Гамлет, прынц Дацкі — акт чацвёрты
АКТ ЧАЦВЁРТЫ
Сцэна першая
Пакой у замку.
Уваходзяць кароль, каралева, Разенкранц і Гільдэнстэрн.
КАРОЛЬ
У гэтых уздыханнях, гэтых стогнах
Павінна нешта быць. Дай тлумачэнне.
Нам трэба ведаць. Дзе твой сын?
КАРАЛЕВА
Пакіньце на мінутку нас.
Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.
Ах, друг мой,
Што бачыла я ўночы.
КАРОЛЬ
Што, Гертруда?
Што з Гамлетам?
КАРАЛЕВА
Шалёны, быццам мора
I вецер, калі ўсходзяцца абое
Спрачацца, хто дужэй. У лютым гневе,
Пачуўшы шум за дываном, умомант
Схапіў ён меч і, крыкнуўшы: «пацук!»,
Не глянуўшы, напаў і закалоў
Няшчаснага старога.
КАРОЛЬ
Ліхадзейства!
Каб я там быў, было б са мною гэтак.
Яго свабода пагражае ўсім:
Табе, і мне, і кожнаму. Ах, ах!
Хто дасць адказ за гэты чын крывавы?
Яго ўскладуць на нас. Наш абавязак
Быў утрымаць, прыбраць да рук вар'ята,
Але такая нашая любоў,
Што мы нічога не маглі прадбачыць,
I, як уласнік брыдкае хваробы,
Таіліся датуль, пакуль яна
Не выела вантробы нашы. Дзе ён?
КАРАЛЕВА
Панёс забітага. I тут явіла
Яго вар'яцтва чыстату сваю,
Як золата сярод руды звычайнай;
Ён каецца і плача.
КАРОЛЬ
О, хадзем,
Мая Гертруда!
I сонца не апусціцца за горы,
Як ён пакіне нас. Ну, а злачынства
Мы нашаю уладай і умельствам
Як-небудзь апраўдаем.— Гільдэнстэрн!
Уваходзяць Разенкранц і Гільдэнстэрн.
Сябры, ідзіце клічце дапамогу:
Прынц Гамлет, непрытомны, закалоў
Палонія і павалок кудысьці
З пакояў каралевы. Ўсе на пошук!
З ім гаварыце хораша, а труп
Перанясіце у капліцу. Хутка!
Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.
Гертруда, пойдзем; склічам на нараду
Людзей мудрэйшых і вярнейшых, трэба
Іх пазнаёміць з нашым меркаваннем
I з тым, што здарылася. Можа, плётка,
Што з хуткасцю гарматнага ядра
Па свеце мчыцца з сыканнем змяіным,
Нас абміне і ў пустату пацэліць.
Хадзем, Гертруда. У душы маёй
Трывога і няпэўнасць.
Выходзяць.
Сцэна другая
Другі пакой у замку.
Уваходзіць Гамлет.
ГАМЛЕТ
Схаваў нядрэнна.
РАЗЕНКРАНЦ I ГІЛЬДЭНСТЭРН
(за сцэнай)
Гамлет! Прынц Гамлет!
ГАМЛЕТ
Ціха! Што там за гвалт? Хто кліча Гамлета? А, вось яны.
Уваходзяць Разенкранц і Гільдэнстэрн.
РАЗЕНКРАНЦ
Што вы зрабілі з трупам, прынц?
ГАМЛЕТ
Змяшаў з зямлёю. Яна яму крыху радня.
РАЗЕНКРАНЦ
Скажыце, дзе ён, каб забраць яго і вынесці ў капліцу.
ГАМЛЕТ
Не верце.
РАЗЕНКРАНЦ
А што такое?
ГАМЛЕТ
Што я вашу тайну буду трымаць за пазухай, а сваю на языку. Апроч таго, калі пытаецца губка, што можа адказаць ёй каралеўскі сын?
РАЗЕНКРАНЦ
Прынц, якая губка?
ГАМЛЕТ
Так, пане мой,— губка, якая смокча каралеўскія міласці, падзякі і загады. Такія прыдворныя — скарб для караля. Ён іх трымае, як малпа арэхі,— за шчакою: кладзе ў рот першымі, а глытае апошнімі. Калі яму спатрэбіцца тое, чаго вы набраліся, ён вас ціскане добра — і губка сухая.
РАЗЕНКРАНЦ
Я вас не разумею, прынц.
ГАМЛЕТ
Вельмі рад. Слова шэльмы спіць у вуху дурня.
РАЗЕНКРАНЦ
Мой прынц, вы павінны сказаць, дзе знаходзіцца цела, і пайсці з намі да караля.
ГАМЛЕТ
Цела ў караля, але яно скора разваліцца. Кароль — рэч...
РАЗЕНКРАНЦ
Якая рэч, мой прынц?
ГАМЛЕТ
Непатрэбная. Вядзіце мяне да яго.
Гоп, гоп, ліска! —
Гайня блізка.
Выходзяць.
Сцэна трэцяя
Другі пакой у замку.
Уваходзіць кароль з прыдворнымі.
КАРОЛЬ
Я даў загад знайсці яго і цела.
Ён на свабодзе — гэта небяспечна;
Аднак жа мы караць яго не будзем:
Яму надзвычай чэрнь сімпатызуе,
Бо судзіць не папраўдзе, а на вока,—
Яна убачыць мукі ліхадзея,
А не яго злачынства. А таму
Пасадзім мы яго на карабель
I сплавім прэч. Але, каб выйшла гладка,
Прадставіць трэба гэтае выгнанне
Як вынік доўгіх дум. Ліхой хваробе —
Ліхія лекі.
Уваходзіць Разенкранц.
Ну, што там яшчэ?
РАЗЕНКРАНЦ
О найяснейшы, не маглі дазнацца,
Куды схаваў ён труп.
КАРОЛЬ
А дзе ён сам?
РАЗЕНКРАНЦ
Пад вартаю, чакае вашай ласкі;
Тут, тут, каля дзвярэй.
КАРОЛЬ
Прывесці.
РАЗЕНКРАНЦ
Гэй, Гільдэнстэрн! Прывесці прынца!
Уваходзяць Гамлет і Гільдэнстэрн.
КАРОЛЬ
Што скажаш, Гамлет? Дзе Палоній?
ГАМЛЕТ
На вячэры.
КАРОЛЬ
На вячэры? Дзе?
ГАМЛЕТ
Не там, дзе ён есць, а там, дзе яго ядуць; на сойме сярод палітычных чарвей. Чарвяк — наш адзіны імператар па часці яды. Мы гадуем усякую жывёлу, каб смачна пад'есці, а сабою гадуем чарвей. Тлусты кароль і худы жабрак — гэта толькі розныя гатункі ежы, дзве стравы на адзін стол; такі канец.
КАРОЛЬ
На жаль, праўда.
ГАМЛЕТ
Чалавек можа лавіць рыбу на чарвяка, які наеўся каралеўскага мяса, і есці рыбу, якая праглынула гэтага чарвяка.
КАРОЛЬ
Што ты хочаш гэтым сказаць?
ГАМЛЕТ
Нічога. Я толькі малюю карціну працэсаў, паказваю рух каралеўскай асобы ў жабрацкіх кішках.
КАРОЛЬ
Дзе Палоній?
ГАМЛЕТ
На небе. Няхай хто-небудзь палезе паглядзець. Калі вашы паслы яго там не знойдуць, то праваліцеся ў пекла і шукайце самі. У выпадку няўдачы, праз месяц ён сам дасць аб сабе знаць: калі будзеце падымацца на галерэю, то пачуеце смурод.
КАРОЛЬ
(прыдворным)
Абшукайце галерэю!
ГАМЛЕТ
Не спяшайцеся, ён не ўцячэ.
Прыдворныя выходзяць.
КАРОЛЬ
Жадаючы табе дабра, сын Гамлет,
I шчыра замаркочаныя тым,
Што ты зрабіў, дзеля твайго спакою
Мы вырашылі як мага хутчэй
Цябе адсюль справадзіць. А таму
Збірайся, сынку. Карабель выгодны,
I вецер слаўны, і калегі ў зборы,
I Англія вам рукі прасцірае.
ГАМЛЕТ
Хто, Англія?
КАРОЛЬ
Так, любы. сыне.
ГАМЛЕТ
Добра.
КАРОЛЬ
Надзвычай добра, каб ты ведаў толькі.
ГАМЛЕТ
Бачу я херувіма, які гэта бачыць. Ну, што ж, паедзем у Англію. Бывай, дарагая маці.
КАРОЛЬ
Твой бацька, Гамлет.
ГАМЛЕТ
Маці; бацька і маці — муж і жонка; муж і жонка — адно цэлае. Бывай, дарагая матуля! Еду ў Англію.
Выходзіць.
КАРОЛЬ
Хутчэй за ім; бяжыце, наглядайце,
Каб выехаў яшчэ да ўсходу сонца.
Хутчэй, хутчэй! Усё падрыхтавана.
Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.
О Англія! Калі шануеш ты
Маю прыхільнасць і маю магутнасць
(Каторых знакі на тваёй спіне,
Бо не засох яшчэ рубец крывавы
Ад дацкага мяча, і вольны страх твой
Укленчыў перад намі),— ты уважыш
Дзяржаўны наш загад. Мы прапануем,
Як гэта ўсё адзначана ў лісце,
Умерцвіць Гамлета. Зрабі нам гэта.
Як трасца, як скула, ён тут лютуе.
Будзь нам за доктара. Прэч, прэч заразу!
I я адчую смак жыцця адразу.
Выходзіць.
Сцэна чацвёртая
Раўніна ў Даніі.
Уваходзяць Фарцінбрас, капітан і войска, маршыруючы.
ФАРЦІНБРАС
Ідзіце перадайце, капітан,
Прывет мой каралю; і далажыце,
Што Фарцінбрас, паводле дамаўлення,
Жадае разам з войскам перайсці
Праз Данію. Пункт збору вам вядомы.
Калі ж ён мае ў нас патрэбу, мы
Засведчым нашу вернасць асабіста.
Так і скажыце.
КАПІТАН
Слухаюся, прынц.
ФАРЦІНБРАС
Наперад, крок павольны!
Фарцінбрас і войска выходзяць.
Уваходзяць Гамлет, Разенкранц, Гільдэнстэрн ды іншыя.
ГАМЛЕТ
Чыё тут войска, капітан?
КАПІТАН
Нарвежца.
ГАМЛЕТ
А куды яно ідзе, Дазвольце запытаць?
КАПІТАН
Ідзе на Польшчу.
ГАМЛЕТ
А хто яго начальнік?
КАПІТАН
Фарцінбрас,
Нарвежскі прынц.
ГАМЛЕТ
Скажыце, капітан,
Мяркуеце ўсю Польшчу заваёўваць
Ці толькі частку?
КАПІТАН
Сказаць па чыстай праўдзе, не зманіць,
Ваюем за кавалачак зямлі,
Карысці ў ім ніякай, толькі назва,
Я б за яго не даў і трох чырвонцаў,
Каб, скажам, у арэнду, дый прадаўшы,
Паляк з Нарвежцам больш не атрымалі б.
ГАМЛЕТ
Тады вы пройдзеце туды свабодна,—
Паляк вас пусціць.
КАПІТАН
Не, там гарнізон.
ГАМЛЕТ
Дзве тысячы людзей і дваццаць тысяч
Чырвонцаў, а не могуць развязаць
Нікчэмнай спрэчкі. Вось яна — пухліна
Багацця і спакою, скрыты рак,
Які падточвае век чалавечы.—
Бывайце, капітан, я вам удзячны.
КАПІТАН
Шчасліва заставацца.
Капітан выходзіць.
РАЗЕНКРАНЦ
Пойдзем, прынц.
ГАМЛЕТ
Ідзіце, я вас зараз даганю.
Разенкранц, Гільдэнстэрн ды іншыя выходзяць.
Усё абвінавачвае мяне,
Куды ні глянь, усё да помсты кліча;
Змаганне скрозь. А я? Што чалавек,
Калі яго адзіная патрэба —
Яда і сон?.. Бяздушны звер, і толькі.
Той, хто стварыў нас з думкаю шырокай,
Той, хто нам даў богападобны розум,
Не можа дапусціць, каб мы згнаілі
Ўсё гэта без ужытку. Што са мною?
Ці я ўжо атупеў і памяць страціў,
Сам зверам стаў, ці то паўзучы сум
Ад крайняга жадання быць дакладным?
Не ведаю; але ў развагах гэтых
На долю мудрасці — тры долі страху.
Навошта жыць і паўтараць: зрабі,
Калі ў цябе ёсць сіла, воля, сродкі —
Зрабі без слоў. Уся зямля ўшчувае.
Вось тут пратупала навала войск,
I з ёю разам лёгкі, зграбны прынц,
Якога дух, узняты прагай славы,
Глядзіць бяспечна будучыні ў твар
I выстаўляе кволае, жывое
На смерць, на рызыку, на авантуры
За жменьку праху. Сапраўды вялікі
Ідзе заўсёды да вялікай мэты,
Але вялік і той, хто будзе біцца
Насмерць за дробязь, калі гонар кліча.
А я стаю. Забіты бацька мой,
Зняслаўленая маці, абурэнне
Крыві і розуму мяне штурхаюць,
А я стаю і сплю. О ганьба! Бачу
На полі смерці дваццаць тысяч душ,
Якія праз капрыз, за водбліск славы
Кладуцца у магілы, як у ложак;
Змагаюцца за месца, на якім
Няма дзе разгарнуцца, нельга нават
Ахвяры пахаваць як след. Цяпер
Альбо нальецца кроўю мой намер,
Альбо я пракляну сябе.
(Выходзіць.)
Сцэна пятая
Эльсінор. Пакой у замку.
Уваходзяць каралева, Гарацыо і прыдворны.
КАРАЛЕВА
...Не буду з ёю гаварыць.
ПРЫДВОРНЫ
Калі ж бо просіцца. Яна такая
Бездапаможная, зусім вар'ятка.
КАРАЛЕВА
А што ёй трэба?
ПРЫДВОРНЫ
Бацьку ўспамінае;
Гаворыць, што на свеце многа фальшу,
Ўздыхае часта, б'е сябе у грудзі,
I абы чуць, распальваецца гневам;
Яе гаворка — цёмныя намёкі,
Набор няскладных крыкаў, тым не менш
Народ сабраўся, слухае, тлумачыць,
Знаходзячы ў вар'яцкай блытаніне
Сугучнае сваім уласным думкам;
Яе ж кіўкі, падморгванні і жэсты
Падвойваюць цікавасць, можна думаць,
Хоць гэта і няпэўна і няясна,
Але тут крыецца жахлівы сэнс.
ГАРАЦЫО
Пагаварыць патрэбна, бо яна
Пасеяць можа безліч крыватолкаў
Сярод ліхіх людзей.
КАРАЛЕВА
Няхай увойдзе.
Прыдворны выходзіць.
(Убок.)
Грэх цісне мне душу, ірве на часці:
Здаецца, набліжаецца няшчасце.
Хацела б утаіць віну маю,
Але сама міжвольна выдаю.
Вяртаецца прыдворны з Афеліяй.
АФЕЛІЯ
Ці тут прыгожая царыца Даніі?
КАРАЛЕВА
Чаго табе, Афелія?
АФЕЛІЯ
(спявае)
Як пазнаць, хто мілы ваш?
Мой мілы — пілігрым:
Капялюш і доўгі кій,
Сандалі на ім.
КАРАЛЕВА
Што ты спяваеш, мілае дзіця?
АФЕЛІЯ
Маўчыце, не перабівайце.
(Спявае.)
Панна, панна, ён памёр,
У магілу лёг:
На магіле той трава,
Камень каля ног...
Ага!
КАРАЛЕВА
Афелія!
АФЕЛІЯ
Маўчыце, не перабівайце.
(Спявае.)
Саван бел, як белы снег...
Уваходзіць кароль.
КАРАЛЕВА
Мой друг, ты бачыш?
АФЕЛІЯ
(спявае)
У вянку ляжыць.
Толькі панны не было
Плакаць і тужыць.
КАРОЛЬ
Як маешся, дзіця маё?
АФЕЛІЯ
Добра, дзякуй богу. Людзі кажуць, што сава была дачкой пекара. Божа мой, божа, мы ведаем, хто мы, але не ведаем, што з намі будзе. Хлеб-соль вам! КАРОЛЬ
(убок)
Намёк на бацьку.
АФЕЛІЯ
Калі ласка, не будзем пра гэта гаварыць, але, калі ў вас запытаюцца, што гэта значыць, адказвайце так:
(Спявае.)
Вось Валянцінаў дзень настаў,
Дзень добры! — я твая,
I Валянцінай пад акном
Цябе чакаю я.
Ён запрасіў яе ў пакой,
Дзяўчыне вельмі рад.
Яна ўвайшла, але пайшла
Нячэснаю назад.
КАРАЛЕВА
О мілая Афелія!
АФЕЛІЯ
Ага, бачыце! Не трэба ніякіх прысяг, я зараз скончу.
(Спявае.)
О, гора мне, о, ліха мне,
I што ж ён нарабіў!
Што ні хлапец — адзін канец:
Дзяўчыну загубіў.
Ты ж мне казаў, ты ж прысягаў:
Вяселле будзе ў нас.
Ён адказвае: «Клянуся сонцам, я б узяў цябе замуж, каб ты не валялася са мною ў пасцелі».— Ага!
КАРОЛЬ
Даўно яна такая?
АФЕЛІЯ
Спадзяюся, што гэта к лепшаму. Трэба цярпець. Але я не магу не плакаць, калі ўспомню, што яго палажылі ў халодную зямлю. Мой брат павінен гэта ведаць, дзякуй вам, што вы мне нараілі.— Падай мой фаэтон! — Дабранач, мілыя людзі. Дабранач. Дабранач.
Выходзіць.
КАРОЛЬ
Будзь ласкаў, выйдзі і прыглядзі за ёю.
Гарацыо выходзіць.
Вось умярцвенне розуму ад гора;
Крыніца — гібель бацькі. Ах, Гертруда,
Гертруда, ліха не ідзе ўраздроб,
А батальёнамі. Памёр Палоній;
Галоўны звадыяш і пачынальнік,
Наш любы пасынак пакінуў нас;
Народ узбаламучан, наракае
I строіць нездаровыя здагадкі
Наконт забойства. Дрэнна мы зрабілі,
Што шыта-крыта справілі хаўтуры.
Афелія-сіротка звар'яцела,
Згубіла светач мыслі, без якога
Мы толькі лялькі ці звяры. Нарэшце,
I гэта рэшта вартая ўсяго,
Лаэрт таемна з Францыі вярнуўся,
Узрушаны блукае чорнай хмарай,
Збірае чуткі пра забойства бацькі
Пад пошасныя брэхі шаптуноў;
Паколькі ж матар'ялу малавата,
То падазронасць кінецца на нас,
I ганьбаваць пачнуць персону нашу
З канца ў канец. О любая Гертруда,
Ўсё гэта, як шрапнель, па ўсёй краіне
Рыхтуе смерць маю.
Шум за сцэнай.
КАРАЛЕВА
О божа, што там?
Уваходзіць другі прыдворны.
КАРОЛЬ
Дзе мае швейцарцы?
Нікога не ўпускаць. Што там такое?
ПРЫДВОРНЫ
Ратуйцеся, ўладар!
Сам акіян, заліўшы берагі,
Не пажырае так імпэтна дол,
Як малады Лаэрт з мяцежнай зграяй
Змятае варту! Чэрнь ідзе за ім.
I, нібы толькі што пачаўся свет,
Стаптаны звычаі, забыта даўнасць —
Апора і сцвярджэнне слоў і дзей,
Яны крычаць: «Лаэрта абіраем,
Лаэрт — кароль!» Ляцяць угору шапкі,
Лес рук і пошчак аж да неба ўзвіўся:
«Лаэрт — кароль! Лаэрта каралём!»
КАРАЛЕВА
Бач, як заяхкалі, на след узбегшы;
А не даждалі, дацкія сабакі!
КАРОЛЬ
Ўзламаны дзверы.
Уваходзіць Лаэрт, узброены; за ім датчане.
ЛАЭРТ
Дзе той кароль? Чакайце, не ўваходзьце.
ДАТЧАНЕ
Пусціце нас.
ЛАЭРТ
Кажу вам, прэч. Я сам.
ДАТЧАНЕ
Мы пачакаем.
Выходзяць за дзверы.
ЛАЭРТ
Дзякуй. Стаць на варце.
Ты, пакасны кароль, аддай мне бацьку.
КАРАЛЕВА
Спакойна, друг.
ЛАЭРТ
Калі ва мне ёсць кропля
Крыві спакойнай,— я не бацькаў сын:
Няхай тады мой бацька рогі носіць,
А маці на чале бязгрэшным
Кляймо блудніцы.
КАРОЛЬ
Што з табой, Лаэрт?
Чаго ты ўзбунтаваўся, як гігант? —
Няхай ідзе; Гертруда, не пужайся,
Асоба караля недатыкальна,
Над ёю бог і здрада не памкнецца
Падняць руку сляпую.— Што з табою?
Чым ты распален? — Не трымай яго,
Гертруда.— Што нам скажаш?
ЛАЭРТ
Дзе мой бацька?
КАРОЛЬ
Памёр.
КАРАЛЕВА
Але кароль тут ні пры чым.
КАРОЛЬ
Няхай пра ўсё пытае.
ЛАЭРТ
Як памёр?
Чмуціць я не дазволю, ў зман не дамся.
Васальства к чорту! Абавязкі к чорту!
У пекла к чорту веру і сумленне!
Я не баюся кары. Заяўляю:
Мне напляваць на той свет і на гэты,
Што мае быць, то будзе. Я адпомшчу
За бацьку поўнасцю.
КАРОЛЬ
Ніхто не кажа,
Хто можа затрымаць цябе?
ЛАЭРТ
Ніхто. Я сам. Мая дыктуе воля.
А што да сродкаў — я іх скарыстаю,
З малым даб'юся многага.
КАРОЛЬ
Лаэрт,
Калі жадаеш ты праўдзівых вестак
Аб смерці дарагога твайго бацькі,
Няўжо ты будзеш помсціць без разбору,
Зграбаць у кучу ворагаў і блізкіх,
Абы-каго?
ЛАЭРТ
Не, ворагаў адных.
КАРОЛЬ
А ты іх хочаш ведаць?
ЛАЭРТ
Сяброў яго і прыяцеляў нашых
Я абдыму магутнымі рукамі
I, як самаахвярны пелікан,
Аддам ім кроў сваю.
КАРОЛЬ
О, ты гаворыш
Як добры сын, як дваранін сапраўдны.
Што я не вінаваты ў гэтай смерці
I ў смутку сам душой за ўсё хварэю,—
Павінна ў мыслі увайсці твае,
Як сонца ў вочы.
ДАТЧАНЕ
(за сцэнай)
Хай ідзе, пусціце.
ЛАЭРТ
Што там за шум?
Уваходзіць Афелія.
Агонь, спалі мяне!
О слёзы, перасоленыя горам,
Заліце вочы мне, каб я не бачыў!
Клянуся небам, за тваё вар'яцтва
Я так сышчу, што дрогнуць шалі праўды
I стрэлка перацягне у мой бок.
О ружа майская, мая дзяўчына,
Дзіця, сястра, Афелія мая!
О неба, ці ж дзявочы светлы розум
Згасае так жа, як згасае старасць?
Якою шчырай можа быць прыхільнасць!
Свой самы лепшы, самы дзіўны дар
Яна навекі аддала таму,
Каго любіла.
АФЕЛІЯ
(спявае)
У труне ляжыць ён непакрыты,—
Цім, цім, ці-ра-рым, весялей!
Слёзы горкія над ім праліты...
Бывай, мой голуб.
ЛАЭРТ
Каб мела розум ты і гаварыла:
Адпомсці, брат,— лягчэй бы мне было.
АФЕЛІЯ
Вам трэба спяваць: «Цім, цім, ці-ра-рым, весялей».
Каб сюды калаўрот, вось бы круціўся! Злодзей цівун украў дачку ў свайго гаспадара.
ЛАЭРТ
Нікчэмнасць, але як хвалюе.
АФЕЛІЯ
Вось размарын — гэта для ўспамінаў; калі ласка, мой любы, успамінай. А вось браткі — гэта для дум.
ЛАЭРТ
Навука ў вар'яцтве: думы і ўспаміны разам.
АФЕЛІЯ
Вось гэта кроп для вас і казялец. А вось тут рута для вас і трошкі для мяне; яе можна назваць травою прабачэння ў нядзельку, але вы павінны насіць вашу руту іначай. Вось стакротачкі. Я б вам дала і фіялак, ды яны ўсе павялі, калі памёр мой тата; кажуць, ён хораша паміраў.
(Спявае.)
Прыгожы мой Робін,
Радасць мая!..
ЛАЭРТ
Журбу і мысль, пакуты, нават пекла
Яна ператварае ў хараство.
АФЕЛІЯ
(спявае)
Няўжо ён не вернецца зноў?
Няўжо ён не вернецца зноў?
Ён мёртвы, ў труне,
Не вернецца, не,
Ніколі не вернецца ён.
Яго барада, як снег;
Яго валасы, як лён.
Ён пайшоў на той свет,
Але плакаць не след,—
Ратуй яго, божа, ратуй... I ўсе хрысціянскія душачкі.— Да пабачэння!
Выходзіць.
ЛАЭРТ
Вы чуеце? О неба!
КАРОЛЬ
Лаэрт, я маю права і хачу
Дагаварыцца з крыўдаю тваёю.
Хадзем, збяры сяброў сваіх мудрэйшых,
Хай выслухаюць і рассудзяць нас.
Калі яны нас проста альбо ўскосна
Прызнаюць вінаватым, мы гатовы
Аддаць карону, і дзяржаву нашу,
I нашае жыццё, і ўсё, што наша,
Табе ў задавальненне. Калі ж не,
Згадзіся пацярпець, і мы з табою,
Злучыўшы гнеў і душы у адно,
Адпомсцім ворагу.
ЛАЭРТ
Хай будзе так.
I смерць яго, і пахаванне ўпотай,
Без герба, без мячоў над дамавінай,
Без пышнасці належнай і абрадаў,
З нябесных высяў скаргаю грымяць.
Пара мне разлічыцца!
КАРОЛЬ
Так, пара.
Крыўдзіцель не ўцячэ ад тапара.
Прашу за мною.
Выходзяць.
Сцэна шостая
Другі пакой у замку.
Уваходзяць Гарацыо і слуга.
ГАРАЦЫО
Хто там мяне пытае?
СЛУГА
Прыйшлі матросы; кажуць, ёсць лісты на ваша імя.
ГАРАЦЫО
Пусці іх.
Слуга выходзіць.
Не ведаю, хто і з якога краю
Успомніў пра мяне, калі не Гамлет.
Уваходзяць матросы.
ПЕРШЫ МАТРОС
Благаславі вас бог, пане.
ГАРАЦЫО
I цябе таксама.
ПЕРШЬІ МАТРОС
Калі захоча, то і мяне благаславіць. Вам тут ёсць ліст, калі толькі вас завуць Гарацыо, як мне казалі. Гэта ад пасла, які павінен быў ехаць у Англію. ГАРАЦЫО
(чытае)
«Гарацыо, прачытаўшы гэта, дапамажы як-небудзь гэтым хлопцам атрымаць доступ да караля; у іх ёсць да яго лісты. Не прабылі мы і двух дзён на моры, як за намі пагнаўся моцна ўзброены ваяўнічы пірат. Бачачы, што наш паруснік дае малы ход, мы нехаця набраліся храбрасці; калі была бойка, я пераскочыў да іх, і яны адразу адплылі ад нас; такім чынам, я апынуўся ў палоне адзін. Яны абышліся са мной, як добрыя разбойнікі; але яны ведалі, што ім трэба; я павінен быў зрабіць ім паслугу. Паклапаціся, каб кароль атрымаў мае лісты, а сам хутчэй, з усіх ног, быццам уцякаеш ад смерці, імчыся да мяне. Я скажу табе на вуха такое, што ты аслупянееш, і ўсё ж гэта будзе дробязь у параўнанні з выключнасцю справы. Гэтыя слаўныя хлопцы пакажуць табе, дзе я спыніўся. Разенкранц і Гільдэнстэрн плывуць у Англію, пра іх я шмат чаго раскажу. Бывай.
Твой друг Гамлет».
Хадзем, вы аддасце свае лісты
I мне паможаце знайсці таго,
Хто вас паслаў сюды. Адкладваць нельга.
Выходзяць.
Сцэна сёмая
Другі пакой у замку.
Уваходзяць кароль і Лаэрт.
КАРОЛЬ
Цяпер ты ведаеш усё, нарэшце.
Я апраўданы. Прымацуй мяне
Пячаткай дружбы да сваёй душы.
Той, кім забіты твой шаноўны бацька,
Рабіў замах на нас.
ЛАЭРТ
Выходзіць, так.
Але скажыце мне, як вы цярпелі
Такія абураючыя факты,
Такія крымінальныя злачынствы:
Ваш супакой, ваш розум, ваша годнасць,
Усё вам дыктавала не маўчаць.
КАРОЛЬ
О, дзве прычыны ёсць; табе яны
Пакажуцца нязначнымі, аднак
Я вымушан лічыцца. Каралева
Без сына жыць не можа, сам жа я
(Загана гэта ці мая заслуга?)
Прывязан да яе усёй істотай:
Як зорка, што ў адвечным коле кружыць,
Так я пры ёй. Другая акалічнасць,
Якая перашкодаю стаіць
Між мною і публічнаю расправай,—
Народная прыхільнасць да яго.
Як той паток, што з дрэва робіць камень,
Тупая чэрнь, злачынствы патапіўшы
У спачуванні, замест ланцугоў
Яму навяжа банты. Рызыкоўна
Пускаць стралу супроць такога ветру,—
Яна б вярнулася ў мой лук назад,
А вораг быў бы цэлы.
ЛАЭРТ
Няма ў мяне больш бацькі і не будзе,
Сястра мая ў адчаі чорным гіне,
Чыя краса і чыстае дзявоцтва,
Калі б назад магла ісці хвала,
Ўздымаліся б, як сонца, над вякамі,—
Але я не дарую, я адпомшчу!
КАРОЛЬ
Не гарачыся. Можаш спаць спакойна.
Не думай, што мы чуласці не маем.
Калі раптоўна нас за бараду
Ухопіць небяспека, мы не скажам,
Што гэта жарт. Пачуеш хутка болей.
Твой бацька быў нам любы, і мы любім
Саміх сябе, адгэтуль выцякае...
Уваходзіць пасланец.
Што там? Якія весткі?
ПАСЛАНЕЦ
Уладар,
Лісты ад прынца,— вам і каралеве.
КАРОЛЬ
Ад Гамлета? Хто іх прынёс?
ПАСЛАНЕЦ
Матросы, уладар; я сам не бачыў;
Мне перадаў іх Клаўдыо, ён першы
Іх атрымаў.
КАРОЛЬ
Лаэрт, ты будзеш слухаць.—
Пакінь нас.
Пасланец выходзіць.
(Чытае.)
«Высокі і магутны, даводжу да вашага ведама, што мяне высадзілі голым на бераг вашага каралеўства. Заўтра я буду хадайнічаць аб дазволе глянуць у ваш каралеўскія вочы; і тады, папярэдне папрасіўшы ў вас прабачэння, далажу аб прычынах майго нечаканага і вельмі дзіўнага з'яўлення тут.
Гамлет».
Што гэта значыць? Рэшта дзе? Няўжо
Усе вярнуліся? Тут нешта ёсць.
Ці не падман?
ЛАЭРТ
А вам рука вядома?
КАРОЛЬ
Так, піша Гамлет. «Голым»,— і яшчэ
Тут у прыпісцы сказана — «адзін».
Што нам параіш?
ЛАЭРТ
Не разумею. Што ж, няхай прыходзіць,
Уцепліцца душы маёй хвароба,
Калі публічна крыкну ў твар яму:
«Твая работа».
КАРОЛЬ
Калі так, Лаэрт...
Не, гэтак нельга. Як іначай? Вось...
Я буду кіраваць табою, хочаш?
ЛАЭРТ
Я згодзен, уладар, але, прашу вас,
Кіруйце так, каб міру не было.
КАРОЛЬ
Я мір вярну табе. Калі цяпер
Ён тут у нас і болей не захоча
Пакінуць нас, я дам яму заданне,—
У галаве якраз наспела думка,—
На гэты раз яго падкосіць смерць;
Ні ганьбы нам не будзе, ні папрокаў,
Намеру нават маці не заўважыць,
Падумае — няшчасце.
ЛАЭРТ
Уладар,
Кіруйце мною, і было б найлепей,
Каб я быў вашай зброяй.
КАРОЛЬ
Так і будзе.
Як ты паехаў, шмат было гаворак
Аб тым, што ты валодаеш бліскуча
Адным майстэрствам. Гамлет гэта чуў.
Усе дары твае не абудзілі
У ім такое зайздрасці, як гэты,
Зусім звычайны, на мой погляд, дар.
ЛАЭРТ
Які, о мой кароль?
КАРОЛЬ
О, гэта толькі
Істужка на капелюшы юнацтва,
Але патрэбная. На кожны ўзрост
Свой звычай і адзежа: юнаку —
Прыгожыя і лёгкія уборы,
А пажылому — футра і сукно
Для большае вагі і для здароўя.
Не так даўно, два месяцы назад,
Тут быў адзін нармандскі дваранін;
Я ведаю французаў, біўся з імі,
Выдатна ездзяць; але гэты зух
Быў проста чараўнік, сядзеў так зграбна,
Такія дзівы вырабляў з канём,
Нібы той конь і чалавек на ім
Былі адной натуры. Ўсё, што мне
Даводзілася бачыць на турнірах,
Ён перавысіў.
ЛАЭРТ
Кажаце, нармандзец?
КАРОЛЬ
Нармандзец.
ЛАЭРТ
Клянуся, гэта быў Ламонд.
КАРОЛЬ
Ён самы.
ЛАЭРТ
Я з ім знаёмы; сапраўды ён перл
I дыямент свайго народа.
КАРОЛЬ
А ён цябе хваліў, назваў выключным
Тваё уменне фехтаваць на шпагах,
Падкрэсліў дасканаласць абароны
I ў захапленні выказаўся так:
«Вось бы пабачыць роўнага яму!
Найлепшыя байцы краіны нашай
Губляюць вернасць зроку, рух і націск
У паядынку з ім». Ацэнка гэта
Так атруціла Гамлету нутро,
Што з зайздрасці ён месца не знаходзіў,
Усё чакаў, калі ты зноў прыедзеш,
Каб сіламі памерацца з табой.
Адгэтуль...
ЛАЭРТ
Што адгэтуль, уладар?
КАРОЛЬ
Лаэрт, ці дарагі табе твой бацька?
Няўжо, як тое гора на малюнку,
Ты маеш твар, але не маеш сэрца?
ЛАЭРТ
Нашто вам гэта ведаць?
КАРОЛЬ
Не таму
Пытаюся, што бацькі ты не любіш,—
Ён дарагі табе. Але я знаю,
Паводде практыкі і назірання:
Пачуцці падпарадкаваны часу,
Не толькі іскры, нават і пажары
Ў яго прасторах гаснуць. У каханні
Ёсць гэтак жа свой кнот і свой нагар.
Нішто не застаецца раўнацэнным;
Каштоўнае, разбухшы цераз меру,
Нарэшце лопаецца. А таму
Рабіць патрэбна тое, што мы хочам,
Тады, калі мы хочам, бо ахвота
Мяняецца; ёй могуць перашкодзіць
Язык, рука, здарэнне,— і тады
«Патрэбна» можа стаць, як цяжкі ўздых,
Што з мукай аблягчае нашы грудзі.
Наступім на балячку. Гамлет тут.
Чым ты дакажаш, што ты бацькаў сын?
ЛАЭРТ
Яму ў царкве я перарэжу горла.
КАРОЛЬ
Царква не ёсць прытулак для забойцы,
I помсце меж няма. Але, мой дружа,
Каб гэта учыніць, сядзі лепш дома.
Як толькі Гамлет з'явіцца, адразу
Даведаецца ён, што ты вярнуўся;
Мы будзем выхваляць тваё майстэрства
I славу, што надаў табе француз,
Пакрыем новым глянцам; мы звядзём вас
I выставім заклады; бесклапотны,
Велікадушны, поўны шчырай веры,
Ён шпаг глядзець не стане, і ты лёгка,
Ці трошкі змахляваўшы можаш выбраць
Клінок без наканечніка, і спрытным,
Умела накірованым ударам
Ты расквітаешся за бацьку.
ЛАЭРТ
Згодзен.
Пры гэтым я намажу свой клінок.
Вандроўны лекар мне прадаў атруты,
Такое моцнай, што, калі нажом,
Намочаным у ёй, дастаць крыві,
Усе прыпаркі, з усіх траў гаючых,
Якія ёсць пад месяцам, не здольны
Уратаваць ад смерці. Я натру
Канец маёй рапіры гэтым зеллем,
I калі я хоць чуць яго параню, То ён памрэ.
КАРОЛЬ
Мы гэта абмяркуем,
Узважым час і сродкі ўсебакова;
Бо калі нам не ўдасца наша справа
I выкананне дрэннае нас выдасць,
То лепш не пачынаць. Дзеля таго
Патрэбна гэты план падмацаваць
Яшчэ адным, больш пэўным. Дай падумаць.
Мы урачыста б'ёмся аб заклад...
Знайшоў:
Калі ад рухаў горача вам стане
(А ты будзь паваротлівым, старайся)
I ён папросіць піць, то будзе намі
Падрыхтавана загадзя віно;
Абы ён кубак прылажыў да губ,
Хаця б ты й не ўкалоў яго,— гатова,
Канцы яму. Чакай, што там за шум?
Уваходзіць каралева.
А! — каралева наша.
КАРАЛЕВА
Была бяда, цяпер бяда другая:
Твая сястра ўтапілася, Лаэрт.
ЛАЭРТ
Утапілася! Дзе?
КАРАЛЕВА
Над рэчкаю расце вярба старая,
У люстра вод глядзіцца сівым лісцем;
Пад той вярбой яна пляла гірлянды,
Вянкі віла: касач, і крапіва,
I кураслеп, і доўгі цвет чырвоны,
Які у пастухоў завецца груба,
А ў сельскіх дзевак — пальцам мерцвяка;
Яна хацела пачапіць на голле
Набытак свой; нядобры сук зламаўся;
I разам з кветкамі яна упала
Ў рыдаючую плынь. Яе адзенне,
Раскінуўшыся, падняло яе;
Яна ўсплыла, як німфа, і спявала
Урыўкі песень...
Далёкая ад гора і адчаю,
Нібы ў сваёй стыхіі. Ды не доўга
Было ўсё гэта. Плацце стала цяжкім,
I апусцілася яна на дно,
З улоння музыкі у багну смерці.
ЛАЭРТ
Ўтапілася?
КАРАЛЕВА
Ўтапілася, няма.
ЛАЭРТ
Афелія, табе вады даволі,
I слёзы я стрымаю. Але ўсё ж
Прырода забірае верх, хоць воля
I супярэчыць. Выцекуць яны,
I выйдзе вон жаночы дух.— Бывайце.
Сказаў бы я вам словы агнявыя,
Калі б не гэты боль.
Выходзіць.
КАРОЛЬ
Хадзем, Гертруда.
Насілу я суняў, такі быў гнеў;
Баюся, каб ізноў не ашалеў.
Не трэба пакідаць яго. Хадзем.
Выходзяць.
Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=91 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Гамлет, прынц Дацкі — акт чацвёрты
Для друку / Уільям Шэксьпір