Літаратура.org » Старажытня » Гайнрых фон Кляйст, Землятрус у Чылі

Землятрус у Чылі

Гайнрых фон Кляйст — Нямецкая — Васіль Сёмуха

У Сант-Яга, сталіцы каралеўства Чылі, у час вялікага землятрусу 1647-а года, калі загінулі многія тысячы людзей, адзін малады абвінавачаны ў злачынстве і ўвязьнены  іспанец на імя Гераніма Ругера якраз стаяў каля пілястры ў турме з намерам павесіцца. Дон Энрыка Астэрон, з найвялікшых магутаў  горада, прыкладна з год да таго адставіў яго са свайго двара, дзе той служыў настаўнікам, за тое, што быў у пяшчотнай палюбоўнасці з доннай Хазэфай, адзінай гаспадаровай дачкой. Састарэламу дону пасля таго, як ён настойліва засцярог дачку, па тайным даручэнні і праз подлае дасачэнне ганарлівым сынком пра ўсё было данесена, і раз’ятрыла таго да такой меры, што ён з ходу  затачыў яе ў кармэліцкі кляштар Нашых Любасных  Жонаў. Дзякуючы шчаслівай нагодзе Гераніма ўспасобіўся-такі там нанава  зладзіць стасункі і аднае дамоўленай начы зрабіць кляштарны сад сцэнай свайго поўнага шчасця. А  ўжо акурат на свята Цела Гасподняга ўрачыстая працэсія любасных жонаў, за якою следавалі навіцыянткі, якраз і сталася пачаткам, калі няшчасная Хазэфа пад фінальныя акорды званоў упала на прыступкі катэдрала ў родавых схватках. Гэтае здарэнне набыло надзвычайнага розгаласу; юную грэшніцу, без аглядкі на яе стан, адразу ж запраторылі ў турму, і як толькі яна падвялася з радзільнага ложка,  ёй, ужо на загад арцыбіскупа, быў учынены найстражэйшы працэс. Горад прававаў пра гэты скандал  з такой горкай злосцю, а языкі так востра сціналіся нават вакол самаго кляштара, дзе ўсё гэта закалацілася, што ані просьба сям’і Астэрона, ані нават ужо жаданне самой абатысы, якая дабразычыла юнай дзяўчыне за яе ранейшыя беспахібныя  паводзіны, не змаглі паслабіць суровасці, якое вымагаў кляштарны закон. Усё, што магло адбыцца, павінна было адбыцца мусова -- смерць на  вогнішчы, на якую яна была вырачана: толькі дзякуючы вялікаму абурэнню матронаў і дзеўнаў Сант-Яга, і пасля інтэрвенцыі ўладаў у асобе віцэ-караля вогнішча было літасціва заменена на галавасеку. Ужо на вуліцах, па якіх меўся рухацца пакаральны поезд, пачалося арэндаванне вокнаў, ужо пачалося абладжванне дахаў на дамах, і пабожныя цнатліўкі-дочкі горада пачалі запрашаць сябровак, каб у вялікім спектаклі, якім абстаўлялася боская кара, тыя пабралі ўдзелу сваёй сястрынскай прысутнасцю. Гераніма, які тымчасам таксама быў замкнуты ў турму, даведаўшыся пра такі пачварны паварот лёсу, ледзь быў розумам не даўся. Марныя былі яго подумкі пра ратунак: усюды, куды ні заносілі яго крылы рызыкоўна-вытанчанай фантазіі, ён натыкаўся на засаўкі і муры, а спроба падпілаваць краты на акне павяла за сабою, як што ён быў выкрыты, яшчэ шчыльнейшае ўвязьненне. Ён кленчыў перад абразом святое Маці Боскай, ухапіўшыся за цяпер, бадай што, адзіна магчымы ратунак, які мог бы дацца ў рукі, і маліўся, маліўся з  усё большай і большай жарсцю. Але дзень, якога ён так баяўся, настаў, а з ім у грудзі прыйшла і ўпэўненасць у поўнай безнадзейнасці становішча. Адгучалі званы, пад якія Хазэфу дастаўлялі на месца пакарання, і роспач апанавала яго душу. Жыццё здалося яму  марнай убогасцю, і ён рашыў аддацца смерці з дапамогай вяроўкі, пасланай яму чыстым выпадкам. Ён якраз стаяў, як ужо сказана, каля пілястры, мацуючы да прыладжанай на гзымсе жалезнай клямры  вяроўку, якая мелася вырваць яго з гэтага жалю вартага, гаротнага свету;  аж раптам амаль ці не цэлы горад з грукатам, як калі б абрушылася нябеснае скляпенне, здрыгануўся, пахаваўшы  ўсё, што дыхала жыццём,  пад сваімі руінамі. Гераніма Ругера скамянеў ад жудасці; і адразу, як калі б яго свядомасць была растурзана ўшчэнт, ён, каб не  ўпасці, ухапіўся за пілястру, на якой  быў мерыўся памерці. Пад нагамі ў яго закалыхалася, сцены турмы пабеглі трэшчынамі, увесь будынак пахіліўся, вось-вось гатовы абваліцца на вуліцу, і толькі другі будынак насупраць, які прыняў на сябе  павольнае падзенне ўжо  нахіленага, затрымаў яго, нейкім сваім выступам не даўшы падзенню завяршыцца поўным завалам. Увесь у трымценні, валасы дыбарам, калені, гатовыя вось-вось падкасіцца, Гераніма неяк выкаўзнуўся па-над перакошанай падлогай вонкі, да праломіны, якую ўтварыла сутыкненне двух дамоў ў пярэдняй сцяне турмы. Ледзь толькі ён апынуўся на волі, як уся, ужо засыпаная вуліца, ад другога ўздрыгу зямлі абрушылася цалкам. Не разумеючы, як яму ўратавацца ў гэтым суцэльным хаосе знішчэння, Гераніма кінуўся з месіва друзу і бэлек упрочкі, да бліжэйшай гарадское брамы, тымчасам як смерць з усіх бакоў падступалася да яго. Тут рухнуў яшчэ адзін дом, і яго пагнала, асыпаючы абломкамі і друзам, у бакавую вуліцу; а там ужо з усіх франтонаў пралізваліся языкі полымя, бліскаючы ў густых хмарах дыму і пары,  і пагнала яго, поўнага жудасці, на другую вуліцу; а там ужо, паднятая ў сваiх берагах разбушаваная рака Мапоча рынулася на яго, падхапіла і з клакатаннем павалакла на трэцюю вуліцу. А там -- то груды целаў забітых, то знекуль з-пад абломкаў яшчэ чуецца нечы голас, то згары з палаючага даху людскі лямант, то вось зноў жа там людзі і жывёлы змагаюцца з хвалямі, а тое ж во – нейкі  адважны рызыкант спрабуе дапамагчы ратавацца, а там – яшчэ адзін нейкі такі, бледны як смерць, моўчкі малітоўна ўзносіць дрыготкія рукі ўгору да неба. Дабраўшыся да брамы і падняўшыся на пагорак, патойбоч ракі, Гераніма амаль непрытомна апусціўся долу. Недзе з добрых чвэрцьгадзіны ён праляжаў у поўным атлуменні, пакуль нарэшце зноў не ачуўся і -- горад за плячыма – прыўзняўся з зямлі, ні душой ні целам не адчуваючы і не ведаючы, што яму рабіць у гэткім стане, і толькі невыказная мілата агарнула яго, калі заходні вецер, з мора, абвеяў  зноў вернутае яму жыццё, і яго вочы пачалі блукаць ва ўсе бакі над расквітнелымі абсягамі Сант-Яга. Толькі натоўпы перапалоханых, бязрадных людзей, напаўсюль як вокам скінуць,  скрухай сціскалі яго сэрца; ён не разумеў, што магло прывесці сюды яго і іх, і толькі, як што ён абярнуўся і ўбачыў за сабою спляжаны горад,  успомніў той страшны перажыты ім момант. Ён схіліўся так нізка, што дакрануўся ілбом да зямлі, дзякуючы Богу за цудатворнае выратаванне;  і тут адразу, як калі б адно жахлівае ўражанне, заселае ў ягонай душы, выціснула з яе ўсе астатнія, ён заплакаў ад шчаснай радасці, што яго мілае жыццё, багатае сваімі самымі разнастайнымі праявамі, усё яшчэ ўмілажальвае яго.  Пасля, убачыўшы на сваім пальцы пярсцёнак,  адразу ўспомніў  Хазэфу, а разам з ёю і сваю турму, званы, пачутыя ім там, і той момант, які папярэднічаў абвалу. Глыбокая скруха зноў асела ў ягоных грудзях; малітва пачала схіляць  да каяння, і вусцішнай здалася яму існасць, якая валадарыць там, у пазахмар’і. Ён змяшаўся з людам, які паўсюль, заклапочаны ратаваннем маёмасці, валіў з брамаў, і нясмела рашыўся распытацца пра Астэронаву дачку і ці тое праўда, што пакаранне яе смерцю адбылося; але ніхто не даў яму талковай  даведкі. Адна жанчына, якая, сагнуўшыся ледзь не да зямлі, валакла на сабе неверагодны цяжар хатняга барахла і дваіх дзяцей ля грудзей, сказала, праходзячы міма, што нібыта яна на жывыя вочы бачыла, што так, што ёй адцялі галаву. Гераніма абярнуўся; і як што ён, прыкінуўшы ўсё па часе, нават сам не мог сумнявацца ў яе пакаранні, прысеў у бязлюдным гайку і напоўніцу аддаўся свайму болю. Хацелася,-- а няхай жа разбуральная сіла прыроды зноў абрынецца на яго. Ён не разумеў, чаму смерці, якое так шукала яго збалелая душа, а ў тыя імгненні, калі яна з усіх бакоў, здавалася, дабрахоць была ратавальнай, ён пазбег яе. І ён цвёрда намерыўся больш не вагацца, хай цяпер нават дубы з карэннем павыварочвае і абрыне на яго ўсю сілу голля. Толькі ўжо  выплакаўшыся, калі ў яго ад самых гарачых слёз, здавалася, зноў зацеплілася нейкая надзея, ён устаў і бязмэтна пачаў блукаць па мясцовасці. Падымаўся на кожны пагорак, дзе збіраліся людзі; на ўсіх дарогах, дзе рака яшчэ кіравала ўцёкамі, ён сустракаў іх; дзе толькі калыхаўся ветрам хоць які цень жаночай вопраткі, туды і неслі яго дрыжачыя ногі: але нідзе ані звання любаснай Астэронавай дачкі. Сонца, а з ім і ягоная слабая надзея ўжо зноў хіліліся да закату, калі ён падышоў да краю скалы, адкуль яму адкрылася шырокая, малалюдная даліна. Ён абмінаў, яшчэ нерашуча, як і павінен быў рабіць, асобныя групы людзей, і ўжо хацеў быў зноў вярнуцца, калі раптам каля ручая, які бег па лагчыне, згледзеў маладую жанчыну, якая абмывала  ў ім дзіця. І сэрца зайшлося ў грудзях, калі ўбачыў: ён саскочыў, поўны спадзявання, з камення і ўсклікнуў: “О Маці Божая, о Святая!” – і пазнаў Хазэфу, калі яна, пачуўшы шолах, баязліва азірнулася. З якой душэўнай пяшчотай яны абняліся, зубожаныя, уратаваныя нябесным цудам! Хазэфа, у сваёй пакутніцкай дарозе да смерці, была зусім ужо блізенька да лобнага  месца, калі раптоўны грукат і развал будынкаў разнёс і рассеяў усю карную працэсію. Яе першыя поўныя жудасці крокі памкнулі яе  да бліжэйшай брамы; але здаровая развага тут жа спыніла, і яна павярнулася, каб хутчэй бегчы да кляштара, дзе заставаўся яе маленькі бездапаможны хлопчык. Яна застала увесь кляштар ужо ў полымі, і абатыса, якая ў тыя хвіліны, што павінны былі стацца грэшніцы апошнімі, мелася спраўляць свае клопаты пра груднічка, таксама лямантавала, стоячы каля варот, благаючы дапамогі, каб уратаваць дзіцятка. Хазэфа бясстрашна кінулася праз дым, які валіў ёй насустрач, у амаль ужо з усіх бакоў ахоплены разбурэннем будынак, і адразу, нібыта ўсе нябесныя анёлы асланялі яе,  цалюткая, зноў выбегла з партала. Яна ўжо была, бадай, гатовая ўпасці на рукі абатысы, якая ўсё яшчэ, рукі над галавою, благала да неба, як тут якраз тая і амаль усе жанчыны з кляштара былі бязлітасна раздушаны абваленым франтонам дома. Хазэфа ў жудасці ад гэтага жахлівага відовішча задрыжала, падалася назад, адхіснулася; яна яшчэ толькі паспела закрыць абатысе вочы, і пабегла, без памяці ад страху, з дарагім дзіцяткам, зноў падараваным ёй небам, вырываючыся з кіпцяў непазбежнай  пагібелі. І паспела ўжо колькі там адбегчыся, як натыкнулася на труп арцыбіскупа, выцягнуты з-пад руінаў катэдральнага сабора. Палац віцэ-караля рухнуў, трыбунал, у якім ёй абвяшчалі вырак, абняты полымем, а на месцы, дзе стаяў яе родны дом, бушавала вада, завалакаючыся барвовай выпарынай. Хазэфа сабрала ўсю сваю моц, каб стрымацца. Яна пераходзіла з сваім здабытым скарбам з вуліцы на вуліцу, гонячы з грудзей жальбу, уся да нясцерпу напятая, і была ўжо зусім блізка да брамы, калі апынулася перад руінамі турмы, у якой таміўся Гераніма. Убачыўшы гэта, яна здрыганулася, і, амаль беспрытомную, яе павяло прысесці ў нейкім закутку; але ў гэты момант штуршок скалануў і абрушыў дом за ёю;  патрасенне, якое было ўжо крыху  паслабла, цяпер ад новага жаху зноў захлынула яе з падвоенай сілай; яна пацалавала дзіця, намаглася стрымаць на вачах слёзы і, ужо больш не звяртаючы ніякай увагі на жудасныя шалы стыхіі, што віравалі вакол яе, дабралася да гарадское брамы. Апынуўшыся на волі, яна хутка зразумела, што не кожны, хто жыў у разбураным доме, мусова павінен быў быць завалены ў ім. На раздарожжы яна спынілася і счакала, бо тое ж, можа, хто-нехта-каторы яшчэ,  апрача маленькага Філіпа, які быў  наймілейшы ў свеце, ці не акажа сябе ёй на вочы. Ніхто сябе не аказаў, і яна пайшла далей, людскі тлум гусцеў, яна зноў раз-поразу азіралася, зноў марна чакала; і ішла, знебываючыся слязьмі, у зацішную, прыцененую пініямі даліну, каб душэўна падзякаваць сваёй душы, ад якое яна, як ёй здавалася, якраз сама ж і ўцякала; і знайшла яго тут, таго любаснага, у даліне, і шчаснасць здабыла, як калі б даліна была ёй дарункам неба і зямлі. Пра ўсё гэта яна цяпер расказала Гераніма, і, як што ўжо закончыла сваю аповесць, паднесла яму хлопчыка пацалаваць. – Гераніма прыняў яго і з невыказнай бацькоўскай  радасцю  аблашчыў сваё чада бясконцымі пяшчотамі, затуляючы яму раток, бо дзіця заплакала, убачыўшы чужое аблічча. А тым часам нагарнулася дабрашчасная ноч, поўная цудоўнага, мяккага водару, такая срабрыста-блішчастая і ціхая, якою такою можа мроіць толькі паэт. Паўсюль у лагчыне, уздоўж крынічнага ручая, у бляску месяца  людзей-а-людзей!-- яны слалі сабе  пасцелі з імху ды лісця, каб пасля такога пакутлівага дня адпачыць і супакоіцца. І як што гаротнікі ўсё яшчэ енчылі і бедавалі: гэты па знішчаным доме, той – па жонцы і дзіцяці,  трэці – па ўсім страчаным, дык Гераніма і Хазефа адасобіліся ў больш глухое кустоўе, каб нікога не засмучаць самотным енкам сваіх душаў. Яны знайшлі разгалістае гранатавае дрэва, галіны якога, увешаныя пахучымі пладамі,  шчодра духмянілі наўшыркі вакол; і салоўка цёхкаў у кароне сваю любаюрлівую песню. Тут Гераніма і апусціўся пад камлём на зямлю, Хазэфа з ім, Філіп на каленях у Хазэфы, сядзелі яны, ахінуўшыся плашчом, і спачывалі. Над імі прасціралася цяністае з рассыпанымі  прасветлінамі голле, а месяц ужо зноў прыбляк на ранішняй зары перш чым яны заснулі. Бо гаманілі  да бясконцасці, пра кляштарны сад, і  пра вязьніцы, і пра тое, што  ператрывалі адно за адное, і як яны былі кранутыя тым, колькі пакутлівай нэндзы на свеце павінны яшчэ адбыць, каб дастацца да  шчасця! Яны рашылі, што, калі  суймецца зямля ад штуршкоў, пойдуць  у Ля-Кансэпсьён, дзе ў Хазэфы жыла верная сяброўка, ад якой спадзявалася атрымаць невялікую пазыку, на якую яны адплывуць у Гішпанію, дзе жыла Геранімава мацярынская радня, і там завершаць дабрадатнае жыццё. І з гэтым, нацалаваўшыся, заснулі.

Калі яны прачнуліся, сонца ўжо высока стаяла ў небе, і яны заўважылі паблізу шмат сем’яў, якія каля вогнішчаў нешта там, што маглі, спраўлялі сабе на сняданак. Гераніма таксама падумаў, што б там такога наеднага сабраць сваім, калі нейкі малады добра апранены чалавек, з дзіцем на руках, падышоў да Хазэфы і сціпла папытаўся: цi не магла б яна гэтаму беднаму кацянятку, чыя мама там пад дрэвам ляжыць параненая, цыцы даць? Хазэфа крыху сумелася, пазнаўшы ў ім аднаго свайго знаёмага; але як што ён, няправільна зразумеўшы яе збянтэжанасць, сказаў далей: “Ну, хоць на некалькі хвілінак, донна Хазэфа, гэтае дзіця з той самай гадзіны, якая зрабіла ўсіх нас няшчаснымі, божае расінкі на язычок не мела”; а яна сказала: “Я прамаўчала з іншай прычыны, дон Фернанда; гэтым страшным часам ніхто не адмовіцца падзяліцца тым, што ён яшчэ мае”; і ўзяла чужое дзіцятка, перадаўшы сваё на рукі бацьку, і прыклала да грудзей. Дон Фернанда быў вельмі ўдзячны за гэтую даброць і спытаўся: ці не хацелі б яны з ім далучыцца да невялікай іхняй кампаніі, дзе акурат цяпер каля агню збіраецца сціплы сняданак? Хазэфа адказала, што ёй прыемна прыняць такое запрашэнне і, як што і Гераніма не меў чым запярэчыць, паследавала за ім, да ягонай сям’і, дзе з сардэчнай шчырасцю іх сустрэлі дзве швагеркі дона Фернанда, якіх яны ведалі як вельмі дастойных юных дам. Донна Эльвіра, жонка дона Фернанда, якая, цяжка параненая ў ногі, ляжала на зямлі,  вельмі прыветліва папрасіла Хазэфу, убачыўшы каля яе грудзей свайго апатуленага хлопчыка, прысесці да сябе. І дон Пэдра, яе свёкар, паранены ў плячо, замілавана кіўнуў ёй галавою. – У грудзях у Гераніма і Хазэфы варухнуліся дзіўнага кшталту думкі. Калі яны бачылі, з якой даверлівасцю і далікатнасцю з імі абыходзяцца, дык не ведалі, што тыя мелі  думаць пра мінулае, пра галгофу, пра турму, пра званы; інакш бо ці не саснілі яны ўсё гэта? Здавалася нават, што гасцінныя запрашальцы, з часу страшэннага ўдару стыхіі, які так  уразіў  іх, разам з тым і памірыў  і спрыязніў усіх. У сваіх згадках яны не маглі  пайсці далей, як толькі вяртацца да таго моманту. Бадай што, толькі донна Элізабэт, якая са сваёй прыяцелькай была запрошана на ўчарашнюю ранішнюю імпрэзу, але таго запрашэння не прыняла, часта давала спачын сваім замроеным позіркам на Хазэфе; аднак любое ўпамінанне пра якое-колечы новае жахлівае няшчасце, вяртала яе амаль уцеклую ад цяперашняга стану душу назад, да ўчарашняга. Расказвалі, як горад адразу пасля першага наймацнейшага  ўструсу напоўніўся жанчынамі, якія скідалі і гінулі на вачах у мужчын; як манахі, з распяццямі ў руках, бегалі і крычалі: канец свету! канец свету!, як адной варце, якой на загад віцэ-караля ачысціць кірху, было адказана: ніякага віцэ-караля Чылі больш няма! І -- што віцэ-кароль у такія страшэнныя хвіліны павінен быў бы дазволіць ставіць шыбеніцы, каб спыніць марадзёрства; і як адзін невінаваты, выратаваны абвалам будынка,  неразважліва быў затрыманы і адразу пакараны горлам. Донна Эльвіра,   ранамі якое шмат пераймалася  Хазэфа, якраз тады, калі найбольш ажыўлена кіпела гаворка, скарысталася нагодай спытацца ў яе: як ёй абышлося ў гэты страхотлівы дзень? І як што Хазэфа, са шчымлівым сэрцам, падала ёй некаторыя асноўныя падрабязнасці з таго, ёй было суцяшэннем убачыць у вачах дамы набеглыя слёзы; донна Эльвіра схапіла яе за руку, паціснула і намякнула ёй, каб памаўчала. Хазэфа адчула сябе як сярод шчаслівых. З пачуццём, якое яна не магла прыглушыць, назвала прабеглы дзень, хай сабе ён і прынёс свету вялікае гора, дабрадзейным, якога такога яшчэ ні разу неба ёй не спасылала. І гэтае дзейства, здавалася, менавіта ў тыя жудасныя хвіліны, калі ўсе на зямлі даброці людскія адыходзяць у нівеч, і ўся прырода пагражае абярнуцца ў пыл, а сам чалавечы дух, як прыгожая кветка, – наадварот, распускаецца. На палях, як сягала вока, тлуміліся людзі самых розных станаў: князі і жабракі, матроны і сялянкі, дзяржаўныя чыноўнікі і падзёншчыкі, кляштарныя мніхі і кляштарныя мнішкі; узаемныя спачуванні, з усіх бакоў ласкавая дапамога тым, што каму для захавання жыцця наразілася выратаваць, ахвочая падтрымка, нібыта агульнае няшчасце і ўсё, што яго ўнікла, магло з’яднаць у адну сям’ю. Замест пустой балбатні, на якую звычайна свет за чайнымі сталамі мае ўдосталь усякай сыравіны, цяпер расказвалі прыклады неверагодных учынкаў. Людзі, якія звычайна ў кампаніях мала чаго значылі, цяпер выяўлялі ў сабе веліч рымлянаў, маса прыкладаў бясстрашнасці, радаснай пагарды да небяспекі, самаадданасці і боскай ахвярнасці, неўтаймавальнай гатовасці да дабравольнага сыходу з жыцця, нібыта яно падобнае да нікчэмнага майна, якое можна прыдбаць нанава  сваёй далейшай рупнасцю. Так, як што не  было аднаго, для каго не адбылося б у гэты дзень чагосьці кранальнага, альбо хто б сам у гэты дзень самохаць не ўчыніў нічога высакародна годнаснага, дык боль быў у грудзях у кожнага чалавека перамешаны з такой салодкай ахвотай хацімай душы, што, як яна лічыла, не паддавалася выяўленню, ці тое сума агульнай дабрашчаснасці не павялічылася з аднаго боку настолькі ж сама, наколькі яна з другога боку паменшылася. Гераніма  пасля таго, як яны абое ад гэтых маўклівых назіранняў стаміліся, ўзяў Хазэфу пад руку і з невыказна цёплай пяшчотай павёў яе ў засень дрэў гранатавага гаю. Ён сказаў ёй, што пры такой настраёвасці ў людскіх помыслах і перамене адносінаў сваё рашэнне адплыць у Еўропу ён адмяняе; што перад віцэ-каралём заўсёды паказваў сябе памяркоўна, а ў разе, калі той яшчэ жывы, адважыўся б і ўкленчыць, што  мае надзею (пры гэтым ён пацалаваў яе) застацца з ёю ў Чылі. Хазэфа адказала, што такія подумкі набягалі і ёй на мыслі; што і яна, калі толькі яе бацька ацалеў, больш не вагацьмецца памірыцца з ім; але што яна, замест каб кленчыць, лепш выправілася б у Ля-Кансэпсьён, а ўжо адтуль пісьмова параіла б зладзіць прымірэнчы акт з віцэ-каралём, бо там у кожным разе  гэта было б у партовым горадзе, а на лепшае, калі б той акт набыў яшчэ і спрыяльны паварот, можна было б лёгка зноў вярнуцца ў Сант-Яга. Пасля кароткай развагі, Гераніма ухваліў разумнасць такой меры, ён яшчэ крыху павадзіў яе па лясных сцежках, перабіраючы ў думках самыя светлыя моманты будучыні,  і вярнуўся з ёю да  кампаніі.

Тымчасам настала і полудне, душэўныя настроі ў атойбішчы ўцекачоў ужо, бадай што, крыху палагаднелі,  бо штуршкі землятрусу паслабіліся, а тут яшчэ і разышлася погаласка, што ў дамініканскай кірсе, адзінай, пашкадаванай землярусам, мае быць адслужана ўрачыстая імша, на якой кляштарныя прэлаты асабіста ўзнясуць падзякаванне небу і малітву за аслону ад будучых пошасцяў. Люд ужо паўсюдна ўзбурыўся і спешна патокамі сцякаўся з усіх бакоў у горад. У кампаніі дона Фернанда паўстала пытанне, ці не ўзяць таксама і ім ўдзелу ў гэтых урачыстасцях, ці не далучыцца да агульнай плыні? Донна Элізабэт з доляй заклапочанасці ўзгадала, якая нягода  спадобіла ўчора кірху; і як што такія падзякавальныя фэсты могуць ладзіцца і паўторна, бо то ж бо  небяспека ўжо збольш-меншага мінулася і што, як па ўсім адчуваецца,  якраз  таму і ўдзел у набажэнстве, з тым большай пэўнасцю спакойна мог бы быць адкладзены на пазней. Хазэфа сказала, адразу жвава ўстаючы, што яе прагнае жаданне схіліць у пыл сваё аблічча перад Госпадам Садзецелем ніколі не ўспрынялося б з большай жарсцю, чым акурат цяпер, калі Ён выяўляе такую неверагодную і высакародную веліч сваёй улады. Донна Эльвіра ахвотна  далучылася да  Хазэфінага меркавання. Яна настояла, каб усё-такі ж адбыць імшу, і заклікала дона Фернанда ўзначаліць прысутную суполку, на што ўсе, і донна Элізабэт таксама, згадзіліся і ўсталі. Як што, аднак, апошняя, узбуджана дыхаючы на поўныя грудзі,  прыглядалася да спешлівых збораў на адыход з нейкім марудлівым ваганнем  і  на пытанне: чаго ж вам бракуе? адказала, што не ведае, чаго, але,  ведаеце, нейкае трывожнае прадчуванне як бы засцерагае! Яна супакоіла донну Эльвіру, і папрасіла яе застацца з ёю і з іх хворым бацькам. Хазэфа сказала: “Дык Вы, мабыць, узялі б, донна Элізабэт, у мяне гэта мілае дзіцятка, якое, як Вы бачыце, так добра асвоілася са мною”. -- “З вялікай радасцю”, адказала донна Элізабэт і паспрабавала ўзяць дзіця, але як што тое ад нягодаў, якія перапалі яму, жаласна заплакала і ні ў якім разе на гэта не згаджалася, Хазэфа з усмешкай сказала, што хоча толькі яго патрымаць, і далікатненька зноў яго пацалавала. На гэта дон Фернанда, якому вельмі  спадабалася гожасць і  хараство яе паводзінаў, падаў ёй руку; Гераніма, які трымаў маленькага Філіпа, вёў донну Канстанцу; астатнія, што далучыліся да  кампаніі, рушылі следам; і  ў такім парадку іхні цуг выправіўся ў горад. Яны прайшлі заледзьве нейкіх пяцьдзесят крокаў, як пачуўся голас донны Элізабэт, якая тымчасам пошаптам горача перамаўлялася з доннай Эльвірай: “Дон Фернанда!”, і ўсе ўбачылі, як яна неспакойна, мала не подбегам паспяшалася за працэсіяй. Дон Фернанда спыніўся і абярнуўся; пачакаў яе, не выпускаючы рукі Хазэфы, і спытаўся, бо тое ж яна, падобна, чакаючы, што ён памкнецца насустрач, спынілася на пэўнай адлегласці: чаго яна хацела? Донна Элізабэт наблізілася да яго, хоць, як здавалася, з доляй прыкрасці, і шапнула яму, але так, каб гэтага не магла пачуць Хазэфа, некалькі слоў на вуха. “Ну, і...? – спытаўся дон Фернанда, -- якое ж няшчасце з гэтага можа паўстаць?” Донна Элізабэт з перакошаным тварам далей нішкам шыкала на вуха. Дону Фернанда набег на твар румянец неадабрэння; ён адказаў: “Было б няблага! Донна Эльвіра магла б супакоіцца”; і павёў сваю даму далей. – Калі яны прыйшлі ў дамініканскую кірху, там ужо гучала ўзнёслая арганная музыка і  калыхаўся вялікі людскі тлум. Гэтая сціжма вылівалася шырока за парталы на плошчу перад храмам, а на хорах, на сценах карціны ў рамах,  хлопчыкі, яны пераміналіся  і ў нецярплівым чаканні мялі ў руках шапачкі. З усіх люстраў лілося святло, пілястры з наступленнем прысмеркаў пачалі адкідваць таямнічыя цені, вялікая вітражная ружа з каляровага шкла на заднім плане храма палала, не раўнуючы як сама вячэрняя зара, якая і асвятляла тую вітражную ружу, і над усім гэтым зборам запанавала ціша, бо арган акурат аціх, а ў людзей як бы не магло нарадзіцца ў грудзях ані гуку. Ніколі яшчэ ў хрысціянскім храме  не ўзносілася да неба такое полымя жарсці, як гэтага разу ў дамініканскім саборы ў Сант-Яга; і ніводныя чалавечыя грудзі не дадавалі ў яго больш цёплага жару, як Геранімавы і Хазэфіныя грудзі! Урачыстае святкаванне пачалося з казані, якую ўчыніў на акрасу свята адзін з старэйшых харыстаў  саборнай катэдры. Ён пачаў адразу з хваласлоўя, ушанавання і падзякавання, высока да неба узносячы трапятлівыя, шырока раскрыленыя ў харальнай адзежыне рукі, якія сведчылі, што яшчэ былі людзі ў гэтым зруйнаваным куточку свету, здольныя благаць угору да Бога. Ён апісаў, што з дапушчэння Усемагутнага тут адбылося; што нябесны суд не можа быць больш вусцішным за гэты; і калі ён назваў учарашні землятрус, паказваючы на расколіну, якая спасцігла сцяну сабора,  шчырым прадвесцем гэтага суду, жах скалануў усё людства. Пасля ён перайшоў, у плыні пастарскага красамоўства, да маральнай псоты горада; брыдкая немарасць, якой такой другой не бачылі ні Садома ні Гамора, і -- кара ўсім за яе; і толькі бясконца доўгай цярплівасці Бога заўдзячаецца ён, што яны тут не цалкам вынішчаны з улоння зямлі. І падобна кінжалу раскроіла спакутаваныя сэрцы абаіх нашых няшчасных бедалагаў не так сама казань, як тое, што харысту акурат цяпер наразілася ўпамянуць злачыннае  блюзнерства, якое было ўчынена ў садзе кляштара кармэлітак; а шаноўлю, якую яно набыло ў свеце, назваў богазневажальнай, і, у адным з поўных праклёнаў адхіленняў ад тэмы, пра душы злачынцаў, літаральна абвясціў гэта продажам душы ўсім князям пекла! Донна Канстанца войкнула, тузаючы Гераніма за рукаў: “Дон Фернанда!”. Але ён адказаў заўпарціста і таямніча, калі толькі сказанае можна спалучыць у адным тоне: “Памаўчыце, донна, нават зрэнкам не варухніце, а цяпер зрабіце так, быццам вы млееце ў непрытомнасці -- пасля гэтага мы пакінем храм.” Але яшчэ перш чым донна Канстанца паспела заўжыць гэтага дзейснага ратавальнага сродку, пачуўся нечы голас, перапыняючы тым самым харыставую казань: “Схамянецеся, грамадзяне Сант-Яга, адкаснецеся, гэтыя агуднікі Бога сярод нас!” І калі другі спалоханы голас, вакол якога тут жа ўтварылася шырокае кола вусцішнай моўчы, спытаўся: “Дзе?”-- “Тут!” – вымкнуўся нехта трэці, і тузануў, поўны багавейнай асуды, Хазэфу за валасы, аж тая з сынам дона Фернанда на руках напэўна ўпала б, калі б юнак  не ўтрымаў яе. “Вы ў  сваім розуме?-- усклікнуў ён і падхапіў Хазэфу рукою, -- я – дон Фернанда Ормэз, сын каменданта горада, якога вы ўсе ведаеце.” – “Дон Фернанда Ормэз” – усклікнуў адзін шавец, што стаяў непадалёк, які сваім часам спраўляў абутак Хазэфе і ведаў яе, прынамсі, не горш за яе маленькія ножкі. “Хто бацька гэтага дзіцяці?” – звярнуўся  ён з дзёрзкай нахабнасцю да дачкі Астэрона. Дон Фернанда збялеў ад гэтага пытання. Ён знясмелена паглядзеў спярша на Гераніма, пасля абвёў вачыма усю зборню, -- ці няма тут каторага, хто яго ведае. Хазэфа ўскрыкнула, змушчаная страшэннымі акалічнасцямі: “Гэта не маё дзіця, майстар Пэдрыла, як ён мяркуе; -- з бясконцым душэўным страхам гледзячы на дона Фернанда:  ў -- гэты юны спадар ёсць дон Фернанда Ормэз, сын каменданта горада, якога вы ўсе ведаеце!” Шавец спытаўся: “Хто з вас, грамадзяне, ведае гэтага маладога чалавека?” І многія з прысутных паўтарылі: “Хто ведае Гераніма Ругерy?  Хай выйдзе наперад!” І тут сталася так, што ў гэты самы момант маленькі Хуан, напалоханы паўсталым вэрхалам, ад грудзей Хазэфы папрасіўся на рукі дона Фернанда. І тут: “Вось ён ёсць бацька!” – крыкнуў адзін голас; і: “Ён ёсць Гераніма Ругера!” – другі; і:  “Яны вось – богаадступныя нелюдзі!” – трэці голас; і:  “Камянямі іх! Камянямі іх!” – ужо ледзь не лямант сабранага ў храме Хрыста верніцтва Хрыстовага! Пасля гэтага -- Геранімa: “Стойце! Вы -- нелюдзі! Калі вы шукаеце Гераніма Ругеру, дык вось я тут! Адпусціце чалавека, ён не вінаваты!” – Разлютаваны натоўп, знедаўмёны словамі Гераніма, замоўк; многія  адступіліся ад дона Фернанда; і як што ў гэты самы момант адзін марскі афіцэр высокага рангу, праціскаючыся да яго праз натоўп, спытаўся: “Дон Фернанда Ормэз! Што ў Вас тут сталася?”, дык гэты адказаў, цяпер ужо зусім адпушчаны, з сапраўднай гераічнай разважлівасцю: “Так, гляньце, дон Алонса, на гэтых забойцаў! Я б тут прапаў, калі б гэты дастойны чалавек, каб супакоіць разбушаваны натоўп, не выдаў сябе за Гераніма Ругеру. Арыштуйце яго, калі Вы хочаце ўчыніць дабро, разам з гэтай юнай дамай, дзеля іх абаіхнай бяспекі; і гэтага вось абрыдня,—ужо хапаючы майстра Пэдрылу,-- які закалаціў тут усю авантуру!” Шавец усклікнуў: “Дон Алонса Анарэха, я заклікаю Вас звярнуцца да Вашага сумлення, ці ж гэтая дзяўчына не Хазэфа Астэрон?” Як што тут дон Алонса, які выдатна ведаў Хазэфу, памарудзіў з адказам і гэтым самым падагрэў многіх да новай хвалі шалу, пачуліся галасы: “Гэта яна! Яна гэта!” і: “Смерць ёй!”, Хазэфа перадала маленькага Філіпа, якога дагэтуль трымаў Гераніма, разам з маленькім Хуанам на рукі дона Фернанда і сказала: “Ідзіце, дон Фернанда, і ратуйце сваіх абаіх дзетак, і пакіньце нас на волю нашага лёсу!” Дон Фернанда прыняў дзетак і сказаў, што ён хацеў бы лепш загінуць, чым  дапусціць, каб нейкая крыўда была учынена блізкім яму людзям. Ён падаў Хазэфе руку, пасля таго як папрасіў меч у марскога афіцэра, і заклікаў пару, якая стаяла за ім, следаваць за ім. Яны сапраўды, калі ім пры такіх установах, пры дастатковых пачцівасцях далі праход, пайшлі з храма і лічылі сябе выратаванымі. Але як толькі апынуліся на таксама запруджанай людзьмі плошчы перад храмам, голас з расшалелага натоўпу пераследнікаў крыкнуў: “Гэта Гераніма Ругера, грамадзяне, я ж ягоны ўласны бацька!” і страшэнным ударам ражна яго ўклалі на зямлю, з боку донны Канстанцы. “Езус – Марыя!” – усклікнула  донна Канстанца і кінулася да свайго швагра; “Курва кляшторная!” – прагучала з другога боку, і ад другога ўдару калом донна Канстанца безжыццёва палегла побач з Гераніма. “Вылюдак!—крыкнуў нехта невядомы, -- гэта ж донна Канстанца Ксарэс!” – “Чаму ж яна схлусіла нам,  – азваўся шавец, --  якраз што трэба, смерць ёй!”.  Дон Фернанда, убачыўшы мёртвае цела Канстанцы, успыхнуў гневам: выхапіў меч, замахнуўся, і калі б дастаў,  рассек бы  напалам таго фанатычнага душагуба, што збухторыў усю гэтую вакханалію, калі б той не адскочыў, ухіліўшыся тым самым ад магутнага ўдару. Але як што ён не мог стрымаць напору і, пачуўшы: “Жывіце шчасліва, дон Фернанда, з дзеткамі! – гэта ўсклікнула Хазэфа, і -- яны забіваюць мяне, крыважэрныя тыгры!”, -- на скрут галавы яна кінулася ў натоўп, каб пакласці канец смертазабойству. Майстар Пэдрыла ражном зваліў на зямлю і яе. Пасля, увесь запырсканы яе крывёю, крыкнуў: “І байструка – туды ж, у пекла!”. І ўсё яшчэ не спагнаўшы ахвоты да  забойства, зноў праціснуўся наперад. Дон Фернанда, гэты боскі волат, цяпер, прыхіліўшыся спінай да сцяны храма, левай рукою трымаў дзяцей, у правай – меч. Кожным маланкавым  ударам ён клаў на зямлю аднаго за адным; леў не бараніўся б лепш. Сем крывавых сабак ужо ляжалі перад ім, сам князь сатанінскай хэўры ўжо быў паранены. Аднак майстар Пэдрыла, перш чым упакоіцца навекі, паспеў адарваць ад ягоных грудзей адно дзіця і, размахнуўшыся ім  высока над галавою, струшчыў яго аб вугал храмавай калоны. Пасля гэтага зрабілася цішыня, усе, зжахнуўшыся, адступіліся. Дон Фернанда, убачыўшы перад сабою свайго малыша Хуана з разбітай галавою, з якое выцякаў мозак, узвёў, увесь перапоўнены невыказным болем, вочы да неба. Марскі афіцэр, які зноў апынуўся побач, спрабаваў суцешыць яго, запэўніваў у сваім несаўдзельстве ў гэтым злачынстве, хоць шмат якія іншыя акалічнасці апраўдана змушаюць яго да каяння; але дон Фернанда адказаў, што не мае чым таго папракнуць, што ніякай віны яму закінуць не можп, і толькі папрасіў дапамагчы ўправіцца з мёртвымі целамі сваіх. Іх даставілі ў сутонні блізкай ужо ночы ў дом дона Алонса, куды і паследаваў, няспынна плачучы над тварыкам маленькага Філіпа, дон Фернанда. Ён таксама заначаваў у дона Алонса і яшчэ доўга адгаворваўся рознымі прычынамі расказаць жонцы пра ўвесь абсяг наканаванай ім нядолі; ну, хіба што, можа, адважыцца пазней калі, бо яна хворая, хоць і не ведаў, як яна расцэніць ягоныя паводзіны пры такой дадзенасці; але праз нейкі час, выпадкова даведаўшыся пра ўсё, што адбылося, гэтая ўражліва-датклівая дама на самоце выплакала увесь свой мацярынскі боль і аднае раніцы з рэштай горкіх слёз кінулася яму на шыю і пацалавала яго. Дон Фернанда і донна Эльвіра пасля гэтага ўсынавілі чужое маленькае дзіцятка і, калі дон Фернанда параўноўваў Філіпа з Хуанам і ўспамінаў, як яно ўсё з імі ў яго сталася, дык душа яго падказвала, што яму след радавацца.

Літаратура.org — https://litaratura.org/starazhytnya?artid=104 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Землятрус у Чылі

Гайнрых фон Кляйст — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Старажытня

Гайнрых фон Кляйст
Гайнрых фон Кляйст