча з націскам), дабраслаўляю пана... (Выходзяць).
Бібулкевіч
Ха! ха! ха! Пацяшае мяне гэты шляхцюга... а вы, панове, як што я сёння, адораны зычлівай фартунай, зараз вас пакіну, зрабіце добрую ласку ўпачцівіць сваёй прысутнасцю развітальны абед у гэтым гатэлі.
(Усе нізка кланяюцца і выходзяць).
Сцэна ХІІІ
Бібулкевіч (адзін)
Голяля! (пляскае ў далоні) гарсоны, лёкаі, маркёр, слугі!
(З заезнага дому збягаюцца слугі).
Зараз жа прыгатуйце мне „панскі” абед на дваццаць пярсонаў. І каб віны найлепшыя, і не забыць пра піраміду на стол з маёй цыфрай, вялікай! І ўсё мне жыва. Мы, „панове”, — не любім доўга чакаць!
(Служба выходзіць уподбег).
Так, мне трэба пачынаць іншы лад жыцця... Цяпер у мяне ўсё будзе гучна і вясёла! Ах грошы! Грошы! Вы — душа свету, яго права, яго божышча! (Спявае).
№ 8 Прыпевачка-спяванка
Хай ты сабе і цнатлівы,
Хай ты не збочыў з дарогі,
Ды не заўсёды шчаслівы,
Бо ты без грошай — убогі.
Цнотай гідзяць, без пенязі
Ты не выб’ешся у князі.
Ах, пенязі! Грошы, грошы!
З вамі толькі ты харошы,
З вамі шчасце маеш, цноту,
З вамі жыцьмеш у ахвоту!
Так, так, так.
* * *
А будзь хоць князем твой прадзед,
Герб твой хай будзе прадаўні
Сам калі ж голы, ў закладзе,
Хто ж бо табе што падаў бы.
Запішыся ў рызыканты! —
Дробязь — тытул твой і сам ты.
Ах, пенязі! Грошы, грошы!.. etc. (прыпеў)
* * *
Ты ў свеце розуму — цаца,
Кніжкі чытаеш і пішаш,
Але ў кішэні памацай, —
Пуста, — касцельная мыша! —
Танны розум твой, дзяшовы!
Дробязь — талент безграшовы.
Ах, пенязі! Грошы, грошы!.. etc.
* * *
Бог адарыў цябе тварам,
Дар ацані з разлікам,
Не раскідайся ім дарам,
Бог на пасаг цябе клікаў...
Беcпасажная ж нявеста —
Ані рошчына, ні цеста!
Ах, пенязі! Грошы, грошы!.. etc.
* * *
Век так было і так будзе,
Дурань ты, ці размаіты,
Ці ты ў маралі, ці ў блудзе,
Гербам не будзеш ты сыты...
Ты гаротнік, ты ў галечы,
Грошы — дробязь! Ну, дык енчы!..
Ах, пенязі! Грошы, грошы!.. etc.
Сцэна ХІV
Бібулкевіч, Іцэк
Іцэк (спалохана выбягае з канторы)
(Убаку) Сапраўды адзін добра мне заплаціў, але баюся, каб другі не заплаціў за мой жарцік... але ж... адважымся... (уголас) Найласкавейшы пане!
Бібулкевіч
Не палохайся... падыдзі бліжэй... кажы, чаго ты хочаш?
Іцэк
Атрымалася невялікая памылачка...
Бібулкевіч
Якая, дзе?
Іцэк
Пан не выйграў дзевяць раз па сто тысяч...
Бібулкевіч (выбухае)
Што, што, што!
Іцэк
Вось табліца... (Аддаўшы табліцу, паспешліва ўцякае).
Сцэна ХV
Бібулкевіч (адзін)
Неба! Што бачу?.. (неспакойна праглядвае табліцу). Нічога не выйграў!.. Амстэрдаме! Лайдак! Разбойнік! Заб’ю!.. я загінуў! Усё прапала... галава трашчыць... паміраю!
Сцэна ХVІ
Бібулкевіч, Хор удзельнікаў латарэі, потым Шляхціцкі, Пюркевіч, Ганна і Вясельнікі
(Запрошаныя на абед госці прыходзяць апранутыя ў фракі)
Рэйграс (звяртаючыся да Бібулкевіча)
Шануючы зроблены нам яснавяльможным панам гонар — мы сышліся да стала...
Бібулкевіч (злосна)
Ідзіце да д’ябла!
(Агульнае здзіўленне).
Рэйграс
Што гэта значыць? Што гэта такое?
Маркёр (выбягае з заезнага дома)
(да Бібулкевіча) Ясны пане? Абед гатовы, піраміда ўжо на стале!
Бібулкевіч
Абед з’еж сам і піраміду сваю сплюшчы!
Маркёр
Добра, але хто за гэта заплаціць?
(Чуцен галас за сцэнай).
Усе
Ён ад радасці глуздамі з’ехаў...
Бібулкевіч
Што там за крык?
Рэйграс
Вяртаюцца з заручынаў Пюркевіча з дачкою Шляхціцкага.
Бібулкевіч
О! Я няшчасны! І яе страціў...
Уваходзяць: Хор, Шляхціцкі, Пюркевіч, Ганна, за імі Вясельнікі з букетамі.
№ 9 Вясельны хор
Хор
Не спакушаючыся марай
жыць памяркоўна,
У любові, шчасця поўнай,
Жывіце доўга-доўга парай,
У любові, шчасця поўнай!
Шляхціцкі
Што тут адбылося?
Рэйграс
Пан Бібулкевіч ад радасці глуздамі з’ехаў...
Бібулкевіч (запальчыва)
Жудасць! Нічога не выйграў, пракляты Амстэрдам! Памыліўся на тры цыфры... няшчасны я...
Усе
Ха, ха, ха.
(Агульны смех)
№ 10 Фінал.
Незнаёмы
(які ўвесь час сядзеў у акенцы касы)
Ах! Як яно добра, дзеяць ва ўкрыцці,
Пра добры чын будзіць успаміны
Не адзін клопат скрашваць у жыцці
Не адно сэрца гоіць бязвінным.
Канец
Літаратура.org — https://litaratura.org/syomukha?artid=101 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Латарэя
Для друку / Васіль Сёмуха