ЭЛЕГІІ
У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” неўзабаве ўбачыць сьвет том выбраных твораў паэта і празаіка Алеся Наўроцкага (1937 – 2012). Укладальнік - Віктар Жыбуль. Аднак у кнігу з прычыны абмежаванага аб’ёму ня ўвойдзе адзін з самых адметных і скандальных для свайго часу паэтычных цыкляў А. Наўроцкага – “Элегіі”. Хай публікацыя гэтага цыклю на нашым сайце стане дадаткам да тома ў “Кнігазборы”.
Публікуецца бязь зьменаў паводле выданьня: Алесь Наўроцкі. Неба ўсміхаецца маланкаю: Паэзія. Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры. Мінск 1962. С. 50-56.
ЭЛЕГІІ
І
Я прыходзіў сюды кожны дзень
У надзеі ўбачыць гэтага чалавека.
Нарэшце! Той, каго я асаджаў доўгі час,
Ідзе па алеі парку і прычэсвае
грэбнем з трыццаццю зубамі
Тры валасы на галаве.
Я паімкнуўся растлумачыць яму,
Што ў мяне вельмі важная справа...
Ён спыніўся ля бярозы і пачаў крычаць.
(Бачыце, я патрывожыў яго ў нерабочы час).
Дрыжанне паветра ад яго рыкаючага баса
Было гэтакім моцным, што ў бярозы
Пачалі ападаць зялёныя лісты.
Цераз дзве хвіліны асірацела дрэва.
Не верыце, прыйдзіце, гляньце
На голыя галіны і голы ствол.
ІІ
Перамінаўся хлопец з нагі на нагу,
Нарэшце асмеліўся
“Я кахаю цябе!” дзяўчыне сказаць.
Да нафарбаваных пазногцяў
Вусны яго прыліплі.
З-пад аднаго пазногця выпаў
Кавалак бруду
І ўпаў на белага гусака, Які цёрся ля іх ног, -
Белы гусак адышоў чорным.
Не верыце, прыйдзіце, гляньце,
Вунь ён пасецца на лузе.
ІІІ
Сена-сена зграбаць трэба!
Сцяпан, Іван, Сымон, Лявон ідуць
З граблямі.
Хтосьці з іх прамовіў:
- У мяне свярбіць пазногаць мезенца левай нагі.
І пачалося:
- Дай я пачашу табе гэты мезенец.
- А я збегаю за зёлкамі да цёткі Тэклі,
Прыкладзём - дапаможа.
- Давайце будзем часаць наперамену.
- Я пачашу - ты адсапнеш.
- Я адсапну- ты пачэшаш.
- А я буду падтрымліваць нагу.
- А я прыкрываць ад сонца, каб не пякло дужа.
- А я ножыкам адразаць пазногаць.
- А я пазногаць аднясу ў яму.
- А я буду дапамагаць табе несці пазногаць:
Ты ж не данясеш: у цябе хворае сэрца. -
Сена ляжала, слухала і гніло.
IV
Гаварыў з трыбуны аднойчы Нос:
“...Кармавыя адзінкі кукурузы, аўса...”
“...Гавораць факты, што мы дагонім...”
Кожнае слова, нібы парашок снатворны, -
Усе пачалі засыпаць.
І раптам...
І раптам да носа падкраўся вецер,
Лісткі прамовы схапіў і панёс.
Аб чым гаварыць? Нос разгубіўся.
Ну ж браўся за жывот натоўп ад смеху!
P. S. Мясцовы паэт адразу ж надрапаў вершы:
Як бачыце, вецер разумнае выйсце знайшоў,
Хоць у яго ні галавы, ні мазгоў.
Вельмі прыкра, што цэлымі днямі
Слухаем такія прамовы мы - з мазгамі.
V
Кладуся я спаць,
А каб не праспаць,
Прывязваю да нагі пеўня.
А каб пеўня пачуць,
Я гарэлкі яму даю чуць-чуць:
П’яны песні будзе гарланіць званчэй.
Перад сном цалую сваю маладзіцу,
Каб грыпам не заразіцца,
Прыкрываю губы марляй,
Складзенай у пяць столак.
Я страшэнна мух не люблю.
Перад тым, як легчы спаць, іх лаўлю
І запіхаю ў нос: усё роўна яны туды залазяць,
Дык я рашыў іх сам запіхваць.
Падымаюся, калі сонца над галавой,
І, каб памыцца халоднай вадой,
Цёплую ваду стаўлю ў халодны склеп:
Хай астывае.
Вадой халоднай памыўся
І крычу: “Ад халоднай вады прастудзіўся”, -
Калі брыгадзір загадвае ісці на луг сена касіць.
Але брыгадзір настойлівы, зух.
Дык я надзеў цёплы кажух, -
Хай бачыць, што я баюся яшчэ больш захварэць.
Калі на лузе няма брыгадзіра,
Я кашу без свайго “мундзіра”.
Трэба ж нейк выкручвацца.
Вось так і жыву ўсё жыццё.
VI
Я - корань.
Не, не, не падумайце: я - не корань дуба
І не корань асіны.
Я - корань... жыллёвай праблемы.
Я застраў у крыві, мазгу і пячонках
Людзей, быкоў, авечак...
Я абвіваю трыбуны з’ездаў і канферэнцый.
Я тысячакіламетровымі радкамі
Спакойна сплю на старонках газет.
Мяне трансліруюць па радыё.
Мяне заклейваюць у канверты,
Потым складваюць у кучы
І, перавязаўшы шпагатам накрыж,
Рассылаюць па ўсяму Саюзу.
Я ўсё яшчэ жыву, жыву...
VII
У шклянцы ляжалі ручкі, гумкі, алоўкі,
Чарнілам яна была напоўнена.
П’яніца паднёс яе да рота і асушыў
Усё, што трэба было аддаць сыну.
Вось ён ляжыць у гразі пад плотам.
Вось ён падняўся. Ідзе сваёй дарогай.
Вакол гэтай дарогі знаёмыя развесілі
Брудныя анучы-агіды.
Ён ідзе. І яму да спіны цвікамі ганьбы
І цвічкамі здзіўлення з надпісам - “Алкаголік” -
Прыбіваюць дошку.
Каб забыцца, што да яго прыбіта дошка,
Ён п’е, падае, паднімаецца, і зноў п’е...
VIII
У лясным гушчары,
Дзе нават вецер не шастае,
Дзе хвоі дзяцел усе перастукаў,
Выпаўзла пакручастая
Гадзюка.
І пад сасной, якую вывернула бура,
Шыпела-сыкала, сыкала-шыпела,
Скідаючы скуру
З цела.
Ляжала скура. Але нейк
Пра скуру хтосьці шапнуў,
Прачуў пра гэтую скуру адзін чалавек,
Прабраўся ў гушчар і на сябе яе нацягнуў,
І хоць такая гадзюка - з’ява не частая,
Але, ідучы з натоўпам па бруку,
Думаеш: “А можа тут у вобразе чалавека
Пакручастая
Шнырыць гадзюка?
І джаліць яна па чарзе?
Гадзюка, якая на славы п’едэстал
Паўзе?”
Але магілу гадзюкі знаходзяць.
Помні: вада ёсць і муць.
Пад гэтым небам не толькі ходзяць,
Але і - паўзуць.
IX
Кваканне жаб заглушае спеў салаўя.
X
Не разбіраючы, хто вінаваты,
Не разбіраючы, хто правы,
Косіць каса і горкі палын
І мёдам набраклую медуніцу.
1958-1961 гг.
Літаратура.org — https://litaratura.org/starazhytnya?artid=158 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
ЭЛЕГІІ
Для друку / Старажытня